355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 6)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 21 страниц)

Сям’я Барэйшаў – Кірыла, Каця, Зося і Серафім – таксама выйшла на свой палетак. Маладыя жалі сярпамі. Кірыла круціў перавяслы, звязваў снапы, ставіў іх у бабкі. Зося адразу пачала паказваць свой спрыт, пайшла так хутка ўперад, што Серафім і Каця, як ні стараліся, не здолелі яе дагнаць. Дзве русыя касы матляліся за спінаю, часам падаючы ўперад на грудзі.

– Няхай ляціць! – насмешліва сказала Каця Серафіму. – Пабачым, наколькі яе хопіць.

– У Зосі рукі доўгія. Як захопіць, дык адразу цэлы сноп зразае.

– Вы б замест балбатні жалі хутчэй. Як сонца высока падымецца, тады ўжо напоўніцу не напрацуеш – спякота адолее, – агрызнулася Зося.

– Хоць бы хустку завязала, сонца галаву напячэ, – папярэдзіла Каця.

– Горача мне.

– Годзе вам! Знайшлі дзе сварыцца! – прыкрыкнуў на дачок Кірыла. – Грэх на хлебным полі спрэчкі заводзіць – праца не зладзіцца.

Дзяўчаты аціхлі, чутно было толькі, як добра назубленыя сярпы ўразаюцца ў даспелыя сцябліны жыта, сцінаюць іх, пакідаючы пасля сябе калючую пожню, там-сям перавітую зялёнаю коскаю мышынага гарошку. Жніво – гэта не проста праца, гэта вянец цыкла сялянскага года. З восені гаспадар рыхтаваў глебу, сеяў азіміну, дасяваў ці перасяваў, калі нешта вымярзала зімой, назіраў за сваім палеткам, прасіў у Бога дажджу, сонца і ветрыку на час апылення, а зараз збіраў плён сваёй працы. Але і пасля жніва збажыну яшчэ трэба было змалаціць, правеяць, высушыць, змалоць і толькі пасля гэтага рашчыніць і замясіць цеста ды спячы хлеб са свежага ўмалоту. У нядбайнага чалавека зерне магло загінуць на ўсялякім з гэтых этапаў, таму да хлеба ў сялян было асабліва пачцівае стаўленне. Крый божа, зняважыць або пакрыўдзіць хлеб, тады будзеш галадаць рэшту жыцця.

Зося з асалодаю жала. Яе цела, налітае здароўем і сілай, любіла аддавацца працы да цяжкай стомы, ад гэтага яна атрымлівала задавальненне і ўпэўненасць у тым, што патрэбная сям’і, гэтаму палетку і наогул свету. Праца натхняла, прыносіла радасць, праз яе дзяўчына сцвярджалася, пачуваючы сябе годным чалавекам і забываючы ўсе свае дзявочыя турботы і мітрэнгі.

Каця разагнулася, расціраючы паясніцу, пастаяла хвіліну і пачала зноў жаць. Следам за ёю і Серафім разагнуўся, дастаў капшук, скруціў цыгарку, прапанаваў Кірылу:

– Давай перакурым, дзядзька.

Кірыла няспешна падышоў да пляменніка. Закурылі, са смакам зацягваючыся.

– Жыта не спаліце, – засмяялася Зося. – Шукаеце прычыны, каб адпачыць.

Кірыла не стаў увязвацца ў гаворку з дачкою, а падхапіў сноп і панёс да капы. Размовы ў час працы не патрэбны, не доўга і руку парэзаць, асабліва цяпер, калі сонца прыпякае, а пот залівае вочы. Рэдка якой жнейцы ўдаецца перажыць жніво і хоць трохі не параніцца.

Зося жала і ўвесь час думала пра Гардзея. Згадвала іхнія сустрэчы, напоўненыя мілаваннем і пяшчотаю. Сэрца замірала, і гарачая хваля залівала цела, калі яна згадвала ночы, праведзеныя разам з каханым. Але ўжо два тыдні ён быццам забыўся пра яе, таму Зося нудзілася і пакутавала ў здагадках, якая кошка прабегла паміж імі. Раптам адчула, што ёй робіцца млосна. Галава закружылася, усё паплыло перад вачамі. Зося яшчэ паспела адвесці руку ўбок, каб не напароцца на серп, і ўпала ў жыта.

– Што з табою? – першаю кінулася да сястры Каця. – Памажыце, дайце вады.

Над Зосяю схіліліся ўсе сямейнікі. Каця паднесла ёй да вуснаў вады, лёгенька паляпала па шчацэ – і да Зосі вярнулася прытомнасць. Яна расплюшчыла вочы, са здзіўленнем паглядзела на родных, спытала:

– Што здарылася?

– Нічога, – адказаў Кірыла. – Перапрацавалася ты, адпачні трохі пад капою, у цяньку.

Зося паднялася, каб ісці, і адчула, што яе водзіць у бакі. Так-сяк даплялася да капы, схавалася ў цянёк.

– Казала ж я, што сонца галаву напячэ, – упікнула сястру Каця.

– Ідзі, дачка, дамоў, адпачні. Заўтра мо палепшае, дык дажнеш сваё, – сказаў Кірыла. – Ніхто не ведае, дзе каго хвароба напаткае.

Зося папіла вады са збанка, зрабілася трохі лягчэй, дастала з торбы хустку, завязала, паглядзела на сямейнікаў, якія зноў узяліся за працу. Бацька падняў Зосін серп, пачаў таксама жаць, цяжка нагінаючыся. Яму, немаладому ўжо чалавеку, гэтая справа давалася нялёгка.

«Што ж гэта са мною? – занепакоілася Зося. – Няўжо зноў цяжарнасць? Божа мой, што ж мне рабіць? Гэта ж будзе дзіця ад Гардзея, адзінага, майго каханага...»

Але тут жа здрадліва варухнуўся на дне душы страх, нагадваючы пра ганьбу, якая чакае дзяўчыну, што прыгуляла дзіця: «Застаецца адно: ісці на балота шукаць зязюліна мыла? Дык вось чаму Гардзей не трапляе на вочы, адчувае, што нарабіў ліха. А калі сказаць яму? Што будзе? Нічога. Не прызнае, як не прызнаў Марфіна дзіця, ды яшчэ плёткі распусціць па сяле. Божа літасцівы, паратуй... Чаго гэта я тут разлеглася, трэба ісці бацьку памагчы. Цяжарнасць не хвароба. Наадварот, трэба працаваць як мага больш, каб пазбавіцца ад яе.»

– Мне палепшала ўжо, тата, – сказала Зося, забрала ў Кірылы серп, пачала жаць.

– Не спяшайся, – папярэдзіў бацька. – Дзень доўгі, беражы сілы.

Зосіна весялосць зляцела з твару, рукі захадзілі павольна, так што Каця з Серафімам хутка абышлі яе. Яна працавала механічна, занятая думкамі пра тое, як пагаварыць з Гардзеем і што рабіць з новаю і такою нежаданаю цяжарнасцю.

Па абедзе Зосі зноў зрабілася блага, яе пачало ванітаваць. Сямейнікі вырашылі, што дзяўчына атруцілася. Бацька настояў, каб дачка пайшла дамоў. Зося не працівілася.

Па дарозе яе дагнаў Мікола Іванюк. Ён ішоў побач з возам, на якім узвышалася гара снапоў, павітаўся з дзяўчынаю і хацеў тупаць далей, але Зося спытала:

– Ты злуеш на мяне?

– А чаго мне злаваць? – паціснуў ён плячыма. – Ты ж Гардзеева. Ён казаў, што ў цябе з ім ужо даўно ўсё было.

Чырванню заліло Зосін твар, яна абурана сказала:

– Пляткар ён. Не вер яму!

– Ды мне што? Дзяўчат хапае, – абыякава адказаў Мікола.

Зося ўжо не пачула яго, яна рашуча павярнула ў бок балота. Востры прыліў нянавісці і абурэння выціскаў з душы закаханасць. Гардзей не толькі пакарыстаўся ёю, але яшчэ і хваліцца сваімі перамогамі! Цяпер яна бачыла сваё выратаванне толькі ва ўзвары з зязюлінага мыла.

25

Лета і восень для Гардзея падаліся тлумнымі і турботнымі. Давялося шмат часу патраціць на сустрэчы з сялянамі ў бліжэйшых вёсках у якасці кандыдата ў радныя гміны. Сустракаўся з моладдзю на вячорках, да старых падыходзіў, падсаджваўся да гурту на лаўках, часам з ім хадзіў Захар Маркевіч. Тады было значна лягчэй весці гутарку, бо цяжкая гэта справа нахвальваць сябе самога і прасіць, каб на выбарах прагаласавалі за цябе. Іншы раз ён браў з сабою хлопцаў з ячэйкі – Яўсея Пуха і Івана Валошчыка, але толку з іх было мала, не ўмелі яны ці не хацелі сказаць людзям добрае слова пра свайго сябра, а больш псавалі справу. Іншы раз Гардзею здавалася, што хлопцы з ячэйкі зайздросцяць яму. Вядома, няма прарока ў сваёй Айчыне.

На вяселлі сястры Дашы і Нічыпара Гардзей наогул пасварыўся з Яўсеем з-за пасагу. У сенях схапіліся загрудкі, пачалі біцца, ды людзі разнялі. Гардзей з упартасці не павялічыў надзел зямлі, які аддаваў Дашы, ні на адну дзесяціну, так што з першага дня стаў ворагам новым сваякам. Баяўся, што Яўсей пачне распускаць пра яго розныя плёткі, і людзі не падтрымаюць Гардзея на выбарах, аднак усё абышлося. Абранне ў раду гміны, бадай, было найвялікшаю радасцю за апошні час для Гардзея. Вестка сама сабою разнеслася па сяле, а ён пазбягаў лішні раз паказвацца на людзі, каб даўжэй нарадавацца. Ён хацеў стаць войтам, каб самому кіраваць гмінаю. І гэтая Гардзеева мара пачынала збывацца.

Першы сход, дзе сабраліся новыя радныя, прайшоў урачыста. Спачатку выступіў былы войт, асаднік Бяляцкі, невысокі, тоўсты і круглы, як жорны. Ён доўга апавядаў пра задачы і праблемы, якія належыць вырашыць новаму складу гміны. Школы, дарогі, масты, паселішчы, могілкі – усё гэта патрабавала пільнай увагі і фінансаў, якія трэба было сабраць з грамадзян. Але што можна сабраць з беднякоў? Таму радным трэба падтрымліваць сяброўскія кантакты з панамі, каб з іх ласкі папаўняць казну на патрэбы гміны і ўсяго грамадства.

Уважліва слухаючы Бяляцкага, Гардзей па-свойму разумеў і ацэньваў кожную фразу і прыйшоў да высновы, што менавіта асаднік, які добра прыгрэўся на пасадзе войта, і будзе галоўным ягоным ворагам у гміне. Але, паколькі сярод радных колькасць сялян пераважала, была надзея, што яны падтрымаюць яго пры абранні на пасаду войта.

Пачалі выбіраць праўленне гміны тайным галасаваннем. І зноў Гардзею давялося пахвалявацца. Аднак у ліку пяці чалавек праўлення аказалася і прозвішча Гардзея. Гэта была перамога! Заставалася дамагчыся войтаўства. А як гэта зрабіць? Тым часам сход ішоў сваім парадкам. Цяпер слова ўзяў пан Райскі, ён сказаў, што радныя абавязаны паклясціся ў вернасці дзяржаве і народу. Раздаў усім тэкст клятвы, узмахнуў рукою, і ўсе пачалі чытаць: «Як член рады абяцаю, што буду працаваць у імя дабрабыту і росквіту гміны, заўсёды дзейнічаць згодна з законамі і на карысць гміны і яе жыхароў, сумленна служыць інтарэсам сваіх выбаршчыкаў і не шкадаваць сілы дзеля працы на гміну. Клянуся!»

Апошняе слова ўсе прамовілі прачула і даволі голасна, так што прагучала яно зладжана і ўрачыста. Пана Райскага гэта вельмі задаволіла. Ён належным чынам выканаў пэўную частку праграмы, але наперадзе было самае галоўнае: абранне войта. Райскі звярнуўся да грамады:

– Панове, я віншую вас. З сённяшняга дня гміна пачынае працаваць, дзейнічаць на карысць грамадзян. Але для таго, каб яе дзейнасць была выніковай і разумнай, нам трэба абраць войта, мудрага і адказнага чалавека. У гэтай працэдуры бяруць удзел толькі члены праўлення. Прашу падаваць кандыдатуры. Але паколькі я стаю перад вамі, дык я прапаноўваю кандыдатуру пана Бяляцкага, які ўжо добра выявіў сябе на гэтай пасадзе, мае пэўны вопыт працы і кіравання гмінаю.

Гардзей агледзеў сялян, якія панура маўчалі, але не адважваліся пярэчыць пану, падняўся са свайго месца, хоць унутры ўсё кіпела, спакойна сказаў:

– Я прапаноўваю сваю кандыдатуру. Думаю, што і ў мяне няблага атрымаецца кіраваць гмінаю, бо я з сялян і добра ведаю ўсе патрэбы працоўнага чалавека.

– Добра, запішам яшчэ адну кандыдатуру, як прозвішча пана? – спытаў Райскі.

– Рахуба, Гардзей Рахуба, мы яго падтрымаем, – адказаў адзін з сялян.

Ад гэтых слоў Гардзею зрабілася добра на душы. Упэўненасць запаланіла яго. Ён нават усміхнуўся таму селяніну, імя якога не ведаў.

– Якія кандыдатуры будуць яшчэ? – спытаў пан Райскі.

Людзі маўчалі. І зноў для Гардзея пачаўся час сумнення і няўпэўненасці. А тым часам пісар напісаў на палосках паперы прозвішчы кандыдатаў, раздаў членам праўлення. Тыя выкраслілі непатрэбную кандыдатуру і ўкінулі паперкі ў скрынку. Спатрэбілася некалькі хвілін, каб падлічыць галасы. Пан Райскі, не хаваючы расчаравання на паружавелым твары, абвясціў, што па выніках галасавання праўлення гміны войтам абраны пан Рахуба. Сяляне весела загаманілі, пачалі віншаваць Гардзея, паціскаць руку.

– Во, цяпер і мы ў панах паходзім, – сказаў той селянін, прозвішча якога Гардзей не ведаў, і па-сяброўску ляпнуў будучага войта па плячы.

– Як цябе завуць? – спытаў Гардзей.

– Адам Ступа.

– Дзякую, брат.

– Панове, цішэй, – зазваніў у званочак пан Райскі. – Абранне пана Рахубы войтам трэба яшчэ пацвердзіць у пана ваяводы, а пасля радавацца.

Гэтая заўвага астудзіла Гардзееву радасць, аднак усё ў руках Бога. Толькі на яго трэба цяпер спадзявацца. Што ж, калі ваявода не зацвердзіць селяніна на пасаду войта, дык гэта толькі пакажа марнасць ідэалізму, а заадно і тое, што з акупантамі трэба змагацца іншым спосабам. Не хацелася думаць пра благое. Трэба было прыняць той дарунак, які паслаў лёс. І Гардзей ціха радаваўся, што дасягнуў таго магчымага, чаго прагнуў. Але больш трымаць у сабе гэтую радасць ён не мог, хацелася падзяліцца ёю хоць з некім, і ногі самі сабою панеслі яго на Кірылаў хутар. Дзень надарыўся дажджлівы, ветраны, але Гардзей быццам не заўважаў слоты, наадварот, яму было прыемна падстаўляць твар кроплям дажджу.

Абедзве Кірылавы дочкі былі дома. Каця, якая нешта шыла, седзячы за ручною машынкаю, узрадавана ўскінула на госця вочы і сказала:

– Зусім ты забыў да нас дарогу, Гардзей.

– Не забыў, проста быў вельмі заняты.

Ён зірнуў на маўклівую Зосю, якая вязала панчоху з шэрай воўны і, як яму здалося, нават ні разу не падняла галавы, спытаў:

– Як вы пажываеце?

– Без перамен. Бацька з Серафімам пайшлі да дзядзькі Карпа, у іх там нейкія свае мужчынскія справы, а мы дома, – адказала Каця.

– Ты ўсё шыеш?

– Трохі зарабляю шытвом. Але табе пра гэта лепш не ведаць. Ты ж цяпер радны гміны, яшчэ падаткам абкладзеш, – засмяялася Каця.

– Пашыеш мне які пінжак, бо я ўсё хаджу ў гэтым вайсковым кіцелі, і адкупішся, – весела адказаў Гардзей.

– Пашыю, – з гатоўнасцю паабяцала Каця. – Будзеш самы прыгожы радны ў гміне!

Зося злосна бліснула вачамі на сястру і падумала: «Бач, як падмазваецца! Ну і няхай! Ненавіджу яго! І яе разам з ім! Што я тут раблю? Трэба ісці!»

– А я, між іншым, ужо не радны, – загадкава сказаў Гардзей.

– Не радны? – расчаравана перапытала Каця. – А хто?

– Пан войт!

– Праўда? Цябе выбралі войтам!

– Выбралі, але маю кандыдатуру пакуль не зацвердзіў ваявода.

– Шчыра за цябе радуюся! – усклікнула Каця і ажно сціснула рукі перад грудзьмі, нібы ў маленні.

Зося паднялася, закінула на печ сваё вязанне і выйшла з хаты.

– Чаго гэта яна? – спытаў Гардзей.

– А хто яе ведае? Дзівакаватая яна ў нас нейкая.

– Можа, вы пасварыліся?

– Сёння сварак не было. Яна апошнім часам маўклівая. Аднойчы чула ноччу, што ўсхліпвае, плача. Пачала пытацца ў яе, што здарылася. А яна нічога не адказала, прыкінулася, што спіць... Дзіця горкае... – заспакоіла Гардзея Каця.

– А ты як?

– Цябе чакала, – прызналася Каця і сарамліва апусціла вочы.

– Калі была патрэба, прыйшла б.

– Што ты, Гардзей, кажаш? Ці ж можна? Людзі засмяюць, скажуць, што бегаю за табою.

– Добрая ты дзяўчына, Каця, але небяспечная, – засмяяўся Гардзей.

– Вельмі ты любіш, каб усё было правільна.

– А ты што любіш?

– Я найбольш люблю волю! Яна адна мне – жонка, каханка, сястра і сяброўка.

– Бог нас рассудзіць. Я спадзяюся на Бога, – адказала Каця. – Ён нам дае надзеі і здзяйсняе іх.

– Я буду радавацца за цябе, як ты за мяне, калі ў цябе ўсё будзе добра, – усміхнуўся Гардзей, нахіліўся і пацалаваў Кацю ў круглую бледную шчочку.

Каця сумелася, а потым усхвалявана спытала:

– Чаму ты кажаш адно, а робіш процілеглае?

– Хачу, каб ты ведала, што мы з табою сябры. Нам не трэба крыўдаваць з-за нейкага неасцярожна вымаўленага слова.

– Я не разумею цябе, Гардзей, – бездапаможна сказала Каця.

– Я сам сябе не разумею. Бачу прыгожую дзяўчыну – і адна думка ў мяне ўзнікае, што трэба яе пацалаваць.

Каця на імгненне зніякавела, а потым разгублена спытала:

– Ніколі не думала, што ты такі ветраны чалавек.

– Я нават горш, чым ветраны, але гэта ўжо назаўсёды, – усміхнуўся Гардзей. – Рады быў сустрэцца, а цяпер пайду.

– Заходзь калі, – папрасіла Каця і ўстала, каб правесці хлопца да парога.

Гардзей абняў яе, пачаў цалаваць, адчуваючы трапяткое ўсхваляванае цела. Падхапіў на рукі, панёс на запечак, пытаючы на хаду:

– Твае не вернуцца?

– Не ведаю, – разгубілася Каця.

– Ну мы ж пачуем, – адказаў ён, кладучы яе на пасцель і загаляючы спадніцу.

– Не! Што ты! Што надумаў? – крыкнула Каця і з усяе сілы адштурхнула Гардзея.

– Нічога такога. А ты для чаго мяне запрашала? – у сваю чаргу запытаў ён.

– Грэх табе! Грэх!

– Вядома, грэх. Але ж без яго і людзей не было б на свеце.

Каця затуліла твар рукамі і заплакала.

– Прабач, – сказаў Гардзей. – Не хацеў цябе пакрыўдзіць. Жыццё і мары – рэчы розныя. Бывай!

Гардзей выйшаў з хаты, акінуў позіркам двор і ля клуні ўбачыў Зосю. Ён хмыкнуў сабе пад нос і весела падумаў: «Вось дзе ты схавалася. Ад мяне не ўцячэш...» Хлопец няспешна выйшаў з двара, нават не зірнуўшы на вокны, адкуль за ім магла назіраць Каця, накіраваўся ў бок вёскі, але як толькі дайшоў да кустоўя, адразу павярнуў да клуні.

26

Зося складвала дровы, якія ранкам насек Серафім. Раптам нехта моцна абняў яе за плечы. Яна ажно ўскрыкнула ад нечаканасці. Азірнулася, убачыла Гардзея, рашуча вызвалілася з ягоных абдымкаў.

– Ты чаму такая злосная? – спытаў хлопец, напускаючы на твар выраз крыўды.

– Чаго накідваешся, як галодны на сала? Я ж табе не жонка!

– Зоська, які дурань жонак абдымае? – засмяяўся Гардзей.

– Ага, вам абы запрэгчы, а пасля не да абдымкаў.

– Я так даўно цябе не бачыў, засумаваў страшэнна, а ты нават паглядзець на мяне не хочаш, – упікнуў дзяўчыну Гардзей і стаў таксама падбіраць паленне і складваць у касцёр.

Нейкі час яны працавалі моўчкі, як бы цалкам занятыя справаю. Але калі абедзве рукі пацягнуліся да апошняга паленца, а хлопец і дзяўчына сутыкнуліся лбамі і ледзь не зваліліся, Гардзей засмяяўся, падтрымліваючы Зосю пад локаць. І яна таксама не здолела стрымацца, залілася звонкім смехам. Тады Гардзей абняў яе і пачаў цалаваць. Так, цалуючы, і завёў у клуню, далей ад чужых вачэй. Зося раптам схамянулася, адштурхнула Гардзея і сказала з дакорам:

– Зноў за сваё?

– Пра што ты, Зоська? Няўжо я калі цябе пакрыўдзіў? Давай пасядзім, пагамонім. Я так даўно твайго голасу не чуў. Толькі ў хату зайшоў, дык ты адразу збегла.

Гардзей узяў Зосю за руку, павёў у глыбіню клуні, сеў на сена, пасадзіў дзяўчыну побач, палез у кішэню, дастаў загорнутага ў бліскучую паперку цукровага «пеўніка», даў Зосі са словамі:

– Частуйся.

– Вой, «пеўнік»! Такія на рынку ў Самары прадаваліся! – здзівілася дзяўчына і міжвольна пацягнулася рукою да ласунка, якога не каштавала ўжо шмат гадоў.

Яна разгарнула паперку, лізнула цукерку і з асалодаю прашаптала:

– Смаката! Здаецца, што смачней, чым было ў маленстве. Пакаштуй, – Зося працягнула «пеўніка» Гардзею.

Хлопец лізнуў і задаволена сказаў:

– Давай па чарзе.

Зося павярнулася да Гардзея тварам, з усмешкаю падносіла «пеўніка» да сваіх вуснаў, а потым падавала хлопцу. Так аддаюць пяшчоту і каханне, захапленне і таемныя пацалункі. Яны лізалі цукерку, пакуль тая не стала зусім празрыстаю, як пачуцці, што свяціліся ў маладых вачах. Тады Гардзей узяў гэтую смактульку і кінуў у дальні кут:

– Няхай мышкі пачастуюцца за наша здароўе. А я зліжу слодыч з тваіх вуснаў.

Гардзей пачаў цалаваць Зосю, навальваючыся на яе ўсім целам. Яна знясілена папрасіла:

– Не чапай мяне. Ты і ўявіць сабе не можаш, колькі ўжо гора мне прынёс!

– Якое гора? Я ж нічога не ведаю. Чаму ты са мною ніколі не дзелішся сваімі нягодамі?

– Як дзяліцца з хлопцам дзявочымі бедамі? Ты ж мне чужы чалавек!

– Не ведаю, мо я табе і чужы, але ты мая! Мая! – горача прашаптаў Гардзей ёй на вуха.

Ягонае дыханне раптам адгукнулася ў яе целе гарачым прылівам пяшчоты і жарсці. Прыйшло адчуванне, што ён кахае яе, але яна ўсё яшчэ не верыла свайму шчасцю і спытала:

– Чаму ты забываеш пра мяне, месяцамі не заходзіш, а потым раптам з’яўляешся, як снег на галаву? Я не разумею цябе і сябе! Зусім заблыталася. Не ведаю, як і чым жыць.

Ён усміхнуўся. Прыгладзіў яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі. Яна скінула хустку і ўздыхнула вальней, як быццам толькі гэта і замінала ёй.

– Прасцей трэба жыць. Ты ж разумееш, быў я вельмі заняты: вяселле сястры, выбары ў гміну, гаспадарка і яшчэ шмат што. Прабач, калі цябе гэта крыўдзіць, але ж ад мяне таксама не ўсё залежыць...

– А што ад мяне залежыць? Задавальняць твае патрэбы?

– Зоська, Зоська, якая ж ты сур’ёзная! Мне ж нічога не трэба. Толькі слухаць твой голас, адчуваць тваё дыханне побач...

Гардзей заплюшчыў вочы, быццам задрамаў. Зося схілілася над ім, з любасцю ўзіралася ў прыгожы твар і міжвольна пацягнулася вуснамі да яго вуснаў. Ён быццам чакаў гэтага моманту, абняў яе, пачаў горача цалаваць, шаптаць нешта няўцямнае. Зосіна душа вырвалася з цела і безразважна паляцела насустрач каханню, якое лілося з ягоных вачэй, рук, наталялася, як жывою вадою, і не магла наталіцца. Бо каханне – гэта толькі фантом, што нечакана з’яўляецца і гэтак жа нечакана знікае, пакідаючы гарачы след. Гэтак маланка разразае напалам неба, здаецца, зараз дзве ягоныя палавіны са страшэнным грукатам зваляцца на зямлю. Але маланка знікае, а чорнае неба па-ранейшаму нерухома грувасціцца над зямлёю. Зноў і зноў маланка апярэзвае неба ў марным намаганні раскалоць яго, пакуль не аціхне навальніца і не прыйдзе час спакою. Тады толькі выяўляюцца расколатыя дрэвы, абабітая лістота, зламаныя галіны. Такое ж і чалавечае жыццё – з хваляваннямі, нягодамі, наваламі і часовым спакоем. Напэўна, трэба прымаць усё, што яно прыносіць, не палохацца, не хавацца, не адгароджвацца ад яго, каб пасля не шкадаваць пра няспраўджаныя спадзяванні, недасягнутыя мары, непадзеленае каханне. Зося была, як тая знічка, што губляе жыццё за адзін момант палёту. І, напэўна, гэта была не легкадумнасць, а падсвядомая мудрасць яе чалавечай сутнасці, бо аддавала сябе таму, каго кахала. Дзеля яго была гатовая ахвяраваць жыццём, калі толькі гэта яму спатрэбіцца. Здаецца, вечна ляжала б побач, паклаўшы галаву на яго плячо, і больш нічога ў жыцці не трэба.

27

Радныя сабраліся на чарговы сход гміны. Сядзелі ў прасторным пакоі, дзе на сцяне вісеў бронзавы польскі герб у выглядзе арла з распасцёртымі крыламі і стаяў на стале бела-чырвоны сцяг. Сяляне абменьваліся вясёлымі позіркамі, спадзеючыся, што ўпершыню войтам стане чалавек з сялянскага асяроддзя. У Гардзеевай душы змяёй варочалася сумненне. Занадта ўрачыстымі выглядалі паны Райскі і Бельскі. Стваралася ўражанне, што яны ўжо адсвяткавалі перамогу.

Пан Райскі выйшаў да стала, накрытага зялёным сукном, з паперамі ў руках і звярнуўся да прысутных:

– Панове, маю гонар абвясціць вам, што ваявода зацвердзіў кандыдатуру войта нашай гміны. І ад сённяшняга дня ў нас ёсць усе магчымасці для таго, каб плённа працаваць, да каляд зацвердзіць бюджэт гміны і памеры збораў, вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці і супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і ўстановамі.

Сэрца Гардзея сцялося ад напружання. Ён ледзьве стрымліваў сябе, каб не крыкнуць: «Годзе малоць пустое!» А пан Райскі не спяшаўся называць імя чалавека, прызначанага войтам, а ўсё балбатаў пра перспектывы і планы будучай працы, пра адкрыццё новай польскай школы і бібліятэкі, пра наладжванне кірмашоў, нават падлічыў, якія прыбыткі з гэтага можна мець, і запланаваў ураджай збожжавых на наступнае лета. Нехта з сялян не вытрымаў і сказаў:

– Каб гэтыя словы ды Богу ў вушы.

– Не бойцеся, Бог усё чуе і робіць так, як належыць, – строга азваўся пан Бяляцкі. – Майце гонар паводзіць сябе прыстойна, калі выступоўца трымае прамову.

Пан Райскі нарэшце зразумеў, што ён перабраў меру ў інтрыгаванні прысутных і сказаў:

– Прашу ўвагі. Настаў урачысты момант, я хачу абвясціць імя новага войта. Вось загад ваяводы, у якім гаворыцца наступнае: радны гміны пан Гардзей Рахуба не можа быць прызначаны войтам, бо з 1926 года лічыцца ненадзейным грамадзянінам, таму войтам прызначаецца пан Здзіслаў Бяляцкі, чыя кандыдатура таксама выстаўлялася на пасаду войта. Павіншуем жа пана Бяляцкага і пажадаем яму плённай працы на карысць гміны.

Пан Райскі запляскаў у далоні, але яго ніхто не падтрымаў. Сяляне незадаволена загаманілі. Гардзей падняўся і выйшаў, нікому не кажучы ні слова. Усе яго спадзяванні на тое, што з уладаю можна супрацоўнічаць, абрынуліся ў адзін момант. Акупанты ведалі сваю карысць і не жадалі адступаць ні на крок.

«Наіўны дурань, захацеў войтам стаць! Столькі часу дарма страціў! Столькі сілы і надзеі ўклаў! І ўсё сабаку пад хвост! – лаяў сам сябе Гардзей. – Ды хто ж табе дазволіць? Дзякуй богу, што яшчэ ў турму не загрэблі. А што? Да гэтага трэба быць гатовым. Сёння ж перагледжу літаратуру, усё лішняе прыхаваю, каб ні адна нюхаўка не знайшла. А камуністы мараць прайсці пятым спісам у сейм! Нічога ў іх не атрымаецца! Дарэмныя надзеі! Няўжо ўладары нам даюцца ад Бога? Можа, і так! У якасці пакарання і навукі!»

Гардзей разважаў сам з сабою, размахваў рукамі, нават час ад часу нешта прамаўляў услых. Ён і не пачуў, як яго дагнала фурманка.

– Здароў, Гардзей! – аклікнуў хлопца знаёмы голас. – Сядай, падвязу.

Гардзей зірнуў на фурмана. З воза прыязна ўсміхаўся Марк. Гардзей паціснуў працягнутую руку, ускочыў на воз.

– Ты чаго такі змрочны? – спытаў Марк. – Ці заганарыўся, што ў начальства трапіў?

– Няма чым ганарыцца. Іду з гміны. Войтам абралі мяне, а прызначылі асадніка Бяляцкага.

– Хвароба ім у бок! Паны хітрыя, іх не абкруціш. Ну, нічога, у цябе і так пасада добрая. Радны – не апошні чалавек у гміне. Можа, і за мяне калі заступішся, – выказаў спадзяванне Марк. – Я вось ад сястры еду, маці пасылала праведаць.

– І як ёй там у замужжы? – спытаў Гардзей.

– Жывуць, хлеб жуюць. Сэрца забалела, як зірнуў на тое поле, што бацькі ёй аддалі ў пасаг. Пераарана абы-як! Зглумілі зямлю!

– Што пасеюць, тое і сажнуць. Чаго табе бедаваць?

– Ай-яй! Шкада зямелькі, – скавытаў Марк. – Яна ж жывая. Усё разумее. Мне здалося, што яна, як убачыла мяне, гэтак цяжанька ўздыхнула.

– Хто ўздыхнуў? – перапытаў Гардзей.

– Зямля па мне плача, што страціла гаспадара. Эх, мець бы столькі зямлі, як у асадніка!

– Для гэтага трэба быць асаднікам, – суха адказаў Гардзей.

Яны памаўчалі пад скрып колаў і тупат конскіх капытоў. Зямля ўжо ашэрхла, узялася марозам, але снегу яшчэ не было. Уздоўж дарогі цягнулася зялёная асаднікава рунь.

– Няма снегу. Азіміна памерзне, – сказаў Марк.

– То ж асаднікава! – з’едліва сказаў Гардзей.

– Жыта не вінаватае, яго ўсялякага шкада. Паслухай, Гардзей, які пасаг ты даў бы за Паўлінаю, каб я да яе пасватаўся?

– Табе што, няма да каго больш сватацца?

– Чаму? Ёсць. Але ж я выбіраю. Хочацца ўзяць дзяўчыну з добрым пасагам.

– Ведаеш, Марк, хлопец ты добры, але занадта скупы. Не аддам я за цябе Паўліну!

– Яна ж у цябе ўжо старая дзеўка! Хутка ніхто на яе не гляне!

– Яна мне самому трэба. Гаспадыня добрая. Дзе вазьму такую, як яна пойдзе замуж?

– Табе прымака ў хату трэба, тады Паўліна будзе дома.

– Ідзі ты. Знайшоўся мне дабрадзей! Сам разбяруся! – злосна адказаў Гардзей.

Аднак Марк не адступаўся. Пацягнуў лейцы, падагнаў каня і зноў запытаў:

– А малодшанькую таксама не аддасі?

– Прыйдзе пара – аддам добраму чалавеку.

– А мне аддасі? Я сватоў прышлю.

– Слухай, чаго ты да мяне прычапіўся? Калі хочаш ажаніцца, сам спачатку ў дзеўкі згоды папытай.

– Хто гэта і калі ў дзеўкі пытаўся? Як бацькі вырашаць, так і будзе. Ты старэйшы ў сям’і, таму ў цябе і пытаюся. А дзеўка што? У яе сем пятніц на тыдні. Сёння з адным польку паскача, заўтра – з другім. Сама не ведае, каго выбраць. Мне ўсё роўна з кім пабрацца, абы зямлі далі ў пасаг паболей!

– У мяне зямлі не шмат, Марк. Не аддам я за цябе сваіх сясцёр.

– А я падумаў: ты хутка з радных у пана перакінешся. Разумны, адукаваны, знойдзеш нейкую службу сабе ў горадзе. А нашы хаты побач, агароды можна з’яднаць.

– Як я пагляджу, дык ты, Марк, за мяне разумнейшы. Гэта табе трэба радным быць, – усміхнуўся Гардзей. – Не падмазвайся да мяне. Паўліна мне расказвала, як ты сваю сястру Антолю ледзь пад цягнік не кінуў. Ты ж за дзесяціну задушыць можаш. Навошта мне такі сваяк?

Марк з абурэннем паглядзеў на Гардзея, і крыкнуў:

– Ану, злазь! Прыгрэў гада, а ён яшчэ на мяне вярзе абы-што!

Гардзей саскочыў з воза, паглядзеў услед фурманцы, якая хутка патарахцела ўперад, і сказаў сам сабе: «І з гэтым пасварыўся. А навошта? На халеру ён мне трэба?»

Хлопец зірнуў у змрочнае неба, навіслае над зямлёю, на нізенькую хатку, урослую ў зямлю ледзь не па вокны, уздыхнуў і пайшоў шырокім размашыстым крокам па цвёрдай замерзлай дарозе. У Сцяблове Гардзей зайшоў да Маркевіча, застаў яго дома. Гаспадар не надта ўзрадаваўся, але не падаў выгляду, толькі сказаў з дакорам:

– Ты не павінен да мяне так часта наведвацца.

– Прабач, у мяне ёсць навіна. Мяне не зацвердзілі войтам.

– Чаму?

– Для гэтай улады я чалавек ненадзейны, зацвердзілі Бяляцкага.

– Ненадзейны? Значыць, ты ўжо пад каўпаком? Тым больш нам не трэба сустракацца на людзях.

– Цяпер я пераканаўся, што з гэтай уладай трэба змагацца сілай, а сілы ў нас малыя, – падвёў рысу Гардзей.

– У народа сіла невычэрпная, трэба толькі яго падняць. У хуткім часе адбудзецца чарговая канферэнцыя, чакай ад мяне сувязнога. Сам мяне не шукай. Гэта загад.

– Я зразумеў, – адказаў Гардзей, развітаўся і выйшаў у вечаровыя прыцемкі.

Змрок, які ахутаў зямлю, запаўзаў у душу, сеяў смутную трывогу, апаноўваў стомай і безнадзейнасцю. Гардзей шукаў адказ на пытанні, чаму нікому не патрэбны ні ягоны розум, ні здольнасці, ні імкненне зрабіць людзей шчаслівейшымі, і не знаходзіў ніякага тлумачэння. Міжвольна падумалася, што, мабыць, гэтак жа адчуваюць сябе тысячы іншых людзей, а нехта нават і не задумваецца, жыве, як набяжыць. Для нечага ж дае нам Бог жыццё. Трэба толькі разгадаць, зразумець, знайсці той адзіны свой шлях.

28

Апошнім часам Зося жыла ў трывозе і марных спадзяваннях. Штодня чакала Гардзея, думала, можа, сёння заявіцца пад вечар. Чым заняты? Няўжо так цяжка знайсці вольную гадзінку? Ён не прыходзіў. Не было ў яго патрэбы сустракацца з дзяўчынаю, якая яго кахала. Яна зноў адчула, што зацяжарыла, зноў у яе душы закаханасць пачала паступова выцясняцца нянавісцю. Праклінала сябе за даверлівасць і няўменне сказаць «не» гэтаму баламуту, які карыстаўся яе наіўнасцю і каханнем, праклінала яго і тое дзіця, якое ўжо завязалася і жыло ў яе целе. Колькі было ў яе душы цяпла і любові! Як бы адорвала шчасцем гэтае дзіця і ягонага бацьку! Але, калі няма бацькі, не павінна быць і дзіцяці! Гэта адвечны патрыярхальны закон вёскі, пераступаць які дзяўчына не мае права! Пераступіш – і ганьба абрынецца на цябе і тваю сям’ю! З адчуваннем віны і сораму не кожны здатны выжыць. Некаторыя вясковыя дзяўчаты накладвалі на сябе рукі ці гінулі, спрабуючы забіць сваё дзіця. Зосі таксама іншы раз здавалася, што яна не хоча жыць. Лепш памерці, чым нарадзіць дзіця і зганьбіць сваю сям’ю. Але яна не магла памерці, не адпомсціўшы Гардзею. Таму доўга думала, як жа забраць яго з сабою на той свет, калі ім не пашчасціла быць разам на гэтым. Вырашыла схадзіць да цёткі Каваліхі, знахаркі, якая раней ратавала яе, можа, і цяпер што-небудзь параіць.

Зося выйшла з дому па абедзе ў змрочны дзень, калі здавалася, што святло вылучаў толькі снег, які шчодра выбеліў прастору. Зіма надарылася позняя, затое трывала ўсталявалася пасля першага снегападу. У гэтай аднастайнасці шэрага і белага колераў не было ніякай радасці воку. А, зрэшты, хіба магчыма знайсці радасць звонку, калі ў душы суцэльны смутак і страх перад будучыняй. Дарога падалася Зосі занадта доўгай. Пэўна, так яна стамілася душою, што і фізічныя сілы незаўважна пакідалі яе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю