Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 24 страниц)
Глава 22 .
Вялікая Пушча
Рось нарэшце скончылася. Вузкая ручаіна яшчэ праследжвалася сям-там па балоце, але нават нешырокі даўблёны човен ужо не мог прасоўвацца, бо днішчам чапляўся за вязкі глей. Адсюль трэба было цягнуцца волакам, калісьці пракладзеным яцвягамі паміж вытокамі Росі і Мядзяны, а апошняя праз вялікі балотны масіў выводзіла да спрадвечна яцвяскай ракі Нараў.
Комат з трыма воямі паехаў у выведку. Куніг добра ведаў волак, але паехаў у другім кірунку. Вершнікі выбраліся на высокі бераг і праз дрымучы лес ледзь бачнымі звярынымі сцежкамі падаліся на паўдневы ўсход. Ехалі даволі доўга. Калі ўжо можна было падумаць, што гэты векавы лес ніколі не скончыца, наперадзе стала святлей, дрэвы зрадзелі і, нарэшце, расступіліся. Куніг са спадарожнікамі выехалі на вялікую пагорыстую пустэчу. Яны выбралі мэтай самы высокі ў акрузе груд, які меў назву Лазіскава Гара і прышпорылі коней, пасылаючы іх у галоп. Там месцавалася адна з яцвяскіх застаў, дзе ў старожы сядзелі коматавы воі з нараўскіх плямён. Яшчэ здалёк іх пачулі сабакі і брэхам настарожылі людзей. Калі да вяршыны заставалася некалькі палётаў стралы, два вершнікі выехалі насустрач, ― яны здалёк пазналі Комата.
Пасля прывітанняў і сытнай вячэры Комат застаўся сам-насам са старшым воям ў невялікім будане, напалову ўкапаным у зямлю. На заставе было спакойна і яцвягі адчувалі сябе ў небяспецы. Спадарожнікі Комата паснулі. Дазорныя, як заўжды, на ноч забралі з сабой сабак і пайшлі ў дазор на край пустэчы, бліжэй да лесу.
– Ну што, куніг ― ці ўдалася табе твая задумка?
– Удалася, брат Стакуць. Сорак вояў дрыгавіцкіх здзёр я з Маўчады і вяду з сабой. Ды яшчэ трох гандляроў з юнакамі.
– Вельмі добра. На сорак мячоў аслабіў ты дрыгавіцкае парубежжа. Гэта дапаможа нам, калі прыйдзе час. Панаселі на нашыя землі, ліха на іх!
– Цяпер нядоўга ўжо чакаць засталося.
Яцвягі былі ўпэўненыя, што іх ніхто не чуе, ды памыляліся. Дрыгавіцкі паўзун-выведнік даўно назіраў за заставай, вывучаючы маршруты начных яцвяжскіх дазораў. Не застаўся без увагі і прыезд Комата. Днём немагчыма было падабрацца блізка з-за сабак. А калі дазоры з сабакамі адыйшлі, выведнік рызыкнуў. Бязгучна, зліўшыся з асяродзем, ад карча да карча, сам замаскіраваны мохам і раслінамі, падпоўз пад самыя дзверы будана. Ён выслухаў усю размову Комата і Стакуця, і гэтак жа бязгучна адпоўз назад. Калі да леса, дзе яго чакаў напарнік, заставалася чвэрць палёту стралы, ззаду пачуўся брэх. Такі ўнюхалі! Сабака асцярвянела ірваўся да паўзуна, але ў апошнім скачку быў звалены кінутым насустрач нажом, коратка енкнуўшы. Стрэлы старожы свіснулі над галавой. Цяпер трэба бегчы. Вось і лес. Тут чакае напарнік. Удвух можна адбіцца! Але што гэта? Страла прабіла навылет, прайшоўшы скрозь рэбры. Напарнік кінуўся да яго.
– Дрэвіла, слухай, ― прашаптаў паўзун, ― Комат задумаў здраду! Яцвягі гатуюць напад. Перадай Воладу. Цяпер уцякай! Я затрымаю пагоню.
– Але ж, Ветыш, адаб’емся!
– Не адаб’емся! Гэта вельмі важна! Бяжы! Думаць няма калі. Прыхіні мяне спіной да дрэва, дай лук. Вітай, Дрэвіла. Не памінай ліхам…
Набягаючая старожа нарвалася на стрэлы. Прыйшлося зайсці збоку. Яцвягі ўзялі Ветыша жывым, але пакуль давалаклі да заставы, ён памёр ад ран.
– Ці ён быў адзін? ― спытаў Комат.
– Мабыць, адзін. Уранку праверым па слядах.
Гэта была памылка, бо пад ранак абрынуўся густы лівень, які змыў усе сляды на пясчанай пустэчы ў наваколлі Лазіскавай гары, а па лясной сцежцы, па якой уцякаў Дрэвіла, ужо пасля дажджу прабег статак кабаноў. Гэта давала шанец пазбегнуць пагоні. Але ці ўдасца самотнаму выведніку прапхнуцца скрозь яцвяскія лясы, перайсці рэкі і балоты, і дабрацца да сваіх?..
…Волак заняў два дні. Ім даўно не хадзілі, прыйшлося чысціць ад пораслі. Чоўны пераносілі на руках, ладдзі ставілі на каткі з ствалоў дрэў. Запрагалі коней, запрагаліся людзі. І цягнулі, цягнулі. Воўч з Ежкам таксама працавалі. Яны падбіралі ззаду каткі і хуценька пераносілі іх наперад, раскладаючы перад суднам, якое валаклося. Нарэшце сталі на невялічкі пакуль струмень Мядзяны. Прасоўваліся цяжка, бо русла пятляла і было месцамі заваленае дрэвамі, якія прыходзілася разбіраць. У справу ішлі сякеры. Коней ізноў вялі берагам па звярыным сцежкам. Сталі насупраць узгорка, які маў назву Гара Судава. Наверсе віднелася старая бажніца яцвяскага племені судаваў-судзінаў. Чалавечага жытла ў акрузе не мелася. Толькі каля рэчышча Мядзянвы адгадваліся парослыя дрэвамі рэшткі колішняга паселішча, даўно пакінутага.
– Не замацаваліся тут людзі, ― ў роздуме прамовіў Комат, ― надта дзікае і глухое месца. Вось выйдзем на балота, самі ўбачыце.
Сурова глядзелі счарнелыя выявы судзінскіх багоў на людзей, быццам бы папракаючы за сваю закінутасць. Высячаныя з тоўстых дубовых калод, яны павольна паддаваліся ўплыву няўмольнага часу, былі дзе трэснутыя, дзе нахіліўшыся, некаторыя пачалі развальвацца. А ўвогуле былі падобнымі на дрыгавіцкія.
Да бажніцы прывялі дзікага казла, якога злавілі ўчора. Жывёлу зарэзалі, злілі кроў на ахвярны камень, дасталі сэрца і таксама паклалі на ахвярнік. Памаліліся. Воўч і Ежка ўжо добра разумелі яцвяскую мову, якая не надта моцна адрознівалася ад дрыгавіцкай. У пачатку ў малітвах ўсё было так, як і ў дрыгавічоў. Але напрыканцы Комат сказаў:
– То дапамажыце нам, багі нашыя шаноўныя, прайсці скрозь Дзікае балота без страт і выйсці да Нарава. Няхай не сустрэнуцца нам Яшчары. Адвядзіце іх ў бок ад нашага шляху.
Яцвягі ўзялі заколатага казла і панеслі да ракі. Паклалі тушу ля самай вады і Комат працягваў малітву:
– Вазьмі, Яшчар, ахвяру нашую. Бяры звера, не чапай людзей. Абыйдзі нас бокам, дай прайсці да Нарава!
…Калі ўранку ўсталі, казла на месцы не было. Па следу зразумелі, што туша была сцягнутая ў ваду. Можна было ўбачыць некалькі невыразных адбіткаў вялізных лап. Гэта быў добры знак, ― Яшчар прыняў ахвяру.
Вандроўнікі ўвайшлі ў бяскрайняе і небяспечае Дзікае Балота. Як толькі высокі бераг знік з поля зроку, над балотам усталявалася бялявая заслона смугі, якая здавалася шчыльнай і ліпкай ад спякоты. Камары, гнюс і авадні няспынна атакавалі, дзеялі многа шкоды нават добра прыстасаваным да балотнага жыцця дрыгавічам. Здавалася , гэтаму не будзе канца. Рэчышча Мядзяны гублялася сярод балотных раслін. Коні на плытах таксама многа цярпелі ад незлічоных казурак, якія заляплялі вочы і ноздры бедных жывёл. На чале першых чоўнаў стаялі сталыя вопытныя яцвягі, якія толькі па ім адным знаёмым прыкметам вялі атрад скрозь балота. Сонца так і не паказалася ні разу за ўвесь дзень. Добра, што балота было глубокае і дазваляла без вялікіх перашкод прасоўвацца не толькі чоўнам і плытам, якія прапіхваліся наперад пры дапамозе двухсажаных тычак, але і ладдзям, меўшым больш глыбінную асадку.
Безліч птушак жыло на балоце і таму не было ні імгнення цішыні, птушыны гоман і плясканне крылаў аб ваду чуліся бесперапынна. Часам у гэты шум ўрывалася нешта другое, што нельга было атаясамліць ні з якім са знаёмых гукаў, і таму страшнае. Перадсмяротныя крыкі жывёл або птушак суправаджаліся гучнымі выплескамі нейкага буйнога стварэння. Шэры ў такія моманты шчэрыў іклы і прыглушана бурчэў. Кроў стыгнула ў жылах людзей. Усе былі ў вялікай напрузе ўвесь дзень, а калі прыйшоў час станавіцца на начлег, то не знайшлося больш-меньш вялікага грудка, каб усім выйсці на бераг. Большасці прышлося заставацца у ладдзях і чоўнах. Некаторыя яцвягі заначавалі на невялікім грудку. Мінулы дзень моцна выматаў, таму пасля вячэры сон хутка змарыў людзей. Востравух, прапанаваў па чарзе не спаць і несці начную варту. Першая палова ночы прайшла спакойна. Ежка пасля Роздума адбыў свой час, абудзіў Воўча і перадаў яму варту. Смуга не разыходзілася. Воўч сядеў поруч борта ладдзі, прытуліўшы да сябе Шэрага і ўслухоўваўся ў начныя гукі. Стаяла цішыня. Толькі здалля часам даносіліся трывожныя галасы балотных птушак. Неўзабаве сярод гэтых гукаў вуха Воўча пачало ўлоўліваць штосьці нязвыклае. Гэта было ледзь чутнае плёсканне. Спачатку далёкае, яно паступова набліжалася. Шэры пачаў ціха скавытаць. Воўч напруджана ўглядаўся ў цемру. Яму здалася нейкая цёмная маса, яна павольна і бязгучна перасоўвалася ў вадзе. Воўч выпусцў Шэрага, аберуч моцна сціснуў вясло і падняў яго лопасцю ўгору. Нейкая пачвара набліжалася да ладдзі. Судна пахіснулася і на борт абапёрлася … шырокая лапа з доўгімі кіпцюрамі, якія былі злучаныя перапонкамі! Вялікая галава з ашчэранай зубастай пашчай паднімалася над ладдзёй. Шэры тонка скавытаў пад нагамі. Ліпкі страх скоўваў ногі і рукі. З апошніх сілаў пераадолеўшы яго, Воўч што-сілы ляснуў па носе пачвары вяслом. Жудасны ніто енк, ніто румз пранёсся над балотам і следам воплеск вялікага цела аб ваду. І зноў цішыня.
– Што там, Воўч? ― прачнуўшыся ад шуму, спытаў Востравух.
– Здаецца, хтосьці хацеў пажывіцца! ― адказаў адрывіста Воўч.
Востравух падняўся, падышоў да Воўча, абняў яго за плячо:
– Чуў я раней аб Яшчарах, ды не верыў. Выходзіць, дарма не верыў.
Рэшту ночы яны вартавалі ўдвух. Калі золак пачаў разбаўляць апраметную цемру, з боку грудка пачуўся працяглы стогн і нягучныя плясканні па вадзе.
Уранку яцвягі не далічыліся аднаго са сваіх, што начавалі на грудку. Як і казла мінулай ноччу, цела нехта сцягнуў у ваду, і таксама засталіся невыразныя адбіткі вялікіх лап…
Яшчару было мала той ахвяры, што людзі дабравольна прынеслі яму. Колькі ж ён возьме яшчэ?
Дзень цягнуўся ў цяжкай працы і трывозе. Твары нават самых бывалых вояў былі напружанымі і засярожанымі. Кожнага бянтэжыла наступная ноч. Мядзяна то паказвалася ў выглядзе вузкага струмяня, то знікала сярод балотных раслін, то стварала невялічкія акруглыя азеркі, з якіх няпроста было знайсці выйсце. Калі плынь рабіла занадта мудрагелістыя выкрутасы, праваднікі вялі напрасткі, праз густыя чароты, потым ізноў выходзілі на струмень. Сонца, як і ўчора, за весь дзень так і не прабілася скрозь смугу, якая выпадала на вопратку і твары драбнюткімі кроплямі. Часам да вільготнай спякоты дадаваліся смуродныя выпарэнні, якія хвалямі напаўзалі аднекуль са змрочных нетраў багны, і станавілася цяжка дыхаць. Калі змрок ізноў пачаў апускацца на балота, высунуліся на даволі вялікі кавалак адкрытай вады. Не было відаць нават невялічкіх грудкоў.
– Начуем на вадзе! ― голасна скамандаваў Комат, ― плыты з коньмі на сярэдзіну! Ладдзі і чоўны звонку! Спаць толькі ў ладдзях, вартаваць па чарзе!
Ноч прайшла ў трывозе, але без здарэнняў. Гэта ўзбадзёрыла людзей і наступным днём ужо калі-некалі чуліся жарты і смех.
– Гэй! Дрыгавічы! Чаго хвасты падціснулі, злякаліся яцвяскай багны?!
– Што?! Дрыгавічоў багнай не запалохаць!
– Мы самі багнюкі! Нават імя нашае ад дрыгвы!
– А чаго ж учора маўчалі?
– Ды не надта і яцвягі гаманілі!
– Га-га! Усе Яшчара баяцца!
Так, Яшчара баяліся. І калі ў панямонскіх дрыгавічоў яны засталіся толькі ў жудасных па зместу паданнях і песнях, то яцвягі яшчэ жылі побач са страхотнымі пачварамі, то прыносячы ім ахвяры, то праклінаючы і забіваючы. Ніхто не ведаў, колькі іх вадзілася ў бяскрайніх нетрах Дзікага Балота.
Падвечар скрозь смугу прабілася сонца. Стала відать далей. Русла ўжо не гублялася ў чароце, пакрысе рабілася шырэй, струмень больш хуткі. Збоку паказаліся кускі высокага лесу.
– Ляшчанскія груды! ― з радасцю абвясцілі праваднікі, ― не далёка ўжо і Нараў!
З вялікай палёгкай ступілі на зямлю, хай і не надта цвёрдую, але з хвоямі, з пахкім разнатраўем. Вывелі коней, яны прагна сталі скубаць сакавітую траву. Юнакі бегалі навыперадкі з Шэрым. Потым ваўчанё пажадала пагуляць з вялікім вужакам, але змей падняўся з пагрозай і шыпеннем, матнуў раз-другі галавой да свавольніка, той адскочыў ад нечаканасці. Вуж хуценька схаваўся ў вялікім карчы. Як Шэры не шукаў яго, бегаючы вакол, як не вынюхваў ― безвынікова.
Ежка зноў трапіў у бяду. На грудку было шмат гадаў, і не толькі вужакаў. Хлопец неасцярожна наступіў на гадзюку і тут жа быў ужалены ў галёнку. Воўч хварасцінай адагнаў змяю ад сябара, які разгубіўся, сеў, і не ведаў, што яму рабіць.
– Дзядзька Роздум! ― закрычаў Воўч, ― Ежку змяя ўкусіла!
Роздум без слоў хутка падбег да юнака, кордам зрабіў каля ўкуса надрэз, прыпаў ротам, пачаў смактаць і раз-пораз сплёўваць кроў у траву. Так ен рабіў разоў з дзесяць, потым узяў Ежку на рукі і хутка панёс да ладдзі. З скуранога меху дастаў зелле, пажаваў яго і прыклаў да раны, прыбінтаваўшы невялічкай анучкай. Нягледзячы на ўсе намаганні, галёнка пачала распухаць, у вачах Ежкі з’явіўся страх. Востравух, Чмель і Воўч з надзеяй глядзелі на Роздума.
– Не бойся, браце, не памрэш, ― супакойваў Роздум, ― але пацярпець дзень-два прыйдзецца. Укладвайся, буду заклён дзеяць. А вы ідзіце, не замінайце тут мне.
– Дзядзька Роздум, дазволь застацца, ― папрасіў Воўч.
– Ведаеш, хлапец, твая прысутнасць можа дапамагчы, а можа і пашкодзіць. Я табе ў гэтым сэнсе не ведаю.
– Я жадаю Ежку толькі дабра.
– Гэтага мала. Трэба яшчэ ўмець аддаваць свае сілы іншаму.
– Я аддам.
Чмель уважліва паглядзеў на Воўча.
– Добра, паспрабуем. Імкніся падтрымліваць мае намаганні, нават калі не будзеш разумець словы і дзеянні. Пасылай сваю душу да Ежкі.
Роздум запаліў нейкую траву і пачаў абкурваць Ежку, пры гэтым шаптаў заклёны:
– Сыдзі змяя, забудзь пра ўкушанага. Забудзь, Ежка, пра змяю, што ўкусіла. Сыдзі яд з цела Ежкавага. Прыйдзі, Велес, на дапамогу. Няхай пажыве Ежка яшчэ паміж людзьмі. Не спі, Ежка, сном пагібельным. Засынай, Ежка, сном жыватворным…
Доўга абкурваў Роздум юнака, вядзьмарыў над ім, шэпчучы розныя заклёны, якія ўваходзілі не толькі ў цела Ежку, але і Воўчу ў галаву, застаючыся назаўседы ў памяці. І Воўчавая душа туравала, падмацоўвала высілкі Роздума, дасылаючы паўторам словы заклёнаў да сябра. Роздум адчуваў дапамогу і радаваўся, бо ўзрасталі шанцы Ежкі на вылячэнне.
Урэшце юнак моцна заснуў і спакойна праспаў да ранка. А Роздум павёў Воўча паказваць травы і тлумачыць, як імі карыстацца, блага на грудку расло багата розных траў. Дасведчаны лекар распазнаў у Воўчы здольнасьці да лячэння людзей. Заклёны Воўч запамінаў з першага разу, таму што душой разумеў іх гаючы вядзьмарскі сэнс. Потым многа яшчэ усялякіх прамудрасцяў паведаміў Роздум. Так Воўч пазнаваў пачаткі знахарства.
Вось і Нараў! Як жывую істоту прывіталі раку коматавы яцвягі. Яны паднімалі веслы і голасна крычалі:
– Прывітанне, Нараў-бацька!
– Прымай нас, тваіх дзяцей!
– Мы вярнуліся, Нараў!
– Мы на радзіме!
Многія бралі далонямі ваду, пілі яе і абмывалі твары. Нараў многія вякі быў вотчынай яцвягаў. Адсюль пачыналася Вялікая Яцвяская Пушча. Тут яны не давалі сяліцца інапляменнікам. Тут жылі самыя непрымірымыя яцвягі, і рэдка людзі іншых плямёнаў траплялі сюды, ― толькі як госьці. Хто прыходзіў як заваёўца, гінуў без славы і без здабычы, і ніхто больш не чуў аб іх.
Адсюль Нараў павольна нёс свае воды на захад. Ён яшчэ не быў шырокі і паўнаводны, але ладдзі і плыты ужо вольна плылі па чыстым карычняватым струмяні. С правага боку праглядваліся вялікія груды з баравымі лясамі, а з левай яшчэ распрасціраліся абшары Дзікага Балота.
Востравух тлумачыў сваім:
– Дзікае Балота надта вялікае. Калі паплыць па Нараву на ўсход да вытока, то можна дабрацца да такіх месц, де ўжо не будзе рэчышча, а толькі багна. І калі адшукаць струменьчык, які будзе сачыцца не на захад, а на ўсход, то па ім знойдзецца рэчышча Ясельды, гэта таксама яцвяская рака, але яна ідзе да спрадвечных зямель дрыгавічоў. Ну, а калі плыць далей, па Піне, па Прыпяці, то можна дабрацца да зямель, де сядзяць семірадцы, правадыры усіх дрыгавічоў, а яшчэ далей Дняпро, на ім стаіць вялікі гарадзен Кіёба, а як зусім ужо згубіць галаву, то па мору магчыма даплыць і да Царграда. Далёка гэта. Вельмі далёка!
Ад упадзення Мядзяны ў Нараў плылі з вяселымі песнямі. Нарэшце увайшлі ў шырокую даліну, дзе спачатку з правага боку ў Нараў упадала Рудава, і тут жа, праз палёт стралы, злева ўлівалася Нямержа. Шырокі поплаў амаль без кустоўя раскінуўся паабапал Нарава і прытокаў. На беразе стаяла некалькі летніх буданоў яцвягаў.
– Становімся лагерам! ― пачуўся зычны голас Комата.
Чоўны, ладдзі і плыты адзін за адным утыкаліся ў нізкі бераг Нарава. На прасторным поплаву хапала месца і для буданоў, і пашы для коней.
Але праз дзень гэтае месца выглядала зусім інакш, бо адзін за адным прыбывалі атрады ваяроў з розных яцвяскіх плямёнаў. Хутка вялікі кавалак поплава быў застаўлены паходнымі буданамі, а берагі Нарава, Рудавы і Нямержы запаланілі судны і плыты.
Глава 23.
Прыезд дайноваў. Таргі “гандляроў”
Віхура стаяў на невялічкім пагорку і, прыкрыўшыся ад сонца далонню, уважліва аглядаў лагер. Бывалы ваявода конязя Волада даўно ўжо не бачыў столькі яцвягаў у адным месцы. Толькі перад бітвамі, калі тыя стаялі насупраць і чакалі каманды да яе пачатку. Цяпер было другое становішча, але сустракаючы недабразычлівыя погляды некаторых яцвягаў, Віхура мімаволі ўнутрана напружваўся, разумеючы, што становішча, у якое ён, разам з даверанымі яму воямі апынуўся па волі конязя, не будзе бясконцым, і невядома, чым скончыцца.
– Ну што, ваявода, шмат люду з’ехалася! ― Комат падышоў непрыкметна, ― Гэта яшчэ не ўсё войска, вялікая яго частка далучыцца да нас на Бебжы.
– Так, куніг. З гэтым войскам можна нарабіць спраў.
– Вечарам прыходь з гандлярамі да маёй сям’і. Яны тавар пакажуць, а мы пасядзім, адпачнём крыху.
– Добра, куніг. Дзякуй.
У гэты момант уверсе па плыні Нарава пачуўся невыразны шум, воплескі і далекі неразборлівы людскі гоман. Яцвяскія мальцы беглі да лагера.
– Дайновы плывуць! Дайновы! ― крычалі яны, падскокваючы і паказваючы на бліжэйшую лукавіну ракі.
Комат з Віхурам, як і многія, выйшлі на бераг. Так, гэта былі дайновы. Іх шматлікія плямены сядзелі на правым беразе Нёмана аж да самай Вяллі. Яны прыбылі следам за атрадам Комата, паўторыўшы яго падарожжа па Росі. Больш за пяць саракоў добра ўзброеных ваяроў прывёў дайноўскі ваявода Трайга.
Комат радасна абнімаў яго, пляскаў па плячы.
– Не падвёў, брат. Малайчына!
Воўч з Ежкам таксама выбеглі паглядзець на прыбыццё дайноваў, і сустрэліся з ватагай яцвяжскіх юнакоў, што першымі пачулі пра прыбываючых. Два сябра мімаволі сталі адзін да аднаго шчыльней і сціснуўшы кулакі чакалі, што будуць рабіць яцвяскія юнакі.
– О! Глядзі! Дрыгавічы малыя! ― сказаў вышэйшы.
– Самі вы малыя, ― адказаў Ежка, гледзячы на яго з-паділба.
– А што, хіба вялікія?
– Якія ёсць!
– А чаго гэтак натапырыліся, мы вас біць не збіраемся.
– А мы і не дамося.
Яны моўчкі стаялі насупраць,― ватага тутэйшых і двое чужынцаў, пільна ўглядаючыся адны ў другіх. Потым вышэйшы з яцвяскіх юнакоў спытаў:
– Як завуць вас?
– Я Ежка.
– Я Воўч.
– Ежка імя знаёмае, у нас таксама есць людзі, што шануюць калючую істоту. А што азначае “Воўч”?
– Гэта значыць воўчы, ваўчыны, ― сказаў Воўч, чакаючы якіх-небудзь кпінаў.
– Як гэта, ваўчыны? Ты ж чалавечы.
– Ён пабываў у зубах ваўка, ― растлумачыў Ежка.
– Хіба можна пабываць у пашчы ваўка і застацца жывым?
– Я застаўся.
– Гэта цікава, раскажы, ― і высокі сеў на траву, паказваючы гэтым міралюбны настрой, ― мяне завуць Коматка.
– А мяне Шутрэйка, ― назваўся другі і сеў побач.
– Мяне Анкадка.
Селі і Воўч з Ежкам. Тады Воўч расказаў пра здарэнне, якое дало яму імя, а Ежка часам дадаваў дробязі, нават такія, што Воўч і не ведаў. Яцвягі слухалі з захапленнем.
– І ён зарыўся ў снег?!
– Ён здолеў падмануць ваўка!
– Вось дык та-а-ак!
Калі апавяданне скончылася, усім здалося, што яны даўно знаёмыя. Яцвяскія юнакі з свайго боку паведалі пра здарэнні, звязаныя з ваўкамі. Такіх здарэнняў было нямала ― ваўкоў шмат вадзілася ў пушчах, і часам прабывалі яны недалёка ад чалавечага жытла.
– Воўч! Ежка! Дзе вас чэрці носяць?! ― пачуўся голас Роздума, ― ідзіце да ладдзі!
Юнакі няхочучы разбрыліся. Сонца хілілася да захаду, хоць да цемры яшчэ заставаўся кавалак часу. Воды Нарава ціха сплывалі ў кірунку заходзячага сонца, то падзялячыся на шырокай даліне на рукавы, то зноў збіраючы свае воды ў адзінае рэчышча. Вялікая Яцвяская Пушча жыла нетаропкім жыццём, не надта выстаўляючы яго напаказ. Нават вопытнаму паляўнічаму, калі ён з засцярогай прадзіраўся скрозь прыбярэжныя чароты, удавалася больш чуць, чым бачыць, ― будзь то бег аленя з вадапою, ці ход зграі кабаноў, што нясецца, не выбіраючы шляху, ― агляд абмяжоўваўся буйнымі травамі, карчамі і падростам дрэў. І толькі на поплаве на правым беразе Нарава, адразу пасля упадзення Рудавы, дзе бабры год назад ушчэнт выгрызлі ўсю, да паследняй галінкі, лазу, утварылася вялікая адкрытая сенажаць, дзе і змесцаваўся лагер шматлікага ўжо войска яцвягаў, сярод якіх па волі лёсу апынулася і жменька дрыгавічоў.
Чмель, Востравух і Роздум, а таксама і Воўч з Ежкам добра прыстасаваліся начаваць у ладдзі. Увечар Комат прыслаў за дарослымі два чоўны, на якіх яны з таварам адбылі да жытла куніга. Юнакі заставаліся за старожу.
Было яшчэ даволі светла, калі “гандляры” з берасцянымі палукашкамі і скуранымі мяхамі падплылі да невялікага прытоку Нарава і звярнулі ў яго. Хутка чоўны прысталі да берага, дрыгавічы выгрузіліся непадалёк ад хаты Комата. Вялікі, сажняў пяць на шэсць, будынак, як і дрыгавіцкія, быў накрыты чаротам. Аснову яго складалі вертыкальные слупы, укапаныя ў зямлю, паміж імі выкладзены круглыя бярвенні, падлога амаль на ўзроўні навакольнай зямлі, ўздоўж сцен прысьбы з жэрдак, засыпаныя глебай. Невялічкія вокны зацягнутыя старанна выскрабенымі бычынымі мачавікамі. Скрозь нізкія дзверы, з высокім, у два бервяна, парогам снавала туды-сюды мелкая дзятва, часам чапляючыся за яго і валячыся.
Дарослыя дамачадцы, ў асноўным жанчыны, чакалі гандляроў у двары. Яны з цікаўнасцю глядзелі, як дрыгавічы на тканыя посцілкі раскладаюць тавар, а калі ўбачылі жаночыя ўпрыгожанні, то ажыўлена сталі шаптацца паміж сабой. Гандляры няспешна выкладвалі вісочныя кольцы, пярсцёнкі, спражкі, бранзалеты, і былі гэтыя вырабы, канечне ж, у асноўным, дрыгавіцкія. Жанчыны бралі ў рукі ўпрыгожанні з зярненымі каралямі, разглядалі, цокалі языкамі і клалі на месца. Адна з жонак Комата ўздыхнула:
– Такія ўпрыгожанні насіла мая маці. Я вазьму адну падвесачку на памяць, колькі гэта каштуе?
Востравух прыкмеціў слёзы ў яе вачах.
– У цябе маці была дрыгавічанка? Вазьмі ў падарунак ад яе супляменнікаў.
– Хэ-э-э, гандляры, так вы нічога не заробіце! ― Комат разам з Віхурам падыходзіў да таржышча, ― Зробім так! Выбірайце сабе па адной рэчы, а я буду таргавацца!
Жанчыны ўважліва разглядалі тавар і сціпла бралі хто драўляны грэбень, хто глінянае праслачка або шыльца ці іголку.
Чмель тым часам разгарнуў невялічкі скрутак і паклаў на посцілку іншы тавар:
– А вось яцвяскія рэчы, хоць іх у нас і няшмат.
Дзве падковападобныя зашпількі, бранзалет з канцамі у выглядзе вужыных галоў і тры спіральных пярсцёнка, ― усе яны былі хутка разабраныя яцвяжанкамі. Мужы выбіралі сярод больш практычных рэчаў, ― тут было некалькі сякер, кордаў, наканечнікаў да дзід і суліц, шпоры, тузін рыбалоўных кручкоў розных памераў, гліняныя грузілы для сетак, некалькі тачыльных камянёў.
– Ну што? Усе штосьці выбралі? Застаўся я адзіны без куплі.
Ён уважліва абвёў поглядам выкладзеныя рэчы.
– Штосьці малаваты выбар у вас, гандляры. Ці ўсе тавары паказалі?
– Чым багаты, куніг, ― адказаў за ўсіх Чмель, ― мы не выкладвалі тое, чаго і ў вас паўно: футра там, мёд, гаршкі…
– А для каго ж вы іх трымаеце, паказвайце.
На посцілках хуценька з’явіліся збанкі з мёдам і барсучыным тлушчам, проста пустыя гаршкі і збанкі, вырабленыя футры ліс, куніц, ваўка.
– Мядзвежай шкуры не маеце?
– Не, куніг, не маем.
– Хм. Што ж, самі дабудзем. Тады пакажы той вунь корд, ― ён выцягнуў корд з похваў, паспрабаваў лязо на пазногці, ― і мечаў у вас няма?
– Няма.
– Бяру гэты корд, а яшчэ пару збанкоў мёду. А футра ў вас так сябе, у нас не хужэйшая, ― ён азярнуўся праз плячо: ― Коматка! Хадзі сюды!
Коматка з’явіўся, як з-пад зямлі:
– Што, бацька?
– Можа, ўзяць табе гэтую ваўчыную шкуру? Галава нядрэнна выраблена, ― Комат узяў шкуру ў рукі, страсянуў, паглядзеў на яе з усіх бакоў, ― калі дарабіць, прыладзіць жалезнае ўмацаванне…
– Вазьмі, бацька! Гэта будзе мой даспех!
– Добра, сын. Хутка цябе на вайсковае навучанне аддаваць. Возьмем.
Потым абвёў вачыма гандляроў:
– Ну, лічыце! Колькі я павінен?
– Чым будзеш разлічвацца, куніг? ― спытаў Востравух.
– Мне лепей бы кунамі, а вы чым хочаце?
– Можа ў куніга ёсць манеты-дырхемы?
Комат на хвіліну задумаўся:
– Прапаноўваю палову срэбрнымі дырхемамі, астатняе ўсе ж кунамі. У мяне добрая футра.
– Дамовіліся, куніг.
– Колькі просіце?
– За ўсё сем манет і дзясятак куніц.
Комат усміхнуўся, павёў барадой ― маўляў, задорага, і махнуў рукой:
– А! Хай будзе так.
Потым была вячэра. Куніг частаваў Віхуру і гандляроў яцвяскімі прысмакамі, наліваў медавуху.
– А дзе вашыя юнакі? Чаму не ўзялі з сабой? ― спытаў ён, калі першая конаўка з медавухай прайшла кола застолля.
– Пакінулі вартаваць ладдзю, ― адказаў Роздум.
– Ад каго?
– Ад звяроў, куніг.
– А-а, хіба што, ― пагадзіўся Комат і паклікаў: ― Коматка, хадзі сюды!
Ізноў Коматка ў той жа момант паўстаў перад бацькам.
– Вазьмі малы човен, каго-небудзь з сяброў. Адвязеш пачастункі дрыгавыцкім юнакам. Толькі вяртайся да цемры.
– Добра, бацька.
Праз малы час Коматка, а з ім Шутрэйка і Анкадка, спрытна лавіруючы паміж прычаленымі ўздоўж усяго берага плытамі і суднамі, падплылі да ладдзі, дзе нудзіліся Воўч з Ежкам. Калі ўсе разам пад’елі яцвяскіх пачастункаў, Коматка прапанаваў:
– Заўтра пойдзем да абрыву, паназіраем за ластаўкамі. Вы з намі?
– Так. Канечне.
Яцвяскія юнакі паселі ў човен, і лоўка заграбаючы вёсламі, хутка зніклі ў вячэрняй смузе. Неўзабаве вярнуліся дарослыя, вясёлыя ад выпітай медавухі.
Цеплая і ціхая ноч апусцілася над Наравам. На поплаве ў лагеры адзін за адным гаслі вогнішчы, вуголле яшчэ доўга жыло сярод пепла, часам ўспыхваючы невялічкімі языкамі полымя, павольна саступаючы вільготнай цемры. Паступова сціхаў і людскі гоман. Толькі рэдкія крыкі начных птушак ды далёкія румзы зуброў і туроў парушалі часам начную цішыню.








