Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 21 страниц)
Паўліна, хаваючы хваляванне, моўчкі назірала за тым, што адбывалася. Яна так і не адважылася сказаць хоць каму-небудзь пра скрадзенае ў яе палатно, палічыла за лепшае паскардзіцца на Марфу Гардзею, адзінаму свайму заступніку. Яна цяпер рэдка бачылася з братам. Ён быў вельмі заняты, часта ездзіў у Брэст, да Паўліны не наведваўся, быццам счужэў. Сястра крыўдавала, аднак выгляду не падавала, бо разумела, што ў яго свая сям’я, хапае іншых турбот.
Паўліна ўважліва агледзела Гардзееў двор, чыста падмецены, гарод пусты, бульбу пакапалі ўжо, толькі каля плота ляжала гара пярэстых гарбузоў, і адзначыла сама сабе: Зося ўсё ж гаспадыня дбайная. Брата яна знайшла ў хаце і парадавалася, што на той час ні старога Барэйшы, ні ягонай дачкі дома не было, не мела асаблівага жадання сустракацца са сваякамі лішні раз.
Гардзей плёў лазовы кош, седзячы на нізенькім услончыку каля печы. Паўліну выслухаў, не спыняючы працу, спытаў:
– Ты хочаш, каб я пайшоў да Марфы адбіраць тваё палатно?
– Не ведаю, але ж нешта трэба рабіць.
– Самаўпраўствам я займацца не буду. Бачыш, цяпер безуладдзе, нават паскардзіцца няма каму, гэтым зладзеі і карыстаюцца. Вайна пачалася, Паўліна. Тут не маёмасць, а душу трэба ратаваць. Не будзь скупою, сёння ты згубіла, а заўтра табе Бог мо ўтрая больш дасць.
– Ага, табе што? Ты не ткаў, не праў! Табе маёй працы не шкада, – з дакорам адказала сястра.
– Шкада, Паўліна. Але, прабач, я нічога не магу зрабіць.
У хату ўбег Ораст, хлопчык гадоў чатырох, жвавы, усмешлівы.
– Вой, хто ж гэта прыйшоў? – сентыментальна прамовіла Паўліна.
– Оласт, – адказаў хлопчык.
– Ах ты мой пляменнічак залаты, – Паўліна падхапіла дзіця, шчасліва заўсміхалася, тулячы яго да сябе і цалуючы ў ружовую шчаку. – Як жа ты на бацьку падобны! Наша кроў! Рахубаў! А я табе яблычкаў смачных прынесла. Хочаш яблычак?
– Я цукелку хацу!
– Бач ты, які пераборлівы!
Паўліна паставіла малога на падлогу, пільна паглядзела зверху ўніз, задаволена сказала:
– А ён і характарам у цябе ўдаўся, Гардзей. Вой будзе табе з ім турботы, як падрасце! Бачыш ты, цукерку ён хоча!
– Які будзе, такі і будзе, што нам з табой варажыць. Бульбу пакапала?
– Пакапала, адна латачка каля хлява засталася.
– Гэта добра. Калі якая дапамога трэба, дык кліч. А з Марфаю сама разбірайся. Я з бабамі не ваюю.
Паўліна зразумела, што на тым гаворка скончылася, і заспяшалася дамоў, не стала распытваць пра Зосю і чакаць яе, не хацела лішні раз сустракацца і прыкідвацца, што вельмі радая сустрэчы.
3
Невялікі атрад чырвонаармейцаў усё ж зазірнуў аднойчы ў Крачкі. Камандзір ехаў на кані, астатнія вайскоўцы ішлі пешкі. Крачкаўцы сабраліся вакол гэтых здарожаных людзей, разглядвалі іх, іхнія чубатыя шапкі з чырвонымі зоркамі.
Сярод вяскоўцаў былі Гардзей і Марк, да іх падышоў Яўсей Пух, павітаўся.
– Ну, вось і дачакаўся ты, Яўсей, вызваліцеляў, – сказаў Гардзей. – Як яны табе?
– Сокалы!
– Нешта гэтыя сокалы надта здарожаныя, – заўважыў Марк.
– Пераможцы, – адказаў Яўсей. – А ты чуў, што немцы палякаў у Берасці і пад Кобрынам так пабілі, што тыя не ведалі, куды бегчы. Цяпер возьмуць нас у Савецкі Саюз, і зажывём мы ў міры і згодзе роўныя сярод роўных.
– Чаму гэта нас, як дзеўку-векавуху, абы-хто павінен забіраць? – спытаў з усмешкаю Гардзей. – Ці не можам мы самі жыць самастойна? Было ж ужо! Жылі! Ад мора да мора цягнулася наша зямля!
– Савецкі Саюз – такая дзяржава, што кожны палічыць за гонар быць у яе складзе. Толькі дурань можа адмаўляцца ад такой прапановы, – запярэчыў Яўсей.
– Я часам слухаю радыю і дзіўлюся, колькі ў асяродку саветаў ворагаў народа развялося. А ці не можа быць, што яны і ў нас пачнуць ворагаў вышукваць?
– Гародзіш абы-што, – абурыўся Яўсей.
Іхнюю гаворку перарваў гармонік. На вуліцу выйшаў Сымон Чмель, заспяваў прыпеўкі:
Не судзіце, добры людзі,
Што я абшарпаўся,
Мой татулька такі быў,
Я ў яго ўдаўся.
З натоўпу выскачыла Марфа і пусцілася ў скокі. Перад ёю ўзнік чарнавусы чырвонаармеец і пайшоў паўкругам упрысядкі. Танцоры расчырванеліся, усміхаючыся адно аднаму, здаецца, нікога і не бачылі вакол, столькі жарсці, упэўненасці і сілы было ў іхніх рухах. Чырвонаармеец сцягнуў чубатую шапку, агаліў чарнавалосую галаву. У адказ і Марфа сарвала з галавы паркалёвую хустачку і, размахваючы ёю, усё прытупвала ды кружылася вакол смуглявага напарніка. А гарманіст тым часам сыпаў прыпеўкамі, голас ягоны быў моцны, гарэзлівы.
А, мілашачка мая,
Стаў я разжывацца.
Прадаў сенцы, купіў дзверы,
Буду зачыняцца.
– Марфа нідзе не разгубіцца, – заўважыў Марк.
– Ёй няма чаго губляць, акрамя свайго Якуба, які абрыд ёй, як вашывы кажух, – сказаў Гардзей.
– Агонь-баба! – з задаволенаю ўсмешкаю прамовіў Яўсей.
– Зараз рэвалюцыю зробіць з гэтым чарнявым ды кучаравым, – засмяяўся Гардзей.
– Для паляпшэння Якубавай пароды – не шкодзіла б, – азваўся Марк.
Тым часам да гарманіста падышоў чырвонаармеец, нешта сказаў – і гармонік сціх. Камандзір ускочыў на лаўку, дзе сядзеў Чмель, абдымаючы гармонік, звярнуўся да прысутных:
– Таварышы! Непераможная Чырвоная Армія на штыках прынесла вам свабоду! Я віншую вас са святам вызвалення. Цяпер у вас пачнецца новае светлае жыццё! Я жадаю вам плённага і шчаслівага будаўніцтва.
Далей камандзір пачаў хваліць савецкі лад жыцця і расказваць пра поспехі, якіх дасягнуў савецкі народ, пра бязмежныя перспектывы новых здзяйсненняў і перамог. Калі прамоўца скончыў гаварыць, на ягонае месца ўскочыў малады хлопец са Сцяблова Леванюк і пачаў дзякаваць вызваліцелям за тую ласку, якую яны зрабілі.
– Дзе гэта ён навучыўся так спрытна гаварыць? – здзівіўся Гардзей.
– Мая школа! З паўгода быў у мяне камсамольцам, пакуль партыю не распусцілі, – з гонарам адказаў Яўсей.
– Можа былым партыйцам цяпер пасады будуць даваць? – пацікавіўся Марк.
– Не ведаю, – паціснуў плячамі Яўсей. – Адзін сябар з Берасця казаў, што да былых капэзэбоўцаў новая ўлада ставіцца з насцярогаю.
– Эх, Яўсей, казаў я табе, што мы нікому не трэба, а нашая ахвярнасць – тым больш, – з усмешкаю заўважыў Гардзей. – Як былі мы нічым, так і застаёмся.
– Ты памыляешся, не можа быць, каб новай уладзе не спатрэбіліся адданыя людзі, – упэўнена адказаў Яўсей.
– Зрэшты, напэўна, палякаў зараз пагоняць з цёплых месцаў, дык мо нам што-небудзь дастанецца. Пайду я, хлопцы, няма ахвоты слухаць гэтага самавука, – грэбліва кіўнуў Гардзей у бок Леванюка.
4
Новая ўлада паціху ўсталёўвалася. У Сцяблове адчынілі сельсавет у хаце заможнага чалавека, нядаўна вывезенага невядома куды. Старшынёю прызначылі «васточніка», чалавека пахмурнага, насцярожанага, які прыехаў аднекуль з Расіі. З ранку да вечара гарлала чорная талерка радыё, прымацаваная на слупе; над дахам сельсавета развяваўся чырвоны сцяг; а ў памяшканні вісеў плакат з партрэтам Сталіна, які пільна прыглядаўся са сцяны да кожнага прысутнага. У склад сялянскага камітэта ўвайшлі крыклівая Марфа, безгалосы Серафім, паслужлівы Леванюк і яшчэ некалькі непісьменных сялян. Гардзей назіраў збоку за тым, што адбывалася, і здзіўляўся сваёй наіўнасці. У глыбіні душы ён усё яшчэ спадзяваўся: аднойчы згадаюць пра тых, што сядзелі ў турмах, якія імкнуліся змяніць да лепшага жыццё тутэйшага люду. Аднак таемныя яго спадзяванні былі дарэмныя. Наступіў новы час. Новыя людзі імкнуліся стаць гаспадарамі жыцця. А калі пайшла пагалоска пра тое, што вывезлі ўсіх асаднікаў, леснікоў і таго-сяго з больш багатых сялян, нават Марка збіраюцца раскулачваць за нявыплачаныя падаткі, Гардзей зразумеў, што трэба сыходзіць у горад. Там людзям пры ўсялякай уладзе жывецца лягчэй. Адпрацаваў належныя гадзіны, атрымаў заробак, і жыві сабе, як хочаш. Зрэшты, у хаце Кірылы Гардзей лічыўся толькі прымаком. Гаспадарка ж была даволі вялікая: тры каровы, пара коней, чатыры адкормленыя парсюкі. Усю гэтую жывёлу трэба было тэрмінова збываць і рабіцца бедняком, пра гэта і сказаў зяць цесцю. Той спачатку заўпарціўся, а потым згадзіўся з Гардзеем і здаў у нарыхтоўчую кантору жыўнасць, пакінуўшы сабе самае неабходнае, дзякуючы чаму разлічыўся з падаткамі і трапіў у лік сераднякоў.
Паколькі гаспадарка паменшылася ўтрая, дык Гардзей палічыў за лепшае пашукаць сабе які заробак у Брэсце, бо дома цесць з Зосяю і самі добра спраўляліся. Летам Гардзею знайшлася добрая, на яго думку, пасада памочніка каморніка на складзе вагоннага дэпо. Паколькі каморнік аказаўся не надта пісьменным «васточнікам», але затое адданым рэвалюцыі камуністам з Ленінграда, які прыехаў дапамагаць братам-беларусам усталёўваць новы лад жыцця, дык Гардзей рабіў за яго справаздачы і ўсялякую цяжкую і чорную работу: насіў скрыні, прыбіраў склад, а каморнік выдаваў рабочым спецвопротку і рознае начынне. З месяц Гардзей штодня пасля працы дабіраўся нанач дадому, а потым знайшоў сабе кватэру. Гаспадыняю аказалася ўдава цырульніка, прыемная гладкая маладзіца гадоў сарака з гакам. Дзяцей яна не мела, таму ўзялася шчыра апекаваць свайго кватаранта.
– Муй каханы! Муй пенькны прыйшоў! – такімі словамі звычайна сустракала яго пані Ванда, замілавана складваючы пульхныя ручкі на грудзях, як перад малітваю, а праз тыдзень-два – дык і гарачымі абдымкамі ды пацалункамі.
Гардзей, уражаны такой нечаканай прыхільнасцю, стаў рэдка наведвацца дадому. Занадта прэсным і стрыманым падалося яму каханне Зосі, якая пры бацьку ніколі нават не абняла мужа. Сам жа ён, як яму здавалася, нікога не кахаў. Праўда, аднойчы, калі яшчэ служыў у войску ў Варшаве, убачыў у двары аднаго багатага асабняка дзяўчыну ў блакітным каптурыку і сінім плашчы. І такая яна была прыгожая і пяшчотная, што, здавалася, за яе і жыцця не пашкадаваў бы. Дзяўчына знікла за цяжкімі дзвярыма, якія перад ёю адчыніў лёкай у ліўрэі, аблямаванай залацістым шлякам. Колькі пасля ні прыходзіў да той агароджы Гардзей, дзяўчыну яму больш убачыць не давялося. Ён быў перакананы, што тую юную палячку ён, напэўна, кахаў бы да канца свайго жыцця. Гэта было б не проста існаванне, а свята. Тое, чым цяпер жывілася яго душа, здавалася шэрым і не цікавым, часовым упрыгожаннем будзённасці стала цырульнікава ўдава.
Праз паўгода Гардзей вырашыў, што з Зосяю больш жыць не будзе, а застанецца з Вандаю. Ён захапляўся сваёю пранырліваю гаспадыняю, якая здолела ўладкавацца прадаўшчыцаю ў новую толькі што адчыненую прадуктовую краму і забяспечвала сябе і кватаранта харчамі, якія ўвогуле цяжка было купіць у горадзе. Прыватныя гандлёвыя кропкі былі зачынены, а ўсё, што мелася ў продажы ў дзяржаўных магазінах, скуплялі тыя, у каго былі савецкія грошы. Злотыя нідзе не прымалі. Тутэйшае насельніцтва, калі і хацела купіць якія тавары, дык не мела чым заплаціць.
Сказаць Зосі пра сваю новую сям’ю Гардзей не адважваўся, хоць зрэдку наведваўся дамоў, каб пабачыцца з сынам і завезці яму якога гасцінца. Але ўсё гэта было не так важна, калі-небудзь яна і сама дазнаецца. Такім чынам, Гардзееў лёс павярнуў у новае рэчышча, аднак здарылася непрадбачанае. Аднойчы, калі ён прыйшоў на працу, загадчык склада сказаў яму, што яго тэрмінова выклікаюць у аддзел кадраў.
У аддзеле кадраў Гардзея чакала непрыемная навіна. Дзябёлая маладзіца, з шэрым невыразным тварам і з дрэнна прамытымі чорнымі валасамі, зачэсанымі на прабор і закручанымі ў куксу на патыліцы, паклала перад ім на стале працоўную кніжку і загад, сказала:
– Пазнаёмся.
Гардзей прабег вачамі напісанае ў загадзе і зразумеў, што ён звольнены з працы як чалавек палітычна ненадзейны і шкодны для савецкай улады.
– Гэта хлусня! Я сядзеў у польскай турме за стварэнне камсамольскай ячэйкі і ўдзел у падпольнай працы! – абурана запярэчыў Гардзей.
– Усе вы цяпер патрыётамі сталі! А сам выбіраўся радным у гміну! Хацеў утаіць гэта ад савецкай улады! Мы ведаем усё пра ўсіх! Скажы дзякуй, што не паслалі туды, куды Макар цялят не ганяў! А мы яшчэ і разлік табе даём! Ідзі ў бухгалтэрыю і атрымай.
Гардзей пакінуў кабінет, трымаючы ў руцэ загад і яшчэ не верачы таму, што з ім здарылася, аднак у касе яго ўжо чакаў поўны разлік. Ён згроб у кішэню грошы, якія яму дала касірка, і выйшаў на вуліцу. Хацелася хутчэй удыхнуць свежага паветра, пабыць аднаму, каб асэнсаваць непрыемную падзею. Ніяк не мог зразумець, чаму так здарылася, што ён быў ненадзейным для палякаў, а цяпер стаў такім і для саветаў, хоць з ахвотаю працаваў і, зрэшты, быў задаволены жыццём.
Гардзей рушыў уздоўж рэек, раздумваючы, што ж яму рабіць далей: заставацца з Вандаю і паспрабаваць пашукаць новую працу, ці... Але з тым запісам, які яму зрабілі ў працоўнай кніжцы, напэўна, яго нікуды не возьмуць. Адразу ўзнікла пытанне: гэта кляймо на ўсё жыццё? За што? Гардзей адчуў нязвыклую стому ў нагах і накіраваўся ў будынак вакзала, каб там пасядзець у зале чакання і ўсё як след абдумаць. Раптам яго нехта паклікаў. Ён азірнуўся і ўбачыў Яўсея Пуха і Івана Валошчыка, пастаяў нерухома, пакуль хлопцы падышлі і павіталіся з ім за руку.
– Ты чаго такі прыгаломшаны? – спытаў Яўсей.
– З працы звольнілі, палічылі, што палітычна ненадзейны, – адказаў Гардзей.
– Знайшоў пра што бедаваць! На наш век працы хопіць, – ляпнуў яго па плячы Валошчык.
– Не, ты не разумееш, што адбываецца. Я ў польскай турме сядзеў, здароўе губляў, жыццё, лепшыя гады кату пад хвост, а яны. – горача запярэчыў Гардзей. – Гэта несправядліва!..
– Знойдзем табе справу, трымайся мяне. І ўсё будзе выдатна, – супакоіў Гардзея Яўсей.
– А што ты ўжо такі вялікі начальнік?
– Працую следчым па асабліва важных справах. Лаўлю бандытаў, жулікаў, спекулянтаў. Ат, рознай набрыдзі наехала ў Брэст, што выдаюць сябе за бежанцаў. Уяўляеце, у аднаго багаценькага аўтамабіль канфіскавалі, дык ён ходзіць да нас, скардзіцца і піша заявы. Думаю, што яго і самога хутка возьмем за каршэнь, каб не надакучваў.
– І ты задаволены такою працаю?
– А чаму ж не? Зарплата добрая, кватэру далі як адказнаму і важнаму работніку. А зрэшты, чаго мы тут стаім? Пайшлі да мяне, адзначым улазіны, – гасцінна запрасіў Яўсей.
– Я дахаты сабраўся, амаль месяц сына не бачыў, – пачаў аднеквацца Гардзей.
– Заўтра ж нядзеля. Паедзеш і пабачыш. Нікуды твой сын не дзенецца. Пайшлі... Пасядзім цёплым мужчынскім гуртам, успомнім маладосць. Калі яшчэ такі выпадак надарыцца?
Гардзей паглядзеў на хлопцаў і згодна махнуў рукою, маўляў, колькі таго жыцця, і тое абы-якое.
– Мо ў складчыну купім якую пляшку? – спытаў Валошчык.
– Нічога не трэба, у мяне ёсць што выпіць і нават на закуску сала знойдзецца, – сказаў Яўсей. – Трымаю недатыкальны запас. Часам вярнуся з задання, у вачах чорныя плямы скачуць ад стомы, дык вазьму стограмовачку – і ад сэрца адляжа.
– А што? Страшна бывае? – спытаў Валошчык.
– Усяляк бывае: і страшна, і паскудна, і агідна... Але не будзем пра дрэннае.
– Мо сярод следчых чуваць што пра Мацея? Як ён там перайшоў мяжу ды ўладкаваўся, – раптам згадаў Гардзей.
– Нічога не чуў, але, хлопцы, паміж намі, кажуць, перабежчыкаў расстрэльвалі, – адказаў Яўсей шэптам.
– За што? – здзівіўся Гардзей.
– Быў бы чалавек, а артыкул для пакарання знойдзецца...
Пачутае збянтэжыла і ўстрывожыла Гардзея: няўжо так? Што ж гэта робіцца на свеце?..
Яўсеева кватэра была недалёка ад вакзала, у тым самым будынку, дзе раней Гардзееў знаёмы яўрэй прадаваў бакалейныя тавары. Маёмасць у гандляра забралі, а яго з сям’ёю некуды выслалі.
Новы гаспадар адамкнуў дзверы невялікага пакоя, у якім стаялі незасланы ложак, абшарпаны стол і пара табурэтак. Пры сцяне мясцілася вялікая скрыня, размаляваная кветкамі. Шырокім жэстам гаспадар запрасіў гасцей:
– Заходзьце ў маю хату, чым багаты тым і рады. Сядайце, каму дзе зручна.
Яўсей дастаў са скрыні пляшку гарэлкі, тры шклянкі, паклаў на стол кавалак сала, бохан хлеба, дзве цыбуліны, ляпнуў у ладкі:
– Балюем!
– Балюем! Яшчэ як! – бадзёра падхапіў Валошчык.
Першы раз паднялі шклянкі за здароўе і сустрэчу. Пасля трэцяга тоста на стале з’явілася яшчэ адна пляшка. Паплылі ўспаміны пра маладосць і маленства. Усе пра нешта гаварылі, і хоць, здавалася, што ніхто нікога не слухаў, ім было добра сядзець разам сярод ночы і згадваць той час, які назаўсёды прамінуў, і была надзея, што наперадзе іх чакае нешта яшчэ больш цікавае і светлае.
5
Гардзей прачнуўся ад таго, што яго тузаюць за плячо, але ніяк не мог расплюшчыць вочы. Галава гарэла ў пякельным агні, пад грудзьмі быццам віўся клубок змей.
– Уставай, уставай, Гардзей! Будзем пахмяляцца, – тармасіў яго Яўсей.
Гардзей перасіліў боль, расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабою доўгую выцягнутую, як гарбуз, галаву Яўсея. Сцяна за ім калыхалася, столь пераварочвалася.
– Што гэта з табою? Чаму ты такі? – здзіўлена спытаў Гардзей.
– Які?
– Як пачвара.
– Сам ты пачвара! Уставай! Мне на працу трэба!
Гардзей са стогнам сеў, абхапіў галаву рукамі, хістаўся з боку ў бок.
– Што, галава баліць? Трымай шклянку, пахмяліся, – прапанаваў Яўсей.
– Чым ты мяне напаіў?
– Нічым. Што я піў, тое і ты.
– Ты атруціў мяне, – прастагнаў Гардзей.
– Ты абвінавачваеш мяне, савецкага следчага, у злачынстве? Ты ведаеш, што табе за гэта пагражае?
Гардзей падняўся з ложка, няпэўным крокам рушыў да парога, мармычучы сабе пад нос:
– Атруціў і хочаш канцы ў ваду. Не выйдзе, не дамся.
Ён штурхнуў перад сабою дзверы, якія лёгка адчыніліся, лесвіца павяла яго ўніз драўлянымі прыступкамі. У двары Гардзей удыхнуў свежага паветра, ледзь не страціў прытомнасць, прыхінуўся да сцяны, трохі пастаяў з заплюшчанымі вачамі. У галаве гарэла так, быццам там распалілі агонь, нясцерпна пякло ў грудзях. Гардзей няпэўным крокам выйшаў з двара і рушыў у бок Кобрынскага моста. Раптам спахапіўся, што забыўся ў Яўсея партфель з гасцінцамі для сына, але вяртацца не стаў. Думкі блыталіся, адчуваў, што вось-вось страціць прытомнасць ці наогул розум. Раптам згадаўся Валошчык. Узнікла пытанне, куды ён падзеўся? Мо і яго атруціў Яўсей, каб не мець сведкаў? Ці, можа, наадварот, Валошчык падліў атруту Гардзею і схаваўся? Гардзей бег па вуліцы, апантаны жывёльным страхам. Мільганула думка, што цягніком прыехаў бы дамоў хутчэй. Спыніўся на хвіліну, праверыў кішэні, грошай не знайшоў і зноў кінуўся бегчы. Людзі саступалі яму дарогу, глядзелі ўслед. Нехта сказаў:
– Шаленец нейкі. Увесь рот у пене.
Гардзей не зразумеў, што гэта кажуць пра яго. Ён наогул цяпер мала што цяміў, падсвядома імкнуўся схавацца ад жаху, які апанаваў ягоную істоту, ад злоснага свету і жорсткіх людзей. За сваё жыццё ён нямала пахадзіў пешкі і паездзіў на кані з дому ў Берасце і назад, таму ногі самі знаходзілі тую палявую дарогу, якая вяла яго проста на хутар да жонкі і сына. Там было выратаванне. Ён выжыве і здзейсніць тое, што прызначана яму Богам. Не чалавечая сіла абудзілася раптоўна ў ім і несла ўперад ад пагоні страху і жуды.
Ён прыбег задыханы, з мокраю, хоць выкручвай, сарочкаю, з чырвоным потным тварам, убачыў Зосю, і сказаў з парога:
– Я вар’ят. Але ўсё роўна буду вялікім мысліцелем!
– Што з табою? – устрывожылася жонка.
– Мяне атруцілі! Галава мая гарыць! У грудзях пячэ!
Ён набраў кубак вады, прагна выпіў, але палёгкі не адчуў?
– Хто атруціў?
– Пух з Валошчыкам! Я ім зараз! Пачакай!..
Гардзей выскачыў у сенцы схапіў сякеру, пабег у Крачкі. Зося кінулася за ім, прасіла-маліла вярнуцца. Але ўсё было дарэмна. Ахоплены жаданнем помсты, Гардзей ляцеў так хутка, што Зося адстала ад яго, бегла, трымаючыся за правы бок, там раптам пачало калоць. Ужо ў Крачках трапіўся яму насустрач Серафім, здзіўлена спытаў:
– Куды ты, Гардзей?
– Я заб’ю іх!
– Каго?
– Пуха і Валошчыка.
– Дык яны ж у Берасці.
У гэты час да мужчын падбегла Зося, шапнула Серафіму:
– Забяры ў яго сякеру.
– Дай сякеру, навошта яна табе? – папрасіў Серафім.
– І ты, камітэтчык, супраць мяне? Я і цябе знішчу.
На галасы падбеглі гаспадары з бліжэйшых хат, скруцілі Гардзею рукі, забралі сякеру.
– Эх, вы! Я за вас у турме сядзеў! Лепшыя гады згнаіў ні за нюх табакі, а вы – на мяне! – абурыўся Гардзей, адкідаючы ад сябе аднавяскоўцаў.
– Пойдзем, Гардзей, дадому, – папрасіла Зося. – Чаго ты ўзбунтаваўся? Людзі вунь сабраліся! Глядзяць як на вар’ята!
– Я і ёсць вар’ят! Мяне атруцілі! Але я адпомшчу ім усім! Яны атрымаюць за ўсё!
Серафім, які быў ніжэйшы ростам за Гардзея, павіс у яго на спіне і прыгаворваў:
– Ідзі дахаты! Чуеш! Ідзі!
Зося падхапіла Гардзея пад руку і таксама цягнула ў бок хутара, але ён не згаджаўся.
– Дзе гэтыя мярзотнікі? – крычаў Гардзей? У Берасці пахаваліся? Чакайце, я вас і там знайду.
– Знойдзеш, знойдзеш, – абяцала Зося. – Я табе дапамагу. А цяпер пойдзем дадому.
Нехта з мужчын сказаў:
– Няма тваіх крыўдзіцеляў тут, ідзі дахаты, Гардзей.
Гардзей раптам супакоіўся, аціх і пакорна пайшоў у суправаджэнні Зосі і Серафіма, быццам прыступ вар’яцтва адступіў і даў яму магчымасць хоць нядоўга пажыць цвярозым розумам. Аднак гэты спакой вярнуў хвораму адчуванне болю. Ён абхапіў галаву рукамі і закрычаў:
– Трымайце маю галаву! Яна зараз разляціцца на дробныя кавалкі! Трымайце мяне! Трымайце!
Зося з Серафімам падхапілі Гардзея пад пахі і павалаклі ў бок хутара. Ён хістаўся, плёўся, як п’яны, і ўвесь час скардзіўся на боль у галаве.
– Нічога! Нічога! – супакойвала мужа Зося. – Зараз запражом каня і паедзем у Жабінку да доктара. Ён дасць табе ад галавы лекаў, і ты ачуняеш. Ціха! Ціха! Не крычы!
– Ад вар’яцтва няма лекаў! Мяне атруцілі! Я ім адпомшчу! – Гардзей зноў пачаў вырывацца з рук.
– Ціха! Ціха! Не смяшы людзей! Маўчы! Няхай ворагі не радуюцца нашай бядзе. Тых, хто нашкодзіў табе, пакарае Бог. А ты супакойся, пойдзем дахаты, там цябе сынок чакае, – упрошвала мужа Зося, і ён аціх, скарыўся яе цёплым рукам, ласкаваму голасу, яе просьбе не гнявіць Бога і не смяшыць людзей.
6
Серафім, не шкадуючы каня, імчаў у Жабінку. За яго спінаю курчыўся на возе Гардзей, абхапіўшы галаву рукамі, побач з якім сядзела Зося і ўгаворвала мужа, як малое дзіця, каб ён не нерваваўся, патрываў боль, хутка яны прыедуць да доктара, і той дасць рады. Гардзей сапраўды аціх, быццам задрамаў. А Зосі згадаўся сон, які прысніў бацька, пасля таго, як яна з Гардзеем пачала жыць разам. Прыснілася бацьку, што перад хатаю вырас дуб з падсохлаю вершалінаю. Сон аказаўся як у руку. Хоць і спачувала Зося Гардзею, аднак не магла дараваць таго, што ён застаўся нанач невядома з кім, замест таго, каб ехаць да сям’і. «Гэта яго Бог пакараў, што зусім ад дому адбіўся, – думала яна. – Затое цяпер ён ужо будзе са мною. Бог усё бачыць і вучыць некаторых разумнікаў, як трэба жыць. А тым, хто не слухаецца Божага голасу, пасылае немач, каб астудзіць гарачую галаву».
Каля амбулаторыі Зося пабудзіла Гардзея і сказала:
– Прыехалі ўжо, пойдзем да доктара.
– Дзе? Дзе той доктар? – закрычаў Гардзей, саскочыў з воза і пабег уздоўж вуліцы, Зося і Серафім кінуліся ўслед за ім.
Наўрад ці ўдалося б ім затрымаць дужага мужчыну, апантанага хваробаю, які не надта разумеў, што з ім робіцца, а кіраваўся логікаю парушанай свядомасці, каб ён не ўбачыў будынак, дзе раней мясціўся пастарунак, а цяпер знаходзілася Жабінкаўскае аддзяленне міліцыі, і не ўбег туды і не пачаў крычаць, што тут знаходзяцца душагубы, якія пры Польшчы яго гнаілі ў турме, а цяпер наогул вырашылі звесці са свету. Тры міліцыянеры накінуліся на Гардзея, ды ён раскідаў іх і пачаў ламацца ў нейкія замкнёныя дзверы. Адзін з міліцыянераў моцна стукнуў яго па паясніцы – Гардзей войкнуў і прысеў, і тады ўсе трое накінуліся на яго, звалілі на падлогу, скруцілі. У гэты момант прыбеглі Зося і Серафім.
– Што вы робіце? Ён жа хворы! Ён вар’ят! Спыніцеся! – закрычала Зося, адцягваючы міліцыянераў.
Міліцыянеры пакінулі Гардзея ў спакоі, цяжка дыхалі. Адзін спытаў:
– Як прозвішча?
Зося хуценька сказала, як завуць мужа, дзе жыве, дзе працуе, расказала пра хваробу, якая ўсчалася нечакана.
– Завядзіце яго да доктара, няхай агледзіць і дасць заключэнне. Калі гэта не вар’ят, вядзіце сюды. Мы з ім хутка разбяромся, хто такі, – сказаў адзін міліцыянер, відаць, старшы.
Зося і Серафім падхапілі Гардзея пад пахі, два міліцыянеры ішлі ззаду, суправаджаючы іх. Хворы хапаўся рукамі то за галаву, то за грудзі, скардзіўся, што душа яго палае, прасіў піць. Зося супакойвала мужа, як магла, маўляў, галоўнае – дайсці да доктара, а там усё вырашыцца.
Доктар пажадаў застацца з хворым сам-насам, а хвілін праз дваццаць выйшаў з пакоя з супакоеным Гардзеем, падаў Зосі нейкія паперы, сказаўшы:
– Гэта накіраванне ў псіхіятрычную бальніцу. Вам трэба везці яго ў Баранавічы.
– Доктар, мы ж не гатовыя... Не думалі... Можа, можна дома. Нейкія там лекі. – з мальбою ў вачах спытала Зося.
– Нельга. Яму патрэбна лячэнне ў стацыянары. Патрэбныя добрыя спецыялісты.
– Дык ён сапраўды вар’ят? – спытаў адзін з міліцыянераў.
– Душэўна хворы, – падкрэслена адказаў доктар. – Дапамажыце, калі ласка, хвораму і ягоным родзічам сесці на цягнік, пра гэта я вас прашу асабіста.
Міліцыянеры ніякавата паціснулі плячыма і пайшлі ўслед за Гардзеем, якога Зося і Серафім павялі пад рукі да выхада.
На вакзале сапраўды спатрэбілася іхняя дапамога. Міліцыянеры загадалі расступіцца чарзе, і Зося купіла білет сабе і Гардзею на цягнік. Серафім бязладна таптаўся каля сястры. Яна сказала яму, каб ехаў дамоў, бо на вакзале столькі набрыдзі, яшчэ, крый божа, хто каня ўкрадзе. Брат уздыхнуў з палёгкай і пайшоў. Пайшлі і міліцыянеры.
Пасля наведвання доктара Гардзей паспакайнеў і драмаў, седзячы на лаўцы. Зося нават падумала, можа дарэмна яго выпраўляюць у псіхбальніцу, можа гэтая хвароба і сама пройдзе? На вакзале было шматлюдна, таўкліся нейкія мужчыны і жанчыны, не тутэйшыя – ці бежанцы, ці тыя, што ехалі з Савецкай Расіі, каб тут знайсці новае месца для працы. Апрануты былі хто ў што, сустракаліся тут і дарагія суконныя апраткі і нешта накшталт рабочай уніформы. Тутэйшых было мала, яны вылучаліся адзеннем з палатна сваёй работы, паводзілі сябе сціпла, бо кожны ў крамным адзенні ім уяўляўся па ранейшай звычцы панам.
Незадоўга да прыходу цягніка людзі заспяшаліся на перон. Зося разбудзіла Гардзея. Ён расплюшчыў вочы, няўцямна зірнуў на жонку, быццам не пазнаючы, потым падняўся і спытаў:
– Што мы тут робім?
– Зараз паедзем у бальніцу.
Твар Гардзея нервова перасмыкнуўся. Ён спытаў:
– Ты захварэла? Чаму мне гэтак блага?..
– Гардзейка, гэта ж ты захварэў. Паедзем цябе лячыць, – пяшчотна і спакойна адказала Зося, каб не вывесці яго з раўнавагі. Пойдзем на перон, зараз будзе наш цягнік.
Муж паглядзеў на яе з недаверам, але пайшоў да выхада. Зося ў напружанні чакала цягніка. Калі людзі стоўпіліся ля ўвахода ў вагон, яна трымаючы Гардзея пад руку, супакойвала сябе і яго:
– Не спяшайся. Без нас цягнік не пойдзе. Усё будзе добра.
Муж слухаўся, стаяў спакойна, пакуль не падняўся ў вагон і раптам кінуўся да акна і пачаў стукаць кулакам.
– Што ты? Што з табою? – закрычала Зося, цягнучы мужа за сарочку!
– Там Пух! Я яго бачыў!
Праваднік накінуўся ззаду на Гардзея, зваліў яго на падлогу.
– Не чапайце яго! – закрычала Зося. – Ён душэўна хворы!
– Ён яшчэ і хворы! – абурыўся праваднік. – Мы яго зараз звяжам, хутка супакоіцца.
Гардзея звязалі і паклалі адпачываць. Знясілены чарговым прыступам хваробы, ён сапраўды хутка заснуў. У Баранавічах увайшлі пагранічнікі і пачалі правяраць білеты. Спачатку Зосю і Гардзея завялі ў аддзяленне міліцыі, трымалі да раніцы ў пакоі, падобным на турэмную камеру з закратаваным акном пад столю, а потым іх разлучылі. Ёй паабяцалі, што хворага ў псіхбальніцу завязуць самі, а яна няхай вяртаецца дамоў.
Выйшла Зося з аддзялення міліцыі, раздумваючы, што ж ёй рабіць далей? Усе грошы, якія мела пры сабе, аддала Гардзею. Выручыла яе тое, што па даўняй бежанскай звычцы надзела на сябе дзве сукенкі. Адну яна зняла ў прыбіральні, пайшла на рынак, што мясціўся побач з вакзалам, і прадала там нейкаму вайскоўцу, прасіла грошай не шмат, толькі пару рублёў, каб хапіла даехаць да Жабінкі, а ён вельмі ўзрадаваўся нечаканай удачы – з радасцю танна набыў яе сукенку.
7
Дома Зосю сустрэў устрывожаны бацька і сказаў, што яго памылкова запісалі ў кулакі і наклалі кулацкі падатак.
– Чаму ж яны так зрабілі? Мы ж збылі ўсю жыўнасць, – абурылася Зося.
– У іх, ці бачыш, нейкія старыя звесткі.
– Дык едзь у Жабінку да начальства і скажы ім, няхай прышлюць камісію, правераць, якія мы тут кулакі.
– Баюся я, дачка, начальства. Якая ім справа да простага чалавека? Яны ж, можа, і размаўляць са мною не захочуць.
– Не захочуць і не трэба. Напішам ім заяву, што ты не кулак. Няхай разбіраюцца, але заяву завязеш сам, аддасі ў рукі і чакай, што скажуць.
– Хіба што так, – згадзіўся бацька. – А нешта мне ўсё ж трывожна.
– А калі цябе вышлюць за свет? Тады не будзе не страшна?
– Страшна жыць, дачка, страшна. Усё жыццё перакалоцішся як рыба аб лёд. даруй божа. Адно выратаванне смерць.
– Што ты, бацька, раней часу паміраць сабраўся?
– Я сваё аджыў. Што там з Гардзеем? Серафім расказваў.
– Не ведаю, бацька. Забрала яго міліцыя, абяцалі завезці ў бальніцу самі. Далей Баранавіч нікога не пускаюць. Мяжа, як была, так і стаіць на месцы. Адчуваў ён сябе блага. Не ведаю, што там з ім будзе.
– Усё ў руках Боскіх, будзем спадзявацца на лепшае.
На другі дзень Кірыла павёз заяву ў Жабінку. Пахадзіў па будынку райвыканкама, спыніўся ля дзвярэй старшыні, каля якіх стаяў стол сакратаркі, паклаў перад ёю заяву.
Дзяўчына прабегла паперу вачамі і сказала:
– Вам трэба ў той кабінет, пойдзем, я вас правяду.
Яна падвяла Кірылу да адных дзвярэй, пастукала ў дзверы, ёй ніхто не адказаў, яна адчыніла іх, заглянула ў пакой і спытала:
– Хрол Еўграфавіч, можна да вас?
– Заходзь, Эсфір, заходзь.
– Я не адна.
Сакратарка прапусціла ўперад Кірылу, потым увайшла сама, паклала перад начальнікам заяву і сказала:
– Дапамажыце гэтаму сімпатычнаму дзеду, Хрол Еўграфавіч. Дабро дабром вяртаецца.
Яна выйшла нетаропка. Начальнік узяў Кірылаву заяву, пачытаў, моўчкі ўстаў, пачаў перабіраць папкі з паперамі. Нарэшце разгарнуў адну, пачаў чытаць:
– Значыць так. Барэйша Кірыла Іпатавіч, жыхар вёскі Сцяблова, дом нумар дваццаць пяць. Два кані, чатыры каровы.
– Прозвішча маё, а гаспадарка і адрас чужыя. Я на хутары каля Крачкаў жыву. Адзін у мяне конь і карова адна. Прыязджайце, паглядзіце, калі не верыце. Са мною жывуць яшчэ дачка з мужам і ўнук. Чатыры душы, неяк жа трэба жыць і харчавацца.
Кірыла нават сам здзівіўся, як асмялеў, разгаварыўся з чужым чалавекам, ды яшчэ начальнікам. А зрэшты начальнікамі ж не нараджаюцца, імі становяцца.
– Добра, разбяромся, – спакойна адказаў гаспадар кабінета. – Можа, і ў госці наведаемся, каб гаспадарку агледзець.
– Калі ласка, прыязджайце, буду рады, – гасцінна адказаў Кірыла. – І падатак кулацкі здыміце з мяне. Які ж я кулак? Перажыў эвакуацыю, бежанства. Вярнуўся на голае месца, пачаў з нічога.