Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 24 страниц)
Глава 39.
Тры двубоі
Барнім Кашэба не здолеў сабраць дастаткова войска і караблёў, каб напэўна перамагчы ў адкрытым баі яцвягаў. Але ён не адступіўся ад далейшага наладжвання пагоні. На тузін вялікіх марскіх ладдзей, якія былі ў наяўнасці, і кожная магла змясціць паўтара сарака ваяроў, ён пасадзіў усё пешае войска і частку конніцы. Астатнія вершнікі перасоўваліся берагам. Вецер хоць і не быў зусім папутны, але тым не меней ўдалося скарыстаць ветразі. Судны аддаліліся ад берага, каб не заміналі прыбярэжныя выспы, і ўпэўнена пераадольвалі сапраўдныя марскія хвалі, ― памаране былі добрымі мараходамі.
Кашэба з перадавой ладдзі ўглядаўся наперад. Вужлакі гралі пад кароткай барадой.
– “Эх, каб дагнаць іх на вадзе!” ― думаў ён, ― “Тут бы мы з імі хутка расправіліся!”
Але на вадзе нічога не было відаць. І толькі калі наблізіліся да пачатку Вялікай Касы, пачуўся голас востравокага дазорнага:
– Ладдзі на беразе! Управа па носе!
Так. Цяпер і Кашэба ўбачыў на вузкай паласе берагавога пяску стаячыя бок аб бок ладдзі насамі да вады.
– Павярнуць туды! ― скамандаваў Кашэба.
Комат не стаў чакаць, пакуль памаране іх дагоняць. Тым болей на марской вадзе, дзе яцвягі не былі спрактыкаваныя да баявых дзеянняў. Пакуль на моры паказаліся першыя ладдзі памаран, яны паспелі перанесьці на другі бераг касы чоўны і частку плытоў. На гэтым беразе на хуткую руку ладзілі ўмацаванні. Ладдзі да паловы выцягнулі на бераг і абапёрлі борт да борта насамі ў мора. На захад ад іх ўпоперак касы з часткі плытоў, развязаўшы іх і завастрыўшы канцы бярвенняў, зрабілі засекі, за імі паставілі вазы. На вяршынях некалькіх выдмаў змесцавалі лепшых лучнікаў, у складках мясцовасці паміж выдмамі засяродзілася конная частка войска. Чвэрць ваяроў была пастаўленая на ахову чоўноў, здабычы і палонных. На высокай выдме, што ўзвышалася за кармамі ладдзей, стаяў Комат, трымаючы руку на перавязі ― рана атрымалася досыць цяжкаю, і куніг трыху збялеў, але цвёрда трымаўся на нагах. Ён добра бачыў усіх сваіх і падыходзячыя судны памаран.
Вялікія марскія ладдзі не маглі падысці ўшчыльную з-за мелкаводдзя, таму кінулі з бартоў якары недалёка ад берага, трохі не даходзячы да ўмацаванняў. Кашэба даў загад чакаць. Неўзабаве ўдалечыні, на светлай паласе прыбярэжнага пяску паказаліся сілуэты вершнікаў. Калі конніца наблізілася, пачалі выгружацца ў такім месцы, куды не маглі дасягнуць стрэлы яцвягаў. Ваяры дружна скакалі цераз борт у ваду, часам ажно па шыю, выходзілі на бераг і адразу станавіліся ў баявы парадак. Кашэба нягучна падаваў каманды, нетаропка расстаўляючы дружыны па свайму разуменню. Свежы вецер і сонца хутка высушвалі намоклую вопратку. Яцвягі і дрыгавічы моўчкі назіралі за гэтымі дзеяннямі з умацаванняў. Нарэшце войскі былі гатовыя да бітвы.
Ні той, ні другі бок не жадаў пачынаць першым.
Комату гэтая бітва не была патрэбная. Пачаўшы адыход, ён ужо не павярне ізноў на паморскія землі, нават калі і разаб’е ўшчэнт памораў. Бо за гэтымі прыйдуць другія. Чым далей яго войска будзе тут знаходзіцца, тым меней шанцаў закончыць набег паспяхова, з той здабычай, што яны цяпер маюць. І не жадалася яму класьці тут жыцці сваіх супляменнікаў.
Кашэба не пачынаў, бо ўсё яшчэ меў надзею на падмацаванні. Ён не здолеў знянацку абрынуцца на яцвягаў, а для такой вось пазіцыйнай бітвы ў яго пакуль што было мала войска. Конязь добра разумеў, што калі патрывае паразу, то згубіць свой аўтарытэт, які доўгімі гадамі набываў удалымі ваеннымі дзеяннямі і мірнымі справамі. Але падмацаванняў не было відаць.
І Кашэба, і Комат, ды і большасць вояў з абодзвух бакоў добра ўсведамлялі, што ў бітве, якая мае быць, праільецца шмат крыві, многія загінуць.
Стаялі насуплена. Маўчалі. Фыркалі коні, адзвоньвала збруя, калі яны маталі галовамі або білі капытамі зямлю. Марскі прыбой адну за другой накатваў на бераг хвалі, абмываючы і без таго чысты пясок.
Сонца перайшло за апоўдзень, калі ад памаран наперад на гарачым вараным кані выехаў перагаворшчык. Адразу было відаць, што гэта не просты вой ― пад сядло падкладзена шырокая, прыгожа вышытая, папона, на галаве бліскучы з пазалотай шалом, магутныя тулава і плечы ладна аблягала кальчуга, на грудзях замацаваныя пласціны дадатковай брані. Шчыта або тарчы ў яго не было. Адзін з лепшых ваяводаў Кашэбы выехаў перад сваім войскам і, наблізіўшыся да яцвяскага строю так, што лучнікі папросту маглі б дастаць яго трапным стрэлам, грэбуючы небяспекай, зняў шалом. Без усялякіх прывітанняў прамовіў:
– Ятвязі, ворагі нашыя!! Да вас звяртаюся ад імя конязя Барніма Кашэбы з прапановай! Каб не класці на гэты пясок многія жыцці нашыя і вашыя, прапануем вырашыць лёс сённяшняга супрацьстаяння ў двубоі!!
Легкі гоман сцішаных галасоў пранёсся з абодвух бакоў і сціх.
– Наш слаўны конязь прапануе, ― працягваў перагаворшчык, ― двубой вашаму кунігу!
– Слава Барніму!! Слава Кашэбе!! ― пракрычалі ў памаранскім войску.
Яцвяскія воі маўчалі. Не ім вырашаць, што адказаць на гэтую прапанову.
А перагаворшчык працягваў:
– Калі пераможа наш конязь, вы аддасцё палон і тое дабро, што нарабавалі, а мы адпусцім вас з мірам! Калі пераможа ваш куніг, мы сыдзем, адкуль прыйшлі!
Нейкі момант пасля гэтай прамовы доўжылася цішыня. Потым прагучаў голас Команя:
– Каня мне!! ― куніг хутка спускаўся з выдмы.
Адначасова напераймы рушылі ваяводы з розных частак яцвяскага войска. Яны добра ведалі нораў свайго правадыра. Яшчэ ніхто не заставаўся жывы з тых людзей, што кідалі яму выклік. Але рана, якую атрымаў куніг, надта саслабіла яго. Магутны Вінсэ і невысокі, камлюкаваты Трайга падбеглі, калі Комат садзіўся на свайго гарачага жарабца. Яны паспелі з дзвух бакоў схапіцца за аброць у той момант, калі жывёла ўжо станавілася на дыбкі. Жарабец не змог перасіліць Вінсэ і Трайгу і нізка асеў на заднія ногі. Комат ледзьве утрымаўся ў сядле.
– Адыйдзі!! Забью!!! ― дзікім голасам прагыркаў ён, выхапіў з похваў меч і замахнуўся. Вінсэ і Трайга не прыслабілі хваткі, не зрабілі ніякіх рухаў, каб абараніцца, і не адвярнулі твараў, чакаючы, на каго ж з іх прыйдзецца ўдар правадыра.
– Комат!!! Раздумайся!!! ― грамавым голасам крыкнуў, падбягаючы, вож крысменцаў Скума.
Конь Комата хутка перабіраў нагамі і зноў спрабаваў падняцца на дыбы. Куніг круціў над галавой меч:
– А-адпусці!! Забью!
Але ваяводы моцна трымалі аброць.
– Куніг!! Ці акрамя цябе няма герояў у яцвягаў?! ― крычаў падаспеўшы вож злінцаў Вада, хапаючы яго за стрэмя.
Нейкі час конь з вершнікам і трымаючыя яго людзі напружана моўчкі тапталіся на месцы.
– А-а-а!! Пярун вас трэсні! ― і Комат з сілай увагнаў меч у похвы…
Нейкі час яцвяскія правадыры раіліся. Памаранскі ваявода цярпліва чакаў адказу. Сярод простых ратнікаў запанавала цішыня. Нарэшце ад яцвягаў наперад выехаў Скума. Яму даручылі абвясціць рашэнне ваеннай рады яцвягаў.
– Наш адказ на вашую прапанову! Нашаму слаўнаму кунігу няма роўных у двубоі! Але ён паранены і страціў многа крыві!
Скума пачакаў, як адрэагуюць памаране на гэтыя словы. Памаране маўчалі. Гэта можна было лычыць праявай паважлівага стаўлення да ранення Комата.
– Што датычыць да здабычы, то яна і так нашая! І ніхто не зможа яе адабраць.
Глухі гоман прайшоў па радах памаранскіх вояў:
– Чаго Кашэба чакае?
– Навошта збіраў нас?
– Што тут размазваць, ваяваць трэба!
Скума падняў руку:
– Але мы таксама не жадаем непатрэбнай крыві. І таму прапануем тры двубоі. Першы ― вершнікі на мячах! Другі ― пешыя на сякерах! Трэці ― пешыя з дзідамі! У знак павагі да вашага конязя і вашай смеласці, што вы прыйшлі малым лікам і гатовыя біцца, за кожную перамогу памараніна мы аддамо траціну палону. Пасля двубояў вы адыходзіце і больш не перашкаджаеце нашаму руху.
Памаранскі перагаворшчык скрыгатаў зубамі, калі паварочваў каня. Ён нічога не прамовіў, паехаў да Кашэбы.
Скума застаўся чакаць адказу. Таксама без шалома, цяпер ён быў даступны да трапнага стрэла.
Сёй-той з памаран браў напагатоў стралу, каб паспець застрэліць гэтага нахабнага яцвяга, бо Кашэба не павінен згадзіцца на такую зневажальную прапанову. Напруга ўзрастала з кожным імгненнем. Адзіны заклік заставалася пачуць воям, каб рынуцца на ворага.
Але памаранін вярнуўся. Ён пад’ехаў да Скума і скрозь зубы прамовіў адно слова:
– Згода.
Перагаворшчыкі раз’ехаліся. І памаранскія, і яцвяскія воі мімаволі павесялелі, зразумеўшы, што вялікай крыві на гэты раз не будзе. Усё вырашаць героі. З многіх дабраахвотнікаў, што жадалі здабыць славу, выбіралі самых годных. Ад яцвягаў, каб выбраць вершніка, прыйшлося цягнуць жэрабя паміж ваяводай пакемцаў Вінсэ і ваяводай злінцаў Вада, бо ўмельствам, смеласцю і лютасьцю ў баі, а таксама папярэдняй славай, яны былі роўныя. Жэрабя выпала Вада. На двубой з сякерамі выходзіў дайновец Рытэнь, бо не было яму роўных паміж ваяроў усіх яцвяскіх пляменаў.
Калі пачалі выбіраць трэцяга воя, слова нечакана запатрабаваў Віхура:
– Ніхто не сумняецца, што яцвягі ўмеюць біцца і адвагі ў іх даволі. Але дрыгавічы дасюль не былі ўбаку. І хоць нас нямнога ў вашым войску, але мы просім даць і нашаму вою магчымасць здабыць славу сябе і дрыгавічам.
– Ды вас тут жменя, чаго высоўвацца! ― прагучаў голас з натоўпа яцвяскіх ваяроў, ― гэта наш набег, нам і біцца!
– Так! Сядзелі б сабе ціха! ― падтрымаў яго другі.
– Свой набег ладзьце, там і здабывайце славу!
Вінсэ падняў шчыт і пастукаў па ім мячом. Галасы сціхлі.
– Я не згодзен! Дрыгавічы ў бітвах паказалі сябе не горш за нас. Я абавязаны свайму пабраціму Доўбеню з роду Команяў жыццём. І я такі не адзін!
– Праўда!
– Гэта так!
– Пашанаваць! ― гэта былі галасы тых яцвягаў, што пабраталіся з дрыгавічамі.
– Ну і што з таго!
– У бітве ўсе воі павінны выбаўляць сваіх! ― не згаджаліся іншыя.
– Вось менавіта, сваіх! ― у спрэчку ўступіў Комат. Галасы прыціхлі, ― А калі свае, то маюць права!
Комат паглядзеў у вочы Віхуры:
– Але ці ёсць у вас годны вой? Надта шмат залежыць ад гэтых двубояў.
– Ёсць такі баец! На дзідах яму няма роўных ні сярод нас, ні сярод вас! ― Віхура азірнуўся, ― Гардзей, выходзь!
Гардзей выйшаў з натоўпу і ўздых разчаравання пранёсся ў радах яцвягаў, бо ў іх вачах нічым гэты вой не паказваў, што мае выбітныя здольнасці. Ён быў сярэдняга росту, апрануты хужэй многіх, без абарончых даспехаў, калі не лічыць безрукаўкі з тоўстай бычынай шкуры, з невыразным тварам і шэрымі вачамі, якія спакойна аглядалі натоўп. У руках ягоных была невялікая круглая тарча, зробленая з дубовых плашак і абцягнутая таксама бычынай шкурай, пакрэмзаная шматлікімі баявымі адмецінамі. Рэзка выпіраючы сталёвы умбон тарчы паказваў, што ўжываецца яна не толькі для абароны. У правай руцэ Гардзей трымаў тронак дзіды са ствала маладога граба, таўшчынёй з руку. Доўгі і востры сталевы наканечнік зіхацеў на сонцы. Кароткі корд на шырокім поясе, расшытым дрыгавіцкім узорам, завяршалі яго ўзбраенне.
– Віхура, ці разумеюць твае дрыгавічы, што, калі ваш баец прайграе, то, акрамя яго жыцця, мы ўсе страцім траціну палону? ― запытаў Комат, прыжмурыўшы вочы, нібыта хаваючы ў іх падспудныя агеньчыкі, ― а гэта нашмат больш, чым вашая агульная доля здабычы. Ці згодныя вы рызыкнуць усім, што магло б вам належыць?
– Так, згодныя! ― не задумваючыся адказаў Віхура, ― Але, куніг, павінна быць і ўзнагарода за перамогу.
– Ты ведаеш, узнагарода ― гэта зброя пераможанага.
– Гэта для пераможцы. А для астатніх дрыгавічоў? Мы ж згадзіліся рызыкнуць усёй нашай здабычай.
– Чаго ж вы хочаце, дрыгавічы?
– Каб ты нас болей не падзяляў сярод розных атрадаў, і ўсе мы маглі трымацца разам да канца паходу.
Комат дапытліва паглядзеў ў вочы Віхуры. Той вытрымаў гэты доўгі пранізлівы погляд.
– Ну, гэта няцяжка, ― усміхнуўся Комат, ― дый хутка канец паходу.
Першымі выехалі вершнікі.
Супернікам Вада быў знакаміты памаранін, у добрым даспеху, з доўгім мячом, на жвавым жарабцу. Яны здалёк прышпорылі коней, і, набіраючы хуткасць, рынуліся адзін да другога, трымаючы мячы на выцянутай наперад і ўверх руцэ, джалам трыху ніжэй шалома, каб ударыць зверху ўніз над тарчой, ў неабаронены твар або шыю. Вось яны зблізіліся, два ўдары зліліся ў адзін гук, ― мячы былі адбіты шчытамі. Коні аднеслі іх ў процілеглыя бакі. Вершнікі хутка іх развярнулі, імкнучыся апярэдзіць адзін другога пачаткам новага нападу, і ўсё ж адначасова прышпорылі коней. Тыя, коратка зароўшы, вялікімі скокамі, пераходзячымі у галоп, пачалі новае збліжэнне. Цяпер вершнікі трымалі руку з мячом ззаду на замаху, і ў момант збліжэння рэзка выкінулі наперад свае шчыты, разлічваючы, што супернік згубіць раўнавагу і тады ўдасца яго дастацць мячом. Але ўзаемны ўдар апынуўся такім моцным, што яны абодва на нейкае імгненне пахіснуліся і не змаглі рубануць мячамі. Да таго ж, іхнія шчыты разваліліся і прыйшлося іх адкінуць. Гэта было супадзенне ― вершнікі дасюль думалі і дзейнічалі аднойкава, чым заваражылі ўсіх, хто глядзеў на двубой. Коні ізноў раз’ехаліся, і зноў былі развернутыя і дасланыя насустрач. Цяпер толькі конская шыя і майстэрства былі абаронай. Але вершнікі не думалі абараняцца. На гэты раз перад самым сутыкненнем яны паступілі па-рознаму. Вадо рэзка прыгнуўся ніжэй грывы каня ў кірунку суперніка і знізу маланкава выкінуў руку з мячом. Памаранін наадварот, гэта жа рэзка прыўстаў на страмёнах і з шырокага замаху, з прасадкай, рубануў. Дзейнічалі яны па-рознаму, але вынік ізноў выйшаў аднолькавы ― вершнікі зляцелі з коней і як нежывыя грукнуліся аб зямлю. Ашалелыя жывёлы далёка разбегліся па калідоры паміж войскамі. Вада памёр адразу, зарубаны страшэнным ударам. Памаранін паспрабаваў падняцца, але з горла ў яго пайшла густая кроў, і ён моўчкі паваліўся на бок. Усе ўбачылі, што тулава ягонае было наскрозь пратыкнута мячом яцвяга.
Нейкі час панавала цішыня. Звычайна ў такіх двубоях пераможца забіраў з пераможанага даспехі і зброю.
Але цяпер пераможцы не было.
Нарэшце, выйшла некалькі злінцаў і забралі свайго ваяра. Тое ж зрабілі і памаране. Гуд прыцішаных галасоў чуўся у абедзвух войсках. Ён доўжыўся, аж пакуль не выйшла наступная пара. З боку яцвягаў гэта быў высокі ростам і магутны ў плячах дайновец Рытэнь. Памаране выставілі не меней моцнага воя Тронзу.
Баявая сякера. Гэта страшэнная зброя ў руках дужага ваяра. Як удар трапны, то не ратуе ні тарча, ні панцыр, ні кальчуга. Калі на поле бітвы зыходзяцца двое з сякерамі, то вырашальнае значэнне мае не ўменне наносіць удары, а здольнасць ад іх увярцецца. У абодвух ваяроў былі цяжкія сякеры з шырокім лязом і падоўжанымі дубовымі дзяржальнямі-сякерышчамі. Без шчытоў, у кальчугах, яны трымалі страшную зброю аберуч. Нейкі час рухаліся па колу, пільна гледзячы адзін на другога. Вось памаранін зрабіў прытворны выпад і тут жа з кароткага замаху ўдарыў па Рытэню. Той быў напагатове, лёгка сышоў з-пад удара і адразу з шырокага замаху пацэліў суперніку ў галаву. Але Тронза гэтак жа лёгка адвёў сустрэчным рухам сваёй сякеры смяротнае лязо, толькі дзвонка стукнулася жалеза аб жалеза. Яны зноў разыйшліся і нетаропка рухаліся па колу, трымаючы сякеры наперавес. Ізноў замах, і сыход. Замах і сыход. Усё хутчэй рухі ваяроў. Але цяжкая зброя ― баявая сякера. І рухі запаволіліся. Раптоўна Рытэнь зрабіў глыбокі выпад і без замаха ткнуў сякерай перад сабой. Ён дастаў кальчугу памараніна. Той пачаў падаць, толькі гэта быў падманны рух ― у падзенні ён шырока замахнуўся нізам каля самай зямлі і рубануў дайноўца па назе. Яны абодва ўпалі на пясок і тут жа ўскочылі, але параненая нага Рытэня здрадзіла яму, і ён, губляючы раўнавагу, прыпаў на калена. А сякера памараніна ўжо апісвала смяротнае паўкола. Дайновец паспрабаваў ухіліцца, падаўшыся наперад, ды супернік здолеў падправіць рух сваёй сякеры, трыху адскочыўшы назад, і ўдар, які прыйшоўся па шоламу, праламаў і моцнае жалеза, і чэрап Рытэня.
Пераможца падняў сякеру над галавой і патрос ёю ў паветры. Памаране бурна радаваліся.
– Слава Тронзе!!
– Слава памаранам!!
– Тронза герой!!
– Слава! Слава!
Яцвягі насуплена маўчалі, цяжка перажываючы няўдачу. Калі будзе прайграны апошні двубой, то акрамя палоных, яны страцяць і пачуццё перавагі над памаранамі, а атрыманыя дагэтуль перамогі будуць перакрэсленыя. Кожны памаранін зможа сказаць, што яцвягі ўмеюць толькі драпежнічаць ды рабаваць.
Настаў час Гардзея. Ён нетаропка выйшаў з шэрагу дрыгавіцкіх вояў, спакойнымі вачыма вывучаючы свайго суперніка, які таксама аддзяліўся ад сваіх, і рухаўся да месца двубоя, афарбаванае крывёю папярэдніх удзельнікаў. Выгляд гэтага памараніна не прадвесціў для Гардзея нічога добрага. Высачэнны, з моцнымі і доўгімі рукамі, ён легка трымаў цяжкую дзіду і, трохі выцягнуты, з закругленымі вугламі шчыт, акаваны тоўстымі меднымі бляхамі, і меў вельмі ваяўнічы выгляд. Такія ж бляхі былі нашытыя на грудзях і на плячах аздобленай памаранскімі арнаментамі адзёжы з тоўстай турьей скуры. Ніхто з яцвягаў і ніхто з памаран не даў бы перамогі Гардзею. І толькі дрыгавічы, якія шмат разоў бачылі яго ў справе, не гублялі веры ў свайго ваяра. Памаранін адчуваў сваю перавагу і не збіраўся марнаваць час. Ён сходу накіраваўся да Гардзея, зрабіў некалькі падманных рухаў, падкінуў дзіду ўверх, у паветры перахапіў яе знізу і раптам моцна, не выпускаючы з рук, даслаў яе проста ў неабаронены тарчой бок суперніка. Ніхто не прыкмеціў няўлоўны рух Гардзея, але лязо дзіды прайшло міма ў валасіне ад яго цела. Ды памаранін быў вопытны вой, і, адчуўшы прамашку, прадоўжыў напад, маланкава перавярнуўшы дзіду наперад тупым канцом і цаляючы ў галаву дрыгавіча. Ізноў няўлоўным наклонам галавы Гардзей ухіліўся. Памаранін адчуў няладнае і адступіў, адначасова зноў паварочваючы дзіду вострым наканечнікам наперад. На гэты раз ён з усёй сілы ўдарыў проста ў тарчу, разлічваючы прабіць яе наскрозь вострым лязом з загартаванага жалеза. У апошні момант Гардзей адхіліўся, ступіўшы ўправа і моцным ударам тарчы адбіў дзіду ўбок. Гэта было нечаканым для памараніна, які з цяжкасцю ўтрымаў тронак у руцэ. Ад удара яго трыху развярнула, і ён на кароткі момант згубіў Гардзея з поля зроку. А калі вочы яго знайшлі дрыгавіча, то ўбачыў ён тарчу, што ляцела яму проста ў твар. Інстыктыўна ён падняў шчыт, каб абараніцца, а гэта толькі й трэба было Гардзею. Абодвума рукамі ён усадзіў дзіду трыху ніжэй прыўзнятага шчыта памараніна проста пад рэбры. Магутны ваяр заваліўся на пясок, ягоныя здзіўленыя вочы шукалі суперніка. Ён так і не зразумеў, што здарылася, і памёр праз некалькіх сутаргавых уздыхаў пасля таго, як дрыгавіч выцягнуў з яго дзіду.
Так Гардзей выратаваў гонар яцвягаў і здабыў славу сабе і дрыгавічам.
Памаране вярнулі палову сваіх палонных. Цяпер, паводле дамоўленнасці, яны павінны былі сысці. Але наперад ізноў выехаў перагаворшчык.
– Наш конязь прапануе сустрэцца з вашым кунігам для размовы.
– Я прыймаю прапанову, ― адказаў Комат.
Яны сустрэліся сам-насам на тым месцы, дзе толькі што адбыліся двубоі. Вярхом на конях, без шаломаў, яны паднялі правые рукі, паказваючы, што не маюць падступных задум.
– Я, Барнім Кашэба, конязь памаран, жадаю гаварыць з табой, як з ваяводам яцвяскім.
– Я, Комат Нараўскі, куніг яцвягаў, слухаю цябе, ваявода памаранскі.
– На гэты раз твой верх, куніг Комат Нараўскі. Я выканаю дамоўленнасць і адвяду сваё войска. Але другім разам так не будзе.
– Што ж, конязь Барнім Кашэба, вайсковае шчасце пераменлівае. На гэты раз багі спрыялі менавіта нам.
– Мы бачым у вашым войску дрыгавічоў. Хіба паміж вамі мір? Яны ўжо не прасоўваюцца на вашыя землі?
– Не мір, але замірэнне. Яно не навек. Што датычыць гэтых дрыгавічоў, то тут мы маем свой разлік.
– Гэта вашыя з імі справы, куніг. Пярэйдзем да нашых. Мы прапануем выкупіць палонных.
– Палонныя ― здабыча каштоўная. Чым будзеце плаціць?
– Можам аддаць некалькі нашых ладдзей, ― Кашэба рукой паказаў на свае судны, Ёсць добрая зброя. І, нарэшце, бурштын.
– Плаванне на вялікіх ладдзях не ўваходзіць у нашыя пляны, ― сказаў Комат і спытаў, ― Якая зброя?
– Маем тузін свейскіх мячоў.
– То добра, за кожны меч аддамо па пяць палонных.
– Згода. А бурштын?
– Бурштын ― добры тавар. Па кашэлю бурштыну за палоннага.
– І за дзяцей? ― запытаў Кашэба.
– За дзяцей па поўкашэля, ― цвёрда адказаў Комат.
– Што ж, хай будзе так. Жадаю нам больш не сустракацца.
– На ўсё воля багоў.
Яны зноў паднялі правыя рукі, павярнулі коней і раз’ехаліся.
Памаране выкупілі яшчэ палову рэшты палону.
На Веверыцу і яе дзяцей выкупу не хапіла, бо не было ў памаранскім войску нікога з яе радні, каб пахадайнічаць за яе.
Моўчкі вяртаўся Барнім Кашэба наперадзе памаранскай конніцы па амаль белым пяску ўздоўж хвалістага мора. Па правую руку цяжка ішлі на вёслах супраць ветра, з прыбранымі ветразямі, ладдзі. На ладдзях акрамя вояў, налягаючых на вёслы, былі размешчаны вызваленыя з палону супляменнікі. Хмурны быў конязь. Вужлакі гулялі пад барадой, прыкрасць панавала ў пачуццях. Не ад таго, што аддаў яцвягам дарагія мячы і весь запас бурштыну, і свой, і той, што ахвяравалі людзі. Гэтае яшчэ нажывецца. А ад таго, што не мог размаўляць з ворагам з пазіцыі сілы, як падабае моцнаму конязю. Дагнаць! Разбіць ўшчэнт! Не толькі вярнуць нарабаванае, а правучыць, каб больш непанадна было нават глядзець у гэтым кірунку.
– “Косткамі лягу, а аб’яднаю памаран!” ― кляўся ён сабе, ― “Пад жорсткай уладай, разам павінны дзейнічаць усе роды, усе плямёны, вялікія і малыя, калі вораг урываецца ў гэтую зямлю! А хто не захоча, таго сілай змусіць ― усе павінны несці ваенны цяжар пароўну…”
Прайдуць дзесяцігоддзі, і па прозвішчу конязя, намаганнямі яго, і многіх ягоных нашчадкаў, стане вядомым не толькі сярод памаран, а і далёка ва ўсе бакі племянны звяз кашубаў, або, як яны самі завуць сябе, ― кошэбі. І калісці зноў народзіцца Барнім Кашэба, які ўпіша сваё імя ў скрыжалі гісторыі. Зменяцца часіны, дзяржавы, эпохі, пракоцяцца па памаранскім землям многія войны, але кашубы-кошэбі не згубяцца ў смузе няўмольнага часу…








