Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 24 страниц)
Глава 34.
Збіранне дрыгавіцкіх войскаў
Семірадцы ― уладары палесскіх дрыгавічоў ― стаялі на дазорнай вежы, змайстраванай каля самай ракі на ствале шматвяковага дуба, якіх мноства ўзвышалася па берагам Прыпяці, і прагна ўглядаліся ў рэчышча. Яны не часта збіраліся разам.
Калі лютыя обры прымучылі дулебаў, некаторыя конязі сталі іхнімі халуямі, другія ― непакорлівыя, адзін за другім загінулі ў няроўнай барацьбе. Так звяліся свае конязі, і сталі панаваць чужынцы. Тады на адным з незлічоных грудоў непралазнай дрыгвы, па таемным закліку вожаў племені берзічаў, у якім болей другіх засталося прагі да супраціву, сышліся прадстаўнікі сямі плямёнаў, якія потым стварылі звяз і сталі называцца дрыгавічамі. Да берзічаў далучыліся нерывяне, вербічы і іншыя плямёны, назву якіх праглынуў час. Яны пакляліся на крыві захоўваць таямніцу і выбралі сем паўнамоцных радцаў ― па аднаму з кожнага племені. Семірадцы сталі таемнай уладай дрыгавічоў. Калі хтосці з іх гінуў, астатнія вялі агульныя справы, пакуль племя не выбірала замену загінуўшаму. Не адно дзесяцігоддзе семірадцы жылі ў розных месцах, непрыкметна збіралі зброю і гатавалі ваяроў. Доўга чакалі падыходзячага моманту. Калі пазналі, што недзе далёка на захадзе обры пацярпелі паразу ад ваяўнічых франкаў, то зразумелі ― час надыйшоў! Знянацку паднялі паўстанне і скінулі ўладу разтлусцелых прыгнятальнікаў, жорска помстячы за векавыя крыўды. Забівалі ўсіх мужоў пагалоўна, у палон бралі толькі кабет і немаўлят. Мінулі гады, дзе цяпер тыя обры?…
Навучаныя горкім досведам, дрыгавічы будавалі паселішчы сярод непралазных балот, заціснутых паміж мяняючымі амаль штогод свае руслы рукавамі Прыпяці, Ствігі, Гарыні. Разумнае ўладаранне семірадцаў дало добрыя вынікі. Ізноў жыхары балот, нашчадкі некалі слаўнага дулебскага звяза плямён, адчулі сваю сілу. Хазары, наклаўшы дань на суседніх радзімічаў, палян, а таксама на больш дальніх севяран і вяцічаў, не здолелі прайсці ў балоты, каб падпарадкаваць дрыгавічоў – жорсткія ўрокі ад обраў не прайшлі дарам, і жыхары балот навучыліся выжываць сярод моцных ворагаў. І вось зараз, вольныя, прымножыўшы колькасць сваіх вояў, дрыгавічы былі гатовыя ваяваць за сваё месца пад сонцам. Семірадцы сталі жыць у адным паселішчы недалёка ад Хільчына ― аднаго з умацаваных гарадзенаў, схаваных сярод балот зусім блізка ад Прыпяці.
– Ці не прыйшла пара пабудаваць нам гарадзен тут, на беразе Прыпяці? ― разважаў услых адзін з семірадцаў.
– Пінеск ужо колькі часу стаіць на Піне, бароніць нас ад яцвягаў, ― падтрымаў яго другі.
– Пасадзім у ім добрага конязя з дружынай.
– І тады ні ў каго не застанецца сумненняў, хто валадар гэтага краю.
Яшчэ зранку дазор прынёс вестку пра рушэнне вялікага войска з вярхоўяў. І хоць семірадцы ведалі, што гэта маюць быць саюзныя бужане, якія сплаўляліся не толькі з самага верху Прыпяці, а і з Тур’і, Стаходу, Стыры, Гарыні, і з больш мелкіх правых прытокаў, і ў іх не было другога шляху да Дняпра, акрамя як па праз уладанні дрыгавічоў, на ўсялякі выпадак дружыне загадалі быць напагатове. Гарадзен Хільчын і наваколлі былі напоўненыя воямі, што збіраліся сплаўляцца да Дняпра. Усе не змяшчаліся ў сценах, таму многія атрады спыніліся на беразе Прыпяці пад адкрытым небам, сёй-той ставіў невялікія буданы, зрэдку можна было ўбачыць стары трафейны шацёр. Гэта былі дальнія дрыгавічы, ім цяжка было разлічыць час, таму прыбылі загадзя. Тут жа стаяла і дружына семірадцаў. Асноўныя сілы павінны былі падцягнуцца пазней, ― строга ў прызначаны дзень і адразу рушыць далей. Не меньш ваяроў збярэцца і ў вусце Пцічы. Семірадцы усё спланавалі правільна, ― няхай праплыве міма гарадзена большая колькасць бужан, дый частка драўлян таксама скоціцца па Гарыні, а ўжо пасля іх сыдзе з месца і дрыгавіцкае войска, ― так будзе спакайней.
І вось далёка на захадзе, дзе плынь Прыпяці амаль знікае ў балотным марыве, паказаліся спачатку ледзь адрозныя ладдзі і чоўны. Прайшло нямала часу, перш чым сталі чутныя гукі выплескаў вёсел і каманды правадыроў. Плыты з коньмі, чоўны і ладдзі з бужанскімі ваярамі займалі ўсю шырыню ракі, дзе толькі яна была адпаведнай глыбіні. Калі галава флатыліі апынулася каля дазорнай вежы, хваста яшчэ не было відаць. Моцнае войска сабралі бужане!
Дрыгавічы, ― тут былі і жыхары з Хільчына, ― цесна стаялі на беразе ― і старым і маладым было цікава паглядзець на такое сборышча ваяроў на вадзе.
– Гэй, бужане! ― крычалі дрыгавічы, ― Кажуць, у вас новае імя?! Вас цяпер валынянамі клічуць?! Хіба з валамі зрадніліся?
– Якія мы валыняне?! Мы дулебы, з’ядаем шмат хлеба!
– Усе мы з дулебаў, але ж вы бужане!..
– Гэй! Дрыгавічы! ― крычалі з чоўнаў, ― Што глядзіце?! Пара і вам выходзіць на раку, а то ўсю здабычу сябе забярэм!
– Даго-онім! ― адказвалі з берагу, ― нашае нам дастанецца.
– Ці ёсць зброя на продаж? ― пыталі некаторыя бужане.
– Ёсць сёе-тое!
Некалькі чоўнаў прысталі да берегу, каб прыкупіць сякеры, корды ды шчыты. Пра мячы ніхто не пытаў. Купіць іх удавалася рэдка. Больш здабывалася ў баі ды перадавалася па спадчыне. І дрыгавічы, і бужане, нават калі хавалі прах ваяра, меч амаль ніколі не клалі ў магілу, ― лічылі, што ён больш патрэбен жывым. Бужане ў той час добра ўмелі гараць ды сеяць, а вось кавалёў, дый другіх рамеснікаў у іх было няшмат. А ў Хільчыне хапала добрых майстроў.
Семірадцы, зразумеўшы, што ў бужан, мабыць, не было злых намераў, злезлі з вежы, каб прывітаць іхняга правадыра. Сівы, але моцны яшчэ Шчодрагор таксама сышоў з ладдзі на зямлю, паважліва прывітаўся з семірадцамі. Дрыгавічы з бужанамі былі ўвогуле ў добрых стасунках, хоць і бывалі мясцовыя сутычкі і недарэчнасці, але да шырокіх ваенных деянняў даходзіла вельмі рэдка. Не так было з драўлянамі. Тыя не раз знянацку нападалі на сваіх суседзяў, даючы волю мячам. З імі заўсёды трэба было трымацца насцярожы, а часам і ладзіць пагоню, калі сусед занадта нахабнічаў. Таму, калі пагутарылі на другія розныя тэмы, старэйшы з семірадцаў спытаў:
– А што там драўляне? Ці многія ідуць па Прыпяці?
– Драўляне? Як заўсёды, скрытна сябе паводзяць. Нашыя, хто сплаўляўся па Гарыні, бачылі іхні лагер каля вусця гарыньскай Случы. Невялікае там войска. Казалі, што асноўныя сілы пайшлі ўверх, каб па волаках перайсці ў Цецярук, ― вы ж ведаеце, ён упадае проста ў Дняпро. Ну, а гэтыя, што былі на Случы, ідуць за намі.
З гаворкай правадыры вярнуліся да вады, і Шчодрагор напрыканцы прамовіў:
– Ведаеце? Я б на вашым месцы пакінуў бы добрае войска ў гарадзене, ад іх што хочаш можна чакаць, ― і, перайшоўшы па сходням у ладдзю, дадаў: ― даганяйце, дрыгавічы!
– Дагонім, Шчодрагор! Дзякуй за параду! Шчаслівай дарогі!
Бужане прайшлі, толькі некаторыя іхнія чоўны яшчэ стаялі, утыкнуўшыся ў бераг, іншыя моцнымі грабкамі весляроў пхнуліся наўздагон.
Семірадцы і раней не мелі намеру пакідаць гарадзен без абароны, але цяпер прыходзілася яшчэ раз усё абдумаць. Пад вечар даведаліся, што прыплылі панямонскія дрыгавічы і маюць патрэбу сустрэцца. Семірадцаў заўжды цікавіла становішча тамашніх супляменнікаў, бо гэта быў авангард няўмольнага дрыгавіцкага рушэння на поўнач, якое адбывалася спрадвеку і не заўсёды гладка і паспяхова. Таму яны адразу запрасілі Ўласа ў вялікі рамейскі шацёр, які паставілі адмыслова для правядзення рад у паходных абставінах
– Семірадцам прывітанне ад конязя Волада Нёманца і ўсіх панямонскіх дрыгавічоў! ― Улас нахіліў галаву і прыклаў руку да сэрца.
– Прывітанне супляменнікам з далёкага Нёмана! ― адказаў старэйшы па ўзросту з семірадцаў.
Яны вольна размясціліся на кароткіх лавах, што стаялі ўздоўж полагаў, утвараючы кола, якое было разтуленае толькі насупраць увахода. Сёння сабраліся ўсе сямёра, рознага ўзросту і мажнасці. Сярод іх не было стрэйшага па грамадскаму становішчу, але малодшыя па ўзросту заўсёды паважалі больш сталых, і раду пачынаў той, хто меў больш летаў, а калі раіліся па якой-небудзь справе, то пачыналі з малодшых, каб узрост сваім аўтарытэтам не ціснуў на меркаванні маладых.
– Чаму не прыбыў сам конязь Волад? ― запытаў другі семірадзец.
– Ужо даўно мы яго не бачылі, ― падтрымаў пытанне трэці.
– Хутка забудзем ягоны твар.
Пытанні сыпаліся на Ўласа адно за адным.
– Ці памятае ён яшчэ свае карані?
– А, можа задумаў зусім аддзяліцца ад нас?
– Волад па-ранейшаму паважае ўладу семірадцаў, ― адказаў Улас, ― але ён даручыў перадаць, што на Нёмане неспакойна. Яцвягі штосці ладзяць, замірэнне хутка, мабыць, скончыцца.
Задумаліся семірадцы. Калі Волад вырашыў застацца і не пайшоў у набег, у якім можна прыдбаць не толькі вайсковую славу, але і добры набытак, то на самой справе на яцвяскім парубежжы маюцца сур’ёзныя праблемы. Тым больш трэба пакідаць добрае войска тут, на Прыпяці..
Яны ўважліва выслухалі усё, што ім паведаміў Улас. Напрыканцы малодшы з семірадцаў спытаў:
– А дзе вы спыніліся?
– Тут, на беразе Прыпяці, сярод другіх.
– То добра, бо ў гарадзене занадта цесна.
– Калі адыходзім да Дняпра? ― спытаў Улас, разумеючы, што размова скончана.
– Нашыя зрушацца, калі пройдуць драўляне, ― прагучала ў адказ.
На тым і разашліся. Улас ведаў, што яму нічога адразу не адкажуць наконт становішча ў Панямонні, бо будуць яшчэ абмяркоўваць пачутае паміж сабой, каб сфармаваць агульнае стаўленне да тамтэйшых падзей. Часпары такое абмяркоўванне ў семірадцаў працягвалася занадта доўга, не абыходзілася і без лаянак і сварак. Некаторыя гарачыя мужы казалі ў такім выпадку, што час семірадцаў ужо прайшоў, і трэба ставіць да ўлады моцнага і рашучага конязя. Але ў народзе семірадцаў паважалі.
На вячэру прыпяцкія ўладары даслалі нёманцам пачастунак ― некалькі добрых шматкоў свежай засмажанай аленіны ды скураны мех медавухі.
Зранку семірацкія дружыннікі, якія ўжо засядзеліся ў адносным бяздеянні, наладзілі паказальную ваенную гульню. Прышлыя воі з цікавасцю глядзелі за ліхімі дзеяннямі дружыннікаў. Тут нёманцы ўбачылі тое, што хоць і прысутнічала ў дружыне Волада, але не на такім узроўні ― сапраўдныя дрыгавіцкія рукапашныя сутычкі. Пачалі самыя малодшыя ― зусім яшчэ дзеці. Усіх уразіла, як ужо добра яны валодаюць прыёмамі. І менавіта ў дрыгавіцкім стыле ― глейкім, знешне невыразным, але зацягвалым, нібыта дрыгва, калі з дапамогай няўлоўнага руху імпэт нападаючага выкарыстоўваецца супраць яго ж. Байцы амаль не рабілі сустрэчных блокаў, на кожнае дзеянне ішоў адразу зваротны прыём, і энерція руху нападаючага была яго пачаткам, нападаючы вымушаны падпарадкавацца волі больш спрактыкаванага суперніка.
– Вось дык та-ак! ― не змог утрымаць свайго захаплення Бор.
– Дык іх жа змалку забіраюць у дружыну, не тое што нашых, калі ўжо юнакамі становяцца, ― сказаў Улас.
– Нас Волад з Віхурам не хужэй вывучылі! ― запярэчыў яму малады воладаў дружыннік Барыска.
– Хужэй ці лепей, ― гэта можна выявіць толькі паспрабаваўшы дужацца з імі, ― умяшаўся ў гаворку Нор, ― а вось рамеі зусім не так дужаюцца.
– Нор, а ты што, і дужацца ўмееш? ― спытаў Бор, які добра памятаў свой паядынак на мячах з Норам. Пасля таго Нор займеў павагу сярод ведзьмядзёўцаў. Некаторыя воі, у тым ліку і Бор, не саромеліся павучыца ў яго і часам прасілі паказаць што-небуць з таго, чым валодаў былы рамей.
– Трохі вучылі, ― нявызначана адказаў Нор.
Маладыя семірацкія дружыннікі змянялі адзін аднаго, у сутычкі паступова ўступалі больш старэйшыя. Вакол пачаў збірацца натоўп зацікаўленых. Некаторыя пачалі падбадзёрваць таго ці іншага барацьбіта і паядынкі станавіліся больш упартымі, бо на людзях ніхто не жадаў саступаць. Але больш сталыя дружыннікі пакуль што не выходзілі ў круг, паблажліва назіраючы з боку.
У гэты час да месца сутычак падышоў ваявода семірадцаў, разпхаў назіраючых, утыркнуў дзіду ў глебу і голасна абвясціў:
– Шаноўныя семірадцы даюць сваю ўзнагароду таму, хто сёння будзе лепшы ў паядынку без зброі!! ― і шірокім жэстам паказаў на канец высокай дзіды, да якога быў прымацаваны корд у багатых царграцкіх похвах.
Галасы адабрэння і захаплення прыцягнулі да месца сутычак усіх ваяроў, падняліся нават тыя, што адсыпаліся пасля дазору.
Турнір пачалі маладыя. Той, хто выходзіў пераможцам у пары, дужаўся з наступным жадаючым. Бор, доўга не чакаючы, уступіў у сутычку з чарговым пераможцам. Ён зрабіў пару крокаў вакол суперніка, потым нечакана хацеў схапіць таго за плечы, каб паваліць, і тут жа апынуўся на пяску, нават не зразумеўшы, ад чаго, пад рогат гледачоў.
– Ну ты ж не дружыннік, то чаго палез? ― прабурчэў Барыска, і сам пайшоў дужацца. Ён з цяжкасцю, але адолеў крыўдніка Бора, чым заслужыў адабрэнне многіх ваяроў, асабліва панямонцаў. А вось з наступным дружыннікам не змог зладзіцца. Тады выйшоў Нор. Ён перамог аднаго за адным трох маладых барацьбітоў, бо дужаўся ў нязвыклай для іх манеры, спрытна і нечакана кідаў іх цераз спіну ці сцягно, перад кідком праводзячы падманны рух, на які тыя трапляліся.
З кожнай перамогай крыкі адабрэння былі ўсё гучней.
– Давай-давай, Нор! ― у захапленні крычаў Бор, ― хай ведаюць нёманцаў!
– Пакажы ім, гэтым дармаедам! ― крычалі мясцовя мужы, якія трыху зайздросцілі сваім дружыннікам, іх забяспечаннасці і сытасці.
– Глядзі, які спрытны! ― здзіўляліся гледачы.
Нейкі час ніхто не выходзіў на сутычку супраць Нора. Некаторыя ўжо думалі, што ён і будзе пераможцам, ды на самой справе турнір толькі пачынаўся. Самыя моцныя барацьбіты яшчэ не выходзілі ў круг, чакаючы, калі нацешыцца моладзь. Але моладзь з Норам не зладзілася, і выйшаў Трыгуб. Мянушка ягоная адлюстроўвала калецтва ніжняй губы, рассечанай у першай жа на яго жыцці бітве. Губа зраслася, але шнар паздзяляў яе на две паловы. Ад гэтага ён меў даволі люты выгляд. Не гэта адразу пасля пачатку сутычкі ўразіла Нора, а тое, што ён зразумеў ― перад ім барацьбіт, які ўмее прадбачыць.
Толькі адзін з шасці змалку адабраных у дружыну меў прыроджаныя задаткі для развіцця дара прадбачання у хуткаплыннай сутычцы. Дрыгавіцкая сістэма рукапашнага бою была накіраваная на развіццё гэтага талента, і, аднойчы дасягнуўшы вяршыні ў валоданнем рознымі прыёмамі, далей барацьбіт мог удасканальвацца толькі тады, калі развіваў у сябе здольнасць загадзя разгадваць дзеянні суперніка.
Трыгуб не папаўся на падманныя рухі Нора, а калі той пайшоў на захоп, то лёгка ўвярцеўся, і, надаючы руху Нора дадатковы імпульс, толькі трыху змяніўшы накірунак, легка зваліў яго на глебу.
Калі Нор падняўся, то толькі паглядзеў на сваіх і развёў рукамі. Гледачы сцішыліся. Ці знойдзецца яшчэ той, хто выйдзе на паядынак з Трыгубам?
Знайшліся. Наступны дружыннік, высокі і прыгожы мускулістым целам Беркут з уяўнай лёгкасцю перамог Трыгуба і да яго нетаропка выйшаў яшчэ адзін, ― чарнявы і сухарлявы Смаглей. Ён лагодна пакепліваў:
– Ну што, Беркут, ты сёння дастаткова кашы з’еў, каб адолець мяне?
– Смаглей, сёння я адолею цябе, ― гэак жа лагодна адказаў Беркут.
– Ой, не ўлезе ў цябе столькі кашы, каб адолець мяне.
Было падобна, што яны многа разоў ужо мераліся сіламі, і што перамагаў заўсёды Смаглей. У гэта цяжка было паверыць, бо Беркут знешне выглядаў намнога больш моцным за суперніка.
Яны знешне спакойна размаўлялі, а самі пільна сачылі адзін за адным, нетаропка хадзілі па колу і паступова збліжаліся. Смаглей наўмысна аддаваў ініцыятыву Беркуту, і таму нічога не заставалася, як напасці першаму. Ён маланкава выкінуў руку да пляча Смаглея, той перахапіў і пацягнуў яе далей. Беркут наўмысна паддаўся на гэты рух, адпіхнуўся нагой ад зямлі і па дузе ў паветры перанёсся на другі ад суперніка бок. Не перарываючы гэтага руху, цяпер ужо ён рэзка пацягнуў Смаглея на сябе, адначасова падстаўляючы пад ягонае тулава нагу, каб кінуць міма сябе назад. Але Смаглей ухіліўся ад нагі і здолеў змяніць кірунак руху, завальваючыся набок і перахопліваючы другую руку Беркута. Той, аднак, не пажадаў падаць і вырваўся с захопа. Супернікі на момант разышліся. Смаглей схітраваў, робячы выгляд, што адцягнуўся на тое, каб паправіць пояс, і калі Беркут зрабіў спробу чарговага захопу, ён быў на пагатове. Маланкавы рух, і цела Беркута перакулілася ў паветры. Той адразу стаў на ногі, ды Смаглей ужо праводзіў наступны прыём, звальваючы яго і прыціскаючы да зямлі. У апошні момант Беркут выслізнуў з-пад суперніка і турзануў яго за пояс, надаючы ягонаму тулаву кручэнне, каб пазбавіць арыентыру ў прасторы. Смаглей вымушаны быў выставіць у бок нагу і руку, каб намацаць апору і тады Беркут наваліўся зверху, прыдавіўшы сабой гэтыя руку і нагу, адначасова зрабіўшы захоп другой рукі Смаглея. Той зраўзумеў, што Беркут ужо не зробіць памылкі, і праз невялікую паўзу сказаў:
– Усё. Твая перамога.
Беркут падняўся на ногі, дапамог устаць Смаглею, і яны, абняўшыся за плечы, сышлі з месца сутычкі.
Жадаючых памерацца сіламі з Беркутам не знайшлося. Малодшы з семірадцаў, сам знакаміты ваяр, уручыў узнагароду пераможцу пад агульнае адабрэнне назіраючых.
– Драўляне плывуць! ― данёсся ад ракі голас дазорнага, і натоўп вояў падаўся да Прыпяці.
Драўлян сапраўды было няшмат. Яны моўчкі з-пад ілба глядзелі на бераг, дзе стаялі дрыгавічы, але калі параўняліся, то знялі шаломы і шапкі, трохі нахілілі галовы. Дрыгавічы таксама павіталіся з імі. Драўляне гэтак жа моўчкі пашыбавалі далей.
На другі дзень Прыпяць запоўнілася дрыгавыцкімі плаўсродкамі. Каля вусця Пцічы сабралася ўсё войска дрыгавічоў. Яшчэ праз некалькі дзён увайшлі ў Дняпро, а ў вусці Цецярука даведаліся, што дзень таму адсюль адправілася сборнае войска драўлян.
Наперадзе, на многія палёты стралы, распасціралася шырокая плынь Дняпра.
Глава 35.
Ясельда
З узыходам сонца сон пачаў мардаваць юнакоў. Хутка Воўч, Ежка і Баюта заснулі, ссунуўшыся на дно чоўнаў, а з імі і Шэры. Ятэль лічыў сябе дарослым, таму нароўні з Роздумам, Востравухам і Чмялём працягваў веславаць. Яны ўпарта трымалі кірунак на усход ― проста на сонца, якое павольна паднімалася над далёкім лесам і з цяжкасцю прабівала ранішнюю смугу. Востравух, там, дзе была адкрытая вада, часам уважліва ўглядаўся ў яе, кідаў якую-небудзь сцяблінку і сачыў за ёй.
– Не! Пакуль не відаць, ліхаманка яе вазьмі! ― з прыкрасцю бурчэў ён, і зноў браўся за вясло.
Яны не адразу заўважылі, што ўжо даўно не было чуваць жахлівых воплескаў, толькі зяленыя рапухі часам скакалі ў ваду, спалоханыя ўдарам вясла. Сям-там чуліся галасы і шум крылащ птушак.
– Не ўсіх яшчэ пажэрлі, ― сказаў Чмель, ― а ці вы заўважылі, там, дзе мы нядаўна плылі, не чуваць птушак.
– Канечне, ты ж так гарлапаніў, што не толькі птушкі, але і яшчары разбегліся хто куды! ― пашуткаваў Роздум.
У другі раз пасмяяліся б, а цяпер не было сілаў, усе жудасна стаміліся.
Востравух усё кідаў сцяблінкі на ваду і ўсё глядзеў. І, можа быць, з трынадзесятага разу, ён крыкнуў:
– Стой! Замры!
Астатнія недаверліва замарудзілі ход чоўнаў.
– Бачыце? Яна плыве? ― яшчэ не верыў сам сабе Востравух.
– Можа, гэта вецер гоніць? ― сумняваўся Чмель.
– Які вецер? Ты што, не адчуваеш? Няма ветру! ― не згаджаўся Востравух.
Цяпер усе ўважліва глядзелі на сцяблінку.
– Так! Без сумневу, яна плыве. На ўсход! ― пацвердіў Роздум.
– Гэта Ясельда! Мы яе адшукалі!
Яны паглядзелі наперад, у тым кірунку, куды ледзь прыкметна плыла сцяблінка і ўбачылі танюсенькую, але досыць выразную палоску плыні, якая несла ваду насустрач сонцу, што павольна паднімалася над далёкім лесам, ледзь бачным скрозь неахвотна саступаючую смугу. Павялі чоўны па гэтаму струменю і ўжо не згубілі яго, хоць ён часам і хаваўся то ў чароце, то ў невялічкіх круглявых азярцах сярод балотных раслін. Паступова струмень рабіўся болей выразным, а вялікі лес, які не мог расці на балоце, прыкметна наблізіўся. Хутка заўважылі, што частка яго нібыта адлучаецца ад асноўнага масіва і пачынае падыходзіць, ў той час, як астатні нібыта падаляецца.
– Гэта выспа, ― прамовіў Востравух, ― а да сапраўднага лесу яшчэ плыць ды плыць.
Але яны былі радыя нават такому. Ды калі падграблі бліжэй, то радасць паменшылася, бо лес быў гарэлы. Напэўна, навальніца зусім яшчэ нядаўна стукнула ў сухое дрэва, і вось цэлы гай на даволі вялікім грудзе стаяў цяпер мёртвы, чорны. Частка дрэў звалілася, калі гарэла, і ад іх засталіся толькі вуголлі. Самыя вялікія і моцныя выдужалі, не схацелі скарыцца Перуну, і былі ім за гэта жорстка пакараныя, бо не пакінуў ён нічога жывога на ствалах і каронах, усё было чорным. Полымя даўно загасла пад дажджамі, нават дыму ўжо нідзе не было відаць, але затое моцна смярдзела гарэлым.
Нягледзячы на стомленасць, ніхто не пажадаў сысці на гэтую выспу, таму, не згаворваючыся, граблі далей.
– Вось тамака зяленыя дрэвы, ― першым прыкмеціў Ятэль. І сапраўды, з-за гарэлага, па меры руху, паказвалася другая выспа, з высокімі ліпамі пасярэдзіне і густымі вербамі па краях. Яна выглядала намнога меньшай за гарэлую, але здавалася такою прыгожаю і ўтульнаю, што ўсе дружна наваліліся на вёслы, каб хутчэй туды патрапіць. З вялікай радасцю сышлі на зямлю, не зважаючы на тое, што тут могуць быць гадзюкі або драпежныя звяры. Велічныя ліпы, а сярод іх дзе-нідзе не меньшыя клёны, стаялі на пэўнай адлегласці адны ад іншых, шырока раскінуўшы свае густыя кроны, якія трымаліся на моцных галінах, адыходзячых у розныя бакі ад ствала і мала чым саступаючых яму ў таўшчыні. Некаторыя з гэтых галін, нягледзячы на іхнюю моц, былі бязлітасна абламаныя даўнімі бурамі і ляжалі пад дрэвамі, павольна развальваючыся ад тлёну, а на версе тырчалі сукі з вострымі пласцінамі аголенай на абломах драўніны. Цяжка было ўявіць тую сілу, што змагла іх зламаць. Нягледзячы на гэтыя страты, дрэвы не выглядалі прыгнечанымі і весела шумелі лісцем на свежым ветрыку. Паміж дрэвамі, там дзе не падаў густы цень, расло лугавое разнатраўе і стаяў прыемны пах, які асабліва адчуваўся пасля доўгага знаходжання ў суцэльным балоце.
Воўч з Ежкам і Шэрым насіліся пад дрэвамі, вырваўшыся з цесных чоўнаў. Роздум і Востравух павольна разміналі зацёклыя ногі, Чмель застаўся пакуль сцерагчы чоўны. Баюта таксама прачнулася ад звонкіх галасоў і ціхенька выбралася на бераг. Яна была яшчэ слабая, але не ўтрымалася, калі пабачыла прыгожыя кветкі на палянах сярод дрэў, і пачала іх збіраць. Калі хлопцы набегаліся і вярнуліся да чоўнаў, на галаве ў яе быў надзеты прыгожы вянок з лугавых кветак. Воўч упершыню як след разглядзеў твар дзяўчыны і зразумеў, што яна надта прыгожая. Яе валасы пад вянком з рознакаляровых кветак пераліваліся на сонцы цёмнымі бруямі. Вочы былі задуменнымі, а калі яна ўбачыла хлопцаў і перахапіла пранізлівы позірк Воўча, то спачатку трыху збянтэжылася, але потым адкрыта паглядзела яму проста ў твар. Гэты погляд надоўга запомніўся Воўчу, і Баюта пасля часта ўзнікала ў яго перад вачамі, нават калі яе побач не было.
Яны думалі, што акрамя іх у гэтых нетрах няма аніводнай чалавечай душы. Але Роздум на ўсялякі выпадак абыйшоў выспу па абзе цвёрдай зямлі на мяжы з навакольным балотам. І не здарма. На процілеглым боку выспы ён выявіў на балоце свежы след ад чоўна. Па раслінам, якія былі нядаўна змятыя і распростваліся на вачах, ён вызначыў, што хтосці толькі што пакінуў выспу і павёў свой човен не на раку, а ў глыб балота, дзе лягчэй схавацца. Роздум доўга ўглядаўся ў тым кірунку, куды вёў след, і неўзабаве ўбачыў ледзь прыкметнае варушэнне чароту ў палёце стралы ад выспы, якое паволі падалялася на поўнач. Гэта трыху супакойвала, бо ім трэба было рухацца ў другі бок. Уважліва прыглядзеўшыся да слядоў, якія знайшліся на зямлі, Роздум зразумеў, што тут быў адзін чалавек. І, напэўна, ён іх бачыў.
Ён хуценька вярнуўся да сваіх.
– Збірайцеся! Паплывем далей. Мы тут не адны.
Усе, не губляючы часу, пасядалі ў чоўны і з некаторым жалем адчалілі ад утульнай выспы.
Ясельда набывала сілу, убіраючы ў сябе шматлікія ручаіны і ў меру віхляючы па балоту, часам набліжаючыся да невялікіх, парослых чэзлай хваіной грудкоў. Сапраўдны лес віднеўся па правую руку ад агульнага кірунку ракі. Так плылі даволі доўга. Роздум трохі супакоіўся, думаючы, што яны дастаткова адарваліся ад выпадковага сустрэчанага, які не схацеў пайсці з імі на кантакт, а ўпадабаў непрыкметна ўцячы, не рызыкуючы сустракацца адзін з незнаёмымі людзьмі.
Сонца пераваліла за поўдзень, калі Ясельда нарэшце прыціснулася да цвёрдага берегу, і Чмель выказаў агульнае жаданне ізноў сысці на зямлю.
– Слухайце, людзі! Колькі можна сядзець у гэтых цесных карытах? Надта ўжо ж ногі закляклі, і яшчэ некаторыя чальцы тулава.
– І месца падыходзячае, ― падтрымаў яго Востравух, ― давайце прычалім.
Калі вылезлі з чоўнаў, то Чмель доўга не мог выпрастацца і бурчэў:
– Пасля гэтага вандравання ніхто не прымусіць мяне сесці ў човен да канца майго жыцця, хай яго вылупіць…
Роздум сказаў Ятэлю, каб той залез на высокую хваіну і паглядзеў, што відно ў акрузе. Ятэль з гатовасцю спрытна ўскараскаўся на самы вяршок і стаў глядзець ува ўсе бакі.
Кударка гнаў човен скрозь чарот. Ён паімкнуўся ужо выйсці да гэтых людзей, што нечакана з’явіліся на выспе і сапсавалі яму засаду на каршуна, які гняздзіўся на адной з вялікіх ліп, але яго збянтэжыла дрыгавіцкая гаворка, і таму ён палічыў лепей стаіцца. Цяпер ён веў човен туды, дзе балоты ўпіраюцца ў сухія берагі, парослыя векавымі лясамі. Там бярэ пачатак Карнада, і стаіць іхняе паселішча на невялікім грудзе, абкружанным балотамі. Ён паведаміць галаве роду пра тое, што ўбачыў. Гэта можа датычыць нейкім чынам маючай адбыцца вайны, пра якую ўпарта ідуць гаворкі. А вось, нарэшце, і рэчышча. Цяпер па чыстай вадзе грабсці будзе весялей.
– Гэй, Кударка! ― з-за навіслага над вадой карча пачуўся ціхі голас. Малады яцвяг не падаў выгляду, што яго гэты воклік заспеў знянацку, але запаволіў ход чоўна. Гэта быў голас Будзіра ― бывалага воя і паляўнічага з іхняга роду. Не аднойчы ўжо вучыў ён Кударку быць заўсёды пільным. Вось і цяпер…
Будзір выплыў на чоўне з-за карча. Вочы ягоныя смяяліся.
– Ты куды так шпарка? ― запытаў ён.
Кударка расказаў пра сваё адкрыццё.
– Там былі дрыгавічы? Гэта цікава, ― Будзір задумаўся, ― а ведаш што? Давай іх дагонім.
– Давай, дзядзка Будзір, ― з легкасцю пагадзіўся малады яцвяг. З Будзірам ён пайшоў бы на любую справу.
Яны схавалі адзін човен у чароце пад карчом, а на другім хутка павеславалі туды, адкуль прыплыў Кударка.
Вандроўнікі добра падсілкаваліся. Цяпер ужо старэйшых пачало цягнуць у сон. Ятэля таксама адазвалі з дрэва, але ён хутка паеў і зноў залез на верх. Роздум паглядзеў на сваіх спадарожнікаў, якія паляглі ў цяньку і гатовыя былі паснуць.
– І вы спадзяецеся, што за намі ўжо не будзе пагоні? ― спытаў ён, ні да каго не звяртаючыся асабіста і гледзячы ў далечыню на лес з процілеглага боку балота. Пытанне было зададзена напаўголасу, але імгненна прагнала ад усіх дрымоту. Чмель і Востравух дружна прыўсталі.
– Я так не думаю, ― сказаў Чмель.
– Надта мы абразілі яцвяскіх багоў, ― дадаў Востравух.
– Ну, дык якога нячысціка мы тут разселіся-разлягліся!?
Пачалі збірацца, ды ў гэты момант Ятэль падаў голас з дрэва:
– Бачу човен з дзвума чалавекамі! Яшчэ далёка, на поўдзесятка палетаў стралы.
– Будзем сустракаць тут, ― прыказаў Роздум, ― ты, Ятэль, злазь з дрэва, але так, каб цябе не бачылі. Я мяркую, што гэта яшчэ не пагоня.
– Думаеш, тутэйшыя яцвягі? ― спытаў Чмель.
Роздум маўкліва кіўнуў галавой.
Пакуль яцвягі падплылі, яны паспелі выцягнуць чоўны на бераг і паставіць іх на бок, зрабіўшы прымітыўнае абарончае збудаванне для юнакоў і Баюты. Дарослыя, а з імі і Ятэль, пасталі за дрэвамі, прыгатаваўшы лукі і стрэлы.
Будзір і Кударка не хаваліся за тарчамі, паказваючы, што не збіраюцца ваяваць. Калі яны апынуліся ў трох дзесятках сажняў ад лагера, Роздум крыкнуў:
– Хто б вы ні былі, стойце! Далейшае прасоўванне будзем лічыць нападам!
Яцвягі спынілі човен, схапіўшыся за атожылкі чароту, вольныя рукі выцягнулі ўбакі, ізноў паказваючы мірныя намеры.
– Хто вы? І што вам трэба? ― спытаў Роздум.
– Мы тутэйшыя яцвягі з роду Карнады. А вы хто і адкуль?
– А мы дрыгавіцкія гандляры з Панямоння. З намі двое яцвягаў з Нарава.
Надта здзівіліся Будзір і Кударка і прайшоў нейкі час, пакуль размова працягнулася.
– Няўжо вы прапхнуліся праз Дзікае Балота?!
– Так. Мы плывём адтуль.
– Не можа быць! Што ж заставіла вас так рызыкаваць?
– А які ж гандляр без рызыкі?
– Але праз Дзікае Балота ніхто не ходзіць! ― усё яшчэ не верылі яцвягі.
– Каб мы ведалі, што будзе так страшна, то таксама, напэўна, не пайшлі б.
– Вас не маглі не папярэдзіць.
– Нас папярэджвалі, ды мы не паслухалі.
Яцвягі памаўчалі. Потым прапанавалі:
– Дык пакажыце нам свой тавар.
– Мы амаль распрадаліся на Нараве, але сёе-тое ёсць. Падыходзьце, толькі зброю пакіньце ў чоўне.
– Добра-добра.
Далейшыя размовы адбываліся ўжо не так напруджана, бо кожны бок пераканаўся, што небяспекі няма. Тым не меней, па прывычцы ўсе паводзілі сябе з засцярогай, ― так, каб не падставіцца пад нечаканы ўдар. Яцвягі купілі па просценькай зброшцы, нават не купілі, а абмянялі на тую ежу і дзічыну, што апынулася ў чоўне. Калі Будзір убачыў жалезныя страмёны, то стаў падбухторваць Кударку:
– Ах, якія страмёны. Купі, ты ж марыш аб баявым кані.
Кударка загарэўся, але купіць не было за што. Ён з шкадаваннем скроб сябе патыліцу, не мог адарваць вочы ад страмёнаў.
– Паехалі ў нашае паселішча, там я знайду чым заплаціць!
Роздум узяў страмены і паклаў іх у руку маладога воя:
– Бяры. Заедзем да вас на зваротнай дарозе, тады і заплаціш. А зараз мы надта спяшаемся.
Кударка быў вельмі задаволены. А Будзір спытаў:
– А чаго гэта вы падлеткаў за сабой цягнеце? Гэта ж клопат лішні.
– Так у нас заведзена ― з малых гадоў прывучаць да справы, ― знайшоў што адказаць Востравух.
– Гэта правільна, ― пагадзіўся Будзір, ― а нашыя куды плывуць з вамі?
У гаворку ўступіў Ятэль:
– Мы самі напрасіліся. Мая сястра хворая, вязём да дрыгавіцкіх знахароў.
– А што, яцвяскія не дапамаглі? ― Будзір паглядзеў на Баюту, у яе сапраўды быў стомлены хваравіты выгляд.
– Не дапамаглі. Чулі мы, што з такімі хваробамі добра спраўляюцца дрыгавіцкія знахары.
– Можа й так. У дрыгавічоў шмат знахароў. А што за хвароба?
– Нібыта каўтун, але нейкі дзіўны…
Больш яцвягі нічога не пыталі. Распавялі вандроўнікам пра далейшы шлях:
– Ясельда будзе круціцца і прыціскацца да правага берагу, там і месца заначаваць знойдзеце. А пасля таго, як прыйме ў сябе Цемру ― гэта рэчка такая, выходзіць з цемных лісцяных лясоў, ― крутане ўлева амаль да самага лесу і там, дзе ўпадае Смаляніца, пройдзе ў прыцірку да Барсуковіцы ― гэта такое месца, дзе сапраўды многа барсукоў жыве, там станавіцца не раім, ― тут яцвягі загадкава пераглянуліся з усмешкай, ― ну, а далей увойдзеце ізноў у вялікае балота Хорэва. Ясельда будзе разбівацца на рукавы і злівацца разам, а пасля балота ўжо болей сярод лесу будзе ісці. Дзе-нідзе зрэдку выплывіце на яцвяскія паселішчы, можна сустрэць і паляўнічых ― яцвягі любяць бадзяцца па лясах-балотах. Наогул, да дрыгавічоў вам плыць яшчэ доўга ― колькі дзён… ― Будзір з задавальненнем дзяліўся сваімі ведамі мясцін, па якім ім прыйдзецца перасоўвацца, апісваў прыкметы рэчак, грудкоў, лясоў, нават асобных дрэў. І дарослыя, і юнакі прагна слухалі, імкнучыся ўсё гэта захаваць у сваіх галовах.








