Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 24 страниц)
Глава 41.
У прусах
Яцвяскае войска доўга яшчэ стаяла ў баявым парадку, назіраючы за сыходам памаран. Толькі пад вечар, разаслаўшы выведку па ўсім накірункам, Комат дазволіў разыйсціся па племянным стойбішчам. На досвітку пачалі пераправу праз Вістулінскі заліў. Пакуль на плытах перапраўлялі коней і адабранае ў памаранаў быдла, ладдзі паспелі зрабіць па дзве ходкі, перавозячы вояў і застаўшыхся палонных, а на вёрткіх чоўнах некаторыя грабцы збіліся з ліку, лётаючы з аднаго берага на другі, ды на чоўны шмат не нагрузіш. І хоць у гэты дзень надвор’е спрыяла і хваляў амаль не было, усіх пераправіць не ўдалося. А ўвечары узяўся вецер, які не супакоіўся ні ноччу, ні ўранку. Перавальваючыся праз выдмы на касе, ён разганяў досыць высокія хвалі і ў заліве. Уранку некалькі чоўнаў перакуліліся. Цяпер праз заліў маглі праходзіць толькі ладдзі. Тыя чоўны, што заставаліся каля касы, пазвязвалі па чатыры бок да бока і перавозілі, прычапіўшы да кармавых брусаў ладдзей. Адну такую звязку хвалі разбілі. Чоўны нейкі час боўталіся на паверхні, а потым, набраўшыся вады, пайшлі на дно. Астатнія ўдалося перавезці. Комат загадаў сачыць, выглядваючы дракары, якія маглі з’явіцца як ад Труса ― гарадзен быў зусім недалёка на паўднёвым беразе заліва, так і з процілеглага боку ― з праліва. Але дракары не з’явіліся, і Комат зразумеў, што ім удалося абхітрыць варангаў, бо хутчэй за ўсё, тыя чакалі іх на Вістуле, думаючы пажывіцца, калі яцвягі са здабычай будуць вяртацца.
Яны цягнуліся уздоўж берага яшчэ два дні, пераадольваючы вусці невялікіх ручаін і рэчак. Гэта ўжо была зямля прусаў. Некалькі разоў выведнікі здалёк бачылі конныя раз’езды, якія не ўступалі ў перамовы. Комат таксама не імкнуўся на кантакт з імі, бо быў упэўнены, што гэтыя пруссы знаходзяцца пад уладай варангаў, якія сядзелі ў Труса. Разам з тым, ён строга наказаў не заходзіць ў паселішчы, якія часам сустракаліся на беразе, хоць яны і былі пакінутымі на ўсялякі выпадак жыхарамі, ― канфліктаваць з прусамі не было сэнсу.
Нарэшце дапхнуліся да больш буйной ракі. Гэта была Паслёнва. Як толькі яцвягі, па загаду Комата, пачалі ўваходзіць у вусце, дык адразу натыкнуліся на заслон. Прускія ваяры натапырыліся дзідамі з абодвух берагоў, а на вадзе, трыху вышэй па плыні, перагароджвалі рэчышча некалькі ладдзяў, таксама з воямі. На бераг да самай вады выехаі два вершнікі, па знешняму выгляду яны не адрозніваліся ад астатніх вояў. Адзін зусім малады, але ўжо з адзнакамі вайсковай доблесці – шнарамі на твары. Другі быў трыху старэйшы.
– Хто вы такія, і навошта працеся ў наш бок?!
– Мы яцвягі, ідзем з памаран дадому!
– Хто ваш правадыр?!
– Куніг Комат Нараўскі!
Нейкі час вершнікі напаўголасу раіліся паміж сабой.
– Мы не ведаем Комата Нараўскага. Але да нас дайшлі весткі пра яцвягаў, якія сплаўляліся па Вістуле.
– Дык гэта мы і ёсць!
– Але як вас занесла сюды?!
У гэты момант ад яцвягаў наперад выйшла ладдзя, у якой стаялі Комат і Вінсэ. Яны трымаліся з годнасцю. Вінсэ сказаў:
– Комат Нараўскі, наш ваявода, якога мы выбралі на час паходу, каб кіраваў усімі яцвягамі, аж пакуль паход не скончыцца. Вы яго не ведалі, бо ягоная вотчына знаходзіцца на супрацьлеглым ад прускага парубежжа боку вялікага абшару яцвяскіх зямель. Наш набег на памаран увянчаны поспехам! І ў гэтым вялікая заслуга куніга!
Ён павярнуўся да яцвягаў, якія напружана стаялі, моцна трымаючы зброю напагатове, і выклікнуў:
– Слава Комату!
– Сла-а-а-ава!! Сла-а-а-ава!! ― пракацілася па натоўпу яцвягаў.
А Вінсэ працягваў прамову:
– Цяпер вы ведаеце Комата Нараўскага. І гэта кажу вам я ― правадыр пакемцаў! Ці, можа, таксама скажаце, што не ведаеце такога?!
– Дык ты, мабыць, Вінсэ!? ― з нейкай доляй сумневу запытаў малодшы з вершнікаў.
– Так! Гэта Вінсэ! Гэта мой пабрацім! ― голасна адказаў хтосьці з прусаў.
– Вінсэ гэта!
– Канечне!
– Мы таксама яго ведаем! ― пацвердзілі другія прусы.
Тады старэйшы вершнік усміхнуўся і прамовіў:
– Што ж, для братоў нашых шлях адчынены.
Ланцуг плытоў, ладдзяў і чоўноў павольна уцягваўся з заліва ў раку. Пачыналася цяжкая шматдзённая праца, якая была немінучая пры руху супраць плыні. Але ўжо не было той напругі, якая прысутнічала ўвесь час набегу, калі трэба было чакаць небяспекі ў любы момант. Цяпер яны знаходзіліся на зямлі прыязных да яцвягаў прусаў. Канечне, за харчы і за дапамогу на волаках трэба будзе плаціць з агульнай здабычы, але гэта ўжо клопат Команя.
Нягледзячы на частыя дажджы, сярод яцвягаў панаваў вясёлы настрой, бо яны адчувалі хуткае вяртанне дадому. Чаго нельга было сказаць пра дрыгавічоў. Хоць цяпер яны і трымаліся разам, Віхура не бачыў ніякай магчымасці выслізнуць з яцвяскага войска. Ён падзяліўся сваімі здагадкамі, што яцвягі хочуць расправіцца з імі напрыканцы паходу, толькі з некалькімі самымі блізкімі сябрамі-дружыннікамі, не жадаючы, каб пра гэта пазналі маладыя воі, і стварылі якое-небудзь глупства. Але ягоны настрой нейкім чынам перадаваўся ўсім дрыгавічам. Што рабіць? Нават, калі яны змаглі б адарвацца ад яцвягаў, іх адразу выкрылі б прусы, паселішчы якіх даволі часта сустракаліся абапал Паслёнвы. Віхура чакаў падыходзячых абставін.
Рака мела шырыню ў поў-сарака сажняў і была досыць паўнаводнай. Сустрэчная плынь не была надта імклівай, і да вечара большасць чаўноў і некаторыя ладдзі дайшлі да паселішча Бран, дзе Комата і правадыроў плямён запрасіў да свайго агменю вож мясцовых прусаў. Віхура таксама быў у ліку гасцяў. Іх прывялі да вялікага падстрэшка і пасадзілі за стол, дзе было шмат прысмакаў, любімага прусамі напою з кабылінага малака і медавухі. На чале стала сядзелі ў багатых адзеннях магутны вож многіх пляменаў прусаў куніг Вармо і яго жонка Эрма.
– Прывітаю сяброў і пабрацімаў нашых на прускай зямлі! ― сказаў Вармо, ― тут вам не будзе недахопу ў добразычлівых адносінах і ў сытнай ежы. Дык выпьем жа нашай бражкі за ваш поспех! ― і першым прыклаўся да кубка.
Усе дружна выпілі, паспрабавалі закускі. Потым узяў слова Комат:
– Добра, што так далёка ад родных мясцін яцвягі маюць сяброў і братоў! Дзякуй і яшчэ раз дзякуй! Ад усіх нас, прымі, высокародны куніг Вармо, знак нашай павагі, ― і Комат паднёс прускаму правадыру адзін са свейскіх мячоў, якімі паморы выкуплялі сваіх палонных, ― і ты, высокародная Эрма, таксама будзь здарова на доўгія гады і прымі наш падарунак, ― Комат перадаў ёй зроблены выдатным майстрам срэбную фібулу ў выглядзе савы.
Вармо і Эрма з вартасцю і падзякай прынялі багатыя дарункі, і шчырая вячэра пайшла сваёй чаргой. Многа было выпіта і з’едзена, праспявана прускіх і яцвяскіх песень. Толькі Віхура адчуваў сябе, як на чужым свяце. Ён добра разумеў песні як яцвягаў, так і прусаў, бо не такімі далекімі былі іхнія гаворкі ад дрыгавіцкіх. Але ўсёткі гэта было не сваё. Ды яшчэ думкі пра лёс даручаных яму ваяроў. Каб не звяртаць на сябе ўвагі, ен імкнуўся выглядаць вясёлым і хмельным.
…Застолле працягвалася доўга. Калі разыходзіліся, Вармо затрымаў Комата і сказаў:
– Куніг, трэба пагаварыць заўтра на свежыя галовы.
Першыя плыты і ладдзі рушылі ўверх па Паслёнве, калі Комат сустрэўся з Вармо сам на сам.
– Куніг, ёсць прапанова, ― напрамкі пачаў гаворку Вармо, ― ты мне дапамагаеш правучыць пагезанаў ― тых, што прадаліся варангам. А я забяспечваю цябе харчам на астатні шлях.
Не адразу адказаў Комат, выбіраў словы:
– Падабаешся ты мне, Вармо, сваёй шчырасцю. Але я выбраны ваяводай зборнага войска ўсіх яцвягаў не дзеля вайны з прусамі, бо няма сярод прусаў ніводнага племені, каб былі нам ворагамі. Без рашэння зборнага веча ўсіх плямёнаў яцвягаў я не маю права пачаць вайну ні з пагезанамі, ні з якімі другімі прусамі. Прабач. За пачастункі дзякуй. А за харчы мы заплацім.
– Шкада. Але я цябе разумею, ― прамовіў скрозь зубы Вармо.
Так і расталіся яцвяскі і прускі кунігі, не зусім задаволеныя адзін другім.
Пачаўся доўгі і цяжкі шлях уверх па Паслёнве. Спачатку, калі рака мела яшчэ добрую шырыню, трымаліся досыць кучна. Але па меры прасоўвання супраць плыні, мінаючы адзін за другім прытокі, рака рабілася ўсё вужэйшай, і ланцуг плаўсродкаў пачаў расцягвацца. Усе меней сустракалася паселішчаў, усё болей дзікімі станавіліся мясціны. Дадавалася працы авангарду па расчытцы рэчышча ад упалых дрэў і затопленых карчакоў. Добра, што конніца і быдла, што гналі з сабой, маглі, хоць і з цяжкацю, ісці па сцежкам, якія выведнікі адшуквалі па берагам.
Скібу на стаянках цягнула да Веверыцы. Ён прыносіў пачастункі для яе і дзяцей. Імкнуўся словамі падбадзёрыць, падтрымаць яе, нічога лішняга не дазваляючы сабе. Ён углядаўся ў яе наўмысна запэцканы твар, які яна хавала пад насунутай на бровы хусткай, і бачыў, што твар гэты даволі прыгожы, а калі яна зрэдку кідала на яго погляд, то вочы яе пранізвалі, здавалася, да самай глыбіні ягонай задубелай ад вайны і крыві душы.
– У цябе прыгожыя вочы, ― не ўтрымаўся ён аднойчы, перахапіўшы такі погляд, ― але надта ж сумныя.
– Бо на душы прыкра. Што з намі будзе? Са мной, з дзецьмі?
– Мне вельмі шкада, Веверыца, што так здарылася. Трэба цярпець.
– Ведаеш, чаго я баюся цяпер больш за ўсё?
– Што пападзеш у рабыні да якога-небудзь звера, які будзе здзеквацца над табой?
– Не адгадаў. Але гэтага таксама баюся.
– А чаго ж тады?
– Што мяне разлучаць з дзецьмі.
– Нават калі не з сваімі?
– Якія ж яны не свае? Гэта ж сястры. Свае. Крэўныя.
Яна прыціснула далоні да твару і ўсхліпнула. Скіба нічога не адказаў. Ён добра ведаў, што хутчэй за ўсё так і будзе. Нават родныя дзеці ці наўрад застануцца з ёй. Бо палонныя пры дзяльбе здабычы будуць самай каштоўнай яе часткай, а іх засталося няшмат.
Дзеці ўжо прывыклі да Скібы. Дзяўчынка, самая малодшая з іх, Сойка, без боязі прасілася да яго на рукі:
– Дзядзька Скіба, а ты нам прынясеш яшчэ арэшкаў?
– А навошта табе арэшкі?
– Дык яны ж надта смачныя.
– Ну, гэта твая мама павінна есці арэшкі, бо яна вавёрка.
– А яна нам усё аддае.
– Так? А ты ж Сойка ― птушка значыць. Ты павінна есці чарвячкоў.
– Не! Я не ем чарвячкоў! Я хачу арэшкаў.
І Скіба імкнуўся выстарацца ў мясцовых прусаў арэхаў, ці яшчэ якіх-небудзь прысмакаў. Прусы не шкадавалі, калі даведваліся, для каго. Часам і самі прыносілі пачастункі дзецям і другім палонным. Знаходзіліся добрыя душы, якіх кранала чужая бяда.
Хутка і яцвягі і дрыгавічы заўважылі ягоную прыхільнасць і пачалі кпіць над ім.
– Гэй, Скіба! Прывязаўся да падолу?
– Што, па жанчынам здоўжыўся?
– Ты ж глядзі, палон да дзяльбы недатыкальны…
Скіба ніяк не рэагаваў на гэтыя насмешкі, яны яго не краналі. У галаве таўклася адна і тая ж думка:
– Як яе не згубіць?...
Хоць ён яе яшчэ і не набыў.
Рака блукала па шчыльных лясах. Пасля чарговага зваротку плынь раздвоілася, праваднікі упэўнена павялі ў заходні рукав, і зусім нечакана ланцуг плаўсродкаў пачаў выходзіць на вялікую ваду возера Ісонг. Адзін за другім ладдзі, плыты і чоўны выплывалі з вузкага рэчышча на шырокі прастор, ад прыгажосці якога займала дух. На маляўнічых берагах вялікія дрэвы разнастайных парод стаялі ў поўнай прадвосеньскай красе, памнажаючыся адлюстраваннямі ў спакойнай вадзе. Наперадзе, адкрываліся выспы, таксама ў дрэвах. У берагі то тут, то там глыбока ўваходзілі залівы. Дапаўнялі відовішча некалькі невялікіх паселішчаў з трысняговымі стрэхамі, якія змесцаваліся на берагах і зліваліся з наваколлем, ніколькі яго не псуючы. Гэта была краіна вялікага мноства прыгожых азёр, якая праз некалькі стагоддзяў, калі прусы перастануць тут быць гаспадарамі, будзе мець назву Мазурскае Паазёр’е.
Рэшту дня адпачывалі на беразе. Дрыгавічам тутэйшыя паляўнічыя прынеслі свежую дзічыну. Віхура паразмаўляў з імі, распытаў пра далейшы шлях. Цяпер яны будуць прасоўвацца з аднаго возера да другога па вузкім пратокам.
– “Ці не звярнуць убок на якую-небудзь пратоку, каб адарвацца ад яцвягаў?” ― разважаў пра сябе Віхура.
Ён распытаў у паляўнічых, ці адна пратока вядзе з возера. Тыя ахвотна прыняліся расказваць, і выходзіла, што пратокаў шмат і азёр шмат.
– “Без мясцовых праваднікоў не пройдзеш…” ― падумаў ваявода і запытаў паляўнічых, ― А вы змаглі б правесці?
– Змаглі б, але ў вашага куніга ўжо ёсць праваднікі, ― адказаў адзін з іх.
Віхура не адыважыўся больш размаўляць пра гэта з паляўнічымі, каб не насцярожыць іх і не выдаць свае намеры.
– “Не цяпер,” ― сказаў ён сабе.
Наступныя дні былі падобнымі адзін на другі, цягнуліся ў цяжкай працы, у руху супраць плыні на заросшых кустаўём пратоках. Прайшлі возера Лёнгуты, потым Саронг, што звіліста працягнулася з захаду на ўсход больш чым на дзесяць палётаў стралы, потым доўга прасоўваліся па бясконцай звілістай пратоке, дзе часам трэба было злазіць з ладдзей і плытоў і цягнуць іх па плыткаводдзю. Пратаптаных людзьмі сцежак не было, і калі не знаходзілі падыходзячых звярыных, то коней і быдла вялі таксама па пратоке, якая часам была зусім плыткая, а месцамі жывелы і людзі ўвальваліся ў ваду па грудзі. Часам прыходзілася працягвацца волакамі, добра, што невялікімі. Неўзабаве, высунуліся на такую шырокую ваду, што ўсім успомнілася мора, бо вецер гуляў па ім, разганяючы буйныя, з пеннымі баранчыкамі, хвалі. Гэта было возера Вялікае Плужна. Даволі доўга плылі да паўднёвага берага, прыкрываючыся лесам ад заходняга ветру. Назаўтра ізноў пратока, яна працісквалася скрозь ланцужок невялікіх азярцоў. На адным з іх праваднікі сказалі Комату:
– Куніг, мы давялі вас да краю нашае зямлі ― да водападзелу паміж рэкамі, што цякуць на поўнач, у мора, і тымі, што бягуць на поўдзень. Цяпер трэба шукаць волак. Мы пакажам некалькі месцаў, а выбіраць будзеце самі.
Калі выбралі волак, які ўжо даўно не выкарыстоўваўся, быў зарослы маладымі дрэвамі, да таго ж праходзіў сярод грудоў, некаторыя яцвягі сталі наракаць:
– І навошта Комат нас сюды загнаў?
– Ні ракі, ні возера!
– І праз гэтыя груды трэба ўсё на сабе валакчы!
– Трэба было вяртацца па Вістуле!
Другія заступаліся за куніга:
– Комату відней!
– Комат выведзе!
– Нас многа, перацягнем!
Комат пачуў нараканні, пад’ехаў на кані да незадаволеных, падазваў да сябе правадніка:
– А скажы нам, чалавеча, што там, за гэтымі грудамі?
– Як ў каго добры лук ёсць, то меней, чым праз два тузіна палётаў стралы за гэтымі грудамі ляжыць возера Амульва.
– Амульва! Амульва! ― ажывіліся злінцы і паляксены, ― але гэта ж рака, а не возера! ― яны добра ведалі прыток Нарава з такою назвай, хоць і не на іхняй зямлі ён быў, а ва ўладаннях прусаў Сасніі.
– Так! Ёсць такая рака. Але назву мае аднолькавую з возерам, бо з яго пачынаецца, ― адказалі праваднікі.
Тады яцвягі перасталі наракаць і ўзяліся за працу. За палову дня падгатавалі волак, скарыстаўшы ў меру звілістае, сухое нібыта рэчышча ― па ім ў вясеннюю паводку сходзіла адталая вада. Два дні гаманілі людзі на водападзеле, і узнагародай для іх была спакойная і шырокая роўнядзь возера. Нядоўга радаваліся, бо калі знайшлі патрэбную пратоку, то зразумелі, што цяжкая праца не хутка скончыца. Пратока была вузкая і зарослая, з мноствам завалаў, мелізн і каменных перашкод. З возера павяла на ўсход, потым на поўдзень, а калі павярнула на поўнач, што для лясных малых рэчак само па сабе не з’яўляецца чымсці дзіўным, яцвягі зноў пачалі наракаць:
– Ну, Комат, завёў у нетры…
– Так мы ніколі адсюль не абярэмся.
– Нам патрэбна на поўдзень, а сонца свеціць у спіну…
– Усе людзі ходзяць па рэкам, а гэта нейкі раўчук.
І сапраўды, тут была такая глухмень што дзейнічала прыгнятальна нават на людзей, звыклых да лесу. Змрочныя ельнікі чаргаваліся з лісцяным лесам, пад палог якога не праходзілі промні сонца, дзе нават у поўдзень здавалася, што ўжо вечар. Яны знаходзіліся ў такіх нетрах, дзе, здавалася не ступала нага чалавека.
Але гэта было не так.
З самай цёмнай глыбіні лесу назіралі за імі некалькі пар здзіўленых вачэй.
Раптам пачалі знікаць козы, якіх вялі з сабой у якасці жывога прыпасу. Потым прапаў конь. Думалі на ваўкоў. Але калі ноччу счэзнуў адзін з паляксенскіх вояў, Комат загадаў шукаць. Лепшыя следапыты агледзелі месца, паглыбіліся ўбок ад рэчкі, і ў амаль непралазным гушчары зачапіліся за след. Зніклага воя не знайшлі. Па крывавым следзе вызначылі, што нейкія людзі цягнулі мёртвае цела. Сляды вялі далека ў нетры, і Комат загадаў пакінуць іх. Але цяпер наладзілі ахоўванне, як пры руху днём, так і ў начы. Рабілі засады ўбаку ад стаянак. На другі дзень адна з іх спрацавала, на жаль пасля чарговай ахвяры. Апрануты ў нейкія лахманы, брудны і зарослы валоссем дзікун цягнуў да гушчара другога забітага воя. Яго прывялі да Комата.
– Хто ты такі? З якога племені-роду? ― запытаў Комат у дзікуна.
Той маўчаў, толькі вачамі паводзіў па баках і спрабаваў вырвацца з рук моцна трымаючых яго вояў.
– Не разумееш? ― Комат выняў меч з похваў, прыставіў да горла, ― Ты ізгой? Вырадак?
Дзікун захваляваўся, штосьці кажучы на незразумелай мове, потым грымаса злосці з’явілася ў яго на твары, і ён закрычаў, нібыта загаўкаў, ірвучыся да Комата, таму ажно прыйшлося адвясці меч, каб дзікун не напароўся.
– Не разумееш!? ― нахмурыўся ваявода. Усе чакалі, што ён дасць загад забіць дзікуна. Але Комат сказаў:
– Адрубаць рукі! І адпусціць.
Дзікуна адвялі да ствала паваленага дрэва, і праз малы час лес прарэзалі нечалавечыя крыкі. Потым доўга яшчэ чуўся адчайны лямант, які хутка аддаляўся.
Наступныя дні і ночы правялі ў чаканні помсты, але згуб больш не было. Доўга яшчэ ўсе знаходзіліся ў панурай напрузе, аж пакуль Амульва не вывела на адкрытае месца і не выглянула з-за хмар сонца. А калі злева рака прыняла да сябе амаль такі ж як яна па шырыні прыток і зрабілася прыкметна больш паўнаводнай, то павесялелі, сталі гаманіць і жартаваць.
Узрадаваліся, калі выйшлі на прускае паселішча, ― і тут людзі жывуць! Прусы добра сустрэлі, прадалі танна дзічыны, пачаставалі кабыліным малаком і мёдам. Калі іх запыталі пра дзікуноў, адказалі:
– Маем і мы з імі клопат. Не хочуць жыць па-людску ― у хатах, а туляцца ў нейкі бярлогах. Гараць не ўмеюць, толькі палююць. Не грэбуюць чалавечынай. Няшмат іх засталося, бо не аднойчы рабілі мы аблавы пасля таго, як яны нашых людзей выкрадалі. Да нас ужо даўно не прыходзілі. Мы лічылі, што адумаліся, або сышлі куды-небудзь. Выходзіць, што не. Прыйдзецца яшчэ раз абкласці па першаму снегу.
Далейшы шлях паходзіў на паступовы выхад з цемры да свету. То злева, то зправа ўліваліся ў Амульву прытокі. Цяпер рака часцей выходзіла на адкрытыя месцы з поплавамі ды балотамі. Яна несла свае воды амаль без вялікіх звароткаў у кірунку на паўднёвы ўсход ― як і трэба было. А калі рэчышча ізноў пачало выпісваць лукі, злінцы пазналі мясцовасць і сказалі, што недалёка ўжо Нараў.
Віхура зразумеў, што чакаць больш няма чаго. Зручнага моманту не будзе. Цяпер, калі скончыліся волакі і завалы, і плынь ракі сама несла судны, а яцвяскае войска падыходзіла да сваіх зямель, дрыгавічы станавіліся ўжо непатрэбныя нават як працоўная цяглавая сіла. Ноччу ён ціха абудзіў сваіх вояў, сабраў у круг і сказаў:
– Мне даўно ўжо вядома, што яцвягі запрасілі нас ў гэты набег нездарма. Гэта адзін з хітрыкаў, каб прыслабіць нашыя рубяжы на Нёмане. Там яны рыхтуюць вайну. І цяпер павінны з намі расправіцца, бо ім не трэба, каб мы вярнуліся дахаты. Я чакаў зручнага моманту, але не дачакаўся. На досвітку будзем прарывацца. Лепей загінуць у баі, чым быць зарэзанымі, як авечкі. Можа, каму-небуць пашанцуе вырвацца. Рыхтуйцеся. ― ваявода цяжка ўздыхнуў, ― Шкада. Нам належыць добрая частка здабычы, але аддаваць яе яцвягі не збіраюцца. Возьмем хоць бы тое, што нам даручана везці і ахоўваць да дзяльбы.
– Віхура, а як жа нашыя пабрацімы? Няўжо яны будуць забіваць нас?
– Не ўсе ж яцвягі сталі нашымі пабрацімамі…
Дайновы, як заўжды, размяшчаліся побач з дрыгавічамі. Адзін з іхніх вояў падняўся ўначы па патрэбе. Калі ён адышоў ад лагера, то з боку дрыгавічоў яму пачуўся падазроны рух. Ён падкраўся да суседзяў і пачуў дастаткова, каб зразумець, што адбываецца. Дайновец вярнуўся да сваіх і адразу абудзіў Трайгу. Трайга тут жа пабег шукаць Комата. А па берагам Амульвы, нягледзячы на ноч, хутка разыходзілася нечаканая для большасці яцвягаў навіна.
Комат не спаў у сваім шатры. Ён таксама разумеў, што прыйшоў час вырашаць дрыгавіцкае пытанне, сядзеў пры бляклым святле смалістай лучыны і разважаў, як бы гэта лепей зрабіць.
Трайга рашуча адгарнуў полаг шатра, увайшоў, выцягнуў з похваў меч і кінуў яго пад ногі Комату:
– Куніг, я не жадаю забіваць дрыгавічоў!
У Комата у вачах з’явілася ваўчыная лютасць. Ён схапіў Трайгу за каўнер, прыцягнуў блізка да сябе:
– Дурань! Ты паглядзі, колькі мы страцілі зямель на Нёмане! А хіба дайновы не?! Гэта было задумана не табой, і не табе правіць перашкоды! Не схочаш ты, дык абыдземся і без цябе…
– Гэй! Што тут у вас? ― гэта увайшоў Вінсэ. За ім спяшаліся да шатра і другія яцвяскія ваяводы…
Світанак дрыгавічы сустракалі ў баявым парадку. Калі святло прабіла ранішнюю смугу на чвэрць палёту стралы, яны ўбачылі, што абкружаны з усіх бакоў шчыльным кольцам яцвягаў.
– Што ж, сябры мае і сынкі! ― сказаў цвёрдым голасам Віхура, ― настаў наш смяротны час! Не пасрамацім жа дрыгавіцкага гонару! – ён лёгка ўскочыў на каня і няспешна выцягнуў з похваў меч…








