412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 11)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 24 страниц)

Глава 21.

Вяртанне дружыны. Купалле

У Ведзьмядзях жыццё доўжылася сваім парадкам. Праз заежджых гандляроў, якія прасоўваліся ўверх па Нёману, даведаліся, што прапаўшы Ежка насамрэч збег да Воўча. Цяпер дзве жанчыны ― маці юнакоў ― часта сядзелі надвячоркам на беразе, і ўглядаліся ў далёкую плынь ― туды, дзе яны бачылі апошнія ветразі сыходзячых ладдзей…

Лошна са здзіўленнем зразумеў, што таксама нудзіцца без Воўча, без ягоных пытанняў і выхадак. А яшчэ ён заўважыў у сябе нейкую павостраную ўвагу да Ятвінгі, якая трымалася паасобку, нягледзячы на тое, што ведзмядзёўскія кабеты па-добраму ставіліся да яе. Жанчыну пасялілі ў адну з хат Команя, дзе жылі ягоныя дзве жонкі – Хмара і Струга са сваімі дзецьмі. У чарзе неабходных прац, што разводзілі бытаванне мужоў і жанчын па розным месцам паселішча і яго акругі, Лош часам выпадкова сустракаўся з Ятвінгай сам-насам. Вось і сёння яны сутыкнуліся на вузкай сцежцы ля Маўчады. Ятвінга несла ў скураным меху ваду, а Лош вёў на вадапой каня.

– Прывітанне яцвяжцы Ятвінге! ― выклікнуў Лош, і ўбачыў нейкае засмучэнне у вачах жанчыны, якое яна тут жа схавала за гарэзліваю усмешкаю.

– Прывітанне дрыгавічу Лошне і яго каню!

Калі яны ўжо размінуліся, крыкнула наўздагон:

– Дзе гэта бачана, каб рыба да рыб каня вяла?! Ха-а!

Пакуль да яго даходзіў сэнс жарту, Ятвінгі ўжо не было відаць за прыбярэжнымі карчамі.

Лошу здавалася, што ён лёгка адрываецца ад думак пра Ятвінгу, але яны ўзнікалі зноў. І як ён не імкнуўся ўтаіць іх ад Лані, шчыра лашчачы яе кароткімі летнімі начамі, тая жаночым пачуццём зразумела: з мужам штосьці адбываецца. І не першы раз ужо пачала дакараць сябе за тое, што не можа стаць цяжарнай.

Аднойчы Ланя, пераступіўшы праз гонар і сорам, пайшла да Ястра. Вядзьмар сядзеў ля бажніцы, маліўся і, здавалася, нічога наўкол не заўважаў. Але, калі кабета наблізілася, кароткім рухам рукі паказаў на лаву каля сябе, скончыў малітву і пранізліва глянуў Лане ў вочы, быццам заглянуў у душу. Чамусьці позірк гэты не напалохаў жанчыну, а, наадварот, яна супакоілася, скарылася і падпарадкавалася чужой, мацнейшай за сваю, воле.

– Дзядзька Ястр, я…― пачала яна размову.

– Нічога не гавары, дочка… ― перабіў яе святар.

– Але ж я…

– Я ўсё ведаю! ― ізноў уладна перабіў яе Ястр, ― багі пакуль-што не жадаюць, каб ты зацяжарыла, і мне не вядомыя іхнія намеры. Але ў цябе будуць дзеці. Потым.

Вядзьмар уважліва паглядзеў на жанчыну і дадаў:

– Гэта не ўсе твае жаночыя турботы, цябе чакае іншае выпрабаванне. Ад тваёй вялікадушнасці залежыць, знойдзеш ці згубіш ты ў ім.

– Я не разумею цябе, дзядзька Ястр.

– Хутка зразумееш…

Стары вядзьмар глядзеў кудысьці нібыта скрозь жанчыну, напалову апусціўшы веі. Ён доўга маўчаў, Ланя ўжо падумала, што больш нічога не пачуе ад святара, але той шырока расплюшчыў вочы і прамовіў:

– Ведаеш, набліжаецца Купалле. У тваім становішчы цябе ніхто не мае права судзіць, калі ты паспрабуеш вырашыць сваю праблему з другім…

– Я не магу гэтага рабіць ні з кім, акрамя Лошны, мужа майго! ― Ланя рашуча ўстала і, нічога больш не кажучы, павярнулася і пашыбавала прэч.

– Тады цярпі, маладзіца, ― прашаптаў наўздагон вядзьмар.

Не прайшло і два дні, як адкрыўся Лані сэнс загадкавых слоў Ястра. Яна стала мімавольнай сведкай чарговай выпадковай сустрэчы Лоша і Ятвінгі, і хоць тыя нічога такога не сказалі адно аднаму, Ланя па інтанацыі гаворкі здагадалася аб тым, што яшчэ невыразна ўсведамляў сам Лош. Горка стала на душы. Слёзы душылі салёнымі лапамі горла, ды не падавала віду. Сам-насам зносіла сардэчныя пакуты. А Лош не заўважаў. У яго была свая хвароба, якая, як ён лічыў, не датычыць жонкі.. Адной з начэй, калі ўсе ў хаце, акрамя іх дваіх, моцна паснулі, Ланя перабарола сябе і, адмовіўшыся ад вінаватай, як ёй здалося, ласкі мужа, ціха сказала яму на вуха:

– Лошна, бяры сабе другую жонку.

Ледзь не да бэлькі падскочыў Лош, нібыта ўжалены шэрашнем:

– Ты што, Ланя?! Дурнап’яну наелася?

Потым стаў каля палатак на калені, абняў яе:

– Мне ніхто не патрэбен акрамя цябе, сэрца маё.

– У цябе павінны быць дзеці, ― цьвёрда прамовіла Ланя.

– Я жадаю дзяцей ад цябе, Ланечка.

– Хто ведае, колькі прыйдзеца чакаць? ― прашаптала яна скрозь слёзы.

Лош пяшчотна пагладзіў жонку:

– Супакойся, ласачка мая, дачакаемся, калі дадуць багі…

За штодзённымі працамі непрыкметна прыйшло Купалле. Калі ўжо былі зробленыя ўсе прыгатаванні, і на поплаву каля Маўчады высілася вялізнае, у тры сажані вогнішча з сухіх бярвёнаў і галін, што былі зложаныя вакол вертыкальна ўкапанага слупа, з замацаваным наверсе драўляным колам, вярнулася дружына конязя Волада.

Сэрцы Ведзьмядзёўскіх жанчын мімаволі заштырхаліся хутчэй ад гэтай навіны, прадчуваючы уседазволенасць купальскай ночы.

Напярэдадні дзяўчаты плялі вянкі, ўпрыгоджваючы іх кветкамі, а калі сонца схавалася і наступіла шэрая кароткая ноч, неслі іх да Маўчады, прыладжвалі лучыны, запальвалі агонь і апускалі вянкі ў ваду. Замужнія жанчыны таксама прыйшлі паназіраць за падзеямі, успомніць маладосць. Павольная песня бруілася разам з воднай плынню:

Ой, на святога, ой, на Купалу

Дзеўкі гадалі, вянкі кідалі,

Кідалі ў ваду, ваду хуткую.

А скажы ж ты, Маўчадушка

Пра жыццё маладзенькае,

З кім лёс дзяліці, каго любым назваці

А скажы ж ты, Рэчанька

Ці доўга ў жыцці ці доўга буду,

Нясі вяночак мой, не дай патануці…

Дзве неразлучныя сястрыцы – Любута і Бялава разам апусцілі свае вянкі ў цеплыя струмяні Маўчады. Спачатку і паплылі яны побач, быццам сёстры ў жыцці. Дзяўчаты весела смяяліся.

– Вы што, звязалі іх разам? ― пажартаваў нехта з назіраючых.

Але неўзабаве вяночкі пачалі разыходзіцца, а потым адзін з іх наблізіўся да невялікага віра і раптам пагрузіўся ў ваду. Сцісла прашыпелі згашаныя лучыны.

– О-ох! ― прастагналі назіраючыя кабеты.

– Ой, мамачкі, што ж гэта будзе!? ― прагаласіла напалоханая Любута і залілася слязамі. Разлюбіць яе сужаны Стрэшка. Не пашанцуе ёй ў жыцці!

А Бялава з напругай сачыла за сваім вянком, які адплываў усё далей, агеньчыкі трапяталі на лучынах, але не гаслі. Яна не згубіла яго з поля зроку аж пакуль ён не знік за звароткам ракі. Радасна ззялі вочы ў Бялавы, але схавала яна сваю радасць і кінулася суцяшаць Любуту:

– Не плач, Любутушка, заўтра памолімся Лелю, папросім, каб не даваў цябе ў крыўду.

Яна абняла сястру, пагладзіла па валасам, Любута і супакоілася. Да ракі прыбеглі другія дзяўчаты. Кожнай хацелася зазірнуць у будучыню. І Бялава з Любутай сталі назіраць за чужымі вянкамі.

Самыя адчайныя з Ведзьмядзёцаў які ўжо год запар ў сярэдзіне купальскай ночы цішком сыходзілі шукаць папараць-кветку. Ніводны чалавек не ведаў пэўнага выпадку, каб хто-небудзь знайшоў яе. Разважлівыя людзі не верылі ў гэтае дзіва і ніколі не хадзілі на яе пошукі. Але былі і такія, хто верыў, імкнуўся займець агняцвет, бо для яго ўладальніка збудуцца ўсе жаданні, ён убачыць схаваныя скарбы, нават калі тыя закапаны глыбока ў зямлю, а яшчэ ён будзе разумець мову ўсіх жывёл. І вось цяпер яны краліся ў глухія і зацішныя куты лесу, што азначылі для сябе загадзя, ― там раслі густыя і высокія папаратнікі, і як дзе-небудзь і з’явіцца папараць-кветка, то менавіта там.

Донюш быў адным з тых, хто прагнуў здабыць агняцвет. Жыццёвыя страты вымучылі яго, а непакорлівая натура патрабавала дзеяння. Ён выпіў медавухі і пашыбаваў у лес. Эх, калі б пашанцавала! Усе страты можна было б вярнуць. Ціха ступаў па начным лесе бывалы ваяр і мыслівец, ніводны сучок не храбуснуў пад нагамі. Вось і запаветнае месца. Якую ж папараць выбраць? Можа, гэтую? Ці гэтую? Не! Лепей тую вунь, на невялічкай палянцы – густую і высокую. Донюш расклаў пад папараццю святочны абрус, загавораным нажом правёў вакол выбранай расліны разору і пачаў маліцца. Ён адчуваў, што надыходзіць тое самае адзінае імгненне, калі цуд магчымы, але нічога не здаралася. Тады у роспачы падняў вочы да зорнага неба:

– Купала-божа! Дапамог бы ты мне. Хіба мала ахвяр я табе даваў? Дай і ты мне…

Заўзята маліўся Донюш, а калі зрок вярнуўся да выбранай расліны, здалося яму, што слабы агеньчык бліснуў на вершаліне папараці. Сэрца здрыганулася:

– Няўжо!? Так і ёсць! Вось яшчэ! І яшчэ!.

Нібыта жывыя істоты пульсавалі агеньчыкі на лісьцях расліны.

– Не празяваць бы!

І не вытрымаўшы, не даўшы агняцвету разгарэцца, схапіў агеньчыкі ў далонь і пабег дахаты. Душа ягоная заходзілася ад радасці:

– Нарэшце! Цяпер я самы ўдачлівы! Самы багаты! Самы шчаслівы!

Але што гэта? Донюшу здалося, што агеньчыкі варушацца, і зусім яны не гарачыя. Ён расціснуў далонь, паглядзеў. І хоць няслушнае было святло ад зорнага неба ў цёмным лесе, адразу сцяміў:

– Гэта ж звычайныя светлякі, як я адразу не зразумеў? Хіба медавуха розум адбіла.

Запуліў Донюш казурак куды папала, упаў тут жа на лясны мох, абхапіў галаву рукамі. Плечы трэсліся ад бязгучнага плачу.


…Кароткая ноч прайшла хутка, і калі першыя промні сонца дакрануліся да вершалін самых высокіх дрэў, Ястр на беразе Маўчады распачаў малітву Купале. Людзі падыходзілі да ракі. Сонца паднімалася над астраверхімі ялінамі і адлюстроўвалася ў расе на поплаве безліччу рознакаляровых іскрынак. Усе распраналіся, дзеці і моладзь спачатку боўталіся ў роснай траве, потым з шумам і крыкамі увальваліся ў раку, паднімаючы пырскі, якія ззялі маленькімі вясёлкамі на сонечных промнях. Сталыя людзі, памаліўшыся Купале, павольна заходзілі ў ваду, даючы прахалодным бруям лашчыць стомленыя ад цяжкай працы целы. Дарослыя стрымлівалі пакуль-што малодшых, не дазваляючы залішняй дзёрзкасці. Усе купальскія ўцехі адкладваліся на ноч, а цяпер праводзілася рытуальнае абмыванне, частка спрадвечнага купальскага абраду.

Волад з дружынай ранішняе купанне праводзілі на асобнай частцы ракі, якая за лукавінай не была відаць з паселішча. Яны таксама дачакаліся Ястра, каб той зладзіў адпаведную малітву. Потым, распрануўшыся, павольна ўваходзілі ў ваду. Маладосць брала сваё, і вось ужо завязалася вясёлая валтузня з пырсканнем, нурцамі і плясканнем па вадзе. Гэта працягвалася даволі доўга, голыя воі выбягалі на бераг, разганяліся і скакалі ўваду з абрыву. Яны былі ўпэўненыя, што ніхто старонні іх не бачыць, але памыляліся. Некалькі занадта смелых і цікаўных дзяўчат сачылі за імі з карчоў і ледзь стрымліваліся ад рогату, а калі маладыя мужы пачалі выходзіць да адзёжы, то адна з іх не вытрымала-такі і пырскнула смехам. Мужы спачатку разгубіліся ад нечаканасці, закрываючыся вопраткай, потым таксама засмяяліся і пагрозліва крыкнулі да карчоў:

– Ох, не злуеце дзікіх туроў!

– Ну, пачакайце!

– Прыйдзе вечар, тады паквітаемся!

Удзень свята працягвалася спакойна, пілі медавуху ды квас, елі прысмакі. Часам збіраліся невялікімі гуртамі каля ракі, хаваліся пад вербамі ад спякотнага сонца, драмалі, з асалодай выкарыстоўваючы вольны ад працы дзень, якіх за лета былі адзінкі.

Усе нібыта назапашвалі сілы дзеля вячэрніх падзей.

Сонца не спяшалася да захаду, яно таксама цешылася і радавалася, па-святочнаму шчодра аддаючы зямлі сваю гарачыню.

Ды прыходзіць вечар нават у самы доўгі дзень. І вось Купала уласна паклікаў людзей да галоўнай частцы свята. Першымі ля прыгатаванага вогнішча з’явіліся дудары. Яны сталі невялікім паўколам, прыклалі дудкі да вуснаў, і палілася ўрачыстая і радасная, поўная жыцця мелодыя. У гэты ж момант каля іх вясёлым натоўпам замітусіліся дзеці. Потым жанчыны разаслалі на траве паводаль ад вогнішча доўгія ільняныя абрусы, і няспешна раскладалі на іх святочныя стравы і пітво, што мужы прынеслі ў кошыках. Разсаджваліся рэдка, бо ведалі, што прыйдуць дружыннікі, і трэба будзе запрасіць іх да агульнага стала. Тыя не заставілі сябе чакаць, але прыбылі таксама не з пустымі рукамі ― хто нёс мех з медавухай, хто вэнджаную рыбіну ці кавалак дзічыны. Ведзьмядзёўцы іх прывіталі і разсаджвалі паміж сабой.

Сонца павольна спускалася за высокі лес за Маўчадай. З’явіўся Ястр, а з ім крочылі Комань і Волад. Святар падышоў да вогнішча, узяў з рук юнака запаленую паходню і распачаў урачыстую малітву. Усе ўсталі і таксама маліліся Купале. Жанчыны ціхенька пачалі абрадавую песьню. Па меры ўзмацнення голаса ведзьмара мацнеў і хор. Ястр паднёс паходню да вогнішча, і полымя хутка ахапіла сухую драўніну. У гэты момант у хор уступілі мужчынскія галасы. Вялікае купальскае вогнішча разгаралася, людзі патрохі адыходзілі ад спякотнага полымя, складаючы вялікае кола. Дудары мацней дунулі ў дудкі, да іх далучыліся бубны, трэскалкі і званочкі. Цяпер наўкол вогнішча стаяў шум і гам. Юнакі прынеслі саламяную постаць Ярылы ў поўчалавечага росту. Ніжэй пояса ў яго боўталася досыць вялікая выява мужчынскай вартасці, зробленая з маладога дубовага ствала, якую ніхто не спрабаваў прыкрыць. Вось Ярылу паднеслі да рушнікоў з прысмакамі. Старадаўняя абрадавая песня гучала ўва ўсю моц. Конаўка з хмяльной медавухай хадзіла ад аднаго да другога бесперапынна. Хтосці штурхнуў нібыта незнарок Ярылу і той упаў. Страшна закрычалі мужы і загаласілі жанчыны:

– Памёр!

– А-а-а-а!

– Памёр Ярыла!!!

– Ой-ёё-о-й!

– Паднімі яго, мо, жывы яшчэ!!

Ярылу паднялі, пачалі катурхаць. Нехта паднес да твару кубак, другі падаваў кусок вэнджанага мяса. Нічога ўжо не патрэбна Ярыле.

А збоку ад асноўнага вогнішча ўжо разгараецца другое ― невялікае, зробленае адмыслова для Ярылы. Шасцёра юнакоў паднялі саламяную постаць і, адыходзячы задам наперад, панеслі да вогнішча, асцярожна апусцілі на набіраючае сілу полымя. Дзяўчаты плачуць горкімі слёзамі і спяваюць:

― Памёр ён, памёршы!

Не ўстане ён болей!

А быў ён харошы!

Як жыці нам далей?!

Хутка згарэў Ярыла. Тут жа справілі па ім памінкі. Пілі-елі. Не гаравалі, а весяліліся, бо ў купальскую ноч пераходзіць моц Ярылы да людзей. Кроў у жылах пачала кіпець.

Абрад працягваўся. Ізноў наблізіўся да вялікага вогнішча Ястр, падняў рукі да неба і стварыў чарговую малітву:

– Разыдзіся цемра, разгарайся дабро, заззяй святло!

Яры ясна сонца краснае, стані-стань долу, яко Род велі!

Стані-стань долу, з неба да зямлі!

Ястру паднеслі кубак. Ён трыху надпіў, астатнее з размаху пырснуў у вогнішча.

― Шуміце воды светлапенныя!

Шамаціце, дубы векавечныя!

Ззяйце, мячы заліхвацкія!

Распладзіся, зямліца бо ярая,

Васплымі полымю, іскразар’е,

Ды дзееце славу велізарную

Самому Купале Сваро-о-жычу!

― Го-о-ой! Го-о-о-й! Слава Купале! Слава Сварожычу ― падхапіў натоўп.


Пачыналася ігрышча. Моладзь весела скакала вакол вогнішча, якое было ў поўнай сіле. Гулялі ў “яшчар”, ў “раўчук”, ў многія іншыя гульні. Ды ўсё гэта прызначалася для юнакоў і дзяўчат, якія не сталі пакуль што мужамі и жанчынамі. Дарослыя дзеля смеху таксама часам прыймалі ўдзел у гульнях. Але для іх пачыналася галоўнае дзеянне Купалля.

Нор, які адарваўся ўжо ад нядаўняй сваёй рабскай мінуўшчыны і ўвайшоў у смак вольнага жыцця, да гэтай хвіліны прыймаў даволі актыўны ўдзел ва ўсіх падзеях свята. Цяпер ён апошні раз прыклаўся да конаўкі з мёдам, потым падняўся, пакланіўся людзям, узяў Зарыцу за руку, і нетаропка, але цвёрда пакрочыў да паселішча. Ён добра ведаў, што зараз будзе тут адбывацца, але, як хрысціянін, не мог прыняць гэтага. Зарыца некалькі разоў азірнулася са шкадаваннем, разумеючы, што для іх з Норам свята на гэтым скончылася, але бяспярэчна пайшла за мужам. Старыя таксама пацялёпкаліся дахаты ― іхняя кроў даўно ўжо адшумела-адкіпела, ім не было што рабіць на далейшым працягу свята, а медавухі яны ўжо напіліся ўдосталь. Сышлі і ўдовы Слава. Для іх траур па мужу будзе доўжыцца яшчэ не адзін месяц. Многія дружыннікі са шкадаваннем глядзелі прыгажуням ува след.

Тым часам многія маладыя жанкі і мужы парамі адна за другой пачалі адыходзіць ад застолля да ракі. Нікога не саромеючыся, здымалі адзенне і з шумам і віскамі кідаліся ў ваду. Рака кішэла аголенымі целамі. Плёск і вясёлыя крыкі разносіліся далёка па Маўчадзе. Любоўны запал апанаваў мужоў і жанчын. Пары спалучаліся ў ярым цялесным каханні, не вельмі хаваючыся ад ішых, занятых тым жа. Некаторыя рабілі гэта ў струменях Маўчады, другія качаліся ў высокай прыбярэжнай траве. Гэта не лічылася грахом у купальскую ноч. Стогны гарачай знямогі луналі над далінай ракі. Мужы не сачылі за сваімі жонкамі, жонкі не пільнавалі мужоў.

Ястр і Комань частаваліся медавухай, усміхаючыся ў доўгія вусы. Яны былі задаволеныя. Адзіная ў годзе такая ноч. Купала даваў усім шанец на працяг роду, на прыбытак, выпраўляючы той склад, калі жонка ці муж не маглі альбо не жадалі зачаць новае жыццё адзін ад другога. Прысутнасць дружыны Волада на свяце гарантавала прыток свежай крыві ў патомства племені.

Ланя захмялела ад святочнай медавухі. Яна не бачыла, куды падзеўся Лош, і цяпер ёй прапанова Ястра не здавалася такой ужо непрымальнай. Калі станісты дружыннік наблізіўся, яна не адпіхнула яго.

– Красуня, ты мне да спадобы. Хадзем купацца разам! ― прамовіў з запалам малады муж, і, узяўшы Ланю за руку, уладна пацягнуў да ракі. Ланя нібыта і падалася адразу, але калі той пачаў занадта смелымі рукамі здымаць з яе вопратку, штосці раптам найшло на кабету, яна наводмаш храснула дружынніка па сківіцы і пабегла, усхліпваючы, прэч, дадому. Толькі на момант згубіў яе з поля зроку малады вой, тут жа паімкнуўся дагнаць, схапіць сваю здабычу, але той ужо не відаць і не чутна ў цемры.

Лошна патаемна ўвесь час сачыў за Ятвінгай. Калі яе пачаў абходжваць воладаў дзесятнік, сам не заўважыў, як апынуўся каля жанчыны. На момант сустрэліся вачамі супернікі, але разумны дружыннік не стаў насядаць, адступіўся – маладых кабет было многа на ігрышчы. Так Лош і Ятвінга апынуліся ва ўзаемных абдымках. З гэтага моманту яны нікога і нічога не бачылі вакол. Яны не заўважылі, як засталіся сам-насам, як здымалі адзін з другога вопраткі і ўжо да самага ранку не разлучаліся. Раз за разам Лош уваходзіў у пругкае цела згаладалай па ласках жанчыны, раз за разам прыймала яго Ятвінга… Яны не ведалі, колькі гэта доўжылася, а калі ноч пачала шарэць, абое зразумелі, што ўжо не змогуць жыць адзін без другога.


Купальская ноч кароткая. За хмяльнымі радасцямі абавязкова прыходзіць пахмелле. Чым больш выпіта медавухі і піва, тым пахмелле цяжэй. Па-рознаму дрыгавічы вярталіся ў будзённыя турботы наступнага дня. Адны лягчэй, напіўшыся крыштальнай вады з халоднай крыніцы, браліся за штадзённую працу. Другія сумавалі, успамінаючы пра сябе прыгоды чарадзейнай ночы. Пад пагрозай выгнання з роду забаранялася тачыць лясы, альбо папракаць наконт таго, хто з кім быў і што рабіў у начы на Купалу. Як бы там ні было, да поўдня жыццё ўвайшло ў прывычную каляіну.

Лошна не вярнуўся ўранку да хаты. Развітаўшыся з Ятвінгай, ён доўга бадзяўся па лесу, абдумваючы тое становішча, у якім апынуўся. Да нядаўняга часу адна толькі Ланя панавала ў ягоным сэрцы, а цяпер вось яшчэ Ятвінга. Ён разумеў, што гэта не проста купальская прыгода, і адмовіцца ад Ятвінгі не зможа. Але як жа з Ланей? Лош успомніў, як яна аднойчы сказала пра другую жонку, ды добра ўсведамляў, што сказана гэта было ў роспачы. А на самой справе ці зможа яна дзяліць яго з іншай? А як другія дзеляць? У многіх мужоў па двое, па трое жонак. Дык то ў другіх. І што? Усе яны ладзяць? Многія пазабівалі б адна адну, каб не баяліся кары! Але ёсць і такія, што ладзяць…

Ланя праплакала рэшту ночы. Калі ўранку Лош не прыйшоў дахаты, раптам ясна зразумела, што не будзе ўжо ў іх так, як было раней, і ад гэтага стала яшчэ горш на сэрцы. Потым у звыклых справах крыху супакоілася, а калі муж нарэшце з’явіўся, ужо здолела усміхнуцца яму:

– Ну што, саколік мой, дзе лётаў, што шукаў?

– Ланя, нам трэба пагаварыць.

– Аб чым жа?

– Я хачу ўзяць другую жонку.

Хоць і гатовая была Ланя да такой гаворкі, усё роўна крыўда здушыла горла. Але справілася з сабой:

– Я ж сама прапанавала. І гэта Ятвінга?

Здзіўлена паглядзеў Лошна на жонку:

– Так, Ятвінга.

– А дзе цяпер маё месца будзе?

– Дзе было, там і будзе.

– Э-эх, Лошна Заманавіч! Хіба гэта магчыма?

Яны доўга сядзелі моўчкі.

– Ланя, а можа, паладзіце, ― сказаў Лош. Ён зрабіў рух, каб узяць жонку за плечы, але тая не дазволіла, адвярнулася:

– Можа й паладзім…

Падвечар у Ведзьмядзі прыскакаў ганец. Да Волада. Хутка стала вядома, што дрыгавіцкія семірадцы з Прыпяці клічуць дружыну, і наогул, усіх добраахвотнікаў ў набег. І не куды-небудзь, а на Царград. Ізноў збіралі веча і цягнулі жэрабя. На гэты раз з Ведзьмядзёў, Вусьця і Руды з дружынай ад’яжджалі тры дзесяткі конных і пешых вояў. Лошу зноў не дасталася доўгай трэскі, калі цягнулі жэраб, і ён заставаўся. Сярод тых, каму пашанцавала, былі Нор, Каліна і Бор, а таксама Лупач і Озем з Вусця.

Моўчкі праважалі ладдзі і чоўны, на гэты раз ўверх па плыні Нёмана. Частка войска на конях і з абозам рушыла да Руды па берагавых сцежках. Ізноў многія маладыя жанчыны ўпотай змахвалі слязу.

На твары Команя гулялі вужлакі. Не падабалася яму становішча, у якое трапляў род. З сямі дзесяткаў сталых вояў на месцы заставаўся толькі трыху больш за адзін сарок. Ён адвёў Волада ў бок і штосьці ціха, але даволі доўга, гаварыў яму. Волад выслухаў з усмешкаю, але ўважліва. Потым жартаўліва абняў суровага правадыра ведзьмядзёўцаў:

– Усё будзе добра, Комань. Чакайце нас са здабычай. Вось як вернемся, ― мы з поўдня, а першая ватага з захаду, ды ўсе са здабычай! Што ты тады скажаш? Зажывё-о-ом!

Потым адхіліўся і больш сур’ёзна дадаў:

– А наконт яцвягаў, ― ты ж ведаеш, да памор’я таксама шлях няблізкі. Ды і замірэнне ўсёж-такі. Яно ім больш, чым нам патрэбнае. Ну, а як што не так, то адыйдзеш у лес, як заўсёды.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю