Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 24 страниц)
Глава 27.
Вяртанне “гандляроў”. Чалавечая ахвяра
Павярнулася так, што трагічная падзея на Рудаве павінна была мець не меней жудасны працяг. Некалькі дзён яцвяскія вешчуны абдумвалі здарэнне і дайшлі да высновы, што гэта вельмі дрэнны знак – гібель юнака ў той час, калі войска знаходзілася ў паходзе. Трэба было штосьці рабіць. І не выдумалі нічога лепшага, як прынесці чалавечую ахвяру Яшчару, што жыве ў Нараве, бо менавіта ён наладзіў страшнае здарэнне, больш няма каму. Далей падзеі развіваліся нетаропка, але няўхільна. Яшчэ некалькі дзён падбіралі падыходзячую ахвяру і спыніліся на дванацацігадовай дзяўчынцы Баюце з роду Тэвеля, што жылі на Нямержве ― левым прытоку Нарава. Можа быць, Комат не дапусціў бы агіднай падзеі, але ў яго адсутнасць уся ўлада апынулася ў руках няўмольных вешчуноў. Яшчэ некалькі дзён рыхтавалі ахвяру, праводзячы над ёй розныя абрады, а па вечарам зазывалі адмысловымі песнямі Яшчара. Бацькі Баюты ад адчаю згубілі галаву, але ісьці супраць вешчуноў не вырашаліся.
У адзін з гэтых дзён вярнуліся з Бебжы “гандляры”.
Познім вечарам дрыгавічы сабраліся на ладдзе. Воўч з Ежкам расказалі ўжо пра свае прыгоды і пра трагедыюна Нараве. Востравух, Чмель і Роздум планавалі ад’езд, разважаючы, што з ладдзёй ім будзе цяжка прасоўвацца супраць плыні, і лепей будзе перасесці на чоўны, тым болей, што тавару засталося няшмат, а выручка была ў асновным дырхемамі і футрам, якой назбіралася пару мяхоў. Продаж ладдзі, закупы чоўноў і папаўненне запасаў ежы запланавалі назаўтра. А цяпер трэба добра выспацца.
Але адпачыць не атрымалася.
З цемры, з ракі, пачуўся прыглушаны голас:
– Во-оўч! Во-оўч! Гэта я, Коматка!
Воўч доўга ўзіраўся, звесіўшыся з борта ладдзі, пакуль разглядзеў цёмную пляму чоўна з дзвюма постацямі:
– Коматка? Што здарылася?
– Я гэта, я. Скажу зараз. Де тут у вас прымацаваць човен?
Коматка падняўся на ладдзю, са спадарожнікам, якога дрыгавічы не ведалі. Быў ён такі ж смуглявы, як і большасць яцвягаў, крыху старэйшы за Коматку ― у тым узросце, калі прысвячаюць у мужы.
– Гэта Ятэль з роду Тэвеля, брат Баюты. Калі можаце, дапамажыце ім. Усе ваяры з іх сям’і пайшлі ў паход. Няма каму заступіцца.
– Што прымусіла вас гойсаць па Нараву ноччу? ― незадаволена запытаў Востравух.
– Бяда прывяла нас, з якой не магу змірыцца ні я, ні бацькі мае, ні браты ды сёстры, ― уступіў у размову Ятэль.
Гаварыў ён ад хвалявання адрывіста, але ў голасе адчувалася рашучасть.
– Ведаем мы пра тваю бяду, хлопча, ― сказаў Чмель, ― але чаму ты звяртаешся да нас?
– Выслухайце мяне, дзядзькі, калі ласка! Усе мы губляем крэўных. Але Баюта для нас не проста сваячка. Гэта любімая ўсімі светлая душа. Яна нібыта сонца ў нашай сям’і. Для ўсіх знойдзе добрае слова, і ў бяду, і ў радасць. І вось цяпер па капрызе ведзьмароў аддаць яе гэтаму ненажэрнаму Яшчару?! ― хоць Ятэль гаварыў сцішана, але ў ягонай прамове бурліла роспач, змешаная з гневам.
Раптам ён упаў на калені:
– Заклінаю вас усімі нашымі і вашымі багамі! Дапамажыце! Век буду рабом вашым!
Роздум падышоў да Ятэля, узяў яго за плечы:
– Устань з кален, хлопча. Рабства тваё нам без патрэбы. Давай цяпер пагаворым спакойна.
Але ўсіх уразіла прамова Ятэля, і таму нейкі час маўчалі. Потым Чмель ізноў спытаў:
– А ўсе ж такі, чаму менавіта да нас прывяла цябе вашая бяда?
– Вы маглі б тайна адвезці Баюту ў Дайнову, да нашых дальніх родзічаў. Гэта вам па дарозе. Што датычыць яцвягаў, калі яны пойдуць супраць вешчуноў, то будуць вывергнутымі з роду. Пад страхам такой кары ніхто не адважыцца…
– Гэта так, ― прамовіў Чмель, ― у нас было б таксама. Але калі мы ўвяжамся, нам будзе пагражаць смерць. Так я разумею?
Ятэль прамаўчаў, як і астатнія, бо адказ быў відавочны.
– А сам ты не баішся стаць ізгоем?
– Дзеля сястры пайду на ўсё.
Ізноў маўчалі. Потым Востравух нервова прамовіў:
– Нам нельга ўвязвацца. У нас свае справы. І вельмі важныя.
Воўч дагэтуль сядзеў моўчкі, ўзрушаны просьбай Ятэля. Але калі Востравух пачаў адказваць у дапамозе, яго нібыта прарвала:
– Дзяцькі мае! Няўжо ж мы пакінем людзей ў бядзе і спакойна паплывём дахаты? Я не згодзен…
– Воўч, ты яшчэ не маеш права голасу ў такіх сур’ёзных справах, ― перабіў яго Чмель, ― Да таго ж, ты не ведаеш усіх акалічнасцяў…
У гэты момант твар Воўча пачаў змяняцца. Ён трыху збялеў, рысы завострыліся, у вачах з’явіўся незнаёмы выраз. Ён абвёў поглядам дзядзькоў і Востравух з Чмелям адчулі, як нейкая сіла апаноўвае імі і падпарадкоўвае іхнія думкі. І толькі Роздум не паддаўся чарам Воўча. Ён узяў хлопца за плечы:
– Ну-ну, Воўч, супакойся, ― потым павярнуўся да Востравуха з Чмелям, ― Не будзем гарачыцца. Людзі просяць дапамогі. Трэба думаць.
Яны думалі і спрачаліся амаль да ранку. І толькі калі на ўсходзе пачало святлець, Коматка з Ятэлем селі ў човен, адпіхнуліся ад ладдзі і расталі ў шэрай рачной смузе.
… Думмм, думмм, думмм, ― з самага ранку ведзьмары білі ў вялікі яцвяскі бубен. Потым да іх далучылася дуда. Мелодыя была небагатая, паўтаралася адна і тая жа музычная фраза. Вяшчуны былі ўпэўненыя, што менавіта так можна дагукацца Яшчара, і ён прыйдзе. Перад гэтым некалькі дзён яны дзеялі абрады і малітвы над Баютай, абкурвалі яе дымам з толькі ім вядомых траў. Адначасова дзяўчыну прымушалі піць дурманлівае зелле, каб яна лягчэй скарылася непазбежнаму лёсу.
Усе яцвягі, якія жылі ў наваколлі, збіраліся на беразе Нарава перад упадзеннем Нямержвы, якраз насупраць вусця Рудавы. Была тут і сям’я Баюты. Бацька стаяў са скамянелым тварам і падтрымліваў маці, якакя ўжо выплакала ўсе слёзы і маўчала, асуджана ўгнуўшы галаву. Сёстры і браты згрудзіліся цесна поруч бацькоў. Самы малы трымаўся за падол мацерынай спадніцы. Суседзі з жалем глядзелі на іх, многія жанчыны плакалі.
Святочна ўбраную Баюту прывялі да ракі. Да шырокага пояса прывязалі вялікі камень і пасадзілі ў човен. Дзяўчына пакорліва падпарадкоўвалася, ад выпітага зелля дрэнна разумеючы, што дзеецца. Човен з ахвярай і дзвюма вешчунамі павольна адплыў ад берага. Некалькі ўзмахаў вёсламі, і ён ужо на струмяні. Бубен і дуда загучалі мацней. Вешчуны паднялі лёгкае цела Баюты. У гэты момант, перад абліччам смерці, яе прытомнасць прадзёрлася скрозь дурман, што некалькі дзён так старанна наводзілі на яе:
– А-а-а! Не хачу-у-у! Мама-а-а! ― пачуўся тонкі дзявочы голас. Ды было позна. Вешчуны адпусцілі ахвяру, следам спіхнулі камень, і яна ўмомант скрылася пад вадой. Натоўп разам прастагнаў. Маці Баюты не выдаўшы ні гуку, апусцілася на зямлю, страціўшы прытомнасць. Чоўны хутка адыходзілі ад месца ахвяравання. У гэты момант раздаўся магутны воплекс і многія на імгненне ўбачылі доўгі і тоўсты хвост з вострым канцом.
Яшчар прыйшоў.
Натоўп яшчэ некаторы час стаяў, углядаючыся ў Нараў. Некалькі разоў вада завіравала, кожны раз усё вышэй па плыні. Больш Яшчар нічым не праявіў сябе.
Вяшчуны былі задаволеныя.
…Роздум з Ятэлем былі ўжо пад вадой, калі човен з ахвярай адыходзіў ад берага. Яны прасоўваліся па дну, дыхаючы праз трысняговыя цыбукі з пустой сярэдзінай, цягнучы з сабой мёртвага белага казла. Бліжэй да сярэдзіны ракі, асцярагаючыся выявіць сябе, утыкнулі цыбукі ў дно і далей прасоўваліся на ўдыхнутым запасе паветра. Ім удалося адгадаць тое месца, куды павінны былі падплыць вешчуны з ахвярай. На шчасце, цёмнае дно чоўна прыкавала да сябе ўсю ўвагу вадалазаў, бо калі б яны зірнулі ўздож русла, то невядома, ці хапіла б ім мужнасці працягваць рабіць далей тое, што яны надумалі. Вялікая вострамордая пачвара з шырока растаўленымі перапончатымі лапамі павольна сплаўлялася па плыні над прыдонным багавіннем і амаль не варушылася, толькі крыху падпраўляючы накірунак свайго руху доўгім хвастом. Скрозь празрыстую тоўшчу вады пачвара добра бачыла човен. Але калі пачуўся воплеск скінутай ахвяры, першымі каля яе апынуліся вадалазы. Роздум умомант перарэзаў нажом вяроўку з камнем, а Ятэль закрыў далонню рот і нос Баюце. Удвох яны хутка пацягнулі страцілую свядомасць дзяўчыну да вусця Рудавы, пакінуўшы на дне тушу казла і не забыўшыся прыхапіць утыркнутыя ў дно дыхальныя цыбукі. Але пачвара не была згодная з гэтым і, зрабіўшы некалькі спрытных рухаў перапончатымі лапамі, ўмомант апынулася побач з людзьмі, якія ўбачылі яе галаву знянацку на адлегласці выцягнутай рукі. Роздум інстыктыўна выкінуў руку з нажом да пысы пачвары і патрапіў акурат у нос. Відаць, гэта аказалася балюча, бо тая сутаргава крутанулася ўбок і ўверх. Перад тым, як хвост плюхнуў па паверхні вады, яна здолела зачапіць ім Роздума. Удар быў моцны, і дрыгавіч выпусціў цыбук, які тут жа знясло плынню. Ды не гэта турбавала вадалаза, а верагоднасць паўторнага нападу. Ён варочаўся ў замучанай вадзе і шукаў вачыма пачвару. Тая не заставіла чакаць. Яна хутка прыйшла ў сябе, зрабіла плыўны разварот і накіравалася да крыўдніка. Пачвара была ў сваёй стыхіі і адчувала перавагу над чалавекам. Яна прывыкла, што, апынуўшыся пад вадой, людзі не былі здольнымі на сур’ёзны супраціў, і заўсёды станавіліся лёгкай здабычай. Але боль у носе ад бліскучага джала ў руцэ гэтага чалавека, які зусім не выглядаў бездапаможным, яшчэ не прайшла, і калі ў поле яе зроку трапіла белая туша казла, яна пачала сумнявацца, запаволіла рух, і, нарэшце, выбрала больш легкую здабычу. Схапіўшы казла, хутка паплыла супраць плыні. За гэтых некалькі імгненняў Ятэль здолеў адцягнуць пад вадой Баюту крокаў на дзесяць. У Роздума ў лёгкіх канчалася паветра. Ятэль азірнуўся на яго, адразу сцяміў, дастаў з рота свой цыбук і, заціснушы пальцам дзірку, працягнуў яго у напрамку Роздума. Той з апошніх сілаў падплыў, прыпаў ротам да выратавальнай трысціны і жадна пацягнуў паветра. Дыхнуўшы пару разоў, перадаў яго назад Ятэлю. Так яны папераменна дыхаючы, усё цягнулі і цягнулі лёгкае цела Баюты, якое ўжо не падавала ніякіх адзнакаў жыцця. І цягнуць яе пад вадой трэба было яшчэ даволі доўга, каб не пабачылі і не пачулі з таго берага Нарава, дзе натоўп і вешчуны ужо лічылі дзяўчыну забранай Яшчарам.
…Ноччу невядомыя сякерай пасеклі драўляныя выявы багоў на капішчы. Людзі не згадзіліся з багамі, якія не здолелі абараніць маладое жыццё дзяўчынкі, што была для многіх не проста маленькім чалавечкам, а светлым праменьчыкам у цяжкім і жорсткім жыцці. Са згубай яе некаторым яна ўжо здавалася не проста чалавекам, але добрым духам, да якога можна звяртацца з сваімі жалобамі і просьбамі.
Вешчуны не сталі шукаць вінаватых, моўчкі адрамантавалі, што можна было, а што высеклі наноў з ліпавых калод.
Можа быць, яны выбралі не тую ахвяру.
Глава 28.
Паход яцвяскага войска. Сутычка на вадзе
Вялікая флатылія на разнастайных плаўсродках павольна і даволі бязладна прасоўвалася па Нараву, займаючы амаль ўсю яго немалую ўжо ў гэтых месцах шырыню. Людскі гоман, песні ды конскае іржанне далёка разносіліся па густым, настоеным на разнастайных травах паветры. Стаяла добрае сонечнае, амаль без ветру, надвор’е. Дыхалася лёгка, няцяжкая праца не займала ўсіх. Хто ляніва веславаў, ўтрымліваючы свой човен, ладдзю або плыт у патрэбным напрамку, хто драмаў ці проста ляжаў, гледзячы ў бездань сіняга неба, дзе па сваіх справах ў розных кірунках праляталі птушкі. За бортам чаргаваліся дубровы з велічнымі камлюкаватымі дрэвамі, густы змешаны лес, і стройныя хвойнікі на спусцістых грудах. Калі сустракаліся шырокія поплавы, плыты прыставалі да берага, і з іх зганялі коней, каб папасвіліся ды пабегалі. Некаторыя воі спрабавалі прасоўвацца верхам, часам гэта атрымлівалася, але нядоўга, бо густыя непралазныя зараснікі зноў падступалі да самай вады, змушаючы вяртаць коней на плыты. І тады толькі пешыя выведнікі знаходзілі вузкія звярыныя сцежкі, каб сачыць за наваколлем, засцерагаючы войска ад раптоўнага нападу.
Уладанні яцвягаў скончыліся, пачаліся землі мазаўшан. Зрэшты, людзей не было відаць. Пахаваліся, адыдучы ў лясныя нетры. Нават калі сустракаліся зрэдку паселішчы, то бязлюдныя. Комат загадаў нічога не чапаць, бо ў планы войска не ўваходзіла канфліктаваць з мазоўшамі, якія былі добрымі ваярамі, і маглі сабраць значнае войска. Тутэйшыя правадыры па паводзінах чужынцаў зразумелі, што, хутчэй за ўсё, на гэты раз ім нічога не пагражае, і некаторы час іхнія раз’езды толькі сачылі за войскам з далекіх узгоркаў, знікаючы ў лесе пры набліжэнні флатыліі. Але ў хуткім часе Комату паказалі на далёкі абрывісты бераг, дзе ён убачыў невялікі конны атрад са сцягам. Куніг перабраўся з ладдзі ў лёгкі човен, паклікаў з сабой бліжэйшага воя, і на дзвух вёслах яны шпарка паплылі, далёка апярэджваючы астатніх.
– Вы яцвягі, гэта мы бачым! ― крыкнулі з высокага берага, калі човен Комата наблізіўся, ― а вось пра вашыя намеры не ведаем!
– Нашыя намеры вас не датычаць. ― адказаў Комат.
– Калі войска рухаецца, дык камусьці чакаць бяды!
– На гэты раз не мазоўшам! Наш шлях ― да мора!
– Чаму мы павінны верыць!?
– Таму, што кажу я ― Комат Нараўскі!
На беразе вершнікі аб чымсці нягучна параіліся паміж сабой.,
– Пра Комата ведаем! Слоў на вецер не кідае. Калі хочыце патрапаць памаран, дык добрай вам плыні. Але на ўсялякі выпадак папярэджваем, што зямлю мазаўшан ёсць каму бараніць!
– Хто б у гэтым сумняваўся! ― адказаў Комат, ― а з кім маю гонар размаўляць?
– Я Збышко, ваявода конязя мазавецкага.
– Што ж, прывітанне конязю ад Комата Нараўскага!
Човен Комата адышоў ад стромкага берага на стрэжань як раз у тую хвіліну, калі падплывала асноўнае войска. Стала ціха і на рацэ і на беразе. Мазаўшане моўчкі глядзелі на яцвяскую флатылію, яцвягі ― на вершнікаў, як бы аддаючы павагу, ды ў гэты момант з ракі хтосьці звонкім голасам крыкнуў:
– Гэй! Мазоўшы! Хто з вас тоўшчы?! ― і ўсе яцвягі грымнулі гучным смехам.
Вершнікі нічым не адказалі, не смяяліся, толькі вужлакі хадзілі пад бародамі. Яны бачылі, што яцвягі сабралі досыць вялікую сілу, і добра, калі яна пройдзе міма, бо каб даць адпор такому войску, трэба выдадкаваць нямала часу на збор раці, здольную процістаяць яму.
Праходзіў дзень за днём. Паліла сонца, ішлі дажджы. Усё далей яцвягі адыходзілі ад родных мясцін, а з імі і жменя дрыгавічоў, волей лёсу ўцягнутая ў чужую справу. Рух войска ўвайшоў у нейкі парадак, які склаўся болей сам сабой, чым па загадам правадыроў, дзе кожны атрад, кожны вой знайшоў сабе падыходзячае месца. Дрыгавічы апынуліся ў сярэдзіне, бліжэй да пераду войска. Побач з імі ўжо які дзень трымаліся яцвягі з роду Скрундзя, са Шчары, з другога боку рухаўся даволі вялікі атрад дайноваў. Пад час вандроўкі воляй-няволяй людзі знаёміліся, завязваліся сяброўскія, а часам і непрыязныя стасункі, як і заўсёды, дзе ў адным месцы збіраецца шмат мужоў.
Неўзабаве злева ўліўся магутны струмень Буга, а пасля чарговага начлегу усё воднае войска апынулася ў Вістуле. Цяпер яны плылі па магутнай рацэ, шырынёй у два палета стралы. Падзьмуў свежы ветрык, на вадзе з’явіліся хвалі, часам нават з белымі баранчыкамі пены. Гэта прымусіла грабцоў на чоўнах насцярожыцца і больш пільна кіраваць суднамі.
Наперадзе была зямля куяваў.
Гэтым часам па Ногату ― аднаму з самых вялікіх рукавоў дэльты Вістулы, супраць плыні хутка рухаліся два вялікіх карабля. На насах іх былі прыстасаваны высокія і жахлівыя выявы выскаленых галоў цмокаў. Больш за тузін доўгіх вёслаў з кожнага боку пад каманду зычнага голасу дружна апускаліся ў ваду і моцна пхалі судны наперад. Гэта былі дракары.
Малады херсір Сігвід, заручыўшыся падтрымкай свайго ярла, даўно пакінуў вялікі і суровы востраў на поўначы Варангскага мора, што зваўся Готланд, і папоўніўшы харчы ў гарадзене Труса, які ўжо больш, чым сто гадоў быў апорай готландскіх варангаў на паўдневым беразе мора, пачаў здзяйсняць сваю даўнюю мару. Яшчэ ў юнацтве, слухаючы доўгімі вячарамі сагі старых стурманаў аб паходах знакамітых варангаў у дальнія краіны, Сігвід ведаў ― межы роднага мідгарда, і нават больш вялікія прасторы фюльке, што належалі іхняму ярлу, будуць для яго занадта малымі. Усе яго дзеянні з той пары накіроўваліся на тое, каб самому стаць стурманам ― моцным чалавекам, або хоць бы эйнхерыем ― загінуўшым у баі героем. Але каб карыстацца павагай сярод варангаў, недастаткова стаць ваяром. Трэба яшчэ мець сродкі на дракар, на зброю, на добрую дружыну. Некалькі гадоў Сігвід спрабаваў зарабіць вайной. Ды ў гэтай справе былі свае цяжкасці. Ён не набыў яшчэ той славы і вагі, каб узначаліць значны набег, а здабыча дзялілася сярод многіх, ды і не надта багатымі былі насельнікі берагоў Варангскага мора, а абараняліся адчайна. Каб памкнуцца куды-небудзь на захад, і прыняць удзел у вялікім паходзе разам з варангамі з Ютланда на багатыя гарадзены па Рэйну або Луары, ізноў жа, патрэбныя сродкі. Таму, як і многія іншыя, Сігвід вымушаны быў заняцца гандлем. Ён ужо прыдбаў нейкі вопыт, возячы ўверх па Вістуле, у Куявію, да таго месца, дзе ўпадае рака Нотец, скуры, мех, рыбу, сукно, другія тавары, і канечне ж, бурштын. На штодзённыя патрэбы атрымоўвалася зарабіць, і нават крыху больш. Як і ўсе, не грэбаваў і рабаваннямі, калі сустракаў на рацэ слабейшага.
Але не таго прагнула душа маладога варанга.
Аднойчы пажылы стурман распавёў Сігвіду, што ў старадаўніх сагах выкладаліся згадванні пра водны шлях далёка на паўднёвы усход ажна да прасвяднай і цеплай краіны Персіі. Тры гады збіраў Сігвід звесткі, і паверыў, што такі шлях існуе ― цяжкі і небяспечны. З Вістулы і Буга праз волак у Прыпяць і Дняпро, далей па невялікім прытокам да другога волака, каб патрапіць у Танаіс, потым яшчэ волак ― у вялікую Іціль, а там Хазарыя, Хваліскае мора… Яго называлі шляхам войн, рабаванняў, слёз і няшчасцяў. З тых, хто ў былыя гады адважыліся пайсці па ім, вярнуліся нямногія. Але тым, хто вярнуўся, хапіла багацця і славы на астатняе жыццё.
Некалькі месяцаў спатрэбілася, каб сабраць добрую каманду, зброю, харчы. У якасці тавару асноўная вага выпадала на бурштын, які танна можна было купіць на ўзмор’і, і так выгодна прадаць у паўднёвых землях, што мала хто верыў.
І вось час настаў. На дзвух дракарах вышлі з Труса ў пачатку лета, ведаючы, што пройдуць гады, перш чым давядзецца вярнуцца. Калі пашанцуе.
Рухаліся хутка. Грабцы-воі не ведалі стомы, у жадобу бесперапынку працавалі вёсламі. Выйшлі на асноўнае русла Вістулы. Яна не рабіла тут занадта рэзкіх звароткаў, таму ўдавалася трымаць добрую хуткасць. Сігвід упэўнена вёў дракары па знаёмым прыкметам, выбіраючы струмяні з меньшаю сустрэчнаю плынню. Далёка наперадзе, за некалькімі звароткамі ракі, шыбаваў на лёгкім чоўне дазор.
Праз чараду дзён мінулі землі памаран і прусаў і ўвайшлі ў Куявію. Калі Вістула паверне на паўдневы ўсход, пачнуцца незнаемыя мясціны, дзе Сігвід яшчэ не быў. Гэта бударажыла кроў маладому херсіру, застаўляла сэрца біцца часцей.
– Наперад! Дапамажыце нам, асы! Хутчэй наперад! ― Сігвід не заўважаў, як павялічваў тэмп галасавой каманды на грабкі весляроў.
Нечакана з-за бліжэйшага мыса насустрач выляцеў дазорны човен. Сігвід адразу даў каманду табаніць. Калі параўняліся, з чоўна крыкнулі:
– Войска на рацэ! Вялікае! На ўсю шырыню Вістулы! Гэта яцвягі!
Не больш імгнення думаў Сігвід. Забраў дазорных на дракар, човен прытарочылі да кармы.
– Шчыты на борт! ― крыкнуў ён, каб было чутна на абодвух караблях.
– На вёслы на-а-алягай! І-і-і, р-р-раз! І-і-і, два…
Дракары хутка набіралі страчаны ход.
– І-і-і, р-р-раз! І-і-і, два! ― задаваў тэмп Сігвід, а сам падумаў:
– “Вось і пачаліся прыгоды. Нейкія дзікуны-яцвягі жадаюць перашкодзіць мне. Не бываць таму! Зараз я пакажу, хто на рацэ гаспадар!”
… Калі Комату выведка даклала пра дракары, ён падумаў, што хутчэй за ўсё гэта гандляры. Але варангі заўсёды былі занадта ўпэўненыя ў сваёй сіле, і прадказаць зыход гэтай сустрэчы было цяжка Тое-сёе трэба прыгатаваць на ўсялякі выпадак. І ён на ўсю сілу голаса загадаў:
– Слуха-ай!! Плыты з коньмі ― да берага! Лучнікаў ― на чоўны! Прыкрыцца шчытамі! У ладдзях быць напагатове да бліжняга бою! Ды паболей сякер і вяровак!
Комат глядзеў, як усё яго войска пачало пераладжвацца. Дзе-нідзе ўзнікла мітусня. Некаторыя плыты сутыкаліся з ладдзямі і паміж сабой. Усхваляваліся коні. Людзі ўладнымі галасамі імкнуліся іх падпарадкаваць.. але на адным плыце жывёлы зламалі загародкі і саскочылі ў ваду. Куніг не звярнуў на гэта ўвагі, бо наперадзе ўжо паказаліся дракары.
– Першымі бой не пачынаць! Спрабаваць расступіцца і прапусціць па дабры!
Калі Сігвід убачыў яцвяскі флот, у яго прамільгнула думка, што ён недаацаніў іхнюю сілу. Але мітусня на плытах з коньмі вызвала напышлівую ўсмешку і супакоіла. Бачачы, што чоўны і ладдзі расступаюцца перад ім, падумаў: ― “Ведаюць моц дракараў!” ― і ўзняў тэмп веславання.
Комат ужо пачынаў верыць, што яны разыйдуцца з варангамі мірна, як здалося нечаканае. Адна з невялікіх ладдзей, адхіляючыся як і ўсе, з траекторыі руху дракара, не паспела сысці з-пад яго вёсел, і калі тыя апускаліся чарговы раз, то дагадзілі па борту. Ладдзя толькі пахіснулася, а вось дракар з-за няпоўнага грабка крыху змяніў курс. Гэтага аказалася дастаткова, каб наступным разам амаль усе вёслы левага боку трапілі па другуой ладдзе, якая моцна нахілілася. Некаторыя з яцвягаў, што знаходзіліся ў ёй, паспелі схапіцца за лопасці варангскіх вёслаў. Іх пацягнула ўслед за дракарам і яны інстыктыўна ўпёрліся нагамі ў борт ладдзі, якая і без таго была ўжо моцна нахілена. У выніку яна перакулілася. Дракар яшчэ больш памяняў курс і цяпер ужо корпусам з глухім гукам стукнуўся ў наступнае судна, якое таксама перавярнулася. Больш, чым два дзесяткі яцвягаў забоўталіся ў вадзе, праклінаючы варангаў. Ад сутыкнення карабель згубіў хуткасць і задні дракар павінен быў табаніць.
Маладая кроў разгулялася ў Сігвідзе. Калі ён убачыў, што яцвягі схапіліся за лопасці вёслаў ягонага дракара, то ўспрыняў гэта як супраціў, імгненна раз’юшыўся і загадаў стрэліць з лукаў. Варангі зафіксавалі вёслы ў верхнім становішчы, падняліся, выпусцілі па страле, цаляючы ў блізкіх яцвягаў, і тут жа схаваліся за шчытамі, чакаючы наступнай каманды. Сігвід бачыў, што некалькі яцвягаў зваліліся ў ваду, і загадаў даць яшчэ залп. Але калі варангі паказаліся над шчытамі другі раз, то з чоўнаў на іх паляцелі дзясяткі стрэл. Дзве знайшлі сваю мэту, і пара ваяроў з’ехала на дно дракара, заліваючыся крывёю.
Комат сцяміў, што варангі наўрад-ці падставяцца яшчэ раз і загадаў:
– Страляць у навес!
Стаі стрэл паляцелі ўверх і па крутой траекторыі ўпалі на дракары. Не было відаць, ці патрапілі яны.
Комат даў яшчэ адну каманду:
– Вяроўкі ў ход!
Ззаду да другога дракара накіраваліся некалькі ладдзей, з якіх паляцелі канцы вяровак з прывязанымі грузамі. Большасць з іх ўпала ў ваду, але некаторыя абвілі вузкі выступ на карме. Цяпер карабель варангаў быў змушаны цягнуць за сабой тры ладдзі, на якіх грабцы, да таго ж, граблі ў процілеглы бок.
Калі ад навеснай стральбы былі паранены яшчэ некалькі вояў, Сігвід зразумеў, што далейшы бой не прынясе яму поспеху, і загадаў ізноў узяцца за вёслы, не бачачы, што задні дракар амаль спыніўся. Ягоны карабель хутка набіраў ход і праз нейкі час вырваўся на чыстую ваду. Але калі херсір азірнуўся, то быў непрыемна здзіўлены. Вакол другога дракара паступова змыкалася кола чоўнаў, на якіх прыгатаваліся да нападу яцвягі з сякерамі, а ззаду на вяроўках цягнулася ўжо поў-дзесятка ладдзей. Адзін з варангаў, трымаючы напагатове сякеру, адважна палез на карму, каб разрубаць вяроўкі, ды быў падстрэлены і плюхнуўся ў ваду.
Сігвід лёгка мог сысці, але гонар не дазволіў яму нават падумаць пра гэта. І ён загадаў:
– Таба-а-ань! Грабі назад!
І карабель пачаў набіраць зваротны ход. Канструкцыя дракараў была добра прыстасавана да такога манёўра. Амаль аднойкавыя нос і карма дазвалялі мяняць напрамак руху без развароту. І хоць рабілася гэта хутка, нейкі час усё ж заняло. А між тым, адна з ладдзей ўшчыльную наблізілася да борта другога дракара. Варангі абараняліся суліцамі і дзідамі, прасоўваючы іх у шчыліны паміж шчытамі. Адзін з яцвягаў вялікай сякерай пачаў рубаць борт дракара. Не паспеў ён нанесці некалькі ўдараў, як наверсе рассунуліся тарчы і пяцёра варангаў са страшнымі крыкамі, хто з мячом, хто з баявой сякерай, саскочылі проста на галовы нападнікаў. Завязалася жорсткая рукапашная сутычка, падчас якой яцвягі, адзін за другім, парубленыя, падалі ў ваду.
Дрыгавічы апынуліся бліжэй за ўсіх ад злапомнага судна. Віхура, крыкнуў: ― На ладдзю! ― і накіраваў човен на дапамогу. Гардзей, узброены адной дзідай, так і не набыўшы дагэтуль ні іншай зброі, ні даспеху, злавіў момант, і схапіўшыся за высокі край борта, адным рыўком ўскочыў ў ладдзю, тут жа накіраваўшы джала дзіды на ўзнікшага перад ім варанга, які ўжо замахнуўся на яго сякерай. Варанг паспеў трыху адхіліцца, ды наканечнік дзіды ўсё ж улез пад кальчугу, распароўшы некалькі калец. Гэта прыслабіла ўдар сякеры, прызначаны Гардзею, ён паспеў сысці ад ляза, і моцным ўдарам пляча зваліць варанга на борт ладдзі. Падаючы, той выпусціў сякеру і выхапіў з-за пояса корд. Гардзей спрабаваў тронакам прыціснуць шыю суперніка да краю борта, але ў наступны момант яму прйшлося таксама пакінуць дзіду, каб перахапіць руку варанга з кордам. Вольнаю рукой той моцна сціснуў Гардзея за горла, але рана, нанесеная дзідай, ўжо саслабіла яго. На выручку яму рынуўся другі, на хаду перахопліваючы меч верхнім захватам, каб закалоць Гардзея, ды не быў гатовы да сустрэчаны з Доўбенем, які ўскочыў у ладдзю з другога борта, і маланкавым выпадам уторкнуў меч яму ў горла. Гардзей здолеў адарвацца ад слабеючага ворага, падняць дзіду і дабіць яго. У ладдзю тым часам заскочылі Бычань, Жадан і Дрок, а з дракара ― яшчэ некалькі варангаў. Зазвінелі мячы і сякеры. Варангі біліся апантана, але і дрыгавічы ўваходзілі ў пану. Гардзей знайшоў момант, дзідай моцна адпіхнуўся ад борта дракара, і ладдзя з рубаючыміся ваярамі паволі пачала адыходзіць убок. Некалькі варангаў ускочылі ў прывязаны да дракара човен, разрубалі вяроўку і павеславалі на дапамогу сваім. Іх абстралялі з лукаў, ранілі дзвух, потым човен аддціснулі і перакулілі. На ладдзі здаравенны варанг моцным ударам сякеры раскраіў галаву Жадана, той пераваліўся праз борт і тут жа знік пад вадой. Варанг паспеў замахнуцца сякерай яшчэ раз, але Дрок апярэдзіў і трапным ударам мячом у грудзі, прабіўшы і сталёвыя пласціны і кальчугу, зваліў яго на палубу.
Пачала сказвацца лікавая перавага яцвяскага войска. Да дрыговічоў увесь час падыходзіла дапамога ― у ладдзе ўжо біліся Вырва, Канабрат, Скіба, падграбалі чоўны дрыгавічоў з, Руды і Вусця, за імі прыгатаваліся ўступіць у рукапашную яцвягі Скрундзя. Варангам хуткае дапамогі чакаць не прыходзілася, бо ладдзю адносіла ўсё далей.
З другога борту дракара таксама было горача. Дайновы спрабавалі штурмаваць з дапамогай вяровак з крукамі, закідваючы іх у сярэдзіну. Варангі паспявалі перарубваць вяроўкі, і толькі ў адным месцы, дзе адразу двум з іх не пашанцавала, і яны былі захвачаныя крукамі ды прыціснутыя да борта, дайновам удалося праламацца скрозь прымацаваныя шчыты, але ўсе, хто пералез праз борт, былі тут жа парубленыя варангамі і выкінутыя ў ваду.
Комат бачыў, што яго вояў гіне зашмат і, вырашыўшы змяніць тактыку. Са сваёй ладдзі, якая была адной з самых вялікіх у войску, хоць і саступала памерамі суднам варангаў, загадаў:
– Гатаваць бусакі!! І людзей паболей!
Ён направіў ладдзю да дракара, які зусім згубіў ход і павольна зносіўся па плыні, гыркаючы на насядаючых яцвягаў лаянкай варангаў і стральбой з лукаў.
– Разступі-і-ся-а! ― крычаў Комат, працісківаючы сваю ладдзю скрозь іншых, ― Будзем канчаць з ім!
У гэты момант пачуўся працяжны гук рога, і ўсе ўбачылі, што першы дракар вяртаецца. Адмысловым сігналам з яго падавалі загад другому дракару паўтараць ягоны манёўр. Паднятыя перад сутычкай веслы рэзка апусціліся, трапляючы якія ў ваду, якія па яцвяскім чоўнам, а некаторыя і па людзям, ад нечаканасці не паспеўшым увярцецца. Грабок, яшчэ грабок. Дракар набіраў ход, і цяпер ён ўжо не цягнуў ладдзі, якія прычапіліся да яго, а ішоў проста на іх. Пачуўся глухі ўдар і трэск зламанай ашалёўкі. Адна ладдзя перакулілася, другая адскочыла ў бок, іншыя паспелі пазбегнуць сутыкнення. Вяроўкі, да якіх варангі раней не маглі дацягнуцца, цяпер апынуліся каля борта, і адна за другой былі перасечаныя, хоць і не без страт ад меткіх стрэлаў яцвягаў.
Дракары сыходзілі. Яцвягі стралялі наўздагон. Некаторыя стрэлы траплялі ў мэту, дзвонячы аб шлёмы і кальчугі, і толькі адзінкі дабіраліся да неабароненай плоці.
Дракары сыходзілі туды, адкуль прыйшлі.
Сігвід быў незадаволены, але бывалы варанг падышоў да яго і сказаў:
– Херсір, ты з гонарам выйшаў з гэтай заварухі.
Комату таксама не спадабаўся вынік сутычкі. Лепей бы гэтыя дракары шыбавалі сваёй дарогай. А цяпер яны будуць дзесьці на іхнім шляху, і адзін Пярун ведае, што ад іх чакаць.
Ноччу, калі прысталі да берага, зладзілі сціплую паходную трызну па загінуўшым. Сумна было ў стане дрыгавічоў ― Жадан быў адважны ваяр. Не ўбачаць яго ўжо ні сябры, ні родныя…
У гэтым баі Дрок Няўдак здабыў сякеру, шалом і кальчугу, якія належалі забітаму ім варангу. Гардзей таксама разжыўся трафеямі, але на стаянках яцвягі частавалі яго добрым віном, і ён паступова раздарыў новым сябрам амаль усё, пакінуўшы сабе толькі корд добрай свейскай працы.








