Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 24 страниц)
Глава 5.
Нечаканыя сустрэчы
На вячэрнім золаку, наўсцяж па закутым у лёд і зацярушаным мяккім снегам Нёмане цягнуўся абоз. Першым ехаў Бычань, за ім – Лошна. Далей ішлі тры кані, упрэжаныя ў валакушы. Баявых коней не прывучалі да аглобель, таму яны нерваваліся і часам грызлі іх. Валакушы былі зробленыя з маладых елак, у якасці аглобель паляўнічыя прыстасавалі па пары ствалоў доўгіх маладых бярэзін таўшчынёй з руку. Пара валіла з ноздраў жывёлін і людзей. Аднастайны рух іншым разам мог бы супакоіць, але на першай валакушы ляжалі накрытыя мядзведжай шкурай мёртвы Слаў і паранены Буй, а на другой валаклі жывога мядзведзя. Ён часам глуха румзаў, і тады коні нервова прысядалі, дзіка касілі вачамі, і паляўнічым то вокрыкам, то ласкай прыходзілася супакойваць іх. У апошняй валакушы ляжала разабраная туша забітага мядзведзя. Доўбень ехаў ззаду. Коні шпарка перабіралі нагамі, бо добра адпачылі і пад’елі сена каля буды, дзе іх пакідалі. Кожны з паляўнічых ужо разлічваў час, калі абоз дойдзе да паселішча, ды раптам наперадзе пасля чарговага заваротка адкрыўся новы кавалак Нёмана, і на фоне далёкага берагу паказаліся чужыя вершнікі. Яны парамі нібыта выплывалі з цемры, і вось ужо можна палічыць іх ― амаль паўсарака.
Яцвягі!
З яцвягамі ў дрыгавічоў і крывічоў вось ужо сем месяцаў доўжылася Вялікае Замірэнне. Але гэта былі воі не з тутэйшых плямёнаў, што стала зразумелым па меры збліжэння двух атрадаў. Яцвягі пад’язджалі не таропка, упэўнена. Бычань спыніўся. Доўбень няспешным галопам накіраваў каня да галавы абозу і заняў месца злева і на сажань ззаду ад Бычаня. З правага боку у такой жа пазіцыі ўжо знаходзіўся Лошна. Кожны праверыў сваю зброю. Калі яцвягі пад’ехалі на кідок суліцы, Бычань падняў правую руку. Яцвягі сталі. Далейшае збліжэнне было небяспечным і магло азначаць пачатак бою.
– Я Бычань, сын Дроба з роду Команяў, усе мы дрыгавічы з племені Корчакаў, знаходзімся ў сваіх уладаннях! ― голасна прамовіў Бычань на яцвяжскай мове. ― А вы хто?!
– А я Стырх, сын Збода з роду Буршта, мы з судзінскага племені Стэгута! ― адказаў па-дрыгавіцку правадыр яцвягаў.
Бычань са Стырхам з засцярогай наблізіліся адзін да аднаго і спыніліся на адлегласці паўдзясятка крокаў.
– Чуў пра адважны род Команяў, ― сказаў Стырх. ― Мы не са злом і замірэнне прызнаём.
– А што робяць воі славутага роду Буршта так далёка ад сваіх лясоў? ― запытаў Бычань. ― Хіба цесна стала людзям племені Стэгута каля струменяў Нарава?
Яцвягі за спінай Стырха пад’ехалі бліжэй, калыхнуліся дзіды. Але той, не аглядаючыся, узняў руку:
– Бачу я, што ты, Бычань, не просты вой ― шмат ведаеш пра нас.
– Як не ведаць, калі вы ўмыкнулі ўжо не адну нашую дзяўчыну?
– Дык і вашым мужам падабаюцца яцвяжанкі. Хіба мала ў вас жанок з нашых мясцін?
– Відаць, і ты многа ведаеш, Стырх. Гарачыя вашыя жанкі, але й нашыя не горшыя.
– А мы ўсе любім жанчын, і розных. Ці не так? ― Стырх азірнуўся цераз плячо, і яцвягі засмяяліся.
Знянацку Доўбень прышпорыў каня і вынесся наперад. Усе глядзелі на яго.
– Ці не ты гэта, Шэпет?! ― ён набліжаўся да аднаго з яцвягаў.
– Доўб, стой! ― гыркнуў Бычань, і Доўбень асадзіў каня.
– Доўбень, ты жывы? ― цяпер адзін з яцвягаў накіраваў каня да дрыгавіча.
– Тупаваты быў твой меч напрыканцы бітвы, калі ты дастаў мяне. Як бачыш, жывы ды здаровы...
Яны глядзелі адно аднаму ў твар, і ў кожнага перад вачамі плыла выява выпадковай сустрэчы пяць зім таму. Дрыгавічы вярталіся з набегу, абцяжараныя нядрэннай здабычай, а яцвягі толькі пачыналі такі ж самы разбойніцкі марш, і спакусіліся на гатовае. З кожнага боку было ўсяго па паўсотні вояроў, а біліся доўга і жорстка. Страцілі больш, чым па дзясятку добрых вояў, ды ніхто не змог пераадолець. Доўбеня тады палічылі за мёртвага, але дома знахары хутка паставілі яго на ногі.
– Вось жывучыя дрыгавічы! ― усклікнуў Шэпет. ― Іх забіваюць, а яны ўваскрасаюць.
– Ён не мог памерці, бо яго чакала Слада! ― весела крыкнуў Вой.
– І не толькі яна, ― дадаў Лош.
Цяпер зарагаталі абодва бакі. Потым Доўбень сказаў спакойна:
– Можа, яшчэ сустрэнемся, Шэпет.
– Я гатовы, ― гэтак жа спакойна адказаў яцвяг.
З валакушы пачуўся глухі румз. Коні пад вершнікамі затопалі на месцы, заварушылі вушамі.
– Мядзведзя з бярлогі ўзялі? – запытаў Стырх.
– Бадзяга гэта, ― адказаў Лош.
– Мядзведзь-бадзяга?! ― здзіўлена перапытаў Шэпет.
– О-го!
– Вось дык-так!
– …Я не пачуў адказу на сваё пытанне, ― гнуў сваё Бычань, ― ты ж ведаеш, Стырх, гэта нашая зямля.
– Плынню Нёмана не валодае ніхто з смяротных, а мы на рацэ, ― адказаў Стырх, ― на зямлю вашую мы не хадзілі. І хоць я не павінен даваць табе справаздачу, усё ж скажу: едзем мы з Дайновы, з Дзітвы, ад родзічаў, ― прасілі ў іх дапамогу, бо пасварыліся мы з галіндамі, можа й да вайны дойдзе. А дрыгавічам шкоды не рабілі.
Яны пільна паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Бычань адчуваў, што не ўсё гаворыць Стырх.
– Не прагнявіце Перуна! ― голасна прамовіў ён.
– Дапамагай вам Ярыла! ― адказаў Стырх.
Яцвягі амаль з месца рыссю рушылі ў сваім кірунку, дрыгавічы павольна пацягнуліся ў бок Ведзмядзёў.
– Пільнуй Сладу, Доўб, а то выкраду! ― пракрычаў Шэпет.
– А ты думаеш, што зладзіш з ёй? Яна ж як мядзведзіха, кіпцюрамі цябе раздзярэ!
Ізноў рогат з дужых мужчынскіх горлаў замітусіўся па рэчышчы.
Хутка белая заслона зімовай смугі праглынула вершнікаў, паволі заціх і тупат конскіх капытоў.
Скруха па загінулым Славу і трывога за параненага Буя не давалі супакоіцца дрыгавічам, але цяпер яны адчувалі яшчэ і пачуццё гонару за тое, што зрабілі цяжкую працу, не пасарамацілі свой род, годна сустрэлі яцвягаў. Гэта бадзёрыла і грэла і без таго не халодную кроў маладых здаровых мужоў.
Бычань задумаўся. Штосьці не тое было ў паводзінах яцвягаў. Хітрыў Стырх. Пасварыліся з галіндамі? Слаба верыцца, бо яцвягі заўсёды жылі ў вялікім сяброўстве з усімі прускімі плямёнамі. Ды сварацца часам і добрыя суседзі. Дапамогу прасілі ў дзітвянскіх супляменнікаў? Гэта таксама магло быць. Дайновы ― родзічы яцвягаў, не канфліктавалі з суседзямі. На жмудзь і латыголу хадзілі разам з дрыгавічамі і бліжнімі крывічамі. Ім не было цяпер патрэбы трымаць многа вояў на парубежжы, частка магла і адлучыцца ў далёкі край па здабычу і славу. Дык у чым жа хітрыкі?
Збоку ціха пад’ехаў Лошна:
– Дазволь застацца ззаду, Бычань, трэба паназіраць за Нёманам...
Бычань пільна паглядзеў на Лоша. Спраўны і разумны ваяр меў рацыю.
– Добра. Вазьмі з сабой Доўбеня.
Хутка двое вершнікаў расталі ў шырокай прасторы скаванага ільдом і зацярушанага снегам бацькі-Нёмана. Поўня з цяжкаcцю прабівалася праз светлую імглу. Паабапал крутых берагоў густым строем моўчкі стаялі пакрытыя снегам і шатамі высокія хвоі…
Калі да вусця Маўчады заставалася некалькі палётаў стралы, Бычань, не спыняючы каня, тры разы працяжна і тонка пракрычаў у напрамку Ведзьмядзёў. Вялікі жаль гэтага крыку выгнаў насустрач абозу дарослых і дзяцей, старых і малых. Галасілі бабы, збягаючыся да валакушы, у якой ляжалі Слаў і Буй. Глуха румзаў звязаны мядзведзь. Буя хуценька панеслі да Ястра.
– Ой ты мой сыно-о-очак! Навошта пакінуў ты мяне стару-у-у-ю?! Пайшто сышоў раней за мяне-е-е!? ― галасіла маці Слава.
– Ой ты наш мужанё-о-о-ок ласка-а-а-вы! Ой ты наш заступніча-а-ак! Ой ты наш здабы-ы-ы-ытчык! Чаму ж ты нас пакі-і-інуў!? ― ірвучы валасы на галаве, галасілі тры жанкі Слава.
Падыходзілі ўсё новыя людзі. Шуганне запаленага вогнішча вырывала з цемры засмучаныя абліччы.
– Хто падніме нашых дзетак, малых сыночкаў і дачок тваіх, хто заступіцца за іх?! Хто здабудзе аленя, хто адгоніць ваўка!? ― галасілі жанкі, яшчэ не старыя кабеты, якія ў адзін момант засталіся без добрага мужа, без клапатлівага бацькі для дзяцей. У сям’і Слаў не даваў волі сваёй хваробе і болю, тут ён да канца заставаўся суровым і моцным галавою, апораю для ўсіх дамачадцаў. А было яму, лепшаму ваяру ў дрыгавіцкім племені Корчакаў, сорак і тры гады…
Двое вершнікаў хутка перасоўваліся па ільду начнога Нёмана, Ад смугі не было добра відаць нават на палову палёта стралы. Глухія гукі ад конскіх капытоў былі чутнымі не намнога далей. Коні ішлі сабраным крокам, перабіраючы кашлатымі нагамі па глыбокаму снегу амаль бязгучна. Яны вярталіся асцярожна ў той бок, дзе адбылася сустрэча з яцвягамі. Лошна і Доўбень уважліва, да болю ў вачах, углядаліся ў снежную імглу. І нездарма. Неўзабаве абодва заўважылі нейкія плямы на снезе бліжэй да правага берага, зарослага трыснёгам. Наблізіўшыся, пачулі глухія енкі, нібыта з-пад ільду, а калі пад’ехалі ўшчыльную, то ўсё зразумелі. Гэта енчылі захутаныя ў авечыя шкуры ўмыкнутыя дзяўчаты. Іх было дзве, ― звязаных, як звяры, вяроўкамі, накінутымі нават на раты. Дзяўчаты былі незнаёмыя. Лош хацеў спешыцца, але Доўбень рэзка стукнуў яго па плячы і паказаў рукой на бліжэйшы выступ берагу. Адтуль чуліся невыразныя галасы. Яны паспелі яшчэ ад’ехаць на пару тузінаў крокаў за трыснёг. Лош моцна сціснуў каленьмі свайго жарабца, і той паслухмяна лёг на снег. Тое ж зрабіў і Доўбень. Хуценька закідалі коней снегам і падпаўзлі бліжэй да дзяўчат, зараўноўваючы знятымі кажухамі сляды. У гэты момант з таго боку, у які ад’ехалі яцвягі Стырха, паказаліся дзве шэрыя, размытыя смугой плямы. Яны паволі набліжаліся да месца, дзе ляжалі звязаныя дзяўчаты.
Лош і Доўбень чакалі, зарыўшыся ў снег так, што іх незаўважыла б нават і сава. Двое вершнікаў пад’ехалі да каштоўнага груза і спешыліся.
– Ха-ха! Дзе нашыя крывічанкі? ― весела па-яцвяжску прамовіў адзін, і ў Доўбеня закіпела кроў: гэта быў Шэпет.
Яны напалі ў той момант, калі яцвягі нахіліліся, каб узяць пакінутыя жывыя ношы. Лош дзеўбануў незнаёмага ваяра дзяржальняй корда па галаве, і той без гуку паваліўся ў снег. Доўбень, з усіх сілаў адштурхнуўшыся нагамі ад ільду, ляцеў на Шэпета. Але яцвяг быў вопытны вой. Ён паспеў развярнуцца, і, хоць дрыгавіч меў перавагу ў руху, выкінуў у твар яму пяцярню. Два целы ўпалі і запручаліся ў снезе. Лош падскочыў і наваліўся зверху...
Яцвягі ляжалі, звязаныя, цяжка дыхаючы. Па тварах паволі разыходзіліся цьмяныя кругі крывападцёкаў. Яны з-пад ілбоў са злосцю глядзелі на дрыгавічоў, якія стаялі над імі і моўчкі думалі, што ж цяпер рабіць з палоннымі.
– Доўб, забіваць нельга, ― прамовіў Лош.
– А трэба было б. Ды Стырх апамятаецца, ― Доўбень трымаўся за параненае вока.
– Мы прыдумаем што-небудзь цікавейшае. Мы іх адправім да сваіх.
–Ты што, звар’яцеў?!
– Не! Лаві іхніх коней!...
Праз некаторы час поўня нібыта знарок прабілася скрозь смугу, каб убачыць дзівосную з’яву. Яцвягі сядзелі на сваіх конях, але... задам наперад.
– Лош, гэта занадта ганебна, ― сказаў Доўбень.
– Нічога, пацерпяць. Няхай бы не хлусіў Стырх, што шкоды не рабілі.
– А і то праўда. Будуць ведаць дрыгавічоў!
Доўбень штурхнуў кулаком пад рэбры яцвяжскага каня, і той няхочучы рушыў. За ім пацягнуўся другі. Жывёлы крочылі панура, нібыта адчуваючы ганьбу вершнікаў.
Яцвягі з нянавісцю глядзелі на крыўднікаў.
Лош і Доўбень паднялі сваіх коней і, трымаючы іх за аброці, глядзелі ўслед смешным постацям, якія павольна сыходзілі ў смугу. Калі недарэчныя вершнікі ад’ехалі на палёт стралы, яны паглядзелі адзін на аднаго, без слоў ускочылі ў сёдлы і галопам паімчалі наўздагон. Дагналі, моўчкі павярнулі яцвягаў перадам да грыў, выцягнулі мячы з похваў, плазам угрэлі коней па азадках, і тыя, храпануўшы, панесліся ўніз па Нёману...
А праз нейкі час і дрыгавічы, клапатліва прытуліўшы да сябе дзяўчат, саграваючы іх сваім цяплом, нібыта на крылах ляцелі на баявых конях у бок Ведзьмядзёў.
– Адкуль вы, дзяўчаткі? Як цябе завуць, красуня? ― запытаў Лош у той, што была на ягоным сядле. Але дзяўчына не змагла адказаць. Ці не захацела. Занадта многа давялося перажыць ім у апошнія дні.
...Комань выставіў заслон супраць Стырха, але той не вярнуўся: мабыць, умыканне дзяўчат не было галоўным у іх вандраванні, ды і замірэнне ўсёткі...
Глава 6.
Пахаванне Вялікага Ваяра
Род Команяў правіў трызну па Славу, знакамітаму ваяру, вядомаму далёка за межамі зямлі племені Корчакаў. Прысутнічала многа народу з іншых родаў і плямёнаў. Пад жаночы плач і галашэнні славутыя мужы, часта змяняючыся, неслі цела Слава, убранае ў баявы строй і пакладзенае на насілы. Гэта былі ваяры, якія не аднойчы побач са Славам удзельнічалі у шматлікіх войнах, што даводзілася весці дрыгавічам то з суседнімі плямёнамі за валоданне нейкай часткай зямлі або воднага шляху, то даючы адпор прыхадням, ласым да чужога дабра, то, наадварот, у набегу, у пошуках хуткай здабычы і славы, і нават паміж сабой ― такі ўжо быў час.
Цела прынеслі на высокі бераг Нёмана, да загадзя складзеных у некалькі пластоў драўляных плах, і паклалі наверх. Жанчыны заенчылі, загаласілі мацней. Ястр падняў запаленую паходню і прамовіў:
– Белабожа, бацька багоў нашых! Вялікае дзякуй табе, што ў створаным табой свеце жыў сярод дрыгавічоў вялікі ваяр Ваіслаў!
– Пяруне, сыне Белабога! Вялікае дзякуй табе, што сярод грому і агністых стрэл тваіх пражыў слаўнае жыццё адзін з лепшых дрыгавічоў!
Потым ён падзякаваў другім багам, якія спрыялі Славу пры зямным жыцці, а напрыканцы сказаў:
– Зніч-божа! Ты сорак і тры зімы таму запаліў зорку Ваіслава на радасць нам! Цяпер вызвалі душу нябожчыка ад цяжкіх людскіх турбот! ― з гэтымі словамі Ястр прыклаў паходню да пахавальнага вогнішча. Сухія галіны хутка ўзгарэліся на марозным паветры, полымя ўзнялося высокае і яркае. Такім было жыццё Слава-Ваіслава! Такім ён застанецца ў памяці дрыгавічоў.
Пакуль шугалі тоўстыя плахі, ваяры спаборнічалі ў воінскай справе. Маладзейшыя скакалі на баявых конях навыперадкі, больш сталыя стралялі з лукаў па пудзілах, кідалі ў дрэвы баявыя сякеры і корды.
Гонар Вялікаму Ваяру Ваіславу!
...Калі вогнішча ператварылася ў вуглі, а вуглі рассыпаліся ў попел, Ястр сабраў яго разам з рэшткамі костак ў пахавальны жбан. Старэйшы з сыноў нябожчыка, высокі і камлюкаваты дваццацігадовы Булаў узяў каштоўную пасудзіну, прыціснуў яе да грудзей і павольна перанёс да ачышчанай ад снегу і чорнай зямлі пляцоўкі. Ён спыніўся, абвёў сумнымі вачамі натоўп людзей, узняў жбан высока над галавой, а потым асцярожна апусціў яго на зямлю. Малодшыя сыны дадалі дзіду, лук і некалькі стрэл. Меч дрыгавічы ў магілу ніколі не клалі. Лічылася, што гэтая каштоўная зброя, якую меў не кожны ваяр, больш патрэбная жывым. Паводле звычаю ён пераходзіў да старэйшага сына, таксама, як і баявы конь. Булаў узяў жменю пяску з кучы, загадзя падрыхтаванай побач з пляцоўкай, і высыпаў каля жбана. Тады ўсе людзі па чарзе сталі рабіць тое ж самае. Калі падрыхтаваны пясок скончыўся, пачалі насіць яго ад раскапанага непадалёк груда, але ўжо не жменямі, а скуранымі мяхамі. Журботны чалавечы ланцуг рухаўся да вечара. Яшчэ не адзін дзень рабы і вольныя людзі роду Команяў будуць насыпаць курган...
Увечары на памінках выпілі медавухі, потым сядзелі ля вялікага вогнішча, і бывалыя ваяры па чарзе ўспаміналі подзвігі Слава ў розных бітвах і сутычках. Воўч разам з усёй дзятвой з Ведзмядзёў і другіх паселішчаў, што прыбылі з дарослымі на пахаванне, круціўся паміж падпіўшых мужоў. Сівавусы стары, але моцны яшчэ Жур з Вусця павольна распавядаў:
– ...У той бітве Слаў двойчы выратаваў мне жыццё. Адзін раз тады, калі мы несліся на жамойтаў, выставіўшы дзіды, а яны гэтак жа імчалі насустрач. Такі быў пачатак той страшнай бітвы, калі дрыгавічы разам з бужанамі і крывічамі страцілі шмат добрых вояў ад аб’яднанага войска яцвягаў, жамойтаў і прусаў, але адваявалі права карыстацца ляснымі абшарамі на адлегласць дзённага пераходу, ― Жур церабіў свае вусы, вочы сталі нерухомымі, ён нібыта перанёсся ізноў у тую пару, ад якой прайшоў ужо дзясятак зім:
– Звычайна ў гэтай першай сутычцы з дзідамі мала хто гіне, бо ўсе яшчэ свежыя і пільныя. А што там... Адбіваеш дзіду суперніка, а нанесці ўдар паспець цяжка.
Воўч і ўся ягоная кампанія як зачараваныя глядзелі на старога ваяра.
– Але мой конь спатыкнуўся, і я трохі згубіў раўнавагу. Як у марудным сне глядзеў я на наканечнік дзіды моцнага жамойта, што набліжаўся да мяне, разумеючы, што адбіць яе не паспею. Не ведаю, як Слаў змог зразумець гэты момант, але ён адбіў яе сваёй дзідай, а другую, што прызначалася яму, прыняў тарчой... Вострае лязо пранеслася за волас ад майго твара... Эх! Каб не Слаў, не сядзець бы мне тут з вамі, ― Жур ізноў пацярэбіў вусы і крыкнуў: ― Ці дасць хто-небудзь медавухі старому ваяру?!
Далі конаўку, ён прагна прыпаў да яе. Выцер рукавом вусы.
– А што далей, дзядзка Жур?! Што далей?! ― закрычалі мальцы.
Жур задумаўся. Вочы яго глядзелі ў вогнішча. Старому вою было што ўзгадаць.
– Ну, раскажы, дзядзечка Жур! ― не вытрымаў Воўч.
Жур паглядзеў на хлопца, ускалмаціў яму валасы на галаве, усміхнуўся ў доўгія сівыя вусы:
– Потым мы біліся на мячах і сякерах. Спачатку на конях, а далей пешшу, бо мала хто ўседзеў верхам. Не таму што нас пазбівалі. Не! У такім цесным бою цяжка ўбачыць, што робіцца пад табой. Жамойцкія пластуны, рызыкуючы быць растаптанымі, падпаўзалі пад коней і пратыкалі ім жываты. Тады мы спешыліся і біліся ўнізе. Мне ўдалося нанесці трапны ўдар мячом. Але не паспеў я выцягнуць зброю з цела забітага, як ягоны сябар, а, можа сваяк, са страшэнным крыкам занёс нада мною сякеру. Я яшчэ паспеў прыкрыцца тарчой, ды яна б мяне не выратавала. Баявая сякера – гэта страшэнная зброя, і жамойты добра валодаюць ёю...
– Ой, дзядзька Жур! ― ізноў не вытрымаў Воўч, ― Ды як жа ты застаўся жывы?
– Ізноў мяне выратаваў Слаў. Ён быў не надта блізка, але ўбачыў, што ў мяне бяда, кінуў сваю сякеру і патрапіў у прызначаную мне жудасную зброю, калі тая ўжо апускалася. Жамойт не зразумеў нават, што здарылася, калі я сустрэў яго кордам...
Пакуль дарослыя паміналі Слава, дзятва паспявала не толькі круціцца каля іх, але і займацца сваімі справамі. То яны гралі ў вайну, то імітавалі апошняе паляванне ведзмядзёўскіх мужоў. Калі Воўч сядзеў у адной з засад, выглядваючы “мядзведзя”, на яго знянацку хтосці наваліўся ззаду, прыціснуўшы да зямлі. Ён спачатку падумаў, што гэта “мядзведзь” яго абхітрыў і пачаў вырывацца, але нападнік перавярнуў яго, і Воўч блізка ўбачыў твар таго самага хлопца, з якім біўся на гульбышчы ў святы. Намнога дужэйшы, ён сеў зверху, і пачаў кулакамі джвугаць па твары. Воўч як мог адбіваўся, але сілы былі няроўныя.
– На! На! Выскачка! Знай Карозу! Я мацнейшы, мацнейшы! – прыгаворваў ён, калоцячы з усёй сілы. Раптам скрозь боль і крыўду Воўч адчуў у сябе моцную хвалю невядомай дагэтуль лютасці, калі збянтэжанасць і страх кудысці адыходзяць, і ўжо няважна, што супернік дужэйшы, важна толькі тое, што ён, Воўч, не згодзен быць ахвярай. Ён перахапіў рукі Карозы, і як той ні тузаўся, не змог іх выдраць, каб стукнуць яшчэ раз, а калі поглядам сустрэўся з вачамі Воўча, то штосці нібыта скавала яго.
– Ах, ты брыда! ― пачуўся голас Ежкі, і сябар накінуўся на Карозу, ― Здзекуешся са слабейшых?!
Удвох яны пакацілі ў снег забіяку і пачалі валтузіць яго. А Кароза і не супраціўляўся ― ён яшчэ быў пад уладай воўчавага позірку.
– Ежка, хопіць! ― адцягнуў раз’юшанага сябра Воўч. Ён заўважыў штосці незвычайнае ў паводзінах свайго крыўдніка, які стаў раптам млявы.
– Што гэта вы ў снезе качаецеся? – падышоў да задзір захмялелы Жур. ― Пабіліся, ці што?
Усе трое маўчалі. Жур падняў за каўнер Карозу.
– Пайшлі, герой! Нам яшчэ да Вусця кавалак дарогі.
Адыходзячы, Кароза азірнуўся. У ягоных вачах ззяла цёмнае полымя нянавісці. Воўч пачаў разумець, што займеў заклятага ворага, і не дзе-небудзь далёка, а ў сваім племені. Цяпер ён ведаў яго імя.
Ранкам прыезджыя ваяры паназіралі, як рабы носяць зямлю на Славаў курган, а ён быў ужо даволі высокі ― па пояс даросламу чалавеку, ― развіталіся з ведзмядзёўцамі і раз’ехаліся невялікімі гуртамі ў розныя бакі. Яны яшчэ вернуцца да кургана, ― і праз сорак дзён, калі душа Слава ўзнясецца да багоў, і праз год...
Курган сыпалі яшчэ тузін дзён, напрыканцы ўнізе па коле вырылі раўчук. Меў курган касы сажань вышыні і чатыры сажані шырыні.
...Прайшоў час: гады і стагоддзі. Стыхія і нядобрыя людзі не аднойчы падступаліся да кургана: дажджы плазавалі яго, бязбожнікі калупалі яго нутро, вятры здзьмувалі парушаную глебу, дрэвы запускалі ў яго свае карэнні і засыпалі лісцем, але ён і цяпер стаіць дзесьці на беразе Нёмана, ды толькі свядомыя людзі могуць здагадацца, што гэты парослы лесам пагорак ёсць помнік велічы і славы нашых продкаў...








