355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Зінаід Дудзюк » Слодыч і атрута » Текст книги (страница 7)
Слодыч і атрута
  • Текст добавлен: 16 марта 2017, 12:00

Текст книги "Слодыч і атрута"


Автор книги: Зінаід Дудзюк


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 21 страниц)

Цётка Каваліха сустрэла дзяўчыну прыязна, спытала ўсмешліва, ажно маршчынкі разбегліся ў куточках вачэй:

– Што з табою, дзіця? Ці не захварэла?

– Бяда ў мяне, цётачка.

– Я ж цябе ўжо вучыла.

– Не, не тое. Я тую навуку помню. Не хачу я жыць, але і паміраць адна не жадаю. Няхай і ён са мною ідзе на той свет.

– Што ты надумала, дзяўчына? – ажно пляснула ў далоні знахарка. – Грэх гэта вялікі! Выкінь з галавы дурноту.

– Не хачу жыць, не магу! І ён няхай не жыве!

– Я і слухаць цябе не жадаю! – замахала рукамі Каваліха, быццам адганяючы хмару камароў.

– Цётачка, дай мне якой атруты, але так, каб напэўна памерці, каб не пакутаваць. Усё ў мяне ўнутры выгарала!

– Бачу я, што ты зноў дзіця чакаеш.

– Яно памрэ разам са мною.

– А ты хлопцу казала?

– Ён не кахае мяне. Прыйдзе, пераспіць і знікае надоўга. На вочы не паказваецца. А праз паўгода раптам заявіцца, быццам нічога не здарылася.

– Забудзь яго.

– Не магу, цётачка. Гэта як насланнё нейкае. Я нічога не разумею. Як мне жыць? Чым? Дайце, дайце якой атруты.

Знахарка падышла да покуці, перахрысцілася на ікону, прамовіла:

– Даруй нам, Божа, грахі нашы свядомыя і несвядомыя.

Пакланілася Божай Маці, потым строга паглядзела на Зосю і сказала:

– Ніхто табе не вінаваты ў тваёй бядзе. Расплюшчы вочы, ты ж не адна на свеце. Вартых цябе хлопцаў шмат. А ты зацялася на няшчасным каханні і свету не бачыш. Сама кажаш, што не кахае ён цябе, значыць, не твой гэта лёс. Не твой! Нават калі ты прывяжаш яго да сябе, не будзе табе з ім шчасця. Асудзіш сябе на пажыццёвую пакуту!

– Я і так пакутую. Што ж мне рабіць?

– Ідзі дамоў і вазьміся за розум!

Каваліха пайшла проста на Зосю, быццам хацела хутчэй выпхнуць за дзверы. Дзяўчына адступіла да парога, націснула рукою клямку і выбегла з хаты. На дварэ пачынала цямнець, свет зрабіўся зусім бясколерны, у ім можна было схавацца ад чужых пільных вачэй, застацца сам-насам з сабою. Думкі ў галаве бязладна мітусіліся. Яна была расчараваная і пакрыўджаная, што не здабыла атруту. А зрэшты, як і дзе яна здолела б яго атруціць. Хіба што пайшла б да яго дахаты? Дык на гэта, мабыць, ніколі не адважыцца. Пакуль не скончыцца Піліпаўскі пост, вячорак ніякіх не будзе. Ды і не ходзіць ён на вячоркі. Заняты надта ў гміне, мо падбірае сабе жонку з паненак. Ці пра яго трэба цяпер думаць? Яму што? Ён жывы і здаровы. А як і чым ратавацца Зосі? Нарадзіць дзіця? Людзі будуць пальцам тыкаць! А што скажа бацька? Каця наогул загрызе! Як бы добра было памерці, нічога не балела б і не турбавала б, а толькі ўсе шкадавалі б, што такая маладая і так рана загінула.

Зося ўявіла, як ляжыць яна ў белай сукенцы і вэлюме, а побач у другой труне Гардзей у сваім фрэнчы з бліскучымі гузікамі, невыказна прыгожы, што і вачэй ад яго немагчыма адарваць. Але вось труну накрываюць векам. І яна разумее, што іх пакладуць у розныя магілы. Страх агарнуў душу, быццам цемра апраметнай паглынула яе. Зося спалохана перахрысцілася, паглядзела па баках. Яна і не заўважыла, як выйшла за вёску. Было пуста і холадна. Усчаўся марозны вецер, але ён дзьмуў у спіну, быццам, як і Каваліха, праганяў дзяўчыну дамоў. Яна ўзіралася ўдалячынь, каб хутчэй убачыць агні роднага хутара. Само сабою прыйшло рашэнне: яна забудзе Гардзея назаўсёды. Ніколі нават не зірне ў ягоны бок! Так параіла цётка Каваліха, яна мудрая жанчына і ведае, што кажа. Ён здраднік, паскуднік, баламут. Колькі б яна ні была з ім, ён заўсёды будзе вось гэтак жа пакідаць яе адну ў бядзе. А цяжарнасць? Што ж, ад яе можна пазбавіцца зязюліным мылам.

Рэдкія сняжынкі закружыліся ў паветры. Зося прыспешыла крок, баючыся заблудзіцца ў кудасе. Прага жыцця паступова вярталася да яе праз смутак адзіноты, боль расчаравання і трывогу за заўтрашні дзень.

29

Гардзей заседзеўся ўвечары, доўга чытаў Біблію. Паўліна сварылася за дарэмнае, як лічыла, выпальванне газы, але і сама не клалася, вышывала ручнік. Калі ж брат нарэшце стаў уладкоўвацца на лаве, Паўліна хуценька згарнула вышыванне і, каб самой не тушыць лямпу, легла на запечку. Гардзей хмыкнуў сабе пад нос, маўляў, якая хітрая, прыўзняў пузаценькае шкло, патушыў цьмяны агеньчык, які трапятаў на язычку кнота, умасціўся на лаве, накрыўся кажухом, а заснуць доўга не мог. Усё ў галаве круціліся словы з Бібліі пра Ісуса: «Прыйшоў да сваіх, а свае Яго не прынялі». Ад Божага сына адмовіліся тыя, хто абавязаны быў яго пазнаць, прыняць і зразумець. Ён прыйшоў да сваіх, каб стаць для іх выратавальнікам і царом. Аддаваў ім сябе, рабіў усё магчымае, каб гэтыя людзі паверылі яму, палюбілі яго, пайшлі за ім. Але яны адмовіліся ад яго і асудзілі на смерць. Аднак нават смерць Хрыста стала сведчаннем ягонай любові да людзей. Падзеі жыцця Божага сына Гардзей пераносіў на сябе. Яму, звычайнаму грэшнаму чалавеку, таксама карцела нешта добрае зрабіць людзям, ды ягоныя парыванні былі адхілены людзьмі ад улады. Зрэшты, Гардзей пакуль знаходзіўся нават у лепшым становішчы. Свае ад яго не адвярнуліся, а жадалі бачыць войтам, іншая справа, што гэта не задавальняла палякаў. Па чыёй жа волі ён не стаў войтам? Па Боскай? Ці гэта здарылася з-за нейкай чалавечай прыхамаці? Калі Бог за мяне, дык хто супраць? Мне яшчэ раз нагадалі, што я беларус, залежны ад польскай улады. Каб змяніць становішча да лепшага, трэба дамагацца таго, каб у беларусаў была свая, беларуская, улада. Яму згадалася, як у час службы ў войску адзін з капралаў пры зручным выпадку называў беларусаў не інакш, як хамамі з крэсаў. Выходзіць, што мірным шляхам да ўлады прыйсці немагчыма. А іншы шлях Бог не бласлаўляе, бо гэта ён пасылае тую ўладу, якую мы заслугоўваем. Трэба пачытаць нешта пра нашу гісторыю, каб разабрацца, чаму ж мы дайшлі да такога жыцця.

З гэтаю думкаю Гардзей задрамаў. Прачнуўся ад моцнага стуку ў шыбу, сеў на лаве, зірнуў у акно, убачыў цёмную постаць. Мільганула думка: «Напэўна, Маркевіч прыслаў сувязнога». Аднак на ўсялякі выпадак спытаў:

– Хто там?

– Паліцыя!

Прачнулася Паўліна, перапалохана пачала бажыцца, шукаючы ў цемры вялізную канапляную хустку, каб захінуцца ёю ад чужых вачэй. Гардзей запаліў газніцу, ускінуў кажух, якім накрываўся, на плечы, пайшоў у халодныя сенцы, каб адамкнуць дзверы. У хату ўвайшлі тры паліцыянты і адзін чалавек у цывільным. Адзін з іх сказаў:

– Ну, што, Рахуба, даскакаўся?

– Да чаго? – спакойна спытаў Гардзей.

– Сам ведаеш. Зараз зробім вобыск, – папярэдзіў паліцыянт, позірк якога ўпаў на кніжку, што ляжала на стале.

Паліцыянт пагартаў яе і здзіўлена спытаў:

– Ты і Біблію чытаеш?

– Чытаю, гэта ўсім кнігам кніга.

– А што яшчэ чытаеш?

– Што трапіцца. На жаль, газеты дарагія.

Прыхадні пачалі заглядваць па кутках, нават пад печ зазірнулі, нехта пайшоў у камору. Чалавек у цывільным стаў на лаву, уважліва агледзеў ікону, што вісела на покуці, і задаволена дастаў з-за яе скрутак паперак, але разгарнуўшы іх, убачыў, што гэта квіткі аб выплачаных падатках, расчаравана кінуў на стол. У Гардзея ўсё кіпела ўнутры, але ён не падаваў выгляду і злосна радаваўся таму, што некалькі забароненых брашур добра прыхаваў у клуні пад сенам. Зараз прыкідваў, хто ж паклапаціўся пра тое, каб ён апынуўся ў руках паліцыянтаў? Бяляцкі з Райскім? А мо Марк адпомсціў? Ці, можа, Яўсей Пух? Нажыў ён сабе ворагаў за апошні час.

Сёстры назіралі за тым, што адбываецца, не хаваючы страху. Туліліся адна да адной, акрытыя вялікімі канаплянымі хусткамі, і дробна калаціліся.

– Збірайся, Рахуба, пойдзеш з намі, – сказаў пузаты паліцыянт, бліскучыя гузікі на фрэнчы якога, здавалася, гатовы былі паадлятаць, варта толькі набраць паболей паветра ў грудзі.

– Куды вы яго-о-о? За што-о-о? – раптам загаласіла Паўліна і ўпала на калені. – Паночкі, пашкадуйце на-а-ас. Мы ж бедныя сіроты-ы-ы! Ён жа нам і за бацьку, і за брата-а-а!

– Ціха! Чаго галосіш, як па нябожчыку? – прыкрыкнуў тоўсты на Паўліну. – Мазгі яму трохі прачысцім, адшліфуем, каб стаў добрым грамадзянінам нашай дзяржавы.

Паўліна замоўкла, хуценька зняла з бэлькі белую палатняную торбу, выбегла ў сенцы і, пакуль Гардзей няспешна апрануўся, вярнулася ў хату. Торба была поўная і цяжкая. Брат з удзячнасцю паглядзеў на сястру, зазірнуў у торбу, убачыў, што там ляжыць і ежа, і бялізна – усё неабходнае арыштанту.

– Спрытная ў цябе сястра, Рахуба. Не кожная жонка здольная даўмецца, што трэба чалавеку ў турме. Звычайна бегаюць, плачуць і не могуць сцяміць, што ім рабіць, – усміхнуўся чалавек у цывільным.

– Пайшлі, – сказаў тоўсты паліцыянт.

Мужчыны выйшлі з весніц. На вуліцы іх чакаў конь, запрэжаны ў сані. Усе селі, Гардзею таксама дазволілі сесці і пагналі каня ў пастарунак. Над зямлёю вісела чорнае неба, на якім зіхцелі калючыя дзівосныя зоркі. Ад хуткай язды здавалася, што яны скакалі ў небе. Гардзей, узіраючыся ў гэты зорны карагод, на момант нават забыўся на сваю бяду.

– Што, Рахуба, на неба захацелася? – спытаў тоўсты паліцыянт. – Дык мы можам арганізаваць.

– Усё ў руках Боскіх, яму відней, каго і куды забраць, – спакойна адказаў Гардзей. – А зрэшты, каб ад жыцця была хоць якая карысць, трэба аддаць яго Богу.

– Вы паглядзіце на яго! Пся крэў! Проста святы анёл, а не чалавек!

– абурыўся адзін з паліцыянтаў.

– Тыя, што ўмеюць прыкідвацца святымі, самыя небяспечныя! – сказаў таўсматы. – Для іх няма нічога святога, ім каб толькі здабыць якую карысць.

– Я звычайны чалавек. Вы ўварваліся ў мой дом сярод ночы, напалохалі сясцёр. Чаму не прыйшлі ўдзень? Напэўна, няёмка. Трэба ж нечым абгрунтаваць самаўпраўства.

– Не хвалюйся, усё абгрунтавана!

У пастарунку таўсматы паліцыянт і чалавек у цывільным з закручанымі вусікамі распачалі допыт. Яны расклалі перад арыштаваным дзесяткі два фотаздымкаў і спыталі, каго ён ведае. Гардзей абыякава паглядзеў на абліччы незнаёмцаў, аднак калі прыгледзеўся, пазнаў на фотаздымку таварыша Віктара, Захара Маркевіча, яшчэ некаторых людзей, якія сустракаліся яму на падпольных канферэнцыях.

– Вось гэтага ведаю, – сказаў Гардзей і паказаў на здымак Захара Маркевіча. – Мы з ім вучыліся ў школе ў адным класе.

– А гэтага? – таўсматы паліцыянт тыцнуў у фотаздымак.

– Не, яго не ведаю, – адказаў Гардзей.

– Гэта Сымон Свістун, тэхнік з Жабінкаўскага райкама. Ён сказаў, што ты ўзначальваеш камсамольскую ячэйку ў Крачках.

– Хлусня ўсё гэта, – як мага спакайней адказаў Гардзей.

– Ён даў нам спіс усіх сакратароў. Тваё прозвішча там ёсць таксама.

– Быў час, каля я трохі цікавіўся палітыкаю, аднак пасля таго, як мяне выбралі радным гміны, я адмовіўся ад гэтай справы. Магчыма, людзі з камункі мяне ўносілі ў якія перспектыўныя спісы, але мне пра гэта нічога не вядома. Я радны гміны і збіраюся сумленна і годна выконваць свае абавязкі.

– Ты думаеш, што мы будзем тут з табою разважаць, спрачацца, нешта даказваць? Памыляешся! – выкрыкнуў таўсматы паліцыянт. – Мы будзем выбіваць з цябе паказанні. Гэта больш дзейсны спосаб.

Паліцыянт схапіў гумавую палку і з усяе сілы аперазаў Гардзея – той цяжка прастагнаў і зваліўся з крэсла.

30

Кірыла доўга таптаўся ў парозе, страсаючы снег з шапкі і каўняра кажуха, пахвальваючы надвор’е:

– Добра снегу насыпала, пядзі на тры, азіміну акрыла, бы пярынаю.

– Затое з двара выграбаць той снег – мала радасці, – заўважыла Каця.

– У жыцці, дачка, наогул мала радасці. Век грабешся ў зямлі, свету не бачыш і не заўважыш, як старасць напаткае.

Зося быццам і не чула іхняй гаворкі. Увесь час яна думала пра Гардзея. Можа, пайсці і расказаць яму пра цяжарнасць? Павінен жа і ён адчуваць нейкую адказнасць, няўжо пасля таго, што ў іх было, яна па-ранейшаму застаецца яму чужою і непатрэбнаю? Не, так не павінна быць. Але чаму ж ён не прыходзіць? Чаму не цікавіцца, як яна, Зося, жыве? Ці жывая наогул? Колькі разоў на дзень думка пра самазабойства прыходзіць ёй у галаву! Дзяўчына пакуль упарта адбівалася ад яе. Бяда, што нідзе яго не відно. Колькі разоў Зося праходзіла па вёсцы ў надзеі спаткацца з ім. Усё дарэмна. Праўда, у хату да яго зайсці пакуль яшчэ не адважвалася, але ўжо рыхтавала душу да таго, каб здзейсніць гэты ганебны ўчынак. Дзе гэта бачана, каб дзяўчына сама да хлопца хадзіла?

– Што чуваць у вёсцы? – спытала ў бацькі Каця, якая таксама ўвесь час думала пра Гардзея.

– Дрэнныя навіны. Паліцыянты лютуюць. Арыштавалі Гардзея Рахубу і яшчэ некалькіх хлопцаў са Сцяблова. Кажуць, што і ў Жабінцы прайшлі арышты.

– Гардзея арыштавалі? – уражана спытала Каця. – А за што? Ён жа радны!

– Хто яго ведае, хіба паліцыянты будуць тлумачыць? Прыйшлі, забралі і павялі ў турму.

Тое, што гавораць пра Гардзея, быццам абудзіла Зосю. Яна перапытала:

– Каго ў турму забралі?

– Ты, я бачу, не толькі сляпая, але і глухая, – здзекліва заўважыла Каця.

– А ты злая, як сабака, – адказала Зося. – Тата, каго арыштавалі?

– Хлопцаў са Сцяблова і Гардзея з Крачак.

Гэтая навіна ашаламіла Зосю. Яшчэ ёю валодала нянавісць, і яна помсліва сказала:

– Так яму і трэба!

– Што ты вярзеш? Здурнела зусім! Такому чалавеку зла жадаць! – абурылася Каця.

– Што ўжо ён за чалавек? За што ты ўпадабала гэтага баламута?

– Ціха, дзяўчаты! Змоўкніце! – прыкрыкнуў на дачок Кірыла. – Замуж вам трэба выходзіць, а не сварыцца. Нейкія знерваваныя вы ў мяне. Дземіха падыходзіла, нахвальвала вас, асабліва Кацю, за тое, што швачка добрая. Пыталася, ці ёсць жаніх, не супраць пасватаць за свайго Апанаса.

– Яшчэ чаго мне не хапала! Апанаса крывалапага! – абурылася Каця.

– Ну не такі ён ужо і крывалапы. Хлопец, як хлопец, здаровы, працавіты, – пачаў бараніць Апанаса бацька.

– І польку скача хораша, – заўважыла Зося, прыкідваючы, што ёй значна лягчэй жылося б, каб сястра пайшла замуж.

– Вось і выходзь за яго сама, будзеш з ім скакаць.

– Гэта ж не мяне сватаюць, а цябе, – агрызнулася Зося.

Бацька ўважліва паглядзеў на малодшую дачку і сказаў:

– Спачатку трэба, каб пашлюбілася старэйшая сястра, а потым ужо можна і малодшай думаць пра замужжа. Зося, калі табе падабаецца Апанас, дык я скажу Дземісе.

Зося на момант уявіла сябе побач з Апанасам, і ёй стала не па сабе. Немагчыма пражыць жыццё з чужым чалавекам. Пакуль ёсць Гардзей, яна нікога іншага побач з сабою ўявіць не магла.

– Не, тата, не трэба. Апанас хлопец добры, але ён чужы маёй душы, – запярэчыла Зося.

– Абедзве пераборлівыя. Глядзіце, каб не засталіся векавухамі, – прабурчаў Кірыла, сеў за стол. – І Серафіма трэба было б ажаніць з якою добраю дзяўчынаю. Няхай прырастае да зямлі, заводзіць гаспадарку. Звалочыцца ён на гэтай чыгунцы. Адно адзенне рве жалязякамі, а заробку хапае толькі пракарміцца.

Каця дастала з печы чыгунок, па хаце паплыў апетытны пах. Перад калядамі Кірыла закалоў парсючка, цяпер можна было пацешыцца свежыною. Дачка наліла паўнюткую міску капусты, забяліла смятанаю, паставіла перад бацькам. Ён перахрысціўся, узяў лыжку, але зірнуў на Зосю, ціха сказаў:

– Ідзі есці, Зоська. Нейкая ты сама не свая.

Зося моўчкі села да стала. Есці не хацелася. Глытала цераз сілу і ўжо шкадавала Гардзея. Так дрэнна думала пра яго, а ён сядзіць у турме. На вуліцы вунь сонца выглянула, марозік невялікі, снег зіхціць дыяментамі, а яму, нявольніку, трэба сядзець за кратамі, падпарадкоўвацца турэмным законам, есці нейкую брыдоту. Божа, дапамажы яму хутчэй вызваліцца, паспрыяй ва ўсялякай прыгодзе, агарадзі яго ад злых людзей, іх нянавісці, зайздрасці і зладзейства. А што ж будзе са мною? Што рабіць? Ехаць да яго ў турму? А хто я яму? Ні сястра, ні жонка – ніхто. Мне ж нават спаткацца з ім не дазволяць.

Аднекуль здалёку пачула Кацін голас, якая, стоячы ля печы, спытала ў бацькі:

– А ці можна мне наведаць Гардзея ў турме?

– Здурнела дзеўка! – абурыўся Кірыла. – Чаго ты туды пойдзеш? Ды і куды? Невядома ж, дзе яго трымаюць да суда, ці ў Жабінцы, ці ў Кобрыне, ці ў Берасце завезлі. Яшчэ на цябе падумаюць, што ты яго паплечніца!

– Няхай думаюць, што хочуць, – абыякава адказала Каця.

– Не, даражэнькая, гэтак ставіцца да жыцця нельга, – запярэчыў бацька і адклаў убок лыжку. – Я не хачу, каб мая дачка па турмах цягалася. Вунь Серафімаў бацька як трапіў у Сібір, дык і прапаў. Ужо дваццаць гадоў ніхто не ведае, ці жывы ён, ці ўжо ў магіле і косці сатлелі. Сваім жыццём трэба даражыць. Яно адно!

– І што, нават родныя не ведаюць, куды павезлі Гардзея? – спытала Каця.

– Пойдуць у пастарунак і даведаюцца. Пакуль ідзе следства, пазней будзе суд. Потым яго могуць завезці куды заўгодна – у Польшчу ці на Украіну, каб родныя не надта турбавалі наведваннямі ды перадачамі.

– Які жах, – уздыхнула Каця. – І колькі ж яго там будуць трымаць?

– Як суд вырашыць. Хто ж ведае, у чым яго абвінавачваюць? Годзе байкі баяць, сядай абедаць, – сказаў Кірыла, зноў беручыся за лыжку.

Каця села да стала, утаропілася ў міску і сёрбала капусту. Зося раптам хуценька паднялася з-за стала і пабегла ў сенцы, затуляючы рот рукою.

– Што гэта з ёю? – устурбавана спытаў бацька.

– Зноў нечым атруцілася, – адказала Каця.

– Чым яна можа атруціцца? Мы ж усе разам ямо адно і тое ж – і здаровыя.

– Хто яе ведае? Нешта раптам цягне на ваніты, а потым само праходзіць.

– Мо да якой шаптухі звазіць? – спытаў Кірыла. – Каб не захварэла, крый божа. Помніш, як тады ў Карпа колькі хварэла.

Зося ўвайшла ў хату, выцерла твар ручніком, легла на запечку.

– Блага табе, дачка? – спытаў Кірыла.

Зосі так хацелася хоць з кім-небудзь раздзяліць бяду, але не магла яна нікому расказаць пра сваю ганьбу – цяжарнасць.

– Нічога, ужо адпускае, – адказала.

Кірыла падышоў да дачкі, паклаў руку на лоб, ці не гарачы, спачувальна спытаў:

– Што ў цябе баліць?

– Раптам жывот зарэжа. А потым выверне ўсё, што з’ела. І робіцца лёгка.

– Можа, да доктара цябе?

– Не трэба, трохі паляжу – і палепшае.

Зося адвярнулася да сцяны, каб схавацца ад бацькавых і сястрыных вачэй, падумала: «Адзін мой ратунак – зязюліна мыла. Запару, як усе павыходзяць з хаты, ды і пачну піць патроху. Колькі разоў выратоўвала ад ганьбы, а мо і ад смерці. Даруй, Божа, грахі мае цяжкія. Даруй і паратуй.»

31

Пасля трох дзён допытаў Гардзея перавезлі ў павятовую турму, але паколькі з-за пабояў дрэнна сябе адчуваў, яго адразу змясцілі ў турэмны шпіталь. Бадай, душа яму балела больш, чым цела. Такога прыніжэння, як у пастарунку, ён не перажываў нават у войску. Хоць там даводзілася адчуваць залежнасць ад самадураў-афіцэраў, але і яны асцерагаліся без дай прычыны зневажаць жаўнераў. Тут жа ніхто не лічыўся з чалавечай годнасцю і ніхто не турбаваўся, б’ючы арыштанта, за грэшнасць і агіднасць сваіх паводзін, за якія давядзецца адказваць на Страшным судзе. Бо, па глыбокім перакананні Гардзея, нават на судзе ніхто не мае права зневажаць чалавека, а тым больш не дазваляецца рабіць гэта да суда, калі віна чалавека яшчэ не даказана.

Разам з Гардзеем у палаце ляжала яшчэ пяцёра незнаёмых хлопцаў, насцярожана маўклівых, пэўна, баяліся здрады ці якога іншага паскудства. Бралі кніжкі ў шпітальнай бібліятэцы і чыталі. Паколькі гэтая турма і пры цары, і пры паляках аддана служыла ўладзе, дык тут меліся кніжкі як на польскай, так і на рускай мовах. Не было толькі беларускіх кніжак, бо чужая ўлада пра гэта не клапацілася. Палата была невялікая, з закратаванымі вокнамі, за якімі на дзіва яскрава свяціла сонца. Пачынаўся новы 1928 год, у якім, як чакаў Захар Маркевіч, на выбарах у сейм перамогуць камуністы пад спісам № 5. Дзіўныя, наіўныя мары! Хіба ж могуць перамагчы камуністы, калі іх адлоўліваюць, як шалёных сабак, і саджаюць за краты? Гардзей быў перакананы, што і Маркевіч недзе ў турме. Проста арыштантаў, якія маюць дачыненне да камуністычнага падполля, развозяць па розных гарадах, каб разбіць іхнюю салідарнасць, парушыць напрацаваныя сувязі. А калі і ўдалося Захару пазбегнуць гэтае долі, дык, напэўна, ненадоўга. Ужо ходзяць шпікі па слядах, высочваюць, нібы дзікага звера.

У палату ўвайшоў доктар у такім жа шэрым халаце, як і ўсё ў пакоі – ад сцен да пасцелі. Гэта быў сталы чалавек з вялікімі акулярамі на мясістым носе, пад якім красавалася тонкая палоска вусоў над сухімі прывялымі вуснамі. Ён сеў на зэдлік каля Гардзея, загадаў падняць сарочку, памацаў жывот, паслухаў дыханне, нічога не кажучы і не пытаючы, падсеў да другога хворага. Гардзей паназіраў за доктарам, у твары якога не было ні спачування, ні цікавасці, нібы ён меў справу не з людзьмі, а з нежывымі рэчамі. Міжвольна падумалася, што дзяржава можа быць страшнай пачварай для сваіх грамадзян. А яны, між іншым, забяспечваюць яе існаванне і дабрабыт. За непаслушэнства падданых яна не проста моцна карае, а нават знішчае тых, хто парушае заведзены ёю лад. Дзяржаву не цікавяць здольнасці і памкненні асобнага чалавека, яна найбольш заклапочана ўласнымі мэтамі.

Доктар сеў да стала, моўчкі зрабіў запісы і пайшоў з палаты.

– Ні табе «добры дзень», ні «да пабачэння». На могілкі прыходзіш, дык і то вітаешся з памерлымі, а тут на жывых глядзіць і быццам не бачыць, – сказаў светлавокі хлопец, што ляжаў ля самага акна; сонца высвечвала ягоны твар, вочы мелі такі дзівосна блакітны колер, які бывае мо толькі ў анёлаў.

На ягоную заўвагу ніхто не адгукнуўся, адно Гардзей адказаў:

– Мы для іх як мерцвякі. Што хочуць, тое з намі і зробяць. Могуць забіць, і могуць дазволіць яшчэ трохі пажыць. Да наступнага арышту.

– Не, ужо другі раз я не дамся, – адказаў хлопец. – Хутка ім канец, ад страху і лютуюць.

– Калі тое свята будзе, – хмыкнуў Гардзей і ўнурыўся ў кніжку.

Ён чытаў падручнік гісторыі і прыходзіў да высновы, што ўсе дзяржавы з іхнім механізмам знешніх і ўнутраных зносін і рознаю ўладаю існуюць нібыта для абмежавання несправядлівасці, але адначасова самі няшчадна эксплуатуюць грамадзян. А варта якой краіне набрацца сілы, добра ўзброіцца, дык яна драпежна азіраецца па баках з намерам заваяваць суседні народ і ператварыць яго ў рабоў. Выходзіла, што свет стаяў на несправядлівасці. Для таго, каб дзяржава хутка развівалася, патрэбны былі рабы. Але паколькі яна, як пачварная маці-людаедка, знішчала сваіх падданых, дык урэшце і сама развальвалася. Гэтак здарылася з усімі імперыямі. Адпаведна, і Польшчу чакаў такі самы канец, але калі гэта здарыцца? Праз дзесяць гадоў ці праз сто, Гардзей не ведаў. І таму рабілася страшна за свой кароткі чалавечы век, за няспраўджаныя парыванні. Гардзей сеў на ложку, паглядзеў у акно, за якім была заснежаная чыстая прастора, абмежаваная высачэзным плотам, аблямаваным клубкамі калючага дроту. На снезе не было нават птушыных слядоў, быццам крылатыя істоты пазбягалі залятаць на гэтыя абшары, прапахлыя няволяю. Там, за плотам, было мноства шляхоў, былі свабодныя людзі, якія пакуль адчувалі сябе годна і, можа, нават шчасліва. У ягоным уяўленні раптам выплылі родныя Крачкі, старая хата, што засталася пасля смерці бацькоў, якую трэба было б перасыпаць, а лепш пабудаваць новую. Згадалася Паўліна, якая з зацятаю ўпартасцю штодня займаецца гаспадаркаю, і раптам зрабілася яе шкада. Калі яны асірацелі, сястра была яшчэ зусім малая. Колькі выпала на яе долю рознай працы, а выжыла, вырасла. Моцны, дужы род Рахубаў! Не, яны так проста не здаюцца! Яны выжывуць і перажывуць усіх сваіх ворагаў.

32

Праз тыдзень Рахубу палепшала, у яго з’явіўся апетыт, ажылі, засвяціліся вочы. Як толькі доктар заўважыў гэтую перамену ў свайго пацыента, адразу загадаў перавесці яго ў турму. У выніку Гардзей апынуўся ў вялікай камеры, дзе было ўжо трынаццаць вязняў. За ім праскрыгаталі жалезныя дзверы, і змрочнае памяшканне сустрэла яго непрыемным кіслым пахам і цікаўнымі позіркамі. Гардзей паўзіраўся ў твары, нікога знаёмага не ўбачыў, а гэта азначала, што і верыць тут няма каму. Месца на нарах яму дасталося ў самым кутку. Моўчкі лёг і павярнуўся да сцяны. Нехта патузаў за плячо і спытаў:

– Ты адкуль?

– А табе што? Шмат тут вас, цікаўных. Так і шукаеце, каб свае грахі на каго спіхнуць!

– За каго ты нас прымаеш?

– Ні за каго. Мне ўсё роўна, хто вы і адкуль.

Гардзея сапраўды разбірала злосць: мала таго, што следчыя душу вымотваюць, дык яшчэ і тут, у камеры, допыты ўчыняюць. Няма мяжы чалавечай цікаўнасці, усё хочацца ведаць. Мо і ёсць на свеце такія дурні, што пра сябе расказваюць, але толькі не Гардзей.

– За што цябе ўзялі?

– Я і сам хацеў бы гэта ведаць, – адказаў Гардзей, павярнуўся да хлопца, які надакучваў сваімі пытаннямі, убачыў вадзяністыя вочы пад светлай грыўкай.

– Мы тут усе палітычныя. Цябе нездарма да нас пасадзілі.

– Далі магчымасць пазнаёміцца з вамі бліжэй, – з’едліва заўважыў Гардзей.

– Пакінь яго ў спакоі. Бачыш, чалавек не ў гуморы, – сказаў нехта з другога канца пакоя.

Хлопец з грыўкай над вачамі адышоў ад Гардзея, сеў зводдаль, назіраў за новым вязнем. Усталявалася гнятлівая цішыня. Новы вязень не ўпісваўся ў прыняты ў камеры лад і быццам замінаў астатнім адчуваць сябе вольна і раскавана. Гардзей зноў лёг тварам да сцяны, заплюшчыў вочы, падумаў: «Тут я ўжо адасплюся за ўсе дні і ночы, калі губляў сілу ў цяжкай працы, на вайсковай службе ці мілаваўся з дзеўкамі. Хапіла ў жыцці ўсяго». Раптам згадаў, як карчаваў з Паўлінаю ў лесе пень на дровы. Такую працу не ўсякі здаровы мужык пацягне. Трэба абкапаць пень, абсячы тоўстае карэнне, вывернуць. Да крывавых мазалёў і знямогі працавалі, а свайго дамагліся. Адкуль і сіла ўзялася. «Эх, каб сюды дзеўку пад бок, дык можна было б і патрываць колькі месяцаў. Жарты жартамі, а хутчэй бы на волю. Ніводнай паперы не падпішу, ніякае віны не прызнаю... »

Час да абеду доўжыўся пакутліва яшчэ і таму, што сялянская душа не звыкла сядзець без працы, на гаспадарцы чалавек заўсёды знойдзе сабе занятак, а тут няма за што воку зачапіцца, не тое што рукам. Гардзей зірнуў на закратаванае акенца пад столлю, на лапік пахмурнага неба і ціха ўздыхнуў. Калі, нарэшце, забразгалі за дзвярыма апалонікам, Гардзей зразумеў, што прынеслі абед, падняўся і ўбачыў: усе сядзяць нерухома, не бяруць у рукі ні лыжак, ні місак. Смутная здагадка працяла яму сэрца: вязні абвясцілі галадоўку. Гэтага яшчэ не хапала.

– Вы чаго такія? – спытаў Гардзей у свайго суседа.

– Галадаем у знак пратэсту за забойства нашага таварыша, – адказаў той.

– А як яго звалі? – спытаў Гардзей.

– Нядаўна нас папракаў за цікаўнасць, а цяпер і сам туды ж...

– Ваш таварыш загінуў, вы і галадайце.

– Глядзі, каб табе тая ежа не стала ўпоперак горла, – папярэдзіў хлопец з грыўкай.

Гардзей не пайшоў з міскай да дзвярэй, дзе праз адкрытае акенца падавалі абед, а дастаў кавалачак сала і лустачку сухога хлеба, што клапатліва ўкінула на развітанне Паўліна, пачаў марудна жаваць. Ён адчуў, што не жадае падпарадкоўвацца гэтым людзям, з якімі яго аб’яднала сляпое ліха. Ён не жадае падпарадкоўвацца нікому! Але супраць сілы адзін не паваюеш, ёй трэба падначальвацца, каб не проста выжыць, але яшчэ і перажыць яе. Гардзей заўважыў на сабе асуджальныя позіркі, згарнуў торбачку, папіў вады і зноў лёг на пасцель, узіраўся ў столь, стараўся ні пра што не думаць і хутка заснуў трывожным і чуйным сном.

33

З-за таго, што вязні распачалі галадоўку, ім забаранілі сустрэчы з роднымі. Гардзей глядзеў на гэтых зацятых палітычных фанатыкаў і дзіву даваўся іхняй тупой упартасці. Ён не разумеў, навошта здзекавацца з уласнага цела, канчаткова псаваць сабе здароўе і без таго падарванае біццём і прыніжэннем, перажытым у час допытаў? Значна разумней было б перачакаць, выйсці на волю, а там ужо змагацца з акупантамі. Хоць скептычныя думкі ўзнікалі ў Гардзея і наконт змагання. З касою супраць дзяржавы не паваюеш. У яе зброя, сіла, войска, навучанае забіваць. Які сэнс у вывешванні сцягоў, раскідванні лістовак і падбухторванні людзей? Нікому ад гэтага не робіцца лепш. Дзяржава бязлітасна знішчае непаслухмяных. Не, ён канчаткова расчараваўся ў метадах падпольнай барацьбы. Не яго гэта шлях па-сабачы падбрэхваць з-за плота, а потым хавацца, каб не злавілі. Нічога няма вечнага на гэтым свеце. Скончыцца аднойчы і акупацыя, як гінулі ў свой час шматлікія імперыі: Рымская, Візантыйская, Асманская, шкада толькі, што жыццё чалавека кароткае, не кожны дачакаецца вызвалення.

Зусім разгневаўся Гардзей, калі яму прынеслі перадачу, але не далі магчымасці пабачыцца з сястрою. Ён, узбуджаны і знерваваны, распакаваў торбачку, агледзеў ладны кавалак сала, два клінковыя сыры, масла, хлеб, цыбулю, часнок, потым зноў ашчадна паскладваў усё ў торбачку. Пахам роднага дома павеяла ад харчоў, ажно сэрца затрапятала. Адрэзаў кавалак сала, узяў зубок часнаку. Духмяны водар разліўся па камеры. Людзі павярнулі галовы, пазіралі на Гардзея, быццам чакалі, што ён і іх пачастуе. Аднак хлопец жаваў сала, ціха пасопваў і па ўсім было відаць, ні з кім не збіраўся дзяліцца харчамі.

– Ці не разапрэ цябе, калі сам усё паясі? – спытаў хлопец з бяляваю грыўкаю.

– Ты за мяне не турбуйся, – абыякава адказаў Гардзей.

– Хутка нехта з нас таксама атрымае перадачу і тады.

– Я вашага не хачу і свайго не дам. Гідую есці чужое! Разумееш? Сваё пакаштую, вочы заплюшчу – і быццам дома пабыў!

– А што ты скажаш, калі мы табе байкот абвесцім?

– Гэта ваша справа! Вы ўмееце абвяшчаць байкоты, галадоўкі, лямантаваць, шмат гаварыць, толькі рабіць нічога не ўмееце! Хапаюць вас, як зайцоў, па адным, адстрэльваюць! А вам застаецца толькі хавацца. Вось і ўсе вашы справы!

– Усіх не пераловяць.

– Пажывём – пабачым.

– Слухайце, і хто нам гэтага штрэйкбрэхера падсадзіў?

– Ён проста несвядомы, – пачуўся голас старасты Якіма Гарошкі, які карыстаўся ў камеры аўтарытэтам.

– Можа, яму шыю намыліць? – спытаў хлопец з грыўкаю.

Гардзей падняўся, распрастаў плечы. Ён быў на галаву вышэйшы за белабрысага хлопца і па ўсім відаць, значна дужэйшы.

– Паспрабуй, – сказаў Гардзей.

– Ты не думай, што такі дужы, гуртам асілім.

Гардзей зноў сеў на пасцель, паглядзеў на хлопца са спачуваннем і сказаў:

– Ідзі далей ад граху. Няма ў мяне жадання біцца ні з табою, ні з кім іншым. У вас сваё жыццё, у мяне сваё. Можа, днямі адбудзецца суд, мяне ад вас, напэўна, некуды пераселяць, так што патрывайце мой індывідуалізм яшчэ трохі.

– Пакінь яго ў спакоі, Лёня. Гарбатага магіла выпрастае, – сказаў Якім Гарошка.

Белабрысы вязень пайшоў да гурту, дзе хлопцы гулялі ў карты, і хутка ўжо стуль пачуўся ягоны надакучлівы голас. Гардзей лёг на пасцель, задумаўся. Яго турбавала, які вырак вынесуць на судзе. У час аднаго з допытаў яму ўчынілі сустрэчу з тым самым чалавекам, які назваў ягонае прозвішча. Рахуба яго бачыў упершыню. Хлопец Гардзея таксама не пазнаў, бо чуў толькі прозвішча. Выходзіла, што хоць Гардзея і назвалі, але ці той гэта Рахуба, ніхто канчаткова не сказаў. Іншых сведкаў пакуль не знайшлося. Было відавочна, што зусім не Пух выдаў яго і не ад кіраўнікоў гміны пайшла ініцыятыва на ягоны арышт. Яго маглі выдаць Маркевіч або таварыш Віктар, яшчэ колькі чалавек. Але людзей гэтых было не так і шмат, яны, мусіць, заставаліся на волі. Гардзей, седзячы ў турме, пакляўся сабе, што больш ніколі не будзе ўвязвацца ў палітыку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю