Текст книги "Слодыч і атрута"
Автор книги: Зінаід Дудзюк
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 21 страниц)
– Абраннік маладой графіні не падабаўся графу. Людзі кажуць, што наняты забойца забіў нежаданага зяця. Толькі ты нікому пра гэта не кажы.
– Які жорсткі свет, – прамовіла Зося. – Якія жорсткія людзі...
– Людзі ёсць розныя, – адказаў Юлек.
Усім сваім выглядам ён нібы паказваў, што не такі, што на Зосю ягонай дабрыні, напэўна, хопіць, але дзяўчына нічога не заўважыла, душа яе была абцяжарана ўласнымі трывогамі і згадкамі, праз якія Юлеку ніяк не ўдавалася дастукацца да яе душы.
11
Непрыкметна прайшоў адзін год, пацягнуўся другі. Найміты ўсё часцей думалі і загаворвалі пра дамоўку, хацелася сваёй стравы на стале, няхай і простай, але звыклай, сваіх людзей і роднай гаворкі навокал. Зосі таксама карцела вярнуцца дамоў. Каця пісала падрабязныя лісты, расказвала пра бацьку і Серафіма. Хацелася адначасова быць дома і тут, у Стараволі. Хоць Зося лічыла, што найлепш ёй жылося ў прытулку, дзе шмат чытала, спявала, займалася ў танцавальным гуртку, але ж у прытулку нельга было жыць вечна, прыйшла б пара і давялося б ісці на свой хлеб.
У адзін з цёплых восеньскіх вечароў аканом пан Падгурскі сабраў наймітаў, прызначыў некалькі хлопцаў завезці на фурманках яблыкі ў бліжэйшы гарадок на кансервавы завод. Акінуўшы позіркам гурт дзяўчат, тыцнуў пальцам у Зосю:
– Ты таксама паедзеш. Заўтра а шостай гадзіне выязджаем.
Гэля тузанула Зосю за рукаў, з зайздрасцю пасміхнулася:
– Аканом цябе вылучыў, напэўна, ты яму спадабалася.
– Гэта ж стары дзядзька! Што ты вярзеш? – абурылася Зося.
– Паны старыя не бываюць. Хто багаты, той заўсёды малады.
– Сціхні! Бо пасварымся, – папярэдзіла Зося.
Зрэшты, Зосі было прыемна, што менавіта яна, а не хто-небудзь іншы паедзе ў горад, і ў прадчуванні цікавай вандроўкі заснула.
Раніцай шасцёра хлопцаў паселі на падводы. Запрэжаныя коні ўжо застаяліся ў чаканні, нецярпліва пераступалі з нагі на нагу. Зося выбірала, на які воз лепш сесці, вырашыла, што на першы. Але тут пад’ехаў аканом на двухколавай брычцы і запрасіў Зосю да сябе. Абоз рушыў з маёнтка па дарозе праз лес, потым пацягнулася восеньскае перааранае поле. Удалечыні павольна круціліся крылы ветрака, пэўна, ужо малолася зерне новага ўраджаю. Праехалі некалькі шэрых вёсак, дзе сустракаліся там-сям каменныя пабуды з чарапічнымі дахамі. Гарадок аказаўся недалёка, дзве гадзіны няспешнай язды. Каля завода было дзесяткі два фурманак, гэта не спадабалася аканому, але давялося чакаць.
Калі нарэшце дайшла іхняя чарга, аканом спытаў:
– Паненка пісьменная? Лічыць і пісаць умееш?
Зося згодна кіўнула галавой.
Хлопцы ставілі на вагі скрынкі з яблыкамі, аканом сачыў, каб работнік завода не памыліўся, а Зося старанна запісвала вагу. Узважаныя яблыкі высыпалі ў вялікі бункер. Потым яшчэ ўзважылі пустыя скрынкі. Аканом загадаў хлопцам вяртацца дамоў, а сам заняўся падлікамі, потым параўнаў свае лічбы з тым, што налічыў работнік завода, усё сышлося.
– Павартуй брычку, – сказаў пан Падгурскі Зосі, – а я пайду ў кантору і атрымаю грошы.
Зося села ў брычку і ганарыста паглядвала на паненак, якія праходзілі міма. Напэўна, ніхто не здагадваецца, што яна з глухой палескай вёскі, а думаюць: нейкая багачка, калі ў такой брычцы сядзіць.
Аканом вярнуўся хутка, нязграбна ўскараскаўся ў брычку, паправіў капялюш, упрыгожаны рабенькімі пёркамі, які насунуўся на самыя вочы, весела падміргнуў Зосі і сказаў:
– Паненка добра папрацавала. Мушу заплаціць. – Ён дастаў грошы, падаў Зосі. Яна пасаромелася пералічваць, але зразумела, што сума ніштаватая.
– Дзякую вам, пане Падгурскі, – адказала, моцна заціснуўшы ў руцэ грошы.
Аканом тузануў лейцы, конь весела зацокаў капытамі па брукаванцы. Аднак гаспадар хутка спыніў яго каля некалькіх крамаў.
– Я пайду куплю таго-сяго, – сказаў аканом.
– А можна мне зайсці ў гэтую краму? – паказала Зося рукою на вітрыну, дзе было вывешана жаночае адзенне.
– Зайдзі, толькі не доўга, – папярэдзіў пан Падгурскі.
Зося ўвайшла ў краму. Яе ветліва сустрэў сіваваты габрэй:
– Што паненка хоча? – спытаў ён.
Зося расціснула кулак, паклала свой скарб на прылавак і сказала:
– Мне б пінжачок са спадніцаю і блузку.
Габрэй спрактыкаваным вокам агледзеў Зосю і прынёс ёй шэры касцюмчык і белую блузку.
– Тут можна памераць, – прапанаваў габрэй і паказаў прымерачную.
Зося ведала, што ёй нельга затрымлівацца, аднак не вытрывала, каб не памераць гэтае шыкоўнае, як ёй здавалася, адзенне. Зайшла за шырмачку, паспешліва пераапранулася і з захапленнем паглядзела на сябе ў люстэрка. Шэры колер вельмі пасаваў да вачэй, а каўнерык блузкі асвяжаў, рабіў твар выразным. Яна ў гэтым адзенні выглядала не як наймічка, а як выхаваная і адукаваная шляхцянка.
Дзяўчына згарнула сваё адзенне і выйшла з прымерачнай. Стары габрэй задаволена зацмокаў языком, зняў з вітрыны белы капялюшык, упрыгожаны далікатнымі штучнымі рамонкамі, надзеў Зосі на галаву, падвёў да люстэрка, што стаяла пры сцяне.
Зося была ў захапленні ад сябе, убачанай у люстэрку. Шчыра падзякавала габрэю, зрабіла рэверанс, як вучыла выхавацелька ў прытулку, і выбегла на ганак. Аканом сядзеў у брычцы і чакаў яе.
– Прабачце, калі ласка, што затрымала вас.
– Паненка, цябе ж не пазнаць! Што гэта з табою зрабілася? – задаволена ўсміхнуўся пан Падгурскі – і мноства маршчынак разбеглася ад ягоных вачэй да скроняў.
– Дзякую вам за ўсё, – збянтэжана адказала Зося, усаджваючыся побач з панам.
Аканом шпарка пагнаў каня. Але як толькі выехаў за гарадок, звярнуў з брукаванкі на палявую дарогу.
– Куды мы едзем? – занепакоілася Зося.
– Справа тут у мяне ёсць, – буркнуў сабе пад нос Падгурскі.
За полем пацягнуўся невялікі лясок, за якім раптам адкрылася прыгожае і круглае, як сподак, азярцо. Аканом спыніў каня, прывязаў лейцы да дрэва. Конь адразу пачаў скубці траву. А пан Падгурскі разаслаў посцілку, паклаў на яе вяндліну, хлеб, цукеркі, паставіў пляшку з віном, нават дзве чаркі аднекуль узяліся.
– Сядай, паненка! Паабедаем, – запрасіў аканом. – Дарэчы, як цябе завуць?
– Зося.
– Выдатна, Зоф’я – азначае мудрая...
Пан Падгурскі адкаркаваў пляшку, напоўніў чаркі, сказаў тост:
– Каб нам заўсёды гэтак удала ездзілася.
Зося пакаштавала напой. Віно было духмянае і салодкае.
– Пі, Зося, і закусвай... Не саромейся.
Пілося лёгка, елася з апетытам. Аканом адкаркаваў яшчэ адну пляшку, весела падміргнуў дзяўчыне:
– Хто добра працуе, той мусіць добра есці.
– Сёння для пана не працоўны дзень, а святочны, – засмяялася Зося.
– Што праўда, то праўда. Свята трэба каваць сваімі рукамі. Ты такая малайчына, дай я цябе хоць пацалую за тваю кемлівасць.
Пан Падгурскі цмокнуў Зосю ў шчаку, крэкнуў і сказаў:
– Якая ты салодкая, быццам цукерку праглынуў.
– Вы і прыдумаеце, пан Падгурскі, – засмяялася Зося, ад віна ёй зрабілася весела.
– А цяпер ты мяне пацалуй, – пан Падгурскі падставіў шчаку.
Зося гатовая была не раз, а і дзесяць разоў пацалаваць аканома за той падарунак, які ён ёй зрабіў. Між тым Падгурскі падліваў Зосі чарку за чаркаю салодкае пітво. Яна не заўважыла, як захмялела. Галава закружылася, яна прылегла на апалую лістоту, удыхнула сыры пах зямлі.
– Адпачні, адпачні... І я з табою – побач.
Падгурскі лёг побач з Зосяй, пачаў цалаваць, а ў яе не было сілы нават рукою варухнуць. Свавольныя аканомавы рукі гладзілі яе, лашчылі, абдымалі.
– Годзе вам, пан Падгурскі. Нечым вы мяне напаілі, што я быццам калода стала, нават язык не слухаецца. – знясілена прамармытала дзяўчына.
– Ах, Зоська, Зоська. Старасць шмат хоча, ды мала можа.
Аканом адпоўз ад Зосі, абаперся спіною аб дрэва, цяжка дыхаў.
– Вось халера. Думаў паспрабую яшчэ раз. Мо з маладою атрымаецца. Ні віно піць, ні паненак любіць. Усё мінула.
Аддыхаўшыся, пан Падгурскі сабраў посцілку, дапамог Зосі ўскараскацца ў брычку, пагнаў каня, нешта мармычучы сабе пад нос. Зося задрамала. Пакуль ехалі, хмель выветрыўся. Ужо ў прыцемку з’явілася Зося перад наймічкамі, вясёлая і ўбраная ў новыя строі, чым выклікала нездаволенасць і зайздрасць. Дзяўчаты пачалі паміж сабою пераміргвацца і з’едліва пасміхацца.
– Чым гэта ты прываражыла аканома? – здзекліва спытала Ульяна са Здзітава.
– А каго ён мог выбраць, мо цябе, непісьменную, у андараку? – злосна адказала Зося і пайшла да свайго ложка, распранулася і легла спаць.
– Раскажы хоць, што бачыла ў горадзе? – папрасіла Гэля.
– Нічога не бачыла, – адказала Зося, не маючы жадання дзяліцца ўражаннямі.
– А за што строі купіла? – дапытвалася Ульяна.
– Зарабіла і купіла.
– Не цяжка здагадацца пра твае заробкі.
– Здагадвайся, калі няма чаго рабіць.
Зося і сама яшчэ не ўсвядоміла, якая прыгода з ёю здарылася, але ніякага граху за сабою не адчувала. Ну, пацалаваў яе колькі разоў па-бацькоўску пан Падгурскі. Дык што з таго? Чалавек ён прыемны, і добра да яе паставіўся. Можа, упершыню за ўвесь час, пакуль жыла ў маёнтку Стараволя, яна хутка і лёгка заснула, быццам адступілася ад яе адчуванне віны, якое яна насіла ў сваёй душы. Маладосць жадала вясёлага і разняволенага жыцця. Цяпер Зося не сумнявалася, што абавязкова аднойчы сустрэне сваё шчасце, для гэтага ў яе, дзякуючы добраму пану Падгурскаму, нават новыя строі з’явіліся.
12
Па вяртанні са Стараволі Зося звыкла ўцягнулася ў бясконцы калаўрот сялянскай працы на полі і сенажаці, у хаце і хляве. За два гады яна выкруглілася ў стройную дзяўчыну, прыкметна вылучалася ў гурце дзяўчат. Бацька і Каця былі задаволены яе заробкам. Аканом пан Падгурскі разлічыўся з наймітамі збожжам і паклапаціўся, каб яно было завезена на чыгуначную станцыю і таварным вагонам адпраўлена ў Жабінку. Кірыла прадаў збожжа габрэю-скупшчыку. Грошай хапіла на тое, каб купіць каня і яшчэ заставалася невялікая рэшта на хатні абыходак. Мець свайго каня ў гаспадарцы – справа вялікая. У вёсцы без каня ты не гаспадар, не чалавек. Безумоўна, Кірылу падтрымліваў брат Карп, даваў свайго каня, калі трэба было пераараць поле, пасадзіць бульбу, але не тады, калі трэба было Кірылу, а калі конь быў вольны. А яшчэ за гэта трэба было адпрацоўваць. Што можа ведаць чалавек пра наступны свой лёс? Хіба думаў Кірыла, што аднойчы яму давядзецца страціць усё і з пустой калітой ставіць на ногі гаспадарку? Некалі ягоны бацька і сямёра іншых гаспадароў купілі зямлю ў старога бяздзетнага пана. Перасяленцы, ці «купчыкі», як іх сталі называць тутэйшыя людзі, заснавалі паселішча з некалькіх хутароў каля вёскі Крачкі. Зямлі ў бацькі было даволі, але ж ён меў пяцёра сыноў. Як хлопцы выраслі ды пачалі жаніцца, давялося дзяліць патроху зямлю і аддаваць ва ўладанне сынам. Атрымалася так, што адзін Кірылаў брат памёр маладым ад сухотаў, другі загінуў на вайне, трэці – Серафімаў бацька, быў сасланы ў Сібір на катаргу за забойства. Ці жывы? Невядома. Гэта была даўняя гісторыя. Сяляне з Крачкаў узненавідзелі «купчыкаў», бо былі перакананыя, што зямля, якую купілі прыхадні, пасля смерці пана дасталася б ім. Яны, як маглі, шкодзілі прыезджым гаспадарам, кралі плугі і бароны, заганялі свой статак на хутаранскую рунь, а аднойчы ноччу нехта падпаліў хату Марціна, старэйшага брата Кірылы. Марцін паспеў вынесці з агню малога сына Серафіма, а жонка задыхнулася дымам і згарэла. Каб адпомсціць за падпал, «купчыкі» падпільнавалі гурт крачкаўцаў, калі тыя вярталіся з сенакосу міма хутароў, і пачалі біць. Аднаму мужыку прабілі каменем галаву, у хуткім часе ён памёр. Смяротна параніў чалавека Карп, але яму на той час было толькі пятнаццаць гадоў, маці ўпрасіла старэйшага сына Марціна, каб ён узяў віну на сябе. Марціна асудзілі на катаржныя работы ў Сібіры. Ягоны сын Серафім гадаваўся спачатку ў дзеда з бабаю, а пасля іхняй смерці – пры дзядзьках, спачатку – у Карпа, а цяпер – у Кірылы.
Патроху жыццё ўсталёўвалася. Серафім з восені пайшоў працаваць на чыгунку, жыў на кватэры ў Жабінцы, наведваўся дамоў раз ці два на месяц. Каця і Зося займаліся гаспадаркаю. Кірыла мо ўпершыню адчуў сябе заспакоеным, слухаючы, як дочкі спяваюць за прадзівам, ці шэпчуцца пра нешта дзявочае, задаволена думаў, што ўжо ў іх свае сакрэты завяліся, і хмыкаў у абвіслыя вусы. Увесь вольны час сёстры цяпер пралі, бо на крамную тканіну трэба грошы. Дзе іх набрацца? Палатно сваёй работы пускалася на ўсе патрэбы сям’і: ад верхняга і сподняга адзення, да ручніка, мяшка ці якой торбачкі пад крупу. Ткаць ні Зося, ні Каця не ўмелі, але дамовіліся, што натчэ ім палатна цётка Агатэля, а за гэта яны і для яе спрадуць колькі фунтаў кудзелі, бо Гэлька адна не ўпраўляецца.
Толькі пасля каляд Каця і Зося выбраліся на вячоркі ў Крачкі. Музыка ў той вечар ладзілася ў хаце Марфы Хвясюк, бойкай дзеўкі, з тых, пра якіх кажуць: маладая ды ранняя. Каля хаты тоўпіліся курцы, яны і запрасілі дзяўчат, маўляў, заходзьце, без вас не пачыналі. Гэта, безумоўна, быў жарт. Ужо ў двары было чутно, што грае гармонік і тумкае ў такт яму бубен. Каця першай увайшла ў хату. Следам за ёю пераступіла парог Зося і аслупянела. Каля печы побач з расчырванелаю і ўзбуджанаю Марфаю стаяў Гардзей у вайсковым мундзіры. Зося зніякавела, апусціла вочы, каб не сустрэцца з ягоным позіркам, толькі бачыла блішчастыя гузікі на ягоным жаўнерскім фрэнчы. Зазыўна загучала полька. Моладзь кінулася ў скокі. Гардзей падышоў да Зосі і Каці, павітаўся.
– Як жа я вас даўно не бачыў, – сказаў Гардзей. – Якія вы прыгожыя сталі! Распранайцеся, кідайце адзенне на запечак.
Ён павёў Кацю да запечка, як бы памагаючы распрануцца. Зося пастаяла, не ведаючы, што ёй рабіць: уцякаць адсюль ці застацца. Не, лепш зрабіць выгляд, што ёй да Гардзея няма ніякае справы. Яна працікавала, як Гардзей пусціўся ў скокі з Кацяю, суняла хваляванне, скінула світку на запечак, і адразу яе падхапіў пад руку Мікола Іванюк, павёў у круг. Яны закружыліся ў віхры полькі. Ды Зося паспела заўважыць, што Гардзей, гарцуючы каля Каці, раз-пораз кідаў позіркі ў яе бок. «Паглядзі, паглядзі, каб табе вочы павылазілі, – злосна падумала Зося. – Лепш бы ты не вяртаўся! Як жа мне цяпер жыць?»
Паскакаўшы колькі полек ды сербіянак, Зося папрасіла Кацю:
– Пойдзем дахаты, позна ўжо.
Каця пагадзілася. Ёй не вельмі падабаліся танцы. Стой і чакай, пакуль цябе выберуць. Яна мо і зусім не хадзіла б на гэтыя зборышчы, але ж трэба было думаць пра замужжа, прыглядваць сабе хлопца.
Дзяўчаты апрануліся, раскапаўшы між чужымі апранахамі свае, выйшлі на вуліцу, скіраваліся ў бок хутара. Хутка ззаду пачуліся крокі. Нехта іх даганяў. Удзвюх яны не баяліся, таму і не азіраліся. Хто іх мог пакрыўдзіць?
– Дзяўчаты, вы чаго так рана пайшлі? Музыка ў самым разгары.
Гэта быў Гардзееў голас. Зося сцялася, быццам у прадчуванні бяды. Ён дагнаў іх, пайшоў паміж імі, падхапіўшы пад рукі. Дотык ягонай рукі трапяткой хваляй пракаціўся па Зосіным целе, якое помніла ягоную пяшчоту і сілу.
– Рана тым, у каго мацяркі раніцай печ топяць, а нам трэба ўсё самім рабіць, – адказала Каця.
– У мяне таксама няма маткі, – заўважыў Гардзей.
– У цябе Паўліна за матку, – пакуль ты ў войску служыў, яна за мужыка і за бабу ўпраўлялася. Што ты будзеш рабіць, як яна замуж пойдзе? – засмяялася Каця.
– Не пушчу яе замуж, а ў горшым выпадку сам ажанюся.
– Жаніцьба для цябе – горшы выпадак? – перапытала Каця.
– Сама падумай, як я магу жаніцца, пакуль не выдаў замуж трох сясцёр?
Каця з Гардзеем весела гутарылі, а Зося маўчала і пакутліва думала, як бы хутчэй дайсці да хутара, каб не чуць і не бачыць яго.
– Зося, чаго ты маўчыш як вады ў рот набрала? Раскажы, як жывеш? – спытаў Гардзей.
«Яшчэ і пытаецца, як жыву! Нахабнік!» – гняўліва падумала яна, але адказала стрымана і насмешліва:
– Лепш за ўсіх.
– Наша Зося была на заробках у Польшчы. Бацька каня купіў, – пахвалілася Каця.
Гардзей ад здзіўлення прысвіснуў і спытаў:
– Дзе ж гэта ў Польшчы можна зарабіць?
– Каля Варшавы, у маёнтку Стараволя, – зноў адказала Каця.
– Шкода, што я не ведаў. Служыў жа ў войску ў Варшаве, знайшоў бы...
Зося змоўчала, разумеючы, што гэта пустая гаворка. «За два гады ліста не напісаў, – падумала яна, – не пацікавіўся, як я, ці жывая, ці здаровая, а тут раптам такая патрэба пабачыцца... Ляці, саколік, міма...»
– Пэўна, Зоська, залётніка там завяла? – спытаў ён.
– А як жа? Хіба я горшая за іншых? – з напускным гонарам адказала Зося.
– Мо і замуж пойдзеш за пшэка?
– Пажыву – пабачу.
– Ёй жа толькі шаснаццаць. Дзіця зялёнае. Які замуж? Няхай хоць трохі пасталее. Яна ж сабе два гады прыпісала, калі ехала на працу да графа, – адказала Каця.
– Толькі шаснаццаць? – шчыра здзівіўся Гардзей. – Я думаў, старэйшая...
Снег скрыпеў пад нагамі. Неба святочна зіхцела зоркамі. Каця весела гаманіла з Гардзеем, а Зося адчувала сябе прыгнечанай, няўпэўненай, ішла з апушчанай галавой. На паваротцы яна вызваліла сваю руку з Гардзеевай, трохі адстала і пайшла з Кацінага боку. Адчула, нібыта вызвалілася ад ягонай улады, уздыхнула вальней, паглядзела ў зорнае неба. Зоркі, здавалася, былі зусім побач, бухматыя, калючыя. Мароз трымаўся нямоцны, але ўсё ж кусаў за шчокі, а душу студзіў скразняк недаверу. Так яны дайшлі да весніц. Зося адразу скіравалася ў хату, а Каця затрымалася з Гардзеем.
Калі старэйшая сястра ўвайшла ў хату, Зося ўжо ляжала на запечку, прыкінулася, што спіць. Аднак Каця памылялася. Зося зазнала ў тую ноч бяссонне, усё не магла вырашыць, як ёй жыць далей. Дзівілася хітрасці Гардзеевай: «Бач, як усё павярнуў, зрабіў выгляд, што заляцаецца да Каці, круціцца, як уюн на патэльні. Пабачым, што будзе далей. Няхай не думае, што я за ім буду бегаць. Не дачакаецца... »
З гэтай цвёрдай перакананасцю Зося заснула недзе пад ранне. Прыснілася, што зноў яна на вячорках, бачыць Гардзея з Марфай каля печы, выбягае ў цёмныя сенцы. Тут яе даганяе Гардзей і доўга-доўга цалуе...
Абудзілася задыханая, і з горыччу падумала: «І ў сне ад яго няма ратунку... »
13
Правёўшы Кірылавых дачок на хутар, Гардзей вярнуўся на «музыку», дзе было яшчэ даволі шматлюдна і шумна.
– Дзе ты быў? – спытала Марфа ў Гардзея, незадаволена і сярдзіта бліснуўшы вачамі.
– З хлопцамі пагаманіў на дварэ, пра службу распытвалі.
– Я выходзіла на вуліцу, цябе там не было.
– Стаяць холадна, дык мы трохі прайшліся...
Марфа супакоілася, папрасіла:
– Пойдзем, паскачам трохі...
– Пойдзем, – адказаў Гардзей, абдымаючы яе за стан.
Яны закружыліся ў вальсе. Марфа шчасліва ўсміхнулася. Гардзей таксама пасміхнуўся і адвёў пагляд. Не любіў ён узірацца ў дзявочыя вочы, бо яны нечага чакалі ад яго. А ён нікому нічога не хацеў абяцаць. Воля даражэй.
Марфа раптам некаму памахала рукой у знак прывітання:
– Хлопцы са Сцяблова прыйшлі, – узрадавана сказала яна, жадаючы выклікаць рэўнасць Гардзея.
– У Сцяблове, безумоўна, хлопцы лепшыя, чым у Крачках, – насмешліва адказаў Гардзей.
– Гэта ж Захар Маркевіч з сябрамі!
– Ведаю я гэтага Захара, – хмыкнуў Гардзей. – Пасрэдным вучнем быў у школе.
– Успомніў леташні снег!
Гармонік аціх. Марфа адышла ад Гардзея да сцяблоўцаў. Захар Маркевіч узняў руку і загаварыў:
– Землякі, я прынёс вам навіны. Народ Заходняй Беларусі ўпарта змагаецца з польскімі акупантамі. Мы не дазволім запалохаць нас і ператварыць у рабоў памешчыкаў і капіталістаў.
Усе прысутныя павярнуліся тварам да прамоўцы. Маркевіч выцягнуў з кішэні паперку і пачаў чытаць:
«“Крэсы” ў агні. Разрастаецца партызанскі рух на Віленшчыне. Часта здараюцца падпалы панскіх сядзібаў. Улады праводзяць масавыя арышты, людзей кідаюць у турмы, выносяць смяротныя прысуды. Цяпер пачалі працаваць палявыя суды. Па іх прысудах расстраляны 16 партызанаў. Сяляне адмаўляюцца плаціць падаткі. <...> Трагічным з’яўляецца становішча беларускіх школ. Іх колькасць зведзена да нуля. Значная частка беларускіх настаўнікаў знаходзіцца ў канцлагерах, астатнія разагнаныя і пазбаўленыя магчымасці працягваць педагагічную дзейнасць. Беларускія школы разгромленыя ці рэквізаваныя пад польскія. Далоў ваенна-палявыя суды! Далоў акупантаў з Заходніх Беларусі і Украіны! Няхай жыве салідарная рэвалюцыя барацьбы рабочых і сялян Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Польшчы за савецкую ўладу рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў!»
Маркевіч, чытаючы заключныя лозунгі, узмахваў кулаком, нібы некаму пагражаў. Ягоныя хаўруснікі паўтаралі за ім слова «далоў»!
Гардзей падышоў да Маркевіча, заглянуў у паперку, убачыў, што гэта была лістоўка, і сказаў:
– Ты адзін тут пісьменны? Мы таксама ўмеем чытаць. І разабрацца, што да чаго.
– Чытай, – падаў яму паперку Маркевіч.
З натоўпу выйшаў Іван Валошчык, зацікаўлена спытаў:
– На паперы напісана гладка, але ж тое быццам не пра нас. Ты скажы, што нам рабіць?
– Толькі паспрабуй дзейнічаць супраць улады – адразу суд, турма, або расстрэл! – сказаў Гардзей. – Ты ж толькі што чуў.
– Усіх у турму не паперасаджваюць, – заўважыў Маркевіч. – Мы павінны змагацца так, як народы СССР, і дамагчыся перамогі!
– Гэта ўсё агульныя словы, – расчаравана сказаў Іван Валошчык. – Ты скажы, што я павінен зрабіць сёння, зараз?
Маркевіч адкінуў пасму валасоў, якая ўпала на лоб, і заявіў:
– Тое, што і іншыя: не плаціць падаткі, патрабаваць для сваіх дзяцей беларускую школу, шукаць аднадумцаў. Калі ты думаеш так, як я, прыходзь у Сцяблова да мяне дахаты, пагутарым. Бачыш, я не баюся, што здадуць мяне дэфензіве, бо ўсе мы пакутуем ад польскага прыгнёту, гэта наша агульная бяда. Але ў нас ёсць агульная мара – жыць лепш. На яе нам і варта працаваць усім разам.
– Зразумела, – адказаў Іван. – Трэба падумаць...
– Гарманіст, урэж польку, каб ажно хата заскакала! Эх, і прыгожыя ў вас дзяўчаты! – крыкнуў Маркевіч, падхапіў Марфу і закружыўся з ёю.
Гардзей абдумваў пачутае. Ваяваць з дзяржаваю – справа апошняя. Але ж калі ў сейме ёсць камуністычная фракцыя, дык змагацца за свае правы можна і законным шляхам, праз выбары сваіх дэпутатаў. Гэты шлях яму падабаўся. Зрэшты, ён і сам не адмовіўся б пахадзіць у дэпутатах сейма. «А гэты Маркевіч паразумнеў, нездарма ж кажуць, што праца ператварыла малпу ў чалавека» – з’едліва падумаў Гардзей. Яго сапраўды ўразіла змена ў былым аднакласніку. Той быццам і ростам стаў вышэйшы, больш паважны і ўпэўнены ў сабе.
Пасля танца Марфа вярнулася да Гардзея, абмахваючыся хусткаю.
– Растрэслася, – пасміхнуўся ён.
– Раўнуеш, ці што? – спытала яна, напускаючы на твар пакрыўджанасць.
– Каб раўнаваць, трэба кахаць...
– Гардзей, чаму ты такі жорсткі?
– Я справядлівы. На сцяблоўскіх дзевак не кідаюся.
– Сам нядаўна каля Кірылавых дачок аціраўся.
– Яны хоць і з хутара, але ж крачкаўскія, нашы... Ідзі яшчэ паскачы з Маркевічам. Нешта ён без цябе засумаваў.
– Дурненькі ты мой, апранайся, пойдзем, пакуль маці на печы задрамала. Я чакаю цябе ў клуні, – горача прашаптала Марфа.
Яна зняла з крука кажушок, што вісеў каля дзвярэй, і выслізнула з хаты, кінуўшы на Гардзея позірк, які клікаў і абяцаў асалоду. Гэты позірк трапятаннем і напружанасцю працяў Гардзеева цела. Ён, не апранаючыся, выйшаў услед за Марфаю.
14
Гардзей не быў фантазёрам або адчайным і безразважным юнаком, які гатовы быў голымі рукамі змагацца за вызваленне сваёй зямлі ад палякаў. Лічыў, што можна паспрабаваць нечага дамагчыся ад улады гуртам, выкарыстаўшы пэўныя законы. Чаму адукаваная меншасць кіруе, як хоча, непісьменнымі сялянамі? Бальшавіцкія ідэі прываблівалі па-свойму і яго. Сярод сялян таксама ж ёсць людзі з галавой, дай ім толькі магчымасць выявіць сябе. Да ліку тых, хто мае галаву на плячах, адносіў Гардзей і сябе. Ён падлеткам застаўся круглым сіратою, са старэйшаю сястрою Паўлінаю вёў гаспадарку і гадаваў малодшых сясцёр. Працуючы на зямлі, цяжка выкараскацца з галечы, таму ён час ад часу знаходзіў працу ў Берасці. З зарабку плаціў падаткі і набываў патрэбнае гаспадарчае начынне. Там жа, у Берасці, ён пазнаёміўся з гандлярамі-габрэямі, якім збываў збожжа, лён і бульбу па больш выгадным кошце, чым той, які прапаноўвалі скупшчыкі. Сам скупляў у аднавяскоўцаў збожжа і бычкоў, перапрадаваў габрэям. І меў ад гэтага добрую капейку. Такім чынам, нягледзячы на сваю маладосць і сіроцтва, Гардзей лічыўся ў вёсцы разумным і моцным гаспадаром. Але хацелася большага ад жыцця. Шкадаваў, што не меў добрай адукацыі, скончыў толькі пачатковую школу. Тады настаўнік сказаў ягонаму бацьку, што навучыў сына ўсяму, што сам ведаў, а больш нічога яму даць не можа. Аднак Гардзей працягваў цікавіцца навукаю. Па-першае, перачытаў усе чатырыста дваццаць пяць кніжак, якія былі ў школьнай бібліятэцы, па-другое, купіў у тутэйшага бацюшкі за гусака Біблію і вывучаў яе паціху кожную вольную хвіліну. Перад ім разгортвалася жыццё старажытных людзей. Іхнія ўладары таксама далёка не заўсёды былі справядлівыя да сваіх падданых, але ў пакутах і аблудах нараджалася ў душах людзей разуменне справядлівасці, сумленнасці і маральнасці. Гардзей усведамляў, што немагчыма пражыць жыццё і не спатыкнуцца, вельмі яму не хацелася быць апошнім у гэтым жыцці і цягнуць сваю долю бязрадасна, як той конь цягне цяжкі воз. Сэрца жадала свята, перамог, нейкіх незвычайных падзей, якія б наталялі душу святлом і радасцю. Не можа таго быць, каб чалавек нараджаўся толькі для беспрасветнай працы і рэдкіх святаў.
У нядзелю пад вечар Гардзей сабраўся ў Сцяблова, дзе меў намер сустрэцца з Захарам Маркевічам. Трымаўся добры марозчык, які бадзёрыў і падганяў хлопца. Ды і няблага было ісці маладым нагам па дарозе, адпаліраванай палазамі саней. Яшчэ і сонца не схавалася за лесам, а на небе ўжо выкруглілася поўня. Вісела яна празрыстая, як лядзяш у палонцы. Гардзей узіраўся ў яе таямнічае аблічча і вельмі ж хацелася дазнацца, як утварылася яна, як з’явіўся гэты свет. Чытаў ён астраномію, але не надта верыў навукоўцам. Усё, што там пісалася, было толькі здагадкамі. Ён быў перакананы, што чалавечы розум занадта абмежаваны, таму і не можа спасцігнуць Боскае таямніцы стварэння свету. Аднак была надзея, што аднойчы менавіта яму адкрыецца гэтая недасяжная ісціна.
Ужо змерклася, калі Гардзей увайшоў у хату да Захара Маркевіча. Гаспадар падняўся з-за стала, пайшоў насустрач госцю з працягнутай рукой, прамаўляючы:
– Малайчына, што прыйшоў.
– Як жа было мне не прыйсці?
– Болей яго слухай, – пачуўся з печы жаночы голас. – Ён табе нарасказвае тры бочкі арыштантаў.
– Годзе, маці, бурчаць, – незадаволена азваўся Захар.
– Табе хоць бурчы, хоць маўчы, хоць кол на галаве чашы – усё адно. У бацьку ўдаўся, такі ж упарты. А што ён меў з тае ўпартасці? Толькі здароўе страціў і пайшоў на той свет без пары.
– Маці, я прашу цябе, – настойліва і выразна сказаў сын.
Жанчына забожкала, уздыхнула і змоўкла.
– Сядай, адпачні з дарогі. Мо галодны?
– Не, дзякую. Сыты я. Яшчэ і цябе пачастую.
Гардзей высыпаў на стол жменю семак. Падышоў да печы, каб пачаставаць гаспадыню. Захар тым часам распаліў газніцу. У хаце стала ўтульна і светла.
– Дзякую, шкада, што няма чым есці, – сказала жанчына.
– Унукаў пачастуеце.
– Хіба толькі...
Жанчына працягнула руку, і Гардзей, усыпаўшы ёй у жменю семак, сеў на лаву.
– Чаму не прывёў з сабою яшчэ каго з надзейных хлопцаў? – спытаў Захар.
– Іншым разам прыйду з хлопцамі, а пакуль мо пазнаёміш мяне з вашымі дзеўкамі.
– Ажаніцца хочаш?
– Пакуль толькі агляд раблю. Калі служыў у Варшаве, нагледзеўся там розных паненак, што тут няма на чым і воку адпачыць.
– Гарадскія – распусныя, лёгка ў вочы западаюць, умеюць сябе паказаць, тым і прывабліваюць нас. А вясковыя сціплыя, сарамлівыя, таму цяжка іх разгледзець за хустачкамі ды фартушкамі.
– Можа, і твая праўда. Але ж хочацца такую ўзяць, каб усё жыццё на яе глядзець і не нагледзецца.
– Так не бывае, – сказаў Захар. – Усе людзі старэюць, каханыя – на жаль, таксама. Добра, пойдзем на вячоркі...
Захар ускінуў на плечы світу, і яны выйшлі ў настылы марозны вечар. Каля весніц спыніліся. Гаспадар дастаў капшук, прапанаваў пакаштаваць самасаду.
– Дзякую, не куру, – адмовіўся Гардзей. – Прачытаў аднойчы, што курэнне шкодзіць здароўю.
– А мне падабаецца, супакойвае.
Захар скруціў цыгарку, прыкурыў.
– Я зразумеў, што ты хочаш далучыцца да нашай барацьбы? – спытаў раптам, без усялякай падрыхтоўкі.
– Хачу паспрабаваць. Не ведаю, ці здатны я на такія ахвяры.
– А чаго ты чакаеш у выніку?
– Вядома, перамогі. Можа, не надта вялікай, але ж нечага, думаю, можна дамагчыся.
– Чаго, напрыклад? – зацікаўлена спытаў Захар.
– Мяне не задавальняе, што войтам выбіраюць каторы раз запар асадніка Юзафа Бялецкага. Я думаю, а чаму не мяне?
– Сапраўды, чаму не цябе? – засмяяўся Захар.
Гардзея нядобра ўкалоў Захараў смех. Ён нават хацеў спыніць на гэтым гаворку, аднак вырашыў перш высветліць, чым жа ён насмяшыў Маркевіча.
– Не крыўдуй, – ляпнуў яго па плячы Захар. – Смяюся я ад радасці, што ёсць у нас хлопцы, якія маюць гонар і гатовыя змагацца за свае правы. Я пастараюся зрабіць усё для таго, каб ты стаў войтам нашага павета. Дам табе рэкамендацыю для ўступлення ў Камуністычны саюз моладзі, а калі праверым цябе як след на справе, прымем у партыю бальшавікоў. Ты пакуль падбірай надзейных хлопцаў, каб стварыць у Крачках камсамольскую ячэйку.
– Колькі трэба чалавек?
– Чалавекі тры разам з табою. Неабходна захоўваць канспірацыю, каб не заваліць справу. Кожны завал – гэта суды, турмы, кара, разбураная падпольная сетка, якую нялёгка наладзіць зноў.
– Разумею.
– А пакуль запрашаю цябе на нашы вячоркі. У нас, як і ў Крачках, шмат прыгожых дзяўчат, не горшых за варшавянак.
– Э не, варшавянак трэба бачыць, – запярэчыў Гардзей.
Хлопцы пайшлі ўдоўж вёскі. Наперадзе чуліся галасы.
– Бачыш, нашы ўжо весяляцца.
– Яшчэ не бачу, пакуль толькі чую.
– Любіш дакладнасць і канкрэтнасць? Гэта ў табе са школы засталося.
Захар з Гардзеем увайшлі ў хату. Моладзь тоўпілася ля дзвярэй. Гармонік рэзаў польку. Пасярэдзіне скакалі парамі дзяўчаты. Хлопцы не спяшаліся далучацца, дымілі цыгаркамі, рагаталі.
Твары ў танцорак расчырванеліся, вочы гарэлі, вусны ўсміхаліся, ражкі хустак разляталіся. Гэтае імклівае кружэнне зачароўвала, зацягвала, хацелася кінуцца ў гурт, перакаламуціць яго, падпарадкаваць і прымусіць круціцца вакол аднаго цябе. Аднак полька скончылася, дзяўчаты паскідалі хусткі з галоў і, абмахваючыся імі, разышліся. Каб даць адпачынак самым бойкім танцоркам, гарманіст зайграў павольны вальс.
– Выбірай каторую, – прапанаваў Захар.
– Нешта ў мяне вочы разбегліся, – адказаў Гардзей.
– Бяры, якая бліжэй стаіць.
Захар запрасіў высокую станістую дзяўчыну, павёў на сярэдзіну хаты, закружыўся з ёю ў вальсе, так, што толькі непаслухмяная пасма валасоў матлялася над ягоным ілбом. Гардзей выбраў тоненькую дзяўчыну з доўгаю, ніжэй пояса, касою. Вялікія сінія вочы здзіўлена паглядзелі на незнаёмага хлопца, маленькія вусны расцягнуліся ў ніякаватай усмешцы. Гэта была дзяўчынка, падлетак, якая мо ўпершыню прыйшла на вячоркі.
– Запрашаю на вальс, – сказаў Гардзей, ужо шкадуючы, што зрабіў такі няўдалы выбар.