412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 9)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 24 страниц)

Глава 17.

У набег

Калі Волад з Коматам пад’яжджалі да Ведзьмядзёў, іх сустракалі прыемныя пахі смажанай на вогнішчы свежаніны. Жанчыны накрывалі вялікі стол. Удзельнікаў балявання было шмат, таму для большасці падрыхтавалі месцы на пакрытай маладой травой зямлі непадалёк ад вогнішчаў.

За стол па запрашэнню Команя селі госці: усе яцвягі, првадыры дрыгавіцкіх родаў з Вусця і Руды, ― Багрым і Дайгод. На чале сядзелі Комань і Волад, каля іх, на пачэсным месцы, Комат. Не забыліся і пра вешчуна і старцаў. Ястр, а каля яго Ікла і Грэнь размясціліся праваруч ад Команя. Вялікая конаўка з хмельнай медавухай стаяла перад Воладам. Стол быў завалены мясам дзічыны і маладой зелянінай. Тут былі чарэмшына, карэнні розных раслін, пабегі лебяды і крапівы, і шмат чаго іншага.

Волад падняўся з лавы і людскі гоман заціх.

– Сябры мае! Дарагія нашыя госці! Слаўны куніг Комат! Шаноўныя дрыгавічы! Віншую нас усіх з удалым паляваннем! Шмат дзічыны вэндзіца ў гэты момант у акрузе, а гэта значыць, што будзем сытыя і моцныя! Не ўсё прайшло гладка. Загінуў добры паляўнічы Мычко з роду Дайгода. Пашана і павага яму і ягонаму роду! Памянем яго. Пакалечана нага ў дружынніка Зваля. Што ж рабіць? Не забава гэта, а мужчынская праца, з сваімі цяжкасцямі і стратамі. Ці нас можна збянтэжыцць імі? Не! Аддаем пацярпеўшым і загінуўшым пашану, ― Волад замоўк, памаўчалі і ўсе астатнія. Потым ён падняў конаўку вышэй, ― ну, а жывым ― жывое!

Конязь павярнуўся да бажніцы:

– Але найперш аддзячым багоў што спрыялі нам сёння. Няхай дапамагаюць і заўседы. Ястр ужо паклаў на ахвярнае вгнішча лепшае з нашай здабычыі. Мы ж дадамо: Слава Ярыле! Слава Велесу! Слава Дзявое! І вялікі ім усім дзякуй! Слава нам усім, ― ваярам і паляўнічым, гасцям і тутэйшым!

– Слава! Слава! ― закрычалі мужы.

– Слава конязю Воладу!

– Слава кунігу Комату!

– Слава дрыгавічам!

– Слава яцвягам!

Шматгалоссе здравіцы разносілася далёка па даліне Маўчады, выплёскваючыся на разнатраў’е поплаваў і лёгка дасягаючы процілеглага берагу Нёмана. Сонца павольна апускалася ў лес, што падпіраў вострымі вершалінамі светлае яшчэ неба.

Волад адпіў з конаўкі і перадаў Комату. Той таксама адпіў і перадаў Скроблу, што сядзеў праваруч ад яго. Конаўка пайшла па колу. Тое ж было і каля вогнішчаў. Пачалося баляванне. Па меры таго, як праходзіла першая конаўка, мужы накідваліся на ежу. Рабы і жанчыны падносілі стравы і медавуху. Калі выпілі другі раз, жанчыны разселіся паміж мужамі. Адразу стала жывей, паўсюль чуліся размовы і воклічы. Пасля трэцяй конаўкі пачаліся спевы.

Калі дрыгавічы і яцвяскія госці добра разгуляліся, Комат нагнуўся да вуха Волада і ціха прамовіў:

– Конязь, трэба пагутарыць.

Волад паглядзеў у вочы Комату. Яны былі цвярозыя, але выразны бляск іх паказваў на тое, што нарэшце надышоу той момант, дзеля якога і была наладжана іхняя сустрэча.

– Хадзем, куніг, прагуляемся ля Маўчады, там і пагаворым.

Яны выйшлі з-за стала, далі сваім людзям знакі, каб заставаліся на месцах, і нетаропка падаліся да ракі. Каля берагу павярнулі вверх па плыні, дзе шырокі поплаў на некалькі палётаў стралы доўжыўся да высокага змяшанага лесу. Чым далей адыходзілі ад застолля, тым меней чуліся гукі балявання, а начное неба ўжо не здавалася такім цёмным, бо нябачныя скрозь яркі свет вогнішчаў зоркі цяпер ярка ззялі па ўсім небасхіле. Узыходзячы маладзік выглядваў паміж высокіх дрэў.

– Я слухаю цябе, куніг, ― сказаў Волад.

– Ёсць прапанова, конязь. Даўно ўжо нашыя дружыны не былі ў вартай справе.

Волад унутрана напрогся:

– Пад вартай справай ты, канечне, маеш на ўвазе вайну.

– Не тое, каб вялікую вайну, але калі мы паміж сабой ў міры, то чаму б нам не з’яднаць сілы і не пазвінець мячамі.

– Але дзеля гэтага патрэбен агульны супраціўнік.

– Не толькі супраціўнік, а і агульная выгада.

Волад, трохі памарудзіўшы, прамовіў:

– Што ж, дагэтуль мы больш ваявалі паміж сабой. Аднак, калі яцвягі і дрыгавічы здолелі дамовіцца аб замірэнні, то чаму не пайсці і далей? Я так разумею, конязь, што ўцябе ёсць дакладная прапанова.

Комат спыніўся, зблізку глянуў у твар Волада:

– Ёсць, конязь! Дзеля гэтага і прыехаў.

Цяпер яны пільна ўглядаліся адно аднаму ў твар, у няслушным святле маладзіка імкнучыся ўбачыць выраз вачэй.

– То гавары.

Комат не адводзіў позірку:

– Ці ведаеш ты пра такія плямёны, як памаране?

– Чаму ж не ведаць? За Вістулай, на беразе мора.

– Ну, дык вось гэтыя самыя памаране добра разтлусцелі на бурштыне, маючы магчымасць гандляваць не толькі ўздоўж усёй Вістулы, але і па Бугу, Нараву, і шмат яшчэ па якіх рэках.

– Чаму менавіта памаране? Ёсць яшчэ вільцы, ды і куршы з прусамі.

– Ну, пра прусаў ты пажартаваў, бо добра ведаеш, што гэта нашыя браты. А чаму памаране? ― Комань узяў Волада за плячо, ― Таму што глядзі як спраўна можа атрымацца: з Нарава ў Буг, з Буга ў Вістулу. Каля вусця сыходзім на левы бераг, ваюем памаранаў, потым вяртаемся да Вістулы, перапраўляемся на правы бераг і мы ўжо ў прусах, а яны нас не выдадуць.

– А як да гэтага аднясуцца самі прусы? ― запытаў Волад.

– Конязь, гэта ўжо мая справа, ― без роздумаў адказаў Комат, ― не ўсе яны, канечне, будуць радыя, але ёсць там у мяне надзейныя сябры, а нязгодныя патрываюць.

Волад маўчаў. Штосці не падабалася яму ў прапанове Комата. А і адмовіць нельга, бо адразу пачнуцца падазроны, што дрыгавічы з саюзнікамі нешта гатовяць супраць яцвягаў. З другога боку, той, хто пойдзе з Коматам, адразу стане закладнікам, і ў выпадку парушэння міру з яцвягамі лёс іхні будзе адназначны ― пагібель. Як жа тут лепш зрабіць?

Маўчанне зацягнулася. Комат зкосу глядзеў на Волада і іранічна ўсміхаўся. Так яны нетаропка крочылі, пакуль не скончыўся поплаў. Наперадзе над невялічкім балотцам нізка вісела начная бялёсая смуга, за ёй паўставала цёмная сцяна лесу.

– Добра, куніг Комат! ― вырашыўся Волад, ― я прыймаю тваю прапанову. Але становішча маё не зусім простае. Ты ведаеш, абшар дрыгавіцкіх плямён і іх саюзнікаў вялікі. На поўдні зараз неспакойна. Я чакаю вестку з Прыпяці. Менавіта там выкоўваецца агульны лёс дрыгавічоў. Адтуль мы чэрпаем сілы, калі не хапае сваіх, туды мы пасылаем дапамогу, калі яна там патрэбная. Я павінен быць напагатове адправіць на Прыпяць сваіх вояў у любы момант.

Комат засмяяўся:

– От, гэтыя дрыгавічы! Любіце вы ствараць вялікія звязы. Конязь, твае інтарэсы тут, а не на далёкай Прыпяці. Думаеш, яцвягі не ведаюць, што на думцы ў тваіх семірадцаў? Яны цябе пацягнуць на Дняпро і далей. Паўдневым конязям не дае спакойна спаць багаты Царград. Але гэта не мае справы. Прабач, што засунуў свой нос не туды, куды трэба. ― Комат ізноў крыху памаўчаў, а потым проста спытаў: ― І колькі ты зможаш вылучыць?

– Тры дзесятка. Можа, адзін сарок ― адказаў Волад.

– Не густа, але лепей чым нічога. То што, дамовіліся?

– Так, куніг, згода. Але з адной умовай.

– І што за ўмова?

– Ты пакінеш закладніка.

Толькі на адно імгненне прамарудзіў Комат з адказам:

– Што ж, хай будзе так. Я рады, што мы дамовіліся. Выходзіць, цяпер мы саюзнікі?

– Выходзіць. І гэта, здаецца, ўпершыню пад тутэйшым небам.

– За гэта трэба выпіць добрай медавухі!

– То запрашаю зноў да стала! ― Волад зрабіў жэст у кірунку вогнішчаў, ад якіх чуліся спевы, хмяльныя ўскрыкі ды жарты. Да мужчынскіх галасоў прымешваліся і кплівыя жаночыя. Баляванне працягвалася.

Над Маўчадай ззяў ясны месяц. Вялікімі і малымі зоркамі быў шчодра абсыпаны весь небасхіл, ён здаваўся сёння надзвычай велізарным і глыбокім. Воўч з Ежкам і чарадой аднагодкаў, стаміўшыся ад падзей і ўражанняў мінулага дня, з захапленнем глядзелі на безліч вялікіх і малых зорак на небе, ні розумам, ні пачуццямі няздольныя ўявіць сэнс светабудовы, і недзе ў глыбі душы разумеючы нікчэмнасць тлумачэнняў вешчуноў і старцаў.

Закаханыя пары, што разбрыліся ад вогнішчаў у розныя бакі, шукаючы адзіноты, каб аддаца пачуццям і ласкам, таксама зачаравана ўглядаліся ў небасхіл, яшчэ не разумеючы, што перажываюць самыя лепшыя моманты ў сваім жыцці.

Начны ветрык праляцеў над ракой, утвараючы на плыні рабізну, у якой мноствам іскрынак зайгралі адлюстраванні месяца і зорак. Рака здавалася жывой істотай, якая таксама не засталася абыякавай да чар зорнага неба…

Назаўтра Волад параіўся з Команем наконт прапановы Комата. Улічваючы ваяўнічыя настроі вояў, асабліва моладзі, было вырашана склікаць веча. Сход быў вялікі, якога яшчэ не бачылі ў Ведзмядзях, бо на ім прысутнічалі не толькі ўсе мужы племені Команя, але і дружыннікі Волада ды яцвягі ― у якасці назіральнікаў, вядома. Вось супакоілася першае ажыўленне і наперад рашуча выйшаў Волад:

– Шаноўныя мужы і ваяры! Свята прайшло, настае час растання. Я не буду доўга гаварыць. Учора мною, вашым конязем, быў заключаны ваенны звяз з яцвягамі на адзін ваенны паход.

Праз некалькі імгненняў маўчання, веча пачало наракаць:

– Як гэта? Без нас, без веча…

– Ці даўно мы рубаліся з імі?

– А як жа помста за нашых братоў, што загінулі?!

– Хіба можа нараўскі яцвяг быць саюзнікам дрыгавічу?

– Штось ты, княжа, робіш не тое!

– Табе , хіба, надакучыла быць нашым конязем?!

– То другага абярэм!

Волад спакойна чакаў, пакуль крыкуны ахалонуць. З натоўпу выйшаў Комань і стаў побач з Воладам. Ён падняў руку і крыкнуў , перакрываючы гоман:

– Ціха, балбатуны! Кажу так, бо крычыць той, хто не ведае спрадвечных звычаяў! Мы ў міры з яцвягамі. І конязь Волад дамовіўся не аб ўсеагульным звязе, калі плямёны аб’ядноўваюцца і выбіраюць адзінага правадыра, на што сапраўды патрэбна згода Вялікага Веча. Прапануецца малы звяз на адзін паход. Конязь вольны сам прыймаць рашэнне. Акрамя таго, вы можаце не ведаць усіх акалічнасцей, якімі ён кіруецца. І выгнаць яго не можаце, бо выбраны ён не нашым племянным вечы, а на Вялікім Вечы дрыгавічоў, а таксама крывічоў, бужан, і радоў з іншых плямёнаў, што паселі на Шчары, Ізве, Плісе, Сэрвечы, Ушы і іншых прытоках Нёмана.

Веча прыціхла. Мужы абдумвалі пачутае. Комань дадаў:

– І ці не вы крычалі на мінулым вечы пра набег?

– А-а! Набег!

– То так адразу і сказалі б, а то ваенны паход-ваенны паход.

– Ваенныя паходы рознымі бываюць!

– Усе роўна, абы мячом памахаць, а то іржа згрызе ў похвах!

Цяпер Волад падняў руку:

– Пойдзе адзін сарок. Два дзесяткі з вашага племені і два дзесяткі з маёй дружыны. На чале будзе мой сотнік Віхура. Павядзе куніг Комат.

– Ну, што, супляменнікі? ― спытаў Комань, ― Хто пойдзе?

– Я! Я пайду! ― хутчэй за ўсіх адазваўся Дрок Няўдак.

– І я!

– Я таксама!

Маладыя ваяры, а іх была большасць, гарачыліся ― усім хацелася пайсці за славай і здабычай. І толькі сталыя воі не спяшаліся даваць згоду, бо наперадзе была касавіца, а там і ўраджай збіраць трэба. Кожныя рукі будуць патрэбныя на гаспадарцы. Не самы лепшы час для вайны. Ды толькі і маладых было зашмат, і тады Комань голасна сказаў:

– Ціха! Супакоіліся! Будзем цягнуць жэрабя. Падыйдзіце сюды, хто жадае пайсці.

Ён палічыў жадаючых. Іх набралася больш за паўсотні. Комань ссунуў шапку на лоб і ў задуменнасці пачухрыў патыліцу сваімі тоўстымі пальцамі.

– Эй, мальцы! Дзе вы там? Хадзіце сюды! – пазваў падлеткаў і, калі яны падляцелі вясёлым натоўпам, даручыў ім накалоць трэсак, два дзясяткі доўгіх, і для астатніх кароткіх. Двое старэйшых падлеткаў спрытна расшчапілі адзін бок бервяна да сэрцавіны, загналі кліны, каб расшчэп не зыходзіўся. Калі трэскі былі гатовыя, іх перамяшалі, вялікія з малымі, утыркнулі ў шчыліну і кліны павыймалі. Комань абушком абрадавай сякеркі падраўняў тырчашчыя канцы. Бервяно падвесілі двума вяроўкамі да галіны радавога дуба, пад якім і сабралася веча.

Маладыя ваяры падыходзілі да бервяна і цягнулі трэску. Калі хто выцягваў доўгую, то паказваў яе Команю. Той ківам галавы згаджаўся, што ўсё зроблена правільна, адначасова запамінаючы пазначанага. Лёсаванне праходзіла без мітусні, ў цішыні. Людзі паважалі жэрабя, бачачы ў ім волю багоў і пакорліва падчыняліся яму. Сярод ведзмядзёўцаў, якім пашчасціла, апынуўся-такі Дрок Няўдак, а таксама Доўбень, Бычань, Вырва, Жадан і Конабрат.

Скіба не любіў хадзіць у набегі. Адбіраць сілай дабро ў людзей, а тым болей забіваць кагосьці, каб узяць чужое, было не па ім. Яму падабалася працаваць на зямлі. Гатаваць ляды, гараць глебу, сеяць, назіраць, як зерне на полі набірае сілу – гэта яму да спадобы. Ізноў жа, даглядаць быдла, ладзіць борці, гадаваць пчол, частаваць сваіх і гасцей сабраным самому мёдам, ― такая праца часам была сапраўднай асалодай для яго. Да таго ж яму падабаліся словы Ніканора, калі той распавядаў пра хрысціян, пра заклік Хрыста добра ставіцца да людзей, аддаваць сваё, не браць чужое. Гэта было штосьці зусім новае і незвычайнае ў параўнанні з адносінамі з іхнімі багамі, дзе панавала правіла “ты – мне, я – табе”, і ніяк не вязалася з набегамі, дзе доблесцю лічылася абрабаваць чалавека, а калі той супрацівіцца, то і забіць яго. Але, калі паглядзець з другога боку, удалы набег мог даць магчымасць хутка стаць багатым, альбо хоць бы задаволіць надзённыя патрэбы сям’і, ― купіць каня ці яшчэ якое быдла, здабыць зброю для сябе і сваіх родзічаў, прывесці раба, які будзе абрабляць ляды і пасвіць статак. Ды і калі адмовіцца цягнуць жэрабя, то ніхто не зразумее яго, будуць лічыць баязліўцам. Толькі хворы, стары ды яшчэ знявечаны не цягнуў жэрабя. Таму ён падышоў да бервяна, як і ўсе, і … выцягнуў доўгую трэску.

Яшчэ тузін ваяроў склаўся з Перуновай Старыцы, Вусця і Руды. Гардзей цягнуў жэрабя апошні. Усё ў той жа вопратцы, сяк-так зашытай пасля вучэбнага бою, ён падышоў, і як бы нехаця выцягнуў трэску, і яна апынулася доўгай. Вочы ў Гардзея загарэліся, і ён з вызавам паглядзеў на Волада.

Лошна, Ліс, Ніканор і астатнія не патрапілі ў лік выбраннікаў жэрабя.

Комат прыглядаўся да пазначаных ваяроў і задаволена ўсміхаўся. Маладыя, здаровыя і вясёлыя. Надта ім хочаца прыгод. Не ведаюць яны, якія “прыгоды” іх чакаюць…

Калі па заканчэнню веча натоўп разыходзіўся, да Команя неўзаметку наблізіўся дружыннік Бачыла. Мала хто, нават у дружыне, ведаў, што гэта галоўны выведнік Волада. Але Комань у сілу сваёй пасады быў пасведчаны у многія дзеянні Бачылы і адразу зразумей, што ў таго ёсць нейкая справа. Тое, што сказаў выведнік, збянтэжыла:

– Комань, трэба паслаць ў яцвягі разам з ваярамі гандляроў.

Комань не адразу зразумеў:

– Якіх гандляроў?

– Няўжо ў Ведзьмядзях няма чаго прадаць?

– Ды чаму ж? Ёсць. Мёд, напрыклад. Воск таксама. Ёсць трохі ільнянога сукна. Але ці гэтым здзівіш яцвягаў?

– Усё роўна. Пойдзе, калі скінеш кошт. Конязь яшчэ дасць трохі срэбных дырхемаў. Дзеля таго, каб можна было купіць бурштыну, што прывозяць да яцвягаў з узбярэжжа прусы. Але гэта не галоўнае.

– Так-так, ― пачаў разумець Комань, ― пад лічынай гандляроў ты хочаш паслаць у яцвягі выведнікаў.

– Тс-с-с, ― Бачыла прыклаў палец да губ.

– Але каго?

– З дружыны нельга, Комат здагадаецца. Трэба кагосьці з тваіх. Разумееш, конязь пайшоў насустрач яцвягам. Калі цяпер Волад папросіць, Комат не зможа адмовіць узяць пад ахову гандляроў. Нельга ўпускаць такіую магчымасць заслаць выведнікаў у самае сэрца Яцвезі.

Яны доўга перабіралі Ведзьмядзёўцаў, потым паклікалі Ястра, ізноў разважалі і нарэшце вырашылі адправіць у якасці гандляроў немаладых ўжо мужоў, але якія былі яшчэ ў сіле, Чмяля і Востравуха. А каб ім было лягчэй спраўляцца з таварам, на дапамогу ім далі маладога і моцнага, але разважлівага Роздума.

– Комань, ― ціха прамовіў Ястр, ― трэба паслаць Воўча.

– Як гэта? ― здзівіўся Комань, ― Навошта? Ён замалы яшчэ.

– Так трэба. Яго выбралі багі. Няхай бачыць свет.

– Дык яго ж маці не адпусціць, ― Комань уважліва паглядзеў на Ястра, ― Вядзьмар стары, ці ты не выжыў з розуму?

– Я ў ясным розуме. А вось табе не могуць быць вядомымі ўсе помыслы нашых багоў, бо ты не святар! Дарэчы, з Крынай я сам пагавару.

Комань шчыльна падыйшоў да Ястра, узяў яго за грудкі і сказаў скрозь зубы:

– Ты… Вядзьмак! Я ведаю цябе, як аблупленага. З дзяцінства разам на свеце калоцімся. Калі загубіш хлапца, не будзе табе літасці. І багі твае не дапамогуць!

– Эх, Комань. Не гняві багоў, бо можа прыйсці такі час, калі толькі на іх спадзявацца застанецца. І адкажы мне: калі і што зрабіў я супраць роду-племені нашага? ― і Ястр адвёў ад сябе рукі Команя.

Комань не знайшоў, што адказаць вешчуну. Ён проста нерваваўся, бо ў сэрцы ягоным з некаторай пары жыла невытлумачальная трывога за людзей, за лёс якіх ён нёс адказнасць перад племенем і шматлікімі дрыгавіцкімі багамі.

Майстравалі плыты, на якія прыйшлося высекчы невялічкі хваёвы бор на левым баку Маўчады недалека ад Нёмана. Працавала ўся дружына, не засталіся ў баку і яцвягі. Валілі лес, адрубвалі сукі і галіны. Бярвенні крыжавалі і цягнулі да вады. На беразе іх размяркоўвалі па таўшчыні і даўжыні. Больш тоўстыя ішлі на плыты для коней, астатнія для ваяроў. Потым бярвенні спіхвалі ў ваду, і ўжо там вязалі доўгай лазой, якая не губіла трываласці ў вадзе, у адрозненні ад скураных пасоў або вяровак з каноплі ці крапівы. Хоць працавалі хутка, на падрыхтоўку патрабавалася некалькі дзён.

Воўч з сябрамі круціўся каля дарослых, з інтарэсам назіраючы за іхняй працай. Усюды ён браў з сабой ваўчаня, той рос на вачах, і бегаў за гаспадаром, быццам прывязаны шнурком. Ён неяк непрыкметна атрымаў мянушку Шэры.

Надышоў дзень ад’езду. Нягледзячы на ранні час, выпраўляць выйшлі ўсе жыхары Ведзьмядзёў. Вось прыехалі ваяры с Перуновай Старыцы, потым падцягнуліся Вусьцяне. Апошнімі прыбылі на месца збора вершнікі з Руды. Далі папасвіцца іхнім коням, выпілі па апошняй чарцы медавухі і пачалі грузіцца на плыты. Надыйшоў урачысты момант развітання. І тыя, што ад’яжджалі, і тыя, хто выпраўлялі, добра ведалі, што не ўсе вернуцца з паходу, бо так было заўжды. Таму, хоць, быццам бы і развіталіся ўжо, кожнаму захацелася яшчэ раз абняць і пацалаваць роднага чалавека, як у апошні раз.

Па сходням на шырокія плыты завялі пад аброці баявых коней, паставілі ў агароджаныя стойлы. Дзве хуткаходныя ладдзі і поўтузіна лёгкіх чоўнаў, што выдзёўбваюцца з аднаго ствала дрэва, далучыліся да плытоў.

Першымі рушылі яцвягі, за імі дружыннікі Волада на чале з Віхурам, потым прыежджыя дрыгавічы, на ўздагон ім, адрываючыся ад абдымкаў родных, саскоквалі на адыходзячыя плыты ваяры з Ведзьмядзёў. Некалькі чоўнаў, на якіх сядзелі маладыя воі з тых, каму не пашанцавала з жэрабям, нейкі час суправаджалі войска. Большасць выпраўляючых ішлі берагам да самага Нёмана, у рэчышча якога неўзабаве вынесла Маўчада плыты, ладзі і чоўны, якія адразу пачало зносіць плынню. Уздоўж шырокай даліны дзьмуў свежы папутны ветрык, таму на плытах і ладдзях адразу ставілі ветразі. Па правым беразе паўстаўлі высокія пяшчаныя абрывы, якія, дзе-нідзе падмытыя няўмольнай плынню, асунуліся ў раку разам з вялізарнымі хвоямі, вершаліны якіх паглынула рака, а ствалы з вывернутымі карэннямі моцна зачапіліся за бераг. Упёршыся ў абрывы, Нёман пачаў няспешна паварочваць на паўдневы захад, і вось ужо апошні плыт схаваўся за завароткам, толькі ветразі было яшчэ доўга відаць цераз нізкі левы бераг, аж пакуль і яны павольна не зайшлі за лес, калі рака ізноў пачала наступны з сваіх незлічоных завароткаў.

У якасьці закладніка ад яцвягаў у Ведзьмядзях засталася Ятвінга.

Глава 18.

Ад’езд дружыны. Касавіца

Хутка і Волад з дружынай павінен быў ад’яжджаць з Ведзмядзёў. Ад’езд супаў з пачаткам першага ўкосу густой травы, якая нарасла на поплавах каля Маўчады. Волад дапамог бы ведзмядзёўцам, але кос на ўсіх не хапала. Таму раніцай дружыннікі пазычылі косы ў мужоў і пайшлі без прыпынку па доўгаму пракосу. Касілі весяла, навыперадкі.

Дружыннік Жорна меў неасцярожнасць пахваліцца напярэдадні, што вельмі спрытна косіць і няма яму роўных у гэтай справе. Таму яго паставілі на чале ― на першым пракосе. З гонарам пачаў косьбіт працу, шырока захопліваючы касою траву. Ды не забыліся дружыннікі ўчарашняй хвальбы, наляглі на працу з усёй моцы. І вось цяпер раз-поразу раздаваліся воклікі:

– Гэй, Жорна! Паберажыся, бо пяткі падрэжу!

І мімаволі Жорна вымушаны быў пад кпінамі сяброў саступаць свой пракос і прапускаць наперад больш увішнага.

– Што, Жорна, мала кашы з’еў?!

– Ха-ха-ха!

– А, мо, мала медавухі выпіў учора?

– Гы-гы-гы-гы!

– А казаў, што косіш лепей за ўсіх! Ай-яй.

– Каб хутка касіць, трэба добры кавалак сала з’есці!

Канечне, дружыннікі, што шоргалі косамі ззаду Жорны, звычайна так хутка не працавалі, размяркоўваючы сілы на цэлы дзень. Ды трэба ж было пакараць задаваку! А Жорна ўпіраўся з усяе сілы, каб не дагнаў яго наступны…

Так, з жартамі і смехам, скасілі дружыннікі добры кавалак вялікай сенажаці. Яны аддалі косы мужам, з задавальненнем акунуліся ў халоднай вадзе Маўчады, апрануліся, прымайстравалі латы і тальмахі з мячамі ў похвах, надзелі шаломы і вось ужо былі гатовыя садзіцца на коней, якіх прыгналі з пашы вартавыя дружыннікі з дапамогай юнакоў.

Ізноў ведзьмядзёўцы праважалі ад’яжджаючых. Некаторыя кабеты ўпотай выціралі слёзы, ловячы позіркі спадабаўшыхся дружыннікаў. Некалькі ўдоў, не саромячыся, горача развітваліся з улюбёнымі, даючы ім пачастункі на дарогу.

– Не сумуйце надта! ― крыкнуў за ўсіх конязь Волад, ― Хутка ўбачымся!

Потым зычна скамандаваў:

– Дружына! На ко-оней!

Хваля постацей з астраверхімі шаломамі ўскінулася верхам.

– Руша-а-а-й!

Вершнікі рушылі ў напрамку броду праз Маўчаду. За імі, рыпаючы коламі, пацягнуліся вазы, запрэжаныя вялікімі коньмі з кашлатымі грывамі. Іх чакала нялёгкае вандраванне па лясным і балотным нетрам да апошняга ў Панямонні племені з тых, што падпарадкоўваліся конязю Воладу. За амаль бязлесымі пяшчанымі грудамі уздоўж невялікай рэчцы, якая раней не мела імя, бо ніхто дасюль не сяліўся на ёй, цягнуліся новыя ляды, што выцерабіў дрыгавіцкі род Разважы, які і даў імя і рацэ і племені. На самых вытоках сядзеў бужанскі род Жыбарта. Гэтыя роды разам прыцягнуліся сюды з Палесся, і вымушаны былі змовіцца з суседскім яцвяскім родам Патыльты, бо не хапала неабходнага трэцяга роду дзеля выканання старадаўніх звычаяў ў шлюбна-роднасных адносінах, каб не звялося племя.

Далей на захад, за непралазнымі абшарамі балот, лясоў, рэчак і ручаін, месцавалася ў векавых пушчах яцвяскае племя Ліпічанаў, яно падпарадкоўвалася толькі яцвяскім кунігам, і з імі ніколі яшчэ не было суседскіх гаспадарскіх стасункаў. Пушчы гэтыя цягнуліся ажно да самай Шчары, якая звілістым рэчышчам павольна набліжалася да Нёмана, быццам не спяшаючыся ўліць у яго сваю плынь і ствараючы такім чынам доўгае і цяжкадаступнае міжрэчча, на якім нават праз тысячу гадоў будуць шумець вершалінамі прыгожыя хваёвыя бары і дубровы.

Калі дружына сышла, неяк сумна стала ў Ведзмядзях, але праз дзень-другі цяжкай сялянскай справы жыццё паступова ўвайшло ў прывычную каляіну. У сем’ях, адкуль мужы падаліся з Коматам, адчуваўся недахоп працоўных рук, ды ўсе яны ведалі, што не застануцца без дапамогі, бо яшчэ досыць дужымі былі звычаі родавога ўкладу жыцця.

Касавіца доўжылася. Да болі ў пупах упіраліся мужы, валілі густую траву на сенажацях, каб паспела высахнуць, пакуль няма дажджу. Яны яшчэ дакошвалі дальнія закуткі, а бабы з дзецьмі ўжо варушылі і разбівалі траву ў пракосах, ― так яна сохла хутчэй, а праз дзень-два добрага надвор’я гатовае сена гарнулі ў доўгія валы, а потым складвалі ў невялікія капы. Падлеткі, якія яшчэ не дараслі да касьбы, але ўжо маглі спраўляцца з коньмі, верхам пад’яжджалі да капы, саскоквалі на зямлю, падбівалі пад сена доўгую жэрдку, зверху перакідвалі вяроўку, вязалі яе за канцы жэрдкі, адзін з якіх чаплялі да конскага хамута, паганялі коней і цягнуў копы на больш высокае месца ― туды, дзе трэба будзе ладзіць стажок. Жанчыны разам з меньшымі дзецьмі, а таксама старымі, што маглі яшчэ трымаць у руках граблі, падграбалі астатняе сена, і за імі заставалася чыстая прастора з калючым сцяблом ад зрэзанай травы. Яна яшчэ паднімецца, дасць і другі, і трэці ўкос, каб толькі сваечасова прайшлі дажджы.

Але цяпер даждж непатрэбен!

Пакуль што стаяла сонечнае, хоць і занадта спякотнае надвор’е ― яно было ў гэтую пару на вагу золата. Ды надвор’е ў Панямонні можа змяніцца вельмі хутка. Таму мужы, калі толькі скончылі касьбу, без перадыху ўзяліся складаць спелае сена ў стажкі, часам акідваючы трывожным позіркам далягляд, на якім пачалі з’яўляцца высокія белыя аблокі. Складаць стажкі ўмелі ўсе мужы, ды не ўва ўсіх яны атрымліваліся як трэба, каб у дождж не прамакалі, буру вытрымлівалі і вока цешылі. Таму найбольш умелыя заўжды былі наверсе з граблямі і камандавалі тымі, хто доўгімі драўлянымі віламі-сухарамі з трыма зубамі ― два знізу, яны нібыта санкі слізгалі па зямлі пад сена, і трэці зверху, ён збіраў пахкія сцеблы ў шчыльныя бярэмі, ― падавалі сена наверх.

– Так, Нор, цяпер кладзём ваколіцу! ― камадаваў Лош, і той набіраў з капы сухарамі сена, і клаў бярэмя за бярэмям па крузе па краю стажка. Лош тролькі трыху падпраўляў яго. Ятвінга, якая дагэтуль грабла разам з жанчынамі, кінула граблі, падабрала вольныя вілы, і таксама пачала падаваць сена наверх. Там, акрамя Лоша, былі яшчэ Ланя і Зарыца, якія старанна тапталіся, пераходзячы па колу следам за Лошам.

– Добра тапчыце, бабанькі! ― падбадзёрваў іх Лош, ― хто добра стажок здолее ўтаптаць, той з малаком будзе зімаваць!

Кабеты і без таго старанна гойсалі ўсёй сваёй вагой па сену. Ланя ў адказ крычала Лошу:

– А ты, Лошна Заманавіч, кладзі стажок роўна, каб вецер не перакуліў, бо тады зусім малака те пабачыш! ― і голасна смяялася разам з Зарыцай.

Наўкол хутка раслі і другія стажкі. Праца ішла весяла, бо працавалі ўсе разам. Хтосьці жартаваў, хтосьці смяяўся, а хтосці спрабаваў зацягнуць песню.

Лош часам сустракаўся позіркам з Ятвінгай, калі тая кідала на стажок чарговае бярэмя. Ён бачыў, што для яе зусім няцяжкая гэтая справа, хоць і лічылася яна мужчынскай, і часам мімаволі любаваўся прыгажосцю яе рухаў і спрытам.

– Нор, Ятвінга! ― зноў камандаваў ён, ― цяпер будзем класці пазаваколіцу! ― і тыя пачалі кідаць сена бліжэй да сярэдзіны стажка, а Лош укладваў яго так, каб яно добра прыціснула ваколіцу. Потым і пазаваколіцу прыціснулі яшчэ трэцім колам сена, завалілі сярэдзіну і зноў пачалі класці новую ваколіцу.

– Нор, глядзі, ці не пара зацягваць? ― пытаў Лош зверху.

Нор крыху адышоў, паглядзеў на стажок:

– Я лічу, што яшчэ пару радоў трэба паднімаць гэтак!

– Што ж, так і зробім!

Праз два рады з кожным слоем Лош пачаў зацягваць ваколіцу трыху ў сярэдзіну. Калі стажок ужо быў даволі высокі, перакінулі вяроўку, і Лош загадаў жанчынам спускацца ўніз, бо зверху было ўжо цесна. Адзін канец Нор трымаў знізу, а па другім з віскам з’ехалі адна за другой Ланя і Зарыца.

– Ой, гэта мы так высока былі!? ― не паверыла Зарыца, паглядзеўшы на стажок знізу.

А ў Лошны надышоў самы адказны момант ― завяршэнне стажка. Калі наверша зрабіць дрэнна, то згніе ўсё сена. Таму ён надта старанна ўкладваў і ўтоптваў, прыпляскваў граблямі апошнія порцыі сена. Потым гэтакжа па вяроўцы з’ехаў на зямлю, адышоў на тузін крокаў, паглядзеў з аднаго боку, потым з друга, і застаўся задаволены ― стажок атрымаўся высокі, стройны і дужы. Цяпер гэтае сена не замочыць аніякі дождж, і не раскідае вецер.

Сонца садзілася чыста, воблакі кудысці зніклі. Заўтра таксама павінен быць сонечны дзень. Да паселішча вярталіся ўпрыцемках. Раса, якая выпала на траву, калі толькі зайшло сонца, прыемна халадзіла босыя ногі. Над Маўчадай плыла працяглая песня. Халадала. Ланя прыціснулася да Лоша. Ятвінга глядзела на іх, і заўважыла, што сэрца яе пачало біцца хутчэй ― у першыню за апошнія тры гады, з той пары, калі яна згубіла ўсё ― мужа, дзяцей, хату…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю