412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Сіліч » Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу » Текст книги (страница 8)
Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 01:13

Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"


Автор книги: Леанід Сіліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 24 страниц)

Глава 15.

На Лебядзе. Комат

У прахалодным і ясным веснавым паветры лунаў Арол-Маркут ― гаспадар высокага неба Панямоння. Яго ўладанні распасціраліся не толькі над бліскучай стужкай магутнага Нёмана, але і на яго незлічоныя прытокі, якія віднеліся як на круглявых пагорках, што бугрыліся па ўсяму далягляду за левым крылом, так і на пляскатай нізіне справа. Далёка ў баку ужо амаль нябачным рабілася Вялікае Ўзвышша, з яго, як непаслухмяныяныя дзеці, ў розны кірунках выбягалі шматлікія ручаі, яны тоіліся ў балотах і лясах, потым складаліся ў наравістыя рэкі і ўсё роўна ўрэшце вярталіся да Бацькі-Нёмана.

Цяжка што-небудзь схаваць ад вострага вока Арла. Ведаў ён і пра патаемнае капішча, якое стаяла замаскіраванае на самай высокай кропцы Вялікага Ўзвышша. Гэта было галоўнае капішча Панямоння. Чалавек нячаста з’яўляўся там, каля яго не будавалі жытла ― сюды прыходзілі святары з розных месц толькі па самым важкім падзеям.

Маркут ляцеў уздоўж Нёмана, петлі якога паступова павярнулі на паўднёвы захад. Ён бачыў зграі розных звяроў на лясных палянах, вялікіх і малых птушак, што снавалі далёка ўнізе, нават касякі рыбін, якія паднімаліся да паверхні вады, каб падставіць спіны сонечным промням, а таксама рэдкія паселішчы чалавека.

На нейкі час увагу Арла прыцягнуў самотны вершнік, што ўпарта прадзіраўся па звярынай сцяжыне ўздож Нёмана. Потым ён убачыў і мэту яго ― некалькі буданоў каля буйнога паўночнага прытока. Маркут крыху варухнуў крылом і паправіў накірунак свайго палёту. Людзі і іх справы мала цікавілі яго...

Яцвяскі куніг Комат з нешматлікай світай прыбыў з Вялікай Пушчы на раку Лебяду не дзеля забавы. Ягоныя выведнікі назіралі за дрыгавічамі, якія моцна зачапіліся за зямлю каля Маўчады на паўднёвым беразе Нёмана. Яшчэ не так даўно землі гэтыя былі яцвяскімі. Прыхадні, ў большасці дрыгавічы, сяліліся паміж яцвяскімі паселішчамі і мірна жылі ― зямлі хапала для ўсіх. Людзі з поўдня прыходзілі сюды з даўніх часоў. Праз два-тры пакаленні прыхадні пачыналі змешвацца з яцвягамі і канчалася гэта тым, што ўжо ўсе пачыналі размаўляць па-яцвяску і лічыць сябе яцвягамі. Але так было да пары. Паступова іх станавілася ўсё больш, і неўзабаве ў некаторых паселішчах ужо не яцвяская мова была агульнай. Гэтай акалічнасцю карысталіся дрыгавіцкія ці іншыя конязі, каб перацягнуць людзей на свой бок. Некаторыя яцвягі не жадалі падпарадкоўвацца чужынцам і сыходзілі ў лясы Вялікай Пушчы, якая стаяла непрыступнай цвярдыняй на берагах Нарэва і яго прытоках. Тыя, што вырашылі застацца, падпадалі пад уладу дрыгавіцкіх конязяў. Непрымірымыя яцвяскія кунігі не маглі пагадзіцца з такім становішчам, і нават пасля таго, як былі вымушаны пайсці на Вялікае Замірэнне з дрыгавічамі, не пакідалі думкі аб тым, як ізноў адабраць страчаныя абшары. Ганцы прывозілі весткі з парубежжа. Комат старанна абдумваў розныя вялікія і малыя здарэнні ў дрыгавіцкіх землях, аб якіх рабілася вядома, і добра ўяўляў агульнае становішча спраў. Але гэтага было мала, няўрымслівы нораў патрабаваў дзейнасці, і калі яму паведалі аб ганцы з Маўчады, адкуль доўга не было вестак, то адразу загадаў прывесці яго да сябе.

Скробл увайшоў у будан і схіліў галаву, прыклаўшы руку да сэрца:

– Прывітаю цябе, слаўны куніг.

– І табе прывітанне, ваяр, ― адказаў Комат, таксама трохі схіліўшы галаву ў адказ, ― з чым прыехаў?

– Дрыгавіцкі конязь Волад прыбыў у Ведзьмядзі з дзвюма саракамі вершнікаў.

– Гэта ўсё? ― спакойна спытаў конязь, а вочы яго ўжо загараліся.

– Усё , куніг. Астатняе без змен.

– Добра. Ідзі, адпачывай да раніцы.

Комат таксама выйшаў з будана і, неспяшаючыся, пакрочыў уніз уздоўж рэчышча Лебяды. Сцяжына прывяла яго да берага Нёмана. Перад ім адкрылася шырокая даліна. Адразу пасля ўпадзення Лебяды Нёман варочаў рэчышча амаль на поўдзень. Вячэрні цень ад высокага лесу ўжо накрыў пакаты левы бераг з поплавам, далей распачынаўся неабсяжны лес, што займаў весь вялікі рог паміж Нёманам і Шчарай. Ён быў ужо цёмны, над ракой пачала збірацца смуга. Злева, на ўсходзе, адкуль цёк Нёман, захаджалае сонца яшчэ залаціла вершаліны і бронзавыя ствалы магутных хвой. Птушыны гоман паступова змаўкаў. У небе з’явіліся імклівыя постаці першых кажаноў. Цішыня на рацэ ніколі не бывае поўнай, бо многа рознай жыўнасці знаходзіць прытулак у яе нетрах і па берагах. Вось і цяпер раз-пораз біла па вадзе рыба, самотныя чаплі і зграі качак вярталіся ў гнёзды, аднекуль здалёк з процілеглага боку ракі, даносіўся глухі мядзвежы румз. Праз нейкі час пачуўся нарастальны тупат многіх капытоў, і да вады, якраз насупраць таго месца, дзе стаяў Комат, выбег гурт туроў. На перадзе вялікі бык з моцнымі доўгімі рогамі, а за ім турыцы і маладняк. Бык падбег да вады і стаў, высока падняўшы галаву і пільна ўглядаючыся ў розныя бакі. Ён стаяў так, пакуль астатнія пілі ваду, і толькі пасля ўсіх напіўся сам. Ізноў падняў галаву, і Комату здалося, што іх позіркі сустрэліся. Тур усім сваім выглядам паказваў, што нікога не баіцца. Комат любаваўся магутнай постаццю звера, а той даволі доўга глядзеў на яго праз шырокую стужку вады , што павольна цякла паміж імі. Потым тур матнуў рогамі, коратка рыкнуў, статак сарваўся з месца і з тупатам выдаліўся, знікаючы у бліжэйшым падлеску.

Комат разважаў. Хоць карэнныя ўладанні яго роду былі даволі далёка адсюль, на Нарэве, ён добра ведаў, што цяпер лёс яцвяскіх плямёнаў вырашаецца менавіта тут, на Нёманскіх абшарах, Не толькі ў страчаных землях справа, а ў тым, што яго племя, яго яцвягі могуць прызвычаіцца да страт, і змірыцца са становішчам народа-ізгоя, а да чаго гэта прыводзіць, ён бачыў сам, ды і дзяды распавядалі. Што засталося ад тых роднасных яцвягам плямён, што сядзелі калісьці па ўсёй Ясельдзе, Піне, Пцічы, на Волме, Гайне, Случы, Лані?... Навала іншапляменных прыхадяў паступова і няўмольна паглынала нават саму памяць аб іх, каго знішчаючы ці змушваючы сысці з наседжаных месц, каго прымаючы ў сваё асяроддзе. Яцвяскія кунігі гублялі зямлю, людзей, цэлыя роды і плямёны, гублялі ўладу...

На некалькі момантаў увагу Комата адцягнулі магутныя воплескі, што знянацку раздаліся недалёка ад берага. Калі ягоныя вочы знайшлі гэтае месца, на вадзе разыходзіліся вялікія кругі ― паляваў жэрах.

… Надыходзіць час да рашучых дзеянняў. Цяпер яцвягі змогуць сабраць вялікае войска, бо ўдалося на нейкі час загасіць спрадвечнае вогнішча няпростых міжродавых і міжпляменных стасункаў, і падпарадкаваць іх воле Усеагульнага Сходу, які збіраўся напрыканцы зімы ў Вялікай Пушчы. Не толькі яцвягі, але таксама дайновы, галінды, надровы далі згоду на ўдзел у вайне. Надыйшла пара вярнуць Панямонне яцвяскім кунігам, якія спрадвеку ўладарылі на гэтай зямлі. Яны даўно ірвуцца сюды і заўсёды гатовыя выцягнуць мячы з похваў, але нельга на скрут галавы кідацца ў такую справу ― трэба размеркаваць сілы, прыгатаваць зброю, харчовыя прыпасы, нарэшце, падабраць зручны момант.

А пакуль… Пакуль трэба адцягнуць увагу дрыгавічоў нечым, каб яны не здагадваліся як мага даўжэй пра сапраўдныя намеры яцвягаў і іхніх саюзнікаў…

На золаку Комат падняў Скробла і яшчэ дзесятак сваіх вояў:

– Збірайце коней і зброю. Едзем да куніга Волада.

Адзінадцаць вершнікаў з карэннага яцвяскага роду Комата пры зброі, зладжанай рыссю прасоўваліся ўслед за Скроблам па добра знаёмай яму звярынай сцежцы. На чале атрада ехаў сам куніг, маючы ў галаве дзёрзкую задуму. Воі ўжо звыкліся з тым, што ў найболей важкіх справах Комата заўсёды брала ўдзел жанчына ў мужчынскай вопратцы. І ўсе ведалі ― там дзе Ятвінга, рана ці позна будзе горача.

Воладу даклалі, што з таго боку Нёмана на плыту перапраўляецца яцвяскі пасол. Конязь разам з Команем выйшлі насустрач. На беразе ўжо збіраліся вольныя ад паўсядзённых абавязкаў воі і ўсюдыісная хлапечая чарада.

Плыт быў невялікі, звязаны з кароткіх хваёвых бярвенняў. Чацьвёра грабцоў шпарка працавалі вёсламі, плынь амаль не зносіла іх. У сярэдзіну плыта быў ўваткнуты даволі высокі тронак са сцягам Комата, які трапятаў і пахлопваў на свежым ветры. Там жа стаяў высокі гожы ваяр, падтрымліваючы тронак. Ён быў апрануты ў урачысты яцвяскі строй, на плячах ягоных была накінута мядзвежая шкура футрам вонкі, ікластая галава звера служыла ў якасці шалома. Гэта быў Скробл. Ён ганарыўся даручэннем і нерухома стаяў, расправіўшы плечы і высока ўзняўшы галаву. Праз малы час, калі наблізіліся да берага, бярвенні чухрануліся па жвіры, грабцы ўтыкнулі вёслы ў дно і плыт стаў нерухома.

– Прывітанне слаўнаму дрыгавіцкаму кунігу Воладу Нёманцу ад яцвяскага куніга Комата Нарэўскага! ― прамовіў Скробл.

Волад адмеціў сабе, што нядрэнна працуе яцвяская выведка, а ў голас адказаў:

– Прывітанне яцвяскаму пасольству! Гонар і пашана конязю Комату! Запрашаю сысці на дрыгавіцкую зямлю.

На плыт кінулі сходні, змайстраваныя з маладых бярвенцаў і пасол сышоў на бераг.

– Куніг Комат запрашае ў госці, ― Скробл прыклаў руку да сэрца і нахіліў галаву, ― і прапануе суместнае паляванне, а таксама важкую бяседу.

– Калі куніга справы адарвалі так далёка ад родных нарэўскіх пушч, то перадай яму, што дрыгавічы запрашаюць яго ў Ведзьмядзі, ― прапанаваў Волад, паглядзеў на Команя, той амаль непрыкметна кіўнуў галавой ― будзе пачэснае баляванне, а яшчэ нашыя асочнікі выявілі шмат аленей і тураў ў глушыцкім лесе, то наладзім і вялікае паляванне ў загон. А потым і пагаворым.

– Я перадам тваю прапанову, конязь, ― Скробл пакланіўся, вярнуўся на плыт і даў знак грабцам. Тыя наваліліся на вёслы. Адначасова юнакі знялі сходні, і плыт падаўся назад.

Праз кароткі час на тым жа плыце прыбыў Комат.Астатнія яцвягі пераправілася разам з усімі коньмі ўплаў. Пасля цырымоніі сустрэчы, калі падняліся з поплаву да паселішча, .асаблівую ўвагу ў дрыгавічоў выклікала жанчына-ваяр, апранутая па-мужчынску. Лошна і Ліс адразу пазналі Ятвінгу.

– Прывітанне, знішчальніца рысяў?

– Прывітанне дрыгавічам-следапытам, ― з усмешкай адказала Ятвінга.

Тут апынуўся і Дрок з сябрамі. Усе добра памяталі зімовы пераслед. Дрок запытаў:

– А-а-а! Паляўнічая за жаніхамі? Ці знайшла сабе мужа?

– А хіба ёсць годныя? Усе нейкія крыху крывыя ці касыя, ― аджартоўвалася Ятвінга.

– То ўкрадзі мяне ― не сцішаўся Дрок, ― бачыш, я не касы і не крывы.

Ён павярнуўся ў адзін, потым у другі бок. Вакол пачалі збірацца перасмешнікі.

– Ай ды жаніх!

– Першы хлопец у Панямонні!

– Быў бы добры , ды есць занадта шмат!

Мужы смяяліся, Ятвінга таксама.

Да іх наблізіўся Скробл. Ён быў ужо без мядзвежай шкуры, апрануты як і астатнія яцвягі.

– Гэй! Дрыгавічы! А што гэта вы кабету абступілі. Ці ў вас сваіх няма?

Дрок падняў рукі ў гору:

– Ведаем-ведаем! Пасол недатыкальны. А таксама і ўсе госці. То запрашаем у Ведзьмядзі.

– Так! Калі ласка!

– Запрашаем!

Была шчодрая вячэра з мёдам і півам.

Глава 16

Вялікае паляванне

Яшчэ было цёмна, калі асочнікі паехалі ў лес дасочваць звера і планаваць апошнія дэталі палявання. На золаку пачалі прасоўвацца на азначанае каля стоку рэчкі Глушыцы месца загоншчыкі. Тут збіраліся мужы і юнакі з Ведзьмядзёў і іншых паселішчаў, ― ім наказалі пра паляванне з вечара. Многія прыйшлі з ваўкападобнымі сабакамі. Ад гэтага месца уздоўж ланцуга невялікіх балотаў асочнікі разводзілі загоншчыкаў на зыходныя рубяжы, і расстаўлялі ўсіх шырокай дугой, левае крыло якой упіралася ў адзін з прытокаў Маўчады, а правае даходзіла да рэчкі Паруды, што ўпадала ў Нёман. Гэтае правае крыло і пачало першым рух загона, выганяючы аленей і казуль з рогу паміж Парудай і балотам. Загоншчыкі ішлі нетаропка. Яны голасна крычалі, гудзелі ў дудкі, стукалі дзідамі і палкамі па дрэвах, сабакі шнарылі паміж карчамі. Важакі дзікіх статкаў, пачуўшы аблаву, павялі іх на поўдзень, паднімаючы па ходу з лёжак кабаноў, але хутка нарваліся на цэнтр ланцуга загоншчыкаў, які з такім жа шумам і гоманам пачаў рухацца насустрач, змушаючы гурты паварочваць ў патрэбным кірунку ўздоўж Глушыцы. Амаль адначасова рушыла і левае крыло загона, якое прыціскала звяроў да рэчкі, і тым прыходзілася пераходзіць неглыбокую ў гэтым месцы плынь на другі бераг. Паўкола аблавы паступова сцягвалася, пакідаючы адкрытым толькі напрамак да Звонкага Бору. Туды беглі напалоханыя звяры, пачынаючы змешвацца і губляць сваіх важакоў.

Уся дружына Волада, яцвягі Комата і лепшыя паляўнічыя з Ведзьмядзёў і Старыцы ― амаль два сарака мужоў, на адлегласці дзесятка крокаў адзін ад аднаго, прыгатаваўшы лукі, дзіды і суліцы, замаскіраваныя хто як змог зялёнымі галінамі і маладымі елкамі, моўчкі напруджана ўглядаліся ў глыбіню леса. Звонкі Бор месцаваўся на спусцістых узгорках непадалёк ад Нёмана. Вялікія простаствольныя хвоі стаялі рэдка, амаль без падлеску, змыкаючыся высокімі кронамі. Вось удалечыні сярод дрэў замільгалі хуткія, невыразныя яшчэ, постаці жывёл. Першыя набеглі казулі. Яны нібыта ляцелі ў паветры, толькі крыху датыкаючыся вострымі капытцамі да імху, і ўрэшце апынуліся перад засадай. Паляўнічыя адкінулі маскіроўку і сустрэлі іх стрэламі з лукаў. Некаторыя казулі са страху пранесліся паміж стралкамі і выратаваліся. Астатнія пачалі паварочваць назад, на імгненне падстаўляючы мысліўцам бокі, і тут жа падалі, забітыя трапнымі стрэламі. Астатнія уцякалі ў адваротным кірунку, ды ўжо набеглі вялікімі скачкамі алені, сярод якіх там-сям размашыстай рыссю несліся больш высокія гарбаносыя ласі. Гэтых білі хто з лукаў, хто суліцамі. Вялікі лось, ад сполаху здзічэла варочаючы вачамі, нагнуў рагатую галаву і кінуўся проста на Скробла. Той ледзь паспеў сустрэць звера дзідай. Ад сутыкнення конь пад паляўнічым асеў на заднія ногі, але вытрымаў, толькі глуха, не разжымаючы губ, коратка заіржаў. Лось захрыпеў і заваліўся на бок. Дзіда моцна засела сярод костак жывёлы і вырвалася з рук. Мысліўцу прыйшлося злезці з каня. У гэты момант мелкімі скачкамі на вялікай хуткасці набеглі дзікі. На не паспеўшага яшчэ дастаць дзіду Скробла папёр вялізны сякач. Ён упаў у адным кроку ад паляўнічага, пранізаны стрэламі Лошны і Ліса, якія стаялі ў засадзе паабапал Скробла.

Волад і Комань палявалі побач, кожны паспяваў непрыкметна сачыць за суседам. Вакол іх ужо ляжала поўдзесятка забітых казуль, два аленя біліся ў апошніх сутаргах. Міма Комата паспрабаваў прарвацца дзік, але куніг імгненна прыгваздаў яго дзідай да зямлі. Волад меткім кідком суліцы зваліў другога.

…У ланцугу загоншчыкаў Воўч і Ежка трымаліся разам, і як і ўсе, павольна прасоўваліся наперад, імкнучыся вырабіць як мага болей шуму і гаму.

– А-а-а-А! О-о-о-О! – крычалі яны, і моцна стукалі палкамі па дрэвах. Юнакі не бачылі звяроў, якіх гналі да засады, не ведалі, што ўжо ёсць першая здабыча, і не таропка пераходзілі ад дрэва да дрэва.

Раптам ззаду пачуўся трэск карчоў і тупат. Паміж юнакамі пранёсся вялікі алень, накіроўваючыся чамусці ў сярэдзіну аблаўнага кальца.

– Вось дурны! Ён жа быў у небяспецы, а зараз яго падстрэляць, ― пашкадаваў аленя Воўч.

– Воўч! А чаму ты ў яго суліцу не кінуў? Маглі быць са здабычай!

– Не ведаю! Надта нечакана! А ты?

– Для паляўнічага не павінна быць нечаканасцей! ― з прыкрасцю на сабе і сябра прабурчэў Ежка, і рушыў далей. Яны зноў крычалі і білі палкамі па дрэвах.

Недзе наперадзе прагучала працяжнае нізкае мычанне.

Надыйшоў час туроў. Важак бег нетаропка, часта азіраючыся на свой гурт, уваслед за ім паслухмяна трухалі турыцы, а таксама цяляты, якія трымаліся ў сярэдзіне статка. Тур на бягу ўглядаўся ў ланцуг паляўнічых, шукаючы слабое звяно. Ён наўмысна пакуль што накіроўваўся на двух вершнікаў, якія сядзелі на вялікіх конях з папонамі. Калі да іх засталося пара тузінаў крокаў, важак раптоўна змяніў кірунак і, імгненна пераходзячы на галоп, штосілы панёсся лявей, дзе, як яму здалося, быў большы прамежак паміж паляўнічымі. Статак паслухмяна паўтараў ягоны манёўр.

– Э-эх! Збягуць! ― крыкнуў Волад і, прышпорыўшы каня, кінуўся напярэймы. Комат рушыў туды ж. Тур набраў найбольшую хуткасць, калі перад ім паўстаў адзін з воладавых дружыннікаў. Конь пад ім, адчуўшы небяспеку, уздыбіўся і замалаціў у паветры пярэднімі капытамі. Тур, не зважаючы на гэта, на ўсёй хуткасці ўдарыў шырокім ілбом яму пад грудзі. Адзін з рагоў увайшоў паміж рэбраў, і конь з дзікім перадсмяротным узвізгам заваліўся на спіну, прыціскакючы да глебы вершніка. Тур ледзь не ўпаў разам з канём, але рог ягоны з трэскам пераламіўся, тым самым вызваляючы галаву ад важкай конскай тушы. Важак хутка павярнуўся наўкол сябе, ацэньваючы становішча. Гурт падбягаў. Тур кінуўся ў прабіты ім у ланцугу стралкоў пралом, але з дзвух бакоў напярэймы гналіся другія вершнікі. Важак паспяваў вырвацца, ды не паспяваў ягоны статак. І тады тур, нізка і грозна мыкнуўшы, знянацку развярнуўся і скочыў да бліжэйшага паляўнічага. Малады дружыннік паспеў утыкнуць у карак зверу суліцу. Тур быццам і не заўважыў джала, што ўпілося ў яго і ўдарыў каню ў бок, якраз туды, дзе на стрэмя абапіралася нага вершніка. Ад нечаканасці дружыннік сцісла і тонка ўскрыкнуў і разам з канём паваліўся на зямлю. А раз’юшаны важак вызначыў новую ахвяру, і гэта быў Комат. Яцвяг яшчэ раз прышпорыў каня і, калі той наблізіўся да тура, ціскам каленаў паспеў крыху памяняць напрамак ягонага руху, тым самым пазбягаючы сутыкнення, і ўсадзіў дзіду ў шыю быка. Імкнучыся зваліць звера, налёг на дрэўка, але яно не вытрывала і з сухім трэскам зламалася. Тур стаў, пахіснуўся, вялікія выпуклыя вочы, налітыя крывёй, пільна глядзелі на крыўдніка. Рэшта дзіды варушылася ад сутаргава скарачэння цягліц. Важак кінуўся да Комата, у якога ўжо не засталося зброі, акрамя мяча і корда, а і тых ён не паспяваў выцягнуць з похваў. Ды падыспеў Волад, збоку ўдарыў сваёй дзідай туру проста пад сэрца. Тым часам гурт турыц і цялят ужо адбягаў ад ланцуга засады, прадраўшыся на волю коштам жыцця свайго важака. Услед ім прагучаў апошні рык адважнай жывёлы, і зусім не перадсмяротная журба чулася ў ім, а баляванне жыцця. Апошнім адбягаў малады тур. Ён не вытрымаў, спыніўся і азірнуўся на павольна асядаючага на хваёвыя шпількі важака, яшчэ не разумеючы, што цяпер ужо ён у статку самы дужы. Пільна паглядзеў, павярнуўся і пабег наўздагон ацалелым.

Астатнія паляўнічыя забілі яшчэ толькі турыцу і дзвух цялят.

– Ты бачыш, конязь Волад, што значыць добры важак у статку?! ― запытаў Комат.

– Бачу, куніг Комат. Не ўсякі сярод чалавекаў адважыўся б на такі ўчынак, каб выратаваць сваіх, ― адказаў Волад.

– Каб не твой трапны ўдар, то невядома, ці змог бы я сказаць гэтыя словы.

– Не перабольшвай, куніг. На паляванні гэта пачэсны абавязак.

– Не ведаю, як у дрыгавічоў, а яцвягі шануюць такія ўчынкі.

– Дрыгавічы таксама.

…Мацёрая ваўчыца разумела, што са сваёй зграяй выпадкова трапіла ў аблаву. Галоўны самец, так склалася, быў яшчэ занадта малады і мала дасведчаны ў такіх справах, таму яна дала яму знак трымацца ззаду, каб прыкрываць і накіроўваць пераяркаў. Добра, што прыбылыя яшчэ былі зусім маленькія і не прымалі ўдзел у паляванні зграі, а чакалі ў логаве. Не паспеўшы выйсці на здабычу, ваўкі самі апынуліся ў становішчы пераследуемых. Мацёрая не ўпала ў паніку, як большасць капытных. Невялікая зграя, якая складалася, у асноўным, з яе дзяцей, добра адчувала настрой Мацёрай і зладжана шыбавала за ёй. Толькі адзін пераярак разгубіўся на імгненне, калі ўбачыў статак аленей, што беглі ўпоперак іхняму кірунку. Ён заскуголіў ад нецярпення і зрабіў было рух напераймы, ды кароткі ўзлай галоўнага самца змусіў вярнуцца яго на месца і, вінавата прыціснуўшы вухі да галавы, пераярак кінуўся наўздагон зграі.

Не да палявання ― выратаваць бы свае шкуры.

Ваўчыца спынілася. Нос жадна лавіў паветра, вухі напруджана падняліся і амаль зышліся канцамі. Падбегла крыху наперад, і здалёк убачыла паляўнічых, што стаялі ў засадзе. Тады яна павяла зграю ўбок ― у шчыліну паміж засадай і павольна надыходзячымі загоншчыкамі. Мацёрая паскорыла рух. Ім не хапіла зусім мала, каб праскочыць, бо правы фланг загоншчыкаў ужо сыходзіўся з ланцугом паляўнічых. Ваўчыца прыняла рашэнне імгненна. Яна яшчэ больш павялічыла хуткасць і вялікімі скачкамі пайшла на апошняга ў шэрагу вершнікаў. Конь першы ўчуў набягаючых драпежникаў і інстынктыўна пачаў разварочвацца задам, каб адбівацца капытамі. Ён не паспеў, але падвёў сваім рухам гаспадара, які не змог добра пацэліць, і кінутая ім суліца праляцела ў воласе ад галавы Мацёрай. А вось ваўчыца не прамахнулася і ў велізарным скачку пацягнулася да горла паляўнічага. Той толькі паспеў выставіць руку насустрач ашчэранай ікластай пасткі. Суседнім ад бедалагі мысліўцам была Ятвінга. Яна стрэліла з лука і патрапіла ваўчыцы ў бок у момант скачка. Чалавек і звер упалі з каня. Клыкі параненай ваўчыцы былі спрытнейшымі за корд паляўнічага. Адпусціўшы руку няшчаснага, Мацёрая з лютасцю грызанула яго за горла, тут жа ўскочыла і павяла зграю ў прабіты коштам крыві пралом. Ваўчыца праскочыла, як і тыя, што беглі непасрэдна за ёй, але пераяркі прыкмецілі, як бліжэйшыя паляўнічыя кінуліся да пацярпелага, і павярнулі назад. Галоўны самец цяпер стаў на чале рэшты зграі і павёў яе ўздоўж ланцуга загоншчыкаў. Не знайшоўшы шчыліны, ён шукаў цяпер найслабых сярод людзей. Зоркія вочы ваўка прыкмецілі дзьвух падлеткаў. Важак коратка рыкнуў і павярнуў да іх. Пераяркі паслухмяна рушылі следам.

Воўч і Ежка ўжо бачылі стралкоў наперадзе і ведалі, што іхняя роля ў вялікім паляванні падышла да заканчэння. Яны апошнія разы крычалі і стукалі па дрэвах, як раптам убачылі ваўкоў, якія несліся проста на іх. Важак у апошні момант выбраў Ежку. Той паспеў высунуць насустрач джала суліцы, ды звер лоўка паднырнуў пад ім, скочыў на юнака, і яны абодва паваліліся на зямлю. Воўк першы падхапіўся на ногі і выскаліўся. Воўч ірвануўся да яго і кінуў суліцу. Яна трапіла зверу слізгальным ударам у спіну, толькі выдраўшы кавалак поўсці. Той клацнуў зубамі і ў страшэнным ашчэры паглядзеў Воўчу проста ў вочы. Тонкія вусны звера нервова паторгваліся, агаляючы белыя вострыя іклы. Гэта было кароткае імгненне, але юнаку яно здалося даўжэйшае за ўсё ягонае папярэдняе жыццё. Ён адчуваў, як валасы паднімаюца пад шапкай, а ў руках больш не было аніякай зброі. Краем вока ён бачыў, як зусім блізка адзін за адным прабеглі пераяркі. Ежка паволі паднімаўся на ногі, адначасова падбіраючы суліцу. Тады важак развярнуўся і пабег ўваслед зграі. Ежка кінуў суліцу наўздагон, але звер ужо быў недасягальны.

…Стары зубр-адзінец з абыякавасцю назіраў за мітуснёй палявання. Ён нікога не баяўся ў лесе, і толькі чалавек мог быць яму пагрозай. Калі загоншчыкі наблізіліся, ён з неахвотаю павольна рушыў у процілеглы бок, яшчэ не ведаючы, што наперадзе чакаюць паляўнічыя.

Усе лічылі, што паляванне скончылася. Пачалі збіраць да кучы вялікую здабычу. Тушы казуль, аленяў і дзікоў валяліся на зямлі, некаторыя яшчэ сутаргава дрыгалі нагамі. Іх імкнуліся хутчэй дабіць, каб не мучыліся. Паляўнічыя з падзякай маліліся Ярыле, Велесу і Дзявое. Калі Волад і Комат з’ехаліся з правадырамі радоў, каб параіцца наконт дзяльбы здабычы, з-за купіны густых елак павольна выйшаў зубр.

– Гэй! Яшчэ не ўся жывёла здабыта! ― весела крыкнуў Комат і ўзняў дзіду.

Яны накіравалі коней да зубра. Той стаў, спакойна ўзіраючыся на людзей. Паляўнічыя таксама спыніліся. Пачалі пад’яжджаць дружыннікі і людзі Комата, ўзнімаючы дзіды.

– Куніг, а ці варта? ― спытаў Комань.

Волад узняў руку. Астатнія з напруджаным чаканнем глядзелі на яго. Зубр па-ранейшаму спакойна стаяў, з-пад ілба скрозь кучаравую поўсць назіраючы за людзьмі.

– Мабыць, не варта, ― прамовіў Комат, ― досыць звяроў мы паклалі сення. З гэтымі справіцца бы.

Тады паўкола з паляўнічых расступілася.

– Ідзі, ― ціха сказаў Волад, апускаючы руку.

І зубр зразумеў, павольна рушыў наперад. Усе з павагай глядзелі на велічнага цара пушчаў. Неўзабаве ён стаў нябачны за тоўстымі стваламі стогадовых хваін.

Комань, Багрым і Дайгод аддавалі сваім людзям разпараджэнні наконт здабычы. Частку туш грузілі на конныя валакушы, што былі хутка змайстраваныя з маладых дрэў, але большасць разбіралі на месцы. Тут і там ладзілі вяндлярні, выкопваючы рвы і, перакрываючы іх дзёрнам па накату з тоўстых галін. Распальвалі вогнішчы, на якія кідалі сыры ядлавец, галіны ляшчыны, альхі, другіх лісцяных дрэў, накіроўваючы пахкі дым у падземны ход, каб ён даходзіў да мяса астуджаны. Там, дзе дым выпускалі, ставілі доугія полыя калоды альбо палукашакі, у якіх і развешвалі вялікія кавалкі мяса і нават цэлыя кумпякі. Тузін дзён трэба бесперапынна абкурваць мяса дымам, каб паспела, але затое потым яно не псавалася ні на летняй спякоце, ні ад часу. Так гатаваліся запасы на цяжкую працу і на ваенныя паходы.

…Зграя ваўкоў праз нейкі час з’ядналася і спрытна адбягала ад месца палявання. Ваўчыца слабела. Яна схапіла зубамі тронак стралы, але не змагла выцягнуць. Тады з хрустам адгрызла канец, які тырчаў. Важак падбег да яе і дапамог залізваць крывацечную рану. Ваўчыца ледзь чутна і коратка вішчала, потым удзячна лізнула ваўка ў пысу і амаль адразу незадаволена выскалілася. Важак зразумеў. Ваўкі ўжо трохі супакоіліся, але зграя па-ранейшаму была галодная і трэба было наладжваць пошукі ежы. Хутка ўсе, акрамя Мацёрай, пашыбавалі ў процілеглым ад чалавечага палявання кірунку, а ваўчыца нетаропка, часам хістаючыся, пацялёпкалася да логава, дзе яе чакалі ваўчаняты.

Комань адправіў частку паляўнічых на пошукі падранкаў. Лошак і Ліс знайшлі па крывавым слядам страціўшых сілы аленіху і казулю, якія моўчкі ляжалі побач, дакорліва ўзіраючыся у набліжаючыхся людзей сваімі прыгожымі вялікімі вачамі. Лошу з самага маленства было не па сабе ад гэтых позіркаў бездапаможных звяроў. Ен вырас, стаў мужам і ваяром, бачыў шмат крыві, нават чалавечай, але так і не прызвычаіўся да гэтага дакору.

– Велес і Ярыла! Дзякуй вам за здабычу, ― ціха прамовіў Ліс, потым спешыўся, падышоў з нажом у руцэ да аленіхі, ― прабач нас, няшчасная.

Яны прывезлі дарэзаных падранкаў да вогнішчаў, дзе ажыўлена гамонячы мітусіліся людзі, ды шэра-блакітныя дымы з вяндлярань віталі па лесу.

– Ліс, я бачыў след яшчэ аднаго падранка, ― сказаў Лош.

– Дык хадзем.

– Але гэта не след ад капытоў.

– Воўк?

– Ваўчыца.

– Хадзем. Трэба дабіць, бо як выжыве, то будзе помсціць.

І яны зноў паглыбіліся ў лес. Калі Лош адшукаў бачаны раней след, пайшлі па ім, пільна ўглядаючыся ў зямлю і трымаючы конёй на повадзе. Па следзе было відаць, што ваўчыца слабела, скачкі яе станавіліся меньш вялікія. Вось яна пабегла рыссю і памянала кірунак. Хутка стала зразумелым, што яна рухаецца да Ваўчынага Логу.

Паляўнічыя пераглянуліся. Абодва добра памяталі той жах, што ледзьве не апанаваў імі ўзімку некалькі год таму, калі яны гналіся за Ятвінгай і апынуліся ў гушчары Ваўчынага Логу. З перасцярогай рушылі далей, і неўзабаве след прывёў да тых самых хмызоў, якія цяпер былі яшчэ гусцейшыя з-за буйнога лісця. Пакінуўшы коней, з цяжкасцю прадзіраліся скрозь карчы па ледзьве прыкметных цяпер слядах. Хутка высветлілася, што нягледзячы на рану, ваўчыца пайшла па колу перасцярогі, ― так заўсёды яны падыходзяць да логава, дзе хаваюцца ваўчаняты.

Ваўчыца не паспела як след накарміць малых, калі пачула людзей. Глухое гырканне мімаволі вырвалася з горла. Людзі набліжаліся. Мацёрая зразумела, што яны апынуліся тут невыпадкова, бо ішлі па тым жа колу, дзе зусім нядаўна прабегла яна. Схапіла большае ваўчаня за карак, каб выратаваць хоць аднаго, але не паспела. Людзі ўжо былі каля логава. Тады яна адпусціла ваўчаня, і з апошняй моцы з лютасцю кінулася на бліжэйшага. Ліс быў напагатове, але ў гушчары не здолеў збочыцца і ваўчыца сваёй вагой зваліла яго, цягнучыся да горла. Лош скочыў напераймы, выкінуўшы наперад руку з кордам. Вострае лязо пругка ўвайшло ў шыю звера. Імгненнем пазней Ліс ударыў сваім нажом знізу проста ў сэрца ваўчыцы. Мацёрая са спазненнем клацнула зубамі і звалілася мёртвай на зялены мох.

Паляўнічыя моўчкі селі. Прыслухаліся. Пачуўшы слабы піск, Лош палез у шырокі лаз, яго тулава напалову схавалася ў гарлавіне логава. Праз нейкі час ён выпаўз назад, трымаючы ў руках па ваўчаняту. Потым залез ізноў і выцягнуў яшчэ пару. Ваўчаняты скавыталі, некаторыя спрабавалі пагрозліва гыркаць. Гэта забаўляла паляўнічых. Яны трохі пасмяяліся, патузілі звяркоў, і паклалі ў мех.


… Калі прыехалі ў Ведзьмядзі, іх сустракалі найперш мальцы, а потым яны ўбачылі Ятвінгу, якая трымалася ў баку ад агульнай мітусні, сядзела на беразе Маўчады і штосці задуменна пляла з лазовых прутоў. Калі ўбачыла Лоша з Ежкам, вочы ў яе ажывіліся:

– Ну што, мыслівыя, не надакучыла па лесе блукаць? Чым хваліцца будзеце?

Лош моўчкі выцягнуў з меха ваўчаня і паказаў жанчыне.

– Ой! Які прыгожанькі! Вас можна павіншаваць з вялікім поспехам!

– Жартаўніца, ― засмяяўся Лош.

– А можа падорыце аднаго? ― таксама смяючыся папрасіла яна: ― Ці шкада вялікай здабычы?

Лош аддаў адно ваўчанё:

– Бачыш, на карку белая плямка, гэта ад іхняга продка, ад Шэрака, я яго ведаў.

Потым Лош паклікаў да сябе Воўча і паказаў яму другое ваўчанё:

– Вось гэта нашчадак таго ваўка, што цябе схапіў тады. Яго нарадзіла ваўчыца Мацёрая. Яна была параненая на сённяшнім паляванні, і мы яе асачылі.

Лош працягнуў ваўчанё хлопцу. Воўч з зацікаўленнасцю ўзяў на рукі пушысты камячок:

–А чаму ў яго вушкі светлыя, і на карку амаль белая поўсць?

– Ну дык я ж кажу, гэта ад таго ваўка, ад Шэрака, ― Лош усміхнуўся, а потым сур’езна сказаў: ― а ты думай, чым будзеш карміць. Ведаеш, з яго можна нядрэннага сабаку выгадаваць. Калі будзеш з ім добры, ён прыме цябе за маці, і слухацца будзе, і вучыцца ў цябе, нават твае звычкі перайме.

– Але, можа, ён табе не патрэбны? ― умяшаўся Ліс, ― то тады Росціку аддамо.

– Патрэбен! Гэта мой! ― і Воўч подбегам панёс ваўчаня да хаты.


Ліс таксама аддаў сваіх ваўчанят у добрыя рукі. Не ўсе яны выжывуць у няволі, але шанец выгадаваць з іх паслухмяных сабакаў сапраўды быў, бо шэрыя плямы на караку азначалі, што ў родзе гэтых ваўкоў быў замешаны сабака, і цяпер ўсё залежала ад таго, ці не пераможа ваўчыная існасць сабачую, бо калі гэта здарыцца, то рана ці позна яны сыдуць у лес. Некакторыя з гэтых шчанюкоў-ваўчанят, гасападары якіх не пашкадуюць часу на іхнюю вывучку, праз два-тры гады ператворацца ў грозных баявых сабакаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю