412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 19)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 24 страниц)

Глава 37.

Яцвягі пачынаюць Вялікую Вайну

У Ведзмядзях, Перуновай Старыцы і Рудні днём не заставалася аніводнага працаздольнага чалавека. Верасеньскі прыпар ― збор зернавых раслін, ― патрабаваў вялікіх намаганняў. Ураджай паспеў добры, таму і працавалася з добрым настроем, хоць і не хапала мужчынскіх рук. Кабеты з песнямі дажыналі і адразу звязвалі ў снапы жыта, пасеянае на новых лядах ― не здарма столькі паклалі намаганняў, каб зваліць лес, раскарчаваць пянькі, адрубаць ад ствалоў галлё, раскласці усё гэта роўным пластам і спаліць так, каб не перакінулася полымя на лес, а згарэла толькі вызначанае. Потым попел хутка ўгорвалі ў зямлю, каб не разнёс вецер і не змарнаваў цяжкую працу. Затое цяпер некалькі год поле гэтае будзе спраўна карміць, калі Пярун пашле добрую пагоду і сваечасовыя дажджы.

Мужы адразу клалі снапы на падводы і адвозілі ў гумно ― там яны пачакаюць, пакуль дойдзе чарга да малацьбы.

Комань не губляў пільнасці. Нават у гэты час, калі кожная пара рук мела вялікі кошт, ён дасылаў паляўнічых і рыбакоў у дазор па Нёману і па Маўчадзе, каб з розных бакоў старажылі зямлю, што належыла роду, а заадно і здабывалі звера і рыбу. Пагражаць маглі не толькі яцвягі, але і нечаканыя залётныя дружыны, што часам шукалі хуткай здабычы. Таму ў мужоў, акрамя прылад працы, заўсёды была пад рукою і зброя.

Сонца паднялося высока і цёплыя жнівеньскія промні добра выгравалі зямлю, калі з лесу да Ведзмядзёў выйшаў чалавек. Ніхто не чакаў людзей адтуль, бо ў бліжэйшых наваколлях лясы перамяжоўваліся з балотамі, і трэба было добра ведаць іх, каб мудрагелістымі звярынымі сцежкамі выйсці да паселішча. Чалавек клыгаў, абапіраючыся на суліцу і падвалакаючы нагу. Адзёжа абадраная і брудная, аднак можна было зразумець, што гэта ваяр, бо меў пры сабе меч і корд у скуранных похвах. Старая Аўдзя, якая з дарослых заставалася адна ў паселішчы, доўга ўглядалася падслепаватымі вачамі ў замучаны твар прыхадня, але так і не пазнала яго.

– Дрэвіла я, ― прамовіў чалавек і цяжка апусціўся на калоду, што стаяла поруч бліжэйшай да лесу хаты. Яго тут жа абкружыла дзятва з самых малых, якую па ўзросту яшчэ не бралі ў поле. Яны моўчкі стаялі вакол Дрэвілы і баяліся падысці бліжэй, бо той выглядаў страшнавата.

Старая адразу ўсё зразумела. Хадзіць яна амаль не магла, таму прыйшлося чакаць першай падводы, якая прывязе снапы да гумна.

– Дзеткі, хто тамака едзе? ― спытала яна, калі, нарэшце, паказалася падвода.

– Лош! Гэта дзядзька Лош! ― закрычалі дзеці амаль усе разам.

– Лошна! Хадзі сюды! Хутчэй! ― паклікала старая.

– Зараз, цётка Аўдзя! Снапы толькі скіну!

– Снапы пачакаюць! Дрэвіла прыйшоў!

Пачуўшы імя Дрэвілы, Лош кінуў падводу і падбег.

– Кліч Команя, ― слабым голасам сказаў Дрэвіла, ― вайна на парозе, браце. Трэба паспець расказаць, што ведаю. Здаецца, я доўга не працягну. Кепска мне.

Лош выдбег на пляц пасярэдзіне паселішча і моцна стукнуў па доўгаму кавалку жалеза, што вісела на сталбе каля капішча. Працяглы гук разыйшоўся па акрузе.

Пакуль чакалі Команя, Лош прынёс Дрэвіле збанок малака і ежу. Потым дапамог яму дакульгаць да сваёй хаты, пасадзіў на прысьбу.

– Комань, здрада! ― пачаў гаварыць Дрэвіла, калі той з’явіўся, ― Куніг Комат адмыслова прывабіў нашых вояў у набег на памораў, каб паслабіць моц дрыгавічоў на Нёмане. Думаю, што іх усіх заб’юць у канцы набегу, а яцвяскае войска Комата адразу прыйдзе сюды.

– Лошна! Бі трывогу! ― загадаў Комань.

Над Маўчадай і Нёманам панесліся частыя ўдары трывожнага біла.

– Дрэвіла, дарагі ты мой чалавеча, як жа ты здабыў гэтыя звесткі? ― спытаў Комат, абдымаючы выведніка за плечы.

– Я асабіста чуў размову Комата з яцвягамі на іхняй заставе.

– А напарнік твой, Ветыш?

– Загінуў. Але даў мне магчымасць адарвацца ад пагоні.

– Што з нагой?

– А-а! Прыйшлося шчапіцца з нейкім ізгоем.

– Не з нашых?

– Здаецца, не.

– З яцвягаў?

– Не ведаю. Не размаўлялі мы. Забіў я яго.

Веча было кароткім. Вырашылі паслаць дазоры ўніз па Нёману і гатавацца да сыходу з паселішчаў уверх па Маўчадзе, у тайныя схованкі, якія былі прыгатаваныя на такія вось патрэбы. Калі дазоры не знайшлі ніякага войска на Нёмане ажно да ўпадзення Росьвы, трыху супакоіліся, і адважыліся скончыць жатву. Па начах, пад святло месяца і паходняў, малацілі снапы. Большую частку зерня і другія прыпасы, якія не маглі ўзяць з сабою, закопвалі ў патаемныя ямы, закідвалі іх усялякім смеццем і галінамі дрэў. Увесь гэты час дазоры пільна сачылі за наваколлем. Дзень праходзіў за днём, усё было спакойна, але Комань не даваў увайсці жыццю ў мірную каляіну. На Маўчадзе стаялі гружоныя ладдзі і чоўны, якія былі гатовыя ў любы момант рушыць.

Конязь Спіслаў Лівецкі, паддаўшыся на ўгаворы, за якімі маўкліва адчувалася пагрозлівая магутнасць набіраючай моц людскай супольнасці, не заўсёды добраахвотнай, даў згоду на далучэнне да Мазаўшанскага звяза плямён. І хоць ён і здолеў агаварыць для сябе пэўную долю самастойнасці, але адразу пагоршыў адносіны з бужанамі, на мяжы з якімі па леваму берагу ракі Лівец месцілася ягонае племя. Тым не меней, маючы даўнія свойскія сувязі з нараўскімі кунігамі, і калі тыя прапанавалі прыняць удзел ў вайне за Панямонне, то ў яго было толькі адно пытанне: што ён і ягоныя дружыннікі будуць мець? А калі атрымаў адказ “што ў дрыгавічоў ды крывічоў захопіш, тое табе і будзе”, то адразу пачаў гатаваць атрад. Усю дружыну ён не мог зрушыць, асцерагаючыся бужанаў, асабліва цяпер, напрыканцы жніва, калі было што парабаваць, таму ўзяў у паход толькі дзве сотні. Ён сабраўся досыць хутка, і на чоўнах ды невялікіх ладдзях па Лівецу і Бугу спусціўся да Нарава. Тут даведаўся, што войска Комата яшчэ не вярнулася з набегу на памаран, ды яго і не будуць чакаць, праз дзень рушаць, каб не тоўпіцца празмеру на волаках ды малых рэках на шляхах да Нёмана. А Комат дагоніць.

Спіслаў даў сваёй дружыне адпачыць палову дня, і за гэты час сцяміў, што калі ён будзе рухацца разам з усім яцвяскім войскам, то ўрваць добрую здабычу будзе цяжка ― не дапрэшся. Таму ён прапанаваў яцвяскім правадырам, што пойдзе ў авангардзе. Тым не вельмі хацелася адпускаць без усялякага кантролю хоць і саюзнікаў, але ўсёткі чужынцаў, таму яны пагадзіліся пры ўмове, што з ліўцамі пойдзе адзін сарок яцвяскіх вояў. Спіслаў з неахвотай, але прыняў гэтую ўмову.

І вось цяпер ён рухаўся, апярэджваючы на поўдня-дзень перадавое войска яцвягаў.

Ястр і другія знахары ўпарта змагаліся за жыццё Дрэвілы, ды на гэты раз перамагчы смерць не здолелі. Нага загнаілася дзесьці ў сярэдзіне сцягна, яе разрэзалі, але смяротная зараза ўжо дайшла да вантроб. Выведнік памёр моўчкі, сашчаміўшы зубы.

Ведзмядзёўцы і многія ваяры з іншых паселішчаў шчыльна стаялі вакол пахавальнага вогнішча, калі прыйшла вестка ад дазору: ад Росьвы ўверх па Нёману рухаецца войска. Усе разумелі, што трэба тэрмінова адыходзіць, але непахаваным Дрэвілу пакінуць ні ў кога не з’явілася нават у думках. Чакалі, пакуль дагараць тоўстыя палены разам з целам слаўнага выведніка і ваяра, адначасова рылі на могільніку неглыбокую яму. Потым пахавальны гаршчок з попелам і некаторымі асабістымі рэчамі Дрэвілы паклалі на дно, запоўнілі магілу грунтам і зверху зрабілі невялікі насып. Курган яны насыплюць, калі вернуцца ― такі, які заслужыў слаўны выведнік.

Калі пачалі сыходзіць, асноўная маса народу вадой, многія конныя і пешыя воі берагам, то некатоыя старыя, адчуваючы, што ў цяжкім спадарожжы будуць толькі лішнім клопатам для суродзічаў, наадрэз адмовіліся садзіцца ў ладдзі і чоўны:

– Мы застанемся. Нас не крануць. Каму мы патрэбныя? Мы не перажывем гэтай вандроўкі. Усе адно хутка паміраць. То лепей тут.

Былі слёзы, упрошванні. Таго-сяго ўгаварылі і пасадзілі ў чоўны. Але, калі адплывалі, то на беразе засталіся тры згорбленыя постаці, якія доўга махалі рукамі ўваслед. Гэта былі старцы Ікла і Грыб, а таксама падслепаватая баба Аўдзя. Нічога не зробіш ― дрыгавічы людзі вольныя.

Вось і конны дазор зняўся з вусця Маўчады, моўчкі праехаў скрозь Ведзмядзі, і растварыўся ў карчах за ваколіцай.

Яцвягі з мясцовых навялі Спіслава на паселішча дрыгавічоў. Напалі на досвітку, мяркуючы заспець знянацку. Калі ліўцы зразумелі, што спазніліся і вялікай здабычы не возьмуць, то залютавалі. Урываліся ў дамы, крышылі ўсё запар, шукаючы прыхаванае дабро. Знаходзілі мала, ад злосці палілі будынкі. Стары Ікла не вытрымаў, калі падпальвалі ягоную хату, вырваў з рук маладога ліўца паходню, кінуў на зямлю і пачаў затоптваць полымя. Адначасова ягоны малады ваўкападобны сабака таксама напаў на ворага, і лівецкі вой зарубаў мячом спачатку сабаку, а потым і старога.

Убачылі свежую зямлю на магіле Дрэвілы, падумалі, што схітравалі дрыгавічы і закапалі на могільніку дабро. Узяліся раскопваць. Грыб стаў пранізлівым старэчым голасам праклінаць капальнікаў:

– А каб вас Пярун забіў! Што ж вы робіце ― гэта ж магіла! Нельга! А каб у вас рукі адсохлі! А ліхаманка на вас і на ўвесь ваш род!

Яго пратыкнулі дзідай і скінулі ў разрытую магілу Дрэвілы. Суправаджалым яцвягам на спадабаліся паводзіны ліўцаў, і яны спрабавалі спыніць самаўпраўнасць саюзнікаў, але тыя толькі раз’юшана агрызаліся:

– Пайшлі вы ў балота!

– Настаўнікі знайшліся!

– Вы нам не ўказ!

Тады яцвягі грэбліва адышлі ў бок і моўчкі назіралі. Яны не пажадалі нават прыймаць удзел у дзяльбе збожжа ― адну схованку знайшлі-такі ліўцы.

Калі следапыты даклалі Спіславу, што людзі з паселішча сышлі ўверх па Маўчадзе, ён вырашыў пераследваць іх. Яцвягі запратэставалі:

– Нам трэба рушыць па Нёману! Так вырашыла ваенная рада!

– Вам трэба, вы і рухацейся! А я сваёй здабычы не выпушчу! ― такі быў адказ Спіслава. На тым конязь з яцвягамі і разышліся, бо тыя вярнуліся на Нёман чакаць асноўныя сілы.

Яцвяскі ваявода перадавога войска, махнуў рукой:

– Няхай самі даюць сабе рады.

Ён быў пахмурны і незадаволены пачаткам паходу, бо выходзіла, што хтосьці папярэдзіў дрыгавічоў, а яцвяскія кунігі спадзяваліся не толькі вярнуць Панямонне, але і падпарадкаваць сабе тутэйшых насельнікаў, хай бы яны былі дрыгавічамі, крывічамі, бужанамі, або яцвягамі, якія перайшлі пад руку іхніх конязяў. Ну, ды ваенныя дзеянні толькі пачынаюцца. А ліўцы-мазаўшане? На кой ляд было іх клікаць? У іх мэта нарабаваць і ўцячы. Можа быць, нарвуцца дзе-небудзь ― дрыгавічы ваяваць умеюць, асабліва па лясах, не кажучы пра балоты ― там ім наогул няма роўні. А яцвягам трэба замацавацца, вярнуць пад сваю руку спрадвечныя рачныя шляхі ды волакі. Спачатку трэба трывала сесьці на Нёмане, а ўжо потым ганяцца па нетрам за збеглымі. Сілаў і сваіх павінна хапіць, ― рыхтаваліся доўга і старанна. Калі Комат са сваім войскам надоўга не затрымаецца на Вістуле, то збярэцца моц, якой даўно не было ў яцвягаў.

Ведзмядзі выгарэлі дашчэнту. Сярод дымлівых развалін, там дзе толькі што стаяла паселішча, сядзела на калодзе старая Аўдзя. Яна хісталася з боку ў бок і ціхенька выла.

У дзвух ваяроў, што раскопвалі магілу Дрэвілы, у першую ж ноч адняліся рукі, ― у тыя часы праклёны частей дасягалі мэты, ды і стары Ікла быў не просты дзед ― аднім з заняткаў яго было вядзьмарства. Многія з ліўцаў плявалі ў бок сваіх пацярпелых:

– Так вам і трэба! ― і кідалі непрыязныя позіркі ў бок конязя Спіслава, ― па ягоным загадзе здзейснілася гэтае блюзнерства.

Лівецкі знахар спачатку адмаўляўся як-небудзь дапамагаць пацярпелым, бо быў адначасова і святаром. Магілы ― свае ці чужыя, ― лічіліся для яго недатыкальнымі, тым болей, што багі ў дрыгавічоў амаль тыя ж, што і ў мазаўшанаў, але пад пагрозамі Спіслава павінен быў заняцца імі. Не адзін дзень ён выдаткаваў, каб лёкамі і вядзьмарствам вярнуць няўдачлівых ваяроў у лад.

Глава 38.

Барсуковіца

Сонца паволі хілілася да зямлі, трэба было зноў думаць аб начлегу. Рака прыціскалася да правага берагу, і там было шмат падыходзячых месц, каб спыніцца, ― яцвягі не падманулі. Але Роздум не даваў каманды, а калі Ясельда павярнула ўлева, і позірку адкрыўся даволі шырокі прыток, ― гэта, мабыць, была Смаляніца, ― то адразу звярнуў у яе.

– Але ж яцвягі не раілі… ― пачаў гаварыць Востравух.

– Вось менавіта таму і пойдзем сюды, ― рашуча абсёк яго Роздум.

– Да барсукоў! Да барсукоў! ― радаваліся Воўч з Ежкам.

Шэры выцягнуў пысу ў кірунку руху і ледзь чутна скавытаў.

– Роздум, а чаго гэта ты сказаў яцвягам, што мы вернемся? ― спытаў Чмель.

– А-а! Няхай думаюць, што вернемся.

– І не шкада табе тавару?

– Што тавар? Жыцце б захаваць!

Нейкі час граблі супраць плыні Смаляніцы ў пошуках зручнага месца і, нарэшце, спыніліся на параўнальна высокім беразе, на невялічкай паляне каля пачатку доўгай грывы хмызоў уздоўж балота. Тут сапраўды віднеліся барсучыныя норы, але здавалася, што яны вельмі старыя і даўно пакінутыя. Шэры спрабаваў залесці ў адну, ды доўгія лапы заміналі, таму цікавасці ягонай хапіла не надоўга.

Канечне, трэба камусьці вартаваць, але ўсе замардаваныя, а паляна ўтульная і бяспечная, да таго ж у іх Шэры. Яны ледзь прымусілі сябе выцягнуць чоўны на бераг, развесці невялікае вогнішча, засмажыць дзічыну, што дасталася ім ад яцвягаў і падсілкавацца. Нягледзячы на прахалодны вечар, ніякога будана не рабілі. Засыналі хто-дзе, накрыўшыся пустым мехам або радном. Воўч, як заўсёды, апрануў яцвяскі падарунак ― ваўчыную шкуру, якая цяпер была для яго і даспехам, і накідкай ад дажджу, і коўдрай. Выразная галава звера, на якой паблісквалі шкляныя вочы, зручна лягла на цемя. Шэры спачатку незадаволена рыкаў, калі бачыў Воўча ў гэтым уборы, нават спрабаваў сцягнуць яго з гаспадара, хапючы зубамі за пысу або вухі, але потым прывык…

Праз кароткі час дружныя сапенне і храп сустракалі надыходзячую цемру.

Можа быць, што яцвягаў яны і падманулі, але не падманвалі яцвягі іх, калі не раілі спыняцца на начлег каля Барсуковіцы. Так называлася ўрочышча ― непрыкметнае ўзвышша, якое цягнулася на добры дзесятак палётаў стралы ўздоўж рэчкі, і ўсё гэтае ўзвышша было парыта барсукамі, якія жылі тут ужо не адзін дзесятак гадоў. Норы пад зямлёй цягнуліся глыбока ўніз і далёка ўшыркі, яны разгаліноўваліся ў мудрагелістую сістэму, мелі шмат уваходаў і выхадаў, пашырэнняў і памяшканняў. У самых ніжніх днямі, а ў лютую частку зімы і кругласутачна ляжалі на посцілках з пахкага разнатраўя барсукі. У летнюю пару кожную ноч, як толькі сонца пачынала закочвацца за дрэвы, яны выходзілі на паляванне. Вось і цяпер з розных нор выйшлі двое маладых барсукоў і амаль адразу сутыкнуліся нос ў нос. Незадаволена пабурчэўшы, пашыбавалі ў розныя бакі ў пошуках спажывы. Яны маглі з’есці усё, што траплялася ім па дарозе, ― жабу, змяю, яшчарку, чырвяка. Так і было заўсёды. Але не ў гэты раз. Пах смажанага мяса настойліва казытаў ў насах. Што ж гэта такое? Гэта трэба з’есці!

Шэры слухаў дружны храп сваіх спадарожнікаў і старанна вартаваў іх. Цемра паступова акутвала наваколле, і толькі невялічкая прастора вакол патухлага вогнішча часам падсвятлялася вуголлем, якое ўспыхвала ад павеву начнога ветрыку пад суправаджэннем шуму лістоты навіслых над палянай дрэў. Малады воўк, які за лета добра падрос, разумеў, што ён цяпер павінен берагчы сваю зграю, якой па воле лёсу сталі вось гэтыя людзі, старыя і малыя, ― яны ўсе добра ставіліся да яго, і Шэры лічыў сябе паўнапраўным чальцом зграі. Калі ўсе паснулі, ён адчуў сябе важнай постаццю і ганарліва сядзеў, услухоўваючыся ў начныя шумы і ўлоўліваючы нервовымі ноздрамі лясныя пахі.

Праз нейкі час ён настарожыўся: штосьці было не так.

Барсук пхнуўся на смачны пах. Вецер дапамагаў яму трымаць кірунак, і ён усё бліжэй уперавалку, ― так ходзяць усе барсукі, ― прасоўваўся да мэты супраць ветру, які адганяў ягоны асабісты пах, а шум лістоты маскіраваў гукі крокаў. Таму Шэры яго і не выявіў, хоць і круціў старанна носам і вухамі ўва ўсе бакі, аж пакуль пры чарговай успышцы вуголля раптам не ўбачыў выцягнутую морду з дзвюма шырокімі падоўжнымі палосамі, круглым пляскатым кончыкам носа і невялічкімі тырчашчымі вухамі. Воўк зароў і кінуўся наперад. Барсук імгненна зразумеў, што перад ім яшчэ не дарослы звер і знянацку агрызнуўся, ды так шалёна, што Шэры адскочыў убок. У наступнае імгненне ў маладым ваўку прачнулася ўся моц драпежнай натуры, і ён ізноў кінуўся на барсука, імкнучыся схапіць таго за шыю. Барсук другі раз агрызнуўся, але зразумеў, што супернік не спалохаўся, і ўжо нікуды не пабяжыць, а будзе атакаваць далей. І, хоць быў ён цяжэйшы, і, напэўна, мацнейшы за Шэрага, але бойка ніколі не ўваходзіла ў ягоныя пляны. Таму ён развярнуўся і пашыбаваў назад, ― ежы ў лесе хапае. Шэры пагнаўся за ім. Калі даганяў і хапаў за тоўсты барсуковы зад, той гыркаў, клацаў сваімі не надта вострымі зубамі. Раз яму ўдалося схапіць воўка за плячо, і той адчуў, што супернік мае даволі моцныя сківіцы, на якія лепей не трапляць. Ды гэта яго не збянтэжыла, а, наадварот, разахвоціла, і ён нападаў на барсука раз за разам. Той пабег. Калі Шэраму ўдавалася-такі схапіць сваімі вострымі зубамі яго за сцягно або за бок, то барсук енчыў, нібыта парсюк, а потым ізноў гыркаў. Так яны беглі, грызучыся, падаляючыся ад лагера, і ніхто з людзей ні разу не прачнуўся ад іхняга бурчэння і енку, бо ад нечалавечай стомленнасці спалі, як забітыя.

Шэры захапіўся паляваннем, і хоць ён не разумеў, чым можа скончыцца гэтая сутычка, але паляўнічы інстынкт не даваў яму пакінуць ахвяру. Ды барсук пакуль што і не лічыў сябе ахвярай. Ён цягнуў да бліжэйшай нары. Воўк зразумеў гэта і перакрыў дарогу. Барсук пабег да другой. Шэры зноў апярэдзіў. Тады барсук падскочыў да адкрытага пясчанага грудка і на вачах Шэрага пачаў хутка закопвацца ў зямлю, кідаючы усімі лапамі пясок таму проста ў пысу. Пакуль воўк трос галавою і адфыркваўся, збаўляючыся ад калючых пясчынак у вачах і носе, уцякач больш, чым напалову зарыўся ў зямлю, так што звонку засталіся толькі тоўсты зад з заднімі лапамі, якія працягвалі адкідваць пясок, ды яшчэ кароткі хвост. Вось за гэты хвост і злаўчыўся схапіць зубамі Шэры. Ён паспрабаваў выцягнуць астатняе, з-пад зямлі прычулася прыглушанае скавытанне, барсук моцна турзануўся… і знік у пяску, які яшчэ нейкі час варушыўся на паверхні. Паранены звер енчыў пад зямлёй, паступова падаляючыся, потым ягоны енк заціх, ― напэўна дакапаўся да нары і зашыўся ў самую глыбокую яе частку. А збянтэжаны малады воўк сядзеў на пяску, нічога не разумеючы. У ягонай пашчы быў сціснуты невялікі барсучыны хвост.

У гэты самы час, пакуль Шэры ваюючы з адным няпрошаным госцем, адбег даволі далёка, на лагер, дзе моцна спалі вандроўнікі, выйшаў другі барсук. Нейкі час ён збіраў аб’едкі каля рэшткаў вогнішча, потым ягоную ўвагу прыцягнулі смачныя пахі, што зыходзілі ад чоўна, дзе быў прыхаваны весь харчовы прыпас. Хутка над палянай пачуліся апетытнае чмяканне і задаволенае бурчанне. Потым прыцюпаў яшчэ адзін барсук, потым яшчэ…

Калі Шэры вярнуўся да лагера і ўбачыў, які там быў учынены пагром, ён, адчуваючы сваю віну, завыў ад роспачы, як дарослы воўк. Але і гэта не абудзіла людзей. Той-сёй толькі перавярнуўся на другі бок...

Ранкам першы прачнуўся Чмель. Калі ён зразумеў, што стала з прыпасамі, то адразу накінуўся на Шэрага і пачаў яго хвастаць першай жа галінай, якая трапілася пад руку.

– Ах ты гад! Ты з’еў усе нашыя прыпасы! Ненажэрнае быдла! На табе! На! На! Забіць цябе мала!

Звер моўчкі зносіў пабоі, вінавата прыжаўшы вухі да галавы, аж пакуль абуджаны крыкам Воўч не кінуўся на абарону.

– Ты што?! Дзядзька Чмель! Завошта?!

– А ты пабач, што ен нарабіў! Не-е-е! Я яго заб’ю-у-у! ― Чмель схапіў суліцу і замахнуўся. Воўч моўчкі перагародзіў сабой Шэрага.

– А ты не лезь, мелката! Што цяпер сам жэрці будзеш?! ― рваз’юшыўся Чмель і зноў замахнуўся, пагражаючы цяпер ужо Воўчу. Гэтага Шэры не змог вытрымаць. З кароткім румзам ен ускочыў і кінуўся на старога.

– Шэры, не трэба!! ― крыкнуў Воўч, але той ужо схапіў зубамі руку Чмяля, у якой той трымаў суліцу. Ад нечаканасці Чмель згубіў раўнавагу і ўпаў на спіну, Шэры апынуўся на ім, на Шэрага наваліўся Воўч, хапаючы яго за сківіцы і імкнучыся іх развесці. На гэты раз крыкі і валтузня абудзілі астатніх, і яны кінуліся раздымаць дрыгаючыхся на волглай траве спадарожнікаў.

…Праз кароткі час усе моўчкі стаялі ў крузе. У Чмяля скрозь спехам зробленую павязку праступала кроў. Шэры, ледзь чутна скавычучы, прыціскаўся да ног Воўча і імкнуўся злавіць ягоны позірк.

– Ну, што? ― першы парушыў маўчанне Востравух, ― звер пакуштаў чалавечай крыві. Прыйдзецца яго забіць.

– Я не дам, ― ціха, але цвёрда сказаў Воўч.

– Ён не толькі напаў на чалавека, але і сжор усе нашыя харчы, ― працягнуў свае абвінавачванні Востравух, ― мець такога спадарожніка небяспечна.

– Гэта не так! ― заступіўся Ятэль, ― я паглядзеў сляды. Харчы з’елі барсукі!

– Хм, а дзе ж быў воўк? ― не паверыў Ятэлю Востравух.

– Я таксама глядзеў сляды, ― уступіў у размову Роздум, ― Ятэль добры следапыт, хоць і малады. Дадам, што Шэры не спаў. Пакуль ён ганяўся за адным, харчы з’елі другія. Яцвягі нездарма нас папярэджвалі. Трэба было выстаўляць варту.

– Так! Так! Шэры ваяваў з барсукамі! ― горача прамовіў Ежка, вось нават доказ ёсць, ― і хлопец паказаў усім акрываўлены барсучыны хвост.

– Калі нават не ён з’еў харчы, то на Чмяля напаў менавіта ён! ― не здаваўся Востравух, ― што ж цяпер, чакаць, пакуль ён каго-небудзь схопіць за горла?

– Так, ад гэтага нікуды не дзецца, ― задуменна прагаварыў Роздум, ― прыйдзецца ад яго збаўляцца.

Воўч збялеў. Словы Роздума былі для яго важкімі, юнак болей за ўсіх паважаў яго, лічыў правадыром іхняга атрада, і цяпер не ведаў, як далей пярэчыць, але адчуваў, што не зможа аддаць Шэрага на расправу. Ежка падышоў да сябра і абняў яго за плячо, паказваючы сваю салідарнасць.

Над палянай усталявалася цішыня. Усе разумелі, што з канфлікта няма добрага выйсця.

– А мне можна сказаць? ― нечакана пачуўся голас Чмяля і ўсе паглядзелі на яго. Чмель паправіў павязку, паказаў здаровай рукой на Шэрага, ― выходзіць, што я несправядліва абвінаваціў воўка.

– Усё роўна ён не павінен быў нападаць на цябе, ― упарта гнуў сваё Востравух, ― а калі напаў раз, то нападзе і другі.

– Так то яно так, Востравух, ― гаварыў далей Чмель, ― але яму не было куды дзецца, бо я наўмысна замахнуўся суліцай на Воўча. Адкуль яму было ведаць, што гэта толькі з прыкрасці, і што я на самрэч ніколі не стукнуў бы хлопца?

Чмель памаўчаў, выцягнуў укушаную руку, паварушыў пальцамі:

– Выходзіць, што гэта я, стары дурань, ва ўсім вінаваты. А што напаў на мяне, узброенага, абараняючы Воўча, дык гэта ж прыкмета, што з яго можа выйсці добры баявы сабака.

– Ён цяпер твой вораг! Назаўседы.

– Ну, гэта мы зараз пабачым, ― Чмель пачаў нетаропка набліжацца да Шэрага, прыгаворваючы ледзь чутна: ― Яшчэ не нарадзіўся той сабака, з якім я не зладзіў бы. Праўда, Шэры? Я ведаю, што ты ваўчына грозны, што ты здолееш паабрываць усе хвасты барсукам, ― ен гаварыў усё цішэй і рухаўся да воўка ўсё марудней. Шэры нібыта спачатку спрабаваў бурчэць, але чым бліжэй Чмель да яго набліжаўся і чым цішэй прамаўляў словы, тым больш лагодны станавіўся воўк. А стары ўжо і не гаварыў, а шаптаў з нейкай адмысловай інтанацыяй, і людзі не маглі разабраць, што ён там шэпча: ― Я табе не вораг, я прапаную сяброўства, я абяцаю, што больш ніколі не буду замахвацца на цябе і твайго гаспадара суліцай. Ты добры воўк-сабака, і мы пачнём з табой жыць у міры, ― і Шэры, нечакана для ўсіх, пачаў скавытаць, а калі Чмель апусціўся перад ім на кукішкі і пагладзіў ягоны лоб і патыліцу, то лізнуў старому руку. Чмель гэтак жа нетаропка падняўся, адышоў на сваё месца ў крузе і развеў рукі, ― Ну, вось і ўсё! Цяпер мы сябры.

Усе глядзелі, як зачараваныя, то на Чмяля, то на Шэрага.

– Дзядзька Чмель! ― не ўтрымаўся Ежка, ― навучы мяне гэтаму заклёну!

– Э-э, дружа, ― адказаў, смяючыся Чмель, ― няма ніякага заклёну, тут трэба ўрадзіцца з гэтымі здольнасцямі. І галоўнае, не баяцца, даверыцца зверу. Тады і ён паверыць. А гаварыць можна, што на розум зайдзе.

– А я таксама гэтак умею, ― сказала Баюта.

– Няўжо ж? А не падманваеш?

– Хочыце, я рыбку дастану з вады?

– Ідзі ты!

Баюта падбегла да ракі, стала каленкамі на нізкі і волкі бераг, павольна апусціла ў ваду руку далонню ўверх, і таксама пачала штосьці шаптаць. Праз некаторы час, яна гэтак жа павлольна дастала з вады руку, трымаючы плотку, якая нават не білася, а толькі трохі варушыла хвастом.

– Вось дык да-а-а! ― ізноў больш за ўсіх быў здзіўлены Ежка, ― ну дык давай яе засмажым.

– Не-е! ― адказала Баюта, ― Гэта не дзеля здабычы, ― і яна асцярожна апусціла назад у ваду руку і расціснула пальцы. Плотка нейкі час яшчэ ляжала на далоні, а потым нетаропка, нібыта з неахвотай, саслізнула ў глыбіню.

– Хіба ты ведзьма! ― здзівіўся Воўч.

– Не-а. Але сёе-тое мне ўдаецца, ― адказала дзяўчына і апусціла галаву, нібыта саромеючыся свайго ўчынку.

Усе павесялелі, бо не трэба было забіваць маладога воўка, да якога ўсе прывыклі. Нават Востравух ― самы заўзяты суддзя Шэрага, ― уздыхнуў з палёгкай. А воўк трохі яшчэ паляжаў, прыціснуўшы вухі да галавы, а потым паступова вярнуўся да звычайных сваіх паводзін.

Але заставалася рэчаіснасць, што яны апынуліся без харча.

– Прыйдзецца марнаваць час на паляванне, ― сказаў Роздум, ― Востравух, пойдзем на чоўне ўверх па Смаляніцы, дасць Вялес, каго-небудзь выстараемся.

– Роздум, вазьміце мяне з сабой, ― папрасіўся Ятэль, якому вельмі хацелася пабываць у сапраўднай мужчынскай справе.

– Роздум наблізіўся да маладога яцвяга, паклаў яму рукі на плечы: ― ведаеш Ятэль, для цябе таксама ёсць важная справа, ― і паказаў пальцам на вершаліну высокай яліны, ― ты будзеш назіраць, ― і дадаў ужо для ўсіх, ― калі хто-небудзь з’явіцца ў полі зроку, сядайце ў чоўны і плывіце да нас.

Ятэль без вялікага жадання палез на яліну.

Роздум з Востравухам збіраліся нядоўга. Хутка іх човен знік за бліжэйшым звароткам рэчкі.

Чмель абвёў позіркам паляну і тых, хто застаўся, крыху падумаў і пазваў да сябе юнакоў:

– Рыбу лавіць умееце?

– Так, дзядзка Чмель, але чым?

Чмель кінуў ім пад ногі радно, якім накрываўся ноччу:

– Вось гэтым.

Воўч з Ежкам недаверліва ўзяліся за канцы палатна і палезлі ў ваду.

– Та-ак! Глыбока не лезце! ― камандаваў Чмель, ― бліжэй да травы, да чароту. Заводзь-заводзь, Ежка! А ты, Воўч трымайся на месцы. Та-ак! Добра. А цяпер ціхенька заводзце канцы бліжэй да берагу, а я патапчу, ― Стары таксама залез у ваду, і пачаў таптацца ў траве.

– Ой! Штосці ў нагу стукнула! ― крыкнуў ад нечаканасці Ежка.

– Мяне тасама, ― сказаў Воч.

– Нічога-нічога, заводзьце да травы! ― Чмель працягваў з шумам таптаць, ― Цяпер паднімай!

Юнакі з натугай сталі паднімаць канцы радна над вадой. Атрымлівалася марудна, бо тканіна была хоць і ветхая, але занадта шчыльная для такога ўжывання. Калі яны ўсё ж такі паднялі канцы, то ўбачылі ў радне мітусню рыбак, у асноўным мелкіх, але на дне магла быць здабыча і буйнейшая. Эх! Надта ж павольна вада выцэджваецца, і трымаць цяжка.

– Цярпіце, хлопцы! Вышэй паднімайце! І канцы пачынайце паступова зводзіць. Ё-о-осць рыбка!

У наступны момант штосці моцна стукнула па дну радна, раптам па паверхні паказалася вялізная бронзавая рыбіна галава з маленькімі вочкамі і адначасова раздаўся магутны выплеск-удар раздвоенага, памерам з добрае вясло, хваста, абліўшы пырскамі твары хлопцаў. Ад нечаканасці яны выпусцілі радно і ўпалі ў ваду.

– Эх вы ёлупні!! Не ўтрымалі! ― лаяўся ў роспачы Чмель.

З берага разносіўся звонкі смех Баюты.

– Радно дзе?! Трымайце! ― крычаў стары.

Радно вылавілі, вылезлі на бераг, селі на траву, ўгнуўшы галовы ў плечы. А Баюта яшчэ доўга не магла спыніць смех, аж пакуль Чмель не абарваў яе:

– Сціхні ўжо! І так усю рыбу распалохалі!

Баюта закрыла рот рукамі, а плечы яе яшчэ доўга трэсліся пад сукураною камізэлькай…

Пасядзелі, пачакалі трыху, ізноў палезлі ў ваду. Такая рыбіна ўжо не патрапілася, але ўвогуле рыбалка была паспяховай. Плотак, якіх была большасць, і другую падобную дробязь адразу засмажылі на вогнішчы, а ўюноў, ― іх таксама нямала выцягнулі разам з глеям, нанізалі на дужую скураную аборку і апусцілі ў ваду ― напотым.

Пакуль яны займаліся рыбай, Баюта таксама не сядзела. Яна хадзіла каля чоўна, дзе барсукі дабраліся да харчоў, часам прысядала, або нават станавілася на карачкі. Каля яе спрабаваў круціцца Шэры, але Баюта яго прагнала. Калі рыба была прыгатаваная, дзяўчына падышла да раскладзенага абруса.

– А гэта мая здабыча.

Чмель паглядзеў на Баюту. У яе ў падоле ляжала некалькі добрых кавалкаў хлеба, а таксама тузін жменяў рознай крупы, ужо пачышчанай і правеянай, а ў вольнай руцэ яна трымала амаль цэлы каравай хлеба, крыху забруджаны зямлей, ― усе, што ўдалося знайсці.

– Ах ты дочачка, ах ты малайчынка, ― не ўтрымаўся ад хвалы Чмель.

– Каравай закаціўся пад корч, і барсукі яго не ўбачылі, ― Баюта радавалася, што ад яе таксама была карысць.

– Гэй! Паляўнічыя вяртаюцца! ― пракрычаў з дрэва Ятэль.

Падплылі Роздум з Востравухам. На дне чоўна ляжалі пара зайцоў і невялікая казуля.

– Ну, што? Усё спакойна? ― спытаў Роздум.

– Так. Амаль што, ― адказаў Чмель, і паглядзеў з усмешкай на Воўча з Ежкам, якія разам з Шэрым сядзелі на беразе ракі і боўталі нагамі ў вадзе.

Яшчэ нейкі час разбіралі тушкі забітых звяркоў, потым смажылі іх на вуголлях.

Сонца высока ўжо стаяла над галовамі, калі яны змаглі працягнуць свой шлях.

– Эх, колькі часу прамаруджана! ― не стрымаўся Роздум.

Яны яшчэ не ведалі, які кошт ім прыйдзецца заплаціць за гэтую затрымку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю