412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 13)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 24 страниц)

Глава 24.

Ваенная рада яцвягаў

З узыходам сонца ўвесь лагер заварушыўся і загаманіў, запаўняючы даліну Нарава і Рудавы, а таксама навакольны лес гучнымі камандамі, пануканнем, конскім іржаннем, тупатом капытоў і воплескамі вады. Апошнія яцвягі з тых, каго чакалі менавіта ў гэтым месцы ўжо прыбылі, і была дадзена агульная каманда на далейшы рух. Прайшло немала часу, калі апошнія чоўны адчалілі і выйшлі на струмень Нарава. Адплыла і ладдзя “гандляроў”, а насамрэч, дрыгавіцкіх выведнікаў, якія разам з яцвяскім войскам планавалі дайсці да Бебжы, а потым вярнуцца.

Воўч з Ежкам заставаліся ў гасцях ў коматавай сям’і у выніку настойлівых просьбаў Коматкі.

Некалькі знясільваючых дзен ішлі да ўпадзення Супраслі. Нараў рабіў такія адмысловыя выкрутасы, што весляры і рулявыя знаходзіліся ў сталай напрузе. Неаднойчы разбіралі дрэвы якія зваліліся ў рэчышча. Толькі калі Супрасль ўліла сваю ваду ў Нараў, той нібыта супакоіўся, стаў больш павольны і ўжо не вырабляў такія крутыя лукі, як раней. Стала мажліва трыху перавесці дух. Яшчэ за два дні дабраліся да ўпадзення Бебжы. На самой справе так выглядала, што гэта наадварот Нараў упадае ў Бебжу, але ніжэй за ракой захавалася назоў Нараў. Так распарадзіліся далёкія продкі, і ніхто не збіраўся штосьці мяняць. Не гэта здзівіла спадарожнікаў, а лагер, што разгортваўся перад вачамі па меры ўваходу ў аб’яднанае рэчышча. Там было войску ніяк не меней, чым прывёў Комат.

Злінцы чакалі на сваім ― левым беразе. Побач з імі змесцаваліся паляксены, якія сплавіліся па Бебжы з ракі Лыхі. Пакемцы, прыбылі з наваколля возера Негочын, крысменцы ― з-пад возера Скуманд. Асобным лагерам стаялі ў вялікай колькасці судзіны з Меруніскі і Керсовіі, з ракі Шышупы, і нават з адлеглага даволі далёка на поўнач левабярэжжа Нёмана.

Сярод ваяроў панавала вялікае ажыўленне, усе былі ўсхваляваныя сустрэчай. Шматлікія сябры, пабрацімы і сваякі ўжо даўно не бачыліся. На беразе гудзела ад людскага гоману, сям-там пачалі гучаць жалейкі і дуды, білі бубны.

Увечар поруч вялікага вогнішча сабралася вайсковая рада. Тут прысутнічалі правадыры дружын, плямёнаў, буйных родаў. Запрасілі і Віхуру. Распачаў раду самы старэйшы па ўзросту, вож крысменцаў Скумо:

– Паважаныя кунігі, ваяводы і слаўныя ваяры! Даўно ўжо не збіралі мы такога вялікага войска, прагнучага даць волю мячам і дзідам. Назбіралася больш, чым сорак саракоў. Гэта вялікая сіла. Сёння мы павінны вырашыць два пытання, ― як рухацца далей, і хто будзе ваяводай усяму войску? Прапаную пачаць з больш лёгкага ― выбара ваяводы. Я лічу, што ім павінен стаць вопытны і ўдачлівы, і не думаю, што ёсць больш падыходная постаць, чым Комат Нараўскі!

– Так! Гэта добра!

– Комата ўсе ведаюць!

– Ён найлепшы!

Комата сапраўды ведалі ўсе яцвягі. Камусьці з малодшых кунігаў жадалася б стаць на чале войска, але ніхто не сумняваўся, што калі паставіць пытанне на галасаванне, то Комата ніякая кандыдатура не пераважыць, і таму ніхто не высоўваўся.

– Ну, дык што? Усе згодныя?! ― запытаў Скумо.

– Згодныя!

– Няхай будзе Комат!!

– Комат! Комат!

– Комат – правадыр!

– Комат – ваявода!!

Комат падаўся бліжэй да вогнішча і павярнуўся да удзельнікаў рады:

– Что ж, дзякую за давер! Абяцаю, што буду камандаваць усім на карысць, незалежна ад племені-роду. Цяпер я жадаю паслухаць вас наконт далейшага руху. Наколькі я разумею, адзінага меркавання няма. Няхай кожны жадаючы выкажацца. Хто першы?!

– Дазволь, Комат! ― гэта самы малодшы з кунігаў, вож пакемцаў, магутны ваяр Вінсэ ўзяў слова, ― я, канечне, падпарадкуюся большасці, але, ведаючы думку многіх ісці па Вістуле, як не да мора-акіяна, дык да самай дэльты, прапаную ўсёткі абмеркаваць другі шлях.

Ён паглядзеў, як рэагуе на яго словы рада. Усе сціхлі і ўважліва глядзелі на маладога куніга. Ён працягнуў прамову:

– Па Вістуле пайсці можна. Ды хто скажа, што чакае нас на гэтым агульным для ўсіх шляху? І мы не ведаем, каго сустрэнем на ёй. Можа, прыйдзецца і ваяваць. Гэта значыць траціць нашую сілу. Але ёсць другі шлях. Ніжэй у Нараў, з правага боку ўліваюцца некалькі досыць буйных прытокаў. Амаль усе яны цякуць з паўночнага захаду, з Зямлі Мноства Азёр. Калі падняцца па ім да вярхоўяў, можна патрапіць у гэтую зямлю. Потым некалькі невялікіх волакаў, і мы выйдзем да вытокаў ракі Паслёнвы, якая ўжо сама цячэ на паўночны ўсход і аж да самага Вялікага Марскога Заліва. І самае галоўнае ― мы будзем рухацца па зямлі нашых братоў прусаў.

Вінсе скончыў гаварыць. Усе маўчалі. Для многіх такая прапанова была нечаканай. Тады Комат прамовіў:

– Прапаную выказвацца далей. Трайга, ты штосьці жадаеш сказаць?

– Так, куніг, ― Трайга, невысокага росту, але шырокі ў плячах правадыр дайноваў падняўся з лавы, паправіў пояс з кордам, правёў тыльным бокам далоні па вусам, ― але прамова мая будзе мець другі накірунак. Ці не занадта далека на захад мы сабраліся? Ці не занадта вялікія сілы адарвалі ад парубежжа з дрыгавічамі, бужанамі, крывічамі? Паглядзіце, якія землі на ўсходзе і поўдні ўжо не падпарадкоўваюцца яцвяскім кунігам, а перайшлі пад уладу дрыгавіцкім або крывіцкім конязям. Ці не занадта лёгка мы адмаўляемся ад сваіх спрадвечных зямель? Мы сабралі добрае войска. Давайце ж павернем яго да Нёмана і Шчары! Там нашыя турботы! Комат, ты думаеш, што дрыгавычы будуць спаць ў шапку, пакуль мы будзем боўтацца па чужых рэках?...

Віхура моўчкі слухаў прамову Трайгі. Толькі вужлакі гулялі пад русай барадой.

Калі Трайга скончыў, Комат узяў слова:

– Трайга, ты ж ведаеш, што з дрыгавічамі ў нас замірэнне. Акрамя гэтага, з намі ў звязе ідзе атрад дрыгавічоў. Калі табе будзе спакойней, можаш лічыць, што яны ў нас у закладніках.

Комат падышоў да Віхуры, паклаў руку яму на плячо:

– Ваявода, ты ж не крыўдзішся за такія словы?

Віхура цьвёрда паглядзеў у вочы Комату:

– Куніг, да гэтага я лічыў, што мы раўнаправныя саюзнікі.

– Для мяне вы такімі і застаецеся…

Потым прамову меў куніг злінцаў Вадо:

– Чулі мы пра той шлях, што прапануе Вінсе. Канечне, пакемцы ведаюць тыя месцы лепш. Але калі параўнаць шлях па Вістуле, які будзе шірокі і дзе мы будзем больш адпачываць ды набірацца сілаў, з тым шляхам, што прапануецца, палова якога супраць плыні, ды з волакамі… Акрамя таго, ― тут Вадо падышоў да Вінсе ўшчыльную і пільна паглядзеў яму ў вочы, ― ты забыўся сказаць ― нам прыйдзецца перасоўвацца блізка да гарадзена Труса. А там, я чуў, заўсёды бывае па некалькі дракараў варангаў.

Вадо павярнуўся да Комата: ― Ці плануем мы сустрэчу з варангамі, правадыр? ― і, паглядзеўшы на астатніх, дадаў: ― Я за шлях па Вістуле.

…Калі ўсе жадаючыя выказаліся Комат падвёў вынік:

– Я ўважліва слухаў вас усіх. Большасць за тое, каб ісці па Вістуле. Маё меркаванне такое жа. Да таго ж, гэты паход так і надумваўся. Але прапанова Вінсе мае сваю вартасць у тым, што яна можа згадзіцца да адыходу дамоў, калі складуцца абставіны. На тым раду будзем канчаць. Заўтра рухаемся далей.

Роздум, Востравух і Чмель спрабавалі гандляваць, пакуль было відно. Гандаль быў слабы, бо мала хто меў чым заплаціць. Толькі некаторыя яцвягі дабіралі сёе-тое з вайсковых рэчаў, або прычындалаў да конскай збруі. Калі сцямнела, Чмель і Роздум заставаліся каля сваёй ладдзі, а Востравух кудысьці знік.

Ніхто не выстаўляў ахову вайсковай рады. Кожны ваяр мог назіраць, што там робіцца, ды мала хто гэтым карыстаўся. Таму Востравух, калі прыцямнела, даволі блізка змог падабрацца і не быць убачаным. Ён залег пад карчом і слухаў. Тое, што абмяркоўвалася на радзе, было цікава, але не гэтыя звесткі былі патрэбныя выведніку. І ён свайго дачакаўся. Калі рада разыходзілася, Комат затрымаў Трайгу, пачакаў, калі Віхура адыдзе і напаўголасу сказаў:

– Трайга, ты не думай, што яцвягі могуць забыцца пра свае страты. Ты, канечне ж, маеш рацыю. Дык ведай, што адразу пасля заканчэння гэтага паходу ўсё сабранае войска не будзе распушчана, а адразу рушыць да Нёмана, чаго аніяк не чакаюць дрыгавічы.

– Вось гэта добра. А што будзе з гэтымі дрыгавічамі, якія ідуць з намі?

– А колькі іх…

У гэты момант наляцеў парыў ветра, зашамацела лісце, і Востравух, як ні імкнуўся, не ўчуў заканчэння размовы. Але і пачутае каштавала таго, каб сунуцца так далёка ад родных хат і прыкідвацца гандлярамі.

Калі Востравух вярнуўся да ладдзі, там ужо быў Віхура, і дрыгавічы правялі сваю кароткую раду. Вырашылі, што выведнікам як мага хутчэй трэба вяртацца дамоў. Віхуры з войскам прыйдзеца ісці далей з яцвягамі, як нічога й не было, бо сысці зараз з усім дрыгавіцкім войскам ― гэта значыць выкрыць дабытыя звесткі. Ды і дагоняць яцвягі на сваёй зямлі.

– Я думаю, што зараз мы ім патрэбныя, нічога яны нам не зробяць, а потым будзем лавіць момант, ― задумліва прамовіў Віхура.

Глава 25.

Трагедыя на Рудаве. Жывойт

У тым месцы, дзе рэчка Рудава падыходзіць шчыльна да Нарава, паміж двума рэчышчамі ўкліньваецца невялікае вузкае ўзвышша, якое не дае сысціся струменям, таму яны нейкі час цякуць побач, то збягаючыся зусім блізка, то трохі разыходзячыся, кожны ў сваёй даліне. Часам плынь падыходзіць да карэннага берагу і амаль неўзаметку, але няўмольна ўгрызаецца ў пясчаную выдму. Тут утвараюцца стромкія земляныя абрывы. І зусім невысокія быў гэты абрыў на Рудаве, не больш, чым ў два сажані, але і на ім невялічкая калонія ластавак-берагавушак зрабіла свае норы-гнёзды. Сюды і прывёў Коматка сваіх старых і новых сяброў, паназіраць за птушкамі, а калі ўдасца, то і злавіць якую, каб патрымаць у руках і лепей разглядзець. Яцвяскія юнакі ўзялі з сабою лукі і па поўтузіна кляновых, востра заменчаных срэл. Залеглі недалёка ад абрыва ў прыбярэжнай траве і назіралі як раз-пораз ластаўкі падляталі і лоўка хаваліся ў норах, каб праз кароткі час ізноў выскачыць адтуль і ляцець у неба. Шэры, які ў вандроўцы добра падрос, моўчкі ляжаў побач з Воўчам, быццам разумеючы, што робіцца. Раптам намнога большы за ластаўку сілуэт з’явіўся ў небе і адразу каменем упаў да нор. Гэта сыч распачаў сваё паляванне. Ён цаляў проста на ластаўку, ды на гэты раз берагавушка апярэдзіла драпежніка і паспела схавацца ў нару. Другія птушкі паднялі гвалт, і сыч, нехаця замахаўшы крыламі, нізка паляцеў ўздож берага.

– Ён вернецца, ― прашаптаў Шутрэйка і згатовіў лук для стральбы.

Усе затаіліся. Чакаць прыйшлося даволі доўга. Нарэшце юнакі зноў прыкмецілі драпежны сілуэт. Цяпер сыч атакаваў скрытна, падлятаючы нізка, каля самай вады. У момант, калі ён ужо быў схапіў бядовую ластаўку, тры стралы ўзвіліся ў паветра. Трапіла толькі адна, але гэтага хапіла, каб драпежнік, бязладна пляскаючы крыламі, упаў да падножжа абрыву, адпусціўшы берагавушку. Хлопцы ірвануліся да птушкі. Шутрэйка з Коматкам першымі падбеглі да самага падножжа, імкнучыся схапіць сыча. І тут штосьці нягучна лопнула ў абрыве, пачуўся нібыта працяжны ўздых. Вялікі кавалак зямлі з’ехаў уніз, і Шутрэйкі з Коматкам не стала. Голасна і часта закрычалі ластаўкі.

Першым апамятаўся Воўч і рынуўся туды, дзе толькі што бачыў зніклых. За ім Ежка з Анкадкам. Яны сталі рукамі адгортваць зямлю.. Ім здалося, што капалі доўга, але выніку не было. Адчай пачаў апаноўваць юнакамі.

– Анкадка, бяжы за дарослымі!

Анкадка пабег, завываючы ад страху.

Удвох яны зноў адкідвалі пяшчаны грунт. Шэры бязладна круціўся побач, коратка скуголячы.

– Дзе ж яны? Дзе ж яны? ― у роспачы паўтараў Ежка. І тады Воўча нібыта нейкая сіла падняла на ногі. Ён стаў, працягнуў рукі наперад і заплюшчыў вочы. Губы яго нешта бязгучна шапталі. Вось ён здрыгануўся і паказаў месца амаль каля самай вады:

– Тут! Капай хутчэй!

Яны з падвоеным спрытам зноў і зноў адкідвалі зямлю. Шэры кінуўся дапамагаць, спрытна рыючыся ў пяску кіпцюрыстымі лапамі.

– Знайшоў! ― крыкнуў Ежка і пачаў цягнуць за край світкі. Калі прыклаліся ўдвох, кусок тканіны адарваўся. Ізноў капалі, задыхаючыся ад напругі. Нарэшце намацалі руку, потым галаву. Паспрабавалі выцягнуць і непаздужалі. Адчайна адграбалі далей, ламаючы пазногці аб камяні, і нарэшце вызвалілі Коматку. Рот ягоны быў забіты пяском. Падцягнулі да вады і прамылі. Пачалі катурхаць і трэсці.

– Коматка, ачніся! Ну давай жа!

Коматка заварушыўся, закашляўся і пачаў дыхаць.

– Ну вось, малайчына! ― Воўч з Ежкам стомлена адкінуліся, але Шэры коратка цяўкнуў, і яны тут жа падскочылі, як уджгнутыя шмялямі.

– Шутрэйка! ― і кінуліся зноў адгортваць падступны пясок.

Яны намацалі спачатку лук. Ён быў намёртва зажаты ў руцэ Шутрэйкі. Калі юнака выцягнулі, ўжо падбягалі дарослыя. Але аніякія намаганні не змаглі ажывіць яго …

Да рудаўскіх яцвягаў прыйшла жалоба.

Каля невялічкага паселішча, дзе жыў Шутрэйкін род, склалі з тоўстых паленаў вогнішча і спалілі цела. Каменнямі вымасцілі невялічкую пляцоўку, паставілі збанок з пеплам і насыпалі невялічкі курганчык…

Шутрэйкіна сям’я бедавала, а Коматкава радня не ведала, як адгадзіць дрыгавіцкіх юнакоў. Маці Коматкі сказала:

– Цяпер я і вас сваімі сынамі буду лічыць, саколікі мае.

Дзядзька, які ў адсутнасці Комата застаўся за старэйшага ў родзе, растлумачыў Воўчу і Ежцы, што цяпер яны, па яцвяскім звычаям, з Коматкай браты-пабрацімы да канца жыцця. Па тым жа звычаям дрыгавічы абманяліся абярэгамі. Воўч зняў з шыі касцяную выяву мядзведзя, што дала маці ў падарожжа. Коматка аддаў свой, зроблены з срэбнага дырхема, у якім былі прасвідраваны дзірачкі і падвязаны кіпцюры рысі.

А яшчэ Воўчу падарылі багаты яцвяскі даспех, выраблены са шкуры ваўка з галавой у якасці шлема, амаль такі, які яны бачылі на юнаках каля вусця Зяльвы, толькі ўмацаваны жалезнымі пласцінамі. Ежку дастаўся сапраўдны баявы корд.

Трохі апасля Ежкя спытаў сябра:

– Як ты здагадаўся, дзе Коматка пад пяском? Хіба ты рукамі бачыш?

– Тады пабачыў, але не так як вачамі. Нібыта цяпло адчуў у тым кірунку.

Некаторыя чулі гэтую размову, і хутка ўжо ўсе яцвягі ведалі, што Воўч не просты хлопец…

Праз некалькі дзён, калі са стратай Шутрэйкі ўжо неяк змірыліся, але на душы было ўсё яшчэ маркотна, юнакі ціха сядзелі на беразе Нарава. Коматка спытаў ў Воўча:

– У вашых мясцінах водзяцца жывойты?

– А хто гэта такія?

– Гэта такія яшчары.

– Яшчары?! – Воўч падхапіўся, ― хіба я на Дзікім Балоце аднаму вяслом паміж вачэй заехаў! Праўда, была цемра, і я ўбачыў толькі вялізную лапу ды частку галавы.

– Што?! ― здзівіўся Коматка, ― да вас прыходзіў сапраўдны Яшчар?! Ён страшны. У нас яго мала хто бачыў. Мне не давялося. Здаецца, яго ўсе баяцца. Але я не пра таго. Жывойт невялікі, і я з ім сябрую.

– Ты жартуеш! Як гэта, сябраваць з яшчарам? ― Воўч з Ежкам з недаверам паглядзелі на Коматку.

– Не верыце! Жадаеце паглядзець?

– Н-ну, пакажы.

Коматка павёў іх да сваёй хаты.

– Маці, налі малака ў місу.

– Ізноў будзеш свайго сябра карміць?

– Так. І сябрам пакажу.

– Малако ёсць. На вось, бяры. А ён не пабаіцца прыйсці, калі незнаёмыя будуць побач?

– Не ведаю. Паспрабуем.

Яны адышлі недалёка ад паселішча, у лісцяны лес, густы, цёмны, з падлескам і амаль з голай зямлёй пад нагамі. Наперадзе паказалася сонечная пляма, туды і павёў іх Коматака. Апынуліся на невялічкай палянцы, дзе зелянела высокая трава з папаратнікамі.

– Вы застаньцеся за дрэвамі і назірайце. І трымайце Шэрага, ― шэптам сказаў Коматка, а сам прайшоў яшчэ некалькі крокаў, паставіў місу з малаком на зямлю і ціхенька некалькі разоў свіснуў.

– Жывка, Жывка, ― нягучна клікаў ён, але нікаго не было відаць. Коматка павярнуўся да хлопцаў і прашаптаў:

– Саромеецца вас. Зараз прыйдзе.

Ён ізноў павярнуўся да паляны:

– Жыўка, Жыўка, не бойся, хадзі сюды.

Урэшце коратка прашамацела трава, і на паляне з’явілася дзіўная істота. Сапраўды яшчар, памерамі з добрага сабаку, ён быў зусім чорны, аж ільсніўся. Перапончатыя лапы шырока расстаўленыя, а на галаве, высока ўзнятай на тонкай шыі, сядзела як быццам бы сапрўдная ярка-чырвоная карона. Рухаўся ён парывіста, часта заміраў нерухома, і толькі галаву нахіляў то ў адзін, то ў другі бок, а то паднімаў уверх, углядаючыся выразнымі разумнымі вачамі то на Коматку, то на юнакоў з Шэрым, якія стаялі за дрэвамі, як істуканы, не дыхаючы.

– Жы-ыўчык, Жы-ыўчык, папі малачка, ― напаўголасу прыгаворваў Коматка, і яшчар паслухмяна прыпаў да місы. Калі ён выхлябаў усё малако, Коматка прысеў і пагладзіў яго па шыі:

– Ну што, Жыўчык, як жывеш, дзе бегаеш? Бачыш, у мяне новыя браты. Ты іх не бойся, яны свае. А як твая карона, расце паціху? ― Коматка хацеў дакрануцца да яе, але Жывойт не даўся, ― Ну, тады дай лапу, ― і яшчар з гатоўнасцю падняў пярэнюю лапу, за якую Коматка яго трыху патрымаў, ― Ну што, пойдзеш ужо?

Жывойт павярнуўся, зрабіў уперавалку некалькі крокаў, потым павярнуў галаву, уважліва паглядзеў на Шэрага, матнуў доўгім хвастом, і раптам знік, як і не было.

Хлопцы стаялі, як зачараваныя, Коматка засмяяўся:

– Вось бачыце! А вы не верылі.

Праз момант Шэры нібыта прачнуўся, заскуголіў, падбег да таго месца, дзе стаяў Жывойт, унюхаўся ў след. Поўсць на карку паднялася. Але па следу не пабег, а толькі здзіўлена глядзеў то на Воўча, то на Комаітку, нібыта чакаючы ад іх нейкіх тлумачэнняў…

Глава 26.

Пачатак вялікага набегу на поўдзень

У той час, калі яцвяскае войска рухалася да варангскага мора, дрыгавіцкія роды, а з імі бужане ды крывічы, якія паселі ў Панямонні, выстаўлялі ратнікаў для паходу на поўдзень. Пакуль што няшмат войска прасоўвалася ўверх па Нёману, таму рухаліся з перасцярогай, са зброяй напагатове, бо ўсёткі пераважалі ў гэтых месцах яцвягі, і далёка не ўсе з іх мелі добрыя стасункі з прышлымі, было нямала і такіх, што ставіліся адкрыта варожа. Ішлі шпарка, хто вадой, хто па сушы ― па пяшчаным пусткам і звярыным сцежкам уздоўж рэчышча. Даліна Нёмана, увогуле досыць шырокая, парослая дзе ядлоўцам, дзе дубамі, часам звужалася, заціснутая абрывістымі берагамі з высокімі хваёвымі борамі. Некаторыя з дрэў, падточаныя плынню, валіліся на жоўтыя пяшчаныя схілы, спаўзаючы ў ваду разам з добрымі кавалкамі грунта. Каменныя перакаты дастаўлялі дадатковыя клопаты падарожнікам.

Нёманская нізіна моцна выгіналася да поўначы, каб у сваім імкненні на захад абыйсці Вялікае Ўзвышша, і гэта дадавала адлегласці рачному шляху да вытокаў ракі.

Праз тры дні дабраліся да вусця Бярэзіны. Ужо недалёка засталося да тых месц, дзе канчаюцца яцвяскія паселішчы і пачынаюцца непадзельныя уладанні дрыгавічоў, якія ў спрадвечныя часы паселі на волаках паміж Нёманскіх і Прыпяцкіх прытокаў.

Конязь Волад, чым далей адыходзілі ад Ведзмядзёў, тым больш думаў над словамі Команя на растанні. А казаў яму Комань, што не верыць ён у трывалае замірэнне з яцвягамі, што якім бы доўгім не быў шлях да Варангскага мора, адтуль можна вярнуцца хутчэй, чым з паўдзённых краін, асабліва з Царграда, калі правадыры пацягнуць сабранае войска туды. Ды і пайшло яцвягаў у набег на памаран не надта многа. І што не здарма ўзрасла на парубежжы актыўнасць яцвяскіх выведнікаў і назіральнікаў. Гэтыя думы давялі конязя да таго, што ён вырашыў застацца, бо надта лёгка тут можна страціць тое, што наладжвалася дзесяцігоддзямі. Але каб не гнявіць семірадцаў, палову сваёй дружыны і ўсіх панямонскіх ваяроў, што сабраліся ў набег, ён адправіў далей да Прыпяці, паставіўшы на чале вопытнага ваяводу Ўласа, і наказаўшы перадаць семірадцам, што на парубежжы з яцвягамі неспакойна, і калі пачнецца вайна, то сваімі сіламі конязь іх не стрымае.

Развітанне дзвух палоў дружыны было нядоўгім, па мужчынску стрыманым. Тыя, хто вяртаўся з Воладам, конна, адзін за адным гужам становячыся на вузкую звярыную сцежку, хутка знікалі сярод густога лесу. Волад вырашыў рухацца па сушы, па лясным нетрам, маючы надзею скрытна вярнуцца да Маўчады, да самых заходніх дрыгавіцкіх паселішчаў на Нёмане, якія нямінуча трапяць пад удар яцвягаў, калі тыя распачнуць вайну. Другая палова воладавой дружыны, да якой па меры руху далучаліся добраахвотнікі, працягвала ісці ўверх па Нёману.

Стаялі ясныя спякотныя дні, і той, хто ўмеў назіраць, заўважаў, як паступова гарбы Вялікага Ўзвышша пакрытага лясамі, сярод якіх сям-там жаўцелі пяшчаныя пустэчы, заставаліся ззаду, а з правай рукі ў далечыні віднелася Паўднёвая Града ― апошняе значнае ўзвышша перад царствам бяскрайніх прыпяцкіх балотаў. Праз два дні ўвайшлі ў землі дрыгавічоў, яшчэ некалькі дзён, пакінуўшы ў баку Нёманец, праціскваліся да балоцістых вярхоўяў Лошы, а калі яна даволі рэзка павярнула на поўнач, увайшлі ў невялічкі прыток, што ішоў у патрэбным кірунку. Да войска далучаліся мясцовыя воі, яны па звілістаму рэчышчу ў цеснай балоцістай нізіне вывелі да невялічкіх лясных азярцоў, ад якіх пачынаўся волак. Чоўны цягнулі без хітрасці ― ўпрагаліся пяцёра чалавек і валаклі, не выгружаючы паклажу, па мелкаму раўчуку, прабітаму сярод неглыбокага балота, на якім пад нагамі на глыбіні дзе па калена, дзе па пояс, быў даволі цвёрды грунт. Плыты распускалі і перацягвалі па бярвенням. Вершнікі наадрэз адмовіліся ўпрагаць баявых коней у якасці цяглавай сілы, баючыся навярэдзіць іх, таму жывёл пераводзілі ад грудка да грудка, дзе пакідалі пад аховай пасвіцца, пакуль самі вярталіся і перавалаквалі астатняе. З ладдзямі прыходзілася ўпірацца з усіх сілаў. Там, дзе было зусім мелка, пракладвалі ўздоўж раўчука доўгія роўныя хваёвыя ствалы, на іх клалі драўляныя каткі і валаклі: адны цягнулі спераду, упрогшыся ў лейцы, другія пхалі ззаду, упіраючыся ў карму, трэція з бакоў падтрымлівалі, каб ладдзя не завальвалася на бок, яшчэ некалькі вояў падбіралі за ладдзямі каткі і пераносілі іх наперад. Дзе з жартам, дзе з лаянкай, ― адна за адной ладдзі перасоўваліся па волаку да грудка, які ўсе называлі Востраў, і спыняліся тут на кароткую прадышку, знайшоўшы сухое месца.

Далей волак раздвойваўся. Рэзка ўправа адыходзіў старадаўні шлях на Случ, таму рака і мела такую назву, бо злучала Нёман з Прыпяццю. Яна хоць і віхляла, як і ўсе тутэйшыя рэкі, але мела больш-меньш сталы напрамак на поўдзень і ўпадала ў Прыпяць непадалёк ад схаванага сярод багны Хільчына ― аднаго з галоўных гарадзенаў дрыгавічоў, які выконваў ролю асноўнай базы для пранікнення ў Панямонне. Сюды і павалакліся Ўлас з дружыннікамі і нёманскімі дрыгавічамі. Астатнія пасунуліся ў ранейшым кірунку, бо там быў волак хоць і даўжэйшы, але ішоў ён да рэчкі Шаці, па якой за дзень можна было дайсці да Пцічы ― ракі, больш паўнаводнай за Случ, яна таксама ўпадала ў Прыпяць, праўда, значна ніжэй.

– Ну, вось, дацягнуліся да Сярэдзіны, ― паказаў праваднік на буданы, што мясціліся на невысокім грудку, і дапытліва паглядзеў на Ўласа, ― адсюль яшчэ можна перакінуцца на Шаць, па ёй шлях лягчэй.

– Не, браце! ― цвёрда адказаў ваявода, ― нам трэба на Случ.

Улас меў надзею заспець каля Хільчына семірадцаў, і перадаць як мага хутчэй тую вестку, што даручыў Волад.

На невялікай Крывой Градзе спыніліся на адпачынак. Паўдзённая спякота і цяжкая праца выціскалі салёны пот на вопраткі людзей і поўсць коней. Людзі і жывёлы пакутвалі ад аваднёў. Малады конь дружынніка Зыля спачатку доўга матляў галавой, спрабуючы адагнаць дакучлівых казурак, потым не вытрымаў, падбрыкнуў, і з іржаннем панёсся ў дальні канец грады. Зыль тут жа падхапіўся і кінуўся наўздагон.

– Вазьмі зброю! – крыкнуў Улас.

Зыль вярнуўся, схапіў суліцу, ― меч і корд былі пры сабе, і пабег за канём, якога ўжо не было відаць за хмызамі. Ён бег па следу на траве і прыслухоўваўся. Тупата не было чуваць.

– “Зашыўся ўжо недзе ў карчы”, ― падумаў дружыннік і паклікаў: ― Гнеды! Гнеды!

Каня не было чуваць. Зыль ізноў пабег па следу. Раптам наперадзе пачулася частае тупаценне і кароткае іржанне, а праз момант дзікі конскі енк. Зыль панёсся на ўсю нагу на гук.

Ваўкі!

Першага, які знізу схапіў каня за брух, ен праткнуў суліцай. Другі вісеў, сціснуўшы іклы на конскай храпе. Зыль выхапіў корд і кінуў. Воўк заскавытаў ― дружыннік не мог прамахнуцца з пяці крокаў. Крутануўся вакол сябе, выхопліваючы з похваў меч і шукаючы вачамі другіх драпежнікаў, але больш нікога не ўбачыў. Конь тупатаў, круціўся на месцы, бязладна брыкаўся і дзіка паводзіў вачамі. Зыль зразумеў, што яшчэ імгненне, і напалоханая да смерці жывёла панясецца, не разбіраючы дарогі. Ён паспеў схапіць за аброць, калі конь ужо стаў на дыбкі.

– Ну-ну, супакойся, Гнеды, ― прыгаворваў Зыль, гладзячы каня па шыі. Той яшчэ доўга круціўся, часта, дрыжаў усім целам, і стрыг ва ўсе бакі вухамі. З жывата і з ніжняй губы струменілася кроў.

Калі Гнеды трохі супакоіўся, Зыль прывёў яго да сваіх. Яму дапамаглі спыніць кроў, аглядзелі і прамылі крынічнаю вадою, прыматалі ганучамі мох. Укусы не былі надта небяспечнымі ― калі не загнояцца, то хутка зажывуць. Зыль успомніў, што не падабраў суліцу і корд, і вярнуўся з сябрамі на месца здарэння. Суліца была тут, яна тырчала з мёртвага ваўка. А вось корда, колькі ні шукалі, не знайшлі, як і другога драпежніка, крывавыя сляды якога вялі ў змрочныя нетры Варонічскага Балота, па якім ім яшчэ мелася быць валачыцца, аж пакуль не выйдуць на чыстую ваду Случы.

Гнеды яшчэ доўга быў пануры, і часта азіраўся па баках. Раны не загнаіліся і хутка зажылі, а вось шнары засталіся. Ніжняя губа, і без таго абвіслая, дык стала яшчэ і крывою.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю