412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 18)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 24 страниц)

На гэтым і разашліся. Яцвягі пагналі човен да сваёй Карнады, а вандроўнікі паграблі далей ― уніз па Ясельдзе.

Глава 36.

Адыход з памаран

Конязь Барнім Кашэба збіраў войска. На Вістуле і на даволі вялікіх абшарах па левым яе беразе разбойнічалі яцвягі. Правадыры прывістулінскіх плямёнаў, не ўсе з якіх раней прызнавалі ўладу конязя, слалі ганцоў з просьбамі пра дапамогу, абяцаючы стаць пад яго руку. Войска сабраць цяжка, бо конязь Памор’я не меў такой улады, каб загадаць усім памаранам выступіць на абарону рубяжоў, і кожнае племя, кожны гарадзен абараняўся, як мог. Конязь быў першы сярод роўных. Яго меркаванне ўлічвалася, але не болей таго. Плямёны памаран былі нябедныя, бо акрамя палёў з просам, жытам, пшніцай, ячменём, а ў апошні час і аўсом, ды таксама статкаў гавяд і парсюкоў, яны мелі яшчэ саляварні і бурштын. Прадавалі зерне свеям, салёную сялёдку куявам, мазурам, нават віслянам. Пры ўсім пры гэтым раз-пораз займаліся яшчэ і рабаваннем больш слабых суседніх пляменаў. А вось хутка сабраць значнае войска было праблемай.

На гэты раз Барніму Кашэбе дапамагаў ягоны аўтарытэт, які ён зарабляў на працягу амаль дзвух дзесяткаў гадоў. Ён разаслаў ганцоў да буйных плямён выжычан, прыссан, валюнзян, а таксама і да меньшых, такіх, як пыжычане і вальняне.

Кашэба чакаў некалькі дзён. За гэты час прыйшла вестка аб паразе прывісленскіх памаран, якія жылі вышэй Жулаваў ― дэльты Вістулы. Цяпер нічога не перашкаджала яцвягам рабаваць паселішчы, што месцаваліся на шматлікіх вістулянскіх пратоках. А там недалёка і да ўзбярэжжа, дзе жывуць самыя багатыя паморскія плямёны.

Святары ўжо які дзень, ды і ўначы, маліліся Трыгалову, ― галоўнаму свайму богу, драўляная выява якога стаяла пад вялікім дубам, абкружаным густою ляшчынаю. Яны нават знялі з вачэй Трыгалова павязку, якая звычайна заўседы была на ім, каб не бачыў людскіх грахоў, ― няхай цяпер бачыць, але не грахі, а няшчасце свайго народа, бо надта ж лютыя ворагі яцвягі…

На другі дзень пачалі прыходзіць дружыны з бліжніх плямёнаў. Колькі ж вояў набярэцца?..

Лічачы сябе пераможцамі, яцвягі, а з імі і дрыгавічы, разам з тым адчулі і беспакаранасць. Як ні імкнуліся ваяводы ўтрымаць свае атрады ў кулаку, у іх гэта атрымоўвалася ўсё хужэй. Многія воі не баяліся цяпер адрывацца ад сваіх і ўпотай пашукаць здабычу для сябе, каб ні з кім не дзяліць. Некаторым хацелася даць волю сваёй разбэшчанасці і адчуць поўную уладу над бездапаможным чалавекам, няхай нават гэта быў бы стары ці кабета.

Скіба не жадаў такой волі. Адарваны ад сахі і касы, назіраючы за жорсткімі ўчынкамі яцвягаў і сваіх супляменнікаў, ён часам пытаў сябе: ― “Навошта я тут? Не трэба мне гэтага. Хачу працай зарабляць сваю долю, а не крыўдай.” Злосць на ўзброеных драпежных людзей, чужых і сваіх, каменным цяжарам адкладалася ў яго на сэрцы.

Ён не жадаў адрывацца ад атрада, але так здарылася, што калі наехалі на невялікае паселішча, то спачатку Дрок і Вырва, а потым і Доўбень з Бычанем, ― усе кінуліся на пошукі здабычы. Тады ён падаўся на зычны голас Віхуры, які пачуўся за невялічкім пералескам. Ваявода дрыгавічоў спрабаваў навесці хоць нейкі парадак у сваім войску. Накіроўваючы каня па вузкай сцяжынцы, Скіба выпадкова наехаў на памаран, якія не паспелі далёка ўцячы і схаваліся пад карчом ляшчыны. Тут былі дзеці, старац і маладая жанчына. Конь ледзь не наступіў знянацку на кагосьці з іх і ўздыбіўся, захрапеўшы пад нацягнутымі цуглямі. Дзеці, спалохаліся і ціхенька заплакалі, жанчына глядзела вялікімі шэрымі вачамі, не чакаючы нічога добрага ад прыхадня, а старац пачаў прасіць:

– Не губі, добры чалавеча, не бяры грэх на душу! Наш Трыглаў цябе аддзячыць.

Не паспеў Скіба нават падумаць, што рабіць з нечаканым палонам, як з-за дрэў выехаў Канабрат. Твар ягоны меў задаволены выраз, расчырванелы ад толькі што выпітай медавухі, якую ён дастаў з раскапанай схованкі.

– Скіба! Палон захапіў? О, і кабета маладая! Давай яе паспрабуем! Так даўно кабет не мелі! ― ён азірнуўся на Скібу і ўбачыў ягоны агідлівы выраз, ― Ты не жадаеш? Тады я сам, – ён саскочыў з каня, адкінуў ў бок дзіця, што трапіла пад руку і кінуўся да жанчыны. Пачуўся трэск адзёжы.

– Ты што робіш?! ― ірвануўся да яго старац, ― ды яшчэ пры дзецях! Вылюдак!

Гэта былі апошнія яго словы, бо Канабрат маланкава ўсадзіў корд старцу ў горла. Раптоўны гнеў вывеў Скібу з раўнавагі, і ён з сілай плазам апусціў меч на галаву гвалтаўніка. Той упаў на зямлю, як худы мех. Скіба злез з каня, падняў Канабрата тварам уверх, пераканаўся, што жывы, ізноў кінуў на зямлю ― ачухаецца.

Дзеці маўчалі, апантаныя жахам. Маўчала жанчына, гледзячы на мёртвага старца і непрытомнага Канабрата. Маўчаў і Скіба. Потым яны сустрэліся позіркамі. У яе вачах Скіба бачыў здзіўленне і неразуменне таго, што адбываецца.

– Уцякай, ― сказаў ён ціха.

– Уцякаць? ― перапытала яна. Потым павольна перавяла позірк кудысьці за яго плячо, ― Вунь гарыць мая хата.

Скіба азірнуўся, паселішча сапраўды гарэла.

– А гэта ляжыць мой бацька. А мужа няма ўжо тры гады. Ды й зловіць хто-небуць ізноў, ― тут ногі яе не вытрымалі і яна асунулася на калені, ― мне няма куды ўцякаць, ― яна закрыла рукамі твар і заплакала. Дзеці моўчкі прыціснуліся да яе.

Скіба глядзеў на яе, вужлакі гулялі па сківіцам.

Жанчына адарвала рукі ад твара:

– Бяры нас у палон.

– Што ж, можа быць так для цябе будзе і лепей, ― адказаў Скіба, назіраючы, як вакол шнарылі ў пошуках здабычы яцвягі і дрыгавічы.

Комат бачыў, што парадак у ягоным войску парушаны. Трэба было штосьці рабіць. Але што? Сабраць усіх разам і правесці паказальную кару ― знесці каму-небудзь галаву? Ён меў на гэта права, але не жадаў марнаваць такі спрыяльны для развіцця поспеху час. Пакуль ваявода разважаў, дапамаглі памаране. Усе думалі, што паблізу іх няма. Але яны з’явіліся. Толькі не ўступалі пакуль у адкрыты бой, а нападалі знянацку і гэтак жа хутка адыходзілі. Іх ахвярамі станавіліся самыя неасцярожныя рабаўнікі, іх з лютасцю забівалі, ― за дзень такіх набраўся добры тузін. Комат загадаў перад тым, як спаліць на пахавальным вогнішчы, злажыць іх на два вазы, правезці і паказаць перад усімі атрадамі. Гэта падзейнічала і воі перасталі разбрыдацца хто куды. Набег ізноў набыў арганізаваную форму. Страт стала значна меней, але ад адной з засад памаран загінуў воладаў дружыннік Лапіч.

Дасягнулі Жулаваў, ― мноства вялікіх і малых праток, на якія падзялялася плынь Вістулы перад тым, як уліцца ў мора, а таксама балатоў і пясчаных выдмаў. Трымаліся самай левай з вялікіх пратокаў ― Лянотвы, якая прывяла іх да добра ўмацаванага паселішча-гарадзена. Гэта быў Гдань. Здавацца ён не збіраўся. Абаронцаў у ім было няшмат, ды дубовыя сцены былі высокія і моцныя. Яцвяскае войска пачало гатаваць штурм.

На трэці дзень конязь Кашэба зразумеў, што не дачакаецца столькі войска, колькі хацеў, і ён рушыў да Жулаваў з тым, што сабралася. Можа быць, пара-тройка невялікіх дружын яшчэ і падыйдуць, то няхай даганяюць. Ён разлічваў, што паспее аб’яднацца з гарнізонам Гданя, таму прыспешваў сваё войска. Калі заставаўся дзень шляху, выведнікі данеслі, што яцвягі ўжо пад Гданем.

Падрыхтоўка да штурму яшчэ толькі пачыналася, як Комат атрымаў вестку, што да Гданя ідзе войска памаран. Войска было каля тузіна саракоў, за ім могуць ісці і другія.

Комат разважаў.

У першапачатковай задумцы набегу планавалася скарыстаць толькі фактар раптоўнасці, каб нарабаваць дабра і набыць палонных. Адбыўшаяся бітва, хоць і скончылася перамогай, але адабрала ўжо досыць ягоных вояў. Яшчэ некалькі такіх бітваў, і поспех набегу стане праблематычным. Ці не прыйшла пара адыходзіць? Здабычы набралі нямала, і нельга чакаць, калі памаране збяруць вялікую пагоню ― можна згубіць усё набытае. Шкада, канечне, што не дабраліся да самых багатых берагавых памаран, але лепей мець тое, што маеш, чым апынуцца ні с чым. З другога боку, калі ўзяць Гдань, а гэта трэба было б зрабіць хутка, пакуль падыходзячае паморскае войска яшчэ далёка, то вяртанне было б больш слаўнае, дый здабычы дадалося б. Як жа лепш зрабіць?

Наступны дзень, які пачынаўся пры густой смузе, абаронцы Гданя сустрэлі на сценах, чакаючы штурму. Воі былі хмурныя, бо адчувалі, што перавага на баку яцвягаў з-за іх колькасці. Нават калі ўдасца адбіць напад, кожны ведаў, што пры такім раскладзе многія абаронцы загінуць. Яны не маглі бачыць, што робіцца ў стане яцвягаў, і навіслая цішыня толькі дабаўляла напругі чаканню.

Ішоў час, а штурм не пачынаўся. Бліжэй да поўдня задзьмуў прахалодны ветрык з боку мора і разагнаў смугу.

Яцвягаў як і не было.

Спачатку з недаверам, а потым з надзеяй, углядаліся памаране ў навакольныя лясы, ляды і балоты, але нікога не бачылі. Воі паступова пазлазілі са сцен, пакінуўшы толькі варту на наглядальных вежах. Варот не адкрывалі ― асцерагаліся якога-небудзь яцвяскага падвоху.

– Гэй, людзі!, ― раптам пракрычаў з вежы вартавы, ― бачу пыл з боку Узгорскіх Пустак!

Гэта магло азначаць прасоўванне вялікага статку жывёл, або войска. Хутка на вежы апынулася поўтузіна самых зоркіх вояў. Астатнія ізноў пацягнуліся на сцены. Што нясе ім гэтае воблака пылу, які павольна ўздымаўся ў паветра? Доўга ўглядаліся. Крыкнулі з вежы ўніз:

– Да на-а-ас!

Потым ізноў глядзелі з-пад далоняў, а калі улавілі некалькі бліскавак ад даспехаў і клінкоў, стала ясна:

– То во-о-ойска!

Праз яшчэ некаторы час змаглі разглядзець штандар конязя Барніма Кашэбы.

Тады воі і жыхары Гданя зразумелі, што на гэты раз яны пазбеглі вялікай бяды.

Конязь пад’ехаў да вежы каля варот, зняў шалом і прамовіў:

– Вы паклікалі, я прыйшоў!

Свабодалюбныя жыхары Гданя вымушаны былі прызнаць, што менавіта Барнім Кашэба спас іх ад яцвягаў, і на вечы, якое сабралі ўжо як сонца заходзіла, вырашылі, што пойдуць пад яго руку, і будуць яму даваць вояў і палюддзе.

А зранку Кашэбу ўжо хвалявалі другія турботы ― куды падаліся яцвягі? Да таго ж не было аніводнага чоўна па ўсёй акрузе, нават каб выправіць выведнікаў, ― усё забралі рабаўнікі. А без плаўсродкаў на Жулавах рабіць няма чаго. Пакуль той-сёй з тутэйшых успоўніў, што ёсць-такі чоўны, прыхаваныя ў таемных месцах, пакуль іх прыгналі, і выведнікі адправіліся па следу, працягнулася поўдня. Але падвечар пяць саракоў дружыннікаў ужо гналі сваіх коней да берагавых памаран, каб імем Кашэбы пагрузіцца на баявыя ладдзі, бо выведнікі данеслі, што яцвягі падаліся да мора, і выглядала на тое, што яны пачалі адыход.

Кашэба ладзіў пагоню.

Комат падганяў людзей. Адыход, які пачалі у выніку вялікіх спрэчак на ваенным савеце, быў намнога складаней, чым сам набег. Здабыча, у тым ліку ў выглядзе рабоў і быдла, абцяжарвала войска і не давала рухацца хутка. Колькі набегаў скончыліся крахам з-за таго, што моцная пагоня наганяла ап’янёных поспехам рабаўнікоў, і адбірала не толькі палон, але і жыццё захопнікаў!

Яны вырашылі рухацца скрозь Жулавы да мора. Вярнуліся ад Гдані вышей па плыні Лянотвы, і, выбраўшы адну з больш-меньш шырокіх праток, што адыходзіла ад яе на поўнач, увайшлі туды. Але хутка гэтая пратока пачала дзяліцца на некалькі, потым яшчэ. Яны працякалі паміж пясчанымі выспамі-выдмамі, некаторыя з якіх былі досыць высокімі, бо з’явіліся тут пасля вялікіх паводкаў, калі вада ў Вістуле паднімалася на некалькі сажняў і забірала пад сябе амаль усе жулаўскія абсягі. Месцамі пратокі былі зусім мелкімі, і трэба было ладзіць волакі, каб перабрацца ў больш глыбокі рукаў. Мясцовасць дзікая, густыя вербалозы чаргаваліся з голымі пясчанымі выдмамі. Мноства птушак паднімаліся ў паветра з трывожнымі крыкамі, што перашкаджала страціцца ў густых зарасніках. Ды толькі прасцяк мог падумаць, нібыта можна схавацца такому войску, ды чяшчэ з палонам, ад мясцовых следапытаў. Комат добра разумеў, што памаране будуць ведаць аб кожным іхнім руху. Разлік быў на тое, што не маючы пад рукой плаўсродкаў, паморская пагоня не зможа хутка з’явіцца, ― ім патрэбна некалькі дзён, каб прыгнаць да Жулаваў значную колькасць ладдзей. За гэты час яцвягам трэба паспець адысці за Вістулінскую Касу, якая працягнулася вузкай і доўгай паласой ўздоўж узбярэжжа, ужо прускага, утвараючы вялікі заліў. Менавіта ў гэты заліў упадае самы ўсходні рукаў Жулаваў ― Ногат, куды, напэўна і павялі свае дракары варангі пасля сутычкі на Вістуле. Там, недалека ад упадзення Ногата ў мора, знаходзіцца і іх умацаваны гарадзен Труса. Так што існавала верагоднасць другой нежаданай сустрэчы з дракарамі ― ў заліве. Толькі дасягнуўшы паўднёвага берага, пры тым як мага далей ад упадзення Ногата, можна было разлічваць на дапамогу прусаў, бо бліжэйшыя з іх былі у звязе з варангамі, альбо проста падпарадкаваныя ім. Трывожыў таксама моцны вецер з боку мора. Яны бадзяліся па мелкім рукавам і топкім балотам, пакуль не намацалі Смелую Вістулу – адну з асноўных праток, якая не блудзіла, як Лянотва, а ішла напрасткі.

Гуд прыбоя пачулі нашмат раней, чым убачылі мора. Хвалі, нібыта магутныя ўздыхі раз-пораз, няўмольна зыходзілі з самога марскога нутра на пясчаныя мелі ўзбярэжжа. Для яцвягаў і дрыгавічоў яны не прадвесцілі нічога добрага. Чым бліжэй падплывалі да мора, тым больш шырокім рабілася рэчышча Смелай Вістулы, па якім гулялі хвалі з пеннымі баранчыкамі на грабянях. Першая ладдзя ўдарамі вёсел рашуча была накіраваная на выхад да вялікай вады, пераадолела адну высокую хвалю, другую, а трэцяя яе перакуліла. Людзі і паклажа вываліліся ў ваду. Прыйшлося прыставаць да берага і чакаць. А тут яшчэ пайшоў халодны дождж. Ён хвастаў па бартах ладзей і чоўнаў, па адзежы і па тварах. Як ні хаваліся, хутка ўсе змакрэлі наскрозь і былі вымушаны вяртацца назад у хмызы, дзе вецер дзьмуў трохі слабей.

Комат разумеў, што чакаць нельга, бо памаране на вялікіх марскіх ладдзях могуць прайсці па такім хвалям. Ён выслаў конную выведку па берагу і ўлева, адкуль трэба было чакаць пагоню, і ўправа, куды ім трэба было рухацца, на пратоках выставіў дазоры і загадаў рыхтавацца да сухапутнага перасоўвання. Хутка правая выведка вярнулася:

– Куніг! Недалека ад месца выхада Смелай Вістулы у моры знаходзяцца мноства пясчаных выспаў, ― дакладаў змакрэлы, як і ўсе, выведнік, ― яны даюць ветравы цень, і там можна было б на ладдзях плыць!

Тады Комат адправіў некалькі чоўнаў уверх па плыні Смелай Вістулы, каб пашукалі адыходзячыя рукавы, якія ўпадалі б у мора насупраць гэтых выспаў. Неўзабаве чоўны вярнуліся:

– Куніг! Мы адну такую пратоку знайшлі, але яна мелкая, не для ладдзей.

Комат доўга не думаў:

– Трэба ісці туды на плытах і чоўнах. Ладдзі хай яшчэ пачакаюць. Калі вецер не сціхне, прыйдзецца цягнуць і іх па гэтай пратоке, хоць бы па дну кілямі.

Тым часам звечарэла. Дождж паціху скончыўся. Чоўны і плыты пацягнуліся да выведанай пратокі. Іх пераводзілі ўсю ноч.

Пад ранак і вецер паволі сціх. Хвалі гойсалі яшчэ нейкі час, але неўзабаве пачалі змяншацца. Першыя ладдзі адважыліся выйсці ў мора. Ім гэта ўдалося, і яны хутка апынуліся пад ветравым ценем выспаў. За імі ужо больш смела пайшлі астатнія. Апоўдні з малой пратокі ў мора пачалі выходзіць і чоўны з плытамі. Усе плылі недалёка ад берага, бліжэй плыты і вяртлявыя чоўны, і трыху далей махалі вёсламі ладдзі. Траціна войска, а таксама палонныя, ішлі па берегу каля самай вады і на доўгіх вяроўках дапамагалі веслярам цягнуць непаваротлівыя плыты, ім часам выпадала пераходзіць ўброд пратокі, якія ўпадалі ў мора.

Дрыгавічы падзяліліся і перамяшаліся з яцвягамі. Конныя рухаліся берагам. Другія апынуліся на ладдзях і плылі па адкрытаму мору. Трэція дзідамі і доўгімі тычкамі ўпіраліся ў дно і пхалі плыты. Паміж імі ўсюды снавалі чоўны.

Скіба ў складзе коннага войска ехаў сярод другіх па пясчанаму берагу. Вялікія шэрыя вочы выратаванай жанчыны стаялі перад ім. Колькі ў іх адчаю і смутку! Што чакае яе і дзяцей? Рабства і нядоля. Вунь колькі іх, няшчасных памаран, што трапілі ў палон, цэлы натоўп. Жанчыны, старыя, дзеці. Чым яны прагнявілі сваіх багоў?

– Гэй, Скіба! ― перарваў гэтыя разважанні Канабрат, які пад’ехаў збоку, ― ты мне растлумач, што здарылася са мной ў тым пералеску.

Скіба паглядзеў на Канабрата. Галава ў таго была туга сцягнутая павязкай.

– Хто мяне гэтак па галаве смальнуў? ― дапытваўся ён, ― Ніколі не бачыў, каб столькі знічак с неба падала! Да гэтай пары ў галаве гудзіць.

– Я гэта! ― коратка адказаў Скіба.

– Што?! ― Канабрат ад нечаканасці турзануў лейцы, ягоны конь адскочыў у бок, але тут жа быў утаймаваны нацягнутымі цуглямі, ― Але навошта!?

Нечакана для сябе Скіба пад’ехаў шчыльна да Канабрата і нягучна, але цвёрда прамовіў:

– Я не раю табе нават набліжацца да гэтай кабеты!

– Ах, вось яно што?! Дык ты з-за бабы ледзь не забіў мяне?!

– Каб хацеў, то забіў бы.

– Скіба, мы ж з табой сваякі!

– Цмок ненажэрны табе сваяк! Навошта кроў льеш, дзе не трэба?

– Дык мы ж на вайне, Скіба! І гэта ж ворагі!

– А калі на вайне, то не трэба чалавекам быць? Ідзі ў бітву, там забівай ворага, будзе табе гонар і хвала. А ты з дзецьмі і старымі ваюеш. Звер ты, Канабрат!

– А ты мяне бітвай не папракай, я ў карчах не адседжваюся. На вайне і трэба зверам быць! Дзівак ты Скіба! ― і Канабрат прышпорыў каня, дасылаючы яго ў галоп.

Скіба з гаркатой падумаў, што нажыў ворага ў асобе сваяка, з якім вырас разам, і сябраваў дагэтуль.

Сонца выглянула з-за хмар і адразу пачало апускацца ў мора. На змярканні ўсе выйшлі на бераг. Вечар быў цеплы, вярнулася лета.

Палілі вогнышчы, сушылі адзёжу, харчаваліся. Дрыгавічы сабраліся разам ― дружыннікі Волада і дабраахвотнікі. У круг выйшаў Віхура з вялікім рогам медавухі ў руцэ:

– Сябры! Вайна ёсць вайна! Кагосьці богі берагуць, кагосьці не надта. Мы не далічваемся ўжо амаль дзесятка нашых вояў. Жадан і Калода з Медзвядзёў, Апара з Перуновай Старыцы, Пляскач і Бакан з Вусьця, Везнюк з Руды, а таксама дружыннікі Балыш, Грэсь і Лапіч. Усе яны загінулі, як сапраўдныя мужы, са зброяй у руках, у бітве. Шкада, што іх няма ўжо сярод нас, бо былі яны добрымі воямі. Але такая іхняя доля – загінуць са славай, а нашая ― жыць і ваяваць без іх. Дык вып’ем жа за памін загінуўшых! Слава героям!

– Слава! Слава! ― падхапілі дрыгавічы і прыклаліся да кубкаў.

Потым спявалі свае цягучыя дрыгавіцкія песні, успаміналі пра загінуўшых сяброў і пра свае сем’і, ад якіх так далёка сышлі.

Скіба і Канабрат сядзелі ў розных месцах і імкнуліся не глядзець адзін на другога.

Па ўсяму пясчанаму берагу на некалькі палетаў стралы, гарэлі вогнішчы. Яцвягі таксамі спявалі песні. Свае.

У разгар вячэры Скіба непрыкметна выйшаў з круга. Ён нетаропка і досыць доўга хадзіў сярод яцвяскіх вогнішчаў, пакуль не пабачыў цемныя постаці людзей, што сядзелі на пяску, згорбленыя, збоку ад усіх. Гэта былі палонныя. У асноўным жанчыны і дзеці. І не было ў гэты момант людзей на свеце больш няшчасных, чым яны. Скіба падышоў, пастаяў побач. Вартавы паглядзеў на яго, але нічога не сказаў. Тады ён схадзіў за сухім галлём, прынёс да палонных, запаліў. Людзі мімаволі пацягнуліся да агню. Скіба ўзяў галавешку, пачаў хадзіць і ўглядацца ў твары. Палонныя напруджана маўчалі. Ён знайшоў яе ўбаку ад усіх. Дзеці, іх было чацьвёра, шчыльна туліліся да яе, шукаючы цяпла і суцяшэння. Яна іх абхапіла, як змагла, і нерухома сядзела, гледзячы кудысьці далёка.

Скіба выцягнуў з-за пазухі скрутак:

– Вазьмі, тут ежа.

Яна памаўчала, потым сказала шэптам:

– Не хачу я есці.

– То пакармі дзяцей, дурная.

Ен адыйшоў у бок, глядзеў на зоркі, якія ўсё шчыльней запаўнялі небасхіл і рабіў выгляд, што не чуе, як жадна дзеці накінуліся на ежу.

Ад бліжняга вогнішча падняўся яцвяг і няцвёрдай хадой наблізіўся да палонных.

– Ну, што!? ― пераняў яго вартавы, ― Чаго нячысцік цябе сюды нясе?.

– Хачу… памацаць…

– Я вось цябе зараз паміж вушэй памацаю!

– Ох, які ты страшны!

– Ідзі-ідзі адсуль! Няма чаго табе тут рабіць. Вось, калі падзеляць здабычу, тады будзеш мацаць. Тое, што табе дастанецца. Можа, быка, а, можа і казу.

– Казу? Не-а, казу не хачу.

Яцвяг павярнуўся і пайшоў да свайго вогнішча.

– “Пакуль гэты вартавы будзе тут, палонным няма чаго баяцца,” ― падумаў Скіба. Ён яшчэ трохі пастаяў моўчкі, потым, прісеў непадалёк ад яе. Дзеці паснулі, па-ранейшаму прытуліўшыся да жанчыны.

– Як завуць цябе?

– Веверыца, ― ледзь чутна адказала яна.

– Веверыца? Дык гэта ж па нашаму Вавёрка будзе!

Яна маўчала.

Яму не хацелася нікуды ісці.

– Твае дзеці?

– Двое маіх, двое сястры. Памерла яна…

Паступова цішыня запанавала па ўсім абсягу, дзе змесцавалася войска. Стомленыя людзі паснулі. Маўчала Веверыца. Маўчаў Скіба.

Калі зоркі пачалі блякнуць, ён падышоў да вартавога:

– Ты з якіх яцвягаў?

– З Красімы я, з-пад возера Скума.

– А чаму мяне не прагнаў, як таго, з вашых?

– Дык відаць жа, што чалавек не са злом ідзе, ― адказаў ён, потым, смяючыся, пляснуў Скібу па плячы, ― да таго ж, скрутак у цябе тырчаў з-за пазухі!

Яны пасмяяліся разам. Скіба спытаў:

– А як у вас здабычу дзеляць?

Вартавы здзіўлена паглядзеў на Скібу:

– Рана ты аб гэтым думаеш. Яшчэ да дзяльбы далёка.

– Знаю, што рана. А ўсе-ткі?

Крысменец уздыхнуў, пакруціў галавою:

– Галоўны ваявода дзеліць паміж плямёнамі. Нейкую частку пакідае сабе за ваяводства. Старэйшы ваявода племені дзеліць сярод радоў, таксама пакідаючы сабе законную долю. У радах дзеляць на больш-меньш роўныя часткі і цягнуць жэрабя. Ад сябе ваявода можа дадаткова ўзнагародзіць самых адважных.

– А палонных?

– Палонных на ўсіх не хопіць. Так што іх будуць параўноваць па каштоўнасці з рэчамі альбо жывёлай.

– А пры дзяльбе да пажаданняў ці просьб прыслухоўваюцца?

– Калі ваш ваявода... як яго?.. Віхура, здаецца? Калі ён папросіць у Комата загадзя, дык той можа паслухаць. Просьбы палонных не ўлічваюцца.

Пастаялі, памаўчалі. Зоркі гаслі. Толькі самыя яркія заставаліся яшчэ на святлеючым небасхіле. Хутка затрубяць пабудку.

– А цябе што, учапіла кабета гэтая? ― запытаў пакемец.

– Калі б мог, забраў бы яе разам з дзецьмі.

– Э-э-э, браток! Гэта ў цябе ці наўрад атрымаецца. Добра, калі нават адзін палонны дастанецца. То здабыча каштоўная.

Затрубіў рог. За ім другі, трэці.

– Як імя тваё, крысменец? ― запытаў, адыходзячы да сваіх Скіба.

– Чэкуць.

– Чэкуць? Па нашаму Чакаючы. А мяне Скіба з роду Команяў. Бывай!

– Бывай. Можа, пабачымся, ― сказаў наўздагон Чэкуць.

Людзі заварушыліся і праз кароткі час прыбярэжная частка мора запоўнілася ладдзямі, плытамі і чоўнамі. Гэты дзень быў падобны на папярэдні, калі не лічыць, што ў другой яго палове вярнулася частка выведкі і данесла ― насупраць заходніх рукавоў Жулаваў з’явіліся некалькі вялікіх ладдзей памаран. А ўвечар, калі ўжо ізноў рыхтаваліся да начлегу, стала вядома, што там, дзе ўпадае ў мора самая заходняя вялікая пратока Вістулы ― Лянотва, сабралася ўжо два дзясятка марскіх ладдзей, абсталяваных шчогламі і ветразямі. Невялікі атрад конных выведнікаў застаўся сачыць за наступнымі дзеяннямі памаранаў, але няцяжка было здагадацца, што гэта збіраецца пагоня.

Комань разумеў, што ладдзі пад ветразямі змогуць іх дагнаць за адзін дзень, калі вецер ім будзе спрыяць. А яго войска разам са здабычай і палоннымі за дзень паспее дайсці толькі да пачатку Вістулянскай Касы. А трэба было яшчэ дасунуцца да самай вузкай яе часткі, а яшчэ спатрэбіцца дзень, а можа й больш, каб перавалачыць ладдзі і апынуцца ў заліве. З плытамі прасцей, ― іх можна развязаць і перанесці па бярвенням, аб чоўнах і гаварыць няма чаго, яны лёгкія. Але на ўсё гэтае таксама спатрэбіцца пэўны час.

Відаць, сутычкі не пазбегнуць. Колькі ж вояў сабралі памаране?


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю