355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 14)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 21 страниц)

Зося падсела да стала і спытала:

– Што ты ўсё пішаш ды пішаш?

– А табе што?

Гардзей хоць і ведаў, што жонка блізарукая, але на ўсялякі выпадак прыкрыў паперу рукою.

– Разумееш, Гардзей, не дае мне спакою тое, што аднойчы наш сын вырасце і прачытае ў дакументах, што нарадзіўся ён раней, чым мы з табою пажаніліся.

– Ну і што?

– Нядобра гэта. Зараз можна атрымаць новыя дакументы. Давай зробім Орасту новае пасведчанне аб нараджэнні. Зробім яго трошкі маладзейшым. Што тыя некалькі месяцаў азначаюць? А для нас гэта важна. Мы распісаліся ў лістападзе, а дзень нараджэння давай зробім яму хоць бы праз сем месяцаў, быццам ён сямімесячны нарадзіўся.

– Ад каго ты хочаш схаваць праўду? Ад сябе? Людзі ўсё ведаюць.

– У людзей кароткая памяць. Я хачу, каб у нас была прыстойная сям’я ва ўсіх адносінах. Каб ні дзеці, ні ўнукі не сумняваліся ў нашым каханні, – з запалам сказала Зося.

– Добра, – паабяцаў Гардзей. – Трэба з’ездзіць у Гэбітскамісарыят, а можа, і ў Жабінкаўскі пастарунак. Сёння ж і паеду.

– Гардзей, калі ты гэта зробіш, я буду проста шчаслівая.

– Не думаў я, што ты такая ганарліўка. Цяпер разумею, чаму тапіцца бегала.

У той жа дзень Гардзей паехаў у пастарунак. Першы паліцай, якога сустрэў Гардзей, быў той самы Антон, які прыязджаў арыштоўваць Зосю.

– Паглядзі, я тут склаў спіс актывістаў, – сказаў Гардзей, разгортваючы перад хлопцам паперу.

Антон прабег вачамі прозвішчы і сказаў:

– Ты разумееш, што робіш? Іх жа ўсіх расстраляюць.

Гардзея нібы абдалі варам, ён адчуў, як твар пачаў гарэць, усё цела абліла гарачая хваля. У галаве ўсчаўся страшэнны шум. Яму падалося, што зноў хвароба бярэ над ім верх. Ён выхапіў з рук Антона паперу, скамечыў яе, павярнуўся і подбегам кінуўся да выхада, уваліўся ў вазок, сцебануў без жалю каня. Трэба было хутчэй дабіцца дамоў, каб там супакоіцца і прыйсці да розуму. Калі хвароба завалодае ім у дарозе, дык гэта будзе азначаць самагубства, яна пакіруе як захоча, адключыць свядомасць. У такім стане, крый божа, нарвешся на якога немца, дык без ваганняў расстраляе, як шалёнага сабаку. Гардзей не хацеў бязглузда паміраць, ён быў перакананы, што заслугоўвае добрага і доўгага жыцця.

5

Тыдні два Гардзей адлежваўся пасля ўзрушэння, перажытага ў Жабінцы. Ва ўсім целе пасялілася млявасць і слабасць, балела галава. Удзень хіліла да сну, а ўначы ён пакутаваў ад бяссоння, згадваў мінулае, даўно пражытае і перажытае, думаў пра наступнае. У начны час сілы быццам вярталіся да яго, ён гатовы быў устаць і ісці шукаць Пуха ў пуні, на вышках, ці дзе ён там хаваецца, трэсці яго за грудкі і патрабаваць прызнання, чым ён яго атруціў, мо дактары знайшлі б супрацьяддзе. Зрэшты, Гардзей і разлічваў на тое, што Пуха будуць судзіць толькі за спробу атручвання чалавека. Гэта ж справа крымінальная. Добра было б даведацца, з якою мэтаю ён гэта зрабіў? Што кіравала ім? Гардзей уяўляў суд, дзе за кратамі сядзіць паніклы Пух у сваім міліцэйскім фрэнчы, а суддзя пытаецца ў яго: «Ці прызнаеш ты сябе вінаватым у атручэнні Гардзея Рахубы?» – І Пух адказвае: «Так, вінаваты. І вельмі шкадую, што так здарылася». «Шкадаваць мала, трэба адказваць за сваю віну, – кажа суддзя. – Давядзецца табе пасядзець у турме дзесяць гадоў». Менавіта дзесяць гадоў прызначаў Гардзей Пуху за ягонае злачынства, падсвядома спадзеючыся, што за такі тэрмін прыцішацца і ягоная хвароба, і ягоная нянавісць да злачынцы. Аднойчы ён узяў свой спіс і насупраць кожнага прозвішча напісаў віну чалавека, хто быў сельсаветчыкам, хто хаваў параненага чырвонаармейца і зброю. А насупраць Пуха пазначыў, што той працаваў следчым і атруціў яго, Рахубу Гардзея, невядомым рэчывам. Гэта прывяло апошняга да цяжкай псіхічнай хваробы. Аднак псіхічную хваробу ён выкрасліў, каб немцы не прынялі заяўніка за вар’ята.

Як толькі Гардзей адчуў сябе трохі лепш, адразу ж зноў паехаў у Жабінку. На гэты раз ён паспрабаваў аддаць свой спіс немцу, але той грэбліва зірнуў на просьбіта і нават не стаў браць пакамечаную паперу ў рукі, буркнуў нешта неўразумелае і выставіў Гардзея з кабінета кароткім: «Вэк!»

Ды на гэты раз Гардзей вырашыў дзейнічаць больш рашуча. Бо адчуваў, што яшчэ раз не адважыцца на гэтую рызыкоўную справу. Гардзей пайшоў проста да начальніка паліцыі, які сядзеў у пракураным кабінеце, смаліў цыгарку, рэдкія валасы прыліплі да потнага лба. У пакоі было душна і смуродна. Гардзей павітаўся, працягнуў спіс і сказаў:

– Гэта спіс савецкіх актывістаў Сцяблоўскай воласці.

– Ага! Добра! Давай сюды! Хутка мы з імі разбяромся! А ты хто такі і адкуль?

– З Крачкаў, працую аграномам.

– Малайчына! Адзначым за службу! Германія высока цэніць адданых людзей.

– Вы ж разумееце, яны мае аднавяскоўцы. Я не хачу, каб з імі нешта здарылася благое. Проста трэба заняцца іхнім перавыхаваннем.

– Не хвалюйся, немцы ўмеюць перавыхоўваць выдатна!

– А ты мяне не ведаў раней? – спытаў начальнік паліцыі з самаздаволенай усмешкай. Я ж быў асаднікам.

– Асаднікаў было шмат.

– Шмат, шмат! Я адзін такі! Дольскі! – раздражнёна сказаў гаспадар кабінета.

– Вельмі прыемна пазнаёміцца, – стрымана адказаў Гардзей, баючыся нарвацца на нечаканую непрыемнасць і адступаючы да парога. – Я пайду з вашага дазволу. Бывайце здаровы.

Гардзей выслізнуў за дзверы, не чакаючы адказу, адчуваючы палёгку на душы, быццам цяжар зваліўся з плячэй. Ён адпомсціць сваім крыўдзіцелям. Спі спакойна, Кірыла Іпацьевіч Барэйша, ты адпомшчаны. Серафім, Марфа і іншыя сельсаветчыкі, якія ўнеслі цябе ў спіс кулакоў, адкажуць за тваю заўчасную смерць перад справядліваю нямецкаю ўладаю. Трымайся і ты, Пух. Цябе знойдуць, дзе б ты ні хаваўся! Ты ўжо цяпер жывеш у страху, ці тое яшчэ будзе, калі цябе схопяць і кінуць у турму, а потым будуць справядліва судзіць! Напэўна, ты атруціў не аднаго мяне.

Воз паволі цягнуўся па мокрай дарозе. Позняя восень размотвала сувоі хмар, засцілала неба, як бы ратуючы зямлю ад холаду, але сама гэты холад і нараджала. Так і людзі, як бы ратуючы душу ад гвалту, самі чыняць гэты гвалт і не разумеюць, што робяць. Дзе ж набрацца мудрасці, разважлівасці, розуму, а можа, трэба слухацца свайго сэрца і толькі яму падпарадкоўвацца. У глыбокім задуменні Гардзей і не заўважыў, што конь ягоны, які да гэтага ледзьве сунуўся, зусім спыніўся, а перад ім узнік патруль з аўтаматам наперавес і запатрабаваў:

– Аўсвайс!

Гардзей дастаў з нагруднай кішэні пасведчанне агранома з гербавай нямецкай пячаткаю. Патруль пачытаў, сказаўшы: «Гут! Гут!» – загадаў Гардзею ехаць управа, у процілеглы бок ад Крачкаў.

«Што гэтаму немцу растлумачыш? – злосна падумаў Гардзей, разварочваючы каня. – Прыйшлі на нашу галаву новыя гаспадары!» І раптам ён убачыў краем вока, што ўдалечыні на краі насыпу ў радочак стаялі людзі. А насупраць іх некалькі нямецкіх аўтаматчыкаў. На дарозе чакалі дзве грузавыя машыны і легкавік. Заўважыўшы Гардзееву цікаўнасць, патруль злосна крыкнуў:

– Шнэль!

Гардзей сцебануў каня. Той ад нечаканасці тузануўся ўперад, пайшоў подбегам. У гэты час прагучалі аўтаматныя чэргі. Гардзей азірнуўся. Людзей, што стаялі на краёчку ямы, ужо не было. Засталіся толькі аўтаматчыкі. Па спіне Гардзея прабеглі дрыжыкі, быццам гэта яго самога кінулі ў яму, прашытага аўтаматнаю чаргой. Ён нават адчуў пах халоднай настылай восеньскай зямлі. Раптам выплылі ў памяці словы паліцая Антона: «Іх расстраляюць». І ўявілася, што ў яме ўжо ляжаць Пух, Серафім, Марфа. Зрабілася жудасна. Ён сказаў сабе: «Гэтага не можа быць. Я ж толькі аддаў спіс. Хацеў, каб толькі пастрашылі. Гэта пабілі яўрэяў». Нейкі чужы голас раптам спытаў: «А іх забіваць можна?» – «Нікога не трэба забіваць, Госпадзі!» – закрычаў Гардзей, як бы апраўдваючыся. – «Тады ідзі і забяры назад свой спіс», – сказаў той жа голас. – «Я не магу, яны вінаватыя! Вінаватыя! Вінаватыя! Яны грэшнікі!» – «А ты?»

Гардзей узняў угору вочы, адкуль прылятаў голас, убачыў над сабою калматыя хмары і раптам зразумеў, што хвароба зноў бярэ яго ў абцугі. Шум у вушах, няпэўнасць, знясіленасць апанавалі ягонае цела. Яшчэ імгненне – і, здавалася, ён страціць прытомнасць, а далей невядома што чакае яго, мо тая самая яма, якая толькі што праглынула радочак бязвольных людзей, якія так пакорліва і маўкліва стаялі і чакалі сваёй смерці. Гардзей раз’юшана пачаў біць каня і крычаць:

– Хутчэй! Хутчэй! Дамоў! Чаго валачэшся, як нежывы? Воўчае мяса.

Конь тузануў вазок і шпарка пабег па няроўнай падмерзлай дарозе.

6

Прамінула два месяцы. Гардзей зусім супакоіўся, бо нікога з тых людзей, каго ён унёс у свой спіс, не арыштавалі, хоць часам і мільгала з’едлівая думка: святыя яны, ці што? Напэўна, начальнік паліцыі некуды закінуў той спіс. І хай! Ці ж Гардзей жадае смерці сваім аднавяскоўцам? Ён толькі хацеў, каб іх трохі настрашылі немцы. Гэта ж трэба было так здзічэць, каб сваіх людзей без жалю запісваць у кулакі і па сутнасці асуджаць іх на пагібель разам з дзецьмі і ўнукамі!.. А як тут можна спакойна жыць? Пакуль ён здатны нешта помніць, будзе жыць крыўда на таго, хто забраў у яго здароўе, хоць Гардзей і Біблію чытаў, і супакойваў сябе, і пераконваў, што трэба дараваць людзям іхнюю подласць. Здаралася, што і забываўся пра ўсё, заняты аграномскімі справамі і разлікамі, колькі жыта і жывёлы павінна здаць вёска. Як сабраць падаткі з людзей, каб нікога не пакрыўдзіць, бо ёсць сем’і шматдзетныя, дзе па ваенным часе людзі галадаюць. Забіраць у іх апошняе не падымаецца рука. Глыбокую Гардзееву задуменнасць парушыла Серафімава Надзя. Яна ўбегла ў хату ў расшпіленым кажушку, задыханая, загаласіла:

– Ратуй, Гардзей, Серафіма забралі!

– Хто забраў? – спытаў, быццам нічога не разумеючы, Гардзей.

– Паліцаі і немцы з бляхамі на грудзях. Жандармерыя ці што.

– Шкода. Але што я магу зрабіць?

– Як што? Ты ж у немцаў служыш! Ідзі і скажы ім, што Серафім ніколі мухі не пакрыўдзіў.

– Уяві сабе, Надзя, я пайду і скажу, выпусціце майго сваяка. Ён добры чалавек. А заўтра прыйдзе нехта іншы і скажа, што Серафім быў камітэтчыкам. І мяне за хлусню да сцяны паставяць разам з тваім мужыком.

Прыгожы Надзін тварык пакутліва скрывіўся, вялікія сінія вочы напоўніліся слязьмі, яна прашаптала:

– Божачкі, што ж мне рабіць? І Эрых паехаў некуды на цэлы тыдзень.

– Які Эрых? – зацікаўлена спытаў Гардзей.

– Афіцэр нямецкі, што ў нас кватаруе.

– Вось яго і папрасі, як вернецца, – параіў Гардзей.

Зося, якая да гэтага моўчкі сядзела на запечку, раптам саскочыла, як курыца з седала, замахала доўгімі рукамі, крычучы:

– Бач ты на яе! Прыйшла дапамогі шукаць! А ты помніш, што сказаў Серафім, калі я хадзіла пытацца, хто майго бацьку ў кулакі запісаў? Помніш?

Роднага дзядзьку, старога чалавека са свету зжылі, што я не магу нават на ягоную магілу пайсці! Ён вас у сваёй хаце прытуліў, хлебам карміў, дапамог сваё жытло здабыць А вы яго – на смерць!

– Серафім сапраўды нічога не ведаў! – слаба баранілася Надзя.

– Ты ведаеш, што Гардзей хварэе? Яму нельга нервавацца! Самі награшылі, самі і замольвайце свае грахі! Прэч з хаты!

Надзя спалохана і бездапаможна адступіла да парога, коратка ўсхліпнула і выбегла з хаты.

Вусны Гардзея нервова тузануліся, ён прайшоўся да парога, паглядзеў у акно, праводзячы позіркам зграбную Надзіну постаць, якая спяшалася дамоў па вузкай сцежцы, пракладзенай паміж гурбаў снегу.

– Чаго ты на яе напусцілася? – упікнуў ён жонку.

– Чаго? Чаго? Няхай не ходзіць тут лярва бальшавіцкая і не псуе настрой добрым людзям.

– Трэба ж ёй некуды ісці. Без мужыка сялянцы не выжыць, сама ведаеш. Вось і бяжыць яна, каб якой рады пашукаць. Да таго ж там таксама сын расце. І не чужая яна нам.

– Табе ўсялякая баба амаль родзічка, – пасмейваючыся адказала Зося, каб не пакрыўдзіць мужа.

– Зрэшты, так яно і ёсць. Ніколі не ведаеш, з якою наканавана век векаваць.

Зося насцярожана зірнула на сына, які бавіўся на запечку клубкамі нітак, і ціха спытала:

– Гардзей, ці ты адчуваеш што-небудзь яшчэ да мяне?

– Адчуваю. Яшчэ і як.

– Чаму ж ніколі не кажаш пра гэта.

– А навошта? Само сабой усё зразумела.

– Ты памыляешся. У каханне, як у вогнішча, увесь час трэба падкладваць паленцы шчырых і захопленых слоў, каб не патухла.

Гардзею падалося, што Зося мае на ўвазе не толькі словы, а і тое галоўнае, чаго не хапае ў іхнім сямейным жыцці. Ад бяссілля і крыўды на ўвесь свет ён закрычаў:

– Пакінь мяне! Знайдзі сабе іншага, хто будзе табе плесці лапці слоў і спаць з табою на запечку! Я стары і хворы! Пакінь мяне! Я не хачу жыць!

Ораст напружана заглядваў у твары бацькоў, хныкаў з перапуду. Зося кінулася да мужа абняла, стала супакойваць:

– Не трэба нервавацца! Я прашу цябе! Мне нічога і нікога не трэба! У нас жа сын! Мы цудоўна жывём! Усё ў нас будзе выдатна!

Гардзей скінуў з плячэй жончыны рукі. Сеў за стол, звесіў галаву, думаючы пра тое, што вось і пачаліся арышты. Што цяпер чакае Серафіма і іншых? Захавай ім, Божа, жыцці.

7

Надзя з нецярплівасцю чакала Эрыха. І калі яго легкавушка спынілася ля весніц, яна радасна кінулася да акна, каб упэўніцца, што гэта ён. Убачыла яго, высокага, стройнага, маладога, і радасна замітусілася каля печы. Да ягонага прыезду яна падрыхтавалася добра: засмажыла вялікі кавалак мяса, згатавала наварысты суп з грыбамі, напякла наліснікаў, склала ў гаршчочак, заліла смятанай і паставіла ў печ, каб былі цёплыя, зварыла густую прасяную кашу, а таксама журавінавы кісель, які так любіў Эрых. Нават сына завяла да брата, каб не замінаў.

Кватарант з усмешкаю увайшоў у хату, павітаўся па-нямецку. Надзя адказала яму і адразу пачала ставіць ежу на стол. Пакуль Эрых здымаў шынель і мыў рукі, абед ужо чакаў яго на стале, вылучаючы апетытныя пахі. Ён удзячна ўсміхнуўся, сеў за стол і пачаў няспешна есці. Надзя выйшла з хаты, каб не замінаць яму, падалася ў пуню, падгрэбла салому і занесла абярэмак, падаслала пад карову, са скрухаю думаючы пра тое, як папрасіць Эрыха заступіцца за Серафіма. Кватарант жа нічога не разумее па-нашаму. Яна шчыра шкадавала мужа. Казала ж яму: «Не прыся ў начальства. Які з цябе начальнік?» А ён, мяккацелы, апраўдваўся: «Людзі выбралі, не мог адмовіцца». А яшчэ яна вельмі баялася застацца ўдавою, бо ведала – не пацягне сама мужчынскую працу. А як сына гадаваць без бацькі? Бяда! Кругом адна бяда! Ад гэтых думак першая скрушная зморшчынка легла ўпоперак яе лба.

Калі яна вярнулася ў хату, каб прыбраць посуд, Эрых усё яшчэ сядзеў за сталом, але не еў, а курыў тоненькую духмяную цыгарэту.

– Можна прыбраць са стала? – спытала Надзя.

– Найн, – адказаў Эрых. – Зітцен зі біттэ!

Ён запрасіў Надзю сесці да стала, і яна паслухмяна прымасцілася на ўскрайку ўслона.

– Эссэн, біттэ, – прапанаваў ён.

– Дзякую, пан афіцэр, мне не хочацца, – адказала Надзя.

Яна не магла сабе нават уявіць, што адважыцца есці пры гэтым далікатным і прыгожым маладым чалавеку. Эрых устаў з-за стала, дастаў са свайго партфеля, у якім трымаў нейкія паперы, маленькую пляскатую пляшку з каньяком, паставіў на стол. Надзя дастала з судніка чарку. Працерла чыстым ручніком, паднесла Эрыху.

– Цвай, біттэ, – Эрых паказаў два пальцы, патрабуючы дзве чаркі.

Надзя паставіла на стол яшчэ адну чарку. Эрых напоўніў іх, адну падняў, абвясціў тост:

– Цум воле!

Надзя ў нерашучасці глядзела на чарку.

– Біттэ, біттэ! – прыспешваў кватарант.

«Ну і вып’ю, смялей буду, – адчайна падумала Надзя. – І раскажу яму пра сваю бяду. Можа, зразумее і дапаможа?»

Сарамліва, дрыготкаю ад хвалявання рукою яна ўзяла чарку і выпіла пітво адным глытком. Скрывілася, выцерла рот даланёю і ўтаропілася ў кватаранта пакутлівым позіркам. А ён разглядваў яе, быццам вывучаў твар. Надзя адчула, як ад выпітага каньяку прыемнае цяпло разлілося па целе, а разам з ім прыйшла ўпэўненасць.

– Пан афіцэр, бяда ў мяне, – сказала яна. – Серафіма арыштавалі. – Дапамажыце, пан афіцэр, на вас адна надзея.

Надзя са здзіўленнем убачыла разуменне ў ягоных вачах. «Ён жа не разумеў па-нашаму! – падумала яна. – А тут ківае галавою, здаецца, нават спачувае».

– Серафім – чалавек бяскрыўдны. Нікому нічога благога не зрабіў. Выбралі людзі ў сялянскі камітэт, а ён не здолеў адмовіцца. Вы разумееце мяне? Якая ж тут віна? Дапамажыце, пан афіцэр. Прападу я адна! Прападу, – Надзя ціха заплакала.

– Не трэба плакаць, – раптам сказаў афіцэр па-руску.

– Вы разумееце па-нашаму? – узрадавана спытала Надзя.

– Мае бацькі з тых абруселых немцаў, якія вымушаны былі ўцякаць з Расіі на сваю гістарычную радзіму пасля перавароту тысяча дзевяцьсот сямнаццатага года. Хто забраў твайго мужа?

– Два чалавекі з паліцыі і адзін быў з жандараў.

– Я абслугоўваю чыгунку, далёкі ад паліцыі і жандармерыі, але ёсць у мяне адзін добры знаёмы афіцэр. Давай вып’ем за поспех нашай справы.

– Дзякую, пан афіцэр. Не п’ю я, выпіла для смеласці. З мяне і той чаркі хапіла, п’яная ўжо. Піце, закусвайце, на здароўе. Сам Бог вас паслаў сюды.

– Бадай, – згодна кіўнуў галавою Эрых.

Ён усміхнуўся так шчыра, што ў Надзі ажно сэрца закалацілася ад хвалявання і захаплення. Які ж прыгожы ў яго твар, чысты, паружавелы з марозу, і валасы светлыя, хвалістыя. Адна пасмачка гарэзліва ўпала на лоб.

– Я вось усё думаю, як у такой глухамані, у сялянскай сям’і магла нарадзіцца жанчына з абліччам сіксцінскай мадонны? Неверагодна! Табе б хадзіць у багатых строях, красавацца на балях! Чаму ж такое несправядлівае жыццё! Давай вып’ем за цябе, за тваё хараство. Ніколі я не сустракаў жанчыны прыгажэйшай, чым ты, мілая сялянка!

Эрых разглядваў яе твар у захапленні, дакрануўся рукою да шчакі. Надзя не адважылася адвесці яе.

– Гатовы памерці за адзін твой пацалунак, – сказаў Эрых, хілячыся да яе.

– Што вы, пан афіцэр, – спалохалася Надзя. – Вы такі адукаваны, прыгожы. – А я цёмная, забітая баба. Да таго ж замужняя. Грэх гэта.

– Палюбі бліжняга, як самога сябе – заклікае Біблія. – Чаму ж ты не любіш мяне?

Эрых напоўніў чаркі і сказаў:

– Вып’ем за нас, за нашу нечаканую сустрэчу. Страшна падумаць, што я мог бы не ведаць, што ты ёсць на свеце. У нас такое кароткае жыццё, якое можа абарвацца ва ўсялякі момант. Забудзем пра мінулае, будзем жыць толькі ў цяперашнім часе.

Надзя выпіла і адчула лёгкі хмель. Хутка на стале з’явілася яшчэ адна пляшачка, потым яшчэ адна. Яны цэлы вечар размаўлялі. Эрых распытваў пра яе жыццё. І Надзя расказала, як пасвіла статак, як спадабалася дваюраднай Серафімавай сястры і тая пасватала яе за свайго брата. Хлопец Надзі не спадабаўся, але яна не хацела далей жыць пад адным дахам з братавой і згадзілася пайсці замуж. А ў выніку трапіла яшчэ ў большае пекла. Бо давялося пакутаваць пад назіркам вечна незадаволеных Серафімавых дваюрадных сясцёр.

Эрых слухаў, усміхаўся, часам смяяўся. Калі заўважыў, што яна зусім захмялелая хіліцца да сну, падняў яе на рукі і, цалуючы, панёс да сябе на ложак:

– Ах ты мая цудоўная пастушка! Я люблю цябе! Люблю!

Упершыню мужчына прызнаваўся Надзі ў каханні. Ніколі такіх слоў не чула яна ад Серафіма. Ёй і ў галаву не прыходзіла размаўляць з мужам пра каханне, проста жылі разам, вялі гаспадарку, гадавалі сына. Яна раптам адчула да гэтага маладога немца неверагодную пяшчоту, прыгладзіла яго хвалістыя светлыя валасы. Ён пацалаваў яе далонь і прытуліў да грудзей, потым знайшоў вусны і доўга не мог адарвацца, п’ючы з іх асалоду. Ягоная любасць прымусіла Надзю забыцца на ўсе ўмоўнасці і забабоны свету.

8

Серафім вярнуўся дамоў праз месяц. Напрадвесні. Увайшоў у хату раздражнёны, не вітаючыся, спытаў у Надзі:

– Пра што гэта мне немец намякаў? Што я табе і яму абавязаны жыццём?

– Ты не зразумеў, што цябе вызваліў Эрых?

– Ён казаў, што палюбіў цябе, – муж паглядзеў так, быццам хацеў прачытаць усе яе думкі.

– Гэта яго справа.

– Прызнавайся, ты спала з ім, пакуль мяне не было? – закрычаў Серафім па-жаночы высокім голасам, ягоны няголены падбародак задрыжэў ад крыўды і абурэння.

Надзя сама здзівілася спакою, які апанаваў яе істоту. Зрэшты, хіба яна вінаватая, што і сама закахалася ў Эрыха. Што зробіш, калі каханне раптам напаткала яе? Ніколі раней яна не перажывала такіх пачуццяў і, можа, ніколі не зведала б іх, каб не гэтае ліхалецце, якое закінула ў забыты Богам куток адукаванага еўрапейца.

– Пакінь мяне, і жыві шчасліва, – адказала яна. – Я нічога да цябе не маю.

– Затое я маю! І табе не сорамна сына, людзей.

– Можа, і сорамна, можа, і балюча, можа, і горка, але ні пра што не шкадую. Ты жывы, здаровы – і дзякаваць богу. Невядома, дзе б ты быў, каб не я. Помні пра гэта. Тут гаспадараць немцы, і твая смерць зноў будзе выцікоўваць цябе, калі ты забудзеш пра гэта.

Серафім хацеў нешта сказаць яшчэ, але тут расчыніліся дзверы – і на парозе з’явіўся Эрых.

– Мая цудоўная пастушка! – усклікнуў ён па-руску і працягнуў Надзі пакунак, загорнуты ў каляровую паперу.

Жанчына з удзячнаю ўсмешкаю ўзяла падарунак і сказала:

– Навошта вы, пан афіцэр?

– У гонар вяртання святога Серафіма, – з усмешкаю адказаў кватарант. – Гэта наша агульная перамога. П’ём чырвонае віно!

Ён дастаў з партфеля цёмную бутэльку, паставіў на стол. Серафім скрывіўся. Гатовы завыць ад роспачы, ён выскачыў з хаты, забег у пуню, схапіў касу, гатовы зарэзаць і жонку, і ненавіснага немца. Рынуўся ў двор, але толькі цяпер убачыў салдата з аўтаматам, які стаяў ля весніц, і спыніўся, разумеючы, што тут з касою не паваюеш. «Бачыш, які хітры, сабе ахову прывёз! Нічога. Я падпільную вас, калі вы будзеце адны. Я прыкончу вас у пасцелі. А сам пайду ў свет, – гняўліва падумаў Серафім, – але не варта гарачыцца, зручны момант абавязкова надарыцца. Трэба знішчыць немца, чаго б гэта ні каштавала.»

Надзя была тою адзінаю шчодраю душою, у якой Серафім знайшоў спагаду і разуменне, яна была добраю жонкаю, клапатліваю маці для іхняга сына. Чаму ж прадалася немцу за нейкія каляровыя пакуначкі? Чаму здрадзіла? Гэтага ён, Серафім, не мог ні зразумець, ні дараваць. Серафім паспрабаваў разважаць спакойна. Так, немец малады і прыгожы, разумны і адукаваны, напэўна, наплёў ёй сорак карабоў рознай лухты, а яна і развесіла вушы. Ці, можа, падпаіў дурную? А мо прымусіў? Халера іх ведае, гэтых жанчын? Ім пакажы якую бразготку, дык і душу прададуць! І зноў апанавала Серафімам злосць і нянавісць, ён пачаў праклінаць і называць рознымі брыдкімі словамі жонку, але ні палёгка, ні раўнавага не прыходзілі.

З вуліцы прыбег сын, убачыў Серафіма, кінуўся ў абдымкі:

– Татка, татка вярнуўся! А мама галасіла, казала, што цябе забралі ў турму.

– Галасіла-такі?

– І я плакаў. І маліліся мы кожны вечар, каб табе Бог дапамог вярнуцца.

– Ах ты маё гора, – уздыхнуў Серафім і чмокнуў сына ў шчаку, а сам падумаў: «Дзеля яго і буду жыць на свеце. Толькі свайму сыну я і патрэбны. Няхай яна хоць задушыцца!» – Пойдзем, сынку, паглядзім нашу гаспадарку. Мы ж тут гаспадары ці як?

– Гаспадары, – упэўнена адказаў сын.

Серафім увайшоў у хлеў, пабачыў, што назбіралася шмат гною – карова хутка дастане да столі і сказаў:

– Бачыш, трэба гной выкідваць. Вясна на носе, хутка будзем араць ды сеяць. Трымай вілы. Табе меншыя, мне большыя, будзем працаваць.

Серафім усю злосць укладваў у працу, рваў утаптаны гной віламі, выносіў і кідаў у кучу пад дзічкаю, што вырасла каля самага хлява. Сын браў прыклад з бацькі, праўда, на вілы набіраў гною трошкі, бо не шмат яшчэ мог падняць шасцігадовы хлопчык.

«Што там можна рабіць так доўга ў хаце? Чаму яны сядзяць там удваіх?» – час ад часу ў галаве ўзнікалі пытанні. Кроў шалёна пульсавала ў жылах ці ад працы, ці ад нянавісці, а мо ад усяго разам.

«Пачакайце! Вы ў мяне даседзіцеся! Пачакайце! Будзеце ведаць Серафіма!» – мармытаў ён сам сабе пад нос.

– Што ты кажаш? – спытаў сын.

– Нічога. Гэта я так, сам з сабою. Кажу, добры гной, дык і добры ўраджай будзе. А ты ў мяне працавіты ўдаўся, малайчына.

У чарговы раз выходзячы з хлява, Серафім убачыў Эрыха і Надзю, яны ішлі да весніц. Немец нёс у адной руцэ партфель з паперамі, у другой – чамадан.

«Няўжо з’язджае? – радасна мільганула думка ў галаве Серафіма. – Далікатны. Адчуў, што ён тут трэці лішні! Сабака! Валацуга! А гэтай сучцы я хваста прышчамлю!»

У двор Надзя вярнулася адна, устрывожаная, засмучаная.

– Правяла палюбоўніка? – з’едліва спытаў Серафім.

– Сына пасаромеўся б, – спыніла яго Надзя.

– Хто б казаў! На сябе паглядзі!

– Эрых будзе наведваць нас, а ты не забывайся, чыя тут улада.

Яна павярнулася і пайшла да ганка. Серафім кінуў вілы ёй услед, але міма, каб толькі напалохаць. Вілы са свістам уткнуліся ў снегавую гурбу. Надзя нават не азірнулася, быццам была гатовая прыняць смерць. Яна ўвайшла ў сенцы, зачыніла за сабою дзверы, нібы разам з імі зачыніла перад Серафімам і сваё жыццё.

9

Серафім загадзя рыхтаваўся да чарговага прыезду Эрыха. У сенцах прыхаваў сякеру. Вілы знарок увесь час пакідаў навідавоку ля хлява. Ён часта ўяўляў, як у сенцах сякераю будзе забіваць ненавіснага Надзінага палюбоўніка, як з ягонай пасечанай шыі будзе ліцца кроў, а Серафім, наталяючы сваю нянавісць, будзе назіраць за тым, як памірае ягоны вораг. Іншы раз Серафім уяўляў, як віламі праткне немца ў пасцелі, калі ён будзе ляжаць побач з Надзяю, і тая будзе крычаць ад страху, а Серафім рассмяецца ёй проста ў твар.

Аднак усё адбылося зусім не так, як ён сабе ўяўляў. Эрых прыехаў у суботу з двума салдатамі-аўтаматчыкамі, калі Серафім у двары аглядаў воз, бо з панядзелка збіраўся вывозіць гной на поле. Гаспадар паглядзеў на чорныя аўтаматы і адчуў, як халадок прабег па спіне, быццам смерць на момант кранула яго крысом сваёй чорнай апраткі. Эрых прывітаў Серафіма ўзмахам рукі і ўвайшоў у хату, а два аўтаматчыкі застылі каля ганка.

Серафім гняўліва плюнуў сабе пад ногі і агародамі падаўся з двара, разумеючы ўсю недарэчнасць сваёй прысутнасці тут. Кроў у жылах пульсавала так, што, здавалася, сэрца вылеціць з грудзей і разарвецца на частачкі. Ён успамінаў самыя брыдкія словы, якія яму калі-небудзь даводзілася чуць і няславіў жонку, якая, як яму ўяўлялася, зараз мілавалася з немцам! З фашыстам! Як яму хацелася спаліць уласную хату, зруйнаваць, зраўняць з зямлёй! Ён прасіў Пяруна ляснуць у страху і спапяліць нахабных палюбоўнікаў, прасіў зямлю расступіцца і пахаваць пад сабою яго і яе. Але ні праклёны, ні абразы – нішто не дапамагала.

Серафім упаў на дол, рваў рукамі леташнюю сухую траву, якая толькі што выбавілася з-пад снегу, біўся галавою аб зямлю, потым ускочыў, пачаў тузаць лазовы куст, але той не паддаваўся, толькі ледзь-ледзь агаліў карэнне. Калі ж Серафім зусім знясілеў у марнай барацьбе сам з сабою, зваліўся на дол і на нейкі час быццам страціў прытомнасць ці заснуў. Ачомаўся ён ад таго, што пачуў над сабой нечыя галасы. Расплюшчыў вочы, падняў галаву, убачыў некалькі ўзброеных мужчын, якія разглядвалі яго. Аднаго з іх ён адразу пазнаў. Гэта быў Леванюк, з якім яны разам былі камітэтчыкамі ў Сцяблоўскім сельсавеце. Серафім сеў, паклаўшы рукі на калені, павітаўся з мужчынамі, здагадаўся: партызаны. Ведаў, што Леванюк з самага пачатку вайны хаваўся ў лесе.

– Ты п’яны, Серафім, ці якая трасца з табою? – весела спытаў Леванюк.

– Цверазей не бываю, – з уздыхам адказаў Серафім.

– Дык што, захварэў?

– Душа баліць.

– Чаго? З такою жонкаю, як у цябе, усялякую хваробу за ноч можна выгнаць.

– Ідзі паглядзі, на тую сучку! Яна ж з немцам спуталася! – злосна адказаў Серафім.

Хлопцы заўсміхаліся, такога прызнання ніхто не чакаў. Серафім раптам ускочыў з зямлі, схапіў за рукаў Леванюка і стаў прасіць:

– Ідзі, забі іх! Яны там у хаце! Мая сучка і гэты фрыц!

– Няўжо праўда? – з недаверам спытаў Леванюк.

– Ён яшчэ пытае!

– Няўжо злюбілася з адным з тых, што ў цябе ў хаце стаялі?

– А з кім жа!

– Вось, хлопцы, што дзеецца! Ужо фашысты нашых баб разбіраюць. А ці важная птушка гэты фрыц?

– Ахоўвае чыгунку, толькі і ўсяго.

Серафім насуплена пазіраў на Леванюка, чакаючы ад яго дапамогі, спачування ці хоць бы абяцання, якое б абнадзеіла, супакоіла, дало магчымасць спадзявацца, што аднойчы вораг будзе знішчаны.

– Шкада, што такі нікудышны немец трапіўся. Аднак не бядуй, Серафім, мы падумаем, як адпомсціць твайму крыўдзіцелю.

– Ага, вы будзеце думаць, а ён будзе ездзіць у маю хату і спаць з маёю жонкаю, – не хаваючы крыўду, сказаў Серафім. – Вас чацвёра. А ля ганка стаяць толькі два аўтаматчыкі. Пойдзем і расправімся з імі!

– У нас цяпер іншае заданне. Да таго ж, у атрадзе моцная дысцыпліна, мы не маем права дзейнічаць без дазволу камандзіра. Патрывай трохі, мы з тваім крыўдзіцелем расправімся. Скажы лепш, у якія дні немец наведвае тваю жонку?

– Калі хоча, тады і наведвае, але найчасцей па суботах або нядзелях.

– Патрывай, брат! Не доўга твайму немцу засталося наталяць свой юр! – паабяцаў Леванюк, клікнуў хлопцаў, і яны пайшлі ў глыб лесу.

З тае сустрэчы ў лесе прамінула болей за два месяцы. Ужо май закрасаваў на зямлі, расквеціў сады, птушыным гоманам напоўніў лес і прысады, а Эрых усё працягваў наведваць Надзю. Серафім хадзіў злосны, кожную хвіліну зрываўся на крык, накідваўся з кулакамі на жонку. А яна быццам і не заўважала яго, маўкліва зносіла праклёны, абразы і пабоі, толькі атуляла жывот рукамі. Употай назіраючы за ёю, ён часам заўважаў, як яна нечаму ўсміхаецца. Твар яе робіцца светлы і такі прыгожы, што хочацца счарніць яго на вугаль, каб ніводнае рысы не было відно. Серафіму здавалася, што не будзе канца ягоным пакутам, аднак у самым пачатку чэрвеня прагрымеў выбух паміж вёскамі Сцяблова і Крачкі. Казалі, што нейкі немец-матацыкліст падарваўся на міне. Гэтая вестка супакоіла Серафіма. Нарэшце Надзін палюбоўнік загінуў, можна было жыць спакойна, аднак крыўда не давала жыцця, грызла, падточвала душу.

На другі дзень пасля таго, як загінуў нямецкі матацыкліст, з Жабінкі прыехалі немцы і паліцаі, падпалілі Крачкі і Сцяблова з тых канцоў, якія злучала дарога, дзе была падкладзена міна. Абедзве вёскі згарэлі напалову. Аднак на гэты раз Серафіму пашанцавала, бо ягоная хата стаяла ў другім канцы Сцяблова.

10

Ноччу нехта пастукаў у шыбіну. Серафім падхапіўся з запечка, падбег да акна, у святле поўні ўбачыў некалькі постацяў, спытаў:

– Хто там?

– Свае, – адказалі з надворку.

Серафім пазнаў голас Леванюка, хуценька патупаў у сенцы, адчыніў дзверы і ўпусціў начных гасцей, распаліў газнічку.

– З цябе магарыч, Серафім, – зычна сказаў Леванюк, ставячы ў куток вінтоўку. – Забіў я твайго немца.

Надзя ажно сцялася, слухаючы партызана. «Няўжо забілі Эрыха? За што? Навошта? Ён жа нікому нічога дрэннага не зрабіў, не ваяваў, толькі сачыў за чыгункаю. Ах, Эрых, Эрых, лепш бы ты пабярогся і не ездзіў да мяне. Такі малады, разумны, прыгожы. Няма ў мяне сілы ўявіць цябе мёртвым! Не веру, не веру, што ты мог загінуць. А як жа я? Як жа наша дзіцятка, якое я нашу пад сэрцам? Як мне жыць без цябе, Эрых?»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю