355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 1)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 21 страниц)

Annotation

Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.

ЗІНАІДА ДУДЗЮК

КНІГА ПЕРШАЯ

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

15

16

17

18

19

20

21

22

23

24

25

26

27

28

29

30

31

32

33

34

35

36

37

38

39

40

41

42

43

44

45

46

47

48

КНІГА ДРУГАЯ

Раздзел першы

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

Раздзел другі

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

15

Раздзел трэці

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

Раздзел чацвёрты

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

ЭПІЛОГ

ЗІНАІДА ДУДЗЮК

СЛОДЫЧ І АТРУТА

Дудзюк, З. Слодыч і атрута : раман / Зінаіда Дудзюк.– Мінск : Маст. літ., 2013.– 398 c.

КНІГА ПЕРШАЯ

1

Маладзенькія дочкі збіраліся на вяселле, прыхарошваліся перад люстэркам. Бацька, седзячы ля стала, назіраў за імі з-пад насупленых броваў, а ў душы ціха радаваўся, што збярог дзяцей, выгадаваў адзін, пасля заўчаснай смерці жонкі. А колькі няшчасцяў давялося перажыць: вайну, бежанства, рэвалюцыю, халеру, тыф, голад... Старэйшая Каця, нізенькая, хваравітая з маленства, стрыманая ў пачуццях і, як здавалася Кірылу, разумнейшая, кроку не ступіць, пакуль не ўзважыць усё як след, адно кніжкі яе псуюць. Што б ні рабіла, пры сабе трымае які-небудзь раман. Аладкі пячэ – і то з чытаннем. Малодшая Зося тварам і паставаю ўдалася ў бацьку, высокая і тоненькая, як былінка, але характар узяла матчын, такая ж гаманкая, мітуслівая, паспявала і сябе агледзець, і зрабіць заўвагу сястры:

– Навошта табе чорны каснік? Ці ты манашка?

– Я хустку завяжу, а касу закручу ў куксу, касніка не будзе відно, – адказала Каця. – А ты перш на сябе паглядзі! Так і пойдзеш, як расамаха, недаплеценымі коскамі матляць?

– І пайду! Мне так падабаецца, – малодшая сястра наравіста крутнула галавою.

Каця падціснула вусны і павучальна сказала:

– Гэта ў Самары камсамолкі трэслі падстрыжанымі патламі, а тут, на радзіме, іншыя звычаі. Дзяўчаты павінны хадзіць у хустках.

– Нічога я нікому не вінная. А калі мне горача ў хустцы?

– Тата, скажы ты ёй, – настойвала Каця.

– І чаго прычапілася? Ну, на табе... Завяжу. Цяпер супакоішся? – адказала Зося, ускідваючы на галаву лёгкую светлую хустку, аздобленую шаўковымі кутасамі.

Кірыла нічога не адказаў, прытоена ўздыхнуў. Каця нагадала пра Самару – і ён міжвольна падумаў, што бежанства забрала ў яго ўсё лепшае. Каб не вайна, жылі б яны прыпяваючы. Хоць на гаспадарцы працаваць было цяжка, але нястачы не ведалі, не галадалі. Трымаў чатыры каровы, парку коней, дзесятак свіней, восем авечак, гусей, курэй, качак. Усё гэта давялося кінуць і па загадзе цара ехаць у свет, бо на Расію пайшоў вайною немец. Калі вярнуліся, дык засталі хату без даху, дзвярэй і вокнаў – адны голыя сцены. Каб яшчэ трохі затрымаліся, дык і сцены расцягнулі б на дровы свае ж аднавяскоўцы. Давялося жыць у брата Карпа. Усю зіму шчыраваў Кірыла, ладзіў дах, столь, печ, толькі пад вясну перабраўся з дочкамі ва ўласнае жытло. Ён лічыў, што прычынай нягод была неабачлівасць бацькі, які купіў зямлю паблізу чыгункі, хацеў жыць пры дарозе, каб прасцей было даехаць да Берасця, Кобрына і Жабінкі. Пралічыўся, не падумаў, што войны таксама рухаюцца па дарогах. Каб сям’я Барэйшаў жыла сярод балота, можа, прасядзелі б ціха акупацыю. А так пагналі сямейку Барэйшаў у Жабінцы на цягнік з мноствам гэтакіх жа гаротнікаў і павезлі на злом галавы ў Бог ведае якую Самару. Там і жонка памерла, пайшла аднойчы з бежанкамі ў стары здзічэлы сад, каб натрэсці яблыкаў, залезла на тоўстую галіну, а тая абламалася, бедная Палая абрынулася і ўвярэдзіла спіну. Забралі ў шпіталь. Прыйшоў Кірыла праведаць жонку, а яму сказалі, што яна ў трупярні. З цяжкім сэрцам вярнуўся дамоў, узяў апратку для нябожчыцы, наняў вазака, каб забраць яе ды пахаваць, а тут паведамілі, што жонку пахавалі, нават не сказалі, дзе магіла...

Заняты сваімі думкамі, Кірыла не заўважыў, што дочкі працягваюць спрэчку.

– Малая ты яшчэ, падлетак... Нават пашпарта не маеш, – упікнула Каця Зосю.

– Гэта я малая? Паглядзі, хто з нас большы?

Зося, смеючыся, стала перад люстэркам побач з Кацяй і аказалася вышэйшаю ледзь не на галаву.

– Вырасла да неба, а дурная як трэба, – адказала Каця і адышла.

Кірыла звёў бровы на пераноссі і незадаволена, але без злосці сказаў:

– Годзе вам, сарокі, сакатаць! Збірайцеся, бо без вас вяселле згуляюць.

– Я гатовая, тата, – адказала старэйшая дачка.

– Усё ўзяла? – спытаў бацька.

– Так. Пляшку самагонкі, булку хлеба, міску журу.

– Тады пойдзем з Богам. А дзе ж Серафім? – спахапіўся Кірыла.

– Напэўна, на дварэ.

Кірыла, высокі, жылісты, устаў з-за стала, няспешна апрануўся, узяў кайстру з гасцінцамі і накіраваўся да дзвярэй. Зося яшчэ раз паспела крутнуцца перад люстэркам і засталася задаволеная сваёй хоць і хударлявай, але стройнай постаццю. Лёгкаю птушкаю выпырхнула з хаты ў пахмурны вясновы дзень, адзін з тых, калі яшчэ спала не адагрэтая зямля, а душа дзяўчыны спявала і жыла прадчуваннем нечага незвычайнага і шчаслівага. Хацелася выглядаць лепш за маладую, каб нават малады паглядзеў на яе з захапленнем, а пра астатніх вясковых хлопцаў і казаць няма чаго. Усе яны будуць стаяць у чарзе, каб паскакаць з ёю польку ці сербіянку.

– Серафім, дзе ты? – гукнуў Кірыла з ганка.

Худзенькі падлетак выглянуў з хлява з віламі ў руках.

– Я тут. А што? – спытаў ён.

– Чаму ты не пераапрануўся? З гною на вяселле пойдзеш? – незадаволена спытала Каця.

– Не. Я не пайду.

– Чаму? – здзівілася Зося.

– А што я там не бачыў? Ідзіце, весяліцеся, а я гаспадарку дагледжу.

– Ну, як хочаш, – махнуў рукою Кірыла і накіраваўся з двара.

– Нейкі ён дзікі ў нас расце, – заўважыла Каця.

– Бо сірата, – адказала Зося. – Жыве, бы палын пры дарозе.

– Мы ж яму не чужыя, і бацька ў яго ёсць недзе ў Расіі, мо калі вернецца, дык будуць разам, – разважыў Кірыла дачок і, каб перапыніць пустую гаворку, размашыста пакрочыў па падсохлай дарозе.

Аднак Зося раз-пораз вытыркалася ўперад бацькі, абганяючы яго. Так вабіла яе чужое вяселле. Яна зусім не ведала маладога. Маладую бачыла толькі адзін раз, калі тая забегла днямі з дружкамі, каб запрасіць іхнюю сям’ю на вяселле. Дзяўчына была родзічка па маме. Зося не ўдакладніла, што гэта за радня, і наогул мала каго помніла з ранняга маленства. За тыя гады, пакуль Барэйшы былі ў Самары, у Крачках шмат што змянілася. Падрасло новае пакаленне, сталыя крачкаўцы пастарэлі, нехта не вярнуўся з бежанцаў, старыя паўміралі. Аднак Зосю мала турбавала тое, што яна не ведала тутэйшых, дзяўчына лічыла: свята ладзіцца для яе.

2

Вясельная дружына спявала і скакала, апантаная агульным уздымам. Нават у тых гасцей, якія не адважваліся кідацца ў скокі, нешта замірала і трымцела ў грудзях, калі яны слухалі залівісты гармонік і гучны бубен, на абадку якога меддзю пазвоньвалі круглыя бляшкі. Бубнач гаціў кулаком у такт музыцы па нацягнутай скуры, часам даставаў стукнуць нават локцем, выяўляючы адметны спрыт, пры гэтым голасна нешта выкрыкваў, што, на ягоную думку, павінна было падбадзёрыць і распаліць танцораў. Гарманіст паводзіў сябе больш стрымана, шырока расцягваў гармонік і глядзеў некуды перад сабой, не зважаючы на танцораў. Ведаў: галоўны тут ён. Змоўкне гармонік – скончыцца танец, людзі, якія толькі што былі захоплены мелодыяй і рытмам, разыдуцца, быццам імгненна счужэюць і страцяць цікаўнасць адзін да аднаго. Ягоныя тонкія і лоўкія пальцы так хутка бегалі па гузіках гармоніка, што прысутным толькі заставалася дзівіцца, як ён запамінае процьму ладоў і басоў, каб гэтак хораша выводзіць мноства знаёмых і невядомых мелодый. Гарманіст часам некаму ківаў, усміхаўся, але знаёмых было мала, бо ён запрошаны з іншае вёскі. Хлопец хіліў галаву да гармоніка, прыслухоўваўся да ягонага голасу, нібы гэта быў ягоны найлепшы суразмоўца.

За сталамі засталіся толькі людзі сталага веку. Моладзь высыпала на вуліцу. Каця і Зося таксама стаялі ў гурце дзяўчат. Вылучаліся яны крамнаю вопраткаю, якую прывезлі з бежанства. Тутэйшыя дзяўчаты былі ў суконных паласатых андараках, вышыванках, з рознакаляровымі пацеркамі на шыях. Усе да адной у квяцістых хустках. Было золка, аднак ніхто з моладзі і не збіраўся апранаць світкі. Шчокі палалі, вочы блішчалі, усё навокал кружылася вясёлкаю колераў. Знаходзіліся і асабліва спрытныя пявунні і танцоркі, што, здавалася, маглі пераспяваць каго хочаш. Перад такімі шырэй расступалася кола гасцей, але вось нехта не вытрымліваў і кідаўся ў спаборніцтва. Адбывалася вясёлая перапалка, да якой далучаліся новыя ахвотнікі. Урэшце скакаць і спяваць пачыналі ўсе, ужо не слухалі адзін аднаго, не зважалі на ўзмакрэлыя спіны і прытомленыя ногі. Пакуль граў гармонік, ніхто не мог спыніцца.

– Чаго засумавалі, прыгажуні? – спытаў у Каці і Зосі высокі чарнявы юнак, схапіў абедзвюх за рукі і пацягнуў у гурт танцораў. Каця адбілася, адышла далей да плота, а Зося безразважна рынулася ў скокі, звонка заспявала прыпеўку:

А на печы пры лучыне

Дзеўкі грошы палічылі,

Налічылі паўталера

І купілі кавалера.


Хлопец не застаўся ў даўгу і зацягнуў прыпеўку ў адказ. Калі ён спяваў, ніжняя таўставатая губа ў яго трохі адвісала, гэта смяшыла Зосю.

Дзяўчыначка мая люба,

Мядовая твая губа.

Адзін разок пацалую —

Тры дні ў роце мядок чую.


Зося кінула на хлопца гарэзлівы позірк, усміхнулася, паказаўшы роўныя зубкі, па-заліхвацку сарвала з галавы хустку і, памахваючы ёю, заспявала:

У мястэчку на базары

Хлопцы прадаюцца:

На капейку – сорак штук

І то задаюцца.


Танцор у адказ упарта хітнуў галавою, адступіў на колькі крокаў ад Зосі, нібы любуючыся ёю, і заспяваў:

Хлопцы знаюць, хлопцы знаюць,

З кім трэба знаёміцца:

У каго нясуцца куры

І карова доіцца.


У гэты момант музыка абарвалася, пэўна, гарманісту спатрэбіўся адпачынак. Зося зрабіла рэверанс, як вучыла старая немка-выхавацелька ў самарскім дзіцячым прытулку. Хлопец у адказ пакланіўся і сказаў:

– А я ведаю, чыя ты – Кірылы Барэйшы дачка.

– Ну і што? – задзірыста спытала Зося.

– Нічога. Давай пазнаёмімся. Мяне Гардзеем завуць.

– А я Зося.

– Зосечка, Зоська, – хлопец хітравата прыжмурыўся і падміргнуў дзяўчыне. – А гэта твая сястра?

– Так. Гэта Каця, пазнаёмцеся, – адказала дзяўчына, падыходзячы да сястры.

– Добры дзень, Каця, – сказаў Гардзей. – Чаго не скачаш?

– Прыглядаюся.

– Правільна. Спачатку трэба зарыентавацца на мясцовасці – і ў наступ, – весела прамовіў Гардзей.

– Ні на каго я наступаць не збіраюся, – адказала Каця, робячы абыякавы выгляд.

– А на жаніхоў? – засмяяўся хлопец.

– А чаго на іх наступаць? Яшчэ каго, крый Божа, раздушым, – са смехам адказала Зося.

– Вясёлыя дзяўчаты! Пайшлі падмацуемся.

У хаце, калі гасцям налілі па чарцы, Гардзей крыкнуў:

– Горка!

За ім усе дружна сталі паўтараць:

– Горка! Горка! Горка!

Маладыя сарамліва пацалаваліся. Госці задаволена загарланілі і выпілі. Зося з Кацяй толькі прыгубілі.

– Э, дзяўчаты, так нават на хаўтурах не п’юць, – незадаволена пакруціў галавою Гардзей. – За шчасце маладых трэба піць да дна, каб ніякай горычы ім не пакідаць у сумесным жыцці.

– Мы не ўмеем піць гарэлку. Вось узвару можна і цэлую шклянку, наліце мне, калі ласка, – папрасіла Зося.

– З вялікім задавальненнем, – адказаў Гардзей і наліў сёстрам па шклянцы ўзвару з паліванай гладышкі. – Піце, дзяўчаткі, расціце тоўстыя.

– Гэтае пажаданне Зосі, яна ў нас, як тычка, – заўважыла Каця.

– Нічога, былі б косці, а мяса нарасце, – адказаў Гардзей, цікаўным позіркам акідваючы дзяўчат.

Яму больш падабалася старэйшая, невысокая, з прывабнымі дробнымі рысамі твару, але яна паводзіла сябе стрымана, нават грэбліва да іншых, ён так і адзначыў для сябе: «Пераборлівая нейкая». Малодшая, Зося, была высокая і худая, затое адкрытая, усмешлівая і даверлівая. Кідалася ў вочы адзенне дзяўчат, у якім яны выглядалі быццам паненкі. Каця красавалася ў барвовай сукні, пашытай на гарадскі манер, з карункавым каўнерыкам і манжэтамі, белая хустачка, вышытая дробнымі чырвонымі ружамі і завязаная «на бабку» вельмі пасавала дзяўчыне; малодшая сястра была ў больш про стай зялёнай клятчастай сукенцы. Яна як скінула хустку ў час скокаў, дык больш яе і не завязвала, сядзела за сталом неяк па-свойску. Дзве тоўстыя светлыя касы ляжалі на грудзях. Гардзей не ўтрымаўся, каб не дакрануцца да адной і не закінуць яе дзяўчыне за плячук. Пры гэтым нібы незнарок крануў грудзі. Зося ўспыхнула, залілася чырванню, схілілася над талеркаю, робячы выгляд, што есць. Гардзей паглядзеў на яе вострыя плечукі, пасміхнуўся з гэтае цнатліўкі.

– Чаму ў цябе дзве касы? – шэптам спытаў ён.

– А што? Мне так падабаецца. Немка-выхавацелька патрабавала, каб мы гэтак запляталі валасы, – адказала Зося.

– У нас такі звычай: дзяўчаты да замужжа носяць адну касу, бо яны яшчэ не маюць пары, а жанчыны – дзве, бо ўжо спараваныя.

– Гэта праўда? Ты не жартуеш? – збянтэжана спытала Зося і паспешліва завязала хустку на галаву.

Гардзей доўга апекаваўся Кірылавымі дочкамі, толькі калі пад вечар вясельная дружына сабралася везці нявесту да жаніха, неяк атрымалася, што Гардзей і Зося ўваліліся разам у нейкі вясельны вазок, дзе цесна сядзела грамада гасцей, і коні паімчалі іх у суседнюю вёску Сцяблова.

Людзі на вазку зацягнулі песню. Зося таксама ўключылася ў бязладны хор, невядома скуль вынесла яе памяць гэтую песню, можа, некалі чула яшчэ ад нябожчыцы мамы:

Ой, у лузе стаяла каліна,

Я мілому вячэру варыла.

Ужо вячэра кіпіць, закіпае,

Мой міленькі на ганак ступае.

«Ой, сядзь, мілы, прысядзь на парозе,

Раскажы, што ты чуў у дарозе».


Побач у самае вуха басаваў Гардзей, хітравата жмурачы чорныя вочы, абдымаючы Зосю, каб не вывалілася з траскага вазка.

«Чуў я, міла, такую навіну,

Што ты маеш малую дзяціну».

«Гэта, мілы, навіна пустая,

Што ў мяне ёсць дзяціна малая.

Стаялі цыганы на мураўцы,

Пакінулі дзіцятка на лаўцы».


Ніколі ў жыцці яшчэ гэтак не весялілася Зося, ніколі ў жыцці не была такой шчаслівай. Што і казаць, мала ёй ласкі выпала на яе долю. Мама рана памерла. Давялося Зосі гадавацца ў прытулку. Калі вярнулася зноў у сям’ю, адчувала сябе адчужана, жыла пад колкім і прыдзірлівым наглядам старэйшай сястры ды безуважнага бацькі, маўклівага, унуранага ў клопаты. Зараз яна не здатная была нешта думаць. Пад цяплом Гардзеевага позірку душа яе нібы разгарнулася, расцвіла, быццам кветка пад сонцам, і дзяўчына цешылася святам еднасці і разумення.

Хутка даляцеў вазок да жаніховай хаты. Толькі тут Зося заўважыла, што ні бацька, ні Каця ў Сцяблова не прыехалі, але гэта зусім не засмуціла яе, наадварот, яна падумала: «Вось і добра! Ніхто не будзе мяне тузаць і вучыць, як трэба сябе паводзіць».

Госці дзялілі каравай, частаваліся, спявалі і скакалі пад нястомны гармонік і бубен, а Зося нікога не бачыла, акрамя Гардзея. Разам яны нешта пілі, нечым закусвалі, смяяліся, пускаліся ў скокі, схамянуліся толькі тады, калі заўважылі, што хата апусцела, заціх гармонік. Свята скончылася.

– Напэўна, позна ўжо? Трэба дахаты вяртацца, – сказала Зося.

– Ага, пойдзем, – кіўнуў галавою Гардзей, і, ні з кім не развітаўшыся, накіраваўся да дзвярэй.

Зося рушыла за ім. На парозе азірнулася, убачыла незнаёмага п’янага чалавека, не старога, але са змораным тварам, чорнымі ўскудлачанымі валасамі, які ціхамірна спаў, паклаўшы галаву ў пустую талерку. Дзве маладзіцы прыбіралі са сталоў посуд і абгаворвалі нейкую Галену, якая ў сенцах сама сябе шчыпала за шчокі, каб быць ружоваю. Дзяўчына ступіла ў цёмныя сенцы, дзе сутыкнулася з некім у цемры і ледзь не ўпала, але Гардзей падтрымаў яе і вывеў на вольнае паветра.

3

Хмарнае начное неба навісала над маўкліваю вёскаю, толькі там-сям праглядвалі праз кудзелю аблачын гарэзлівыя зорачкі. У цемры ледзьве віднеліся чорныя абрысы хат і дрэў. Ад блізарукасці ў мораку Зося амаль нічога не бачыла, таму моцна трымалася за Гардзееву руку.

– Божа, я нават не ведаю, у які бок ісці! Вось дык нагасцявалася! – бесклапотна сказала Зося.

– Затое я тут усё ведаю, не адны лапці стаптаў, – адказаў Гардзей, тулячы да сябе дзяўчыну. – Табе не холадна?

– Мне горача, горача...

– Тады і мяне пагрэй.

Гардзей абняў Зосю, паспрабаваў пацалаваць. Яна спачатку спалохана тузанулася, але хлопец утрымаў яе. І дзяўчына наўздзіў аддалася прыемнаму, яшчэ невядомаму ёй да гэтага пачуццю мілавання і пяшчоты. Калі Гардзей, нарэшце, аслабіў абдымкі, прыціхлая на імгненне Зося, як бы жадаючы прыглушыць сваю сарамлівасць, сказала насмешліва:

– Ажно вусны здранцвелі. Ледзь не загрыз.

– Ці тое яшчэ будзе! У нас усё жыццё наперадзе, – іранічна адказаў Гардзей.

– Ты мяне ўсё жыццё збіраешся грызці? – з напускным абурэннем спытала Зося.

– А чым жа з табою можна яшчэ займацца? Не ў «дурня» ж гуляць! – засмяяўся Гардзей, зноў абхапіў дзяўчыну і доўга цалаваў, пакуль яна не стала вырывацца.

– Мы так нікуды не дойдзем, – сказала Зося.

– А куды нам спяшацца? Ноч доўгая...

Гардзей падхапіў Зосю пад руку, і яны пайшлі ўдоўж ціхай вясковай вуліцы. Вокны скрозь былі цёмныя, і неба ўсё гусцей зацягвалася хмарамі.

– Ужо, напэўна, пераваліла за поўнач? – спытала Зося.

– Можа, і пераваліла, а нам што з таго? – адказаў Гардзей і раптам, спатыкнуўшыся, прываліўся плячом да дзяўчыны. – У такой цямрэчы і ногі не доўга пераламаць.

– Ты, напэўна, напіўся, хлопец, вось і валішся?

– А нягож... Чаго б я дарма час марнаваў. Вяселле для таго і даецца, каб гарэлку піць ды дзяўчат любіць, – засмяяўся Гардзей.

На яго голас азваўся з двара нечы сабака, суседскі забрахаў у адказ.

– Пойдзем хутчэй адсюль, абрыдла слухаць сабачы галас, – сказаў Гардзей, узяў Зосю за руку, і яны паспешліва рушылі ў канец вёскі.

Якая гэта была прыемная хада. Зося адчувала пяшчотнае цяпло ягонай далоні, чула ягонае дыханне побач, старалася ісці з ім крок у крок. Паступова сабачы брэх аціх, вёска скончылася, яны трохі запаволілі рух. Гардзей спытаў:

– Дзе ты жыла ў бежанцах?

– У Самары. А ты чаму не выязджаў?

– Бацька захварэў, а тады памёр. Маці наша яшчэ раней памерла. Мне было трынаццаць, як застаўся за гаспадара. Тры сястры – і ўсе малыя.

– Хапіла табе ліха.

– Нічога, выжылі. Раскажы, што там у Расіі?

– Да вайны, пэўна, няблага жылі. Заможныя нас, бежанцаў, шкадавалі. А потым рэвалюцыя, вайна. Па тры разы на тыдзень улада мянялася. Калі ў прытулку жыла, мы з-за занавескі цікавалі, з якімі сцягамі па вуліцы вайскоўцы едуць: з белымі ці чырвонымі. Па тых сцягах і даведваліся, якая ўлада ў горадзе. Голадна было, лютавалі халера, тыф. Як замацавалася ўлада бальшавікоў, нашага бацюшку, што выкладаў у прытулку Закон Божы, арыштавалі і расстралялі. Выпусцілі злачынцаў з турмы. Такое бязладдзе пачалося! Каб было соладка, напэўна, на радзіму не вярнуліся б...

– А як жа бальшавіцкія лозунгі пра роўнасць і братэрства?

– Ну, гэта як мяне і Кацю падраўняць сякераю...

– Ну, ты і сказала...

– Усіх жа багатых выслалі некуды, казалі, што адных пастралялі, іншых у Волзе ў баржах патапілі. Хадзілі чуткі, што прытулак з маленькімі дзеткамі, дзе ўсчалася халера, спалілі разам з выхавацелямі. Дарэчы, я і Леніна бачыла.

– Маніш...

– Пабажуся, як не верыш, – перажагналася Зося. – Прыязджаў да нас на Новы год, рыжы, маленькі.

– Трэба ў твайго бацькі распытаць, як там было. Здаецца, ты трохі выдумляеш.

– Навошта мне выдумляць?

Ішлі дарогай праз поле. Пранізлівы начны вецер прадзімаў Зосіну світку наскрозь, але яна старалася не зважаць на холад, хоць дрыжыкі гулялі па ўсім целе.

– Замерзла? – спахапіўся Гардзей. – Трэба трохі пагрэцца.

– Проста на дарозе?

– Ведаю я адну мясцінку.

Гардзей збочыў з дарогі і накіраваўся да нейкай будыніны.

– Куды ты ідзеш? – устрывожана спытала Зося.

– Тут адзін хутаранец жыў, бабыль бяздзетны. Памёр, дык спадчыну між пляменнікамі падзялілі. Яны хату разабралі і перавезлі некуды, а клуня стаіць, нас чакае.

– Не пайду я туды, – заўпарцілася дзяўчына.

– Я цябе на руках панясу...

Гардзей лёгка падхапіў дзяўчыну і панёс. Яна не вырывалася, прытулілася да грудзей, чула, як б’ецца ягонае сэрца. Дзверы ў клуню былі незамкнёныя. Гардзей адпусціў Зосю, расчыніў дзверы, увайшоў у сярэдзіну. Следам за ім ступіла і дзяўчына. Пад нагамі зашаргацела ўляжалая салома, пахла цвіллю.

– Бачыш, як тут цёпла, – сказаў Гардзей. – Пайшлі ў той кут, пасядзім, пачастуемся.

– Ты тут усе куткі ведаеш? – здзіўлена спытала Зося, асцярожна ступаючы, выцягнуўшы наперад рукі, бо нічога не бачыла.

– Летась колькі разоў тут ад дажджу хаваўся.

Селі на саломе, мяккай, цёплай, быццам яна ўсё яшчэ захоўвала ў сабе энергію сонца.

– А тут мышэй няма? – насцярожана спытала Зося.

– Знайшла чаго баяцца. Ты такая доўгая, што вельмі шмат мышэй трэба, каб цябе з’есці.

Гардзей дастаў з кішэні пляшку, падаў Зосі.

– Прычасціся трохі. Есці хочацца, ажно няма дзе пераначаваць.

– Не падабаюцца мне твае жарты.

– Не бяда, абы я табе падабаўся, а жарты на кожны выпадак знойдуцца новыя. Давай глытні, сагрэйся... Будзь здаровая.

– Што тут?

– Вада свянцоная.

Зося зрабіла глыток, папярхнулася, закашлялася.

– Як малое дзіця, піць не ўмееш з пляшкі.

– Гэта ж гарэлка! – абурылася Зося. – Я не люблю гарэлку.

– Ты проста яшчэ не рассмакавалася. Вучыся ў мяне.

Гардзей адпіў трохі, зноў падаў пляшку Зосі.

– Пакаштуй яшчэ, сагрэйся. У мяне цукерка ёсць. Закусіш, і будзе файна, – запэўніў дзяўчыну Гардзей.

– Баюся.

– Чаго ж ты такая баязлівая?

Зося зрабіла глыток, у грудзях запякло, прыемнае цяпло разлілося па ўсім целе. Гардзей паклаў ёй у рот цукерку і спытаў:

– Ну, як? Палепшала?

– Сапраўды, цёпла стала. Дзе ты ўзяў гарэлку?

– Дзе ўзяў, там няма. Давай дап’ём. Посуд любіць чысціню.

Зося яшчэ раз адпіла з пляшкі, гарэлка была нясмачная, ад яе завадзіла ў галаве. Дзяўчына прылегла на саломе, захацелася супакоіцца і заснуць. Гардзей узяў з яе рукі пляшку, пахваліў:

– Волат-дзеўка.

– Я зусім сп’янела.

– Нічога, да раніцы ўсё пройдзе.

Ён нахіліўся над дзяўчынай, пачаў цалаваць. Ёй было прыемна купацца ў ягонай пяшчоце. Адчула, як усё цела налілося лагодай, твар гарэў. Гардзеевы рукі, быццам шукаючы крыніцу яе цяпла, блукалі па целе, гладзілі, лашчылі, імкнуліся вызваліць ад адзення.

– Зосечка, Зоська, не бойся мяне. Я цябе не пакрыўджу. Бачыш, як добра нам зараз. А будзе яшчэ лепт... Нічога не бойся. Не адштурхоўвай мяне. Бачыш, як добра... Салодкая мая дзяўчынка...

Закалыханая пяшчотнымі словамі, ачмурэлая ад любасці і гарэлкі, яе душа безразважна патанула ў жарсці, быццам заснула, даверыўшы сябе жаданням і памкненням Гардзея.

4

Зося прачнулася ад холаду, расплюшчыла вочы. Праз шчыліны дзвярэй прабівалася святло, напэўна, ужо развіднела. Побач спаў Гардзей, раскінуўшы шырока рукі, тварам дагары. Яна пацягнула світку, каб накрыць азяблае плячо, і толькі тады зразумела, што распранутая. Душу працяла страшная здагадка: «У нас усё было?.. Як жа я цяпер буду жыць? Як жа я вярнуся дадому?.. Які жах!»

Яна асцярожна паднялася з саломы. Дрыжыкі праціналі цела. І ад холаду, і ад хвалявання. Сабрала адзенне, паспешліва, непаслухмянымі рукамі нацягнула бялізну, а потым сукенку, панчохі, абула чаравікі, усцягнула на плечы світку, зірнула на Гардзея з нянавісцю, хацела выбегчы з клуні, але затрымалася, моцна патузала хлопца за плячо.

– Ачніся, чуеш, ачніся...

Ён расплюшчыў вочы, усміхнуўся:

– А, Зоська, паспі, яшчэ рана. Куды сабралася?

– Што ты нарабіў, Гардзей? Як я цяпер буду?..

– Ці забылася, як усё было? Ты ж сама папрасіла...

– Што прасіла?.. Як ты можаш? Ты ж казаў, што нічога не будзе, – разгублена сказала Зося.

– А нічога і не было...

– Што ж мне цяпер рабіць? – у роспачы спытала дзяўчына.

– Нічога не рабіць. Ужо не з адною я тут быў – і, дзякаваць Богу, усе жывыя, здаровыя... Цяпер самі мяне сюды запрашаюць...

Гэтыя Гардзеевы словы быццам сцебанулі Зосю па твары, яна залілася чырванню, абурана выкрыкнула:

– Які ж ты нягоднік! Поскудзь!

Дзяўчына заплакала, затуліла твар далонямі і выскачыла з клуні. Яна ненавідзела і праклінала Гардзея, які пераконваў яе, што нічога дрэннага не здарыцца, а сам забраў яе дзявоцкасць. Зося вінаваціла сябе, што даверылася яму, паспадзявалася на ягоную прыстойнасць, што пашкадуе яе, сірату, сам жа вырас без бацькоў. Як жыць далей? Выйшла на дарогу, выцерла слёзы, агледзелася. Злева расхінуўся шырокі поплаў, акрыты з ночы інеем, справа – чорнае поле, уверсе – бясколернае неба і далягляд, затуманены яе блізарукасцю. Зося пазнала гэтую мясціну і пашыбавала да свайго хутара. На дарозе сустрэлася ёй незнаёмая маладзіца, павіталася з дзіўнаю ўсмешкаю. Зосі падалося, што тая пра ўсё ведае – жах апанаваў душу: «Як цяпер жыць? Як вярнуцца дадому? Як паглядзець у вочы бацьку і сястры?»

Калі ўвайшла ў хату, Каця ўжо варыла сняданак: у печы патрэсквалі паленцы, кіпеў чыгунок з бульбаю. Бацькі і Серафіма ў пакоі не было.

– Дзе валачылася? – абурана спытала Каця, злосна пазіраючы на малодшую сястру круглымі шэрымі вачамі, трымаючы пры гэтым рукі ў бокі.

– На вяселлі была, – ціха адказала Зося.

– Я з бацькам таксама там была, але ж начавала дома.

– Мы ездзілі ў Сцяблова да маладога.

– Хто гэта мы?

Зося, зразумеўшы, што ледзь не прагаварылася, патлумачыла:

– Усе людзі... госці...

– А хто цябе туды клікаў?

– Я думала, што так трэба. Людзі едуць – і я...

Каця ўзяла з прыпечка анучу, пагрозліва наблізілася да малодшай сястры і крыкнула:

– Ты мне зубы не загаворвай! Ведаю я, дзе была! З гэтым Гардзеем начавала! У яго ж дзеўка ёсць, акрамя цябе.

У Зосінай галаве гэтая вестка быццам узарвалася. Не ведала, куды падзецца, што рабіць? Ці то бегчы да Гардзея, ці распытваць у сястры, што яна ведае яшчэ? Не, з Гардзеем сустракацца больш не хацела, але і тут, дома, ёй, напэўна, жыцця не будзе: сястра заесць.

– Ніякага Гардзея я не ведаю, – сказала Зося, напускаючы на твар абыякавасць.

– А той, што увесь час каля цябе ўвіваўся.

– Які гэта? Той, з адвіслаю губою? Я і забылася, як яго завуць.

Каця з недаверам паглядзела на сястру:

– Ніякая ў яго не адвіслая губа. Прыгожы хлопец, толькі цётка там адна казала, што ён даўно ўжо да Дуні Краўчуковай ходзіць.

– А мне якая справа? Няхай хто куды хоча, туды і ходзіць.

– Дык дзе ж ты была?

– Выйшла з хаты поначы, пайшла не ў той бок і заблудзілася. Ты ж ведаеш, я дрэнна бачу, а ў цемры дык і зусім... Блукала ўсю ноч, як развіднела, толькі тады знайшла дарогу дадому.

Каця пагардліва паківала галавою, здзекліва сказала:

– Што сабе думаеш? У вёсцы ж усё навідавоку. Людзі на цябе, гулёну, паглядзелі і пра мяне будуць гэтак жа думаць.

– Мне ўсё роўна, хто і што падумае, – абыякава адказала Зося.

– Затое мне не ўсё роўна! Цябе бацька паўночы шукае. Цяпер да дзядзькі Карпа пайшоў! Ганьба на ўсю ваколіцу! Я табе пакажу, як па начах швэндацца!

Каця раз’юшана накінулася на Зосю, хвастала яе анучаю. Малодшая сястра, захінаючы твар рукою, выскачыла за дзверы і пабегла з двара. Накіравалася ўбок лесу, бязлістага і чорнага. Толькі там можна схаваць сваё гора ад чужых вачэй. Даўкі камяк перахапіў горла, слёзы паліліся з вачэй. Плакала, з адчаем думала пра тое, што ёй не варта жыць. Нішто яе тут не трымае. Як памрэ, дык, напэўна, ніхто і плакаць не будзе.

«Мамачка мая родная, вазьмі мяне да сябе! Уратуй і абарані! Ніхто мяне не любіць і не шкадуе! Не магу я так жыць, не магу! Дзе ж ты? Дзе мне цябе шукаць? – шаптала Зося. – Ты да Каці больш хінулася, бо яна з твару падобная на цябе. А я, няшчасная, удалася ў бацьку. За гэта ты мяне і не любіла. А ці ж я вінаватая? Так Бог судзіў. Мама, мамачка мая, адгукніся. Дай параду, што рабіць, як жыць? Забяры мяне на той свет. Забяры...»

Зося ведала, што некалі маму сілком выдалі замуж, яна так і не здолела пераадолець сябе – пакахаць нялюбага. Непрыязь да мужа адбілася і на халаднаватым стаўленні да малодшай дачкі, знешне падобнай на бацьку. Яшчэ калі жылі ў Самары, Зося, адчуваючы адчужанасць у сям’і, часам уцякала з дому, мусіць, рабіла гэта падсвядома, каб звярнуць на сябе ўвагу. Найчасцей ішла на рынак, дзе лагодныя гандляркі частавалі яе, дзяўчынкубежанку, семкамі і баранкамі. Маці карала дачку за самавольства, найчасцей біла ручніком ці анучаю, як цяпер Каця. Ад гэтых успамінаў Зосі яшчэ больш зрабілася шкада сябе, такую гаротную і нікому непатрэбную. Як толькі зайшла ў нетру, пад лясныя шаты, упала на мяккі мох пад высокімі елкамі, завыла-загаласіла, быццам маленькае звераня, што згубілася і не мае ніякае надзеі на выратаванне. Выплакаўшы слёзы, яна забылася цяжкім сном душэўна зморанага чалавека.

5

Абудзілася на змярканні. Ногі і рукі здранцвелі ад холаду і ад нерухомасці. Села, агледзелася, згадала пра няшчасце, якое здарылася з ёю, захацелася заснуць зноў, каб ніколі не прачынацца і нічога не помніць пра мінулую ноч. Па целе хваляю пракаціліся дрыжыкі. Яна паднялася і пайшла па гушчары, жадаючы хоць трохі сагрэцца. З прагалаў паміж вяршынямі елак на яе паглядвалі цікаўныя вочкі першых зорак. Нават ад іх імкнулася схавацца, бо здавалася, што яны смяюцца і асуджаюць яе. Нікога не хацела бачыць, толькі смерць прынесла б палёгку. Ішла ў лясныя нетры з надзеяю сустрэць гэтую збавіцельку. Голле чаплялася за світку, балюча сцябала па твары. Зося не затульвалася, толькі зажмурвалася, часам рукою адводзіла свавольнае і неміласэрнае вецце. Уявілася, як будзе ляжаць у труне, апранутая ў белую сукенку і вэлюм. Некалі ў маленстве бачыла, як гэтак жа хавалі прыгожую дзяўчыну, якая, калі зацяжарыла без шлюбу, скакала з вышак, каб забіць дзіця, але забілася сама. Над ёю галасіла маці і сёстры, усе шкадавалі нябожчыцу.

Зося падумала, што, можа, нехта паплача і над яе труною. Уявіла заплаканую Гэльку, стрыечную сястру, дачку дзядзькі Карпа, а таксама ягоную жонку, старую Агатэлю. Яны, можа, і заплачуць. Толькі Гардзей з Кацяю будуць смяяцца з яе, памерлай.

Паступова лес расступіўся, аціх ягоны гул. Пад нагамі зачвякала твань, праз халяўкі чаравікаў налілася вада. Зося зразумела, што ў цемры ўбілася ў балота. Уявіла, як уваліцца ў «чортава акно», патоне і ніхто ніколі не знойдзе яе. Не, яна не жадала такой смерці. Усё ж такі хацелася ляжаць у труне ў белым вэлюме, і каб людзі ішлі ўслед за труною і шкадавалі яе. І тады яна абавязкова ажыла б, паднялася б і пайшла б разам з імі. Ёй даравалі б грэх, ніхто ніколі не папракнуў бы нават...

Нага ўвалілася ў твань па калена, Зося ледзьве выцягнула яе, але тут ужо правалілася другой нагой. Дзяўчына спалохана схапілася за галіну нейкага куста, ускараскалася на купіну. У сутонні нічога не было відно. Выламала галіну, стала абмацваць шлях перад сабою і паціху вяртацца назад, дзе быў цвёрды бераг. Сапраўды праз колькі крокаў яна зноў апынулася на грудку. Цяпер было ўсё роўна куды ісці, абы толькі не загінуць у балоце. Калі тапіцца, дык лепш у сажалцы, дзе патанула некалі яе малодшая сястрычка Люба і цяпер жыла недзе сярод русалак.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю