Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 21 страниц)
– Бываюць перабоі з хлебам. Апратку і абутак часам цяжка купіць. Але мы людзі звыклыя, ніколі не раскашавалі.
– Дом жа вы сабе за нешта пабудавалі. У нас сям’я за дом часам па дваццаць гадоў разлічваецца.
– Дык гэта ж за дом! – усміхнулася Зося. – А мы пабудавалі хатку плошчаю, як гэты пакой.
– Як гэты пакой? – уражана перапытала Эні. – І дзе ж у вас там што.
– Там у адным пакоі кухня, спальня, і ўсё астатняе, што трэба, толькі прыбіральня на вуліцы, – насмешліва адказала Зося наіўнай дзяўчыне, якая ніколі не бачыла ў жыцці ніякіх цяжкасцей.
Дзяніс засмяяўся і сказаў:
– Табе, Эні, гэтага не зразумець.
– Хто п’е каву, хто гарбату? – спытала Каця, устаючы з-за стала, каб перавесці гаворку на іншае і падаць дэсерт.
Усе згадзіліся на каву. Мужчыны завялі гаворку пра футбол, у якім Зося нічога не цяміла. Яна перабірала кутасы на настольніку, саромелася сваіх недагледжаных рук з парэпанымі пальцамі і падумала міжвольна, што госці, мусіць, гідавалі есці з-за яе рук. Аднак жа елі і хвалілі, можа, не заўважылі? Аднак Зося памылілася. Уедлівая Эні раптам спытала:
– А ў вашай краіне жанчыны манікюр робяць?
– Вядома, робяць тыя, што жывуць у горадзе. А я вясковая, у мяне шмат работы. Свінні, карова, куры, качкі, гусі.
– Дык у вас ферма?
– У нас калгас. А гэта мая асабістая гаспадарка, якая корміць мяне. Інакш у нас не выжывеш.
– Дык можна ж усё рабіць у пальчатках.
Зося засмяялася, схапілася за галаву і сказала:
– Галубка мая, там жа столькі працы, што ніякія пальчаткі не вытрымаюць! Бачыш скура на руках і тая ўся падраная, – Зося з усмешкаю паказала свае парэпаныя рукі. – Але пажыву тыдзень-другі ў Амерыцы і ў мяне пальчыкі стануць як у пані, белыя ды пяшчотныя. У лянівага рукі не баляць.
Эні хмыкнула і адказала:
– Цікава будзе паглядзець. Вы ведаеце, а цёця Кэт казала, што яна мяне любіць больш, чым вашых унукаў.
– Гэта і не дзіўна. Цяжка любіць таго, каго ніколі не бачыў.
– Эні, замоўкні нарэшце, – сказаў бацька.
– Тата, я ж сказала чыстую праўду.
– Паводзь сябе прыстойна.
У пакой увайшла Каця, якая несла на падносе невялікі торт і кубачкі з гарачаю духмянаю каваю. Яна пачула толькі абрыўкі фразы і спытала:
– Хто тут крыўдзіць маю любімую Эні?
– Вось бачыце, я ж казала, што цёця Кэт мяне вельмі любіць.
– А хто ў гэтым сумняваўся? – здзівілася Каця.
– Усе! Усе! Я цябе таксама вельмі люблю, цёця Кэт!
Маці Эні пастаралася змяніць гаворку, выказаўшы захапленне водарам, які зыходзіў ад кавы і выглядам торта, упрыгожанага мноствам ружаў. Зося паглядзела на кампанію і заўважыла, што ў гасцей халодныя і непрыязныя вочы. Толькі Дзяніс пазіраў весела, але немагчыма было зразумець, каму ён так радуецца, на каго глядзіць сваімі касымі вачамі.
Калі госці нарэшце сабраліся дахаты, Каця пайшла іх праводзіць, а Зося з Дзянісам засталіся за сталом.
– Нешта, сваячка, сумна ў нас. Развучыліся людзі радавацца і весяліцца. Давай заспяваем што-небудзь наша, вясковае, – прапанаваў гаспадар.
– Давай, – згадзілася Зося і зацягнула песню:
Вой, ляцела зязюлечка цераз круту гору.
Не выжала пшанічанькі, выжала палову.
Вой, нашто мне тая палова, як зерня не маю?
Вой, нашто мне жыць на свеце, як мамы не маю?
Сем раз ваду прыносіла з сіняга Дунаю.
Сем раз ваду прыносіла, восьмы – напілася.
Каб я мела родну маму, я й не журылася б.
Зося вяла першым голасам, Дзяніс басаваў, галасы гучалі зладжана і прыгожа. Прыйшла Каця, села да стала, слухала песню, потым і сама далучылася, заспявала – і няпрошаная слязінка выкацілася з вачэй.
Прыйдзі, прыйдзі, родна мама, касу расчасаці.
Ідзі дамоў, родна доня, сядай вячэраці,
А прыйду па вечары косу расчасаці.
Прыйшла доня дадоманьку, села вечараці,
Ждала родну маму дый стала плакаці.
Песня вяртала ўсіх дарослых у той далёкі і незваротны час, калі яны былі яшчэ маладыя і ніхто не ведаў, калі і дзе звядзе іх лёс. Каця выцерла слёзы і сказала:
– Годзе вам. Ажно сэрца разбалелася. Божа мой, я ж цэлую вечнасць не чула, як кукуе зязюля і квакаюць жабы. Здаецца, шмат аддала б, каб яшчэ хоць раз іх пачуць.
– Дык прыязджай, – прапанавала Зося.
– Трэба падумаць, – задуменна адказала Каця. – Мяне госці вельмі стамляюць. Ды і складана ў вас.
– Пакуль цяжка, – сказала Зося. Я помню бежанства. – У Казахстане, напрыклад, з паўгода мы харчаваліся адною кукурузай. Авітаміноз, хваробы, не было абутку і цёплага адзення. А сын рос. Лепш, не згадваць. Ворагу не пажадаеш таго, што мне і маёй сям’і давялося перажыць.
Зося ўзмахнула рукой, быццам адганяючы прывіды мінулага. Ёй яшчэ хацелася сказаць, што ўсяго ў жыцці яна дасягала цяжкаю чорнаю працаю, але зірнула на стомленых Кацю і Дзяніса і толькі цяпер убачыла, што і яны ўжо таксама старыя людзі і іх, напэўна, не вельмі песціла жыццё ў чужой краіне, сярод чужых людзей, без сваякоў і радні, без добрых суседзяў, якіх ведаеш змалку, без таго звыклага асяроддзя, дзе заўсёды сам пракладваў сцежкі. Нешта яны набылі, але назаўсёды страцілі радзіму. Дык ці варта сюды цягнуць сваіх унукаў? Мабыць, і не варта. Але спадчыну можна атрымаць у выглядзе грошай. Хоць ужо і тут хапае нахлебнікаў. Хоць бы гэтая Эні. Чаго ўвесь час прыдзіралася, хацела паказаць, што яна тут не абы-хто, а любімая хросная дачка?..
8
Раніцай Каця прыйшла да Зосі ў спальню, села на пасцель, паскардзілася на бяссонне. Выгляд у яе сапраўды быў стомлены, пад вачамі абвіслі мяшкі. На твары рэзка абазначыліся маршчыны.
– А табе як спалася, Зо? – спытала яна, называючы малодшую сястру коратка, на амерыканскі манер.
– Дзякаваць богу, сплю добра. Дома штодня недасыпаю. Кладуся позна, устаю рана. Адпачну ў цябе, як на курорце.
– Паслухай, я ўсё думаю, як цябе Гардзей адпусціў адну? Раптам ты тут застанешся?
Зося памаўчала, раздумваючы, як растлумачыць сястры тое, пра што яны думалі з мужам перад яе паездкаю за акіян, потым сказала:
– Ведаеш, мы пра сябе ўжо не дбаем, абы дзецям ды ўнукам было добра.
– І ты можаш застацца тут, са мною?
– Калі трэба, дык застануся.
– Нават калі больш да самай смерці не сустрэнешся з Гардзеем? – здзіўлена спытала Каця.
– А колькі нам жыць засталося?
– Ты не кахаеш яго! Ты ніколі яго не кахала! – абурана выкрыкнула Каця.
– Каб не кахала, дык не жыла б. А я ўсё стрывала, ніколі не здрадзіла яму, ніколі не папракнула, ніколі нічога не патрабавала. Жыла, каб толькі яму было добра, бо разумела, што чалавек хворы. Якая б на маім месцы згадзілася на такое жыццё – ні жонка, ні ўдава? Мне знаходзіліся людзі, магла б сваё жыццё ўладкаваць. А я ж Гардзея чакала з усіх турмаў, з усіх дарог.
Каця дапытліва паглядзела на яе, нібы нешта вырашаючы для сябе, потым сказала насмешліва:
– Умееш ты мужчынам галаву задурыць. Мой Дэн, стары дзед, ні на што не здатны, і той дапытваецца, што б для цябе прыемнае зрабіць?
– Дзяніс – добры чалавек, вось і стараецца дагадзіць мне як сваячцы.
– Хітрая ты, але ж я не дурнейшая, – сказала Каця. – У сябе дома я цябе не пакіну, а завязу ў рускі манастыр, там ты будзеш сядзець і чакаць маёй смерці і спадчыны для сваіх унукаў. Як мяне пахаваюць, тады ўжо распараджайся як хочаш тым, што я табе пакіну.
– У манастыр? – здзівілася Зося. – А хіба так можна?
– А чаму ж не? Уставай, збірайся, паснедаем і паедзем. Я цябе сама завязу.
– Ты ж не спала ноч. Як жа ты павядзеш машыну?
– Нічога, кавы вып’ю і буду свежанькая як агурочак.
Сястра нешта мудравала, а Зосі, не ведаючы ні амерыканскіх законаў, ні тутэйшага жыцця, нічога не заставалася, як падпарадкавацца. Палохала трохі толькі тое, што раптам давядзецца шмат гадоў жыць у манастыры. Да таго ж невядома, хто першы памрэ. А Зосі хацелася і на могілках быць побач з Гардзеем. А зрэшты, што мёртвы ведае ці адчувае? Дзе закапаюць, там яму і дамоўка.
Пасля сняданку, як толькі Дзяніс па завядзёнцы пайшоў па малако і свежыя газеты, Каця з Зосяй, нічога яму не сказаўшы, селі ў машыну і паехалі па шырокай і роўнай дарозе. Толькі цяпер Зося разгледзела, што гарадок Асторыя, у якім жыла Каця, быў партовы. Яны ехалі ўдоўж марскога берага, абапал якога стаяла мноства прыгожых яхт і вялізных караблёў, такія Зося бачыла раней толькі на малюнках.
– Паглядзі, якая тут чысціня, якое хараство! – сказала Каця. – Жыць у Амерыцы – вялікае шчасце. Не кожнаму так шанцуе!
– Так, прыгожа. Але я люблю нашых буслоў. Мне, як не бачу над полем бусла, дык быццам нечага не хапае.
– Годзе пра буслоў! Будзеш тут жыць! А я паеду да Гардзея. І не можа быць, каб я не ўгаварыла яго хоць разок са мною саграшыць! – Каця залілася нервовым смехам. – Эх, дзе мае сямнаццаць? Цяпер бы я была б разумнейшая. Ты ведаеш, ён аднойчы хацеў быць са мной, калі нікога дома не было. А я, дурная, не далася. Цнатлівасць захоўвала! Каму яна трэба была? Тут, у Амерыцы, ніхто на такія дробязі не звяртае ўвагі. Абы добра было! Вось ты ў нас разумніца! Адразу змікіціла, што трэба рабіць з прыгожым хлопцам, – Каця зноў зарагатала, адкінула галаву назад, машыну ажно павяло ў бок.
– Сачы за дарогаю, – крыкнула Зося. – Паб’еш машыну.
– А халера яе бяры! Машын на мой век хопіць. Бяда, што жыццё аказалася разбітае. Вунь твой манастыр. Бачыш?
– Дзе? – спытала Зося. – Не бачу.
– Я ж і забылася, што ты заўсёды была падслепаватая. Зараз пад’едзем бліжэй.
Манастыр узнік перад Зосінымі вачамі нечакана. За высокаю каванаю агароджаю стаяла невялікая атынкаваная белая царква і некалькі будынкаў.
– Ідзі ў царкву, памаліся. А я пакуль з тутэйшым начальствам пагутару, – сказала Каця, замыкаючы машыну.
Зося ўвайшла ў царкву, перажагналася перад іконаю Божае Маці, пачала маліцца аб спрыянні ва ўсіх справах. З-за калоны выйшла манашка ў чорным адзенні, пакланілася ў знак прывітання. Зося спытала ў яе:
– Як вам тут жывецца?
Манашка прыязна ўсміхнулася і адказала:
– Добра. А вы руская?
– Не, я з Беларусі, з-пад Брэста.
– А ведаю, ведаю. Хочаце памаліцца?
– Памаліцца і застацца тут назусім. Г эта магчыма?
– Безумоўна, чаму б і не? У Амерыцы жыве шмат эмігрантаў, якія наведваюць царкву і разумеюць нашы патрэбы і па магчымасці дапамагаюць. Заставайцеся, разам будзе весялей.
– Я прыехала да сястры. Як яна вырашыць, так і будзе.
– Ну, поспеху вам. Беражы вас Гасподзь, – адказала манашка і пачала парадкаваць дагарэлыя свечкі.
Да Зосі нячутна падышла Каця, прашаптала на вуха:
– Пойдзем адсюль.
– Ты дамовілася?
– Нічога я не дамовілася. Не возьмуць цябе сюды. Дакументы твае не адпавядаюць. У нас законы вельмі строгія.
Яны выйшлі з царквы пад яскравае сонца, якое асляпіла Зосю. Яна падхапіла Кацю пад руку і занепакоена спытала:
– А што ж цяпер будзе са мной?
– Трэба думаць, – з напускною важнасцю адказала сястра. – Мяркую, што мне варта развесціся з Дэнам, а ты выйдзеш за яго, і тады ў нас усё атрымаецца. Ніякі закон не падкапаецца. Зрэшты, я магу паехаць да Гардзея і жыць з ім. Выдатна я прыдумала, праўда? – Каця засмяялася, няшчыра і злосна.
– Вярзеш абы-што, ажно слухаць брыдка, – азвалася Зося.
– Я шукаю выйсце, а ты яшчэ прыдзіраешся! Мне нічога для цябе не шкода. Ты ж адзіная родная душа ў мяне на свеце! – з пафасам прамовіла Каця.
– Ведаеш што, нешта ў нас нейкая няшчырая гаворка атрымліваецца. Я разумею, ты яшчэ жывая і здаровая. А я прыехала спадчыну шукаць. Прабач, Каця, я жадаю табе жыць доўга-доўга. А мае ўнукі дагледжаныя, накормленыя. Яны абыдуцца і без тваёй спадчыны.
– Вой-вой, пакрыўдзілася ўжо! Сядай у машыну, паедзем дамоў, – загадала Каця.
– Ды за што мне крыўдзіцца? Ты запрасіла, я прыехала. Пабачыліся, пагаманілі і дзякаваць богу. Пара і дамоў збірацца.
– Не выдурняйся! Мяне людзі засмяюць, калі ты так хутка паедзеш. Заўтра пойдзем па крамах, накупляем падарункаў. Яшчэ ж я табе нашу Амерыку як след не паказала.
– Рабі, што хочаш, – абыякава прамовіла Зося. – Я цяпер пад тваёй уладай.
Каця нічога не адказала. Засяроджана вяла машыну. Зося зірнула на спідометр. Ён паказваў хуткасць 80 міль у гадзіну.
– Божа, як ты ездзіш?
– А што? Дарога выдатная! А паміраць, дык з музыкаю!
9
На другі дзень Зося з Кацяй пайшлі ў супермаркет. Парыліся там гадзіны чатыры, выбіраючы падарункі Гардзею, Орасту і дзецям, знерваваліся ўшчэнт, бо тое, што выбірала Каця, зусім не падабалася Зосі. Каця абвінавачвала Зосю ў безгустоўнасці, адсталасці, абмежаванасці.
– Ну, куды табе старой бабе гэтая квяцістая цыганская сукенка? – абуралася Каця. – Да тваіх сівых валасоў падбірай што-небудзь шэранькае або блакітнае.
– Ненавіджу шэры колер, – адказвала Зося. – Адзенне павінна быць яркім, радаваць, звяртаць на сябе ўвагу.
– Ты яшчэ хочаш, каб на цябе звярталі ўвагу? У люстэрка хоць калі глядзішся?
– Гляджуся, абавязкова.
– Разумею, ты ж блізарукая, маршчын не бачыш, табе ўсё здаецца, што ты маладзіца хоць куды. Ты хоць на старасці купі акуляры ды разгледзь свет, які ён ёсць на самай справе.
– Не трэба мяне папракаць маімі недахопамі, дадзенымі ад прыроды. Не хачу я нічога купляць. Паедзем дахаты! – раздражнёна сказала Зося.
– Як хочаш, дахаты дык дахаты. У Бога дзён многа, зрабілі агледзіны. Яшчэ прыедзем днямі сюды і што-небудзь купім, – згадзілася Каця. – Зрэшты, я ўжо прагаладалася, пара і паабедаць.
Яны селі ў машыну і праз колькі хвілін былі дома, дзе іх з усмешкай сустрэў Дзяніс. Ён сядзеў каля дома ў крэсле-качалцы, чытаў газеты. Каля яго на траве стаялі бутэлькі з півам.
– Дзяўчаткі! Прыехалі! Натаміліся? Зося, можа, піўца са мною вып’еш? Халодненькае. Складзі кампанію! Буду ўдзячны! Сядайце, я вам тут і крэселцы вынес.
– З задавальненнем, – адказала Зося, беручы шклянку з халодным півам і наталяючы смагу.
Каця не села побач з імі і не стала піць піва, паціснула плячыма і спытала:
– Як вы можаце піць гэтае пойла? Трэба на абед нешта згатаваць.
– Я зараз займуся, – прапанавала Зося.
– Пасядзі, адпачні, паспееш з абедам, – сказаў Дзяніс Зосі. – Ты хударлявая, а мы з Кацяй сталі тлустыя, як старыя і лянівыя каты. Нам шкодна шмат есці.
Каця незадаволена хмыкнула і пайшла ў дом. Гаспадар спытаў у госці:
– Чаму нічога не купілі?
– Не змаглі нічога выбраць. Што падабаецца мне, Каці не падабаецца. Так і не прыйшлі да агульнай думкі.
– Нічога, другі раз я цябе сам завязу, ты купіш усё, што табе спадабаецца. Я заплачу, і ўсё ў нас будзе выдатна, – усміхнуўся Дзяніс, а яго касыя вочы глядзелі ў розныя бакі, хоць ён стараўся пазіраць на Зосю.
– Добры ты чалавек, Дзяніс. Радая, што пазнаёмілася з табою. Дай табе Бог здароўя. Мне нічога і не трэба. Якая розніца, у што старая баба апранаецца.
– Кінь, Зося, казаць такое! Якая ж ты старая! Ты такая стройная, дужая! Глянеш на тваю паставу, дык і не падумаеш, што пенсіянерка.
– Дзякую, Дзяніс, за добрыя словы. Пайду абед гатаваць, бо Каця зноў раззлуецца.
Зося хуценька згатавала боршч, падсмажыла рыбу, зварыла бульбу. Задаволеныя гаспадары моўчкі паелі і разышліся па сваіх спальнях. Госця таксама з задавальненнем распранулася, легла ў пасцель і адразу ж задрамала. Яна не магла ўспомніць такіх дзён у сваім жыцці, калі гэтак жа бесклапотна жыла: ела і адпачывала. Канечне, раўнавагу трохі парушала Каціна нервовасць, але ж яны і ў маладосці не надта ладзілі. А ў старасці, вядома, чалавек яшчэ больш псуецца і ўсе ягоныя заганы шматкроць павялічваюцца. У Зосі таксама з узростам не палепшыўся характар. Яна стала яшчэ больш упартая і, як Каця, знерваваная, магла ні за што накрычаць на сямейнікаў. А што ж рабіць, калі яны не слухаюцца? А доўга і цярпліва тлумачыць нешта непаслухмяным і ўпартым сыну і ўнукам не хапае цярпення.
Зося абудзілася ад дотыку да яе пляча, расплюшчыла вочы і ўбачыла Кацю, якая вінавата сказала:
– Ты спіш? А я не магу адключыцца. Нешта не дае мне спакою. І сама не магу разабраць што. Раскажы мне пра сваіх унукаў.
– Мілыя дзеці. Ганусі мы піяніна купілі. Яно ўжо добра грае, збіраецца паступаць у музычнае вучылішча, нагадвае мне той час, калі я ў прытулку займалася музыкаю. Радзік хораша малюе. Паміж сабою яны сябруюць. Гэта мяне радуе. Нявестка вясковая, працавітая. Умее смачна гатаваць. Працуе ў кафэ буфетчыцаю. Хаця, як я табе казала, жыць нам увогуле покуль нялёгка.
– Цяжка мне ўявіць ваша жыццё, – з сумам сказала Каця. – У нас тут усё ёсць, здаецца, ніякіх праблем, а шчасця няма. Засталося яно недасяжнае з маладосці. Бягу за ім, бягу, ажно за акіян прыбегла. Але ж так і не дагнала. Думаю, можа, не тое я шукала і лавіла?
– А ў чым ты бачыла шчасце?
– Хацелася мець вялікую дружную сям’ю, мужа каханага, дзяцей і ўнукаў. І нічога, нічога гэтага не маю. Дзяцей Бог не даў. Ведаю за што пакараў. Грэшная я, не ўмела дараваць і любіць, як вучыць Хрыстос. Каюся. Наконт мужа. Паспяшалася я выйсці замуж. Сустрэўся мне аднойчы варты чалавек. Але ж гэты мой стары пень не дазволіў дом прадаць і на развод не згадзіўся.
– Ну і халера з ім, з домам. Трэба было кінуць усё і ехаць у свет з каханым, калі ўжо так.
– Ды нешта той каханы, як даведаўся, што я без пасагу магу аказацца, паціху рэціраваўся. Некуды з’ехаў і нават не развітаўся.
– Напэўна, не вельмі сумленны чалавек быў.
– Хто яго ведае. Але ж прыгожы быў, на Гардзея трохі падобны. Таму я яго і вылучыла сярод усіх тых, хто хоць як звяртаў на мяне ўвагу. Як жа ты, сястрычка, мой лёс абабрала. Знішчыла мяне! – горка сказала Каця.
Зося ўстрапянулася, села на ложку, спытала:
– Чым гэта?
– Чым? А ты і не здагадваешся? Робіш выгляд, што нічога не ведаеш?
– Я не раблю выгляд. Я сапраўды не ведаю, пра што ты кажаш. Мы з табой не бачыліся сорак гадоў. У цябе сваё жыццё! У мяне сваё! Што я табе магла зрабіць?
– Жыццё ў цябе сваё, але ты ўкрала мой лёс! Гэта я павінна была быць з Гардзеем! – з дакорам і слязьмі на вачах сказала Каця. – Ну што яму з табою? Ні цябе паслухаць, ні самому сказаць? Як ён жыве з табою? Ты ж нічога пра яго не ведаеш! Што ён думае, што адчувае? Нават пасцель ён з табою даўно не дзеліць! Гэта ж бессэнсоўна!
– Ён выбраў мяне! Я яго кахаю ўсё жыццё! А пры чым тут ты, не разумею!
– А ты не думала пра тое, што і я яго кахаю ўсё жыццё! Толькі пра яго думаю, ратую ў турмах, імкнуся дакрычацца з-за акіяна, каб атрымаць які ліст. А ён мне піша дзяжурныя драўляныя фразы без пачуцця і падтэксту. І я б’юся як аб сцяну неразумення і абыякавасці!
Зося разгублена паглядзела на сястру. Яна ведала, што некалі Каці падабаўся Гардзей. Каму ён не падабаўся? Але Зося не магла ўявіць, што тыя пачуцці старэйшая сястра пранесла праз усё жыццё. Яна паспрабавала разважліва сказаць Каці:
– Гардзей цяпер зусім іншы чалавек, маўклівы, засяроджаны ў самім сабе. Мала цікавіцца сямейнікамі. Разумееш? Ён хворы. У яго астма пасля працы на шахце. Яму нешта раптам прыходзіць у галаву і ён паводзіць сябе незразумела. Я ад яго ніколі не чую слоў спагады. Ён ніколі не казаў, што кахае мяне.
– Ён кахаў не цябе, а мяне! Мяне! Ты можаш зразумець! Гэта ты давяла яго да такога стану! Ты зрабіла яго шызафрэнікам! Калі б з ім была я, ён стаў бы выдатным чалавекам! Усё ў яго для гэтага было: прыродны розум, знешняя абаяльнасць, уменне арыентавацца ў грамадстве і павесці за сабою людзей!
Ты атруціла яму жыццё! Што ты магла? Толькі легчы з ім у пасцель! Але ж гэтага вельмі мала для таго, каб стварыць шчаслівы шлюб. Каханаму трэба належаць не толькі целам, а і душою. А якая ў цябе душа? І галава, і душа ў цябе пустыя! Ненавіджу цябе! Твайго сына і ўнукаў! Ненавіджу ўсіх вас! Змяінае кодла!
Каця кінулася да Зосі, схапіла яе за горла, пачала душыць. Зося адпіхнула яе ад сябе, устала на поўны рост.
– Вось што цябе даймае! Ідзі, вазьмі свайго Гардзея! Патаўчыся ў тым гноі, у якім я жыву! А я пабачу, як ты пацягнеш тую працу! Ідзі! Гардзея яна захацела! Ён стары чалавек, набожны! Яму не да каханак цяпер, калі кожны ўздых даецца з цяжкасцю! Калі вочы нічога не бачаць. Ён адну толькі сцежку топча, што вядзе да прыбіральні!
Каця з цяжкасцю паднялася і зашыпела так, што ажно сліна запырскала з рота:
– Гэта ты зрабіла яго такім! Ты знішчыла сваёю распустаю самага лепшага чалавека на свеце. Вось Бог цябе і пакараў, не даў табе магчымасці спаць з ім! Ненавіджу! Ненавіджу цябе!
Зося ўзяла сумку, стала скідваць рэчы.
– Збіраешся? Нікуды ты не паедзеш! Я атручу цябе і пахаваю тут, у Амерыцы, а сама паеду да Гардзея! Я ведаю, што ён усё жыццё кахаў толькі мяне адну! Я для яго назаўсёды засталася недасяжнаю. Мо ён сумняваўся ў маіх пачуццях? Цяпер я прызнаюся яму, што нікога не кахала так, як яго, – крычала Каця.
– Ты звар’яцела, – спакойна адказала Зося. – Пабойся Бога! Што ты кажаш!
У пакой зазірнуў Дзяніс, спытаў:
– Што ў вас тут здарылася!
– Прэч, лысы чорт! Задушу, як гніду! – гняўліва закрычала Каця, чырвоная ад злосці з распатланымі валасамі. – Ты ўсё жыццё п’еш маю кроў! Атруціў мне душу!
– Зося, што ў вас тут? – перапытаў Дзяніс.
– Нічога. Я хачу дамоў. Дапамажы мне, калі ласка, купіць білет, – папрасіла Зося.
– Чаму? Навошта? Заўтра яна адумаецца, будзе прасіць прабачэння.
– Прабачэння? Ха-ха-ха! У каго? У гэтай самадайкі! Ніколі! – закрычала Каця. – Яна мой вораг нумар адзін!
– Я прашу цябе, Дзяніс, дапамажы мне. У мяне няма сястры. І я не магу чакаць да заўтра. Паеду зараз жа, – сказала Зося.
– Пачакай, я патэлефаную, спытаю, ці ёсць месцы на бліжэйшы рэйс, – прапанаваў Дзяніс.
– Добра, пойдзем разам і патэлефануем, – рашуча адказала госця і пайшла следам за гаспадаром.
Каця правяла іх злосным позіркам.
10
Гардзей сядзеў на прызбе, грэўся ў апошніх промнях восеньскага сонца. Ён бачыў перад сабою толькі абрысы дрэў, а далей свет засцілаўся туманам. Пачуліся крокі. Ён павярнуў галаву і здзівіўся, пазнаўшы знаёмую постаць жонкі, хоць твару пакуль не мог разгледзець.
– Няўжо ты так хутка вярнулася з Амерыкі? – здзівіўся ён.
– У мяне няма сястры.
– І там пасварыліся?!
Зося нічога не адказала, накіравалася да дзвярэй.
– З чым паехала, з тым і вяртаешся.
– А табе што трэба, гасцінцы? Дык едзь сам.
– Ты чаго такая злосная? Прыехала і дзякаваць богу. Мне нічога не трэба.
– Як унукі? Што ў нас? – знервавана спытала Зося.
– Усё добра. Учора нявестка прыязджала, казала, што ўсе здаровыя.
– Гэта і ёсць наша найвялікшае багацце.
З-за хаты выйшла Алена, Леванюкова дачка, з кошыкам у руцэ, павіталася, спытала:
– Цётка Зося, вам цукар трэба?
– Трэба, гэта ж вечны дэфіцыт.
– Дык я прынесла тры кілаграмы.
– Мо ў бацькі ўзяла без дазволу? – спытала Зося.
– Не, гэта адзін хлопец працуе ў Жабінцы, цукар робіць. Ну і папрасіў трохі прадаць, – запэўніла Алена.
Гардзей узяў у яе цукар, разлічыўся, узрадаваная дзяўчына ажно пакланілася Рахубам.
– Во паляцела. Кажуць, у бутэльку добра зазірае. Уся ў бацьку ўдалася, – з жалем сказала Зося.
– А хто цяпер не п’е? Бязбожнікі, распуста, усё ў іх ёсць, а ім нічога не трэба, ні вучоба, ні праца.
У хаце Паўліна пляснула рукамі ад радасці і прамовіла нараспеў:
– Зоська вярнулася! Можа і мне гасцінца прывезла?
– Табе прывезла, пасля аддам. А пакуль дай мне што-небудзь паесці.
Зося села за стол, сёрбала крышаны, якія паслужліва паднесла ёй Паўліна, і маўчала. Бязрадаснай выдалася паездка. Такім жа было і вяртанне.
– Ты хоць бы што расказала, – папрасіла Паўліна.
– У яе рот заняты, бачыш, есць, – сказаў Гардзей, які таксама чакаў пачуць што-небудзь цікавае пра амерыканскае жыццё.
Зося пад’ела, адсунула міску і сказала:
– Жывуць амерыканцы добра, але і там шчасце даецца далёка не кожнаму ў рукі. Не залежыць шчасце ад грошай і ад таго, што ты маеш двухпавярховы дом з люстраным ванным пакоем. Разумееце? Кожны няшчасны па-свойму. А калі хто нават малады, здаровы і багаты, усё роўна можа прыдумаць сабе сто прычын для таго, каб быць нешчаслівым.
– Ты раскажы пра Кацю. Як яна там? – папрасіла Паўліна.
– Я пра яе і расказваю. Усё там ёсць: дом, дзве машыны. У доме ўсё прыгожа падабрана: мэбля, шпалеры, занавескі, а радасці няма. Ёсць толькі злосць, раздражненне, старасць і страх смерці, якая можа прыйсці ва ўсялякі момант. Каця без дайпрычыны сварыцца з Дзянісам, той крыўдзіцца, але трывае. Вось такое ў іх жыццё.
– Чаму яны не ладзяць? – здзівілася Паўліна.
– Можа, так яны звыклі жыць? Хто іх разбярэ?
– Ну, давай ужо свайго гасцінца.
Зося дастала з сумкі прыгожую квяцістую хустку, аддала Паўліне.
– Дзякую Каці, што не забылася пра мяне старую.
– Г эта не Каця, а я табе ў Маскве купіла.
– А Каця мне нічога не перадала?
– Яна абяцала табе пасылку прыслаць, – схлусіла Зося, не жадаючы расказваць пра сваю сварку з Кацяй.
– Добра, я пачакаю.
– Вядома, чакай. Ты ж ёй самая блізкая родзічка, – насмешліва заўважыла Зося.
– Ну і што з таго, што я не родзічка, а яна мяне любіць, бо разумее, што я на вас усё сваё жыццё паклала.
– Годзе вам, зараз зноў пасварыцеся, – сказаў Гардзей, схіляючыся нізка над сталом і нешта запісваючы.
Нягледзячы на тое, што ён амаль аслеп, усё ж вёў дзённік. Гэтак ён рабіў усё жыццё. Толькі запісы губляліся з-за тых жыццёвых мітрэнгаў, якія не давалі спакойна жыць. Часам ён і сам спальваў свае сшыткі, калі прадчуваў нейкую бяду. Ён запісаў: «Сёння дзень цёплы, сонечны. Восень позніцца. Вярнулася Зося і сказала, што ў Амерыцы ўсё ёсць, толькі на шчасце мала каму шанцуе. Думаю, каб быць шчаслівым, трэба нічога не жадаць».
Зося з Паўлінаю пайшлі на двор агледзець гаспадарку, а Гардзей гартаў свой дзённік. У асноўным там былі запісы пра надвор’е, пра незвычайныя з’явы прыроды. Знарок не пісаў пра сямейнікаў, баяўся нашкодзіць. За сваё жыццё натрываўся вобыскаў, калі з-за нейкае паперкі, з-за нейкага аднаго слова маглі не толькі пасадзіць у турму, але і пазбавіць жыцця.
Можа, цяпер, як ніколі, ён адчуваў, што патрэбны сям’і. У нядзелю прыязджала ўнучка. Яна разумная, адукаваная, вучыцца ў музычным вучылішчы, а раілася з ім, дзедам. Сказала, што пазнаёмілася з хлопцам, які служыць у войску. І пыталася, што рабіць? Чакаць яго ці не?
– А што табе сэрца падказвае? – спытаў Гардзей.
– Чакаць. Ён мне падабаецца, – няўпэўнена адказала Ганка.
– А мне розум кажа, што не варта чакаць. На хлопцаў асабліва спадзявацца не варта.
– А цябе ж баба Зося чакала цэлых дзесяць гадоў. Так і я, калі трэба будзе.
– Ну што ж, рабі так, каб табе было добра. Такі мой табе запавет, унучачка.
Што ён мог яшчэ сказаць ёй? Выдумала Зося прыгожую казку пра сваё каханне і расказала Ганцы. Ці ж хлусня калі каму была на карысць? І любяць жа іншыя жанчыны свае фантазіі выдаваць за праўду. Можа, гэта таму, што рэчаіснасць занадта складаная, а жыццё цяжкае, вось і выдумляюць абы-што, каб суцешыць сябе, а пасля яшчэ і дочкам ды ўнучкам небыліцы ўводзяць у вушы. Але, атручваюць маладыя душы пустымі летуценнямі пра каханне, чаканне, вернасць, адданасць. Зрэшты, калі чалавек не верыць у каханне, дык для яго яно і не існуе.
У той жа дзень пад вечар паштарка Клава прынесла на хутар газеты і страшную вестку, што п’яны Леванюк засек сякераю дачку Алену за тое, што яна ўкрала ў яго цукар і прадала, а самога яго пасля гэтага разбіў паляруш. Якраз нахапіўся старэйшы сын, выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу, дык Алену завезлі ў морг, а старога ў бальніцу. Гардзей з Зосяю, пачуўшы гэта, насцярожана пераглянуліся. Паўліна ж сказала:
– Леванюк, кажуць, у вайну нейкага чалавека таксама сякераю забіў. Бачыце, як яно ўсё вяртаецца.
– Бог з табою, Паўліна, што ты такое супраць ночы згадваеш? – перахрысцілася Зося. – Царства нябеснае Алене, не было ёй з каго добры прыклад браць. Заблудзілася, адпакутавала, бедная.
11
Праз месяц ад Каці прыйшоў ліст, у якім яна скардзілася, што пасля ад’езду Зосі вельмі смуткавала. Страціла апетыт, калі раней важыла 152 фунты, дык цяпер толькі 135. Але апетыт пачаў патроху зноў вяртацца, бо яна збіраецца доўга жыць, каб адпомсціць сваім ворагам, а таксама не губляе надзею пабачыць яшчэ раз калі-небудзь сваіх родных. Можа, сама збярэцца і прыедзе ў Крачкі.
«Яе яшчэ тут не хапала. Прыедзе расказаць Гардзею пра сваё каханне, а заадно – усім сямейнікам пра мае дзявочыя грахі. Не будзе гэтага, – злосна падумала Зося. – Калі не здолела быць шчаслівай, дык я ёй не вінаватая. Я за сваё шчасце змагалася, жыццём рызыкавала».
Зося перастала адказваць на Каціны лісты, прасіла зрабіць гэта ўнучку або Ораста. А тыя, карыстаючыся добраю нагодаю, выпрошвалі ў амерыканскай цёткі, хто што хацеў. І тая, каб загладзіць віну, старалася дагадзіць ненавісным родзічам. Зося толькі смяялася ў душы з гэтых сястрыных выбрыкаў. А з другога боку і радавалася, што ў сына з’явілася машына, купленая за грошы, якія Каця выслала ўпотай ад свайго мужа. Ораст апошнім часам зноў стаў захапляцца гарэлкаю, можа, дзякуючы машыне, перастане піць.
У адным з лістоў Каця напісала, што Дзяніс зусім састарыўся. Увесь час нешта гаворыць або спявае. Гэта ёй страшэнна абрыдла слухаць, яна гатова кінуць усё і бегчы ў свет. А яшчэ празрыста намякнула, што марыць пабачыць усіх Рахубаў, шкада толькі, што Зося больш не хоча з ёю сустракацца. «Ні табе, ні мне не выпала шчасце, Зо. Каго вінаваціць? Такі лёс. Чым даўжэй тут жыву, тым больш адчуваю адзіноту. Такі мой лёс – жыць сярод чужых людзей, – скардзілася Каця, разлічваючы выклікаць спагаду. – Як бы я хацела перадаць Ганцы ўсе мае бранзалеткі ды пярсцёнкі».
Зося дні тры хадзіла і помсліва думала: «Не дачакаецца, сюды яе не запрашу. Бачыш ты, надумала каханне шукаць на старасці. Гардзей ужо ледзьве па двары сноўдаецца, а яна, можа, думае, што ён з ёю яшчэ спаць здолее?»
Малодшая сястра і на гэты ліст не дала адказу. Бабулі Каці, як звычайна, напісала ліст унучка Ганка, расказала пра дамашнія навіны, што ацялілася карова, цяпер будзе сваё малако, што ёй падабаецца ездзіць з татам на машыне, што яна добра вучыцца, а замуж не спяшаецца.
У адказ Ганка атрымала ліст, адрасаваны асабіста ёй. Амерыканская бабуля раіла не глядзець на прыгожыя твары, а шукаць чалавека здаровага, сардэчнага і працалюбівага. Замужжа часта нагадвае гульню ў карты, некаму шанцуе, а некаму не надта. Крый божа, захапляцца п’янствам. Ад гэтага нараджаюцца хворыя дзеці. А яшчэ Каця з жалем паведамляла, што яе жыццё ідзе на зыход, і яна сабе ўжо нічога не жадае, акрамя спакою.
Больш амерыканка не напрошвалася ў госці, мусіць, і сама ўжо прыкметна пастарэла. Праз некалькі гадоў коратка паведаміла, што ад старасці памёр Дзяніс. Цяпер яна, пасылаючы пасылку, кожны раз падкрэслівала, якую частку пенсіі патраціла на падарункі.
Зося па-ранейшаму была непрыступная і грэбавала Кацінымі падачкамі, ды і не да таго ёй было. Гады міналі хутка. Падрос Радзік. Быў ён нервовы і хваравіты, так што хлопца нават у войска не ўзялі. Ён захапіўся маляваннем, прадаваў карціны. Ганка скончыла музычнае вучылішча, яе накіравалі на працу настаўніцай спеваў у глухую палескую вёску, дзе не было моладзі. А дзяўчына ж мусіла неяк уладкоўваць сваё жыццё. Зося лічыла сябе вінаватай у тым, што ўнучцы не шчасціць. Яна хацела наведаць Кіева-Пячорскую лаўру, каб замаліць свае грахі з-за тых сваіх ненароджаных дзяцей, якіх яна вытруціла ў маладосці. Але не магла паехаць, бо Гардзей зусім аслаб, ён цяжка дыхаў, часта кашляў, яго даймала астма, апухалі ногі. Ён мала хадзіў, больш ляжаў у ложку за печчу, нешта думаў, часам рабіў нейкія запісы. З-за таго, што ў хаце часта было шумна і тлумна, калі прыязджаў сын з нявесткаю ды ўнукі, запісы Гардзеевы часта губляліся. Знайсці іх пры ягонай слепаце было цяжка. Таму ён апошнім часам заўсёды насіў з сабою ў кішэні маленькі нататнічак у цвёрдай зялёнай вокладцы.