412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 2)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 21 страниц)

Раптам Зосяй апанавала злосць. «Чаму я павінна паміраць? Таму што Каця не любіць мяне? Таму што ён, гэты гад, пакарыстаўся маёю даверлівасцю? А раптам у мяне завяжацца дзіця, як у той дзяўчыны? – падумала яна са страхам. – Тады вось і памру, накладу на сябе рукі», – цвёрда вырашыла яна.

Пайшла па лясной дарозе, што вілася між чорнага голага кустоўя, спусцілася ў нізінку. Потым узнік вузкі, як праехаць падводзе, мосцік, перакінуты цераз канаву ці забалочаную рэчку. Зося зразумела, што ў гэтае балотца яна і ўлезла, калі пайшла напрасткі, і, напэўна, загінула б, каб своечасова не павярнула назад. Вада ўсё яшчэ чвякала ў чаравіках, мокрыя панчохі студзілі ногі, дрыжыкі хвалямі хадзілі па спіне, зводзіла сківіцы, і зубы ляскалі, не трапляючы адзін на адзін. Захацелася цяпла і спакою, на печ, каб сагрэцца на чарэні. Здалёку пачуўся спеў першага пеўня, мусіць, недзе недалёка было жытло, і яна пайшла на ягоны голас, быццам сам Бог паклікаў яе.

Паступова пачало світаць. Зося ўбачыла, што дарога вядзе да хутара дзядзькі Карпа. Узрадавалася і агародамі накіравалася да ягонай хаты. Трохі атрэсла твань са спадніцы і панчох, увайшла ў цёмныя сені, дрыготкімі рукамі намацала клямку, ступіла ў пакой. Цётка Агатэля ўжо завіхалася ля печы, дзядзька Карп сядзеў ля стала і курыў самакрутку. Гэлька яшчэ спала на запечку.

– Добры дзень вам у хату, – ціха сказала Зося.

– Здарова была, – адказаў дзядзька Карп.

– Куды ж ты прапала? Бацька цябе скрозь шукае? – пляснула ў ладкі цётка.

– Нікуды я не прапала, – сціскаючы зубы, каб суняць дрыжыкі, адказала Зося.

– Цябе з дому выгналі? – са спачуваннем спытаў дзядзька.

– Н-н-не, я сама пайшла, – дрыжучы, адказала Зося.

Абудзілася Гэля, села на запечку, здзіўлена спытала:

– Ты чаго такая?

Зося нічога не адказала, слёзы паліліся з вачэй ад гэтай шчырай увагі і спагады, затуліла твар рукамі.

– Чаго ты, Зоська? – спачувальна дапытвалася Гэля.

– Яна ж уся мокрая! Паглядзі, Карп, якая лужына нацякла! Хуценька распранайся і лезь на печ, – загадала цётка Агатэля Зосі. – Зараз малака паранага дам папіць.

Цётка памагла Зосі сцягнуць мокрыя чаравікі, спадніцу, дала сухую сарочку, памагла залезці на печ. Зося, дрыжучы як асінавы ліст, прыпала да цёплай чарэні, падлезла пад кажух і аціхла. Гэля залезла на печ, хацела распытаць, што ж здарылася.

– Не чапай яе, няхай паспіць, – загадала дачцэ Агатэля. – Вельмі яна ўражлівая, уся ў сваю маці ўдалася. Тая таксама ўвесь час пра нешта думала, плакала, нейкія сны расказвала. Такая парода ўжо... Збегай, Гэлька, да Кірылы, скажы, што Зося знайшлася.

– Іду, – адказала Гэля, апранаючыся і з трывогаю пазіраючы на Зосю. Ёй было шкада сястру, заўсёды такую вясёлую, гаманкую, а зараз скаванай нечаканаю навалаччу.

6

Пад вечар у Зосі пачалася гарачка, сэрца тахкала, ледзь не вылятала з грудзей, галава зрабілася цяжкая, як не свая, усё цела абдымаў і працінаў боль. Злезла на запечак, дзе было халадней, пасядзела, пачакала, пакуль ёй слалі на шырокай лаве. Гэля паднесла гарачага малака з маслам. Зося папіла, быццам супакоілася і задрамала, а потым пачала трызніць, звалілася з лавы. Цётка

Агатэля перавяла хворую на запечак, паклала спаць там. Прыйшлі паглядзець Зосю бацька з Кацяю. Зося нікога не пазнавала, клікала маму, мусіць, ёй было вельмі блага.

– Што з ёю такое прычынілася? – сам у сябе спытаў Кірыла. – Прастудзілася ці што? Мо трэба да доктара везці?

– Пачакай са сваім доктарам, – параіў Карп. – Тым лекарам толькі і трэба, каб з нас грошы садраць.

– Пайду паклічу старую Каваліху, няхай пашэпча, – прапанавала Агатэля.

– Схадзі, гэта будзе надзейней, – падтрымаў жонку Карп.

Каця схілілася над сястрою, пагладзіла гарачы лоб, паклікала яе:

– Зоська, Зоська, ці ты пазнала мяне? Гэта ж я, Каця?

Зося расплюшчыла вочы, паглядзела на сястру затуманеным позіркам і прашаптала:

– Мама, мамачка, даруй. я больш ніколі, ніколі не буду. Даруй, мамачка.

Агатэля накінула на плечы вялізную клятчастую хустку і пайшла з хаты. У пакоі ўсталявалася гнятлівая цішыня. Каця глядзела на змарнелы і пасталелы за адны суткі Зосін твар і дакарала сябе за тое, што так сурова сустрэла сястру. Трэба было з ласкаю распытаць, яна, напэўна, расказала б усё, бо няма ў яе іншае сяброўкі, акрамя старэйшай сястры. Усе яе хаўрусніцы засталіся ў самарскім прытулку. Характар у Зосі быў няроўны. Магла быць ласкавай, лагоднай і ціхай, як лясное азярцо, ці раптам зрывалася і рабілася непакорнаю, як задзірысты ветравей, ніхто яе тады не мог ні ў чым пераканаць. Каця зноў дакранулася да гарачага Зосінага лба, паклікала:

– Зося, Зося, ці ты мяне чуеш?

Сястра няўцямна зірнула на Кацю, слаба ўсміхнулася і прашаптала:

– Мамачка, мамачка, пабудзь са мною, не адыходзь... Мне так цяжка... цяжка...

– Зоська, гэта я, Каця...

– Мамачка, Каця злосная... Яна мяне не любіць. Лаецца і б’ецца... Ніхто мяне не любіць...

– Што ты кажаш, дурненькая? Хіба ж я магу цябе біць? – сумелася Каця. – Ты ж большая і здаравейшая за мяне...

Зося ў адказ прастагнала і папрасіла піць. Гэля, якая ўвесь гэты час маўкліва сядзела каля стала, падышла да печы, узяла з прыпечка чыгунок з цёплаю вадою, наліла ў кубак, паднесла хворай, прыўзняла яе галаву.

– Пі, Зоська, пі...

Хворая папіла і стомлена адкінулася на падушку. Кірыла цяжка ўздыхнуў, бездапаможна развёў рукамі, апусціў іх на калені. Гэля паставіла кубак на прыпечак і зноў села, пачала вязаць карункі шыдэлачкам. Вясковыя людзі не звыклі сядзець без працы, асабліва жанчыны, іхнія рукі заўсёды знаходзілі сабе справу, якая ратавала ад смутку і гаркоты. Ці мала якія мітрэнгі здараліся ў жыцці сялянкі, колькі даводзілася ёй трываць дакораў і абраз ад свякроўкі і свёкра, ад уласнага мужа і шматлікай ягонай радні. Дзяўчаткі з маленства прывучаліся да разнастайнай жаночай працы і звычкі ўвесь час нешта рабіць.

Хата паступова напаўнялася змрокам. Карп зняў шкло з лямпы, падвешанай над сталом, чыркнуў запалкай, запаліў кнот, працёр шкло анучкаю і паставіў яго на месца. Цьмянае святло запоўніла прастору хаты, высвеціла абраз Хрыста з палаючым сэрцам у чырвоным куце. Гаспадар зацягнуў на вокнах марлевыя занавескі. Усе маўчалі. Гэтыя людзі не звыклі да пустых і бязладных гаворак. Рэдка ім удавалася сядзець вось так без працы.

На ганку пачуўся тупат, у хату ўвайшла Агатэля з маленькай, жвавай і гаваркой бабуляй, якая з парога голасна павіталася:

– Добры вечар добрым людзям. А чаго гэта вы такія смутныя?

– Будзь здарова, цётка, заходзь. Можа, ты дасі якой рады, – сказаў Кірыла. – Дачка мая захварэла.

– Зараз пабачым, што тут у вас. Распалі печ, Агатка, мне трэба вугельчыкі.

У хаце з прыходам Каваліхі ўсё прыйшло ў рух. Карп падаўся па дровы. Агатэля дастала колькі сухіх паленцаў з-пад печы, што трымала на распал, адмыслова паклала іх і пачала распальваць агонь. Зрабіла гэта так спрытна, што сквапныя языкі агню ў адзін момант пачалі лізаць сухую драўніну, весела патрэскваючы.

Каваліха схілілася над Зосяю, паклала далонь на лоб, потым прытулілася вухам да грудзей, паслухала дыханне.

– Агатэлька, дай мне лустачку хлеба.

Гэля, не чакаючы, пакуль маці падасць хлеб, адгарнула ручнічок, якім было накрыта паўбохана, адрэзала лусту і падала Кавалісе. Знахарка адламала скарыначку, пачала жаваць, а мякіш памяла і скачала тры камячкі. Скінула з Зосі кажух, якім была тая накрытая, загаліла сарочку, пачала качаць на Зосіным жываце шарыкі з мякішу і шаптаць малітву.

Карп кінуў на падлогу бярэмя дроў, атрос з рукавоў смецце, распрануўся, сеў. Агатэля падклала ў печ дроў, агонь заіскрыўся і падскочыў, аблізваючы новую здабычу.

Каваліха тым часам дастала з кішэні грамнічную свечку і пасмачку кудзелі, няспешнымі рухамі распрастала, патрымала над запаленай свечкай. Кудзеля задымілася. Знахарка пачала з малітваю акурваць Зосю. Дзяўчына аціхла, больш не стагнала і, здаецца, нават дыхаць стала лягчэй. Калі і гэтае дзейства было скончана, знахарка папрасіла:

– Дай мне, Агатка, вугельчык, калі ласка.

Гаспадыня паднесла бабулі некалькі вугельчыкаў у місачцы. Знахарка ўзяла маленькімі абцугамі вугельчык і з малітваю тройчы праняла яго праз Зосіну сарочку, перахрысцілася сама, тройчы перахрысціла хворую. На гэтым лячэнне скончылася. У аддзяку за працу Агатэля дала старой дзесятак яек, завязаных у палатняную анучку. Тая прыняла падарунак, паабяцала зайсці заўтра і хуценька пайшла з хаты.

Кірыла таксама падняўся, разважліва сказаў:

– Калі Зося да вас прыйшла, дык няхай пабудзе. Куды я яе, хворую, павяду. Я табе, Карпе, адпрацую за гэта.

– Пра што ты кажаш? Мы ж свае, адна сям’я, – адказала Агатэля. – Не хвалюйся, мы Зосю ў крыўду не дамо.

Каця на развітанне доўгім і спачувальным позіркам зірнула на малодшую сястру і пайшла да дзвярэй услед за бацькам з цяжкім пачуццём віны. Ці магла яна падумаць, што тая ранішняя сутычка скончыцца такою бядою? Ці мала яны сварыліся раней, ды не было яшчэ выпадку, каб сястра сыходзіла з дому. Зусім здзічэла ў тым прытулку.

7

Зося хварэла месяц. Доўга трымаўся жар, трэсла ліхаманка. Часам дзяўчына страчвала прытомнасць. Тройчы прыходзіла Каваліха. Выгаворвала хваробу. Нарэшце Зосі палепшала. З самага ранку яна адчула палёгку, захацелася на вуліцу. Накінула на плечы кароткую світку.

– Куды ты? – крыкнула ўслед Гэлька.

– Нікуды. Зараз вярнуся...

Зося, жмурачы вочы ад зыркага сонца, выйшла за весніцы, убачыла, што людзі вяртаюцца па дарозе са Сцяблова з царквы. Здагадалася, што сёння нядзеля. Каб не сустракацца з імі, павярнула да сажалкі, села на беразе, грэлася на сонцы, глядзела ў празрыстую і халодную ваду. Недзе тут, у гэтай чыстай і настылай вадзе, русалкаю жыве яе малодшая сястрычка, можа, чакае яе і кліча, інакш чаму б так цягнула Зосю да вады. «Зараз я прыйду да цябе, і мы будзе заўсёды разам, – вырашыла Зося. – Нам будзе добра разам. Як засумуем, выйдзем з вады, наведаем сваю сядзібу і зноў вернемся назад, каб ніколі больш не сустракацца з гэтым ненавісным Гардзеем, з Кацяю і іншымі людзьмі, якія, напэўна, распускаюць пра мяне розныя брудныя плёткі».

Пасля зімы сажалка ачысцілася ад каламуці, здавалася гаючаю. Зосі захацелася зачарпнуць у далоні вады і ўмыць твар. На імгненне нават здалося, што з глыбіні ўсміхаецца сястрычка Люба, махае ручкаю, кліча яе.

«Зараз, зараз, Любка, я прыйду да цябе. Насумавалася тут адна» – прашаптала Зося, скінула світку, пайшла ў сажалку. Настылая вада абхапіла ногі, сціснула, быццам абцугамі, сутаргі прабеглі па ўсім целе. Ступіла яшчэ крок, каб кінуцца ў гэты холад і патушыць пажар, які выпальваў душу. Хвалі пабеглі ад яе кругамі. Зося ўлезла ў ваду да барады, апякла ўсё цела, і раптам быццам нешта выштурхнула яе. Зося выскачыла на бераг і скурчылася, працятая холадам. Акрылася світкай, але цяпла не адчула. Усю яе калаціла. Пераадольваючы сутаргавы боль у нагах, пабегла, спатыкаючыся, да Карпавай хаты. У двары яе сустрэла Гэлька, пляснула рукамі:

– Божачкі, зноў мокрая! Ты знарок прастуджваешся, ці што?

– Ц-цяпер мне доб-б-ра, – дрыжучы ўсім целам, адказала Зося.

– Зусім звар’яцела! Лезь хутчэй на печ, гора маё чубатае!

Зося ўвайшла ў хату, скінула мокрае адзенне, апранула сухую сарочку, залезла на печ, накрылася кажухом і аціхла на ратавальнай цёплай чарэні пад калматай поўсцю. І раптам адчула, што цела вылучае прыемнае цяпло, ажывае, наліваецца сілаю. Грукнулі дзверы – у хату ўвайшоў дзядзька Карп і здзіўлена спытаў:

– Гэлька, ці ты здурнела? Нейкую бялізну развесіла на вуліцы ў святы дзень. Людзі падумаюць, што мы бязбожнікі.

– Не, тата, бялізну я не мыла. Гэта Зося зноў прыйшла ўся мокрая. Яе адзенне і сушыцца...

– Клін клінам выбіваюць... мо ачуняе хутчэй!

Праз колькі дзён Зося сапраўды адчула сябе здаровай. Раніцай злезла з печы, дапамагла цётцы Агатэлі абіраць бульбу. Гэля ў гэты час прычэсвалася перад невялікім люстэркам, якое паставіла на стале.

– Мама, у цябе Зося за памочніцу будзе, – сказала яна, – а я пайду ў маёнтак.

– Чаго? – здзівілася Агатэля.

– Учора на вячорках казалі, што да пана Райскага з Варшавы прыехаў пісар, работнікаў набірае да нейкага графа. Я таксама хачу запісацца.

– А ты ў бацькі спытала? – насцярожылася маці.

– Спытаю...

Гэлька выбегла з хаты. Зося, засяроджаная на сваіх думках, не чула, пра што размаўлялі маці з дачкою.

– Што яна надумала? Куды ёй ехаць? Дзіця горкае, нідзе ж яшчэ не была, свету не бачыла, – уздыхнула цётка.

– Куды яна едзе? – здзіўлена спытала Зося.

– Ці ты не чула? Толькі ж казала, што хоча ў Варшаву...

– Прабачце, задумалася...

Цётка спачувальна паглядзела на дзяўчыну, паківала галавою:

– Што з табою такое робіцца? Быццам згубілася ты, ніяк да розуму не прыйдзеш.

– Ужо прыйшла. Скажыце, чаго Гэлька ў Варшаву едзе?

– На працу туды запісваюць.

– І я хачу. Няхай і мяне запішуць, – папрасіла Зося.

– Малая ж ты яшчэ...

– Я ўсё рабіць умею.

У хату ўбегла вясёлая Гэлька, абвясціла:

– Мне бацька дазволіў.

Маці незадаволена паморшчылася:

– Вечна ён патурае тваім капрызам. Як ты будзеш там адна сярод чужых людзей?

– Яна будзе не адна, я з ёю паеду, – цвёрда сказала Зося.

– Цябе не возьмуць, трэба мець хоць шаснаццаць гадоў, – запярэчыла Гэлька.

– Я за цябе вышэйшая. Хто ведае, колькі мне гадоў? Трэба шаснаццаць, скажу, што мне столькі і ёсць.

– Ох, і рызыкоўная ты, Зоська! – засмяялася Гэлька. – Добра, паснедаем і пойдзем. Мне весялей будзе, праўда, мама?

Агатэля моўчкі кіўнула, стала распальваць у печы, а Зося ўсё абірала бульбу, радасна думаючы пра тое, што яна з’едзе з дому, не будзе сустракацца з Гардзеем. Як добра было ў прытулку сярод чужых! Там яна хораша спявала, а яшчэ танцавала ў «Лебядзіным возеры». Ніхто з выхаванак не ўмеў так хадзіць у пуантах на пальчыках, як яна! Там было іншае, цікавае жыццё. А тут адна чорная праца з ранку да вечара. Ды яшчэ гэтая бяда, што звалілася знянацку.

– Зоська, хопіць бульбы, – сказала цётка. – Ідзі ўжо, прыхарошвайся. У маёнтак жа пойдзеш.

Зося паклала нож, памыла рукі ў чыгуне, зірнула на Гэльку, паглядную, упэўненую, якая падпаясвала новы андарак узорыстым паскам, і яе душа радасна захвалявалася ў прадчуванні нейкіх добрых перамен.

Пасля сняданку дзяўчаты пайшлі ў панскі маёнтак. Дарога іхняя пралягала праз грэблю, якая раздзяляла дзве сажалкі. Зося глядзела ў ваду і згадвала, як яе цягнула туды, як хацела ўтапіцца, каб не адчуваць болю, сораму, страху. І каб гэта здарылася, яна была б зараз русалкай і разам са сваёй малодшай сястрой Любкай жыла б на дне сажалкі, пазірала б на Гэльку з дна, усміхалася б ёй. А Гэлька не бачыла б нічога. Напэўна, добра, што яна тады не ўтапілася. Цяпер Зосі хацелася жыць, а для гэтага трэба было забыць праклятае чужое вяселле, якое для яе абярнулася вялікім горам. Зося стоена ўздыхнула.

– Чаго ты бядуеш, Зося? – спачувальна спытала Гэлька.

– Сама не ведаю, нешта цяжка на душы. Згадала малодшую сястрычку, якая некалі ўтапілася вось у гэтай сажалцы...

– Ага, нешта і я чула пра гэта.

– Бачыш, няма яе, а я помню і сумую. І маму шкада, што так рана памерла.

– Нябожчыкам не трэба, каб па іх сумавалі. У Хрысціны Піваваравай памёр сын, дык яна па ім дзень і ноч плакала, ледзь не аслепла ад слёз. А потым прысніўся ёй сон, што сынава труна стаіць у вадзе, а нябожчык просіць маці больш не плакаць, бо ён хутка патоне ў яе слязах.

– Няўжо і закапаныя ў зямлю нябожчыкі нешта адчуваюць? – здзівілася Зося.

– Яшчэ як адчуваюць!

– Мусіць, ад нуды і на тым свеце не схавацца, – уздыхнула Зося.

– А мяне мама так вучыла: як агорне смутак, аддай яго каменю і ўкінь у ваду. Твая маркота і сплыве з вадою.

– Я так і зраблю, – узрадавалася Зося.

Яна падняла ладны камень, які ляжаў на беразе, уявіла, што так акамянеў Гардзей і ўсё тое зло, якое абрынулася на яе пасля сустрэчы з ім, і шпурнула ў сажалку. Камень цяжка пялёхнуўся. Па вадзе пабеглі кругі. Зосі здалося, што ёй сапраўды зрабілася лягчэй.

8

Графскі пісар сядзеў за шырокім сталом, на якім стаяла чарніліца, ляжалі паперы. Быў гэта яшчэ не стары чалавек, чарнявы, з вялікімі залысінамі, з вусамі, па-заліхвацку закручанымі ўгору, апрануты ў гарнітур у дробную клетку і белую сарочку з чорным гальштукам. Паглядзеў на Зосю і Гэлю паверх круглых акуляраў і спытаў:

– Што вы, дзяўчаты, умееце рабіць?

– Усялякую сялянскую працу, – адказала Гэля.

– Там давядзецца шмат працаваць, – папярэдзіў пісар.

– Мы працы не баімся.

– А ці ёсць вам па шаснаццаць гадоў.

– Ёсць, ёсць, – пераконвала Зося пісара.

– Вашы бацькі не супраць?

– Не, не супраць, – упэўнена адказала Гэля.

– У такім разе мне трэба запісаць усе звесткі пра вас, як завуць, колькі вам поўных гадоў, назву вёскі.

– Барэйша Сафія, дачка Кірылы, з хутара, які знаходзіцца каля вёскі Крачкі, маю шаснаццаць гадоў, – сказала Зося і паружавела ад хлусні – яна дадала сабе два гады.

Потым пісар запісаў звесткі, якія тычыліся Гэлі і сказаў, што заўтра ранічкай яны павінны быць на чыгуначным вакзале ў Жабінцы. Туды прыйдуць яшчэ чалавек дзесяць моладзі з ваколіц, каб ехаць у Варшаву на працу да пана графа. Зося з жахам падумала, раптам там будзе і Гардзей, але тут жа супакоіла сябе, што ён, напэўна, гаспадарку не пакіне дзеля нейкіх прывідных заробкаў.

На другі дзень Зосю з Гэляй на вакзал у Жабінку прывёз Карп. Хлопцы і дзяўчаты ў шэрых сялянскіх світках, з кайстрамі за плячыма стаялі на пероне. Каля іх быў і пісар у капелюшы і зеленаватым плашчы.

– Вось і нашы, – узрадавана прамовіла Зося.

Карп агледзеў малады гурт і сказаў:

– Дзяўчаты, калі там будзе дрэнна, адразу вяртайцеся. І паводзьце сябе добра, каб мне пасля не давялося за вас чырванець. У працу надта не ўлягайце, каб не падарвацца на панскім хлебе. Як з маладых гадоў здароўе згубіш, дык пасля нідзе яго не прыдбаеш.

– Добра, тата, не хвалюйся. Едзь ужо дахаты, а мы пойдзем да пісара, – папрасіла Гэлька.

– Ідзіце з Богам, – блаславіў Карп дачку і пляменніцу, тузануў лейцы, і конь крануўся з месца.

Дзяўчаты падышлі да моладзі. Пан пісар адзначыў іх у спісе, і ўсе засталіся чакаць цягніка. Сонца, яскравае і цёплае, свяцілася на ўсходзе над рэйкамі, яны гарэлі, адлюстроўваючы зыркія промні, і недзе далёка сыходзіліся ў адну кропку. Адтуль чакаўся цягнік, які мусіў адвезці Зосю далёка ад яе бяды. Перад ад’ездам яна так і не зайшла дахаты, толькі папрасіла цётку Агатэлю папярэдзіць бацьку. Баялася, што зноў пачнуцца папрокі. А ў яе не было сілы гэта трываць. Хацелася спакою, самоты і працы, якая ратавала б душу ад чорных думак.

Цягнік, як казачны змей, пыхкаючы параю, спыніўся насупраць цаглянага вакзала з чубатым дахам і забраў у сваё чэрава хлопцаў і дзяўчат, якія хоць і жылі ў вёсках абапал чыгункі, але большасць з іх упершыню выпраўляліся так далёка ад роднай хаты. Пісар паказаў, дзе каму сесці, раздаў квіткі, загадаў захаваць іх да канца паездкі, папярэдзіў, што ў Варшаве перасядуць на іншы цягнік. Вагон крануўся, міма паплылі знаёмыя краявіды. Зосі пашчасціла сесці ля акна, яна неадрыўна глядзела праз шкло, быццам баючыся нешта прапусціць. Гэлька больш назірала за тым, што адбываецца ў вагоне.

– Пісар пайшоў, – адзначыла яна. – Хіба ж пан з хамам сядзе на адну лаўку?

– Можа, пайшоў паснедаць у рэстарацыю.

– Не, Зося, у цягніку для паноў іншыя вагоны.

– Ну і няхай. Якая табе розніца?

– Хоць бы адным вочкам зірнуць на той панскі вагон, – мройліва сказала Гэлька.

Зосі міжвольна прыгадалася яе самая першая паездка ў цягніку, калі ехалі ў Самару. Тады яшчэ была жывая мама. Яна ўвесь час бедавала, што сям’я пакінула гаспадарку, што ехалі немаведама куды і прагнула хутчэй вярнуцца назад. Малая Зося яшчэ не ўмела маркоціцца, а з дзіцячай цікаўнасцю глядзела навокал. І ўсё ўбачанае адбілася ў памяці, быццам каляровыя фотаздымкі.

– Калі ехалі ў бежанцы, нас на нейкім вакзале сама царыца сустракала, – сказала Зося.

– Маніш! – не паверыла Гэля.

– Навошта мне маніць? Царыца арганізоўвала шпіталі для параненых. Такая прыгожая, у блакітнай сукенцы, у белым капелюшы. Каб ты бачыла!

– Якая ты шчаслівая, Зоська, паўсвету аб’ехала...

Зося нічога не адказала. Не хацелася разважаць ні пра шчасце, ні пра гора. Яна ўцякала ад свайго нядаўняга мінулага, якое хацела забыць назаўсёды, у невядомае наступнае. Якое яно будзе?

9

Белы графскі дом высіўся ў канцы доўгай прысады з раскідзістых высокіх дрэваў, якія яшчэ не распусціліся. Двухпавярховы будынак, з калонамі і маленькімі балкончыкамі на другім паверсе, вабіў і палохаў сваёй веліччу. Злева ад яго былі гаспадарчыя пабудовы. Туды і павёў моладзь пісар. У невялікім, але прыгожым будынку іх чакала сустрэча з аканомам, хударлявым старым з сівою галавою. Той узяў з рук пісара спіс, пачаў чытаць прозвішчы, часам смешна ставячы націск па-польску. Моладзь стрымана ўсміхалася.

Кожны адгукаўся на сваё прозвішча. Калі дайшла чарга да Зосі, аканом нават акуляры зняў і здзіўлена сказаў:

– Гэта ж яшчэ зусім дзіця. Тонкая, як саломіна!

– Абы працу любіла, а пастарэць паспее, – адказаў пісар.

– Ці разумееце па-польску? – спытаў аканом у наймітаў.

Моладзь згодна заківала галовамі.

– Тады слухайце. Працаваць давядзецца ўвесь дзень. Плаціць будзем добра і карміць таксама добра. Хто не будзе ленавацца, не пашкадуе, што прыехаў сюды. Зараз пані ахмістрыня вас завядзе і пакажа, дзе будзеце жыць, дзе харчавацца, а заўтра з самага ранку – на працу.

Моладзь пасялілі ў невялікі аднапавярховы будынак, дзе жыла прыслуга. У пакоі, адведзеным для дзяўчат, ужо жылі сямёра ўкраінак. Там стаялі двух’ярусныя ложкі, некалькі табурэтак і стол. Зося выбрала сабе ложак наверсе, нават залезла і прылегла на хвілінку на новай пасцелі. Коўдра і посцілкі былі хоць і старыя, але чыстыя.

Потым іх павялі вячэраць, далі па талерцы густых смачных крышаноў з бобам, бульбу, смажаную з маленькімі кавалачкамі мяса, і кісель. Усе засталіся задаволеныя вячэраю. Нехта з хлопцаў, пэўна, з вельмі беднай сям’і, сказаў, што ён не ў кожнае свята гэтак харчуецца.

– Шукай тут сабе жонку, – параіў яму нехта з сяброў. – Палякі жывуць лепш, чым мы.

– Каб полька ды пайшла замуж за хама? Я такога зроду не чула, – засмяялася Гэля.

– Дзяўчаты, а вы з якога сяла? – спытаў у Гэлі бялявы хлопец.

– З Крачак, чуў такую вёску?

– Чуў. Цяпер буду ведаць. А я са Здзітава.

– У нас дзяўчат шмат прыгожых, прыязджай, пасватаем якую, – прапанавала Гэля.

– А я цябе і выбраў бы.

– Ласы на чужыя каўбасы, – засмяялася Гэля. – Ты спачатку грошай зарабі. Няма чаго з пустою торбаю сватацца.

– Ведаеце, дзяўчаты, колькі ў нас грошай, не заробленых, – весела сказаў другі, спрабуючы абняць Зосю.

Дзяўчына адскочыла, як апечаная, злосна зірнула на нахабніка.

– Ты чаго такая дзікая? – здзіўлена спытаў ён.

– А чаго ты наскокваеш на мяне, як бычок?

– Хто б мог падумаць, што ў Крачках такія злосныя дзяўчаты жывуць, – па-бабску прытрымліваючы шчаку рукою, скрушна прамовіў хлопец.

Зося нічога не адказала. Пачыналася новае жыццё, і яна не жадала, каб нехта яго сапсаваў, зняважыў, знішчыў. Не, цяпер яна ў свой лёс нікога не пусціць.

Назаўтра хлопцы вывозілі гной на поле, а дзяўчаты раскідвалі яго. Праца была не вельмі цяжкая, але ж за дванаццаць гадзін так накідаліся, што з поля вярталіся моўчкі. Зося была задаволеная тым, што ўсім далі рабочае адзенне і гумовыя боты. А так бы сваё адзенне прасмердла гноем, што не было б у чым на свята выйсці.

Пасля працы хапіла сілы толькі на тое, каб пераапрануцца, умыцца над балеяю, павячэраць і легчы спаць. І гэта не палохала Зосю. Няхай працы будзе мора, каб толькі ні пра што не думаць, нічога не згадваць.

У нядзелю пасля сняданку дзяўчаты пайшлі ў касцёл. Хоць Зося была праваслаўнага веравызнання, але лічыла, што Бог адзін, таму даравання за грахі можна прасіць і ў царкве, і ў касцёле. Глядзела на абраз Божай Маці і шчыра прасіла ў яе супакою для душы і мудрасці для сэрца. На вочы навярнуліся слёзы, і праз іх Зосі раптам здалося, што Маці Божая ўсміхнулася ёй куточкамі вуснаў.

– Чаго ты плачаш? – спытала Гэля, якая сядзела побач.

– Маму ўспомніла, – адказала Зося першае, што прыйшло ў галаву.

Па абедзе на палянцы сярод старых ліп моладзь наладзіла танцы. Гэля пусцілася ў скокі, а Зося пайшла ў парк і толькі цяпер заўважыла пад нагамі першыя белыя вясновыя кветкі. Тут жа дзіўна цвіло ружовымі кветачкамі нейкае кустоўе, падобнае на лазу. Далей красаваліся нізкія кусцікі з галінкамі, усыпанымі жоўтымі пялёсткамі. Зося падумала з сумам, што хутка стане зусім цёпла, усё зацвіце, закрасуе, але ў яе душы ўжо ніколі не будзе ранейшай бесклапотнай радасці. Трэба было б напісаць дадому, але вырашыла: няхай Гэля піша, а праз яе можна перадаць родным прывітанне.

– Чаго паненка сумуе? – пачуўся нечы голас за спінаю.

Зося павярнулася і ўбачыла невысокага, худога хлопца з кучаравай рыжай галавой. Валасы яго залаціліся ў промнях сонца і здаваліся чырвонымі.

– Я не сумую, проста аглядаю парк. Тут шмат раслін мне невядомых.

– Граф замаўляў іх у розных краінах свету. Я тут працую памочнікам садоўніка. Кожную раслінку ведаю.

Хлопец пачаў паказваць і называць дрэвы, кустоўе.

– Не турбуйцеся, пане, я ўсё роўна не запомню.

– Як паненку клічуць? – нясмела спытаў хлопец.

– Зося, – адказала дзяўчына.

– А я Юлек. Вось і пазнаёміліся. Вельмі прыемна. Прыходзьце да мяне ў сад часцей. Летам будзе шмат кветак, яблыкаў, груш, ягад...

– Дзякую. Да лета трэба дажыць. Бывайце.

Зосі хацелася застацца адной, бо гора, якое спрабавала ўтапіць з сабою ў сажалцы, прыехала з ёю сюды, у графскі маёнтак Стараволя, і ціснула, не давала спакою. Яна праганяла чорныя думкі, але душа існавала ў прытоенай жалобе.

10

Гэля атрымала ліст ад бацькі і пачытала яго Зосі. Ён пісаў па-мужчынску коратка, паведамляў галоўныя навіны. Удала прадаў на кірмашы ў Берасці парасят, адсеяліся, з Крачак пабралі хлопцаў у войска. Дзядзька пералічыў усіх, у тым ліку і Гардзея.

Зося, пачуўшы пра Гардзея, са злосцю падумала, няхай бы ён з таго войска не вярнуўся. З гэтаю весткаю зваліўся з Зосінай душы цяжар, бо вінавайца яе граху і ганьбы быў зараз недзе далёка, і гэта разнявольвала яе. Па нядзелях пачала хадзіць на вячоркі, весялілася, скакала, спявала прыпеўкі. На яе звярталі ўвагу, наперабой запрашалі на танцы і свае хлопцы з-пад Жабінкі, і ўкраінцы, і палякі. Той-сёй нават спрабаваў заляцацца, але Зося трымала залётнікаў на адлегласці. Да Юлека ставілася па-сяброўску, бо не адчувала з ягонага боку той жорсткай мужчынскай агрэсіі, якая ішла ад іншых хлопцаў.

Месяцы праз два Зося таксама атрымала з дому ліст. Сядзела на сваім высокім ложку і ўжо трэці раз перачытвала яго. Каця напісала, што ўсё лета працавала нянькаю ў Кобрыне, але не спадабалася гаспадыня, таму пакінула службу. Бацька адзін з цяжкасцю ўпраўляўся па гаспадарцы, навярэдзіў спіну, цэлы тыдзень ляжаў, цяпер падняўся, ходзіць па двары, але пакуль з яго работнік ніякі. Старэйшая сястра звярталася да малодшай так, быццам нічога не здарылася, нібыта прапаноўвала прымірэнне. І Зося прыняла яго, бо іншай радні, акрамя бацькі і Каці, у яе не было.

У пакой забегла ўсхваляваная Гэлька, паклікала Зосю:

– Хадзі хутчэй, паглядзі, маладая графіня прыехала!

За ўвесь той час, пакуль найміты жылі ў маёнтку, яны не бачылі нікога з гаспадароў. Казалі, што стары граф жыў ці ў Парыжы, ці ў Рыме, а ягоная дачка – у Варшаве. Усімі справамі кіравалі аканом, ахмістрыня, пісар і іншыя слугі. Зося ніколі ў жыцці не бачыла жывой графіні, цікаўнасць так авалодала ёю, што саскочыла з ложка і за Гэлькаю пабегла на двор, далучылася да невялікага гурту слуг, што і ў святочны дзень былі занятыя на гаспадарчым двары, даглядалі коней, даілі кароў, кармілі свойскае птаства.

Каля ўвахода ў палац яна ўбачыла самаход з адкрытым верхам, ля якога завіхаўся мужчына ў скураной куртцы, галіфэ і высокіх бліскучых ботах. Маладая жанчына, апранутая ва ўсё чорнае – ад карункавага капялюшыка з шырокімі палямі да доўгай сукенкі, – падымалася на ганак. Пакаёвыя слугі выйшлі ёй насустрач, кланяліся, вітаючы.

– Чаму яна ва ўсім чорным? – спытала Зося.

– Мужа пахавала, – адказала нейкая жанчына.

– І што з ім здарылася?

– Забілі.

– Хто? – яшчэ больш здзівілася Зося.

– Пра гэта нават паліцыя не ведае.

– Напэўна, ён быў вельмі прыгожы?

– Прыгожы, але бедны. Графіня Віслава выйшла замуж без дазволу бацькі, – адказала жанчына і падалася ўперад, каб лепш разгледзець, што адбываецца на ганку.

«Вось як бывае, – з жалем падумала Зося. – І прыгожая, і багатая, а шчасця няма. Чаго мне на лёс наракаць?»

– Якая графіня прыгожая! – ціха, з захапленнем сказала Гэлька.

– Каб цябе так апрануць, мо і ты была б, як графіня, – адказала Зося.

– Пра што ты кажаш? У яе ж тварык, бы з іконы змаляваны...

Зося памаўчала. Яна падумала, што, сапраўды, прыгажосць – рэч важная, але ж усе твары не могуць быць на манер ікон. Кожны чалавек па-свойму нечым прывабны. Галоўнае, каб душу меў спагадную, каб не прымушаў пакутаваць іншых.

Графіня ўвайшла ў палац, за ёю падаліся пакаёвыя слугі. Гэля і Зося селі на лаўку пад ліпаю каля будынка, дзе яны жылі.

– Добра быць графіняю, – сказала Гэля.

– Дзіва што, – адгукнулася Зося.

– Глядзі, твой Юлек з саду ідзе.

– Які ён мой? Нашто мне ён?

– Застанешся ў Польшчы, будзеш паняй.

– Не застануся. Мне іхняя гаворка не падабаецца...

Юлек павітаўся яшчэ здалёк, ён нёс кошык з яблыкамі, такімі спелымі, што яны здаваліся празрыстымі.

– Я да вас. Частуйцеся, калі ласка, – сказаў хлопец, ставячы кошык на лаўку.

– Якая смаката! – усклікнула Гэлька, адкусіўшы сакавітую мякаць.

– Цябе не будуць лаяць за яблыкі? – спытала Зося.

– Гэта ж падалкі. Я іх збіраю і аддаю на гаспадарчы двор. А ці прыйдзе сёння панна Зося на скокі?

– Прыйду, Юлек. Скокі я люблю. Хутка восень, а потым зіма, там ужо не паскачаш. Дзень кароткі.

– Зімой наша моладзь весяліцца ў карчме.

– Не, у нас у карчму толькі сталыя людзі ходзяць, – заўважыла Гэля. – Мы ладзім вячоркі па хатах, дзе ёсць хлопцы ці дзяўчаты.

– На які тэрмін вас узялі на працу? – спытаў Юлек.

– На два гады, – адказала Зося.

– Гэта добра, папрацуеце, нешта заробіце. Частуйся, панна Зося, – прапанаваў Юлек.

Зося ўзяла яблык, выцерла яго, патрымала ў далонях, быццам саграваючы, потым надкусіла, пажавала, сказала:

– Вельмі смачна, Юлек. Ты мне свеціш і саграваеш, як сонца.

Юлек паружавеў ад гэтай пахвалы, апусціў вочы, хаваючы сваю збянтэжанасць.

– Пайду я, – сказала Гэля, хітравата падміргваючы Зосі, – у мяне справы ёсць.

– Панна Гэля, вазьміце яшчэ яблыкаў, – прапанаваў Юлек.

Гэля ўзяла ў рукі колькі яблыкаў і пайшла. У двары было пуста, толькі чалавек, які прывёз графіню, усё завіхаўся каля машыны.

– Што здарылася з мужам графіні? – спытала Зося.

Юлек азірнуўся па баках, ці няма каго побач і адказаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю