355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 9)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 21 страниц)

– Пан Гардзей! Я ўжо думала, што ты ў манахі запісаўся!

– Спрабаваў – не выйшла, – адказаў Гардзей з усмешкаю блазна.

– Да каго хочаш?

– Да панны Дароткі.

– Няма яе, звёз пан афіцэр у Варшаву.

– Тады да панны Люцыі.

– Шмат што змянілася ў нас, пан Гардзей. Пакінула нас панна Люцыя з панам адвакатам.

– Вядзі да якой хочаш, – весела адказаў Гардзей. – Я ўсіх на свеце дзевак люблю!

– Ну, ідзі ў гэтыя дзверы. Там цябе панна Марцэля сустрэне.

– Марцэля дык Марцэля, дзякую, Стэпка.

– Панна Эвеліна, – паправіла яго дзяўчына.

– Прабач, я памыліўся, – адказаў Гардзей і штурхнуў скрыпучыя дзверы, за якімі чакала яго асалода, купленая за невялікія грошы, усяго восем злотых за гадзіну, пасля якой можна адчуваць сябе ўпэўненым і вольным, дужым і адважным, быццам увесь свет ляжыць каля тваіх ног.

39

Каця настойвала, каб бацька з Серафімам хутчэй сваталі Базылёву Надзю, бо дзяўчына вельмі прыгожая, каб хто не перабег дарогу. Кірыла ўсё адкладваў, знаходзіў нейкую прычыну, спасылаўся на дрэннае надвор’е, на пост ці нейкія прымхі. Серафім таксама ўхіляўся ад сватання, баючыся перамен у жыцці. Яшчэ больш яго палохала, што, крый божа, давядзецца ісці ў прымы. Аднак пасля каляд усё ж сватаўство адбылося. Знешне Серафіму дзяўчына вельмі спадабалася, прыгожая, сціплая, сядзела і вочы баялася падняць на будучага мужа, але ж хто ведае, якая ў яе душа? Дзядзька разумеў пляменнікавы хваляванні і паабяцаў дапамагчы паставіць хату, дзе маладыя змогуць уладкаваць уласнае жыццё. А пакуль прапаноўваў пажыць з маладою ў яго дома. Такі план цалкам задаволіў Серафіма. Ён супакоіўся і пачаў па нядзелях ды святах наведваць сваю дзяўчыну. Каця асабліва старанна рыхтавалася да вяселля. Па-першае, яна пашыла новы каптан і сарочку Серафіму, які, апрануўшы абнову, нават папрыгажэў і зрабіўся самавіты, быццам пан. Пашыла Каця новыя строі сабе і сястры, каб выглядаць не горш за маладую. Зосі дасталася яркая чырвоная сукня, якая гарэла, бы мак, з невялікім каўнерыкам, паскам і рукавамі на манжэтах. Сабе Каця выбрала тканіну бэзавага колеру, якая пасавала да яе сініх вачэй.

Клапаціўся пра Серафіма і дзядзька Карп, адчуваючы сваю віну і абавязак перад бацькам пляменніка, які недзе згінуў у Сібіры. Аднойчы надвячоркам ён прынёс свой унёсак у агульную справу – трохі грошай. Абяцаў яшчэ і на вяселле падараваць злотыя.

– А дзе ж наш малады?

– Вядома дзе, у маладой, – засмяялася Каця.

– Гэта добра, што ён да яе прыляпіўся. Мо і шлюб будзе ўдалы.

– Дзе ты грошай набраў? – спытаў Кірыла ў брата.

– Бычка прадаў Гардзею.

– Навошта Гардзею твой бычок? – здзівілася Каця.

– Ён жа, як прыйшоў з турмы, заняўся гандлем.

– Галава ў гэтага хлопца працуе спраўна, – пахваліў Гардзея Кірыла.

Мужчыны селі за стол, сталі абмяркоўваць, як лепш зладзіць вяселле.

Каця паглядзела на Зосю, якая моўчкі прала кудзелю, мусоліла нітку, навіваючы яе на верацяно, шмыгала носам, прастудзілася, выбягаючы на холад распранутая, і падумала: «Дарэмна я раўнавала Гардзея да Зосі. Навошта яна яму, саплівая? З ёю і пагутарыць няма пра што». Каця ўзяла Біблію і палезла на печ. Пасля таго, як прыняла хрышчэнне ў баптыстаў, пастар дазваляў ёй прапаведаваць, таму яна старанна рыхтавалася да кожнага сходу вернікаў.

– Вось дзеўка, за кніжку – і на печ! – засмяяўся Карп.

– Каб замужняя была, дык не было б часу на чытанне, а так, што з яе возьмеш, – махнуў рукою Кірыла.

– Пара табе, брат, аддаваць іх замуж.

– Я і рады, дык не ідуць жа за тых, што сватаюцца, нечага чакаюць, а час ідзе.

Карп не заседзеўся ў брата. Зося зірнула на Кацю, якая сляпіла вочы на печы, і папрасіла:

– Пачытай услых.

– Не магу, пропаведзь рыхтую.

– Вазьмі мяне з сабою, я хачу цябе паслухаць.

– Добра, – неахвотна згадзілася Каця. – Пойдзем заўтра, але пры ўмове, што ты будзеш маўчаць як рыба.

– А што я магу сказаць? Я ж нічога не ведаю, – адказала Зося.

Ёй вельмі захацелася пайсці да незнаёмых людзей, пабыць у новым асяродку. Апошнім часам яна і на вячоркі перастала хадзіць. Зосіны равесніцы ўжо ўсе замужам. Выспеўваюць ды выскокваюць маладзенькія дзяўчаткі. Няёмка неяк выбрыкваць сярод іх. Не было таго дня, каб яна не думала пра Гардзея. Але ж думай не думай, а калі ён не шукае з ёю сустрэчы, дык на тое ёсць свае прычыны. Можа, пакрыўдзіўся, можа, прыгледзеў іншую. Вырашыла для сябе: няхай будзе, што Бог дасць. Сваю долю і на кані не аб’едзеш.

40

Баптысты збіраліся на сходы ў прасторнай сялянскай хаце, дзе жыў прэсвітэр. Прыйшло чалавек трыццаць, расселіся на загодзя падрыхтаваных услонах. Кацю сустракалі прыхільна, віталіся з ёю, абдымалі за плечы, называлі сястрой.

Адна цікаўная жанчына змерала вачамі Зосю і спытала ў Каці:

– Гэта твая родная сястра?

– Не, гэта сяброўка, – паспешліва адказала Каця. – Прывяла яе паглядзець ды паслухаць, можа, і яна захоча далучыцца да нас.

– Добра, добра, – заківала галавою жанчына. – Трэба далучаць моладзь, накіроўваць на шлях ісціны.

Зосю балюча ўкалола тое, што Каця адцуралася ад яе. Чаму? Яна хацела адразу запатрабаваць тлумачэння. Але ў гэты час прэсвітэр устаў з-за стала, прывітаў усіх прысутных. Гэта быў чарнявы мужчына, гадоў сарака, прыемнай знешнасці, чыста паголены, з бліскучымі валасамі, зачэсанымі назад і быццам намазанымі тлушчам. Паступова голас ягоны з прыветнага зрабіўся ўрачысты, і ён загаварыў узнёсла, уздымаючы рукі ў неба, нібы просячы ў яго блаславення:

– Блаславёны Гасподзь, які суцяшае нас ва ўсялякім нашым смутку, каб і мы маглі падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў жалобе. Калі на нашу долю выпадаюць нейкія выпрабаванні, мы абвінавачваем сябе саміх. Нам здаецца, што мы заслужылі гэта. Безумоўна, цвяроза ацэньваць сябе чалавеку на карысць. Але караць і знішчаць сябе за памылкі не варта. Яшчэ горш, калі ў сваіх няўдачах мы абвінавачваем іншых. Так, як рабіў гэта Еліфаз, сябар Іова, хоць быў чалавекам, які шанаваў Бога і Ягоныя запаведзі. Еліфаз упарта шукаў прычыну ўсіх бед Іова ў ягоных грахах і памыляўся.

Зося ўважліва слухала праведніка і думала: «Гаворыць, як пра мяне. Гэта я ўвесь час грызу сябе за тое, што даводзіцца піць зязюліна мыла, за тое, што не магу спадабацца Гардзею. А ці ёсць у гэтым мая віна? Калі б я яму падабалася, дык не шукаў бы нікога, даўно ажаніўся б са мною, а ён і на вочы не паказваецца. Вельмі заняты бычкамі! Ну і няхай! І на Кацю пакрыўдзілася, што ад мяне адраклася, а крыўдзіцца нельга, трэба ўсё дараваць.»

– А зараз прапаведаваць будзе сястра Кацярына, – сказаў прэсвітэр і шырокім жэстам рукі запрасіў Кацю да стала.

Зося захвалявалася, праводзячы вачамі невысокую ладную постаць сястры. Каця спынілася ля стала, абвяла вачамі прысутных, усміхнулася і пачала сваё казанне:

– Дарагія браты і сёстры, самы большы гонар, які нам дадзены, – гэта магчымасць размаўляць з Богам. Здавалася б, навошта? Ён жа і так усё бачыць. Дык для чаго маліцца? Адказ на гэтыя пытанні мы знаходзім у пісанні. Калі ёсць д’ябал, дык супрацьстаяць яму можна толькі малітваю. Бог так задумаў, каб толькі з малітвамі сваімі мы атрымлівалі тое, што пажадаем. Нам дадзена малітва, каб мы, гаворачы з Богам і дзякуючы Яму, вызваляліся ад трывог і набывалі «мір Божы». Дастаткова прачытаць запаведзь «Няспынна маліцеся», каб зразумець: Бог хоча, каб мы з ім размаўлялі. Усе мы толькі тады пачынаем жыць па-сапраўднаму, калі звяртаемся да жывога Бога.

Кацін твар свяціўся, вочы гарэлі, голас гучаў пяшчотна і ўзнёсла. Слухаючы яе, Зося міжвольна падумала: «Напэўна, я мала малюся, што Бог не дае мне шчасця. Я буду маліцца і ўдзень, і ўначы. Якая ў мяне чыстая, светлая, разумная сястра, як хораша і проста ўмее гаварыць».

Каця скончыла прапаведаваць, вярнулася на сваё месца.

– Ну, ты і малайчына, – зашаптала Зося ў захапленні.

Вернікі маліліся, спявалі, шчыра прасілі ў Бога літасці і блаславення, а Зося вымольвала аднаго, каб знайшло яе шчасце. Сход скончыўся па абедзе. Людзі не спяшаліся разыходзіцца, нешта абмяркоўвалі, дзяліліся ўражаннямі. Калі сёстры Барэйшы ўжо выйшлі з хаты, знайшліся спадарожнікі, якія ішлі ў другі канец Сцяблова, і ўвесь час адзін перад адным выяўлялі веданне Бібліі. Зосі было сорамна, што яна амаль нічога не ведае. Нават адстала ад гурту і на сваіх доўгіх нагах ледзьве сунулася за людзьмі. Толькі за вёскаю Каця і Зося нарэшце аказаліся ўдзвюх, малодшая сястра папракнула старэйшую:

– Чаму ты схлусіла, што я твая сяброўка?

– Бо мы з табой па-рознаму верым у Бога. Ты толькі па крыві мне сястра, а па духу – не.

– Вось так ты ва ўсім! То ты мне, як маці родная, а раптам – як мачаха! Ніколі не ведаю, што ад цябе чакаць. Ты ж ад мяне адраклася, як святы Пятро ад Хрыста, – сказала Зося.

– Годзе табе! Разышлася! Пакаешся і цябе пахрысцім! І тады ты будзеш мне сапраўднай сястрою. Ведаеш, як Хрыстос сказаў: «Забудзь бацьку свайго, забудзь брата і сястру і ідзі за мною!» Зразумела? Ідзі за мною!

Каця пайшла па вузкай сцежцы паперадзе сястры.

– Не, я так хадзіць не магу. З тваёю курынаю хадою мне ніяк не сысціся! – сказала Зося, зрабіла два шырокія крокі, абагнала сястру і размашыста пакрочыла паперадзе.

41

Вяселле Серафіма і Надзі прызначылі на Масленіцу. Спачатку меркавалі пачастунак наладзіць у хаце Кірылы, а пасля прыкінулі, што надта малое памяшканне, і вырашылі ладзіць вяселле ў Карпа. Ён жа таксама родны дзядзька, да таго ж Агатэля як сталая жанчына, напэўна, лепш справіцца з абавязкамі названай маці, чым дзве сястры, равесніцы маладога.

У той самы час, калі малады выправіўся да маладое, каб разам ехаць у царкву вянчацца, усчалася мяцеліца. Завойкала Агатэля, пачала маліцца, стала казаць, маўляў, нешта благое здарыцца, хоць адкладай вяселле. Але адклад, як вядома, не ідзе на лад. А калі зазвінелі званочкі, пачуліся спевы, гаспадар і гаспадыня выйшлі з хаты, каб хлебам-соллю сустрэць маладых.

Зося, як толькі выбегла на вуліцу, сутыкнулася позіркам з Гардзеем, але зрабіла выгляд, што не заўважыла яго. Каця ж адразу кінулася яму насустрач, пачала нешта з усмешкаю прамаўляць. Зося тым часам схавалася ў камору, мыла посуд, насіла стравы на сталы. Прабягаючы міма Гардзея, Зося крадком кідала на яго позірк, хацелася глядзець на яго і глядзець. Такі ён быў прыгожы ў новым цёмна-сінім гарнітуры з гальштукам у чырвоную, белую і блакітную палоску, зусім не падобны на вясковага хлопца. Быццам нейкі паніч завітаў на свята да сялян. Госці трохі выпілі, закусілі і пусціліся ў скокі проста ў хаце, аднак тут было цеснавата. Душы прасілі прасторы. Пачалі наладжваць скокі на вуліцы, хоць у гарманіста мерзлі пальцы, але ўсім астатнім было горача.

Незаўважна сцямнела, а моладзь усё весялілася, змалоўшы ступакамі снег на муку. Зося таксама не ўтрымалася, каб не паскакаць на вяселлі. Калі на імгненне змоўк гармонік, Гардзей адвёў Зосю ўбок, прапанаваў:

– Давай пройдземся трохі. Нешта галава ачмурэла.

– Дзе тут пройдзешся? Столькі снегу наваліла.

– Я люблю хадзіць пад снегам і дажджом!

– Дзівак! – засмяялася Зося. – Ты такі дзівак! Дзе твая шапка?

– Згубіў недзе! Ты не заўважыла: што я і галаву побач з табою губляю, – засмяяўся ён і пачаў цалаваць Зосю.

Ад гэтага мілавання і ў яе галава пайшла кругам. Да таго ж змораная была яна вельмі. Апошнія трое сутак амаль не спалі, зарэзалі вялікага парсюка, гатавалі пад кіраўніцтвам Агатэлі розныя стравы.

– Пайшлі ў хату, замерзнеш без шапкі, – прапанавала Зося.

– Не, у хату не пайду. Як ты жыла? Раскажы?

– Звычайна. Прала, вышывала, да вяселля рыхтавалася. А ты?

– А я таксама быў заняты. Гаспадарка апынулася ў заняпадзе, пакуль мяне не было. Трэба было пастарацца хоць нешта зарабіць.

– Пэўна, зарабіў? Я ўжо заўважыла, як ты апрануты. Прыгожа!

– Дзякую, што разгледзела. Для цябе стараўся.

Толькі цяпер Зося заўважыла, што Гардзей агародамі вядзе яе да клуні.

– А чаго мы сюды? – спытала ўстрывожана.

– А дзе ж яшчэ мы можам схавацца ад зімы? Пойдзем, пагрэемся трохі, сама ж казала, што галава мая адмерзне.

Зося правяла рукою па ягоных валасах, страсаючы снег.

– Ты проста Дзед Мароз, – засмяялася яна.

– А ты мая Снягурка.

Яны ішлі па цаліку, дзе снегу было па калена, але дзіўна, што Зося зусім не адчувала холаду. Сэрца яе ўсхвалявана калацілася, як у перапалоханай птушкі. Яна ведала, што гэты паход у клуню можа скончыцца новаю пакутаю, але зараз не ў стане была думаць пра наступнае, жыла толькі гэтым шчаслівым імгненнем, калі Гардзей быў побач і належаў толькі ёй. Дзверы клуні жалобна праспявалі, быццам шкадуючы дзяўчыну. Але дужыя рукі падхапілі ўжо Зосю і панеслі на сена.

Пасля мілавання, калі яны ляжалі стомленыя, Зося прашаптала:

– Я больш не хачу разлучацца з табою.

– Не будзем разлучацца. Я гатовы штодня хадзіць у гэтую клуню.

– А як я даведаюся, што ты прыйшоў?

– Зайду да вас у хату, пасяджу, пагаманю, а потым па адным выйдзем і сустрэнемся тут. Дамовіліся?

– А як хто даведаецца?

– А чаго нам саромецца? Мы ж нікому шкоды не робім.

Гардзей абняў Зосю, прытуліў да грудзей і яна падумала, што гатовая на ўсялякую ахвяру, толькі б ён заўсёды быў побач, і няма ёй чаго баяцца, пакуль адчувае абдымкі ягоных дужых рук, пакуль гараць ягоныя пацалункі на яе вуснах.

Раптам ён спытаў:

– Як Серафіму ўдалося такую прыгожую дзяўчыну сасватаць?

– Сасватаў бы ён! Гэта Каця вырашыла яго ажаніць, думаю, для таго, каб з хаты выжыць. Цеснавата ў нас. – засмяялася Зося.

– Няўжо яна такая хітрая?

– Кацю трэба ведаць. Яна ўсё пралічыць на чатыры крокі наперад. Ты думаеш, чаго яна да баптыстаў ходзіць?

– Чаго?

– Марыць з’ехаць за мяжу!

– Жаданне лепшага жыцця – рыса добрая. І калі чалавек усё робіць для таго, каб дасягнуць сваёй мэты, дык яго за гэта можна толькі пахваліць.

– А мяне ты калі-небудзь пахваліш?

– Пра цябе няма гаворкі! Ты лепшая дзяўчына Крачак, не сумнявайся! – весела сказаў Гардзей.

– Пойдзем адсюль. Крый божа, пазасынаем ды пазамярзаем.

Зося паднялася, пачала абтрэсваць салому, потым засмяялася і прамовіла:

– У мяне за пазухаю поўна саломы.

– Ах ты, мая красуня саламяная, дай павыграбаю, – адказаў Гардзей, абняў яе і зноў паваліў на духмянае і шапатлівае сена, падмінаючы пад сябе яе падатлівае гарачае цела.

42

Пасля вяселля Серафім і Надзя пасяліліся ў Кірылы. Маладыя сталі спаць на запечку, а Зося і Каця на лавах. Стары Кірыла звычайна ўладкоўваўся нанач на печы. Маладая жонка была не надта ўвішная, крыўдлівая ды слязлівая. Варта было зрабіць ёй якую заўвагу, як яе вялікія сінія вочы напаўняліся слязамі, яна хавалася ў куточак за печ і плакала, як малое дзіця. Кацю вельмі раздражнялі такія паводзіны нявесткі, і яна, як назнарок, заўсёды знаходзіла падставы для таго, каб дапячы маладзіцы. Сварка магла ўсчацца з нічога.

– Ты чаго павешала на бэльку свае транты? – злосна пыталася Каця ў Надзі.

– А хіба нельга? – здзіўлена пазірала шырока расплюшчанымі нябеснымі вачамі юная нявестка.

– Нельга! Да нас чужыя людзі прыходзяць, а тут розныя рызманы, як у цыганоў, вісяць!

Пад «чужымі людзьмі» Каця разумела не тых кліентаў, што прыносілі шыць адзенне, а Гардзея, які пачаў па вечарах наведвацца да Барэйшаў.

– У камору ўсё сваё хавай! Зразумела? Як вы мне ўсе абрыдлі! Ноччу шушукаюцца ды запечкам скрыпяць, удзень пад нагамі блытаюцца!

– Дык куды ж нам падзецца сярод зімы? – крыўдліва ўсхліпвала Надзя.

Серафім маўчаў, ніколі не бараніў маладую жонку, бо звык трываць у сваім сіроцкім жыцці ўсялякія крыўды і ўжо ніяк на іх не рэагаваў. Надзю гэта яшчэ больш абражала. Яна зрабілася непрыкметнаю, шэраю, сінія вочы патухлі, быццам набегла на іхнюю нябесную чысціню цёмная хмарка.

Кірыла часам абрываў Кацю:

– Чаго прычапілася да маладзіцы? Адной анучаю больш, другой менш, што з таго?

– Нічога! Толькі скажы, бацька, колькі яны тут будуць жыць?

– Вясной паспрабую купіць для іх якую хату, няхай і старую, падладзім тое-сёе і няхай жывуць. Праўда, Серафім?

Серафім згодна кіўнуў галавою.

– Навошта чакаць вясны? Вясна ўжо на носе. Хутка снег растане. Трэба дамаўляцца цяпер, каб вясною пачаць нешта рабіць, – сказала Каця.

– Можа, і так, – згадзіўся бацька.

На другі дзень ён пайшоў у Сцяблова, вярнуўся пад вечар з добраю весткаю: дамовіўся з адным чалавекам, што не дорага прадасць старую хату. Трэба будзе там падладзіць страху, зрабіць падлогу ды і можна жыць.

– А чыя хата? – усхвалявана спытала Надзя.

– І не ведаю, дзіця. Жыла там маці гэтага чалавека, памерла месяц таму, вось і асірацела хата.

– А дзе тая хата стаіць?

– Каля самага лесу.

– Ведаю, там старая Банадыся жыла, – здагадалася Надзя.

– Добрая мясціна, – сказаў Кірыла, – і карову ёсць дзе пасвіць, і качак можна развесці, побач азярынка невялікая. А тое, што хата стараватая, – нічога. Узаб’юцца нашы маладыя на дастатак, дык новую паставяць.

Надзю вельмі ўзрадавала вестка пра тое, што хутка сама сабе будзе гаспадыняю. Яна быццам зацвіла, раскрылася і зрабілася прыгожаю, як тая кветка, што расцвітае нечакана на золку і радуе свет сваім хараством. Калі ўвечары зноў завітаў Гардзей, Надзя весела яму ўсміхнулася, засвяцілася ўся, ледзьве стрымалася, каб не падзяліцца радасцю.

– Ну і жонку ты сабе ўзяў, Серафім! – захоплена сказаў Гардзей. – Яна пакуль маладзенькая, як валошка ў полі, а калі набярэцца жаночай сілаю, аброць табе давядзецца на яе надзяваць.

Такое прароцтва не спадабалася Серафіму і, можа, упершыню ў жыцці ён агрызнуўся:

– Меней на чужых жонак заглядвайся. Ажаніся, дык дурныя думкі ў галаву не палезуць. Саракоўку размяняў, а ўсё па дзеўках шастаеш!

– Серафім, ты што, звар’яцеў! – накінулася на брата Каця. – Як ты чалавека сустракаеш? Сядай, Гардзей, не слухай яго. Некаторыя хлопцы, як толькі ажэняцца, дык адразу пачынаюць жончыным розумам жыць.

Гардзей сеў на лаву, паглядзеў на Кацю, акінуў позіркам Зосю, што мітусілася каля печы: лінула на гарачае вуголле кубак вады, каб патушыць яго да рання і зачыніць бляхаю. Вада злосна зашыпела.

– Што чуваць у Крачках? – спытаў Кірыла.

– Нічога, дзякаваць богу, – адказаў Гардзей. – А вось каля Івацэвічаў, кажуць, нейкі чалавек аб’явіўся, называе сябе прарокам. Прозвішча яго Мурашка. Ён кажа, што хутка канец свету. Людзі ідуць, прадаюць усю маёмасць, а грошы аддаюць Мурашку і жывуць адной сям’ёю, як родныя людзі.

– Хапае прайдзісветаў на свеце, – хмыкнула Каця. – Толькі наша царква самая правільная. Калі ты, Гардзей, збярэшся да нас? Каб ты пабачыў, якія ў нас людзі далікатныя! Якія пропаведзі чытаюць мудрыя, заслухаешся!

– Кожны цыган сваю кабылу хваліць, – заўважыў Серафім.

– Нешта ты сёння разгаварыўся. Ці ўжо адчуў сябе гаспадаром някупленай хаты? Вось што з чалавекам робіць маёмасць!

– Серафім хату купляе? – перапытаў Гардзей і перахапіў радасны Надзін позірк. – Малайчына! Незалежнасць робіць раба чалавекам.

Зося тым часам завязала хустку і апранула паліто.

– Куды ты сабралася? – спытаў бацька ў малодшай дачкі.

– Пайду на вячоркі, – бесклапотна адказала дзяўчына.

– Такая цемра на вуліцы, пабыла б дома хоць вечар.

– Абрыдла слухаць вашы сваркі. Паскачу, паспяваю, адвяду душу.

З гэтымі словамі Зося выслізнула за парог у начную цемру і пайшла ў бок клуні. Над ёю было хмарнае неба. Ні адна зорка не магла прабіць шлях свайму святлу праз морак. Месяц і той заблудзіўся ў кудзелі аблокаў. Вясна змагалася з зімою за права ўладарыць светам, наталяць яго святлом і цяплом, упрыгожваць і вяртаць да жыцця. Ды ясней за ўсе зоркі свету свяцілі Зосі Гардзеевы вочы. Нават у цемры, калі ён нахіляўся над ёю, здавалася, што яна бачыць іх прытоены і спакушальны бляск.

43

Шчасліва і бесклапотна пражыла Зося прадвесне, напоенае любасцю, пяшчотай і мілаваннем. Гардзей ставіўся да яе ўважліва і далікатна, папярэджваў кожнае яе жаданне. Хоць час ад часу прачыналася ў Зосінай душы прадчуванне, што можа здарыцца нешта нядобрае. Калі заўважыла, што зноў зацяжарыла, не спалохалася, вырашыла, як звычайна, папіць узвар з зязюлінага мыла. Хацела прыручыць каханага да сябе, прывязаць, а вестка пра цяжарнасць, як ёй здавалася, магла разладзіць іх добрыя адносіны. Гэта яна ведала на прыкладзе Марфы.

Аднак здарылася непрадбачанае. Дзіця, якое толькі завязалася пад яе сэрцам, не хацела вымывацца. Што Зося ні рабіла, і скакала з сена ў клуні, што ледзьве ногі не паламала, і падымала цяжкія чыгуны з бульбаю, і грэлася на чарэні – дзіця не хацела выходзіць. Калі жывот прыкметна акругліўся, Зося сказала пра сваю цяжарнасць Гардзею. Адбылося гэта ў клуні. Яны сустрэліся як звычайна, ён пажадліва колькі разоў пацалаваў яе, а потым нецярпліва папрасіў:

– Распранайся хутчэй.

– А нам цяпер нельга скаромнага, – засмяялася Зося.

– Чаму гэта раптам?

– У нас хутка будзе дзіця.

– Дзіця? – здзівіўся ён. – Якое ў цябе можа быць дзіця? Столькі гадоў сустракаемся – нічога не было, і раптам на табе – маеш!

– Гэта для цябе не было.

– Ты хочаш сказаць. Дык дзе яны?

– Што было, тое сплыло. Што мне рабіць цяпер?

– Пакуль Паўліну не аддам замуж, сам жаніцца не буду.

– Што ж, у такім разе тваё дзіця будзе расці бязбацькавічам. Я выгадую яго так, як захачу, а табе да нас няма ніякае справы, жыві сабе, радуйся.

– Яшчэ трэба паглядзець, якое ты дзіця народзіш. Ты ж падслепаватая.

Крыўда перахапіла дыханне, Зося ўсхліпнула і залілася слязамі. Плакала яна доўга. Усё чакала, што ён знойдзе слова, каб суцешыць, супакоіць. А калі падняла галаву, дык пабачыла, што Гардзея ў клуні няма.

Употай Зося яшчэ спадзявалася, што Гардзей адумаецца, прыйдзе, папросіць прабачэння, і ўсё ў іх будзе добра. Аднак ён больш ні разу не наведаў хату Барэйшаў. Нават Каця занепакоена аднойчы спытала:

– Нешта Гардзей не прыходзіць. Абяцаў пайсці са мною ў царкву.

– Скуль я ведаю? Ён жа да цябе хадзіў, – адказала Зося.

– Мо што чула пра яго?

– Не чула і чуць не жадаю, – адрэзала Зося.

– Ты чаго такая злосная! З Іванюком пасварылася? Нешта перастала на вячоркі бегаць.

– Пост цяпер. Няма ніякіх вячорак.

– І што табе замінае з ім сустракацца ў пост?

– Абрыдзеў ён мне, як вы ўсе, – злосна адказала Зося. – Чаго ты лезеш мне ў душу? Ідзі да сваіх баптыстаў.

Пачалася сяўба, поле забірала ўсе сілы. А ў перапынках паміж сяўбою, ладзілі Серафімаву хату. Зранку ўсе разыходзіліся, толькі Каця заставалася дома, каб даглядаць скаціну, палоць грады, варыць абед ды вячэру. Уставалі ўсе вельмі рана, звычайна снедалі кубкам малака ды лустаю хлеба. Асабліва стараліся Серафім і Надзя. Яны пазней за ўсіх прыходзілі з працы, кожную вольную хвілінку выкарыстоўвалі, каб нешта зрабіць у сваёй хаце. Вельмі ж хацелася хутчэй пераехаць туды. Хоць яшчэ жытло не зусім было гатовае, але пасля Пятроўкі мусілі перасяляцца. Ніякіх улазін не святкавалі. Сялянскія спрадвечныя клопаты наплывалі адзін за адным. Святы і будні падпарадкаваліся адной мэце – выжыванню. Зося, як магла, хавала сваю страшную тайну, туга перавязвала жывот, надзявала бацькаў стары каптан, імкнулася прыхаваць перамены ў сваёй паставе. Каця аднойчы нездаволена спытала:

– Навошта табе гэты падраны каптан? Яго толькі ў агародзе на пудзіла засталося надзець.

– Я і ёсць пудзіла. З ранку да вечара сяджу на градах ды ў бульбе. Дзіву даюся: на кожную карысную расліну па дзесяць каліў пустазелля вырастае. Дык якая ж тут можа быць праўда на зямлі?

– Праўда ёсць толькі адна – Боская, – адказала Каця, думаючы пра нешта сваё.

Зося разумела: Каця крыўдуе на Гардзея. Што будзе, калі яна даведаецца праўду? Не мела Зося ні мужнасці, ні сілы заглядваць у будучыню. Калі заставалася адна, клала руку на жывот, прыслухоўвалася да дзіцяці, шкадавала сябе і яго і маліла Бога, каб ён выратаваў яе ад ганьбы і знішчэння.

44

На пачатку лістапада Зося адчула: жывот яе быццам бы апусціўся ўніз, апаў. Зразумела, што, мабыць, хутка надыдуць радзіны, і тады ўжо не схаваешся ад чужых вачэй, ад плётак і асуджэння. «Ну, і няхай. Няхай гавораць!

– у адчаі думала яна. – Нікому няма справы да мяне і майго дзіцяці. Калі яно ўтрымалася ў маім целе, дык гэтага хоча Бог. Можа, бацька не выганіць з хаты. А калі і выганіць, дык пайду ў свет жабрачкаю. Няўжо каханне – толькі пакута, якую я перажываю на працягу шматлікіх гадоў? Чаму мне было не пазнаёміцца з тым чалавекам з Берасця, як жа яго прозвішча: Кананчук ці Канановіч? Можа, ён быў не горшы за Гардзея? І жыла б я з ім, бяды не ведаючы. А вось Гардзей мне свет завязаў, і нічога не магу з сабою зрабіць.»

Гэтыя думкі яна бясконца пракручвала ў галаве і не знаходзіла адказу. Усё спадзявалася на нейкі цуд, на шчаслівы зыход, што з’явіцца Гардзей і вырашыць усе яе праблемы, адвядзе бяду. Але ён не прыходзіў, і цуд не здараўся.

У адзін з вечароў Зося адчула сябе зусім блага. Залезла на печ, моўчкі курчылася ад болю, які распіраў жывот, быццам дзіця хацела разарваць цела маці па жывому і выйсці вонкі. Калі ж боль паласнуў быццам нажом, яна прытоена прастагнала.

– Зоська, чаго ты там? – заклапочана спытаў бацька, заглядваючы на печ.

– Нічога. Жывот вельмі баліць. Падарвалася, мусіць, учора, як лён насіла.

– Не кіла, дык ураз, а ўсё не гаразд, – насмешліва сказала Каця.

Зося зноў цяжка прастагнала.

– Што з ёю рабіць? – бездапаможна развёў рукамі бацька.

– Тата, пакліч цётку Агатэлю. Яна мне паможа, – папрасіла Зося.

– Чым яна табе паможа? Яна шаптаць не ўмее, – сказала Каця.

– Хоць памоліцца нада мною перад смерцю.

– Няўжо табе так блага раптам зрабілася? – здзівіўся бацька. – Добра, патрывай, зараз паклічу братавую.

Кірыла хутка апрануўся – і за ім моцна грукнулі дзверы. Каця палезла да сястры на печ.

– Чаго ты пячэшся на чарэні, ідзі на запечак, там паветра больш.

Зося паслухмяна пачала спаўзаць з печы.

– Нейкая мажная ты зрабілася, як я раней не заўважала?..

Хутка Кірыла прывёў Агатэлю. Цётка кінула світку на лаву, развязала канаплянку, засталася ў паркалёвай белай хустцы. Хукаючы на замерзлыя рукі, падышла да Зосі, спытала:

– Што з табою, дачушка? Што ў цябе баліць?

– Жывот, – прашаптала Зося скрозь зубы, каб не закрычаць ад болю.

– Кладзіся на спіну. Пабачым, што там з тваім жыватом.

Агатэля схілілася над Зосяю і ціха прамовіла:

– Ах ты, дурнічка! Дабегалася-такі. Ну, дыхай вальней. Зараз мы твой жывот вылечым, як рукою здыме.

– Што там з ёю? – устурбавана спытаў Кірыла.

– Нічога, нічога асаблівага. Рыхтуйце вялікую міску і цёплую ваду. А яшчэ якую падраную сарочку. І нож дайце мне. Але папярэдне патрымайце над агнём.

– Нашто гэта? Яна толькі ўчора ў балеі мылася, – запярэчыла Каця.

– Учора было ўчарашняе, рабі, што кажу, – загадала старая.

Цётка нахілілася над Зосяю, гладзіла жывот, падводзіла плод да выхаду і шаптала на вуха:

– Тужся, тужся памаленьку, – шаптала Агатэля. – Не бойся, усё будзе добра. Як жа ты папалася, небарачка? Ну, нічога. З кім не бывае. Усё дрэннае праходзіць, а добрае застаецца. Дзеці на свет з’яўляюцца для дабра. Каб на старасці дагледзець бацькоў ды пацешыць унукамі. Тужся, тужся, не лянуйся.

Кірыла сеў каля стала. У душы варушылася нейкае нядобрае прадчуванне.

Каця прынесла з сяней вялікую медную міску, набытую яшчэ некалі ў Самары, дастала, крэкчучы, з печы вялікі чыгун гарачай вады, паставіла на прыпечку, пачала наліваць кубкам ваду, якая звонка білася ў дно і цурчэла.

– Пастаў міску на лаве, каля стала, – сказала цётка. – Нясі старую апранаху і нож.

– Вось, ужо ўсё ляжыць, – адказала Каця. – Нож – на стале, ануча на лаве.

Зося прарэзліва закрычала.

– Ды што з ёю? – не вытрываў Кірыла. – Агатэля, што ты ёй робіш?

– Нічога, нічога, усё будзе добра. Зоська малайчына. Здаровая, дужая.

Раптам хату напоўніў дзіцячы енк. Агатэля захінула малое ў палатняную латку, паказала сямейнікам.

– Во, глядзіце, якога Зоська волата нарадзіла! З першым унукам, Кірыла! Увосень нарадзіўся, багаты будзе.

45

Каця кіпела ад злосці, але маўчала, чакала, што бацька першы пачне гаворку пра ганьбу, якая раптам абрынулася на іхнюю сям’ю. Кірыла чакаў, калі Зося падужэе, дык сама сустрэнецца з бацькам дзіцяці. З разумным хлопцам можна неяк дамовіцца ды ўсё зрабіць па-чалавечы, запісаць немаўля, а мо і пабрацца. Кацю абурала, як асмелілася Зося гэтак легкадумна прыгуляць байструка. Цяпер уся вёска будзе пляткарыць і пра яе, Кацю, таксама нешта нядобрае плявузгаць. Не, тут заставацца нельга. Трэба тэрмінова пагутарыць з Гардзеем і схіліць яго да таго, каб ён прыняў хрышчэнне ў баптыстаў, а потым разам вырашаць, дзе і як жыць. Але ж і гэтай прыдуркаватай Зосі неяк трэба дапамагчы. Які ж ён хітры, Іванюк! За ўвесь час, пакуль з Зосяю сустракаўся, ні разу ў хату не зайшоў. Няхай бы паказаўся, я паглядзела б яму ў вочы! Цяпер давядзецца бацьку ісці пытацца, што ён думае рабіць, калі ў яго нарадзіўся сын. Якое няшчасце! Гэта ж калі даведаюцца браты і сёстры па царкве, што скажуць? Родную сястру не ўберагла ад граху! Трэба як мага хутчэй аддаць Зосю замуж за Іванюка, каб змыць ганьбу.

Пасле вячэры Каця не ўтрымалася і сказала бацьку:

– Трэба нешта рабіць, тата.

– Ты пра што? – спытаў бацька, на яго твары было напісана: хто наламаў дроў, той няхай і разбіраецца.

– Ідзі да Міколы Іванюка, няхай варушыцца.

– Дык ты думаеш, што гэта яго работа?

– Ну, а чыя ж яшчэ? Зося мне колькі разоў казала, што з ім сустракаецца. Так, Зося?

Малодшая сястра нічога не адказала, ляжала і быццам не чула гэтае гаворкі. Каця наблізілася да яе, паглядзела, што вочы Зосі заплюшчаныя, а з-пад павек коцяцца слёзы, здзіўлена спытала:

– Ты чаго, дурная? Што здарылася, тое здарылася. Цяпер гэтае дзіця назад не запхнеш. Не маўчы, скажы што-небудзь!

Зося не азвалася. Каця незадаволена махнула рукою, прабурчала:

– Яе лепш не чапаць, бо зноў у поле пабяжыць. Ідзі, бацька да Іванюка.

– Зося, ісці мне, ці што? – спытаў бацька ў малодшай дачкі.

– Не трэба, нічога не трэба.

– Як гэта не трэба? – узвілася Каця. – Ты тут будзеш разлежвацца, а я плёткі слухаць! Калі ты бацьку не дазваляеш, дык я сама пайду да твайго Іванюка.

– Гэтае дзіця не ад Іванюка, – слаба запярэчыла малодшая сястра.

– Не ад Іванюка? – здзіўлена запытала Каця. – А ад каго?

Зося нічога не адказала, адвярнулася да сцяны.

– Ад каго, я ў цябе пытаюся? – закрычала Каця.

– Не скажу, – буркнула Зося.

– Скажы, дачушка, – лагодна папрасіў бацька. – Неяк трэба вырашаць лёс дзіцяці.

– Зараз жа кажы, – настойвала Каця. – Таямніцу яна робіць ад сваіх! Можа, з якім жанатым прыгуляла, паскудніца!

– Не твая справа, – агрызнулася Зося.

– Як гэта не мая? Ты зганьбіла ўвесь наш род! Цяпер і пра мяне будуць людзі абы-што казаць!

– Абыдзешся, святая! Я тваёй чысціні не запэцкаю!

– Скажы, дачка. Рана ці позна, усё роўна даведаемся. Я схаджу да таго хлопца. Мо ён і неблагі чалавек. Чаго табе пакутаваць дарма? Пагутару з ім, мо дамовімся, каб ажаніўся, ды і ўся бяда на гэтым скончыцца.

– Кажы, чыё дзіця, бо зараз выкіну яго за лапы з хаты, – закрычала Каця, наліваючыся праз край гневам і сапраўды адчуваючы вялікую нянавісць да сястры і да пісклявага камячка, які час ад часу падаваў голас.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю