Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 16 (всего у книги 21 страниц)
– Не мог я. Пасля ўсё раскажу.
– Мы не ведалі, што і думаць. Паўліна колькі разоў і аплаквала цябе як мёртвага, а я верыла, што ты жывы. Па-мойму і выйшла. Але ўсялякае прыходзіла ў галаву. Думалі, можа, цябе партызаны забілі ці яшчэ што...
– Малайчына, што не пахавала мяне раней часу ды замуж не выйшла. Як наш сын?
– Спіць вось як пшаніцу прадаўшы, у школу ходзіць, жывём неяк, – з ціхай радасцю адказала Зося.
Гардзей сеў за стол, выпіў кубак малака з хлебам і сказаў:
– Досыць. Цяпер пайду ў сенцы памыюся. Паўліна, налі мне вады ў балею і падрыхтуй бялізну.
– Я памыю табе спіну, – прапанавала Зося.
– Не трэба, – катэгарычна адказаў Гардзей, вочы ягоныя здаліся Зосі чужымі. – Кладзіцеся спаць. Мне пасцяліце на лаве. Я і так вам усю ноч перакалаціў.
– Мулка на лаве. Кладзіся на запечку, хоць адпачнеш з дарогі, – прапанавала Паўліна.
– А ведаеце што, дзеўкі, пасцяліце мне на печы, хоць адагрэюся, бо спаць мне даводзілася ў асноўным у стагах сена.
– Вой, Божухна... – цяжка ўздыхнула Паўліна, рыхтуючы пасцель брату на печы. – Не было табе шчасця і спакою ў маленстве ды ў маладосці, няма – і ў сталасці.
– Нічога, галоўнае, што я дайшоў, вярнуўся. Адасплюся, ад’емся і будзем неяк жыць. Спіце.
Гардзей узяў газнічку, пайшоў у сенцы. У хаце ўсталявалася цемра. Зося легла на запечку, заплюшчыла вочы. Ёй згадаліся даўнія, у маладыя гады, сустрэчы з мужам, калі яны абое палалі жарсцю, згаралі ў сумесным агні жаданняў, наталяліся пяшчотаю. Чаму ж цяпер ён такі чужы і абыякавы? Няўжо Бог пакараў іх за тыя маладыя грахі, за ненароджаных дзяцей, за пакуты і праклёны, за няўменне саўладаць са сваімі пачуццямі і жарсцю? Няўжо нічога не засталося ад іхняга кахання? Толькі яскравыя згадкі, як знічкі, падаюць у душу і выпальваюць яе датла. Тады здавалася: няхай толькі ён будзе побач – і шчасце запануе ў лёсе і ў хаце. А ён побач – чужы і непадступны. Што рабіць? Як жыць? Што сказаць яму, каб ён зразумеў, што ёй немагчыма жыць без ягонага кахання, пяшчоты, ласкі? Хоць бы слова якое добрае сказаў! Яна ж гіне, як той вазон, які забыліся паліваць! А сам ён чым замяняе патрэбу ў каханні і пяшчоце? Няўжо атручэнне і хвароба вынішчылі ў ім гэтыя чалавечыя пачуцці? Так, ён хворы. Невядома, што ён перажыў за гады разлукі. Можа, каб выжыць, яму патрэбна былі толькі якая-небудзь ежа ды адпачынак?.. Вельмі ж схуднелы і страшны ён вярнуўся...
– Паўліна, ты спіш? – спытала Зося.
– Не сплю.
– Як ты думаеш, дзе ён быў увесь гэты час?
– Думаю, што ў турме. Такі ягоны лёс – пры ўсялякай уладзе мусіць у турме адседзець.
– А што далей?
– Адкуль я ведаю? Спі, заўтра рана ўставаць...
Зося аціхла, заплюшчыла вочы, а сама падумала: «Паглядзела б я, як ты заснула б, каб твой муж вярнуўся. Спі! Паспрабуй засні. Божа мой, хоць бы абняў, пацалаваў, ласкавае слова сказаў. А то быццам я не чалавек... Няхай жыве як хоча! Няхай робіць, што хоча! У мяне ёсць ягоны сын. У нас сям’я. Адагрэю яго, адкармлю, можа, вернецца з часам да розуму, адчуе ў сабе мужчыну...»
Рыпнулі дзверы, Гардзей увайшоў з газніцаю, асцярожна павесіў яе пад столлю, прыўзняў шкло, дзьмухнуў – і кнот патух. Чутно было, як ён у цемры палез на печ, а праз некалькі хвілін пачулася ягонае размеранае дыханне.
«Заснуў, – з любасцю падумала Зося. – Няхай адпачывае. Ён вярнуўся, мы, нарэшце, усе разам – гэта вялікае шчасце. У Ораста будзе бацька, разумны, разважлівы, які стане далучаць сына да справы. Калі-небудзь дапаможа разабрацца з арыфметыкаю. Гардзей жа быў вельмі здольны вучань у школе. Ды і так ён разумны чалавек. Вось толькі хвароба адолела».
На другі дзень, калі Ораст даведаўся, што бацька вярнуўся, радасці ягонай не было мяжы. Няхай цяпер хто пасмее сказаць, што ён сын ворага народа, кожнаму носа расквасіць! Ад хвалявання ён не захацеў нават снедаць, а ўлюбёна глядзеў на бацьку і ўсміхаўся.
– Сынок, у школу пара, – нагадала Зося.
– Іду, – адказаў Ораст, схапіў торбу з кніжкамі і, махнуўшы на развітанне рукою, выскачыў за дзверы.
– Ён вельмі вырас, – сказаў Гардзей.
– Расце, дзякаваць богу, – адказала Паўліна. – Адзення не назапасішся: то падзярэ, то вырасце з яго. Абутак таксама штогод трэба мяняць. А дзе тых грошай набрацца?
– Нічога, выкруцімся, – адказаў Гардзей. – Дайце мне толькі агледзецца. Усё ў нас будзе...
– Дзе ж ты быў, Гардзей? – спытала Зося.
– У палоне. Адступаў разам з немцамі. Ну, мяне і схапілі. Стуль – у лагер. Калі адчуў, што не выжыву, памру ад голаду, вырашыў уцякаць. І вось я дома.
– Божа, Божа, бедны мой брат, – прастагнала Паўліна.
– Гардзей, можа, табе трэба схавацца? – насцярожана спытала Зося.
– Стаміўся я хавацца. Няхай будзе што будзе. Жыў, як мог. Калі за гэта трэба адказваць, што ж, няхай судзяць. Не сядзець жа мне рэшту жыцця ў каморы, не бачачы свету Божага... Я да ўсяго гатовы, – спакойна адказаў Гардзей.
Так мог трымацца толькі той чалавек, які ўжо не раз стаяў на мяжы паміж жыццём і смерцю, але пакуль шанцавала выжываць. Цяпер ён зноў спадзяваўся на шанец: можа, не заўважаць яго адсутнасці, забудуцца, даруюць...
2
Агледзецца Гардзею не далі. Праз два тыдні па яго прыйшлі два чалавекі ў цывільным, участковы міліцыянер і старшыня сельсавета Леванюк. Вочы Гардзея бездапаможна забегалі, быццам шукаючы паратунку, але схавацца не было куды.
– Вось вам Рахуба Гардзей – сказаў участковы.
– Ну, раскажы нам пра сябе, герой, – сказаў адзін з цывільных, сухарлявы з упалымі шчокамі мужчына.
– А што расказваць? Вы ўсё ведаеце самі.
– Ведаем, але не ўсё. Хто ты ёсць насамрэч? Чым займаўся ў час вайны?
– Служыў сельскім аграномам.
– Пасля што было? Хутчэй.
– Перад адступленнем немцаў уступіў у добраахвотнае нямецкае войска. У баях удзел не браў, быў пры абозе. Каля горада Пілау здаўся ў палон, не захацеў ехаць з немцамі. Быў асуджаны на прымусовае пасяленне на шэсць гадоў. Кармілі дрэнна. Адчуў, што хутка памру, таму ўцёк дадому, каб трохі ачомацца. Акрыяў, а цяпер гатовы працягваць...
– Цяпер цябе чакае новы суд. І атрымаеш ты ўжо не як палонны, а як здраднік і нямецкі паслугач на поўную катушку! – сказаў маладзейшы ў цывільным, ружовашчокі і свежы.
Гардзей ускінуў на плечы тую зашмальцаваную ватоўку, у якой вярнуўся з уцёкаў, сказаў сямейнікам:
– Чакайце мяне.
Але тыя, што прыйшлі яго арыштоўваць, не спяшаліся. Яны пачалі вобыск. За іконаю знайшлі Каціны лісты з Амерыкі, якія яна прысылала яшчэ да 1939 года. Старэйшы ўсклікнуў:
– Ды гэта асінае гняздо! Яны маюць сувязь з Амерыкай.
Другі цывільны знайшоў на паліцы кніжку па гісторыі Украіны і нейкія паперы, надрукаваныя ўкраінскім згуртаваннем «Прасвіта».
– Ды тут акапаліся ўкраінскія нацыяналісты! – сказаў ён і спытаў у Гардзея: – Адкуль гэта ў цябе?
– Не ведаю. Гэта не мая хата. Я тут жыў у прымах. Магчыма, гісторыяй Украіны цікавілася жончына сястра, якая выехала ў Амерыку ў 1936 годзе, – адказаў Гардзей, з цяжкасцю стрымліваючы раздражненне.
– І лісты ад сястры? – удакладніў першы ў цывільным.
– Там жа ўсё напісана, адрас, прозвішча, – сказала ўсхвалявана Зося.
– Добра, будзем разбірацца.
Пакуль нкусаўцы рабілі вобыск, маўклівая Паўліна па даўняй звычцы сабрала ў дарогу Гардзею торбу з ежаю і бялізнаю. Леванюк, які з цікавасцю назіраў за тым, што адбываецца ў хаце, сказаў ёй:
– Што ты, Паўліна, турбуешся? Цяпер дзяржава пра твайго брата будзе клапаціцца. Абуе, апране і накорміць...
– І табе таго жадаю, – спакойна адказала Паўліна і адвярнулася.
– Бач ты, якая аса, – абурыўся Леванюк. – Нездарма цябе ніхто замуж не ўзяў!
– Чым ісці за такога, як ты, дык лепш век дзеўкаю звекаваць, – адрэзала Паўліна.
– Маўчаць! – сказаў сухарлявы, сеў за стол і пачаў нешта пісаць.
У хаце ўсталявалася напружаная цішыня. Калі ж нарэшце ўсе фармальнасці былі выкананы, нкусаўцы павялі Гардзея на вуліцу, пасадзілі ў газік, машына кранулася з месца. Зося ішла ўслед за ёю, пакуль тая не знікла з поля зроку яе блізарукіх вачэй. Яна думала, што скажа сыну, калі той вернецца са школы. Шкода ёй было і сябе, і Гардзея. Чаму такі незразумелы і жорсткі лёс? Яна столькі марыла, каб жыць побач з Гардзеем, клапаціцца пра яго, ствараць разам сям’ю. А калі яны аказаліся побач, дык шчасце абыходзіць іх дзясятымі дарогамі. Нейкія людзі і падзеі ўвесь час разлучаюць іх. Зося выцерла слёзы. Агледзелася. Лёгкі туман слаўся над поплавам. Раніца выдалася змрочная і па-змоўніцку ціхая. Быццам зямля замерла ў цяжкім прадчуванні нечага страшнага.
Зося пайшла па дарозе пад старыя ліпы. Ёй згадаўся той даўні вечар, калі яны з Кацяй збіралі грошы для рэвалюцыянераў. Як задаволены быў яе дзейнасцю Гардзей. Той вечар іх вельмі зблізіў. Яна адчула сябе не проста дзяўчынаю, якая кахае, але ягонаю паплечніцаю і сяброўкаю.
Ліпы стаялі, маўкліва ўзняўшы голае голле ўгору. Яшчэ быў толькі красавік. Да першай зялёнай лістоты заставаўся цэлы месяц, але пад карою ўжо рухаўся сок, абуджаў пупышкі, наталяў смагу заспанага дрэва. «Калі ж абуджуся і ажыву я? – спытала ў сябе Зося. – Ці так і засохну сухадрэвінаю, не зведаўшы ні цяпла, ні ласкі. Усе няшчасці аднойчы канчаюцца. Скончацца і мае беды, калі толькі Гардзей выжыве, выстаіць у тых выпрабаваннях, якія выпалі на ягоную долю.»
Пад павевамі лёгкага ветру хмары на небе трохі рассунуліся, з-за іх насцярожана выглянула сонца. Зося, цяжка ўздыхнуўшы, рушыла ў зваротны шлях. Яна ішла задуменная і не заўважыла скуль раптам узяўся перад ёю Леванюк. Ён сядзеў вярхом на кані, звысоку паглядзеў на Зосю і сказаў:
– Я загадаю перакапаць гэтую дарогу, каб па ёй не хадзіла жонка ворага народа.
– Па гэтай дарозе ходзіць мой сын у школу! – абурылася Зося. – Ты і яму будзеш дарогі перакопваць? Ты падумай пра сябе! Пра сваіх дзяцей! На каго ты падобны зараз? Падумай!
– Ты чаго на мяне ўз’елася, гніда. Адно маё слова – і цябе тут няма!
– Кажы, пішы свае словы, але ведай, што за ўсё давядзецца адказваць! – Зося ўзнесла руку ўгору. – Ты думаеш, за што тваіх дзяцей зажыва спалілі? Ды за тое, што ты людзей пасылаў на катаргу і на смерць!
– Забабоны ўсё гэта! Чаму ж мне нічога.
– А цябе пакінулі, каб ты жыў і пакутаваў, дакараючы сябе да смерці за грахі свае страшныя.
– Маўчы, дурная баба, бо зараз сперажу пугаю. Не доўга табе тут хадзіць засталося.
– Едзь міма, разумнік. Пажывём-пабачым, хто каго перажыве.
Зося абмінула Леванюка і паспяшала да сваёй хаты. Здавалася, спакойна размаўляла са сваім ворагам, а яе ўсю ажно калаціла ад гневу. З апошняй фразы, сказанай Леванюком, яна зразумела, што хутка прыйдуць па яе. Трэба падрыхтавацца, насушыць паболей сухароў, сабраць усё неабходнае для сябе і сына, што спатрэбіцца ў доўгай дарозе, бо знянацку, як заявяцца прыхадні, дык і не ўспомніш, што патрэбна ўзяць.
Паўліна сустрэла яе воклічам:
– Дзе ты швэндаешся? Уся работа стаіць.
– Якая работа, Паўліна? Леванюк сказаў, што хутка прыйдуць і па мяне. Каб не трапіць са мною ў адну кампанію, раю табе перасяліцца да якой з сясцёр.
– Навошта ты слухаеш гэтага балабона? Яму абы языком мянташыць!
– Я жонка ворага народа. І гэтым усё сказана.
– Няўжо гэта праўда, Зося? – не даючы веры пачутаму, спытала Паўліна.
– Нам трэба быць гатовымі да ўсяго. Ты ж бачыш, мы – хутаранцы. Сельсаветчыкам нават гэта муляе. У іх адна мэта – выселіць нас, забраць нашы бедныя пажыткі, а поле прыараць да дзяржаўнага. Зямлі ім мала! На могілках усім зямлі хопіць! Колькі таго жыцця і тое атруцяць!
– Я ўжо прывыкла да цябе. Куды ж мне падацца? Да Мані ці да Дашы?
– Не ведаю. Схадзі, пагутары з сёстрамі, а я буду сухары сушыць.
– Вой, галубка мая, няшчасныя мы з табою, – загаласіла Паўліна і абняла Зосю. – Не даў Бог нам долі! Не даў шчасця! Мала таго, што асірацелі рана, жылі як трава пад плотам, дык і цяпер разлучаюць нас, раскідваюць па свеце на пакуту і згубу... Браточак мой родны, браточак мой адзіны! Калі ж яшчэ цябе пабачу?...
Яны сядзелі на лаве і плакалі, адчуваючы, як са слязьмі сплываюць няўпэўненасць і разгубленасць, стома і страх. Зося паднялася з лавы першай, ціха сказала:
– Годзе плакаць. Трэба жыць! Трэба працаваць! Мы з табою, Паўліна, дасць Бог, перажывём усіх нашых ворагаў. Мы ж ім зла не рабілі. А яны за ўсё адкажуць!
3
Зосю з Орастам нкусаўцы забралі праз год, у канцы красавіка, пасадзілі на палутарку, загадалі ўзяць з сабою сеннікі, коўдры, дзве міскі, два кубкі, дзве лыжкі. Зося прыхапіла яшчэ з сабою адзенне і сувойчык палатна. Іх павезлі ў Жабінку на чыгуначную станцыю. Там было шмат гэтакіх жа знядоленых сем’яў. Людзі сядзелі ў памяшканні вакзала на клунках, збалелымі і трывожнымі вачамі ўзіраліся ў абыякавыя твары ахоўнікаў. Кожная сям’я пакінула абжытую хату, гаспадарку, маёмасць, якая набывалася вялікаю працаю – людзей бязлітасна вырвалі з роднага гнязда, абрынулі ў страшную невядомасць. Па сорак чалавек арыштаваных пасадзілі ў таварныя вагоны пад аховаю вайскоўцаў. Зося знайшла вольнае месца каля высокага акенца, кінула рэчы на падлогу, суцешыла сына:
– Нічога не бойся. Людзі скрозь жывуць.
– Ды я нічога. Мне нават цікава, – адказваў Ораст і пры гэтым ціха радаваўся, што больш не будзе бачыць ненавісную піянерважатую і знерваваную настаўніцу, не будзе хадзіць у школу, а проста ехаць у цягніку і глядзець у акно, назіраць за тым, што адбываецца навокал. – А куды нас павязуць?
– Не ведаю, сынок. Як прыедзем, дык і дазнаемся.
Хоць акно было высока пад столлю, Ораст пракалупаў сцізорыкам дзірачку ў драўлянай абшыўцы вагона і ўвесь час назіраў за тым, як праехалі Беларусь, як пачалася Расія. Мільгалі нячутыя ім ніколі назвы станцый і гарадоў, мяняліся краявіды. Гэта было значна цікавей за чорна-белае кіно, якое аднойчы паказвалі ў школе. Каб ведалі хлопцы, колькі ён усяго пабачыў! Некалі сустрэнуцца, пра ўсё раскажа ён ім! Яны ж далей Крачак не былі...
Ехалі доўга, цэлы месяц, цягнік часта стаяў, прапускаючы іншыя больш важныя пасажырскія ці хуткія цягнікі. Раз у суткі прыносілі паесці чаго-небудзь гарачага. Людзі запасаліся вадою. У каго былі сухары, той так-сяк перажываў голад. Нарэшце іх высадзілі на забытай Богам станцыі сярод стэпу, дзе белая зямля іскрылася, быццам пакрытая снегам. Гэта былі саланчакі. На машынах іх прывезлі ў калгас, дзе людзі жылі ў гліняных хатках. Было тут некалькі зямлянак. Адну з іх аддалі Зосі і Орасту. Непадалёку цягнуўся канал з зялёнай, непрыдатнай для піцця вадою, удоўж яго раслі стромкія дрэвы, мусіць, таполі. Да далягляду распасціраліся палі, засаджаныя бавоўнай і кукурузай. Марыва калыхалася над стэпам, ажно ў вачах міргалі мурашкі. Сляпучае паўднёвае сонца яшчэ з вясны выпаліла тут усё да апошняй травінкі. Здавалася дзівам, як яшчэ выжыла гэтая бавоўна. Суцяшала тое, што ў гэтае, забытае Богам селішча, яшчэ раней былі выселены некалькі сем’яў грэкаў, грузінаў, немцаў. Гэтыя людзі сустрэлі папаўненне, расказалі трохі пра сваё жыццё-быццё, пра тое, з якой цяжкасцю здолелі прыстасавацца. Спачатку гінула шмат дзяцей ад дызентэрыі з-за непрыдатнай для піцця вады; паміралі жанчыны, якім не падыходзіў клімат, аднак большасць высланых выжывала.
– Вось тут мы і будзем туліцца, – сказала Зося, азіраючы зямлянку, якую ёй выдзелілі пад жытло.
– Колькі? – спытаў Ораст.
– Нейкі начальнік казаў, што нас выслалі на дваццаць гадоў.
– Вой-ё-ёй! Дваццаць гадоў? – здзіўлена перапытаў Ораст.
– Нічога, сынок, можа, над намі злітуюцца і мы здолеем вярнуцца раней.
На першым часе калгас даў перасяленцам у доўг трохі кукурузы і арэхавага алею, з умоваю, што яны адпрацуюць. І Зося пачала працаваць, ні ад якой справы не адмаўлялася.
Хоць дужая была Зося і звыклая да цяжкай працы, але дрэннае аднастайнае харчаванне і туга па радзіме кепска адбіліся на яе здароўі. Аднойчы запякло на карку, памацала і адчула пад пальцамі невялікую пухліну, якая праз тры дні непамерна вырасла. Паднялася тэмпература. Зося спалохалася, раптам з ёю нешта здарыцца нядобрае, як жа сын застанецца адзін? Хто яго дагледзіць? Няўжо так і рассеецца іхняя сям’я па свеце? Загадала Орасту паклікаць доктара Селіванава. Трэба было ратавацца.
Прыйшоў доктар, не стары яшчэ чалавек, з прыемным тварам, таксама з выселеных, агледзеў больку, сказаў, што гэта карбункул, які ўзнік хутчэй за ўсё з-за перамены клімату і недахопу вітамінаў. Прыклаў нейкую мазь. Ці то ад яе, ці ад простай чалавечай увагі Зосі зрабілася лягчэй. Яна ледзь не расплакалася расчуленая.
– Вось што, Сафія Кірылаўна, вы не хвалюйцеся, – сказаў доктар. – Г этую балячку я вам вылечу. І не з такімі хваробамі даводзілася змагацца. А яшчэ зраблю ўсё, каб вы больш у калгас на працу не хадзілі.
– А як жа мы будзем жыць? Нават за тую кукурузу, якую нам тут даюць, трэба адпрацоўваць.
– Абыдуцца. Будзеце прыбіраць мой кабінет і атрымліваць хоць і невялікую, але ўсё ж зарплату.
– Дзякуй вам вялікі, Іван Паўлавіч.
– Ачуньвайце. Заўтра зайду праведаць.
Доктар Селіванаў цэлы тыдзень наведваў Зосю, пакуль, нарэшце, не выцягнуў з нарыва карбункул. Затым прамыў рану, перавязаў, сказаў весела:
– Даю вам яшчэ тры дні на папраўку, а з панядзелка выходзьце на новую працу. У нас з вамі яе будзе шмат.
– Дзякую, Іван Паўлавіч, вы мяне з таго свету вярнулі.
– Няма за што. Гэта мой абавязак. Я з вашым сынам пазнаёміўся. Прыемны хлопец, выхаваны, думаю, мы з ім пасябруем.
– Ён розны бывае. Бачыце, расце без бацькі. Часам прапускае школу.
– А дзе ж бацька?
– Сядзіць недзе. Ніякіх вестак ад яго не атрымліваем. Спадзяюся, што жывы...
– За што яго? – спытаў доктар, потым спахапіўся. – Зрэшты, я і сам не ведаю, за што мяне выслалі.
Зося ціха ўздыхнула і сказала:
– Бедныя людзі, пакутуюць невядома за што. Ці можна ўжо легчы на бок? А то ж столькі дзён толькі на жываце ляжала з-за балячкі.
– Можна. Цяпер усё можна. Чакаю вас з нецярплівасцю на працу.
Іван Паўлавіч выйшаў, а Зося з радасцю падумала, што свет не без добрых людзей. Неяк выжывуць яны з Орастам у гэтай глухамані, а прыйдзе час – вернуцца дамоў, нават калі ім давядзецца пражыць тут дваццаць гадоў. Хто ведае, колькі ім адмерана лёсам? Яна згадала свой садок, асірацелую хату і ціха заплакала ад тугі і смутку.
4
Зося хадзіла на працу па абедзе, мыла падлогу, прыбірала кабінет доктара Селіванава, а потым ужо ўвечары мыла медыцынскі посуд, стэрылізавала яго. Усё зіхцела ад аконнага шкла да стала, за якім прымаў хворых доктар. Сачыла, каб і ягоныя халаты былі заўсёды чыстыя.
Аднойчы, а здарылася гэта трыццаць першага снежня, доктар затрымаўся на працы. Сядзеў, нешта пісаў за сталом і замінаў рабіць звычайную справу Зосі, якая спяшалася дамоў, бо хацела сустрэць Новы год разам з сынам і штонебудзь смачнае згатаваць на вячэру.
– Чаго гэта вы, Іван Паўлавіч, так запрацаваліся? Усе людзі рыхтуюцца святкаваць. А вы ніяк ад службовых абавязкаў не можаце вызваліць душу.
– Добра мне з вамі, Сафія Кірылаўна, вось і не хочацца ісці дахаты. Давайце мы з вамі сустрэнем Новы год. Тут у мяне трохі спірту ёсць. Нейкае сала яшчэ вядзецца. Дыню купіў на рынку ў райцэнтры.
Селіванаў дастаў з шафы колбу са спіртам і закуску, запрасіў Зосю:
– Адкладзіце свае анучы. Сядайце да стала.
Зося вынесла памыйнае вядро, вымыла рукі, прыгладзіла пышныя валасы, урачыста села да стала. Селіванаў напоўніў спіртам дзве мензуркі, перад Зосяй паставіў шклянку вады, пачаў свой тост:
– Давайце, Сафія Кірылаўна, вып’ем за Новы 1953 год. Няхай ён прынясе нам шчасце, добрае здароўе і ўсё найлепшае ў нашым жыцці.
– Няхай так і будзе. Будзьце здаровы, Іван Паўлавіч, – адказала Зося, падняла мензурку, чокнулася з доктарам і выпіла спірт, які, здаецца, апёк рот агнём, тут жа не ўдыхаючы паветра, запіла вадой.
– Малайчына. Вы проста геройская жанчына, – пахваліў Зосю доктар.
– Божа мой, я і не помню, колькі гадоў гарэлку не каштавала, – усміхнулася яна.
– У такім разе закусвайце, – Селіванаў паклаў перад ёю лусту хлеба, з нарэзанымі кавалачкамі сала.
– Дзякую... Смачнае сала, як дамашняе. Ведаеце, я трымала дома па некалькі свіней. Адну рэзалі да каляд, другую на масленіцу.
– Добрая вы гаспадыня, адразу відно. Усё гарыць у вашых руках. Вы мне з першай сустрэчы вельмі спадабаліся, калі той карбункул да вас прычапіўся.
– Я нават не ведаю, як вам аддзячыць за ўсё-ўсё, – з захапленнем сказала Зося.
– Нічога не трэба. Людзі павінны дапамагаць адно аднаму. Я, дарэчы, даўно хацеў пагутарыць з вамі на адну важную тэму. Ды не ведаю, як пачаць.
Зося зацікаўлена зірнула на Селіванава і сказала са шчыраю ўсмешкаю:
– Ды гаварыце, не саромейцеся. Я жанчына простая, усё зразумею.
Селіванаў памаўчаў, пасля дастаў з кішэні пачак «Казбеку», закурыў, хаваючы вочы за аблачынкаю дыму і ціха сказаў:
– Нам, Сонечка, давядзецца тут яшчэ доўга кантавацца. Мая жонка напісала мне, што падала на развод. Твой муж таксама невядома дзе. Я быў бы шчаслівы аб’яднаць нашы лёсы і ісці поруч па жыцці.
Зося зніякавела, твар заліло чырванню. Яна прыгладзіла валасы і сказала дрыготкім голасам:
– Іван Паўлавіч, дарагі, што заўгодна, толькі не гэта! Я паклялася сабе, што ніколі не здраджу мужу, пакуль ён жывы! А ён жывы! Я перакананая! Я буду чакаць яго заўсёды! Прабачце, што я вас расчаравала, але гэта мая горкая праўда. Кахаю я яго вельмі! Ён доўга прыглядаўся да мяне, выбіраў, перабіраў. А я больш за дзесяць гадоў аднаго яго чакала, хоць іншыя хлопцы сваталіся да мяне!
– Добра, годзе... Я ўсё зразумеў, – пахмурна сказаў Селіванаў, наліваючы мензуркі.
Зося падхапілася з-за стала, ускінула на плечы паліто.
– Я пайду, Іван Паўлавіч. Мяне сын чакае. Бывайце здаровы...
– Ідзіце, што з вамі зробіш. Пачакайце. Вазьміце дыню, перадайце ад мяне ў падарунак вашаму сыну.
Селіванаў паднёс Зосі дыню, аддаючы яе, патрымаў у сваіх далонях Зосіны, нацягнута ўсміхнуўся:
– Прабачце, калі што не так. З Новым годам, Сонечка.
Ён нахіліўся і пацалаваў Зосю ў шчаку. Яна спалоханай птушкай выпырхнула за дзверы, бо раптам адчула, што ёй вельмі сімпатычны гэты чалавек, і душа міжволі цягнецца да яго.
Сышла з ганка, убачыла над сабой чорнае неба і бухматыя зоркі, якія праменіліся ў марозным паветры і, здавалася, калолі ў зрэнкі. Зося схавала пад палу дыню, каб не падмерзла, і заспяшалася дамоў.
Сын сустрэў яе нездаволеным пытаннем:
– Чаму ты сёння так доўга?
– Канец года, трэба было ўсё як след прыбраць, каб леташні бруд не заставаўся на свята.
– Я так есці хачу!
– Зараз што-небудзь зварым. А табе доктар Селіванаў дыню перадаў.
– Якая смаката! – Ораст з асалодаю панюхаў дыню і сказаў: – Не трэба нічога варыць. Дыняю павячэраем.
Ён разрэзаў нажом духмяную мякаць, дастаў з сярэдзіны насенне, паклаў асобна ў міску. А дыню парэзаў на тонкія лустачкі.
– Сёння да нас у школу Дзед Мароз прыходзіў, кінуў некалькі цукерак. Мы за іх біліся, але мне нічога не дасталося, – сказаў Ораст.
– Весела было?
– Якая там весялосць? Дзеўкі скакалі пад балалайку, а мы, хлопцы, глядзелі. Вось і ўсё. Затое цяпер пачнуцца канікулы! Любата!
– Адпачнеш, – сказала Зося, думаючы пра Селіванава, як цяпер будзе з ім працаваць і як наогул паводзіць сябе? Рабіць выгляд, што нічога не здарылася? Ці як?
Праз дзень яна прыйшла на працу. Заўважыла, што Селіванаў пазбягае сустракацца з ёю позіркам, адчувае сябе няёмка. «Давядзецца мяняць працу, – падумала Зося. – А я ўжо так прывыкла на гэтым месцы. Трэба нешта прыдумаць. Добра было б наогул з’ехаць адсюль, але куды і як дабіцца дазволу?»
Праз месяц яна атрымала ліст ад Гардзея з Варкуты. Адшукаў ён яе праз сястру Паўліну. Пісаў, што працуе на шахце, але захварэў, цяпер знаходзіцца на лячэнні. Пісьмо было кароткае і цёплае, асабліва сагрэлі Зосю чатыры вершаваныя радкі:
Я на поўначы далёкай,
Ты на поўдні, промнік мой.
Хоць нас доля разлучыла,
Мы сустрэнемся з табой.
Гэта быў яе Гардзей. Яго не змяніла турма! Такога яна памятала і кахала. У той жа дзень Зося, вяртаючыся з бацькоўскага сходу са школы з грэкам, які працаваў брыгадзірам у калгасе, сказала, што хацела б выехаць з паселішча ў райцэнтр, там лягчэй знайсці працу, а ёй трэба карміць сына. За сувойчык палатна ён згадзіўся дапамагчы Зосі памяняць месца жыхарства. У райцэнтры знайшлася для яе праца – упакоўваць у мяшкі бавоўну. Кватэру яна зняла ў знаёмага брыгадзіру бяздзетнага грэка. У Ораста пачалося новае жыццё ў новай школе. Яму тут больш падабалася, бо ў вёсцы школа была казахская, а тут руская. Там, не ведаючы мовы, ён толькі адседжваў заняткі. Яму ставілі тройкі і пераводзілі з класа ў клас, бо і так ён быў пераростак, страціў чатыры гады, пакуль ішла вайна. Тут жа ў яго завялося шмат сяброў: грэкаў, татар, грузінаў, чэчэнцаў, кабардзінцаў. Цяпер Зося рэдка яго заставала дома. З новымі сябрамі Ораст рабіў хатнія заданні, нешта ў некага спісваў, нечаму ў некага вучыўся, але ў новай школе ў сына з’явіліся першыя чацвёркі, гэта радавала маці.
5
Праца ў шахце, цяжкая і небяспечная, пры слабым харчаванні забірала шмат сілы. Гардзей стараўся не думаць пра тое, што яму давядзецца гэтак пражыць цэлых дваццаць гадоў, на якія яго асудзілі. Ніхто ў лагеры столькі не здолеў бы выжыць па той простай прычыне, што ў шахтах час ад часу здараліся аварыі: завалы, падтапленні, узрывы метану. Гінулі людзі. Катаржнікаў ніхто не імкнуўся ратаваць. Пашанцавала Гардзею ў тым, што побач працавалі вольнанаёмныя, якія з разуменнем і па-чалавечы ставіліся да гаротнікаў-катаржан, не шкадавалі ім лусты хлеба з салам ці шклянкі гарачай гарбаты з тэрмаса. На Гардзеевым адзенні, як і ў многіх асуджаных, таксама, «красавалася» літара «к», што азначала «катарга». Ён мусіў дзяліць долю катаржан, стараўся меней думаць пра невядомую будучыню, пра невыносна цяжкае сёння, а прымаў усё, што пасылаў яму лёс, і з дзіцячай непасрэднасцю ўзіраўся ў свет навокал, рабіў маленькія адкрыцці і радаваўся гэтаму. Часам нават думаў, што зусім невыпадкова прывялі яго неміласэрныя шляхі ў халодны край, можа, для таго, каб менавіта ён, селянін, які шмат працаваў на зямлі, убачыў яе нетры, спасціг таямніцы яе стварэння, што застаюцца пакуль недаступнымі мудрым навукоўцам, бо тыя вырашаюць навуковыя задачы, пераважна седзячы ў кабінетах. Мабыць, з-за таго, што не губляў цікавасць да жыцця, хваробы доўга яго не бралі. Аднак штодзённае ўдыханне на працягу некалькіх гадоў вугальнага пылу ўсё ж кепска адбілася на здароўі. У Гардзея выявілася цёмная пляма на лёгкіх. Хвароба пачалася з моцнага кашлю і высокай тэмпературы, таму яго і паклалі ў шпіталь. Пакуль абследавалі ды лячылі, Гардзей у вольны час нарэшце заняўся сваімі запісамі, якія даўно выношваў у галаве. Зрэшты, гэта былі не проста нейкія думкі ці дзённікавыя нататкі. Гардзей выказваў пэўную навуковую гіпотэзу, а свой ліст збіраўся паслаць у Акадэмію навук СССР. На вокладцы вучнёўскага сшытка ў лінейку ён напісаў назву трактата «Навука аб паходжанні выкапневых матэрыялаў. Прычыны землятрусаў і вулканічных вывяржэнняў. Гіпотэза аб паходжанні планет Сонечнай сістэмы».
Яшчэ ў юнацтве, пабачыўшы ў кузні шлак ад спаленага вугалю, ён паставіў пад сумненне тое, што вугаль утварыўся з акамянелых лясоў, як было напісана ў падручніку фізічнай геаграфіі. Працуючы ў шахце за Палярным кругам, Гардзей назіраў за тым, як размяшчаюцца вугальныя пласты з рознымі праслойкамі. Тое ж ён заўважаў і ў кавалках каменнай солі. У выніку назіранняў у яго ўзнікла пытанне: калі сапраўды каменны вугаль утварыўся з акамянелых раслін, тады з чаго ўтварыліся каменная соль і іншыя мінералы? Разважаючы пра гэтыя з’явы, ён прыйшоў да высновы, што каменны вугаль і іншыя мінералы ўтварыліся павольна, быццам выраслі, пры гэтым складаліся з разнастайных хімічных рэчываў.
Аднойчы калону катаржан праводзілі міма прадпрыемства, на якім абпальвалі вапну. І зноў у Гардзея ўзнікла пытанне, на якое ён упарта шукаў адказ: каб атрымаць вапну трэба абпальваць сыравіну, дык чаму яна не абпалілася, калі вылівалася на паверхню з гарачай лавай з кратэра вулкана, як напісана ў геаграфіі?
На адлегласці аднаго кіламетра ад той скалы, дзе здабывалі вапняк, знаходзілася іншая каменная скала, з якой з дапамогаю ўзрываў здабывалі сыравіну для вытворчасці цэменту. Гардзею даводзілася колькі месяцаў працаваць на здабычы даламіту. Ён звярнуў увагу на ягоную структуру. У кавалках здабытага каменю таксама былі праслойкі. Гэта сведчыла пра тое, што гара расла ці была выціснута з нетраў зямлі паступова. Ён параўноўваў вапняк з даламітам і дзівіўся, наколькі два гэтыя камені адрозніваюцца паміж сабою: вапняк белы і лёгкі, даламіт цёмна-шэры і вельмі цяжкі. Увогуле зямля нагадвае слоены пірог, які спёк і падараваў нам Усявышні. Паглядзіш у разрэзе – чаго толькі там няма: пясок, гліна, гравій, граніт! І ўсё гэта залягае праслойкамі. Нават каменны вугаль ляжыць слаямі. Гардзею даводзілася ў адной і той жа шахце здабываць вугаль на глыбіні двухсот метраў, а пасля там жа – на глыбіні трохсот. Гэтая з’ява яго яшчэ больш пераканала, што зусім не з акамянелых дрэў утварыўся вугаль. І зноў узнікла пытанне, ці была зямля ў далёкім мінулым у расплаўленым стане? Свае высновы аб нашай гарачай планеце навукоўцы грунтуюць на падставе перыядычных вывяржэнняў вулканаў. У гэтым, як лічыў Гардзей, і крыецца іхняя галоўная памылка. Працуючы ноччу на паверхні шахты № 5, на адвале пароды ён заўважыў успышкі разагрэтай масы вугалю, падышоў бліжэй і пабачыў, што гэта была парода, якая выкідвалася з глыбіні адвалу. Успышкі паўтараліся і ў іншых месцах адвалаў. Парода быццам сама сабою загаралася. Гардзей знайшоў тлумачэнне гэтай з’яве. Пад уздзеяннем дажджу і снегу адбываецца хімічная рэакцыя, у выніку якой выдзяляецца газ і цеплавая энергія, якая і прымушае вугаль гарэць. Разгадка самаўзгарання адвалаў і навяла яго на думку, што падобныя з’явы адбываюцца ў нетрах зямлі, у выніку чаго і здараюцца землятрусы і вывяржэнні вулканаў.
Усе гэтыя разважанні Гардзей адзначаў у сваім трактаце, які лічыў навуковым, і сам здзіўляўся, як складна і лёгка яму пісалася: «Землятрусы ў большасці выпадкаў здараюцца на астравах і паўастравах, а таксама ў горных раёнах і нават на марскім дне. Там узнікаюць умовы для бурных хімічных рэакцый пры сутыкненні горных парод з вадой (накшталт узаемадзеяння вады з карбідам або з неабпаленай вапнай). У выніку выдзяляюцца газы і шмат цеплавой энергіі, якая дасягае вельмі высокай тэмпературы, расплаўляе пароды, расшыраецца і пад націскам вырываецца на паверхню, скаланаючы зямную кару, у выглядзе гарачай лавы. Калі лава ўтварылася на невялікай глыбіні, яна лёгка вырываецца наверх, так адбываецца вывяржэнне вулканаў. У тым выпадку, калі рэакцыя адбываецца вельмі глыбока, тады здараюцца землятрусы. Каб папярэдзіць такія стыхійныя з’явы, трэба загадзя адшукваць месцы ўтварэння газу ў самым эпіцэнтры будучага землятрусу. Трэба таксама помніць і пра тое, што ў час вывяржэння вулканаў знішчаюцца вялізныя багацці карысных выкапняў, якія расплаўляюцца і згараюць у выглядзе попелу і лавы. З усяго вышэй сказанага вынікае, што наша зямля на працягу мільёнаў гадоў паступова вырасла і выйшла з вады, накшталт каралавых астравоў. Перакананы, што і цяпер зямля працягвае расці, інакш як можна растлумачыць паходжанне вельмі глыбокіх мораў і азёраў не толькі на раўніне, але і высока ў гарах. Усе мацерыкі зямнога шару, астравы і горныя вяршыні – гэта дно суцэльнага акіяна ў далёкім мінулым. Могуць сустракацца і невялікія ўзгоркі вулканічнага паходжання. Але яны павінны мець форму конуса, як звычайны фурункул. Зразумела, што без сонечнага цяпла, нічога не магло адбыцца ў свеце. А таму можна сцвярджаць, што галоўным фактарам ва ўтварэнні зямлі і іншых планет ёсць Сонца і вадарод, створаныя па волі Усявышняга Творцы, які пазней даў жыццё і разумным істотам, здатным думаць і дзейнічаць, як, напрыклад, чалавек.