412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 6)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 24 страниц)

Глава 11.

Сяўба. Выкраданне нявест

...Святая Маці-Зямля! Ты нас жывых корміш, а па смерці да сябе прыхіляеш. Ты нас і ўсялякую жывёліну носіш на сваіх плячах, ніколі не наракаючы. Ты ўсё прымаеш, нават нечысці, ды яшчэ і дзякуеш за гэта. А хто не ведае, як ты дзякуеш, няхай навязе гною і пасее жыта, тады будзе ведаць.

Божа Усявышні, Светавіт-Белабог! Ты стварыў нас, чалавекаў, з зямлі, бо мы зямля і ў зямлю пойдзем.

Зямля ― маці, а праца ― бацька.

Ужо даўно на саху надзеты новы жалезны наральнік, напагатове барана-сукаватка, валы і коні перабіраюць нагамі ў стойлах.

Дык прыймі, зямля, яшчэ раз нашыя намаганні!

Гаспадары апраналі чыстую бялізну, бралі з сабой хлеб, булкі, яйкі, і ехалі ў поле. Запрагалі ў саху валоў ці коней – у каго што было, і праводзілі тры баразны. Потым закопвалі ў барозны прывезеныя стравы, ушаноўваючы Маці-Зямлю, каб яна была ласкавая і добра зарадзіла збожжа, каб усюды было поўна, як тое яйка. Потым гаралі далей.

...Вывелі сівавусага, зусім ужо драхлага старца Іклу ягоныя сыны на ўзаранае поле. Дапамаглі прыспусціць парты і паднеслі голым задам да самае глебы. Пасля нядоўгага маўчання сказаў Ікла:

– Не, сынкі. Не гатовая яшчэ зямелька. Не прагрэлася.

Усе гаспадары ў Ведзмядзях былі гатовыя да сяўбы. Абыйшлі поле з абрадам і малітвай. Старанна змяшалі адборнае насенне з зернем з дажыначнага снапа, насыпалі ў дзежкі. Апранулі чыстыя кашулі. Чакалі. Сонца ласкава свяціла, выграваючы гарачымі промнямі ўзараную глебу.

У другі раз вывелі сыны Іклу на поле. Сядзеў ён, апусціўшы голы зад амаль да зямлі. Маўчаў. Няўжо зноў зарана? Але не. Усміхнуўся старац:

– Пара, сынкі.

Тады адвялі дзеда да края поля, пасадзілі ў воз, далі добрага квасу. Падышоў да дзежцы з зернем юнак у святочным убранні. Дарослыя дапамаглі перакінуць праз галаву пярэвязь, хлопец моцна прытуліў да сябе дзяжу.

– Пачынай, Росцік, ― сказаў бацька, ― хай дапаможа табе Ярыла.

Росцік зачарпаў поўную жменю, зрабіў крок і шырока раскінуў зерне па глебе. Яшчэ крок, ізноў зачарпаў. Яшчэ крок, і зноў раскінуў. А тады і дарослыя ўзяліся за справу, кідаючы зерне шырокімі размахамі ў такт мернай хадзе. Новая надзея на дабрабыт узнікала ў сэрцы кожнага Ведзьмядзёўца, і старога, і малога.

Дрыгавічы сеялі. Сеялі крывічы і радзімічы. Сеялі таксама іх суседзі бужане, мазуры, яцвягі, жмудзіны, аўкштайты і многія іншыя, хто жыў на неабсяжных прасторах Панямоння, Пдзвіння, Падняпроўя, Пабужжа і шмат дзе яшчэ. І не было на белым свеце занятка лепшага і больш высакароднага, чым труд сейбіта, бо менавіта гэты занятак найбольш прывязвае чалавека да аседлага жыцця на зямлі, прывучае берагчы і даглядаць яе, з надзеяй углядаючыся, як з’яўляюцца першыя парасткі, як цягнецца да неба і наліваецца калоссе, як хвалямі калыхаецца спеючае жыта.

А неўзабаве і Ярыла паехаў па засеяных нівах. Ён ужо адамкнуў нябесную браму і на белым кані па сонечным промні з’ехаў на зямлю, каб адчыніць і яе. Ярылу сустракаюць усе жыхары паселішча. У людзей на галовах вянкі з кветак. Карагоды водзяць, спяваюць песні ў яго гонар. З Ярылавага дня пачынаецца сапраўдная цёплая вясна. У гэты ж дзень упершыню выганяюць на пашу быдла. Ваўкі не чапаюць скацінку, бо Ярыла сам ездзіць і ахоўвае яе. Ваўкі вельмі баяцца Ярылы, слухаюць і душаць толькі таго звера, якога ён ім пакажа. Але калі Ярыла хоча пакараць людзей, ды папсаваць хатнюю жывёлу, ён сам насылае ваўкоў. Таму людзі ўшаноўваюць Ярылу карагодамі і песнямі ў яго гонар, а таксама баляваннямі, бо Ярыла адкрывае ўсю прыроду, часткай якога з’яўляецца і плоцкае каханне, таму не лічылася заганнымі любоўныя гульні.

Напрыканцы Ярылінага дня двое маладых мужоў ― Бычань і Заруба, непрыкметна адлучыліся ад ігрышча і пашыбавалі да статка коней, якія пасвіліся ў начным. Яны думалі, што ніхто не бачыў іхняга адыходу, але памыляліся.

– Хлопцы, вы куды? ― паспытаў даганяючы іх Дрок.

– Не твая справа, ішоў бы ты назад, Няўдак ― адказаў Бычань, але Заруба прамовіў:

– Няхай будзе з намі, як хоча. Мажліва, дапаможа чым-небудзь.

– А не пабаішся? Справа нялёгкая ў нас.

– Не баюся я нічога. Сумна мне. А куды вы?

– Мы паедзем да Промшы, у Вусьце, выкрадаць дзяўчат.

– Вось дык та-ак! Тады я з вамі! Мне таксама нявеста патрэбная.

– Занадта ты хуткі. Няпроста гэта.

– А што тут складанага? Хапай ды бяжы.

– Угу. А як не захоча?

– Ну што я, з бабай не зладжуся?

– Ну-ну, паглядзім.

Сонца садзілася ў лес, што чарнеў за Маўчадай. Ззаду чуліся працяглыя дрыгавіцкія спевы. Ярылін дзень няспешна пераходзіў у ноч, поўную любоўных жаданняў і палкасці.

Да Вусця пад’яжджалі ў цемрадзі. Коні заіржалі, але гэта нікога не насцярожыла, бо па начах на поплавы часта выходзілі пасвіцца дзікія тарпаны. Цяпер спевы чуліся ўжо наперадзе. Сталыя вусцяне разашліся па хатах, а моладзь яшчэ заставалася на ігрышчы, якое было ў разгары.

Спешыліся. Перайшлі ўброд Промшу, якая пашыралася пры ўпадзенні ў Маўчаду і была мелкая.

– Дрок, пабудзь з коньмі.

– Ага! Знайшоў прасцяка! Не дзеля гэтага ехаў.

Тады яны прывязалі конёй да дрэў, і ціха пачалі падыходзіць да ігрышча. То тут, то там з карчоў даносіліся смех або заўзятыя стогны. Моладзь балявала. Усё было магчыма ў Ярыліну ноч.

Бычань углядаўся ў карагод, які вадзілі дзяўчаты, шукаючы вачамі Агневу. Вось і яна! Калі карагод распаўся па заканчэнні песні, Агнева аддзялілася ад дзяўчат, уважліва ўглядаючыся ў начны лес.

– “Чакае!” ― усміхнуўся Бычань, з засцярогай наблізіўся і ціхенька паклікаў: ― Агнева!

– Быч! Ты прыехаў! ― дзяўчына кінулася ў цемру і тут-жа апынулася ў гарачых абдымках.

– Усё, Агнеўка! Цяпер ты мая навек, ― Бычань падхапіў дзяўчыну на рукі і панёс далей ад вогнішча, каля якога ўжо пачыналася новая песня і новы танец.

– Ой! А калі дагоняць? Баюся я!

– Не бойся, любая. Не дагоняць! Конь у мяне добры!

Праз нейкі час яны дабраліся да коней. Пакуль што ўсё было спакойна. Толькі некалькі разоў клікалі сяброўкі:

– Агне-ева! Ты куды падзелася? Карагод пачынаецца!

Бычань адвязваў коней.

– Ты што, не адзін, з памагатымі? ― са здзіўленнем запытала Агнева.

– Так. Не адзін я. Але без памагатых. Кожны прыехаў за сваім.

– Ой! Пацеха, дый годзе! Вы там у Ведзьмядзях апантаныя нейкія. За адну ноч вырашылі ўсіх нявест з Вусця ўкрасці, ― шчасліва смяялася дзяўчына.

– Ціхенька, Агнеўка. Трэба астатніх пачакаць.

Зарубе гарачая маладая кроў не дала падрыхтаваць усё як след. І вось цяпер, знайшоўшы вачамі тую, па якую прыехаў, разважаў, як жа здзейсніць задуманае. Дзяўчына яго не чакала, бо толькі аднойчы ён жартам прапанаваў украсці яе, і Мурэня жартам паабяцала падумаць. Ды таму, хто рашуча настроены, дапамагае шчаслівы выпадак. А, можа, гэта была прыхільнасць Ярылы? Так ці інакш, але Мурэня сама прыйшла ў рукі Зарубе, калі моладзь распачала вясёлую валтузню з хованкамі. Ой, Мурэня! Занадта добра ты захацела схавацца, задалёка адбегла ад вогнішча ў цёмны лес, і нібыта лань трапіла ў засаду да паляўнічага. Схапіў Заруба здабычу, падняў над зямлёй:

– Не бойся, Мурэнька! Я гэта ― Заруба. Не зраблю табе шкоды, будзеш маёй жокай!

Дзяўчына ад нечаканасці так збянтэжылася, што страціла дар гаворкі.

Ды не надоўга.

Калі Заруба палічыў, што самае складанае зроблена, Мурэня заверашчала дзікім голасам:

– А-а-а-а! Рату-у-уйце-е-е! Забіва-а-а-аюць! А-а-а-а!

Яна кіпцюрамі ўпілася ў твар выкрадальніку. Толькі на адзін момант ад нечаканасці разгубіўся Заруба, як мага хутчэй заціснуў вусны Мурэне, ды было позна.

Маладыя мужы расхапалі з вогнішча галавешкі, полымя адлюстравалася ад выцягнутых з похваў кордаў.

Заруба хуценька зняў з сябе шырокі ільняны пояс, закруціў яго вакол галавы дзяўчыны і ўзваліў абмяклае цела на карак. Цяпер Мурэня толькі глуха стагнала. Ён не ўцякаў проста ад вогнішча, а рушыў убок ад набліжаючыхся галавешак, каб выйсці з-пад пагоні. Яму гэта не зусім удалося, але крайні пераследнік не палез аглядаць шырокі корч, у якім паспеў схавацца выкрадальнік разам са здабычай, а пабег далей, імкнучыся не адстаць ад сваіх. Заруба як мага хутчэй панёс Мурэню да коней.

Дроку ізноў не пашанцавала. Ён не толькі не паспеў выбраць сабе дзяўчыну, але і не здолеў ухіліцца ад пагоні. Калі на яго выбег бліжэйшы пераследнік, ён паспеў падумаць, ― “Ну, гэты занадта малады,” ― і пайшоў на збліжэнне. Памылкай маладога было тое, што ён не паклікаў сваіх, а самаўпэўнена ўступіў у бойку сам на сам. Дрок усё ж такі быў спрытны і бывалы баец. Ён маланкава перахапіў руку з кордам, ірвануў супраціўніка на сябе, адначасова б’ючы пад дых вольнай рукою і падставляючы падножку. Хлопец з уздохам паваліўся на зямлю, страціўшы прытомнасць і выпусціў галавешку, якая закувыркалася па траве, раскідваючы іскры. Гэтыя іскры заўважылі другія і падбеглі.

– Вось ён, злодзей!

– Бі яго!

Дрок зразумеў, што не вырвецца і голасна пракрычаў:

– Э-э-эх! Не чакай мяне, мама! Гуляю я!

Ён стукнуў у сківіцу першага, паднырнуў і заваліў другога, атрымаў сам балючы ўдар у вуха. Адвёў яшчэ адзін удар, ізноў стукнуў сам, ды тут наваліліся на яго ўтрох, заламалі да хруста рукі, утыкнуўся Дрок-Няўдак тварам у глебу і заціх...

Бычань і Заруба пачулі як пракрычаў Дрок і зразумелі, што той уліп. Але крыкам сваім ён даў зразумець, каб яго не чакалі.

– Ах ты, трасца на яго галаву! І навошта мы ўзялі з сабой гэтага Няўдака? ― з прыкрасцю прабурчэў Заруба.

– Паехалі! Зараз мы яму не дапаможам! ― скамандаваў Бычань, ― а прамарудзім, дык і самі пападземся.

Ён падсадзіў на каня Агневу і ўскінуўся ў сядло. Агнева прыціхла, бо зразумела, што справы пайшлі складаней, чым вызначалі мужы. Заруба асцярожна паклаў поперак сядла Мурэню, а сам ускочыў на каня Дрока і ехаў побач, падтрымліваючы дзяўчыну. Ён са здзіўленнем зразумеў, што Бычань прыйняў кірунак зусім не ў бок Ведзьмядзёў, а павярнуў да ракі. Там ён праехаў каля самай вады, паказваючы напрамак уніз па плыні, потым рашуча накіраваў каня ў раку, і калі той зайшоў у глыбіню, злез з яго, рэзка павярнуў поперак стрэжаня, сам паплыў збоку. Заруба без гаворкі паўтараў ягоныя манёўры. Яны пераправіліся на другі бераг, да якога прылягала балота, і зашыліся ў хмызы, зрабіўшы гэта вельмі ўчас, бо праз некалькі імгненняў на бераг выбеглі следапыты з паходнямі, старанна вывучаючы прырэчны пясок. Вось яны знайшлі сляды, прайшлі па ім да вады.

– Яны паплылі з коньмі ўніз па рацэ! ― сказаў першы, а другі моцна свіснуў, клікаючы астатніх. Хутка на беразе сабралася з дзесятак мужоў. Пачуўся цвёрды голас старэйшага:

– Малей! Лупач! Найда! Бярыце човен і даганяйце! Озем! Бекша! Застанецеся каля паланёнага. Астатнія ― хутчэй бяжыце за коньмі і скачыце ў пагоню берагам!

Хутка каля ракі нікога на засталося.

– Заруба, ― ціха сказаў Бычань, ― ты пабудзь тут.

І не чакаючы адказу, бязгучна накіраваўся назад да ракі. Вось ён увайшоў у ваду і нібыта растварыўся ў цёмных бруях Маўчады. Наступіла цішыня, якую праз нейкі час недзе злева парушыў аддалены тупат капытоў. Пагоня пачалася.

Бычань ясцярожна прабіраўся да паляны, дзе толькі што круціліся карагоды і гучалі спевы, а цяпер засталося толькі невялічкае вогнішча, яго падтрымлівалі двое маладых вояў, якіх пакінулі вартаваць Дрока. Дзяўчаты ўцяклі ў паселішча.

Дрок нерухома ляжаў са звязанымі рукамі і нагамі, твар ягоны і адзёжа былі забруджаны зямлёй, на скуле яшчэ не засохла вялікая драпіна. Адзін з вартавых узяў з вогнішча галавешку, наблізіўся да Дрока і пасвяціў на ягоны твар.

– Я цябе, мабыць, ведаю, ― прамовіў ён, ― тваё імя Дрок Няўдак. Ты сапраўды такі няўдачлівы? Нават нявесту сабе ўмыкнуць не здолеў.

Дрок са злосцю глядзеў на маладога.

У гэты момант штосці заварочалася ў цемры каля дрэў у глыбіні лесу, зашкрэблася і застагнала. Другі вартавы ўскочыў, напруджана ўглядаючыся ў накірунку незразумелых гукаў.

– Гэй, хто там? Ці ты мядзведзь, ці ты Лясны Дзед ― ідзі сабе міма дабром!

Але стогны і трэск зламаных сукоў працягваліся, набліжаючыся да паляны. Тады малады вой адважна увайшоў у цемру насустрач гукам, выймаючы з-за пояса корд. Гэта Бычаню й трэба было. Ён адкінуў у бок сукі, якія толькі што ламаў, стогнучы і шкрабучы імі па дрэвах, паспеў яшчэ ступіць некалькі крокаў наперад і залёг пад пышным карчом ядлаўца. Ён добра бачыў постаць маладога ваяра на фоне вогнішча, які працягваў рухацца ў напрамку пачутых гукаў і, калі той параўняўся з карчом, рэзкім ударам нагі выбіў корд з рукі хлопца, рукаяткай свайго корда стукнуў яго па патыліцы і хутка пабег да вогнішча. Калі другі вартавы са здзіўленнем падняўся, ляжачы Дрок звязанымі нагамі шыбануў яму пад каленкі і хлапец паваліўся на бок. Падаспеўшы Бычань тут-жа наваліўся на яго...

Бычань з Дрокам хутка адыходзілі да ракі, а вартаўнікі сядзелі каля вогнішча, самлелыя, звязаныя спіной да спіны тымі самымі вяроўкамі.

...Калі Мурэня апрытомлела і ўбачыла, што знаходзіцца на чужым кані сярод карчоў у балоце, то надта напалохалася і заплакала.

– Мурэнечка, не плач, калі ласка, ― ушчувала яе Агнева, ― а то яшчэ Балотнік ці Лазавік пачуе. Хутка мы паедзем адсюль.

Заруба раскутаў Мурэню, паспрабаваў пагладзіць па валасах, але яна адхіснулася і папрасілася, усхліпваючы:

– Калі ты добры, то адвязі мяне дадому.

– Ну што ты, красуня? Мяне ж людзі засмяюць. Цяпер ты будзеш маёй жонкай.

Непадалёк ледзь чутна раздалося хлюпанне, яно паволі набліжалася. Дзяўчаты задрыжэлі ад страху. Мурэня пачала ціхенька выць.

– Быч! Гэта ты? ― не вытрывала Агнева.

– Мы, мы гэта, ― сцішана, але весела адклікнуўся Бычань.

Калі Заруба перасаджваўся на свайго каня, Мурэня адпіхвала яго. Тады ён сказаў цвёрда:

– Жанчына! Цяпер я твой уладар. Калі станеш добрай гаспадыняй, то будзем і жыць добра.

І Мурэня скарылася.

Бычань разумеў, што па звыклай сцежцы на правым беразе Маўчады ім лепей не вяртацца дадому, бо там яны наірвуцца на пагоню. Таму ён павёў свой невялічкі атрад у абыход. Яшчэ было цёмна, але маладзік паднімаўся паміж дрэвамі і трыху падсвечваў шлях. Хутка яны дабраліся да рэчкі Здятловы і паехалі ўздоўж берагу. Недзе каля Дзікага возера завылі ваўкі. З-падног з шумам адляцелі перапалоханыя спрасонку курапаткі. Дзяўчаты віскнулі. Не паспелі супакоіцца, як зусім блізка голасна загукала сава. Коні стрыглі вухамі. Мужы напруджана ўслухоўваліся. Па вядомым толькі вопытным паляўнічым прыкметам яны адчувалі блізкую прысутнасць драпежнага звера. Праз нейкі час заверашчаў у ельніку заяц. Пэўна трапіўся камусьці ў зубы. Бычань спыніў атрад і зноў доўга прыслухоўваўся да лясных гукаў. Тут Здзятлова паварочвала да Маўчады, у якую хутка і ўлівалася. Вельмі зручнае месца для засады. Бычань не ўлавіў ніводнага гука, які б мог зыходзіць ад чалавека. Тады ён накіраваўся да вады і перайшоў уброд на другі бераг. Астатнія рушылі ўслед. Пасля яны доўга ехалі па ледзь бачным у начы звярыным сцежкам на значнай адлегласці ад Маўчады. Нарэшце пацягнула пахам жытла...

У тую ноч з Ведзьмядзёў таксама выкралі дзяўчыну. Пагоня не дала выніку. Некаторыя бацькі ўбіваліся па дачках, але ўвогуле гэта была звычайная справа ў Ярыліну ноч. Зранку Бычань, Заруба, а таксама іх блізкія сваякі апрануліся па-святочнаму, і на чале з Команем паехалі ў Вусце ладзіць мірам начныя падзеі. Калі яны выехалі з паселішча, з процілеглага боку з Нёмана увайшлі ў Маўчаду чоўны і прысталі каля Ведзьмядзёў. Гэта прыбыў святочны натоўп з Руды ― паселішча, што стаяла на беразе ракі Ізвы пры ўпадзенні яе ў Нёмінь вышэй па плыні ад Ведзьмядзёў. Начныя выкрадальнікі з родзічамі прыехалі шукаць нялёгкай згоды з пакрыўджанымі бацькамі сваёй нявесты. Не адразу, але падвечар справы былі ўладжаныя, і праз колькі дзён адгулялі вяселлі.

І толькі пра умыкнутую калісьці Арэську не было аніякіх звестак.

Глава 12.

Трызненне Воўча

Час ішоў. Маладзік раз за разам ператвараўся ў поўню, зімы змяняліся летамі. Вялікае Замірэнне ўсё яшчэ мела сілу, хоць і прадракалі старцы блізкую вайну. Кожнае лета праводзілі з пасталеўшай моладдзю абрад уступу ўва дарослае жыццё. Юнакі станавіліся воямі, дзяўчаты – нявестамі. Воўча, яго сябраў Ежку, Росціка, Ворліка і другіх хлопцаў увосень таксама павінны былі прыняць у стан дарослых, а пакуль ім яшчэ трэба было шмат пазнаць пра дарослае жыццё.

Лошна амаль кожны дзень, а часам і Нор, вучылі Воўча вайсковай і паляўнічай справе ― біцца мячом і сякерай, кідаць суліцу, страляць з лука, валодаць дзідай, ладзіць ловы і карыстацца вудамі і бучамі. На кані ён ужо трымаўся ўпэўнена, і пакрысе асвойваў прыёмы коннага бою. Яго сяброў таксама вучылі іхнія бацькі, альбо дзядзькі ці старэйшыя браты. Калі сябры збіраліся разам, то дзяліліся тым, чаму іх вучылі родзічы. Нягледзячы на тое, што ўжо былі па-сапраўднаму ўцягнутыя ў кола цяжкай сялянскай працы, яны знаходзілі яшчэ час, каб пагуляць-пабегаць разам. Праходзілі апошнія месяцы іхняга дзяцінства.


...Воўч трызніў. Гэта было не першы раз. Ён выкрыкваў незразумелыя словы, твар ягоны макрэў ад напруджання. Першыя разы Крына думала, што сын памірае. Але калі Воўч прасынаўся, то ўсё праходзіла, ён станавіўся здаровы і вясёлы. Гэта адбывалася не кожную ноч, ды даволі часта.

– Ці ты помніш, сынок, што з табой было ноччу? ― пытала Крына.

– Я бачыў незразумелыя рэчы, матуля. Мне было страшна і надта цікава. Я не разумею, што гэта. Часам мне сняцца знаёмыя рэчы, а часам зусім дзівосныя, якіх я ніколі не бачыў і не чуў пра іх.

Крына вырашыла паведаць Ястру. Вяшчуна гэта вельмі зацікавіла, і ён наказаў, каб юнак прыйшоў у бажніцу.

– Колькі ты маеш летаў?

– Дзесяць і яшчэ тры гады мінула.

– Даўно бачыш дзівосныя сны?

– На памятаю, калі пачаліся.

– Сядзь каля мяне. Распавядай пра які-небудзь.

– Апошні раз я бачыў вялікія будынкі, зусім не падобыя на нашыя хаты. Каля іх праяжджалі вазы, ды толькі зусім іншыя.

– А людзі? Ты бачыў людзей?

– Так, бачыў.

– Яны падобныя на нас?

– Не, непадобныя. У іх адзенне другое.

– А абліччы?

– Абліччы падобныя.

– А коні?

– Былі. Я бачыў некалькі вершнікаў.

– А тыя вазы? На што яны былі падобныя?

– Яны былі, як... – Воўч сумеўся, голас ягоны задрыжэў, ― яны былі падобныя на жывыя істоты... У іх... вялікія вочы. Яны... румзалі, як ехалі...

Ястр прыкмеціў, што юнак бляднее і кожнае слова вымаўляе з цяжкасцю.

– Досыць! Прыходзь заўтра.

– Добра, дзед Ястр.

І Воўч пабег да сваіх сяброў.

Ястр некалькі дзён запар распытваў хлопца. Апошні сон Воўча яго надта занепакоіў. Той бачыў Ведзмядзі, але спаленыя, разбураныя.

Тады Ястр склікаў да сябе вяшчуноў з другіх паселішчаў.

Быў цёплы веснавы дзень, таму сабраліся далей ад людзей, на паляне сярод лесу, каля старадаўняга капішча. Кругом верашчалі на розныя галасы птушкі. У паветры стаяў змешаны з розных раслін і кветак прыемны пах. Жыццё буйна і разнастайна праяўляла сябе, і толькі істуканы пагрозліва і нерухома глядзелі на збор мужоў. Акрамя дрыгавіцкіх вешчуноў Стрэхі, Схована, Дроба і Залогі, прыйшлі таксама Бусел з Крывічоў і Хрон з Бродаў ― паселішча бужан. Яны разам памаліліся, прынеслі ў ахвяру багам пеўня, прыклаліся да мёду і прысмакаў ― пачастункаў Ястра. Потым селі колам на скурах, пад якія быў падсцелены сухі трыснёг, і Ястр пачаў гутарку:

– Яшчэ раз прывітаю божых мужоў са слаўных дрыгавіцкіх, крывіцкіх і бужанскіх родаў! Хай жа багі і надалей спрыяюць нашаму звязу і нашай згодзе. Дзякуй, што адгукнуліся, што не забылі дарогу да Ведзмядзёў. Заклікаў я вас таму, што маю цікавага хлопца. Хачу параіцца з вамі, досведнымі і мудрымі. Таму прашу паслухаць, што буду гаварыць.

Вяшчуны, задобраныя хвалебнымі словамі і смачным мёдам, згодна нахілілі галовы. Ястр расказаў пра Воўча і ягоныя трызненні. Мужы памаўчалі трыху, абдумваючы пачутае. Першым загаварыў Стрэха:

– Багі пасылаюць папярэджанне, гэта відавочна.

– Так, набліжаецца бяда, ― дадаў Хрон.

– Калі багі папярэджваюць, то трэба спрабаваць прадухіліць, ― сказаў Схован.

– Усё залежыць ад таго, што бачыў твой хлопец ― непазбежнасць ці верагоднасць, ― выказаў сумненне Дроб.

– Ястр, няхай Бусел пагаворыць з хлопцам па-свойму, ― умяшаўся ў размову Залога.

Усе паглядзелі на Бусела, сівога ад перажытых гадоў і многіх нягод, але моцнага яшчэ мужа. Пра ягоны дар падпарадкоўваць сябе чалавека словам і сілай погляду ведалі далёка за межамі крывіцкага племені, што прыйшло і асела на Прынямонне некалькі людскіх пакаленняў таму.

– А ты не змарнуеш мальца, Бусел?

Той не спяшаўся адказваць, разважаў. Потым прамовіў:

– Хто яго ведае? Не павінен. Лічу, што трэба рызыкнуць.

Тады Ястр падняўся:

– Не дзеля таго я вас паклікаў, каб спыняцца на палове дарогі, ― ён павярнуўся да бліжэйшага хмызняку, ― Воўч! Выходзь! Я ведаю, што ты тут!

Нейкі час нічога ў адказ не было чутна. Потым у карчах зашамацела, і на паляну вылезла дзіўная постаць, уся абвязаная галінамі вярбы з маладым лісцем, са здзіўленымі вачамі. Гэта быў Воўч. Вяшчуны мімаволі усьміхнуліся.

– Дзед Ястр, як жа ты здагадаўся?

– Эх ты, пластун дрыгавіцкі. Я ўсё ж такі вядзьмар, многае бачу і ведаю, што звычайны чалавек не прыкмячае. Хадзі сюды!

Ён падвёў Воўча да Бусела. Той узяў хлопца аберуч за плечы:

– Нічога не бойся, ― потым пільна паглядзеў у вочы, і калі Воўч пад ягоным позіркам павольна здранцвеў, рэзка прыказаў: ― Кажы, што ты ведаеш пра разбураныя Ведзмядзі?!

Воўч заплюшчыў вочы і пачаў запаволена, ціхім голасам гаварыць:

– Я бачу спаленае жытло, раскіданыя абгарэлыя кроквы, вакол валяюцца розныя рэчы ― пабіты посуд, кускі вопраткі, дзіравыя кошыкі.

– А людзі? Ты бачыш каго-небудзь з людзей?

– Не. Людзей няма.

– Адкуль ты ведаеш, што гэта Ведзмядзі?

– Бо вакол дрэвы. Знаёмыя дрэвы. І бажніца нашая.

– Ці бачыш яшчэ што-небудзь?

– Бачу, нібыта сабака ляжыць. Ой! Дык гэта ж сабака дзеда Іклы! Ён у крыві...

– Што яшчэ бачыш?

– Бачу… Постаць… Гэта дзед Ікла ляжыць! Ён зарубаны!..

Воўча пачало трэсці, ён збялеў, ногі ягоныя падкасіліся.

– Бусел!! Канчай! Навярэдзіш хлопца! ― рашуча прамовіў Ястр.

Бусел жэстам далоні паказаў, ― не замінай, ― мацней здавіў плечы Воўча і сказаў:

– Забудзь тое, што бачыў, сынок.

Ён прыцягнуў Воўча бліжэй, паклаў свае шырокія далоні яму на галаву і доўга штосьці шаптаў, нахіліўшыся над юнаком. Потым спакойным голасам прамовіў:

– Прачынайся! ― і адпусціў.

Воўч расплюшчыў вочы і незразумела паглядзеў на вешчуноў.

– Ідзі, гуляй, ― сказаў яму Ястр, калі хлопец зусім акрыяў, і падштурхнуў яго да карчоў.

Адправіўшы Воўча, моцна задумаліся.

– Ясна, што гэта напад, ― перарваў маўчанне Стрэха, ― і здаецца мне, што хлопец бачыў не верагоднасць, а непазбежнасць, бо не было нейкіх незвычайных праяў.

– Гэта можа здарыцца і назаўтра, і праз дзесяць дзён, і праз год, ― сказаў Схован.

Раптам Ястр схамянуўся, ўстаў і падыйшоў да карчоў:

– Эй! Воўч! Ты яшчэ тут?!

– Мы ўжо дадому ідзём, дзед Ястр, а што? ― з далечыні пракрычаў Воўч.

– Воўч! А хіба ў дзеда Іклы сабака ёсць?

– Не-а! Але ёсць шчанюк! Ужо немалы, рыкае часам!

Ястр махнуў рукой і вярнуўся да кола жрацоў:

– Нейкі час у нас ёсць.

Цяпер ужо ніхто не сумняваўся, што Воўч ― прыродны празорца і вельмі сур’ёзна адносіліся да пачутага.

– Твой хлопец прадбачыць будучыню, такіх людзей вельмі мала нараджае зямля, ― выказаў сваё меркаванне Бусел.

– Трэба яго гатаваць у прыслугі багам, ― прапанаваў Стрэха.

– Так-так. З часам добры святар будзе, ― падтрымаў яго Схован.

Ястр слухаў і задуменна глядзеў паверх суразмоўцаў. Думкі ягоныя луналі недзе далёка. Потым перавёў позірк на чакаючых яго слова вешчуноў:

– Вось што я скажу вам, сябры мае: да сарака зім узросту ён павінен жыць так, як і ўсе, каб добра разумець сваіх людзей. Ён будзе ратаем, паляўнічым і ваяром. Такі звычай продкаў дрыгавіцкіх. Калі багі будуць яго ахоўваць, Воўч стане святаром і вешчуном. Калі-небудзь... А цяпер што будзем рабіць? Што скажаце наконт прадказання Воўча?

– Я лічу, што трэба верыць маладому празорцу, ― сказаў Бусел.

– Здаецца, да нас ідзе Ліха ліхое, ― дадаў Схован

– Гэта вайна, ― падсумаваў Залога.

– Трэба пасылаць ганца да Волада, ― прапанаваў Хрон.

З ім пагадзіліся ўсе.

Але не паспелі.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю