355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 12)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 12 (всего у книги 21 страниц)

– Добра, добра, разгледзім, дзед, тваю заяву, не хвалюйся.

Кірыла падзякаваў, развітаўся і выйшаў з кабінета заспакоены тым, што добра пагаварыў з чалавекам. Едучы з Жабінкі дамоў, ён падганяў свайго рахманага каня і ўсё згадваў гаворку з начальнікам ды раздумваў, хто ж прыпісаў яму чужую гаспадарку? Хто гэты вораг? І што яшчэ ад яго можна чакаць? Каб ведаць, дык пайшоў бы, проста пагутарыў з чалавекам, спытаў, за што той трымае злосць на яго, за што помсціць? А так, можа, і век зжывеш і не даведаешся, хто цябе хоча са свету звесці. Можа, гэта ўсё з-за Гардзея робіцца? Хоць і разумны хлопец, а неасцярожны, лёгка ворагаў нажывае. Сябе самога не ўбярог, хваробу такую страшную знайшоў. Не здарма ж кажуць, як захоча Бог пакараць, дык розум адбярэ.

– Ох, грахі нашы цяжкія! – уздыхнуў Кірыла. – Дня не пражывеш, каб не саграшыць. Я ўжо і ворагаў сабе навыдумляў. А гэта, можа, проста нейкая памылка атрымалася. Памылка! Але ж магла каштаваць мне жыцця. Хіба ж я выжыву ў той Сібіры?

Стары пакашляў у кулак, паглядзеў навокал і здзівіўся, што так вось, разважаючы сам з сабою, непрыкметна даехаў да Крачкаў. Пачалі сустракацца знаёмыя людзі, і ён вітаўся з кожным ветліва і падкрэслена, але і пільна ўзіраўся ў вочы. Можа, менавіта гэты чалавек за нешта не любіць яго і гатовы адпомсціць намоваю.

Каля свайго двара стаяла Марфа з дзіцем на руках. Кірыла зычліва павітаўся з ёю:

– Добры дзень, Марфачка. Я думаў, ты ўвесь час цяпер у сельсавеце засядаеш. А ты каля сваёй хаты.

– Здароў, дзядзька Кірыла. Засядаю я, калі паклічуць. А так дома ўпраўляюся. Адкуль едзеш?

– Нешта ў сельсавеце наблыталі, мяне кулаком запісалі. Ездзіў скардзіцца.

Марфа здзіўлена ўтаропілася ў старога.

– Чаго маўчыш? Можа, ведаеш, хто мяне падвёў пад дурнога хату?

– У вас свой дурань у хаце завёўся. Як ваш шаленец, ці ачуняў?

– А табе што за клопат?

– Ды нічога. Так сабе. Не ведаю я, хто цябе ў кулакі запісаў, а каб ведала, дык не сказала б. Гэта справа дзяржаўная. Як дзяржава робіць, так і трэба.

– Дзяржава робіць? – абурана перапытаў Кірыла. – А вы што робіце ў сваім сельсавеце? Для чаго вы там? Каб сумленных людзей злачынцамі рабіць? І з якога гэта часу ў гаспадарцы сталі лішнімі карова ды конь?

Ён не стаў чакаць адказу і працягваць гаворку, а сцебануў каня і паехаў дадому. У свядомасці ягонай закралася здагадка, ці не Марфіных гэта рук справа? Казалі ж людзі, што некалі Гардзей да яе заляцаўся. Невядома, што між імі было, а вось чамусьці, мусіць, трымае яна злосць на Гардзея да гэтага, вось і помсціць ягонай сям’і. Цяпер яна ў сялянскім камітэце. Там яны, самахоць, каб за што-небудзь адпомсціць, сябе паказаць, да чаго хочаш могуць дадумацца, якія заўгодна спісы складуць. Эх, людзі, людзі! За ўсё ж давядзецца адказваць перад сваім сумленнем і перад Богам!

Дома Кірылу нецярпліва чакалі дачка і брат, хваляваліся, бо ўжо нямала каго з вяскоўцаў абвясцілі кулакамі і гразіліся вывезці немаведама куды.

– Ну, што табе сказалі? – спытаў Карп.

– Паабяцалі, што разбяруцца, – адказаў Кірыла, стараючыся не паказваць трывогі, і дадаў: – Я ўсё думаю, хто ж гэта мог мяне ўнесці ў спіс? Гэта ж нехта з нашых людзей. Жабінкаўскае начальства мяне не ведае.

– Вядома, нехта з нашых, – пацвердзіў Карп. – Запісалі адзін раз, яшчэ колькі хочаш разоў запішуць.

– А можа, і ўсё будзе добра, – сказала Зося і абурылася, – як людзі граху не баяцца?

– Яны ж бязбожнікі, – адказаў Карп.

– Звычайна людзей арыштоўваюць і забіраюць па начах. Баюся, што прыйдуць па мяне, а заадно і Зосю з малым схопяць, – сумна сказаў Кірыла. – Для мяне гэта будзе двайная пакута. Можа, трэба было б ёй пажыць дзе ў каго? Мо да Паўліны пойдзеш, дачка, га?

– Да Паўліны не пайду, – цвёрда адказала Зося. – Лепш з табою.

– Са мною табе нельга. Вернецца Гардзей, а цябе няма. Сыну бацька трэба, – Кірыла з пяшчотаю зірнуў на ўнука, які бавіўся на запечку.

– Няхай Зося з сынам начуюць у нас, яна ж нам не чужая, – прапанаваў Карп. – Ці згодная, Зося?

– Згодная, але бацьку шкада. Як ён тут адзін?

– Дык ты ж цэлы дзень будзеш дома, толькі начавацьмеш у нас. Што тут такога? Раней жа ты ад усялякіх нягодаў у нас хавалася.

– Было, было, – цёпла ўсміхнулася Зося, згадаўшы далёкае юнацтва і тыя свае мітрэнгі, калі яна шукала смерці, нават хацела ўтапіцца.

– Дык і прыходзь сёння ж, будзем чакаць. Можаце нанач і карову з канём у мяне ставіць.

– А калі і па цябе прыйдуць? – выказаў сумненне Кірыла.

– Пакуль я лічуся серадняком. А на цябе кулацкі падатак усклалі, гэта як першае папярэджанне, – адказаў Карп.

Кірыла цяжка ўздыхнуў, памаўчаў, потым узняў вочы на дачку, сказаў:

– Як ехаў з Жабінкі, сустрэў Марфу. Нейкая яна злосная. Мо ты, Зося, з ёю пасварылася за што?

– Не сварылася я з ёю і не мірылася. Яна, па ўсім відаць, на Гардзея зуб мае.

– Няўжо яна магла? – здзівіўся Карп.

– Чаму б і не? Яна ж цяпер начальства, у сялянскі камітэт уваходзіць.

– Дык і наш Серафім там жа, – нагадала Зося.

– А што той Серафім? Ён як цяля дурное. Трымаюць яго там для прыліку, – сказаў Карп. – Бач якая гадаўка! Нічога, гэта ёй бокам вылезе.

«Вось што надумала Марфа, мяне з бацькам выслаць у Сібір, каб з Гардзеем застацца, – разгневана падумала Зося. – А куды яна свайго Якуба падзене? Ці пры камунізме і мужы будуць агульныя? Не дачакаецца. Гардзей мой! Нікому яго не аддам! Што ад зайздрасці з ёю робіцца! Але Бог усё бачыць!»

8

Кірылу забралі цёмнай снежаньскай ноччу. Як гэта здарылася, на Карпавым хутары не чулі і не бачылі. На снезе каля Кірылавай хаты засталіся сляды ад санных палазоў, якія вялі да Крачкаў, напэўна, павезлі яго спярша ў Жабінку. Калі ранічкай Зося, як звычайна, прыйшла дамоў, у хаце ўсё было перавернута дагары нагамі. Канфіскавалі швейную машынку, выграблі ўсё аддзенне са скрыні, а таксама забралі сала з кубла і кумпякі з вышак. Нават курэй пералавілі ўсіх да адной. У куратніку толькі там-сям бялела выскубанае пер’е. Зося аглядала гаспадарку, галасіла і праклінала. Напэўна, рабавалі свае аднавяскоўцы, якія ведалі, дзе што можа ляжаць у сялянскай хаце.

– Каб вы сваёй крыві напіліся! Каб вам век долі не было! Каб вы падавіліся нашым дабром! – Зося крычала на ўвесь голас, выціраючы слёзы, хацела каб увесь свет пачуў яе.

Следам хадзіў маленькі Ораст і з перапалоху таксама паціху румзаў. Зося было ўзялася парадкаваць хату, а потым спахапілася, што, магчыма, бацьку яшчэ можна заспець у Жабінцы, бо ведала: людзей, якіх высылалі, часам па некалькі сутак трымалі на вакзале. Яна пабегла да Карпа, каб расказаць пра страшную навіну ды разам падумаць, што рабіць далей.

Карп, не раздумваючы, запрог каня і пад ціхі плач і божканні жонкі, якая прынесла ў сані вялізную торбу з харчамі для Кірылы, выехаў з Зосяй з двара. Свежы сняжок злёгку прыцерушыў дарогу. Сані беглі лёгка. Пад ранішнім сонцам снег гарэў, іскрыўся дыяментамі. Такое прывіднае хараство, ажно глядзець балюча. Зося жмурыла вочы і думала пра тое, што варта ўзяць у руку зіхоткую сняжынку – адразу растане, застанецца на далоні расінка. Вось так і ў жыцці зіхціць нешта, грае, свеціцца, а толькі дацягнешся рукою – і гэта хараство знікае, раствараецца, працякае праз пальцы, як вада. Выходзіла замуж за Гардзея, думала, што век будзе шчаслівая, але злыя людзі ўкралі шчасце.

Хоць перон быў чорны і затаптаны мноствам слядоў, на вакзале было нязвыкла пуста, не так, як тады, калі Зося ехала з Гардзеем у Баранавічы. «Напэўна, ужо з усімі разабраліся, каго ў Сібір, каго ў турму, – змрочна падумала Зося. – Было дрэнна, і цяпер не лепш».

– Напэўна, спазніліся мы, – сказаў дзядзька Карп. – Пасядзі ў санях, а я пайду спытаю на вакзале ў начальства, ці вывозілі сёння каго.

Зося засталася адна ў санях, ямчэй села, ухутала ногі сенам, каб не мерзлі, назірала за зграяй вераб’ёў, якія са звонкім шчабятаннем нешта знаходзілі і дзяўблі на брудным снезе перона.

«Добра птушкам, – падумала Зося, – няма ў іх маёмасці, няма крыўды, лётай і радуйся жыццю. Адзіныя ўладары ў іх – ноч ды дзень, дождж ды вецер. Людзям бы ў іх павучыцца жыць».

Раптам два вераб’і не падзялілі нешта, пачалі голасна ціўкаць, налятаць адзін на аднаго, дзяўбціся. Іншыя вераб’і таксама ўстурбавана заціўкалі, чародка ўзнялася і пераляцела на дрэва. Але і тут два задзірыстыя вераб’і ўсё працягвалі нешта даводзіць адзін аднаму. Зноў заціўкала ўся чарада і паляцела некуды за вакзал.

«У птушак таксама няма ладу, – расчаравана падумала Зося. – Што ім дзяліць? Нейкую крошку? Дык чаго чакаць ад людзей, калі вочы ў іх сквапныя, душы пажадлівыя, здаецца, праглынулі б увесь свет. А ці шмат трэба чалавеку для шчасця? Толькі была б родная душа побач, якую ты любіш, кахаеш, без якой і жыцця свайго не ўяўляеш. Бедны мой бацька, як ён перажыве дарогу? Як наогул выжыве? Стары ўжо чалавек, стомлены жыццём, не надта здаровы. Як там мой Гардзей? Хоць бы з ім чаго дрэннага не здарылася. Ён часам бывае такі адкрыты. Што думае, тое і скажа, а людзі гэтага не любяць, не разумеюць».

Вярнуўся Карп, агледзеў вупраж, падаткнуў сена, што выбілася праз драбіны.

– Ну што, дзядзька? – спытала Зося.

– Спазніліся мы. І зусім на мала. Начальнік вакзала сказаў, што эшалон адправіўся паўгадзіны таму.

Зося роспачна заплакала, размазваючы слёзы па твары.

– Годзе, годзе плакаць. Будзем спадзявацца, што Кірыла вернецца. Без веры жыць нельга. А будзеш плакаць, у яго толькі душа будзе балець.

– Добра, я не буду плакаць. Сёння ж вярнуся дамоў. Няхай прыходзяць і забіраюць мяне. Усё з хаты згрэблі! Ні сумлення, ні сэрца ў іх няма! Не разбагацеюць яны, нават калі душу маю забяруць. Пачвары, гіцлі, нелюдзі!

– Што ж, вяртайся. Думаю, што цябе пакуль чапаць не будуць. Кірыла за ўсіх адпакутуе. Не плач, не бядуй. Можа, бацька хутка ліст прышле.

– Адна я засталася! Муж у псіхушцы. Невядома, што і як там ён. Ці выжыве? Бацьку таксама вывезлі на катаргу. Што ж мне цяпер.

– Табе трэба сына гадаваць ды сябе шанаваць, – спакойна адказаў Карп, усаджваючыся на сані і паганяючы каня. – Бог на тое нам і пасылае выпрабаванні, каб мы не толькі іх перамагалі, але і гартавалі сваю душу.

У той жа дзень Зося вярнулася ў бацькаву хату, прыбрала раскіданыя рэчы, вымыла, адшаравала дзеркачом падлогу, каб і духу злых прыхадняў не засталося. Ораст быў на дзіва паслухмяны, стараўся дапамагаць маці. Калі ўсё было зроблена, яна прытуліла да сябе сына, пацалавала ў лоб і падумала: «Будзем неяк жыць далей.»

9

Зося прала кудзелю. Не надта тонкія ніткі ў яе атрымліваліся, але спатрэбяцца хоць на якую посцілку. Кожная рэч, якая выкарыстоўваецца ў хатнім пажытку, каштуе грошай. А дзе іх набрацца? Побач гартаў Каціну кніжку Ораст. Чытаць ён яшчэ не ўмеў, але ведаў асобныя літары, называў іх час ад часу ды разглядваў малюнкі, нешта тлумачыў маці, а яна нічога не чула. Думала пра бацьку ды пра мужа. Як яны? Дзе? Ці здаровыя? Ці жывыя? Да Гардзея яна не магла паехаць, бо ведала, што далей Баранавіч яе не пусцяць. Для таго, каб паехаць у Савецкую Беларусь патрэбен быў нейкі асаблівы дазвол.

У пачатку восені з псіхбальніцы за подпісам галоўнага ўрача прыйшоў кароткі ліст, у якім паведамлялася, што яе муж знаходзіцца на лячэнні, а таксама прасілі выслаць для яго цёплае адзенне. Тады Зося і паслала пасылку. Колькі яшчэ збіраліся яго лячыць, заставалася невядомым. Суцяшала тое, што жывы і на сваіх нагах, напэўна, выходзіць на вуліцу, калі спатрэбілася цёплае адзенне.

Хоць Зося была занятая справай, але краем вока заўважыла, што за акном мільгануў цень і падумала, што прыйшоў дзядзька Карп.

Чалавек патупаў на ганку, атрасаючы снег, увайшоў у сенцы, пашкрабаў па сцяне ў цемры, знайшоў клямку, дзверы адчыніліся, і на парозе ўзнік. Гардзей.

– Ораст, наш татка прыехаў! – радасна ўскрыкнула Зося і кінулася да мужа.

Ён, нібы чужы, адступіў ад яе, захінаючыся рукою, угледзеўся ў твар, быццам спрабуючы згадаць, хто такая, нарэшце зняў шапку, агаліў астрыжаную нагола галаву, стала бачна, як змарнеў ягоны твар, сказаў:

– Добрага здароўя.

– Божа мой, добра, што хоць ты вярнуўся. Я ўжо не ведала, што і думаць. Бацьку некуды звезлі, ад цябе ніякіх вестак, – разгублена сказала Зося.

– Хто звёз?

– Тыя, што раскулачваюць. Я з Орастам у тую ноч начавала ў дзядзькі, прыйшла раніцаю, а тут такі вэрхал, што за галаву схапілася. Усё лепшае вынеслі гэтыя сельсаветчыкі. Добра, што карову ды каня ў Карпа схавалі.

– Ты думаеш, што гэта яны?

– А хто ж яшчэ? Каб іх яма пазавальвала! Каб яны нашым дабром падавіліся!

– І хто ж там, у сельсавеце?

– Хапае навалачы рознай. Наш Серафім нават туды прабіўся. Марфа, гэтая лярва паскудная, каб ёй дабра не было. Хіба ты не помніш?

– Мала што помню. Прабач. Я яшчэ не вельмі здаровы. А каня таксама забралі?

– Не, каня мы схавалі ў Карпа. Ай што ж гэта я? Ты ж здарожыўся. Распранайся, зараз пакармлю цябе, – спахапілася Зося.

Гардзей павесіў паліто на крук каля парога, сеў каля стала, паглядзеў на Ораста, прыгладзіў рукою грыўку сыну, спытаў:

– Ты ўжо кніжкі чытаеш?

– Не, я цытаць не ўмею.

– Нічога, я цябе навучу, – упершыню за ўвесь час Гардзей усміхнуўся.

Зося пачала бразгаць посудам ля печы. Гардзей нервова скрывіўся, быццам кожны гук працінаў яго болем. Ён папрасіў:

– Дай мне піць.

Зося зачэрпнула кубак вады з вядра, што стаяла на лаве каля парога, паднесла мужу. Ён панюхаў, паспытаў ваду і адставіў убок. Зося здагадалася: усё яшчэ баіцца атруты. Каб разупэўніць мужа, сказала:

– Вада ў нас смачная, табе заўсёды падабалася.

– А ты можаш быць упэўненая, што яе не атруцілі? Дарэчы, дзе Пух з Валошчыкам?

– У Берасці, мусіць. Прынамсі, мне ў Крачках на вочы яны не трапляліся.

– Нічога, яшчэ трапяцца.

Зося наліла ў міску капусты, паставіла перад мужам. У другую міску паклала прасяную кашу.

– Прабач за сціплы абед, хоць заўсёды чакала цябе, але не адчула той дзень, калі ты можаш з’явіцца, – сказала яна, сапраўды шкадуючы, што не зварыла чаго смачнейшага.

Гардзей нічога не адказаў, доўга прынюхваўся да капусты і кашы, з’еў зусім мала. Потым сядзеў за сталом і доўга маўчаў.

– Хоць раскажы што-небудзь, як табе там былося? – папрасіла Зося. – Ты вельмі схуднеў. Дрэнна кармілі?

– Не пытайся, я нічога не помню, а што і помню згадваць не жадаю. Прыбяры са стала.

– Можа, табе сальца прынесці салёненькага?

– Не кажы больш пра ежу.

Зося хоць і бачыла, што Гардзею цяжка, але не магла маўчаць, душа яе поўнілася радасцю. Хацелася прытуліцца да мужа, абняць яго моцна, але не адважвалася першаю выявіць пяшчоту ды і сына саромелася. Ужо ж вялікі хлопчык, усё разумее.

– Гардзейка, табе ж абмыцца трэба з дарогі. Я дастану чыгун гарачай вады, налью ў балею.

– Налі, – азваўся муж.

Зося замітусілася, рыхтуючы яму чыстую бялізну і ручнік, ставячы балею пасярод хаты. Ораст з цікавасцю назіраў за тым, што адбывалася. Гардзей распрануўся, улез у балею ў сподніх нагавіцах, сеў, плёхнуў сабе на грудзі вады. Было відно, што яму не хочацца нават рукамі варушыць.

«Зусім знясілеў чалавек, – падумала Зося, пазіраючы на ягоную схуднелую спіну, на якой рэзка вымалёўваўся хрыбет. – Такі спраўны быў мужчына. Нічога, адкармлю яго, абы здароўе трохі наладзілася».

– Давай я табе спіну пашарую, – прапанавала Зося.

– Ну, пашаруй, – адказаў ён вяла.

– Ах ты мой вандроўнічак, зараз мы змыем з цябе стому і нягоды, – сказала Зося закасваючы рукавы.

Яна пяшчотна правяла рукою па Гардзеевай спіне і адчула як маладая колішняя жарсць напоўніла яе цела, забруілася, запульсавала ў жылах. Яна нахілілася да мужа і прашаптала яму на вуха:

– Як жа я засумавала па табе!

Ён нічога не адказаў, сядзеў абыякавы і стомлены, на твары чыталася незадаволенасць, быццам ён хацеў, каб гэтае мыццё хутчэй скончылася.

– Нічога, Гардзейка, нічога! Усе няшчасці і хваробы аднойчы мінаюць. Адкармлю я цябе – падужэеш, дык і жыццё да лепшага пераменіцца.

– Годзе мыцца. Затулі мяне якою посцілкаю, я апрануся ў чыстую бялізну.

«Бач які сарамлівы стаў! А мо ён і не здагадваецца, хто я такая? Халера яго ведае, што з ім зрабілася. Быццам падмянілі мужыка», – з крыўдаю падумала Зося і сказала, хаваючы сваё расчараванне:

– Можа, адпачнеш з дарогі? Вунь ужо і змяркаецца. Я пайду карову падаю, пакармлю свінчо і курэй, ды і ляжам спаць раней. Чаго нам дарма газу паліць?

Гардзей паглядзеў у акно і кіўнуў галавою ў знак згоды. Зося падышла да запечка, пачала слаць пасцель, Гардзей спыніў яе:

– Мне пасцялі на лаве.

– Чаму? – здзівілася Зося.

– Хлопец ужо вялікі. І мне нельга хвалявацца. Гэтак доктар сказаў.

– Добра, – з гатоўнасцю адказала Зося.

Яна паслала мужу на лаве, сыну сказала, каб лез на печ, бавіўся там і не замінаў бацьку адпачываць. Гардзей лёг на лаве. Зося накрыла яго посцілкаю, а зверху яшчэ і кажухом, сказала ласкава:

– Адпачывай, сонца маё, яшчэ нагаворымся. У нас цэлае жыццё наперадзе.

Ён заплюшчыў вочы. Потым Зося, калі ўпраўлялася па гаспадарцы і па справе забягала ў хату, усё кідала хуткія позіркі ў бок мужа, але ён адвярнуўся да сцяны і ягонага твару яна не бачыла. Душа Зосіна спявала, цвіла, радавалася вяртанню Гардзея, спадзявалася на шчаслівы працяг. Цяпер і сын будзе пры бацьку. Напэўна, ж Гардзей не паедзе больш у Берасце да той палячкі, якая так прыгрэлася каля яго, што ледзь назусім не прывязала. Зося ўявіла, як яны будуць разам сядзець доўгімі піліпаўскімі вечарамі, размаўляць, цешыцца сынам і проста па-чалавечы жыць. Каб яшчэ бацька вярнуўся ды ад Каці атрымаць хоць які ліст. Дзе яна, небарачка? Няўжо паехала ў Індыю? Ды не варта журыцца, аплакваць жывых людзей. Няхай Бог беражэ бацьку і сястру, дзе б яны ні былі. Трэба жывіцца і той радасці, якая здарылася сёння.

10

Неўзабаве Зося атрымала ліст ад незнаёмага чалавека. Нейкі Панас Халімонавіч Дзямчук пісаў, што Барэйша Кірыла Іпатавіч памёр па дарозе на Калыму. Рукі яе затрэсліся ад хвалявання, сэрца закалацілася, вусны скрывіліся ад плачу. Яна кінулася да Гардзей з пытаннем:

– Ці можна гэтаму верыць?

Муж прабег вачамі кароткі тэкст напісаны непісьменна і сказаў:

– Мусіць, трэба верыць. Дзякуй гэтаму чалавеку, што здагадаўся напісаць, а то б мы і не ведалі нічога.

– Божа, дзе ж ён пахаваны? Гэта ж і на магілку не сходзіш, – сказала Зося і загаласіла: – Татачка мой родненькі, навошта ж ты ад нас пайшоў, навошта пакінуў нас?

– Не плач, не палохай сына, – спыніў яе Гардзей.

– А што мне рабіць? Якой рады шукаць?

– Няма праўды на свеце. Нічога ты не знойдзеш. Не рві дарма сэрца.

– Пайду да Серафіма. Можа, ён што ведае, камітэтчык жа.

– А ты не падумала, што, можа, гэта Серафім і дапамог свайму роднаму дзядзьку Кірылу выправіцца ў свой апошні шлях?

– Серафім? За што? Мой бацька ставіўся да яго як да роднага сына!

– Гэта табе так здаецца, а ён, можа, адчуваў і разум еў усё па-іншаму. Хто ведае? Можа, яму здавалася, што абдзялілі яго, абышлі ласкаю. Адсюль крыўды і жаданне адпомсціць.

– Вось пра гэта я ў яго і спытаю.

Зося ішла да Серафіма і згадвала бацьку. То ён прыходзіў ёй на памяць лагодны за святочным сталом, то самаадданы ў працы, то разважлівы ў асяродку мужчын. Непрыемны сустрэчны вецер холадам калоў твар, забіваў дыханне. Яна размахвала рукамі, час ад часу папраўляючы хустку, ішла памужчынску шырокім крокам. Снег рыпеў пад нагамі, нібы просячы патолі. А яна думала пра тое, што жыццё раструшчыла яе сям’ю, разнесла па свеце. І тут жа папракнула сябе, што таемна радавалася, калі Каця ад’язджала ў Амерыку, а цяпер сэрца баліць за сястру і грызе дакор за сваю несправядлівасць.

Серафім і Надзя былі дома. Сустрэлі яны Зосю не надта ветліва. Серафім ніколі не выказваў да Зосі асаблівай прыязнасці, ён наогул быў чалавекам занадта замкнёным. Надзя трымала даўнюю крыўду на Кірылавых дачок за тое, што яны дрэнна ставіліся да яе, калі яна маладзенькая выйшла замуж за Серафіма, жыла ў іхняй хаце і баялася нават слова сказаць ім супраць. Цяпер яна пасталела і паразумнела і, напэўна, змагла б сябе абараніць.

Зося павіталася і спытала Серафіма:

– Скажы мне, брат, хто гэта залічыў майго бацьку ў кулакі?

– Адкуль мне ведаць? – напускаючы на сябе абыякавасць, адказаў Серафім.

– Ты ж камітэтчык.

– Там ёсць каму без мяне займацца гэтаю справаю.

– Чаму ж ты не папярэдзіў нас, што яго чакае?

– Я нічога не ведаў.

– Нявіннага чалавека паслаць на смерць! Гэта ж вялікі грэх, Серафім. Якое там у нас багацце?

– Якое багацце, пытаеш? Маю ўрадлівую зямлю дзядзькі сабе прысвоілі, а мне прыкупілі пясок! Гэта ж была мая спадчына, што ад бацькоў мне дасталася! Пакрыўдзіць сірату – ці не грэх? Родныя дзядзькі Кірыла і Карп майго бацьку на катаргу адправілі, а самі трымалі мяне, як сабаку, на хлебе і вадзе, адно толькі падганялі: зрабі тое, зрабі гэта.

– Як ты можаш такое казаць? Усе ж мы працуем на гаспадарцы ад рання да змяркання! Ніхто цябе не крыўдзіў! Грэх табе!

– А з мяне колькі здзекаваліся! І спадніцу не туды павесіла, і міску не так паставіла, і не тое зварыла, і зашмат з’ела! А я ж цяжарная была, мне есці за трох хацелася! – з крыўдаю ў голасе сказала Надзя, ажно слёзы на вочы навярнуліся.

Зося паглядзела на Серафіма і Надзю, сустрэлася з іх варожымі позіркамі і сказала:

– Няўжо ты, Серафім, помсціў роднаму дзядзьку за тое, што жыў у ягонай сям’і, з адной міскі еў, разам працаваў на полі? Няўжо ж ты такі дурны?

– Гэта яшчэ трэба паглядзець, хто з нас дурнейшы, – злосна адказаў Серафім.

– Радуйся, брат, твой дзядзька памёр па дарозе на катаргу. Радуйся! Але помні, што і цябе аднойчы можа напаткаць такая ж ганьба і такая ж смерць!

Зося адчула, што вочы яе набрыняюць слязамі і рынулася да дзвярэй. Яна выйшла на мароз, на вецер, акінула позіркам белую прастору, акрэсленую чорнай сцяною лесу, што падступаў да самага агарода, выцерла слёзы і рушыла ў зваротны шлях, гнеўна думаючы пра няўдзячнасць Серафіма: «Як ён не разумее, што ў той час, калі яны вярнуліся з бежанцаў, усім было цяжка. Не было ні грошай, ні ежы, ніякага жытла. Першую зіму перабіваліся аўсом ды гарохам, што даў дзядзька Карп, вясну і лета да першага ўмалоту пратрымаліся лебядою ды шчаўем. А колькі сілы каштавала бацьку аднавіць хату, абжыцца гаспадаркаю? І такая смерць! У дарозе, недзе пахавалі пад першым карчом! Доля мая, доля! Не ведаю, дзе магіла мамы, дзе магіла таты! Хоць бы пайшла параілася з імі, памаўчала, даравання папрасіла, магілку прыбрала б, прывяла б да яе сына, каб ведаў, дзе ляжаць ягоныя дзед з бабаю. Разнесла, развеяла нас па свеце, як насенне дзьмухаўца!»

Зося вырашыла не расказваць Гардзею пра тое, як яе сустрэў дваюрадны брат, каб не хваляваць дарма мужа. Ён і так дзень пры дні ходзіць нейкі ўнураны. Усё валіцца з ягоных з рук. Чытае Біблію, нешта запісвае, думае. Зосі і карціць пачытаць, што ён там піша, але без акуляраў яна дрэнна бачыць, а набыць іх і насіць саромеецца, нязвыкла гэта ў вёсцы. Будуць казаць, што сляпая.

На жаль, усё атрымалася не так, як таго жадала Зося.

– Што сказаў Серафім? – спытаў Гардзей, як толькі Зося пераступіла парог сваёй хаты.

– Ён нічога не ведае.

– Дзіўна. А як ён наогул паставіўся да цябе?

Зося хоць і не хацела нічога расказваць, аднак жа вырвалася ў яе, што крыўдуе брат на дзядзьку.

– Вось у гэтым уся прычына. Вырашыў адпомсціць дзядзьку! – зрабіў выснову Гардзей. – Што ж будзе і яму аднойчы адплата.

– Пра што ты, Гардзей? – устрывожана спытала Зося.

– Ні пра што. За грахі, кажу, кожнаму давядзецца адказваць.

Да Зосі падышоў Ораст, папрасіў:

– Мама, я малака хачу.

– Ах ты мой маленькі, чаму ж ты ў таты не папрасіў?

– Баяўся.

– Тата добры. Ён цябе любіць.

– Не, не любіць. Абяцаў навучыць цытаць, а ніцога не паказвае, толькі сам усё цытае і цытае.

Гардзей падхапіў сына на рукі, усміхнуўся і сказаў:

– Прабач, я зусім забыўся пра сваё абяцанне. Зараз жа будзем займацца тваёй адукацыяй.

– Цым? – перапытаў малы.

– Чым трэба. Ідзі, папі малачка, падмацуйся, і пачнём займацца, – адказаў Гардзей і правёў сына цёплым позіркам.

11

Гардзей адчуваў сябе блага, галава была цяжкая, звон у вушах не даваў спакою. Хоць клаліся спаць рана, ён паўночы пакутаваў ад таго, што не мог заснуць, а пасля абуджэння доўга нерухома ляжаў з заплюшчанымі вачамі. Не хацелася варушыцца, уставаць, што-небудзь рабіць па гаспадарцы. Зося ля печы з ранку грымела кухонным прычындаллем, але мужа не турбавала. Гардзеева душа хвалявалася, нечага чакала, на нешта спадзявалася, прасіла нейкага зруху і аднойчы ён наважыўся паехаць у Берасце, паглядзець, як жыве горад, як пачуваюць сябе людзі і такім чынам паспрабаваць вярнуць сябе да жыцця. Не пакідала жаданне сустрэцца з Пухам і Валошчыкам, каб спытаць у іх, за што яны яго ледзь не адправілі на той свет.

Марозным ранкам Гардзей прачнуўся яшчэ да ўзыходу сонца, пагаліўся, паснедаў, апрануў святочны гарнітур, пайшоў запрагаць каня. Зося выйшла за ім, занепакоена спытала:

– Куды ты сабраўся?

– У Берасце.

– Вазьмі мяне з сынам.

– Прастудзім малога. Бачыш, які мароз.

– А ты са сваім здароўем як паедзеш? Можа, лепш цягніком?

– Нічога, у сена закапаюся і праедуся, развеюся трохі. Заседзеўся я дома.

Зося пастаяла, паназірала за ім, спытала:

– Нанач чакаць?

– Збіраюся вярнуцца. Хіба толькі што.

– Не шукай Пуха, малю цябе, ён пры ўладзе.

– Не вучы мяне, сам ведаю, што рабіць, – раздражнёна адказаў Гардзей.

– На табе пару рублёў. Без грошай у горадзе няма чаго рабіць, а польскія грошы не бяруць.

Гардзей узяў каляровыя паперкі, разгледзеў герб з сярпом і молатам, прачытаў «Казначейский билет СССР», схаваў грошы ў кішэню, спытаў у жонкі:

– Савецкія грошы. Дзе ты іх узяла?

– Вазіла на рынак у Жабінку яйкі, масла і сыр, прадала, і вось. Едзь з Богам. Мы будзем цябе чакаць.

Яна яшчэ хацела папрасіць Гардзея, каб ён не наведваў гаспадыню, у якой жыў на кватэры, але стрымалася, баялася ўгнявіць мужа. Ён накінуў на плечы паверх паліто кажух, ухутаў ногі ў сена, тузануў за лейцы і выехаў з двара. Рахманы конь, які застаяўся ў стайні, бадзёра рушыў з месца. Ад хуткай язды Гардзей расчырванеўся, адчуў прыліў сілы, быццам да яго вярнуўся далёкі паўзабыты час маладосці. Старыя ліпы каля шляху, дзе звычайна збіралася летам моладзь на вячоркі, заінелі, стаялі, дзівосна аздобленыя белымі карункамі.

Насустрач ішла маладзіца ў квяцістай хустцы, у абшарпаным кажушку. Гардзей пазнаў Марфу, яна нешта крыкнула яму ўслед. Але ён не спыніўся, каб перакінуцца словам. Не хацелася псаваць такі прыгожы дзень. За Крачкамі пацягнуўся стары лес. Заінелыя елкі і сосны стаялі нерухома, быццам баяліся разбурыць свае дзівосныя строі са снегу і інею. Даўно Гардзей не бачыў гэтае прыгажосці, якая ачышчае душу, наталяе сэрца хараством, дае адхланне вачам. На галіне сасны заўважыў цікаўную і спрытную вавёрку. Заўсміхаўся, ціха прысвіснуў па-птушынаму, каб не напалохаць звярка, а толькі прымусіць насцярожыцца. Вавёрка ў імгненне скокнула на іншую сасну і знікла з вачэй. На снезе было мноства слядоў, птушыных і звярыных. Ды і дарога была добра ўбітая, адшліфаваная палазамі. Людзі варушацца, некуды ездзяць, нешта робяць, турбуюцца, жыццё цячэ сваёю плынню, а Гардзей быццам сышоў са шляху, разгубіўся, не ведаў, чым і як жыць. Зараз ён падумаў, як было б добра перасяліцца ў якую-небудзь пушчанскую мясцовасць, дзе тыднямі чалавека не пабачыш, і пажыць там сам-насам з лесам, з птушкамі і звярамі, завесці пасеку, вялікую гаспадарку і раптам спахапіўся, што цяпер не той час, каб працаваць на сябе, цяпер іншая дзяржава, якая вымагае працы найперш на яе.

Мінуўшы яшчэ дзве вёскі Косічы і Вычулкі, выехаў Гардзей на шырокі шлях, абапал якога цягнулася балота, дзе нават і цяпер з-пад снегу тырчалі няўклюдныя пні ад гнілых дрэў і купіны, парослыя шорсткаю асакою. Аднак і на гэтую заснежаную прастору было прыемна глядзець. Нешта ёсць у нашай прыродзе гаючае, свежае, што супакойвае і дае сілу, акрыляе душу добрымі спадзяваннямі..

Калі Гардзей пад’ехаў на кані да гарадскога рынку, каб наведаць старога знаёмага яўрэя з бойні, аказалася, што бойня замкнёна. Гардзей прывязаў каня каля чайной, а сам вырашыў прайсціся да бліжэйшай аптэкі, каб купіць валяр’янкі. Сярод гараджан часта сустракаліся вайскоўцы, нават шмат хто з цывільных людзей былі апрануты ў шынялі. Сімпатычная паненка ў пухнатым футры спынілася перад Гардзеем, усмешліва павіталася.

– Панна Эвеліна! Вачам сваім не веру! – усклікнуў ён узрадавана, пазнаўшы Мікуліну Антольку, зямлячку, якая раней працавала ў публічным доме. – Толькі цябе і згадваю з найбольшаю асалодаю, калі вяртаюся думкамі ў мінулае.

– Цяпер не Эвеліна, а таварыш Антаніна, – загадкава прашаптала яна.

– Цябе хоць як назаві, ты ўсё роўна аднолькава прыгожая, – пачаў па звычцы асыпаць яе кампліментамі Гардзей. – Дзе ты, як ты?

– Добра. Муж працуе ў аблвыканкаме, нядаўна атрымалі новую кватэру, прыемны такі дамок у раёне парку. Я таксама працую ў ціхай канцылярыі. Адно дрэнна: муж занадта раўнівы. Зверам рыкае, як на мяне хто паглядзіць, баіцца, каб які прайдзісвет не спакусіў мяне, цнатлівую, – яна звонка засмяялася, агаліўшы роўны рад белых зубоў з двума залатымі каронкамі.

– А дзе ж ты зубы згубіла?

– Гэта ж цяпер мода такая, – патлумачыла яна. – Пайду, мне на працу трэба. Выйшла трохі падыхаць. Ці ведаеш, цяжкавата мне даецца гэтая служба, паперы, пыл. Не звыкла я да гэтага.

– А што ў горадзе чуваць і наогул. Ты ж каля начальства блізка.

Антолька пацягнулася да яго вуха і прашаптала:

– Кажуць, што вайна будзе. Але калі, невядома. Некаторыя ўжо цяпер запасаюцца соллю ды запалкамі.

– А твой што кажа? – зацікаўлена спытаў Гардзей.

– Мой такі дуб! Ён нікому не верыць, толькі Сталіну. Кажа, калі і будзе вайна, дык гэта мы першыя пойдзем рабіць сусветную рэвалюцыю! Ну і няхай кажа, што хоча! Якая мне розніца, у што ён верыць, абы зарплату аддаваў! – яна зноў засмяялася.

– Малайчына, таварыш Антаніна. Шчаслівы быў бачыць, – Гардзей узмахнуў на развітанне рукою і пайшоў у аптэку.

Аптэка з прыгожымі вокнамі ў выглядзе арак, пафарбаваная ў жоўты колер, стаяла на рагу вуліцы. Псавалі фасад толькі выбоіны. У пачатку верасня трыццаць дзявятага года тут упала бомба і пасекла асколкамі сцены. Раней тут пакупнікоў абслугоўвала старая лагодная яўрэйка, цяпер працавала маладая дзяўчына з тоўстаю чорнаю касою, у белым халаце, сур’ёзная і нешматслоўная. Яна падала Гардзею маленькую пляшачку валяр’янкі. Ён павярнуўся, каб ісці, і тут яму на вочы трапіў партрэт Сталіна. Вочы правадыра падазрона глядзелі на наведвальнікаў аптэкі, быццам пыталіся: «Хто такі? Ці не вораг народа?»

Вестка пра вайну ўстрывожыла Гардзея. Калі пра яе гаворыць начальства, пэўна, яна не за гарамі. Немцы побач, за Бугам! Ён падумаў, што трэба купіць якіх газет. Пачытаць, хоць хто там праўду напіша?

З гэтымі думкамі ён забег да гаспадыні, дзе да хваробы кватараваў. Пані Ванда кінулася да яго ў абдымкі з вільготнымі пацалункамі, прыгаворваючы:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю