Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 18 (всего у книги 21 страниц)
– Ды нічога не здарылася. Аперацыю зрабілі.
– Якую аперацыю? – устрывожана спытаў Гардзей.
– Не ведаю, нешта выразалі там.
– Пакажы, – загадала Зося.
Ораст загаліў гімнасцёрку і паказаў чырвоны шрам на жываце. Бацькі ўтаропіліся ў Ораста, нават старая Агатэля спаўзла з запечка, паглядзела і перахрысцілася на ікону.
– Ой-ё-ёй, мой сыночак, і балела ж табе? – заплакала маці.
– Наркоз далі – і нічога мне не балела. Слухайце, колькі можна? Есці хачу. Ці вы збіраецеся мяне голадам марыць?
– Зараз, зараз, – адказала Зося і замітусілася ля печы.
Запахла знаёмымі стравамі. Ораст раптам адчуў, што ён шчаслівы, спакойны і вольны. Можна пачынаць новае жыццё.
Як толькі звечарэла, за акном пачуліся дзявочыя галасы. Нехта спяваў, смяяўся, міжвольна Зося адхінула фіранку, паглядзела на вуліцу, але нічога не ўбачыла блізарукімі вачамі.
– Ужо дзеўкі пранюхалі, што кавалер у вёсцы з’явіўся, – прабурчала старая Агатэля.
– Зараз пайду і нюхаўкі ім перцам натру, – злосна сказала Зося.
– Ага, схавай яго пад спадніцу, – заўважыў Гардзей.
Ораст тым часам, ні слова не кажучы сямейнікам, выслізнуў за дзверы. Вярнуўся ён пад ранне. Зося абурана пачала папракаць сына, што швэндаецца немаведама дзе, а бацькі з-за яго ноч не спалі. Гардзей спыніў яе:
– Дай хлопцу адпачыць з дарогі. Ты не ведаеш, што такое служба ў войску.
Ораст папіў малака, залез на печ, а праз імгненне адтуль пачулася яго роўнае дыханне.
10
Зося падграбала смецце ў двары і думала пра сына. Добра было б яму прадоўжыць вучобу, але не ахвочы ён да кніжак. Не ў Гардзея ўдаўся. Зося і сама не надта хінулася да навукі. Калі вучылася ў прытулку, ёй больш падабаліся спевы ды танцы. Каб засталіся тады з бацькам жыць у Расіі, можа, стала б яна спявачкаю, балерынаю ці проста артысткаю ў тэатры. А вярнуліся дамоў, тут іншае жыццё: зямля, гаспадарка, бясконцая праца з вясны і да вясны. Не, яна не хацела, каб і сын яе ўпрогся ў калгаснае жыццё. Які сэнс працаваць задарма? Гардзей уладкаваўся ў Брэсце вартаўніком. Зося таксама падумвала пра тое, каб пайсці на працу, бо трэба будаваць сваю хату. Праўда, Каця абяцала прыслаць грошай на падлогу і дах, калі паставяць сцены. Але ж і сцены трэба за нешта ставіць. Сын таксама мусіць шукаць працу ў горадзе, тым больш што да Брэста ўсяго якіх кіламетраў пятнаццаць, не болей. Туды ходзяць аўтобусы і цягнікі. Каб трапіў на добрае прадпрыемства, дык і кватэру атрымаў бы, сям’ю завёў бы, а там Зося магла б унукаў дачакацца. Яна не прыспешвала сына брацца за справы, хацела, каб адпачыў, набраўся сілы. Колькі таго жыцця? Перакалоцішся, прапакутуеш, што пасля і згадаць няма чаго.
Занятая думкамі, яна і не заўважыла, як у двор увайшла Паўліна, павіталася, села на прызбу, паклала рукі, пакручаныя артрытам, на прыпол, сказала:
– Грабешся як курыца ў пяску, і не ведаеш, што твой сын вырабляе.
– А што? – здзіўлена ўскінула вочы Зося.
– З Веркаю Марфінаю сустракаецца. Вось што!
– Адкуль ты ведаеш?
– Уся вёска гудзе. Верка хваліцца, што Ораст абяцаў з ёю ажаніцца.
– Гэтага няшчасця нам толькі не хапала! – пляснула рукамі Зося і з трывогаю паглядзела ў бок клуні, дзе Гардзей з Орастам пілавалі дровы. – Я пакажу яму Верку!
– Цішэй ты, не навальвайся на хлопца знянацку, – спыніла Зосю Паўліна, ведаючы, якая тая гарачая. – Пагутары з ім ціха, ласкава, па-мацярынску, растлумач што да чаго. Раскажы, як Марфа ў мяне палатно пакрала. Паскудніца! Гардзею праходу не давала, цяпер за Ораста ўзялася! Бацьку ж твайго са свету звяла, на цябе пры немцах данос напісала.
– Я той Марфе вокны павыбіваю, калі яна ад хлопца не адступіцца! – раз’ятрана крыкнула Зося, якая не магла стрымаць свой гнеў, а мо і знарок, каб пачулі яе Гардзей з сынам.
– Ну і ўпартая ж ты, што табе ні кажы, ты ўсё роўна робіш па-свойму.
Гардзей заўважыў сястру ў двары, пакінуў працу, прыйшоў, павітаўся, спытаў:
– Як маешся?
– Гарую. Сам ведаеш, як жыць, не маючы сваёй хаты. Добра, што Каця дзе якую пасылку прышле з Амерыкі, дык за гэта мяне і трываюць.
Зося паглядзела на зморшчаны Паўлінін твар і падумала: «Нашто ёй тыя пасылкі? Жыве адна, старая ўжо стала. Ні плоту, ні азяроду. Ходзіць у нейкіх атопках ды рыззі, шкадуе сабе што лепшае апрануць».
– Не бядуй, сястра, пабудую хату, вазьму цябе да сябе.
– Пакуль ты хату пабудуеш, дык і рак на гары свісне, – адказала Паўліна.
– Ужо дамовіўся з лясгасам, выпішу драўніну.
– Драўніну яны выпішуць! Лес жа трэба зімою нарыхтоўваць, а не цяпер.
– Нарыхтуем зімою, – згадзіўся Гардзей.
– Да зімы яшчэ трэба дажыць, – горка ўздыхнула Паўліна.
– Чаго ты ўжо так раскісла?
– Няма сілы, Гардзейка. Рукі і ногі баляць па начах, што не ведаю, куды і як іх пакласці. Ды што ўжо мне старой скардзіцца? Тут маладыя мруць як мухі. Вы і не чулі, можа?
– А што? – спытала Зося.
– Маркаў старэйшы сын, п’яніца той горкі, пад цягнік трапіў. На смерць зарэзала. Ага! Кажуць і сэрца вырвала з грудзей, так і ляжала асобна.
– А божачкі, бяда якая, – перахрысцілася Зося.
– Вось як бывае на свеце. Некалі Марк сваю сястру хацеў пад цягнік кінуць за зямлю, ды я нарвалася. А цяпер такое няшчасце з ягоным сынам здарылася.
Ораст калоў ля клуні напілаваныя дровы. Зося паглядзела ў ягоны бок і сказала Гардзею:
– Чуеш, што наш сынок вырабляе? Да Веркі Марфінай заляцаецца! Ажаніцца абяцаў.
– Абы-што вярзеш.
– Вось Паўліна кажа, што ўжо ўся вёска пра гэта ведае.
– Калі ён паспеў? – спакойна заўважыў Гардзей. – Плёткі гэта.
– А ты сам у яго спытай.
– Добра, спытаю, – згадзіўся Гардзей.
Паўліна паправіла хустку на галаве, падцягнула ражкі пад барадою, цяжка вохкаючы, паднялася з прызбы.
– Ну, пайду я, разбірайцеся тут самі, – сказала яна.
– Паабедай з намі, – запрасіла Зося.
– Дзякую, пайду. Хаджу я цяпер марудна, пакуль дамоў дабрыду, дык і вячэра будзе.
– Застанься, – папрасіў Гардзей, але Паўліна паціху патупала да весніц.
«Якая хітрая, – падумала Зося пра Паўліну, – не хоча сапсаваць адносіны з пляменнікам. Усім жадае быць добраю. Ну і гадзюка – гэтая Марфа! Гардзея не ўтрымала, дык хоча ягонага сына завабіць у сваё кодла. Не выйдзе!»
Весніцы грукнулі за Паўлінаю, і яе квяцістая хустка хутка знікла за кустоўем.
– Чаго надзьмулася як мыш на крупы? – спытаў Гардзей.
– Думаю, што рабіць?
– Нічога не рабіць. Ці ён дурны, каб так рана жаніцца?
– Не ў цябе ён удаўся, Гардзей. Можа, таму, што сама я гадавала яго, ён толькі знешне на цябе падобны. Не было побач бацькі, не меў з каго браць прыклад. Хоць цяпер пагутары з ім сам, бо сарвуся я, не атрымаецца гутарка. Ненавіджу я гэтую Марфу. Сам ведаеш...
Па абедзе Гардзей знарок дачакаўся, калі Зося пойдзе даваць мяшанку свінням, распачаў гутарку з сынам:
– Што збіраешся рабіць далей? Вучыцца ці жаніцца?
– Вучыцца не хачу, буду шукаць працу. Думаю, мо тут, у калгасе застацца.
– У калгасе? – здзівіўся Гардзей. – Задарма хадзіць на працу і нічога ад гэтага не мець?
– Неяк жа людзі жывуць.
– Адны лайдакі так жывуць. Можа, і жаніцца ўжо надумаў?
Ораст пасміхнуўся і адказаў:
– Думаю. Усё адно некалі ж трэба.
– Няўжо сапраўды з Веркаю Марфінаю?
– А што? Сімпатычная дзяўчына, – сказаў узрадавана Ораст, бо пачуў тое, пра што сам пакуль сказаць бацькам не адважваўся.
– Ды ты ведаеш, колькі гэтакіх сімпатычных ёсць на свеце? Мільёны! А трэба выбраць адну, якую будзеш кахаць усё жыццё! – нездаволена сказаў бацька.
– Ажанюся – і будзе яна ў мяне адна.
– Навошта так рана вешаць сабе хамут на шыю? У цябе яшчэ ўсё жыццё наперадзе! Верку ён знайшоў, недавучку гэтую калгасную.
У гэты час у хату ўвайшла Зося, не стрымалася і абурана сказала:
– Няўжо ты не помніш, Ораст, як мяне ледзь немцы не расстралялі з-за Марфы! І дзеда твайго з-за яе на пакуты і смерць вывезлі! Гэтая зладзейка ў Паўліны палатно ўкрала! Увесь іхні род паскудны!
– Дзеці за бацькоў не адказваюць, – запярэчыў Ораст. – Ці мала што ў вас было!
– Марфа нам згубы жадала! Яна твайго дзеда на той свет паслала! А ты гатовы яе дачку як змяю на грудзях прыгрэць! – закрычала Зося ў запале. – Тады лепш забі мяне, каб я не бачыла і не ведала гэтае ганьбы.
Ораст разгублена паўзіраўся ў твар маці, але раптам рынуўся да дзвярэй, схапіўшы на хаду з цвіка куртку і выскачыў з хаты.
– Рыхтык такі ж шаленец, як ты, – сказаў Гардзей, сочачы ў акно за сынам.
– Куды ён пабег? – з трывогаю спытала Зося.
– Не бойся, ён не пабяжыць тапіцца, як ты некалі ў маладосці. Пашыбаваў у бок чыгункі.
– Божачкі, што ж я нарабіла? – загаласіла Зося. – Калі ж ён вернецца? Я звар’яцею, калі яго доўга не будзе.
– Супакойся. Няхай хлопец абдумае тое, што мы яму сказалі. Можа, якраз на карысць пойдзе, – суцешыў Зосю Гардзей.
– Што у вас там здарылася? – спытала старая Агатэля з печы.
Яна зусім аслабла, з ранку яшчэ трохі тупала па хаце, а потым адлежвалая. З-за таго, што недачувала, дык амаль не размаўляла са сваімі кватарантамі, бо бачыла, што толькі раздражняе іх.
– Нічога, цётка, трохі Зося на сына накрычала, каб позна з дзяўчатамі не гуляў, а ён пакрыўдзіўся, – адказаў Гардзей.
Старая нешта прамармытала сабе пад нос і аціхла на печы.
11
Ораст вярнуўся да бацькоў праз два дні, сказаў, што ўладкаваўся на працу ў будаўнічую арганізацыю ў Брэсце і пасяліўся ў інтэрнаце. Вестка ўзрадавала Зосю, яна спытала:
– А што ж ты, сынку, там будзеш рабіць?
– Буду старшым, куды пашлюць.
– Трэба ж нейкую прафесію асвоіць, – параіў бацька.
Ораст уздыхнуў, пачухаў патыліцу і адказаў:
– Разумееце, каб нечаму навучыцца, трэба мець настаўніка. Ім мог бы стаць брыгадзір. Але ён адмаўляецца мяне вучыць, кажа, я лепш свайго сына навучу.
– Гэта несправядліва. На працы ў брыгадзіра ўсе сыны, – запярэчыла Зося.
– Толькі ты, мама, можаш так думаць. Нічога, агледжуся, можа, з часам пашукаю лепшую працу. Галоўнае, што інтэрнат далі. Там весела. Па серадах, нядзелях і суботах наладжваюцца танцы.
Ораст задаволена ўсміхнуўся, быццам згадаў нешта прыемнае, зірнуў на гадзіннік і папярэдзіў:
– Я прыехаў, каб забраць свае рэчы.
Зося заспакоена падумала, што, напэўна, ён адмовіцца ад Марфінай Веркі, калі раптам так крута памяняў свае планы. Крый божа ўступаць у сваяцтва з гэтым гадзючым кодлам. Часам Зося думала, што Марфа наслала на Гардзея псоту, што ён стаў абыякавым да яе, сваёй жонкі, ды і наогул да ўсіх жанчын, але нікому пра гэта не казала. Ды і каму скажаш? Распусцяць плёткі па сяле, зганьбяць, што сорамна будзе на людзі паказацца.
– Ты ж хоць наведвай нас, – папрасіла Зося. – І адрас пакінь, каб ведаць, дзе цябе шукаць.
– Няма чаго мяне шукаць. Усё ў мяне будзе добра. Брэст мне падабаецца. Там не засумуеш, – весела адказаў сын. – Мы з хлопцамі ўчора хадзілі ў парк, піва папілі, патаўкліся на танцпляцоўцы, карацей, добра бавілі час.
– Толькі будзь асцярожны, сынок, не пі гарэлкі, не ўвязвайся ў бойкі. Ты ж не хлапчук зялёны. Нашто табе даказваць сваю вартасць кулакамі? – зноў папрасіла Зося.
– Ай, вечна ты, мама, нешта выдумляеш. Есці хачу. Хутчэй, бо на бліжэйшы цягнік спазнюся, – адказваў Ораст, скідваючы ў стары абдзёрты чамадан касцюм, сарочкі, бялізну.
Зося дастала з печы дранікі са шкваркамі, спытала:
– Крышаны есці будзеш?
– Не, дранікаў дастаткова.
Сын еў з апетытам проста з патэльні рукамі, аблізваў тлушч, што цёк па пальцах, а бацькі з замілаваннем назіралі за ім. Вось і вырас хлопец, стаў на крылы, і бацькі яму патрэбны толькі для таго, каб час ад часу праведаць іх і паказацца, які ён стаў. А ці даўно ляжаў у калысцы, кугікаў і быў бездапаможны і кволы.
– Усё, я пабег. – сказаў Ораст.
– Ідзі з Богам. І помні, што я табе сказала пра Марфіну Верку.
– Ды я ўжо забыўся даўно пра тую Верку, вельмі трэба. У Брэсце поўна прыгожых дзяўчат, ажно вочы разбягаюцца.
Гардзей толькі ўсміхнуўся, слухаючы сына, і згадваючы сябе гэткім жа маладым, калі і ў самога разбягаліся вочы на вячорках і ён ніяк не мог выбраць адну адзіную.
Калі Ораст пайшоў з хаты, Зося з сумам сказала:
– Вось і вылецела наша птушаня з гнязда. Цяпер, Гардзей, засталіся мы з табою ўдваіх, як старыя пянькі.
– Чаму адны? Вунь цётка Агатэля дрэмле на печы. Хутка ўнукі пойдуць касяком. Цяпер дзеўкі ўчэпістыя, не такія сарамлівыя, як у наш час. Павісне на шыі, не адвяжашся, – адказаў Гардзей. – Ораста, мусіць, зацягне гарадское жыццё. Рэдка будзем бачыць хлопца.
– Ты ж бываеш на службе, будзеш яго наведваць. Слухай, пайду і я на працу, чаго мне гэтую хату вартаваць? І грошы трэба.
– Як хочаш, – адказаў Гардзей.
На другі ж дзень Зося паехала ў Брэст і ўладкавалася на чыгунку. Давялоя працаваць у тры змены, прымаць будаўнічыя матэрыялы. Цяпер яна рэдка бачылася не толькі з сынам, але і з мужам. Нават па святах часам у іх не супадалі дзяжурствы. Вяскоўцы, хто выпадкова сустракаў Ораста ў горадзе, казалі, што часта бачаць яго на падпітку. Маўляў, ходзіць ён па горадзе, заглядвае то ў адну «забягалаўку», то ў другую, набіраецца як свіння гразі, дамоў і носа не паказвае. Гардзей ездзіў да сына на працу, паўшчуваў яго, Ораст абяцаў выправіцца. Зося колькі разоў наведвалася да яго ў інтэрнат, але там не заставала.
Толькі на Новы год пашанцавала: Зося і Гардзей аказаліся дома разам. Чакалі сына, каб разам адсвяткаваць. Ён сапраўды прыехаў, але не адзін. Разам з ім увайшла прыгожая чарнявая дзяўчына, усмешлівая, прыязная.
– Знаёмцеся, гэта мая жонка, – заявіў Ораст з парога.
Зося зніякавела і разгублена спытала:
– Як жонка, адкуль?
– З Брэста. Хаця не, родам яна з Мінскай вобласці. Працуе буфетчыцай у кафэ. Карацей, варыць смачна і якасна. З голаду не прападу.
– Як жа цябе завуць, маладуха? – спытаў Гардзей.
– Міла, – адказала дзяўчына.
– Міла і сэрцу міла, – адказаў Гардзей і запрасіў, – заходзьце, калі ласка, стол накрыты, толькі вас і чакалі.
Старая Агатэля глядзела на маладых і дзівілася:
– Вось табе і гацаца! Не жаніўся, не вянчаўся, а жонку маеш!
– Мы распісаліся, бабуля! Рас-пі-саліся! – сказаў на вуха старой Ораст.
– Ну, дзякаваць богу, дзякаваць богу, – заківала галавою Агатэля.
Гардзей дапамог нечаканай нявестцы зняць паліто, правёў яе да стала, паказаў месца, дзе сесці, напоўніў келіхі віном, сказаў:
– За шчасце маладых! Жывіце ў згодзе і каханні. Няхай збываюцца вашы задумы і мары, а мы, старыя, будзем толькі цешыцца вашай удачы.
Усе выпілі віно, толькі Міла ледзь прыгубіла свой келіх. «Не п’е, гэта добра. Не разбэшчаная», – падумала Зося і спытала:
– А калі вяселле, сынок?
– Ды было ўжо ў нас вяселле. Два мае хлопцы ды дзве Міліны сяброўкі пасядзелі ў рэстаране, выпілі па чарцы і справе канец.
Зося згадала, што і ў яе не было сапраўднага вяселля, бо здарылася яно пасля радзін. Што ж, у кожнага свой лёс. Гэта, напэўна, за мой грэх мяне Бог карае. Хоць бы ў сына былі дзеці. Каб прычакала я ўнукаў. Даруй, Божа, грахі мае цяжкія.
– А дзе ж вы жывяце? – устурбавана спытала Агатэля.
– Дзе давядзецца, у мяне ў інтэрнаце, або ў Мілы на кватэры.
– Трэба, бацька, пачынаць будаваць дом, – сказала Зося.
– Будзем будавацца, сям’я павялічылася, – задаволена ўсміхнуўся Гардзей, наліваючы ў чаркі віно. – Давайце вып’ем за Новы год, няхай ён здзейсніць усе нашы надзеі і планы. Горка!
Міла сарамліва паглядзела на Ораста, але хлопец абняў яе за шыю і пацалаваў. Маладая заружовілася і апусціла вочы. Гардзей задаволена ўсміхнуўся і падумаў: «Усё-ткі мой сын не зломак. Дзяўчыну прыгожую выбраў і паводзіць сябе па-мужчынску. Праўда, яна нейкая занадта сарамлівая. Ці толькі прыкідваецца? Ведаю я гэтых цнатлівак. Бачыш, як хутка Ораста захамутала. Хаця і ён хуткі на справу, не вельмі задумваецца, што робіць. Вунь гатовы быў і Верку Марфіну ўзяць, нават не разгледзеўшы як след, што яму ў рукі валіцца. Малады яшчэ, зялёны.»
Раздзел чацвёрты
Амерыканская спадчына
1
Вясной Рахубы распачалі будаўніцтва. Леванюк паставіў сцены, праўда, без сянец. Каця своечасова прыслала грошай, таму за лета накрылі хату гонтаю, склалі печ, заслалі падлогу, нават такі-сякі хлеўчык скідалі, у якім можна было размясціць карову і пару падсвінкаў. Позняй восенню сціпла справілі ўлазіны. Тады ж нарадзілася ўнучка Гануська. Нявестка перабралася з малою да Ораставых бацькоў. Зося не магла нацешыцца малою, аддавала ёй усю любоў і пяшчоту. Гардзей здзіўляўся, назіраючы за жонкаю, як палагаднела яна, як засвяцілася шчасцем, быццам вярнулася ёй адчуванне маладосці і мацярынства. Ды і сам дзед любіў бавіцца з малою, слухаць яе тонкі галасок, здагадвацца пра яе жаданні. Праз год нявестка нарадзіла яшчэ і ўнучыка Радзіка. У хаце стала цесна і тлумна. Гардзей аблюбаваў сабе месца для адпачынку на печы, каб нікому не замінаць. За турботамі пра малых, не было часу асэнсаваць тую радасць, якая пасялілася ў новай хатцы на хутары. Аднак Зося адчувала сваё шчасце і пра ўсё напісала ліст Каці. У адказ атрымала строгі і асуджальны адказ. Нехта са сваякоў паведаміў сястры ў Амерыку, што Ораст дрэнны сын, не запрасіў бацькоў на сваё вяселле, што любіць ён прыкладвацца да чаркі, ніякім рамяством не авалодвае, а толькі часта мяняе месцы працы, шукае лёгкага хлеба.
Гардзей ведаў: шмат хто з родзічаў і сваякоў гатовы перапісвацца з Кацяй толькі для таго, каб атрымаць ад яе пасылку. Ад зайздрасці гатовыя зганьбіць чалавека, каб за кошт гэтага атрымаць хоць нейкую карысць. Канечне, Ораст не ідэальны сын, але і не горшы за іншых. Трымаецца сям’і, кахае жонку, любіць дзяцей. А наконт чаркі. Дык хто цяпер не п’е? Іншае здзіўляла і непакоіла Гардзея. Жывучы за тысячы кіламетраў у Амерыцы, Каця імкнулася ведаць усё пра ягоную сям’ю, кіраваць адносінамі, уплываць на Зосю і Ораста. Яго ж, Гардзея, настойліва клікала ў госці, заваблівала багаццем, хвалілася сваім двухпавярховым домам, дзе шчасліва жыла з мужам у багатай і вольнай краіне, у якой ёй пашанцавала апынуцца. У адным лісце яна напісала: «Не хоча Зося ехаць і не трэба, прыязджай адзін. Я пакажу табе ўсю Амерыку. Пабачыш Ніягарскі вадаспад. Відовішча неверагоднае! Я аднойчы чатыры дні там жыла, не магла нагледзецца на гэтае вечнае хараство».
Яна ўпарта нагадвала і пра тое, што засталася бяздзетнай, а гэта азначала, што амерыканскую спадчыну маглі атрымаць Гардзееў сын і ўнукі, бо іншых спадчыннікаў у яе не было. Зразумела, Каця сумавала па радзіме, жыла згадкамі пра мінулае, тым больш, што некалі яна была неабыякавая да Гардзея. Ён гэта адчуваў, калі і сам вагаўся, выбіраючы сабе жонку. Яму падабалася ўдумлівая, разумная, начытаная Каця, але Зося, імпульсіўная, самаахвярная і адданая, здолела прывязаць яго да сябе. Аднак жыццё мінула. Насоўвалася старасць. Гардзей адчуваў яе дыханне за спінаю. Ён баяўся прызнацца сабе ці каму б там ні было, што паступова губляе зрок, вочы зацягвала смугою, якую нават сонца не магло прадраць. Сілы пакідаюць цела, цяжка дыхаюць лёгкія, задышка пачынае душыць, як толькі ён бярэцца за якую-небудзь цяжкую працу. Што там далей, адзін Бог ведае. Аднак трэба было абараніць сына і сваю сям’ю ад плётак. Ён сабраўся і напісаў доўгі ліст Каці і яе мужу:
«Добры дзень, паважаныя Каця і Дзяніс! Мы атрымалі ваш ліст, за які сардэчна дзякуем. Мы радыя, што ў вас усё добра, што вы яшчэ працуеце, што здаровыя, наведваеце крамы, атрымліваеце асалоду ад жыцця, ад сустрэч з сябрамі і ад працы ў кветніку. Зося таксама любіць наведваць крамы і купляць што-небудзь сабе або ўнукам. Сардэчна дзякую за запрашэнне ў госці, аднак, перакананы, што мяне да вас не пусцяць. Вы ж ведаеце маё мінулае. Мяне выпусцілі па амністыі, пашанцавала. Рэабілітацыі я не дачакаўся. Да таго ж, наколькі я ведаю, за мяжу пускаюць толькі блізкіх родзічаў: бацьку, маці, братоў або сясцёр. Наконт Ораста скажу, што раней ён любіў пасядзець у кампаніі, калі быў халасты, а цяпер, як завяліся дзеці, такое амаль не здараецца. Ён добра ставіцца да нас з Зосяю, да сваёй жонкі і дзяцей. Вяселле сваё ён справіў вельмі сціпла, толькі з самымі блізкімі сябрамі, бо не хацеў абцяжарваць нас. Мы тады знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Прыязджайце да нас, пазнаёмцеся з ягонай сям’ёй і здолееце самі ўпэўніцца, што ён добры сямейнік. Мы цешымся на старасці ўнукамі і шчаслівыя тым, што ўсё ў сына атрымалася выдатна. Нявестка наша прыгожая і акуратная, умее смачна гатаваць. Яна з вясковых, таму ніякае працы не цураецца. У нас усё добра, бяда толькі, што старасць ужо нагадвае пра сваю прысутнасць. Жадаем вам поспехаў, моцнага здароўя і доўгага жыцця. Прывітанне ад нашай вялікай сям’і. Да пабачэння. Рахубы».
Ліст Гардзей вырашыў сам занесці на пошту ў вёску. Хоць дзень выдаўся марозны, але ветрык ужо веяў па-вясноваму цёплы. Па дарозе ён зайшоў у краму, дзе звычайна збіраліся вяскоўцы перакінуцца словам і дачакацца, калі з Жабінкі прывязуць свежы хлеб. І на гэты раз тут сабралася некалькі старых жанчын у ватоўках ды Марк, апрануты ва ўсё салдацкае – даношваў сынаву ўніформу, у якой той вярнуўся з войска. Ён гучна сварыўся з прадаўшчыцаю Веркаю, Марфінаю дачкою.
– Бачыш ты, якая сучка, аблічыла на дзесяць капеек! Ты думаеш, калі я стары, дык і лічыць не ўмею!
Верка кінула на прылавак манету і крыкнула:
– На табе дваццаць капеек, толькі сыдзі з вачэй, падла старое! Ніяк не здохнеш! Ходзіш тут і толькі нервы псуеш!
– Зараз знявечу кульбакаю! Паскуда каўтунатая! – Марк замахнуўся кульбакаю на маладзіцу.
– Толькі паспрабуй! Выклічу міліцыю, дык хутка цябе супакояць, – пачала пагражаць Верка, трасучы стручкамі завіўкі, якія спадалі на лоб.
– Сёння ж скаргу напішу ў райспажыўсаюз, не будзеш ты тут махляваць, – раз’ятрана паабяцаў Марк.
Гардзей пацягнуў Марка за рукаў і сказаў, пасмейваючыся:
– Ты яшчэ да маладзіц чапляешся?
– Каб яна спрахла, халера гэтая! Штораз выведзе з раўнавагі.
– Пойдзем на свежае паветра, успомнім маладосць.
Марк злосна згроб з прылаўка манету заскарузлаю рукою і сказаў:
– Пайшлі, Гардзей. Ты адзіны разумны чалавек на ўсё сяло. Я цябе заўсёды паважаў.
Яны выйшлі з крамы. Па-старэчы пачалі гаманіць пра гаспадарчыя справы. Толькі тут Гардзей заўважыў, што паштовая скрынка вісіць на слупе каля крамы і ўзрадавана апусціў у яе свой ліст, бо ногі ўжо балелі і не хацелася цягнуцца да пошты ў другі канец вёскі.
– Пойдзем, Марк, я цябе дахаты правяду.
– Пайшлі, Гардзей, колькі таго жыцця засталося?
Два старыя чалавекі тупалі ўдоўж вёскі, якая выгадавала іх, паставіла на ногі, пусціла ў шырокі свет, але яны вярнуліся сюды, не жадаючы жыць у разлуцы з ёю. Яны глядзелі на хаты, дзе некалі жылі іншыя людзі, якія даўно перасяліліся на клады. Цяпер па сяле хадзілі дзеці і ўнукі памерлых і рысамі твараў нагадвалі сваіх папярэднікаў. «Кругазварот жыцця ў прыродзе, – сам сабе ўсміхнуўся Гардзей. – А я яшчэ жыву. Перажыў многіх сваіх ворагаў. У гэтым мая перамога і шчасце».
– Як ты Марк пачуваешся? – спытаў Гардзей.
– Як прачнуся раніцай, здаецца, што толькі пазногці не баляць. Увесь, як пабіты.
– Вось, што я табе скажу. Калі аднойчы прачнешся і адчуеш, што нічога табе не баліць і не смыліць, ведай, што памёр, – засмяяўся Гардзей.
– Цьфу на цябе! Такое паскудства кажаш, – раззлаваўся Марк.
– Як ні круціся, а прыйдзе час адпачыць.
– Калі прыйдзе, тады і пагаворым, а цяпер давай пра што весялейшае. У цябе колькі ўнукаў?
– Двое.
– А ў мяне пяцёра, нават адзін праўнук ёсць! Абскакаў я цябе, Гардзей! – задаволена прыцмокнуў языком Марк. – Але ж ты не ведаеш галоўнае маёй радасці. Я рэабілітаваны! Прызнаны ні ў чым не вінаватым. А табе, напэўна, рэабілітацыю не дадуць. Лічыцца, што ты на немцаў працаваў.
– Я працаваў на людзей. Стараўся, каб пастаўкі немцам былі як мага меншыя, каб жывёлу здавалі горшую. Ты гэтага не заўважыў?
– Я заўважыў, але хто табе паверыць? Ты ж для саветаў – вораг народа.
– Ат, не павераць, дык і так памру. Для мяне галоўнае не чалавечы суд, а Боскі. Будзь здаровы, Марк, і не кашляй.
Гардзей рушыў па вуліцы, а думка пра рэабілітацыю не адпускала яго. Ён не адчуваў сваёй віны ні ў чым, шкадаваў толькі, што ўзяў грэх на душу, напісаў данос на Пуха. Думаў, што Пуху ўчыняць допыт, выкрыюць яго нялюдскую дзейнасць, а немцам не было часу разбірацца. Яны расстралялі Пуха як камуніста і супрацоўніка савецкіх карных органаў. Гардзей вельмі спадзяваўся, што здолее дазнацца, чым быў атручаны. Тады, магчыма, было б лягчэй знайсці лекі ад невылечнай хваробы, якая хоць і прыціхла ў апошнія гады, але час ад часу нагадвала пра сябе страшэнным болем у галаве і грудзях. Цяпер ужо нічога не дазнаешся, позна. Сваю таямніцу забраў Пух на той свет. Калі Гардзей уяўляў, як Пух стаяў перад дуламі аўтаматаў, яму рабілася страшна і моташна. І раптам ён згадаў той выпадак, калі расстрэльвалі людзей каля Жабінкі. Сэрца балюча сціснулася і, здалося, спынілася. Гардзей схапіўся за плот і доўга стаяў нерухома, баючыся варухнуцца, быццам баяўся, што тая далёкая смерць, што згрэбла людзей у яму, можа прыхапіць з сабой і яго.
2
На другі дзень Гардзей паехаў у Брэст і напісаў заяву ў абласную пракуратуру з просьбаю разгледзець ягоную справу з мэтаю рэабілітацыі. Праз некалькі месяцаў яго выклікалі ў суд для разгляду справы. У якасці сведкаў былі запрошаны жонка і сястра Паўліна. Утрох яны і выправіліся ў Брэст. У будынку суда са здзіўленнем убачылі Марфу, Марка і яшчэ двух аднавяскоўцаў: Іллю Раманюка і Хвядоса Янчука, з якімі Гардзей ніколі хаўрусу не вадзіў, бо яны былі на дзясятак гадоў маладзейшыя за яго.
Калі сакратар стукнуў малаточкам і абвясціў: «Суд ідзе!», усе ўсталі. Гардзей адчуў незвычайную ўзрушанасць, але пастараўся супакоіць сябе, маўляў, сам заварыў кашу, цяпер трывай. Суд пачаўся з таго, што прапанавалі Гардзею расказаць пра сваё жыццё. Ён пачаў гаварыць, спачатку хваляваўся, але хутка супакоіўся і аповед ягоны паліўся імкліваю рэчкаю, нават сам дзівіўся, як лёгка яму згадваецца тое, што ляжала недзе на дне памяці, а цяпер быццам хто вяслом ускалыхнуў і падняў на паверхню той забыты час:
– Нарадзіўся я ў 1901 годзе ў вёсцы Крачкі. Мой бацька меў дзесяць гектараў зямлі, два кані, тры каровы, карацей, гаспадарка даволі вялікая, але ў 1914 годзе ён памёр, а мама пайшла ў лепшы свет яшчэ раней. Я застаўся за гаспадара з трыма малодшымі сёстрамі. З 1909 да 1912 года вучыўся ў школе, да 1922 года працаваў на сваёй гаспадарцы, пасля мяне ўзялі ў войска, дзе служыў да 1924 года. Вярнуўся зноў у сваю гаспадарку, выбіраўся войтам, але кандыдатура не была зацверджана.
Паступова ён увайшоў у смак і пачаў расказваць, згадваючы асобныя дэталі, выпадкі. Усё перажытае быццам праплывала перад ягонымі вачыма, а ён пераказваў прысутным тое, што бачыў. Апавядаў пра тое, як сядзеў у польскай турме, як адышоў ад камуністаў, як працаваў пры саветах, але быў звольнены з працы і ў той жа дзень атручаны колішнім былым сябрам. Пра службу ў немцаў сказаў коратка, што працаваў аграномам, у ягоную функцыю ўваходзіла збіранне паставак збожжа і свойскай жывёлы для нямецкага войска, і пры гэтым прызнаўся, што склаў спіс людзей, якія прычынілі яму гора, і перадаў немцам, у выніку чаго Пух быў расстраляны, а некалькі чалавек высланы ў Германію. Гардзей адзначыў, што быў пакрыўджаны на савецкую ўладу, за тое, што яго атруцілі, у выніку чаго ён хварэе на працягу ўсяго жыцця.
Суддзя спытаў, ці ёсць у яго даведка аб перанесенай хваробе. Гардзей дастаў з кішэні і паклаў перад суддзёй нейкія паперкі і працягваў свой аповед:
– У чэрвені 1944 года я ўступіў у нямецкае добраахвотнае войска. Заставацца дома мне было небяспечна, вельмі лютавалі партызаны ў апошнія дні перад прыходам Чырвонай Арміі. На зборным пункце ў Брэсце нямецкі афіцэр запісаў неабходныя звесткі, якія датычыліся мяне, і я застаўся там. Праз некалькі дзён мне выдалі мундзір нямецкага салдата і вінтоўку. Нас вучылі страявой падрыхтоўцы. Пра тое, што я пайшоў да немцаў, мая радня не ведала. У батальёне, дзе я служыў, набралася сорак добраахвотнікаў, астатнія былі немцы. Гэты батальён абараняў Брэст, але я ў баях не браў удзел, бо ехаў наперадзе з абозам. Я быў узяты ў палон пад горадам Пілау, а потым асуджаны на спецпасяленне ў горад Тулу на шэсць гадоў, працаваў на вугальнай шахце. З-за недаядання і цяжкай працы вельмі аслабеў, таму ўцёк дамоў, за што быў зноў асуджаны ўжо на дваццаць гадоў і адпушчаны па амністыі.
Суд дапытаў Зосю. Яна назвала сваіх блізкіх родзічаў, у тым ліку і Кацю, якая жыла ў Амерыцы, і нічога не магла дадаць да таго, што расказаў Гардзей. Паўліна наогул адмоўчвалася, а калі што і казала, дык немагчыма было разабраць, што яна шамкала бяззубым ротам. Найбольш гаваркой аказалася Марфа, якая скардзілася на тое, што праз Гардзея была выслана на працу ў Германію. Марк сказаў, што ў сяле ніхто не хацеў быць аграномам. Гардзей узяўся за гэтую справу, таму што быў не зусім здаровы на галаву. Ілля Раманюк абвінаваціў Гардзея ў тым, што той у час свайго аграномства забраў у яго сям’і карову і аддаў немцам. Яшчэ адзін вясковец Хвядос Янчук сказаў, што паколькі Гардзей быў у нямецкай арміі, дык ваяваў супраць яго, Янчука, былога чырвонаармейца, які дайшоў да Берліна і быў цяжка паранены.
Гардзей слухаў сваіх аднавяскоўцаў і думаў: «Кожны дбае пра сябе. Напэўна, некаму і я атруціў жыццё. Марфе, якая дамагалася майго кахання, Раманюку, які хацеў утаіць карову, Янчуку, якому давялося паваяваць. А хіба я распачаў гэтую вайну? Мы ж толькі пешкі. І шукаем вінаватых побач з сабою».
Суддзі выйшлі параіцца, а калі вярнуліся, была абвешчана пастанова аб прызначэнні судова-псіхіятрычнай экспертызы па справе грамадзяніна Рахубы Гардзея Максімавіча. Гардзею растлумачылі, што яго выклічуць на экспертызу, а пасля суд прыме канчатковую пастанову. Яго суцешыла тое, што твары суддзяў не былі такія пагардлівыя і абыякавыя, якія яму даводзілася бачыць раней. Г этыя глядзелі спакойна і нават прыязна.
Калі вярталіся дамоў, ужо ў цягніку, Зося, пазіраючы ў задуменны твар мужа, спытала:
– І навошта табе трэба былі гэтыя мітрэнгі? Што табе з тае рэабілітацыі?
– З некім я варагаваў, нехта не любіў мяне, але я ніколі не быў і не буду ворагам свайму народу! Таму рэабілітацыя мне патрэбна як паветра!
– Які ж ты неспакойны, Гардзейка, – заківала галавою Паўліна.
– Затое ты ў нас спакойная! Сапраўдны пралетарый, нічога не маеш, толькі другіх вучыш жыццю!
Паўліна імгненне глядзела на брата і раптам залілася слязамі, праз усхліпы яна прамовіла па складах:
– Гэта ж усё праз цябе! Праз цябе я засталася адна! Ты не даў мне выйсці замуж! Ты з’еў маю маладосць!
– Ціха, ціха, Паўлінка, – папрасіла Зося. – Людзі ж кругом.
Паўліна аціхла, унурылася, адвярнулася да акна. Гардзей нервова прыгладзіў валасы, працёр вочы. На зрэнкі наплываў туман. Ужо ён і Зосін твар не мог добра разгледзець. Іншы раз са страхам думаў пра тое, што некалі настане дзень, калі белы свет акрыецца непраглядным туманам. А потым не за гарамі і смерць. Але ці ж яму наракаць на лёс. І так пажыў, дзякаваць богу. Колькі палегла людзей тых, што працавалі разам з ім на шахце ў Туле і Варкуце! Колькі хлопцаў не вярнулася ў сяло, мабілізаваных на вайну! Што ж, у кожнага свой лёс, свая непратаптаная сцежка. Сам выбраў, сам іду, як магу, на колькі хопіць моцы.