355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 8)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 21 страниц)

34

У ліпені Гардзея Рахубу судзіў Пінскі акруговы суд на выязной сесіі ў Брэсце, у выніку чаго вынесена была яму кара – два гады зняволення. У Брэсцкай турме і адбываў ён свой тэрмін. З людзьмі, якіх сустрэў у камеры, быў больш памяркоўны, чым у Кобрынскай турме. Нават пасябраваў з Антонам Клімчуком, настаўнікам з Федзькавіч, які апекаваўся Гардзеем, здабываў для яго кніжкі, з якімі можна было бавіць час і меней пакутаваць ад таго, што тваё жыццё нікуды не рухаецца, быццам тонеш у балотнай дрыгве.

Першае, што зрабіў Гардзей – намаляваў каляндар на той тэрмін, які яму належала тут адбыць, і пачаў выкрэсліваць дзень за днём. Быў удзячны Паўліне, якая здагадалася перадаць некалькі сшыткаў, ведаючы яго звычку запісваць назіранні за з’явамі прыроды, падзеі, што адбываюцца, ды ці мала што. Ён чытаў гісторыю, геаграфію, тое-сёе з мастацкай літаратуры, рабіў канспекты і кароткія анатацыі на прачытаныя творы. Дні ў турме цягнуліся аднастайна, але часам прыходзілі ў галаву думкі, якія хацелася занатаваць. Зрэдку ён перачытваў свой дзённік, згадваў пражытае і перажытае. На жаль, далёка не пра ўсё можна было пісаць. Ён пагартаў і перачытаў свой дзённік.

29 сакавіка. У камеры холадна. Але ўдалося пагрэцца ўласнымі рэсурсамі, бо з крымінальнікамі мыў падлогу. Гэтыя камяні, жалеза, бетон ледзяняць душу. Рукі ажно заходзіліся ад халоднай вады, у пальцы калола, як іголкамі, затое спіна была потная. Што ж, нехта павінен дбаць пра чысціню. Шкада, душы людскія гэтак не памыеш, не пачысціш. Вось і збіраецца там мноства хлуду і сажы, рады б чалавек узняцца і ўзляцець над сабою, але старыя грахі цягнуць уніз.

10 красавіка. Апеляцыя мне дадала яшчэ адзін год турмы. Няўжо дзяржава мае карысць ад таго, што трымае людзей у смярдзючых камерах, прывучае жыць, нічога не робячы, нават не зарабляючы сабе на хлеб. Ці не больш гуманна было б прымушаць людзей вучыцца, спасцігаць законы жыцця ў грамадстве, набываць прафесію. А пасля таго, як чалавек вызваліцца, дапамагчы яму знайсці сваё месца працы, занятак, які мог бы пракарміць бедака. А так атрымліваецца, хто сеў за крадзёж, выйдзе яшчэ большым злодзеем, бо пройдзе тут «турэмныя універсітэты». Мала дасканаласці і гармоніі ў жыцці, таму і турмаў шмат. Адна толькі прырода жыве ў харастве і замілаванасці.

Пачалася вясна. Зноў Паўліна будзе араць ды сеяць без мяне. Зямля паволі забывае мае рукі. А я люблю яе не толькі таму, што яна карміла мяне ад нараджэння, а таму, што стварала мяне моцным і незалежным. Ужо падлеткам я ведаў, што няма ад каго чакаць дапамогі, акрамя як ад Бога і зямлі-карміцелькі.

17 жніўня. Перад сном чытаў геаграфію, дзівіўся разнастайнасці прыроды. Ніякі чалавек, нават самы разумны, не здатны стварыць тое, што зрабіў Бог. Ды і што стварае чалавек? Нейкую нягеглую хату, завод, чыгунку? Больш руйнуе ды спажывае і думае, што ўсё навокал існуе толькі для яго. Наіўны! Прападзі ён, а зямля ўсё роўна будзе красаваць дзікай незацуглянай красой. Зацягне, зашые маладою травою і кустоўем дарогі і сцежкі, старыя котлішчы і могілкі, равы і курганы. Зямля – вялікая майстрыца!

21 кастрычніка. Траіх палітычных перавозілі ў іншую турму, кажуць, у Седлец. Турма праводзіла іх песнямі. Ажно ў мяне ўсхвалявана закалацілася сэрца. А ці пра мяне хто-небудзь падумаў бы, праспяваў бы песню? Як заслужыць павагу і спагаду людзей? Чым? Дабрынёю? Ёю будуць толькі карыстацца. Сілаю? Дык заўсёды знойдзецца нехта дужэйшы. Каб схіляць людзей на свой бок, трэба мець нейкі асаблівы талент. Ці ёсць ён у мяне? Мабыць, нейкія здольнасці ёсць. Здолеў жа я падгаварыць людзей, каб абралі ў гміну. Але тады і Маркевіч добра пастараўся. Так, часам мне таксама хочацца шчырага сяброўства, павагі, любові. Але колькі разоў разбіваліся гэтыя пачуцці аб зрэбную будзённасць. Найчасцей схіляюся да думкі, што аднаму лепш. Сяброўства і сям’я забіраюць душу і волю. Зрэшты, вынік тых праводзін горкі: за спевы вязням забаранілі спатканні. Зноў Паўліна прывязе перадачу і не пабачыць мяне.

8 лістапада. Восень змрочная і халодная. Палітычныя наладзілі святкаванне. У час шпацыру адзін дзеяч расказваў пра поспехі Савецкага Саюза, пра бясплатныя школы і бальніцы, пра заводы і фабрыкі, пра спакойнае і шчаслівае жыццё. Проста рай на зямлі. Ад яго дазнаўся пра смерць З. Маркевіча, шкада хлопца, царства яму нябеснае. Лёс падпольшчыка – кароткі шлях на той свет.

27 студзеня. Дні марозныя. Здаецца, і сцены турмы прамярзаюць наскрозь. Сную па камеры цэлы дзень, каб сагрэцца. Прыходжу да высновы, што турмы існуюць не для перавыхавання, а для маруднага знішчэння людзей, якія не падабаюцца дзяржаве. Турма абмяжоўвае волю, рух, парыванні, гэта маруднае, загадзя разлічанае ворагамі забойства. Спачатку стамляецца і памірае душа, потым знясільваецца, самазнішчаецца цела.

3 красавіка. Снег растаў. Пацяплела, пасвятлела на свеце і на душы. Сёння пісаў паштоўку дадому вельмі дробнымі літаркамі і даволі шмат тэксту ўдалося змясціць. Доўга валаводзіўся, але праца атрымалася ювелірная. Сам залюбаваўся.

12 ліпеня. У час шпацыру пайшоў дождж. Палітычныя дзяўчаты не хаваліся ад дажджу, а бегалі пад ім, быццам умываліся, падстаўляючы твары і рукі, шчасліва смяяліся. Цікава, ці здолелі б яны адчуць такую асалоду на волі? Няволя – смерць душы. Рабы няздатныя ствараць, бо іхні дух заняволены. Яны жывыя мерцвякі.

14 верасня. Напісаў канспект па палітэканоміі. Цікава, ці дазволяць мне забраць з сабою дадому мае сшыткі? Я тут і сам сабе не належу. А калі належаў? Мяне могуць забраць у войска, на вайну, на прымусовую працу і не спытаюць згоды. Ненавіджу залежнасць ва ўсіх яе праявах. Сястра Маня выходзіць замуж. Што ж, гэта яе выбар, дай, Божа, ёй шчасця. Жанчыны лягчэй прыстасоўваюцца да жыцця і людзей. Але гэта так здаецца нам, староннім людзям.

26 кастрычніка. Пераглядаю запісы, днямі выклічуць на «цэнзуру». Калі ўсё забяруць, нешта застанецца ў галаве і сэрцы.

35

Восень, надзіва сухая і пагодная, не шкадавала апошняга цяпла. У мінулыя гады на Пакровы часам і снег выпадаў, а на гэты раз надвор’е трымалася, як летам. У Жабінку сабраліся людзі з навакольных вёсак на кірмаш, каб нешта прадаць ці купіць ды наведаць царкву. Гарадок стракацеў ад квяцістых хустак сялянак, ад іхніх паласатых андаракаў. Каля царквы і на кірмашы было шматлюдна, людзі сустракаліся, гаманілі, бедавалі ці радаваліся. Кірыла з дочкамі таксама прыехаў у Жабінку, каб прадаць колькі мяшкоў жыта. Каця засталася з ім, а Зося папрасілася ў царкву. Бацька і не пярэчыў, няхай дачка пабудзе сярод людзей, памоліцца за свой лёс і за ўсю сям’ю. Неспакойная Зося характарам, ці весяліцца не ў меру, ці панура маўчыць. Хварэе часта на жывот. Каця больш разважлівая, але ж, напэўна, яна сваё адхварэла ў маленстве. Рознай немачы набіраецца на чалавечы век, каб даймаць ды ўрэшце даканаць.

Кірыла прадаў збожжа і збіраўся ехаць да царквы па Зосю, а потым яшчэ меўся наведаць пляменніка, які працаваў на чыгунцы. Аднак Серафім сам вынырнуў з натоўпу.

– Малайчына, што сам знайшоў нас. Я збіраўся ехаць да тваёй гаспадыні, каб пакінуць табе сала ды хлеба, – узрадавана сказаў Кірыла.

– Дзякую, – сказаў, Серафім. – Толькі я ўжо там не жыву.

– Чаму? – здзівіўся дзядзька.

– Звольнілі мяне. Я з рэчамі, да вас сабраўся, – пляменнік паказаў на хатуль у руцэ.

– Чым жа ты цяпер будзеш займацца? – незадаволена спытала Каця.

– Не ведаю, – адказаў хлопец.

– Нічога, бывае і горш, – суцешыў пляменніка Кірыла. – Ці сказалі, за што звольнілі?

– Сказалі, толькі я ў тым не вінаваты. Нехта ўначы вывесіў на нашай канторы чырвоны сцяг. Начальства выбрала трох самых маладых дурняў і звольніла, маўляў, больш няма каму. А я ні сном, ні духам. Бажуся, дзядзька.

Серафім гаварыў шчыра, ажно слёзы на вачах выступілі. Кірылу зрабілася шкада хлопца. Цяжка цяпер маладым: няма дзе грошай зарабіць, няма за што зямлі купіць. Пры цары ўсё-ткі было неяк вальней. Хоць заўсёды для ўсялякай улады тутэйшы люд заставаўся недаверлівым.

– Што ж, справа зроблена. Звольнілі дык звольнілі. Паедзем дахаты, будзеш працаваць на гаспадарцы. Пасватаем, ажэнім, і зажывеш, як усе людзі, – разважыў дзядзька.

Серафім з палёгкаю кінуў свой хатуль у воз, сам скокнуў туды ж і павесялелымі вачамі паглядзеў на дзядзьку і стрыечную сястру.

– Ён цяпер будзе ўсю восень без работы сядзець з намі? – спытала Каця і нездаволена паморшчыла носік.

– На гаспадарцы працы хопіць яму і мне. Трэба дровы нарыхтоўваць, гной выкідаць, карова хутка да столі рагамі дастане, ды ці мала спраў?

– Але ж ён малады хлопец, мог бы і ў Берасці працу пашукаць, – запярэчыла дзяўчына.

– Жаніцца яму пара. Яму трыццаць гадоў. Трэба абрастаць сям’ёю, дзецьмі. Што ён адзін, як палец, на свеце будзе бадзяцца па гэтых чыгунках, – катэгарычна спыніў гаворку бацька. – Сядай на воз, паедзем.

Каця ўмасцілася на возе спінаю да Серафіма. Кірыла ўзяўся за лейцы і пагнаў гнядога коніка ў напрамку царквы. Колы затарахцелі па брукаванцы. Насустрач ішлі па-святочнаму апранутыя сялянкі, смяяліся, размаўлялі. Людзі радаваліся магчымасці адпачыць ад будзённай цяжкай працы. Местачкоўцаў амаль не было відно, толькі хлапчукі снавалі паміж вазамі. Зосю Кірыла заўважыў не адразу. Яна стаяла пад высокімі дрэвамі і размаўляла з Гэляю, Карпаваю дачкою. Даўнейшае іхняе сяброўства і сумесная паездка ў Польшчу ўсё яшчэ звязвала дзяўчат цёплымі пачуццямі. Гэля радасна павіталася з родзічамі, кожнага абняла і тройчы расцалавала.

– Гэлька, ты такая круглая стала, – сказала Каця насмешліва.

– Выйдзеш замуж – і ты пакруглееш, – весела адказала Гэля.

– Як табе ў тым замужжы?

– Усяляк бывае, але ўжо дабудоўваем хату, дык хутка буду сама сабе гаспадыня.

– Чаму не заходзіш у госці? – спытаў Кірыла ў пляменніцы.

– Зайду, дзядзечка, на каляды. Абавязкова ўжо зайду. То ж былі дзеці малыя, прывязалі да хаты. А цяпер падраслі, дзякаваць богу.

– А колькі ж іх у цябе? – зноў спытала Каця.

– Чацвёрка, – весела адказала Гэля. – Як бобу ў хаце.

– Няхай гадуюцца здаровыя, – усміхнуўся Кірыла.

– Навошта столькі дзяцей? – грэбліва перасмыкнула плячамі Каця.

– Колькі Бог даў, столькі і добра. Яны ў мяне ўсе прыгожанькія, беленькія, як анёлы.

Кірыла ўсміхнуўся Гэлі, падбадзёрваючы ці падтрымліваючы яе, а потым звярнуўся да Зосі:

– Сядай, паедзем дахаты.

– Едзьце, я трохі пабуду з Гэляю. Вельмі ж даўно мы не бачыліся.

– А пасля пешкі будзеш тупаць з Жабінкі? – спытала Каця.

– Нічога, я люблю хадзіць. Ногі доўгія, данясуць.

– Паедзем, разам і паабедаем. Вось і Серафім з намі, – прапанаваў Кірыла.

– Не, я трошкі яшчэ пабуду. Заняла чаргу да споведзі. Людзей шмат.

– Ну, рабі, як хочаш, але асабліва не баўся. Асенні дзень кароткі, – папярэдзіў Кірыла, тузануў лейцы і паехаў па вуліцы, пакідаючы шумнае і святочнае мястэчка.

Гэля зазірнула ў вочы Зосі і спытала:

– А ты яшчэ замуж не збіраешся?

– Пакуль не. Прыслаў тут нейкі Кананчук ліст, хоча пазнаёміцца.

– А хто ён, адкуль?

– Жыве ў Берасці, нядаўна з Амерыкі вярнуўся.

– Дык згаджайся, – параіла Гэля. – Чаго ты чакаеш?

– Сама не ведаю, чаго чакаю. Не магу сустрэць чалавека такога, каб быў да душы.

– Дзе ты яго сустрэнеш, калі родзічы аднае крыві між сабою не ладзяць, а ты хочаш, каб табе чужы чалавек стаў радней роднага.

– А ты як са сваім? – спытала Зося.

– Дзе стрываю, дзе агрызнуся, дзе і гаўкну – так і жывём.

– А мне хочацца, каб жыццё было, як свята, у каханні і шчасці, – мройліва сказала Зося.

– Гэты вы з Кацяю ў кніжках пра такое чытаеце, а ў жыцці так не бывае. Перш чым ружа вырасце, трэба пад яе гною пакласці. Помніш, як мы ў пана графа вясной кветнік даглядалі?

Зося ўздыхнула, абняла Гэлю, сказала:

– Бывай, сястрычка. Радая была цябе пабачыць. Пайду паспавядаюся. Нешта душа не на месцы.

Сёстры развіталіся цёпла. Рознае цяпер у іх было жыццё, розныя турботы, якія разводзілі іх і не давалі глыбока зразумець душу адна адной, думкі і парыванні. І шчырасці ранейшае не было, паступова счужэлі душы. Зрэшты, хіба можна расказаць пра тое самае патаемнае, што атручвае душу, шчыміць і баліць? Чужая бяда старонняму воку здаецца недарэчнай і смешнай.

Пасля споведзі Зося адчула сябе быццам вальнейшай і лягчэйшай. Калі бацюшка спытаў пра яе грахі, адказала, што грэшная. Ён заспакоіў дзяўчыну, што Бог даруе ўсім, хто пакаяўся, і блаславіў яе. Зося выйшла з царквы, удыхнула на поўныя грудзі свежага паветра, спусцілася з ганка, выглядваючы аднавяскоўцаў, з кім можна было б ісці дахаты. На вочы ёй трапіўся Мікола Іванюк, які размаўляў з незнаёмым хлопцам. Дзяўчына падышла да іх.

– Зоська, пазнаёмся, гэта Міхась з Ракітніцы, мой далёкі родзіч і добры чалавек, – прадставіў Іванюк хлопца.

– Вельмі прыемна, – адказала Зося і падала руку незнаёмцу. – Дахаты пойдзеце, ці тут заначуеце?

– Пойдзем. Начаваць нас тут ніхто не запрашаў, – смеючыся, адказаў Мікола.

– Дык пайшлі, – прапанавала Зося. – Бо ў лесе ваўкі перастрэнуць.

– Зараз ваўкі сытыя, на людзей не накідваюцца, – заўважыў Міхась.

– Зося, гэтаму хлопцу можна верыць. Ён настаўнік, усё ведае, – папярэдзіў Мікола.

– Настаўнік? – здзівілася Зося.

– Так, быў настаўнікам у Расіі. А цяпер беспрацоўны. Мне ж ніхто не дазволіць у польскай школе працаваць.

– А дзе вы жылі ў Расіі?

– У Ноўгарадзе.

– А мы ў Самары.

Гаворка завязалася сама сабой, Зося з Міхасём згадвалі пра мінулае, якога Мікола не ведаў, але ён слухаў уважліва і зусім не адчуваў сябе лішнім. Незаўважна для сябе яны выйшлі з Жабінкі, пакрочылі па дарозе, дзе было не так шматлюдна, як у горадзе. Паціху пхаліся і рыпелі вазы, тупацелі конскія капыты, людзі вярталіся дахаты з кірмашу.

– Я нават царыцу бачыла. Яна наведала вайсковы шпіталь і сустракала эшалон з параненымі. Такая прыгожая! Уся ў бела-блакітным адзенні, у вялікім капелюшы! – з захапленнем расказвала Зося, жадаючы здзівіць новага знаёмага. – А потым, калі ўжо ў прытулку жыла, дык да нас на Каляды прыязджаў Ленін. Такі маленькі, рыжы, лысы. Ён мне здаўся вельмі непрыгожым.

– Затое які разумны! – сказаў Міхась. – Усю Расію дагары нагамі перавярнуў.

Зося нічога не паспела адказаць. Раптам нехта падхапіў яе пад руку і хутка-хутка павёў уперад. Яна зірнула ўбок, убачыла Гардзея і адчула млявасць ва ўсім целе, напэўна, каб не трымаў яе пад руку, знепрытомнела б, упала б тут проста пасярод дарогі. Але ён так моцна трымаў яе, што яна не змагла б ні ўпасці, ні вырвацца. Зося зноў паглядзела на яго, як бы не верачы сваім вачам, і раптам радасць запоўніла душу: Гардзей вярнуўся з турмы, жывы і здаровы. Усё здарылася так, як ёй марылася. Адчула, як ад хвалявання дрыжыць яго рука. Гэтае дрыжанне перадалося ёй. Так яны ішлі пад чужымі позіркамі, адкрытыя ўсяму свету. І нішто зараз не магло іх раз’яднаць. Старонні чалавек мог бы падумаць, што гэта ідуць муж і жонка, якія вельмі кахаюць адно аднаго, бо дзяўчатам і хлопцам гэтак хадзіць нельга.

Але Зосі было зараз усё роўна, што пра яе падумаюць. Яна была шчаслівая, што яе вядзе пад руку каханы чалавек. І няхай вядзе, куды хоча, каб толькі гэтая дарога не канчалася ніколі.

36

Незаўважна Зося з Гардзеем дайшлі да раздарожжа, дзе ёй трэба было зварочваць на хутар. Яна спытала:

– А цяпер ты куды?

– А ты як хочаш? Давай правяду цябе дахаты.

– Правядзі. Зойдзем да нас. Каця будзе радая, – сказала бесклапотна Зося, быццам выпрабоўваючы яго.

– Як яна?

– Звычайна. Шмат шые для людзей. Калі ёсць час, чытае. Пачала хадзіць да баптыстаў у Сцяблова.

– Да баптыстаў? – здзівіўся Гардзей. – Ніколі б не падумаў, што яна адмовіцца ад праваслаўя.

– Яна пакуль яшчэ не адмовілася. Проста ёй там больш падабаецца.

– Ну, ну, цікава будзе з ёю пагутарыць. Пайшлі да вас.

Гардзей павярнуў на сцяжыну, якая вяла да хутара, і пайшоў поруч з Зосяй.

– Як даўно я тут не быў! Ажно сэрца шчыміць.

Перад імі абапал сцежкі з сухою травой ляжала перааранае поле, быццам жыццё, на якім яшчэ трэба было нешта сеяць і чакаць ураджаю.

– Нават пах гэтай зямлі забыўся ў той смярдзючай турме.

– За што яны цябе трымалі?

– Сам не ведаю. Пэўна, уладзе трэба, каб частка насельніцтва сядзела за кратамі, тады ёй спакайней спіцца. Не будзем пра горкае.

Гардзей абняў Зосю, пацалаваў. Яна вырвалася. Адскочыла ад яго.

– Ты чаго такая дзікая? На дарозе былі людзі, а тут – нікога.

– Хто-небудзь з нашай хаты пабачыць.

– Добра, патрываю да вечара.

– Не ўпэўнена, што ўбачымся ўвечары, – адказала дзяўчына.

– Чаго гэта? Можа, ты зноў з Іванюком. Дык я яму.

– Ах, Гардзей, які ж ты. Так і будзеш мне галаву тлуміць. Не ведаю, што і думаць.

Каця, пабачыўшы Гардзея, ледзь не кінулася ў абдымкі, але, заўважыўшы яго спакойны позірк, так і засталася стаяць каля стала. Кірыла і Серафім моцна па-мужчынску паціснулі Гардзею руку.

– Вярнуўся-такі, – задаволена сказаў Кірыла. – Ну, сядай, раскажы, што чуў, што бачыў.

– А што, дзядзька, у турме пачуеш? Туды і саджаюць, каб вырваць чалавека са звыклага жыцця, прымусіць жыць, як жывёлу, у клетцы. Каб маглі падаіць, дык, напэўна, падаілі б, на іхняе няшчасце я не карова, – адказаў Гардзей, уладкоўваючыся на шырокай лаве.

Моладзь засмяялася. Кірыла паскроб патыліцу, сказаў:

– Дзіўна ты расказваеш. А што за людзі з табою былі?

– Трымалі мяне з палітычнымі. Гэта такія дзівакі! Увесь час нешта прамаўляюць, мараць свет захапіць, а самі нічога не робяць, толькі як сабакі з-за плота падбрэхваюць. Паспрабаваў, як яны, у мяне не атрымалася. Былі там і крымінальнікі. Наконт гэтых магу сказаць, што ў іх наогул нічога святога няма. Украў ці абрабаваў каго – ім шчасце.

– Цяжка табе там было?

– Няволя – самая агідная рэч на свеце. Што гэта ўсё пра мяне? Раскажыце пра сябе, як вы тутака?

– Дзякаваць Богу, усе жывыя і здаровыя, – адказаў гаспадар.

– А як дзяўчаты? Жаніхі ўсе парогі паабівалі? – весела спытаў Гардзей, пазіраючы на Кацю.

– Было, было, сваталіся людзі добрыя. Але адмаўляюцца мае дочкі, не ідуць замуж, – скрушна пахітаў галавою Кірыла.

Каця выхапіла з-за іконы ліст ад Кананчука і сказала:

– Вось тут адзін амерыканец з Берасця да Зосі сватаецца.

Гардзей узяў з Кацінай рукі ліст, сказаў:

– Не хацеў бы я, каб Зося мела што-небудзь агульнае з гэтым чалавекам.

– Ты яго ведаеш? – здзіўлена спытала Каця.

– Не ведаю і ведаць не жадаю, – нервова засмяяўся Гардзей і кінуў ліст у печ, дзе весела скакала полымя.

Зося, маўкліва назіраючы за тым, што адбываецца ў хаце, задаволена адзначыла сама сабе: Гардзей не хоча, каб яна ішла замуж за другога, значыць, жадае пакінуць яе для сябе. Няхай, няхай будзе так, як ён хоча.

– А ты як пажываеш? – спытаў Гардзей у Каці. – Зося казала, што да баптыстаў ходзіш.

– Хаджу. Там вельмі цікавыя людзі збіраюцца, мудра прапаведуюць, спяваюць малітвы.

– Калі так, вазьмі калі і мяне з сабою, – прапанаваў Гардзей, пазіраючы на Кацю з цікаўнасцю.

– З задавальненнем, – радасна адказала Каця.

Яна адчувала, што пачынае збывацца яе мара. Увесь час, пакуль Гардзей быў у турме, Каця марыла, што ён далучыцца да яе царквы. Такі разумны хлопец здолее атрымаць духоўную адукацыю і стаць пастарам. Разам яны могуць паехаць у Амерыку і там ладзіць сумеснае шчаслівае жыццё. Толькі Гардзея і больш нікога яна ўяўляла сваім мужам.

– Што ж там прапаведуюць?

– Нас вучаць, што трэба жыць адпаведна святому пісанню. Як сказаў святы апостал Якаў, будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе.

– Каця, ды ты выдатная прапаведніца. Каб цябе залучылі да сябе камуністы, табе не было б там цаны.

– Табе абы пасмяяцца, а, між тым, усё вельмі сур’ёзна. Часам не ўсё ў нас атрымліваецца, як хочацца, таму што мы не чуем Бога, нешта робім не так, не па-хрысціянску. Трэба слухаць Госпада, не адступаючы ад яго, і тады здарыцца вялікі цуд.

Каця нешта казала і казала, Гардзей і ўсе прысутныя ўважліва слухалі. Зося адчула тут сябе непатрэбнаю, лішняю. Яна пашаптала бацьку на вуха, што пойдзе да дзядзькі Карпа, перадасць прывітанне ад Гэлі, і ціха выйшла з хаты з думкаю: няхай гутараць, няхай ім добра будзе. Гардзей нікога не кахае. Ён любіць толькі сябе і хоча, каб усе навокал захапляліся ім. Але сёння ён мяне не пабачыць, не знойдзе нідзе, няхай задавольваецца Кацінымі пропаведзямі.

37

Спала Каця трывожна. Абудзілася з пачуццём крыўды на Гардзея, а заадно на Зосю. Цяпер яе найбольш цікавіла, дзе сястра сустрэлася з ім, чаму яны прыйшлі разам, куды знікла Зося, што нават дома не начавала? Каця прыўзняла галаву, пабачыла, што бацька ўжо сядзіць за сталом і пацягвае сваю цыгарку.

– Дзе тая Зося валочыцца? Чаму ты, бацька, не пакараеш яе за гэтыя адлучкі? – раздражнёна спытала Каця.

– У Карпа яна начавала. Гэля папрасіла, каб Зося наведала яе бацькоў, перадала прывітанне, вось яна і пайшла.

У Каці ад пачутага трохі адлегла ад сэрца, бо яна ўжо ўявіла, што сястра знарок пайшла з хаты, каб падпільнаваць Гардзея. Бацькавы словы супакоілі дзяўчыну, яна хуценька апранулася, умылася, запляла касу, падхапіла чыстую даёнку і пабегла ў хлеў, а калі вярнулася, Зося ўжо была дома, варочала вялізныя чыгуны.

– Ты ўжо дома? Што чуваць у дзядзькі Карпа? – спытала Каця, цікуючы за выразам твару сястры.

– Усё добра. Цётка, праўда, трохі хварэе, нейкі кашаль усчаўся, але як пра Гэлю пачула, дык і пра хваробу забылася.

– Хто карову пагоніць на пашу? Я ці ты? – спытала Каця. – Потым зірнула на бацьку. – А мо Серафіма пашлём? Вунь ён яшчэ спіць, як пан вяльможны.

– Не, Серафім няхай застаецца мне за памочніка, – запярэчыў бацька.

– Ідзі ты, а я пайду лён церці, – прапанавала Зося сястры.

Пасвіць карову было працаю, якая звычайна даставалася хваравітай Каці. Яна ніколі не адмаўлялася, бо там можна было спакойна чытаць цэлы дзень кніжку, зрэдку адрываючыся на тое, каб паглядзець, дзе пасвіцца жывёла.

Каця пагнала карову пад лес, дзе быў выган для Сцяблова і Крачак. Здалёку заўважыла, што там пасвіцца некалькі кароў. Падышла да пастушкі. Убачыла прыгожую дзяўчынку з вялізнымі сінімі вачамі і тварам, як у таго анёла, што малююць на абразах, здзіўлена спытала:

– Ты чыя такая?

– Базылёва.

– Са Сцяблова?

– Я ж кажу Базылёва.

Каця мала ведала людзей з суседняй вёскі, таму і не стала распытваць, хто такі Базыль, аднак дзяўчына патлумачыла:

– Мой бацька памёр, калі я была зусім малая. Але нас па-ранейшаму называюць Базылёвымі.

– І з кім жа ты жывеш?

– З маці і жанатым братам. Цесна ў нас, дзеці малыя плачуць. Адна радасць, што сыду куды з хаты.

– Хлопец у цябе ёсць?

– Няма. Мой брат нікому не дазваляе на мяне нават паглядзець. Як яшчэ быў нежанаты, дык колькі разоў хадзіла на вячоркі разам з ім, а цяпер нікуды з хаты не пускае.

– А колькі ж табе гадоў? – спытала Каця, аглядаючы танклявую постаць дзяўчынкі.

– Шаснаццаць.

– Табе ўжо і замуж можна. Ці пайшла б, каб пасваталі? – пасміхнулася Каця, але дзяўчынка не звярнула ўвагі на яе з’едлівасць.

– Напэўна, пайшла б, бо дома проста невыносна. Маці хворая ляжыць. Нявестка адчувае сябе гаспадыняю, што хоча, тое і робіць.

Дзяўчынка апусціла вочы, глядзела туды, дзе кіёк упіраўся ў зямлю. Каця ўтаропілася ў гэты чысты анёльскі тварык з маленькімі вуснамі, ружовымі шчочкамі, ювелірна вытачаным носікам і міжвольна падумала: «Гэта ж трэба было нарадзіцца ў вясковай хаце гэтакаму хараству! А яна і сама не ведае, які скарб атрымала. Яшчэ трапіць замуж за якога нелюдзя, што будзе здзекавацца з яе ўсё жыццё».

– Чаго замаркоцілася? Як цябе завуць? – спытала Каця.

– Надзя.

– А мяне Каця. Вось і пазнаёміліся.

– Маю хросную маму таксама Кацяю завуць, – радасна сказала дзяўчынка, зірнула ў бок статка. – Вой, зараз ваша кароўка ўваб’ецца ў азіміну. Я збегаю і адганю.

Каця правяла пастушку вачамі і прыкінула, што з яе атрымаецца неблагая жонка для Серафіма, чулая, паслужлівая, спакойная. А што гэтаму слізняку яшчэ трэба? Зрэшты, ён не вінаваты, што давялося з маленства туляцца па чужых кутках. Вядомая справа, сірата. Зрэшты, хлопец ён не благі, паслухмяны, цярплівы. Добрая пара атрымаецца.

– А вы чыя? – нясмела спытала Надзя, калі вярнулася.

– Хутарская, Кірылава.

– Пра вас людзі хораша кажуць, што вы добра шыеце, а яшчэ чытаеце розныя кніжкі, – шчыра ўсміхнулася Надзя. – Я таксама вельмі люблю чытаць, але кніжак няма. Біблію чытаю па вечарах.

– Малайчына, – пахваліла Каця. – Хочаш, я табе дам гэтую кніжку пачытаць?

Каця дастала з кайстры раман Юзафа Крашэўскага «Графіня Козель», надрукаваны па-польску.

– Хачу, вельмі.

– Вазьмі. Я яго ўжо трэці раз перачытваю.

– А калі я вас зноў пабачу? – спытала Надзя.

– Хутка. Ведаеш, што я надумала: пасватаю цябе за свайго брата. Ён хоча ажаніцца, а такі нясмелы, што сам сабе жонку не можа выбраць. Пойдзеш за нашага Серафіма?

– Не ведаю, што брат скажа.

– Няхай, што хоча, тое і кажа. А будзе так, як ты вырашыш.

Увечары, калі ўся сям’я Кірылы сабралася падчас вячэры за сталом, Каця

абвясціла дома, што знайшла добрую дзяўчыну для Серафіма. Хлопец занерваваўся, вочы ягоныя забегалі, ён бездапаможна зірнуў на дзядзьку.

– Чыя дзяўчына? – спытаў Кірыла.

– Базылёва са Сцяблова.

– Ну, нічога, гаспадарка з сераднячкоў.

– Ці хоць прыгожая? – спытала Зося.

– Чыста анёлак, – адказала Каця, а сама задаволена падумала: «Вось ажэнім гэтага дурня, не будзе ён блытацца ў мяне пад нагамі».

38

Гардзей назіраў за Паўлінаю, як яна снуе каля печы, ці ставячы на агонь патэльню з налітым цестам, ці дастаючы гатовы блінец, і думаў пра сваё далейшае жыццё. Зрэшты, турма нічога не змяніла, хіба толькі тое, што ён больш не будзе радным. Давядзецца займацца гаспадаркаю і трохі гандлем – скупляць бычкоў у вяскоўцаў і перапрадаваць габрэям. Днямі заходзіў да яго Яўсей Пух з такім выглядам, быццам і не было паміж імі ніякае спрэчкі, быццам забыўся, што яны некалькі гадоў не віталіся, распытваў, як было ў турме, што збіраецца рабіць Гардзей далей. Прапаноўваў зноў распачынаць падпольную працу. Гардзей на гэта адказаў катэгарычнай адмовай:

– Я больш у такія гульні не гуляю. Бессэнсоўна змагацца з тысячагаловай пачварай, я не Пакацігарошак.

– А як жыць? Невыносна ж сядзець, склаўшы рукі, – прыгнечана сказаў Яўсей.

– Ты яшчэ турэмнага хлеба не каштаваў, не ведаеш, як пахнуць гумавыя кіі дэфы, табе здаецца, што можна ўладу падмануць. Згадай Захара Маркевіча. Арлом лётаў! А дзе ён цяпер? Я жыць хачу!

– Трэба змагацца за агульнае шчасце!

– Вось ты і змагайся, калі такі разумны! Набяры сабе падшыванцаў у ячэйку і гойсай па лясах, а мне гэта не падыходзіць.

– І як ты будзеш жыць? Грызці гэтую зямлю да самае смерці?

– Навучы мяне, як лягчэй хлеб зарабляць. Падзяліся мудрасцю, Саламоне! Я да гэтага часу не ведаю, за што сядзеў у турме і хто на мяне данёс. Я нікому не веру! Бо кожны дрыжыць за сваю шкуру! Ты ўявіць сабе не можаш, колькі «сыпакоў» бывае сярод палымяных барацьбітоў за народную волю! Пакуль не схопяць за жабры, скача пеўнікам. А як прыпруць да сцяны ды ўваляць, як каню, адразу язык развязваецца.

Яўсей Пух пайшоў ад Гардзея расчараваны, а гаспадар застаўся задаволены: не будзе гэтая няздара больш назаляць пустымі размовамі. Без войска ніякі ўрад скінуць немагчыма. Ніякае падполле і партызаншчына не дапамогуць, толькі прынясуць новыя ахвяры.

Паўліна паклала ў міску новы залацісты блінец. Гардзей міжвольна пацягнуўся да яго, адарваў кавалак, пачаў жаваць. Паўліна лагодна зірнула на брата, сказала:

– Снедай, не чакай мяне. Пасля таго, як Даша з Маняю павыходзілі замуж, я звыкла позна снедаць.

Гардзей наліў кубак малака, пачаў са смакам есці. Ці ж можна параўнаць гэтую смакату з тою бурдою, якую штораніцы прыносілі ў турме на сняданак і называлі па-панску каваю. Ды тое пойла не елі б нават свінні.

– Адкармлю цябе, падужэеш. Вярнуўся з турмы, бы з крыжа зняты, – лагодна сказала сястра.

– Годзе табе, пані-ахмістрыня, шкадаваць мяне, лепш раскажы, колькі ты грошай назапасіла.

– Не шмат, але заплаціць падаткі хопіць.

– Давай сюды свой скарб, – загадаў Гардзей.

– Навошта? – здзівілася Паўліна.

– Паеду ў Берасце, справы ёсць.

– Вох, Гардзей, глядзі, каб табе яшчэ і за нявыплачаныя падаткі не давялося сядзець, – Паўліна скрушна паківала галавою, выйшла ў сенцы, праз колькі хвілін вярнулася і паклала на стале перад Гардзеем грошы.

Ён згроб іх, не лічачы, пакуль не перадумала, бо яшчэ плакаць пачне.

У Берасці прайшоўся Гардзей па вуліцах, засыпаных апалым лісцем. Хоць дзень выдаўся засмужаны, аднак горад выглядаў ажыўленым і вясёлым. Ля вялікага асабняка спыніўся аўтамабіль, з яго выйшла гожая пані ў суправаджэнні маладога чалавека, які пацалаваў ёй руку. Гардзей ведаў, што тут жыве знакаміты доктар, у якога лячыліся толькі багатыя людзі. З зайздрасцю паглядзеў на асабняк, адзін ганак якога выходзіў проста на вуліцу, другі – у двор. Пані з маладзёнам усё яшчэ гутарылі ля ўвахода. Гардзей міжвольна падумаў, што ён нічым не горшы за гэтага хлопца, толькі трэба набыць сабе цывільны гарнітур. Спярша накіраваўся на рынак да знаёмага габрэя, які трымаў бойню і прадаваў мяса ў сваёй лаўцы. Янкель у зашмальцаванай камізэльцы, чорным капелюшы, з-пад якога звісалі стручкі пэйсаў, шчыра ўзрадаваўся госцю, заклапочана спытаў:

– Зусім, Гардзей, да мяне забыў дарогу? Я ўжо думаў, ці не пакрыўдзіў цябе чым?

Гардзей не стаў палохаць Янкеля тым, што сядзеў у турме і не да бычкоў яму было, яшчэ пабаіцца супрацоўнічаць, таму сказаў:

– Апошнім часам знаходзіліся пакупнікі ў Жабінцы. Плацілі няблага, але ж рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. Вось я і прыехаў да цябе на разведку.

– Праўду кажаш, заўсёды трэба мець пэўную інфармацыю.

– Як жывецца, пан Янкель?

– Ат, перабіваюся з бычкоў на цялушак.

– У вёсках падрастаюць і бычкі, і цялушкі. Я гатовы накіраваць іх сюды, на бойню.

Янкель весела засмяяўся, агаліўшы шчарбінку паміж пярэднімі зубамі, а гэта азначала добры настрой і жаданне супрацоўнічаць. Гардзей сапраўды хутка дамовіўся аб цане з гандляром за кілаграм жывой вагі, прыкінуўшы, што з кожнага бычка ён можа мець неблагі прыбытак.

Развітаўшыся з Янкелем, Гардзей зайшоў у бакалейную лаўку, дзе старая габрэйка, хоць было яшчэ даволі цёпла, стаяла над гаршком з гарачым вуголлем: ці ў яе мерзлі ногі, ці мо якая немач прывязалася. Агледзеў вітрыну. Папрасіў зважыць ледзянцоў, засунуў невялікі пакунак у кішэню, папярэдне кінуўшы колькі цукерак у рот, з асалодаю пачаў смактаць. Пасядзеў на бульвары, назіраючы за панямі і паненкамі, потым накіраваўся на вуліцу Шырокую, дзе знаходзіўся будынак з чырвоным ліхтаром. Яшчэ здалёку ўбачыў жывы манекен – аголеную дзяўчыну, якая стаяла ахінутая празрыстаю тканінаю ў шырокім акне і ўсміхалася ўсім, хто праходзіў міма. Гардзей падняўся па прыступках на невысокі ганак. У вялікім пакоі з ядвабнымі фіранкамі яго прыязна сустрэла даўняя знаёмая Стэпка.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю