Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 24 страниц)
– Маеш рацыю, Доўб. Навошта гэта нам? ― міралюбна адказаў Дрок і пацёр пераносіцу.
Пасля яны абняліся і пайшлі за чаркай медавухі. Дрыгавічы былі страшныя ў гневе, але адыходлівыя.
Лош падумаў: ― “Вось так і ў мяне хто-небудзь запатрабуе аддаць крывічанку, і прыйдзецца біцца за яе, нібыта няма больш важных спраў.” Ён ізноў сустрэўся позіркам з Норам, які сядзеў ўбаку ад вогнішча, назіраючы за святам, і раптам яго ахінула здагадка – яны ж даўно пераглядваюцца, з той пары, калі дзяўчына акрыяла. Яна не раба, а ён хутка будзе вольны.
– Нор! Падыйдзі сюды.
– Слухаю, гаспадар.
– Ці падабаецца табе Зарыца?
Пытанне было нечаканае. Нор шырока расчыніў здзіўленыя вочы і нейкі час глядзеў на Лошну.
– Гаспадар мой! ― нечакана ён упаў на калені і абхапіў ногі Лоша, ― аддай мне яе ў жонкі! Век буду ўдзячны! Буду маліцца за цябе! Вельмі да спадобы яна мне! Назаўжды буду раб твой!
Лош узяў Нора за плечы, дапамог падняцца:
– Не раб мне патрэбны, а сябар верны, каб да смерці.
– Жадаў бы таго, гаспадар, але я не вольны.
– А калі станеш вольны, тады што?
– Хацеў бы жыць побач... Аддай мне Зарыцу.
– Яна будзе твая, але калі сама згодная, бо вольная яна.
Нор уважліва паглядзеў у вочы Лошу і зразумеў, што той гаворыць шчыра. Вялікая радасць загарэлася ў вачах. Ён ізноў хацеў упасці на калені, ды Лош не даў.
– Не трэба. З гэтага імгнення мы роўныя. Пасля заканчэння тэрміну пойдзеш, куды захочаш. Крывічанка будзе твая, калі схоча. Гэта ўзнагарода табе за труды твае многія і цяжкія на карысць маёй сям’і. Вырашыш застацца ў нас – буду дапамагаць.
– Дзякуй табе, гаспадар!
– Не гаспадар ужо. Прывыкай. А зараз давай вып’ем медавухі...
Полымя вогнішча дагарала. Дрыгавічы павольна разыходзіліся па ізбам.
Назаўтра Лош паклікаў Нора і Зарыцу, паглядзеў на крывічанку і прамовіў:
– Вось табе чалавек. Дзе шукаць тваіх суродзічаў, невядома. Прыгледзься да яго. Я б хацеў, каб ты стала ягонай жонкай. Але, як надта не да спадобы, то скажы.
– Ты спас мяне ад яцвягаў. Я зраблю, як ты хочаш, ― сказала Зарыца стрымана, але шчокі яе запунцавелі. Яна стрэліла вачамі ў Лоша, потым у Нора, і дабавіла ціха: ― Да спадобы...
– Вось і добра.
Глава 10.
Веча. Учора раб, сёння – вольны
Зіма затрымалася ў той год на Панямонні больш доўга, чым звычайна. Сонца ўжо высока ўзнімалася над хвоямі, а снег не сыходзіў, толькі днём у яснае надвор’е капала са стрэхаў, і звонкая гэтая капеж будзіла ў людзях веснавы настрой.
У адзін з такіх дзён Комань сабраў Веча.
Збіраліся ўсе мужы, здольныя насіць зброю, а таксама старцы, якія замест зброі трымалі ў руках доўгія кіі з мудрагелістымі выявамі звярыных галоў у навершы. Багі ніколі не пакідалі род без такіх старцаў, якія б ліхалецці ні ўчынялі людзям. Іх было ўсяго пяцёра на ўвесь род, рознага ўзросту ― ад шасці дзесяткаў да сотні гадоў. У кожнага быў вялікі жыццёвы шлях за плячыма. Усе іх адгагодкі загінулі ― хто раней, хто пазней, у большасці ў баях, некаторыя на паляванні, і мала хто памёр сваёй смерцю.
Збіраліся каля капішча. Старцы ўжо сядзелі на вялікіх камянях, пакрытых старымі скурамі туроў, сурова паглядаючы на моладзь. Мужы стаялі паўколам насупраць і ціха гаманілі паміж сабой. Пара дзесяткаў жанчын сабраліся бязладным натоўпам далёка ўбаку, пазіралі на мужоў і ціха наракалі:
– Ізноў што-небудзь небяспечнае прыдумаюць...
– Надкучыла на месцы сядзець за зіму...
– Ага, як лета, трэба сеяць-касіць, дык яны зараз збяруцца куды-небудзь.
А немаладая ўжо Уліта злосна крыкнула:
– Што яны могуць добрае вырашыць?! Ізноў да якой-небудзь непатрэбшчыны дамовяцца! Цьфу! ― яна смачна плюнула ў бок сходу, ― пайду лепей быдла даглядаць, бо сёння іх не дачакаешся! ― развярнулася і пайшла да хлявоў.
Воўч з сябрамі паспрабавалі прабрацца бліжэй да Веча, ды толькі атрымалі кухталёў ад старэйшых юнакоў, што былі ўжо дапушчаны да сходу, але без права голасу, бо іх яшчэ не прынялі ў кола ваяроў.
У такі момант, калі толькі не было непасрэднай ваеннай пагрозы, на кароткі час здымаліся ўсе дазоры. Лошна чакаў пачатку ў асяроддзі сваіх аднагодкаў ― асноўнай групоўкі мужоў па колькасьці. Яны пяць-сем гадоў таму пачалі прыймаць удзел у вечах, з іх яшчэ мала хто загінуў, хоць кожны ўжо прыймаў удзел у баявых деяннях; некаторыя паспелі здабыць славу і шанаванне.
Ястр у адмысловым белым адзенні, аздобленым футрам ваўка-альбіноса, падышоў да выявы Перуна. Усе сціхлі. Ён прачытаў кароткую малітву: ― Дапамажы нам, Пяруне! Няхай цвёрдымі будуць рукі нашых мужоў. Дай нам усім яснасць розуму і згоду. А мы не забудзем цябе і шчодрымі будуць нашыя ахвяры…
У круг выйшаў Комань. Ён абвёў доўгім позіркам мужоў, нібыта правяраючы, ці ўсе тут.
– Мужы мае! Слаўныя дрыгавічы! Я, выбраны вамі вож, вітаю вас усіх на сённяшнім Вечы! Мы жывыя. Жанкі нашыя здаровыя і спраўна нараджаюць нам хлопчыкаў і дзяўчынак. У лесе ёсць дзічына. Поле дае ўраджай. Вось ужо некалькі гадоў жывём без вайны. Мы замірыліся з усімі яцвягамі. Маем неблагія стасункі з суседзямі нашымі крывічамі, а таксама з бужанамі і палянамі.
Але ці ўсё добра ў нашым жыцці? Не, не ўсё! Хлеб з нашага поля заўсёды канчаецца заўчасна. Чужынцы пільна сочаць за намі. Па Нёману скачуць раз’езды вершнікаў. У нас без спросу ўмыкаюць нявест. Конязь Волад патрабуе дадатковае палюддзе, бо трэба павялічваць дружыну. Жыццё нашае цяжкае. Што рабіць будзем? Як будзем жыць далей?
Некаторы час стаялі моўчкі. Потым хтосьці прамовіў:
– Комань, ты заўсёды ведаеш, што трэба рабіць.
Не ўсе былі згодныя з гэтым, і пасыпаліся прапановы:
– У набег! За дабром, за здабычай!
– Яцвягі штосьці ладзяць супраць нас! Трэба правучыць – даўно не каштавалі нашых мячоў!
– Не даваймо конязю Воладу палюддзя – няма з яго толку!
– Ага, не дасі! Ён жа з дружынай прыпрэцца!
– А што дружына? Калі сабрацца усім племенем, ды папрасіць дапамогі ў плямён Рыся і Таполя, дык нас больш будзе, чым тая ягоная дружына!
– Комань, дамаўляйся з суседзямі, збярэм ватагу і айда на куршаў альбо ліваў ― дайновы і аўкштайты прапусцяць праз сябе! Мы ж іх прапускалі, калі яны на віслян хадзілі!
– Ды што тыя куршы ці лівы? Яны ж бедныя, што з іх возьмеш?
– Не кажы! Яны на бурштыне сядзяць ды з варангамі гандаль маюць!
– Які гандаль? Варангі з іх лупы бяруць, аббіраюць дашчэнту.
– Тады рабоў набярэм, будзем ляды пашыраць, можа, хлеба наямося!
– А рабоў што, карміць не трэба?
– Не на поўнач трэба ісці за здабычай, а на рамеяў!
– Ды гэта ж якую ватагу трэба сабраць, каб з рамеямі цягацца?!
– То няхай конязь Волад і збірае! За што мы яму палюддзе даем?!
– Там, кажуць, драўляне з вуглічамі пагулялі...
– Ага! Ледзь жывыя дапаўзлі да сваіх паселішч. Ды і то не ўсе.
– Кажуць, здабычу добрую прывезлі!
Веча бурліла. Комань спакойна чакаў, пакуль нагаворацца. Даўно не збіраліся разам. Ведаў, што хутка супакояцца. І сапраўды, гаворка пайшла на спад, і калі амаль зусім сціхла, загаварылі старцы. Першы, самы малады з іх, сівавусы Грэнь сказаў:
– Праўду кажаце, мужы. І ляды пашыраць трэба, і ў набег збірацца. Хлеба не хапае да навіны. Каб не дзічына, той галадалі б. Ды і дзічыны паменьшала. А людзей пабольшала ў панямоньскім краі. Вось у Чорны Лес прыйшлі новыя дрыгавічы з Прыпіці, а з імі і бужан нямала. Мы вымушаны будзем падзяляць з імі паляўнічыя абшары. Трэба і нам думаць пра новыя землі. І яшчэ: рабоў стала меней. Рабы патрэбныя, бо зусім цяжка становіцца і на лядах, і на нівах.
Грэнь замаўчаў.
Трохі пачакаўшы, загаварыў Трык:
– Так, пра новыя землі трэба думаць. Але трэба думаць і пра тое, як абараніть гэтую зямлю, што маем. Хутка ўжо мы дасягнем таго становішча, калі для большасці людзей роду гэта будзе радзіма. Маладыя не ведаюць, як цяжка было жыць раней. Калісці наш род мог выставіць больш за пяць саракоў ваяроў, а цяпер не дасягае і трох. А былі гады, калі і паўсотні не набіралі. Мужы клалі галовы ў бясконцых сутычках з чужынцамі. Многа было сечаў, бо многа было гарачых галоў. Часам прагнулі адразу займець занадта вялікія абшары, не заўсёды шукалі міру з тутэйшымі. Можа, няхай цяпер другія роды прасоўваюцца далей? А нам патрэбен час, каб выхаваць і паставіць на ногі маладых вояў...
Трохі памаўчалі, абдумваючы прамову Трыка. Размову працягнуў трэці старац, Хвойна:
– Тут гаварылі пра набег. Ён паспявае, па ўсім відаць. Хуткая здабыча надасць новыя сілы роду і новую славу воям. Ды не з гарачай галавой гэта робіцца. Каб мець поспех, трэба сабраць вялікае войска, забяспечыць нечаканае варванне і хуткі адыход. Такое ўладкаваць пад сілу толькі конязю. Комань, ты падвінен сказаць аб жаданні мужоў конязю Воладу. Калі ён зможа сабраць сотню саракоў, дык можна рызыкнуць. Толькі ісці трэба на рамеяў, за раку Дунай.
Чацьвёртым гаварыў Грыб:
– Слухаю я вас, паважаныя мужы, і не разумею. Няўжо вы думаеце, што замірэнне ― гэта назаўжды? Занадта доўга мы, дрыгавічы, а таксама і другія звужваюць прастору тутэйшым плямёнам. Што будзе, калі збяруцца разам усе яцвягі – з поўначы дайновы, з захаду судовы, з поўдня паляксены, ды прыйдуць на дапамогу нашым суседзям-яцвягам? А ёсць жа і яшчэ суродзічы іхнія ― злінцы, крысменцы, пакемцы! Я не кажу ўжо пра прусскіх галіндаў, надроваў, бартаў ды скаловаў, якія не раз дапамагалі яцвягам. Не прыйшлося бы нам драпаць з гэтай зямлі, пакрываючы сябе ганьбай. Не ўсе тутэйшыя роды застаюцца жыць побач з намі. Чаму так хутка забыліся мы, што самыя непакорлівыя і ваяўнічыя яцвяскія правадыры, такія, як Мітэль, Юндыл, Комат, Мудыйка, адышлі са сваімі родамі ў Вялікую Пушчу. Няўжо вы думаеце, што яны не прагнуць вярнуць свае землі?! А што мы маем на рубяжах? Неўмацаваныя паселішчы, такія як Ведзмядзі і Руду. Трэба тэрмінова ўзводзіць умацаванні, а самі мы з гэтым не зладзімся, мала яшчэ тут дрыгавічоў. Таму дамовіцца неабходна з крывічамі, бужанамі, палянамі, што паселі на Панямонні. А і гэтага мала! Пасылайце ганцоў на Прыпяць, прасіце дапамогу ў семірадцаў...
Старац скончыў прамову. На гэты раз маўчалі доўга, ўражаныя пачутым.
Самы стары ў родзе ― Ікла, нібыта задрамаў. Ён сядзеў, угнуўшы галаву, ды ўсе ведалі, што ён не спіць, усё чуе і чакае сваёй чаргі. Вось старац расплюшчыў вочы і абвёў Веча светлымі, надзвычай маладымі вачамі:
– Мне давялося жыць на розных землях, у розных мясцінах. Але такой прывабнай і добрай да чалавека, я нідзе не бачыў, ― Ікла выцер рукавом няпрошаную старэчую слязу. Раптам вочы ягоныя пасуравелі, ― Хутка будзе вайна! Многія загінуць. Думайце, як утрымацца тут, на зямлі, што стала радзімай для вашых дзяцей. Не цурайцеся конязя Волада, бо час асобных плямёнаў прайшоў. Выжывуць тыя, якія здолеюць аб’яднацца. Не толькі са сваімі, але і з бужанамі, крывічамі, радзімічамі. Добра было б, каб можна было назаўсёды замірыцца, а можа, і аб’яднацца з яцвягамі. Пакуль што гэта немагчыма. Можа, калі-небуць апасля. Паслухайце Грыба. Умацоўвайце сваю зямлю і рыхтуйце зброю. Нас чакае цяжкі час. Будзе вайна.
Ікла зноў заплюшчыў вочы.
Стаяла цішыня. Ікла не памыляўся ніколі. У маладых гарэлі вочы. Старэйшыя насупіліся.
– Цяпер гавары ты, Комань, ― прамовіў Грэнь.
Комань падаўся наперад. Твар ягоны быў цвёрды, вочы цяжка прайшліся па вечнікам.
– Я, Комань, пытаю ў вас: ці я яшчэ правадыр роду?!
– Так! Так! Ну што ты, Комань?
– На цябе надзея!
– Ты самы разумны!
– Комань! Ты наш Вож!
Ваяры паднялі над галовамі абрадавыя сякеркі і патрэслі імі ў паветры. Шматгалоссе моцных мужчынскіх глотак прараўло:
– Слава Команю, Вожу рода Команяў!!!
Той, хто не згаджаўся, вымушаны быў маўчаць, бо такіх было няшмат.
Комань падняў руку, пачакаў, пакуль усе сціхнуць, і загаварыў:
– Кожны з нас мае сваю карысць ў гэтым жыцці. І кожнаму багі прызначылі свой лёс. Але ніхто з нас не зможа пражыць без дапамогі роду і племені. Толькі разам мы ― сіла. Ізгоі гінуць, бо становяцца лёгкай здабычай ворага альбо звера. Мы жывем у неўмацаваным паселішчы на парубежжы, а на Ведзмядзі ніхто не нападае. Чаму? Так, у нас добрыя ваяры. Але калі прывесці сюды, скажам, тузін саракоў хай сабе і не вельмі добрых вояў, то што ад нас застанецца? То чаму нас не чапаюць?!
Комань спыніў гаворку, ізноў абвёў вачыма натоўп вечнікаў, і працягнуў:
– Таму, што род Команяў з’яўляецца часткай племені Корчакаў, а племя Корчакаў разам з многімі іншымі уваходзіць у звяз плямёнаў, конязем якога Вялікае Веча абрала слаўнага правадыра Волада – пераможцу яцвягаў! І вораг ведае, што калі хто-небудзь зробіць напад на Ведзмядзі, ён будзе мець справу з племянным звязам конязя Волада. А ён мае пад рукой добрую дружыну, а яшчэ можа ў хуткі час сабраць пад свой сцяг больш за сотню саракоў вояў, такіх, як мы. Вось гэта ўжо сіла! А калі гэтага мала, то за плячыма конязя Волада падтрымка усіх дрыгавічоў, і тых, што сядзяць на Прыпяці, і тых што прасунуліся на поўнач! І калі спатрэбіцца, то можа быць сабрана такое вялікае войска, якому не зможа супрацьстаяць ніхто з тых плямёнаў, што жывуць вакол дрыгавічоў!
Комань ізноў замоўк. Ен глядзеў на сваіх мужоў суровымі вачамі. Стаяла цішыня, толькі невялікі ветрык шумеў у вершалінах магутных хвой. Комань працягваў прамову:
– Набег?! Што ж, неблага было б паправіць сваё становышча ліхім уварваннем да багатых ды разтлусцелых, але гэта крайняя мера, калі ўжо няма выйсця.
Сярод вечнікаў пачулася незадаволенае нараканне. Комань зрабіў выгляд, што не заўважыў.
– На бліжэйшых суседзяў няхай нават думкі не будзе нападаць! – ён падняў руку з вялікім кулаком, які ўжо не адну гарачую голаву астудзіў, ― вось гэтай самай рукой прыдушу! А ў далёкія краіны ісці ― трэба мець сілы паболей нашага роду. Буду гаварыць з Воладам, ― што-небудзь вырашым. А пакуль што ляды трэба пашыраць. Ляды даюць хлеб ― свой, крэўны, самы надзейны.
Ён прайшоўся ўздоўж кола вечнікаў, углядаючыся ў твары суродзічаў. Некаторыя адводзілі вочы, ― тыя, што былі нязгодныя, і хто ўжо не хадзіў на ляды сам, а толькі пасылаў рабоў. Нічога не зробіш ― гэта іхняе права.
Комань працягваў:
– А цяпер аб палюддзі. Дык што, даём конязю дабаўку, ці бунтаваць будзем?
– Э-э-эх, трэба даваць!
– А хрэн яму!
– А куды дзявацца?!
– Даём! Даём!
... Доўга яшчэ шумела-бурліла Веча, пакуль вырашылі ўсе важныя для жыцця роду пытанні.
– А цяпер наконт жанок Слава! Ёсць сярод нас такія, каму ўжо карціць заграбастаць маладых кабет, што засталіся без абароны мужа. Гавару ўсім: пакуль не скончыцца тэрмін жалобы ― яны недатыкальныя! Ці, можа, ёсць другія думкі? ― Комань наблізіўся да Дрока. Той апусціў вочы. ― Кажу ўсім! Звычай ёсць звычай! Хто яго парушыць, той стане мёртвым, або ізгоем!
Ён вярнуўся на сваё месца:
– Ці ёсць яшчэ што ў нас?
– Ёсць, Комань, ёсць! ― Лош выйшаў з натоўпу, стаў побач з Команем і павярнуўся да вечнікаў: ― Быў у мяне раб, а цяпер няма!
І куды ж ён падзеўся? ― пачуўся нечы гарэзны голас, ― няўжо забіў пад гарачую руку?
– А можа ўцёк ад тваіх здзекаў? ― спытаў вясёлы Ліс, і многія вечнікі засмяяліся, бо ведалі аб адносінах Лошны да гэтага раба.
Але Лош адказаў з усёй сур’ёзнасцю:
– Не забіў, і не ўцёк. Быў раб, а стаў сябар. Нор, выходзь!
Нор выйшаў з-за бліжэйшых дрэў. На ім былі апранутыя чыстыя парты з шырокім поаясам, ільняная сарочка з трыху патрапанай мехавой камізэлькай паверх, на нагах новыя скураныя поршні ― падарунак былога гаспадара.
– Комань! Вечнікі! Суродзічы! ― ізноў загаварыў Лош, ― скончышўся тэрмін рабства Ніканора. Цяпер ён вольны чалавек. І я прашу за яго. Няхай ён будзе роўны сярод нас, вольных дрыгавічоў!
– Ды хіба можа быць раб, хоць і былы, роўня нам?!
– Мы ж воі, а ён акрамя вілаў ды сахі нічога не трымаў у руках!
– А ці муж ён?! На вайне ці можна на яго паспадзявацца?!
Нор не збянтэжыўся. Ён наблізіўся да Команя:
– Комань, дай мне слова, калі я ўжо не раб.
Комань узяў Нора за плячо і крыкнуў у зноў расхваляваны натоўп:
– Ціха, вечнікі! Хай Нор скажа.
Мужы неахвотна замаўчалі.
– Паважанае Веча! Я не заўжды быў рабом. Я быў вольны рамей, звалі мяне Ніканор і маліўся я адзінаму богу Ісусу Хрысту. І цяпер верую і малюся яму, бо так мяне навучылі бацькі.
– Ну вось, дык дае-е-е!
– У-у-у-у!
– Ды хіба ён моцны, твой бог? Тады чаму ж ты ў палоне апынуўся? Ці маліўся слаба?
Нор адказаў:
– Мой бог паслаў мне выпрабаванне за мае грахі.
Да Нора наблізіўся Ястр. Вяшчун уважліва паглядзеў яму ў вочы і запытаў:
– А як жа нашыя багі? Ты будзеш імі пагарджаць? І не прынясеш ім шчодрай ахвяры?
– Я нічога не маю супраць паганскіх багоў. І мой бог, і вашыя ― гэта розныя праявы адной сутнасці нябеснага Творцы. Настане час, і вы альбо вашыя нашчадкі зразумеюць і палюбяць Хрыста, бо моцна цярпеў ён за род чалавечы. А сваю долю пакласці на ахвярнік вашым багам я не пашкадую.
Нічога не сказаў на гэта Ястр, у задуменні адышоў у бок.
– Што датычыць воінскай справы, ― прадоўжыў Нор, ― то адкажу так: страляць з лука і кідаць суліцу я не вялікі майстра. А што датычыць мяча і дзіды, то мала хто з вас зможа мяне адолець у сумленным баі.
– Ды ну-у-у!
– Зарываешся, раб!!
– Хай пакажа!
– Трэба збіць гонар!!
– Хай пакажа адразу!
Нор паглядзеў на Команя:
– Вож, дай згоду.
Комань знайшоў вачыма Лоша, той ледзь прыкметна, з усмешкай, матануў галавой.
– Аб’яўляю сутычку паміж Норам і тым, хто пажадае! Да першай крыві! Ну?! Каму карціць выцягнуць меч з похваў?
Наперад тут-жа выйшаў малады і высокі Бор. Яму надта хацелася паказаць сваё ўменне. Паслалі мальцоў за шчытамі. Лош пазычыў Нору свой меч. Байцы прыгатаваліся да сутычкі. Кожны пільна сачыў за вачамі суперніка. Вось Бор замахнуўся мячом і зрабіў выпад. Нор нібыта нехаця падняў свой насустрач. Жалезы сутыкнуліся. Гэты гук усіх напрог. Бор маланкава зрабіў другі замах і ўдарыў у кірунку грудзей Нора. Той ледзь прыкметным рухам адхіліўся, адступіўшы самую драбніцу, і меч Бора, не сустрэўшы мэты, праваліўся ў пустэчу. Сярод назіраючых пачуліся здзіўленыя галасы, бывалыя ваяры па першым эпізодзе адчулі ў Норы майстра мяча. Але і Бор не разгубіўся, пацягнуў меч касым рубам знізу ўздоўж цела Нора, ды той гэта прадбачыў і падставіў тарчу. Глухі ўдар, і зноў замах Бора. Нор, ізноў, быццам запаволена падняў меч і адбіў удар. Тут Бор маланкава крутануўся і нанёс тры ўдары запар. Нор адбіўся, але ўжо з некаторай напругай, адыходзячы і ўхіляючыся на валасінку ад смяротнага жалеза. Бор нарэшце зразумеў, што перад ім сур’ёзны супернік. Ён пачаў гарачыцца і ўзнімаць тэмп, думаючы гэтым вырашыць ход двубоя на сваю карысць. Бор рухаўся вельмі хутка, кідаючы рукі з мячом і шчытом у розныя бакі, але Нор, нібыта прывід, адыходзіў з-пад удару, і толькі часам мячы сутыкаліся і выбіваліся іскры, добра бачныя ў прадвячорку. Вось Бор рубануў што-сілы, цэлячыся ў галаву, ды зноў рассёк паветра, бо Нор імгненна адхіліўся, але цяпер Бор, не паспеўшы вярнуцца ў зыходную пазіцыю, пачуў на плячы лёгкі дотык мяча суперніка. Кроў не стала чакаць, чырвоны струменьчык выцек на светлую скуру.
– Усё! Хопіць! ― Комань стаў паміж байцамі. Гарачы Бор паспеў узняць меч і толькі на замаху да яго дайшло, што сутычка скончылася і ён прайграў. Малады ваяр, цяжка дыхаючы, нядобра паглядзеў на Нора, апусціў галаву і вярнуўся да сваіх сяброў, баючыся кпінаў. Але мужы ухваляючы гаманілі, пахлопвалі Бора па плячам:
– Ты добра біўся, Бор!
– Не крыўдуй, табе сёння не спрыялі багі.
– Але й ухілісты гэты раб!
– Не-е! Цяпер ужо не ра-аб!
Комань спытаў у веча:
– Ну што?! Хто яшчэ хоча памахаць мячом?
Выйшаў Доўбень:
– Нор! Я нічога не маю супраць цябе. Ды надта ж лёгка ты Бора адолеў, а ён ваяр добры.
– Я не сумняваюся у сіле і спрыце дрыгавічоў. Але ў тваёй руцэ меч. Я гатовы.
– Меньш гаворкі! ― перабіў іх Комань, ― да справы!
І мячы зноў зазвінелі. Гэта быў двубой роўных. Тэмп часам быў такі хуткі, што цяжка было прасачыць за рухамі байцоў. Нору ўдаваліся толькі некаторыя падманныя рухі, і то часткова, ― Доўб быццам прадбачыў іх і сам біў не ў тое месца, куды ныбыта цэліў, увесь час мяняючы траекторыю руху мяча самым нечаканым чынам, таму Нору прыходзілася туга, на мяжы магчымасцяў. Ён больш абараняўся, толькі часам наносячы ўдары, па некалькі запар, якія ўжо Доўб з відавочнай цяжкасцю адбіваў. Сутычка зацягвалася. Тарча Нора не вытрымала і пасля чараговага ўдару развалілася на кавалкі. Нор адкінуў рэшту ў бок. Доўб таксама адразу вызваліўся ад свайго. Байцы перахапілі мячы аберуч, і тыя зазвінелі цяпер безперапынна з узыходзячым тэмпам. Ніхто не заўважыў, ад якога ўдару, але ў Нора на сківіцы паказалася кроў.
– Ско-о-ончана!!! ― Комань грамавым голасам прабіўся да слыху раз’юшаных байцоў, і тыя апусцілі мячы, цяжка і хутка дыхаючы. Яны яшчэ па інэрцыі пільна глядзелі адзін на другога, але ў вачах ужо з’яўлялася добразычлівая ўсмешка – кожны ацаніў суперніка.
Вечнікі голасна загаманілі:
– От, то сутычка!
– Ай, добра біліся!
– Не зайдрошчу таму, хто на іх у баі нарвецца!
– Слава воям!!
– Слава Доўбеню і Нору!!
– Цяпер не раб!
– Во-о-о-льны!
Комань выйшаў у круг:
– Ну, дык што?! Бярэм Нора ў сваё войска?! Прыймаем яго роўным сярод нас?!
– Бярэм! Бярэм!
– Прыймаем!
– Наш чалавек!
– Такога байца, ды не прыйняць!
Лош прабіўся да Нора, ўзяў яго за плечы:
– Для мяне ты даўно роўны. Прывітаю цябе, ад гэтага часу Вольны Чалавек! ― і, павярнуўшыся да ўсіх, ― Частую медавухай! Даўно я прыпас бочачку на такі выпадак!
Натоўп адгукнуўся радасцю:
– Лошна Заманавіч шчодры!
– Лошна багаты!
– Пагуля-яем трохі!
– Мёд – добрая справа!
Комань пагадзіўся: ― Гуляць, дык гуляць! Толькі дазоры трэба выставіць. Чыя чарга?!
– Эй! А памаліцца багам?! ― голасна заявіў Ястр, ці хочаце гневу іхняга?!
Мужы павярнуліся тварамі да выявы Перуна, урачыста пасталі, прыціснуўшы да грудзей абрадавыя сякеркі і справілі малітву...
Праз малы час паўтара дзесятка конных ваяроў раз’ехаліся у розныя кірункі. Астатнія, цяпер ужо разам з жанкамі і дзецьмі наладзілі гулянку – са спевамі, ваеннымі танцамі і жаночымі карагодамі. Было даволі мёду, жартаў і смеху.
Дрыгавічы любілі пабаляваць!
Ізноў гулянку ледзь не змарнаваў Дрок. Калі хмель ад медавухі ўдарыў у галаву, і абудзіў занадта гарачую кроў, ён нанова пачаў патрабаваць сябе жонку – на гэты раз у Лоша, як той і прадбачыў.
– Лош, ці сябар ты мне? Аддай Зарыцу. Табе яна не патрэбная ― ты ж не адыходзіш ад сваёй Лані.
– Дрок, ты мне сябар, вядома. Але нягожа так здабываць сябе жонку. Дый заручана яна.
– І каму ж гэта?
– Нору.
– Нору? Рабу?
– Ты добра ведаеш, што ён ужо не раб!
– Але быў ім! Я адбяру ў яго Зарыцу! Яна падабаецца мне!
– Табе, напэўна ўсе жанчыны падабаюцца.
– І што ў гэтым дрэннага?
– Дрэнна тое, што ты нажывеш сабе шмат ворагаў.
– Я нікога не баюся!
Дрок пачаў шукаць вачамі Нора, але той ужо падыходзіў, пачуўшы, што гаворка датычыць яго і Зарыцы:
– Дрок, што ты хочаш?
– Я хачу забраць у цябе Зарыцу.
– Калі жадаеш пабіцца, то я гатовы. Але прапаную вырашыць справу інакш. Няхай Зарыца сама скажа, з кім яна хоча быць. Зарыца! Хадзі сюды, калі ласка!
Лошу не спадабалася, што хтосці вырашае лёс дзяўчыны, якая належала яму па праву ваеннай здабычы.
– А маё слова што, ўжо не мае вагі? Нор, я ад цябе не чакаў.
– Лош, я быў паслухмяным рабом, ты быў добрым гаспадаром, дзякую табе! Але ты сказаў, што Зарыца – мая! То хіба я не магу вырашаць ейны лёс?
– Я аддаваў Зарыцу табе ў жонкі! ― Лош пачынаў злавацца.
Гулянка сцішылася. Усе глядзелі, чым гэта скончыцца.
Раптам да Нора падбегла Зарыца. Яна турзанула яго за каўнер, павярнуўшы да сябе і пільна паглядзела ў вочы:
– Нор! І ты гатовы аддаць мяне камусьці другому? Ты ж казаў, што кахаеш мяне!
Нор не паспеў нічога прамовіць у адказ, як Зарыца з усёй моцы адпіхнула яго і пабегла куды вочы павядуць. За ёй пацягнуўся Дрок, але Нор перахапіў яго за палу камізэлькі:
– Ты куды, Дрок?
– Адпусці, бо атрымаеш! ― Дрок вырваўся і замахнуўся на Нора. Той адступіў на крок:
– Ага, ты ўсёткі хочаш пабіцца. Відаць, у дрыгавічоў мірам справы не вырашаюцца. Ну, тады... ― і ён, адвёўшы прадплеччам кулак Дрока, які ляцеў ужо яму ў твар, з усёй сілы заехаў таму ў сківіцу. Дрок адляцеў, патыліцай стукнуўся ў тоўсты ствол хваіны, што была за спіной і з’ехаў задам на снег, на імгненне губляючы прытомнасць. Ён хутка ачухаўся, але не паднімаўся, трымаючысяся за сківіцу. Лош з Доўбенем схапілі Нора за локці. Той спачатку рваўся да Дрока, потым сказаў ціха: ― Адпусціце. Я не буду болей.
Калі адпусцілі, ён хутка пабег за Зарыцай.
Дроку дапамаглі падняцца, пасадзілі да вогнішча, налілі медавухі, і ён ціхенька сядзеў, нічога не гаворачы, папіваў з кубка.
Нор адшукаў Зарыцу ў хмызняку каля поплава. Дзяўчына сядзела на паваленным дрэве, схаваўшы твар у далоні і ціха плакала. Нор павольна падышоў, абняў яе і прашаптаў:
– Ну чаго ты, дурненькая? Я ж толькі хацеў, каб ты пры ўсіх сказала, што кахаеш мяне. Я цябе нікому не аддам, буду заўжды кахаць цябе адну, толькі й ты мяне кахай.
– А няўжо ж ты не зразумеў, што я ўжо не магу жыць без цябе?
... Калі яны вярнуліся да вогнішча, то найперш падышлі да Лошны:
– Прабач мяне, Лошна Заманавіч. Не думаў я, што так усё скончыцца, ― вінавата прамовіў Нор.
Лош засмяяўся: ― Невялікая твая віна перад мною. Гэта не повад да варажбы. Забудзьма! А ты, красуня, відаць несалодкі нораў маеш? ― павярнуўся ён да Зарыцы. Ці ўсё ж не трэба было цябе за Нора аддаваць?
Дзяўчына стаяла, патупіўшы вочы, а пасля апошніх слоў успыхнула і адказала ціха: ― Лошна Заманавіч, дзякуй табе. Кахаю я яго.
– Ну й добра. ― Лош ізноў павярнуўся да Нора: ― Ты, здаецца, нажыў ворага сёння. ― ён паглядзеў на Дрока, які сядзеў на другім канцы застолля, абыякавы да ўсіх, ― Эх, Дрок! Ён не такі ўжо дрэнны. Цяжкі лёс мае. Яшчэ ў дзяцінстве згубіў маці, бацьку, сясцёр і братоў ад розных ліхіх здарэнняў і недарэчнасцяў. І сам стаў недарэчны, ды й на медавуху слабы. А ваяр добры. Вось варагаваць з ім нікому не раіў бы.
Тады Зарыца рашуча пацягнула Нора за руку да Дрока:
– Хадзем, Нор.
Той спачатку ўпёрся, але калі зразумеў, чаго хоча Зарыца, то паслухмяна пайшоў следам. Яны селі па розныя бакі каля Дрока, і Зарыца сказала:
– Дрок, прабач Нора. Кахаем мы адно аднаго.
– А і сапраўды, прабач, Дрок, ― дадаў Нор, ― Я не жадаў, каб так здарылася.
Дрок памаўчаў, потым прамовіў: ― Сказалі б адразу. Я б не пайшоў бы супраць узаемнага кахання, яно такое рэдкае на гэтай зямлі. Думаў, што звычайная змова, якіх многа.
Ён задуменна паглядзеў на полымя вогнішча:
– А ў мяне, хіба, ніколі не будзе такога кахання, ― і апусціў галаву.
– Ну што ты, Дрок!? Ты відны муж, і яшчэ малады. А Лошна Заманавіч нам паведаў, ― ты добры ваяр! ― не шкадавала ліслівасці Зарыца.
Пасля гэтых слоў Дрок з гонарам ускінуў галаву. А дзяўчына гарэзліва дадала:
– А хочаш, я цябе пацалую? ― ён не паспеў вокам міргнуць, як яна нахілілася і звонка цмокнула яго ў шчоку.
Дрок са здзіўленнем паглядзеў на Зарыцу, потым на Нора, тыя ўжо сядзелі поплеч і ўсміхаліся.
– От, чэрці! ― сказаў павесялеўшым голасам, ― Ідзіце сабе, пакуль я добры. Ідзіце з мірам. Не вораг я вам... Проста я няўдака.
З гэтага дня замацавалася за Дрокам мянушка ― Няўдак.
Дрок Няўдак.
Увечары над Нёманам, па дубравых гаях на поплавах, па хваёвым лесе на берагавых кручах, па трыснягу над балотам ліліся у перадвясновай цішыні працяглыя дрыгавіцкія спевы. Чуліся ў іх спрадвечныя успаміны аб прарадзіме – аб прыпяцкіх лясах і балотах, аб тых мясцінах з пляскатай паверхняй пакуль бачыць вока, што была калыскай для многіх пакаленняў, і куды яны ніколі не вернуцца, хіба што адзінкі, бо моцна прывязаліся да нёманскіх абшараў, што ўзнімаюцца сярод рачных долаў маляўнічымі ўзгоркамі на многія дні шляху.
І ад гэтых спакойных спеваў няўтульна адчуваў сябе яцвяскі пластун-выведнік, што, схаваўшыся ў нетрах прыбярэжных карчоў, назіраў ужо каторы дзень з процілеглага боку Нёмана за Ведзмядзямі. Ён разумеў, што дрыгавічы ніколі па добрай волі не сыдуць з гэтай зямлі, якая была ягонай радзімай. Ці можна сысці з такой цудоўнай зямлі?! Хіба толькі калі прагнаць сілай. Але ці ёсць на белым свеце такая сіла?..
Ход часу не спыніш. Не паспела поўня змяніцца на маладзік, як лёд з на Нёмане з грукатам ўзламаўся. Вада паднялася, заліваючы поплавы. Маўчада пагрозліва падыходзіла пад самыя хаты. Потым паціху вярнулася ў берагі. У Ведзмядзях і на Выселках гатаваліся ўжо да сяўбы, як грымнула небывалай сілы навальніца. Раз’юшаны Пярун бесперапынна кідаў маланкі, моцна грукатаў раз-пораз, і за адну ноч прарабіў ля Вялікай Пятлі новае рэчышча. Калі ўранку ўсё супакоілася, то жыхары Выселак са здзіўленнем і жахам выявілі адсутнасць плыні на рацэ, а, разабраўшыся, зразумелі, што Нёман пакінуў іх, і паселішча апынулася на беразе шірокай і доўгай старыцы, якая была звязана з асноўным руслам толькі вузкімі пратокамі.
І сказалі старцы, што надыходзяць Вялікія Перамены. А новую старыцу, і разам з ею і Выселкі з таго часу сталі зваць Перуновай Старыцай.








