Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 19 (всего у книги 21 страниц)
3
Тры псіхіятры сядзелі за сталом. Спярша прапанавалі Гардзею распрануцца да пояса. Адзін з іх абстукаў малаточкам суставы, канстатуючы:
– Правільны склад цела; харчаванне здавальняючае; на левым локцевым суставе пачырваненне – скура адлушчваецца ў выглядзе бляшак; у лёгкіх везікулярнае дыханне з адзінкавымі сухімі хрыпамі; тоны сэрца чыстыя, жывот мяккі, пры пальпацыі без болю; селязёнка і печань не пальпіруюцца.
Пасля гэтага Гардзею прапанавалі апрануцца, сесці і расказаць пра сваю хваробу, яе праявы. Ён пачаў апавядаць, выліваць боль з душы. Пад гэтымі зычлівымі і ўважлівымі позіркамі яму было спакойна прызнацца, што ўсё жыццё баіцца ён новага атручэння, пажаліцца, як балела яму галава, як пякло ў грудзях, што іншы раз хацелася забіць сябе самога ці тых, хто яго атруціў, бо здавалася: толькі так можна дасягнуць палёгкі. Адзін з дактароў нешта запісваў, час ад часу ўскідваючы вочы на пацыента. Дактары нават часам усміхаліся яму, як бы падбадзёрваючы. І Гардзей стараўся расказаць усё ў дэталях, каб яны зразумелі, што ніколі ён не быў ворагам народа. Ён звычайны чалавек, якому даводзілася сустракацца са здрадай, несправядлівасцю і выжываць у невыносных умовах. Часам яго спынялі, прасілі расказаць пра нешта іншае. Гэта раздражняла яго, бо выбівала з плыні думак, а ён не хацеў прапусціць нешта важнае.
Між тым адзін з дактароў пісаў чарнавы варыянт судова-медыцынскай экспертызы, у якім гаварылася пра псіхічны стан Рахубы. Пісаў, што ён правільна арыентуецца на месцы, у часе і ў адчуванні ўласнай асобы. Пісаў, што ў кантактах выхаваны, далікатны, трымаецца вольна, падрабязна апавядае пра сваё жыццё, пра хваравітыя перажыванні, выяўляе паталагічную падрабязнасць мыслення. Было і пра тое, што ўвагу фіксуе на сабе і сваіх перажываннях, на адносінах да яго навакольных, што абыякавы да свайго лёсу і лёсу блізкіх, а ў час гутаркі выяўляе назойлівасць пры паказе важных падзей у ягоным жыцці, што патрабуе, каб яго выслухалі цалкам. А таксама, што Рахуба засяроджаны на сваіх пачуццях, што стараецца згадаць усе падрабязнасці, нават форму і колер рэчаў, якія датычацца нейкіх падзей. Пісаў, што кола ягоных інтарэсаў звужана, што імкнення да працы ў калектыве не выказвае, што ахвотна даў згоду на прапанову аформіць яму інваліднасць. І ўжо такое: «Выяўляе неадэкватнае тлумачэнне падзей свайго жыцця: нехта пачаставаў вішнямі – падалося, што хацеў атруціць, на шахце прараб хацеў забіць яго дошкаю, крытыка да свайго хваравітага стану адсутнічае...»
«Дыягназ: захворванне пачалося да звальнення з працы. Вострая сімптаматыка захворвання выявілася ў час знаходжання ў бальніцы, калі адзначаліся трызненні і галюцынацыі, эмацыянальная напружанасць. Тэрмін лячэння быў недастатковы, выхад з хваробы быў няпоўны, застаўся дэфект пагрозы атручэння і выяўляўся пры неспрыяльных умовах жыцця. Такім чынам, характар захворвання Рахубы Г. М. даводзіцца дыферэнцыраваць паміж рэактыўным псіхозам, паранайяльным развіццём асобы і шызафрэніяй. Рэактыўны псіхоз выключаецца ў сувязі з адсутнасцю вострага рэактыўнага моманту на пачатку хваробы, адсутнасцю псіхагенных рысаў у структуры псіхозу пры далейшым ягоным працяканні. Паранайяльнае развіццё асобы выключаецца тым, што вышыня псіхічнай праявы адносіцца да 1939—1941 гг., але трызненні працягваліся, што не характэрна для паранайяльнага развіцця асобы.
Хвароба развівалася паступова, што адпавядае форме развіцця шызафрэніі і наяўнасці дэфекта ў выглядзе трызнення, якое перыядычна ўзмацняецца, што неабходна расцэньваць як абвастрэнне хваробы. Прыходзім да высновы: у перыяд 1939—1947 гг. Рахуба Г. М. пакутаваў на псіхічнае захворванне, а таму не мог адказваць за свае дзеянні і кіраваць сабою ў гэтыя гады. Цяпер ён пакутуе на душэўную хваробу ў форме шызафрэніі.
Мы, псіхіятры, Дубцоў М. А., Сянец В. К., Куракін М. Н., будучы прызначаныя ў якасці экспертаў па артыкуле 177, 178 КК БССР папярэджаны аб адказнасці за дачу хлуслівых звестак па экспертным заключэнні і раскрыццё звестак дадзенага папярэдняга следства».
Дактарам заставалася толькі абмеркаваць яшчэ раз гэты акт, напісаць чыставы варыянт і паставіць свае подпісы ў канцы. Тэма была вычарпана, Гардзея адпусцілі. Ён выйшаў стомлены і спустошаны, не ведаючы радавацца ці сумаваць з тае нагоды, што яго прызналі душэўнахворым чалавекам. Што ж, у гэтым дыягназе горкая праўда ягонага жыцця, з якога наогул было цяжка выйсці жывым, а ён выйшаў, няхай і з пакалечанаю душою, затое пераможцам! Дактары не паверылі, што ён быў атручаны. Але ж яны ведаюць, якая страшная хлусня разносілася дзяржаваю і сеялася ў душах. Людзі спрэс былі атручаны страхам, падазронасцю, нянавісцю. Усе гэтыя праявы і цяпер нязводна жывуць у душах людзей не толькі ў свядомасці, але і ў падсвядомасці, што вольныя грамадзяне часам самі не ведаюць, чаго баяцца.
Гардзей выйшаў з прыгожага будынка з калонамі, у якім мясціўся Брэсцкі псіханеўралагічны дыспансер, агледзеў яго з задавальненнем і падумаў: «Некалі тут жылі багатыя людзі, а цяпер такія бедакі, як я, прыходзяць сюды, каб засведчыць сваю душэўную хваробу. Сказана ў Бібліі: «І мудрыя звар’яцеюць». Нічога, хоць душа мая хворая, але галава ясная. Я разумею, што да чаго і нават сваімі падслепаватымі вачамі бачу ўсіх наскрозь».
Пад нагамі шаргацела апалае лісце. На горад насоўвалася восень, але была яна яшчэ прывабная і шумлівая, як бойкая маладзіца на пачатку старасці, калі яшчэ сама не верыць, што аднойчы стане бяззубаю, зморшчанаю, як кара старога дрэва. Гардзей пайшоў па бульвары да вакзала і ў наступным квартале ўбачыў яшчэ адзін будынак са стромкімі калонамі, амаль копію таго, з якога ён толькі што выйшаў. Прачытаў шыльду. Тут месцілася міліцыя і выцвярэзнік. Гардзей хмыкнуў сабе пад нос: «Бач ты, два прыгожыя будынкі аддалі пад установы, у якія па сваёй ахвоце ніхто не ходзіць. Цяжка зразумець такую логіку. Хаця ў Брэсце дастаткова было і іншых прыгожых будынкаў, проста так супала, што на адным бульвары стаяць выцвярэзнік і псіхдыспансер. У жыцця свая логіка і свой падтэкст. Разумей, як хочаш.»
Праз паўгода Гардзей атрымаў паведамленне, што судовая камісія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР разгледзела на закрытым пасяджэнні ягоную справу: абвінавачванні вынесены асуджанаму на аснове ягонага прызнання і непераканаўчых паказаннях сведкаў. Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы ад 21.10 1966 г. засведчана, што асуджаны не мог адказваць за свае дзеянні і кіраваць імі, і цяпер працягвае хварэць на шызафрэнію. На аснове вышэйсказанага было прынята рашэнне: прысуд Ваеннага трыбунала войскаў МУС Брэсцкай вобласці ад 8. 08. 1947 г. у адносінах да Рахубы Г. М. спыніць за адсутнасцю падстаў для злачынства.
Гардзей некалькі разоў перачытаў даведку аб рэабілітацыі. Хваравіта паморшчыўся. Яго прызналі шызафрэнікам і таму апраўдалі. А калі б ён аказаўся здаровым чалавекам? Што тады? На гэтае пытанне ніхто яму не мог адказаць.
4
Каця часта прысылала лісты і пасылкі. Было відно, што яна вельмі сумавала па радзіме, але баялася прыехаць, бо адносіны ў Амерыкі з Савецкім Саюзам у чарговы раз прыкметна сапсаваліся. Аднак яна настойліва абяцала сваю спадчыну Зосіным унукам. Перспектыва ўзбагаціць сям’ю, забяспечыць ёй бязбеднае і годнае існаванне прываблівала малодшую сястру. Зося згадзілася на паездку ў Амерыку. Страшнавата было выпраўляцца ў такую далёкую дарогу, безумоўна, што ёй хацелася б узяць з сабою каго-небудзь з сямейнікаў. Але каго? Гардзея прызналі шызафрэнікам, у Ораста на руцэ напісана новая дата нараджэння, можа выклікаць цікаўнасць Каці, а тая яшчэ, крый божа, раскажа пра гісторыю замужжа Зосі. Нявестка даглядае дзяцей. Каця вельмі хоча паглядзець на сваю ўнучку, але ж дзяўчынку непажадана адрываць ад школы. Браць з сабою Паўліну ці каго з іншых сясцёр Гардзея не было сэнсу, толькі плёткі пасля па вёсцы будуць разносіць. Узважыўшы ўсе акалічнасці, вырашыла Зося ехаць адна. Калі былі падрыхтаваны ўсе паперы, апранула Зося чорную сукенку, узяла толькі самае неабходнае. Так што валізка была амаль пустая, і рушыла ў дарогу. Хоць і хвалявалася, але спадзявалася на Бога. Усё ў ягоных руках. Стомленая дарогаю ў цягніку да Масквы, яна, па сутнасці, праспала ўвесь пералёт да Амерыкі. У аэрапорце яе сустрэла Каця з мужам. Сёстры, якія не бачыліся болей за трыццаць гадоў, не адразу пазналі адна адну. Каця доўга прыглядалася да людзей, што ішлі насустрач, пакуль не здагадалася, што высокая хударлявая старая і ёсць яе родная сястра Зося. Але, яшчэ не верачы сваёй здагадцы, яна спытала:
– Ты Зося, ці што?
– Я, – адказала малодшая сястра, разглядаючы маленькую пульхную ружовашчокую Кацю.
– Якая ж ты старая! Ажно брыдка глядзець! – усклікнула амерыканка, пільна прыглядаючыся да сястры і шукаючы ў ёй тое аблічча, успамін пра якое вынесла яна з апошняй сустрэчы.
– Стамляюся надта, працую па начах на чыгунцы, прымаю будаўнічыя матэрыялы. А дамоў прыеду, таксама няма адпачынку – гаспадарка, унукі.
Каця заплакала, абняла сястру, пацалавала, прамовіла:
– Пакутніца ты мая. Знаёмся, гэта мой муж Дзяніс.
Зося працягнула руку каржакаватаму старому ў цёмных акулярах:
– Добры дзень, Дзяніс. Прыемна пазнаёміцца. Дзякую за лісты і пасылкі.
– Добры дзень, Зося, – адказаў Кацін муж і працягнуў Зосі вялікі букет жоўтых ружаў. – Пойдзем да машыны. Стаміліся ў дарозе?
– Ды не, хутчэй адпачыла, спала ўвесь час у самалёце. Дзякую за кветкі. Такое хараство!
Яны селі ў бліскучую белую машыну і паімчалі па горадзе з высознымі гмахамі, яркаю рэкламаю, мноствам людзей на вуліцах.
– Глядзі, Зося, гэта Нью-Ёрк – самы багаты горад на свеце. Амерыка – вольная і шчаслівая краіна, дзе нават рабочы чалавек можа купіць сабе вялікі дом і жыць там, гадуючы дзяцей і ўнукаў. Ты таксама маеш магчымасць пераехаць да нас са сваёй сям’ёй. Твае ўнукі будуць мець усё неабходнае, – натхнёна сказала Каця. – Я паклапачуся пра гэта, бо яны ж і мая кроў. Праўда, у Дзяніса таксама ёсць радня. Дом давядзецца падзяліць. Але ж, думаю, што твае нашчадкі не зломкі. Ім абы зачапіцца тут, дык з розумам можна няблага ўладкавацца.
– Твае б словы ды Богу ў вушы, – адказала Зося.
Каця прыкметна патаўсцела, на круглым твары вытыркаўся кірпаты носік. Валасы сястра фарбавала ў залацісты колер, хаваючы сівізну, таму выглядала нашмат маладзей сваіх гадоў. Да прыемнага ружова-бэзавага колеру сукенкі вельмі пасавала падабраная ў тон з ёю губная памада. Побач з ёю малодшая сястра, апранутая ў чорную сукенку, з сівою галавою, адчувала сябе старою і непрыгожаю.
– Ты добра выглядаеш. Я радая, што хоць табе адной з усёй нашай радні пашанцавала перажыць вайну. А мы ўжо нагараваліся за ўсё жыццё, што і згадваць страшна.
– Нічога, ты адпачнеш трохі, мы і цябе прыхарошым, пафарбуем, купім новае адзенне і будзеш ты ў нас, як толькі што адчаканены цэнт.
– Каця ў нас хоча да ста гадоў дажыць маладою, – насмешліва заўважыў Дзяніс.
– А ты хацеў бы, каб я апусцілася як квактуха, і вакол цябе бегала? Не дачакаешся! – раздражнёна адказала Каця.
– Я, дзякаваць богу, сам спраўляюся, вакол мяне не трэба бегаць. А хавацца ад старасці дарэмна. Усё роўна знойдзе, калі не сівізною, дык хваробаю.
– Як мне абрыдла твая пустая філасофія. Мудрэц знайшоўся! Раскажы, Зося, што там у нас у сяле?
– Неяк людзі прыстасаваліся і жывуць. Трымаюць гаспадарку, стараюцца знайсці працу ў горадзе, бо ў калгасе нічога не заробіш. За вайну шмат мужчын загінула. Цяпер падрасла моладзь. Мы, як з Казахстана вярнуліся, дык і не пазналі вёску. Яна ж у вайну згарэла. Цяпер шмат хто адбудаваўся.
– А ваша хата як?
– Стаіць. Праўда пакуль без сяней.
– Чаму ж вы не дабудоўваецеся?
– Гардзей стаіць на чарзе на кватэру ў Брэсце, там і вада, і газ.
– І колькі тая кватэра будзе каштаваць? – спытаў Дзяніс.
– За так дадуць.
– Во дзіва. Там яшчэ нешта даюць? – здзівілася Каця.
– Вымушаны даваць, бо хіба ж за нашу зарплату кватэру купіш?
– Няхай вам пашанцуе, але хату не прадавайце. Гэта ж наш родны куточак. Туды нашы ўнукі і праўнукі будуць прыязджаць, – параіла Каця.
Яны выехалі за горад, даволі доўга імчалі па шырокай трасе. Каця ўвесь час распытвала пра радню і аднавяскоўцаў. Некаму спачувала, некага асуджала.
– Ведаеш, Каця, не толькі час змяніўся, змяніліся людзі і нават зямля. Няма нашага балота, асушылі яго, сажалку завалілі нейкім ламаччам, праклалі каналы, лес высеклі, далекавата ён адступіў ад нашага хутара. Наш поплаў, дзе мы карову пасвілі, перааралі, засеялі цімафееўкай. Раней там расло мноства лугавых кветак, а цяпер адна зялёная трава. Нічога ты там не пазнала б цяпер.
– Дык ад маёй радзімы нічога не засталося?
– Толькі калодзеж стары. Нават садок давялося знішчыць – здзічэў без гаспадароў. Мы пасадзілі новы.
– Шкада, усяго шкада. І нас, старых, і незваротнага мінулага, і невядомай будучыні...
Нарэшце ўехалі ў невялікі гарадок, будынкі тут былі невысокія, з чырвонымі чарапічнымі дахамі, атынкаванымі і пафарбаванымі ў светлыя колеры. У адрозненне ад Нью-Ёрка тут было шмат зеляніны і кветак. Машына спынілася каля прывабнага двухпавярховіка.
– Гэта наш дом, выходзім, – сказала Каця.
Пакуль Дзяніс ставіў машыну ў гараж, убудаваны ў дом, Зося і Каця прайшлі па дарожцы, абсаджанай з двух бакоў рознакаляровымі ружамі, толькі жоўтых, такіх як у Зосі, тут не было.
– Вы знарок купілі мне кветкі? – здзівілася Зося.
– Так, гэта Дзянісава выдумка. Ведаеш, я жоўтых кветак наогул не люблю, – грэбліва адказала Каця, адмыкаючы дзверы дома. – Заходзь, паглядзі, як жывуць простыя амерыканцы.
Дом у Каці сапраўды быў абстаўлены і аздоблены з густам. Яна сама падбірала шторы ў тон абіўкі. Пакоі свяціліся цеплынёй і ўтульнасцю. Жаўтаватая мэбля, здавалася, вылучала святло.
– Хораша ў цябе, – з захапленнем сказала Зося.
– Ты паглядзі, што ў ванным пакоі робіцца.
Зося ўвайшла і ўбачыла люстра на ўсю сцяну, бліскучую блакітную ванну і сказала:
– Такога хараства я нават у польскага графа не бачыла. Шчыра радуюся за цябе, сястрычка.
– Усё гэта і тваё, – самазадаволена адказала Каця, – а цяпер пойдзем у сталовую. Дзяніс, хадзі есці. Дзе гэты стары пень сноўдаецца?
– Чаго ты на яго?
– Абрыд як горкая рэдзька.
Дзяніс увайшоў у пакой, сказаў вінавата:
– Прабачце, я там трохі затрымаўся, зараз памыю рукі...
Жанчыны ўвайшлі ў прасторную сталовую, таксама прыгожа і з густам абстаўленую. Тут была адпаведная мэбля з посудам, вялікі авальны стол, вакол якога стаялі крэслы. На стале ляжаў белы льняны абрус, на вокнах віселі белыя з ружовымі кветачкамі шторы. Усё ззяла чысцінёй. Каця паставіла на стол загадзя падрыхтаваныя закускі. Дзяніс сеў насупраць Зосі і прыязна пасміхаўся. Калі зняў чорныя акуляры, Зося заўважыла, што адно вока ў яго было прыкметна касаватае, а таму цяжка было разабраць, куды ён паглядае – на Кацю ці на яе.
– За сустрэчу, будзьма здаровы! – сказаў першы тост Дзяніс.
Зося падняла сваю чарку і чокнулася спачатку з ім, пасля з Кацяю, выпіла. Пітво аказалася саладжавае і непрыемнае.
5
Каця прывяла Зосю ў невялікі пакой, дзе ўсё было ў ружовых колерах і сказала:
– Гэты пакой мы трымаем для гасцей. Гарадок у нас ціхі, аднак часам моладзь ноччу ганяецца на машынах ды матацыклах. Каб нішто не перашкаджала чалавеку адпачываць, мы выбралі для адпачынку тыя пакоі, што выходзяць вокнамі ў двор. Вось тут, у шафе, піжама, сарочкі, халат, ручнікі, карацей, розная дробязь, неабходная жанчыне.
– У цябе, як у палацы, можна заблудзіцца.
– Ну, што ты? Гэта ў багатых сапраўды палацы. А мы простыя рабочыя людзі. Ты помніш: прыбіральня і ванны пакой насупраць, калі што трэба – карыстайся.
Зося ўсё стаяла ў парозе, разглядвала занавескі на вокнах і посцілку з фальбонкаю на ложку.
– Усё такое прыгожае, што страшна датыкацца, – сказала яна.
– Не выдумляй, кладзіся і адпачывай, а я пасяджу побач з табою. Цяпер дрэнна сплю. Шмат разоў прачынаюся па начах, а потым не магу заснуць. Здараюцца ночы, што праляжу ўсю ноч, гледзячы ў столь. Усё жыццё згадаю. Ну, чаго стаіш? Сядай на ложак, – Каця пацягнула Зосю за рукаў, пасадзіла на ложак, сама села насупраць у мяккі фатэль.
– Ведаеш, а я так часам стамляюся, што варта толькі прысесці, дык адразу клюю носам, – сказала Зося.
– Хіба Гардзей табе не дапамагае?
– Дапамагае, вядома, але ж бабскай работы век не пераробіш.
– Паўліна як?
– Паўліна таксама старая, як сонная муха. Поўзае з кульбакаю па хаце – ногі ў яе баляць, артрыт... Правае калена зусім не гнецца. Усё ў яе з рук валіцца. Ты ж разумееш, як жыць у чужой хаце: ні госць, ні гаспадар. Мне ўжо, мусіць, трэба працу кідаць, а ўсё хочацца дзецям памагчы. Капейка дома не лішняя. Прыеду з Берасця, а ўнучак просіцца на рукі і пытае: «Што ты мне, баба, прывезла?» Не заробіш, дык і гасцінца дзіцяці не купіш.
Раптам Зося спахапілася, што ўсё расказвае пра сябе, замест таго, каб распытаць пра яе і спытала:
– Раскажы пра сябе. Як ты тут? Мы столькі не бачыліся!
– Нічога, спачатку было цяжка. Потым пазнаёмілася з людзьмі, вывучыла мову, уладкавалася на працу, так і жыла. Тут людзей шмат з Брэстчыны. Нават з-пад Жабінкі ёсць, але мала з кім я падтрымліваю стасункі. Некаторыя з іх любяць гарэлку і мітынгі, ходзяць, гарлапаняць, нешта патрабуюць.
– Ці ладзіш з Дзянісам?
– Калі па шчырасці, шкадую, што некалі звязала свой лёс з ім. Калі мяне хацелі накіраваць на працу ў Індыю, а ехаць туды мне зусім не хацелася, тады мяне і пазнаёмілі з Дэнам.
– Якім Дэнам? – удакладніла Зося.
– Гэтак Дзяніса завуць на амерыканскі лад. Дык вось, калі нас пазнаёмілі, ён вырашыў дапамагчы мне, узяў са мною фіктыўны шлюб. Чалавек ён неблагі, але знешне мне не падабаўся. Праўда, з часам у нас склаліся добрыя сяброўскія адносіны, у складчыну купілі дом. Дзяніс займаў першы паверх, я – другі. Ён падтрымліваў мяне матэрыяльна, прывыкла я да яго. Праз два гады мы пажаніліся. Я зацяжарала, але з-за кісты не здолела вынасіць дзіця. Мне зрабілі аперацыю і папярэдзілі, што дзяцей у мяне больш не будзе. Што зробіш, калі так Бог судзіў, – уздыхнула Каця. – Затое ты ў нас шчаслівая. І сын у цябе ёсць, і ўнукі, а неўзабаве, глядзіш, і праўнукі пасыплюцца. Зрэшты, я думаю, што твае ўнукі – гэта і мае таксама. Тым сябе і суцяшаю. Ды і Дэн мае хросную дачку, мы яе з маленства гадуем і любім. Яна нам як родная. Ужо вырасла. Прыгожая дзяўчына. Я цябе з ёю пазнаёмлю заўтра. Раскажы мне яшчэ пра Серафіма. Што там атрымалася з ягонай жонкаю?
Зося пачала расказваць пра Серафімаву Надзю, як тая закахалася ў немца і нарадзіла ад яго дзіця, як праз гэта пакутаваў Серафім і ўвесь зжаўцеў, напэўна, ад злосці. А Надзя ў дзень пахавання прыняла да сябе партызана. Зося пераказала тое, што чула ад людзей (сама на пахаванні не была), як пахавалі Серафіма ў драўлянай скрыні, замест труны.
Каця слухала ўражана, ківала галавою і раптам з дакорам сказала:
– Як жа ты магла, Зося? Ён твой брат! Няхай дваюрадны, але ж сірата! Нікога ў яго, акрамя цябе, не было. І ты адвярнулася ад мёртвага!
– Я сама сябе вінавачу, – згадзілася Зося. – Але ж ты зразумей і мяне. Наш бацька з-за Серафіма і камітэтчыкаў загінуў. Гардзей невядома дзе падзеўся. Я думала, што яго партызаны забілі. А гэтая Серафімава лярва жыла каля лесу. З партызанамі зналася. Я з-за Гардзея тады ўвесь свет ненавідзела.
– Разумею, беднасць робіць людзей жорсткімі і бессардэчнымі. У нас тут нават для жывёлы ёсць могілкі. Людзі хаваюць свайго чатырохногага сябра ў труне, ставяць знак на магіле, каб час ад часу наведваць. Што ўжо там ва ўсім сяле не знайшлося трохі дошак на труну?
– Каця, табе гэтага не зразумець. У нас жыццё чалавека нічога не каштуе. Як магла дараваць Серафіму смерць бацькі? Г эта ты ў нас мудрая і разважлівая, а я, сама ведаеш, спачатку раблю, а пасля думаю.
– Бог вам суддзя. Не будзем пра гэта. Раскажы лепш, як ты жывеш з Гардзеем. Напэўна, ты хоць у гэтым плане шчаслівая. Я цябе пакінула з самым лепшым хлопцам на свеце.
Зося разгублена ўсміхнулася, не ведаючы, што і сказаць сястры. Па яе твары прабег цень збянтэжанасці, яна нешта хацела сказаць, але саромелася ці не адважвалася.
– Ну, падзяліся шчасцем. Не бойся, я не сурочу.
– Разумееш, Каця, ты з Дзянісам два гады жыла як з сябрам, а я трыццаць гадоў з Гардзеем сябрую.
Каця здзіўлена ўскінула на Зосю вочы і спытала:
– Ты пра што? Я не разумею?
– Гардзей мала таго што слепне, ён цяжкахворы чалавек. Помніш, я ж табе пісала, што яго атруцілі, і ён лячыўся ў псіхлячэбніцы. З таго часу ўсё і пачалося. Я не трэба была яму як жанчына.
– Не можа быць! Ён імпатэнт? Можа, у яго ёсць іншая? – Каця нервова і злосна засмяялася.
– Нікога ў яго няма. Ніхто яму не трэба. Ён жыве ў нейкім сваім свеце. Нешта піша ў сшытках, пасля паліць і зноў піша. Нават у Акадэмію навук у Маскву пасылаў свае запісы. Яму за гэта падзяку выказалі.
– А пра што ён піша? – здзіўлена спытала Каця.
– Прачытаць не магу, бо дрэнна бачу. Неяк Ораст пачытаў мне яго запісы, дык там было нешта пра стварэнне Зямлі ды землятрусы.
– Божа мой, такога разумнага чалавека загубілі! – з жалем і болем у голасе сказала Каця. – Каб у яго была магчымасць вучыцца, выйшаў бы геній. Змарнавалі яго жыццё па турмах. Які жорсткі і несправядлівы свет! Хоць бы ты на старасці прывезла яго сюды пажыць, свету паглядзець, адпачыць ад той жорсткасці, якая існавала там у вас!
Зося толькі горка ўсміхнулася, паморшчыла лоб і адказала:
– Ах, Каця, Каця, ты, калі ласка, не палохайся ад таго, што я табе скажу. Яму паставілі дыягназ – шызафрэнія. Таму і рэабілітавалі, што ён даўнодаўно хворы і не мог адказваць за свае дзеянні.
– Няўжо гэта так сур’ёзна?
– Я ніколі не ведаю, што з ім адбываецца, пра што ён думае, што хоча, пра што марыць. Увесь час лаўлю сябе на думцы, што ён са мною, але не пры мне. Ніколі не магу прадбачыць, што ён зробіць у наступны момант. Такое ўражанне, што ён сам чакае ад сябе нейкага вялікага ўчынку, але нешта замінае яму, звязвае.
Каця зноў горка паківала галавою, нібы закалыхваючы боль у душы і сказала:
– Не тое жыццё ён выбраў сабе, не тое. А ўсё таму, што не паслухаў мяне. Каб паехаў са мною ў Амерыку, быў бы жывы, здаровы, і, напэўна, шмат чаго дасягнуў бы. Тут цэняць разумных людзей.
Зосю гэты Кацін намёк пакрыўдзіў, але яна пастаралася не звяртаць увагі. У яе з сястрой заўсёды знаходзілася шмат падстаў для спрэчак. Яны мала змяніліся за гэты час. І цяпер маглі дзёрзка нагаварыць адна адной непрыемных слоў. Але Зося была госцяй і мусіла паводзіць сябе чула і далікатна. Яна адказала:
– Ён сам выбраў сваё жыццё. Дарэчы, ніколі не хацеў жыць за мяжой. Нават калі адступаў з немцамі, застаўся, не захацеў шукаць замежны рай. Такі ўжо ён у нас.
– Жыццё мінула. Нічога назад не павернеш, – уздыхнула Каця. – Адпачывай, у нас яшчэ будзе час нагаварыцца.
Яна сумна ўсміхнулася, махнула рукою з парога і выйшла з пакоя, ціха прачыніўшы за сабою дзверы.
6
Зося па звычцы прачнулася рана, памылася, апранулася, спусцілася на першы паверх, убачыла за шклянымі дзвярыма святло, пастукала, увайшла ў пакой. Гэта была кухня. Учора Зося не запомніла планіроўку дома. Цяпер вывучала ўсё зноўку. За сталом сядзеў Дзяніс і піў каву. Прыемны водар напою поўніў кухню, спакушаў, бадзёрыў.
– Добрай раніцы, гаспадар, – павіталася Зося. – Як тут смачна пахне!
– Добрай раніцы, Зо! – весела адказаў Дзяніс. – Каву будзеш піць?
– А Каця?
– Не звяртай увагі. Мая жонка любіць усмак паваляцца ў пасцелі. Можа, ты звыкла больш грунтоўна снедаць, дык скажы, я звару што-небудзь, калі страва нескладаная. А лепш пашукай сабе ў халадзільніку, што на цябе паглядзіць, тое і вазьмі сабе.
– Ай, Дзяніс, нам не да прысмакаў. Зварыў якую бульбіну, з’еў з гурком, салам ці цыбулінаю, ды і ўвесь сняданак.
Гаспадар, бачачы, што Зося не заглядвае ў халадзільнік і не садзіцца да стала, падняўся. Пасадзіў госцю, наліў ёй кавы, адчыніў халадзільнік, дастаў вэнджанае мяса, два яйкі, пачаў смажыць яечню.
– Ты заўсёды сам сабе гатуеш?
– А то як жа! Я тваёй сястры не надта давяраю. Яна аднойчы хацела мяне атруціць.
– Бог з табою, Дзяніс, што ты такое кажаш? – здзіўлена ўсклікнула Зося.
– Я праўду кажу. Разумееш, жыла яна са мною жыла і раптам прыгледзела сабе каханка з баптыстаў. Ходзіць і ходзіць у царкву, амаль кожны вечар. А я стамляюся на працы і не цямлю, што з жонкаю адбываецца. Ажно яна мне і кажа, што не хоча са мной жыць, давай будзем дом прадаваць. Я ёй у адказ: жыві з кім хочаш, а дом я прадаваць не буду. Калі твой каханак цябе кахае, дык няхай бярэ без дома. Я паступова вам сплачу кошт тваёй палавіны. Куды я пайду басяком бяздомным? Яна тут у крык, у слёзы. Такое было! Не выкажаш. А я на сваім стаю. Вось тады гэта і здарылася. Спякотным днём вярнуўся я з працы, дастаў бутэльку піва з халадзільніка і хлебануў. Аказалася, там быў воцат. Каця для нечага наліла. Трапіў у бальніцу, зрабілі мне аперацыю на страўнік.
– Мо яна незнарок?
– Знарок ці не, а можна было заводзіць крымінальную справу. Але кахаў я яе, усё дараваў.
Дзяніс расклаў яечню на дзве талеркі, адну паставіў перад Зосяй, запрасіў:
– Паспытай амерыканскай яечні.
Зося пакаштавала і адказала:
– Яечня скрозь аднолькавая. Але ведаеш, Дзяніс, я не веру, што Каця знарок магла такое зрабіць. Яна ж у Бога заўсёды верыла.
Дзяніс хмыкнуў сабе пад нос і сказаў:
– Да гэтай яечні трэба піва.
Ён дастаў з халадзільніка бутэльку піва, адкаркаваў, наліў сабе і Зосі, весела падміргнуў:
– Вось цяпер гэта будзе сапраўдная яечня! А наконт Каці што табе скажу. Яна кухню не любіць, таму я згадзіўся, каб мне не гатавала. Яна нічога і не робіць. Такі характар. Я і сам з рукамі, што хочаш звару, сасмажу.
– Дазволь, Дзяніс, мне гаспадарыць на кухні. Пакуль я тут, – папрасіла Зося.
– З задавальненнем!
Яны пілі піва, усміхаліся адно аднаму, закусвалі яечняй. Паміж імі адразу ўсталяваліся добрыя адносіны.
– Сумна вам тут сярод чужых людзей? – са спачуваннем спытала Зося.
– У мяне шмат сяброў. Мы збіраемся часта, п’ём піва, гуляем у карты, абмяркоўваем палітыку і спорт. Тут можна няблага жыць. Канечне, сумуем па радзіме. Але ж там нас нішто добрае не чакае.
– Ведаеш, Дзяніс, я прыйшла да высновы, што нас наогул нідзе не чакаюць. Нікому мы не трэба, хоць зараз памірай, хоць пачакай. Хіба толькі родныя трохі пасумуюць.
– Эх, невясёлая ў нас гаворка атрымліваецца. Давай лепш заспяваем. «Туман ярам, туман даліною», – бадзёра зацягнуў гаспадар.
У кухню ўвайшла Каця, незадаволена паморшчылася і раздражнёна сказала:
– Расспяваўся як дурная курыца на сваю галаву.
– Прашу прабачэння, жонка не любіць калі я спяваю, гавару, смяюся. Яна наогул мяне не кахае.
– А за што цябе любіць? Ты ж не пірог з макам, – нервова засмяялася Каця, узяла турку, паставіла на пліту, каб зварыць сабе каву.
– Я ўкраінскае пароды, а таму ўвесь з мяса ды сала, – засмяяўся Дзяніс, і Зося заўважыла, якія ў яго прыгожыя і здаровыя зубы, вядома, ад добрага жыцця, ды і выглядае чалавек добра на свае гады, а яму ж, бадай, ужо пад восемдзесят.
– Ну-ну, цябе хлебам не кармі, а дай пагаманіць, – з дакорам сказала Каця, наліваючы ў малюсенькі, як на два глыткі, кубачак каву і падсаджваючыся да стала неяк бокам, быццам не было ў яе ніякага жадання быць побач з гэтымі людзьмі.
За сталом усталявалася гнятлівая цішыня. Гаспадыня маленькімі глыточкамі выпіла каву і сказала, ні да каго не звяртаючыся:
– Хутка госці прыедуць. Трэба рыхтавацца.
– Чым табе дапамагчы? – спытаў Дзяніс, які ўжо быццам забыўся на нядаўнія жончыны абразы.
– Як звычайна. Ідзі ў гастраном, купі малака і свежага хлеба. А мы тут з Зосяю пастаім на кухні і што-небудзь прыгатуем.
– Зразумеў, – адказаў Дзяніс і, напяваючы сабе пад нос, выйшаў.
– Весялун! Да яго смерць прыйдзе, ён і ёй будзе песні спяваць, – раздражнёна сказала Каця ўслед мужу.
– Чаго ты яго ўсё грызеш. Добры ж чалавек, гаваркі, вясёлы.
– Лайдак ён, а не добры чалавек! На ганку тынкоўка абвалілася, а ён ходзіць і не бачыць! Дах пацячэ, ён будзе вядро падстаўляць, замест таго каб дзірку палапіць! Ненавіджу! Каб магла, зарэзала б тупым нажом!
– Каця, не заводзься з ранку, так ты сэрца сабе надарвеш.
– Яно ўжо даўно надарванае. Як ты думаеш, ці проста мне было класціся ў пасцель з чалавекам, да якога, акрамя жаласці, нічога не адчуваю? А вінаваціць няма каго, такі мой лёс.
Каця цяжка ўздыхнула, паднялася з-за стала, адчыніла халадзільнік, дастала вялізны кавалак мяса, сказала:
– Трэба нешта з яго зрабіць, а я не люблю стаяць каля пліты.
– Давай я! – прапанавала Зося. – Можам частку мяса запячы, а з рэшты зрабіць катлеты і галубцы, насмажыць бульбы, для разнастайнасці некалькі адбіўных падсмажыць. Як думаеш?
– Рабі што хочаш. Я пайду трохі кватэру агледжу, прыбяру, што не так ляжыць, а ты ўжо тут сама складай меню.
Зося засталася на кухні. Занялася звыклаю справаю, рабіла ўсё яна хутка і ўвішна. Калі Дзяніс вярнуўся з гастранома, на кухні ўсё кіпела, булькала і апетытна пахла.
7
Госці прыехалі апоўдні. Гэта была сям’я Пескуровых, выхадцаў з Расіі. Іхнюю дачку Эні хрысціў некалі Дзяніс. Усе сядзелі за сталом, елі, нахвальалі Зосіна майстэрства. Было відно, што яны сапраўды засумавалі па такой знаёмай ежы: галубцах, смажанай бульбе са шкваркамі, драніках. Зося не паленавалася і зрабіла нават трохі пельменяў. Гэта быў проста ласунак для рускіх, хоць іх дачка, здаецца, не падзяляла думку бацькоў, бо вырасла на амерыканскай ежы. Эні была свавольная, раскаваная, смяшлівая, з выгляду ёй можна было даць гадоў дваццаць, з твару не надта прыгожая, вытыркаўся ўперад падбародак на хударлявым твары, і вочы сядзелі глыбока, а таму, здавалася, што яна за ўсімі сочыць па-сабачы пільна. Зося нават падумала сама сабе: «Бацькі сімпатычныя людзі, а дачка невядома ў каго ўдалася».
Дзяніс наліваў віскі ў маленькія, як напарсткі, чарачкі. Зося сачыла за ягонымі рухамі і ўсміхалася.
– Што, дзіўна вам, цёця Зо, глядзець на наш посуд. У вас, кажуць, шклянкамі п’юць? – спытала Эні.
– У нашых мужчын вельмі спрацаваныя рукі, яны такую чарачку і ў пальцы не зловяць, – адказала Зося.
– А праўда, што і ваш сын моцна выпівае? – дапытвалася дзяўчына.
– Не больш, як усе. Па святах іншы раз бярэ чарку. Такая ў нас завядзёнка, як, дарэчы, і ў вас.
– А ці праўда тое, што вам вельмі дрэнна жывецца?
– Эні, не псуй людзям апетыт, – абарвала маці дачку.
– Чаго ты, мама? Я хачу ведаць праўду, як кажуць, з першых вуснаў.
Зося паглядзела на дзяўчыну, усміхнулася і адказала:
– Вядома, краіна наша яшчэ беднаватая. Чатыры гады страшэннай вайны, стратаў, смярцей. Але і ў нас людзі жывуць, працуюць, дзяцей гадуюць. Некаторыя ўжо нават машыны маюць.
– А цёця Кэт казала, што ў вас там зусім дрэнна: часам і хлеба няма.