Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 24 страниц)
Глава 19.
Уніз па Нёману
Яцвяска-дрыгавіцкі атрад павольна сплаўляўся ўніз па плыні Нёмана. Рака апісвала вялікія петлі па шырокай даліне, то злева, то справа ўпіраючыся ў карэнныя цвёрдыя пароды і, перад тым, як адвярнуць, угрызалася ў высокія берагі. Пад гэтымі месцамі ўтвараліся глыбокія віры з пахаванымі пад тоўшчай вады дрэвамі і карчамі, якія былі змыты з паверхні зямлі вясновымі паводкамі. І трэба было добра папрацаваць весламі, каб адарвацца ад чарговага віра, які пагрозліва круціў па колу ваду, імкнучыся уцягнуць у глыбіню ўсё, што было на праверхні.
“Гандляры” плылі на асобнай ладдзе, не самай вялікай па Нёманскім меркам, але на ёй лёгка размясціліся ўсе мяхі з іхнім таварам, зброя і няхітрая паклажа падарожнікаў. Яны таксама паставілі ветразь, ― невялічкі, каб не абганяць плыты.
Воўч, так нечакана апынуўшыся ў сапраўднай вандроўцы з захапленнем назіраў за нетаропка праплываючымі за бартамі берагамі ракі. Маці трошкі паплакала, але пад угаворамі Ястра адпусціла яго, прашаптаўшы паганскую малітву над ягонай галавой і надзеўшы на шыю абярэг з загаворанай выявай мядзведзя, зробленай з косткі звера ў незапамятныя часы. Ён пераходзіў з пакалення ў пакаленне і служыў таму, каму быў найбольш патрэбен у сям’і.
Наперадзе пачуўся ўзмоцнены шум вады.
– Беражы-ы-ы-ся! ― крыкнулі з першага плыта.
Грабцы налеглі на вёслы, каб абыйсці чарговы перакат, дзе шумела на вялікіх каменнях вада і плынь рэзка асядала ўніз. Адзін з плытоў, на якіх былі змесцаваны коні, прайшоў даволі блізка ад каменняў і захістаўся. Коні захваляваліся, пачалі перабіраць капытамі, высока падняўшы храпы і косячы вачыма на ваду. Потым, калі плыт пайшоў раўней, паціху супакоіліся.
– Што ж яны прамаргалі, ― незадаволена прабурчэў Чмель.
– Так і коней загубіць нядоўга, ― падтрымаў яго Востравух.
– Хм, затое так весялей, ― не згадзіўся з імі малады Роздум, ― а то застаяліся.
– Застаяліся, то трэба выганяць на бераг, а не пужаць на перакаце, ― стаяў на сваім Чмель, ― што ім, доўга паваліць агароджу? Сігануць у ваду і пераламаюць косткі на каменнях.
Праз нейкі час Комат гучным голасам скамандаваў прыставаць да левага берагу, на якім віднеўся разлеглы поплаў. Яны зусім трохі не дайшлі да Лебяды, што ўпадала ў Нёман з правага боку. Выгналі на бераг коней, і тыя адразу пачалі жадна скубаць густую траву, што расла на шырокай прасторы да самага лесу. Гэта ўжо былі ўладанні племені ліпічанаў, але нікога з іх не было відаць, бо жытло іхняе размяшчалася далёка ад Нёмана ў нетрах пушчы, якая хавала іх ад нечаканых госцяў.
Ліпічаны лічыліся яцвяскім племенем, але ў сапраўднасці гэта было не зусім так. Больш за тузін зім таму, пасля чарговай вайны, калі некаторыя плямёны панеслі занадта вялікія чалавечыя страты, яцвяскі род Сверпла і дрыгавіцкі Лудзіча, што шмат гадоў жылі побач на парубежжы, здолелі пераадолець міжплемянныя непаразуменні і аб’ядналіся ў адзіны род. Звязаўшы сваё аб’яднанне перакрыжаванымі шлюбамі моладзі, яны пачалі шукаць сабе яшчэ другія роды дзеля таго, каб стварыць племя. Спусцелых радоў было шмат, і хутка да іх прыхіліўся яцвяскі род Сліжа, а, неўзабаве, і прыйшоўшыя ў Панямонне шукаць лепшую долю бужане з роду Накрыша. На беразе рэчкі Пад’яваркі правялі веча, на якім выбралі сабе вожам Ліпічну з яцвягаў. Новае племя пачало звацца Ліпічаны. Яны зняліся са сваіх ранейшых месц і пасяліліся ў нетрах пушчы. Старцы і вешчуны ўдала вызначылі месцы новых паселішчаў, бо хутка высветлілася, што на рэчышчах і ў балотах ёсць шмат руды. Праз нейкі час закурыліся дымы ў многіх печах, якія ляпілі проста на адкрытым паветры, зазвінелі молаты кавалёў, і ліпічаны пачалі прадаваць крыцу і жалеза – і Шчара і Нёман былі недалёка. Пасяленцаў цяжка было аднесці ці то да яцвягаў, ці то да дрыгавічоў, але паколькі яны добраахвотна ўвайшлі ў племянны звяз пад абарону дружыны аднаго з яцвяскіх кунігаў, дык і лічылі іх яцвягамі.
Воўч вынес на бераг Шэрага. Старэйшыя спадарожнікі былі не супраць, каб ён узяў яго з сабой ― усё весялей будзе юнаку у дальняй дарозе. Ваўчанё з выразнай светла-шэрай плямай на шыі тыкалася носам у сцеблы лугавых кветах.
– Шэры! Хадзем на паляванне, ― паклікаў яго Воўч. Але ваўчанё не адрагавала на заклік. Тады юнак паспрабаваў надзець яму на шыю вяроўку, ды той схапіў яе зубамі, загыркаў, і матаючы галавой з боку ў бок паказаў, што не жадае цярпець такое ярмо.
– О! Мае характар, ― заўважыў Востравух, праходзячы міма ― добры можа выгадавацца сабака, як паздужаеш вывучыць.
Чмель падняўся на ладзю, каб узяць харчы да вячэры. Неўзабаве да берага данёсся ягоны здзіўлены вокліч:
– Вось дык та-ак! Адкуль ты тут узяўся? Роздум! Востравух! Хутчэй сюды!
Воўч таксама пабег да ладзі, падхапіўшы на рукі Шэрага. Калі ён паспеў на месца, то ўбачыцў дзіўную рэч, ― мужы стаялі засмучана над кімсці, хто ляжаў на дне ладдзі. Ён зазаірнуў праз постаці дарослых, і абмёр.
– Ежка!? Адкуль ён тут?
– Я разгарнуў мяхі, каб узяць на бераг што-небудзь, ― вінавата прагаварыў Чмель, ― а ён ляжыць тут, за мяхамі, і не рухаецца.
Востравух нагнуўся над малым, прыпаў вухам да ягоных грудзей:
– Мёртвы.
Воўч кінуўся да сябра.
– Не можа быць! Ежка! Прачніся! Уставай!
Роздум узяў Воўча за каўнер і адарваў ад Ежкі:
– Усе, хлопча. Нічога тут не зробіш…
Каля ладдзі сабраліся ў бязладым натоўпе мужы ― свае, дружыннікі і яцвягі. Усе спачувальна глядзелі на нерухомую постаць ляжачага на дне ладдзі юнака. Напэўна, ён уцёк з хаты і схаваўся, каб далучыцца да вандроўнікаў. Ды ў час плавання цяжкія мяхі нахіліліся…
Уздыхалі. Патаптаўшыся, пашыбавалі да леса за сухастоем. Склалі пахавальнае вогнішча. Зверху, на посцілку з сухога чароту, паклалі цела Ежкі.
– Запалім, як узыдзе сонца, ― сказаў Комат, ― і засмучаныя мужы разбрыліся хто куды. Смерць часта прыходзіла і да яцвягаў, і да дрыгавічоў, ёй не надавалі празмерную ўвагу. Хутка ўсе займаліся сваімі справамі. І толькі Воўч заставаўся каля сябра. Як скрозь сон сачыў ён за дзеяннямі дарослых, калі яны ладзілі вогнішча, адмаўляючыся ўсведамляць, што гэта адзначае. Розум ягоны не мог змірыцца з думкай, што Ежка мёртвы.
Цямнела.
Дарослыя вячэралі. Яны выпілі патрохі медавухі. Паступова пачаліся ажыўленныя размовы.
Воўча нібыта штосці штурхнула знутры. Ён падняўся і пайшоў да прасторнага поплава, на якім паміж свежых раслін яшчэ мелася летасьнае сухое разнатраўе. Пад няясным вячэрнім святлом пачаў збіраць сухое сцябло. Перад вачамі паўстала постаць Ястра, за якім ён не аднойчы падглядваў, калі той вядзьмарыў з травамі каля хворых і нябожчыкаў.
І вось гэтую. І гэтую. А гэтай патрэбна паболей.
Каб хто-небудзь паспытаў, чаму ён робіць так, а не як-небудзь інакш, Воўч не змог бы адказаць. Ён вярнуўся да Ежкі, расклаў сабраныя травы каля падгалоўя. Ад распаленых вогнішчаў прынёс вуголля. Дарослыя моўчкі праважалі яго позіркамі, спачуваючы. Воўч нетаропка пачаў раздуваць вуголле і класьці на іх сабраную траву. Па паветры паплыў духмяны пах спаленага разнатраўя. Тоненькія струменьчыкі дыму абвявалі Ежку. Воўч сядзеў нерухома і ўглядваўся ў твар сябра. А ў галаве самі сабой складаліся заклёны. Юнак пачаў шаптаць у цемру:
– Велес-божа! Ці мала мы табе давалі ахвяр? Адпусці Ежку, прашу цябе.
– Дажбог і Жыва! Навошта вам гэтае жыццё? Вам і ўдвох добра радавацца на небе. Адпусціце майго сябра.
– Ярыла-божа! Ты не адбіраеш, а наадварот даеш жыццё, бо прага да жыцця ― твая існасць. Дык скажы ты гэтым сваім ненажэрным багам, што нядобра адымаць у людзей апошнюю надзею і напаўняць змрокам чалавечыя сэрцы.
– Пярун-божа! Навошта табе Ежка? Ён мне патрэбен болей, чым табе. Адпусці яго!
Маўчалі багі. Цішыня ўсталявалася над Нёманам і над пушчай. Нерухомы ляжаў Ежка. І буйныя слёзы раптам паліліся з вачэй Воўча. Здалося, што і сам ён памірае, бо ці можна жыць далей, калі такая несправядлівасць тварыцца ў свеце. Шэры знайшоў ў цемры Воўча і тыкаўся халодным носам яму ў руку. Юнак у роспачы прытуліў да сябе ваўчанё, і з усей моцы сваёй душы, цяпер ужо без усялякіх слоў, нямым крыкам звярнуўся да ўсіх багоў, што жывуць на небе:
– Адпусці-і-іце-е-е!!!
Дзесці, можа над далёкімі ўжо Ведзмядзямі, ледзь чутна грукнула.
– Пярун! Ён пачуў!
Неўзабаве грымота паўтарылася. І яшчэ. Потым пачалі ўспыхваць паланіцы без аніякага гуку, спачатку там, адкуль данеслася грымота, потым у другіх месцах, і вось ужо ўсё неба пульсавала бязгучнымі бліскавіцамі.
Воўч глядзеў на ажывелае неба шырока адкрытымі вачамі, і роспач у ягонай душы пачала змяняцца надзеяй.
Ён не заўважыў першага ўздыху сябра, і зразумеў, што Ежка ачуняў толькі тады, калі Шэры пацягнуўся лізаць ягоны твар.
– Ежка! Я ведаў, што ты не памёр! Пярун і Ярыла! Усе багі нашыя! Слава вам і вялікае дзякуй! Ежка! Ты жывы!
– А? Што? Ды я гэта, я! ― здзіўлена азіраўся , павольна паднімаючыся са смяротнага ложа.
Калі яны з’явіліся ля вогнішчаў, то некаторыя вандроўнікі збеглі ў лес, падумаўшы пра нячыстую сілу, а другія аслупянелі ад нечаканасці.
Потым Комату прыйшлося дазволіць невялікае баляванне ў гонар уваскрэшання Ежкі.
Ліпічаны не патрывожылі путнікаў, сядзелі ў глыбі сваёй Пушчы. Яны наогул нячаста выходзілі ў даліну Нёмана, трымаючыся далей ад вялікага рачнога шляху…
З гэтай пары і дрыгавічы і яцвягі пачалі глядзець на Воўча з засцярогай…
– Вядзьмар расце, ― падумалі многія.
Ежку маглі адправіць дахаты, дачакаўшыся каравана гандлярскіх ладдзей, што часам пхнуліся ўверх па Нёману, але, крыху паспрачаўшыся, урэшце вырашылі ўзяць з сабой.
Глава 20.
Уверх па Росі
Раніцай пазаганялі коней на плыты, спіхнулі з берага чоўны і ладдзі, і прадоўжылі вандроўку. Рэчышча Нёмана прыкметна пашырылася, сям-там з вады тырчалі пяшчаныя пляскатыя выспы. Не паспелі адплыць на палёт стралы, як пачулася каманда:
– Слу-у-уха-ай! Наперадзе мялі-і-ізна! Ісці строга за мной! ― і пярэдні човен накіраваўся бліжэй да правага берагу.
Судны лёгка выканалі загад, а вось на плытах пачалася мітусьня, бо там было толькі па двое грабцоў. Ім добра прыйшлося ўпірацца тычкамі ў блізкае дно, каб павярнуць цяжкія звязаныя бярвенні ў патрэбным кірунку. Часам штуршкі былі даволі рэзкімі, і коні ізноў пачалі хвалявацца. Яны іржалі, касілі спалоханнымі вачамі, некоторыя ўставалі на дыбкі. Але і на гэты раз абыйшлося. Каля вусця Лебяды, якая ўлівала ў Нёман свежы струмень, што павольна сплываў з грудоў і балот вялікага кавалка дайноўскай раўніны, ад берага адчалілі яшчэ тры плыты з коньмі і некалькі чоўнаў з ваярамі. Гэта былі яцвягі Комата, што заставаліся тут, калі ён падаўся да дрыгавічоў.
– Прывітанне кунігу Комату! ― данеслася з бліжэйшага чоўна.
– У адказ Комат падняў руку.
– О, глядзі! А што тут дрыгавічы робяць, хіба ў палон узялі?!
– Не палон гэта – саюзнікі!
– Саюзнікі?! Ды ну-у-у!
– А супраць каго саюзнікі?
– Пажывем далей, угледзім болей…
Бясконцыя змены відовішчаў, што адкрываліся пры кожным зваротку ракі не давалі месца нудзе, трэба было ўважліва глядзець наперад, бо віры, мялізны ды перакаты часцяком прымушалі напружвацца падарожнікаў.
На наступную стаянку уладкаваліся каля вялікага груд, які крута абрываўся ў глыбокую ў гэтым месцы плынь.
– Трэба было ўжо да вусця Тур’і ісці,― прабурчэў хтосьці з яцвягаў, там месца зручнейшае.
– Каля гэтай рачулкі сапраўды шмат туроў водзіцца, добрыя пашы для іх у наваколлі.
І нібыта дзеля таго, каб пацвердзіць гэтыя словы, аднекуль пачуўся шматкратны румз чымсці патрывожанага тура. Воўч, стаміўшыся ад доўгага дня і цяжкай ночы, прыціснуў да сябе Шэрага і пачаў засынаць, але блізкі груд прыцягваў нечым загадкавым ягоны зрок. Юнак не заўважыў, як навалілася чарговае трызненне. Ён ўбачыў шырокую пляцоўку, што размясцілася на версе груда, потым ад зямлі паднялася высокая драўляная сцяна, за ёй віднеліся будынкі. Вось ён ужо сярод невялікіх хат, каля іх бязгучна снавалі людзі. Ганчар спрытна выцягваў з куска гліны, што круцілася на якімсцы крузе, прыгожы роўны збанок. Як лоўка атрымліваецца! А ў Ведзьмядзях збанкі ляпныя… А вось двое кавалёў куюць меч, маладзейшы, бье па жалезу вялікім кавадлам, а старэйшы, пакуль той замахваецца, успявае два разы стукнуць, штосьці падправляючы. Зусім як у Ведзьмядзях!… Пры гэтым не было чутна аніводнага гуку. Толькі аднекуль у галаве ўзнікла слова:
– Турыйск…
Трывога павісла ў паветры, потым з’явіўся агонь і дым. І не стала гарадзена. Замільгацеў час. Ізноў той жа груд, на ім поле з калючай пожняй. Нёман намнога ніжэй, нібыта адпіхнуўся ад высокага берагу. Там, дзе калісьці віравала плынь, цяпер квітнеў поплаў з вялікаю ямаю, зарослай густою травой. У бераг утыркнуўся нейкі дзіўны востраносы човен. На груд падняліся муж і двое мальцоў са светлымі галовамі. Яны ходзяць, уважліва ўглядаючыся ў глебу пад нагамі. Вось старэйшы калупнуў зямлю ботам, нагнуўся і падняў плоскі гліняны аскепак . Потым другі, трэці, і яшчэ, і яшчэ. Амаль на кожным кроку трапляліся рэшткі збанкоў, місак, гладышоў, спаткаліся пакрытыя знутры светлаю эмаллю. Мальцы падышлі да дарослага. Ён ім штосьці тлумачыў, паказваючы рукамі ў розных кірунках.
– Дык гэта ж тое месца, дзе стаяў гарадзен, а цяпер віднеецца толькі ўзаранае поле! ― зразумеў Воўч, і ў галаве яшчэ раз пранеслася:
– Турыйск...
Потым усё змяшалася і кудысьці прапала…
– …Воўч! Воўч! Што з табой? ― Ежка турзаў сябра за каўнер, ― На цябе страшна глядзець, увесь мокры і крывішся тварам!
Воўч хутка прыходзіў у прытомнасць. Ён падхапіўся і сеў:
– Не бойся, Ежка. Гэта здараецца са мной. Толькі другі раз не будзі. Лепей, каб я сам апрытомнеў. Так мне дзед Ястр казаў.
Потым ізноў былі зборы і плынь ракі. Нёман асабліва мудрагеліста круціўся на гэтым адрэзку, задаўшы грабцам цяжкую працу, асабліва на плытах, хоць Комат і дадаў туды людзей. Час перайшоў за поўдзень, калі свавольная рака які ўжо раз павярнула да сонца, і яно свяціла проста ў вочы, а з левай рукі прастора ўсё адкрывалася. Высокі хваёвы лес адыходзіў далей ад берага, шырока расхінуўшы рачную даліну з нізкімі берагамі, парослымі дзе хмызамі, дзе ядлаўцом, часам да самай вады падыходзілі цяністыя ўтульныя дубравы.
– Няўжо ж паплывем назад, на ўсход?!
Не, гэта Шчара імкліва ўлівала свае моцныя струмяні ў Нёман, разам з тым паварочваючы ягонае рэчышча ў патрэбным для падарожнікаў накірунку.
Сонца яшчэ было высока, але Комат загадаў спыніцца. Трэба было выпусціць коней, каб тыя супакоіліся на цьвёрдай глебе ад хваляванняў цяжкага дня. Прысталі да берага перад самым упадзеннем Шчары, ў прыгожай дубраве на поплаве, дзе магутня дрэвы вольна стаялі сярод густой высокай травы, дзе-нідзе вышчыпанай турамі. Воўч з Ежкам пабеглі купацца. Яны пырскалі ваду на Шэрага, які не жадаў мачыць лапы і брахаў на хлапцоў, трымаючыся на беразе…
Раніцай, калі ўсе загрузіліся і засталося толькі загнаць на плыты коней, Комат загадаў чакаць. Ішоў час. Ніхто не разумеў, навошта куніг марудзіць, ды неўзабаве на Шчары, вышэй па плыні пачуліся галасы і паказаліся новыя плыты і ладдзі. Да атраду Комата далучыліся яцвягі племені Скрундзя, што сядзелі на берагах гэтай ракі і яе прытоках.
– Заганяй коней! Адыхо-одзім!
Гэтым днём быў зусім кароткі пераход. Яны спыніліся каля яцвяскага паселішча, што стаяла на крутым беразе пры ўпадзенні яшчэ аднаго буйнога прытоку Нёміня ― ракі Зэльвы, якая мала саступала па моцы Шчары.
– Гэй, мальцы! Хадземце штосьці пакажу цікавае! – звярнуўся да Воўча з Ежкам дзядзька Чмель.
Стары прывёў іх на абрывісты бераг, адкуль добра было відаць вусце прытока.
– Глядзіце ўважліва, якая розная па колеру вада ў Зяльве і ў Нёмане.
Сапраўды, гэта было дзіва. Светлыя зеленаватыя струмяні Зяльвы ўліваліся ў больш цёмныя карычневыя воды Нёмана. Яны не адразу змешваліся і доўга плылі побач рознакаляровымі палосамі, і толькі дзесьці перад дальнім звароткам граніца між імі пачынала размывацца.
Падвечар да падарожнікаў прыйшлі з мясцовыя яцвягі. Яны прынеслі свежую ежу, каб пачаставаць куніга, але той разпарадзіўся аддаць усё да агульнага стала. За дарослымі прыбеглі і чацьвёра юнакоў. Яны былі апранутыя па-вайсковаму – у шкуры з ваўчынымі галавамі замест шаломаў, у руках у кожнага суліца. Падыдучы да Воўча і Ежкі, запыталі:
– Гэта праўда, што вы дрыгавічы?
– Так, дрыгавічы, ― адказаў Ежка.
– Тады давайце ваяваць!
– Я вам зараз паваюю! ― пачуў іхнюю гаворку Комат, ― вы што, пра замірэнне не чулі?
Яцвяскія юнакі засаромеліся куніга, ды ненадоўга:
– Тады давайце спаборнічаць.
– Давайце, ― адразу згадзіўся Ежка, ― але ў чым?
– Будзем кідаць суліцы, ― адказаў камлюкаваты юнак, відаць, іхні завадатар.
– Згода. Ува што кідаем? ― запытаў Воўч.
– Хацеў бы ў тваю башку, але прыйдзецца ў дрэва.
– А ты павесь на дрэва гэтую башку, што ў цябе на галаве, ― прапанаваў Ежка, паказваючы на ваўчыны даспех.
– Нельга, гэта табе не пудзіла, ― з крыўдай адказаў юнак, і шчыльней нацягнуў на сябе шкуру.
Малады ваяр зрабіў сякерай на ствале дуба вялікую зарубку:
– Вось вам мэта. Кідайце.
Кідалі доўга. Траплялі і прамахваліся. Спрачаліся, хто лепшы, але яўнага пераможцы не было.
– Тады давайце дужацца, ― прапанаваў камлюкаваты, і тут жа напаў на Воўча. Воўч спачатку спрытна абараняўся, а потым знайшоў момант і паваліў суперніка. Астатнія кінуліся на дапамогу свайму завадатару, Ежка таксама не застаўся ў баку.
– Гэй! Чацьвёра на дзвух?! ― Роздум, умяшаўся ў сутычку і пачаў раздымаць барацьбітоў.
– А ты ішоў бы да дарослых, якая табе справа?! ― пракрычаў завадатар. Знянацку яны накінуліся на Роздума і звалілі яго з ног. Воўч з Ежкам ірвануліся на дапамогу і пачалася звалка не на жарт. Ачухаўшыся, Роздум згроб дваіх і адкінуў у бок. Астатнія адступілі, бо Ежка і Воўч таксама не паддаліся.
Ваяры назіралі за гэтай валтузнёй і рагаталі.
Роздум даў пстрычку камлюкаватаму і пайшоў па сваіх справах. Юнакі паселі, яцвягі насупраць дрыгавічоў, пераглядваліся з-пад ілбоў і адсопваліся.
– Гайда купацца, ― падхапіўся камлюкаваты, і ўсе разам пабеглі да ракі.
Да заходу сонца яны здружыліся, пазнаёміўшыся па імёнах.
Камлюкаватага звалі Ганарат.
…Яшчэ перад ўпадзеннем Зэльвы Нёман выпрастаўся, і пакаціўся на захад, толькі часам выпісваючы павольныя вялікія лукі, якія не надта напружвалі грабцоў. Так бы плыць ды плыць. Але ж не! Наблізілася вусце Росі.
– Ну вось! Скончылася лёгкае падарожжа, ― задуменна прагаварыў хтосьці з яцвягаў, ― цяпер пачнуцца пакуты.
Ладдзі і плыты ўваходзілі ў прыток. Мела быць плаванне ўверх па плыні. За вёслы і тычкі ўзяліся ўсе. Добра, што шырыня і глыбіня ракі пазвалялі пакуль што прасоўвацца паміж балоцістых берагоў без асобых перашкод. Толькі вось напрамак рэчышча быў занадта мудрагелісты і выпісваў такія завітушкі, што кружылася галава, і часам здавалася, што няма руху наперад, а толькі мітусня па зарослай чаротам даліне на адным месцы. Галасы весляроў, ледзь перакрываючы бесперапынны птушыны гоман, чуліся з усіх бакоў. Ветру не было, і над далінай навісла спякотнае марыва. Раз-пораз бляяў высока над галовамі бэкач.
– Хіба нас зачараваў Балотнік, ― прамовіў Ежка.
Неўзабаве прайшлі месца, дзе рака Воўпа папаўняла сваімі водамі Рось, і вышэй па плыні тая адразу стала вужэйшая.
Яны рухаліся без перапынку па добра дагледжанай рацэ, няўмольна прасоўваючыся на поўдзень, як раптам проста перад першай ладдзёй, дзе знаходзіўся Комат, з трэскам завалілася папярок русла вялікая альха, за ёй яшчэ некалькі. У гэты ж момант у борт утыркнулася і задрыжэла страла. Ваяры хуценька выставілі шчыты. Заднія павярнулі да берагоў і застапарылі ход, упёршы вёслы і тычкі ў дно сярод прыбярэжнага чароту. Павісла напруджаная цішыня. Комат углядваўся ў берагі, але нікога не бачыў.
– Гэй! Хто вы? І чаго хочаце, Пяркун вас забі!?
Праз нейкі час з зарасніку пачуўся адказ:
– Мы яцвязі з Валкавыі! Раім вам прыбірацца адсюль, пакуль не позна!
– А ці ведаеце вы, колькі нас? ― запытаў Комат.
– Ведаем! Для кожнага знойдзем стралу, як не адмовіцеся ад сваіх намераў!
– Што вы ведаеце пра нашыя намеры?!
– А што тут ведаць? Хочаце здабыць нашае дабро, але атрымаеце стрэлы ды суліцы пад рэбры!
– Нам не патрэбнае вашае дабро! Мы ідзём да Нарава. А хто ваш куніг?
– У нас няма куніга! Мы вольныя! Ён не патрэбен нам.
– Даўно да вас ворагі не прыходзілі, ― сцішана сказаў Комат, а ў голас пракрычаў:
– Ну, дык выходзьце на перамовы! Я Комат Нараўскі!
Ізноў усталявалася цішыня. Потым зашамацелі хмызы, і над чаротам паказалася вушастая галава мядзведзя, а пад ёй твар чалавека. Вось ён узыйшоў на ствол зваленага дрэва, і ўсе ўбачылі высокага ваяра, які, нягледзячы на спякоту, быў апрануты ў яцвяскі мядзвежы даспех. У руках ён трымаў лук і стралу, на поясе была прытарочана сякера.
– Чулі пра Комата, ― прамовіў вой, ― Я Скрыба ― вож ваўкавыйскіх яцвягаў. Калі ты сапраўды Комат, то назаві сваіх бацьку і дзеда.
– Бацька мой меў імя Гунар, ― адказаў куніг, ― а дзеда называлі таксама Комат.
– Гэта праўда. Шанаванне слаўнаму Комату і ягоным ваярам! Мы вас прапусцім уверх па Росьве, але з адной умовай – вы не ўвойдзеце ў Ваўкавыю.
– Шанаванне ваўкавыйцам! Мы прыймаем умову ― слова куніга.
На разбіранне завала патрацілі рэшту дня.
Воўч з Ежкам дапамаглі ўсталяваць лагер і падаліся ў выведкі ваколіцы, узброіўшыся суліцамі і прыхапіўшы з сабой Шэрага. Яны прадраліся скрозь прыбярэжныя хмызы і падаліся ў бліжэйшы лес. Дрэвы знянацку расступіліся, і выведнікі апынуліся на даволі дзіўнай прасторы. Паўсюдна віднеліся невялікія белаватыя нібыта насыпы, паміж імі раслі карчы чэзлага лазняку. Неяк само па сабе прыйшло разуменне, што гэта не прыродная з’ява, а вынік нечых дзеянняў ― ці то звера, ці то чалавека. Каму і навошта спатрэбілася перарыць столькі зямлі?! Воўч нетаропка прасоўваўся наперад, як раптам пачуў ззаду кароткі выкрык Ежкі. Ён азірнуўся, але сябра не ўбачыў. Павольна пачаў рухацца ў кірунку пачутага выкрыку. Яму прыйшлося прадзірацца скрозь невысокі корч лазняку. Хлопец моцна сціснуў у руках суліцу, накіраваўшы лязо наперад. Крок. Яшчэ крок… І тут ногі ягоныя паехалі ўніз. Спрабаваў зачапіцца за галіны, але не паспеў, і, раздзіраючы вопратку, паляцеў у нейкую яму, плюхнуўшыся на вільготную і слізкую глебу. Адразу стала цёмна, і толькі наверсе зеўрала амаль круглая дзюра светлага неба, шматкроць перакрэсленая галінамі лазовага карча. Заскавытаў Шэры, зазіраючы ўніз. Ягоная пыса здавалася адсюль зусім маленькая, і Воўч зразумеў, што яма даволі глыбокая. Ён паспрабаваў вылазіць, але на стромкіх сценках зачапіцца не было за што. Стала зразумела, што выкараскацца так проста не ўдасца. Паглядзеў на рукі, яны былі белыя.
– Дык гэта ж крэйда!
– Во-о-оўч… Во-о-оўч… ― ледзь пачуў ён глухі і слабы воклік Ежкі, ― Ты дзе-е-е?...
– Я ў я-а-аме! ― штосілы закрычаў у адказ, ― А ты-ы дзе-е!?
– Я такса-а-ама…
Паступовы вочы прывыклі да змроку. Воўч пачаў углядацца пад ногі. Яма была пашыраная ўнізе, Дзе выбрана больш, дзе меньш. У дальнім куце ён убачыў шкілет змяі і здрыгануўся:
– “Не выбрацца! Няўжо і нашыя шкілеты будуць ляжаць у гэтых ямах?” – жах павольна пралазіў у сэрца. Потым ён супакоіўся і працягваў агляд. У другім куце прыцягнула ўвагу штосьці падобнае на кавалак прысыпанай крэйдай косткі. Пераадольваючы жах, Воўч пацягнуў яе да сябе. Не паддалася. Упёрся штосілы і выцягнуў кусок рога лася з адросткам, шырокая частка была кімсці завостраная.
– Матыка! ― ўзрадаваўся Воўч і тут жа пачаў вырубваць прыступкі на сцяне ямы. Адна, другая, трэцяя. Яшчэ адна. Цяпер можна спрабаваць падняцца. Удалося! Трэба вырубваць новыя прыступкі. А як? У працілеглую сцяну не ўпрэшся ― задалёка. Ён усё ж паспрабаваў рубануць вышэй за апошнюю прыступку, і э-э-й! ― зляцеў у ніз.
Воўч яшчэ і яшчэ спрабаваў вызваліцца з пасткі, вырубваючы больш глыбокія прыступкі, але выльготная крэйда была занадта слізкая.
Наверсе скуголіў Шэры. Неба ў дзюры наверсе паступова пацямнела, і стала відаць зоркі. Воўч прысеў, думаючы што рабіць, не заўважыў, як ссунўся на дно ямы і задрамаў. Ізноў ягонаму унутранаму зроку адкрывалася невядомае і дзіўнае. Бачыў Воўч, як прыходзілі людзі, апранутыя толькі ў наміткі са шкур дзікіх звяроў, даставалі матыкі і пачыналі ўкопвацца ў белую глебу, адкідваць яе ў бок. Калі паглыбіліся, то прывязвалі да вяроўкі скураны мех, кідалі яго ў ніз і выцягвалі ў ім крэйду. А вось чалавек намацаў штосьці больш цяжкае. Гэта быў вялізны камень. Потым дасталі яшчэ пару. Чалавек радасна усміхнуўся:
– Гегі! Добрыя гегі!
– Крамень, ― зразумеў Воўч.
Карціны ў ягонай галаве сталі змяняцца ўсё хутчэй. Нехта спрытнымі слізгальнымі ўдарамі абрабляе буйны кавалак крэмяню. Другі гэтак жа спрытна шліфуе клінападобную нарыхтоўку. Трэці на даволі складаным прыстасаванні свідруе дзірку…
– Крэйдавыя шахты на Росі, ― ўзнік у ягонай галаве выраз…
Калі юнакоў спахапіліся, было ўжо цёмна. Спрабавалі выгукаць. Безпаспяхова. Роздум, Востравух і Чмель зразумелі, што здарылася бяда, тут жа пабралі зброю ды галавешкі з вогнішча і падаліся па следу. Але галавешкі хутка пагаслі, і ў цемры яны згубілі след. На дапамогу сталі збірацца астатнія дрыгавічы і шмат хто з яцвягаў.
– Трэба праверыць крэйдавае ямнішча, ― прапанаваў Скрыба, ― толькі асцярожней, мацайце зямлю кіямі ― ямы тут глыбокія.
Шукалі доўга. Як адышлі ад лагера далей, то сцішыліся, бо нельга было адкідваць верагоднасць з’яўлення ў наваколлі ліхіх людзей.
…Іх выратавала ваўчанё. Востравух нездарма насіў такое імя. Ягоныя вухі вылавілі сярод розных начных гукаў ледзь чутнае скуголенне.
Каб дастаць з ямы юнакоў, звалілі у недалекім лесе хвою, і адсеклі галіны так, каб заставаліся доўгія сукі. Атрымаліся някепскія ўсходы, па якім і паднялі Воўча і Ежку.
Не ведалі ні яцвягі, ні дрыгавічы, што менавіта такімі ўсходамі і карысталіся шахцёры каменнага веку, што здабывалі крамянёвыя нуклеусы ў наваколлі Росі.
Калі вярнуліся ў лагер, то ўбачылі, што ў руцэ Ежка трымае крэмянёвую сякеру. Праўда, на добра апрацаваным камяні не было ні ручкі, ні дзіркі для яе. Толькі праз час юнак змог разчапіць пальцы і выпусціць крамень…
Каля начнога вогнішча сядзелі старцы з бліжэйшых яцвяскіх паселішчаў. Яны спусціліся на чоўнах з недалёкай адсюль Валкавыі, дачуўшыся пра вадроўцаў. Часам прыкладваліся да конаўкі і мірна размаўлялі з Коматам.
– Як жа вы жывеце без куніга? ― дапытваўся Комат, ― вы ж добра разумееце, што самі не адолееце ворага, калі той прыйдзе з вялікай сілай.
– Мы схаваемся ў лясных нетрах, нас не знойдзеш.
– Многія так разважалі, ― сказаў Комат, ― схавацца можа адзін чалавек, але каб племя…
– Ды быў у нас куніг, трасца на яго. Прагна-алі.
– Што, дрэнны быў?
– Так, дрэнны. Піў медавуху ды гуляў па бабах, аніякага толку.
Памаўчалі. Зоркі зазіхацелі ярчэй. Узыйшоў месяц. Недалёка на паўднёвым ўсходзе завыў воўк. За ім другі, трэці. Ваўкавыя апраўдвала сваю назву. Адзін са старцаў нетаропка зацягнуў старадаўнюю песню:
Вы-ы-ылі во-о-оўкі,
Во-о-оўкі вы-ы-ылі,
Ад звярынае нуды.
Енкі жудасныя плылі,
Не схавацца нікуды.
Вы-ы-ылі во-о-оўкі,
Во-о-оўкі вы-ы-ылі,
Не ўва сне, а сапраўды.
Воўкі побач з намі жылі,
Так у нас было заўжды.
Вы-ы-ылі во-о-оўкі,
Во-о-оўкі вы-ы-ылі,
Пысы ў гору, стыгне кроў.
Колькі б іх мы ні забілі,
Выюць ваўчугі ізноў.
Вы-ы-ылі во-о-оўкі,
Во-о-оўкі вы-ы-ылі,
У спякоту й халады,
Каб пра іх мы памяталі ―
І стары, і малады.
Вы-ы-ылі во-о-оўкі,
Во-о-оўкі вы-ы-ылі,
Скаліліся ў маладзік
У роспачы звяры замерлі,
І алень, і лось, і дзік.
Ваўчыны вой узмацніўся, адчувалася, што вые ўся зграя. І раптам абарваўся. Цяпер звінелі толькі камары.
– Я прапаную ўзяць вас пад сваю руку, ― прамовіў Комат, ― разам з нараўскімі яцвягамі гэта будзе сіла.
– Мы падумаем, куніг. Пасля збору ураджаю паклічам усіх мужоў і вырашым. А ты прыязджай на дажынкі.
На тым і згадзіліся.
Калі дашлі да Нятупы, якая ўлівала ў раку струмень, мала меньшы за асноўнае рэчышча, гнаць плыты па Росі стала немагчыма. Адсюль атрад падзяліўся напалам. Коней павялі звярынымі сцежкамі, ладдзі і чоўны па-ранейшаму прасоўвалі вадой. Узняўся вецер. Лес і чарот шумелі, хістаючыся вершалінамі. Хутка тыя, што ішлі па вадзе, страцілі з выгляду конных. Гоману ў атрадзе стала меней. Не ўсе вершнікі пайшлі берагам, многія засталіся каля ладдзей, і цяпер трывожыліся за сваіх коней. Воўч з Ежкам згубілі рахунак дням. Ведзьмядзі цяпер здаваліся такімі далёкімі. Калі то яны вернуцца?
А Рось рабілася ўсё вужэйшай. Часам плынь зусім хавалася сярод чароту, потым з’яўлялася зноў, месцамі ўтвараючы невялічкія, амаль круглыя азярцы.








