412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 2)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 24 страниц)

― Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць!

Дзе не бывае, там вылягае!

Дзе каза хвастом, там жыта карчом!

Дзе каза нагой, там жыта капой!

Дзе каза рогам, там жыта стогам!

Калядоўшчыкі абыходзілі усе хаты. Прыход іх з нецярплівасцю чакаўся ў кожнай сям’і, бо яны абавязкова прынясяць шчасце, здароўе, дабрабыт на ўвесь год, а хваробы і нягоды выносяць з сабой. Добра частавалі калядоўшчыкаў, бо ведалі, што чым большыя дары дадуць, тым больш шчодры і багаты будзе год.

Пасля людзей будуць наведваць багі. Сам Каляда прыйдзе зранку, прыгожа ўбраны, на галаве вянок з каласоў, у суправаджэнні вясёлых пясельнікаў. Непрыкметна ноччу пракрадзецца ў хату Зюзя і пачастуецца куццёй, адложанай у асобную місу. Стары, з белымі, як снег валасамі і даўжэзнай барадой такога ж колеру, сам нізенькі і тоўсты, у белым кажусе, з непакрытай галавой і босымі нагамі, у руцэ цяжкая жалезная булава. Усе імкнуцца пачаставаць Зюзю, бо ён у ліхую сцюдзённую пару часам выходзіць з лесу, каб папярэдзіць пра жорсткую суровую зіму, або вызваляе ад холаду таго, хто замярзае. Не трэба зліць Зюзю, бо калі ён зазлуецца, то так магутна стукае булавой па якім-небудзь пні, што зямля і бярвенні ў зрубах гучна трэскаюцца.

– Хто гэта там стукае?

– Сам Зюзя стукае, людзей ушчувае!

Акрамя роду Команяў, што пражываў не толькі ў Ведзмядзях, але і на выселках, былі яшчэ два ― род Багрымаў, які месціўся ў паселішчы Вусце, там, дзе Промша ўпадае ў Маўчаду, і род Дайгодаў ― у Рудзе, дзе Ізва ўпадае ў Нёман. Яны абменьваліся нявестамі, бо браць жонку са свайго роду было забаронена. Часам усе тры роды ладзілі сумеснае паляванне, асабліва, калі трэба было паменшыць колькасць ваўкоў ці іншых драпежнікаў, часам ваявалі разам у ліхалецці; зрэдку паміж імі здараліся звады з-за сенакосаў або борцяў, але ўвогуле жылі дружна. Мелася ў іх на амаль аднолькавай адлегласці ад кожнага з гэтых паселішчаў агульнае ігрышча ― шырокая паляна сярод лесу, дзе ў святы збіралася моладзь з усіх трох родаў.

Гэтым разам на паляну прыйшла не толькі моладзь, але і маладыя мужы, каб падужацца і пабіцца на кулаках. Лош любіў гэтыя забавы, лічыў іх карыснымі для ваяра. Біліся род на род, паселішча на паселішча. Перад тым, як даходзіла да бойкі паміж дарослымі, валтузілася дзятва, пачынаючы ад самых малых. Лош назіраў, як першы раз б’ецца Воўч, каб вызначыць, ці ёсць у таго задаткі байца. Воўчу спачатку было неяк няёмка біць напаўзнаёмага хлопца з Вусця, што апынуўся насупраць, але, калі атрымаў добрага тычка па скуле, то адразу даў здачы, ды так, што той адляцеў.

Воўч паглядзеў убок і пабачыў, як схапіліся яго сябар Ежка са сваім супернікам, ды перад ім ужо з’явіўся другі, больш старэйшы хлопец. Ён лёгка збіў Воўча з ног, але той крутануўся і таксама зваліў яго ў снег. Хлопец раззлаваўся, што не даў рады слабейшаму, і ўдарыў суперніка ў нос. Воўч, не зважаючы на юшку, што пацякла па падбародку, галавой з усёй сілы баднуў свайго крыўдніка ў твар. Той перакуліўся, ад нечаканасці закрыўшыся далонямі, і адразу ўскочыў, раззлаваны яшчэ больш. Цяпер з яго будуць кпіць старэйшыя браты, бо меншы за яго супернік два разы зваліў яго з ног! Ён крыкнуў скрозь зубы: ― Зараз я цябе заб’ю! ― і хацеў ізноў накінуцца на Воўча, але не паспеў, бо таго адкінулі за каўнер назад свае старэйшыя хлопцы, якія ўступалі ў бойку. Воўч падняўся, прыклаў кавалак снегу да носа, і раптам сустрэўся позіркам са сваім супернікам, якога таксама адціснулі назад. У яго вачах Воўч убачыў лютую злосць.

А ў бойку ўжо ўваходзілі дарослыя мужы, і глядзець на іх было страшна і вельмі цікава. Кулакі мільгацелі так хутка, што цяжка было прасачыць за імі. То адзін, то другі баец апыналіся на снезе, збітыя лоўкім ударам, але адразу ускоквалі і зноў шукалі суперніка. Лош тройчы збіваў з ног Лупача з Вусця, але той кожнага разу маланкава ўскокваў на ногі, і нарэшце сам трапна ўдарыў Лоша, уклаўшы яго ў снег. Лош падняўся і адразу атрымаў яшчэ адзін удар у твар. Ён ізноў пачаў паднімацца, але ўбачыў сваю кроў і вымушаны быў выйсці з бойкі ― такія правілы. Тады ён застаўся ляжаць, назіраючы, як б’юцца астатнія. Усё менш ваяроў заставалася на нагах, і хутка бойка скончылася.

Лош і Воўч сядзелі побач на краю паляны, абапёршыся на ствол высокай сасны, і трымалі на насах снег. Яны паглядзелі адзін на аднаго і зарагаталі.

– А з цябе можна зрабіць байца, задаткі ёсць, ― пахваліў Лош пляменніка. ― Толькі запомні: галоўнае ― мець цвярозы розум, не даваць злосці занадта многа волі.

Воўча вельмі ўзрадавала хвала Лоша, а на заўвагу ён спытаў:

– А як жа “пана”, дзядзька Лош, хіба гэта не панаванне злосці і лютасці?

– Э-э! У пану могуць уваходзіць нямногія. Так, гэта лютасць, але пад уладай розуму…

Паступова ўсе пацярпелыя абцёрліся снегам ад крыві, адсапліся. Дарослыя мужы і мальцы разыходзіліся – хто дахаты, хто ў госці ў суседняе паселішча, і часта здаралася, што да тых, з кім толькі што біліся. А моладзь яшчэ на нейкі час заставалася на ігрышчы. Воўч з распухлым носам і Ежка з сіняком пад вокам ішлі разам і заўзята абмяркоўвалі тое, што бачылі і ў чым удзельнічалі самі. Яны сёння трошкі пасталелі. Калі адыходзілі, Воўч яшчэ раз сустрэў поўны злосці позірк былога свайго суперніка…

Увечары ў Ведзмядзі прыйшоў дзіўны госць. Дзяцюк высокага росту, апрануты ў шырокую яркую накідку, увесь абвешаны званочкамі, каляровымі анучкамі. Твар у яго быў пачварны, з чырвонымі шчокамі і вялікім носам, валасы доўгія, распушчаныя, як конскі хвост. У руках – тоўстае жазло, таксама абвязанае каляровымі тасёмкамі.

Малыя дзеці спужаліся і разбегліся па хатах. Воўч з Ежкам і яшчэ некалькі хлапцоў не пабеглі:

– Хто ты такі?!

– Чаму страшны надта?!

– Ты чаго прыйшоў да нас?!

Госць раззлаваўся, замахнуўся жазлом і голасна закрычаў:

– Што-о-о!? Не пазна-а-алі?! А вось я вас зараз...

Ён пагнаўся за мальцамі, тыя кінуліся хто куды. Але насустрач ужо выходзіў вялікі карагод старэйшых юнакоў, апранутых у розныя строі: хто ў ваяра, хто ў звера, хто ў чужынца або нячысціка. Мальцы перасталі ўцякаць. Тады Ежка здагадаўся:

– Воўч! Ну і дурні мы! Гэта ж Шчадрэц!

– Бог балявання і бяседы?!

– Так! Ну і весела ў нас будзе зараз!

– Ага! Ён некалькі вечароў будзе прыходзіць!

– А колькі казак і песень ведае, колькі розных гісторый!

Шчадраца пасадзілі ў знарок зроблены невялічкі воз, таксама ўбраны стракатымі шматочкамі тканіны і званочкамі. Хлопцы-шчадраванцы правезлі госця па ўсім паселішчы пад прывітальны лямант ведзмядзёўцаў. Потым падыходзілі да кожнай хаты. Шчадрэц быў вясёлы і ўсім знаходзіў ласкавае слова і пачастунак. Людзі выносілі прысмакі, частавалі Шчадраца і яго світу. Цэлы вечар над паселішчам чуліся смех і песні. У якасці апошняй хаты ў гэты раз Шчадрэц выбраў жытло Крыны:

– Прымай, Крына, ватагу. Мы на ўсю ноч да цябе. Ты, кажуць, пачастункі гатавала?

– Калі ласка! Заходзьце, госцікі дарагія!

Калі Шчадрэц са світай зайшлі ў хату, там зрабілася вельмі цесна. Занялі ўсе лавы і палаткі. Каму не хапіла месца, тыя проста стаялі па кутах і каля дзвярэй. Крына кожнага частавала смачным варывам і медавухай. Шчадрэц усіх заводзіў на вясёлы лад сваімі бясконцымі жартамі і падкавыркамі.

Цяпер ужо зіма не здавалася празмеру халоднай, ноч ― занадта доўгай, а жыццё ― нясцерпна цяжкім. Вясёлы гоман і рогат часта перарываліся каляднымі песнямі, якія разносіліся далёка па даліне Маўчады, дасягалі Нёмана і распаўсюджваліся па навакольных лясах, палохаючы дзікіх звяроў і птушак. Неба ачысцілася ад хмар. Маладзік вісеў над спічастымі хвоямі, узначальваючы святочны карагод незлічоных зорак. Халоднае святло адлюстроўвалася безліччу іскраў на сняжынках, якія нядаўна апусціліся на зямлю.

Глава 3.

Вож, Вядзьмар і воі

Ястр ― святар, вяшчун і вядзьмар у адным абліччы, ― сядзеў на кудлатай мядзведжай шкуры, пасланай на падлозе пасярод васьмікутнага будынка, аснову якога складалі магутныя дубовыя слупы, укапаныя ў зямлю. Сцены былі складзены з яловых камялёў, заведзеных у адмысловыя пазы, высечаныя сякерай у слупах. Будынак меў стромкі дах у выглядзе васьмікутнай піраміды з тоўстага пласту трыснягу, прымацаванага да жэрдак, што абапіраліся на хваёвыя кроквы. На самым версе ў даху зеўрала дзірка для выйсця дыму. Пабудова не была ўкапаная ў зямлю, як курныя хаты і хлявы ў паселішчы, бо не прызначалася для жытла чалавека альбо жывёлаў. Гэта была бажніца. На глінабітнай падлозе, якраз пасярэдзіне, гарэла невялікае вогнішча, раскладзенае на пляскатым каменні, убітым у зямлю. Каля сцен стаялі драўляныя выявы Сварога, Зніча, Вялеса, Ярылы, Перуна.

Ястр маліў багоў. Багоў многа, і кожнаму трэба дагадзіць. Ён ужо прашаптаў звычайнае кола малітваў і закленаў, а цяпер звяртаўся да ўсіх адразу:

– Багі нашыя! Дайце нам жыць і не ўміраць заўчасна. Дапамажыце нашым воям, паляўнічым і аратым, каб былі вострыя мячы нашыя, каб былі меткія стрэлы і суліцы, каб багата радзілі нівы і жанкі нашыя! Дайце нам сілу, каб адолелі мы ворагаў! Адвядзіце ад нас беды нашыя...

Закончыўшы малітву, стары вяшчун пачаў прыслухоўвацца, ці не адклікнецца хто-небудзь з багоў, ці не пашле які-небудзь відавочны знак. Ды маўчалі багі. Толькі праз пэўны час пачуў аддалены грай.

“Ізноў груганнё. Ізноў здалёк.” ― падумаў ён, ― “Непасрэднай пагрозы яшчэ няма, але і дабра няма. Ці не знак гэта, што недастаткова прыносім ахвяры багам, што патрабуецца самая вялікая ахвяра?!..”

Ён рашуча падняўся, выйшаў з бажніцы, прычыніў дзверы з высокім ― да калена, парогам і накіраваўся да Команя.

Род Команяў быў моцны: сем дзясяткаў вояў мог выставіць у выпадку вялікай патрэбы. Два леты таму на вечы вырашылі, што цесна стала ў Ведзьмядзях, і таму некаторыя малодшыя мужы, якія цяжка ўжываліся з галавамі сваіх сем’яў, узялі жанок, дзяцей, рабоў, частку быдла, і сышлі з Ведзьмядзёў, заснавалі ніжэй па плыні Нёмана выселкі. За новым паселішчам і дагэтуль не ўмацавалася яшчэ трывалай назвы, таму пакуль што яны так і называліся ― Выселкі. Тады маладыя ўзрадаваліся, што адрываюцца ад апекі старэйшых, і з запалам будавалі зрубы новых хат на новым месцы, а дапамагаў ім увесь род. Старэйшыя бурчэлі, незадаволеныя, што часткова страчваюць уладу, ды кожны разумеў: так лепей для ўсіх, і гэта добры знак ― павелічэнне колькасці сем’яў.

Ястр быў адзіны пасярэднік паміж людзьмі роду Команяў і багамі, як на Ведзьмядзі, так і на Выселкі, і таму слова яго мела вагу.

– Зойдзеш? ― запытаў Комань і, калі Ястр кіўнуў, адчыніў дзверы і гучна сказаў у хату:

– Ярына! ― гэта была старэйшая жонка Команя. ― Вазьмі дзяцей і сыдзі куды-небуць.

Жанчына хуценька сабрала дзетак і пабегла да суседняга будынку.

Суразмоўнікі пільна глядзелі адзін аднаму ў вочы: Комань, сталы муж магутнага целаскладу, з густым цёмна-русым валоссем на галаве і барадзе, і Ястр, які мала саступаў у росце, але быў не такі шырокі ў плячах, з доўгай барадой і прыкметнай сівізной.

– Комань, багі патрабуюць ахвяру. Вялікую...

– Што ты надумаў, Ястр? ― ціха запытаў Комань, ужо здагадваючыся, куды гне вядзьмар.

– Сам разумееш, не мне гэтае патрэбна, ― таксама ціха адказаў той. ― Бяда вісіць над родам нашым.

– То дамоўся з багамі, на тое ты і святар.

– Богі гневаюцца на нас. Бяда набліжаецца. Груганнё кружыць над паселішчам.

– То адвядзі бяду.

– Я адвяду. Ды толькі... патрэбна ахвяра, вялікая, ― ён цяжка ўздыхнуў. ― Патрэбен... чалавек... юнак.

Комань падняўся ― высокі, галава пад бэльку. У вачах ― няўмольнасць:

– Юнака не дам, ― ціха, але цвёрда прамовіў ён, ― выдумай што-небудзь іншае. Можа, тура альбо лася. Ці зубра. Зловім самага лепшага.

Ястр пакруціў галавою.

– Кагосьці з іх таксама трэба, але гэтага недастаткова, ― ён глыбока задумаўся, пачаў пальцамі перабіраць нізку бурштынавых пацерак. ― Каб было лета, я б сказаў ― мядзведзь. Ён бліжэй да чалавека.

Комань узяў яго за плечы:

– Ну, дык давай мядзведзя!

– Нельга з берлагу.

Комань адпусціў плечы вешчуна, адступіў на крок. У вачах яго было здзіўленне:

– Адкуль ведаеш пра бадзягаў, стары прайдзісвет?!

– Ды ўжо ж ведаю...

...Яны стаялі паўколам ― лепшыя ваяры і паляўнічыя роду: Буй, Бычань, Вой, Лошна, Доўбень і Слаў. Непадалёк тапталася ўся ведзьмядзёўская дзятва і многія дарослыя, каму здарылася быць у гэты час у паселішчы. Усе шасцёра ваяроў былі ў збройным чыне. У кожнага ― цяжкая дубовая дзіда з вострым жалезным джалам на канцы, баявая сякера, меч у похвах на перавязі і доўгі корд за шырокім поясам. Лукаў не бралі ― для палявання, якое мелася адбыцца, яны былі недастаткова эфектыўнымі. Насупраць ваяроў стаяў Комань, уважліва ўглядаючыся ў твар кожнага:

– Усе гатовыя? Ніхто з жонкай не аскароміўся? Ты, Доўбень, увечары дзе валачыўся?

– Ну што ты, дзядзька Комань? Ты ж наказваў. Хіба ж я дзіця?

– Я кажу, бо ведаю, што не ўсім даспадобы звычаі продкаў. А хто іх не трымаецца, той слабне, бо ад яго адварочваюцца багі і прашчуры, якія дапамагаюць нам. А як слабне чалавек, дык слабне і род чалавечы. Я не пра вас кажу, але ўсе памятаюць, як забілі Жолну з Руды, бо ён пахваляўся начнымі подзвігамі з жанкамі, а потым спатыкнуўся на паляванні, і з яго віны загінулі людзі ад зубра. Гэтую ганьбу роду прынёс адзін з найдужэйшых. І яе нічым не змыеш. А тое ж быў наш супляменнік.

Комань памаўчаў, насупіўшыся. Потым страсянуў галавой, мех на шапцы варухнуўся хваляй. Вочы ягоныя праясніліся:

– Ну, ды гэта не пра вас, ведаю!

Ён махнуў рукой, памаўчаў яшчэ трохі, углядаючыся ў твары лепшых мужоў рода, і працягнуў:

– Сыны мае, ваяры мае! Ізноў пасылаю я вас на цяжкую справу. Здарылася небывалае. Мядзведзі-бадзягі разгуляліся на дальніх паляўнічых угоддзях, рана ці позна прыклыгаюць сюды па быдла. Чаму яны з бярлогаў падняліся, адзін Вялес ведае, а можа быць, яны і не залягалі нават. Суняць іх трэба, такая вось справа. Можа, яна і не такая складаная была б, ды вось Ястр...

Комань азірнуўся на вешчуна, які чакаў збоку:

– Ястр, ведаеш што? Кажы сам!

Вядзьмар наблізіўся. Футравае ўбранне на ім было своеасаблівае, з мноствам дробязных дэталяў; зверху надзеты разнастайныя каралі – жалезныя, касцяныя, з зубоў звяроў і нават нетутэйшыя бурштынавыя пацеркі. Шырокі пояс быў расшыты каляровымі ўзорамі: сонцамі, зоркамі і свастыкамі. Ды не красы дзеля – у кожнай дэталі, у кожнай рэчы быў свой магічны сэнс. Ястра паважалі: ён умеў размаўляць з багамі, мог іх задобрыць і навучыць рабіць гэта іншых. Але часта з яго і пасмейваліся бывалыя ваяры, якія бачылі шмат смерцяў і нічога не баяліся. Надта ж ужо красамоўна праводзіў шаман абрады і лад адзення меў адмысловы ― яркі, маляўнічы ― куды жанчынам да яго... Але, як глядзеў Ястр на каго, то мала хто мог вытрымаць ягоны позірк спакойна. Вось і цяпер, калі ён рэзка ўскінуў свае светлыя пранізлівыя вочы, кожнаму здалося, быццам шаркнулі нечым вострым па душы.

– Багі незадаволеныя намі! Нас чакаюць цяжкія выпрабаванні і страты. Самі бачыце ― на лядах недароды, у лясах паменшала звяроў, у Нёмане даўно ўжо не лавілі вялікіх самоў. Яцвягі штосьці нядобрае наважваюць...

Ястр гаварыў, а сам дапытліва прыглядаўся да мужоў:

– Каб не было горай, патрэбная вялікая ахвяра.

Ён ізноў абвёў усіх позіркам і раптам голасна і хутка вымавіў:

– То прывядзіце жывога Гаспадара!

Воі-паляўнічыя збянтэжыліся:

– Што?!

– Жывога мядзведзя?!

– Вось дык так!

– Мядзведзя-бадзягу? Ды ён жа злы, як сто нячысцікаў!

– Ястр, а мы яго там, у лесе ў ахвяру прынясем, ― прапанаваў Буй.

Ястр маўчаў, ізноў апусціўшы вочы. Маўчаў і Комань. Сцішыліся і астатнія. Толькі ў Слава адразу загарэліся вочы. Комань заўважыў гэта і здагадаўся, а праз імгненне зразумелі і астатанія, ды ніхто не падаў выгляду. Усе ведалі гэты спосаб узяць мядзведзя ― даць яму жывую ахвяру, і, пакуль звер будзе займацца ёй, на імгненне забыўшыся пра астаніх, утаймаваць яго.

Слава цяжка параніла ў сутычцы з чужынцамі-рабаўнікамі некалькі гадоў таму. Гэта была жорская бойка, у якой прымалі ўдзел многія ваяры племені. Тады загінулі Туж, Груд, Бродзень. Рана Слава, як выявілася, была невылечнай ― звонку ўсё зацягнулася, але суліца ворага, мабыць, дайшла да вантробаў, і мужны вой слабеў з кожным годам. Ён разумеў, што ўжо не ачухаецца, і аднойчы прызнаўся блізкім сябрам, адным з якіх быў і Комань, што хацеў бы адысці да продкаў. Ды імя ў яго было Воіслаў нездарма, а таму што слаўны гэта быў ваяр і не жадаў ён ганебнай смерці ў ложку пад прыглядам сваіх жанок...

Комань прамовіў:

– Слаў… ― і зразумеў, што не можа больш падабраць словы.

Тады ён цвёрда паглядзеў Славу ў вочы, а той у адказ усміхнуўся са згодай.

Комань яшчэ раз усіх абвёў позіркам:

– Трэба было б больш мысліўцаў адправіць, ды не магу ― неспакойна наўкол. Наказаў конязь Волад трымаць вояў напагатове, выставіць дазоры ды паслаць выведнікаў на захад ― у бок яцвягаў з непрымірымых. Так што спраўляйцеся самі. Няхай вам дапаможа Велес. Камандуй, Буй.

Буй гучна свіснуў, і з-за дрэў юнакі подбегам вывелі загадзя падрыхтаваных да паходу коней. Мужы амаль бязгучна ўзвіліся на іх, і невялікі атрад бадзёрай рыссю пакінуў паселішча. Хутка перастаў быць чутным і тупат капытоў ― снег гасіў гукі.

Комань і Ястр, не згаворваючыся, знялі шапкі, паднялі рукі да неба:

– Дапамажы нам, Велес!

Ім туравалі дзеці і дарослыя:

– Дапамажы, Велес...

Глава 4.

Бадзягі і мысліўцы

Над магутнымі лясамі Верхняга Панямоння цягнуліся светлыя сцюдзёныя хмары. На зямлі ўсё яшчэ панавала змрочнае глухазім’е. Нізкае сонца часам выглядвала, ды не грэла, а толькі крыху падвясельвала наваколле.

Прайшла амаль палова кароткага зімовага дня, калі мысліўцы пад’ехалі да паляўнічай буды, складзенай невядома калі з тоўстых хваёвых бярвёнаў. Тут яны спешыліся, далі коням сена і хутка пакрочылі ў глыб лесу, пакінуўшы жывёл на волі, каб яны маглі адбіцца і збегчы ад драпежнікаў, калі тыя апынуцца паблізу.

…Мядзведзь з восені бадзяўся па лесе. Ён быў галодны і люты. Старыя хваробы не далі яму, як усім ягоным сабратам, залегчы ў салодкі зімовы сон. Ён быў вельмі раззлаваны, бо адчуваў сябе нядобра ў заснежаных нетрах, дзе цяжка было здабыць ежу. Часам магутна румзаў, чым наводзіў страх на іншых насельнікаў лесу, і ўсе яны імкнуліся схавацца ў нару ці ў дупло, або проста збегчы далей. Верагоднасць галоднай пагібелі даводзіла яго да адчаю, і звер быў гатовы нападаць на ўсё жывое, абы чаго-небудзь з’есці. Таму, калі ён напаткаў след іншага мядзведзя, то адразу пачаў пераследаваць яго. Той падняўся з бярлогу нядаўна, менавіта ад гэтага румзання, бо сон ягоны быў не такі глыбокі, каб не пачуць смяротнай небяспекі. Спрасонку ён яшчэ не адчуў голаду, але адразу сцяміў, што саступае ў моцы таму, хто румзае, і ўцякаў, пакуль што нетаропка, старанна прыслухоўваючыся да наваколля. На яго след набрылі і мысліўцы. Пасля нядоўгага пераследу яны ўбачылі аднаго мядзведзя і адначасова пачулі румзанне другога. Вопытныя паляўнічыя адразу зразумелі, што голас падае больш магутная жывёла.

– Спачатку гэтага, ― крыкнуў Буй, паказваючы на след. Пачалася пагоня. Мядзведзь уцякаў, паступова набываючы жвавасць, што абяцала выматаць паляўнічых дашчэнту. Яны доўга беглі, выцягнуўшыся жывым ланцугом па добра бачных на снезе адбітках шырокіх кіпцюрастых лап. Буй бег першы. Вось ён параўняўся з нізкаватым гушчаром і ўжо абагнуў яго, як раптам уваслед яму кінуўся нібыта цень. Звер паспеў збочыць, зрабіць невялікі крук, вярнуцца блізенька да свайго следа і залегчы ў засаду. Ён без аніякага гуку ўсёй сваёй вагой наваліўся на паляўнічага. Буй круціўся, бы вужака, ды жывёліна была шустрэйшая. Пачуўся трэск разадранай вопраткі і глухі стогн. Доўбень, які бег другім, ускочыў верхам на мядзведзя і спрабаваў загнаць лязо корда яму пад сківіцу, але не змог утрымацца, калі той крутануўся, і адляцеў убок. Падбеглі астатнія. Тады мядзведзь пакінуў Буя, злосна рыкнуў і папёр на пераследнікаў, яшчэ больш раз’юшваючыся на хаду. Слаў выйшаў наперад, дастаючы з-за пояса доўгі корд. Звер падняўся і на задніх лапах пайшоў на яго, але раней, чым яны сустрэліся, дзве дзіды, мінуючы Слава, з маху ўтыркнуліся ў бакі мядзведзя. Той страшна зароў, магутнымі лапамі біў па тронках, але зламаць моцныя дубовыя стрыжні не здолеў, а Бычань і Лошна, быццам урослыя ў зямлю, моцна трымалі дзіды ў руках. На дапамогу ім кінуліся Доўбень і акрываўлены ды збялелы Буй, ён у гарачцы здолеў падняцца на ногі, а потым і Вой са Славам схапіліся за тронакі, па якіх ужо бруілася гарачая мядзведжая кроў. Усе яны так і стаялі ў неймаверным напружанні, пакуль звер не пачаў памалу асядаць у снег.

– Прабач нас, браце! ― пачаў абрадавую замову Бычань.

– Прабач нас, браце наш, мядзведзю! ― падхапілі астатнія, ― Аддай нам сваю сілу! Аддай нам сваю адвагу! Няхай мы будзем дужымі! Няхай мы будзем разумнымі, як браты нашыя ― мядзведзі!

І кожны з іх нібыта адчуў, як выходзіць магутная душа з паміраючага звера, і кожны меў надзею, што хаця б частка гэтай моцы ўвальецца ў ягонае цела, і яе хопіць на ўсё астатняе жыццё, каб быць такім жа магутным і адважным, як гэты мядзведзь.

Праз некалькі імгненняў цёмная туша ляжала нерухома на акрываўленым снезе, а каля Буя завіхаліся суродзічы. Ключыца была зламаная, глыбока раздзёртае разам з вопраткай плячо, на твары ― сляды кіпцюроў, з якіх хутка капала кроў. Яны дасталі з-пад снегу імху, прыклалі да ран, перавязалі чыстымі анучамі, і цяпер адсопваліся, седзячы пад вялікай ялінай. Усе разумелі, што самае цяжкае яшчэ наперадзе, і то адзін, то другі сустракаліся вачыма са Славам. Выматаны пагоняй, неймавернымі унутранымі высілкамі ён трымаўся яшчэ, каб быць карысным. Кожны разумеў позіркі Слава, усе ведалі, што час ягоны наблізіўся, і момант гэты ўражваў сваёй непазбежнасцю.

Буй быў бледны, але розум ягоны заставаўся ясны.

– Ідзіце, я зладжуся з сабой. Хутка вечарэць пачне. Бычань, цяпер ты старэйшы.

Паляўнічыя падняліся і павольна, зберагаючы сілы, пабеглі па сваіх слядах у адваротны бок, туды, адкуль чулася магутнае румзанне. Усе падабраліся, на суровых тварах выраз рашучасці і трывогі ― надта ж небяспечны гэты звер, а браць трэба жывым.

І вось яны сышліся. Магутны касматы звер і пяцёра людзей. Мядзведзь падняўся на ўвесь рост, пачаў на месцы пераступаць з лапы на лапу і ў такт шырока матаць галавой. Потым раптам сцішыўся і прысеў, люта ўглядаючыся ў людзей, што падступаліся да яго. Слаў нетаропка абапёр аб бліжэйшую хвою дзіду, зняў похвы з мячом, дастаў з-за шырокага пояса корд, і склаў усё гэтае тут жа. Ён акінуў апошнім поглядам сяброў і выйшаў наперад. Мядзведзь засяродзіўся на чалавеку, які высунуўся з шэрагу, ізноў узняўся на заднія лапы, каротка рыкнуў і хутка рушыў насустрач. Чалавек і звер узялі адно аднаго ў абдымкі, нібыта лепшыя сябры. Жывёла вантробна зараўла. Слаў паспрабаваў падставіць нагу і зваліць мядзведзя, але дзе там... Той разявіў зяпу з вялікімі белымі ікламі, каб ухапіць чалавека проста за твар, ды Слаў з апошніх сілаў адхіліў галаву ад выскаленай пашчы, і тады звер з маху усадзіў яму іклы паміж шыяй і плячом. Пачуўся хруст, і Слаў абмяк. Але Доўбень ужо прасунуў паміж нагамі мядзведзя доўгае дрэўка дзіды і, трымаючыся за другі канец, шпарка бег вакол звера, пакуль той не паваліўся, на момант задраўшы заднія лапы. Лош імгненна накінуў на адну з іх пятлю з моцнай вяроўкі, Бычань тое ж самае зрабіў з другой. Раз’юшаны звер грыз Слава, лічачы, што менавіта той кінуў яго на снег. Гэта дало яшчэ некалькі імгненняў Лошу і Бычаню, каб падхапіцца і разбегчыся ў розныя бакі. Калі збянтэжаны мядзведзь ужо паднімаўся, яны моцна пацягнулі свае канцы вяровак. Звер ізноў упаў і зароў, уцяміўшы, што зваліў яго зусім не Слаў, і адкінуў яго ад сябе. Яшчэ раз падняўся і адразу паваліўся. Вой паспрабаваў засунуць тронак дзіды паміж выскаленымі сківіцамі, ды мядзведзь так гваздануў лапай, што тронак з трэскам разляцеўся на кавалкі. Тады Доўбень ззаду ўскочыў на карак звера, які зноў імкнуўся падняцца, і накінуўшы пятлю на храпу паміж сківіцамі, пацягнуў вяроўкай ягоную галаву назад. Цяпер звер, перакулены на снег, малаціў пярэднімі лапамі ва ўсе бакі. Па лесе неслася бесперапыннае румзанне. Лош і Бычань спрытна абмотвалі канцы сваіх вяровак за бліжэйшыя хвоі. Потым яны схапілі дзіды, здвоілі іх, падабралі зручны момант і прыціснулі тронакамі пярэднюю лапу мядзведзя да зямлі. Ён вырваўся б, але ўжо было нязручна ― тры вяроўкі абмяжоўвалі магчымасць рухацца. Апошняй вольнай лапай ён усё ж такі дацягнуўся да Бычаня і шаркнуў даўжэзнымі кіпцюрамі па руцэ, ды паляўнічы не адпусціў дзідаў. Доўбень таксама ўжо заматаў канец сваёй вяроўкі за дрэва, і яны разам з Воем наваліліся на гэтую лапу і зацягнулі пятлю...

Звер ляжаў, распяты на снезе. Ён не разумеў, што з ім, і пагрозліва роў. Мысліўцы перавялі дух, выцерлі рукавамі ілбы.

– Давай вязаць шчыльней, бо парве вяроўкі, ― прамовіў Бычань.

Гэта ўжо не было занадта цяжка, хоць мядзведзь і пручаўся ― сілы ў яго яшчэ было даволі...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю