355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 8)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 19 страниц)

– Вы што, жартуеце? На якую пасаду? – здзівіўся Раковіч.

– Ляснічым на сваёй радзіме. Дзе некалі пачынаў сваю...

Сахута шукаў патрэбнае слова і нібы спатыкнуўся. Напрошваліся варыянты: сваю біяграфію ці жыццёвую дарогу, ці дзейнасць. Але ўсе варыянты падаліся занадта пафаснымі: выходзіць, што ён за трыццаць гадоў падняўся на адну прыступку – вырас ад памочніка да ляснічага!

Раковіч, мусіць, зразумеў перажыванні, душэўны стан мінскага госця, бо паспяшаўся падбадзёрыць:

– Андрэй Мацвеевіч, у вас ёсць шанц за два-тры гады прайсці шлях ад ляснічага да міністра. Гэта варта адзначыць.

Гаспадар кабінета дастаў з сейфа пляшку каньяку “Белый аист”, заказаў сакратарцы тры кубкі кавы.

Анатоль Раковіч не чакаў такога павароту і быў сапраўды рады, што высокі сталічны госць не пабаяўся радыяцыі, кідае сталіцу, каб пачаць працу на сваёй радзіме. Задаволенасць была і на твары Іосіфа Капуцкага, але ў глыбіні яго цёмных круглых вачэй затаілася нязгода са словамі старшыні райвыканкама: ён, дырэктар лясгаса, павінен ісці на павышэнне, бо ўжо наеўся радыенуклідаў, ягоная дачка хварэе на шчытавідную залозу. У душы Іосіфа Францавіча памацнела надзея, што ён вырвецца адсюль. Але зробіць гэта з годнасцю – падымецца ўгору па кар’ернай лесвіцы.


Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету,  1991 г.

3 кастрычніка. Пінск Брэсцкая вобласць. Сесія гарадскога Савета вырашыла вярнуць Пінску герб, нададзены яму па Магдэбурскім праве 1 студзеня 1581 года – у перыяд кіравання Стэфана Баторыя.

4 кастрычніка. Берлін. Германія адзначыла першую гадавіну ўз’яднання краіны. Дзень 3 кастрычніка аб’яўлены дзяржаўным святам.

11 кастрычніка. Вільнюс. 10 кастрычніка на віленскіх могілках Панерай пахавана старэйшая беларуская пісьменніца Зоська Верас. Яе светлае жыццё пачалося 30 верасня 1892 года.

VІІІ

Першы дзень пасля адпачынку ўразіў Пятра Махавікова. І перш за ўсё – незвычайнай цішынёй на студыі. Ціха было ў павільёнах, ціха ў калідорах, маўчалі тэлефоны. За цалюткі дзень яму не пазваніў ніхто з начальства. Сказаў пра сваё ўражанне намесніку Яўгену. Той рагатнуў:

– Начальству ўсё да лампадкі. Усе кінуліся будаваць катэджы. Грызуцца за надзелы зямлі, за льготныя крэдыты. І смелыя ўсе зрабіліся. Ведаюць, што на бюро райкама не пацягнуць. У ЦК не паклічуць. Цішыня. Між іншым, цэнзарку нашу адправілі на спачын. А то ж дурнотай займалася. Памятаеш, які гвалт узняла з гэтым фільмам? Ну, дзе пра Свіслач былі кадры, а далей штаб БВА. Гразіла табе ўляпіць страгача. А на паштоўках гэты пейзаж ва ўсю тыражавалі.

Пятро ўзгадаў тую гісторыю, калі цэнзарка гразілася зняць з эфіру перадачу. А гэта ўжо ЧП! Вялікія непрыемнасці, і перш за ўсё для галоўнага рэдактара. Куды глядзеў? Тады ён, так бы мовіць, узяў адказнасць на сябе.

– Я ў свой журнал запісала, што вас папярэдзіла. Калі хто заўважыць, будзеце адказваць, – скрыпела пільная бабуся ў тэлефонную трубку.

На шчасце, ніхто не звярнуў увагі на той кадр. Усё тады абышлося. А цяпер будзе яшчэ лепей, бо паменее валтузні вакол перадач. Хацелася верыць, што працаваць стане цікавей, вальней.

Дзень канчаўся. Пятро падсунуў бліжэй каляндар, зірнуў на свае занатоўкі: ці ўсё зрабіў? Над лічбай 30, круглай, самавітай, прыпіска драбнейшым шрыфтам: імяніны Веры, Любові, Надзеі.

З гэтай тройцы найбольш яго грэла Надзея. Веры не было, Любоў прытупілася: узрост, што ні кажы, за паўсотню пераваліў, ужо “няма таго, што раньш было...” А вось Надзея – яна памірае апошняй.

Надзея на тое, што ўсё перамелецца,  ператрэцца, пераходзіцца, як цеста ў дзежцы, і жыццё ўвойдзе ў свае спрадвечныя берагі, пакоціцца звыклым ходам. Як бы ні было неспакойна, скрутна на белым свеце, жыццё не спыняецца. Пасля грому надыходзіць зацішша, пасля буры-ўрагану на моры жыццёвым пануе штыль. Пятру захацелася занатаваць гэтыя развагі, дастаў кандуіт, па звычцы адгарнуў некалькі старонак назад , нібы для разгону  прачытаць іх, каб лепей пісалася далей, пра дзень сённяшні.

4 верасня. Серада.   Раніца  была цудоўная, светлая, вельмі ціхая, нейкая зажураная. А па абедзе ўзняўся вецер – значыць, будзе перамена надвор’я. У прыродзе цішыні доўга не бывае. На душы неспакойна. У Маскве на з’ездзе дэпутатаў Гарбачоў не дае нікому сказаць ні слова: аб’яўляе перапынкі – да 15 гадзін, потым да 17. Дэпутат Віктар Алксніс параўнаў сітуацыю з 1918 годам, з разгонам “Учредительного собрания”. Аб’явілі, што ў Кітай драпанулі тысячы партработнікаў і чэкістаў. Нашым туды далёка, а то сыпанулі б... Зямляк Андрэй Сахута, былы сакратар абкама партыі, без працы ходзіць. Яшчэ факт: пісьменнікі Расіі дзяжураць начамі каля свайго будынка – баяцца, што яго захопіць іншая групоўка пісакаў. Дажыліся!

9 верасня.  Аўторак. Які туман! Здаецца, што дрэвы, хаты – усё абкладзена ватаю. Але памалу туман пачаў развейвацца, выбліснула зыркае і яшчэ даволі цёплае сонейка. І ўсё наваколле засвяцілася тонкімі ніткамі павуціння – першая прыкмета бабінага лета. Праз чатыры дні яго каляндарны пачатак. Люблю гэты час у прыродзе!

На мой адпачынак выпала багата гаспадарчых спраў: канчаю лазню, аббіваю сцены прымыльніка вагонкаю – азартная справа! Трэба шукаць печку, рамы на балконе трэба ўстанавіць. Кругом клопат..

Больш за два тыдні жыве незалежная Беларусь. Змен пакуль ніякіх. Хіба што  бел-чырвона-белы  сцяг над гарсаветам. Трохдзённы путч разбурыў саюз непарушны. А што будзе на яго руінах?

Газеты паведамляюць: У Магілеве над будынкам гарадскога Савета лунае бел-чырвона-белы сцяг, красуецца герб “Пагоня”. Нарэшце! А Ленінград ужо стаў Санкт-Пецярбургам. Мінскі гарсавет ставіць пытанн аб вяртанні гістарычнай назовы – Менск.

13 верасня. Пятніца. Пасля моцнага пацяплення – пазаўчора было плюс 23 – зноў захаладала. Восень бярэ сваё. Затое ўчора прывёз два кашы  апенькаў. Цудоўныя грыбы! Не было ўлетку грыбоў, можа, восень аддзячыць за цярпенне. А якая асалода збіраць апенькі! Знойдзеш пень, а ён увесь аблеплены грыбамі. Зверху яны стаяць, нібы раскрытыя парасонікі – чыстыя, бялюткія, здаровыя, а ніжэй малыя, быццам  рудавата-белыя шарыкі. Даводзіцца зразаць толькі “галоўкі” – яны самыя смачныя. Абрэжаш пень, застаюцца белыя карані, нібы працягнутыя рукі; уражанне, што пень крычыць, моліць: “Аддай мае грыбы, маё багацце!”

Сёння амаль паўдня аддаў унуку Алесіку. Звазіў яго з бацькамі ў паліклініку,  дзе ўзяпі ў малога кроў з пальчыка. Спачатку ён маўчаў, потым моцна плакаў. А затым моцна спаў на вуліцы, у двары, а дзед, гэта значыь, я чытаў “Зрячій посох” Віктвра Аастаф'ева. Выдатная рэч! Піша ярка, вобразна, шчымліва лірычна.

Вось і вечар. Ева з Ірынкай пайшлі ў магазін, а я з унукам. Ён зноў заснуў. О, як ён спіць! Ручкі, паўсагнутыя ў кулачкі, ногі, як у жабоцькі, сагнутыя ў каленках і рскінутыя  ў бакі. Здаровенькі, харошы хлапец расце. Пра тое, што ў ягоных жылах не цячэ мая кроў, стараюся не думаць. З Кастусём адносіны добрыя, нявестка неяк прызналася, што зайздросціць нашай дружбе. Вось выдадзім замуж Ірыну, будзе ў нас яшчэ унук ці ўнучка. Жыццё працягваецца. Будзем сеяць, Беларусы!

16 верасня. Панядзелак. У выхадныя ездзілі з Евай на лецішча. Збіралі  апенькі, брусніцы. Прыемны занятак. Адпачылі з карысцю. Надыхаліся паветрам, настоеным на ядлоўцы, на верасе. Ёсць у лясным паветры водар жывіцы і таямнічы, гаркава-сумны пах жоўтага бярозавага лісця.

Трывожыць становішча ў свеце. Заўтра пачнецца сесія нашага Вярхоўнага Савета. Каго выберуць старшынёй? Мабыць, Шушкевіча? Ці Кебіча? Будзе прэтэндаваць і доктар навук Карпенка. Мала ведаю яго. Наўрад, каб ён прайшоў. Дый  Пазняк не пройдзе.

18 вервасня. Серада.  Туманны дзень. Цёпла, ціха. Слухаю па радыё пра сесію нашага парламента. Нарэшце выбралі Стаха шушкевіча, сына беларускага паэта, вязня берыеўскага лагера,– старшынёй вярхоўнага Савета Беларусі. Прэтэндавалі ўчора ён, Кебіч, Карпенка і Заблоцкі. Пазняк зразумеў, што не пройдзе. І не лез. Пасля галасаванняў засталіся Шушкевіч і Кебіч. Але ніводзін з іх не набраў патрэбнай колькасці галасоў. Сёння Кеьіч сваю кандыдатуру зняў і Станіслаў Станіслававіч прайшоў. Я трохі знаёмы з ім. Ён браў удзел у адной нашай перадачы. Спадзяюся, ён будзе спрыяць Адраджэнню.

19 верасня. Чацвер. Слухаю, а зрэдку і ўключаю тэлевізар. Каб паназіраць за працай нашага парламента. На вачах сталеюць дэпутаты. Ніл Гілевіч зрабіў цікавы. Аргументаваны і эмацыянальны даклад пра сімволіку: герб, сцяг, гімн. Нейкі ветэран пачаў цытаваць гісторыкаў-артажлксаў. Маўляў. Бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” – не нашы сімвалы. Успыхнула дыскусія. І што цікава, многія дэпктаты, якія ўчора гаварылі на іншай мове, сёння выступалі па-беларуску. Хораша гаварыў прэзідэнт Акадэміі навук Платонаў. Гэта вельмі таленавіты вучоны, патрыёт. Пачаў па-беларуску, потым прызнаўся, што цяжкавата выступаць на роднай мове, не хапае слоў, бо адвучаны, як і ўсе мы. Перайшоў на пускую мову, зазначыў: “Мы все псіхологіческі ізранены. Мы не машіны. Всё проісходяўее действует на нас”. Сімволіку горача падтрымаш

Сёння на календары – Дзень цудаў. І цуд адбыўся:  зацверджаны бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Жыве беларусь!

Пятро ўзяўся чытаць апошні запіс за 27 верасня, але яго перапыніў тэлефонны званок. У трубцы пачуўся басавіты голас Валодзі Клімчука, былога тэлевізійнага калегі, ён шмат гадоў працаваў галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнай рэадкцыі, а цяпер – дырэктар выдавецтва.

– Прывітанне, стары! Ты так позна сядзіш на працы? Ну і стаханавец! Засумаваў па студыі за час адпачынку? Як адпачыў?

– Нармалёва. І грыбы збіраў, і лазню будаваў, і зямлю капаў.

– Значыць, сілы і моцы набраўся. Самы час пераходзіць да мяне.

– Як гэта – да цябе?

– Я ж табе не раз казаў. Мой галоўны рэдактар – пенсіянер. І што я хачу перацягнуць цябе на гэтую пасаду. Ты аграном па адукацыі. А наша выдавецтва мае сельскагаспадарчы  профіль. Дык вось, галоўны падаў заяву. Ну, яму сказалі: “Пара, браце...” Рыхтуюць месца для былога цэкоўца. Ведаю яго. Дуб дубам... Старшыня Дзяржкамдруку ў ад’ездзе. Неўзабаве вернецца. І тады будзе позна. Ягоны намеснік, наш куратар, супраць таго цэкоўца. Гэта ён мне сказаў, а старшыні ён так не скажа. Дарагі  дружа, я табе  раю. Проста прашу. Зрабі рашучы крок..

–   Валодзя, так нечакана. Трэба падумаць. З жонкай параіцца.

– Жонцы скажы толькі адно. Будзеш атрымліваць удвая болей.  Чакаю цябе заўтра раніцай. Пагамонім. Я з васьмі ўжо на працы. Можаш а палове дзевятай пад’ехаць. Ну, дык што?  Чакаць?  Ці шукаць каго іншага? Часу ў мяне мала.

– Добра. Чакай, – рашуча сказаў Пятро.

Жаданне нешта запісаць у дзённік адразу знікла: тут думаць трэба! Гэта ж не жартачкі – такая прапанова. Тэлебачанню аддаў амаль дваццаць гадоў. Абвёў вачыма свой кабінет. Адчуў: шкада яго пакідаць – болей за дзесяць гадоў адседзеў тут. Усё знаёмае да кожнай шчылінкі, звыклае, а там усё новае: людзі, справы, праблемы. Апошнім часам быў незадаволены сваёй работай, не падабалася новае кіраўніцтва. Здавалася, што гатовы развітацца з блакітным экранам, бо ўсё, што там адбываецца, што паказвае экран, гэта імітацыя жыцця. Ён усё болей пераконваўся, тэлевізар – скрынка для лайдакоў і дурняў, бо перадачы, якія даюць нешта розуму і сэрцу, – рэдкасць.

Трэба адважыцца. Учора здзівіў зямляк Андрэй Сахута. Патэлефанаваў Пятро яму на кватэру, трубку зняла Ада і пачала, што называецца “рвать и метать”: такі ідэаліст  муж, паехаў у радыектыўную зону і пачаў працаваць шараговым ляснічым! Кінуў усё, сям’ю, сяброў. Пятро не верыў сваім вушам: сакратар абкама партыі – і раптам ляснічы ў радыеактыўнай зоне. Потым яна дадала, што нібыта праз тры месяцы яго прызначаць галоўным ляснічым  у райцэнтры. Але ж зачуханая Лабанаўка,  нашпігаваная радыенуклідамі,  не сталіца. Ды могуць і не прызначыць. Так і будзе там сядзець да пенсіі. Калі дажыве...

Ада гаварыла сумбурна, усхвалявана, у голасе чуліся раздражненне, крыўда, злосць, што не параіўся, не паслухаўся яе. Пятру здавалася, што ў сябра добрая сям’я,  і раптам  гэткія лютасць і злосць.

Паспяшаўся Андрэй, падумалася Пятру, мог бы пайсці ў выдавецтва, хаця туды не ўзялі б, раз адбіваюцца ад цэкоўскага кадра, а вось на сваё месца на тэлебачанне мог бы прапанаваць. Думкі, думкі  клубіліся ў галаве Пятра Махавікова. Трэба хутчэй дамоў. Што скажа Ева? Ён прадчуваў, што яна скажа. Калі пачула, што аклад  там  большы,  параіла:

– Ну, то, можа, варта, ісці. А як туды дабірацца? Гэта ж далёка. Праспект Машэрава...

Яны пачалі абмяркоўваць, як туды лепей даехаць. Былі розныя варыянты: аўтобусам, тралейбусам  да  прыпынку “Няміга” або трамваем  да  метро. Перасадка, затое хутка.

Пятро  быў удзячны Еве за спагаду, спакойную разважлівасць і памяркоўнасць. “Якое гэта шчасце мець добрую жонку!” – падумаў ён. Згадаў учарашнюю размову з Адай, зразумеў, што між Сахутамі стасункі накаліліся. Мабыць, яна добра дапякла мужу, што доўга ходзіць без работы. Таму Андрэй  і  кінуў Мінск,  можа  ўсё  скончыцца  разводам.

Раніцай Пятро Махавікоў быў на праспекце Машэрава. Ішоў нетаропка, прыглядаўся да будынкаў, быццам хацеў усё добра запомніць, бо, магчыма, па гэтым маршруце давядзецца хадзіць аж да пенсіі. Прамінуў грувасткі Дом мадэляў, вось славутая крама “Алеся” – запаветны куток сталіцы для ўсіх жанчын. Быў ён тут з Евай,  але аельмі даўно.

Пятро шчыльней захутаў шалікам шыю,. бо акурат у твар дзьмуў вільготны парывісты норд-вест, сцепануў плячыма пад скураною курткаю. Гэтую апранаху вецер не прабіваў, а каленям было холадна. Годзе піжоніць, трэба насіць нагавіцы, паўшчуваў сябе Пятро, зірнуў на гадзіннік – стрэлкі паказвалі дваццпць хвілін дзевятай. Наддаў ходу, бо пазніцца не пажадана, але і раней прыпёрціся таксама няварта, каб не падумаў пан дырэктар выдавецтва, што тэлежурналіст Пятро Махавікоў дужа прагне заняць  крэсла галоўнага рэдактара. Праўда, ён і на тэлебпчанні меў, так бы мовіць, адэкватнае крэсла, але ж тут большыя грошы..

Вось і Дом кнігі.  Шэры  дванаццаціпавярховы  гмах тарцовай сцяною туліўся да шырокага праспекта.  Пятро міжволі падумаў, што так даўно жыве ў Мінску, а ў гэтым доме не быў. Праўда, кнігарню “Светач”, якая месцілася збоч, наведваў шмат разоў. І вось цяпер ён будзе хадзіць тут штодня. Учора ўранні пра гэта і думаць не  думаў. Цікавае жыццё сваімі паваротамі! У ім выспявала рашучасць прыняць прапанову сябра. Рыкашэтам развал КПСС паўплываў і на яго лёс – раней мог бы ўмяшацца ЦК і  не адпусціць яго, трэ было б здымацца з уліку ў адным райкаме, станавіцца на ўлік у іншым. Жыццё ўпрасцілася. А мо наадварот, ускладнілася? Болей будзе бедламу? Чыноўніцкага самадурства?

Роўна а палове дзевятай Пятро Махавікоў пераступіў парог выдавецкай прыёмнай. У невялічкім пакойчыку за масіўным сталом сядзела смуглявая дзяўчына ў акулярах і друкавала на пішучай машынцы. На светла-рудых дзвярах справа кінулася ў вочы шыльда “Дырэктар”, а злева на такіх жа дзвярах было напісана – галоўны рэдактар. Значыць, кабінет за гэтымі дзвярыма можа быць маім, падумаў Пятро, павітаўся і назваў сябе. У гэты момант дзверы расчыніліся. Уладзімір Клімчук, высокі, мажны, таксама ў акулярах на шырокім твары, басавітым голасам прамовіў:

– Заходзь, Пятро. Распранешся ў мяне.

Не марнуючы час, ён дастаў аркуш паперы, падаў госцю.

– Ну што, будзем працаваць? Тады пішы заяву. На маё імя. Як жонка? Падтрымала?

– Ты маеш рацыю, – усміхнуўся Пятро. – Як сказаў, буду зарабляць болей, адразу згадзілася. Хоць яна і без гэтай фразы  не  пярэчыла б. Мы добра жывём. Я рады, што знайшоў яе.

– Табе можна пазайздросціць. Пра гэта іншым разам. Сядай, можа, за гэты стол, – Клімчук паказаў на доўгі стол паўз сцяны даволі вялікага кабінета. – Да мяне будуць заходзіць людзі. А табе трэба напісаць заяву, запоўніць лісток уліку кадраў. Аўтабіяграфію. Кароткую, лішне не расцягвай. І пойдзем да начальніка ўпраўлення  кадраў. Я ўчора з ім перагаварыў. Пойдзем знаёміцца.

У той дзень, як звычайна па аўторках, а другой гадзіне дня ў намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё Івана Кузьміча праводзілася планёрка, на прафесійнай мове яна называлася – “задзел”. Іван Кузьміч, які меў мянушку “Більярдны шар”, бо сваю круглую галаву звычайна галіў пад нуль, доўгі час працаваў дырэктарам праграм.. Раней з яго пасміхаліся, калі ён прамаўляў слоўца “стенарии”. Цяпер сцэнарыі ён  чытаў  рэдка,  таму  гэтае слова ад яго чулі  радзей, маладыя супрацоўнікі нават і не ведалі, пра каго кажуць калегі: галоўны чытач “стенариев”. У свой час Іван Кузьміч працаваў у аддзеле прапаганды ЦК партыі, адтуль яго спусцілі дырэктарам праграм тэлебачання, меў ён двух намеснікаў, персанальную чорную “Волгу” і з цёмнага да цёмнага сядзеў у невялікім пракураным кабінеціку на старой тэлестудыі, што месцілася на беразе Свіслачы. Цяпер ён займеў шыкоўны кабінет у новым высачэзным гмаху тэлестудыі.

Планёркі-задзелы, абмеркаванне праграм тэлебачання на тыдзень Іван Кузьміч праводзіў, як сам любіў гаварыць, у тэмпе. Так было і на гэты раз. У Пятра Махавікова было дзіўнае адчуванне: няўжо сёння апошняя планёрка для яго? Ну, могуць тыдзень-два патрымаць, хоць маюць права тармазнуць і на месяц,  але ён спадзяваўся,  што адпусцяць. Раз чалавек цвёрда вырашыў перайсці на іншую работу,  няма чаго  вадзіць яго за нос.

У канцы кожнай планёркі шэф тэлебачання дазваляў сабе кароткі маналог: “азадачыць” падначаленых, настроіць на творчую, а галоўнае, дысцыплінаваную зладжаную работу,  бо іхнія агрэхі адразу відаць усяму беларускаму народу. Маналогі гэтыя былі падобныя, як два більярдныя шары, але Іван Кузьміч не мог уявіць планёрку без гэтага фінальнага акорда. Планёрка без заключнага маналога нагадвала выпіўку без тоста.

– Ну што, усё абгаварылі. Дзякуй за работу. Усе свабодныя, – закончыў свой маналог Іван Кузьміч.

Часам каго-небудзь з галоўных рэдактараў ён прасіў застацца, каб вырашыць нейкае пытанне. На гэты раз у кабінеце застаўся без запрашэння галоўны рэдактар навукова-папулярнай рэдакцыі Махавікоў.

– Што, Пётр Захаравіч, ёсць праблемы? – гаспадар кабінета зірнуў на гадзіннік: значыць, некуды спяшаўся.

– Ёсць вось такая папера, – Пятро паклаў перад ім заяву.

Іван Кузьміч прачытаў раз, другі, падняў стомленыя вочы:

– Ты што? Гэта сур’ёзна? І куды вырашыў рвануць?

– Я  б не хацеў пакуль гаварыць...

– Ну што за сакрэты? А я адкрыю табе свой сакрэт. Іншым разам думаў... Вось у будучым годзе адзначу юбілей. І папрашуся ў адстаўку. Хоць на рыбалку паезджу. І на сваё месца прапаную цябе. У гэтым крэсле павінен сядзець толькі прафесіянал. Сам разумееш, агрэхі нашай службы адразу ўсім відаць. А ты, браток, у кусты. Падводзіш мяне. Хаця я разумею сітуацыю... Дык куды ўсё-ткі? Не хочаш прызнацца? Старшыня пакліча цябе. І мне трэба з ім перагаварыць. Так што, трэба параіцца.

Пятро мог сказаць, што праз год яму будзе пяцьдзесят чатыры, а калі Іван Кузьміч пажадае яшчэ болей “паруліць” тэлебачаннем і затрымаецца на год-два пасля юбілею, то вылучаць Пятра будзе позна. Але ён бачыў, што шэф сапраўды недзе спяшаецца, таму сказаў:

– У мяне ёсць намеснік. Чалавек вопытны, неблагі арганізатар.

– Добра. З якога ты хочаш?

– Я гатовы хоць з сённяшняга...

– Ну, браце,  хуткі ты. Як стронга. Ты ж ведаеш, маем права патрымаць  месяц. Ну, але насільна мілы не будеш. Дый  парткома няма. І ЦК сплыў у нябыт. Карацей, тыдзень на роздум. Я пазнюся ўжо.

– Да пабачэння. Спадзяюся на вашу падтрымку.

– Добра, – шумна ўздыхнуў  Іван Кузьміч.

Праз дзесяць дзён Пятро Махавікоў быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва. Напярэдадні сабраў сваіх студыйных калег, падзякаваў усім: і прыхільнікам, і апанентам, і зайздроснікам. А гэта ёсць у любым калектыве, асабліва творчым. І мусіць, заўсёды будзе. У любога кіраўніка, які мае нават паўтузіна падначаленых, будуць любімчыкі, будзе сама мала тры групоўкі.

Пятро ведаў, што падрыхтаваны загад аб прызначэнні былога намесніка на пасаду галоўнага, менавіта ён  і  рэкамендаваў яго, але пакуль старшыня не падпісаў, гаварыць пра гэта няварта. Прафсаюзны лідэр, сталага веку кабета-рэдактар, сказала даволі доўгую  прамову, у якой дзякавала ўжо былому галоўнаму “ад усяго калектыву і ад сябе асабіста” за цярплівасць, за строгасць, патрабавальнасць, але перш-наперш за тое, што быў спагадлівы і добры. Сімпатычная дзяўчына, якая нядаўна пачала працаваць рэжысёрам, уручыла букет кветак. Пятро цмокнуў яе ў шчаку, згледзеў ухмылкі на некаторых тварах, зразумеў, што да чаго... Каб заахвоціць, падбадзёрыць маладога рэжысёра, ён часцяком падхвальваў ейныя перадачы, і жанчыны, а можа, і некаторыя мужчыны ,  вырашылі: галоўны ўпадабаў дзяўчыну, магчыма, каму здавалася, што ён пазірае на прыгажуню, бы кот на сала. А ён часам і сапраўды любаваўся  ёю. А між тым прафсаюзны лідэр падаравала Пятру прыгожы кубак:

– Дарагі Пятро Захаравіч! Калі будзеце піць гарбату. Ці каву. Ці што мацнейшае, успомніце тэлебачанне, нашу дружную рэдакцыю. Нашу навуч-попу. Хай падасца вам, што цалуеце ўсіх прыгожых дзяўчат. Дый старэйшых кабет – таксама. Шчасця вам на новай рабоце.

Усе дружна запляскалі ў ладкі. Пятро адчуў, што к горлу падступіў камяк, пашкадаваў, што не купіў пару пляшак віна, бо гарбачоўская антыалкагольная кампанія сышла нанет. Праўда, тэлевізійнае начальства тармазы не адпускала: п'янка на студыі асабліва небяспечная – зрыў перадачы, як і шыла ў мяшку, не схаваеш. Дый  праводзіўся  сход  на  пачатку дня,  то выпіўка магла пашкодзіць новаму шэфу рэдакцыі.

А Пятра Махавікова чакала новая справа, новы калектыў, у якім меліся, вядома ж, і прыгожыя дзяўчаты. Асабліва іх шмат было на суседнім, дзевятым, паверсе, дзе месцілася магутнае на той час выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Гэткіх прыгажунь, якіх можна было сустрэць тут,  Пятро не бачыў  і  на тэлестудыі. Але ў гэтым ён пераканаецца пазней.

На першай планёрцы Клімчук прадставіў новага галоўнага рэдактара. Як і належыць, дырэктар сядзеў у тарцы стала, а праваруч ад яго – традыцыйнае месца галоўнага рэдактара. За гэтым сталом кожны ўдзельнік нарады меў сваё пэўнае месца. Леваруч ад шэфа гарбаціўся сутулаваты, брывасты намеснік дырэктара Віктар Сідаровіч, поплеч з ім сядзела сінявокая смуглявая прыгажуня Галіна Казіміраўна – загадчыца вытворчага аддзела. Менавіта ёй даў слова дырэктар. Пачала яна гучным, прыемным голасам – мусіць, у кампаніі добра спявае, падумаў Пятро, уважліва слухаючы прамоўцу. Для яго ўсё было новым і не заўсёды зразумелым, поўным таямнічага сэнсу.

– У ліпені і жніўні мы спрацавалі кепска. Але ў гэтым  вінавата друкарня. Іхнія людзі былі ў адпачынках. Астатнія друкавалі падручнікі для школ. Нашы заказы напалову выкрэсліваліся. У верасні мы план выканалі, – Галіна Казіміраўна перадыхнула, паправіла акуляры, падсунула свае паперы бліжэй. – На кастрычнік  прынята ажно сем рукапісаў. Ужо ёсць два сігналы...

Пачуўшы пра сігналы, Пятро ўнутрана ўстрапянуўся – знаёмае слоўца: сігналы тэлецэнтра перадаюць  карцінку на экран, а выдавецкі сігнал азначае іншае – першы. сігнальны экземпляр нованароджанай кнігі. Быццам падае голас кніга: я нарадзілася, сустракайце! Галіна Казіміраўна пачала гаворку  пра  якасць  рукапісаў,  пра памылкі. Тут яе перапыніў дырэктар:

– Прабачце, Галіна Казіміраўна, пра гэта я далдоню на кожнай планёрцы. Калі ў рукапісу памылка, то па закону подласц нават дзесяць карэктараў яе могуць не злавіць. Яна праскочыць у кнігу. Працягвайце. калі ласка.

А Пятро згадаў “стенариста” Івана Кузьміча, які заўсёды талдычыў пра якасць “стенариев”: ёсць арыгінальны ход, значыць будзе цікавая перадача . На пачатку і ён старанліва правіў памылкі, потым зразумеў, што пісьменнасць мае значэнне толькі ў дыктарскім тэксце. Андрэй міжволі падумаў:  сцэнарый тзлеперадачы– не кніга. І чым болей слухаў выступоўцаў, тым пераконваўся мацней наколькі складаная і шматгранная выдавецкая справа. І тут усе звязаны. Нібы альпіністы: прапусціў рэдактар памылку – яна праскочыць і ў кнігу. Або рздактар “гнаў” рукапіс, гарбаціўся дзень і  ноч,  а мастакі не зрабілі своечасова афармленне – кніга вылецела з графіка. Адна, другая накладка – калектыў без прагрэсіўкі. А менавіта прагрэсіўкай, быццам пернікам, спакушаў дырэктар Пятра. Дык жа важкі пернік, бо прагрэсіўка іншы раз перавышае зарплату.

Усе службы дакладвалі аб сваіх праблемах. Загадчыца карэктарскай, адкінуўшы за спіну тоўстую русявую касу, чытала з нататніка: якія рукапісы ў рабоце, якія паступілі першыя карэктуры, якія падпісныя, пабедавала, што захварэла падчытчыца, трэба, каб рэдакцыі па чарзе выдзялялі па адным чалавеку для падчыткі. Намеснік дырэктара гаварыў, што падрасла цана паперы, далёкі Сыктыўкар затрымлівае пастаўкі, што папяровая ўдаўка можа прыдушыць выдавецтва.

– Трэба паслаць чалавека ў камандзіроўку. Хай возьме некалькі  рускамоўных кніг, пару пляшак “Белавежскай”, – зазначыў дырэктар.

Старшыня прафкама сказала, што ў падшэфны саўгас трэба адправіць трох чалавек на ўборку капусты – гэта апошні заезд.

– Застанецеся пасля планёркі. Памяркуем, – Клімчук зірнуў на гадзіннік. – Ну што, будзем закругляцца?

Пятро прыкмячаў свежым вокам усё, што адбывалася ў гэтым  кабінеце: хто што гаварыў, як сябе паводзіў. Клімчук некаторыя пытанні вырашаў па ходу планёркі, але не абышлося без маналога. Прыкладна тое самае рабіў пасля лятучкі і Пятро: падсумоўваў вынікі, “азадачваў” калектыў. Дырэктар сказаў, што трэба думаць пра тэматычны план 1993 года – а на дварэ  стаяў кастрычнік дзевяноста першага, пісаць заключэнні на рукапісы, заказваць аўтарам рукапісы, варушыць тых, з кім заключаны дамовы, аддаваць рукапісы на рэцэнзію сур’ёзным навукоўцам. Пятро злавіў сябе на думцы, што ягоныя сувязі з вучонымі могуць быць вельмі дарэчы.

– І самая надзённая праблема – выданне кніг “Памяць”. Нядаўна прынята вельмі сур’ёзная пастанова ўрада. Неўзабаве запатрабуюць справаздачу, – Клімчук зірнуў на Пятра, і  той адразу зразумеў, што пісаць тую справаздачу давядзецца яму. – Вы, Пятро Захаравіч, будзеце персанальна курыраваць гэтыя выданні. Дарэчы, мы з табой, – Клімчук перайшоўшы на “ты”, – былі на першай нарадзе ў ЦК. Яшчэ пры Машэраве. Гэта яго задума...  Гррандыёзная задума – выдаць сто трыццаць Кніг Памяці.

– Я быў у тым першым дэсанце ў Шумілінскі раён. На Віцебшчыну. Мы рабілі першую  Кнігу Памяці, – падаў голас Пятро.

– Ну дык ты – чалавек вопытны. Я ведаў каго сватаў, – задаволена ўсміхнуўся Клічук, і амаль усе прысутныя заўсміхаліся.

– А я ведаў,  куды ішоў, – сказаў павесялелы Пятро.

У яго праклюнуўся парастак надзеі, што ён справіцца з новай работай, урасце ў новы калектыў.

– У “Мастацкай літаратуры” створана група “Памяць” з трох чалавек. А я адзін, яко перст, – азваўся Сяргей Рудзянок.

– Зато ж ты ў нас плечавень, – падвесяліў прысутных і намеснік дырэктара Сідаровіч.

– Дадзім табе, Сяргей Дзмітравіч, талковага карэктара. З перспектывай, каб стала рэдактарам. Памяркуем, каго...

– О, там прыгожых дзяўчат  у карэктарскай  хапае! Яго толькі пусці туды,  бы  казла ў агарод, – спадабалася жартаваць Сідаровічу.

– Дамо толькі адну ахвяру, – смяяўся і дырэктар. – А ў  потым дабавім  яшчэ аднаго чалавека. І вас будзе трое. Выданне Кніг Памяці – справа сур’ёзная, адказная і грашавітая. Дзяржава выдзяляе кругленькія сумы раёнам. А раёны добрасумленна пералічваюць грошыкі  выдавецтвам. Вядома, не за прыгожыя  вочы, а  за  работу.

Планёрка Пятру спадабалася. Тут не было нервовай напругі, якая ўладарыць на  тэлебачанні. А  найбольш  уразіў вясёлы, аптымістычны настрой дырэктара, яго бліжэйшых памочнікаў. Цэнзуры няма, партбюро няма, узгадаліся словы Клімчука, што самі з вусамі, але трэба выдаваць толькі тое, што дасць навар.

Пасля нарады  Пятро завітаў у пакой да Сяргея Рудзянка. Вядома, ён мог патэлефанаваць яму і запрасіць да сябе. Але памятаў параду Клімчука: “Штодня заходзь у які-небудзь пакой  выдавецтва, адчыняй  дзверы – так хутчэй  пазнаёмішся з людзьмі. Калі  ёсць  патрэба  пагаварыць сам-насам, не саромейся выклікаць у кабінет”.

На апошніх  дзвярах ля  шырокага  калідорнага акна з выглядам на праспект Машэрава красавалася шыльда “Памяць”, над буйнымі літарамі быццам  трапятаўся язычок чырвонага полымя.

Пятро адчыніў дзверы, увайшоў у даволі вялікі светлы пакой – два шырокія акны прапускалі мора святла. Першае акно выходзіла на праспект, а другое, насупраць дзвярэй, адкрывала паўночна-заходнюю панараму горада – гатэль “Планета”, далей абеліск, а яшчэ далей сінелася Мінскае мора. У фіялетава-бэзавай смузе губляўся, звужаўся, нібы ўпіраўся ў неба праспект Машэрава.

Сяргей Рудзянок сядзеў за самым вялікім  сталом каля дальняга акна, падняўся, нібы школьнік, калі ўваходзіць настаўнік, або салдат пры з’яўленні афіцэра. Пятро прысеў да стала, тады апусціўся на сваё крэсла Сяргей. Былому ваеннаму лётчыку Пятру Махавікову міжволі спадабалася гэткая павага да субардынацыі, мабыць, Сяргею давялося паслужыць у войску.

– Сяргей Дзмітравіч, ці ёсць у вас гэтая пастанова? Ну, пра якую гаварылі на планёрцы.

– Канешне, ёсць, – Рудзянок дастаў з шуфляды чырвоную папку, развязаў матузкі, пагартаў, нібы хацеў пераканацца, ці ўсё тут на месцы, задаволена дадаў: – Вось газета з пастановай. Вось метадычныя ўказанні Цэнтра. Спіс раёнаў, якія замацаваны за нашым выдавецтвам. Рэцэнзіі на першыя кнігі. Зараз  мяняецца канцэпцыя выдання, – Рудзянок памаўчаў, быццам шукаў больш дакладныя словы. – У ранейшых Кнігах Памяці на тысячу гадоў да Кастрычніка адводзілася трыццаць-сорак старонак. А на час пасля рэвалюцыі – 600—700. Вядома, шмат месца займаюць спісы воінаў і партызанаў, якія загінулі... Дзеля іх і пачыналася выданне. Але цяпер – гэта будзе свайго роду малая энцыклапедыя раёна. Пра гісторыю, прыроду, матэрыяльную культуру. Пра славутых землякоў. Каб  кніга чыталася  з цікавасцю.

– Дык жа добрая канцэпцыя! – не стрываў радасці Пятро. – Можа, дасцё гэтыя матэрыялы? Хачу пазнаёміцца.

– Калі ласка, – падаў Рудзянок чырвоную папку.

Пятро заўважыў, што два сталы ў пакоі пустуюць, а за сталом каля дзвярэй сядзела немаладога веку кабета ў акулярах, кароткія, яшчэ густыя каштанавыя валасы атулялі ейны  твар, схілены над рукапісам. Пятру хацелася спытаць, які рукапіс яна чытае, як яе завуць, але зрабіць гэта ён пасаромеўся: некалі зойдзе іншым  разам  і абавязкова  пра ўсё  распытае.

Калі дзверы зачыніліся за галоўным рэдактарам, у пакоі ўсчалася гаворка.

– Ну як табе новы галоўны? – спытаўся Рудзянок у каляжанкі.

– Сімпатычны. І такі далікатны. Можа, дасцё матэрыялы? А мог выклікаць цябе ў кабінет і загадаць прынесці яму папку з матэрыяламі. Мне падалося, што ён нешта хацеў у мяне спытаць, але стрымаўся. Можа,  ён  для пачатку гэткі рахманы? Гэтак мякка сцеле...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю