412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 16)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 24 страниц)

Толькі тут змагу здаволіць

Жыццёвую смагу-у-у-ой!

― У-у! У-у-у-у-у-у-у! ― гэта Шэры не паспеў скончыць разам з усімі, што, пасля імгненнай паўзы, вызвала дружны рогат. Ён здзіўлена глядзеў на раптам звар’яцеўшых людзей, і не ведаў, крыўдзіцца яму ці не.

Ішоў час, а яны граблі і спявалі. Усе песні, якія ведалі. Страх з журбою пакінулі іх. Узышоў месяц, прабіваючы тусклае святло скрозь начную смугу. А яны спявалі і граблі.

Сілы ўжо пакідалі іх, калі надыйшоў ранак.

Глава 32.

Дрэвіла і Ізгой

Першы раз Дрэвіла адчуў на сябе чыйсці погляд, калі пераходзіў пяшчаную пустэчу паміж высокімі, з рэдкімі падлескамі, хваёвымі барамі. Ён не азірнуўся, не падаў выгляду. Падумаў, што гэта які-небудзь звер, што ў той жа час апынуўся каля гэтай прагаліны, назірае за ім, і таму без увагі паглыбіўся ў лес на працілеглым боку пустэчы.

Другі раз гэта здарылася, калі ён ізноў спусціўся ўніз і выйшаў да хмызнякоў, што раслі ўздоўж балота, па ўскрайку якога працякаў ручай. Дрэвіла меўся папоўніць вадою мех, бо днямі стаяла спякота, і піць прыходзілася часта. І на гэты раз ён не азіраўся відавочна, рухаўся нібыта звычайна, але так, каб можна было непрыкметна аглядзець усе накірункі. Ён нікога не ўбачыў, аднак інстынкт выведніка, спрактыкаваны і не аднойчы правераны, падказваў, што хтосці за ім назірае.

– “Хто? Чалавек ці звер? А можа, Лазавік хоча прычапіцца?” ― разважаў пра сябе Дрэвіла, ― “Што ж, зараз праверым.”

І ён пайшоў ад балота, ведаючы, што ні аднавокі, з доўгаю пугаю ў руках, барадаты Лазавік, ні брудны таўстун Балотнік, ніколі не выходзяць з балота. Нават гаспадар усіх балотных нячысцікаў Кадук, а і той рэдка калі пакідае балота, ды і то гэта можа адбыцца толькі на світанні, а таксама ў поўдзень ці ў самую поўнач. Праўда, шкоды супраць людзей ён любіць выдумваць. Дрэвіла хутка вярнуўся ў лес і палічыў, што адарваўся ад назірання.

Але ненадоўга.

Калі ён ізноў наблізіўся да Зэльвы, якая ў гэтым месцы нясла свае прахалодныя струмяні на поўнач, то ў трэці раз адчуў на сваёй патыліцы чужы позірк. Увечары, калі ўсе рэчы набываюць смутныя абрысы, Дрэвіла на момант сярод дрэў прыкмеціў кудлатую, падобную на чалавека, постаць, якая тут жа знікла.

І Дрэвіла зразумеў, што мае клопаты.

– “Няўжо я патрывожыў Лешага? Няўжо выпадкова перайшоў яго любімую сцяжыну?”

Ён ведаў яшчэ з маленства, што Лешы ― пярэварацень, можа мяняцца ў росце і прыймаць разнастайныя абліччы ― чалавека, звера, птушкі. Але ведаў і як ашукаць яго. Таму раптам змяніў кірунак руху і нейкі час крочыў у іншы бок. На невялічкай паляне спыніўся і прамовіў да лесу:

– Я пайду туды, ― паказаў рукой на поўнач, а сам схаваўся сярод ядлоўцаў, пераапрануў верхняе адзенне навыварат, перавярнуў шапку задам наперад і хуценька папоўз, а потым, прыгнуўшыся, пакрочыў у іншы бок ― на ўсход.

Не дапамагло.

Калі ён пачаў шукаць месца пераправы праз Зэльву, то знянацку азірнуўшыся на нейкі незразумелы шум ззаду, ўбачыў прыгажуна аленя, які бег на вадапой, і, натыкнуўшыся на чалавека, рэзка кінуўся ўбок, не разбіраючы дарогі і ламаючы малады падрост. У гэты ж момант многа далей на звярынай сцежцы, Дрэвіле ізноў на імгненне трапіла на вочы не паспеўшая своечасова схавацца змрочная кудлатая постаць.

– “Та-ак! штож ты за нячысцік такі?” ― думаў Дрэвіла, ― “Ты не Балотнік, і не Лешы. Лешы не стаў бы так доўга хавацца ад чалавека, а ты не падыходзіш блізка, нібыта баішся мяне. Ну і чорт з табой, я буду рабіць сваю справу. Канечне, з засцярогай.”

І ён, нібыта ні аб чым не здагадваючыся, пачаў выбіраць месца пераправы. Гэта была нялёгкая задача, бо Зэльва мела даволі шырокую і балоцістую даліну, якая добра праглядалася на вялікай адлегласці. А яму трэба было знайсці такую мясцовасць, дзе даліна была як мага больш вузкай, каб лес падступаў бліжэй да рэчышча. Ён падняўся на высокі пагорак, адкуль рака добра была відаць на многія палёты стралы. Каб убачыць мясцовасць яшчэ далей, залез на высокую яліну, прымасціўся на адной з галін спіной да ствала, прыставіў далонь да ілба над самымі вачыма, і доўга вывучаў даліну. Прыгожае царства раслін адкрывалася яму ў абодва бакі, пакуль бачыла вока. Тут панавала мноства адценняў зялёнага колеру, ад змрочных цёмных ельнікаў да светлых бяроз і амаль бялявых крон таполяў, сярод якіх укліньваліся кучаравыя шапкі дубоў ды клёнаў. На ўзгорках мясціліся хваёвыя бары са стройнымі бронзастволымі дрэвамі. І зверху, і знізу снавалі па сваіх справах птушкі. Журавель некалькі разоў пракурлыкаў за бліжэйшым гаем. Далёка на поўначы, на самым гарызонце, праз шырокі прастор балота, віднеўся светлы дым яцвяскага паселішча. На поўдні таксама былі балоты хоць і не такія шырокія. Але болей усяго Дрэвіла ўглядаўся ў той кавалак рэчышча, што быў проста перад ім. Тут высокія берагі найболей блізка падыходзілі адзін да другога. Некалькі невялічкіх прытокаў праз лес прабіваліся да Зэльвы, хаваючыся ў непралазных гушчарах. Ён выглядзеў падыходзячае месца і пачаў бязгучна спускацца ўніз, ступаючы нібыта па лесвіце па зручным яловым галінам, якія раслі гарызантальна ад ствала. Паглядзеў уніз скрозь мноства гэтых галін, тырчашчых са ствала ў розныя бакі і трыху замінаючых бачыць зямлю пад дрэвам і… Проста пад ім, абапёршыся адной рукой аб ствол ягонай яліны, стаяла незразумелая постаць і збянтэжана круціла касматай галавой ў розныя бакі.

– “Ён згубіў след,” ― зразумеў Дрэвіла і раптам успомніў, што ўсе свае рэчы, у тым ліку лук, суліцы і меч павесіў на ніжніх галінах, каб не заміналі лезці на дрэва. Тыя галіны не былі ля самай зямлі, але калі гэтая пачвара падыме вочы даверху, то ўбачыць і досыць лёгка зможа завалодаць ягонай зброяй. І тады…

– О-о-ў-у-о-о-о-о!!! ― Дрэвіла знянацку з усёй сваёй моцы зароў унутрычэраўным голасам, пераймаючы мядзведзю, скочыў на канцы галін і заслізгаў па іх уніз, зрэдку хапаючыся за калючыя лапіны, каб сцішыць ход і не разбіцца.

Калі ён апынуўся на зямлі, там ужо нікога не было. Па адбітках на тоўстым моху выходзіла, што след быў чалавечы. Ён не паспеў вырашыць, добра гэта ці дрэнна, як успомніў, што многія нячысцікі могуць ператварацца у каго захочуць і імітаваць якія захочуць сляды.

– “Перайду Зэльву і падумаю, як ад цябе пазбавіцца!” ― вырашыў выведнік.

Перапраўляўся на прадвячорку. Пазбегнуць балота ўсёткі не ўдалося. Нешырокае ў гэтым месцы, яно спачатку мела цвёрдае дно пад нагамі, але перад адкрытаю вадой Дрэвіла патрапіў на дрыгву. Старанна выбіраў месца, куды можна было ступіць. Купіны з густой травой, напаўзгнілыя слізкія ствалы невялічкіх дрэў, што ўпалі, не вытрымаўшы суровых умоў, часам можна было паставіць нагу шчыльна да камля маладога дрэўца, якое яшчэ чаплялася за жыццё ў гэтым мокрым хісткім асяроддзі. Да адкрытай вады было ўжо зусім блізка. Дрэвіла паправіў на плячы зброю, зрабіў наступны крок… і праваліўся праз ненадзейны дыван з пераплеценых карэнняў балотных раслін. Ён хацеў намацаць пад сабой цвёрдае, але ногі боўталіся, не знаходзячы аніякай апоры. Дрыгва хутка зацягвала. Дрэвіла паклаў на паверхню звязаныя разам суліцы і, абапёршыся аб іх, рызыкуючы зламаць тонкія тронакі, дацягнуўся да моцнага ствала маладой бярозы. Схапіўшыся за яго, неймаверным высілкам вырваў сябе з дрыгвы і, адпіхнуўшыся ад выратавальнага дрэўца, апынуўся ў адкрытай вадзе ракі. Плынь панесла яго, і Дрэвіла паплыў з дапамогай толькі ног, бо рукі былі занятыя зброяй, да процілеглага берага. Калі пад нагамі з’явілася цвёрдае дно, ён азірнуўся… На тым беразе, адкуль ён сышоў, з хмызняку тырчала кудлатая галава з пранізлівымі вачамі. Пачвара з цікавасцю назірала за барацьбой чалавека з дрыгвой, захапілася, і неадразу сцяміла, што чалавек таксама глядзіць на яе. У наступны момант яна знікла, але Дрэвіла паспеў улавіць на ёй выраз разгубленнасці.

Выведнік вылез на бераг і атуліўся сярод бліжэйшых дрэў. Ён не спяшаўся адыходзіць ад ракі, залёг у высокай траве, і назіраў. Калі нячысцік пойдзе за ім, то тут Дрэвіла яго і сустрэне.

Звечарэла, потым і зусім сцямнела. Ніхто на рацэ не з’явіўся.

…Ізгой зразумеў, што надышла пара дзейнічаць рашуча, бо калі ён прамарудзіць, то ягоная ахвяра сыдзе са знаёмых месцаў і зладзіцца з ім будзе цяжэй. Ён не рызыкнуў перапраўляцца скрозь Зэльву па следзе чалавека, бо добра памятаў той раптоўны страх, што апанаваў ім, калі зверху яліны хтосьці зароў і пачаў валіцца проста на яго. Ён цяпер сам не разумеў, як здолеў тады збегчы. Таму адвярнуў далёка ўбок, знайшоў спадручнае месца, і без прыгод пераплыў раку. Сустрэча з позіркам сваёй, як ён лічыў, ахвяры, збянтэжыла. Ён доўга знаходзіўся пад уплывам гэтай акалічнасці і ачуўся, калі ўжо стала зусім цёмна.

– “Пара!” ― сказаў ён пра сябе, і пашыбаваў да знаёмага месца, якое мімаволі паўстала ў ягонай галаве. Чым больш ён думаў, тым больш разумеў, што месца гэтае было найлепшым для ажыццяўлення мэты ― вузкая гарлавіна паміж выгібамі Зэльвы якраз насупраць таго балотца, дзе перапраўляўся чалавек. Яму не мінуць гарлавіны, калі пасунецца шукаць выйсця з даліны ракі. Ізгой са спрытам звера залез ў густую крону яліны, якая стаяла панад звярынай сцежкай.

– “Тут я цябе й перайму,” ― вырашыў ён і прыгатаваўся чакаць, калі чалавек апынецца пад ім.

Ішоў час. Месяц выйшаў з-за крон дрэў і паціху пакаціўся па небу. Чалавек не з’яўляўся.

–” І дзе ж цябе нячысцікі носяць?” ― думаў ізгой, седзячы на яліне.

Прайшло яшчэ нямала часу, калі ён зразумеў, што чалавек не з’явіцца. І як ён ні ўглядаўся і ні прыслухоўваўся да гукаў начнога лесу, прысутнасці таго не выявіў.

– “Та-ак! Няўжож ты залёг спаць?” ― разважаў ізгой, ― “Не! Павінен быў адыйсці куды-небудзь, бо бачыў мяне на тым беразе.”

Ён яшчэ нейкі час прасядзеў на дрэве, потым, адчуўшы безнадзейнасць гэтага сядзення, бязгучна спусціўся на зямлю, і , імкнучыся гэтак жа бязгучна ступаць па лясным падсціле, павольна пасунуўся да ракі.

Толькі адзін раз, зусім ціха, хруснула сухая галінка пад ягонай нагой.

А Дрэвіла ўсеткі пачуў. Ён даўно ўжо ляжаў нерухома, замаскіраваўшыся мохам і травой, пад разгалістым карчом ляшчыны і назіраў у няясным святле маладога месяца за высокай ялінай, якая стаяла на пярэсмыку паміж петлямі Зяльвы. Ён залёг тут раней, чым сюды прыйшла таямнічая пачвара, бачыў, як тая лоўка залезла на дрэва. Дрэвіла таксама зразумеў зручнасць гэтага месца для засады і тое, што калі невядомы высочвае яго, то рана ці позна прыйдзе сюды. Але да апошняга моманту ён не ведаў, з кім мае справу ― з чалавекам ці з нячысцікам. І толькі калі хруснула галінка, яму стала зразумела ― гэта чалавек! Цяпер усе ягоныя дзеянні былі накіраваныя супраць чалавека. Перамогшы суперніка ў чаканні і цярпенні, ён набыў важную первагу, бо той вымушаны быў перасоўвацца, а яму не было патрэбы варушыцца, а толькі чакаць.

…Калі Дрэвілу, як і другіх іншых юнакоў з розных родаў, калісьці адабралі ў дружыну да конязя, то, падвучыўшы крыху ваярскай справе, аддалі іх усіх на нейкі час у рукі да самых дасведчаных выведнікаў. Тыя вучылі маладых рукапашным прыёмам бою, і пільна прыглядаліся да іх, вышукваючы такіх, з якіх можна было б зрабіць сабе памагатых. У Дрэвіле такія здольнасці заўважылі, а калі прыглядзеліся лепей, дык вывявілі ў ім і рэдкі дар адчуваць прысутнасць і рух жывой істоты, не бачачы і не чуючы яе. З часам ён стаў знакамітым сярод выведнікаў Волада…

Ізгой, без конца бадзяючыся па лесе і нярэдка трапляючы ў небяспечнае становішча, таксама паступова набыў падобныя здольнасці.

Цяпер яны знаходзіліся ў некалькіх кроках адзін ад другога, і добра адчувалі гэта, імкнучыся нічым не выдаць сваю прысутнасць. Ніхто не жадаў пачынаць першы. Абодва былі ў страшэннай напрузе. Ноч марудна цягнулася, пасылаючы да іх з розных бакоў свае гукі. Але ізгой і выведнік прагнулі пачуць толькі той гук, які будзе азначаць пачатак дзеяння суперніка.

Дрэвіла адчуваў ізгоя і ведаў ягоны намер.

Ізгой адчуваў Дрэвілу, але не ведаў, у якім той становішчы – спіць, знаходзіцца ў паўдрымоце, ці гэтак жа прыслухоўваецца да наваколля? Ён жадаў ведаць гэта напэўна, сцісківаючы ў адной руцэ булаву, а ў другой камень, які падабраў тут жа.

– “Зараз я цябе ўхайдокаю,” ― думаў ізгой, ― “і ўсё, што ты маеш, будзе маім!”

Ён з апошніх сілаў стрымліваў сябе, чакаючы сам не ведаючы, чаго. І такі дачакаўся, бо з-пад карча ляшчыны, што знаходзіўся проста перад ім, пачулася соннае сапенне.

Ізгой кінуў камень, але не ў корч, а трыху ўбок, каб адцягнуць увагу і не быць сустрэнутым выстаўленай суліцай. Адначасова ён скочыў да карча і з усёй сілы апусціў дубіну, са здавальненнем адчуваючы, што патрапіў у пругкае. Радасць была нядоўгай, бо ў гэты ж момант штосці рэзанула яго пад каленам і ён зенчыў ад болю. Ён яшчэ здолеў перахапіць дрэвіліну руку з нажом, але, спрабуючы вывернуць яе, тут жа атрымаў скрушальны ўдар кулаком у кадык.

– Ах ты ж гад! ―прамовіў Дрэвіла, выціраючы корд і хаваючы яго ў похвы, ― дастаў такі мяне сваёй булавой, ― і знясілена апусціўся на зямлю побач з кудлатай істотай, адчуваючы, як вышэй калена ўзмацняецца пульсавалы боль. Маладзік выглянуў з-за воблака, асвятліўшы твар ворага. Той паміраў, кроў булькала ў горле. Але вочы былі ясныя і позірк асэнсаваны.

– Ты хто? ― спытаў Дрэвіла.

– Я! Я! ― паміраючы штосьці жадаў сказаць, але бульканне ў горле замінала яму, ― ізгой я… ― разабраў Дрэвіла.

– Адкуль, чый ты?

– Дрыг… Яцв… ― бульканне ўзмацнілася, дыханне стала перарывістым, кашаль душыў яго. Хутка вочы ягоныя пачала завалакаць заслона смерці.

Больш Дрэвіла нічога не пачуў. Ізгой памёр гэтак жа ганебна, як і жыў. Выканаўся суровы прысуд супляменніукаў, чыім бы ён ні быў…

Надышоў світанак. Ад ракі цягнулася сырая смуга. Птушкі з новай сілай заспявалі на ўсе лады.

А Дрэвіла набыў новы клопат ― параненую нагу. Спачатку ён не мог ступіць на яе:

– “Як зламаная костка, то магу не дацялёпкацца.”

Пераадольваючы боль, абмацаў сцягно, але прыкмет пералому не знайшоў. Тады ён зняў порткі, абматаў нагу лёкавай травой, якую адшукаў тут жа, каля ракі, з лахманоў ізгоя зрабіў тугую павязку, ізноў апрануў порткі і пашкандыбаў у патрэбным накірунку ― на паўночны ўсход.

– “А ён паверыў, што я сплю,” ― падумаў Дрэвіла, цяжка ступаючы на параненую нагу, ― “але ўсё роўна зрабіў падманны рух, халера на яго.”

Вогнішча для ізгоя не складваў ― пабярог сілы і час. Наперадзе быў яшчэ доўгі шлях ― бясконцыя лясы, а сярод іх балоты, ручаі, рэкі. Яму трэба будзе перапраўляцца праз прытокі Шчары ― Сіпу, Луконіцу, праз самую Шчару, ізноў праз яе прытокі Хлеву, Пад’явару, потым праз прытокі ўжо Нёмана ― Чарняву, Вязову, і толькі потым ён падыдзе да добра знаёмых мясцін ўздоўж Дзятловы, а там і Маўчада.

Яле як гэта яшчэ далека!...

Глава 33.

Рэйд Вінсэ і бітва на засеках

Віхуры даручілі камандаваць коннай сотняй, далучыўшы да ягоных дрыгавічоў дайноваў, якіх Трайга адправіў у атрад Вінсе.

З боку памораў чуліся ўдары сякер, гэта яны ладзілі засекі.

Комат разважаў, што неяк дзіўна адбываецца, ― паморы, замест таго, каб нападаць на чужынцаў, што ўварваліся на іхнюю тэрыторыю, сабралі войска і збіраюцца сядзець у абароне. Але, паставіўшы сябе на месца паморскага ваяводы, вымушаны быў прызнаць, што, калі ў іх было недастаткова сілаў, то гэта рашэнне разумнае, бо яны такім чынам скавалі яцвягаў і не далі ім ўварвацца далей на іхнія землі. Але разумным гэта можна было лічыць толькі тады, калі ў памораў была надзея на хуткую дапамогу. Інакш яны выракалі сябе на згубу.

…Ноч яшчэ не скончылася, калі коннікі на чале з Вінсе рушылі ў свой рэйд.

Калі ранішняя смуга зрадзела, то яцвягі, якія засталіся, ўбачылі, што паморы за ноч здолелі неблага замацавацца, зрабіўшы добрыя засекі, якія натапырыліся ўбок нападнікаў востра заменчанымі канцамі напаўзакапаных у зямлю бярвенняў. Комат не спадзяваўся, што першы напад ягонага войска прынясе поспех, але ён меў надзею, што выявіць якія-небудзь слабыя месцы ў паморскіх умацаваннях. Пешыя яцвягі спрытна і дружна падбеглі да засек, нейкі час спрабавалі пераадолець іх, і, сустрэўшы моцны адпор, гэтак жа спрытна адбеглі назад, падбіраючы сваіх параненых і забітых. Надхнёныя поспехам паморы смела выбеглі следам, але сустрэнутыя плотнымі зграямі стрэл, хуценька вярнуліся ў укрыцце, таксама губляючы сваіх. Пасля гэтага абодва войскі занялі свае першапачатковыя пазіцыі.

Комат зразумеў, што хуткай перамогі не адбудзецца.

Праз нейкі час ён даў загад на яшчэ адзін напад, на гэты раз сканцэнтраваўшы сваіх вояў у напрамку даволі стромкага схілу, на якім паморы не зрабілі засеку. Спачатку здавалася, што атака прынясе поспех, бо яцвягі даволі хутка дабеглі амаль да верхняй кропкі, ды тут паморы выкацілі тоўстыя бярвенні і пачалі пускаць іх уніз. Усім здавалася, што коцяцца яны марудна, але калі першыя з атакуючых паспрабавалі іх падперці і спыніць, то былі тут жа перакуленыя і змятыя. Тамака-сям пачулася храбусценне пераломаных костак і стогны. Далей бярвенні пачалі набіраць спрыт, і гора было таму, хто не паспеў адбегчы ўбок, ці хоць бы ўпасці ў дзе-якую ямку і накрыцца шчытом. Нельга сказаць, што бярвенні гэтыя вырабілі вялікія страты, але атака была сарвана. Ацалеўшыя яцвягі, закінуўшы за спіну шчыты, спускаліся ўніз пад смех і здзекі памораў і посвіст стрэл, пушчаных наўздагон.

Комат уважліва паглядзеў на бярвенні, на старанна счасаныя сукі і няроўнасці, што было зроблена відавочна даўно, і да яго дайшло, што гэтая паморская пазіцыя з’яўляецца насамрэч загадзя падрыхтаваным апорным пунктам. А не зразумелі гэтага ўчора, бо засекі былі замаскіраваныя падростам маладых дрэў і карчоў. Паморы ноччу часткова павырубвалі іх, каб адкрыць агляд для прыцэльнай стральбы з лукаў.

– Што ж! Прыйдзецца папрацаваць, ― сказаў ён для сябе, і голасна загадаў, ― Гэй! Скумо, Вадо, Трайга! Будзем гатаваць загароды!

Больш як сотня сякер пачала заўзятую працу. Гатовілі калы, трыху вышэйшыя за чалавечы рост, звязвалі іх чым прыйдзецца, ― хто вяроўкаю, хто трыснягом, хто лазою. І не паспела сонца падняцца да вышэйшай кропкі на небасхіле, як па ўсёй лініі наступу ўжо стаялі гатовыя загароды. Гэта не быў адзіны плот, а кароткія, сажні ў два-тры шырынёй перасоўныя ўмацаванні. Яны не ўбіваліся глыбока ў зямлю, а стаялі вертыкальна дзякуючы адмысловым падпорам, пастаўленым з задняго боку. Калы былі шчыльна сплеценыя лазінамі ў два рады. Іх не магла прабіць ні страла, ні суліца, ні дзіда. Хіба толькі падбегчы так блізка, каб усадзіць паміж каламі дзіду і расхітаць іх. Але паспрабуй дабегчы! За кожнай загародай атуліўся тузін вояў. Пярэднія, узяўшыся разам, лёгка трыху паднімалі яе і перастаўлялі на крок наперад. Заднія стралялі з лукаў праз наўмысна зробленыя шчыліны, нават прыцэльна кідалі суліцы.

– Разам! Разам! ― крычалі яцвягі, і кожны раз перастаўлялі загароды наперад ― да засек памораў. Тыя спачатку моўчкі чакалі. Потым пачалі абстрэльваць, імкнучыся патрапіць у шчыліны. Гэта не дало колькі-небудзь адчувальнага выніку. Тады паспрабавалі страляць у навес. Яцвягі паднялі шчыты над галовамі і не мелі страт. Паступова, павольна, ўсё бліжэй да засек прасоўваліся загароды. Цяпер стрэлы памораў часам знаходзілі ахвяру, таксама, як і суліцы яцвягаў. Нарэшце яны настолькі наблізіліся, што з аднаго і з другога боку чакалі сігнала да агульнай рукапашнай сутычкі.

Раптам у стане абложаных пачуліся радасныя выкрыкі.

Комат адразу здагадаўся, што да памораў прыйшла дапамога…

Атрад Вінсэ амаль да паловы ночы рухаўся на захад. Яны не сустрэлі паморскага войска, не бачылі жытла, калі не лічыць дзвух буданоў каля невялічкіх ручаін. Людзей таксама не бачылі, бо ўсе пахаваліся, ды і не шукалі іх.

Павярнулі на поўнач. Таксама нічога.

– Дзе тыя паморы? Нават слядоў ніякіх не відаць, ― Вінсэ пачынала здавацца, што ўсё гэтае перасоўванне яны робяць дарма, і што Комат занадта абачлівы. ― Хутка світанне, а мы замест таго, каб штурмаваць засекі, бадзяемся абы дзе.

Ён даў загад падзяліцца на тры калоны, каб рухацца хутчэй.

Цяпер Віхура вёў сваю сотну паасобку. Напрамак вызначалі па зорках, а хутка і ранішняя полынь пазначылася па правую руку. Пачыналася світанне, выяўляліся бліжнія і дальнія аблесеныя груды, з яроў і далін рэчак паднімалася густая белая пара. Незнаемае месца. Чужая краіна. Цішыня.

Раптоўна дзесці злева сталі даносіцца нейкія смутныя гукі. Потым нібыта крыкі людзей і удары жалезам па жалезу. Э-э-э! Дык гэта ж бітва!

Разважаць не было часу.

– У галоп! Наперад! ― махнуў мячом Віхура і шпорамі даслаў каня ў напрамку гукаў рукапашнай сечы, якія мацнелі з кожным імгненнем. Сотня паслухмянай лавай пацякла за ім, паступова набіраючы хуткасць. Ім прыйшлося абмінаць лес, які мысам выцягнуўся паміж палёў і закрываў карціну боя. А калі ўжо павярнулі за мыс, дык адразу пабачылі, што калона Вінсэ абхвачана конным войскам памораў з трох бакоў і што яны нават не паспелі пераладзіцца ў баявы парадак. Першыя шэрагі памораў ужо на ўсю моц церабілі яцвяскую калону, прадбачачы хуткую перамогу і нават не пачулі адразу, што з тылу па ім ударыла яшчэ адно войска, бо сотня Віхуры, не зніжаючы хуткасці, атакавала моўчкі. Дрыгавічы з дайновамі з ходу пачалі рубаць задніх памораў, разбуральным клінам утыкаючыся ў іх шэрагі.

На пачатку раптоўнай сутычкі Вінсэ паспеў толькі скамандаваць “да бою!”, і яму ўжо нічога не заставалася, як біцца нароўні з радавымі вершнікамі. Самыя адчайныя паморы рваліся да яго штандара. Цяжка прыйшлося правадыру пакемцаў. Ужо не бачыў і не чуў ён поруч сябе сваіх найблізкіх паплечнікаў. Прыходзілася самому варочаць мячом і шчытом, а не камандаваць войскам. Вось ізноў двое памораў адразу налягаюць, а за імі яшчэ! Няўжо ж загінуць прыйдзецца?

Але Віхура таксама ўбачыў штандар Вінсе, і павёў галаву калоны проста да яго, карыстаючыся тым кароткім момантам, калі вораг яшчэ не ачухаўся ад іхняга раптоўнага нападу. Дрыгавічам хапіла набранага разгону, каб прабіцца да яцвягаў. А за імі ўрываліся дайновы, цяжкімі сякерамі рубаючы памораў і разпалавіньваючы іхняе войска на часткі.

Доўбень правіў свайго каня трыху наперадзе ад Віхуры. Ён вынесся проста на Вінсэ, калі той зваліў магутным ударам мяча аднаго з памораў, які напаў на яго, але другі ўжо занёс над шаломам Вінсэ сякеру. Доўбень моцна шпорамі даслаў каня, той аж зароў ад болю, але скочыў наперад, і дрыгавічу ўдалося ў апошні момант дастаць лязом мяча адкрытую ад даспеху шыю памора.

Дрыгавічы і дайновы злучыліся з яцвягамі. Прыбыўшая калона сваім націскам надала цяпер ужо агульнаму войску рух па колу. Гэта быў спачатку спантанны інэрцыйны рух конніцы, каб яго спыніць, патрэбен быў нейкі час, але Вінсе тут жа вырашыў скарыстацць яго.

– Разганя-а-а-й! ― крыкнуў ён сваім ваярам, і накіраваў каня па вонкаваму краю гэтага кола, надаючы яму яшчэ большую хуткасць. У гэты момант паморскія воі займалі досыць статычнае становішча, яны не мелі агульнага плана на працяг бітвы. Стрэламі з лукаў у іх атрымоўвалася зрэдку заваліць аднаго-другога вершніка, хоць тыя і прыкрываліся шчытамі. Збянтэжанныя паморы не паспелі пераладзіць сваё войска, у той час як раскручаная шаленай скачкай аб’яднаная конніца яцвягаў, дрыгавічоў і дайноваў знянацку разарвала сваё кола і, ператварыўшыся ў спіраль, ўдарыла па ворагу з усёй энергіяй свайго руху. Для памораў гэты ўдар апынуўся фатальным. Лязо спіралі разразала паморскае войска, частка якога пападала ў сярэдзіну і гінула. А спіраль раскручвалася шырэй, і ўсё больш памораў трапляла ў смяротную пастку.

Сярод жалезнага грукату бою, конскага іржання і чалавечых крыкаў пачуўся выразны гук рога. Паморы адступілі і кінуліся да бліжэйшага лесу. Нейкі час яшчэ працягвалася пагоня.

Калі ўсё скончылася, Вінсе пад’ехаў да Віхуры, прыклаў руку да сэрца, пакланіўся:

– Я і мае воі заўсёды будзем удзячныя!

Потым ён знайшоў вачыма Доўбеня, пад’ехаў да яго, абняў:

– Як зваць цябе, адважны ваяр?

Доўбень я, ― сціпла адказаў той, потым расправіў плечы, ― Доўбень Лабанавіч! З роду Команяў!

– Цяпер ты брат мне, Доўбень Лабанавіч з роду Команяў.

– Рады мець такога брата, ваявода!

– Для цябе я Вінсэ, з роду Кімена, з пакемскага племені.

– Няхай будзе так.

Сваіх загінуўшых і параненых вояў, а таксама трафеі, прывязалі да тых коней, што страцілі вершнікаў і бегалі, непрыкаяныя, па полю. Іх лавілі, супакойвалі. У гэтай кароткай бітве загінулі паўтара дзесятка яцвягаў і дайноваў, а таксама дрыгавічы Апара з Перуновай Старыцы і Везнюк з Руды. Праз кароткі час паехалі далей. Мёртвыя памаране засталіся ляжаць там, дзе загінулі.

Цяпер Вінсэ не папракаў Комата.

У дарозе яшчэ многія яцвягі пабраталіся з дрыгавічамі і дайновамі.

Сонца паднялася ўжо досыць высока, калі Вінсэ скамадаваў павярнуць на поўдзень ― цяпер, нарэшце, яны вярталіся да месца асноўных падзей. Амаль адразу наехалі на шырокі след конніцы. Зусім нядаўна тут праходзіла войска. Гэта паморы з берагавых радоў спяшаліся на дапамогу сваім. Войска не саступала колькасьцю атраду Вінсэ. І малады правадыр зразумеў, што можа не паспець да развязкі бітвы, бо калі паморскія войскі злучацца, то ў Комата не хопіць сілаў, каб ім процістаяць. Таму ён загадаў ехаць так хутка, каб толькі не загнаць коней.

Паморскі ваявода, які вёў войска на дапамогу сваім, што сядзелі ў аблозе, не здагадаўся выставіць ззаду заслон, бо яму не прыйшла нават думка, што яцвягі могуць апынуцца ззаду. Ён спыніў сваіх вершнікаў на апошні прывал, калі да яго пад’ехаў ганец ад абараняючыхся на засеках:

– Хутчэй, конязе! Выбаўляй ― насядаюць яцвязі!

І не паспеўшыя адпачыць коні і людзі ізноў рушылі наперад.

Яцвягі даехалі да месца прывалу памораў адразу, як тыя зняліся. Перадавы дазор нават бачыў апошніх вершнікаў памораў.

– Вінсэ! Коні не вытрымаюць без перадыху! ― крыкнуў сцішана Віхура.

– Так, трэба спыніцца хоць ненадоўга, ― згадзіўся Вінсэ.

Спешыліся. Агаладалыя коні жадна кінуліся зрываць траву. Час ішоў марудна. Воі напружана чакалі, разумеючы, што ад таго, ці дагоняць яны атрад памораў, будзе залежыць зыход бітвы, а, можа быць, і ўсяго іхняга набегу.

… Комат бачыў, як збіраюцца на версе схілу радасныя паморы, гатуючыся да рашучага нападу, як за іх спінамі з’яўляюцца толькі што прыбыўшыя вершнікі на разгарачаных конях, і разумеў, што ў яго ўжо няма чаго дадаць на шалі бітвы.

Апошнія вершнікі памораў яшчэ заязджалі ўва ўмацаванне, як конніца Вінсэ знянацку абрынулася на нічога не разумеючае войска і, злавіўшы кароткі момант разгубленнасці, пасеяла смуту, жах і смерць па ўсёй плошчы ўмацавання.

– Вінсэ! Паспеў! ― Комат выхапіў меч з похваў, ― Напера-а-ад!! Я-а-ацве-е-езь!! ― грамавы ягоны крык-румз у момант абудзіў ад здранцвення тых вояў, што туліліся за загародамі:

– А-а-а-а!!! Я-а-а-ацвезь!!! ― зараўлі яны ўва ўсе глоткі і рынуліся наверх, перакульваючы непатрэбныя ўжо загароды. Комат на гарачым жарабцу імчаў наперадзе атакі коннікаў. Воі з яго роду прыкладвалі ўсе намаганні, каб абагнаць і прыкрыць правадыра. Але да таго, як ім гэта ўдалося, страла паморскага лучніка праслізнула пад шчыт, знайшла на Комаце неабароненае даспехам месца і упілася ў перадплечча. Комат на хаду выцягнуў стралу і разам з іншымі ўрубаўся ў рады памаран.

Частка паморскіх коннікаў атакавала пешых дайноваў, зачапілі і дрыгавічоў. Дрок бачыў, як адзін з вершнікаў імчыць проста на ягонага аднавяскоўца і добрага суседа Калоду, што біўся побач. Кінуўся напераймы, але не паспеў, ― зарубаны мячом, Калода валіўся ўжо на зямлю. Тады Дрок з разгону скочыў збоку на вершніка, калі той замахваўся для чарговага ўдару, і зваліў яго з каня. Яны яшчэ толькі разам падалі, як Дрок забіў суперніка кордам, знайшоўшы шчыліну паміж пласцінамі панцыра. Памаране біліся люта, але гэта была лютасць абложанага звера. Праз кароткі час бітва скончылася поўнай пабедай яцвягаў. Нямногія паморы здолелі вырвацца з кола смерці, сціснуўшы зубы ад гаркаты паразы, выносячы з сабой нянавісць да захопнікаў на ўсё астатняе жыццё і вялікае жаданне паквітацца.

У гэтай бітве на засеках загінулі амаль два сарака яцвягаў і дайноваў, а таксама дрыгавічы Калода з Ведзьмядзёў, Пляскач з Вусця, дружыннік Балыш. Яшчэ адзін дружыннік, Грэсь, быў цяжка паранены і памёр праз дзень у абозе.

А Дрок Няўдак здабыў сабе баявога каня з поўным рыштункам. Бо калі здабычу, наогул, здавалі ў агульны абоз, то нехапаючае ўзбраенне, здабытае ў бітве, на законным праве заставалася ў пераможцы.

Ноччу палілі пахавальныя вогнішчы і святкавалі перамогу.

Для войска Комата галоўным вынікам гэтай перамогі было тое, што цяпер нейкі час нічога не магло перашкаджаць займацца пошукам паморскіх паселішчаў і іх рабаўніцтвам. Жорсткія законы часу не літавалі безабаронных, у становішчы якога могло апынуцца ў гадзіну раптоўнага нападу любое паселішча, любы чалавек.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю