Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 19 страниц)
Annotation
Леанід Левановіч – вядомы беларускі пісьменнік, аўтар пяці раманаў, звязаных аднымі героямі і месцам дзеяння. "Палыновы вецер" працягвае гэты цыкл, у які ўваходзяць раманы "Шчыглы", "Паводка сярод зімы", "Дзікая ружа", "Сіняе лета", "Бесядзь цячэ ў акіян". У новым рамане расказваецца пра распад СССР і палітычныя падзеі 1980-90-х гадоў, якія аказаліся лёсавызначальнымі для многіх савецкіх людзей, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС і пра бязмежнае каханне ў радыяцыйнай зоне.
Леанід Левановіч
Палыновы вецер
І
ІІ
ІІІ
ІV
V
VІ
VІІ
VІІІ
ІХ
Х
ХІ
ХІІ
ХІІІ
ХІV
ХV
ХVІ
ХVІІ
ХVІІІ
ХІХ
ХХ
ХХІ
АПАВЯДАННІ
КАЛЯДНЫ БАЛЬ
ПРОСІНА ТАЯМНІЦА, альбо ЯК ПЕЎНІК ГУСАКА АДДУБАСІЎ
КАЛЯДНЫ БАЛЬ
СУСЕДАВА ПАДКАЗКА
ФУТЭРКА
Леанід Левановіч
ПАЛЫНОВЫ ВЕЦЕР
Раман. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. – 224 с.
Палыновы вецер
Даруй мой уздых глыбокі:
Душу працінае вецер.
О, як адзінока на гэтым свеце,
Хоць столькі насупраць вокан!
Душу працінае вецер,
Вецер, як у паэме Блока.
Алесь Пісьмянкоў
Черный вечер
Белый снег,
Ветер, ветер!
На ногах не стоит человек
Ветер, ветер —
На всем Божьем свете!
Аляксандр Блок
І
Звычайна ён прачынаўся рана – а пятай гадзіне. Сёння прахапіўся яшчэ раней: цемра ахутвала сенавал, цішыня, густая, вязкая, панавала вакол. Аніводная птушка не абзывалася: птушкі сваё адспявалі, на дварэ ўжо Спасаўка – за парогам стаіць восень.
Раптам Бравусаў насцярожыўся – угары, пад страхою, пачуўся нейкі шоргат, лопат крыл. Ён аж здрыгануўся ад нечаканасці, але хутка здагадаўся: гэта вярталіся з начнога палявання кажаны. Бравусаў ведаў, што пад страхою каля вільчыка жывуць кажаны, праз дзіркі ў франтоне вылятаюць на волю, а зімуюць у ягоным склепе: вісяць уніз галавою, маленькія, усохлыя, быццам згорнутыя ў трубачку альховыя лісткі. Кажаны адшукалі сваё сховішча, супакоіліся. Тады гучна залапатаў крыллем певень, зацягнуў спрадвечнае залівістае “кукарэку”. Неўзабаве адгукнуўся другі пявун, потым яшчэ адзін. зноў балюча апякла думка: як мала засталося насельнікаў у Хатынічах. Некалі было паўтары сотні двароў, а зараз нейкі тузін – засталіся самыя зацятыя, упартыя жыхары, якія не захацелі ўцякаць ад Чарнобыля. Іншыя ж, як пачалі даваць грошы за іхнія пабудовы, разляцеліся па свеце, нібы птушкі ў пошуках цёплага краю. А вось шолахі кажаноў узрадавалі Бравусава. Праўдзівей, не самі гукі, а тое, што ўчуў іх. Летась ён, Уладзімір Усцінавіч Бравусаў, адсвяткаваў сваё шасцідзесяціпяцігоддзе, паранены, кантужаны на вайне, але глядзі ты, не глухі, як турлушка. А яшчэ гэта азначае, што за ноч добра выспаўся, у галаве светла, ціск нармальны, бо апошнім часам чуў гул увушшу, жонцы Марыне даводзілася размаўляць з ім мацней.
Колькі ж гэта часу, падумаў Бравусаў, закінуў руку за падушку, дзе ў сене ляжаў пляскаты ліхтарык. Пасвяціў на гадзіннік, і хоць лічбы на цыферблаце выразныя, не маленькія, усё роўна не разабраў. Акуляры з сабой не ўзяў, каб не раздушыць неспадзеўкі. І яшчэ падумалася: ночы ўсё даўжэюць, мацней сціскаюць у абдымках дні, якія ўсыхаюць, скарачаюцца. Таму ранішняе святло ніяк не можа прабіцца на сена.
Добра, што вушы не падводзяць, а вочы... Зрэшты, няма чаго Бога гнявіць. Яшчэ ў сорак чацвёртым, пасля ранення пад Рагачовам, пракачаўся ў шпіталі чатыры месяцы і яго камісавалі па блізарукасці. Бравусаў вярнуўся дамоў, акрыяў, маці лячыла ягадамі, найбольш чарніцамі, і о дзіва, ён схаваў у шуфляду стала акуляры і не даставаў іх амаль сорак гадоў!
А мінулаю восенню давялося пра акуляры ўспомніць. Дык гады ж не малыя. Колькі чаго перажыта! Колькі актаў, пратаколаў склаў участковы інспектар міліцыі Бравусаў за трыццаць гадоў добрасумленнай службы! Мог загінуць яшчэ ў першыя месяцы вайны, калі прабіраўся з акружэння ажно з-пад Яльца ў родную вёску. Колькі разоў глядзеў смерці ў вочы камандзір партызанскага ўзвода Валодзька Бравусаў! І награшыў нямала. Пад Рагачовам раззлаваны спрэчкай з салдатам Рацэевым – той лаяў калгаснае жыццё, – нават узяў яго на мушку падчас атакі. Але не паспеў націснуць на курок: нямецкі снарад апярэдзіў. Ад Рацэева засталося адно ашмоцце...
І ўсё ж Бравусаву, мусіць, было наканавана забіць чалавека. Ён зрабіў гэта не наўмысна: Крупадзёраў, былы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках, на добрым падпітку кінуўся на яго з кулакамі. Бравусаў бараніўся і перавысіў меру абароны – неспадзявана задушыў гаспадара хаты, з якім разам выпівалі. Крупадзёраў запрасіў Бравусава прыехаць па дробную бульбу, хацеў аддзячыць, што дапамог выкапаць увесь агарод. Сустрэча даўніх знаёмцаў сталася трагічнай. Але ніхто пра гэта не дазнаўся: былы ўчастковы замёў сляды.
На дварэ святлела, у шчыліны адрыны цадзілася ранішняе святло, але сонца яшчэ не ўзышло, і ўставаць Бравусаў не спяшаўся. Пачуў, як ляснулі дзверы веранды – значыць, выйшла Марына. Ах, каб яна сюды завітала! А мо паклікаць? Жаданне імгненна авалодала ім, хуценька адчыніў вароты, гукнуў:
– Марына! Хадзі на хвілінку.
– Ну, як табе спалася? – Марына пільна зірнула на яго. – Учора ты перабраў троху.
– Ды не, Марынка. У мяне, хвакцічаскі, шматгадовая трэніроўка. Паўлітэрка ды пры добрай закусі, што сабаку муха. Не будзем пра ета. Мы з табой яшчэ сянні не цалаваліся, – прыхінуў да сябе жонку, абняў пяшчотна.
– Дык не было ж калі. Яшчэ і сонца не ўзышло.
– А што нам сонца? Ты – маё сонца. Ты – мая радасць, – ён пачаў яе цалаваць, усё болей распаляючыся...
Марына не ўхілялася ад пацалункаў, наадварот, ускінула яму рукі на плечы, прыўзнялася на дыбачкі і аддалася асалодзе. Нават пах гарэлкі не перашкаджаў, яна і сама выпіла ўчора пару кілішкаў, моцна спала і прачнулася з жаданнем ласкі. Усё яе цела, якое чакала мужчынскай любові амаль цэлае паўстагоддзе, перапаўняла спрадвечная жарсць. Марына выйшла на вуліцу, пацягнулася, пашкадавала, што не пайшла спаць на сена, захацелася, каб ён паклікаў яе. І ён адчуў ейнае жаданне. Хіба гэта не дзіва!
Марына думала пра гэта, калі разгарачаная, шчаслівая, ляжала на яшчэ дужай руцэ свайго мужа.
– Я вось ляжу, а ў мяне яшчэ ўсё трапечацца, – шумна дыхаючы, сказаў Бравусаў.
– Дакуль ты ячшэ будзеш трапятацца? – у голасе Марыны ён пачуў усмешку, задаволенасць і спадзяванне на новую радасць.
– На дзве пяцігодкі мяне хопіць. А можа, і на тры.
– Ну, расхрабрыўся, як той певень.
– Да пеўня мне далёка. Ён, хвакцічаскі, пакуль трох-чатырох чубатак уранні не патопча, зерне дзяўбці не стане. А я толькі цябе хачу, ластаўка ты мая мілая…
Бравусаў злавіў сябе на думцы, што першай жонцы, Тамары, з якой пражыў трыццаць пяць гадоў, рэдка казаў ласкавыя словы. Цяпер зразумеў, што грэх шкадаваць добрага слова Марыне, якую любіў з маладосці, якую помніў усё жыццё і ўжо не спадзяваўся, што лёс звядзе іх.
Марына быццам здагадалася, пра што ён думае, шурпатаю, агрубелаю далонню пагладзіла яго твар, парадзелыя сівыя валасы... Яна была ўдзячная небу, Богу, хоць і не верыла ў глыбіні душы, што ён ёсць, за гэтую радасць на сыходзе гаротнага, самотнага жыцця. Марына нічога добрага ўжо не чакала. Думала, як дажываць адной у пустой бацькоўскай хаце. І тут з'явіўся Бравусаў. З таго часу, як пачалі жыць разам, яна часцяком пазірала ў люстэрка і не пазнавала сябе: пад вачыма разгладзіліся гусіныя лапкі зморшчынак. Вочы па-маладому заблішчэлі. Марына не хадзіла, а лётала па зямлі, ёй хацелася спяваць, скакаць, абдымаць штоначы свайго мужа. Неяк Юзя. Мамутава жонка-мінгчанка, прынесла загорнутую ў газету кніжку. “Пагартай, Марынка. Тут усё пра любоў. “Кама-Сутра” называецца. Мне сяброўка з Масквы прывезла. Хай і Усцінавіч пачытае. А ў ложку добра чытаць удваіх,– падміргнула Юзя.– Натхняе мужыкоў на подзвігі. Мой Еўдакімавіч, граматны чалавек, дырэктар школы. А пагартаў кніжку, дык сказаў, што ў яго вочы адкрыліся. І мы смялейшыя робімся”.
Марына гартала кніжку і дзіву давалася, што пра гэтаможна так адкрыта пісаць, што ў кнізе могуць быць такія здымкі – мужчына з жанчынаю ў самых розных позах. Бравусава найбольш здзівілі не фотаздымкі, а старадаўнія скульптуры голых мужыкоў і жанчын таксама ў розных позах. “Ета ж тысячы гадоў таму людзі ўмелі любіцца. А мы жывем напрыканцы дваццатага стагоддзя і ні храна, хвакцічаскі, не ведаем. Нам далдонілі: у СССР сэксу няма. І песню штодня круцілі па радыё. Па тэліку: “Раньше думай о родине, а потом о себе”. Дык пра сябе і падумаць не было калі”.
Бравусаў нібы адгадаў яе думкі, моўчкі прыхінуў, цмокнуў у шчаку. . – – Ну што, перастаў трапятацца? Дзе там твой трапятун? – Марына шчасліва ўсміхнулся. Рука яе смела каўзанулася пад коўдру, намацала мужаў пеніс, пяшчотна пагладзіла, нібы дзякавала за радасць. Учора яны мыліся ў лазні. Чыстыя. Чаму не пагладзіць, калі гэта прыемна і яму. і ёй.
– Некалі ў медыцынскай кніжцы я вычытала, што левае яечка ў мужчын большае за правае. Аказваецца. ета праўда. От зараз перакналася.
– А я. хвакцічаскі. й не ведаў.– зарагатаў Бравусаў.– Мяне ета не клапаціла. Галоўнае. каб стаяў…
У пуні зарыкала карова, а потым сцішана заржала кабыла.
– Нічога. Паспеюць. Хай пачакаць. Цяпер дужа халодная раса. Травы хапае, – Бравусаў пазяхнуў, соладка пацягнуўся. – Паляжым пару хвілін ды й будзем падымацца.
– Я завяду кабылу. І карову выпушчу. А ты адпачні...
– Мілачка мая, усю ноч адпачываў, хвакцічаскі. А што любоўю мы з табою заняліся, дык ці ж ета работа? Ета ж асалода. Смаката. На цэлы дзень, хвакцічаскі, зарадка . Вось пайду касіць атаву. Буду махаць касою і радавацца. Скулля яму, етаму Чарнобылю. Дулю з макам! Будзем жыць і радавацца. І нікукды адсюль не паедзем.
– Я згодна. Што мы лепшае знойдзем? Тут ужо будзем дажываць. Тут дзяды нашы, прадзеды на кладзішчы... І мае, і твае недалёка... – Марына ўздыхнула, спыталася: – А што сянні будзем рабіць?
– Ну, я атаву пайду касіць. Калі надвор’е пастаіць, дык за тры дні высушым. Хоць бы пару вазоў назбіраць яшчэ. Яно і пазней можна ўкасіць. Сянні толькі дзевятнаццатага.
– Ета ж сянні Спас! – спахапілася Марына. – А я хацела жаць бульбоўнік, ён ужо сохне. Ці можна еткім святам?
– Працаўнікам Бог даруе. Гультаёў, латругаў не любіць. А бульбоўнік паложана жаць за два тыдні да ўборкі, – упэўнена сказаў Бравусаў.
Апошнія гады ён шмат чытаў розных вучоных кніжак і мог паспрачацца з аграномам калі што сеяць, калі ўбіраць.
Яны ўвайшлі ў хату. На кухні гаварыла радыё, якое ніколі не выключалі, адно прыцішалі на ноч. Бравусаў прыбавіў гуку і выразна пачуў:
– Соотечественники!.. Граждане!..
У яго аж сэрца ёкнула. Няўжо зноў вайна? Ён прынік да матавага, з мушынымі кропкамі, рэпрадуктара, уключыў на ўсю моц. Рэпрадуктар пачаў трашчаць, шумець, але Бравусаў разабраў усё. У Маскве створаны “Государственный комитет по чрезвычайному положению – ГКЧП”. Уваходзяць у яго восем чалавек: міністры, члены Палітбюро. Бравусаў пачуў знаёмыя прозвішчы: галоўнага кадэбэшніка Кручкова, міліцэйскага міністра Пуга, маршала Язава, а таксама віцэ-прэзідэнта Янаева, сакратара ЦК Бакланава.
“Ну, дык у іх і так уся ўлада. Якога ражна ім трэба? Кіруйце! А можа, Гарбачоў супраць? Не дазваляў... Хто іх разбярэ”, – думаў Бравусаў.
Падышла і Марына, яна завіхалася ля печы, але таксама лавіла вухам тое, што дзеецца ў Маскве.
– Дык што яны задумалі? Навошта ім ета палажэнне надзвычайнае?
– Я мяркую, што яны, хвакцічаскі, хочуць спіхнуць Гарбачова. А тады прышчаміць хвост етым розным дэмакратам. У Прыбалтыцы, ў Малдавіі, у Грузіі..
– Ой, мусіць, прыбалтам ета не спадабаецца. Яны ж сваю ўладу ўстанавілі. Хоць бы вайна не ўсчалася, – устрывожылася Марына. – Хіба мала Чарнобыля на нашу галаву? Дык яшчэ і етае ГКЧП. З жыру бесяцца яны там у Маскве, – Марына крутнулася з вядром за парог.
Бравусаў зноў прынік да рэпрадэктара. Радыё перадавала весткі з Арменіі, Літвы, Малдавіі, Эстоніі. Усюды ўсё спакойна. “Дзякуй Богу, пакуль без крыві”, – падумаў Бравусаў і пачаў збірацца на сенажаць. Ён вывеў кабылу Зорку, Марына выгнала хлабазінаю Красулю. Ярка-ружовае сонца, падобнае на апельсін, нізка вісела над лесам. Яно толькі ўзышло і цяпер памалу ўскочвалася на бялёса-блакітны купал неба. Над Бесяддзю клубіўся рэдкі, белы, нібы касмылі ваты, туманок.
Разгараўся яшчэ адзін жнівеньскі дзень над Прыбяседдзем, засыпаным смертаноснымі радыенуклідамі. Усёабдымная цішыня панавала навокал. Адно зрэдку падавалі голас пеўні. Не чутно было і чалавечых галасоў, быццам усе хатыньчане прыліплі да рэпрадуктараў і лавілі весткі з далёкай Масквы, дзе ўтварылася нейкае незразумелае, страхатлівае ГКЧП.
Думаў пра падзеі ў Маскве і Бравусаў, рытмічна, звыкла, махаючы касою. Расяная атава рэзалася лёгка, услед за ім цягнуліся дзве рудавата-зялёныя дарожкі-сляды і бухматыя валкі-пракосы. Праз гадзіну-другую касец добра ўгрэўся, хапянуў жменю зрэзанай травы, выцер касу, старанна памянташыў. І падалося, што звон ад касы пакаціўся над шырокім парыжэлым лугам і растаў, патануў у Бесядзі. Бравусаў уторкнуў касу, нібы вітку, касільнам у зямлю, каб здалёку была відаць, і нетаропка пайшоў да ракі.
Сонца паднялося вышэй, пачало прыпякаць, але ўжо не так шчыра, як у Пятроўку, быццам зберагала сваю гарачыню да наступнага лета.
Ранішняе сонца ў Спасаўку – нібы позняе каханне, грэе, але не пячэ, падумаў Бравусаў і здзівіўся: ці ён сам зрабіў гэткае адкрыццё, ці дзесьці вычытаў. Але мне пашанцавала зведаць і гарачае каханне на сконе жыцця, разважаў ён далей. І гэта была менавіта яго, уласная думка, гэта было самім перажытае, зведанае, дзесяткі разоў абдуманае, пачуццё. І нават сёння ён з такою асалодаю абдымаў сваю любую...
Ля вады Бравусаў азірнуўся і сцішана ўзрадаваўся – тое самае месца, дзе ён сустрэўся Марынаю, дзе ўпершыню пачуў ейнае прызнанне: “І ты, Валодзечка, наравіўся мне”. Марына ў той дзень пасвіла з бацькам кароў – адбывала радоўку, а ён на добрым падпітку вяртаўся з імянінаў Крупадзёрава. І было гэта летам 1981 года. А ў тую восень Бравусаў сваімі рукамі прыдушыў імянінніка – узяў грэх на душу. Зірнуў на свае далоні, аж сцепануўся. Колькі жахлівых начэй правёў Бравусаў пасля таго здарэння, але і зараз, амаль праз дзесяць гадоў, ён выразна памятае ўсё, што тады адбылося. “Няўжо ён так і будзе мучыць мяне да канца дзён? Сам кінуўся біцца, хацеў схапіць нож...” Закарцела, як найхутчэй памыць рукі...
Спіна ўжо ўзмакрэла. Бравусаў сцягнуў выгаралую, некалі сінюю, міліцэйскую форменную кашулю. Азірнуўся, куды б яе павесіць, бо на мокрую траву класці не хацелася. Згледзеў метраў за дзесяць уніз па цячэнні каржакаваты куст алешніку, пакіраваў да яго. Яшчэ далей тырчалі два пні – усё, што засталося ад колішняга парому.. Як хутка мяняецца ўсё на зямлі, думаў Бравусаў, такая ўезджаная дарога паўз раку вяла да пераправы, а цяпер ад яе няма і знаку – усё зацягнула густым, як воўна, мурагом. А ён жа каціў паўз раку ў той дзень на веласіпедзе.
Паехаў па гэтай дарозе не таму, каб асвяжыцца ў Бесядзі, а каб не трапіць на вочы свату Івану Сырадоеву, бо ён тады быў старшынёю сельсавета і ў душы лічыў Бравусава за выпівоху, хоць і сам чарку ніколі не праносіў міма рота. Гэта Бравусаў ведаў дакладна, бо не раз частаваліся ў маладыя гады – былы ўчастковы і былы фінагент працавалі ў адным сельсавеце. Як усё знітавана ў жыцці! Не паехаў бы ён паўз раку, не сустрэў бы Марыну, мо пасля смерці жонкі сышоўся б з другою жанчынаю, бо каханне да Марыны з гадамі прытупілася, а крыўда на яе жыла ў глыбіні душы. І як не крыўдаваць: адзіная дзяўчына, якая пагрэбавала ім, лепшым кавалерам ва ўсім наваколлі, не паквапілася на блішчастыя афіцэрскія пагоны, не скарылі яе русявыя кудры і нахабна-прыгожыя сінія вочы. Не раз думаў Бравусаў пасля сваркі з Тамараю, што ягонае сямейнае жыццё магло быць інакшым. Адно суцяшала: выгадавалі добрых дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Як ні круці, сын – дырэктар школы, а дачка ўрач, а цяпер нават загадчыца паліклінікі ў Магілёве. Гэтым можна ганарыцца!
З Тамараю ён зведаў шмат радасці. Была яна здаровая, не брыдкая з выгляду.. Мела высокія поўныя грудзі, якія любіў цалаваць і жартам прыгаворваць: "Нуй жонка ў мяне! Поўна пазуха цыцок.. Сісі – па місе. На адну можна легчы, а другою накрыцца." І Тамары падабаліся ягоныя грубаватыя жарты. Старалася дагадзіць. Бо заўсёды памятала своё падман: сказала, што зацяжарыла, а дзіця нарадзілася амаль праз год пасля Тамарынага “прызнання”.
Праўда, ён рэдка дакараў жонку за той падман, можа, разы два ўпікнуў за ўсё жыццё, дый то пасля сваркі. Ён ніколі не думаў, што яго Тамара, здаровая, гладкая, незмардаваная цяжкою працаю кабета, так раптоўна згасне. Калі парыўся з ёю ў лазні, заўсёды любаваўся ейнымі шыкоўнымі формамі. У апошнія гады яна пачала таўсцець, прычым не знізу, не ў клубах, а ў плячах і ў грудзях. Але і ў гэтым была свая жаноцкасць і вабная прыгажосць. Ейныя грудзі аказаліся, так бы мовіць, Ахілесаваю пятою, у іх і ўбіўся кляшнясты вусач – рак, які і звёў дачасна ў магілу яшчэ не старую жанчыну – Тамары не было і шасцідзесяці. Цяпер бы спісалі на Чарнобыль, але ж Тамара памерла за тры гады да аварыі на атамнай станцыі,. Значыць заўсёды была гэта праклятая анкалогія.
Бравусаў старанна умыўся, засіліў прыгаршчы вады, лінуў на грудзіну некалькі халодных кропель трапілі ў штаны, ён патупаў гумовікамі, быццам застаялы конь Рачная вада пахла яварам, водарасцямі, рыбінаю лускою, яшчэ нечым таямніча-прыемным. І дзе тут тая радыяцыя? Дзе смяротныя нукліды, разважаў Бравусаў, усё, як і раней. Нават рыбы паболела, бо паменела рыбакоў, а некаторыя і есці баяцца рачную рыбу, таму і не ловяць.
Ён узяў кашулю на руку і пайшоў да сваіх пакосаў. Ідучы, акінуў вокам вёску. Здаля яна па-ранейшаму выдавала вялікай і прыгожай, бо хаты амаль усе стаялі на сваіх месцах, дзве ці тры новыя пяцісценкі вывезлі ў суседнюю Белую Гару, а вось слупкі дыму над комінамі курыліся рэдка. Адшукаў свой двор – цяпер хата Мацвея Сахуты стала для яго амаль што роднаю, а сваю ў Белай Гары прадаў і перасяліўся сюды, у зону. Над страхою кучаравіўся тонкі сівы слупок дыму. Уявіў Марыну, якая завіхаецца каля печы, пэўна, пячэ дранікі, бо што ні кажы, ён зарабіў іх...
Бравусаў кінуў вокам далей. Каля Шамаўскага ручая цягнулася ўгору дымная сцяжынка – там жыў аднарукі Цімох Емельянаў, яшчэ гэткая сцяжынка праставала ў неба з-за купчастых вербаў – там дажывала век Вольга. Ейны сын, Пецька, якога змайстраваў ёй Цімох у пасляваенныя гады, цяпер паважаны чалавек, працуе брыгадзірам у Белай Гары, выгадаваў траіх дзяцей і матку не забывае, часцяком траскоча ягоны матацыкл. І ўсё нешта вязе ў матчын двор. Але і ад маці без гасцінцаў ніколі не вяртаецца.
Жывуць Хатынічы, хоць і слаба, але яшчэ дыхаюць. Бравусаў ведаў, што ў вайну вёску напалову спалілі немцы. Мацвей Сахута, Марынін бацька, будаваў новы дом, у яго сям'я перабралася пасля цёмнай і сырой зямлянкі, у якой давялося зімаваць жонцы з дзецьмі.
Бравусаў зноў узяўся за касу, прайшоў некалькі пракосаў і раптам пачуў сцішанае ржанне – спутаная Зорка быццам клікала яго. “Чаго ты хочаш, ваўкарэзіна? Хіба табе травы мала? Паіць цябе яшчэ рана”, – падумаў Бравусаў, пашукаў вачыма навязаную далей, на балоцвіне каля Градзі, Красулю. І ўбачыў Марыну – здалёк пазнаў па белай хусцінцы. Дый хто яшчэ мог ісці да яго?! Толькі Марына, даўняе каханне, якая ўсё-ткі стала ягонаю хоць напрыканцы жыцця. І хваля пяшчоты, любасці да гэтай жанчыны, у якой быў першым мужчынам, абрынулася на яго. Каб не я, так бы і звекавала дзеўкаю-цноткаю, падумаў Бравусаў, так бы і не зведала мужчывнскае ласкі.
Выплыў з памяці сонечны вясновы дзень. Бравусаў вяртаўся з Мамонаўкі-Парцюкоўкі, дзе начаваў у Просі. Быў ужо ўдаўцом, і таму не было куды спяшацца, не было каго баяцца: і Прося, і ён – людзі вольныя. Пенсіянеры. Каго і чаго ім баяцца? Людскіх абгавораў? Дык людзі заўсёды будуць гаварыць, але памянташаць языкамі, дый перастануць. А жыццё адно, адзінае, у кожнага сваё, і другога не будзе.
Прося, як дачулася пра смерць Тамары, нават сама аднойчы завітала да Бравусава: маўляў, вярталася з раёна, выйшла з аўтобуса, хоць магла гэта зрабіць каля пасёлка Казельскага – адтуль да ейнай хаты ўдвая бліжэй. Гаспадар пачаставаў яе, памянулі Тамару, запрашаў застацца, але Прося не згадзілася:
– Ну што ты, Усцінавіч? Яшчэ ложак не астыў пасля жонкі.... Прыедзь калі-небудзь да мяне.
– А дранікі будуць? – па даўняй звычцы выскаліўся Бравусаў.
– Чаму ж не? Будуць.
І ён прыехаў. І застаўся на ўсю ноч. Абое засумавалі па ласцы і пяшчоце не ведалі стомы. Да таго ж Прося імкнулася паказаць усё, на што была здатная. Яна спадзявалася, што Бравусаў прапануе жыць разам. Прося хацела гэтага і ў той жа час баялася... Памятала маладога партызана Бравусава, які хацеў яе, жонку паліцэйскага, і малых дзяцей паставіць да сценкі, але старэйшыя партызаны не далі. А потым Прося шмат гадоў тайна сустракалася з участковым. Пазней, калі ён выйшаў у адстаўку, бачыліся радзей.
Дамовіліся сустрэцца і ў той восеньскі дзень, калі Бравусаў прыязджаў да Крупадзёрава, але тое, што там здарылася, сарвала іхняе спатканне. Прося, калі дачулася пра смерць Крупадзёрава, адразу падумала: Валодзька справадзіў свайго хаўрусніка на той свет. Але пра сваю здагадку нікому не сказала, і з Бравусавым ніколі Крупадзёрава не згадвала. Жыццё прывучыла ўдаву паліцэйскага моцна трымаць язык на прывязі, бо ніводнае лішняе слова ёй не даруецца. Неяк пасварылася з суседкай з-за курыцы, якая ўбілася ў грады, дык тая злосна ашчэрылася: “Ах ты, гадаўка! Сучка паліцэйская...” – і пасыпала матам-пераматам.
О, каб хто ведаў, як праклінала Прося бяссоннымі начамі вайну, якая разлучыла з мужам, асіраціла яе дачку і сына. Не, старшы паліцэйскі, Сцяпан Варонін, не загінуў. У той дзень, калі пяцёра партызанаў пад камандаваннем Валодзькі Бравусава прыехалі арыштоўваць, Сцяпану ўдалося ўцячы, але яго паранілі ў нагу. У Саковічах у бальніцы зрабілі аперацыю, немцы ўзнагародзілі медалём за храбрасць. Разам з немцамі Сцяпан падаўся на Захад і апынуўся ажно ў Аргенціне, дзе жыве і зараз, мае новую сям’ю, сына, унукаў, зрэдку дасылае лісты Просі, дачцэ Ніне.
Дык вось, Бравусаў вяртаўся ад каханкі, ехаў цераз Хатынічы і сутыкнуўся з Марынай. Яна была ў цёмнай хустцы, цёмнай спадніцы. Бравусаў чуў пра смерць Мацвея Сахуты, спыніў каня, павітаўся, выказаў спачуванне.
– Дзякуй, Усцінавіч. Што тут зробіш? Ён сваё пражыў. Восемдзесят з гакам... Прымі і ты спачуванне. Чула, жонку пахаваў...
– На жаль, так, – уздыхнуў Бравусаў, твар ягоны спахмурнеў, перасмыкнуліся вусны, і ён адвёў вочы ўбок.
Марына не магла не заўважыць, што гэта было шчырае шкадаванне, нечакана для сябе самой дакранулася да яго рукі:
– Не бядуй. З таго свету не вернеш. У цябе ёсць дзеці, унукі.
У гэтых словах ён пачуў прыхаваную шкадобу, можа, нават дакор самой сабе, што іхнія шляхі не сышліся.
– Можа, памагчы ў чым? Конь жа ў мяне ў руках. Не саромейся, кажы, калі трэба.
– Ну, пад’едзь. Можа б, якога алешніку прывезлі на дровы.
І ён прыехаў. Прывезлі дроў. А потым была ноч на сенавале. І нічога ў іх не атрымлівалася. Цалавала Марына горача, уся гатовая аддацца, а далей нічога не атрымлівалася. Бравусаў злаваў на сябе, на яе. Марына супакойвала:
– Мне і так з табой добра. Не перажывай.
– Ну задзірванелая твая давалка.
– Не хамі, Валодзя. Я ні ў чым не вінаватая. Не знала я мужыкоў. Ты ж ведаў майго хлопца.У адным атрадзе былі.
Марына схадзіла ў хату, вярнулася, абняла яго, моцна пацалавала. І ў іх усё атрымалася.
А праз пару месяцаў былы ўчастковы перабраўся ў Хатынічы.
Усё гэта, быццам на кінаплёнцы, прамільгнула ў галаве Бравусава за лічаныя хвіліны, пакуль Марына набліжалася да яго. На плячы ў яе бялеліся граблі.
– Ну, дык ладнага ўжо ўкасіў. Пайшлі снедаць. Можа, я разаб’ю пакосы. Хай падсыхаюць.
– Разбіваць яшчэ ранавата. Хай вецер абвее. Але можна паспрабаваць.
Ён кассём, а Марына граблямі ўдваіх хутка разварушылі скошаную траву і пайшлі дадому.
– Што перадаюць? Якія навіны? – спытаў Бравусаў.
– Паўтараюць тое самае. Канцэрт усё перадаюць. “Вижу чудное приволье…”
– Эх, каб не Чарнобыль! Лепшага прыволля, чымся ў нас, не знойдзеш на свеце.
Бравусаў абняў Марыну за плечы, і так, абняўшыся, яны ішлі да вёскі.
Пасля снядання гаспадар зноў касіў. Марына варушыла атаву, даіла карову, даглядала гаспадарку. Бравусаў махаў касою, а думкі былі далёка ад Хатынічаў: што там робіцца ў Маскве? А як адгукнецца Мінск на гэтае ГКЧП? Думаў пра апошнія падзеі спакойна, без асаблівай трывогі: у зоне адсялення нічога не пераменіцца.
Па абедзе ён уключыў тэлевізар: можа, там што скажуць пра падзеі ў Маскве, але па адной праграме паказвалі балет “Лебядзінае возера”, а па другіх – нічога. Па радыё абвясцілі: у 19.30 будзе прэс-канферэнцыя ГКЧП. Гэта трэба паглядзець, вырашылі яны з Марынай. Бравусаў пакіраваў на сена, бо адчуваў утому ва ўсім целе. Ён звычайна адпачываў трохі пасля абеду, бо пад канец для часта балелі ногі: ці радыяцыя, ці старасць таму былі прычынаю, а хутчэй за ўсё і радыяцыя, і старасць аб’ядналіся супраць яго. Бравусаў рэдка скардзіўся Марыне на сваю немач, балазе сілы на абдымкі хапала.
Надвячоркам хораша касілася атава, бо раса ў жніўні выпадае рана. Потым ён напаіў у Бесядзі Зорку, зноў спутаў і пусціў на луг – хай пасвіцца да цёмнага. Калі прыйшоў дадому, прэс-канферэнцыя ўжо скончылася. Не паглядзела яе і Марына. Па тэліку зноў гучалі песні народаў СССР.
– Трэба “Время” паглядзець. Там усё пакажуць, – разважыў Бравусаў.
У Спасаўку цямнее раней. Да дзевяці вечара ўсе работы былі скончаны, накормлены два парсюкі, дагледжаныя Зорка і Красуля стаялі ў пуні. Бравусаў угаварыў Марыну за вячэраю кульнуць па кілішку самагонкі – усё-ткі свята, яблычны Спас. Марына пабедавала, што яблыкі не асвяціла ў царкве, што няма паблізу храма.
– Можна і так есці. Спас – усяму час. Ета калі ў жанчыны дзеці паміралі, дык ёй нельга да Спаса есці яблыкі...
Марына нічога не адказала, бо напамін пра дзяцей заўсёды балюча вярэдзіў душу. Бравусаў гэта зразумеў, начапіў акуляры і прыціх. Уся ўвага – на экран. І вось яны з’явіліся. Стары тэлевізар паказваў не дужа выразна, але Бравусаў угледзеў, што ў Янаева, галоўнага закапёршчыка, трэсліся рукі, калі ён пачаў пераказваць іхнюю праграму: трэба навесці ў краіне парадак, што “в отдельных местностях” будзе аб’яўлена надзвычайнае становішча, што прэзідэнт Гарбачоў хварэе, але неўзабаве паздаравее і яны будуць працаваць разам.
Ён слухаў, разважаў і нічога незвычайнага ў гэтых паведамленнях не знаходзіў. Прэм’ер – на месцы, сілавыя міністры – таксама. Значыць, парадак будзе забяспечаны. Хто ж у іх, хвакцічаскі. галоўны закапёршчык? Былы ўчастковы прафесійным, учэпістым вокам прыдзірліва ўглядаўся ў твары змоўшчыкаў. Можа, прэм'ер Паўлаў? Не, на ягоным добра ўкормленым твары, у глухаватым голасе не было рашучасці. Маршал Язаў? І ягоная шырокая мурлатая фізія была занадта спакойная і нават абыякавая. Усім сваім выглядам ваяка нібы казаў: вы тут петушыцеся, а ці даваць танкісатм загад, я падумаю. Бравусаў асабліва ўважліва прыглядаўся да міліцэйскага міністра Пуга. Генерал быў хмурны. Задужа змрочны. Быццам у яго балелі зубы. "Нешта Пуга, як не ў сваёй талерцы, – разважаў участковы. – Разумее, што яму давядзецца землякоў-латышоў, усіх прыбалтаў, заганяць назад. У савецкую канюшню. А яны ўжо свежага паветра дыхнулі, не захочуць назад. Клопату ў яго можа быць. хвакцічаскі, па макаўку". Найбольш актыўна і ўпэўнена паводзіў сябе шэф КДБ Кручкоў. Мусіць, ён у іх атаман, вырашыў Бравусаў. Без кадэбэшнікаў такія справы не робяць. А Янаеў – марыянетка. Але баіцца болей за ўсіх. Паперы падпісаў і спалохаўся. Вунь як рукі дрыжаць. Мандраж Янаева асабліва ўразіў былога ўчастковага. “Эге, браток, калі ты етак баішся, дык наўрад, каб у цябе нешта атрымалася. Дрыжачымі рукамі ўласць не ўтрымаеш. Усе ж людзі ўбачылі, які ты храбры заяц...” – падумаў Бравусаў. Сказаў пра гэта Марыне.
– А што нам да іх? Як сабе хочуць. А рукі дрыжаць, можа, з пахмелля. Не тлумі галаву. І не думай пра іх. Дзе будзеш спаць? Пойдзеш на сена?
– Пайшлі разам.
– Хіба ты не нарабіўся за дзень? Уранні былі разам...
– На пацалункі ў мяне заўсёды ёсць жаданне.
Яны доўга цалаваліся, стоячы каля парога, быццам на раздарожжы.
Бравусаў у душы дзякаваў Богу, усяму беламу свету, што нарэшце ён разам з гэтай жанчынай, быць з якой яму хацелася з маладосці і праз усё жыццё.
На дварэ уладарыў ядраны, расяны звонкі жнівеньскі вечар. Бравусаў зірнуў на неба і ажно застыў ад здзіўлення: цёмны купал неба быў усыпаны буйнымі мігатлівымі зоркамі. Нездарма пішуць, што жнівеньскія зоркі самыя яркія, а росы самыя густыя. Пасля выхаду ў адстаўку ён шмат чытаў. Кнігі, газеты, календары – усё, што трапляла на вочы.
Спаць не хацелася. У галаве, як ні адганяў, засела, нібы цвік, вярэдлівая думка пра ГКЧП. Нешта тут не так, разважаў ён, хай сабе прэзідэнт прыхварэў. Але ж паперы ён мог падпісаць сам. Аўтаручка – гэта ж не пудовая гіра. Выходзіць, ён супраць. А ягоныя хаўруснікі скарысталі адсутнасць. Стварылі ГКЧП. Некалі ж Хрушчоў паехаў у Піцунду пуза грэць, а ў Маскве без яго сабралі пленум ЦК: прыязджай, Мікіта Сяргеевіч, мы тута ўсе чакаем цябе. Прыехаў. І турнулі з усіх пасад. Не далі і слова сказаць у апраўданне. Сядзі і не вякай. Так і з Гарбачовым можа быц.ь.
Мільганула думка: варта было б схадзіць да настаўніка Мамуты, можа, ён “галасы” якія слухаў. Але позна ўжо, дый намарыўся за дзень Заўтра схаджу абавязкова, вырашыў Бравусаў, пазяхнуў, але адчуваў, што не засне, сеў на калодку каля варотаў. Зноў угледзеўся ў неба. Увесь паўночны яго бок быў добра відзён, таму лёгка адшукаў Вялікую Мядзведзіцу, а потым – Малую Мядзведзіцу. Гэтыя сузор’і нават ведаў ягоны бацька, хоць і меў усяго тры класы за плячыма. І называў ён іх – Вялікі Воз і Малы Воз. Палярную зорку Бравусаў навучыўся знаходзіць, калі служыў у войску. Па ёй вызначаў свой шлях, калі з акружэння дабіраўся дамоў. А потым ужо ягоны сын-дзесяцікласнік паказаў сузор’е Высяжар – па-навуковаму Плеяды. Адшукаў іх зараз: быццам жменя зыркіх вугольчыкаў сузор’е даволі нізка вісела на ўсходзе. Непадалёк ад Плеядаў Бравусаў угледзеў светлы шарык, які нібы каціўся між зорак. “Няўжо спадарожнік?” – устрапянуўся ён, але неўзабаве ўбачыў пульсуючы чырвоны агеньчык – значыць, самалёт. Курс трымае на захад. Можа, на Мінск, а можа, на Варшаву ці Берлін.
Вось ляцяць у тым самалёце людзі, хто дрэмле, хто гамоніць між сабою. Толькі што селі ў адным горадзе, а праз гадзіну-другую ўжо за тысячу кіламетраў. Да чаго навука сягнула высока! А на Зямлі, як не было парадку, так і няма. У небе ўсё рухаецца па спрадвечнай завядзёнцы, а на Зямлі чорт ведама што робіцца, то войны, то перавароты. Мусіць, і першабытныя людзі бачылі неба такім жа, як і цяпер, дзівіліся, давалі назвы сузор’ям, планетам.