Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 21 страниц)
Яна ў адказ толькі згодна кіўнула галавой. Пазіраючы ў яе мілы тварык, падумаў: «Дзіця горкае, але гадкоў праз колькі, напэўна, вырасце ў прыгожую дзяўчыну».
Гардзей запрасіў яе яшчэ на некалькі танцаў, а потым прапанаваў:
– Хадзем, малая, правяду цябе дахаты.
– Не, я з братам пайду.
Дзяўчына махнула рукою. Да Гардзея падышоў высокі хлопец, незадаволена спытаў:
– Чаго ты да яе прыліп? Ці табе тут дзевак мала?
– Дзевак шмат, ды яна найлепшая.
– Ведаю цябе. Ідзі, скуль прыйшоў, па-добраму.
– Што здарылася? – спытаў Захар, спяшаючыся прадухіліць сварку.
– Нічога, усё добра, – адказаў Гардзей. – Бывайце здаровыя, сцяблоўцы. Прыходзьце да нас. Мы за сваіх дзяўчат сварыцца не будзем.
Павярнуўся і пайшоў з хаты. Захар паімкнуўся за ім, правёў трохі па вёсцы, сказаў на развітанне:
– Трэба рыхтаваць народ да паўстання супраць акупантаў, раздаваць лістоўкі, вывешваць сцягі, патрабаваць беларускую школу.
– З голымі рукамі ваяваць?
– Усё будзе. Ёсць у нас сябры на Усходзе.
– А як наконт таго, каб мне выставіць сваю кандыдатуру на пасаду войта?
– Абавязкова будзем працаваць і ў гэтым накірунку, – паабяцаў Захар.
Гардзей рушыў у бок сваёй вёскі, раздумваючы, з кім з вясковых хлопцаў можна было б стварыць камсамольскую ячэйку. Можна было б пагутарыць з Маркам, не благі хлопец, трохі, праўда, скупаваты, але ж усім вядома, што свая сарочка бліжэй да цела. І жыве па суседстве, калі што спатрэбіцца, дык не давядзецца далёка шукаць. Сімпатызаваў Гардзей і Мацею, маўкліваму, але адважнаму хлопцу, што было праверана яшчэ ў маленстве, калі бегалі латашыць аканомаў сад. Ідэя пачаць працаваць на камунку так захапіла Гардзея, што ён і не заўважыў, як дайшоў да сваёй вёскі. Высокія бухматыя зоркі спагадна падміргвалі яму, самотная поўня паспяшала за ім услед, не адстаючы, быццам не мела іншае патрэбы. Безумоўна, і ёй самота не даспадобы, шукае хаўрусніка, каб перабыць ноч. Снег шаргацеў пад нагамі. Заінелыя старыя бярозы горбіліся абапал дарогі. Зямля спала, толькі Гардзеева вёска Крачкі свяціла там-сям цьмянымі агеньчыкамі, быццам чакала яго, позняга хадака, дадому. Напэўна, Паўліна не спала таксама, жыў у ёй мацярынскі інстынкт. Пра ўсіх яна клапацілася, узваліўшы яшчэ падлеткам на плечы адказнасць за асірацелую сям’ю.
15
Каля Марфінай хаты тоўпілася моладзь. Гардзей павітаўся за руку з некалькімі хлопцамі.
– Ты на разбор шапак, – сказаў Мікола Іванюк.
– Памыляешся, на разбор дзевак, – адказаў Гардзей.
– Твая Марфа сёння занятая. Якуб каля яе цэлы вечар пеўнем ходзіць.
– Яна такая ж мая, як і твая. А хто ходзіць, той даходзіцца.
– Я думаў, у вас сур’ёзна.
– Не думай шмат, ад гэтага, кажуць, галава можа забалець. Пайду ў хату, змерз. Прытулюся да якой, мо сагрэюся...
Гардзей увайшоў у хату, дзе апантана заліваўся гармонік, тупацелі абцасы ботаў і мяккія лапцікі, кружыліся пары, аддаючыся танцу. Марфа сядзела з Якубам на запечку, нешта шаптала таму на вуха. Аднак, як толькі пабачыла Гардзея, пайшла насустрач.
– Дзе ты быў цэлы вечар?
– Дзе быў, там няма.
– Чаму ты такі? Ці я пакрыўдзіла цябе нечым? – вінавата спытала Марфа.
– Не, наадварот, я вельмі рады, што ты без мяне не сумавала, а любілася з Якубам.
– Дурненькі! Што мне той Якуб? Я з яго ці жартую, ці збыткую, а ён нічога не разумее, як дзіця малое.
Яна грэбліва пасміхнулася, паправіла цёмную пасму валасоў, тужэй зацягнула ражкі хусткі, потым узяла яго за руку, прыўстала на дыбачкі, горача зашаптала яму на вуха:
– Пойдзем у клуню. Я так засумавала па табе.
– Ага, бачыў я, як ты сумавала! Гардзей выйшаў у цёмныя сенцы, следам за ім, ускінуўшы на плечы вялікую хустку ў клетку, выслізнула Марфа.
У клуні было зацішна, пахла сенам, збожжам, летам, тымі знаёмымі пахамі, з якімі сялянская душа зрастаецца, знітоўваецца назаўжды. Ледзьве зачыніўшы дзверы, Марфа кінулася ў абдымкі да Гардзея, прагна цалуючы ягоны твар, вочы, вусны. Ён падхапіў яе, панёс і паклаў на сена, рукой слізгануў па назе, загаляючы спадніцу.
– Пачакай, нешта скажу, – папрасіла Марфа.
– Што гаварыць, – прашаптаў Гардзей з жарсцю прыпадаючы да яе вуснаў.
Марфа вызвалілася з абдымкаў, настойліва сказала:
– Ты не кажы, ты слухай, прашу цябе.
– Добра, добра, слухаю.
– У нас будзе дзіця, – сказала яна.
– Якое дзіця?
– Наша.
Гардзей адкінуўся на сена і роблена зарагатаў.
– Ты чаго? – насцярожана спытала Марфа.
– Ну і хітрая! Яшчэ і месяца не мінула, як вярнуўся з войска, а ты мне хочаш навязаць дзіця, якое з Якубам ці кім нагуляла?
– Тваё гэта дзіця, тваё! Я толькі цябе кахала заўсёды. І з войска чакала. Ты ж у мяне быў першы!
– Разбярэш тут вас, хто першы, хто апошні.
– Адзін ты ў мяне.
– Ведаеш, не магу я жаніцца. Гаспадарка ў мяне занядбаная. Два гады без мужчынскіх рук была. На вяселле грошы трэба, а я...
– Ты адмаўляешся ад мяне і свайго дзіцяці? – абурана перабіла яго Марфа.
– Толькі ад цябе. А дзіцяці пакуль ніякага няма. Не тлумі мне галавы. Я не дурное хлапчаня.
– Гэта тваё апошняе слова?
– Апошняе, Марфа.
– Ты да войска Дуні чэрава нагуляў, а пасля адмовіўся. Давялося ёй пайсці замуж за ўдаўца на трое чужых дзяцей, – Марфа ўсхліпнула.
– Дуня напісала мне ў войска адзін ліст і спытала, ці варта ёй мяне чакаць. Адказаў, каб не чакала.
– Як яна магла напісаць табе пра дзіця? Яна ж непісьменная!
– Пра Дуню не ведаю, а табе не веру! Не можа гэтага быць!
Марфа паднялася, злосна сказала:
– Ніколі табе не дарую! Ты яшчэ пашкадуеш! Плакаць будзеш, прасіць, маліць, але позна будзе! Позна!
Марфа моцна грукнула дзвярамі. Гардзей трохі паляжаў на сене, жуючы сухую травінку і думаючы пра тое, якія ж хітрыя пайшлі цяпер дзеўкі. Тры разы ў сене пакуляешся – і маеш дзіця. Такая непрыкрытая хлусня яго страшэнна абурыла. Вырашыў, што цяпер на Марфу і не гляне. У Крачках хапае дзяўчат, хоць бы тыя ж дочкі Кірылавы! Выбірай любую: ці старэйшую – маленькую ды разумную швачку, майстрыху, ці малодшую – вясёлую і даўгарукую, добра будзе сена на стог закідваць. Ды і ў Карпа неблагая дзеўка. А колькі прыгажунь яшчэ падрастае, як тая, што сёння бачыў у Сцяблове.
Абтрос з адзення сена, выйшаў з клуні, ціха прычыніў за сабою дзверы, удыхнуў марознае паветра на поўныя грудзі, зірнуў у зорнае неба і адчуў невымоўную радасць ад хараства, якое ззяла і зіхцела, абяцала нешта дзівоснае ў будучыні. З хаты выйшаў гарманіст, зацягнуў марш, але раптам згарнуў гармонік, які жаласліва выдаў апошні зык і аціх. Хлопцы і дзяўчаты разыходзіліся па хатах. Да клуні нехта ішоў. Калі пара параўнялася з Гардзеем, ён пазнаў Марфу і Якуба.
– Дабранач, – сказаў здзекліва.
Яму нічога не адказалі. «Баба з воза – каню лягчэй», – падумаў Гардзей, каб прыглушыць рэўнасць, якая ўсё ж варухнулася ў душы. Выйшаў з апусцелага двара, павярнуў да сваёй хаты, прыспешыў крок і дагнаў двух хлопцаў – Яўсея і Марка, якія жылі па суседстве.
– Як павесяліліся?
– Нічога, – адказаў Яўсей, – але дзевак не хапіла. А ты дзе быў, што Якуб тваю Марфу павёў у клуню?
– Якраз яе і рыхтаваў, каб яна да яго пайшла, – Гардзей бестурботна засмяяўся.
– І не шкода табе было?
– Хопіць на наш век дзевак, Яўсей. Вунь колькі маладых прыгажунь падрастае?
– Маладых трэба вучыць, а старэйшыя ўжо навучаныя, – заўважыў Марк.
– Скрозь ты рахубу шукаеш! – заўважыў Гардзей.
– Ты ад роду ўжо ёсць Рахуба, – хмыкнуў Марк, нагадваючы Гардзею ягонае прозвішча.
– Мо нам падацца да камуністаў? Абяцаюць рай яшчэ на гэтым свеце? – спытаў Гардзей.
– Мне б зямлі дзесяцін сто, – сказаў Марк, – я б сабе сам рай на зямлі зладзіў. А тут сястра замуж сабралася. Давядзецца дзяліцца.
– Зямля – гэта ўсё, – уздыхнуў Яўсей.
– Памыляецеся! Усё – гэта ўлада, – адказаў Гардзей.
– Маркевіча наслухаўся? – спытаў Марк. – Пустабрэх ён!
– Ты думай не пра яго, а пра тых, хто за ім стаіць. А раптам саветы сапраўды насунуцца?.. – адказаў Гардзей.
Хлопцы задумаліся. Кожны з іх, нягледзячы на маладосць, адчуваў сябе сталым гаспадаром, бо з ранняга маленства быў далучаны да працы, ведаў яе і смак, і цяжар. Усялякае жыццёвае рашэнне прымалася імі ўзважана, з вялікай адказнасцю, пасля доўгага роздуму.
– Дык як наконт камункі? – яшчэ раз спытаў Гардзей.
– Ідзі ты першы, а мы паглядзім. Як заўважым, што разбагацеў, дык і кінемся ў гэты вір за табою, – адказаў Марк.
– Э, не, даражэнькія, камунка пераборлівая, яна слабакоў не прымае.
– Мусіць, я пайду... Мне губляць няма чаго. Зямлі як кот наплакаў... – сказаў Яўсей.
– Падумай і зайдзі да мяне, абмяркуем. Мо разам да чаго дадумаемся. Дабранач! – развітаўся Гардзей і завярнуў у свой двор.
16
Вясна ўпарта стукалася ў цвёрды снежны покрыў сонечнымі промнямі, як у шкарлупіну яйка. За дзень снег прыкметна раставаў, наздраваты і ашэрхлы, шаргацеў пад нагамі, нават вецер дзьмуў па-вясноваму цёплы. І гэта была не проста адліга, набліжаўся сакавік – першы вясновы месяц, калі гаспадар мусіў агледзець усё начынне: плуг, воз, барану, вупраж, каб быць гатовым да сяўбы. Праўда, па начах яшчэ прыпякаў мароз, і неба на захадзе было чырвонае і чыстае. Так думаў Гардзей, ідучы да Маркевіча. Ужо прыкметна змерклася. У крайніх сцяблоўскіх хатах запаліліся кволыя агеньчыкі. Вёска сцішана рыхтавалася да адпачынку, толькі гаманлівая дзятва каля абмерзлага калодзежа наладзіла сабе коўзанку. Хто на санках, хто на адным самаробным драўляным каньку сшурваліся з ледзянога ўзгорачка, шчабяталі, смяяліся.
Каля Маркевічавых варот Гардзея сустрэлі два незнаёмыя хлопцы, павіталіся, прапанавалі махоркі. Крачкавец адмовіўся.
– Ты да Захара? – спытаў адзін. – Пачакай трохі. Цябе паклічуць.
– Якія навіны ў Сцяблове?
– Ніякіх. А што ў вашых Крачках?
– Таксама нічога, – адказаў Гардзей.
Гаворка не ладзілася. Хлопцы памаўчалі, патапталіся на месцы. Потым адзін сказаў:
– Пайду спытаю.
Ён пайшоў у хату, неяк дзіўна шырока ставячы ногі і выцягнуўшы ўперад шыю, як гусак. Гардзей правёў яго позіркам, думаючы, што ёсць жа такія няўклюды.
Хлопец праз хвіліну вярнуўся, запрасіў Гардзея ў хату. У пакоі было моцна накурана, чалавек сем хлопцаў сядзела вакол стала і пра нешта гутарылі. Калі Маркевіч сказаў, што прыйшоў новы кандыдат у камсамольцы, усе павярнуліся да крачкаўца.
– Мой узрост дазваляе стаць адразу камуністам, – усміхнуўся Гардзей.
– Не, спачатку трэба праверыць цябе на камсамольскай працы, – сказаў незнаёмы мужчына ў шэрым гарнітуры.
Гардзей здагадаўся, што гэта нейкі падпольны бальшавіцкі начальнік. Маркевіч паглядзеў на Гардзея з прыязнасцю:
– Рэкамендую кандыдатуру Рахубы Гардзея для ўступлення ў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Чалавек надзейны. Ведаю яго даўно, разам вучыліся ў школе. Палітыку Савецкай дзяржавы і Камуністычнай партыі разумее правільна, не злоўжывае алкаголем, не курыць, таварыскі, устойлівы і стрыманы. Гатовы змагацца за шчасце беларускага народа, за вызваленне яго ад польскай акупацыі і за ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.
– Ці здолееш ты адмовіцца ад уласнай зямлі, калі гэтага запатрабуе Камуністычная партыя бальшавікоў? – спытаў незнаёмец у Гардзея, упіваючыся ў хлопца жорсткім позіркам.
– Зямля – гэта сродак майго існавання, яна дае мне хлеб надзённы. Калі ў мяне з’явіцца іншая крыніца грошай, дык я з задавальненнем адмоўлюся, – Гардзей шырока ўсміхнуўся і дадаў: – Прызнаюся шчыра, што з радасцю памяняў бы сваю пасаду селяніна на пасаду сеймавага дэпутата ці нават самога Пілсудскага.
– Ты, брат, і замахнуўся, – ніякавата хітнуў галавою Маркевіч.
Прысутныя зарагаталі.
– Свядомасць пралетарская, – задаволена адзначыў падпольны начальна, як ахрысціў яго Гардзей. – Думаю, варта прыняць.
– Гардзея Рахубу, – падказаў Маркевіч.
– Так, Гардзея Рахубу ў шэрагі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, – сказаў «начальнік» і працягнуў Гардзею лісток паперы. – Прачытай уголас клятву.
Гардзей узяў жаўтаватую памятую паперу, відаць, шмат ношаную ў кішэні, пачаў чытаць урачыстым голасам, як таго патрабавалі абставіны:
– Я, сын прыгнечанага народа, добраахвотна ўступаю ў шэрагі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, клянуся да канца жыцця змагацца супраць капіталістаў і памешчыкаў за Савецкую ўладу ў Польшчы, за ўз’яднанне Заходняй і Савецкай Беларусі. Ад цяперашняга моманту лічу камсамол сваёй роднай сям’ёй, а камсамольскія справы – крэўнаю справаю.
Апошнія словы трохі збянтэжылі Гардзея. Што за сямейнікі, якіх ніколі не бачыў? А іх набіраецца цэлы саюз! Аднак ён нічога не сказаў, толькі на момант адарваў ад паперы вочы, паглядзеў на прысутных і стаў чытаць далей:
– Абяцаю дакладна выконваць ускладзеныя на мяне задачы на карысць камсамола, а ўсе таямніцы трымаць у строгім сакрэце. Калі давядзецца аддаць жыццё за справу КПЗБ і камсамола, не просячы ў ворагаў літасці, забяру тайны падполля з сабою ў магілу.
У галаве Гардзея прамільгнула з’едлівая думка: «Добра, што яшчэ на крыві не прымушаюць клясціся. Гэта ж я сябе прадаю на ўсё астатняе жыццё! Вось уліп!»
– Заўсёды і скрозь, не шкадуючы сілы, а калі трэба, – і жыцця, абараняць Савецкі Саюз – радзіму прыгнечаных. Усялякая здрада КПЗБ, камсамолу, дадзенай клятве няхай будзе асуджана маімі таварышамі па барацьбе і пакарана гневам працоўнага народа.
Маркевіч падняўся з-за стала, абцягнуў саматканую вышываную сарочку, падпяразаную дзягаю, урачыста сказаў:
– Прагаласуем, таварышы.
Усе прысутныя дружна паднялі рукі, задаволена перакінуліся позіркамі, усміхнуліся.
– Віншуем з уступленнем у камсамол, – сказаў чалавек у шэрым гарнітуры.
Гардзею карцела спытаць, ці доўга яшчэ Савецкі Саюз будзе краінаю прыгнечаных, але ён устрымаўся. Заспявалі «Інтэрнацыянал». Гардзей чуў гэтую песню, яшчэ калі служыў у войску, але слоў не ведаў, таму падпяваў толькі мелодыю.
– На гэтым наш сход лічу закрытым, – абвясціў «начальнік».
Ён выйшаў з-за стала, зняў з цвіка кароткае паўпаліто, ускінуў на плечы. Усе прысутныя замітусіліся, вакол пачалі таксама апранацца.
– Я правяду таварыша Віктара сам, – сказаў Маркевіч.
«Начальнік» жэстам спыніў яго:
– Праводзіць мяне не трэба, разыходзімся па адным. Далей я пайду са сваімі хлопцамі, – кіўнуў галавою ў бок вуліцы, дзе чакалі яго двое.
Астатнія ў нерашучасці тапталіся ля парога. Гардзей стаў перад Маркевічам:
– Прынялі вы мяне ў камсамол, а далей што рабіць?
– Абмяркуем. Пасядзі пакуль.
Гардзей разглядаў хлопцаў. Трое былі са Сцяблова, двое – з суседняй вёскі, трое – з больш дальняй ад пана Райскага. Гэты пан лічыўся дзівакаватым. Размаўляў з мужыкамі на тутэйшым дыялекце, часам апранаўся ў вясковую палатняную апратку, але пры гэтым падкрэсліваў: «У што я ні апрануся, усё роўна панам буду, а мужык – ці ў золаце, ці ў аксаміце застанецца мужыком».
Калі ўсе падпольшчыкі выйшлі з хаты, гаспадар сказаў:
– Таварыш Віктар прынёс добрыя навіны. Барацьба сялянства і рабочых Заходняй Беларусі разгортваецца шырокім фронтам. Першае заданне табе, Гардзей, – стварыць ячэйку. Другое – збіраць грошы для рэвалюцыянераў свету, трэцяе – арганізаваць выступленні насельніцтва за беларускую школу ў нашым павеце. Дастаткова?
– Дастаткова пакуль. Бывай здаровы, – адказаў Гардзей і паспяшаў пакінуць хату Маркевіча.
Што і казаць, заданні былі малапрыемныя. Хадзі і прасі грошы ў аднавяскоўцаў, як жабрак! Рабіць гэта Гардзею зусім не хацелася. Ён вырашыў, што пры нагодзе аддасць свае злотыя. Ішоў да Маркевіча з жаданнем рабіць вялікую справу, магчыма, а атрымалася, што мусіць займацца драбязой. Наконт школы таксама заданне не радавала. Хадзіць і ўгаворваць бацькоў змагацца за беларускую школу не хацелася. Не звык Гардзей кланяцца. Зрэшты, трэба пачынаць з першага задання – ствараць ячэйку. А потым падначаленыя яму, сакратару, камсамольцы няхай і выконваюць заданні. Гэтая думка Гардзея суцешыла, і ён, весела насвістваючы, рушыў у свае Крачкі.
17
За два сонечныя сакавіцкія тыдні расталі высокія гурбы снегу, расцякліся зіхоткімі ручаінамі ў сажалкі, нізінкі, паплавы і балотцы. Снег чапляўся за зямлю ў цяньку за хатаю ці пад варотамі, счарнелы і наздраваты, хворы, не падобны да сябе, а свет радаваўся доўгачаканаму цяплу. І душы людзей прыхавана хваляваліся ў прадчуванні росквіту, шчасця, цуда. Гэтак жа пачуваліся і Кірылавы дочкі – Каця і Зося. Праўда, свае сардэчныя хваляванні яны не выказвалі адна адной і паводзілі сябе стрымана. У вольны час чыталі, вышывалі ці шылі сукенкі да Вялікадня. Шыла старэйшая сястра, добрая краўчыха, а малодшая – Зося, дапамагала толькі што-небудзь сфастрыгаваць ці падгарнуць. На большае ў яе не хапала ўседлівасці. Зося бавіла самотныя вечары ў сям’і, хоць і любіла паскакаць ды паспяваць. Каця ж думала пра Гардзея, згадвала, як добра пагутарыла з ім у апошні раз. Яна шмат думала пра новую сустрэчу, што скажа, пра што спытае, быццам размаўляла з ім. Гэтыя ўяўныя дыялогі іншы раз доўжыліся гадзінамі.
Гардзей сапраўды аднойчы завітаў надвячоркам. Каця прыхавала радасна-пераможны агонь у вачах, схіляючыся над шытвом. А Зося адразу пачала ўпраўляцца па гаспадарцы – выцягваць з печы чыгуны і рабіць мешанку свінням. Не хапала ў яе смеласці адкрыта паглядзець Гардзею ў вочы. Як рабіць выгляд, што нічога не здарылася амаль тры гады таму? Здарылася! Нічога не паправіш. І адначасова яна адчувала, што яе няўхільна цягне да гэтага дзецюка, нібы няма побач іншых хлопцаў.
– Як пажываеце, дзяўчаты? – спытаў госць.
– Нічога, дзякаваць Богу, – адказала Каця. – Адкуль ідзеш і куды?
– Іду з дому і проста да вас. Даўно не бачыў, засумаваў, – сказаў ён, з усмешкаю пазіраючы ў вочы Каці, бо Зося ў тую хвіліну выйшла ў сенцы, каб узяць таўкач. – Падумаў нават, ці, крый Божа, не захварэлі часам, што з хутара нікуды не паказваецеся.
– Здаровыя мы! – бадзёра адказала Каця. – На наш хутар зімою рэдка хто забрыдае. І хваробы мінаюць нас.
– Чым жа вы займаецеся?
– Шыю сукенку Зосі да Вялікадня.
– А сабе ці пашыла ўжо?
– Пашыла.
– Як бы я хацеў паглядзець на цябе ў новай сукенцы! Хоць ты мне і ў гэтай будзённай вельмі падабаешся! – сказаў госць з блазнаватаю ўсмешкаю.
Каця пачырванела. Той хлопец, які з першай сустрэчы яшчэ тры гады таму спадабаўся ёй, нарэшце заўважыў яе, ацаніў і нават сказаў пра гэта. Гардзей паглядзеў на русявую Каціну галаву, на маленькі носік, на ўвесь яе далікатны твар і падумаў, што ёй трэба было нарадзіцца не сялянскаю дзяўчынаю, а паненкаю. Яна і шые неяк па-свойму, тонкія пальчыкі трымаюць іголку пяшчотна, як каштоўнасць, увішна ўздымаецца рука над шытвом, шво кладзецца роўненька і гладка.
Зося таўкла бульбу ў вялізным чыгуне, пара запоўніла пакой. Старэйшая сястра незадаволена падняла вочы і сказала:
– Зоська, вынесі бульбу ў сенцы. Усю хату засмуродзіла. Колькі разоў прасіла: не рабі гэтак.
Зося кінула незадаволены позірк на сястру, узяла трапкач, падхапіла вялізны чыгун і панесла да дзвярэй.
– Пачакай, я дапамагу, – падхапіўся Гардзей.
– Не трэба мне ніякіх памагатых, – адказала дзяўчына.
– То хоць дзверы ў сенцы адчыню...
– Адчыні, калі няма чаго рабіць.
– Як ты размаўляеш з чужым чалавекам? – абурылася Каця.
На заўвагу Зося нічога не адказала, падумала: «Чужы чалавек! Гэта табе ён чужы, а мне. Ніяк не разбяруся, чаго ўва мне да яго больш: кахання ці нянавісці.»
Зося заўзята таўкла бульбу, з сілаю раз-пораз апускала таўкач, быццам тым самым забівала свае лепшыя пачуцці да Гардзея. Не, яна не будзе жыць прыгнечаная і расчараваная. Па Вялікадні, як скончыцца пост, пачне хадзіць на вячоркі і будзе скакаць з усімі хлопцамі, а ён няхай паглядзіць. У яе сваё жыццё, і яна нікому не дазволіць яго псаваць.
Даваць свінням есці яшчэ было рана, аднак Зося пайшла ў хлеў, няхай жывёла пахлебча цёплую мешанку і скажа дзякуй маладзейшай гаспадыні. Каця нічога па гаспадарцы не рабіла, насілася са сваёю грыжаю, штораніцы надзявала тугі шырокі пояс, які сцягваў жывот. Уся гаспадарка – на Зосіных руках. А сястра адно кніжкі чытае. Праўда, сукенку Зосі новую шые – і на тым дзякуй.
Калі Зося вярнулася ў хату, Каця з Гардзеем ціха пра нешта гутарылі. Стала няёмка. Яна не ведала, ці сысці, каб не замінаць, ці нахабна слухаць. Няхай ідуць на вуліцу, а хата належыць Зосі таксама. Яна марудна скінула старую світку, павесіла ў парозе, развязала хустку, паправіла валасы, раздумваючы, дзе сесці: на лаве ці пайсці на запечак? Гардзей міжвольна залюбаваўся яе стройнай постаццю і звярнуўся да яе:
– Я, Зося, прыйшоў да вас па справе.
У грудзях у Зосі раптам нешта ўскалыхнулася, сэрца ўсхвалявана закалацілася і заспяшалася насустрач нечаму невядомаму, але ўжо жаданаму, быццам і забылася, колькі бяды зведала яно праз Гардзея. Яна напусціла на сябе абыякавасць, села да стала насупраць Гардзея і адважна зірнула яму ў вочы, чорныя, непраглядныя, – яны прыязна ўсміхаліся, нешта невымоўна абяцалі. Зося адвяла позірк, паглядзела на Кацю. Тая старанна шыла.
– Такая ў мяне просьба да вас, дзяўчаты. У свеце людзі жывуць па-рознаму. У нас ёсць дах над галавой, хоць нішчымны, але кавалак хлеба, а ў іншых і гэтага няма. Папрасілі мяне добрыя людзі, а я вас прашу, збіраць сродкі для бедных абяздоленых людзей. Дамо нейкі грош, і, можа, ён выратуе жыццё якому чалавеку. Нам добры наш учынак залічыцца на тым свеце, а мо і на гэтым, – сказаў Гардзей.
– А дзе ж мы будзем збіраць тыя грошы? – здзіўлена спытала Каця.
– Думаю, можна па хатах пахадзіць, можна на вячорках з моладдзю пагаманіць.
– Няёмка неяк. Яшчэ што падумаюць.
– Я магу, – нечакана для сябе самой раптам згадзілася Зося. – І па хатах пахаджу, і ля царквы папрашу, і на вячорках.
– Малайчына, Зоська! Я на цябе вельмі спадзяваўся, – узрадаваўся Гардзей.
– Добра, я таксама паспрабую. Мы з Зосяй заўсёды заадно, – разважліва сказала Каця.
– Дзякую, дзяўчаты! Я яшчэ зайду! Рады быў пабачыцца!
Гардзей падняўся, накіраваўся да дзвярэй.
– Пабудзь яшчэ. Хутка бацька вернецца ад дзядзькі Карпа, павячэраем разам, – прапанавала Каця.
– Дзякую, іншым разам, – адказаў Гардзей і паспяшаўся з хаты.
Каця паглядзела на Зосю з дакорам, спытала:
– Нашто ты згадзілася? Сорам прасіць у людзей грошы!
– Табе сорамна, ты і сядзі дома. Я сама ўсё зраблю, – дзёрзка адказала Зося.
18
Вялікдзень прыйшоў сонечны і ясны. Хоць лістота яшчэ не праклюнулася на дрэвах, вясна цешыла сэрцы і вочы. Святочна ўбраныя крачкаўцы міжвольна пацягнуліся за вёску, дзе на невысокім пагорку расло пяць старых ліп. Сёння на прасторнай палянцы было асабліва тлумна. Прыйшла не толькі моладзь, але сталыя людзі і дзеці. Дзяўчаты вадзілі карагод, а хлопцы, разбіўшыся на гурты, гулялі ў «біткі» ці ў «качанкі». Каця з Зосяй стаялі на ўскрайку паляны, прыглядаліся да вяскоўцаў.
– Можа, сёння пачнём грошы збіраць? – спытала Зося.
– Паспрабуй, – адказала Каця, але ў яе голасе не было ўпэўненасці. – Мне лягчэй сваё аддаць, чым прасіць чужое.
– Мы ж не для сябе просім, а для людзей.
– Мне сорамна, – прызналася Каця.
– А мне не, – адказала Зося. – І я зраблю тое, што паабяцала Гардзею.
Яна рушыла да гурту хлопцаў, што качалі яйкі па жалабку і сачылі, хто выйграе.
– Хрыстос уваскрос, – сказала Зося.
– Сапраўды ўваскрос, – весела адказалі ёй дзецюкі.
– Хлопцы, вось мы тут святкуем, радуемся, а ў свеце ёсць людзі, у якіх няма грошай на бульбіну. Мне даручылі сабраць, колькі змагу, грошай для такіх бедакоў.
– Валачобніца! – хмыкнуў Якуб.
– Паспявай нам, – сказаў Мікола Іванюк, – а мы аддзячым.
– А што ж вам паспяваць?
– Ну, вядома, валачобную песню, – падказаў Якуб.
– А я і не ведаю, якія песні спяваюць на Вялікдзень валачобнікі, – сумелася Зося.
– А хіба ў Расіі не святкуюць Вялікдзень? – здзівіўся Мікола.
– Да рэвалюцыі святкавалі, але я жыла ў прытулку. Там былі свае парадкі. На Вялікдзень нас частавалі белымі булкамі з вішнёвым кісялём. А ў апошнія гады не да булак было. Хоць бы што-небудзь пажаваць.
– Спявай, што хочаш, – сказаў Мікола.
– Ведаю я адну песню. Яе некалі мая мама спявала.
Зося азірнулася, пашукала вачамі Кацю, убачыла яе зводдаль, пад ліпаю. Сястра старалася застацца незаўважанай.
– Каця, хадзі сюды, дапаможаш, – клікнула яе Зося.
– Мы падцягнем, – паабяцаў Мікола.
Каця падышла, насцярожана паглядзела на хлопцаў. Зося звонка зацягнула старадаўнюю песню:
Вой, ляцела зязюлечка
Цераз круту гору.
Не выжала пшанічанькі,
Выжала палову.
Нашто мне тая палова,
Як зерня не маю,
Нашто мне жыць на свеце,
Як мамы не маю?
Каця падцягвала другім голасам. Да дзяўчат далучыліся хлопцы, спявалі стройна і зладжана, прыслухоўваючыся адзін да аднаго, каб не збіцца і не сапсаваць песню.
Сем раз ваду прыносіла
З сіняга Дунаю.
Сем раз ваду прыносіла,
Восьмы напілася,
Каб я мела родну маму,
Я й не журылася б.
Зося вяла пранікнёна, бо песня была нібы пра яе. Яна адчула, што зараз заплача ад жалю да сябе, таму зажмурыла вочы, з-пад павек выкаціліся дзве буйныя слязіны. Зося змахнула іх, усміхнулася і працягвала спяваць:
Прыйшла яна на могілкі,
Ды стала плакаці:
Прыйдзі, прыйдзі, родна мама,
Косы расчасаці.
Ідзі, доня, дадоманьку,
Сядай вячэраці.
А я прыйду па вячэры
Косы расчасаці.
Паступова вакол спевакоў сабраліся людзі, якія таксама ўцягваліся ў песню, тужлівую, сардэчную. І хутка ўзгорак пад ліпамі і ваколіца напоўніліся моцнымі галасамі, з’яднанымі кранальнаю песняю пра сірочую долю.
Пайшла доня дадоманьку,
Стала вечараці,
Ждала, ждала родну маму,
Дый стала плакаці.
– Вой дзяўчаты, каб на вас шчасце вялікае, у свята ў жальбу ўвялі, – сказала нейкая маладзіца, выціраючы вільготныя вочы.
– Яны не проста так спявалі. Гэта ж валачобніцы! Давайце па грошыку, добрыя людзі, на добрую справу, – весела сказаў Мікола і першы паклаў на Зосіну далонь манетку.
Тыя, хто меў пры сабе якія дробныя грошы, таксама падалі іх дзяўчатам. Зося дастала з рукава вышываную насовачку, высыпала грошы ў яе, было відно, што засталася задаволеная. Калі ўсе разышліся працягваць свае гульні, а Зося з Кацяй засталіся ўдзвюх, да іх наблізіўся Гардзей.
– Малайцы, дзяўчаты, добра прыдумалі, – пахваліў ён.
– Гэта ўсё Зося, я і не здагадвалася, што яна такая адважная, – сказала Каця, яе блакітныя вочы свяціліся. – Уяўляеш, як артыстка, яшчэ і заплакала.
– Я ж не знарок, так атрымалася, песня на душу легла. Трымай, Гардзей, – сказала Зося і аддала насоўку, у якую былі загорнуты сабраныя грошы.
– Можа, яшчэ пазбіраеце? – спытаў Гардзей.
– Пазбіраем, як дажывём да якога-небудзь новага вялікага свята. А на сёння з мяне хопіць, – адказала Зося.
Вочы яе раптам зрабіліся сумныя, яна паглядзела ўдалячынь і зноў адчула, што зараз заплача. Каб не выдаць свой настрой, сказала Каці, хаваючы позірк:
– Свята святам, а мне пара гаспадарку ўпраўляць.
– Бацька ж дома застаўся, управіцца.
– Бацьку таксама трэба калі-небудзь адпачыць. Ты заставайся, пабудзь сярод людзей, а я пайду.
– Разам прыйшлі, разам і дамоў пойдзем, – адказала Каця, заўважыўшы, што Гардзей ужо адвярнуўся да хлопцаў.
Дзяўчаты вадзілі карагод і спявалі. Хлопцы спрабавалі на зуб яйкі, правяралі, ці не падробка, налітая волавам, дамаўляліся, хто будзе біць, хто трымаць. На тоўстай галіне старой ліпы дзеці гушкаліся на арэлях. Зося паглядзела на іх і раптам сказала:
– Як бы я хацела ўзляцець высока-высока, пад самыя хмары!
– Ага, высока ўзляціш, балюча падаць будзеш. Табе не здаецца, што гэты Гардзей выкарыстаў нас?
– У якім сэнсе? – здзівілася Зося.
– У простым. Мы сабралі грошы, аддалі яму, а што далей?
– А што ты хочаш?
– Ну, не ведаю. Падзяку нейкую.
– Бог аддзячыць, – лёгка адказала Зося.
19
Гардзей апошнім часам пачуваўся радасна і трывожна. Ягонае імя трапіла ў спіс кандыдатаў у дэпутаты гміны. Гэтым ён быў абавязаны найперш Маркевічу і тым людзям, якія стаялі за ім. Яны рыхтавалі не толькі патрэбныя паперы, але агітавалі сялян. Удзел у працы гміны мог бы паўплываць на жыццё тутэйшага люду, бо праз прадстаўніцтва ва ўладзе можна было вызначаць памер бюджэту воласці і збораў за карыстанне месцам на рынку, за арэнду памяшкання, прыняць разумнае рашэнне наконт выкарыстання зямлі, займу ды ці мала яшчэ што. Аднак у Гардзея былі свае планы. Яму карцела стаць не проста радным гміны, а войтам. У выпадку дасягнення гэтай мэты можна было выставіць сваю кандыдатуру дэпутатам сейма, выбары якога чакаліся ў 1928 годзе. Ён дамовіўся сустрэцца з Захарам Маркевічам у нядзелю на вячорках, каб абмеркаваць далейшае.
У нядзелю яшчэ да змяркання моладзь сабралася пад ліпамі. Хлопцы стаялі асобным гуртам, курылі, жартавалі. Дзяўчаты сядзелі на бервяне і спявалі. Гардзей кінуў позірк спачатку на хлопцаў, пасля на дзяўчат, як бы выбіраючы, да якога гурту далучыцца. Аднак спярша пайшоў да хлопцаў. Маркевіча пакуль не было. Гардзей вырашыў, што гэта да лепшага – у прыцемку лягчэй гаварыць. Чым менш людзей будзе ведаць пра тое, што ён мае стасункі з Захарам Маркевічам, тым будзе лепей. Зрэшты, маглі б яны сустрэцца дзе-небудзь у лесе, дык мо і зусім сведак не было б, але ж Захару трэба пакрасавацца перад людзьмі, правесці, як ён сам кажа, масоўку, раздаць лістоўкі. Не асцерагаецца, што знойдзецца разумнік, які захоча выслужыцца перад уладаю, тады бяда нашаму змагару.
Здалёку пачуўся меладычны голас гармоніка. Моладзь адразу павярнула галовы ў той бок, чакала, нахвальваючы гарманіста Сымона Чмяля. Хлопец толькі нядаўна вярнуўся з войска, засумаваў па роднай вёсцы і цяпер пры кожнай нагодзе браў у рукі гармонік, цешыў землякоў вясёлым граннем. З’яўленне музыкі перамяшала дзявочы і хлапечы гурты. Моладзь парамі кінулася ў агністую польку, пасля загучаў павольны вальс, даючы нядоўгі роздых.
Гардзей і не заўважыў, калі ў час «сербіянкі» на сярэдзіну гурту выйшла Зося, заспявала прыпеўку, павольна ўзмахнула рукою з вышыванаю хусцінкаю і затупацела нагамі, гнуткая, стройная, як бярозка, што вырасла пры дарозе. Ён міжвольна залюбаваўся дзяўчынаю. Бадай, яе шэры касцюмчык з белаю блузкаю не надта пасаваў да гэтага народнага танца, але затое вылучаўся сярод паласатых андаракоў ды вышываных кашуль. Зося не была прыгажуняю, але ў ёй палаў невынішчальны прыродны агонь жыцця, які і рабіў яе непадобнаю да іншых, асабліваю, прыцягальнаю. Гэты агонь разбудзіў у памяці Гардзея даўняе перажытае пачуццё, прымусіў устрапянуцца, наліцца прагаю жадання.
Калі змерклася, прыйшоў Маркевіч, як звычайна сказаў кароткую прамову пра тое, як прыгнечаны люд змагаецца супраць польскіх акупантаў, раздаў некалькі лістовак. Паспрабаваў праспяваць «Інтэрнацыянал», але моладзь гэтай песні не ведала. Голас у Маркевіча быў слабы, ён абарваў свае спевы, загадаў гарманісту:
– Падыграй!
Гарманіст націскаў гузікі, рыпаў гармонікам, але падабраць мелодыю не здолеў. Маркевіч незадаволена махнуў рукою і крыкнуў:
– Гуляйце!
Гардзей схаваўся за ліпу, Захар спытаў у хлопцаў, ці не бачылі Гардзея. Яму адказалі, што бачылі, быў тут, хіба мо з якою дзеўкаю ў карчы адышоў. Захар накіраваўся ўбок сваёй вёскі. Тут яго і дагнаў Гардзей.