355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 13)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 21 страниц)

– Муй каханы! Муй каханы пшыехаў!

Ён паглядзеў у яе прыкметна пастарэлы твар, развёў пульхныя рукі, якія абшчаперылі ягоную шыю, і сказаў:

– Я прыйшоў забраць рэчы.

– Застанься нанач, – папрасіла яна. – Мне столькі трэба табе расказаць!

Ягоны позірк прабег па яе зморшчанай шыі. Ён з агідай і здзіўлена падумаў, ці не праз чараўніцтва раней прываблівала яго гэтая кабета. Узяў пад паху некалькі сваіх кніг, нешта з адзення, кіўнуў на развітанне і хутка выйшаў за дзверы. І толькі на вуліцы ўздыхнуў з палёгкай. Кінуў рэчы ў сані, сцебануў каня, праехаў па вуліцы, шукаючы дзе-якую краму, каб купіць сыну гасцінца за тых пару савецкіх рублёў, што дала Зося. Раней крамаў было процьма, цяпер ледзьве адшукаў абшарпаны будынак, на якім напісана «Магазін №3». Увайшоў у памяшканне і адразу адчуў смярдзючы пах гнілых селядцоў, гаспадарчага мыла і яшчэ нечага непрыемнага. Трое мужчын стаялі ля бочкі з іржавымі абадамі і пілі разліўное піва. Гардзей убачыў прадаўшчыцу ў брудным халаце, прабег вачамі па беднай вітрыне, дзе роўнымі шэрагамі стаялі пляшкі з гарэлкай. З цукерак убачыў толькі падушачкі, папрасіў прадаўшчыцу:

– Зважце калі-ласка дзвесце грамаў цукерак.

Жанчына неўразумела паглядзела на яго, нездаволена перапытала:

– Чаво?

– Падушачак, – Гардзей паказаў пальцам на фанерную скрынку, у якой стаялі падушачкі.

Яна кіўнула галавою, згарнула папяровы пакуначак, усыпала жменю цукерак, паклала на вагі, аддала Гардзею. Ён разлічыўся, атрымаўшы рэшту капейкамі, хацеў ужо выйсці, але заўважыў мужчынскія гарнітуры, падышоў бліжэй, агледзеў іх, неахайна пашытыя, з нейкай вузлаватай, няроўна пафарбаванай тканіны, дрэннай якасці.

– Далучайся да нас. Што ты там мацаеш? – сказаў адзін з мужчын Гардзею.

– Дзякую, другім разам, – адказаў Гардзей і выйшаў.

Пасля таго, як яго атруцілі, Гардзей быў у гэтым упэўнены, цяпер ён асцерагаўся што-небудзь піць з незнаёмымі людзьмі. Ужо сядаючы ў сані, горка падумаў: «Дарма сюды прыязджаў, толькі расчараваўся. І тых, каго хацеў пабачыць, не пабачыў. Нічога, яшчэ сустрэнемся. Бог усё бачыць і разумее. Ды і я буду за сваімі ворагамі сачыць, можа, і прыдумаю, як адпомсціць. Каб даведацца, чым мяне атруцілі, дык, мабыць, прасцей было б знайсці лекі. Ды ці ж яны прызнаюцца.»

12

Настала вясна з заўсёднымі хлебаробскімі клопатамі. Паступова Гардзей уцягнуўся ў працу і, здавалася, што нават хвароба адступіла, часова пакінула яго ў спакоі. Праўда, калі вельмі стамляўся, дык у вушах пачынала звінець, а сэрца ледзь не вылятала з грудзей. І яшчэ турбавала яго тое, што жывучы побач з маладою прыгожаю жонкаю, ён не адчуваў да яе цягі. Блізкасць з ёю палохала яго, як і тая атрута, якую ён, выпіўшы аднойчы, усё баяўся незнарок спажыць зноў і атруціцца насмерць. Яго наогул перасталі цікавіць жанчыны. Згадвалася толькі адна, тая, якую ён некалі бачыў у Варшаве праз агароджу. Яму здавалася, калі б яна была на месцы Зосі, напэўна, ён быў бы шчаслівы. Жонка не разумела ні яго стану, ні болю, ні думак, ні нават слоў. Яна толькі спраўна варочала чыгуны каля печы, завіхалася па гаспадарцы і ў полі і кахала яго па-свойму, але яе пачуцці яго зусім не цікавілі і не хвалявалі. Усё, што ён раней адчуваў да яе, назаўсёды засталося ў незваротным мінулым. Ён пакутаваў ад гэтага, не ведаючы, як растлумачыць такі дзіўны свой стан. Раней жа мог за ўсялякай спадніцай увівацца, карыстацца згаворлівасцю і падатлівасцю маладзіц, перажываў сапраўдную асалоду, а цяпер душа быццам здранцвела.

Калі адсеяліся, наважыўся ён з Зосяю паехаць да доктара і параіцца, як яму жыць далей. Зося засталася ў калідоры, а Гардзей пайшоў у кабінет да псіхіятра. Саромеючыся, блытаючыся, Гардзей расказаў сівому доктару пра сваё атручэнне і праблемы, якія ўзніклі ў выніку яго. Той уважліва выслухаў і сказаў:

– Атручэння магло і не быць. Нешта здарылася з вашаю псіхікаю, якая адключыла пэўны сектар мозгу, таму ў вас адпалі ўсе сексуальныя захапленні і патрэбы.

– Што ж мне рабіць?

Доктар весела пацёр далонь аб далонь, дробна засмяяўся і сказаў:

– Вы ведаеце, а мяне таксама ўжо даўнавата не цягне да жанчын. І я цалкам задаволены. Як гаворыцца, імпатэнцыя – гара з плячэй!

– Жонка ў мяне яшчэ маладая. Зрэшты, яна мне цяпер без патрэбы, думаю, што мог бы з ёю разысціся, але ж сын расце.

– Прывядзіце да мяне сваю жонку, я ёй усё растлумачу.

– Яна тут, у калідоры чакае, – Гардзей узрадавана памкнуўся да дзвярэй.

– Паклічце, паклічце яе, – сказаў доктар. – А гэта вам рэцэпт, папіце мікстурку для супакаення нервовай сістэмы.

Гардзей узяў рэцэпт, адчыніў дзверы, паклікаў Зосю, прапусціў яе ў кабінет, а сам выйшаў у калідор. Хваляванне, сорам, дакука – усе гэтыя пачуцці змяшаліся ў ягонай душы. Аднак сяк-так супакоіўшыся, ён сеў на крэсла, якое стаяла каля дзвярэй, утаропіўся ў акно і напружана чакаў, што скажа яна, Зося, калі выйдзе з кабінета доктара. Цяпер яму згадалася тая першая сустрэча з ёю, калі ён падпаіў яе маладзенькую і наіўную. Бадай, ні адной перамогаю над жанчынамі ён не ганарыўся так, як тою! Бо і сам тады яшчэ быў зусім зялёны! Можа, за тое цяпер нясе пакаранне, што тады сарваў недаспелы яблык? Колькі гэтых яблыкаў было ім сарвана! Ды ці можа быць пакаранне за каханне? А ці было каханне? Хутчэй толькі полымя жарсці бяздумна ахоплівала душу – і тады шукаў, з кім наталіць тую невыносную прагу. Не так важна было, якая будзе дзяўчына – свая вясковая ці з публічнага дома. Ён так жыў, яму гэтае жыццё падабалася, бо забяспечвала незалежнасць, тым больш, што дома яго даглядала старэйшая сястра. Не маючы ўласнай сям’і, яна замяняла яму клапатлівую і чуйную маці. Калі б Зося не нарадзіла сына, напэўна, ён так і халасцякаваў бы да гэтага часу. Але ж, як кажуць, ад лёсу не ўцячэш.

Зося выйшла ад доктара паружавелая, ласкава і прысаромлена зірнула на Гардзея і сказала:

– Паедзем дахаты.

Яна накіравалася да выхада, Гардзей пайшоў следам. Моўчкі селі на воз. Гардзей тузануў за лейцы, развярнуўся, выехаў на правы бок вуліцы. Недзе непадалёку гарлала радыё песню пра тое, што «от избы и до избы зашагали телеграфные столбы». Рэзкія гукі раздражнялі, Гардзей злосна плюнуў у бок і пагнаў каня на Кобрынскі мост. Доўгі і няўклюдны будынак бальніцы застаўся ззаду. Толькі калі ўехалі ў Трышын, назойлівая музыка сціхла, зрабілася спакайней на душы, Гардзей насцярожана азірнуўся на Зосю. Вельмі ж карцела даведацца, што ёй сказаў доктар, і як яна паставілася да таго тлумачэння. Жонка прыглядалася да хат, міма якіх праязджалі, да кветак, што раслі ў гародчыках. Заўважыўшы на сабе Гардзееў позірк, сказала:

– Паглядзі, якія кветкі! Я такія хачу таксама завесці. Мусіць, у нашым сяле ні ў адной гаспадыні такіх няма. Якое хараство!

Гардзей адвярнуўся. Жонка пазбягала гаварыць з ім пра ягонае здароўе. Чаму? Не паверыла доктару? Ці наадварот праніклася праблемаю настолькі, што гатова быць для мужа за маці і сястру? Быць замужам і жыць па-манаску? Гардзей уявіў тую процьму гадоў, якія яму належыць пражыць побач з гэтаю жанчынаю і раптам яму зрабілася страшна той будучыні, якая яго чакала. Ён стаў супакойваць сябе, што не трэба думаць пра благое, інакш хвароба можа вярнуцца, а ён ізноў апынецца ў псіхлячэбніцы, дзе яго будуць прывязваць да ложка і даваць уколы, ад якіх свет робіцца пачварным, а людзі выродлівымі. Хоць навокал красавала лета, была самая яго макаўка, дзень здаваўся Гардзею змрочным і бясколерным. Ягоныя думкі раптам перакрыў Зосін голас, яна ўсё яшчэ нешта казала пра кветкі:

– Каб ведаць, дзе пахаваны бацька, я на ягонай магілцы пасадзіла б розныя кветкі, каб цвілі яны з ранняй вясны да позняй восені. Гэта была б самая прыгожая магілка.

«Вось так жывём разам, спажываем разам хлеб, а мары і беды ў кожнага свае, – горка пасміхнуўся ў думках Гардзей. – Што ж нас зводзіць разам, такіх розных? Няўжо толькі інстынкты? Ці нешта высокае і неспасціжнае? Нейкая вышэйшая сіла надзяляе нас радасцямі і прымушае дорага плаціць за памылкі і грахі? Ці мо ніякай звышнатуральнасці і няма, а ёсць толькі наша сумленне, якое судзіць нас у горкую часіну. Бо пакуль усё добра, дык і жывеш, як набяжыць. А здарыцца бяда – міжвольна разважаеш: чаму гэта са мною здарылася? Чаму я такі няшчасны? Чаму лёс такі несправядлівы да мяне? А ці не сваімі ўласнымі рукамі мы ствараем гэтае няшчасце? Самі ж выбіраем сабе сяброў, якія потым ператвараюцца ў ворагаў, якія жадаюць нам смерці. Самі жэнімся Бог ведае з кім і невядома дзеля чаго. Маючы адно дзіця, ужо не хочаш мець з ёю іншых дзяцей. Ды і нічога не хочаш мець. А яна прагне прызнання ў каханні, захаплення, шчасця. Як навучыцца захапляцца жанчынай, якая з ранку і да позняга вечара ходзіць у атопках, у замызганай спадніцы ад печы ў хлеў і назад? І толькі ў свята на якую гадзінку апране чыстую сукню. А ў тваіх вачах яна па-ранейшаму не больш, чым свінарка, даярка, кухарка.» Адначасова Гардзей разумеў, што Зося ні ў чым не вінаватая, калі б ён стварыў ёй адпаведныя ўмовы жыцця, яна таксама хадзіла б, як пані ў капялюшыку з сумачкаю пад пахаю. Але ўся прычына ў тым, што і святы свае, і будні мы ствараем уласнымі рукамі. А душа яго быццам і не прагнула ніякае ўрачыстасці, бо ніяк не магла выбавіцца з хваробы.

Раздзел другі

Ліхалецце

1

Гардзей прачнуўся ад невыразнага гулу, падумаў, што недзе далёка разгулялася навальніца. Расплюшчыў вочы, зірнуў у акно. Было ўжо даволі светла. Ночы чэрвеньскія кароткія. Ён паляжаў, услухоўваючыся ў далёкія грымоты, потым падняўся, выйшаў у двор, паглядзеў на захад, скуль далятаў гул, убачыў, што неба там падсвечанае чырванню. «Здаецца, за ноч свет дагары нагамі перавярнуўся, – падумаў Гардзей. – Сёння сонца ўзыдзе на захадзе». Ён павярнуў галаву на ўсход, але ўбачыў, што неба і там заружовілася. Гардзей яшчэ раз паўзіраўся ў бок Берасця і раптам зразумеў: «Гэта б’е артылерыя! І занадта моцна для вучэнняў. Гэта вайна? – спытаў сам у сябе і тут убачыў, што на ўсход рухаецца ромбам зграя цяжкіх самалётаў з крыжамі на крылах. – Вайна з немцамі!»

Ад гэтай здагадкі сэрца Гардзея трывожна захвалявалася, але яму адразу згадаліся тыя вясёлыя немцы, што жылі ў папярэднюю вайну ў ягонай хаце, а на развітанне падаравалі карову. Гэта яго адразу супакоіла. Ён падумаў, што, можа, яшчэ сустрэне каго з тых ваякаў, але прыкінуўшы, што ўжо з таго часу мінула чвэрць веку, зразумеў: цяпер прыйдуць дзеці тых, хто ў пятнаццатым прыходзіў на Беларусь.

З хаты выйшла Зося, спытала, хаваючы трывогу:

– Чаго ты ўсхапіўся, яшчэ рана?

– Слухаю, што гэта гудзе.

– Ну і няхай гудзе. Мо на чыгунцы што.

– Гэта вайна, Зося.

– Вайна? – спалохана перапытала Зося. – І што ж нам рабіць? Трэба выязджаць?

– Няма куды. Самалёты з крыжамі толькі што паляцелі на ўсход. Не тая гэта вайна, ад якой можна схавацца.

– Божа, Божа, што цяпер будзе, – заламала рукі Зося, гатовая загаласіць.

– Цішэй, сына напалохаеш. Што будзе – пабачым.

Раніцай на хутар забеглі два маладзенькія салдаты, астрыжаныя нагала, без гімнасцёрак, апранутыя толькі ў споднія белыя сарочкі і кальсоны, босыя. Яны папрасілі піць і хлеба.

– Пакармі, – загадаў Гардзей Зосі. – Заходзьце, хлопцы, у хату.

– Не, дайце нам хлеба і мы пойдзем, – сказаў адзін з вадзяністымі напалоханымі вачамі.

Гардзей са спачуваннем паглядзеў у мурзатыя юныя твары і прапанаваў:

– Можа, умыецеся з дарогі?

Салдаты адмоўна пакруцілі галовамі.

– Што ў Брэсце? – спытаў Гардзей.

– Немцы занялі горад.

– Выходзіць, вайна? – спытаў Гардзей.

– Вайна.

Зося прынесла бохан хлеба і гладышку малака. Хлопцы выпілі малако нагбом, хлеб адзін узяў пад паху. І яны подбегам рушылі далей.

– Бедныя дзеці, – сказала Зося са шкадаваннем, праводзячы позіркам хлопцаў.

– Усе мы бедныя. Няма нам ні радасці, ні спакою на гэтай зямлі.

У гэты час выбухі пачуліся і на ўсходзе, мусіць, бамбілі чыгуначную станцыю ў Жабінцы.

– Ужо з усіх бакоў грыміць. Божа літасцівы, уратуй, – уздыхнула Зося, перахрысцілася і пайшла ў хату, бо ў гаспадыні заўсёды адна турбота, пакуль ёсць сям’я, трэба дбаць пра яе, каб была накормленая і дагледжаная.

У тую нядзелю Гардзей амаль цэлы дзень праседзеў на лаўцы каля весніц. Лічыў крыжастыя самалёты, што хмарамі ляцелі на ўсход, а потым вярталіся назад. Прабягалі міма чырвонаармейцы, але ўжо не спыняліся каля Гардзея, а кіраваліся ў лес, каб не быць навідавоку. Толькі адзін малады мужчына, што быў апрануты ў камандзірскую гімнасцёрку з ромбамі, папрасіў цывільную вопратку. Зося вынесла яму бацькаву даматканую сарочку і такія ж нагавіцы. Вайсковец падзякаваў, тут жа пераапрануўся, і хацеў аддаць гаспадыні вайсковую форму, але Зося адмовілася, замахала рукою, маўляў, не трэба, насіце на здароўе і сваё, і наша.

Ужо ў самым канцы дня да Гардзея падышла маладая жанчына, адразу было відно, што з гарадскіх, з падплоенымі валасамі, у светлай сукенцы з бэзавымі кветкамі. Было з ёю двое дзетак: дзяўчынка гадоў пяці ішла, трымаючыся за прыпол маці, на руках жанчына несла немаўля. Ніякіх рэчаў у яе з сабою не было, толькі маленькая сумачка.

– Добры дзень вам. Наш цягнік разбамбілі, засталіся мы ні з чым. Дайце, калі ласка, дзецям паесці, – папрасіла яна.

– Заходзьце ў двор, – запрасіў Гардзей. – Зося, пакармі дзяцей і жанчыну, – крыкнуў ён жонцы, якая корпалася ў гародзе.

Зося выбегла насустрач гасцям, прывіталася, і павяла іх у хату, а Гардзей вярнуўся на свой назіральны пункт, як па-вайсковаму ён называў лаўку каля весніц. У Берасці ўсё яшчэ то гуло, то глуха вухкала, быццам хто малаціў молатам у дно пустой бочкі. «Напэўна, крэпасць дабіваюць», – падумаў Гардзей.

Зося, накарміўшы, правяла да весніц жанчыну з дзецьмі. Тая падзякавала гаспадыні і гаспадару за гасціннасць і спытала, ці можна спыніцца ў кагонебудзь у вёсцы на кватэры:

– Можа, якая самотная бабулька жыве? Вы не глядзіце, што я гарадская. Сама з вёскі, толькі вучылася ў горадзе, а потым замужам.

Яна недагаварыла, мусіць, баючыся, што падрабязнасці могуць нашкодзіць ёй.

– Самі бачылі, хатка ў нас маленькая, – сказала Зося. – Ідзіце ў вёску, папытайце там.

Жанчына яшчэ раз пакланілася на развітанне і пашыбавала па палявой сцежцы праз поле да Крачкаў.

– Божа, Божа, дзе ж гэтая бедная жанчына галоўку прыхіліць? – уздыхнула Зося.

– Трэба было ў сябе пакінуць, – сказаў Гардзей.

– Пакінула б, каб не была яна такая прыгожая.

Зося хітравата ўсміхнулася.

– А мне цяпер усё роўна, – абыякава адказаў Гардзей. – Табе ж доктар усё растлумачыў.

– Растлумачыў? Што ён мне мог растлумачыць, – як бы здзівілася Зося. – Ён мне толькі сказаў, што табе нельга хвалявацца, бо хвароба можа назад вярнуцца.

– Ну?

– Я даўно заўважаю, што не хвалюю цябе. Ты мне ніколі нават «кахаю» не сказаў.

– А хіба пра гэта трэба абавязкова казаць?

– Пажадана, – усміхнулася Зося.

– Вам, бабам, абы языкамі ляскаць, – незадаволена буркнуў Гардзей.

– Ты толькі не злуй і не хвалюйся. Усё ў нас будзе добра.

З двара выбег Ораст, несучы ў рукаў адламаную галіну, падсеў да бацькі, папрасіў:

– Тата, зрабі мне дудку.

– Нашто яна табе?

– Хачу граць.

– Падрасцеш, я табе гармонік куплю. Будзеш ты гарманістам на ўсю вёску.

– Не, я дудку хачу, – заўпарціўся сын, на чорныя, як у Гардзея вочы, навярнуліся слёзы.

– Добра, не плач. Які ты слязлівы, увесь у маму.

Гардзей выцягнуў з кішэні сцізорык, пачаў выразаць дудку. Зося таксама села на лаўку побач, з любасцю паглядвала на сына і мужа. Гэта была рэдкая хвіліна шчаслівага спакою, і трэба было радавацца ёй, бо ніколі не ведаеш, што прынясе заўтрашні дзень.

2

Зося нервавалася, чакала мужа з Крачкаў. Раніцаю прыбег солтысаў унук і загадаў гаспадару ісці на сход. Яна шкадавала, што не пайшла замест яго. Праўда, Гардзей, які апошнім часам пазбягаў розных сходаў, раптам упарта сказаў, што пойдзе ў Крачкі сам. Зося баялася, каб, крый божа, не вярнулася да яго зноў вар’яцтва, бо хто цяпер будзе яго лячыць па ваенным часе? Ужо гатовая была пакінуць гаспадарку і пайсці на пошукі мужа, як, нарэшце, ён з’явіўся сам, увайшоў у хату ўзрушана вясёлы, усмешлівы.

– Што там табе сказалі? – спытала Зося.

– Шмат чаго.

– А чаго ты такі вясёлы?

– Сказалі, што будуць такіх, як Пух, лавіць і адстрэльваць як шалёных сабак. Адплача ён крывавымі слязамі за тое, што атруціў мяне.

– Ай, Гардзей, не радуйся чужой бядзе, дык і свая, можа, не кране.

– Ты мяне не ведаеш, я яму гэтага ніколі не дарую! Ён жа мяне калекам зрабіў! Хто я такі цяпер па-твойму? Вар’ят! Дурань! Шызафрэнік! Памыляешся, галубка! Людзі ведаюць, хто пустазвон, а хто разумны чалавек! Мяне аграномам абралі!

– Аграномам? – як рэха паўтарыла Зося.

– Аграномам. Немцы мне будуць грошы плаціць. А я буду працаваць!

– Нашто табе тое аграномства з хвораю галавою? – усхвалявана спытала Зося.

– Так Бог даў. Усялякая ўлада ад Бога. І гэтая таксама. Спрабаваў я аднойчы паўстаць супраць польскай улады, ды апынуўся ў турме, пакаштаваў гумавых палак, памарнеў у цямніцы і зразумеў, што супраць сілы толькі сілаю можна ваяваць. А з голымі рукамі нічога не дасягнеш, толькі раней часу ў магілу ляжаш. Супраць саветаў, здаецца, нічога не меў, а сябры, якія ім служылі, атруцілі. А немцам паспрабую паслужыць, мо хоць яны мяне зразумеюць. А калі што, дык хто нашых людзей абароніць, калі не я?

– Здаецца мне, што ты зашмат на сябе бярэш. І што ж ты будзеш рабіць?

– Планаваць пасевы, кантраляваць пастаўкі, а, зрэшты, усё, што скажуць.

– Паабедай, адпачні ды падумай, мо табе варта адмовіцца.

– Не, не буду абедаць, няма калі, – адказаў Гардзей, трымаючыся за клямку дзвярэй.

– Куды ты?

– Павяду карову і здам немцам.

– Карову? – жахнулася Зося. – А чым жа мы дзіця будзем карміць?

– Цялушка ацеліцца.

– Дык і здай цялушку! Дадумаўся! Карову здаваць!

– Я вяртаю немцам карову, якую яны мне далі некалі! Як ты не можаш зразумець? – злосна сказаў Гардзей. – А малако для сына будзем браць у Паўліны.

– У тваёй Паўліны снегу зімою не дапросішся.

Гардзей грукнуў дзвярыма і выйшаў у сенцы. Зося спахапілася, што расхвалявалася сама і прымусіла мужа злавацца, але ж яна не ўяўляла, як можна жыць па цяперашнім часе без каровы. Яна пайшла ўслед за Гардзеем, з двара прасачыла, як ён пашыбаваў на поплаў, дзе Ораст пасвіў невялікі хутарскі статак, запыніў карову і пагнаў у Крачкі.

Зося заплакала і сказала ўголас:

– Што зробіш з гэтым вар’ятам? Давядзецца трываць. Няхай робіць, што хоча, толькі б зноў не захварэў.

Не паспела Зося аплакаць карову, як вярнуўся Гардзей, выгнаў з хлява свінню.

– Куды ты яе? – насцярожана спытала Зося.

– Я аграном, таму павінен паказаць асабісты прыклад. Здаў карову, здам свінню, няхай людзі бачаць і робяць, як я, – спакойна адказваў Гардзей.

– Ад цябе ж ніхто гэтага не патрабуе, – паспрабавала разважыць мужа Зося, – чым я цябе буду карміць зімою? Нішчымніцаю будзем давіцца?

– Мне не прывыкаць. Ведаю я і пост, і голад. Усяго пакаштаваў. Ты думаеш, калі мы сіротамі засталіся, дык раскашавалі? Тыднямі галадалі. Пакуль жыць навучыліся!

Зося стала ў весніцах і катэгарычна сказала:

– Свінню не дам! Не дам і ўсё тут!

– Зося, ты лепш мне не пярэч! Будзе па-мойму! Ты ведаеш, я за цябе дужэйшы.

Гардзей узяў жонку за плячо, зазірнуў у вочы і спытаў:

– Што табе доктар сказаў? Каб ты мяне не хвалявала. А ты што робіш?

Зося саступіла, апусціла галаву і пайшла ў хату. «Каб ты ведаў, што ў сапраўднасці мне сказаў доктар, дык так сябе не паводзіў бы, – горка падумала яна. – Як я буду жыць? Што мяне чакае наперадзе? Як гадаваць сына? Каб хоць быў жывы мой бацька, можа, Ораст браў бы прыклад з дзеда. Які сын вырасце побач з бацькам-вар’ятам? Божа літасцівы, пакараў ты мяне за мае вялікія грахі. Я вытручвала сваіх ненароджаных дзяцей, а цяпер мой атручаны муж атруціць мне ўсё маё астатняе жыццё».

Зося ўвайшла ў хату, стала на калені перад іконаю Божай Маці, якая вісела ў кутку, і доўга малілася, пакуль на душу не прыйшла палёгка.

3

Солтыс Баранчык вельмі здзівіўся, калі ўбачыў Гардзееў унёсак у справу ўмацавання Германіі, і спытаў узрушана:

– Што ты робіш, чалавеча?

– Тое, што патрабуе дзяржава, якой я наважыўся служыць.

– Яна ж можа падавіцца тваёю кароваю, – грэбліва пасміхнуўся солтыс, які ва ўсім ведаў меру, бо яшчэ пры Польшчы нязменна выбіраўся на гэтую пасаду і добра разумеў, колькі дзяржаве ні давай, заўсёды будзе мала.

Баранчык быў сярэдняга росту, хударлявы, з вострым позіркам глыбока пасаджаных вачэй, якія выблісквалі з-пад калматых броваў і казырка вылінялай шапкі-васьміклінкі. Ён пазіраў на Гардзея, як на неразумнае дзіця, і чакаў, што дадатковыя тлумачэнні не спатрэбяцца. Аднак было відно, што да новаспечанага агранома нічога не даходзіла, таму давялося выказвацца прамым тэкстам.

– Забірай, Гардзей, сваю карову і гані дахаты. Не смяшы людзей, – сказаў Баранчык.

– Я ж ад шчырага сэрца.

Солтыс згадаў, што ў Гардзея ад вялікага розуму нешта здарылася з галавою, таму вырашыў больш не настойваць, бо дурня вучыць – дарэмна час траціць, толькі сказаў з горкаю ўсмешкаю:

– Калі табе сваёй каровы не шкада, дык я па ёй таксама плакаць не буду.

– Дальбог, не шкада мне нічога. Я толькі хачу, каб пакаралі тых, хто атруціў мяне.

– Не хвалюйся, калі яны сапраўды цябе атруцілі, іх Бог пакарае. Паслухай, якая ў мяне праблема. Немцы ахоўваюць чыгунку і наогул раскідваюць па вёсках для парадку групы вайскоўцаў. Трэба іх рассяліць на хатах. Там такі афіцэр памаўзлівы, яму б маладзічку цёплую. Як ты думаеш, куды яго лепш падсяліць? Можа, да Марфы? Яна баба згаворлівая.

Гардзей хвіліну падумаў і адказаў:

– Думаю можна было б да Серафіма.

– Ён жа твой сваяк!

– Жонка ў яго прыемная, спакойная, пакорлівая, – патлумачыў Гардзей.

– Нешта ты недагаворваеш, хлопец, – заўважыў Баранчык.

– Калі па праўдзе сказаць табе, дзядзька Пракоп, дык Серафім быў камітэтчыкам і заслугоўвае кары як бальшавіцкі прыслужнік.

Вочы солтыса спахмурнелі, бровы ссунуліся да пераносся, і ён ціха сказаў:

– Ніколі не бяры на сябе ролю суддзі. Помніш, як у Бібліі сказана: не судзі і несудзімы будзеш. Кожны за свае грахі адкажа сам.

– Але ж Германія патрабуе, каб мы змагаліся з яўрэямі і камуністамі! – запярэчыў Гардзей.

– Серафім – не яўрэй і не камуніст. А каб і быў такі, дык хіба мы з табою маем права судзіць яго? Ты ж, помніцца мне, некалі таксама вадзіў хаўрус з камсамольцамі, у польскай турме за гэта сядзеў. Дык што з табою цяпер рабіць?

Гардзей апусціў галаву, абдумваючы пачутае, потым сказаў, нібы апраўдваючыся:

– З-за таго, што быў я камсамольцам, нікому дрэнна не стала. А з-за такіх, як Серафім, Леванюк, Марфа майго цесця вывезлі, старога, нямоглага чалавека, які нават да Сібіры не даехаў і сканаў у цягніку.

– Нікому, кажаш, не было дрэнна? А за што Маркевіча застрэлілі? Ці не з-за тых чырвоных сцягоў, што ты развешваў? Дурныя яны, Марфа, Леванюк, Серафім і іншыя, не ведалі, што рабілі. А ты не павінен у сваіх паводзінах паўтараць іх. Брудную сарочку можна памыць. Запаскуджаную душу нічым не адмыеш! Ідзі і падумай пра тое, што я табе сказаў.

Гардзей выйшаў ад Баранчыка і адчуў страшэнны боль у галаве. Падалося, што хвароба вяртаецца, ён устрывожана прыслухаўся да звону ў вушах. «Нічога, трымайся, трымайся, – падбадзёрыў ён сябе. Галоўнае – не з’ехаць з глузду. Галоўнае – трымацца за рэчаіснасць. Ён зірнуў у яснае неба, на залатыя дрэвы і на душы пасвятлела. Убачыў, як купаюцца ў дарожным пыле вераб’і і ўсміхнуўся, аднак птушынае цвыркатанне ледзьве пачуў з-за шуму ў вушах. Зноў яму згадаліся тыя, хто быў вінаваты ў ягонай хваробе, і ўзнікла жаданне адпомсціць крыўдзіцелям, але ўспомніў наказ солтыса і прыцішыў свой гнеў. Унурыўшы галаву, няспешна пайшоў дахаты, змагаючыся з тымі думкамі, якія з’яўляліся і клікалі дзейнічаць у абарону сваёй годнасці, здароўя, аўтарытэту. Ён вымушаны быў душыць у сабе гэтыя парыванні. Яму згадалася біблейскае выслоўе: «Палюбі ворагаў сваіх». І ён вырашыў нікому не помсціць, усім дараваць і жыць у міры і ладзе з уласнай душою.

Гардзей вельмі здзівіўся, калі ўбачыў каля сваёй хаты нямецкі матацыкл. На двары, седзячы на прызбе, галасіла Зося, абдымаючы сына. Над ёю стаялі немец і паліцыянт, хлопец з суседняй вёскі, Гардзей імя яго не помніў, толькі ведаў, што гэта сын Паўлюся Ткачука.

– Што тут адбываецца? – усхвалявана спытаў Гардзей.

– Данеслі немцам, што твая жонка была камуністкаю. Прыйшлі яе арыштоўваць, – адказаў паліцыянт.

– Зося камуністка? – уражана спытаў Гардзей. – Ды гэта бессаромная хлусня!

– Напісалі, што яна збірала грошы на падтрымку камуністаў!

– Гэта мая жонка! Я працую аграномам! Спытайце ў солтыса! Толькі што я завёў карову і свінню для падтрымкі нямецкага войска!

– У нас загад, – у нерашучасці заўважыў паліцыянт.

Гардзей сам пачаў тлумачыць немцу, як мог, выкарыстоўваючы тую сотню слоў, якую вынес з маленства, што ягоная сям’я гатовая верай і праўдай служыць Германіі. Зося ўсхліпвала і туліла да сябе Ораста.

Немец згодна паківаў галавою:

– Гут, гут!

– У такім разе прашу ў хату, госці дарагія, – Гардзей гасцінна расчыніў дзверы ў сенцы. – Зося, збяры нам што-небудзь паесці.

Немец і паліцыянт адразу селі за стол. Зося мітусілася каля печы. Гардзей, наразаючы хлеб, сказаў паліцыянту:

– Ведаю, што ты Паўлюсеў сын, а як завуць не помню.

– Антон, а гэта пан Фогель.

– Рады пазнаёміцца. Скажы, Антон, хто ж гэта на Зосю такое напісаў?

– Ды ёсць тут у вас адна баба, – ухіліўся ад адказу паліцыянт.

Гардзей прынёс з каморы пляшку самагонкі, паставіў на стол. Вочы

паліцыянта і немца адразу палагаднелі. Зося паднесла талеркі з нарэзанымі гуркамі і салам. У печы ўжо смажылася яечня са шкваркамі, і смачны дух разносіўся па хаце.

– Дык што за баба такая? – зноў спытаў Гардзей.

– Марфа.

– Марфа? – перапытаў Гардзей. – Што ж ёй трэба ад нас?

– А хто гэтых макрахвостых разбярэ, што ім трэба? Грызуцца як сабакі, самі не ведаюць за што, – адказаў паліцыянт, наліваючы чаркі. – Будзьма здаровыя.

Немец і Гардзей таксама паднялі свае чаркі і выпілі.

– Закусвайце, госці дарагія, – запрасіў гаспадар.

Немец падчапіў відэльцам сала, пачаў са смакам есці. Паліцыянт сквапна жаваў на дзве шчакі, а Гардзей пакутліва думаў: «Вось і жыві тут у міры і згодзе! Як можна дараваць такое? Спазніся я на хоць трохі – і звезлі б маю жонку разам з сынам. Не ведаў бы, дзе шукаць? Іх жа маглі расстраляць! Гэтага Марфе не дарую! Яна мне крывавымі слязьмі адплача за сваю подласць. Няўжо разлічвае, што вазьму яе замуж, калі нешта з Зосяю здарыцца? Ці ёй на радасць – мая бяда? Паскуда! Пачакай! Ты ў мяне атрымаеш.»

У душы Гардзея закіпаў гнеў, ён і не спрабаваў яго тушыць. Не, ён не святы, каб дараваць такое. Забралі здароўе, а цяпер да сям’і падбіраюцца.

4

Прамінула колькі тыдняў, і Гардзей быццам забыўся на сваю крыўду на Марфу. У ваганнях – помсціць ці дараваць, ён схіляўся да думкі, што, можа, не варта браць грэх на душу. Няхай тая Марфа задушыцца ад злосці, пэўна, яна сама сябе пакарала, калі носіць у душы столькі злосці, што гатовая знішчыць ягоную жонку і дзіця. Але жыццё як бы знарок выштурхоўвала яго на шлях помсты. Аднойчы Зося прыйшла з Крачкаў і сказала, што Марк вярнуўся. Гэтая навіна шчыра парадавала Гардзея. Чалавек вярнуўся з Поўначы, лічы, з таго свету. Ён неадкладна сабраўся і пайшоў наведаць былога суседа. Марка ён застаў дома і не адразу пазнаў. За два гады той ператварыўся ў старога дзеда, высах на трэску, запалыя вочы глядзелі насцярожана.

– Здароў, Марк, – Гардзей радасна паціснуў руку гаспадара.

– Здароў, – вяла азваўся Марк. – Сядай, расказвай. Ты, кажуць, у начальства выбіўся.

– Ды якое там начальства? Аграном і толькі. Ніхто не хацеў ісці на гэтую пасаду, баяліся адказнасці.

Марк скруціў самакрутку, закурыў, закашляўся, раздражнёна прабурчаў:

– Каб цябе халера.

– Кідаў бы гэтае курыва.

– Прывык, не магу кінуць.

– Раскажы, як табе ўдалося ўцячы. Зосін бацька памёр у дарозе, не даехаў нават да месца прызначэння.

Марк уздыхнуў, памаўчаў, пазіраючы на чырвоны агеньчык цыгарэты, потым сказаў:

– Хіба раскажаш? Гэта трэба перажыць, адчуць. Спаць у снезе, галадаць і працаваць пад дажджом на паўночным ветры, калі, здаецца, і душа ў цябе вымерзла. Не, браце, лепш не згадваць. Мінула, і дзякаваць богу.

– Як жа ты ўцёк?

– Як пачалася эвакуацыя, зэкаў таксама вывозілі. Удалося нам выдраць дошку ў падлозе вагона. І ноччу ў час стаянкі збегла нас чалавек дванаццаць. Прайшоў пешкі мо кіламетраў тысячу. Думаў не дайду, але ёсць Бог на свеце.

– Малайчына ты, Марк. Галоўнае, што дайшоў.

– А што тут у нас?

– Нічога пакуль, жыць можна. Але трэба плаціць падаткі. Так што рыхтуй свінню або карову. Нямецкі салдат не можа галадаць.

Марк злосна зірнуў на Гардзея:

– Нічога не дам!

– Тады цябе расстраляюць!

– Вось трапілі ў нерат. – сказаў Марк. – Напэўна, хутка анямечваць пачнуць?

– Прызнаюся табе шчыра, хоць немцы і прыйшлі надоўга, але наўрад ці прынясуць яны нам шчасце, – вось над чым я думаю. – Ды што немцы? Свае душу дастануць.

– Ды ўжо ж. Саветы проста вывозілі. А гэтыя знішчаюць без лішніх размоў.

– Ведаеш, каб дзе сустрэў Пуха, задушыў бы, і рука не здрыганулася б! За што ён мяне атруціў? Я малады і здаровы мужчына штодня адчуваю сябе старым і нямоглым. І ўсё праз яго!

Марк насцярожана зірнуў на Гардзея, як бы нешта ўзважваючы.

– Ты разумееш мяне? Я ўжо не мужчына, душою я стары дзед! Душэўна хворы чалавек! Разумееш? – гарачыўся Гардзей.

– Ты сапраўды хочаш яму адпомсціць?

– А як бы ты адчуваў сябе на маім месцы? Уяві, што прыходзіць нейкі злыдзень, дае табе выпіць атруту – і ты ператвараешся ў жывёлу, няздатную самастойна ні жыць, ні разважаць. Свет навокал напаўняецца пачварамі, якія нараджае твой мозг, а ты бачыш іх, быццам у сапраўднасці!

– Няўжо ён мог гэта зрабіць?

– Зрабіў, зрабіў.

– А Пух таксама вярнуўся, – раптам нечакана для сябе самога сказаў Марк.

Гардзей ажно падскочыў з лавы.

– Вярнуўся? А дзе ж ён?

– Кажуць, хаваецца. Спрабаваў збегчы разам з саветамі, але недзе пад Магілёвам трапіў у акружэнне і мусіў вяртацца дамоў.

– Адкуль ты ведаеш? – узбуджана спытаў Гардзей.

– Яго баба маёй пахвалілася. Не ўтрымала язык за зубамі.

«Пух вярнуўся, Пух вярнуўся!» – білася ў скронях. – Галоўны вораг, які падкасіў здароўе, які знішчыў ува мне мужчыну, жыве побач не адпомшчаны. А ў мяне ёсць магчымасць знішчыць яго нават не сваімі рукамі, а з дапамогаю немцаў. Знішчыць. Ці хачу я ягонай смерці? Проста мне трэба напалохаць яго, каб ён перажыў тыя ж пакуты, што і я, атруціць яго існаванне, як ён атруціў маё жыццё».

Марк яшчэ нешта казаў, але Гардзей ужо няздатны быў яго слухаць, жаданне помсты апанавала ягоную душу. На паўслове ён спыніў гаспадара, развітаўся і заспяшаўся дахаты. Дома сеў за стол і склаў спіс на савецкіх работнікаў і актывістаў, у які трапілі ў першую чаргу: Яўсей Пух, Марфа Хвясюк, Серафім Барэйша, тыя, хто непасрэдна прыносілі зло ягонай сям’і. Гардзея апанавала жаданне дзейнічаць, і ён вырашыў неадкладна завезці спіс у Жабінку і здаць у паліцыю.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю