Текст книги "Воўч. Скрозь смугу няўмольнага часу"
Автор книги: Леанід Сіліч
Жанры:
Историческая проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 24 страниц)
Глава 29.
Вяртанне Дрэвілы. Нежаданая постаць
Дрэвіла ― бывалы вой і адзін з найлепшых выведнікаў Волада, нягледзячы на адчайнае становішча, у якім ён апынуўся, застаўшыся без загінуўшага Ветыша ― вернага і надзейнага свайго напарніка, ды яшчэ так далёка ад сваіх, захаваў цвярозы розум і вытрымку. Лівень дапамог яму адарвацца ад яцвяскіх пераследнікаў. Цяпер трэба як мага хутчэй папярэдзіць Волада і супляменнікаў аб хуткім нападзе яцвягаў. Але зрабіць гэта няпроста, цяжка нават выжыць аднаму ў лесе, калі нельга звярнуцца да людзей, нават наблізіцца да паселішча, бо вакол на безліч палётаў стралы распасціраліся валоданні яцвягаў. На рацэ яму паказвацца небяспечна. Рака – гэта шлях, месца рыбнага лову і палявання, дзе магчымы нечаканыя сустрэчы. Да таго ж дзікі лес сам па сабе небяспечны для самотнага чалавека, асабліва ноччу, калі выходзяць на паляванне драпежныя звяры ды ўсялякія пачвары і нячысцікі. Большасць людзей наогул баялася ноччу выходзіць з хат, а тым болей за ваколіцу, але для Дрэвілы цяпер менавіта ноч была асноўным часам дзеяння. Днём ён адсыпаўся дзе-небудзь у гушчары, а ноччу з засцярогай прасоўваўся па звярыных сцежках, старанна прыслухоўваючыся да наваколля і вызначаючы напрамак па зорках, ці па ствалах старых дрэў, калі зоркі захіналіся аблокамі.
Як толькі Дрэвіла зразумеў, што за ім няма пагоні, то адразу павярнуў на паўночны ўсход, каб патрапіць паміж балоцістых вытокаў Роси і Зэльвы, што падзяляліся высокімі лясістымі пагоркамі, сярод якіх зрэдку сустракаліся пясчаныя пустэчы. Ён некалькі разоў упіраўся ў балоты, але ўсёткі намацаў водападзел. Тут было меньш верагоднасці сустрэцца з людзьмі, бо паселішчы заўсёды месцаваліся каля рэк, і ён рызыкнуў ісці і днём. Дзікі, некрануты чалавекам лес шумеў ад парываў ветра вершалінамі шматвяковых дрэў бясконцымі хвалямі. Дрэвіле прыходзілася напружваць слых, каб не прапусціць гук, які можа зыходзіць ад чалавека або небяспечнага звера. У такую пару ён ведаў, што кантралюе абставіны на зусім невялікім абшары і ступаў з яшчэ большай засцярогай, углядаючыся ў нетры. Даволі часта ён натыкаўся на лясныя завалы. Вялікія састарэлыя дрэвы не вытрымаўшы напору буры ўпалі, сваімі стваламі зламаўшы, нібыта трысціны, падрост. Бяда таму зверу ці чалавеку, які апынецца тут ў такую буру. Гэтыя завалы былі непраходныя, і Дрэвіле прыходзілася часам рабіць даволі вялікі абыход. Бывала і так, што яму шанцавала, і ен выходзіў на звярыную сцежку, што вяла ў патрэбным кірунку. Тады ен крочыў хутчэй. Але гэта здаралася рэдка, бо сцежкі ў асноўным вялі да вадапою, поперак ягонаму шляху. Калі скончылася ежа, Дрэвіла на адной з такіх сцежак зрабіў засаду. Ён ведаў, у якую пору дня звяры ідуць да вады, таму чакаць доўга не прыйшлося. Статак казуль рухаўся хутка, амаль бязгучна. Дрэвіла, як заўседы, залюбаваўся на іх бег, калі здаецца, што грацыёзныя жывелы ляцяць у паветры, толькі на імгненне дакранаючыся да зямлі капытцамі. Ён прапусціў важака ― казла з вялікімі рогамі, яшчэ некалькі дарослых самак і стрэліў у сегалетка. Страла ўвайшла каля самага сэрца, і казляня ўпала, коратка і роспачна правярашчаўы. Статак імгненна знік, растварыўшыся сярод дрэў.
– “Якая прыкрасць”, ― падумаў Дрэвіла, ― “не здолеў зваліць бязгучна”.
Ён доўга прыслухоўваўся да наваколля, прысеўшы над забітым казлянём, але не пачуў ніводнага падазронага гуку. Тады закінуў здабычу на плечы і, збочыўшы са сцежкі, нейкі час рухаўся у патрэбным яму кірунку. Прайшоўшы добры кавалак лесу, ён спыніўся ў бліжэйшым гушчары, разабраў тушку, папіў з далоняў свежай крыві, выкінуў вантробы, мяса загарнуў у лісце папараці і апусціў у заплечны мех. Калі звечарэла, зашыўся ў зарослую хмызняком яміну і рызыкнуў развесці невялічкае вогнішча з сухіх трэсак, якіх надраў з пераломленага колішней бурай ствала яліны. Засмажыўшы мяса і трыху пад’еўшы, Дрэвіла адразу сышоў, закідаўшы зямлёй рэшту вогнішча. Калі ён падаляўся, у аветры яшчэ стаяў пах смажаніны. Ізноў спыніўся і старанна прыслухаўся да начных гукаў. Хутка ад таго месца, дзе было вогнішча, данеслася сцішанае бурчэнне і скавытанне.
– “Барсукі,” ― з палёгкай зразумеў Дрэвіла, ― “ну і няхай сабе, абы не чалавек.”
Захацелася піць. Ён намацаў невялічкі скураны мех на поясе, вада ў ім скончылася. Цяпер трэба шукаць крыніцу або ручай. На водападзеле мала верагоднасці набрысці на яго. Прыйдзецца спускацца ніжэй. Дрэвіла ведаў, што дзесці недалёка па правую руку павінен працякаць раўчук, з якога пачынаецца Зэльва. Потым яна паверне на паўднёвы ўсход і далека адыдзе ад кірунка ягонага шляху, і толькі праз час паверне на поўнач, да Нёмана, ператварыўшыся ў прыгожую лясную раку, праз якую яму прыйдзецца перапраўляцца.
…Аброслая доўгімі валасамі постаць, толькі падалена нагадваючая чалавека, нерухома сядзела пад вялікай ліпай, якая нізка апусціла галіны ніжняга яруса сваёй пышнай кароны. Калісці гэта і быў чалавек, але цяпер яго так ніхто не назваў бы, бо чалавекам па сапраўднаму можна быць толькі сярод людзей. А гэтае стварэнне ўжо надта доўга не жыло з людзьмі. Бясконца хістаючыся па лясным нетрам сярод дзікіх звяроў, яно само паступова ператваралася ў звера, пераймаючы ў жывёл звычкі і спосабы пражытка. Рана ці позна яму наканавана загінуць ад драпежніка ці ад хваробы, але час ягоны яшчэ не прыйшоў. Само сабе надакучыўшы ў адзіноце, яно, тым не меней, ніколі не набліжалася да людзей, бо людзі для яго з’яўляліся смяротнай небяспекай.
Гэта быў ізгой.
Калісьці ён здзейсніў учынак, які нельга прабачыць сярод людзей, і яго выгналі з свайго роду. Ніякі другі род не меў права ўзяць яго да сябе. І усялякі мог яго забіць, калі б ён наблізіўся да чалавечага жытла. Першапачатковы адчай з часам ператварыўся ў абыякавасць, і большасць часу ён сядзеў або ляжаў, бяздумна гледзячы перад сабой. І толькі небяспека ці голад маглі прымусіць яго да актыўных дзеянняў.
Раптоўнае і кароткае верашчанне ўзняло ізгоя на ногі. Ён добра ведаў, што само па сабе казляня ніколі так не будзе верашчаць, а толькі калі апынецца чыёй-небудзь здабычай
– “Ваўкі? Рысь? Мядзведзь?” ― вочы ягоныя дзіка загарэліся, ― “ці чалаве-е-ек?!”
Ён упаў на жывот і прыціснуўся да зямлі, прыслухоўваючыся. Так ляжаў даволі доўга, сціснуўшы ў руцэ адзіную сваю зброю ― булаву, зробленую з камля маладога дубка, ― аж пакуль раптоўны страх паволі не пакінуў яго. Тады ён падняўся і з засцярогай папхнуўся ў напрамку нядаўняга верашчання. Калі ён убачыў сляды, то ў адзін момант зразумеў, што тут здарылася.
– А такі чалаве-е-ек! ― ізгой прысеў і пачаў углядацца ўва ўсе бакі. Нікога не было відаць і нічога не чутна. Ён больш уважліва вывучыў сляды, абыйшоў вакол, пільна ўглядаючыся ў зямлю, потым пашырыў кола пошуку.
– “Ён адзін!” ― разуменне гэтага прынесла нейкую палёгку і дазволіла паўстаць у галаве нечаканым думкам, якія адначасова палохалі і абнадзейвалі, а потым і апанавалі яго.
– Я даўно ўжо страціў крэсіва, не ўмею зрабіць добрага лука, корд у мяне зламаны, засталася толькі частка ляза, а гэты чалавек адзі-і-н! ― напаўголаса прамаўляў ізгой свае думкі.
Ён сеў пад старою хваіной і абапёрся аб тоўсты ствол.
– А можа ён такі ж, як я, ― зрынуты з чалавечага роду? ― шаптаў ледзь чутна, ― тады можна дамовіцца аб сумесным жыцці. Удвох лягчэй пражыць.
У нецярпенні падхапіўся на ногі, каб бегчы па следу.
– А як не? Калі ён не зрынуты? Ён можа мяне забіць, ― спыніўся ў нерашучасці, ― ды невядома, хто з нас мацнейшы. Да таго ж, я пра яго ведаю, а ён пра мяне нават не падазрае.
Ён кінуўся па следзе і зноў спыніўся.
– Але ж у яго добрая зброя, і стралок ён, мабыць, неблагі ― казлянё зваліў адною стралой.
Доўга яшчэ ізгой спрачаўся сам з сабою, а ногі мімаволі неслі яго па следзе…
Дрэвіла прыпаў да чыстай і халоднай бруі ручая, доўга піў. Потым напоўніў вадою свой невялічкі скураны мех.
– “А гэта сапраўды павінна быць Зэльва, або яе прыток.” ― думаў ён, выціраючы рукавом вусны, ― “Э-эх! Пайсці б па гэтаму раўчуку, хутка ён стане шырокім, зрабіць бы плыт ці раздабыць човен, ― любата!”
Нельга.
І Дрэвіла пачаў паднімацца па досыць стромкаму схілу наверх, у лес, каб ізноў выйсці на водападзел.
Ізгой узрадаваўся, калі знайшоў вантробы, хуценька аддзяліў часткі, якія можна з’есці сырымі і задаволена падсілкаваўся, закусіўшы сыраегамі, што ў мностве раслі проста пад нагамі. Потым пацёпкаўся далей, імкнучыся не згубіць след, і праз нейкі час пачуў наперадзе нейкую валтузню. Павольна, крок за крокам ён набліжаўся на гэтыя гукі, а калі ўбачыў, што гэта барсукі, то кінуўся да іх з надзеяй паспець адабраць што-небудзь, чым можна пажывіцца. З бурчэннем, без усялякага жадання саступілі звяры сваю знаходку, выносячы з сабой тое, што змаглі ўхапіць зубамі. Калі ён выявіў месца, дзе было вогнішча, то кінуўся разграбаць зямлю ў надзее знайсці хоць невялічкі вугольчык, але тут яго чакала расчараванне ― усе вугольчыкі і галавешкі былі патухлыя. Затое яму дасталіся добрыя косткі, на якіх яшчэ заставалася трохі смажанага мяса.
Пасля гэтага ён ужо не мог адмовіцца ад пераследу таго, хто пакідае такія падарункі. А натура ягоная прагнула большага ― усяго.
Глава 30.
Напад на памаран. Гвалт і рабаванне
Комат стаяў на носе ладдзі, якая разам з усёй яцвяскай флатыліяй сплаўлялася па шырокай і паўнаводнай Вістуле, і думаў думу.
–”Ці мэтазгодна цяпер ісці да вусця Вістулы? Мы не ведаем, якія сілы варангаў сёння знаходзяцца ў гарадзене Труса. Да таго месца, дзе Ногат ―, адыходзіць ад Вістулы ўправа, засталося некалькі дзён ходу. А там да Труса рукой падаць. Калі варангі прывядуць з сабой тузін дракараў, ды яшчэ дапаможнае войска з тых берагавых плямёнаў, што з імі ў звязе, то бітвы не пазбегнуць. Моладзь, ― а гэта пераважная большасць ягонага войска, ― з радасцю пойдуць на такую бітву, бо ў ёй хутка можна здабыць славу і ваенныя трафеі.”
Але куніг добра ведаў, што гэтак жа хутка можна і згубіць жыццё.
–”Не! Мы не гатовыя да такой сустрэчы ні колькасцю, ні падрыхтоўкай. Ды й мэты ў нас другія. Можа, не ісці ніжэй па Вістуле, а ўдарыць па левым берагу ў стык куяваў і памаран? А ці не трапіць тады яго войска ў клешчы ― паміж дзвух гэтых звязаў плямён? Дый зноў жа, што рабіць з ладдзямі і чоўнамі? Плыты то можна хутка звязаць новыя, а судны не хацелася б губляць. Схаваць дзе небудзь у балоцістай старыцы, якіх шмат сустракаецца каля ракі? Гэта можна было б. Ды вось няўдача, калі яны мінуць месца, дзе Ногат адыходзіць ад Вістулы, то трэба мець на ўвазе, што ззаду у любы момант могуць з’явіцца дракары і адрэзаць іх ад схаванага флота…”
Доўга яшчэ разважаў пра сябе Комат. Ваенны савет ён не стаў збіраць. Трэба вырашыць усё самому ― на правах галоўнага ваяводы, бо прадбачыў разлад у думках сваіх паплечнікаў. Нечакана ў галаве склаўся план, які адразу ж здаўся яму правільным. І чым болей ён яго прадумваў, тым больш ён яму падабаўся.
– “Навошта адмаўляцца ад першапачатковай задумкі?! Трэба ісці па Вістуле да самага мора! Варангі не паспеюць перакрыць нам шлях каля Ногата. Яны там апынуцца пазней і будуць чакаць, каб перахапіць яцвяскае войска на адыходзе, калі яно будзе абцяжаранае здабычай. А мы не будзем вяртацца па Вістуле, а пойдзем на ўсход па моры, потым волакам перасунемся праз Доўгую Пясчаную Касу, пераплывём марскі заліў на поўнач ад Труса і дабярэмся да Варміі, ― да земляў прусаў, якія не сябруюць з варангамі.”
Так куніг Комат і вырашыў.
Калі яны дасягнулі Ногата, там нікога не было. Леваруч ужо даўно распасціраліся землі памаран. Да ўзбярэжжа было зусім блізка. Вывелі на левы бераг коней, і вершнікі пад камандай Вінсе адразу адправіліся на захад, ахопліваючы вялікую тэрыторыю, на якой памаране апынуліся паміж конным войскам і тымі, што працягвалі перасоўвацца па Вістуле.
Віхура з коннымі дрыгавічамі далучыліся да Вінсе, у каго коней не было, засталіся з Коматам.
І коннае, і рачное войскі да пары ўтойвалі свае намеры, але доўга ім гэта рабіць не ўдалося. Каля першага ж паселішча яцвягі сутыкнуліся з атрадам памораў, які быў выстаўлены ў якасьці заслона пры ўваходзе ў даліну невялікай рэчкі, што ішла у адным напрамку з Вістулай, паступова збліжаючыся з ёй. Вінсе, маючы вялікую перавагу ў колькасці, даў загад сходу атакаваць, і паморскі заслон у імгненне быў разбіты і разсеяны па наваколлі. Людзі з паселішча паспелі ўцячы, але былі перахопленыя ў блізкім гушчары.
Да памораў прыйшла бяда.
Гвалт і рабаванне апанавала прывісленскія землі. Яцвягі, а разам з імі і дрыгавічы, па-драпежніцку нападалі на паселішчы, забіраючы ўсю больш-меньш каштоўную рухомасць. Большасць насельніцтва паспявала сысці і схавацца ў лясах ці балотах. Многіх адшуквалі па свежых слядах. Людзей і дамашняе быдла гналі ў палон. Знаходзілі і схаванае зерне. Пры малейшай спробе аказаць супраціў, мужоў забівалі, нават дзядоў і падлеткаў. Жанчыны часцей пакорліва падпарадкоўваліся, спадзяючыся такім чынам выратаваць малых дзяцей, якіх прыцісквалі сябе, выючы разам з імі ад страху. Маладухі куталіся ў рвань і вымазвалі сябе твары, часам прыкідваючыся бязглуздымі, баючыся згвалтавання, і не без падстаў, бо разгарачаныя заваёўнікі, даўно адарваныя ад жанчын, так і шукалі позіркамі ахвяр. І толькі загад Комата, які забараняў пад страхам пакарання смерцю такія дзеянні ў час набегу, стрымлівалі гэтыя дамаганні і празмерны імпэт.
Гора таму, хто не змог са зброяй у руках абараніць сваё племя, свой род, сваю сям’ю, або, калі няма дастатковых сілаў абараняцца, ўцячы куды-небудзь у глухмень, схавацца там, і сядзець ціхенька, чакаць, пакуль сыдуць ворагі. Як на любой вайне, некаторыя з захопнікаў, застаючыся сам-насам з ахвяраю, не лічылі сябе абавязанымі прытрымлівацца нейкіх агульнапрынятых нормаў паводзін. Тады сапраўдная натура праяўлялася ў іх, у каго звярыная, у каго чалавечая. І гора той ахвяры, якой ў такіх абставінах сустрэнецца звер у чалавечым абліччы, бо не абыйдзецца без здзекаў і безсэнсоўнай крыві.
Не ўсім ваярам падабалася тое, што яны бачылі і ў чым удзельнчалі, але яны прылюдна не выдавалі сваіх пачуццяў, бо не жадалі быць залічанымі ў баязліўцы і ненадзейныя мужы. І толькі калі ніхто не бачыў, маглі нішкам адпусціць палоннага падлетка, або жанчыну з немаўлятам.
Здабычу звозілі і зганялі да Вістулы, загружалі на ладдзі і плыты. Комат прымушаў хутчэй прасоўвацца па рацэ, каб не адрывацца ад сухапутнай часткі войска.
Першы дзень здабыча была багатая ― адбівалася раптоўнасць. На другі дзень палону ўзялі меней, таксама меней было здабыта дабра. Вінсэ перадаў Комату, што амаль не сустракаеца ўзброенных памораў.
– Та-а-ак! Збіраюць сілы ў кулак, ― адзначыў Комат, ― але яшчэ нейкі час у нас ёсць.
На трэці дзень зранку адбыліся першыя сутычкі з арганізаваным войскам, у час якой загінулі пяцёра яцвягаў. Паморы знянацку нападалі ў спадручным для іх месцы і тут жа знікалі. Вінсе ўзбуйніў атрады і патрабаваў ад ваявод дзейнічаць больш абачліва. Ён, як і Комат, разумеў, што сабраць больш-меньш значныя сілы паморы яшчэ не маглі паспець. Але гэта было справай часу, бо, канечне ж, ганцы іхнія імчаліся ўва все бакі.
Яшчэ праз дзень выведнікі натыкнуліся ў лесе на буйны конны атрад памораў і са стратамі павярнулі назад. Іх ніхто не пераследваў. Паспрабавалі падыйсці з другога боку, з трэцяга, ― і зразумелі, што паморы заселі на ўзгорку, на надта добрай пазіцыі, замаскіраванай маладым лясным падростам. Стала зразумела ― быць бітве.
Комат сабраў правадыроў плямён, каб кожнаму паставіць задачу згодна з тым планам, што трымаў ужо ў галаве. Усе ваяводы сабраліся на ладдзі куніга, і з цікавасцю чакалі, што скажа галоўны ваявода.
– Траціна ваяроў з кожнага племені павінна застацца каля ракі, ― пачаў даваць каманды куніг, ― каб затуляць рачны абоз са здабычай. Паморы не нападаюць, і на гэта могуць быць два чынніка ― малая пакуль што іхняя колькасць, альбо яны хочуць адцягнуць нашае войска ад ракі і вызваліць тое, што мы ў іх забралі.
Потым куніг падышоў да Вінсе і паклаў яму руку на плячо:
– Браце Вінсе! Ты малады і спрытны. Возьмеш конных вояў, ― усіх сваіх пакемцаў, таксама дрыгавічоў, ды яшчэ з другіх плямён, ― усіх павінна быць дзесяць саракоў, ― і пойдзеш у абыход. Імкніся рухацца ўтойліва. На здабычу не кідайся, паселішч не рабуй. Але калі на сваім шляху сустрэнеш паморсакае войска ― яно тваё, і прыйсці на дапамогу тутэйшым не павінна. Калі зможаш, ― ліквідуй яго, не зможаш ― заманьвай у бок. Як здолееш прайсці гэты шлях без вялікіх сутычак, то ўдарыш па тутэйшым паморам з поўначы, адкуль яны чакаць не будуць. Зразумеў?
Але Вінсе не ўзрадаваўся загаду. Ён вызваліўся з пад рукі Комата і адказаў:
– Куніг! Ты хочаш пазбавіць маіх пакемцаў славы! Пакуль мы будзем бадзяцца па незнаемых лясах і лагчынах, вы пераможаце памораў, а потым ты скажаш: ― Навошта пакемцам здабыча, калі яны не ўдзельнічалі ў бітве!
Вінсе паглядзеў на другіх вожаў, шукаючы падтрымку, але не знаходзіў яе.
Комат ізноў паклаў сваю цяжкую руку на магутнае плячо маладога правадыра пакемцаў, моцна сціснуўшы пяцярню, сурова паглядзеў яму проста ў вочы:
– Сынок! Хіба ты не выбіраў мяне ваяводай?
– Выбіраў, але…
– Ад твайго манёўра, можа так апынуцца, будзе залежыць зыход бітвы.
– Так, ды…
– Што датычыць здабычы, то дзяліць яе будзем тады, калі жывыя-здаровыя вернемся і ступім на першую з нашых зямель!
Комат павярнуўся да астатніх вожаў:
– Гэта ўсім зразумела?!
– Так, Комат!
– Правільна!
– Гэта справядліва!
Комат падняў уверх руку:
– І дзяліць будзем не толькі сярод жывых. Долю загінуўшых аддамо іхнім родзічам!
– Комат справядлівы!
– Слава Комату!
– Слава ўсім яцвягам!
– Мы адзінае войска! Слава!
Вінсе адчуў, што няправы. Ён пакланіўся усім прысутным, і асобна Комату:
– Прабачце, мужы. Я зраблю, як ты загадаў, ваявода.
– Мы ўсе на цябе разлічваем, Вінсе, ― міралюбна адказаў Комат.
Потым ён размеркаваў ролі астатніх. Скумо з крысменцамі пойдзе на бітву на правым крыле, Вадо са злінцамі ― на левым, а Трайга з дайновамі, судзінамі і большасцю яцвягаў Комата атакуе па цэнтры. Сам Комат з невялікім атрадам будзе дзейнічаць ў залежнасці ад абставін.
Рэшту дня гатаваліся да бітвы.
Глава 31.
Уцёкі да Дзікага Балота
Быў пахмурны і прахалодны ранак, і здавалася, што вось-вось пойдзе дождж, але ён усё не пачынаўся, калі не лічыць дажджом драбнюткія кропелькі, што асядалі на адзенне са смугі, шчыльна ахінуўшай навакольныя краявіды. Дрыгавіцкія “гандляры”, а з імі Воўч і Ежка адпраўляліся ўверх па Нараву, дахаты, намерваючыся паўторыць нядаўнюю вандроўку ў адваротным кірунку.
Дзядзька Коматкі пасадзейнічаў, каб падарожнікі былі добра забяспечаныя харчам. Зброі хапала сваёй. Ладдзю ледзь прадалі, прыйшлося моцна зменшыць кошт. Наўзамен купілі два чоўны.
Невялічкі натоўп з коматкавай радні выпраўляў адплываючых. Коматка быў сумны ад расстання з пабрацімамі, але часам непрыкметна загадкава усміхаўся Воўчу і Ежцы. Воўч, апрануты ў падораны даспех з ваўчынай шкуры, папляскаў Коматку па плячы, пакланіўся дарослым яцвягам і, узяўшы на рукі Шэрага, ступіў у човен, дзе ўжо сядзеў Роздум, які адразу адпіхнуўся вяслом ад берага. На другім чоўне плылі Востравух, Чмель і Ежка. Нейкі час Воўч трымаў Шэрага на руках, але трэба было дапамагаць веславаць Роздуму, таму ён паспрабаваў уладкаваць ваўчанё на дне, каля сваіх ног. Апынуўшыся ў нізе, дзе за бортамі нічога не відаць, Шэры ўзбунтаваўся, увесь час высоўваўся і наравіў абаперціся лапамі аб борт, чым надта дакучаў Воўчу, не даючы веславаць, як след. Як юнак ні угаворваў, але так і не змог прымусіць яго знаходзіцца там. Тады, па прапанове Роздума, наламалі чароту і на мяху, які ляжаў на самым носе чоўна ледзь не ўровень з бортамі, зрабілі насціл. Калі пасадзілі туды Шэрага, ён адразу супакоіўся, задаволены, бо нават у ляжачым становішчы добра бачыў, што робіца вакол.
Увесь час маўчалі, напружана працавалі вёсламі. Калі даволі многа адмахалі ад Рудавы, наперадзе здаўся Ашчэп ― невялічкі паляўнічы прытулак у выглядзе прыземістага будана, зробленага з тоўстых жэрдак і трыснягу. Прысталі і сядзелі ціха, прыслухоўваючыся да навакольных гукаў, якіх шмат даносілася з бліжэйшага лесу і больш дальняга балота. Калі запэўніліся, што сярод іх няма гукаў, створаных чалавекам, Роздум некалькі разоў па-птушынаму свіснуў. Праз нейкі час Шэры насцярожыўся. З нешырокага ручая, што ўпадаў у Нараў трыху вышэй па плыні, данесліся ціхія выплескі і, праз нейкі час адтуль выйшаў човен. Правіў чоўнам Ятэль, і быў ён не адзін. На дне, на бярэмі сена ляжала Баюта, клапатліва накрытая шкурай аленя. Жывая. А быццам і нежывая. Твар збялелы і нерухомы. Вочы адкрытыя, часам яна марудна пераводзіла іх з аднаго чалавека на другога, не пазнаючы. Дзяўчыну вынеслі на бераг. Роздум развёў вогнішча, паклікаў Воўча і доўга вядзьмарыў каля агню, часам штосці шэптам тлумачачы. Яны раз-пораз адыходзілі ў лес, прыносілі нейкія травы, кідалі іх адны ў вогнішча, другія ў гаршчок, што прымацавалі над агнём. Роздум увесь час нашэптваў, Воўч прыслухоўваўся, імкнуўся зразумець і запомніць, і калі вядзьмар паўтараў заклён, далучаў і свой голас. Але нічога не дапамагала.
Ятэль надта хваляваўся за сястру, часам употай выціраў рукавом слязу. Няўжо ўсе іхнія потугі пойдуць прахам, і Баюта памрэ? Гэтае пытанне хвалявала і астатніх, таму было нявесела. Нават сонца, якое прабілася скрозь смугу, не падняло настрою вандроўнікам. Так моўчкі яны і граблі рэшту дня.
Лясныя насельнікі не падзялялі іхняга смутку. Безліч птушак лётала, плавала, нырала, крычала, шчабятала і свістала. Часам чулася бульканне бугая. Чаротаўкі сустракаліся на кожным кроку, без стомы пырхаючы са сцябла на сцябло. Царом па птушыных галасах быў журавель. Асцярожны, ён амаль не паказваўся людзям, але раптоўнае блізкае курлыканне біла па вухах, аддаючы эхам ад лясных купін, што месціліся на далёкіх узвышшах.
Лёгкія чоўны рухаліся досыць хутка, нягледзячы на тое, што пхнуліся супраць плыні. Гэтым днём разлічвалі як мага хутчэй прасунуцца скрозь край Дзікага Балота, дайсці да Мядзянвы і павярнуць па ёй на поўнач. Наступнымі днямі пройдуць да вытока, дзе іх чакае цяжкі волак. Потым Рось. І як яшчэ далёка да Нёмана! А тым болей да Маўчады.
Шэры раптам схамянуўся і ледзь чутна заскуголіў, паводзячы носам. З-за зваротка насустрач няспешна выйшаў човен. На ім сядзеў і драмаў стары яцвяг, у якім Ятэль адразу пазнаў паляўнічага Мінтеля. Ён жыў адзінцом, падоўгу знікаючы ў балотах або ў лесе. Стары расплюшчыў вочы і адразу пачаў мацаць рукамі, шукаючы лук, але ўбачыўшы Ятэля, супакоіўся.
– Ну-у, дзеду! Цябе супастат ужо пяць разоў мог бы падстрэліць, ― сказаў Чмель, калі чоўны параўняліся.
– Ятэль, што гэта за людзі?― разгублена спытаў Мінтэль, пераводзячы погляд з адного на другога, ― І чаго гэта вас чорт нясе да Дзікага Балота?
– Добры дзень, дзядуля! ― адказаў Ятэль, ― пэўна, вы ўжо даўно не былі дома. Гэта дрыгавічы, госці нашыя. А цяпер мы з імі ў Дайнову едзем, таксама ў госці.
– І як гэта вы ўжо паспелі падружыцца з дрыгавічамі? Але, калі людзі вы добрыя, то добры дзень вам усім.
І, канечне ж, ён убачыў Баюту, якая па-ранейшаму ляжала на дне чоўна.
– А што з дзяўчынай здарылася?
– Прыхварэла, дзядуля, ― адказаў Ятэль, ― але нічога страшнага.
– Хіба гэта Баюта, краса нашая?
– Яна, дзеду, яна.
– А-яй! Не пазнаць, збялела ўся. І навошта вы яе з сабой цягнеце? Паварочвайце чоўны назад. Там вешчуны дапамогуць. Бо наперадзе доўга людзей не сустрэнеце.
– У нас свой лекар ёсць, ― гаворку падтрымліваў толькі Ятэль.
Мінтель даўно не бачыў людзей, яму было ў жадобу пагаманіць. Прыйшлося хлопцу расказваць пра ўсе навіны. Змаўчаў толькі пра ахвярапрынашэнне. Стары паляўнічы паказаў сваю здабычу, а яна была немалая, ― разабраная тушка казулі, старанна накрытая травой, поў-тузіна яшчэ неабшчапаных качак, а на прытарочанай да чоўна тоўстай лазіне выгіналіся пад вадой пара добрых шчупакоў.
Дрыгавічы маўчалі. Настрой быў нядобры, а стаў яшчэ хужэй, нягледзячы на тое, што стары Мітель падарыў ім на абед пару качак. Прайшоў пэўны час, калі ён адплыў у сваім кірунку, а вандроўнікі прадоўжылі шлях.
– Вешчуны не даруюць нам! Для іх выкраданне ахвяры ― гэта вялікая абраза, і пакараннем можа быць толькі смерць! Цяпер яны пашлюць за намі пагоню, ― сказаў пргнечаны нежаданай сустрэчай Ятэль.
Сталі падлічваць, колькі патрабуецца часу, каб моцным грабцам дагнаць іх. Выйшла найбольш дні тры. Калі яны не будуць стаяць на месцы, а Мітель не будзе спяшацца да Рудавы. Але ён будзе спяшацца, бо вязе мяса, якое можа сапсавацца.
Схавацца? Дык яцвягі высачаць па слядах. Зрабіць засаду? Лепей было тады забіць Мінтэля. Нікому з іх не хацелася забіваць старога без віны. Не па-людску. Трэба ўцякаць. Але як уцячы ад хуткіх чоўнаў, калі на іх будзе па па трое ці чацвёра моцных грабцоў? А як дагоняць, то жывымі уцекачам не застацца. Усе пойдуць у ахвяру Яшчару.
Так думаў кожны з іх, адначасова не забываючы грэбці. Вось і вусце Мядзянвы.
– Я прыдумаў! ― знянацку сказаў Роздум, ― Мы не пойдзем па Мядзянве.
– Як гэта? ― запытаў Востравух, ― а куды ж мы пойдзем?
– Слухайце мяне, ― Роздум пачакаў, пакуль чоўны збяруцца разам, ― у Дзікім Балоце мае свой пачатак не толькі Нараў. Адсюль жа выцякае і Ясельда, толькі не на захад, як Нараў, а ў процілеглы бок.
– А як жа мы дахаты патрапім? ― спытаў Чмель задуменна.
– Не ведаю, ― адказаў Роздум, ― але калі пойдзем па Мядзянве, то ніяк не патрапім, бо нас дагоняць.
– А куды ж тады мы патрапім? ― Воўч абводзіў вачамі твары дарослых спадарожнікаў, шукаючы адказу.
– Вакол Дзікага балота уладанні яцвягаў, ― сказаў Ятэль.
– Так, ― пацвердзіў Роздум, ― і па Ясельдзе таксама. Але не па ўсёй. ― ён паказаў рукой на ўсход, ― Дзесці там далёка жывуць дрыгавічы. Бо па Ясельдзе можна трапіць нават у Прыпяць. Не адразу толькі. Мне старыя людзі казалі, што Ясельда уліваецца ў Піну, а ўжо Піна ― у Прыпяць.
– Але да Нёмана ніводная з гэтых рэк не ідзе! ― з адчаем выклікнуў Востравух.
– Не ідзе то не ідзе, ― уступіў у размову Чмель, ― ды якімсці чынам трапляюць жа дрыгавічы ў Панямонне.
– Тут яшчэ адна акалічнасць, ― заклапочана сказаў Роздум, ― калі пагоня не будзе бачыць нашых слядоў на Мядзянве, то рана ці позна яцвягі здагадаюцца, што нас там не было. Трэба неяк хітрэй дзейнічаць.
– Дзядзка Роздум, а якія ж сляды на вадзе? ― здзівіўся Ежка.
Роздум паблажліва паглядзеў на хлопца:
– Дасведчаны следапыт, браток, знойдзе сляды. Тутэйшыя яцвягі добрыя паляўнічыя і рыбакі. І на балотах гэтых яны як дома.
– Трэба падмануць пагоню, ― прапанаваў Ятэль, ― давайце трохі праплывем па Мядзянве, наробім там слядоў, а потым вернемся і пойдзем уверх па Нараву.
Усе згадзіліся, што гэта добрая прапанова. Але на Мядзянву “рабіць сляды” вырашылі ісці толькі аднім чоўнам ― Роздуму з Воўчам.
– Вы ж глядзіце, не перастарайцеся, каб не западозрылі! ― крыкнуў ім услед Чмель.
Астатнія чоўны пайшлі далей уверх па Нараву, і вандроўнікі імкнуліся не пакідаць слядоў на нешырокай ужо ў гэтым месцы раце, якая з берагоў была парослая чаротам і другімі раслінамі, а зверху апускалі свае доўгія галіны прыбярэжныя вербы.
Роздум з Воўчам, а з імі Шэры, даволі доўга плылі ўверх па Мядзянве. Паабапал русла, пакуль бачыла вока, распасціралася балота. І толькі дзе-нідзе сустракаліся невялічкія грудкі з чахлымі дрэвамі. На адным з такіх грудкоў, да якога шчыльна падыходзіла рэчышча, яны зрабілі прывал. Трыху пад’елі, адпачылі. Потым ізноў прайшлі нейкі час у тым жа кірунку. Роздум заламаў галіну вярбы, якая схілялася да самай вады і абмінуць яе было нельга, пасля чаго яны на адным з шматлікіх пашырэнняў плыні развярнулі човен у адваротны бок.
Сонца прайшло чвэрць дзённага шляху, пакуль вандроўнікі зноў сабраліся разам. Рэчышча Нарава рабілася ўсё танчэйшае, пакуль не згубілася зусім. Адкрытая вада ў выглядзе невялічкіх азярцоў, а і тыя былі амаль цалкам зацягнутыя раскай, чарадавалася з месцамі, зарослымі трыснягом, чаротам і ідругімі разнастайнымі травамі. Гэта былі самыя глухія нетры Дзікага Балота. Людзі, нават яцвягі, амаль не бывалі тут, бо лічылі гэтыя месцы прапашчымі. Не адзін чалавек, апынуўшыся ў балоце па надзвычайнай патрэбе або ад празмернай удаласці, знайшоў тут апошні прытулак. Толькі раз у, можа, гадоў пяць, адчайныя маладыя яцвягі, каб паказаць сваю адвагу, некалькімі чоўнамі праходзілі па балоту з Нарава ў Ясельду. І рэдка калі не гублялі аднаго ці дзвух сваіх сяброў.
Сонца тым часам хілілася да нізу, і надыйшла пара выбіраць месца пад начлег. Але вакол віднелася толькі багна ды балотная трава. І ніводнага грудочка. Месцамі на паверхні балота сярод раскі сустракаліся нейкія палосы адкрытай вады, быццам нядаўна тут праплыў човен, але слядоў ад вёслаў не было відаць. Гэтыя палосы ішлі ў розныя бакі, часам мянялі напрамак, часам канчаліся раптам або гэтак жа раптам з’яўляліся. Вандроўнікі азіраліся ў трывозе, адчуваючы нядобрае. Шэры шчаміўся пад ногі Воўчу. І тым не меней раптоўны моцны выплеск заспеў іх знянацку, прымусіўшы ўсіх здрыгануцца. Выплеск здарыўся зусім блізка, яны нават убачылі пырскі зялёнай вады праз напаўпразрыстую заслону з балотных раслін.
Яшчар!
Шэры ціха скавытаў пад нагамі ў Воўча, людзі сядзелі, баючыся паварушыцца.
Недзе далёка пачуўся яшчэ выплеск.
Яшчары!
Яны трапілі ў самае логава. І колькі ж іх тут бадзяецца, галодных і ненажэрных?
Першым апамятаўся Роздум:
– Ну што паселі, сябры? Хіба першы раз нам быць каля іх? Сонца яшчэ не села, будзем грэбці!
І ён раптоўна заспяваў вясёлую яцвяскую песню, што чуў у ваенным лагеры каля вусця Бебжы:
― Ой, не дамся! ой, не дамся
Я ў палон да пруса-а-а-ой!
Лепей , братцы, павешуся,
Лепей утаплюся-а-а-ой!
Востравух адурэла паглядзеў на Роздума, і падхапіў:
― Лепей, братцы, павешуся,
Лепей утаплюся-а-а-ой!
Роздум працягваў, заграбаючы ў такт вяслом:
― Ой, не хочу! ой, не хочу
Дрыгвічу ў няволю-у-у-ой!
Лепей скочу я з абрыву,
Калі няма долі-ы-ы-ой!
Да Роздума і Востравуха далучыўся і Чмель:
― Лепей скочу я з абрыву,
Калі няма долі-ы-ы-ой!
Роздум падняў руку і песня абарвалася. Прыслухаліся. Ціха было на балоце.
― Ой, не буду! ой, не буду
Ў мазура рабыня-а-ай-ой!
Лепей хай мяне прыцісне
Ды цяжкою скрыня-а-ай-ой!
Гэты куплет падхапілі ўсе:
― Лепей хай мяне прыцісне
Ды цяжкою скрыня-а-ай-ой!
Яны граблі ўва ўсе сілы і гарлапанілі:
― Не пайду я! не пайду я
Ў палон да варанга-а-а-ой!
Лепей, братцы, захлынуся
Недаспелай брага-а-ай-ой!
Шэры вылез з-пад ног Воўча, выцягнуў пысу ўверх і пачаў падвываць. А песня працягвалася:
― Ой, не трэба! ой, не трэба
Мне ў паны куява-а-а-ой!
Лепей, людцы, задушуся
Вузкаю халява-а-а-ой!
Хочу быці! хочу быці
Я сярод яцвяга-а-аў-ой!








