355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 5)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 21 страниц)

– Ты тут? А я збіраўся паўшчуваць за парушэнне дысцыпліны.

– Я ўвесь час быў тут, прамову праслухаў, хораша ты гаварыў.

Маркевіч, усцешаны пахвалою, не стаў больш марнаваць час на папрокі, растлумачыў, як належыць паводзіць сябе Гардзею да выбараў у гміну.

– Малайчына, што не выстаўляешся на людзях. Ты цяпер павінен быць, як цнатлівая дзеўка перад вяселлем. Каб ні вяскоўцы, ні ўлады не мелі да цябе ніякіх прэтэнзій.

– А як жа агітацыя за беларускую школу? – пацікавіўся Гардзей.

– Пакінем гэтую справу на восень. Не турбуйся. Рыхтуй новых камсамольцаў. Яны ўсё зробяць.

– А дзяўчат можна прымаць?

– Сустракаў я ў Берасці дзвюх рэвалюцыянерак. Разумееш, гэта такія жанчыны.

Маркевіч задумаўся, падбіраючы патрэбныя словы.

– Жалезныя бабы! Ім хоць макаўку растаўчы, будуць маўчаць. Нікога не выдадуць! Загартаваныя! Сярод вясковых такіх не знойдзеш. Нашы пачнуць плакаць, галасіць, усё раскажуць. Святая прастата.

– Сапраўды, лепш абыходзіцца без дзяўчат, – згадзіўся Гардзей. – Хоць, калі табе прызнацца шчыра, дык дзве красуні дапамагалі мне агітаваць за беларускую школу. Няблага ў іх гэта атрымлівалася, і грошай трохі сабралі для рэвалюцыянераў свету.

Гардзей дастаў з кішэні грошы і аддаў Маркевічу.

– Што за дзяўчаты?

– Кірылы Барэйшы дочкі.

– Ну, не дзіўна. Гэтыя ж былі ў Расіі ў эвакуацыі, напэўна, пранікліся там рэвалюцыйнымі ідэямі, – выказаў здагадку Захар. – Што ж, малайчына, што работу памалу вядзеш. Летам, бадай, у нас будзе зацішна, а ўвосень з’явіцца шмат працы. Ну, бывай здаровы.

Захар моцна паціснуў на развітанне руку Гардзею, быццам выпрабоўваючы яго моц, але ў адказ атрымаў такі ж магутны поціск.

– Мацак! Малайчына, – задаволена засмяяўся Захар.

– А ты думаў, што ў Крачках зломкі жывуць? – адказаў Гардзей, узмахнуў рукою на развітанне і пашыбаваў туды, дзе заліваўся гармонік.

Зося стаяла за спінаю гарманіста і абмахвалася хустачкаю. Каця размаўляла з Гэляю. Гардзей наблізіўся да Зосі, абняў яе за стан, прашаптаў на вуха:

– Адыдзем. Трэба пагаманіць.

Зося здзіўлена павярнула да яго твар, паўзіралася, нібы спрабуючы зразумець, што яму трэба, пасля паслухмяна пайшла з ім убок карчоў. Калі адышлі ад ліп так далёка, што і музыка была ледзь чуваць, Зося спытала:

– Куды ты мяне вядзеш?

– Не ведаю. Проста іду абы-куды. Хачу табе хустачку аддаць, у якую ты сабраныя грошы закручвала.

– Не варта было турбавацца. Пакінь сабе на памяць.

– Дзякую. Але на памяць я хачу пакінуць сабе нешта іншае.

– Што? – цікаўна спытала Зося.

– Зоська, я так засумаваў па табе, – сказаў Гардзей, абняў дзяўчыну і пачаў горача цалаваць.

Яна не вырывалася, прытулілася да яго, забываючы пра мінулыя крыўды і нягоды, аддаючыся ва ўладу пачуцця і ягоных дужых рук. Яны доўга цалаваліся і ніяк не маглі наталіць тую смагу, якая выспела за доўгі час расстання.

– Давай прысядзем, – прапанаваў ён, рассцілаючы на траве кіцель.

– Толькі не доўга, бо там Каця з Гэляю будуць мяне шукаць.

– Пашукаюць і не знойдуць, мы добра схаваліся, – засмяяўся Гардзей. Яны селі. Зося зноў апынулася ў жаданых абдымках, з якіх у яе не было ні сілы, ні жадання вырывацца. Гардзей кахаў яе, а яна дзеля гэтага кахання была гатовая на ўсялякую ахвяру. А зрэшты, зараз яна ні пра што не думала, проста існавала гэтаю шчасліваю ноччу і хацела, каб яна доўжылася вечна.

20

Каця прымярала Гэлі вясельныя строі, любавалася прыгожаю паставаю стрыечнай сястры, ганарылася сваёю працаю. Сукенка з белага тонкага батысту з карункавым каўнерыкам выглядала вельмі хораша і далікатна.

– Ты будзеш самая прыгожая на вяселлі, – сказала швачка задаволена.

– Чаму ж мне не быць прыгожай? Я ж не Марфа, што спачатку пуза нагуляла, а пасля замуж пайшла.

– Няўжо? – здзівілася Каця.

– Пуза выперла ўжо вялізнае, твар зрабіўся рабы, брыдкі.

– І чыя ж гэта работа? Якубава?

– Не, кажуць Гардзеева.

– Не можа гэтага быць! – абурылася Каця. – Плёткі збіраеш, абы добрага чалавека ачарніць.

– Людзі кажуць, што Марфа, калі зацяжарала, пайшла да Гардзея і ўсё яму расказала, а ён не захацеў прызнаць сваё дзіця. Тады яна хуценька і пабралася з Якубам.

– Такія распусніцы самі падстаўляюцца, каб хлопца захамутаць, а потым шукаюць вінаватых, – сказала Каця і памеціла іголачкай, дзе трэба было падгарнуць прыпол. – Так не коратка будзе?

– Рабі даўжэйшую, бо ў мяне чаравікі стараватыя.

Зося моўчкі назірала за сёстрамі і пакутліва думала пра сваё. Яна адчувала, што пасля апошняй сустрэчы з Гардзеем таксама зацяжарала і зараз не ведала, што рабіць. Калі пачула пра Марфіну гісторыю, зразумела: прасіць парады ці дапамогі ў Гардзея няма сэнсу. Ён любіць толькі сябе, а дзяўчатамі карыстаецца пры зручным выпадку. Цяпер яна вельмі шкадавала, што дазволіла авалодаць сабою. Гэта здарылася нечакана для яе самой. Зашаптаў, замілаваў Гардзей яе душу, а яна вельмі прагнула ягонай пяшчоты і кахання, таму і не цяміла, што робіць. Ды хіба ж можна хоць у чым-небудзь адмовіць каханаму чалавеку?

«Ні мамы няма, ні другой якой блізкай душы, хто б даў добрую параду. Няўжо ж мне зноў шукаць якой пагібелі? А ён будзе жыць ды дзяўчат любіць і не заплача на магіле, – з жалем падумала Зося. – Куды падзецца ад ганьбы? Бедная я, няшчасная. Мяне ж Каця загрызе, а бацька наогул з хаты прагоніць. Не будзе мне жыцця ні дома, ні ў вёсцы. Усе ад мяне адвернуцца. І толькі з-за дзіцяці, якое завязалася з-за вялікага майго кахання. Несправядліва гэта, несправядліва... Калі ніхто не жадае, каб маё дзіця з’явілася на свет, дык і я не павінна жадаць яго. Трэба пайсці да якой знахаркі, мо чым дапаможа. Хаця б да той жа Каваліхі. Аднойчы яна выратавала мяне.»

– Зося, Зося! Што з табою? Ці ты заснула? – Каця клікала сястру, а тая глядзела некуды перад сабою і быццам нічога не чула.

– Не заснула. Чаго табе? – вярнулася да рэчаіснасці Зося.

– Паглядзі, ці роўны прыпол, – папрасіла Гэля.

– Роўны, роўны, – абыякава адказала Зося, паднялася з лавы і пайшла з хаты.

– Што гэта з ёю? – спытала Гэля.

– Бог яе ведае. Ходзіць ужо з тыдзень, як прыгаломшаная.

Зося зайшла ў камору, знайшла ў куфэрку чатыры злотыя, якія хавала яшчэ з таго часу, як прыехала з Варшавы, і пашыбавала ў суседнюю вёску да Каваліхі. Яна была перакананая, што толькі гэтая жанчына магла выратаваць яе ад ганьбы і гневу блізкіх людзей. Дзяўчына не сумнявалася, што сястра і бацька любяць яе, але і яна сваімі паводзінамі павінна адпавядаць іхнім уяўленням пра маральнасць. Калі ж адважыцца парушыць пэўныя забароны, дык літасці не будзе. Ганьба дачкі кладзецца на ўсю сям’ю. Ды і сама яна разумела, што не мае права нараджаць дзіця без шлюбу. Гэта вялікі грэх.

Зося не помніла, як дайшла да хаты Каваліхі. І калі б у яе спыталі, што яна бачыла ў дарозе, напэўна, дзяўчына не здолела б нічога ўспомніць, настолькі была ахоплена гаротнымі думкамі. Некалі яе мама, аддадзеная замуж без кахання, нарадзіла тры дачкі: адна з якіх утапілася малою, Каця была хваравітая з маленства, а Зося хоць удалася знешнасцю і здароўем у бацьку, адчувала сябе няшчаснаю з-за няўдалага кахання. Невыносна балела яе душа і не знаходзіла сабе адхлання.

Каваліха сустрэла дзяўчыну прыязна, усміхнулася, заглянула ў вочы і спалохана спытала:

– Што з табою, дзіцятка? Пакрыўдзіў хто?

– Сама сябе.

– Як гэта? А, разумею. З хлопцам не ладзіцца. Прычараваць трэба?

– Зацяжарала я, паратуй, цётачка, – заплакала Зося і прыпала да цётчынага пляча.

– Годзе, годзе плакаць. Даўно цяжарная?

– Не, трохі больш за месяц.

Цётка акінула яе позіркам і спытала:

– Можа, гэта і не цяжарнасць, а так затрымка.

– Не ведаю, цётачка. Зрабіце што-небудзь, бо рукі на сябе накладу.

– Пачакай паміраць раней часу. Смерць лепш ведае, каго і калі забраць. Скажы мне, а той раз, як табе было блага, таксама з-за яго?

Зося моўчкі гаротна кіўнула галавой. Каваліха правяла даланёю па яе галаве і сказала спачувальна:

– Бедная сірацінка, няма маці, няма каму цябе розуму навучыць. Паслухай мяне, ніколі не падпускай да сябе гэтага хлопца, нічога, акрамя няшчасця, ён табе не прынясе.

– Дзякую, цётачка, я і сама думаю, што больш у яго бок ніколі не гляну. Але што ж мне цяпер рабіць?

– Дзіця не хочаш нарадзіць? Усё мінецца, а дзіця застанецца.

– Баюся. Што бацька. сястра. людзі. Жах падумаць, – Зося затуліла твар далонямі, заплакала.

– Не плач. Годзе. Гора прыйшло і пойдзе. Глядзі на гэтую зёлку. Зязюліна мыла называецца. Расце на балоце, – паказала Каваліха некалькі каліў засушанага зелля.

– Ведаю, ведаю, – сказала Зося.

– Нарві, завары і папі ўзвар тыдзень па паўшклянкі тры разы на дзень, дасць Бог, і паможа.

– Дзякую, цётачка.

– За гэта дзякуй не кажуць. Запомні, пі не больш як тыдзень, бо сплывеш крывёю.

– Добра, добра. Я тут прынесла колькі злотых. – сказала Зося і мітусліва стала разгортваць хустачку, у якую былі загорнуты грошы.

Каваліха спыніла яе рухам рукі, кусцістыя бровы навіслі над глыбокімі старымі вачамі, якія пазіралі сурова. Яна сказала, як адрэзала:

– За такую дапамогу плату не бяру. Абедзвюм нам – грэх вялікі. Маліся, дзевачка, Бог літасцівы. Ён даруе. Трымай зелле, каб не пераблытала.

– Цётачка, каб не ты, я б, напэўна, памерла б.

– Ідзі з Богам. Ідзі.

Зося выйшла з хаты, паглядзела на сонца. Яно яшчэ было высока. Дзяўчына спачатку накіравалася да свайго хутара, а на паўдарозе завярнула да балота. Ішла і маліла Бога, каб нікога не сустрэць, ды каб удалося знайсці ёй зязюліна мыла, якое вымые з яе ўлоння Гардзеева насенне, адвядзе бяду і дазволіць жыць далей.

21

Гэліна вяселле гулялі пасля Пятровага посту. Гасцей было мала, хутаранец Карп запрасіў толькі самую блізкую радню, аднак пад вечар на музыку найшла моладзь з Крачкаў і Сцяблова. І як было не прыйсці? Сваю дзяўчыну аддавалі ў далёкую вёску, цяпер гады ў рады сустрэнешся. Зося памагала цётцы Агатэлі, цэлы дзень круцілася, бы вавёрка ў коле, падносіла свежыя стравы, прыбірала брудны посуд, мыла міскі. Не весела ў яе было на душы. Папіла зелле, якое нараіла Каваліха, дык два тыдні страшэнна балелі жывот і паясніца. Некалькі дзён Зося не ўставала з запечка, знясілела зусім ад страты крыві і болю, аднак не скардзілася ні сястры, ні бацьку. Чакала, што Бог дасць. Але варта ёй было ўявіць, што труну з яе целам апускаюць у зямлю, сэрца сціскалася ад жудасці. Паступова боль адступіўся, дзяўчына супакоілася, вярнулася да звычайнага жыцця, толькі не было ў сэрцы ранейшай радасці, яно, як прывялая кветка, абыякава і асуджана ўспрымала свет. Амаль два месяцы яна не бачыла Гардзея. Ні разу ён не наведаў іхні хутар. Зося зразумела, што ён проста карыстаецца ёю, як бяздумнаю дурніцаю, і весела жыве сабе далей. Няма яму ніякае справы да яе турбот і няшчасцяў. Адна ноч – разам, а потым зноў расстанне на доўгія месяцы. «Няхай жыве! Няхай жыве, як хоча! Больш я ніколі нават не зірну ў ягоны бок! – з крыўдаю думала Зося. – Праўду казала цётка Каваліха, ён мне толькі бяду прыносіць».

Кацю таксама турбавала тое, што Гардзей забыў дарогу на іхні хутар, яна нават іншы раз пыталася ў Зосі:

– Чаму гэта Рахуба да нас не заходзіць?

– Ён жа твой залётнік. Адкуль я магу ведаць, – з’едліва адказвала Зося.

Каця не пярэчыла. Ёй сапраўды здавалася, што Гардзей заляцаецца да яе.

А чаму б і не? Яна і з твару нябрыдкая, і шмат цікавых кніжак прачытала, з ёю ёсць пра што пагутарыць, і швачка добрая. Хоць вяскоўцы і мала шыюць з крамнай тканіны, але ж як з’яўляецца патрэба пакроіць ці пашыць нешта далікатнае, дык ідуць да Каці.

Без Гардзея дні цягнуліся бясколерна і сумна. Хоць працы было шмат на гаспадарцы, але рабілася яна без ахвоты і настрою. Нават тут, на вяселлі, Зося хоць і ўсміхалася гасцям, але гэта была сумная ўсмешка. Дзяўчына адчувала сябе непатрэбнаю, як на чужым свяце.

Цётка Агатэля толькі недзе пад вечар стомлена сказала Зосі:

– Ідзі да моладзі. Хопіць таўчыся са мною. Ужо ўсе напіліся і наеліся, той-сёй за сталом нават носам клюе.

– Мне тут лепш, – сумна ўсміхнулася Зося.

– Што з табою, дзіця?

– Нічога. Стамілася за дзень.

– Якая стома ў маладосці? Ідзі польку паскачы – уся стома атрасецца.

– Пайду, бадай.

Зося выйшла на двор. Каля хаты заліваўся гармонік, п’янаватыя дзядзькі і цёткі спрабавалі танчыць, але куды ім было да маладых, якія скакалі з такім імпэтам, што толькі пыл курыўся з-пад ног. Зося не паспела агледзецца, як нехта падхапіў яе пад руку. Яна зірнула і аслупянела. Гэта быў Гардзей.

– Чаго ты спалохалася? – засмяяўся ён.

– Нічога, – злосна падціснула вусны Зося.

– Пойдзем, паскачам.

– Не хачу.

– Ну, чаго ты? Мы так даўно не бачыліся, – Гардзей бліснуў роўнымі белымі зубамі, нахіліўся да яе вуха і прашаптаў. – Ты не ўяўляеш, як я па табе засумаваў!

Зося паспрабавала вырваць сваю руку з ягонай, але Гардзей трымаў моцна.

– Пусці, бо зараз бацьку паклічу, вунь ён стаіць, – злосна сказала Зося.

Гардзей расчаравана выпусціў яе руку, паціснуў плячыма, сказаў:

– Што на дзеўку найшло?

Зося стала ля плота. Гардзей тым часам запрасіў на вальс Кацю. Яны закружыліся ў павольным танцы. Каця была ў прыгожай паркалёвай сукенцы, на чырвоным полі красаваліся белыя рамонкі і сінія званочкі. Кветкі проста гарэлі ў вечаровых промнях.

«Няхай скачуць, а я сваё адскакала. Грэх на мне вялікі.» – падумала Зося і пайшла. На момант ёй здалося, што сілы зусім пакінулі яе. Як старая бабуля, прыгорбіла спіну, села на лаўцы каля сваёй хаты, ні пра што не думала, глядзела перад сабой і бачыла, як калышацца быльнёг пры дарозе. «Вось так і я жыву беспрытульна, хілюся туды, куды лёс паверне. І не ведаю, у які бок ісці, дзе мяне чакае бяда, а дзе заблудзілася маё шчасце».

Здалёку пачуліся ўзбуджаныя галасы. Зося вызвалілася ад здранцвення, паглядзела ў той бок і ўбачыла Гардзея і Кацю. Дзяўчына паднялася, пайшла ў двор, не ведаючы, куды ёй схавацца ад гэтага ненавіснага і невыноснага Гардзея. Яна адамкнула дзверы, убегла ў хату, пачала варочаць чыгуны, дастаючы іх з печы, прынесла карыта з сяней, стала рыхтаваць мяшанку. Усё чакала, што Гардзей і Каця вось-вось увойдуць у хату, а яны пастаялі каля весніц, і Зося нават не заўважыла, у які бок пайшлі. Яна выбегла ў двор, але блізарукія вочы нічога не маглі разгледзець у вечаровай смузе. Яна выцерла слёзы крыўды і адчаю, вярнулася ў хату, думаючы, што Кацю ён не абдурыць. Ды і сама сястра хіба адважыцца развязаць свой пасак, які ахоўвае яе падарваны жывот. «Не, не на тую нарваўся. Каця будзе стаяць, як сцяна. Ростам малая, затое дух мае нязломны. Хоць, хто яго ведае, як яна здолее супрацьстаяць каханню?»

Зосю зараз больш турбавала, як паставіцца Гардзей да Каці. Раптам ён захопіцца ёю? Яна ж знешне прывабная і разумная, каму хочаш галаву задурыць.

22

Сонца зайшло. Толькі на захадзе неба яшчэ свяцілася чырванню, як шчака маладзенькай дзяўчыны, якую ўпершыню пацалаваў закаханы хлопец. Зямля апускалася ў млявасць летняе ночы, кароткай і ціхай. Над поплавам рассцілаўся пульхны сувой туману. Гэта быў час спакою, калі птушкі аціхлі ў гнёздах, толькі назойлівы камар, шукаючы спажывы, часам з галодным зумканнем азываўся каля вуха. Гардзей ішоў па траве, акрытай вечаровай расой, Каця побач – па вузкай сцежцы. Ішлі няспешна, удумліва вялі гаворку, прыглядваючыся адно да аднаго. Вусны дзяўчыны час ад часу расквечваліся прыязнаю ўсмешкаю, гэта заспакойвала Гардзея. Ён разумеў, што падабаецца ёй. І гэтага было ўжо дастаткова. Сур’ёзная і абачлівая Каця, як здавалася яму, была процілегласцю вясёлай і няўрымслівай Зосі. Калі старэйшая сястра хацела прадбачыць усё наперад, малодшая жыла адным імгненнем, загаралася шчасцем, як запалка, і згасала пры няўдачах, але новая радасць здатная была адрадзіць яе душу зноў.

Гардзея не хвалявала, што адбываецца з Зосяй, чаму яна пазбягае яго. Ён жа ёй у каханні не кляўся. Яму не хацелася прывязвацца да некага душою. Наперадзе яго чакалі невядомыя, але, ён спадзяваўся, вельмі добрыя падзеі. У прадчуванні іх Гардзей ашчаджаў душу, бярог сілы, каб дзейнічаць у новых умовах.

– Кажуць, цябе вылучылі кандыдатам у дэпутаты гміны? – спытала Каця і з цікавасцю заглянула яму ў вочы.

– Так, – і на твары Гардзея адбілася ўпартасць і, як падалося Каці, ганарыстасць.

– Для цябе гэта важна?

Гардзей адказаў не адразу, памаўчаў, а потым загаварыў, узважваючы кожнае слова. Ён упарта вучыўся гаварыць нетаропка, нешматслоўна, каб слухач змог глыбока зразумець ягоную думку.

– Думаю, што гэта важна нам усім, вяскоўцам, малапісьменным ці непісьменным людзям. Мы ж не дурнейшыя за паноў і асаднікаў, якія засядаюць у гміне. Іх па пальцах можна пералічыць, а яны трымаюць у руках лейцы і кіруюць тысячамі бедных людзей, абіраючы іх да ніткі. Сялянскія дзеці не маюць магчымасці ні вучыцца, ні набываць прафесіі, бо гэта каштуе вялікіх грошай. Як людзі праваслаўныя мы не можам сякераю зганяць багацеяў з прыбытковых месцаў. Трэба спрабаваць законным шляхам браць тое, што належыць нам. З-за сваёй непісьменнасці і недасведчанасці мы ж нават не ведаем ні законаў, ні сваіх правоў. А калі паглядзець, скуль узяліся гэтыя паны ды падпанкі? Набрыдзь нейкая панаехала з Польшчы!

Гардзей пачынаў губляць раўнавагу, у голасе ягоным стаў прарывацца гнеў і нянавісць да прыхадняў:

– Асаднікі атрымалі па сорак і болей гектараў зямлі. За што? Ці бачыце, яны Польшчу баранілі! Дык няхай бы іх Польшча і ўзнагародзіла сваёй зямлёю. Не, яны нашу знайшлі!

– Я цалкам згодная з табою, Гардзей. Але ж ці ўдасца табе перамагчы, – выказала сумненне Каця.

Гардзей засмяяўся нервовым смехам.

– А гэта, даражэнькая, ужо залежыць ад вас, выбаршчыкаў. Прагаласуеце за мяне ці мо аддасце перавагу асадніку...

– Безумоўна, за цябе, – адказала Каця.

– Ну, вось і выдатна, я магу разлічваць на поспех, – прамовіў Гардзей, спрабуючы абняць Кацю, але яна выслізнула з-пад яго рукі.

– Гэта цяпер для цябе галоўнае? – спытала яна.

«Яе так проста не прыгорнеш. Ёй, напэўна, спярша трэба прынесці клятву на вернасць», – незадаволена падумаў Гардзей. Хаваючы прыкрасць у душы, ён напусціў на сябе сур’ёзнасць і адказаў:

– Галоўныя для мяне цяпер маці-радзіма і бацька-народ, а яшчэ вера ў Бога, бо толькі на ягоную дапамогу я магу разлічваць у жыццёвых нягодах. Можа здарыцца, што і радзіма адвернецца, і народ не зразумее, а Бог прыме кожнага. Гаворыцца ж у Бібліі, што «Ідзе Гасподзь выкрыць усіх нячыстых ва ўсіх жорсткіх словах, якія прамаўлялі на яго бессаромныя грэшнікі».

– Усё наша вернецца нам па справах нашых, – згадзілася Каця.

Гардзей здзіўлена зірнуў на дзяўчыну і сказаў:

– А ведаеш, ніколі яшчэ ў жыцці не сустракаўся мне чалавек, які б так разумеў мяне.

– Часам і я чытаю Біблію.

– А я думаў, што цябе цікавяць толькі любоўныя раманы.

– Раманы, між іншым, я больш люблю гістарычныя, але і любоўныя – таксама. А цікавасць да Бібліі ў маёй душы абудзіў ты. Я спрабую зразумець цябе, твае парыванні.

– О, калі сказаць папраўдзе, дык я і сам сябе далёка не заўсёды разумею.

– Я гатова табе дапамагчы, – сказала Каця, і хітры агеньчык мільгануў у яе вачах.

– Паспрабуй. Як ты гэта зробіш?

Гардзей апантана ўцягваўся ў гульню, якую прапанавала яму дзяўчына. Зрэшты, абаім абрыдла сур’ёзная гутарка. Хіба для гэтага даюцца цёплыя і ціхія вечары?

– Калі ты збіраешся жаніцца? – спытала Каця.

– Не ведаю. Мне спачатку трэба пааддаваць замуж сясцёр, ды і ў мяне ж яшчэ і дзяўчыны няма.

– Дзяўчат у цябе цэлая вёска! Шмат хто гатовы пакахаць цябе.

– Каханне – рэч узаемная, даецца адно на дваіх, – заўважыў Гардзей.

– Няўжо ты яшчэ не кахаў?

– Не. Праўда, здараліся іншы раз залёты. Нічога сапраўднага. Але, Каця, больш я табе не скажу ні слова. Ты ж не поп. Не жадаю спавядацца, а хачу цалавацца.

Гардзей ашчаперыў Кацю, пацалаваў у вусны. Яна сумелася ад нечаканасці і сказала з папрокам:

– Ты ж мяне не кахаеш. Тады навошта.

– Цалавацца я магу і без кахання, – засмяяўся Гардзей.

– Без кахання? – разгублена перапытала Каця.

– А што тут такое, калі што якое.

Каця адступіла на два крокі, непрыязна паўзіралася ў твар хлопца, раптам павярнулася і хутка пайшла ў бок сваёй хаты.

– Каця, ты чаго? Пакрыўдзілася? Я ж нічога благога не думаў, – пачаў апраўдвацца Гардзей, дагнаўшы Кацю. – Ты дзяўчына, я хлопец. Гэта ж звычайная справа. Мы ж нават ворагаў сваіх павінны любіць, а што ўжо да бліжняга, дык гэта ж зусім не забараняецца!

– Я ў такім разе не хачу быць тваёй бліжняй. Лепш буду дальняй!

Гардзей пасміхнуўся сам сабе і вырашыў перавесці ўсё ў жарт.

– Ты ведаеш, што ў Бібліі напісана на гэты конт?

– Што? – спытала і спынілася Каця.

– Падумай сама, калі мы будзем любіць толькі тых, хто любіць нас, якая ж нам будзе ўзнагарода? Я абавязаны любіць усіх, – з пафасам заявіў Гардзей.

Каця памаўчала, быццам спрабуючы схаваць свой гнеў, але не стрымалася і прамовіла са злосцю:

– Любіць ты можаш увесь свет, а кахаць толькі адну! Гэтаму цябе вучыць бацька-народ, які стварыў два словы ў нашай мове: любоў і каханне. Нават маці-радзіму не кахаюць, ёй дастаткова любові. І Богу патрэбны твая любоў і вера. А цалаваць дзяўчыну ты можаш толькі тады, калі пакахаеш яе.

– Кацечка, як жа я яе пакахаю, калі не пацалую, – жаласліва прастагнаў Гардзей.

– Не блазнуй і не праводзь мяне. Дарогу дамоў і ўпоцемку знайду, не сляпая.

– Не, ужо дазволь, я правяду цябе туды, дзе ўзяў.

– Як хочаш, – абыякава адказала Каця.

«Бач ты, як вылезла Кірылава парода! Якая гарачая, які імпэт, толькі прыхаваныя пад разважлівасцю. Парода ёсць парода, – думаў Гардзей, ідучы побач з маўклівай і пакрыўджанай Кацяй. – Нічога, не апошні дзень жывём на свеце. У нас яшчэ будзе час упэўніцца, хто мацнейшы і разумнейшы».

– Дзякуй, што правёў, – сказала Каця, праходзячы ў свой двор.

– Пачакай, – папрасіў Гардзей.

– Бывай, – адказала яна з цемры, ужо адчыняючы дзверы ў хату.

«Няўжо не ўдасца скарыць гэту цнатліўку? – падумаў з запалам. – Не адкруціцца! Сама прыпаўзе. Будзе маліць. Вазьмі мяне! А я не вазьму! Не, зрэшты, магу і пакарыстацца».

Гардзей засмяяўся і, насвістваючы, падаўся ў бок Крачак па палявой сцежцы, абапал якой цягнулася духмянае жыта. Яно дыхала пахам хлеба, змяшаным з водарам лугавога разнатраўя. З асцярогаю падумаў пра русалак, якія жывуць на полі, але адагнаў прымхлівы страх, пакепліваючы з сябе, маўляў, да якога жыцця дайшоў, што нават дзяўчына толькі што не захацела з ім цалавацца. Ну, няхай сама сябе цалуе...

23

Зося ўважліва назірала за сястрою. Бачыла, як сумуе Каця па вечарах: сядзіць каля хаты, быццам і чытае кніжку, а сама раз-пораз падымае галаву і пазірае ў бок Крачак. Пэўна, выглядае Гардзея. «Чакай, чакай, нічога ты не дачакаешся, – думала Зося. – Гардзея разумнымі размовамі не ўтрымаеш. Яго наогул нічым немагчыма прывязаць да сябе. Нездарма яго прозвішча Рахуба. Ён гэтую самую рахубу скрозь шукае. І мне трэба пра яго забыць назаўсёды. Не кахае ён мяне. Зрэшты, ён нікога не кахае».

Зосі згадалася нядаўняя выпадковая сустрэча з Марфаю. Тая ішла, перавальваючыся з нагі на нагу і несучы перад сабою вялікі жывот. Павіталася, спыніла Зосю, спытала:

– Ці ходзіць да цябе Гардзей?

– А табе якая справа? – злосна адказала Зося.

– Не вер яму.

– Чаго ты пра мяне клапоцішся, пра сябе думай.

– Вось, дурніца, я ж табе дабра жадаю.

– Соль таму ў вочы, хто нам дабра хоча, – прымхліва прамовіла Зося вядомую ў тутэйшых мясцінах прымаўку і пайшла далей, не азіраючыся, з пагардаю і прыкрасцю думаючы пра тое, што вось і Марфа хацела забраць у яе Гардзея, ды во што выйшла.

Зося села побач з Кацяй на прызбе, спытала:

– Цікавая кніжка?

Каця нехаця адвяла вочы ад старонкі, абыякава паглядзела на Зосю, адказала:

– Вельмі...

– А як называецца?

– «Графіня Козель».

– Я таксама пачытала б, каб бачыла. Вельмі ж дробныя тут літаркі.

– Табе трэба акуляры купіць, – параіла Каця.

– Не буду я ў акулярах хадзіць, людзей смяшыць, – заўпарцілася Зося.

– Ты ж не бачыш сапраўдных колераў, чытаць не можаш.

– Тое, што трэба, я і без акуляраў разгледжу. А ты мне раскажы, пра што там напісана?

– Пра каханне. Як дачытаю да канца, тады і раскажу.

– Каця, сёння святая нядзелька. Давай сходзім на вячоркі, – прапанавала Зося.

– Не люблю я гэтых зборышчаў, не пайду.

– А я пайду! Мне ж не сто гадоў, каб на прызбе сядзець!

– Ідзі. Ці цябе хто трымае? – безуважна адказала Каця і зноў схілілася над кніжкаю.

Зося пругка паднялася, пайшла ў хату, а праз колькі хвілін выйшла ў блакітнай паркалёвай сукенцы, якую па-майстэрску пашыла ёй Каця.

– Паглядзі на сваю работу, – папрасіла Зося ўсмешліва.

Каця адарвалася ад чытання, акінула Зосіну постаць позіркам, задаволена сказала:

– Ідзі, пахваліся маёй працай.

– Абавязкова буду ўсім казаць, што гэта ты пашыла, няхай нясуць табе шытво.

– Яны звыклі хадзіць у андараках.

– Не, ужо зрэдку дзяўчаты і ў крамным прыходзяць, – запэўніла сястру Зося.

Зося выйшла за вароты і, здавалася, не пайшла, а паляцела над высокім недаспелым жытам, над сінімі валошкамі, што прывабна сінелі зорачкамі паміж сцяблін. Прыпол лёгкай сукенкі развяваўся, як ветразь, валасы вакол ілба закучаравіліся. Уся яна была лёгкая, нібы аблачынка на ясным летнім небе. Гэтая лёгкасць напаўняла душу, хацелася падскочыць, падбегчы або закружыцца на палявой сцежцы, як кружылася ў вальсе з Гардзеем. І яна пачала вальсіраваць, уяўляючы, што каханы трымае яе за стан і вядзе, вядзе. Галава закружылася, Зося расплюшчыла вочы і ўбачыла перад сабою Гардзея.

– Ты? Тут? Адкуль? – здзівілася яна.

– Адразу і столькі пытанняў. Добры дзень, Зоська, – адказаў Гардзей, абдымаючы дзяўчыну. – Я да вас ішоў.

Яна адскочыла ад ягонай рукі так, быццам уджаліла гадзюка.

– Не дакранайся да мяне!

– Ты чаго? – ён паглядзеў неўразумела і пакрыўджана.

– Я ненавіджу цябе! Ненавіджу твае вочы, рукі! Зразумеў?

– За што? – з напускным здзіўленнем спытаў Гардзей.

– Ідзі, там цябе Каця чакае.

– Няўжо ты раўнуеш мяне да сваёй сястры? Я ж да цябе ішоў.

– Да мяне ты ўжо адхадзіў! Хопіць! – закрычала Зося, голас сарваўся на плач, каб схаваць слёзы, яна кінулася бегчы да вёскі.

– Пачакай, шаляніца, – крыкнуў Гардзей услед, але Зося яго ўжо не пачула.

Яна бегла па сцежцы, каласы балюча сцябалі па руках і па твары, а здавалася, што яе даганяе няшчасце, ад якога абавязкова трэба ўцячы, схавацца. Задыхана спынілася толькі тады, калі выбегла на гасцінец, выцерла потны лоб, агледзелася. Гардзея не было. З палёгкаю падумала, што хлопец пайшоў да Каці.

З-пад ліп чуўся заліхвацкі голас гармоніка. Зося накіравалася туды няспешнаю хадою, даючы спачын разгарачанаму целу. Як толькі наблізілася да гурту дзяўчат, адразу побач апынуўся Мікола Іванюк, запрасіў на польку. Танец завіхурыў іх, закружыў, прымушаючы два юныя целы рухацца, як адно. Рыжаваты Міколаў чуб узлятаў над ілбом, рабіў яго падобным да маладзенькага пеўніка, які толькі спрабуе голас, смешна выцягвае шыю. Нават нос у Міколы быў падобны на пеўневу дзюбу, востры і трохі прыгнуты ўніз. І вочы ён меў па-курынаму круглыя і бездапаможныя.

Увесь вечар Мікола не адыходзіў ад Зосі. Адскакалі незлічоную колькасць розных танцаў, а калі месяц цікаўна звесіўся з неба, зоркі яскрава разгарэліся, вабячы сваім хараством, і час пераваліў за поўнач, Зося стомлена сказала:

– Годзе, павесялілася. Пара дахаты, бацька будзе сварыцца.

– Я правяду цябе, Зоська, – з гатоўнасцю прапанаваў Мікола.

– Пайшлі, калі ног не шкада, – спакойна адказала яна.

– Няўжо ты не баішся хадзіць адна?

Зосі раптам згадалася тая ноч, калі яна блукала ў лесе ў пошуках смерці, аднак прырода выратавала яе, дала магчымасць выжыць, адказала:

– Каго мне баяцца? Ліхадзеі ў нас не жывуць, а злы дух добрых людзей не чапае.

– Адважная ты! Я і то часам баюся хадзіць адзін поначы.

– Калі баішся, дык лепш не праводзь, – адказала Зося.

– Мне так добра з табою, што не хочу развітвацца, – прызнаўся Мікола.

Яны пайшлі поруч да дарогі. За іхнімі спінамі ўсё яшчэ не сціхаў гармонік, дзяўчаты і хлопцы спявалі прыпеўкі.

Зося раптам спатыкнулася, войкнула. Мікола падтрымаў яе за руку.

– На камень наступіла, ледзь не ўпала. Ажно нага забалела, – паскардзілася Зося.

– Можа, на руках паднесці? – з гатоўнасцю спытаў Мікола.

– Паднясі, хоць адпачну, – засмяялася Зося.

Мікола лёгка падхапіў дзяўчыну на рукі і панёс.

– Які ты дужы! – здзівілася яна.

– Ці такія мяхі з бульбаю ды жытам цягаю! – усміхнуўся Мікола.

Раптам пяском сыпнула ў твар Зосі з-за Міколавай спіны.

– Што гэта? – ускрыкнула дзяўчына.

Мікола адпусціў Зосю, азірнуўся. Крокаў за пяць ад іх стаяў Гардзей.

– Звар’яцеў? Будзеш каменнем кідацца! – пайшоў Мікола на Гардзея, сціснуўшы кулакі.

– Буду! А ты што думаў? Адыдзем, пагаворым!

Хлопцы, тузаючы адзін аднаго, адышлі ўбок, пачалі лаяцца. Раззлаваная Зося паглядзела на іх з пагардай, хмыкнула, прабурчала сабе пад нос: «Пеўні! Пеўні дурныя!» і пайшла да свайго хутара, думаючы пра тое, што Гардзей і сам не жыве, і ёй жыцця не дае. І колькі ж гэта будзе доўжыцца?

Калі была недалёка ад сваёй хаты, яе дагнаў Гардзей, схапіў за руку, папрасіў:

– Пачакай, калі ласка, малю цябе. Скажы, чым я перад табою вінаваты? Я ж не ведаю, што цябе турбуе? Што я зрабіў не так? Чым пакрыўдзіў? Думаў, у Каці дазнаюся. А яна таксама нічога не здолела патлумачыць.

Ён быў зараз такі пакорлівы, бездапаможны, што Зосі раптам зрабілася шкада яго. Яна адказала, каб заспакоіць хлопца:

– З чаго ты ўзяў, што я крыўдую?

– Ты ж крычала, што ненавідзіш мяне.

– Мне на вячоркі хацелася, паскакаць, павесяліцца. А тут ты раптам выскачыў, як Піліп з канапель. Ну, думаю, зараз зноў задурыць галаву! Трэба неяк адбіцца. Толькі і ўсяго, – схлусіла Зося.

– Прабач маю дурноту. Давай прысядзем тут, на муражку. Так цябе даганяў, што стаміўся.

Ён разаслаў пінжак на траве, сеў, пацягнуў за руку Зосю, пасадзіў побач. Абняў за плечы.

– Не чапай мяне, – ухілілася ад абдымкаў Зося.

Гардзей прыняў рукі, паглядзеў у пасвятлелае неба, потым перавёў вочы на дзяўчыну, прашаптаў:

– Ты мяне напалохала! Пабачыў цябе з ім – ледзь не звар’яцеў...

– Чаго ж гэта ты так захваляваўся? – насмешліва спытала Зося.

– Чаго, чаго! А таго!

Гардзей нахіліўся, сарваў кветачку рамонка і гарэзліва кінуў Зосі за пазуху. І з гэтым белым венчыкам, які акаляў залатую сярэдзінку, быццам упала дзяўчыне за пазуху само сонца, распаліла сэрца, напоўніла душу невыказным пачуццём любасці, жадання, прагі, якую можна было наталіць толькі ягонымі пацалункамі і абдымкамі. І забылася Зося пра свае нядаўнія беды і мітрэнгі, аддалася на волю лёсу і Гардзеевых жаданняў. І зноў не было на свеце жанчыны шчаслівейшай за яе.

24

Жніво вывела ўсіх сялян на поле. На досвітку людзі на вазах ехалі да сваіх палеткаў, прыглядаліся да каліў, ці няма заломаў, ці хто не наслаў на хлеб псоты. Шапталі малітвы і замовы, па старадаўняй звычцы просячы Бога, каб даў добрага ўраджаю і здароўя шчасліва завяршыць жніво без вераду ў спіне ці якой іншай немачы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю