412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 21)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 24 страниц)

Глава 40.

Яцвягі вяртаюць страчанае. Пераслед ліўцаў

Першапачаткова ў прынёманскіх яцвягаў не было непрыязнасці да дрыгавіцкіх або іншых пасяленцаў. Месца хапала ўсім, і часцей за ўсё, паміж прышлымі і тутэйшымі ўсталёўваліся добрасуседскія адносіны, асабліва тады, калі прыхадні станавіліся пад руку яцвяскага куніга. Але с цягам часу прышлых станавілася ўсё больш, і наступаў момант, калі ўжо іхні конязь прэтэндаваў на ўладу. Тады вялікая або малая вайна вырашала, пад чыю руку адыходзяць мясцовыя жыхары, і цяпер ужо апынуўшымся ў меньшасці яцвягам прыходзілася прызнаваць уладу конязяў. Каму гэта вельмі не падабалася, сыходзілі да сваіх. Большасці тых людзей, хто карміўся пераважна ад сахі, не было вялікай розніцы, хто ў яго вож ― яцвяг, дрыгавіч, ці крывіч. Яны былі самі сабе гаспадары, і конязя або куніга выбіралі на вечы. Часцей не этнічная прыналежнасць была вырашальнай, а асабістыя якасці. Выбіралі таго, хто меў здольнасці да вайны, добрую дружыну, мог абараніць ад ворага, не быў занадта прагны на палюддзі, хто справядліва вырашаў спрэчкі паміж радамі. Між тым, далёка не ўсе яцвягі, а тым болей яцвяскія кунігі, згаджаліся са стратай кантролю над тэрыторыямі і воднымі шляхамі, якія раней належылі толькі ім. Меркаванне, што трэба вярнуць страчанае сілай зброі, заўсёды жыло ў галовах значнай часткі яцвяскіх мужоў. Неаднойчы яны развязвалі вайну, часам мелі поспех, але прыхадні падсілкоўваліся людскімі рэсурсамі з Папрыпяцця, Падняпроўя, Пабужжа і давалі адпор, прымушаючы згаджацца на перамір’е. На гэты раз пасля так званага Вялікага Замірэння, добра падрыхтаваўшыся, яцвягі з непрымірымых вырашылі пачаць Вялікую Вайну. Яны падгадалі час, калі значная частка дрыгавіцкіх ваяроў пайшла ў набег да Царграда, і ўдарылі усімі сіламі, якія толькі змаглі сабраць, уздоўж Нёмана ― галоўнага воднага шляху, каб кантраляваць разам з дружалюбнымі ім прусамі ўсю ягоную даўжыню, і назаўжды пазбавіцца ад чужародных конязяў.

Ні Волад са сваёй адборнай дружынай, ні іншыя конязі не змаглі супрацьпаставаіць дастатковых сілаў, каб стрымаць гэты ўдар і адкочваліся да вытокаў Нёмана ў надзее паступова сабраць колькі-небудзь значнае войска. Наступ яцвягаў быў настолькі імклівым, што многія роды не паспелі ўліць сваіх ваяроў у войскі конязяў і адыходзілі на поўдзень і ўсход ― у глухія лясы і непралазныя балоты па левым прытокам Нёмана ― Маўчадзе, Ізве, Крамушве, Сэрвечы. Атрымоўвалася гэта далёка не ўва ўсіх. Значная частка радоў была перахоплена яцвягамі, і воі, якія супрацівіліся, знішчаліся праўзыходнымі сіламі, жанчын і дзяцей бралі ў палон. Некаторыя не паспявалі або не жадалі сыходзіць з наседжаных месцаў, і часпары, калі на іх выходзіў не надта раз’юшаны яцвяскі ваявода, апыняліся найменьш пацярпелымі. Яцвягі іх у меру рабавалі, адбіралі ўсю наяўную зброю, так, што не было з чым нават пайсці на паляванне, а кунігі бралі з правадыроў клятву аб прыналежнасці да сваіх падданых, абяцаючы не ўмешвацца ў іхні лад жыцця і не навязваць сваіх багоў і звычаяў. Такіх радоў было няшмат, бо іхнія ваяры станавіліся назаўсёды зганьбаванымі ў вачах супляменнікаў. У гэтых выпадках многія мужы, не згодныя на такую ганьбу, назусім зыходзілі з роду, і, забраўшы жанок, дзяцей і быдла, пабадзяўшыся па пушчам ды балотам, прыбіваліся да чужых радоў, у якіх воля і гонар шанавался вышэй, чым заможнасць.

Комань падганяў сваіх, маючы надзею адарвацца ад зоны баявых дзеянняў і схаваць у нетрах пушчы жанчын ды дзяцей. А потым можна і пашукаць конязя Волада, дзесьці ён павінен быць недалёка са сваёй дружынай. Рухаліся павольна, бо гналі з сабой быдла, дзе берагам, дзе вадой. Вось мінулі спусцелае Вусьце ― у паселішчы не засталося аніводнай жывой душы. Нізенькіе, урослыя ў зямлю хаты панура глядзелі маленькімі вокнамі, зацягнутымі плёнкамі з высушаных бычыных вантробаў.

– “Падаліся на сваю Промшу, напэўна,” ― падумаў Комань.

Промша была прытокам Маўчады, рачулкай нешырокай, але досыць доўгай, і праходзіла яна па такім месцам, дзе лёгка можна было згубіцца сярод непраходных пушчаў. Гэта цалкам былі ўладанні суседняга роду, і Комань не прэтэндаваў на гэтыя ўгоддзі. Яго мэтай былі вярхоў’і самой Маўчады, дзе не спаткаліся сучасныя паселішчы, а можна толькі напаткаць рэшткі старажытных стаянак ды паляўнічыя буданы.

На другі дзень дазор прынёс вестку, што іх пераследуе атрад чужынцаў.

– Комань, гэта не яцвягі, ― дакладаў малады выведнік.

– А хто? Хіба прусы?

– Не! Іх гаворка болей падобная на нашую, але вопратка другая.

– “Няўжо яцвягі прыягнулі да вайны саюзнікаў з Вістулы?” ― разважаў пра сябе Комань, ― “Каго ж гэта? Жамойтаў? Куяваў? Слендзян? Тады гэта пачалася вялікая вайна.”

– Дык вопратка чыя?

– Падобна, мазаўшане гэта.

– Колькі іх?

– Не меней, чым дзве сотні.

– “Мнагавата,” ― ізноў пра сябе падумаў Комань, не падаючы выгляду, што гэтая вестка яго непрыемна ўразіла, а ў голас сказаў:

– Пакліч да мяне Лошну.

Лош з атрадам вершнікаў прасоўваўся звярынымі сцежкамі ўздоўж рэчышча Маўчады, пераходзячы дзе ўброд, а дзе ўплаў прытокі, якія трапляліся даволі часта. Калі ён знайшоў адкрыты і цвёрды бераг, каб пад’ехаць да вады, Комань, убачыўшы яго з ладдзі, мімаволі які ўжо раз залюбаваўся ладнай постаццю ваяра. Ён сядзеў на сваім баявым жарабцу, добра ўзбраены, за шырокім ільняным поясам корд, на адмысловых рамянях похвы з мячом, да сядла прытарочаны шчыт, тузін суліц, калчан з вялікім запасам стрэл. Наравісты жарабец не жадаў стаяць на месцы. Ён то прысядаў, то парываўся стаць на дыбы, калі вершнік даваў яму трыху волі. Лош нават не заўважаў сваіх намаганняў па ўтаймаванню моцнай жывёлы, робячы ледзь прыкметныя рухі то каленьмі, то павадам, то шпорамі.

– Лошна, табе і тваім мужам разам з выведнікамі трэба вярнуцца і затрымаць пераследнікаў, ― спакойна камандаваў Комань, нібыта гаварыў пра штосьці не надта значнае, ― у доўгі бой не ўвязвайцеся, пад стрэлы не падстаўляцеся. Зрабіце пару завалаў. Наогул, трэба іх трошкі турбаваць увесь час, каб ведалі, хто тут гаспадар.

Праз кароткі час недзе ніжэй па плыні застукалі сякеры.

– “Цікава, ці чуюць нас пераследнікі?” ― задаваў сабе пытанне Лош, калі на пару з Лісам падрубваў на высокім беразе ракі тоўстую альху. Калі ствол пачаў хістацца, яго падпёрлі з трох бакоў доўгімі жэрдкамі. Так прыгатавалі некалькі дрэў.

Мазаўшане былі настолькі ўпэўненыя ў сваіх сілах, што, накіраваўшы чоўны і ладдзі ўверх па Маўчадзе, нават не выстаўлялі ахоўванне. Пачуўшы недзе далёка перастук сякер, падумалі, што ўцекачы разбіраюць завалы. Яны не ведалі, што завалаў на Маўчадзе дасюль не было, бо рака часта выкарыстоўвалася паляўнічымі і рыбакамі і падтрымлівалася ў належным стане. Таму для іх было поўнай нечаканасцю, калі праз нейкі час на першыя чоўны з гучным трэскам пачалі валіцца вялікія дрэвы, ломячы і перакульваючы іх. І тут жа ў ваяроў, якія боўталіся ў вадзе, паляцелі стрэлы і суліцы. Траіх ліўцаў з першага чоўна адразу забілі смяротнымі джаламі, яшчэ некалькі былі параненыя. Яны не бачылі тых, хто страляў. Судны, што ішлі ўва след пацярпелым, утыкаліся ў паваленныя дрэвы. Заднія зразумелі, што здарылася, але хутка спыніць рух не змаглі і наяжджалі на пярэдніх. Пара чоўнаў прыстала да берага, і з іх павыскоквалі воі, выцягваючы з похваў мячы. Яны караскаліся па пясчанаму абрыву наверх, адкуль на іх ляцелі стрэлы нябачных лучнікаў. Шчыты добра абаранялі нападаючых, толькі аднаго воя параніла стралой ў нагу, калі найбольш адважныя з іх дабраліся да верху, гатовыя пусціць у ход мячы. Але неаверсе нікога не было ― дрыгавічі скрыліся ў лесе.

Напад прымусіў Спіслава памяняць тактыку. Ён загадаў вывесці з плытоў на бераг коней і наладзіць ахову воднага атрада з флангаў, а наперад выставіць выведнікаў. Гэтыя перастановы, а найбольш разборка заваленых дрэў, значна затрымалі пераследнікаў, так, што калі яны былі гатовыя рушыць далей, ужо вечарэла. Прыйшлося ўладкоўвацца на нач.

Ноччу, калі большасць людзей з аднаго і другога боку спалі, працягвалася вайна выведак. Ваяры Команя добра ведалі мясцовасць, таму малі перавагу. Да ранку адбылося некалькі рукапашных сутычак ― дрыгавічы перахоплівалі ў засадах выведку пераследнікаў, трох з якіх забілі, аднаго ўзялі ў палон. Не абыйшлося без страт і ў дрыгавічоў, ― адзін загінуўшы, ды двое атрымалі нажавыя раненні.

Палонны трымаўся дзёрзка. Ён не лічыў патрэбным хаваць звесткі пра сваіх і пра сябе, крычаў, што ўсё роўна ўсім уцекачам канец, што конязь Спіслаў іх ўжо не выпусціць з сваіх рук. Імя конязя для ўсіх было незнаёмым, толькі адна Ятвінга, якая пры пачатку баявых дзеянняў апранулася па-мужчынску і далучылася да выведкі дрыгавічоў, калі пачула гэтае імя, збялела, але ніхто гэтага не заўважыў. Палоннага вырашылі прытрымаць, можа быць, спатрэбіцца для якога-небудзь абмену. Мазаўшаніна звязалі і пасадзілі пад дрэвам. Ятвінга не спускала з яго вачэй, выбрала момант, калі паблізу акрамя іх нікога не было, падышла ўшчыльную, прыставіла нож да горла і спытала:

– На Бебжу хадзіў са сваім конязем тры гады таму?

Палонны па голасу пазнаў, што перад ім кабета і адвярнуў твар убок, даючы зразумець, што з жанчынамі на мужчынскія тэмы не размаўляе.

– Ты не глядзі, што я жанчына, ― з цяжкасцю стрымліваючы нянавісць, сказала Ятвінга, ― с такімі, як ты, з трыма зладжуся.

Лівец уважліва аглядзеў яе постаць, нічога асаблівага не заўважыў, ізноў адвярнуўся і сплюнуў праз плячо:

– Ваяка знайшлася! Тваё месца на лаве пад мужам у гэты час сутак.

Ятвінга ледзь стрымалася, каб не стукнуць яго, адышла ў бок, прылягла нібыта адпачыць, а сама не выпускала палоннага з поля зроку.

С пачатку ваенных дзеянняў Ятвінгу, як пакінутую дрыгавічам заложніцу, павінны былі забіць. Але замужжа з Лошнам карэнным чынам памяняла яе статут, і яна ўжо лічылася не заложніцай, а жанчынай роду Команяў. Таму нікому нават у галаву не прыйшло пытанне разбірацца з ёй. Жанчына-ваяр была з’явай досыць рэдкай, і мала хто з дрыгавічоў здагадваўся аб кандыцыях Ятвінгі ў ваеннай справе. А вось сярод яцвягаў ваяр яна была знакаміты, да таго ж прыбліжанай да куніга. Каб зараз дрыгавічоў пераследвалі яцвягі, то ёй прыйшлося б рабіць нялёгкі маральны выбар паміж каханнем да Лоша і вайсковым абавязкам яцвяскага воя. Але на дрыгавічоў выйшлі ліўцы-мазаўшане.

Пад ранак, калі сон морыць нават самых устойлівых, палонны здолеў развязацца і папоўз да ракі.

– Стой! ― крыкнула Ятвінга, але лівец не паслухаў, падхапіўся на ногі і пабег. Да ракі заставалася некалькі крокаў, як корд яцвяжкі дагнаў яго. Уцякач заваліўся на бок. Калі Ятвінга падышла, ён быў ужо мёртвы ― корд патрапіў у сэрца. Яна спакойна абцерла аб адзёжу ворага лязо і спіхнула цела ў ваду.

Да руху гатаваліся яшчэ да світанка і на золаку пайшлі далей, пераадольваючы мелі, прытопленыя карчакі і стромкія завароткі рэчышча. Быдла гналі дзе берагам, дзе па дне ракі, каровам часам прыходзілася плыць праз глыбокія віры. За дзень прыгатавалі некалькі завал, якія надоўга затрымлівалі пераследнікаў. Некалькі разоў Спіслаў спрабаваў здзейсніць абыходныя манеўры, але кожны раз натыкаўся на засады ― дрыгавічы карысталіся перавагай у веданні мясцовасці. Страціўшы тузін ваяроў, ён сканцэнтраваў увагу на хуткасці перасоўвання па рэчышчы і памяньшэнні марнавання часу на завалах, пасылаючы вояў на іх разбіранне з рызыкай для жыцця. Пад вечар стала відавочна, што нягледзячы на ўсе высілкі дрыгавічоў, мазаўшане даганяюць іх. Комань зразумеў, што яны не адстануць, на што дагэтуль мелася надзея. Ноччу каля вогнішча ён сабраў самых вопытных мужоў на раду.

– Іх амаль пяць саракоў. Нас трыху больш за палову сотні. Мы не можам здзейсніць хуткага манёўру, бо звязаны жанчынамі і дзецьмі. Ды і быдла шкада губляць. Калі ўсё будзе працягвацца, як цяпер, то праз дзень, найбольш два, яны сядуць нам на плечы. Якія ёсць прапановы?

Нейкі час стаяла цішыня. Мужы разважалі.

– Комань, ― пачаў Брадко ― адзін са стрэйшых ваяроў роду , ― можа, нам раздзяліцца і разыйсціся па розным прытокам ды балотам?

– Я б так не рабіў, ― запярэчыў яму не меньш аўтарытэтны Крэч, ― нас пераловяць, а разам мы ўсеткі сіла.

– Гэта можна было б здзейсніць, калі б было запасу хоць некалькі дзён, сказаў Комань, ― дажджы змылі б сляды. А па свежаку лёгка адшукаць усіх ― людзей у іх хапае.

У гэты момант да вогнішчу наблізілася жаночая постаць. Гэта была старэйшая з жанок Команя, Ярына, паважаная ў родзе за стромкія сцёгны і не меней стромкі нораў, жанчына мажная і моцная. Мужы незадаволена замаўчалі. Кабетам няма чаго рабіць на ваеннай радзе.

– Комань! Выслухайце мяне. Я ад імя тых баб, якім не падабаецца ў такі час сядзець на клунках.

– І што ж ты можаш сказаць нам, Ярына? ― недаверліва спытаў Комань, ― Мы тут абмяркоўваем не жаночыя справы, ― ішла б ты адсюль.

– Я нікуды не пайду, пакуль не выслухаеце!

– Можа быць, мы потым пагаворымо з табой, бо зараз…

– Менавіта зараз, калі вырашаюцца самыя важкія справы!

– От, прыставучая! Ну, тады гавары ўжо, ― здаўся нарэшце Комань, толькі нядоўга.

– Вось і добра, ― Ярына падышла да Команя, які стаяў у сярэдзіне кола, каля самага вогнішча, ― тады скажы мне, Комань, колькі іх, мазаўшан гэтых?

– Ты лезеш не ў свае справы, кабета, ― пачаў злавацца Комань.

– Не хочаш казаць, каб панікі не было, ― з нейкай, нават, ухвалой ў голасе сказала Ярына, ― ну і не кажы, я і так ведаю: разоў у пяць болей, чым нашых. Так?

Комань і мужы маўчалі.

– Дык чаго ж ты жанчынам, якія паспрытней, не даеш зброю?! ― спытала яна, калі маўчанне зацягнулася.

Гэтае пытанне паставіла ўсіх мужоў у тупік. Нельга сказаць, што дрыгывічы не памяталі выпадкаў, калі жанчыны бралі ў рукі зброю. Але выпадкі гэтыя адносіліся хутчэй да легенд, або выключэнняў, як, напрыклад, з Ятвінгай. А ўвогуле, вайна заўсёды лічылася настолькі мужчынскім заняткам, што жанчыне трапіць ў гэтае асяроддзе было вельмі цяжка. А тут…

– І колькі ж вас такіх? ― з сумневам задаў пытанне Комань.

– Мяркую, што пару-тройку тузінаў набярэцца! ― упэўнена адказала яму Ярына.

Мужы недаверліва адазваліся:

– Адкуль?

– Вось выдумшчыца!

– Што мы, нашых баб не ведаем?

– Ваюйце лепей з козамі ды курамі…

Комань абняў жонку за талію, адвёў ад вогнішча і лёганька падштырхнуў:

– Ідзі ўжо, Ярына, мы абмяркуем тваю прапанову. Раніцой скажу табе. Ідзі.

Абмеркаванне было гарачым, але кароткім. Некаторыя воі ўспрынялі прапанову Ярыны як абразу. Але большасцю вырашылі так: дзявацца некуды, хто можа ўзяцца за зброю, таму яе трэба даць. Няхай возьмуць удзел хоць бы ў бліжэйшай старожы.

Над радай ізноў павісла галоўнае пытанне: што рабіць далей?

На гэты раз спрэчкі былі доўгімі. Абмяркоўвалі з розных бакоў усе прапановы ― і раптоўны начны напад на мазаўшан, і сыход з Маўчады ў балота ці лес, і прапанову пакінуць быдла і другое дабро і ўлёгцы адрывацца ад ворага…

Потым Комань падкінуў ідэю, якая ўпадабалася большасці.

– Мы наблізіліся да тых мясцін, далей за якія нашыя паляўнічыя заходзяць мала калі, ― казаў Комань, ― зараз Маўчада нас вядзе на поўдзень, але хутка яе рэчышча паверне на ўсход. Перад гэтым завароткам у яе ўпадае невялікі прыток, называецца ён Івезь. Ёсць на гэтай Івезі надта цікавае месца. Нейкія старажытныя людзі ў спрадвечныя часы будавалі там гарадню. Ці яны яе пакінулі, ці хто-небудзь іх прагнаў, невядома, але застаўся там пляскаты і амаль круглы груд са стромкімі адхонамі, нібыта перавернутая міска.

Комань замаўчаў, у задуменні пачасаў бараду. Усе чакалі працягу яго гаворкі.

– Даўно я там быў, ― не прымусіў ён доўга чакаць, ― паляўнічыя з Вусця казалі, што там цяпер падняўся малады лес. На гэтым грудзе можна было б пабудаваць добрыя ўмацаванні. Канечне, у нас няма на гэта часу. Ды я мяркую, што за дзень-два, калі па краю груда зваліць лес, паставіць згароду з плытоў, ладзяў і чоўнаў, ды яшчэ паспець ўкапаць там-сям засекі, то можна паспяхова абараняцца. А быдла ды жанок з дзецьмі змясцуем пасярэдзіне.

– Ці будзе ў нас дзень-два? ― з сумневам прагаварыў малады Заруба.

– Трэба так зрабіць, каб быў.

– Як?

– Трэба на Маўчадзе спыніць іх, на колькі зможам, ― уступіў у размову Лош, ― я тут крыху вышэй па плыні месца добрае знайшоў. Берагі цвёрдыя, і высокія, а далей балота ў абодва бакі. Вось бы там засекі збудаваць. Можна было б надоўга затрымаць іх.

– Засекі зрабіць не паспеем. А завалу можна. Але каб іх тамака затрымаць, трэба сцягнуць туды ўсіх ваяроў. А хто тады будзе будаваць асноўныя ўмацаванні?

– Вось і прыцягнем жанчын. Тых, хто валодае зброяй, паставім разам з ваярамі ў засаду, астатніх ― на будаўніцтва. Гэта дасць магчымасць адцягнуць да працы на асноўных умацаваннях і частку мужоў.

Так і вырашылі.

Калі разыходзіліся, дзень яшчэ не пачынаўся ― ночы ў такую пару года ўжо не былі кароткімі. Некаторыя мужы яшчэ паспелі трыху паспаць.

Арол-Маркут ляцеў да Вялікага Ўзвышша. Пад ім, як заўсёды, колькі хапала вока, распасціраліся лясы ў перамежку з балотамі і рэдкімі пустэчамі, часам іх перарэзвалі звілістыя ручаі, рэчкі, рэкі. Да яго амаль не даносіліся гукі з паверхні зямлі, затое вочы ягоныя бачылі многае. У апошні час гэтыя дзіўныя чалавекі вядуць сябе не так, як заўсёды. На буйных рэках з’явіліся мноства вялікіх і малых лодак. Яны дзень за днём ідуць уверх па плыні, робячы прыпынкі каля паселішчаў, з якіх потым часам у неба паднімаюцца смярдзючыя клубы дыму. Маркуту не падабаліся такія відовішчы, і ён заўсёды адлятаў у другія месцы. Цяпер у яго поле зроку трапіла незвыклая з’ява. Калі на вялікіх рэках прысутнасць чалавекаў было прывычным, то ў гэтых лясных і балотных нетрах, якія павольна праплывалі пад ягонымі крыламі, людзей наогул можна ўбачыць зрэдку, нашмат радзей, чым звяроў, ды і то невялікімі гуртамі альбо нават па аднаму, то зараз на гэтай невялікай рацэ, што блукала сярод лесу, часам выходзячы на балоціну, у двух месцах віднеліся цесныя скупнасці тых самых лодак, на якіх сядзелі чалавекі і заўзята махалі пляскатымі рэчамі і доўгімі палкамі, робячы на вадзе бялёсыя буруны і павольна перасоўваючыся супраць плыні. Там жа былі бачныя і тыя жывёлы, што заўсёды жывуць каля іх. У першай групе было больш жывёл, у другой ― людзей. І што ж прымусіла іх зашывацца ў гэтую глухмень? Арол нядоўга назіраў за нязвыклай з’явай. У яго было сваё жыццё і свае патрэбы. Чалавекі займалі у ім зусім невялікае месца…

Спіславу некалькі разоў здавалася, што вось-вось ягоныя ліўцы дагоняць асноўную частку дрыгавічоў, але чарговая засада або завала надоўга затрымоўвала рух, і тыя ізноў адрываліся, ды яшчэ пры гэтым застрэльвалі аднаго-двух ліўцаў. Сярод ваяроў з’явіліся незадаволеныя.

– Навошта мы ўпляліся ў гэную глухмень?

– На Нёмане, напэўна было б больш толку…

– А колькі ўжо сваіх страцілі…

– Гэтыя дрыгавічы, нібыта здані…

– Куды ні сунься ― паўсюль яны…

Калі конязь чуў такое, то прыходзілася пераконваць, дзе словам, а дзе і кулаком. Ды раты ім не зачыніш, ягоныя ваяры ― людзі вольныя, кажуць тое, што думаюць. Тым не меней, па звычаям вайны, не падпарадкавацца ваяводзе яны не мелі права. І конязь Спіслаў прымушаў іх рухацца наўздагон здабычы, якая здавалася такой блізкай. Ен ведаў, што ўцекачы маюць няшмат ваяроў, бо калі б гэта было не так, даўно бы ўжо адбылася бітва. А пажывіцца ў іх ёсць чым: коні, гавяды і другая жыўнасць, жанчыны, дзеці, чоўны, ладдзі, хатняе начынне, працоўныя прылады. Ды й срэбра з золатам знойдзецца…

– Конязь! Чарговая завала наперадзе! ― крыкнуў вой з першага чоўна, выводзячы Спіслава з прыемных разважанняў.

Калі ягоная ладдзя выйшла з заваротку, і ў поле зроку апынулася гэтая завала, Спіслаў зразумеў, што тут будзе сутычка болей сур’ёзная, чым дагэтуль. І месца выбрана па-майстэрску. Гэта ж трэба, берагі стромкія, а вакол балота. Рака нібыта наўмысна праціснулася паміж дзвума невялікімі грудамі, парослымі дрэвамі, большасць з якіх была паваленая, ды не толькі ў рэчышча, але і па краю саміх грудоў, некаторыя ствалы і сукі тырчалі нават над самым абрывам ― так проста не падбярэшся. Ці не апошні адпор вырашылі даць дрыгавічы?

Конязь загадаў спыніцца за межамі прыцэльнага бою лука. Пачакаў, пакуль накопіцца дастаткова ваяроў. Даў час, каб адсапліся ад працы вёсламі ды тычкамі, прыгатавалі зброю, і паслаў ў лабавы напад на правы, меней стромкі бераг. Зароў рог, чоўны і ладдзі хутка падграблі бліжэй да завалы, воі пачалі выскокваць на бераг і караскацца па пяшчанаму адхону ўверх. Зверху на іх досыць густа паляцелі стрэлы. Нападнікі большасць з іх прыймалі ў шчыты, але некалькі вояў атрымалі раненні і ссоўваліся па пяшчаных бруях уніз. Астатнія ўпарта паднімаліся да краю абрыву, за якім адразу ляжалі зваленыя сукаватыя дрэвы. Дрыгавічы пусцілі ў ход суліцы. Каб іх прыцэльна кінуць, ім прыходзілася паднімацца над дрэвамі завалы або нават выскокваць на край адхону, і яны на момант станавіліся добрымі мішэнямі для мазаўшанскіх лучнікаў. Але такіх на гэты раз не было сярод нападнікаў, ― усе яны трымалі ў руках мячы або сякеры ў прадчуванні хуткай рукапашнай сутычкі. Калі самыя ўпартыя ліўцы падняліся ўжо да верху, то тут жа былі скінутыя абаронцамі з дапамогай страшных доўгіх дзід з вострымі сталёвымі джаламі, якія маглі нават прабіваць шчыты. Убачыўшы гэта, Спіслаў даў каманду трубіць адыход.

Разгарачаны боем Лош назіраў, як мазаўшане, нічога не дабіўшыся ў першым нападзе, садзіліся ў судны і сплаўляліся па плыні на зыходныя пазіцыі. Дрыгавічы пакуль што не мелі страт.

– “У другім разе яны, напэўна, высунуць наперад лучнікаў,” ― разважаў Лош ― “трэба сказаць, каб з суліцамі не выходзілі на адкрытае месца.”

Ён далей назіраў за прыгатаваннямі ворага і добра бачыў іхняга правадыра, якога пазнаў па багатаму ахоўнаму ўбору з востраканечным шаломам, доўгай кальчузе і чырвоным плашчы з арнаментам. Да яго ладдзі ўвесь час падплывалі чоўны, ён аддаваў нейкія загады і часам паказваў рукой у кірунку завалы. Некалькі чоўнаў спрабавалі пайсці ў абыход, па балоту. Густы дыван з балотных раслін не даваў ім прасоўвацца, а калі ваяры паспрабавалі на яго ступаць, то адразу правальваліся.

– “Нічога ў вас не выйдзе,” ― са злараднасцю думаў Лошна, ― “прыйдзецца вам нападаць у лоб.”

Да канца дня Спіслаў яшчэ тройчы пасылаў сваё войска на штурм.

Ізноў затрубіў рог. Пачынаўся рашучы напад. На гэты раз сам конязь павёў ліўцаў. Некаторыя ладдзі аддзяліліся ад астатніх, і, як толькі пачаўся цвёрды бераг, прысталі да яго. Воі высаджваліся і паступова перасоўваліся да завалы пакуль што нізкім барагам. Астатнія ладдзі і чоўны шпарка падыходзілі пад абрыў. Раздаліся баявыя заклікі, хваля вояў пад началам Спіслава выплюхнулася на бераг, і, выставіўшы наперад шчыты, пачала караскацца па адхону. Але на гэты раз частка з іх засталася на ладдзях і пачала інтэнсіўны абстрэл завалы з лукаў. Другія лучнікі, што высадзіліся на бераг, хаваючыся за вялікімі шчытамі, таксамі вялі абстрэл, толькі збоку. Некалькі воклічаў ад нечаканага болю, якія данесліся с завалы, паказалі, што абстрэл мае вынікі. Разахвочаныя гэтым, нападнікі хутка паднімаліся ўверх, нягледзячы на тое, што ўвесь час па ім таксама стралялі з лукаў. Ізноў некалькі пацярпелых ад стрэл вояў ссунуліся ўніз. Нягледзячы на папярэджванне Лоша, яго ваяры, на гэты раз, праўда, прыкрываючыся шчытамі, выбяглі на край, каб прыцэльна кінуць суліцы. Двое з іх адразу былі падстрэлены, адзін выпаў насустрач нападнікам, і яго дабілі сякерай. Але і дрыгавіцкія суліцы знайшлі сваю мэту. На светлым пясчаным адхоне з’явіліся крывавыя плямы. Нападнікі былі ўжо каля самага верху. Іх амаль ва ўпор растрэльвалі лучнікі з-пад галін завалы. Усеткі ліўцам удалося выбрацца на самы верх адхона, але дрыгавічы дружна выскачылі з завалы і ў сутычцы на мячах, з вялікай цяжкасцю, але змаглі скінуць нападнікаў уніз. Лош на імгненне сустрэўся позіркам з вожам ворагаў, і ўбачыў у ягоных вачах рашучую няўмольнасць. Вырваўшы з рук бліжэйшага воя дзіду, кінуў яе, цаляючы мазаўшаніну ў твар. Той мячом здолеў адбіць смяротную зброю, але згубіў раўнавагу, і разам з іншымі пакаціўся па стромкаму схілу.

Хутка набягаючая цемра, суправаджаная хмарамі і восеньскім дажджом, спыніла кровапраліцце да новага дня.

Дзень дрыгавічы выйгралі.

На Івезі, на рэштках старажытнага гарадзішча, увесь гэты час, без перадыху, кіпела цяжкая праца, у якую ўцягнуліся старыя і малыя. Зробілі шмат. Спачатку цягалі з ракі ладдзі. Самыя вялікія прыйшлося разрубваць на кавалкі. Іх клалі па краю амаль круглай пляцоўкі сярод маладых яшчэ дрэў, што выраслі пасля пажару, які знішчыў не толькі лес, але і сляды пабудоў апошніх карыстальнікаў гарадні, якія сышлі адсюль невядома калі. Потым валілі дрэвы, укопвалі засекі. У прамежкі клалі чоўны. У сярэдзіне гарадзішча дрэвы пакінулі, каб служылі прыкрыццём ад стрэл для жывёлы і дзяцей. Потым валілі дрэвы перад гараднёй і цягалі іх уверх, нарошчвалі завалу. Пакінулі толькі адзін выхад, у кірунку лугавіны і недалёкага хваёвага бору. З бярвенняў па-хуткаму зрабілі моцную браму. Ад цяжкай працы людзі падалі без сілаў, але Комань нікому не даваў адпачываць да самай ночы.

Падвечар з Маўчады пачалі прывозіць параненых і забітых. Над Івеззю пачуліся жаночы лямант і пранізлівы дзіцячы плач. Комань з ганцом паслаў Лошну загад адыходзіць, мяркуючы, што пакуль мазоўшы падыйдуць, у іх яшчэ будзе поўдня. Лош пакінуў груды толькі зранку. Ён усю ноч імітаваў падрыхтоўку да абароны, прымушаючы сваіх папераменна стукаць сякерамі па дрэвам. Перад ранкам адаслаў ваяроў на Івезь, каля сябе пакінуў лёгкі човен і дзвух моцных грабцоў. Яны сышлі з завалы толькі тады, калі мазаўшане пачалі новы напад, выдаткаваўшы пэўны час на яго падрыхтоўку.

Ліўцы з воклічамі забеглі на пажаданы адхон, размахваючы мячамі, але ваяваць не было з кім.

– “Дасталі мяне гэтыя дрыгавічы!” ― моўчкі злаваўся Спіслаў, ― “Ізноў сышлі некуды! Маглі б выйсці на адкрыты бой, дзе усё вырашылася б за нейкую частку дня. Дык не, ганяйся за імі па лясам ды балотам! І самыя яны цягучыя, нібыта іхняя дрыгва!” ― кіпела нутро конязя, ― “Што ж на гэты раз прыдумалі? Але я ад вас не адчаплюся. Толькі літасці ўжо не будзе ― столькі ваяроў забілі або папсавалі!”


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю