Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 23 (всего у книги 24 страниц)
Глава 42 .
Ганьба, слава і пагібель Команя
Да поўдня дрыгавічы працавалі на сваіх абарончых збудаваннях, потым па следу прыйшлі мазаўшане.
Спіслаў узрадаваўся, бачачы ў мізэрных, на яго погляд, умацаваннях пастку, якую дрыгавічы самі сабе змайстравалі.
– “Вось тут і будзе вам крывавы баль!” ― прадчуваў ён хуткую перамогу, ― “Вось тут мы мы і возьмем сваё: і кабет, і дзяцей, і гавяду з парсюкамі, і коней, і зброю, і ўсё, што дрыгавічы тут маюць. Акрамя вояў і падшпаркаў-юнакоў, якія ўжо адчулі сябе дрыгавічамі ― гэтым смерць!”
Ён не падганяў сваіх, цярпліва чакаў, пакуль яны выгрузяцца на бераг, падсілкуюцца, даваў кароткія загады наконт пазіцый, і, калі ўбачыў, што гарадзішча узята ў надзейнае кольца, а дружына гатовая да бітвы, сказаў, паказваючы рукой на ўмацаванні:
– Вось вам здабыча і слава! Яны там, на версе! Чуеце іржанне коней і каровіна мыканне? А там яшчэ і салодкія кабеты, і золата-срэбра, і шмат якога дабра яшчэ! ― ён зрабіў паўзу, аглядаючы сваіх ліўцаў, потым рэзка выцягнуў меч з похваў, накіраваў яго на гарадзішча, і крыкнуў, ― То забярыце гэта ўсё сабе!!!
І ліўцы кінуліся на штурм.
Спіслаў недаацаніў умацаванне, інакш ён не кідаў бы сваіх ваяроў у напад без грунтоўнага вывучэння і выведкі. Дрыгавічы паспелі прадумана размяркаваць месца кожнаму абаронцы і падрыхтаваць зброю. Праз лісце галін нападнікі не бачылі іх, а самі былі добрымі мішэнямі для дрыгавіцкіх лучнікаў, якія з блізкай адлегласці мелі магчымасць пацэліць міма шчыта ў неабароненую частку варожай постаці. Тузін параненых і забітых мазаўшан пакаціўся ўніз па адхону. Гэта не пазбавіла рашучасці нападнікаў, і яны падабраліся да завалы, дзе былі сустрэты суліцамі і дзідамі. Трэск прабітых шчытоў і стогны параненых астудзілі ліўцаў, і яны запаволілі рух. Але самыя адважныя здолелі паднырнуць пад галіны, сысціся з абаронцамі тварам да твару і пусціць ў ход мячы. Завязалася лютая сеча са стратамі з абедзьвух бакоў. На вачах Лоша загінуў малады Юрса ― ваяр з Перуновай Старыцы, якога толькі мінулай восенню прынялі ў стан дарослых мужоў. Моцны мазаўшанін знянацку выйшаў на яго і, зрабіўшы падманны рух, зарубаў трапным ударам мяча. Лош кінуў суліцу, але вораг паспеў закрыцца шчытом. Дрыгавіч пайшоў на збліжэнне, выймаючы з похваў меч. У гэты момант збоку, з галля завалы якраз на яго вываліўся яшчэ адзін нападнік. Моцна рызыкуючы, Лош зрабіў нечаканы выпад ў кірунку забойцы Юрсы, падстаўляючы адкрыты бок другому ў адчайнай надзее, што хтосці з сваіх, хто быў побач, займуцца ім. Ягоная рызыка на гэты раз сябе апраўдала – ён удала дастаў мячом у абход шчыта першага мазаўшаніна, які ўжо палічыў, што дрыгавічу не спадручна нападаць, і моцна параніў яго, а другі, які рабіў замах для смяротнага ўдару ў спіну Лошу, атрымаў у свой неабаронены бок суліцу. Лошу не было калі азірнуцца, бо перад ім з’явіўся яшчэ адзін вораг. Пабачыўшы зрынутыя постаці супляменнікаў, і што з розных бакоў да яго набліжаюцца дрыгавічы, а падмогі не бачна, ён з прыкрасці выскаліўся, і адступіў таксама знянацку, як і з’явіўся. Лош павярнуўся і ўбачыў Ятвінгу, якая выцягвала сваю суліцу з забітага мазаўшаніна.
– Лош! Беражыся! ― тонкі жаночы енк перакрыў астатнія гукі бітвы.
Ён інстыктыўна адскочыў у бок, але корд, кінуты з апошніх сілаў паміраючым мазаўшанінам, балюча шоргнуў па скуле.
– “Ледзь не патрапіў,” ― падумаў Лош, адчуваючы гарачую кроў на шчацэ і шукаючы вачамі ворага. Але той ўжо быў мёртвы ад стралы, якую ва ўпор выпусціла з лука Ланя.
Жонкі Лоша ў адным баі двойчы спаслі яму жыццё. Яны з самага пачатку нападу былі побач. Ланя, як і многія іншыя дрыгавічанкі, таксама ўзялася за зброю, папоўніўшы лік абаронцаў.
Мазаўшане адыходзілі, закінуўшы за спіну свае вялікія шчыты, наўздагон ім ляцелі стрэлы, але толькі адна з іх знайшла непрыкрыты кавалак цела няўдачлівага воя. Той кракнуў і паволі апусціўся на зямлю ― страла навылет адштабнавала шыю. Двое іншых падхапілі яго пад рукі і павалаклі з сабой, не забываючы прыкрывацца шчытамі.
Ланя і Яцвінга дапамаглі Лошу спыніць кроў, першая прыкладала зелле з мохам, другая загаворвала па-яцвяску. Лош адмахваўся ад іх, маўляў ― дробязі. Калі кроў спынілася, і стала бачна, што раненне не цяжкае, Ланя засмяялася і спытала яго:
– Ну і што? З кім з нас ты сёння будзеш спаць?
Кабеты дружна засмяяліся, абняліся і пайшлі да буданоў. Яны на дзіва добра ладзілі паміж сабой.
А Лошна стаяў, збянтэжаны, не знайшоўшы што адказаць. Цяпер, калі прайшоў пэўны час з той пары, як Яцвінга стала ягонай, ён ужо не ведаў, хто з іх падабаецца яму больш. Толькі жадаў кожную абараніць ад бяды, нават коштам свайго жыцця.
Конязь Спіслаў, з прыкрасцю прызнаўшыся сабе, што ізноў недаацаніў баявую моц дрыгавічоў, загадаў расчысціць шырокую паласу вакол усяго гарадзішча, і калі гэта зрабілі, то коннікі пачалі гарцаваць па колу, назіраючы за умацаваннем ― вышуквалі слабое месца.
– Гэ-э-эй! Дрыгавічы! Хутка вам смерць будзе! А ўсё вашае будзе нашым!
Дрыгавічы зацята маўчалі. І толькі Булаў, каржакаваты сын пакойнага Слава, сазаў у адказ зычным басам:
– А і вас нямала паляжа! Можа, і ты з імі!
Маладыя воі часам пускалі стрэлы у самых нахабных задзірак, але хоць адлегласць і дазваляла прыцэльна стрэліць, вершнікі былі напагатове і лавілі стрэлы шчытамі.
Звечарэла. Мазаўшане запалілі вогнішчы. Хутка з іх боку пачуліся ажыўленыя гутаркі і нават жарты ― мабыць, выпілі моцнага напою. Стала ясна, што да ранку, хутчэй за ўсё, нападу не будзе.
Комань асабіста расставіў баявое ахоўванне, нават высунуў выведнікаў за завалу.
Потым ён палічыў страты.
І раптам зразумеў, што прайграў.
Бо яшчэ некалькі такіх нападаў, і абараняцца не будзе каму!
Заўтра ўсе ваяры ягонага роду, і сталыя, і маладыя, і тасама юнакі, нават не паспеўшыя стаць мужамі, загінуць ад мячоў і стрэл мазаўшан.
Больш чым тры дзясятка гадоў ён быў правадыром роду. За гэты час здаралася ўсялякае. Бывалі ліхія гады, калі мужоў гінула намнога болей, чым жанчыны нараджалі хлопчыкаў, бываў мор быдла і звяроў, недарод на лядах і галодныя зімы, калі да навіны падыходзілі схуднелымі і невясёлымі. Але былі і добрыя гады. Увогуле, род за тэрмін ягонай улады прыбавіў у колькасці людзей больш, чым напалову.
І вось цяпер такая ганьба!
Дзе ён памыліўся?
Комань пракручваў у галаве падзеі апошніх дзён, і не бачыў, што можна было зрабіць інакш.
Хіба што разбегчыся па лесе, бы гарох па траве, кінуўшы быдла і усю маёмасць ворагу? Можа, так было б і лепей, ды цяпер позна …
Усе дрыгавічы бачылі, як раптоўна змяніўся Комань. Быў раней станісты з цвёрдым уладарным позіркам, стаў раптам старым і гарбаватым, з ліхаманкава бліскучымі вачамі.
Сталыя людзі без падказкі ведалі, што назаўтра ўсе ваяры загінуць, а жанчыны і дзеці апынуцца ў рабстве. І ў дрыгавіцкім племені Корчакаў перастане існаваць род Команяў.
Маладыя не жадалі гэтага разумець, і на штосці спадзяваліся.
Веча не склікалі, але, калі сцямнела, усе вольныя ад ахоўвання пазбіраліся каля вогнішча, старыя і малыя, мужы і кабеты.
Маўчалі.
Ізноў, як напярэдадні, наперад высунулася Ярына. На гэты раз яна была не адна. Шчыльна за ёй трымаліся дзве другія жонкі Команя – Хмара і Струга.
– Ну, што , мужы, ― напаўголаса сказала Ярына, ― гінуць сабраліся?
Мужы маўчалі.
– Падмогі чакаць неадкуль, ― дадала Хмара, ― конязь Волад невядома дзе, а і ці жывы ён і ягоная дружына? Можа, злажылі ўжо свае буйныя галовы…
– І што, вы гатовыя не толькі самі загінуць, але і ўсіх юнакоў пад нож падвесці? ― спытала Струга.
Першы не вытрымаў паранены зімой мядзведзям і ўжо ачунялы, толькі галава назаўсёды прыкметна схілілася да пляча, Буй:
– Комань! Я паважаю цябе і тваіх жонак, але навошта яны прыйшлі скавытаць сюды? І без іх нудзіць.
– Так, так ! Няхай бабы адыйдуць! ― пачуліся галасы другіх вояў.
– А ці не стаялі бабы разам з вамі на ўмацаваннях сёння?! ― падвысіла голас Ярына, ― ці не біліся плячом да пляча?
Маўчалі дрыгавіцкія мужы.
– І не скавытаць мы сюды прыйшлі, а з прапановай.
– Прыйшлі, дык кажыце па справе, ― безнадзейна сказаў Комань, апусціўшы галаву.
– Тады слухайце, ― Ярына праціснулася бліжэй да гурта мужоў, ― але гаварыць я буду напаўголаса, бо калі пачуюць мазаўшане, то нічога не выйдзе. Хто хоча слухаць, няхай падсунецца бліжэй.
Яна зрабіла паўзу, пачакала. Мужы нехаця, а жанчыны зацікаўлена наблізіліся і сталі цесным гуртам.
– Канечне, мы ўсе будзем маліцца багам, каб яны стварылі цуд, ― напаўголаса пачала Ярына, ― хто забыўся, як маліцца, Ястр падскажа. Але калі глядзець на наша становішча цвяроза, то няма сумневу, што заўтра усе кабеты, дзяўчынкі і малыя дзеці стануць палоннымі, а вось ці абавязкова гінуць усім мужам і юнакам?
– А што ж застаецца? ― амаль шэптам прагаварыў хтосці з мужоў.
– Браць коней і прарывацца! ― адказала Ярына
– Дык гэта ж ганьба, пакінуць сваіх у бядзе!
– А вы прарывайцеся разам з маладымі жанчынамі і юнакамі.
– Коней не хопіць.
– Калі пасадзіце за сабой па кабеце, а юнакі возьмуцца за страмёны і будуць бегчы побач, то хопіць.
– А тыя, што застануцца? Гэта ж рабства!
На нейкі час запанавала цішыня, скрозь якую было чутна баляванне мазаўшан.
– Можа, лепей смерць…
– Памерці паспеем, калі прыйдзе час, ― на ўсе пярэчанні знаходзіла адказ Ярына, ― а калі прарвецеся, то, дадуць багі, наладзіце пагоню. На гэта ўсе мы будзем спадзявацца.
…Доўга спрачаліся дрыгавічы, а калі пераваліла за поўнач, пачалі развітвацца, ― мужы з жонкамі, бацькі з дзецьмі. Чуліся сцішаныя стогны і плач.
Лошна таксама развітваўся. Бацькі ягоныя ўжо даўно не былі жывыя, але блізкіх родзічаў хапала. Моцна абняліся яны з сястрой ― Крынай, маці Воўча. Цяжка было. Сэрцы разрываліся на часткі.
Потым без лішняга шума, патаемна ад ворага гатавалі зброю, кілзалі коней. Да Лоша ціха падышла Ятвінга, вядучы за сабой свайго баявога каня.
– Лошна, я застаюся.
– Ты што, Ятвінга, ашалела?!
– Я застаюся, Лош.
– Не жадаю гэтага чуць. Ты мая жонка і будзеш рабіць, што скажу! ― Лош ўзяў Ятвінгу за талію, каб падсадзіць на каня. Жонка абняла яго і пацалавала:
– Не трэба са мной так, Лошна Заманавіч. Ты ж ведаеш, што я не зусім звычайная кабета. Я кабета-ваяр.
– Але цяпер я цябе не разумею.
– Я табе растлумачу, каханы, ― Ятвінга памаўчала, углядаючыся Лошу ў вочы, ― ты ніколі не пытаў пра маё ранейшае жыццё.
– Гэта мяне не датычыць. Я цябе кахаю сённяшнюю.
– Цяпер датычыць. Ведаеш, у мяне быў муж і двое дзетак, хлопчык і дзяўчынка.
– Ятвінга! Ты магла б расказаць!
– Сам кажаш, табе гэта не трэба было.
– І што?! Што з імі стала?!
– Аднойчы на нашае паселішча нечакана напалі чужынцы. Муж загінуў, як і другія, абараняючы нас. Я з дзецьмі трапіла ў палон. Калі ў мяне іх адбіралі, накінулася на аднаго з ворагаў і ледзь не задушыла яго. Мяне стукнулі чымсці па галаве і я страціла прытомнасць. Выйшла многа крыві. Палічыўшы, што я мёртвая, мяне пакінулі каля забітых. Я выжыла, ачуняла і вырашыла стаць ваяром. Гэтымі днямі я пазнала некаторых…
– Гэта былі мазаўшане?!
– Так, Лош. Гэта яны.
– І ты хочаш знайсці дзяцей!
Ятвінга моўчкі кіўнула. Лош абняў яе:
– Ніколі сабе не дарую, што адпускаю цябе.
– Мы яшчэ сустрэнемся, я веру, ― Ятвінга ўсміхнулася, ― вось, вазьмі, пасадзі Ланю, ― і Ятвінга паклала ў далонь Лошу аброць свайго каня.
Пачалі рыхтаваць калону. Перад брамай ставілі коней па двое, следам другую пару, потым яшчэ і яшчэ… Размяркоўвалі сектары абстрэлу.
Лош сядзеў на сваім кані ў пярэдняй пары, трымаючы напагатове лук. Калчан на прывычным месцы, напоўнены стрэламі. Ззаду, шчыльна абхапіўшы яго, сядзела Ланя, спіна ў яе была закрыта вялікім шчытом. Яна не зладзілася з наравістым канём Ятвінгі, і прыйшлося аддаць яго вопытнаму Крэчу. За страмёны Лошавага каня трымаліся юнакі, Воўчавыя сябры і стрыечныя браты, Ворлік і Росцік, моцна сціснушы ў вольных руках суліцы. Другім у першай пары вершнікаў быў такі ж моцны ваяр, Лошаў заўзяты сябра, лепшы следапыт роду Ліс. У яго за плячамі сядзела дочка, якой мінула тузін зімаў, таксама прыкрытая шчытом, а за страмёны трымаліся пляменнікі. Ззаду гатавалася другая пара вершнікаў, Буг і Крэч са сваімі блізкімі родзічамі, за імі Вой і Заруба, далей яшчэ коні з вершнікамі ― усе свае, родныя. Калона выцягнулася, не змяшчаючыся поперак гарадзішча і закруцілася ўбок. Юнакам, якія былі пры вершніках у хвасце калоны, Комань загадаў замест суліц узяць тарчы, якіх хапіла не на ўсіх. Замыкаў калону Комань. Ён нікога не ўзяў да сябе на каня і ніхто не задаваў яму пытанняў ― вож ведае, што робіць. І толькі Ястр, які стаяў у перадапошняй пары, павярнуўся да яго і прашыпеў:
– Ты што , стары чорт, надумаў?
Нічога не адказаў яму Комань, толькі падміргнуў бадзера. З ягонага твара сышоў выраз прыгнечанасці, вочы па-маладому ззялі.
Пастаялі моўчкі. Світанак распачынаў новы дзень. Ужо было добра відаць на палову палёту стралы. Цішыня панавала над старым гарадзішчам, лёгкая смуга драмала над рачным долам. Вялікі лес, з-за якога хутка павінна было паказацца сонца, цямнеў зусім недалека.
Давай, Лош, ― напаўголаса сказаў Комань.
Лош наддаў шпорамі, моцнай рукой накіраваў каня на браму, так, што таму не было як адвярнуць, і ён грудзямі налег на створу, засовы былі адсунуты загадзя. Брама з грукатам адчыніліся. Цішыня разарвалася ад гуду конскага тупату, які хутка набіраў тэмп.
Ці была тая сіла, якая магла б зараз спыніць дрыгавічоў? Многія з іх, калі не ўсе, добра разумелі, што ніколі не даруюць сабе, пакідаючы сваіх дзяцей, жанок, маці, сясцер, і выбралі б лепей загінуць у баі, чым жыць з гэтым далей. Але толькі так заставалася нейкая надзея выправіць у будучыні становішча, якое стварылася. Са страшнымі напруджанымі тварамі, на якіх роспач была змешана з рашучасцю, прышпорылі яны застаялых коней і рынуліся наперад. Сонныя ліўцы не адразу сцямілі, што адбываецца. А дрыгавічы пускалі стралу за стралой, кожны вершнік у загадзя абумоўлены сектар, і атрымлівалася, што стрэлы ляцелі веерам, перакрываючы ўсю прастору вакол калоны вершнікаў, якая ўсё вывальвалася з вузкай брамы умацавання. Юнакі моцна трымаліся за страмёны і беглі побач вялікімі крокамі, часам то адзін, то другі з іх кідалі суліцы ў тых ворагаў, якія апынуліся на шляху калоны.
Пачатак гэтага марша быў даволі ўдалым ― некалькі мазаўшан сустрэлі смерць ці былі паранены трапнымі стрэламі вершнікаў або суліцамі юнакоў. Вось ужо ўся калона вылецела з варот, апошні на магутным рудым кані Комань, за спіной вялікая тарча. Але ліўцы ўжо ачухаліся і пачалі страляць ў адказ. Большасць стрэл ляцела ў вершнікаў, бо ад іх зыходзіла асноўная небяспека, але траплялі яны, у большасці, ў шчыты, замацаваныя ззаду. Калона пачала хутка падаляяцца ад гарадзішча ў кірунку блізкага лесу. І тады ліўцы азвярэлі. Яны беглі з усіх бакоў са злоснымі крыкамі, ― здабыча сыходзіць! Густы струмень стрэл пацягнуўся ўваслед калоны. Вось калі згадзіліся тарчы юнакам якія былі ў хвасце! Але пры такім густым абстрэле не маглі не знайсці мазаўшанскія стрэлы ахвяр. Сярод лютай лаянкі ліўцаў пачуліся тонкагалосыя выкрыкі, і трое падстрэленых дрыгавіцкіх юнакоў, адзін за адным зваліліся, выпусціўшы страмёны з аслабелых рук. Калона шалёна неслася да лесу.
Каля першых дрэў Лош з Лісам ад’ехалі ў бок і спыніліся, прапускаючы тых, хто ехаў следам.
– Па сцежцы! Гужам! ― крычаў Лош, ― Хутчэй! Хутчэй!
Ястр таксама спыніўся.
Апошнім пад’ехаў, запавольваючы рух свайго каня, Комань. Гул конскіх капытоў падаляўся ў нетры лесу па вузкай звярынай сцежцы.
А з боку гарадзішча нарастаў ўжо гул капытоў мазаўшанскіх коней, ― пагоня!
– Што стаіце? Даганяйце! ― прагыркаў Комань.
– А ты!? Паехалі разам! ― крычаў яму ў адказ Лош.
Комань саскочыў з каня, павярнуўся да Лоша, потым паглядзеў на Ліса, на Ястра і спакойна прамовіў
– А хто вам сказаў, што я збіраюся ехаць?
– Лош з Лісам збянтэжана глядзелі на Команя і не знаходзілі слоў.
– Так і ведаў, што гэты стары чорт што-небудзь надумае! ― у роспачы крыкнуў Ястр.
– Ну што стаіце!? Даганяйце нашых! ― загадваў Комань, ― Лошна! Сынок! Бяры старшынства на сябе!
Комань гаварыў і адначасова гатаваўся да бою, здымаючы з каня узбраенне, ― гул мазаўшанскай пагоні няўмольна набліжаўся.
– Усе! Забірайце майго каня і шыбуйце! Зарадзі багоў нашых, едзьце хутчэй!!
– Комань! Тады я з табой! ― крыкнуў Ястр.
Комань замахнуўся мячом, ― ты патрэбен там, дурань стары! Дапамагай Лошну! ― крычаў ён, грозна гледзячы на Ястра. Потым ціха дадаў:
– Бывай, мой добры сябар. Гэта мая памылка, мне і адказваць.
Ястр, не зважаючы на меч, пад’ехаў да Команя, нагнуўся і абняў яго:
– Бывай, дружа! Хутка сустрэнемся ў выраі! ― ён падхапіў лейцы каня Команя і прышпорыў свайго, накіроўваючыся на сцежку. Астатнім не было калі развітвацца, яны хутка паехалі за Ястрам.
Некалькі імгненняў засталося Команю, каб прыгатавацца да сустрэчы ворага, але старому ваяру хапіла і гэтага. Трэба сказаць, што ён усё прадумаў загадзя, ― і пазіцыю, і плян апошняга свайго бою. Каля самага лесу, дзе канчаўся адносна шырокі поплаў, і пачыналася не аднім годам натаптаная звярыная сцяжына, што вяла ў нетры густога лесу, ляжала некалькі вялікіх валуноў і мноства камянёў. Тут не маглі праехаць адначасова больш, чым два вершнікі. Ліўцы гэтага не ведалі, таму ім знянацку прыйшлося асаджваць хутка скакаўшых коней. На нейкі час узнікла сумятня, некалькі вершнікаў пад напорам задніх заваліліся разам з конямі на камяні. Гэтым і скарыстаўся Комань, трапна кідаючы прыгатаваныя суліцы ў неабароненых мазаўшан. А рука ў яго была цвёрдая. Заднія са здзіўленнем глядзелі, чаму не паднімаюцца пярэднія, а тыя ўжо біліся ў прадсмяротных сутаргах. Пакуль ліўцы зразумелі, што да чаго, Комань паспеў яшчэ добра папрацаваць лукам. Ізноў некалькі ворагаў назаўсёды прытуліліся да зямлі. Нарэшце адзін з вершнікаў прадраўся па целах сваіх загінулых супляменнікаў да вузкага праходу і напаў на Команя, адначасова пасылаючы на яго каня і кідаючы ў твар суліцу. Комань адбіў мячом суліцу і спрытна адышоў убок, прапускаючы вершніка, а калі той параўняся з ім, замахваючыся мячом, здолеў яго апярэдзіць і ўдарыць знізу пад шчыт. Конь пабег далей, а вершнік павольна схіліўся на бок. Астатнія адскочылі, агаломшаныя неймавернымі стратамі, якія адбыліся на працягу кароткага моманту. Комань паспеў утыркнуць меч у зямлю, ізноў схапіць лук і некалькі разоў стрэліць, але ворагі ўжо былі напагатове і закрыліся шчытамі. Нядоўга яны былі ў замяшанні. Наогул, бой часта адбываецца намнога хутчэй, чым можна аб ім расказаць. Калі ліўцы убачылі, што дрыгавіч адзін, яны спешыліся і пачалі яго абкружаць. Некаторы час Комань адбіваўся мячом, але быў забіты трапна кінутай з блізкай адлегласці суліцай. Ён памёр моўчкі. Мазаўшане стаялі над ім, разглядаючы з жахам і, мімаволі, з павагай ― доблесных ваяроў шанавалі ва ўсе часы.
Больш пагоню не працягвалі, ніхто не пажадаў апынуцца далёка ад здабычы, якая заставалася ў гарадзішчы, дзе пачаўся гвалт, рабаванне, а таксама забойства тых непакорлівых, што не змаглі стрымаць здзекі пераможцаў, раззлаваных сваімі стратамі і тым, што самыя маладыя жанчыны і дзяўчаты збеглі разам з мужамі, якія, да таго ж, адвялі усіх коней, акрамя дзвух хворых, а таксама панеслі на сябе амаль усю зброю і баявы рыштунак. Ну, ды заставалася яшчэ шмат другога дабра ― быдла, палонныя, начынне…
Жанчыны, акрамя самых старых, перанеслі жудасны гвалт ад згаладнелых да кабет мужоў, многія з якіх у такіх абставінах губляюць чалавечае аблічча.
Спіслаў не стаў стрымліваць сваіх, якія ў момант ператварыліся ў драпежных звяроў, але сам лічыў нявартым займацца гвалтам на вачах ваяроў. Калі яму ў шацёр прывялі Ятвінгу, як самую прыгожую кабету з тых, што засталіся, адразу аб’явіў яе сваёй наложніцай. Ятвінга моўчкі сцярпела дамаганні конязя, якія ён дазволіў сабе пад прыкрыццём шатра і аховай грыдняў, не здолеўшы выстаяць перад прыгажосцю кабеты. Халоднасць прымушанай жанчыны астудзіла яго, і пасля ночы ён пачаў адносіцца да яе, як да тавару, што мае добры кошт.
Глава 43.
Уцёкі па Ясельдзе. Сыход на Ласінцу
Тры дні Роздум і ягоны невялікі атрад шыбавалі з усіх сілаў па пятляючай Ясельдзе, прытапіўшы адзін човен на чарговай старыцы, што часта былі відаць збоку ад асноўнага рэчышча, і перасеўшы ў два ― так было плыць хутчэй. Роздум не даваў адпачынку. Прыпыняліся толькі па патрэбе і на кароткі начлег. Нават падсілкоўваліся ў чоўнах. У першы дзень яны пераадольвалі вялікае балота Хорава. Здавалася, што не будзе яму ні канца, ні краю. Мясцовасць наогул паступова мянялася. Зніклі з гарызонту высокія лясістыя груды, якія яны назіралі дагэтуль. Іх змянілі пляскатыя далягляды, толькі дзе-нідзе на балоце сярод бясконцага чароту віднеліся невялічкія грудкі, часам адкрываліся даволі вялікія азёры. Рака то прыціскалася да вялікага лесу, то ізноў адыходзіла ў балота. Здавалася, што Палессе паступова праглынала іх. Ясельда рэзка крутанулася, і яны знянацку апынуліся зусім блізка ад нізкіх, урослых у зямлю хат пад чаротавымі дахамі. Некалькі кароў стаялі па брух у вадзе і ляніва жавалі. Сівы дзед сядзеў на травяным беразе і плёў кошык. Галапузая дзятва адразу заўважыла іх і сабралася на адкрытым месцы, адкуль добра было відаць чоўны з незнаёмымі людзмі. Дзед штосці крыкнуў, і дзятва знікла, замаскіравалася. Нельга давяраць чужынцам, не знаючы іхнія намеры. Падплылі, павіталіся:
– Добры дзень, дзед! Няхай дапамогуць багі тваёй справе!
– Ну-у, кошык я і без дапамогі багоў спляту, ― адказаў дзед, ― але добрым людзям таксама добры дзень!
Ён пільна ўглядаўся ў незнаёмцаў, спрабуючы ўгадаць, ці сапраўды няма ад іх небяспекі.
– Што звяло разам дрыгавічоў і яцвягаў? ― запытаў ён, ― як завуць цябе, хлапец? ― матнуў сівой барадой на Ятэля.
Ятэль назваўся.
– Ці не пад прымусам ты з дрыгавічамі?
– Не, дзеду. Гэта мае сябры.
– То добра. Сыдзеце на бераг? ― цяпер ён глядзеў на Роздума, распазнаўшы ў ім галоўнага.
– Не, дзед, спяшаемся. Ці нельга пажывіцца ў вас хлебам?
– Э-эх! Усе дарослыя хто ў полі, хто на паляванні альбо рыбу ловіць, ― ён ізноў матнуў барадой, цяпер у кірунку балота, і калі вандроўнікі павярнулі туды голавы, то ўбачылі досыць вялікі кавалак адкрытай вады яшчэ аднаго возера сярод балота, якое яны не заўважылі раней, і даволі далёка некалькі чоўнаў на яго паверхні, ― але сёе-тое мы вам дамо. Дзед крэкчучы павярнуўся да берагу:
– Гэй, мелката! Хадзіце сюды ўжо, хопіць хавацца!
Праз момант на бераг выбег тузін цёмнавалосай яцвяскай дзятвы таго ўзросту, калі ўжо спрытна бегаюць, але ў поле ці ў лес яшчэ з сабой не возьмеш. Дзед быў у іх за няньку.
– Орсік! ― звярнуўся ён да старэйшага, збегайце да крыніцы, там у вадзе стаяць збанкі з малаком, вазьміце пару.
Зграйка малых панеслася навыперадкі да хат.
– А ты ўнучка, ― сказаў дзед вялікавокай дзяўчынцы, шыбуй да нашай хаты. Маці зранку пякла хлеб. Вазьмі два караваі.
Другая зграйка панеслася ўваслед першай.
Праз кароткі час дзеці вярнуліся, выканаўшы даручэнні дзеда.
– Малако пералівайце куды-небудзь, бо за збанкі мяне кабеты сварыць будуць, ― сказаў дзед, ― ганчара ў нас цяпер няма свайго, памёр нядаўна.
Пералілі малако ў скураныя мяхі, узялі караваі.
– Што нас чакае наперадзе?
Дзед падрабязна расказаў пра далейшы шлях па рацэ, пра яе прытокі і завароткі, і што праз колькі дзён яны дайдуць да Вялікіх Спораўскіх азёр, за якімі ўжо напэўна яны знойдуць дрыгавічоў.
– Можна, канечне, і звярнуць у які-небудзь правы прыток, там бліжэй да іхніх паселішчаў, але ж трэба грабсці насупраць плыні і прадзірацца па маленькім рачулкам, дый не на кожнай сядзяць дрыгавічы.
– Як з табой разлічыцца, дзед? ― запытаў Роздум, калі той расказаў усё, што ведаў.
– Хто з патрэбы вандроўнікаў нажываецца, той сумлення не мае, ― адказаў стары.
– Вялікае дзякуй, дзед! Добрага здароўя табе і тваёй дзятве!
– Калі ласка.
– Але дазволь хоць трохі аддзякваць, вазьмі вось гэтае, ― і Роздум перадаў праз Орсіка невялічкі пакунак, ― гэта соль.
– Ну, ад солі хто ж адкажацца, ― задаволенна згадзўся дзед.
Адчалілі. Стары ізноў узяўся за свой кошык.
– Як завуць цябе, дзед? І што гэта за паселішча?
– Скорцы мы. І паселішча называецца Скорцы. І імя маё Скорца! ― у голасе дзеда чуўся гонар.
Дзеці доўга яшчэ беглі берагам ракі за чоўнамі, аж пакуль не скончылася сцежка…
Наперадзе, па меры руху, спачатку праваруч, а потым і з левага боку ўсё бліжэй падступаў лес. Здавалася, што ён абкружае, адкрытая прастора заставалася толькі ззаду, а спераду не праглядалася ніякага выйсця, і незразумела было, куды ж падзенецца Ясельда.
– Не паверне ж яна назад! ― супакойваў сабе і астатніх Роздум.
Але рака без аніякай напругі знайшла сабе дарогу на ўсход, робячы невялікія лукавіны паміж лясістых і, цесных берагоў. Яны і тут былі балоцістыя, паросшыя трыснягом і чаротам, але плынь намнога часцей угрызалася ў карэнны сухі бераг. Аднастайнае віславанне моцна вымотвала вандроўнікаў. Часам то адзін, то другі пачынаў драмаць на хаду. І тады Роздум чапляў вяслом ваду і бязлітасна ліў раззяве за каўнер, што адразу прытомніла. Калі прыходзіў час прыпыняцца, ён наўмысна выбіраў месцы з высокімі дрэвамі і адразу камандаваў Ятэлю лезці як мага вышэй і аглядаць рэчышча. Юнаку ўжо надакучыла гэтае лазанне, але ён не падаваў выгляду, і старанна ўзіраўся ўдалечыню з самай вершаліны дрэва. Востравух зрабіў з бярэсты доўгую і вузкую трубку, Ятэль браў яе з сабой і глядзеў праз яе то аднім, то другім вокам. Здавалася, што так бачна далей і больш выразна. Але дасюль ён бачыў толькі зялёны абшар лесу, ды яшчэ балота, таксама зялёнае, на якім часам віднеліся бурыя плямы дрыгвы. Звілістая стужка ракі мяняла адценне ў залежнасці ад пары дня і надворья. Часам ягонаму позірку трапляліся які-небудзь звер ці птушка.
Так яны плылі дзень за днём. Без прыпынку мінулі яшчэ адно яцвяскае паселішча. Дарослых не бачылі, толькі дзеці стаялі нерухома і глядзелі на іхнія чоўны. Ізноў ўліваліся ў Ясельду прытокі, паступова ўсё болей напаяўняючы яе вадой. Калі рукавы, нарэшце, зліліся ў адно агульнае рэчышча, то рака пачала выглядаць ўжо даволі моцнай і імклівай. Вось плынь упёрлася ў высокі груд, і каля аголеннага пяшчанага берага пачала паварочваць направа. Роздум даў каманду спыніцца. Сонца яшчэ не дайшло да вышэйшай кропкі, але яны граблі з самага ранку і трэба было трыху адпачыць ды пад’есці. Ятэль, як заўседы, лоўка скараскаўся на самае высокае дрэва і пачаў ўглядацца ў той бок, адкуль яны плылі. Сонца свяціла якраз з-за спіны, таму ў накірунку ягонага позірку было добра і далёка ўсё відна. Ён злавіў у бярэставую трубку спачатку бліжэйшае наваколле і мімаволі залюбаваўся выйшаўшым на вадапой статкам казуль, потым пачаў углядацца далей, імкнучыся не згубіць з поля зроку стужку ракі. Там узнік нейкі перапалох сярод качак, якія да гэтага вёртка снавалі па вадзе. Але як ні ўглядаўся Ятэль, нічога падазронага не заўважыў. А вось, калі аглядзеў самы дальні кавалак даліны і ўжо збіраўся апусціць трубку, ягонае вока зачапілася за нейкія бліскаўкі, што раз-пораз на кароткае імгненне з’яўляліся на амаль нябачнай адсюль стужцы вады. Роздум глядзеў знізу на напружаную паставу хлопца.
– Што там, Ятэль?
– Не разумею, дзядзька Роздум. Нейкія бліскаўкі.
Пачуўшы гэта, Роздум адразу палез да Ятэля. Ён некаторы час пільна ўглядаўся ў далечыню.
– Ты не зразумеў?! Гэта ж вада на вёслах бліскае! Усё-ткі яны нас даганяюць! ― вужлакі зайгралі на сківіцах Роздума, ― збірайцеся хутчэй! ― крыкнуў ён уніз.
Цяпер нікога не трэба было падганяць. Усе малацілі вёсламі па вадзе, як апантаныя. Але доўга так не вытрымаць. Праз нейкі час веславанне ўвайшло ў звычайны рытм.
– Колькі іх? ― спытаў Чмель.
– Не разглядзеў ― надта далёка, ― адказаў Роздум.
– Колькі ў нас часу?
– Цяжка сказаць. Можа, улічваючы, што і мы не стаім на месцы, поўдня.
– Значыць, да вечара. Прыйдзецца плыць і ноччу, ― прабурчэў Востравух.
– Да ночы яшчэ дажыць трэба.
Да ночы яны дажылі. Вячэралі на вадзе, напераймы працуючы вёсламі. Калі зусім сцямнела, прыйшлося ход запаволіць. Як і дагэтуль, з вады то тут, то там тырчэлі галіны затопленых карчоў і дрэў. Адна справа абыходзіць іх днём, калі нават пад вадой можна разглядзець небяспечны сук ці ствол. Заўсёды знаходзіўся праход, бо рэкі былі шляхамі, і тутэйшыя людзі, якія карысталіся імі, павінны былі расчышчаць рэчышча. А цяпер, чым больш цямнела, тым больш рызыкоўна было прасоўвацца па незнаёмай вадзе. Яны плылі асцярожна, амаль навобмацкі. І ўсё роўна не ўберагліся. Калі цемра згусцела, пярэдні човен пасля нечаканага заваротка ракі наляцеў на прытоплены ствол хвоі. Не паспелі зразумець, што здарылася, як Востравух з Чмелям і Воўч з Ежкам, а тасама і Шэры ужо боўталіся ў вадзе. Перакулены човен павольна сплываў у цемру. Пакуль даганялі яго, пакуль вылоўлівалі патанулую паклажу, прайшло нямала часу.
– А ліха на яго, на гэтае дрэва! ― лаяўся Чмель, ― лепей бы мы паспалі. А цяпер вось мокрыя, нібыта мышы ў паводцы.
Прыйшлося выходзіць на бераг, дзе папала. Ноч была даволі халодная. Вогнішча разводзіць не рызыкнулі, таму мёрзлі, ажно зубы грукалі. Сяк-так выкруцілі адзёжу, памяняліся некаторымі вопраткамі з Ятэлем і Роздумам, спрабавалі заснуць, але не змаглі. Доўга чакалі світанку, і на самым раннім золаку зноў селі ў чоўны. Ад веславання сагрэліся, а потым і сонца пачало свяціць на вершаліны дрэў.
Даліна пашырылася, і рака пачала апісваць вялікія петлі. Часам такія рэкі вядуць сябе настолькі свавольна, што, нібыта здекуючыся над вандроўнікамі, круцяцца ў розныя бакі, каб праз даволі доўгі кавалак часу ізноў прывесці да пазнанага па якім-небудзь адметным дрэве месца. Роздум разгадаў адну з такіх мудрагелістых пяцель., Ён утыкнуў човен носам у бераг, загадаў, каб на другім плылі далей, сам перабег на бераг, каля якога яны ўжо праплывалі, выбраў падыходзячае месца і залёг. Чакаць прыйшлося нядоўга. З-за зваротка паказаліся два чоўны, на кожным моцна граблі па чатыры маладых узброеных яцвяга, зрэдку перагаворваючыся паміж сабой.
– Калі дзед не памыліўся, то хутка мы іх павінны дагнаць, ― прамовіў яцвяг з першага чоўна.
– Не павінен быў памыліцца, ― запярэчыў другі, ― ён тут кожны кут ведае.
– Ты бачыў, як стары абурыўся, калі пачуў пра абразу Яшчара, ажне соль, што яны далі, хацеў выкінуць…
Далей Роздум не слухаў. Апошнія сумненні зніклі.
Гэта пагоня!
Бясшумна, прыхіліўшыся да зямлі, шпарка пабег да чоўна. Цяпер у іх часу амаль не засталося. Калі яцвягі не стануць на адпачынак, то вельмі хутка дагоняць іх.
Роздум, ды і ўсе астатніяя ліхаманкава думалі, што рабіць далей.
Роспач здрадліва апаноўвала імі.
Рака раздалася ўшыркі, і яны зразумелі, што уваходзяць у возера. Пакуль што яно больш было падобным на вялікую раку, але плынь паступова запавольвалася. Наперадзе лес расступаўся яшчэ шырэй, раскрываючы позірку першае з Вялікіх Спораўскіх Азёр. Левы бераг стромка сыходзіў на поўнач, а правы павольна выгінаўся да поўдня. Да яго мімаволі і туліліся ўцекачы, спадзяючыся схавацца за гэтым выгінам хутчэй, чым у возера ўвойдуць яцвягі. Здавалася, ім гэта ўдалося, але наперадзе бераг пачынаў паварочваць у другі бок.








