Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 24 страниц)
Глава 7.
Ляды
... Зімняя ноч доўжыцца болей, чым можа выспаць сталы чалавек. Усе дамачадцы яшчэ глядзелі салодкія сны, а Комань сядзеў на лаве і думаў думу. У родзе з’явілася пяць вольных жанчын: тры жонкі Слава і дзве выратаваныя ад яцвягаў дзяўчыны. Дзяўчаты ― гэта здабыча Лошны і Доўбеня, яны і вырашаць іх лёс, бо прайшло ўжо поўсарака дзён, але не чутна было, каб іх хто-небудзь шукаў – ці то не было каму, ці то змірыліся іхнія родзічы са стратай. Са слоў саміх дзяўчат Комань зразумеў, што яны крывічанкі, але не з блізкіх, што пасяліліся недалёка ад дрыгавічоў, а здалёк ― аднекуль з дняпроўскіх прытокаў. І хоць маладым Лошне і Доўбеню таксама патрэбна парада, але з жанкамі Слава намнога больш складана. Жанчыны прыгожыя, яшчэ не старыя. Эх, каб не здарыўся раздор паміж мужамі з-за іх. А з другога боку, яны маглі б яшчэ дзяцей нарадзіць, што надта важна пры такіх вялікіх штогадовых людзкіх стратах. Гадавая жалоба па Славу пройдзе хутка, ― нельга пакінуць гэта без увагі, трэба параіцца з Ястрам. На веча такія справы не вынесеш ― надта ж дэлікатныя яны...
– “А сёння? Сёння – на ляды!”
Калі яшчэ было цёмна, жвавы парабак прабег каля ўсіх хат са звонкімі крыкам:
– На ляды! На ля-а-ады! Выходзь на ля-а-ады!..
У паселішчы пачаўся рух, людскі натоўп пацягнуўся ў кірунку распачатай дзялкі, дзе ўжо шмат дрэў было павалена, ствалы раскрыжаваныя, лепшыя вытрэлёваныя бліжэй да жытла – яны пойдуць на пабудовы, ― а астатнія складзены ў перамежку з адрубанымі сукамі і галінамі роўным пластом па будучым полі і чакалі агню. Гэтая праца доўжылася на працягу вось ужо трох месяцаў, пачынаючы з прадзім’я, і будзе працягвацца да вясны. А калі сонца добра падсушыць драўніну, людзі дадуць волю агню. Толькі на гэтым праца не скончыцца, а надыйдзе самае цяжкае ― карчаванне рэштак пнёў, якія не паздужае агонь...
Маладыя мужы і рабы з вялікімі сякерамі на доўгіх дубовых дзяржальнях папарна падыходзілі да тоўстых хваін, каб секчы кожнае дрэва з двух бакоў. Вось забалабоніла адна пара сякер, за ёй другая, трэцяя... Вясёлы перастук напоўніў марознае наваколле. Гукі мітусіліся па дзялцы і адляталі далёка ў лес. Струмені пару пырхалі ад разгарачаных твараў лесасекаў.
Лош працаваў разам з Норам. Перад працай той перахрысціўся і на незразумелай Лошу мове штосьці прашаптаў, молячыся свайму трыядзінаму богу.
Гаспадар і раб зладжана секлі дрэва кожны са свайго боку без перадыху, паволі пераходзячы наўкол ствала, пакуль не засталася неразрубанай толькі сэрцавіна. Тады Лош аглядзеўся і пачаў дарубваць дрэва з таго боку, у які хацеў зваліць яго. Нор моцна ўпёрся лязом дзіды ў ствол на два сажані ад зямлі. Дрэва быццам і не думала падаць, і толькі пасля некалькіх удараў раптам здрыганулася ўсімі галінамі, вяршыня захісталася, ныбыта разважаючы, у які бок валіцца.
– Сцеражы-ы-ыся! ― прароў Лош. Хвоя, гучна трэснуўшы ў перасечаным камялі, спачатку паволі, а потым усё хутчэй павалілася, са звонкім трэскам ламаючы ў нізе маладняк і свае сукі.
Лош і Нор селі поплеч на паваленае дрэва, як па камандзе выцерлі рукавамі ілбы. Потым памаўчалі, думаючы кожны аб сваім. Лош запытаў:
– Ну, што надумаў?
– А што думаць? Яшчэ колькі месяцаў ў рабах хадзіць, ― хітравата прыжмурыўшыся, адказаў Нор.
– Ты ж ведаеш, адпусціў бы я цябе, ды нельга парушаць звычаі продкаў, не зразумеюць мяне суродзічы.
– Не дакарай сябе, гаспадар. Многія рабы зайдросцяць маёму становішчу. Не ўсе харчуюцца нараўні з гаспадарамі, а некаторыя і жывуць хужэй за быдла.
– Хутка станеш вольны. Няўжо цягне яшчэ на радзіму?
– Цягне, гаспадар, яшчэ як цягне, ― Нор са смуткам у вачах глядзеў кудысьці далёка скрозь лес. Што бачыў ён? Што памятаў аб далёкай сваёй краіне, якая ўсё больш аддалялася з часам? Сыходзілі пакрысе з памяці абліччы родных, заставаўся толькі вялікі жаль. А ці было куды і да каго яму вяртацца?..
Раптам на іхняе дрэва з вясёлым гоманам накінулася чарада падлеткаў з невялікімі сякеркамі і пачала адсякаць сукі і галіны. Тут быў і Воўч са сваімі аднагодкамі.
– Дзядзка Лош! Дзядзка Нор! Уцякайце хуценька адсюль, а то аднясем і вас і зложым разам з галлём, пабачце, як нас многа!
– От гарэзы! ― засмяяўся Лош, ― зараз як закіну на хваіну, будзеш сядзець, пакуль мы яе не звалім!
– А я не баюся , бо бегаю хутка, ты мяне не зловіш!
– Ах ты такі-сякі! ― Лош зарваўся з месца і пагнаўся за Воўчам. Той пераскочыў праз дрэва і кінуўся наўцёк...
– А што гэта ты, мой саколік, з дзецьмі гуляеш? ― пачуўся вясёлы жаночы голас, і нібыта цёплая хваля ахінула Лоша. Гэта была Ланя, ягоная гарэзлівая красуня ― яны жылі разам ужо тры гады і ніяк не маглі нацешыцца адно адным. Вось і зараз ён абхапіў жанчыну і пачаў круціць галавой, шукаючы позіркам, куды б гэта схавацца.
– Адыйдзі ўжо! Кругом людзі, дзеці, ― яна са смехам адштурхнула яго. Потым ласкава пагладзіла па шчацэ, ― няўжо ты не стаміўся, родненькі? І ціхенька прашаптала ў самае вуха: ― То пачакай ужо да вечара.
Нягледзячы на гарачае ўзаемнае каханне, багі пакуль-што не давалі ім дзяцей. Пакрысе гэта пачынала трохі турбаваць абодвух, але вялікае пачуццё не давала падступіцца адчаю.
– Э-эх! ― Лош уздыхнуў на ўсе грудзі. Гарачая хваля жадання з неахвотай пакідала яго. Паглядзеў на Нора. Той стаяў з апушчанай галавою.
– Эй, Нор! Ці не паклаў ты вока на маю жонку?!
– Як можна?! Ты мой гаспадар, як можа раб… ― ён з дакорам паглядзеў на Лоша, а потым нечакана дадаў, ― Але я муж, і кабета патрэбная мне.
– Ты ж разумееш, што ажаніцца табе можна толькі з рабыняй. Гэта працягне тэрмін твайго рабства. Ды й няма ў Ведзмядзях рабыні, якая падыйшла б табе.
Потым яны ізноў секлі і валілі дрэвы. І так дзень, другі, трэці... І ўжо не злічыць тых дзён з цяжкай працай, якая можа выматаць любога. Ды у родзе Команяў людзі былі моцныя. Добрыя ляды будуць, багата хлеба дадуць!
Глава 8.
Выкраданне, таямнічы чужынец і пагоня
Ў адзін з такіх дзён, калі цемра апускалася на Ведзьмядзі і людзі вярталіся з лядаў, выявілася, што знікла дзяўчынка ― Арэська. Ёй ішоў чатырнаццаты гадок, ужо гатавалася ў нявесты. Маці яе, Плоця, загаласіла са страху, але Комань крыкнуў:
– Заціхні! Не хавай заўчас!
Ён абвёў позіркам людзей, што згрудзіліся каля ўваходу ў паселішча і ўласна загадаў:
– Ліс, Вячка, Рост! Вазьміце паходні, абыдзіце вакол, шукайце след!
Запаліўшы паходні ад агмяню бліжэйшай хаты, следапыты паглыбіліся ў лес. Святло паходняў віднелася ўсё меней, тры агеньчыкі ледзь прабіваліся паміж стваламі дрэў.
– Бычань, рыхтуй пагоню, ― ціха прамовіў Комань.
– Ты думаеш...
– Не ведаю. Трэба быць напагатове.
Людзі тапталіся, спачуваючы Плоце, употай уздахалі. Сям’я Арэські стаяла ў купе. Плоця, невялічкая шэравокая жанчына, прыціснула кулачкі да шчок і ціхенька скуголіла. Бацька, сівавусы Куна, з пакалечанай у даўнія часы нагой, стаяў з каменным тварам, абапіраючыся на кій. Ён не мог, як у былыя гады, сесці на баявога каня і адправіцца наўздагон ці то тацю ці то зверу. Уся надзея была на маладых.
Бычань з пяцёркай узброеных ваяроў чакалі вестку ад следапытаў. Чарада мальцоў круцілася каля коней, якія былі ўжо пад сёдламі. Застялыя жывёлы рылі капытамі снег, фыркалі, сцісла іржалі.
– Вяртаюцца! Вяртаюцца! ― тонка закрычаў Воўч, які першы прыкмеціў, што адна з паходняў пачала набліжацца.
– Не ўсе! Адзін толькі! ― паправіў яго больш старэйшы Шчэнь.
– Гэта Вячка! ― разгледзеў востравокі Ворлік.
Усе ў трывозе чакалі надыходзячага следапыта.
– Умыканне! ― выдахнуў Вячка, ― След чужынца ў кірунку Звонкага Бору!
– Бычань! Хутчэй! ― гаркнуў Комань.
Шасцёра коней з вершнікамі пратупаталі каля натоўпу і гусам па лясной сцяжыне паімчалі да Звонкага Бору.
– Ну ўсё! Разыходзцеся! ― голасна скамандаваў Комань, але людзі не спяшаліся па хатах.
Мальцы ізноў закрычалі:
– Астатнія!
– Бягуць!
Рост з Лісам замкнулі кола, прасачыўшы ўсе сляды да таго месца, адкуль пачыналі. Яны былі узрушаныя і адрывіста крычалі, падбягаючы:
– Комань! Яшчэ адзін след!
– З дрэва! Невядома чый!
Комань з прыкрасцю прамовіў:
– Эт! Пярун на яго!
Ён зняў шапку, запусціў пяцярню ў валасы на патыліцы, імгненне думаў:
– “Такі следапыт, як Ліс, не зразумеў след?.. Гм! Так пакідаць гэта нельга” ― і аддаў яшчэ адзін загад:
– Лошна! Рыхтуй сваіх.
Выявілася, што след пачынаўся знянацку, нібыта чалавек саскочыў з неба, і вёў ад паселішча ў бок Ваўчынага Логу. Ён не належыў нікому з жыхароў Ведзмядзёў, бо следапыты ведалі адбіткі і старых і малых.
Гэты след чужынца устрывожыў Команя больш, чым першы. З тым амаль што ўсё ясна. І хоць шкада было Арэську і яе бацькоў, але ўмыканне дзяўчат не было вялікай трагедыяй, дый умыкнулі хутчэй за ўсё суседзі, якія добра ведалі Ведзьмядзі, і знайшлі спосаб абмінуць дазоры. Можа яшчэ аб’явяцца выкрадальнікі, каб уладзіць мірнай дамовай. А вось другі... Яго трэба прасачыць дасканала, бо гэта мог быць злодзей. Каб не навёў якіх-небудзь рабаўнікоў!
– Комань, мы гатовы, ― Лошна стаяў перад ім, ладны, падцягнуты, са спакойным тварам і разумнымі вачамі.
Комань мімаволі залюбаваўся ім: ― “Добры вой і паляўнічы. Гэты высачыць, не паверне з поўдарогі. Паболей бы мець такіх пад рукой.”
У голас сказаў:
– Ідзіце па следу, пакуль можна. Нават па чужой зямлі. Нават па зямлі яцвягаў, калі спатрэбіцца. Даю вам дзень, ноч і яшчэ дзень. Але будзьце асцярожныя!
Ён павярнуўся да Лоша, вялікімі рукамі моцна сціснуў за плечы, і ціха прамовіў яму аднаму: ― Не загубі сябе і вояў. Не спяшайся. Думай.
Ліс і Рост адвялі іх да месца. След сапраўды пачынаўся ніадкуль. Воі разгублена пераглянуліся: ― Ён што, лятаць умее?
– Адтуль, з дрэў ― Буг паказаў ўгору, ― Ведзьмядзі, як на далоні. Ён сачыў за паселішчам.
– Ужо пяць дзён не было снегу, ― здзіўлена прамовіў Дрок, ― ён там сядзеў увесь гэты час? У мароз? Гэта немагчыма!
Яны пільна агледзелі суседнія дрэвы. Ліс залез наверх і знайшоў разгадку: невядомы рухаўся, пералазячы з дрэва на дрэва.
– Вось гэта зух! ― не вытрымаў Буг, ― а чагож ён злез?
Лош зразумеў, што мае справу з моцным супернікам. Па ўсім відаць, ён сачыў за паселішчам, а калі распачаўся гвалт з умыканнем, хуценька адышоў, бо яго маглі б выкрыць, шукакючы дзяўчыну. Прыйшлося спяшацца, таму саскочыў на зямлю, ― тым самым вымушана зрабіўшы памылку, што давала дрыгавічам шанец адшукаць назіральніка.
– Так, мужы! Канчайце балбатню! Справа будзе нялёгкая. Я патрабую ад усіх як мага больш увагі. Не шумець, гаварыць ціха. Асабліва, калі ўдасца наблізіцца. Хадзем!
Яны ланцугом паехалі па следзе. Ужо добра развіднела. Неба было яснае, неўзабаве заснежаныя вершаліны хвой на ўзгорках пачалі зіхацець на сонцы. З маленства жывучы ў лесе, ведаючы яго з’явы і стан у розныя пары года, следапыты па выгляду следа разумелі, што пакуль уцякач нашмат апярэджвае іх. Ехалі спачатку хутка. Потым распачаўся гушчар, прыйшлося спешвацца. Прывучаныя коні паслухмяна тупалі ззаду. Паступова адхіліліся і ад Маўчады і ад Нёміня, паглыбляючыся ў дзікі лес. Гушчар змяніўся борам з высокімі дрэвамі, яны селі на коней, потым ізноў вымушаны былі скочыць у ніз, убіўшыся ў другі гушчар, і вось ужо паўсталі наперадзе хмызы Ваўчынага Логу. Сюды людзі без крайняй патрэбы не тыцкаліся ― гэты звярыны кут прылягаў да непралазнага балота, ды і сам быў амаль непралазны з-за густога лазняку, які рос шчыльна, пруток каля прутка, ды яшчэ быў аплецены ўсялякімі в’юнамі. Тут з цяжкасцю можна было прцісквацца толькі звярынымі сцежкамі, але і тыя былі нібыта тунэлі для нізкарослых лесавікоў ― нармальнаму чалавеку па пояс вышынёй. З коньмі там толькі змарнавалі б час, бо прыйшлося б вырубваць сцяжыну. Таму Лош разпарадзіўся:
– Мы ўдваіх пайдзем па следзе, астатнія абмінайце балота. Сустрэнемся каля Біручай Крыніцы.
Лош з Лісам апынуліся ў змрочнай нізіне. Сям-там трапляліся яліны, якія здаваліся амаль чорнымі сярод шэрых і чырвонаватых лоз. След вёў іх па звярынай сцежцы, якая адмыслова звівалася, заводзячы следапытаў усё глыбей у хмызы Ваўчынага Логу. Ён нездарма меў такую назву. Ваўкі са спрадвечных часоў аблюбавалі яе непралазныя нетры, бо тут было дзе зрабіць логава для ваўчанятаў, тым болей, што ў лазняку прабіваліся на паверхню некалькі крыніц, даючы пачатак адной з незлічоных рачулак, якія праразалі бары і балоты ў сваёй павольнай плыні да Нёмана. Лош ведаў: і цяпер тут ёсць некалькі схованак, у якіх ваўчыцы з дапамогай сваіх верных ваўкоў будуць гадаваць ваўчанят, што народзяца ў сакавіку. Яны добра схаваныя, але не дай Ярыла выпадкова апынуцца каля такой схованкі, калі там вывадак. Ваўчыца маланкава накінецца і будзе бязлітасна рваць усякага, хто можа быць небяспечны ваўчанятам. Але да сакавіка яшчэ не так блізка…
Яны паглыбляліся ў лазняк, з цяжкасцю прадзіраючыся скрозь зараснікі карчоў і сухіх вьюноў. Спярша згубілі след, які знік гэтак жа раптоўна, як распачаўся каля Ведзмядзёў ― нібыта чалавек паляцеў у неба. Пачалі кружыцца, углядацца ўверх, на дрэвы, потым ізноў уніз… і натрапілі на іншы след. Тут зусім нядаўна прайшла ваўчыца, і штосьці Лошу у гэтым следзе здалося дзіўным. Нібыта адна лапа выпадала з роўнага ланцуга чатырохпалых адмецін на снезе. Але ўглядацца не было калі. Яны перасеклі звярыную сцежку і … раптам адчулі на сваіх патыліцах чыйсці позірк. Хутка павярнуліся, адначасна выхопліваючы корды з-за паясоў. Нікога! У гэты ж момант у паветры з’явіўся цяжкі настой звярынага паху.
– “Калі тут зграя ваўкоў, то нам канец, бо ў гэтым гушчары нават кордам не замахнешся,” ― прапаўзла нядобрая думка ў галаве Лоша.
Ён павярнуўся да Ліса, і ўбачыў збялелы твар сябра. Ткнуў яму ў плячо кулаком:
– Пайшлі, ― павярнуўся і рашуча пакрочыў у напрамку абарванага следу чужынца. Ліс, ўздыхнуўшы, пацягнуўся следам, моцна сціскваючы ў руцэ корд.
З гушчару ім у спіны з лютым адчаем глядзела пара ваўчыных вачэй. І не было чутна нават подыху звера.
Калі пачалі зноў углядацца ў дрэвы, і Ліс ужо быў гатовы лезці на бліжэйшае, здалёк пачуўліся дзве кароткіх чаргі запар частага грукату, які выдаюць дзюбай па дрэве вялікія пярэстыя дзятлы. Гэта быў умоўны знак ― следапыты, якія засталіся з конямі, знайшлі след...
Сонца паволі пачало зніжацца. Усе адчувалі, што наблізіліся да ўцекача, калі ўбачылі на снезе сляды сутычкі. Многа часу не спатрэбілася, каб зразумець, што тут здарылася.
– Небяспечна ў лесе аднаму, ― прамовіў Дрок.
– Але ж моцны гэты чалавек, здолеў выкруціцца з такой бяды, ― дадаў Буг.
– А рысь мацёрая, ― Рост прыглядаўся да некалькіх найбольш выразных адбіткаў лап.
Так, тут рысь знянацку з дрэва напала на ідучага ў адзіноце чалавека. Але нейкім чынам незнаёмец абхітрыў звера.
– Ён бачыў яе! ― раптам здагадаўся Ліс, ― і ўсё роўна пайшоў пад дрэва! Ён быў напагатове, інакш не здолеў бы...
– І што, ён яе з сабой панёс?
– Выходзіць, што панёс.
Яны рушылі далей і ўбачылі на слядах кроў. Гэта не была кроў забітага звера, а менавіта чалавека, бо адбівалася на следзе разам з абуткам.
– Рысь параніла яго, ― Дрок уважліва глядзеў на след, ― Лош, ты заўважыў? Ступня невялікая.
– Заўважыць то даўно заўважыў, ды што з таго? ― адказаў Лош.
– Гэта не можа быць юнак ― далучыўся да размовы Ліс, ― гэта воін і мыслівец, якіх пашукаць
– А што, мала невялікіх сярод дарослых? ― запытаў Дрок.
– Цяпер дагонім! ― Лошна паправіў пояс з кордам, і кінуўся па крываваму следу.
Нізкія галіны не давалі сесці на коней, і яны пабеглі. Усім здавалася, што вось-вось убачаць пяткі ўцекача. Лес спераду пасвятлеў, абяцаючы больш адкрытае месца. Хутчэй! Яны ірванулі наперад і адзін за адным выбеглі на шырокую паляну...
Іх сустрэў шэраг ваяроў на моцных вялікіх конях. Вершнікі спакойна сядзелі ў сёдлах, і нават не выймалі з похваў мячы.
– О-о-о! Дрыгавічы прыехалі! Хіба ў госьці спяшаецеся? Ці на паляванні заблудзіліся?
Так, гэта ўжо была зямля яцвягаў. Лошна і яго спадарожнікі імкнуліся не паказваць сваю разгубленнасць:
– Твая праўда, яцвяжэ. Гналі мы звера хітрага і моцнага, нібыта ў яго падвойныя жылы. Ці не бачылі? ― Лош зняў шапку і прыклаў да грудзей, ― Але яцвяжскім мужам прывітанне! Штосьці мы вас не ведаем. З якога роду-племені?
– Здалёк мы, ― коратка адказаў старэйшы з яцвягаў.
Кожны бок ведаў: каб не Вялікае Замірэнне, то, хутчэй за ўсё, звінелі б тут зараз мячы і лілася б маладая кроў.
– Дык пакажыце нам уцекача. Вельмі хацелася б ведаць, хто нам такі вясёлы дзень уладкаваў.
– Дык пабачце, ― яцвяжскі шэраг крыху расступіўся і дрыгавічы ўбачылі... маладую жанчыну. Яна была ладная і прыгожая, апранутая па-мужчынску. Пад нагамі ляжала забітая рысь. Малады яцвяг перавязваў ёй лыдку паверх скуранога поршня. Ветрык трыху варушыў цёмныя валасы, яна толькі што звольніла іх з-пад тугой ільняной павязкі, якую трымала ў руцэ. Па твары было відаць, што стамілася, але вочы смяяліся:
– Ну што, мыслівыя, засталіся з носам?
Яцвягі стрымана рагатнулі.
– Ну, не зусім, ― Ліс са здзіўленнем глядзеў на жанчыну, нібыта не даючы веры вачам, ― затое ў цябе здабыча добрая, праўда невядома, хто на каго паляваў.
– А! Не важна! Галоўнае ― хто каго запаляваў!
Яцвягі зноў рагатнулі, цяпер ужо мацней.
– А што выглядвала ты каля нашых Ведзьмядзёў? – Лош задаў пытанне знянацку, але яна не разгубілася:
– А сабе мужа выбірала, умыкнуць хацела!
Тут ужо яцвягі зарагаталі ваўсю.
– Ды вось, не знайшла да спадобы, ― дабавіла яна.
– І таму так хутка ўцякала?
Цяпер ужо рагаталі ўсе.
– А што, сярод яцвягаў мужоў мала? ― упікнуў Дрок.
Самы гарачы з яцвягаў адразу пацягнуў меч з похваў.
– Судзім! Не трэба! ― уладна загадала жанчына, і дрыгавічы зразумелі, што яна ў яцвягаў за старэйшага.
– А не пакажаш, як ты па дрэвах ходзіш? ― запытаў Лош.
Твар жанчыны стаў сур’ёзны:
– Усё роўна не навучышся. Гэта з дзяцінства трэба, і то не ўсім даецца.
Яна азірнулася на сваіх, нібыта шукаючы падтрымкі. Яцвягі з павагай моўчкі глядзелі на яе.
– Тады хоць скажы, як завуць цябе. Можа, калі яшчэ сустрэнемся.
– Сустракацца са мной не раю. А звуць мяне Ятвінга.
Лош не паверыў, што гэта сапраўднае імя, але сказаў на развітанне:
– Яцвяжка Ятвінга? Што ж, няхай будзе так.
Ён ускочыў на каня. Усе дрыгавічы зрабілі тое ж. Лош прыклаў руку да грудзей:
– Яцвягам павага!
– Павага дрыгавічам! ― прагучала ў адказ.
Вячэрні золак апускаўся на неабсяжны заснежаны лес, калі яны дасягнулі сваёй зямлі. Над лесам паднімалася поўня, пачалі загарацца зоркі, пакуль што толькі самыя яркія. З захаду цягнуліся хмары, прадвесцячы снегапад.
Яны вярнуліся ў Ведзьмядзі ранкам другога дня і не паспелі аб усім дакласці Команю, як вярнуўся і Бычань з атрадам. Без дзяўчыны.
– Ну?! – пагрозліва спытаў Комань.
– Крывічы гэта! ― адрывіста адказаў Бычань, ― След да іх прывёў. Ды не прызнаюцца. Кажуць, што ноччу хтосьці праcкакаў каля паселішча. След затаптаны. Потым снег пайшоў...
Падбеглі бацькі Арэські. Комань і Бычань вінавата глядзелі на іх.
– Комань! У нас столькі вояў! ― не вытрымала і загаласіла Плоця, ― Чаму ж яны не могуць абараніць нас ад гэтай бяды-ы-ы?.
Комань не адказаў ёй, паглядзеў на Куну:
– Куна, а ты ні з кім не дамаўляўся?
– Ды што ты, Комань? Я сказаў бы.
– І ніхто з крывіцкіх хлапцоў не круціўся каля дзяўчыны?
– Што ты гаворыш, Комань?! ― з крыкам умяшалася Плоця, ― Яна ж яшчэ зусім дзіця!
– Гэта яно то так, ― уздыхнуўшы прамовіў Комань, ― ды хтось жа выглядзеў.
Усе паціху разыйшліся. Пацягнуліся дадому і Плоця з Кунам, губляючы надзею калі-небудзь убачыць сваю Арэську. Плоця плакала і не бачыла сцежкі, Куна моўчкі вёў яе, абняўшы за плечы...
Гэтая людская бяда выціснула з галоў Лошны і Ліса ўспамін пра той жах, што ахінуў іх у гушчары Ваўчынага Логу.
А ваўчыца здолела-такі нарадзіць і выхадзіць трох ваўчанят, і нават навучыць некаторым прыёмам палявання. На адным з іх, ― гэта была будучая ваўчыца, на карку бялела пляма. Не аднойчы іншыя ваўкі набліжаліся да логава, але пачуўшы папераджальнае бурчэнне, адсоўваліся ― хто падыйдзе да ваўчыцы, якая гадуе малых? Калі ваўчаняты адужэлі, маці прывяла іх да зграі, гыркнула, паказаўшы жоўтыя сточаныя іклы, тым самым даючы знак, каб малыя пакінулі яе, і паклыгала паміраць. Зграя прыняла прыбылых, а вось ваўчыцы не далі памерці сваёй смерцю, высачылі па слядах і раздзёрлі.
Глава 9.
Вялікая ахвяра. Гаспадар, раб і здабыча
Ішлі дні. Людзям жадалася вясны, але дакучлівая зіма не саступала. Завеі часта наведваліся у Ведзьмядзі, замятаючы хаты па самыя стрэхі. Але маразы былі ўжо не такія моцныя, дзень дадаваўся, мацней прыгравала сонца, сцюжа адступала і снег павольна асядаў. Надыйшла пара, калі дзень зраўняўся з ноччу. Дрыгавічы святкавалі канец зімы. Зранку ўсе сабраліся ля капішча. Высокія драўляныя істуканы ― выявы багоў, сурова глядзелі на людзей застылымі позіркамі. Мароз яшчэ спрачаўся з сонцам, а мужы павыходзілі апранутымі толькі ў святочныя футравыя камізэлькі, скураныя парты, на нагах― скураныя поршні. Камізэлькі былі расшытыя каляровымі пасачкамі. Парты перахвачаны шырокімі ільнянымі паясамі, упрыгожанымі мудрагелістымі арнаментамі. Жанчыны, многія з якіх былі цяжарныя, апраналіся цёпла. Доўгія ваўняныя спадніцы выглядалі з-пад прыгожа расшытых кажушкоў з футравымі аблямоўкамі.
Ястр маліўся, абапёршыся на посах і схіліўшы сівую галаву. Памаліўшыся, павярнуўся да людзей, глянуў светлымі вострымі вачамі паверх галоў і загадаў:
– А цяпер вядзіце Гаспадара!
Шасцёра дужых мужоў пацягнулі да капішча мядзведзя, трымаючы канцы ланцугоў, у якія ён быў закаваны. Мядзьведзь роў, кідаўся то да аднаго, то да другога, але астатнія моцна трымалі свае канцы ланцугоў і паступова валаклі звера ў патрэбным кірунку. Ад блізкага звярынага румзу і даўкага жывёльнага паху у многіх дзяцей і жанок заходзілася душа і трымцелі каленкі. Той-сёй непрыкметна ўцёк у хату.
Равучага звера падцягнулі да ахвярніка. Ястр адмысловым нажом лоўка разрэзаў мядзьведзю шыю, і гарачая кроў палілася ў ахвярны кубак. Вантробны румз жывёліны паступова перайшоў у не меней страшны хрып. Мядзведзь слабеў і пачаў завальвацца на бок, ды мужы моцна трымалі яго, накіроўваючы струмень крыві ў ахвярнік. Гэтая кроў прызначалася багам, як дар чалавечы, бо нішто не было багам так да спадобы, як ахвярная кроў. Лепей чалавечая. Але мядзьвежая таксама добрая.
Потым тушу разабралі. Самыя лепшыя кавалкі паклалі на ахвярнае вогнішча, але засталося і людзям. Мяса смажылі на некалькіх пожагах. Елі, пілі хмяльны мёд, спявалі. Потым мужы выйшлі на шырокую пляцоўку і сталі ў кола. Пры кожным была суліца ў адной руцэ, абрадавая сякерка ў другой, у некаторых на перавязях у похвах мячы. Тут пазбіраліся ўсе вольныя мужы, што маглі насіць зброю, акрамя дазорных. Кола атрымалася вялікае. Загучала ваенная песня. Спявалі толькі ваяры. Дзеці, жанчыны і рабы моўчкі глядзелі і слухалі. Гэта была песня пра сілу і славу дрыгавічоў, пра ваенныя паходы і перамогі, пра страты і здабыткі. Спачатку спявалі павольна. Густыя мужчынскія галасы далёка ляцелі па долам Маўчады і Нёмана. Лош, як і многія, востра адчуваў урачыстасць моманта. Ён заўзята цягнуў словы песні, імкнучыся не выбівацца з мелодыі. Праваруч ад яго нізкім голасам спяваў Доўбень, далей больш высока выводзілі Ліс і Дрок. Злева тураваў Бычань, за ім Вой, потым Вячка і Рост.
– “Ух, якая мы сіла, ніякія ворагі нам не страшныя!” ― думалі маладыя ваяры, а старэйшыя не падавалі выгляду, што ўжо яны-то ведаюць, як бывае ў жыцці, ― зусім не так, як мроіцца ў маладосці.
Песня павольна змяняла рытм, паскараючыся. Воі пачалі рухацца, спачатку толькі прытопваючы на месцы, а потым прыстукваючы суліцамі і ўздымаючы над галавамі сякеркі. Паступова рухі рабіліся ўсё болей складанымі, і вось неўзабаве кола з жывых постацей закруцілася ў адным кірунку, потым наадварот. Раптам з розных частак гэтага жывога кола некаторыя воі пачалі выбягаць ўсярэдзіну. Яны ўтыкалі суліцы ў дол, разбіраліся па двое, і пачыналі шалёныя скокі. У паветры бліскала жалеза сякерак і мячоў. Ваяры рабілі выгляд нападу і абароны, не датыкаючыся да ўяўнага суперніка. Кожны мог паказаць у танцы ўсё, на што ён быў здатны. Жанчыны любаваліся мужамі, тыя адчувалі гэта і не шкадавалі сілаў. Калі жадаючых танчыць у сярэдзіне не стала, узяліся за плечы і кола хутка закруцілася па сонцу. Ногі рытмічна рабілі складаныя скокі, малюнак якіх раз-пораз змяняўся. Раптам усе сталі, як укапаныя. Танец скончыўся.
Ды не скончыляся свята. Настаў час жанчын. Яны зацягнулі сваю песню, сумную і журботную, як лёс большасці з іх. Амаль усе яны былі нараджэнкамі з другіх радоў. Больш за палову жанчын траплялі ў род Команяў з роду Жораваў, мала хто па каханню, больш пад прымусам. Такі быў старадаўні звычай. А большасць дзяўчат з роду Команяў выходзілі замуж у род Корчакаў, калісці самы мнагалюдны. Ад яго і назва племені. Былі тут і былыя рабыні, цяпер паўнапраўныя жанчыны роду. Іх прывезлі ваяры з дальніх набегаў з палонам. Па заканчэнні тэрміну рабства яны станавіліся вольнымі, амаль усе заставаліся тут і выходзілі замуж за дрыгавічоў. Ды і як ты вернешся, калі нават не ведаеш, дзе яна, твая далёкая радзіма? Не многія адважваліся сысці. Былі жанчыны і з іншых плямёнаў. Каго выкрадалі сілай, каго па згодзе ― некаторых па вялікім каханні хаця б з аднаго боку.
Дзеці круціліся каля дарослых, пераймаючы іх паводзіны. Вось хлапчукі з драўлянымі мячамі наладзілі свой карагод, які хутка перайшоў ў жартоўную спачатку бойку, а потым і ў сапраўдную. Дарослыя не ўмешваліся, а толькі непрыкметна прыглядваліся да сваіх чад. Пакуль тыя вырасталі, у сям’і ўжо ведалі, хто на што здольны. Але самымі пільнымі назіральнікамі былі Комань ды Ястр. Правадыр і вяшчун, як ніхто, павінны былі ведаць характары і схільнасці юнакоў. У іх валоданні знаходзіліся тайныя спрунжыны жыцця роду. Не ўсе дарослыя нават ведалі, наколькі лёс чалавечы ў Ведзмядзях і Выселках залежыць ад гэтых дзвух мужоў, але менавіта яны непрыкметна падштурхоўвалі з маленства каго да сахі, каго да мяча, а каго да капішча. І хоць усе юнакі праходзілі суровае навучанне воінскай справе ― Комань не пускаў гэтага на самацёк, ― ды не ўсе аднойкава маглі авалодаць ёй. Тым болей, што прырода надае розным людзям неаднолькавыя душэўныя якасці. Былі ж і такія, што пеўню галаву адсекчы не маглі, а тут чалавекаў трэба забіваць у баі, ― то які ж з яго ваяр. Няхай ужо лепей за сахой ходзіць. Канечне, пры якой-небудзь варожай навале ўсе за дзіды бяруцца ― рэч не аб тым. А сярод схільных да воінскай справы трэба было яшчэ ўглядзець важакоў, якім можна было б даручыць лёсы іншых. Ястр дапамагаў Команю вызначыць характарныя рысы кожнага хлапца, яле ў яго быў і свой, асобны інтарэс. Вось ужо многа гадоў ён чакаў нараджэння таго, хто зменіць яго ― святара роду Команяў. Цяпер яго увага была прыцягнута да Воўча. Ён быў яшчэ малы, каб рабіць высновы, але абставіны ягонай кароткачасовай прапажы ў гэтую зіму насцярожылі Ястра. Як Воўч апынуўся так далека ад паселішча? Ён не залёг пад карчом ад страху і знясіляння. Ці не ўмяшаліся тут вышэйшыя сілы? Трэба лепей прыглядзецца да яго.
– Ястр, ― перарваў ягоныя думкі Комань, ― як ты думаеш, з каго з гэтых чарцянятаў, што калоцяца драўлянымі мячамі, выйдзе выдатны ваяр?
Ястр пасур’езнеў, вочы ягоныя звузіліся, на ілбе сабраліся маршчыны:
– Думаю, што з Ворліка і Жэрабя, можа быць, яшчэ з Ежкі.
– А з Воўча? ― дапытваўся Комань
– Яшчэ заўчасна гаварыць наконт Воўча, ― прамармытаў вядзьмар.
Комань пільна паглядзеў у твар Ястру, той не адвёў позірку. Яны перажылі разам шмат ліхалеццяў, рабілі цяжкія справы, харанілі многіх супляменнікаў, не адзін раз адправлялі насустрач смерці маладых вояў.
Комань усё зразумеў, больш нічога не пытаў, толькі прабурчэў напаўголас:
– Стары прайдзісвет. Усё заўважыць...
У разгар балявання маладыя пары непрыкметна адыходзілі ад агульнага вяселля, смяючыся ішлі да хат, карыстаючыся, што ў іх нікога не засталося, бо ўсе ― і старыя і малыя былі каля яркага святочнага вогнішча. Невялікія зрубы трэсліся ад заўзятай палкасці. Мужам, што мелі не адну жонку прыйшлося выдаткаваць мужчынскую сілу ў гэтую ноч, бо хмяльны мёд раз’юшыў кроў дрыгавічанак...
Лош сядзеў паводле вогнішча, знясілены ад ласак сваёй Лані. Яна ў яго была адзінай жонкай, і больш ніякая на свеце жанчына не была яму цяпер патрэбнай, бо кахаў яе больш за ўласнае жыццё. Ланя плаціла тым жа. Ён сядзеў млосны каля вогнішча і думаў, што пасля сённяшняй ночы, напэўна, будзе і доўгачаканае дзіцё.
Раптам ён сустрэўся позіркам з Норам. Раб адразу адвёў вочы.
Нор.
На самой справе Ніканор. Верыць у адзінага бога, які меў постаць чалавечую. А чалавек слабы. Дык у чым жа сіла гэтай веры? Пра Нора не скажаш, што ён слабы. Быўшы рабом, не скардзіўся на лёс, цярпеў. А між тым добра валодае разнастайнай зброяй. Многа чаго карыснага паказаў. За доўгія гады паміж Лошам і Норам завязаўся ланцужок прыязні, бо Лош меў да яго стасункі не як да подлага раба, але як да чалавека, адчуваючы ў ім немалую душэўную сілу. Стаць сябрамі ім замінала рознае становішча ў жыцці. Хутка ён перастане быць рабом...
– “Я не жадаю губляць яго,” ― падумаў Лош. Але што рабіць ― дрыгавічы трымалі рабоў да тэрміна.
Ад гэтага роздуму яго адарвала занадта гучная гаворка мужоў. Ён прыслухаўся.
– Комань! У мяне няма жонкі. Няхай Плава будзе маёй! ― патрабаваў захмялелы Дрок.
– У Плавы жалоба па Славу. Пабойся багоў!
– Тады няхай Доўбень аддасць мне дзяўчыну, што адабралі ў яцвягаў. Яна мне падабаецца!
Доўбень падняўся: ― Што ты сказаў? Ідзі і дабудзь сабе. А маё – гэта маё!
– Ну, дык прадай.
– Яна не рабыня! І не для такога няўдака.
– Гэта я няўдак?! А ну, хадзем, пабачым, хто ёсць хто!
– Ну, пойдзем!
Доўбень імкліва наблізіўся да Дрока, паспрабаваў узяць яго за вопратку ля грудзей, але той адвёў руку Доўба, а кулак ўжо ляцеў да сківіцы суперніка. Доўб крыху адхіліўся, адбіў удар плячом, зрабіў падманны выпад каленам і ў тое ж імгненне заехаў Дроку паміж вачэй. Той нібыта асеў, ды гэта таксама быў падман. Схапіўшы абедзьвюма рукамі за вопратку Доўбеня, ён турзануў таго па ходу апошняга ўдару і Доўб урэзаўся ў працілеглае дрэва.
Дзеці, што апынуліся паблізу, ўцякалі ад раз’юшаных мужоў у розныя бакі, кабеты пішчалі.
– Ах, ты так! ― байцы сталі рыхтавацца да сур’ёзнай сутычкі. Вось яны ізноў зблізіліся... Але тут Комань схапіў абодвух за каўнеры і трэснуў ілбамі аднаго аб другога.
– Вам што, мала небяспек?! Дык заўтра пойдзеце ў дальні дазор! Разам! І няхай толькі хто-небудзь з вас не вернецца! ― Комань шчапіў зубы і павольна дадаў: ― Другога спалю жыўцом, як здрадніка.
З прыкрасцю адпусціў іх:
– Зразумелі?!
Яны стаялі, сапучы і кідаючы пагрозлівыя позіркі адзін на другога. Доўбень ачуўся першы:
– Дрок, так мы заб’емся. Ці мала ў нас агульных ворагаў? ― прамовіў ён, папраўляючы адзёжу.








