412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 7)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 24 страниц)

Глава 13.

Конязь Волад і ягоная дружына

Конязь Волад апярэдзіў ганца. Ужо неаднойчы прымаў ён сігналы з заходняга парубежжа аб актывізаціі яцвягаў. Умовы Вялікага Замірэння не давалі магчымасці трымаць войска на кардоне ― гэта ўспрымалася б, як недавер ці пагроза. Ён ведаў ад выведнікаў, што яцвягі збіраюць войска ў Вялікай Пушчы, каля паселішчаў, якія змесцаваліся уздоўж Нарава і яго прытокаў, праводзяць там вялікія паляванні і ігрышчы. Не ведаў толькі, куды гэтая сіла будзе накіраваная яцвяскімі правадырамі. Конязь таксама збіраў ваяроў, але добра разумеў, што яцвягі на гэты раз могуць сабраць намнога больш моцнае войска, чым ён разам з бліжэйшымі саюзнікамі. Гэта надта турбавала конязя, і ён бачыў толькі адно выйсце ― апору на вольных вояў усіх дрыгавіцкіх плямёнаў. Ды не так проста было накіраваць гэтыя сілы сюды ― на Панямонне, бо і ў другіх кірунках у дрыгавічоў былі свае праблемы. Паляне, згуртаваўшыся вакол вялікага гарадзена Кіебы, з дапамогай ільменьскіх русаў абвясцілі свой самастойны каганат, зрабіўшы дзёрзкі выклік хазарам, і севяране з вяцічамі, вымушаны былі падпарадкавацца ім. А ў каганаў апетыты моцныя. Вось ужо і над плямёнамі Радзіма занесены меч. Таму семірадцы ― правадыры прыпяцкіх дрыгавічоў, павінны былі трымаць вялікія сілы на ўсходзе. Ды казалі семірадцы: калі будзе занадта цяжка ― пасылай ганцоў, дапаможам, бо хоць і разсяліліся дрыгавічы па вялікіх абшарах, усе мы нашчадкі Дрыговы, а значыць ― браты. Волад заўсёды памятаў гэтыя словы, і ведаў, што дапамога будзе. Але ці паспее своечасова? Ён добра разумеў: пакуль не пачнуцца ваенныя дзеянні, семірадцы не пашлюць войска на Панямонне. Таму на пачатку вайны прыйдзецца разлічваць толькі на свае сілы.

Цяпер конязь Волад з малою дружынаю пад выглядам палюддзя прасоўваўся па лясах Верхняга Панямоння. Дарог амаль не было, таму прыходзілася пракладаць шлях самім, балазе не адны толькі гушчары трапляліся вандроўнікам, але і поплавы, і пустэчы. Волад наўмысна выбраў сухапутнае падарожжа замест болей лёгкага па рэках, каб яшчэ раз добра вывучыць мясціны магчымай вайны. Яму падабаўся гэты неабсяжны край, з пагоркамі, з вяршын якіх раптоўна адкрываліся цудоўныя далягляды такога хараства, што дух займала, і з доламі, дзе ў змрочных нетрах шырокіх абалонаў хаваліся-круціліся незлічоныя рэчкі і ручаіны, ціха дзвонячы крышталёвай вадой.

Безліч птушынага і звярынага насельніцтва кожнае імгненне давала вестку вопытнаму слыху і зроку падарожнікаў аб сваім існаванні. То папераджальны крык птушкі, то шалёны тупат капытоў і трэск зламаных галін ад успуджанай жывёліны, то ціхае шамаценне мелкага звярка ці паўзуна пастаянна суправаджала вершнікаў.

Конязь ехаў у галаве перадавога гурта. Спераду быў толькі дазор, які выбіраў дарогу для ўсёй дружыны. Мерная язда спрыяла глубокім думкам, што апанавалі конязя. А думаў ён апошні час аб адным: як сустрэць тую навалу, што пагражала ягоным землям. Да недаўняй пары здавалася, што час спрыяе яго княству. Замірэнне з ваяўнічымі яцвягамі давала добрыя ўмовы дрыгавічам, каб сабрацца з сіламі. Маладыя ваяры раслі і набіраліся ўмення ў ратных гульнях. Жыццё наладжвалася. Яму ўдалося аб’яднаць розныя роды і плямёны, якія знайшлі прытулак на гэтай зямлі, што было вельмі няпроста. Дрыгавічы з крывічамі не заўсёды лёгка знаходзілі ўзаемнае пагадненне. Яшчэ цяжэй было з астатнімі: акрамя тутэйшых насельнікаў, якіх часам было цяжка атаясамліваць з яцвягамі або другімі плямёнамі ― так перапляліся сямейныя і радавыя стасункі, ― новыя хвалі дрыгавічоў і бужан, што пастаянна прыходзілі сюды са сваёй прарадзімы ў пошуках лепшай долі, асобныя роды драўлян, палян, лотвы, славен, севяран, высяленцы з паморскіх земляў, нават старадаўнія неўры і волаты, што аселі тут у спрадвечныя часы ― усе яны на данны момант прызнавалі ўладу конязя Волада, але ўсе гэтыя плямёны і роды мелі сваю карысць. Трымаць гэтае зборышча пад рукой аднаго конязя было складана, ды да гэтай пары ўдавалася. Але ніхто не ведаў, як яны павядуць сябе ў выпадку новай вайны. Цяжкія думкі напружылі конязя. Бліжнія дружыннікі бачылі стан Волада і ведалі, што зараз лепей яго не чапаць.

Напэўна, дазор занадта далёка адарваўся ад дружыны, бо інакш не можна было вытлумачыць тое, што здарылася апасля. Калі асноўны атрад на чале з конязем вышкрабаўся з чарговага гушчару на прагаліну, з другога боку сюды ж выбег вялізарны тур, раз’юшаны ад нядаўняй сутычкі з супернікам, з вачамі, налітымі крывёю. Звер без роздуму кінуўся ў кірунку ехаўшых на яго вершнікаў. Коні ад знянацкасці шарахнуліся ў бакі. Волад таксама не паспеў як-небудзь грунтоўна ацаніць становішча, але ў галаве мільганула шальная думка ― “Вось гэта мне якраз зараз і патрэбна!” ― і калі конь пад ім устаў на дыбы, ён легка саскочыў на зямлю і пабег насустрач раз’юшанаму туру. Той таксама выбраў мэту, зароў і, пагрозліва нахіліўшы доўгія рогі, панёсся на ворага. Волад, калі ўжо здавалася, што не мінуць яму смяротнага сутыкнення, рэзка адхіліўся, адначасова хапаючы рукой востры рог тура. Ногі ягоныя адарваліся ад зямлі і апісалі шырокую дугу. Але і тура таксама занесла. Конязь першы цвёрда стаў на ногі, перахапіўшы рогі аберуч. Ён упёрся нагамі ўшыркі і перанёс весь цяжар цела на галаву звера. Так яны стаялі некалькі імгненняў у страшэннай напрузе. Цягліцы ў абоіх закамянелі, жылы набрыялі. Тур гнеўна захроп, пераступіў нагамі, каб рыўком адкінуць ворага, але Волад апярэдзіў, і рэзка штосілы крутануў рогі, заламваючы іх адначасова ўверх. Пачуўся трэск храсткоў, і тур павольна заваліўся на бок. Ён шкроб капытамі зямлю, здзіўлена круцячы вачамі. Перадсмяротны румз разнёсся па пушчы. Звер заціх і выпрастаў ногі.

Да Волада кінуліся грыдні.

– Ці не паранены, конязь?!

Волад адхіліў дапамогу:

– Што, праваронілі?! ― ён яшчэ цяжка дыхаў, але шэрыя вочы смяяліся. Яго забаўляла недарэчнае становішча, у якім апынуліся дружыннікі. Тыя спачатку ад сораму адводзілі вочы, потым, бачачы добры настрой конязя, закрычалі:

– Слава конязю!!

– Слава конязю Воладу!

– Конязь Волад – асілак!!

– Наш конязь найлепшы!

– За ім і ў агонь і ў ваду!

Волад смяяўся.

– Хопіць, хопіць ужо! ― з прыкрасцю крыкнуў ён і моцны ягоны голас перакрыў разнагалоссе дружыннікаў, ― Зробім прывал. Хутка Ведзьмядзі. Вось і пачастунак будзе. Хвал! Жорна! Разбярыце тушу!

Конязь прыбыў у Ведзьмядзі пад вечар. Усе жыхары прыбеглі глядзець, пакідаўшы свае справы ― такое здаралася нячаста.

Вялікія сытыя коні няспешным намётам неслі на сабе рослых дружыннікаў, якія былі ў шаломах і кальчугах, пры поўным збройным чыне. У кожнага ў руцэ вялікая дзіда з вострым сталёвым наканечнікам, ― яна калыхалася на хаду, пастаўленная тарчма і абапёртая аб стрэмя. У другой руцэ лейцы ― гарачыя коні былі зацугляныя. Суліцы і баявыя сякеры прытарочаны да сёдлаў. На левым плячы высока і амаль ззаду трымалася круглая тарча з жалезным узорчатым умбонам. Побач сцягна лук у адмысловым чахле і калчан з сараком стрэл. На шырокім скураным поясе з пярэвяззю замацаваны похвы, а ў похвах – гонар кожнага ваяра ― іменны меч, ён вісеў з левага боку, а з правага ― кароткі шырокі корд, таксама ў похвах.

Добрыя воі ў конязя Волада. З гэтай малой дружынай ён мог увязацца ў бой з любой сілай, і ў залежнасці ад абставін вырашыць у час бітвы, ― наступаць яму ці адрывацца і адыходзіць, калі вораг занадта шматлікі. Кожны дружыннік умеў усё ў ваярскай справе. Стрэлялі з лука ў мэту з адлегласці сотні крокаў, набытая многімі заняткамі хуткастрэльнасць дазваляла ім трымаць у паветры тры стралы запар. Яны выдатна валодалі дзідай і суліцамі, на мячах маглі рубацца доўга і моцна, канём у баі правілі без рук – каленьмі і шпорамі. У бітве маглі супрацьстаяць войску з вольных мужоў ўпяцёра большаму лічбай. На іх нельга было напасці знянацку, бо траціна з іх заўсёды знаходзілася ў поўнай гатоўнасці. Адарваныя ад бацькоў у трынаццаць-чатырнаццаць год ад нараджэння, лепшыя хлапчукі з дрыгавіцкіх, бужанскіх і крывіцкіх родаў, яны потым выхоўваліся ў двары конязя. Іх навучаннем займаліся лепшыя сталыя байцы. У сямнаццаць ўжо паўнавартаснымі ваярамі бралі ўдзел ва ўсіх баях і сутычках, у якія ўваходзіў конязь. Яны станавіліся як бы яго дзецьмі, а конязь кожнаму з іх ― бацькам. У яго пыталі блаславення, калі ўступалі ў першы шлюб, з яго рук атрымлівалі каня, зброю, і дастатак у сям’ю. За яго былі гатовыя ў любы момант ахвераваць жыццём, і не ведалі больш высокага гонару, чым служба ў дружыне конязя. Калі гэтыя гожыя і дужыя мужы прыяжджалі ў палюддзе ці на пастой, то ад іх хавалі маладых жанок, як не жадалі нечаканых дзяцей. Але многія жадалі і лічылі за гонар мець дзіця ад дружынніка...

Конязь з дружынай, якая спявала бадзёрую паходную песню, уязджалі ў Ведзьмядзі. Дарослыя стаялі каля сваіх хат і глядзелі хто з цікавасцю, хто з радасцю, а хто і незадаволена. Дзеці усіх узростаў вялікай чарадой беглі побач ― яны сустрэлі гасцей яшчэ перад паселішчам.

…Яцвяскі назіральнік хутка выбіраўся з укрыцця на другім беразе Нёмана. Пакінуўшы прыбярэжныя хмызы, ён перасёк кавалак адкрытага, амаль без падлеска, хваёвага бору і выбег на непрыкметную сцежку, якую можна было палічыць за звярыную. Праз нейкі час сцежка прывяла яго да густога цёмнага ельніку. Яцвяг паглыбіўся ў гушчар, паднырнуў пад ствол паваленага дрэва і выбег на невялічкую паляну, да прыземістага будана, шчыльна накрытага яловымі галінамі.

– Гунар, ты тут? ― прыцішаным голасам запытаў ён.

З будана выглянуў другі яцвяг:

– Што здарылася, Курпа?

– Конязь Волад прыехаў з дружынай у Ведзьмядзі. Спяшайся, трэба папярэдзіць Комата.

– А ты?

– Я буду назіраць далей. Перадай, што ў ягонай дружыне сем дзесяткаў вершнікаў.

– Добра. То я пабег.

Гунар бязгучна знік у гушчары на процілеглым куце паляны. Праз поў-сарака палётаў стралы, ён выбег да невялічкага балотца, паабапал якога быў такі ж маленькі поплаў з высокай зялёнай травой, на ім пасвіліся два каня. Пачуўшы крокі, коні перасталі скубсці траву і паднялі галовы. Адзін з іх коратка заіржаў, прызнаўшы гаспадара. Збоку з’явілася постаць маладога ваяра. Ён апусціў лук і аслабіў жылу з абапёртай на яе стралой, потым зняў яе і паклаў назад у калчан:

– Ваўкі паблізу рыскалі. Не адважыліся падысці, пачулі мяне.

– Скробл, ты заўсёды напагатове. Малайчына!

– Што-небудзь здарылася, дзядзька Гунар?

– Збірайся, Скробл! Паедзеш да куніга Комата, павязеш вестку. Да дрыгавічоў куніг Воладат прыбыў. На палюддзе. З ім малая дружына з дзвюма саракамі вершнікаў.

Скробл пабег наперадзе свайго каня па вузкай, аднаму яму вядомай звярынай сцяжыне, якіх было безліч у прынёманскіх лясах. Калі дасягнулі пясчанай пустэчы, яцвяг ускочыў на каня і паехаў рыссю, абмінаючы рэдкія карчы. Шлях у яго наперадзе быў няблізкі.

Глава 14.

Агляд ведзьмядзёўскіх вояў

Назаўтра зранку конязь сказаў Команю:

– Збірай сваіх мужоў. Са зброяй і з баявымі конямі. Будзем глядзець.

На бліжнім ад паселішча поплаву, роўненька вышчыпанаму хатнім быдлам, каля вялікага радавога дуба з густой кронай пачалі збірацца ваяры роду Команяў. Каля траціны на баявых конях, а хто не меў каня, то пешшу. Прыбылі і мужы з Перуновай Старыцы. Відовішча пёстрага натоўпу засмуціла Волада, бо далёка было гэтаму зборышчу да дружыннікаў. Комань спрабаваў ўнесці парадак у гэты натоўп. Ён аддзяліў конных ад пешых і уладкаваў усіх у адзін доўгі шэраг. Каля некаторых вояў трымаліся вялікія сабакі, падобныя на ваўкоў. Яны касіліся на сваіх гаспадароў, нібыта чакалі каманды і шчэрылі іклы, калі конязь пачаў абыходзіць войска. Спачатку ён падышоў да конных. Коні былі сапраўды баявыя, бо шнары і адмеціны на іхніх мордах і тулавах казалі за сябе. У некаторых адрубаны кончык вуха ці парваная ноздра. Сёдлы і скураная збруя з жалезнымі цуглямі мала ў каго новая, але ва ўсіх дабротная і моцная. Жывёлы добра дагледжаныя, але не ўкормленыя.

– Чаму худыя коні?!

– Дык пасля зімы, конязь, ― адказаў Комань, ― яшчэ не ад’еліся на веснавой траве.

– А што, мала сена нагатавалі на зіму?

Комань прамаўчаў. Хіба адкорміш сенам каня, яму авёс патрэбен. А збожжа нават людзям не хапае да навіны. Вось цяпер яшчэ дружыну трэба карміць…

Узбраенне вершнікаў было хужэйшае, чым у дружыны, але конязь разумеў, што большага дабіцца цяжка, ды і не такое ўжо дрэннае яно. А вось калі падышоў да пешых, то злосць пачала апаноўваць ім. Хто з дзідай, хто з суліцай, мала ў каго добрыя лукі, мячы толькі ў некаторых. Раптам вочы Волада спыніліся на мужу, які ў руках трымаў адну толькі дзіду, сам босы, ў залатанай вопратцы. Вочы конязя пабялелі ад гневу.

– Ці ты гэта, Гардзей?!

– Ага. Я гэта, княжа.

– Дзе твая зброя?! Ты ж узяў багатую здабычу ў апошніх баях! І конь у цябе быў, і сякера, і тарча! Дзе гэтае ўсё?!

– Прадаў, княжа. А каня ваўкі задралі.

– Што!? Зброю!? Прадаў! Каня прашляпіў! Прапіў!! ― і конязь з размаху заехаў Гардзею па сківіцы.

Гардзей не варухнуўся. Ён з усмешкай паглядзеў на Волада і сказаў:

– Ты, конязь, рукамі не махай. Я чалавек вольны. Так, штосьці на хлеб абмяняў, а штосці і прапіў. Гэта было маё, не тваё. Зброю здабуду ў баі ― не прывыкаць. А біцца магу і гэтым, ― ён падняў дзіду: ― А што! Добрая зброя!

Волад паспеўшы ужо крыху астыць, адказаў з прыкрасцю:

– Што ж. Хутка ўбачым, што ты зможаш зрабіць са сваёй дзідай супраць добра ўзброенага воя.

Пешых было крыху меней за пяць дзясяткаў. Толькі некалькі мужоў мелі больш-меньш годны збройны чын.

– Зброд, а не войска! ― грэбліва скрывіўся конязь. ― Я не кажу пра конных. А зараз ― спаборніцтвы! Пачнём з лучнікаў! Выяжджаем папарна да цэляў! Адзін ад дружыны і адзін ад тутэйшых вояў! Ды спачатку адвядзіце дахаты сабак ― яны ж не зразумеюць, што сутычкі будуць не сапраўдныя!

Тут Волад незнарок падняў вочы на дрэва, а там... Хаваючыся сярод галін, пакрытых густым веснавым лісьцем, засела хіба што ўся малеча з Медзьвядзёў і са Старыцы. Канечне ж, неразлучныя Воўч з Ежкам таксама былі там.

– Та-ак. Хавацца не ўмеюць, ― адзначыў сабе конязь, але віду не падаў, а толькі хітра усміхнуўся сабе ў густую русую бараду.

Стралялі па пудзілам, загадзя зробленым з лазы. Спачатку з сарака крокаў. Патрапілі ўсе. Потым з сарака і поўсарака. Дружыннікі патрапілі, а палова апалчэнцаў прамазала. З дзвух саракоў патрапілі, у асноўным, дружыннікі. І толькі некалькі ведзьмядзёўцаў спаборнічалі на роўных. У іх ліку былі Лошна, Доўбень, Ліс, а таксама Бор, Каліна і Булаў. Не пасарамаціліся яны і тады, калі конязь загадаў страляць з коней на скаку з паўсотні крокаў.

Твар Волада пасвятлеў:

– Вось, усе бы так! Малайчыны!

Потым кідалі ў мэту суліцы і корды, біліся на мячах і сякерах. І з кожным практыкаваннем конязь рабіўся весялейшы.

Дайшла чарга і да пешых. Волад ніколі не грэбаваў пешаю раццю, бо калі яна была добра ўзброенная і абучаная, то магла вырашыць зыход бітвы, нават выступаючы супраць конніцы, асабліва калі тая губляла перавагу ў руху ў густых парадках пешых вояў і пачынаўся малападзвіжны звонку рубон на мячах і сякерах. Пакуль вершнік наносіў удар па адным, другі паднырваў пад каня і валіў яго разам з вершнікам на зямлю.

Конязь вырашыў правесці бой пешых супраць пешых і паспрабаваць у гэтай якасці таксама і сваіх маладых дружыннікаў. Ен загадаў усім апалчэнцам спешыцца і злучыцца з бязконнымі. Супраць выставіў удвая меньшую колькасць дружыннікаў. Замест сапраўдных суліц, мячоў і сякер выдалі драўляныя з закругленнымі джаламі. Гардзею памянялі ягоную дзіду на ткую ж, толькі без жалеза і з тупым канцом. Няроўныя гурты развялі на два дзесятка крокаў. Па сігналу рогу яны кінуліся насустрач. Раздаліся глухія ўдары дрэва аб дрэва. Дазвалялася падаць на зямлю ад трапнага ўдару суперніка, нават калі ён быў няшкодным, каб пазначыць страту байца. Але дазвалялася і не падаць. Бой адбыўся ўпарты, бо ведзьмядзёўцаў заела тое, што ім далі ўдвая меньшы кошт, чым дружыннікам. Ды дружыннікі паказалі сваё ўменне і хутка апалчэнцы пачалі выбываць з сутычкі адзін за другім. Каб падтрымліваць суадносіны сілаў, конязь адзываў некалькі сваіх, калі перавага дружыннікаў станавілася відавочнай.

– Зыль, Барыс, Ціхан! Выходзце з сутычкі! ― раздаваўся ягоны гучны голас, ― Влас, Шчур! Таксама!

І сілы зноў станавіліся роўнымі. Але апалчэнцы выбывалі хутчэй. Здавалася, што ўсё тут ясна, і хутка ведзьмядзёўцаў не застанецца ў полі. Ды не ўсе з гэтым згаджаліся. Калі бой набліжаўся да свайго канца, выявілася, што на правым фланзе апалчэння купка вояў заняла кругавую абарону і паспяхова адбівала ўсе наскокі дружыннікаў. Гэта Доўбень згуртаваў вакол сябе ўсё тых жа Лошну, Ліса, Бора, Каліну, Булава і, на здзіўленне, таго ж Гардзея, які паказваў цуда валодання дзідай. Ён то абараняўся, падставляючы крэпкае дубовае дрэўка пад удары нападаючых, а то сам нападаў, пускаючы ў ход то адзін, то другі канец. Яго рухі былі маланкавыя, і нават спрактыкаваныя дружыннікі не маглі адолець Гардзея. Ужо не адзін з іх апынуўся на зямлі ад удараў гардзеевай дзіды. Сутычка станавілася зацятай, ніхто не жадаў саступаць і ўдары наносіліся з усіх сілаў. Волад даў знак грыдню, і той пратрубіў у рог адбой.

Удзельнікі пацешнага бою паселі, цяжка дыхаючы пазнімалі вопраткі. Многія мелі ранкі і сінякі. Асабліва дасталася Гардзею. І так няновая вопратка была разадраная, а да чырвонай плямы на сківіцы, што прылажыўся конязь, дабавіліся яшчэ разадраная скура на плячы і гуз на галаве. Ён, напэўна, даўно ўжо мог выйсці з сутычкі, але Волад яго раззлаваў, і вой вырашыў паказаць, як умее біцца. А зараз Гардзей астываў, і твар ягоны ізноў набываў абыякавы выгляд.

– Конязь, ― ціха прамовіў Комань, ― ты не свары больш Гардзея. Не зусім па сваёй віне ён згубіў маёмасць.

– Што?! Як можна страціць зброю ў мірны час? Ну, калі ты просіш..., ― ён махнуў рукой, нібыта адганяючы муху, потым ажывіўся: ― а б’ецца ён до-обра, нічога не скажаш!

Конязь ізноў з усмешкай непрыкметна глянуў на дуб, павярнуўся да дружыннікаў:

Зыль! Давай сюды сваіх вояў!

Калі тузін лепшых лучнікаў дружыны наблізіўся да дрэва, Волад ціха штосці ім сказаў, потым голасна загадаў:

– Слухай маю каманду! На дубе заселі варожыя выведнікі! З лукаў! Страляй!

Свіснулі стрэлы, паляцелі ў крону дуба. У мужоў вырваўся стогн. Стрэлы свіснулі другі раз! На дубе пачалася паніка і енкі. Трэці раз свіснулі стрэлы! З дрэва пачалі сыпацца мальцы, нібыта саспелыя грушы, і разбягацца ў розныя бакі. А і чацьвёрты раз стрэлілі дружыннікі! Воўч з Ежкам з жахам глядзелі, як стрэлы з сілай ўтыкаюцца ў дрэва зусім блізка ад іх. Яны не пабеглі, як усе, а толькі схаваліся за тоўстыя сукі і не ведалі, што рабіць далей. Бацькі ў нізе збялелі ад страху за сваіх сыноў. Ды што гэта? Хіба ўжо звар’яцеў хто? Як можна смяяцца ў такое імгненне? Але тыя, хто ўцяміў, у чым справа, рагаталі ўжо ва ўсю глотку. Хутка смяяліся ўсе. Ніводная страла не зачапіла юнакоў, бо такі быў папярэдні загад конязя.

Волад наблізіўся да дрэва:

– Ну, хто там яшчэ застаўся?! Злазь!

Воўч і Ежка, а за імі Пчол, Росцік і Бычко хуценька спусціліся з дуба, і пасталі перад конязем у няроўным шэрагу, збянтэжана гледзячы на яго знізу ўверх.

– Чаму без дазволу залезлі на дрэва? Хацелі мяне, конязя вашага, падмануць?! ― пагрозліва запытаў Волад.

Хлапчукі маўчалі. Конязь падышоў бліжэй:

– Чаго маўчыце?

Ён паклаў руку на плячо Ростіку і ўжо спакойна запытаў у яго:

– А ты чаго на дрэве застаўся, а не ўцёк, як усе?

– Я... я спалохаўся...

– А ты? ― Волад павярнуўся да Ежкі.

– Мы з Воўчам схаваліся за сукі, каб не падстаўляцца пад стрэлы, ― не разгубіўся той.

– Гэта праўда? ― цяпер Волад глядзеў на Воўча.

– Так, конязь! ― цверда прамовіў Воўч і смела паглядзеў Воладу ў вочы.

– Ну што ж. Цяпер ізноў лезьце на дрэва, павыймайце стрэлы і аддайце дружыннікам.

Хлопцы зразумелі, што бура скончылася і радасна навыперадкі палезлі выконваць загад.

– Комань, на сёння досыць! ― загадаў Волад, ― Дружына таксама вольная!

Сам не спяшаўся адысці ад дуба, на якім шамацелі юнакі, з цяжкасьцю выцягваючы глыбока засеўшыя ў драўніне стрэлы. Пакуль ведзьмядзёўцы і дружына збіраліся і адыходзілі, абмяркоўваючы спаборніцтвы, вучэбны бой і ўчынкі конязя, ён непрыкметна сачыў за юнакамі, за тым, наколькі яны лоўка і смела лазяць высока на дрэве. Ён шукаў лепшых і рабіў гэта заўжды, калі прыяжджаў на палюддзе, або проста ў час прыпынку ў якім-небудь паселішчы ў сваіх бясконцых вандроўках. Гэта была частка ягонай нялёгкай штодзённай працы. Калі хлопцы павыймалі ўсе стрэлы, пакідалі іх уніз і злезлі на зямлю, конязь паклікаў да сябе Ежку і Воўча. Ён апусціўся на калена, узяў хлапцоў за плечы і запытаў:

– Як завуць? Чыі вы?

– Я Ежка, сын Доўбеня з роду Команяў, з племені Корчакаў, ― хутка прагаварыў Ежка.

Усмешка мімаволі з’явілася на твары ў Волада:

– Ведаю твайго бацьку. Добры ваяр. А ты? ― звярнуўся ён да Воўча:

– Я Воўч, сын Улеба, таксама з роду Команяў.

– І твайго бацьку я ведаў. Слаўны быў вой. Багі заўчас забралі яго, як і многіх іншых. ― уздыхнуў конязь, ― Такое нашае жыццё.

Пільна яшчэ раз паглядзеў у вочы аднаму, потым другому:

– Хочыце да мяне ў дружыну?

Юнакі пераглянуліся і радасна крыкнулі разам:

– Вазьмі нас, конязь Волад!

Конязь падняўся, патрапаў абоіх па валасах:

– Вырашым на прадзімку. Буду прыглядацца да вас.



    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю