Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 21 страниц)
Г этак жа, як зямля, выраслі ў Сусвеце іншыя планеты, у тым ліку і Месяц. За Палярным кругам, асабліва зімой у яснае надвор’е Месяц можна назіраць на працягу некалькіх дзён запар, калі ён не хаваецца за далягляд. Няўзброеным вокам бачна, што Месяц заўсёды, рухаючыся па арбіце, павернуты да Зямлі адным і тым жа бокам. Ён пазбаўлены сваёй атмасферы і не круціцца вакол уласнай восі. На Месяцы можна разгледзець узвышшы, якія яскрава адбіваюць святло, а таксама даліны (былыя моры), якія не адлюстроўваюць святла і таму здаюцца больш цёмнымі. У былых морах на Месяцы няма вады, таму няма і атмасферы.
Можна ўявіць, што ў далёкім мінулым Месяц, як і Зямля, меў атмасферу. Круціўся вакол уласнай восі. Там назіраліся дзень і ноч, якія складалі суткі, а таму, магчыма, там быў раслінны і жывёльны свет.»
Нехта тузануў Гардзея за плячо, ён ажно здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуў галаву, убачыў бляклыя вадзяністыя вочы аднаго з хворых на сухоты з суседняй палаты, які шапялява прамовіў бяззубым ротам:
– Хадзем, пісар, у карты пагуляем.
– Не магу. Дрэнна сябе адчуваю. Іншым разам, – адмахнуўся Гардзей, нездаволены тым, што перабілі ягоныя разважанні.
– А што ты пішаш?
– Запавет.
– Ну-ну, пішы. Нядоўга нам тут засталося, – адказаў хворы, плюнуў кроўю на падлогу.
– Што ты тут раскідаеш свае мікробы, – абурыўся Гардзей, яшчэ хацеў нешта сказаць, але на галас прыбегла медсястра, вочы ў яе былі заплаканыя
– Як вы можаце? – з дакорам спытала яна і выцерла слёзы. – У краіне такое гора! Наш дарагі Іосіф Вісарыёнавіч Сталін памёр.
– Сталін? Сталін памёр? – здзіўлена перапытаў хворы і з нейкім дзіўным падскокам выбег з палаты.
Гардзей падумаў: «Мусіць, трэба чакаць перамен.»
6
1953 год сапраўды аказаўся незвычайным. Летам Зося атрымала першы ліст ад Каці з Амерыкі. Сястра напісала, што выйшла замуж. Яе пазнаёмілі з добрым чалавекам, з якім яны спярша заключылі фіктыўны шлюб, што выратавала яе ад выканання місіі ў Індыі. Два гады яны жылі як чужыя людзі, а пасля ў складчыну купілі двухпавярховы дом і вырашылі аб’яднаць свае лёсы. Каця працавала швачкаю на фабрыцы. Выконвала тонкую работу, за што атрымлівала неблагую плату. Па ўсім было відаць, што Каця задаволеная жыццём. Як бы для доказу свайго дабрабыту, яна пачала высылаць пасылкі з харчамі і адзеннем, каб падтрымаць сястру ў Казахстане і яе мужа ў Варкуце. Гэтыя пасылкі не толькі дапамаглі Гардзею захаваць здароўе, але, дзякуючы ім, ён «купіў» сабе цёплае месца ў канторы, дзе пачаў працаваць рахункаводам. Час ад часу насіў падарункі дактарам, а тыя клалі яго ў стацыянар і лячылі, наколькі дазвалялі лекі, якія былі ў іх пад рукою.
Пасля смерці Сталіна па лагеры разнеслася чутка, што недзе ўжо распачалі рэабілітацыю зняволеных. Гардзей, хоць і разумеў, што яго віна вялікая – працаваў на немцаў, але таксама спадзяваўся, што і яму скароцяць тэрмін зняволення. Гэтае трывожнае чаканне так даймала, што не радавалі нават лісты ад Зосі. Каб хоць як пазбавіцца маркоты, ён дапрацоўваў і шліфаваў свой навуковы трактат, знаходзячы вольную хвілінку ў канторы, а часцей на шпітальным ложку.
Яму хацелася разгадаць таямніцу нараджэння планет. Здагадкі ў яго з’яўляліся даўно, але ўявіць усё больш-менш дакладна, ды яшчэ ў цэлым Сусвеце, доўга не мог. І ўсё ж аднойчы, як ён лічыў, да яго прыйшло гэтае дзіўнае адчуванне, што ён разгадаў таямніцу. У палаце храплі і пасопвалі хворыя. Гардзей узіраўся ў зорнае неба праз потнае шкло, па якім спаўзалі кроплі вільгаці. І раптам перад ягонымі вачамі ўзнікла неверагоднае відовішча: неабдымная туманнасць закруцілася спіраллю, быццам ракавінка смаўжа, уцягваючы з космасу ўсё, што сустракала на сваім шляху. Яна рухалася да вялікай і яскравай зоркі, жадаючы і яе паглынуць. Аднак зорка аказалася такая вялізная і магутная, што сама прымусіла туманнасць ператварыцца ў шар і рухацца па пэўнай арбіце... Што гэта было? Сон ці мроя, Гардзей сказаць не мог, але здарылася галоўнае: ён лічыў, што знайшоў разгадку ўзнікнення планет у Сусвеце. Заставалася толькі запісаць яе на паперы. Гардзей дастаў з-пад падушкі сшытак і аловак, пачаў пісаць усляпую: «У касмічнай прасторы знаходзяцца атамы вадарода і іншых касмічных рэчываў, з якіх пад уздзеяннем магнітнага поля ўтвараюцца туманнасці, здатныя ўшчыльняцца і ўтвараць кангламераты ў выглядзе шара пэўных памераў. Калі гэты шар набліжаецца да Сонца, пад уздзеяннем магутнага свяціла пачынае рухацца па арбіце вакол яго, прыцягваючы да сябе касмічныя рэчывы. Пры гэтым паверхня шара награваецца і верхні слой вільгаці выпараецца і ўтварае атмасферу. Энергія Сонца прыцягвае да сябе атмасферу, пранізвае яе наскрозь. Гэта прымушае планету рухацца вакол уласнай восі. Пры наяўнасці ўласнай атмасферы на такой планеце могуць размнажацца мікраарганізмы, якія спрыяюць нараджэнню сушы ў суцэльным акіяне. Такім чынам можа нараджацца жыццё на планетах».
Гардзей адчуваў натхненне, уздым і радасць ад нечаканай здагадкі, якая так раптоўна прыйшла да яго. Ён не чуў галасоў тых гаротнікаў, якія спалі на суседніх ложках. Яны храплі, задыхаючыся ў сне, ад астмы ці сухотаў, сутаргава хапалі вуснамі паветра, заціхалі на імгненне, быццам паміралі, але зноў пачыналі цяжка дыхаць... Яму хацелася дадумаць, дапісаць усё тое, што так доўга не давалася і раптам прыйшло само сабою. І ён зноў узяўся запісваць, лічачы, што: «З самага пачатку ўтварэння Зямлі і да цяперашняга часу ў акіянах кішыць мноства мікраарганізмаў. Кожны від мікробаў адпавядае ўтварэнню пэўнага мінерала, напрыклад, ад аднаго віду паходзіць каменны вугаль, ад іншага – каменная соль і г. д. У выніку ўзаемадзеяння розных мінералаў утвараецца мноства новых рэчываў. Зямля з самага пачатку ўяўляла сабой вадзяны шар невялікіх памераў у дыяметры. Калі б сабраць усю ваду з паверхні Зямлі і яе атмасферы і залучыць у шар, гэта і быў бы першапачатковы яе выгляд. У выніку росту зямлі ў вадзе гэты шар паступова павялічваўся. Зямля і цяпер працягвае расці. Аднак утвараецца яна не каля цэнтра шара, а бліжэй да паверхні, на такой глыбіні, дзе маглі вольна размяшчацца разнастайныя мікраарганізмы, адклады якіх і ператвараліся ў далейшым у мінералы. Варта мець на ўвазе, што зямля нараджалася нераўнамерна па ўсёй воднай прасторы. Недзе яна апускалася ўглыб зямнога шара, недзе выступала, выходзіла наверх. Таму ў зямной кары назіраюцца гранітныя платформы, якія могуць раптам абрывацца, напаўзаць адна на дну, крышыцца, правальвацца і г. д. Пад зямлёй адбываюцца непрадказальныя рэакцыі, якія выклікаюць землятрусы і вывяржэнне вулканаў.»
Гардзей стомлена адкінуўся на падушку, адчуў, што стала цяжка дыхаць, забалела сэрца. Ён паляжаў некалькі хвілін, чакаючы палёгкі. Боль у сэрцы нарастаў. Падумаў з дакукаю, што трэба папрасіць у медсястры валяр’янкі, хаця ён па-ранейшаму баяўся, каб не паднеслі якой атруты. Аднак падняўся і ціха, каб не пабудзіць нікога з хворых, выйшаў у калідор, дзе было больш чыстага паветра.
7
З лагера Гардзей вызваліўся толькі вясной 1956 года і адразу вырашыў ехаць да жонкі і сына, з якімі не бачыўся амаль дзесяць гадоў. Доўгая дарога расцягнулася ў часе амаль на тыдзень, і тым жаданей здавалася сустрэча. Ён вырашыў забыць назаўсёды тое, што давялося перажыць у лагеры, ніколі не згадваць і нікому не расказваць пра свае пакуты. Хацелася верыць, што адышлі ў нябыт страх, лагер, смерць, якія пры Сталіне сталі сродкам падпарадкавання народаў і своеасаблівым спосабам выхавання безгалосых рабоў. Людзі паміралі ад голаду і холаду, ды былі прымушаныя трываць пакуты і не толькі маўчаць, але хваліць новы лад жыцця і мудрых партыйных лідараў, якія мелі ўсе прывілеі ў грамадстве. Радыё і газеты пісалі пра свабоду ў Краіне Саветаў, але свабодаю карысталіся толькі тыя, што займалі высокія пасады і прапаведавалі замест любові і міласэрнасці класавую барацьбу. Татальнае віжаванне аднаго чалавека за другім ухвалялася скрозь: на прадпрыемствах, у калгасах, у войску, у храме, у сям’і, у турмах і лагерах. З-за намовы ўсялякі нявінны грамадзянін мог пазбавіцца не толькі маёмасці і блізкіх людзей, а і свайго жыцця. Прыніжэнне, здзек, боль, якія ён зведаў, неабходна было выкінуць з памяці і душы. Інакш, як ён разумеў, немагчыма будзе далей жыць з непамернаю крыўдаю за сябе, сваіх родных, блізкіх, ды і проста многіх знаёмых людзей, з якіх нямала хто застаўся навечна ляжаць у вечнай мерзлаце... «За-быць, за-быць, забыць.» – стукалі колы цягніка.
Калі раскінуліся за вагонным акном бяскрайнія рыжыя казахскія стэпы, яшчэ не абуджаныя цяплом, Гардзей радасна падумаў, што ўжо хутка ён убачыць сваіх родных. І гэта будзе яму ўзнагародай за доўгія пакуты і цярпенне.
Раённы цэнтр, дзе жылі Зося з Орастам, стаяў пры чыгунцы. Даехаў да яго Гардзей без цяжкасці. Знайшоў па адрасе патрэбную вуліцу і дом, пастукаў у дзверы. Яму адчыніў высокі сімпатычны юнак.
– Ці туды я трапіў, малады чалавек? Шукаю Сафію Рахубу. Ці тут яна жыве?
– Тут, гэта мая мама Зося, – разгублена і быццам пакрыўджана адказаў юнак.
– Ты Ораст? Ты мой сын Ораст? – здзіўлена ўсклікнуў Гардзей, углядваючыся ў твар юнака.
– Я Ораст.
– Божа мой, як ты вырас! Я ніколі не пазнаў бы цябе, каб выпадкова сустрэў на вуліцы.
– А я цябе адразу пазнаў.
Гардзей усхвалявана абняў сына, прытуліў да грудзей, адчуў прыліў пяшчоты, якая шмат гадоў не наведвала яго душу. У лагеры перад ім стаяла адна мэта – выжыць у невыносна цяжкіх умовах, выстаяць, умець загадзя прадбачыць небяспеку і пазбегнуць няшчасця. А пагроза зыходзіла з усіх бакоў: ад лагернага начальства, ад сваіх жа лагернікаў, ад бяспечнай і цяжкай працы ў шахце, ад дактароў, якія лячылі ці залечвалі да смерці, ад аховы, бо яна была ўзброеная і мела права страляць без папярэджвання, калі што.
– Заходзь у хату, – запрасіў сын.
Гардзей ступіў у беднае, але ахайнае жытло, у якім стаялі самаробныя стол і ўслон. Невялікая пабеленая грубка тулілася да правай сцяны, а за ёю мясціўся насціл накшталт беларускага запечка. Зрэшты, усё, неабходнае для жыцця, было.
– Дзе ж мама? – спытаў Гардзей.
– Пайшла на рынак, хутка вернецца. Сядай бліжэй да стала. Можа, есці хочаш?
Гардзей з любасцю і ўдзячнасцю за чуласць паглядзеў на сына і адказаў:
– Есці не хачу, а вады папіў бы.
– Дык на лепш узвару. А хлеб ляжыць на стале, накрыты ручнічком.
– Як некалі ў нас дома, – усміхнуўся Гардзей, заглядваючы пад ручнік, дзе ляжала паўбохана хлеба, спечанага Зосяю.
Ораст наліў кубак узвару з сухіх абрыкосаў, паставіў перад Гардзеем, сказаў:
– Калі ласка, пі.
Гардзей зрабіў колькі глыткоў, наталяючы смагу. Сам не чакаў, што гэтак расхвалюецца ад сустрэчы з сынам, які з падлетка ператварыўся ў юнака.
– Раскажы, як вам жылося.
– Ды ўсё добра. Я заканчваю дзясяты клас. Мама працуе.
– Якія ў цябе планы на будучыню? – зацікаўлена спытаў бацька. – Ці не збіраешся вучыцца далей?
– Пакуль не ведаю. Прынамсі, тут, у Казахстане, заставацца не хачу. Мару вярнуцца ў Беларусь.
– Я таксама пра гэта заўсёды марыў. Аднолькавыя, сынок, у нас з табою мары, – усцешана сказаў Гардзей. – Панасіла нас па свеце, а цяпер пара вярнуцца ў родны край. А дзяўчына ў цябе ўжо ёсць? – з добраю ўсмешкаю спытаў Гардзей.
Ораст апусціў вочы, хаваючы пагляд.
– Бачу, што ёсць, але не хочаш пра яе расказваць. Што ж, правільна робіш. Шчасце, мусіць, толькі тады існуе, калі пра яго ніхто не ведае, а як толькі ўсе пра яго даведваюцца, яно знікае, як палахлівая птушка.
Гардзей адчуў боль пад сэрцам, сцішыўся, прыслухоўваючыся да сябе, глытнуў кампоту і міжвольна падумаў: «Божа мой, што з намі робіць лёс? Раскідаў па ўсім свеце. Каця – у Амерыцы. Я – толькі што з Варкуты, а цяпер – у Казахстане. Па якой задуме Усявышняга мы прайшлі такія дарогі? Зрэшты, ці выжыў бы я, каб не Каціны пасылкі? А каб Зося не пісала лісты? Навошта мне было б імкнуцца выжыць?»
На ганку пачуліся крокі. У пакой увайшла жанчына са стомленым тварам. Яна павіталася, уважліва ўзіраючыся ў твар госця, ён у яе – таксама. І раптам Гардзею праз тонкія маршчынкі і цені вымалеваўся паўзабыты Зосін твар. Гардзей падняўся з-за стала. Ступіў крок наперад. Нарэшце яна пазнала яго і здзіўлена ўскрыкнула:
– Гардзей! Гардзей! Вярнуўся!..
Яна прыпала да ягоных грудзей, ён абняў яе адной рукою, другою пагладзіў па галаве, хустка спаўзла. І ён убачыў такія знаёмыя яе пышныя русыя валасы, закручаныя на патыліцы ў куксу. Зося ўсхліпнула.
– Годзе, чаго ты плачаш? Усё ж добра. – сказаў Гардзей.
– Ты так цяжка дыхаеш. Што ў цябе з лёгкімі? – занепакоена спытала яна.
– Гэта падарунак ад шахты. Але на сухоты я не хварэў. Не бойся, не заразны.
– Як ты даехаў? Чаму не напісаў? Мы б сустрэлі цябе.
– Я ж не на курорце быў, Зося. Там са мною не цацкаліся. А як толькі выпусцілі, я бягом – і да вас, пакуль зноў не загрэблі.
– Крый божа, што ты кажаш.
– Мне здавалася, што гэты жах ніколі не скончыцца. Пажыццёвае пекла. І паміраць там не хацелася, і жыць невыносна.
Зося паглядзела ў твар мужу блізарукімі вачамі і сказала:
– Нічога, дзякаваць богу, мы разам. Адкармлю цябе, і будзеш ты ў мяне гладкі, як пан.
– Адчуваю, што і вы тут нацярпеліся ліха. Але ты ў мяне малайчына! Такога сына выгадавала! Дальбог, яго не пазнаў! Падумаў, што памыліўся, не туды трапіў.
Гардзей абняў Зосю і Ораста. Яны селі на ўслоне і доўга сядзелі, нешта згадваючы з таго даўняга мінулага, калі сын быў яшчэ зусім малы і шмат чаго не помніў. Ім было добра і светла сядзець так разам і адчуваць, што ёсць у гэтым жыцці нешта вельмі важнае, што яднае іх, нягледзячы ні на якія выпрабаванні.
8
Зося штодня хадзіла на працу, сын – у школу, а ў Гардзея, які адзін заставаўся дома, з’явілася дастаткова вольнага часу, каб нарэшце сабраць свае запісы, якія датычыліся ягонай трактоўкі паходжання Зямлі і іншых планет, а таксама карысных выкапняў. Ён перапісаў усё ў асобны сшытак і паслаў у Акадэмію навук СССР у Маскву. З хваляваннем чакаў адказу, бо лічыў, што зрабіў адкрыццё, якое пераверне светапогляд навукоўцаў. Думаў, што ім давядзецца тэрмінова перапісваць падручнікі і не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ва ўсім свеце. Цешыў сябе, што зрабіў гэта не нейкі славуты вучоны, а нікому невядомы селянін з вёскі Крачкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці Гардзей Рахуба.
Праз месяц прыйшоў з Акадэміі навук ветлівы адказ з падзякаю за актыўную жыццёвую пазіцыю. Унізе стаяў неразборлівы подпіс, замацаваны пячаткаю. Гардзей зразумеў, што ніхто не ўспрыняў усур’ёз ягоную гіпотэзу. Марныя былі ягоныя пошукі і азарэнні. Мусіць, зарана ён нарадзіўся на Божы свет. Несвоечасова здзейсніў навуковае адкрыццё. Нікому яно пакуль непатрэбнае. Вялікае расчараванне апанавала ягоную душу. Гардзей зрабіўся маўклівы і раздражнёны, а тут яшчэ пачалася звычайная для Казахстана летняя гарачыня, якую ён пераносіў з цяжкасцю. Гардзей клаўся спаць на вуліцы пад адкрытым небам, але і адносна прахалодныя ночы не прыносілі палёгкі. Яму было цяжка дыхаць, сэрца калацілася, ледзь не вылятала з грудзей. Дактары казалі, што не падыходзіць клімат. Зрэшты, Гардзей і сам не збіраўся тут затрымлівацца надоўга. Як толькі сын скончыў школу, сям’я Рахубаў вырашыла вяртацца ў Беларусь. Праўда, Зося згадзілася не адразу.
– Як уяўлю таго Леванюка ды Марфу, дык не хочацца мне пра Крачкі і думаць, – колькі разоў казала яна. – Давайце застанёмся ў Алма-Аце. Такі зялёны і прыгожы горад!
– Не, Зося, здароўе маё слабое. Хачу памерці дома. Нажыўся я сярод чужых. Хачу легчы на спачын у родную зямлю, – пярэчыў Гардзей.
– Ты будзеш жыць, Гардзей. Не думай пра смерць, – прасіла Зося.
– Я таксама хачу ў Крачкі – падтрымаў бацьку сын.
– Калі і паспелі дамовіцца? – здзівілася Зося.
– У першы ж дзень, як сустрэліся, – задаволена адказаў Гардзей.
Зноў Зося збіралася ў дарогу, нешта купляла, нешта прадавала. Гардзей пакаваў рэчы і рыхтаваў да адпраўкі багаж. Ораст прападаў цалюткімі днямі недзе на вуліцы, развітваўся з сябрамі. Моладзь пачала разлятацца пасля выпускнога балю хто куды.
Дзяўчына, з якою сябраваў Ораст, хацела вучыцца на актрысу, збіралася ехаць у Маскву і клікала яго з сабою. Быць акцёрам хлопец не прагнуў, да таго ж і вучыўся ў школе так-сяк, звычайна ўсё спісваў у сваёй сяброўкі.
– Правалюся я на экзаменах, – казаў ён ёй.
– Спішаш у мяне. Я падкажу, – абяцала Эма і ззяла зялёнымі вачамі.
– А там жа яшчэ трэба спяваць і вершы чытаць.
– Ну, ужо нічога прасцей не прыдумаеш. Што табе цяжка праспяваць?
– Ды не хачу я выглядаць блазнам. Які з мяне спявак? – упарціўся Ораст.
– Ты проста лайдак! Дзеля нашага шчасця пальцам не варухнеш! – абурылася Эма.
Ораст хацеў пакрыўдзіцца на гэты папрок, але потым прапанаваў:
– Давай зробім так. Калі ты паступіш вучыцца, я прыеду да цябе ў Маскву, знайду працу і буду табе дапамагаць, чым змагу. Калі не паступіш, прыедзеш да мяне ў Беларусь. А там разам вырашым, як жыць далей.
– Дамовіліся, – лёгка згадзілася дзяўчына і абвіла хлопца за шыю гарачымі рукамі.
Упершыню ён адважыўся яе пацалаваць. І гэта быў самы адметны дзень у ягоным жыцці. Праз тыдзень Эма прыйшла правесці Ораста на вакзал. Пад назіркам бацькоў хлопец адчуваў сябе скавана. Ён толькі глядзеў на дзяўчыну, імкнучыся запомніць кожную рыску яе твару. Калі маці паклікала, ён адступіў на колькі крокаў, спыніўся, памахаў рукою і скокнуў у вагон. А потым, колькі ехалі, што б ні рабіў Ораст – глядзеў у акно ці ляжаў з заплюшчанымі вачамі, бачыў перад сабою толькі яе, Эму, дзяўчыну з цёмнымі кучаравымі валасамі вакол прыгожага чыстага лба, яе яскравыя зялёныя вочы і адчуваў дотык цёплых вуснаў. З-за расстання з каханаю дзяўчынаю сустрэча з радзімаю не была такою радаснаю, як марылася і ўяўлялася.
Стары будынак вакзала ў Жабінцы выглядаў абшарпаным, быў ён той самы, нязменны. Тыя ж высокія дрэвы прыветна калыхалі зялёныя галіны пад спякотным ветрам. Вераб’і, як і некалі, чародкамі зляталі і садзіліся на перон. Рахубам здалося, што яны вярнуліся ў ранейшы час, а калі агледзеліся, дык заўважылі, што не бачаць ніводнага знаёмага твару, быццам мясцовасць засялілі новыя людзі.
Гардзей выйшаў на прывакзальную плошчу, згледзеў хлопца на возе, спытаў, скуль ён. Той адказаў, што едзе ў Сцяблова і згодны падвезці сям’ю да Крачкаў.
Рахубы ехалі моўчкі, прагна ўзіраліся ў наваколле і не пазнавалі ранейшых мясцін. Выраслі новыя дрэвы, зніклі шнуркі сялянскіх палёў, поле было агульнае, суцэльна калгаснае. Вазак спрабаваў распытаць, хто яны ды скуль. Гардзей коратка патлумачыў, што выязджалі на заробкі, але, як кажуць, добра толькі там, дзе нас няма, таму і вяртаюцца на радзіму.
– Цяпер шмат хто шукае лёгкага хлеба, едуць, хто на цаліну, хто на Украшу, – адказаў хлопец. – А ў Крачках вы дзе жылі?
– На хутарах.
На тым гаворка скончылася. Воз пратарахцеў па брукаванцы, звярнуў на палявую дарогу, якая хутка прывяла ў невялікі лес, і раптам адкрыліся Крачкі. Гардзей з хваляваннем адразу заўважыў тры новыя будыніны побач з поплавам, астатнія хаты лёгка пазнаваў, згадваў гаспадароў, зазіраў у двары, дзе бавіліся нечыя дзеці і ўнукі. Жыццё ішло і не звяртала ўвагі на страты. Можа, толькі цяпер Гардзей з усёй трагічнасцю зразумеў самотнасць і неабароненасць чалавека, які мусіць трымацца за блізкіх людзей, бо нікому, акрамя іх, ён не патрэбны.
У канцы вёскі Рахубы папрасілі вазака спыніцца, падзякавалі і пайшлі да свайго хутара па дарозе, добра ўбітай калёсамі. Яны прыглядаліся да дрэваў, удыхалі родныя пахі і прыспешылі крок – хацелася хутчэй пабачыць свой хутар, хоць і ведалі з лістоў Паўліны, што хаты даўно няма, застаўся садок.
Сям’я спынілася на спустошаным двары, ад якога не засталося нічога, акрамя каменнага грудочка, дзе стаяла печ, якая некалі грэла і цешыла, якая карміла і радавала, а цяпер нагадвала магільны курганок. Ораст сарваў зялёны яблык, надкусіў, пажаваў, зморшчыўся і выплюнуў.
– Усё расцягнулі, – злосна сказала Зося.
– А ты думала, што цябе тут палац чакае? – пахмурна пасміхнуўся Гардзей.
– Хоць бы печ пакінулі!
– Печ кожнаму трэба.
– Гардзей, як ты можаш быць такім спакойным?
– Я шчаслівы, што мне галаву не адкруцілі, а хату паставім новую.
Раптам знаёмы голас аклікнуў іх:
– Каго я бачу! Рахубы вярнуліся! Каб вы здаровенькія былі!
Да іх, накульгваючы, ішоў Леванюк, ведучы ў руках веласіпед.
– Здароў быў, землячок, – стрымана адказаў Гардзей.
– Ну што, разнёс хату, а цяпер прыехаў нашаму няшчасцю парадавацца? – пайшла ў наступ Зося.
– Дарэмна ты на мяне. Праўленне калгаса забрала вашу маёмасць, я тут ні пры чым, – пачаў апраўдвацца Леванюк. – Няма пра што шкадаваць, старая ваша хата была, нічога не вартая. На дровы пусцілі. Купляйце новае дрэва, я вам такую хатку выштукую! Ого-го!
Зося грэбліва акінула постаць Леванюка і спытала:
– А чаго гэта ты з начальства ў простыя лезеш?
– Ды я даўно ўжо ў простых хаджу. Прыйшлі нам на змену маладыя, граматныя. А мы сваё адпрацавалі, адслужылі Айчыне.
– Як твая Надзя, як сям’я? – спытаў Гардзей.
– Няма Надзі, пахаваў. Паляжала з месяц у бальніцы ў Жабінцы. Потым дактары кажуць, маўляў, забірайце, няхай дома далечваецца. Нейкіх там парашкоў надавалі. Яна іх піла, піла. Аднойчы не прачнулася. Лёгкая смерць. Дай божа кожнаму. У труне ляжала такая прыгожая, заспакоеная, нават не верылася, што нежывая. Застаўся адзін, з дачкою Аленаю. – Леванюк шморгнуў носам.
Зося згадала Серафіма і сваю віну перад ім, што не пайшла на пахаванне, нічога не зрабіла, каб пахавалі яго па-чалавечы і спытала:
– Дзе пахаваў яе? Побач з Серафімам?
– Яшчэ чаго не хапала! Я яе сапраўдны муж, са мною побач яна і павінна ляжаць.
– Адыходзяць людзі, – ціха прамовіў Гардзей.
– Адыходзяць. Адна вайна колькі забрала....
– Годзе стаяць, як на могілках, – сказаў Гардзей.
Рахубы рушылі да хутара Карпа, дзе жыла аўдавелая цётка Агатэля.
– Дык майце на ўвазе: я вам хату пастаўлю! – крыкнуў наўздагон ім Леванюк, сядаючы на веласіпед.
– Едзь, сабака аблезлы, – злосна сама сабе з нянавісцю прамармытала Зося.
– Не можаш яму дараваць? – спытаў Гардзей.
– Не магу!
– Даруй яму, няшчаснаму, бачыш, сам віну адчувае.
– А дзе мы будзем ставіць новую хату? – спытаў Ораст.
– Тут і паставім, – адказаў Гардзей.
– Можа, не варта? Нейкая нешчаслівае гэтае месца ад самага пачатку, – засумнявалася Зося.
– Мы яго ашчаслівім.
Рахубы спыніліся, азірнуліся на зруйнаваны двор і кожны з іх па-свойму ўявіў будучую хату, але чамусьці кожны ўбачыў тую, якая стаяла тут раней, старая, з шэраю страхою, такая знаёмая і родная.
Ораст зазірнуў у калодзеж, завалены голлем, на дне яго ўсё ж паблісквала чорная, як нафта, вада.
– Калодзеж наш завалілі, – з крыўдаю сказаў ён.
– Пачысцім, – спакойна адказаў Гардзей. – Ён ўсё-ткі жывы, дачакаўся нас.
– Пойдзем, у мяне сэрца разбалелася ад гэтага відовішча, – папрасіла Зося.
Рахубы рушылі да суседняга хутара. Старая Агатэля сядзела на лаўцы каля весніц, зацікаўлена назірала за людзьмі, якія набліжаліся да яе і не адразу пазнала іх. Толькі калі Зося павіталася, старая цяжка паднялася, стала абдымаць ды цалаваць родных, саромеючыся сваіх парэпаных рук і зморшчанага твару.
– Ты паглядзі, Зоська, якая я стала. Брыдка на сябе ў люстэрка глянуць.
– Не звяртайце ўвагі, цётачка, абы душа была маладая, – супакоіла яе Зося.
– Вас назусім адпусцілі ці як?
– Назусім.
– А сядзібы вашай няма. Жывіце пакуль у мяне. Адна я зусім здзічэла. І Гэлькі маёй няма, колькі гадкоў ужо косці парыць у сырой зямельцы.
– На што яна хварэла? – спытала Зося спачувальна.
– Угрэлася, папіла халоднай вады. За адну ноч горла задушыла, – старая выцерла вільготныя вочы. – Ужо іншы раз Бога малю, каб узяў мяне да Гэлькі і Карпа. Не бярэ, пэўна, яшчэ не заслужыла ягоную літасць. Пойдзем у хату, дзеткі, пачастую, чым Бог паслаў. Гаравала я тут, бедавала, вас згадваючы. Г эта ж колькі нявінных людзей са свету зжылі. Гарманіст наш, Сымон Чмель, праспяваў прыпеўку: «У калгас ішоў абуты, а з калгаса басанож». На другі дзень забралі і да гэтае пары ніхто не ведае, куды падзеўся чалавек. Дзякаваць богу, што хоць вы вярнуліся.
Некалі прасторная Карпава хата здалася Зосі нізкай і малой, але пахі яблыкаў, хлеба і малака па-ранейшаму ўладарылі тут. Усё тыя ж лавы ўдоўж сцен і запечак, той жа стол, засланы настольнікам, хіба толькі дадалося фотаздымкаў у рамках.
Толькі госці селі за стол, як прыбегла ўсхваляваная Паўліна, якую папярэдзіў Леванюк. Кінулася абдымаць брата, плакала і смяялася, выцірала слёзы і прыгаворвала:
– Вярнуўся мой пакутнічак! Братка мой дарагі! Колькі я начэй не спала, колькі думала пра цябе! Чаму ж ты да мяне не прыйшоў адразу? Каб ты ведаў, як я цябе чакала.
– Годзе, годзе ўжо. Супакойся, – спыніў яе Гардзей.
Паўліна адступілася ад яго і павярнулася да пляменніка.
– Божачкі, а гэта што за кавалер! Ораст, няўжо гэта ты?
– Я, а хто ж яшчэ, – баском адказаў хлопец.
– Людцы добрыя, то ж быў кату па пяту! А цяпер кавалер!
Паўлінінай радасці не было мяжы. Яна тут жа распачала распавядаць пра
вясковыя навіны. Агатэля тым часам паставіла на стол крупнік ды бабку са шкваркамі.
– Бабка! – усклікнуў Гардзей. – Даўно я не каштаваў такой смакаты.
Паўліна змоўкла, з любасцю ўзіралася ў братаў твар, трохі пастарэлы, з сівізною на скронях і шкадавала яго, як у маленстве. Зрэшты, што змянілася? Проста прайшло шмат гадоў. А яны як былі родныя, так і засталіся.
9
Эма паступіла ў тэатральны інстытут, аднак Ораст не здолеў выехаць да яе ў Маскву. Хлопца забралі ў войска. Паколькі ён меў адукацыю – дзесяць класаў, дык яго паслалі спачатку асвойваць шафёрскую прафесію. І гэта яму нават спадабалася, бо ён марыў, як кожны хлопец, на чым-небудзь ездзіць: на машыне ці хоць на матацыкле. Вучыўся ён добра і лёгка асвоіўся ў новым асяроддзі. У першыя ж месяцы зрабіў на пальцах сабе татуіроўку – год свайго нараджэння, 1936, а на плячы напісаў імя Эма, чым увекавечыў сваю каханую, якая заўсёды цяпер была пры ім.
Пасля курсаў яму даверылі грузавую машыну і ён выдатна спраўляўся са сваімі абавязкамі, пакуль не здарылася непрадбачанае: Эма прыслала ліст, у якім дзякавала яму за разуменне і школьнае сяброўства і паведамляла, што яна сустрэла вялікае і сапраўднае каханне. Пісала, што выйшла замуж за вядомага кінарэжысёра і што шчаслівая, а таксама, што яе з мужам яднае не толькі каханне, а і сумесная справа. Хвалілася, што яе ўжо запрасілі на здымкі фільма, далі, хоць не галоўную, але даволі значную ролю. І яшчэ паведамляла, што зусім не мела часу для таго, каб напісаць яму раней, бо ёй трэба шмат што паспець: і вучыцца, і прысутнічаць на здымках, і даглядаць мужа, бо ён, як малое дзіця, без яе не можа ні сабраць рэчы, ні зрабіць сабе вячэру.
Ораст прачытаў гэты ліст і зразумеў, што страціў Эму назаўсёды. Жыццё пазбавілася сэнсу. Для чаго яму служыць у войску, ездзіць на машыне, нешта рабіць, калі наперадзе замест будучыні беспрасветная цемра, дзе няма і ніколі не будзе Эмы.
Напярэдадні Ораст вярнуўся з далёкага рэйса. Суткі яму далі для адпачынку. І ён іх патраціў на тое, што цэлы дзень ляжаў на ложку тварам да сцяны, часам плакаў, часам сціскаў зубы, каб не закрычаць ад нянавісці і бяссілля, нават абедаць і вячэраць не пайшоў. Ноччу спрабаваў заснуць, але нейкія галасы, што ўзнікалі ў падсвядомасці, будзілі яго, не давалі спакою.
Раніцай сяржант загадаў уставаць і збірацца ў дарогу. Ораст нават не варухнуўся.
– Устаць! Табе тут што, курорт! – загадаў сяржант.
– Не магу, – адказаў Ораст.
– Што, можа, захварэў, дык валяй у санчасць!
– Захварэў! Душа баліць! – ціха адказаў хлопец, ад гора ён страціў сілу, не мог варухнуцца, наогул, здавалася, што лепш памерці, чым трываць такую пакуту.
– Душэўнахворых у дурдоме трымаюць! Уставай, каму сказаў! – сяржант рэзкім рухам сарваў з Ораста коўдру і кінуў яе на падлогу.
Ораст з нянавісцю паглядзеў у вочы сяржанту, раптоўна ўскочыў з ложка, адкрыў тумбачку, выхапіў нож і паласнуў сябе па жываце. Кроў вузкай палоскай пазначыла рану і пачала капаць на падлогу. Сяржант збялеў і нема закрычаў. Ораст знясілена апусціўся на ложак і заплюшчыў вочы. Ён не адчуваў ні болю, ні страху, а праз імгненне страціў прытомнасць і ўжо не чуў, як яго на насілках вынеслі ў машыну, як рабілі аперацыю, як размясцілі ў рэанімацыю. Ён прачнуўся пад вечар, пабачыў над сабою доктара, спытаў:
– Чаму я тут?
– Табе зрабілі аперацыю, – адказаў доктар.
– Аперацыю? – перапытаў Ораст і толькі цяпер усё ўспомніў.
– Як сябе адчуваеш? Што баліць?
– Нічога. А што са мной?
– Разрэзаў скуру, трохі пашкодзіў кішэчнік, але, дзякуй богу, быў галодны з ранку, дык абышлося без ускладненняў. А магло быць і вельмі дрэнна. Падумай, што табе даражэй, уласнае жыццё ці нейкая непрыемнасць, якая вывела цябе з раўнавагі?
– Падумаю. А калі мяне выпішуць?
– Выпішуць, як адужаеш, а пакуль ляжы спакойна. Наклалі дванаццаць швоў, глядзі, каб не паразыходзіліся. Бо зноў будзем зашываць.
Доктар выйшаў. Ораст паспрабаваў павярнуцца на бок і адчуў рэзкі боль у жываце. Паспрабаваў памацаць жывот, ён аказаўся увесь перабінтаваны.
Зноў аднекуль здалёку выплыла крыўда на Эму, але ён адагнаў яе. Захацелася раптам дадому, да маці. Яна ўмела даглядаць яго, калі ён хварэў. Яна хутка паставіла б яго на ногі. І зноў у памяці ўзнік твар Эмы, гарэзлівы, вясёлы.
– Ідзі, ідзі да свайго рэжысёра, – прабурчаў Ораст. – Мая жонка – бальнічны ложак.
Ён падняў руку, каб прыгладзіць чупрыну – гэты рух азваўся болем. Цяпер ён шкадаваў, што быў такі нястрыманы і ледзь сам сябе не знішчыў з-за нейкай лярвы, якая здрадзіла яму з першым сустрэчным рэжысёрам. Нездарма кажуць, што ўсе акцёры распусныя. Яны не жывуць, а толькі выконваюць ролі.
Праз чатыры дні Ораста перавялі ў палату, а яшчэ праз пару тыдняў камісавалі. І ён нечакана вярнуўся ў Крачкі. Першае, што заўважыла маці, была татуіроўка на пальцах рукі – год нараджэння Ораста. Яна вельмі захвалявалася, бо ў вёсцы ведалі сапраўдны год нараджэння Ораста, маглі яму сказаць праўду пра колішні матчын грэх, чаго ёй вельмі не хацелася.
– Што ж ты нарабіў? Навошта, каб усе ведалі? – спытала яна з горыччу.
– А што тут такога? Так усе хлопцы нашы сабе напісалі. Ці мала што? І пашпарт не трэба.
– Паглядзі на свайго сына, Гардзей. Што будзем рабіць?
– Нічога. Каму якая справа да нас? – спакойна адказаў муж. – Ты лепш спытала б, чаго твайго сына раней часу адпусцілі з войска.
– Чаму, сынок?
Ораст неяк дзіўна ўсміхнуўся і весела адказаў:
– Абрыд я там усім. Кармі мяне, апранай, узбройвай, выпраўляй на службу – вось і выгналі. Кажуць, ідзі, няхай пра цябе бацькі клапоцяцца.
Зося недаверліва насцярожылася і настойліва спытала:
– Выдумляеш ты, сынок. Нешта здарылася? Так? Вунь у суседнюю вёску прывезлі хлопца ў труне забітай, нават паглядзець не далі.