355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 10)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 21 страниц)

Зося раптам села на запечку. Нядобра паглядзела на Кацю і ціха сказала:

– Гэта Гардзееў сын.

– Што? Што ты сказала? – не паверыла сваім вушам Каця.

– Гэтае дзіця ад Гардзея, – паўтарыла Зося.

– Маніш! Такога не можа быць! – Каця схапілася за галаву, здавалася, што свет абрынуўся на яе, прыдушыў, і яна ніколі не здолее падняцца.

– Схадзі ды сама ў яго спытай. Ён усё ведае.

– Як ты магла? Сучка, сама падаслалася пад яго! Я цябе ведаю! Так і круціла азадкам каля печы, калі ён прыходзіў!

– А што табе? Што хачу, тое і раблю!

– Паслухай, бацька! Паслухай яе! Яна што хоча, тое і робіць! – задыхалася ад гневу Каця. – Як я цяпер у вочы людзям буду глядзець? Я ўтаплю гэтага вылюдка ў сажалцы, каб не смярдзеў тут!

Зося схапіла дзіця і закрычала:

– На, ідзі тапі, святая душагубка! А я пагляджу на цябе! Табе твае браты і сёстры грэх адпусцяць! І зноў будзеш прапаведаваць і вучыць, як трэба жыць!

– Бацька, выгані яе з хаты! Няхай гэтая поскудзь не ганьбіць нашу сям’ю!

– Я сама пайду ад вас! Пайду назаўсёды! Жывіце! Няхай вам будзе добра! А я з сыночкам не прападу. Родныя не прынялі, чужыя злітуюцца і дапамогуць!

Зося паднялася з запечка, ліхаманкава ўхутала дзіця, апранулася сама і пайшла з хаты. Бацька ўскінуў на плечы світу і пайшоў услед за ёю. Дагнаў на двары, пачаў прасіць:

– Вярніся, Зося. Куды ты супраць ночы?

– Тапіцца.

– Не рабі глупства, не губі сябе і дзіця. Зараз я схаджу да Гардзея і ўсё вырашыцца. Ён хлопец разумны. Усё будзе добра.

Ці ад халоднага паветра, ці ад хвалявання Кірыла закашляўся.

– Не ведаю, тата. Мы з ім ужо тры месяцы не бачыліся.

– Ты ж казала, што ён ведае пра дзіця.

– Ён сказаў, пабачым, якое дзіця народзіцца.

– Дык дзіця ж нарадзілася добрае, чаго ты хвалюешся?

– Як мне не хвалявацца? Ён жа тры месяцы не цікавіўся мною. Можа, другую знайшоў.

– Няхай шукае, каго хоча. А ў цябе ягоны сын! Гэта важна. Не рабі нічога.

– Добра. Я пабуду ля сажалкі, – згадзілася Зося. – Калі адмовіцца, утаплюся ды і ўсё. Мне жыць не хочацца.

– Я прашу цябе, Зоська. Беражы майго ўнука. Ён вырасце і будзе мне памочнік. Не хвалюйся. Гардзей – чалавек добры. Чакай, я хутка вярнуся з ім. Чакай нас.

Бацька знік у цемры. Зося пайшла сцежкаю да сажалкі, села на бервяно, услухалася ў ноч, ціхую і цёмную. Пачыналіся першыя замаразкі. Наперадзе была яшчэ слота лістапада, а потым – зіма. Сажалка дыхала вільгаццю, але вада заставалася нябачнай у цемры. Недзе там, у глыбіні, жыла яе маленькая сястрычка русалка Любка. Толькі яна заўсёды радавалася Зосі, клікала да сябе і была гатова прыняць яе ў падводны свет, каб агарадзіць ад жорсткіх людзей. Зося ўявіла, як яна ўвойдзе ў настылую ваду, як будзе курчыцца ад холаду і плакаць яе дзіця. Сэрца працяў боль. Стала нясцерпна шкада сына. Зося заплакала, малое таксама заенчыла, нібы прадчуваючы свой страшны скон. Каб уціхамірыць дзіця, яна расшпіліла світку, расхінула сарочку на грудзях і дала дзіцяці цыцку. Яно пачало прагна смактаць, пасопваючы носікам.

– Гаротнічак мой маленькі! Што ж нас чакае?.. Чаму нас ніхто не любіць?.. А ты ж так падобны на Гардзея. Вочкі такія ж чорненькія, і губка ніжняя адтапыраная. Божа, чаму ж я такая нешчаслівая?...

Зося залілася слязамі, яна ўсхліпвала, гледзячы на сына, тварык якога бялеў у цемры. Разам са слязамі выцякалі крыўда, страх, разгубленасць. І раптам яна адчула, што зусім не хоча паміраць, а хоча жыць, разам з Гардзеем гадаваць сына, што б ні крычала ёй у твар сястра, што б ні шапталі за спінаю людзі! Яна перамагла, нарадзіла здаровенькага хлопчыка, у яе ёсць Гардзеева дзіця, нават калі сам Гардзей адмовіцца жыць з ёю, яна выгадуе ягонага сына, плод кахання! На злосць усім яна будзе жыць!

46

Кірыла спыніўся каля Гардзеевых весніц, паглядзеў у асветленыя вокны, прайшоў у двор, ціха пастукаў у шыбу.

– Хто там? – спытала Паўліна.

– Кірыла Барэйша, – адказаў стары і цяжка ўздыхнуў.

– Заходзьце, дзядзька Кірыла, – пачулася з хаты, а праз хвіліну расчыніліся дзверы ў сенцы, з іх высунулася галава Паўліны, якая ўсё тым жа прыязным голасам запрасіла старога ў хату.

Кірыла ўвайшоў, зняў шапку, сеў на лаве. Гардзей павітаўся і ўтаропіўся ў госця, з насцярожанасцю чакаючы вестак ад яго.

– Як пажываеце, дзядзька? – спытала Паўліна.

– Ды нічога, жывём, хлеб жуём. Зрэшты, я прыйшоў пагутарыць па справе з Гардзеем.

– Што. Ужо?.. – спытаў Гардзей.

– Ужо.

– Ну і хто ж там у нас?

– Хлопчык. Сынок, значыць.

Паўліна пільна глядзела то на брата, то на госця, раптам раздражнёна спытала:

– Пра што гэта вы гаворыце? Які сынок?

Кірыла ўсміхнуўся і адказаў:

– Радасць у нас, Паўлінка, Гардзей мяне дзедам зрабіў.

– Ай, Божухна! – усклікнула гаспадыня. – Што ж гэта робіцца? Як жа так можа быць, каб не жаніліся-не вянчаліся, а дзеці нараджаліся.

– Іншы раз і так бывае, – адказаў Гардзей.

– Што ты такое кажаш, грахаводнік? – абурылася Паўліна.

– Памаўчы. З табою потым абмяркуем, дай з чалавекам пагутарыць, – катэгарычна сказаў Гардзей і зноў утаропіўся ў Кірылу.

– Разам з гэтай радасцю прыйшла ў хату вайна. Каця гоніць Зосю з дому. Што рабіць? Зося схапіла дзіця і пабегла да сажалкі тапіцца. Сядзіць там.

Гардзей падняўся, стаў апранацца.

– Куды гэта ты? – злосна спытала Паўліна.

– Куды трэба, – адказаў Гардзей.

– Не, ты пачакай. Толькі мы сталі абжывацца. Дзве кароўкі, цялушка, два кані, як на табе – новая гаспадыня знайшлася! Божа літасцівы! Я цягнула, як вол, свету Божага не бачыла! І вось маеш!

– Сціхні, – злосна кінуў Гардзей.

Аднак Паўліна не сунімалася. Яна заламала рукі і загаласіла, як па нябожчыку:

– А хатачка мая родная! Цяпер мне тут месца не будзе-е-е! Выжывуць, выведуць.

– Не хвалюйся, я ў прымы пайду, калі табе каровы даражэй за роднага брата, – злосна сказаў Гардзей. – Пойдзем, бацька.

Яны выйшлі з хаты пад Паўлініна галашэнне. Кірыла дыхаў цяжка, час ад часу кашляў.

– Вось дыхавіца паскудная, адкуль і ўзялася.

– Не дзіва, з нашае сялянскае працы толькі хваробу нажывеш, – азваўся Гардзей.

– Але ж інакшага жыцця ў нас не будзе. Якое Бог даў.

– Бог шмат дае, ды ліхія людзі лепшае наша сабе забіраюць, а нас прымушаюць жыць па законах, якія яны напісалі.

– Што ж зробіш, сынок, улада і закон патрабуюць да сябе павагі, без гэтага яны існаваць не могуць. А хто ідзе супраць, таму галовы, як тым пеўням, скручваюць.

На самым падыходзе да сажалкі Кірыла паклікаў дачку:

– Зося, Зося, мы тут! Дзе ты?

Яна пачула «мы», узрадавалася, але не адклікнулася, а проста пайшла на голас.

– Зося, Зося, адгукніся, – гучней крыкнуў Кірыла і толькі тады заўважыў у цемры постаць дачкі.

– Замерзла? – спытаў Гардзей. – Дай дзіця.

Зося нічога не адказала, яна зусім не адчувала холаду. Жыццё быццам спынілася, а яна нібыта і не жыла зусім, а толькі сніла тое, што з ёю зараз адбываецца. Гардзей узяў скрутак з Зосіных рук, паўзіраўся ў маленькі белы тварык, усміхнуўся нечаму.

– Хадзем у хату, – прапанаваў Кірыла.

– Сапраўды, пойдзем, яшчэ, крый божа, дзіця прастудзіцца, – падтрымаў яго Гардзей.

– Куды пойдзем? – няўцямна спытала Зося.

– Дадому, – адказаў бацька.

– Як? Там жа Каця.

– Там не толькі Каціна хата, там і твая, а цяпер і Гардзеева, і вашага сына, – упэўнена адказаў Кірыла. – Мне халоднае паветра забівае дыхаўку.

Стары закашляўся і рушыў да хаты, за ім – Гардзей з дзіцем на руках, следам – Зося.

Каця сустрэла іх папрокам:

– Прыйшлі! Лепшага месца не знайшлі!

– І не збіраліся шукаць, – адказаў бацька. – Тут наша хата.

– Як ты мог, Гардзей? – абурана спытала Каця.

– Справа не хітрая, – з усмешкаю адказаў Гардзей.

– Ці ты хоць кахаеш яе?

– Для мяне галоўнае, каб яна кахала мяне, – адказаў ён з нейкай неўразумелай усмешкай.

– Не думала я, што ты такі.

– Які?

– Цяпер ужо ўсё роўна, – адказала Каця. – Але ты ж абяцаў пайсці са мною ў царкву.

– Абяцаў, а пасля перадумаў. Не хачу здраджваць сваёй веры.

– Вера ў нас адна, Гардзей.

– Не, не адна. Ці магу ўзяць цябе за куму? – спытаў ён, заглядваючы Каці ў вочы. – Не пойдзеш. Нельга табе.

З гэтага часу ў хаце Барэйшаў усталявалася гнятлівая цішыня. Усяго і гукаў было, што па начах глуха кашляў Кірыла, зрэдку плакала дзіця, ціха яго закалыхвала маладая маці. Зося з Кацяю не размаўлялі, быццам не бачылі адна адну. Кожная займалася сваімі справамі. Зося гатавала і даглядала скаціну, Каця звычайна нешта шыла на заказ для людзей – збірала грошы. Цяпер сястра мела сваю сям’ю, няхай яе забяспечвае муж. А пра Кацю думаць няма каму.

Зося саромелася пры родных выказваць любасць да Гардзея і гутарыла з ім толькі тады, калі яны заставаліся сам-насам. Яна толькі моўчкі назірала за ім і адчувала, што такога вялікага шчасця не перажывала яшчэ ніколі. Гардзей быў з ёю назаўсёды! У хуткім часе яны аформілі шлюб у гміне, пахрысцілі і запісалі сына, назвалі яго Орастам, у імя святога, імяніны якога прыпадалі на дзень нараджэння малога. За куму ўзялі Паўліну, каб улагодзіць сястру, якая асуджала грахоўны шлюб, а кумам стаў дзядзька Карп. Хрысціны і вяселле адзначылі разам у Гардзеевай хаце. Акрамя самых блізкіх сваякоў, запрасіў Гардзей па-суседску Марка, які пасля трэцяй чаркі ціха сказаў Гардзею:

– Ну і хітры ты! Ажаніўся – не зажурыўся. Сваю гаспадарку цэлую захаваў, а сам у прымы пайшоў ды яшчэ адну гаспадарку займеў! Я да такога не дадумаўся!

– Не зайздросці, Марк! Хопіць на наш век зямлі! Абы здароўе было.

– Не, ты не як усе, Гардзей. У цябе галава нейкая іншая! На цябе ўсё само валіцца. Вось табе адразу і жонка, і сын! А я трэці год жанаты, а дзяцей няма.

– Будуць у цябе дзеці. Ты, галоўнае, не будзь такі скупы. Усё вылічваеш, колькі дзіця твайго хлеба з’есць, вось яно і не ідзе да цябе.

– А скуль ты ведаеш? – пакрыўджана спытаў Марк.

– Дык у цябе ж на лобе напісана.

Марк выцер лоб, п’яна ўсміхнуўся:

– Хлусіш ты, не можаш ты нічога пра мяне ведаць. Хоць і хітры, як жыд.

– Гэта я хлушу? – абурыўся Гардзей, у якім хмель абудзіў агрэсіўнасць. – Ды ці ведаеш ты, паскуднік, што праўдзівейшага чалавека няма на свеце?

Гардзей узяў за грудкі Марка і панёс да парога. Іх разнялі. Так і скончылася гэтае вяселле-хрысціны. Людзі пачалі паступова разыходзіцца, жадаючы маладым доўгага сумеснага жыцця і шмат дзетак. Зося дапамагла Паўліне прыбраць, начаваць маладыя пайшлі ў Кірылаву хату, там цяпер быў іхні дом.

47

Каця пражывала пакутлівыя дні. Невыносна было назіраць шчасце сястры і толькі ў марах уяўляць сябе на яе месцы. Ёй здавалася, што заўчасна пачала старэць, ад няўцешных думак пралегла непрыгожая маршчынка ўпоперак пераносся. Чым жа яна горшая, што вымушана трываць адзіноту? Зося з Гардзеем занялі запечак. Каця спала на мулкай і вузкай лаве. Сон яе быў такі чуйны, што прачыналася ад кожнага гуку: шэпту, рыпення, уздыху. Ёй уяўлялася, як Гардзей у цемры мілуецца з Зосяю, і тады ад злосці і нянавісці ажно ў роце рабілася горка. Каця не знаходзіла для сябе суцяшэння ні ў чым. Той чалавек, якога яна шмат гадоў шчыра кахала, на якога спадзявалася, цяпер быў назаўсёды страчаны. Разам з ім яна згубіла мары і надзеі, не ведала, чым жыць далей. Калі Гардзей быў дома, Зося ні на крок не адыходзіла ад мужа, быццам баялася, што Каця можа звесці яго. Толькі аднойчы некалькі хвілін Каці ўдалося пабыць сам-насам з Гардзеем. Яна спытала:

– Ці шчаслівы ты, Гардзейка?

– Ведаеш, каб не нарадзіўся сын, я ніколі ні з кім не ажаніўся б, прабач, такі ўжо я.

– І ты ніколі і нічога не адчуваў да мяне?

– Ты прыгожая і разумная дзяўчына, а мужчыны любяць не надта разумных, але даступных. Я ж табе аднойчы прапаноўваў, ты адмовілася.

Каця грэбліва перасмыкнула вуснамі і пагардліва сказала:

– Не чакала, Гардзей, што ты такі цынічны.

– Я і сам не чакаў, але жыццё робіць сваю справу. Спакушае, наталяе, расчароўвае, зноў спакушае.

На парозе з’явілася Зося, і размова абарвалася. Каця пераканалася, што для Гардзея яна нічога не азначала. Але сама кахала яго, і гэтае пачуццё разбурала душу, размывала той моцны падмурак маральнасці, на якім яна трымалася апошнія дзесяць гадоў. Гардзей быў побач. Увечары ён распранаўся і клаўся спаць з сястрою, але Каця магла з жарсцю глядзець на яго. Яна ведала кожны мускул на ягоным целе, абдымала яго, цалавала, лашчыла позіркам. Гэта былі пякельныя пакуты. Яна дакраналася да ягоных рэчаў, удыхала пах ягонага цела, які заставаўся ў сарочцы, і ўсё ўбірала душою і памяццю. Страшныя думкі прыходзілі ёй часам у галаву. Яна думала, што, можа, трэба атруціць Зосю, і тады Гардзей застанецца з ёю. Разам яны будуць гадаваць асірацелага Ораста. Аднойчы, ідучы з поля, нарвала блёкату. Паклала ў падаткнуты фартух, адчула смяротны дух атрутнай травы і, здалося, нават супакоілася. Яна яшчэ не ведала, што будзе рабіць з атрутаю, але разумела, што гэта яе зброя ў барацьбе за шчасце.

Да вячэры крадком зрабіла моцны адвар атруты. Заставалася дачакацца зручнага моманту, каб уліць атруту Зосі ў страву. У сям’і крупнік усе сёрбалі з адной вялікай міскі. Труціць бацьку або Гардзея Каця не збіралася.

У час вячэры Каця сачыла за Зосяю, усё чакала, калі ж яна сядзе есці. А Зося тапталася ля печы. Звычайна за стол яна садзілася апошняю, быццам і не трэба была ёй тая ежа, жывілася каханнем. Заплакала дзіця. Зося адразу кінулася да яго, пачала карміць цыцкаю. Мужчыны пад’елі і пайшлі з хаты пакурыць ды пагутарыць. Каця зазірнула ў гаршчок з крупнікам, на дне якога заставалася трохі стравы. Яна дастала з судніка атруту і ўліла ў страву, потым спытала:

– Зося, будзеш есці крупнік ці свінні выліць?

– Няхай пастаіць, мо яшчэ паем.

Каці хацелася прыспешыць смерць саперніцы, і яна сказала:

– Давай я пабаўлюся з Орастам, а ты хоць раз паеш па-чалавечы.

– Не трэба з ім бавіцца. Пад’еў, дык няхай спіць.

Зося паклала дзіця ў калыску, прамовіла ласкава:

– Мы спаткі будзем, праўда? Каб заўтра прачнуцца здаровенькімі і вясёленькімі, – з замілаваннем прамовіла Зося і праспявала. – Баю, баю, песеньку спяваю, хлопчыку малому, каб ён жыў пры дому, не блукаў па свеце, як у полі вецер. Баю, баю, баю, песеньку спяваю.

Дзіця сапраўды сцішылася і заснула. Зося пачала прыбіраць са стала, паклала ў рот крошку хлеба, што адкацілася, калі кроілі хлеб, глынула глыток вады, недапітай Гардзеем. У Каці ажно мурашкі пабеглі па спіне ад зайздрасці, што сама яна ніколі не здагадвалася дапіць з Гардзеевага кубка.

– Што ты сёрбаеш пустую ваду, вось крупнік цябе чакае, – сказала Каця.

– Зараз, мусіць, з’ем крупнік ці што? Быццам і есці не хочацца.

Зося паскладвала лыжкі і кубкі ў вялікую міску, ставячы на прыпечак брудны посуд, незнарок штурхнула гаршчок з крупнікам. Ён перавярнуўся, і варыва вылілася на прыпечак.

– Ах, і разява ж я! – прамовіла Зося, схапіла анучу і пачала падціраць прыпечак і падлогу.

Каця паглядзела на яе і адчула палёгку, быццам камень зваліўся з душы. Ужо лежачы на лаве у цёмнай хаце, калі ўсе спалі, яна прасіла Бога дараваць ёй грэшныя памкненні. Ноччу прысніўся жудасны сон, быццам за ёю гоняцца нейкія пачвары. Выратавалася толькі таму, што прачнулася.

Каця адчувала, што часам губляе розум ад нянавісці і рэўнасці. Скрозь, дзе б ні ішла, трапляліся ёй на вочы брудна-белыя ў цёмных пражылках кветкі блёкату, быццам прасіліся, каб сарвала іх. Трэба было некуды ўцякаць, каб ратаваць сваю душу. Часцей, чым звычайна, яна стала хадзіць да баптыстаў, шчыра малілася, каб Бог паслаў ёй спакой. Тады і пачала прасіць прэсвітэра, каб пры магчымасці паслаў на вучобу, бо яна хоча цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу.

– А ці гатова ты, сястра Каця, паехаць за мяжу? – спытаў пастар.

– Гатова, – адказала Каця.

– А калі раптам здарыцца так, што ты ніколі больш не здолееш вярнуцца на Радзіму?

У Каці ледзь не вырвалася, што яна і не хоча сюды вяртацца, бо невыносна тут жыць. Трэба раз і назаўсёды адрэзаць усё, што здарылася, забыць і пачаць новае жыццё, але яна спакойна і стрымана адказала:

– Усё ў руках Боскіх, калі на тое будзе Ягоная воля, я прыму гэта як падарунак.

– Добра, сястра, я буду мець на ўвазе тваю просьбу.

Праз тры месяцы пастар папрасіў Кацю затрымацца пасля служэння і сказаў, што ёсць магчымасць паехаць вучыцца ў Амерыку, даў польска-англійскі слоўнік і паабяцаў памагчы аформіць неабходныя дакументы. З гэтага дня Каця адчула сябе вальней. Наперадзе было новае і цікавае жыццё. Адно засмучала, што Гардзей заставаўся тут. А які з яго атрымаўся б выдатны святар: прыгожы, разумны, прыцягальны. Ды няма сэнсу шкадаваць няздзейсненую мару. Каця да апошняга тыдня трымала ў сакрэце тое, што збіраецца ехаць у Амерыку. Калі сказала бацьку, ён прыгнечана спытаў:

– Куды ты паедзеш у свет? Шчаслівага чалавека шчасце і на печы знойдзе, а няшчаснага і на бітай дарозе абміне.

– Не пра шчасце ўжо я дбаю. Як мне тут жыць? Сам падумай. Ні кала, ні двара, ні сям’і, ні заробку. Быць нянькаю Зосіных дзяцей – гэта мая доля? Дык яна мяне не задавальняе.

– Глядзі сама, дачка. У кожнага чалавека свой лёс. Можа, гэта твой шлях. Скуль жа я ведаю? Век наш кароткі, і той адпакутуе чалавек, напрацуецца ды і рукі складзе ў дамавіне. Можа, ты ў той Амерыцы паняю станеш. Дай божа, каб табе пашчасціла. Але я думаю, як жа ты будзеш адна сярод чужых людзей? Тут жа які-ніякі, а ў цябе ёсць дом.

– Усё ў Боскіх руках. Як ён пажадае, дык дасць мне ўсё, што трэба. Там таксама жывуць нашы браты і сёстры, людзі маёй веры, яны мяне сустрэнуць, дадуць прытулак. Два гады я буду там вучыцца, а пасля мяне накіруюць на працу.

– Куды?

– Пакуль гэта невядома.

– Я жадаю табе дабра. Калі там не спадабаецца, вяртайся дадому. Заўсёды буду рады табе, – сказаў бацька з жальбою ў голасе, з левага вока выкацілася слязіна, ён апусціў галаву і непрыкметна выцер шчаку.

48

У расстайны тыдзень Каця быццам прымірылася з доляю. Даравала Зосі яе здрадлівасць, а Гардзею неразборлівасць. Даравала і сабе паразу, якую давялося перажыць у першым вялікім каханні. Душа яе была вольная і чыстая для таго, каб перасяліцца ў новае жыццё, служыць Богу і людзям, несці святло Святога Пісання як яскравую паходню, каб ёю асвятляць сэрцы вернікаў. Менавіта ў гэты тыдзень маленькі Ораст, які сядзеў у калысцы, паказаў на Кацю пальчыкам і сказаў, быццам упершыню прызнаючы яе:

– Цёця, цёця, цёця.

Нешта цёплае разгарнулася ў Каці пад сэрцам, і яна прыняла ў сваю душу пляменніка, як родную і крэўную істоту, якая зусім не вінаватая, што з’явілася на свет, і гатовая любіць усё і ўсіх, нават яе, Кацю, якая так часта адчувала нянавісць да яго.

– Цёця, цёця, цёця, – зноў заціўкаў малы.

Каця падхапіла дзіця на рукі, прытуліла да сябе, адчула ягонае дыханне, стук маленькага сэрца і зрабілася так шкода і сябе, і яго, быццам яны адна істота, якую жывасілам раздзяляюць, разлучаюць назаўсёды. Такім, у лёгкай белай сарочачцы, і запомніла Каця свайго пляменніка на ўсё астатняе жыццё.

Паколькі грошай у Каці было мала, толькі на дарогу ды на першы абыходак у Амерыцы (нешта сабрала сама, трохі падтрымала царква, нават Гардзей даў дваццаць злотых і бацька – трыццаць), дык каб дарма не траціць грошы на цягнік да Берасця, Гардзей з Зосяй вырашылі падвезці Кацю на кані. Яна нават узрадавалася, што апошні раз праедзе па родных ваколіцах, надыхаецца родным паветрам.

На пачатку ліпеня 1937 года рушыла Каця з хутара ў невядомае новае жыццё. Абапал дарогі спачатку цягнуўся лес, прыдарожныя елкі і сосны чапляліся зялёнымі лапамі за воз, нібы хацелі затрымаць. Каця з жалем глядзела на іх. Бывай, лес, ці ўбачымся яшчэ калі? Потым расхінуліся палі. Жыта даспявала, быццам сонечнае святло разлілося па зямлі. Толькі зблізку паміж жоўтымі калівамі жыта можна было разгледзець сінія зорачкі васількоў, фіялетавыя кутасікі мышынага гарошку, а па межах рассыпаліся белыя рамонкі ды там-сям яскрава чырванеў мак-самасейка.

«Якая прыгожая наша зямля, чаму ж тады свет людзей такі недасканалы? Ты кахаеш, а цябе не кахаюць. Няўжо не можна зрабіць так, каб родныя душы не памыляліся і знаходзілі адна адну, – думала ў скрусе Каця, пазіраючы на шырокую спіну Гардзея, які сядзеў наперадзе і кіраваў канём. – Не, не можа зрабіць Бог так. Бо ён даў чалавеку волю, каб той сам выбіраў, з кім і як яму жыць. Чалавек захапляецца, спакушаецца, губляецца сам у свеце, і не знаходзіць тую адзіную дарогу, якая можа прывесці да шчасця. Ад таго і пакутуе». Каця расчулена выцерла няпрошаныя слёзы, скоса зірнула на Зосю, якая сядзела да яе спінаю.

Малодшая сястра адчувала сябе ўзрушанай ад таго, што яе саперніца з’язджае за акіян, і адначасова вінаватай, бо разумела, чаго крыўдуе на яе Каця. Няхай едзе шчасліва, няхай усё ў яе будзе выдатна, няхай вывучыцца і стане багатай паняй.

На вакзале яны развіталіся. Каця папрасіла Зосю і Гардзея не чакаць адыходу цягніка, бо гэта толькі наганяе лішні смутак. Гардзей паціснуў на развітанне Каці руку, пажадаў шчаслівай дарогі і пайшоў да каня, якога пакінуў на прывакзальнай плошчы. Зося затрымалася каля Каці, гаворачы развітальныя зычанні.

І раптам спытала са спачуваннем:

– Не страшна табе адной выпраўляцца за свет?

– А чаго баяцца? Скрозь людзі жывуць.

– Але ж там іншая мова.

– Мову вывучу, а ўсё астатняе неяк утрасецца. Там жыве шмат беларусаў і ўкраінцаў. Еду я не адна, у Варшаве да мяне далучацца яшчэ тры чалавекі.

– Я б, напэўна, не адважылася.

Каця паглядзела на сястру прасветленымі вачамі і адказала:

– Адважылася б. Помніш, як ты ў Варшаву паехала?

Зося ніякавата ўсміхнулася. Не ведае Каця, што тады яна таксама ўцякала ад кахання да Гардзея.

– Я пакідаю цябе з самым найлепшым мужчынам на свеце, – сказала Каця на развітанне. – Будзь з ім шчаслівая. Інакшай з ім і нельга быць. Беражы яго. І няхай Бог дасць вам моцнага здароўя і доўгага веку. А цяпер ідзі! Ідзі, бо я заплачу!

Каця адштурхнула ад сябе Зосю, падхапіла валізку і пайшла ў памяшканне вакзала.

Праз тры месяцы з Амерыкі прыйшоў ліст, у якім Каця паведамляла, што вучыцца на пастара. Па нядзелях іх возяць на экскурсіі, паказваюць краіну. Людзі тут жывуць заможна. Калі чалавек працуе, сумленна выконвае свае абавязкі, дык можа купіць дом і мець усё неабходнае для жыцця.

Сям’ю Барэйшаў гэта суцешыла і трохі супакоіла. Бацька перастаў задумвацца і цяжка ўздыхаць. Ад Зосі адступіла пачуццё віны, што сястра вымушана была паехаць з дому з-за яе. Апошні ліст ад Каці прыйшоў летам 1939 года. Яна пісала, што вучоба заканчваецца і яе збіраюцца паслаць місіянерам у Індыю. Ехаць з Амерыкі ёй не хочацца, але на ўсё воля Боская.

З-за гэтага ліста Кірыла Барэйша зноў зрабіўся задуменны і сумны. А ў Зосіным жыцці нічога не змянілася, бо яна знайшла сваю долю, цяпер заставалася адно: берагчы шчасце ад нягод. Зося спявала, завіхаючыся каля печы; спявала і тады, калі палола бульбу ці грады; спявала, калі жала жыта ці зграбала сена, быццам у душы яе пасялілася вясёлая птушка радасці. Як кажуць старыя людзі, так спяваюць толькі на вялікую бяду, а яна ўжо была не за гарамі.

КНІГА ДРУГАЯ

Раздзел першы

Прымак

1

Настаў трывожны 1939 год. У Еўропе ішла вайна. Крачкаўцы непакоіліся, што яна, можа, не абміне іх, бо Германія мае звярыную хватку, тым больш, што палякі з немцамі заўсёды былі на нажах. Праўда, польскі ўрад настойліва пераконваў насельніцтва: айчыннае войска абароніць краіну ад нападу ўсялякага агрэсара, аднак гэта не здымала напружанасці ў грамадстве. Гардзей уважліва сачыў за падзеямі ў свеце ды прыслухоўваўся да чужых меркаванняў. Часам да яго заходзіў Яўсей Пух, і яны звычайна разважалі пра палітыку, але, было, іншы раз спрачаліся да хрыпаты, кожны адстойваючы свае перакананні.

– Нам трэба клікаць на дапамогу Савецкі Саюз, – даводзіў Яўсей. – Там справядлівы лад, няма багацеяў, дзеці маюць магчымасць набываць бясплатна адукацыю. Ды што казаць, такой краіны, як Саветы, няма ва ўсім свеце. Там жа народ кіруе!

– Скажы, калі там усё так добра, як ты кажаш, дык чаму столькі ворагаў народа? Ці народ не так кіруе краінай, ці жыццё не такое ўжо і добрае? – пытаўся Гардзей.

– Ты не разумееш! Ворагі народа – гэта ж недабіткі буржуазіі, што зашыліся ў шэрагі народных мас і шкодзяць маладой краіне.

– Ведаеш, Яўсей, быў час, што і мы з табою варагавалі, аднак жа нарэшце зразумелі, што лепш жыць мірна. Так трэба і дзяржаве жыць мірна са сваімі грамадзянамі.

– А яна іх выхоўвае...

– Так не выхаваеш.

– А як? Народ жа мусіць адчуваць моцную руку.

Гардзей адкінуў з ілба пасму цёмных валасоў і засмяяўся.

– Паглядзеў бы я на цябе, каб над табой вісела такая рука. У якім настроі ты жыў бы?

– Не смейся, я перакананы, што нас Расія выратуе!

– Выратуе! А для чаго? Падумай сам, чаму была зачынена кампартыя Заходняй Беларусі? Выходзіць, што ты са сваімі камуністычнымі ідэямі ўжо непатрэбны! Калі так, ты можаш стаць першым ворагам Савецкай Расіі!

– Гэтага не можа быць! Я рызыкаваў жыццём дзеля перамогі справядлівасці і дабра ва ўсім свеце.

– А свет жыў і не заўважаў тваіх намаганняў, хіба толькі дэфа цікавілася табой, – засмяяўся Гардзей.

– Заўважаць і ацэняць, не сумнявайся!

– А што ты запяеш, калі сюды прыйдуць немцы? Якія знішчаюць камуністаў і яўрэяў.

– Гэта будзе жах, – уздыхнуў Яўсей. – Але я перакананы, што немцы сюды не дойдуць.

Гардзей памаўчаў, усміхнуўся сваім думкам і сказаў:

– Я помню немцаў, якія стаялі у Крачках у Першую сусветную. Вядома, і яны былі розныя. Вунь, узяць тых, што жылі ў маёй хаце ды ахоўвалі чыгунку. Дык адзін, яго звалі Вілі, вучыў мяне нямецкай мове. Пакажа рэч, скажа, як называецца, а я за ім паўтараю. Калі ад’язджалі, мне карову падаравалі. Хвалілі мяне, што адзін вяду гаспадарку. Маіх сясцёр малалетніх кватаранты частавалі чым-небудзь смачным. Карацей, былі яны як і ўсе людзі.

– А карову тую яны ў некага адабралі. Такога ж, як мы з табой. Можа, нечых дзяцей толькі яна і карміла. І яшчэ скажу: не могуць рабаўнікі і забойцы быць людзьмі, – упэўнена адказаў Яўсей.

– А ты ведаеш, здаецца мне, што мяне і цябе вучылі ў войску забіваць. Усе вайскоўцы патэнцыяльныя забойцы. А ўсе мужчыны – вайскоўцы. Але вось што страшна, Яўсей. Нешта ў нашым чалавечым асяродку адбываецца не так.

Гаворка іншы раз канчалася мірна, іншы раз суразмоўцы разыходзіліся расчараваныя і злосныя з-за таго, што не маглі адстаяць сваю думку, абгрунтавана і доказна зрабіць прагноз развіцця палітычных падзей на будучыню. Вядома, кожны гаварыў так, як думаў і лічыў сваё ўспрыняцце і разуменне жыцця ці не адзіна правільным.

Гардзей уважліва чытаў газеты, якія толькі ўдавалася здабыць; калі наведваўся ў Брэст, слухаў у знаёмага яўрэя радыёпрыёмнік «Тэлефункер» і прыходзіў да высновы, што без вайны не абыдзецца, занадта напружанае становішча склалася вакол Польшчы. Немцы толькі шукалі зачэпку, каб рушыць сваё войска на ўсход. Пра гэта сведчылі падзеі ў Гданьску ды і шмат іншых правакацый. Гардзей па-свойму рыхтаваўся да магчымай вайны, якая магла дакаціцца і да Крачак. Ён мала займаўся гаспадаркаю, скупляў у вяскоўцаў бычкоў і перапрадаваў яўрэям, запасаўся соллю, запалкамі, газаю, крупамі, гарэлкаю. Яўрэі лёгка давалі тавары напавер, прадчуваючы час выпрабаванняў і разумеючы, што са звычайнага пакупніка спагнаць доўг лягчэй, чым з якой улады, якая, калі ёй трэба, можа канфіскаваць усё чыста і дзякуй не скажа.

У пачатку верасня да Крачкаў даляцела вестка пра тое, што Германія напала на Польшчу. З захаду ў Брэст і Жабінку пацягнуліся бежанцы – людзі з разгубленымі і ўстрывожанымі тварамі. Гардзей узіраўся ў іхнія вочы і занепакоена думаў, што, магчыма, і ягонай сям’і давядзецца перажыць нешта падобнае. Трэба быць гатовым да ўсяго, а гэта азначала, сушыць сухары, прыкопваць дзе-якую маёмасць.

Праз тыдзень нямецкі самалёт скінуў некалькі бомбаў на Брэст, загінулі людзі. Тры дні ішлі баі за крэпасць. Неба грукатала і набрыняла чырванню, водгулле яго далятала да Крачкаў, трывожыла і палохала вяскоўцаў невядомасцю. Нехта з крачкаўцаў бачыў немцаў у Берасці, нехта – у Жабінцы, казалі, што паводзілі прыхадні сябе спакойна, нікога не чапалі, пераважна сачылі за працаю чыгункі. Пасля прыйшла навіна, што і Савецкі Саюз уступіў у вайну і рушыў сваім войскам насустрач нямецкаму. Людзі пачалі чакаць добрых перамен: усё ж такі прыйдуць вызваліцелі з краіны, дзе няма прыгнятальнікаў, і прынясуць братэрскую любоў і роўнасць, дадуць сялянам зямлю і волю.

Гардзей пад уплывам агульнага настрою ў Крачках таксама пачаў спеліць надзею на лепшыя зрухі ў сваім жыцці. Якія яны будуць, не ведаў, але спадзяваўся, што спатрэбяцца дзяржаве ягоны розум і жаданне працаваць на агульную карысць.

2

Як толькі крачкаўская моладзь даведалася, што Чырвоная Армія ўжо ў Баранавічах, адразу распачала падрыхтоўку да сустрэчы вызваліцеляў: у канцы вёскі з боку Жабінкі хлопцы паставілі трыумфальную браму, дзяўчаты ўпрыгожылі яе дзеразою і познімі восеньскімі кветкамі, вывесілі чырвоныя сцягі. У гэтай справе самы актыўны ўдзел бралі былыя падпольшчыкі Яўсей Пух і Іван Валошчык, да іх далучыліся Серафім Барэйша, Марфа Хвясюк, а таксама цікаўныя падлеткі з Крачкаў ды Сцяблова.

Якраз дні за два да гэтай падзеі ў Паўліны прапаў сувой палатна, які яна бяліла на поплаве. Палатно было памечана асаблівымі меткамі. І калі яна прыйшла да брамы, дык адразу і заўважыла на адным з чырвоных сцягоў літару «П», вытканую чорнымі ніткамі па краі палатна, якую не здолелі зафарбаваць чырвонаю фарбаю. Паўліна захвалявалася, пазнаўшы сваю метку, і спытала:

– А хто ж гэта даў сваё палатно на сцягі? Такое прыгожае!

– Цётка Марфа, – адказала нейкая дзяўчынка.

Паўліна зразумела, хто ўкраў яе сувой, але не адважылася падысці да Марфы і выказаць сваё падазрэнне. Яна з жалем глядзела на сваё палатно, такое тонкае, хоць праз пярсцёнак працягвай, меркавала некалі выкарыстаць яго на хусткі ды фартушкі, а мо Бог пашле якога прымака (гаспадарка ж у яе цяпер заможная), дык і на пасаг можна было адкласці, бо як пойдуць дзеці, тады ўжо будзе не да прадзіва. Паўлініны вочы напоўніліся слязьмі ад крыўды, а сэрца трывожна закалацілася. Колькі працы было ўкладзена ў гэтае палатно, колькі любові! І вось знайшлася на яго гаспадыня-зладзейка, украла, прысвоіла сабе, а цяпер раздае, не сваё – не шкода. Паўліна не ведала, што ёй рабіць, дзе шукаць рады, разгублена пазірала на сцягі.

Раптам пачуўся конскі тупат – людзі ўбачылі, што з боку Жабінкі ляціць да Крачак польская конніца. Што гэта палякі не цяжка было пазнаць па квадратных канфедэратках на галовах коннікаў. Вяскоўцы кінуліся ад брамы хавацца хто куды. Паўліна таксама пабегла праз Марысін двор за хлеў і прытаілася ў жыце, стуль назірала, як польскія ваякі саскочылі з коней, лаючыся, звалілі браму, пасеклі дзеразу і чырвоныя сцягі ды паскакалі ў накірунку Сцяблова.

Вяскоўцы, калі ўпэўніліся, што небяспека мінула, зноў сабраліся каля разбуранай брамы, пабожкалі, шкадуючы змарнаваную працу, але аднаўляць збудаванне не сталі, вырашылі, што зарана пачалі свята сустракаць, так нядоўга і бяду на вёску наклікаць. Марфа сабрала чырвоныя латкі пасечаных сцягоў, мусіць, мела намер яшчэ іх нейкім чынам выкарыстаць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю