355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 15)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 21 страниц)

Серафім падышоў да Надзі, штурхнуў яе ў бок, злосна сказаў:

– Уставай, сучка, пачастуй гасцей! Разлеглася як карова.

Ён знарок паводзіў сябе так, хацеў пры людзях падкрэсліць, як ганьбіць жонку, грэбуе ёю. Надзя моўчкі паднялася, акрыла сябе паверх сарочкі вялікай шэрай канаплянкай, пайшла ў камору, нарэзала сала, наклала ў міску квашанай капусты і гуркоў, у думках праклінаючы забойцаў Эрыха: «Каб вам гэтая ежа ўпоперак горла стала! Каб вы белага свету не бачылі, калі вы знішчылі такога чалавека! Каб вас яма пазавальвала! Каб вам век дабра не было!»

Калі вярнулася ў хату, убачыла, што муж ужо налівае кілішкі. Самагонку ён далёка не хаваў, звычайна трымаў у судніку, разам з посудам.

– Серафім, а каўбасы ў цябе не знойдзецца? – спытаў адзін з трох партызанаў, якія сядзелі за сталом.

– Каўбасы няма, а сцягно на вышках вісіць. Зараз прынясу.

Серафім з нажом пайшоў у сенцы. Надзя паставіла талеркі на стол, нарэзала тоўстымі лустамі хлеб. Леванюк паляпаў яе ніжэй спіны рукою. Яна злосна зірнула на яго і адышла да запечка.

– Бач, якая наравістая! – злосна сказаў Леванюк. – Як з фашыстам, дык яна – вась-вась, а з партызанам – кусь-кусь! Ты тут не вельмі. Аб’ездзім! Га, хлопцы!

Мужчыны за сталом засмяяліся. Надзя нічога не адказала, толькі падумала: «Хутчэй бы Серафім вярнуўся! А хіба ён за мяне заступіцца? Ён жа сам сябе абараніць не можа, цяльпук гэты!»

Серафім узрушана-вясёлы ўвайшоў у пакой, паклаў на стол ладны кавалак мяса.

– Вось гэта ежа! – пацёр далоні Леванюк. – Каб пасля такой вячэры ды бабу цёплую пад бок! Зусім райскае жыццё было б.

– Дык у цябе ж ёсць жонка, – сказаў Серафім. – Зайдзі, яшчэ ўся ноч наперадзе.

– Развёўся я з ёю за тое, што дзяцей не ўпільнавала.

– Гэтыя бабы – адна распуста. Ні на што не вартыя, – сказаў Серафім, падсаджваючыся да стала. – Ну вып’ем, хлопцы, за ўсё добрае ў нашым жыцці. Будзьце здаровыя!

Мужчыны выпілі, пачалі закусваць. Было відно, што яны вельмі галодныя, бо елі моўчкі і хутка. Праз колькі хвілін міскі апусцелі, і Надзя зноў пайшла набіраць капусту, гуркі і наразаць сала. Са злосцю яна думала пра Леванюка, што пакараў ужо яго Бог страшнаю караю, забраў дзяцей, а ён не пакаяўся, а працягвае жыць, быццам нічога не здарылася. Леванюк хаваўся ў лесе з самага пачатку вайны. Нехта яго выдаў. Прыехалі немцы арыштоўваць, а гаспадара з гаспадыняю няма, толькі дзеці дома. Немцы хату падпалілі. Дзве Леванюковы дачкі-блізняткі згарэлі зажыва. Вось і вінаваціць ён жонку, што схавалася, а дзяцей пакінула. А сам жа ва ўсім вінаваты. Не хоча прызнаць, што дзеці праз яго загінулі.

Надзя паставіла закуску на стол, а сама палезла на печ, дзе стаілася і ціхенька аплаквала Эрыха. З таго часу, як дазналася пра ягоную смерць, яна пачала насіць чорную хустку ды ўсё прыслухоўвалася да штуршкоў у жываце, гэта падавала знакі Эрыхава дзіця. Часам яна хадзіла на дарогу і доўга стаяла на тым месцы, дзе загінуў Эрых, размаўляла з ім, расказвала пра ўсё, што адбывалася з ёю.

Аднойчы якраз там, на дарозе, і сустрэў яе солтыс Баранчык, павітаўся, спытаў:

– Чаго ты, Надзя, тут стаіш?

– Хацела святаянніку назбіраць, – зманіла жанчына.

– Добра, што я цябе сустрэў. Табе ліст прыйшоў. Трымай.

Надзя з недаверам узяла белы канверт, і сэрца яе закалацілася ад радасці. Ліст прыслаў Эрых. Ён быў жывы!

– Дзякую, пане солтыс, – разгублена падзякавала яна.

– Чым ты прычаравала таго афіцэра, што нават лісты табе піша?

– Якое тут чараванне, пане солтыс? Вайна. Цяжка ўсім. Вось і цягнуцца людзі адно да аднаго. Маладзенькі ён. Я яму была за сястру і за маці.

– Яно ў жыцці ўсяляк бывае, – згадзіўся солтыс. – Бывай здаровая.

Ён сцебануў каня і паехаў далей. А Надзя дрыготкімі рукамі разадрала канверт і ўпілася вачамі ў паперу, да якой дакраналіся Эрыхавы рукі. Яна чытала, плакала, перачытвала зноў і зноў. Эрых пісаў: «Добры дзень, мая цудоўна пастушка! Мяне так нечакана выслалі на фронт, што я не паспеў ні папярэдзіць цябе, ні развітацца з табою. Германіі патрэбны не інжынерычыгуначнікі, а салдаты, здатныя сядзець у акопах, страляць і забіваць. Што б ні здарылася са мной, ведай, што я кахаю цябе. І калі мая душа заўчасна адляціць на неба, я буду чакаць цябе там, мая дзівосная пастушка. Я ведаю, што ты чакаеш наша дзіця. Калі народзіцца ў нас сын, назаві яго Георгіем, калі дзяўчынка – няхай будзе яшчэ адна Надзея. Надзея на нашу будучую сустрэчу. Горача цалую і абдымаю цябе. Застаюся кахаць і сумаваць. Твой Эрых».

З гэтым лістом Надзя не разлучалася. Удзень яна насіла яго пад сарочкаю на грудзях, нанач клала пад падушку і жыла надзеяю, што аднойчы вернецца яе Эрых, каб ніколі-ніколі не разлучацца.

11

Аднойчы, сустрэўшыся з паліцыянтам са Сцяблова, які прыязджаў арыштоўваць Зосю, Гардзей даведаўся, што Пуха расстралялі.

– Сабаку – сабачая смерць, – сказаў Антону, так звалі паліцыянта, Гардзей. Хоць я не жадаў яму такога канца, спадзяваўся, што з ім разбярэцца суд, і я даведаюся, чым быў атручаны. На жаль, цяпер ужо. А што з астатнімі? З Марфаю?

– Марфу і іншых выслалі ў Германію. Толькі твайму сваяку Серафіму пашанцавала, выпусцілі яго, дзякуючы жонцы і яе немцу-палюбоўніку, – сказаў паліцай.

12

Непрыкметна за справамі ды турботамі настала слотная восень. Завяршыліся ўсе палявыя работы, і цяпер сям’я Рахубаў звычайна знаходзіла сабе які занятак у хаце. Зося з Паўлінай, зрэдку перакідваючыся словам, пралі кудзелю. Сядзелі яны на розных лавах, слінявілі пальцы, скручвалі ніткі. Паўліна прала тоненька-тоненька, у Зосі нітка атрымлівалася тоўстая з-за таго, што жанчына дрэнна бачыла. Ораст прымасціўся на ўслончыку і плёў лазовы кошык. Справа ў яго ішла не надта хутка, лаза ўпарта не хацела класціся так, як трэба. Гардзей тым часам рабіў справаздачу, колькі зерня сабралі, колькі здалі на падтрымку нямецкага войска і не прыслухоўваўся да размоў жанчын, але Зося аклікнула яго:

– Гардзей, ты чуеш? Серафіміха сына нарадзіла.

Гардзей, не адрываючы галавы ад справаздачы, адказаў:

– Ну і дзякаваць Богу. Няхай расце здаровы.

– Гэта ж дзіця ад таго немца, што ў іх кватараваў, – удакладніла Паўліна.

– А хто гэта ведае, ад немца ці ад Серафіма?

– Дык сам Серафім і казаў, што нарадзіўся немец. Але, кажуць, вельмі прыгожае дзіцятка, як лялька. Такія толькі ад сапраўднага кахання нараджаюцца, – адказала сястра.

– Можа, Зося, трэба было б схадзіць у адведкі? Ён жа табе брат, – прапанаваў Гардзей.

– Ага, ён майго бацьку на той свет паслаў, а я пайду ягонага вылюдка падарункамі адорваць. Не дачакаюцца! – абурылася Зося. – Як табе хочацца, дык сам ідзі і праведвай.

– Яшчэ не хапала мне турботы!

Паўліне падабалася, калі брат сварыўся з нявесткаю, тады яна душыла ў сабе незразумелы смех. Гэта не была радасць, а хутчэй горкі сарказм. Яна была перакананая, што ніякая жонка не можа быць лепшаю за сястру, бо па сутнасці жонка – чужы чалавек. Калі Гардзей і Зося аціхлі, Паўліна прадоўжыла апавядаць пра жыццё Серафіма і Надзі. Пра гэта яна даведалася ад маладзіц, калі хадзіла ў вёску:

– Кажуць, што той немец прыслаў Надзі ліст і загадаў назваць сына Георгіем. Так немаўля і ахрысцілі. А Серафім спачатку нічога і не ведаў. Але аднойчы знайшоў той ліст у Надзі пад падушкаю. Як прачытаў, дык давай яе малаціць! Па дварэ за косы валачыў! А яна маўчала, ні слова, ні слязінкі! Пакуль прытомнасць не страціла!

– Мала ён ёй даў. Трэба было насмерць забіць! – злосна сказала Зося.

– За каханне забіваць нельга. Палюбі бліжняга свайго, – вучыць Біблія, – з блудліваю ўсмешкаю адказаў Гардзей.

– Якое гэта каханне? Гэта распуста. З Серафімам венчаная, а жыла з немцам, – злосна сказала Зося.

– Гэты немец Серафіму жыццё выратаваў, – нагадала Паўліна. – Можа, Надзя сабою ахвяравала, каб выратаваць твайго брата.

– Ага, ратавала яна! Толькі Серафіма забралі, дык яна і пачала жыць з немцам. І пасля ён да яе ездзіў. Людзі казалі, што немец прыедзе, з Надзяю балюе ў хаце ды цешыцца, а Серафім жоўты ад гневу ходзіць па ваколіцы, месца сабе не знаходзіць.

– Сам вінаваты, такі слізняк. Я б таго немца сваімі рукамі задушыў бы, – сказаў Гардзей з пагардаю.

– І сам загінуў бы. А Серафім усё-ткі выжыў, – разважліва дадала сястра. – Дзіця, ад каго б яно ні было, нічым не вінаватае. Яму Бог даў жыццё, дык няхай жыве.

– Такая сучка будзе нараджаць без шлюбу ад першых сустрэчных, а мы будзем апраўдваць і хваліць? Ніколі гэтага не будзе! – злосна сказала Зося.

Паўліна хмыкнула, падцяла ніжнюю трохі абвіслую губу і з дакорам сказала:

– Ты ж сама без шлюбу нарадзіла.

Зося падскочыла з лавы, кінула верацяно, схапілася рукамі за галаву і загаласіла:

– Людзі добрыя, ды што ж гэта робіцца? У маёй уласнай хаце мяне зневажаюць! Ды як жа мне жыць, сіраціне? Хто ж мяне абароніць ад няславы? Хто заступіцца? Колькі ж я буду трываць гэты здзек? Паспачувала я ёй, гэтай гадзіне, пусціла да сябе ў дом, падзялілася хлебам і дахам, а яна мяне пры маім сыне і мужы брудам аблівае! Ці ж я па чужых руках хадзіла? Ці ж я распуснічала? Ці ж я.

– Сціхні! Здурэла ці што? – галосіш, як па нябожчыку! – крыкнуў Гардзей, ніжняя губа ў яго адвісла, як у Паўліны, і задрыжэла ад гневу.

– Вы абое зневажаеце мяне! Абое здзекуецеся, а я павінна трываць! Пайду, пайду ў свет ад вас!

Зося, не апранаючыся, выскачыла з хаты, яе постаць мільганула за акном.

– Навошта ты чапала гэтую вар’ятку? – упікнуў сястру Гардзей.

– Я сказала праўду. Толькі і ўсяго. Нічога. Пасядзіць у свайго дзядзькі Карпа, супакоіцца і вернецца.

Ораст адклаў убок недаплецены кошык, падняўся, атрос нагавіцы і сказаў:

– Пайду ўгавару маму.

– Ідзі, ідзі, сынок, занясі ёй якую адзежыну. Прастудзіцца можа.

Ораст няспешна апрануўся, зняў з цвіка матчыну світку і хустку. Выйшаў за дзверы.

– Не чапай яе больш, – папрасіў Паўліну Гардзей.

– Я не вінаватая, што яна праўды не любіць.

– Ты трымай сваю праўду пры сабе, і тады нікому не будзе шкоды.

– Пайду я ад вас. Пайду да Адаркі.

– Якраз там цябе і чакаюць, дзе чацвёра дзяцей. Хоць яна нам і сястра, але ж свая сям’я ёй даражэй.

Паўліна затуліла твар рукамі і заплакала, прамаўляючы:

– Нікому я не трэба. Няма мне да каго і галавы прытуліць! Ва ўсім ты вінаваты. Не пусціў замуж. Зараз бы ў мяне быў муж і дзеці. А я.

Гардзей падняўся з-за стала сеў побач з сястрою. Пагладзіў яе па галаве, як малую, пачаў супакойваць.

– Не плач. Я нікому цябе ў крыўду не дам. Усё будзе добра. Не звяртай увагі на Зосю. Я тут гаспадар. Як скажу, так і будзе. Ціха! Годзе!

Словы спагады выклікалі ў Паўліны новы прыліў істэрыкі. Яна прыпала да Гардзеевых грудзей і заплакала наўзрыд.

13

Солтыс пацягваў самакрутку, з задавальненнем жмурыў вочы ад едкага дыму, так што зрэнкі амаль хаваліся ў складках між павек. Гардзей адсунуўся на край стала, каб не ўдыхаць атрутны пах, але дым доўгімі шэрымі пасмамі абвіваў яго, здавалася, з усіх бакоў, ад чаго дзерла ў горле.

– Што ты ў гэтым курыве знаходзіш? – спытаў Гардзей. – Такі смурод, няма чым дыхаць.

– Па звычцы, браце. Уцягнуўся неяк сам сабою па дурноце, па маладосці, а цяпер кінуць не магу. Карціць. Што тут зробіш? Пачытай вось новы Дэкрэт аб утварэнні самаахоўных вёсак ды давай падумаем, што будзем рабіць, – адказаў солтыс.

Гардзей узяў газету, у якой на першай старонцы быў надрукаваны дэкрэт, хутка прачытаў, устрывожана зірнуў на Баранчыка:

– Дык што, немцы скапыціліся?

– Ты ж бачыш.

– Выходзіць, яны са сваім магутным войскам не змаглі адбіцца ад бальшавікоў, а мы выйдзем сялом і абаронімся ад Чырвонай Арміі. Ці ад каго нам бараніцца?

– Гардзей, не прыкідвайся дурнем. Загадана ствараць самаахову, будзем ствараць. Па ваенным часе загады не абмяркоўваюцца.

Гардзей памаўчаў, спрабуючы ўявіць тую самаахову, але зноў раздражнёна спытаў:

– І хто па-твойму пойдзе ў самаахову?

– Ты ды я, а яшчэ падлеткі за вайну падраслі.

– Ты хочаш гэтых дзяцей бязвусых накіраваць супраць рэгулярнага войска? Ці, можа, баб збіраешся мабілізаваць?

– Калі не хочаш загінуць сам і прывесці да пагібелі сям’ю, рабі, што загадана. Стварай самаахову, накіроўвай моладзь у Беларускую службу «Бацькаўшчына», у Беларускую Краёвую Армію, чорту лысаму ў пашчу. Усё гэта само сабою разваліцца, калі немцы адступяць. Раскруцілася, пакацілася назад кола вайны. Яго ўжо не стрымаць. А нас ціснуць з двух бакоў. Немцы сабе трымаюць пад прыцэлам, партызаны – сабе, а прыйдуць саветы – дадуць дык дадуць. Ці чуў? Антона, паліцая са Сцяблова, пасеклі на кавалкі і пакінулі пад сасною.

– Хто?

– Адкуль я ведаю. Напэўна ж, партызаны.

– А што з намі будзе? – устрывожана спытаў Гардзей.

– Дрэнна нам будзе. Але, калі добра падумаць, дык можна неяк прыстасавацца да новай улады, калі адразу не расстраляюць.

– Ты збіраешся сядзець і чакаць смерці?

– Не ведаю, – адказаў солтыс. – Стары я ўжо, як-ніяк пад семдзесят валіць. Немцам такі ваяка не трэба. З сабою не возьмуць. Што будзе, тое і прыму. Ты яшчэ малады, можаш адступіць з немцамі, выехаць за мяжу, а там, куды хочаш. Безумоўна, табе лепш у Амерыку махнуць, тым больш што ёсць на першым часе ў каго спыніцца. Там жа Зосіна сястра ўжо абжылася. Зрэшты, у Амерыцы шмат людзей з Берасцейшчыны. Не прападзеш.

– Не ўяўляю свайго жыцця без гэтай зямлі.

– Ляжаш у гэтую зямлю навечна ў свае сорак гадоў з хвосцікам. Такая будучыня цябе грэе?

– Ты лічыш, што мне трэба ўцякаць?

– У цябе, Гардзей, свая галава на плячах. Думай сам. Спіс насельніцтва вёскі маеш? Ты ў нас чалавек пісьменны, складзі спіс людзей, прыдатных служыць у самаахове, а далей пабачым, што будзе.

– Добра, зраблю, – вяла адказаў Гардзей. – Я пайшоў.

– Ідзі.

Гардзей выйшаў з хаты, зажмурыўся ад сляпучага красавіцкага святла. Была самая пара думаць пра сяўбу, а тут, аказваецца, трэба рыхтавацца да бою з Чырвонай Арміяй. Вось табе і непераможная Германія, якая скарыла ўсю Еўропу, а тут скрышыла зубы! Але якая яму справа да чужой краіны? Трэба ратаваць сваю галаву. «Што будзе з Зосяю і сынам? Няўжо ім будуць помсціць за мяне? – з трывогаю падумаў Гардзей. – Недзе ж я чытаў, што ў саветаў прынята, што сын за бацьку не адказвае.»

Па дарозе ён вырашыў наведаць Марка. Пасля доўгага маўчання, яны зноў пачалі размаўляць, і гэта цешыла абодвух. Марк сядзеў на лаве, падшываў дратваю старыя боты.

– Заходзь, Гардзей, пасядзі, – запрасіў гаспадар.

Гардзей сеў побач з Маркам, спытаў:

– Як жывеш?

– Сам бачыш як. Апошнія боты даношваю. З гэтымі вызваліцелямі з Усходу ды з Захаду хутка без штаноў застануся. Добра, што лапці ўмею плесці, а так бы.

– Дзе твае сямейнікі?

– Халера іх ведае. Швэндаюцца недзе гэтыя лайдакі: і жонка, і дзеці. А што чуваць? Ці хутка вайна скончыцца?

– Мусіць, хутка, – няпэўна адказаў Гардзей.

– Што, далі рускія немцам па храпе?

– Даюць да гэтага часу, – крыва пасміхнуўся госць.

– Цябе чырвоныя, відаць, распнуць.

Апошняя фраза, сказаная Маркам, балюча ўразіла і нават пакрыўдзіла Гардзея, але ён стрымаўся і спытаў:

– Як лічыш, што мне трэба рабіць?

– Не ведаю, мабыць, трэба ўцякаць, як мага далей і як мага хутчэй.

– Мабыць, трэба, – сказаў Гардзей і дадаў, – бывай, Марк, рады быў пабачыць. Жыві шчасліва.

– Бывай, – адказаў Марк, абразаючы дратву і аглядаючы вынікі свайго шытва. – А няблага атрымалася.

Калі ён падняў вочы, Гардзей ужо зачыніў за сабою дзверы ў сенцы. Марк нават пашкадаваў, што сусед не ацаніў ягонае штукарства.

Некалькі дзён Гардзей абдумваў становішча, у якое трапіў, прыкідваў то так, то гэтак, але нарэшце вызначыўся канчаткова, праўда, пра сваё рашэнне ні жонцы, ні сястры нічога не сказаў. Аднойчы ён паехаў у Берасце да доктара і дамоў больш не вярнуўся.

Зося з Паўлінаю хадзілі шукаць яго ў Берасце, але Гардзея нідзе не было. Ні ў турме, ні ў пастарунку, ні ў доктара. Солтыс Баранчык таксама нічога пэўнага пра яго не мог сказаць. Паўліна пачала аплакваць брата, галасіла, заломвала рукі.

– Сціхні! – абарвала яе Зося. – Пакуль я не бачыла яго мёртвым, для мяне ён застанецца жывы. Грэх – аплакваць жывога.

– Ён жа хворы на галаву. Мо найшло на яго што, дык і пайшоў немаведама куды. А немцы разбірацца не будуць. Пальнуць – і гатова!

– Гэта толькі твая выдумка. Гардзей не дурань, каб падстаўляць грудзі пад нямецкія кулі. Ён нават калі быў моцна хворы, памяці не губляў, толькі рваўся адпомсціць тым, хто яго атруціў.

– Апошнія дні перад тым, як знікнуць, ён хадзіў нейкі насуплены. А, можа, і партызаны забілі!

– Гардзей лепш за нас ведае, што і як рабіць. Набярыся цярпення. Будзем чакаць.

З таго дня Паўліна хоць і бедавала па браце, але моўчкі. З Зосяй яны больш не сварыліся, часам толькі раіліся, што і як лепш зрабіць па гаспадарцы. Кожная цягнула сялянскую працу, мужчынскую і жаночую, без скаргаў і нараканняў, прымаючы той лёс, які ім выпаў.

Праз месяц немцаў выгналі з Брэстчыны, пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Праўда, змена рэжыму амаль не закранула жыццё хутаранцаў. Пакутліва і доўга цягнуўся першы год вызвалення, галодны і цяжкі. Партызана Леванюка, які быў паранены ў нагу і прыкметна прыкульгваў, абралі старшынёю сельсавета. Цяпер ён з камітэтчыкамі збіраў людзей на сходы, патрабаваў плаціць падаткі. Зайшоў аднойчы пад восень на хутар да Зосі, сказаў, што хутка хутаранцаў будуць перасяляць у вёску.

– Перасяляйце, калі маеце куды, – здзекліва пасміхнулася Зося. – Мо і Паўліне хату дасце замест той, якую немцы спалілі?

– Маўчы, не чапай яго, – Паўліна тузанула Зосю за рукаў.

– Ты, баба, у мяне яшчэ заробіш на баранкі!.. Сядзіце тут, свету не бачыце! А ты ведаеш, што твой брат памёр? – раптам спытаў Леванюк.

– Няма ў мяне ніякага брата.

– А Серафім табе хіба не брат?

Зося не адказала, павярнулася і пайшла ў хату. Паўліна засталася гутарыць з Леванюком, жадаючы згладзіць дзёрзкасць нявесткі, якая неабачліва магла сказаць усё, што ў галаву ўзбрыдзе. Леванюк жа – старшыня сельсавета, начальнік. Яшчэ напіша каму трэба – мала не будзе: муж жа – вораг. Вунь солтыса Баранчыка, як ворага, узялі разам з жонкаю. Дзе яны зараз – нават дачка не ведае. Так што трэба маўчаць.

14

Зося злавала на Серафіма і ягоную жонку. Лічыла іх вінаватымі ў смерці бацькі, нават вестка пра смерць брата не змякчыла яе сэрца, напоўненае трывогаю за мужа. Вайна скончылася, той-сёй з мужчын, хто быў на фронце, вярнуўся дамоў. Але ж на большасць прыходзілі пахавальныя, маўляў, загінуў смерцю храбрых... Пра Гардзея яна нічога не ведала. Было такое адчуванне, быццам спыніўся час. Зося нешта рабіла на полі ці ў хаце, а ўсё думала пра Гардзея, шкадавала, што не паспела ні нагледзецца на яго, ні нажыцца з ім.

– Зося, Серафіма заўтра будуць хаваць, – сказала Паўліна, заходзячы ў хату. – Леванюк кажа, што там такая галеча, няма нават з чаго труну зрабіць. У нас ёсць некалькі дошак. Можа б.

Зося павярнула да Паўліны злосны твар і сказала:

– Гэта мае дошкі! А яму няхай сельсавет дасць!

– Нядобра гэтак, Зося.

– Майго бацьку таксама без труны недзе закапалі па дарозе ў Сібір, а Серафім і пальцам не паварушыў, каб яго выратаваць. Вырас жа на нашым хлебе. На гэтай лаве спаў!

– Бог з табою, рабі, як хочаш. А я пайду на пахаванне.

– Бульбу трэба капаць, а не шукаць прыгод.

– Бульба пачакае, а чалавека трэба ў апошні шлях правесці. Няма ў мяне ніякае маёмасці, дык хоць паплачу. Можа ад маіх слёз яму лягчэй на тым свеце будзе.

На другі дзень Зося з сынам капала бульбу. Не пусціла яго ў школу, няхай памагае. Хлопчык з задавальненнем гробся ў зямлі. Школу ён не любіў. Неяк піянерважатая ўпікнула Ораста, што ягоны бацька служыў у немцаў. Хлопчык адчуў у яе словах варожасць да сябе, стаў пазбягаць сустрэч з ёю. У піянеры яго не прынялі.

Ораст не вылучаўся сярод вучняў, але словы піянерважатай запалі ў душу. І ён спытаў у маці:

– Чаму кажуць, што мой бацька – вораг народа?

Зося выпрасталася, ласкава паглядзела на сына і адказала:

– Толькі дурань можа такое казаць. Не слухай нікога. Ніякі ён не вораг.

Яна абняла сына, прытуліла да сябе і сказала:

– Аднойчы ён вернецца, і ты ўбачыш, што твой бацька самы разумны, добры і прыгожы чалавек на свеце.

– Але ж ён працаваў на немцаў.

– Ён працаваў, каб мы з табою не памерлі з голаду, хоць сам быў хворы. Часта ў яго балела галава. А ён не думаў пра сваю хваробу, а клапаціўся, каб ты быў здаровы. У цябе ёсць адзін бацька, іншага не будзе, любі яго, які ёсць. Няхай яны на сваіх бацькоў глядзяць і іх судзяць. А ты свайго любі! – паўтарыла Зося. – А цяпер давай працаваць, бо нас тут з табою і зіма напаткае.

Ораст задумаўся, пачаў моўчкі выбіраць бульбу, дапамагаць маці.

Па абедзе да іх далучылася Паўліна, якая прыйшла з пахавання Серафіма.

– А чаму ты на памінкі не засталася? – здзівілася Зося, – убачыўшы яе.

– Якія там памінкі? Можа, Надзя і паставіць якую пляшку самагонкі ды міску гуркоў на закуску тым хлопцам, што магілу выкапалі. Пахавалі Серафіма ў скрынцы. Астанкі нейкага немца выкінулі, а туды яго паклалі. Палатном накрылі ды апусцілі ў магілу. А Леванюк яшчэ і прамову нейкую сказаў. Не сорамна яму! – Паўліна ўсхліпнула, выцерла вочы, села на зямлю, стала разграбаць корч бульбы.

– Ад чаго ён памер?

– Счарнеў увесь. Кажуць, жоўць разышлася. Увесь год хварэў.

У Зосінай душы варухнулася жаласць да брата, бо не салодкае жыццё выпала яму, сіраце. Усялякі саб’ецца з тропу без падтрымкі і нагляду. Рос, як трава пад плотам, хто наступіць, хто прытопча, хто плюне.

– А Надзя засталася з двума дзецьмі на руках. Той немчык яшчэ зусім малы. А такі прыгожанькі, як лялька.

– Праз гэтую лярву ён і загінуў. Як перажыць было мужыку, што ягоная жонка з немцам любіцца, а ён тым часам вымушаны як сабака пад плотам туляцца!

– Кажуць жа, што той немец яго выратаваў.

– Не доўга ён пражыў пасля таго выратавання. Замест хуткай смерці атрымаў марудную. Невядома, што лепш.

– Не наша гэта справа, Зося, хто як жыў. Царства нябеснае Серафіму, зямля яму пухам.

Жанчыны моўчкі ўзяліся за працу, думаючы кожная пра нешта сваё. Паўліна ўспомніла, як Надзя на пахаванні, трымаючы немаўля на руках, стаяла зажураная і ціха ўсхліпвала, як там усім распараджаўся Леванюк, як шкадавалі вясковыя бабы такога маладога нябожчыка: усяго толькі сорак тры гады!.. Але, ці ж гэта той узрост, калі трэба паміраць чалавеку, асабліва цяпер, калі усіх маладзейшых мужчын пабралі на вайну?

Думала яна і пра тое, што ёй цяпер, напэўна, ужо не выйсці замуж, бо мужчын свабодных няма, а за ўдаўцоў маладыя дзеўкі б’юцца.

– Ты казала, што Леванюк камандаваў на пахаванні? – раптам спытала Зося.

– А што?

– Нешта тут не так. Помніш, як зімою дзядзька Карп памёр, дык Леванюк і не заявіўся.

– Дык у твайго дзядзькі радні поўна, а Серафім адзін, сірата. Леванюк прадстаўнік улады. Хваліў нябожчыка, што быў добры чалавек. Працаваў у сялянскім камітэце.

– Не, нешта тут не так.

– Вядома, не так. Дзядзька ж Карп, як мы, на хутары жыў. Леванюк хутаранцаў не любіць.

– Няхай ён сваёй сарочкі не любіць. П’янюга гэты! – злосна адказала Зося, зноў унурваючыся ў працу.

Вярталіся дамоў позна. Паўліна паганяла каня, запрэжанага ў воз, на які былі нагружаны мяхі з бульбаю. Зося з сынам трохі адсталі, стомлена ішлі ўслед. На скрыжаванні сутыкнуліся з Марфаю, яна таксама ішла з поля.

– Ну што, збег твой Гардзей, а цябе адну пакінуў? – здзекліва спытала яна.

– Табе няма справы да майго мужыка. Ты сваіх байструкоў лепш даглядай, бо ім вошы хутка вушы паад’ядаюць.

– Ты маіх дзяцей не чапай! А я табе казала, што не будзеш ты з Гардзеем. Так па-мойму выйшла!

– А ты таксама ні з кім не будзеш! Няма твайго Якуба. Ён, кажуць, прапаў без вестак. Можа, да якой немкі ці полькі прыстаў, каб цябе, валацугу, не бачыць. Цьфу на цябе, выдра ты, што коням дуплі выдзірае.

– Каб ты пасчэзла! Сучка сухарэбрая! Каб табе век дабра не было! – закрычала Марфа.

– Ідзі прэч, быдла бязрогая, – агрызнулася Зося і пайшла ўперад.

– Навошта ты яе чапаеш, гэтую караўку брудную? – паўсчувала Паўліна нявестку.

– Хіба ж я яе чапала, яна сама так і лезе ў вочы як слата. Прывезла байстручку з Германіі, невядома з кім нажыла і яшчэ нос дзярэ!

Паўліна толькі ўздыхнула, думаючы, што, можа, і ёй трэба было б прыжыць якое дзіцятка, забыцца на сорам. Дзіця вырасце – будзе на старасць каму вады падаць. Але ж засталася без хаты, без гаспадаркі, няма дзе самой галавы прытуліць, а то яшчэ з дзіцем. Ніхто на парог не пусціць, што ўвесь род зганьбіла.

15

Людзі памянулі Серафіма за бедным сталом, дзе ўсяго і страў было, што куцця, бульба, смажаная капуста з грыбамі ды гуркі, і пачалі паступова разыходзіцца. Надзя паслала старэйшага сына сустрэць карову са статка, а малога пасадзіла на запечку, прыбірала са стала посуд, зносіла на прыпечак. У хаце ўсё яшчэ сядзеў за сталом Леванюк, нешта жаваў, з-пад ілба назіраў за жанчынаю.

«Сядзіць і сядзіць, быццам на лаўцы смаляной, – нязлосна падумала Надзя. – Што яму тут трэба? Няхай бы ішоў з Богам. І так на душы цяжка, а ён вісне над сталом, як крук над падлай. Напэўна, яшчэ выпіць хоча. А дзе я яму вазьму? І так у людзей пазычыла пяць пляшак. Гэта ж не вяселле, а памінкі. Ах, Серафім, Серафім. Лепш бы я цябе не ведала. Як жыць? Як дзяцей гадаваць?»

– Не бядуй, Надзька, – раптам азваўся Леванюк, быццам пачуў яе думкі. – Савецкая ўлада цябе ў бядзе не пакіне. Дзяцей выгадуем. І ты ў мяне будзеш першая прыгажуня на сяле.

– Ай, ахвота табе, Сцяпан, казаць абы-што. Якая мне трэба прыгажосць? Тут хоць бы выжыць ды дзяцей на ногі паставіць.

– Надзя, ведай, ты не адна. Я з табою.

– Добра, Сцяпан, дзякую за падтрымку, але ідзі ўжо дахаты. Мне трэба ўпраўляцца.

Леванюк прыўстаў з-за стала, схапіў Надзю за руку, пасадзіў побач з сабою:

– Не мітусіся, пагутарыць трэба.

Надзя паглядзела ў п’яныя вадзяністыя вочкі Леванюка і сказала:

– Ішоў бы ты, Сцяпанка, адпачываць. Такі цяжкі дзень выдаўся.

Леванюк заскрыгатаў зубамі. Грымнуў кулаком па стале і крыкнуў:

– Маўчы! Я застаюся ў цябе.

– А Божачкі! Ты што гэта прыдумаў на п’яную галаву? Людзей пасаромеўся б! Што ты тут будзеш рабіць? Навошта мне гэта?

– Што буду рабіць, пытаеш? Спаць з табою! – ён моцна сціснуў Надзю за плечы.

Жанчына адштурхнула яго, ускочыла з-за стала, абурана закрычала:

– Звар’яцеў зусім! Апошні розум прапіў. Я ў жалобе мушу год хадзіць пасля пахавання! Людзі засмяюць!

– Забабоны гэта ўсё. Няхай толькі паспрабуюць! Я ім хутка раты пазатыкаю.

– Госпадзі, што ты такое кажаш! – жахнулася Надзя. – Жыві, як чалавек. У цябе ёсць жонка, вяртайся да яе. Пакінь мяне ў спакоі.

Надзя села на лаву і ціха заплакала, выціраючы куточкі вачэй ражкамі чорнай хусткі. У чорным адзенні яна здавалася Сцяпану яшчэ больш прывабнай. На бледным твары свяціліся вялізныя сінія вочы. Нават слёзы не маглі замуціць іхняй чысціні і хараства. Уся Надзіна пастава была такая вабная, што яму хацелася хутчэй садраць з яе ўсё адзенне і ўбачыць, нарэшце, яе аголеную.

– Жонкі ў мяне няма, – сказаў ён. – Яна не ўпільнавала дзяцей, значыць, загінула разам з імі. А ты, між іншым, галубка мая, з немцам спала, шчанюка з ім прыжыла. Ты, атрымліваецца, класавы вораг! Вораг вялікага савецкага народа! Ты падумала пра гэта?

– Мне ўжо ўсё роўна. Я нічога не чакаю ад жыцця. Абы толькі дзяцей падгадаваць.

Сцяпан шмыгнуў носам, выцерся даланёю і здзекліва пасміхнуўся:

– А ты ведаеш, што чакае цябе і тваіх дзетак, калі нехта з нашых вяскоўцаў напіша куды трэба, хто ты ёсць, як жыла ў вайну? Не здагадваешся? Дык я табе скажу! Дарога дальняя ў казённы дом! А дзяцей у лепшым выпадку – у прытулак! А старэйшага могуць таксама – на катаргу. І ты ніколі больш не пабачыш іх, ні жывых, ні мёртвых.

– Ну, у чым жа я вінаватая? Хіба я каму зрабіла зло? Жыла, як магла. Серафіма ратавала. А тое, што дзіця нарадзіла. Мой грэх, за яго перад Богам буду адказваць.

Надзя зноў заплакала, затуліўшы твар рукамі. Увайшоў старэйшы сын, даўганосенькі, цыбаты, вельмі падобны да Серафіма, ціха сказаў:

– Я прыгнаў карову, яна ў хляве.

– Ідзі і падаі яе, – прыкрыкнуў на хлопца Сцяпан. – Бачыш, маці спакутавалася зусім.

Хлопец узяў вядро і выйшаў.

– Ён жа не ўмее, – заступілася за сына Надзя.

– Няхай вучыцца. Ну, хадзі да мяне, чаго ты ўцякла? Будзем жыць адной сям’ёй. Пакуль ты будзеш са мной, ніхто цябе не кране. Са мной ты жонка баявога чырвонага партызана, узнагароджанага ордэнам і медалямі, старшыні сельсавета, а без мяне ты хто, падумай? Нямецкая падсцілка! Якую трэба садзіць у турму.

Надзя цяжка ўздыхнула, падышла да стала і сказала, гледзячы Сцяпану проста ў вочы:

– Прабач, Сцяпан, я ніколі не здолею цябе пакахаць.

– Мне тваё каханне і не трэба. Адно мне трэба, каб ты спала са мною і нараджала мне дзяцей! Я хачу, каб да мяне вярнуліся мае страчаныя дзеці.

– Ах, Сцяпан, Сцяпан, у вёсцы столькі ўдоў, маладых, прыгожых.

– А я цябе прыгледзеў, калі яшчэ з лесу прыходзіў. Такая ты была салодкая ягадка-малінка.

– Дай мне падумаць. Хоць месяц, два.

Сцяпан грымнуў кулаком па стале і крыкнуў:

– У гэтым доме думаць і вырашаць буду я! Калі ты хочаш выжыць і выгадаваць дзяцей, дык рабі тое, што я сказаў.

Дзіця, якое да гэтага ціха сядзела на запечку, спалоханае крыкам, заплакала. Надзя кінулася да яго, узяла на рукі, стала суцяшаць. Сцяпан падняўся з-за стала, падышоў да запечка, лёг на пасцель, не разуваючыся.

«Госпадзі, за што ты мяне караеш? Грэшная я, вінаватая перад Серафімам. Адкуль мне было ведаць у юнацтве, што аднойчы сустрэну Эрыха і аднаго яго пакахаю? Няўжо маё каханне – вялікі грэх? Шчаслівай я была толькі з Эрыхам. Даруй, Божа, не ведаю, што ў цябе прасіць, жыцця ці смерці. Каб не дзеці, засілілася б зараз у клуні. Але ж на каго дзяцей пакіну? Загінуць яны сярод чужых, – горка падумала Надзя. – Госпадзі, воля твая, што ты мне пасылаеш, тое і мушу прыняць. Дай мне мудрасці зразумець, дзе кара твая, а дзе ўзнагарода.»

Раздзел трэці

Сустрэчы і развітанні

1

Ноччу нехта ціха пастукаў у шыбу. Зося спалохана кінулася да акна, прыжмурыла блізарукія вочы, узіраючыся ў цемру, але нічога не здолела разгледзець, спытала дрыготкім голасам:

– Хто там?

– Адчыні, – пачулася з надворку.

– Гэта ж Гардзей! – радасна ўскрыкнула Паўліна, якая пазнала братаў голас. – Гардзей вярнуўся!

Яна выбегла ў сенцы, а праз хвіліну ўпусціла ў хату худога, зарослага шчэццю мужчыну, з запалымі і стомленымі вачамі. Зосі спатрэбілася добра прыгледзецца, каб пазнаць мужа. Яна кінулася да яго, апантаная радасцю. А ён адхінуўся і сказаў:

– Я брудны, трэба памыцца, пасля разам парадуемся...

– Зараз, зараз. Вада цёплая ў печы. А можа, спярша паясі? – замітусілася Паўліна.

– Паем. Толькі трохі. Шмат мяне не карміце. У мяне цэлы тыдзень крошкі ў роце не было.

Гардзей скінуў ватоўку, павесіў яе на крук каля дзвярэй, спаласнуў рукі над цэбрыкам.

– Дзе ж ты быў, Гардзей? Столькі часу мінула! Хоць бы напісаў, ці што? – з прыхаваным дакорам у голасе спытала Зося.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю