Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 19 страниц)
– Дзень добры, мая радасць!
– Дзень добры! Я ўжо зачакалася. Даўно не званіў. Чую, у цябе добры настрой.
Жончын голас адразу пацяплеў, але ў ім чуліся трывога, як ён там, і задаальненне, што патэлефанаваў, жывы-здаровы, што яна для яго – па-ранейшаму радасць.
– З сённяшняга дня прызначаны галоўным ляснічым. Дык во, замачылі. Узялі па кроплі.
– Віншую, мой любы. Жадаю табе поспехаў і чакаю сустрэчы.
Такой ласкавай размовы ў іх не было даўно. Словы “мой любы” Андрэй не чуў ад жонкі ўжо некалькі гадоў. Дый ён апошнім часам рэдка гаварыў жонцы ласкавыя словы. А як страціў высокую пасаду і стаў беспрацоўным іхнія адносіны з кожным днём ускладняліся, нацягваліся, нібы струна. Вядома, ён не забыў, як даймала жонка: чаму сядзіш? Чаму не шукаеш работу? Але сёння інстынктыўна сказаў: “мая радасць...”, дадаў усяго тры літары да жончынага імя, бо ў пашпарце яна – Рада.
Андрэй Сахута быў вельмі задаволены размовай з жонкай. Але сказаў ёй не ўсю праўду. Калі яна спыталася, дзе ён будзе жыць, адказаў, што пакуль спыніўся ў аднавяскоўца, інжынера-сувязіста, што на выхадныя прыедзе і ўсё раскажа. Так, аднавясковец, інжынер-сувязіст, сапраўды жыве ў райцэнтры, але спыніўся Андрэй не ў яго. Гаспадыня кватэры – сімпатычная ўдава, якая ведае Андрэя з часоў камсамольскага юнацтва. І сёння ён з ёю горача цалаваўся...
Рада таксама была задаволена размоваю. У яе душы, як трава праз асфальт, пачала прабівацца надзея, што з новай пасады Андрэй зможа вярнуцца ў Мінск, і яны зноў будуць жыць разам. Службовы раман, які пачаўся ў яе з калегам-фінансістам ад самотнасці і нават ад жадання адпомсціць мужу, што не паслухаўся яе, кінуўся, бы ў вір, у радыяцыйную зону, яна гатовы скончыць у любы момант. Гэты “раман” пераканаў яе, што Андрэй куды лепшы, і што яна не аддасць яго нікому і гатова ехаць за ім нават у радыяцыйную зону. З ім пражыта амаль цэлае жыццё, выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў.
Не маглі ведаць тады муж і жонка Сахуты, якія выпрабаванні чакаюць іхні сямейны човен на вірлівай плыні жыццёвага мора.
ХІІІ
Пасля няўдалага палявання жыццё Косці Вароніна пайшло пад адхон, нібы снег са страхі вясною – шусь і аб’ехаў долу. А яму сёлета споўнілася ўсяго толькі пяцьдзесят гадоў. Залаты юбілей. Жыць бы яшчэ ды жыць. Але з усіх бакоў сыпаліся непрыемнасці, як з сеялкі сыплецца зерне ў свежую раллю. Дык зерне давала ўсходы, поле каласавала, красавала, дыхала цёплым водарам хлеба, радавала вока. Давала чалавеку жыццёвую сілу.
Косця ж, наадварот, з кожным днём усё мацней адчуваў, як стома завалодвае ім, злосць на людзей, на суседзяў, на жонку, і асабліва на хаўруснікаў па няўдалым паляванні перапаўняла ягоную душу. Хаўруснікі-браканьеры – Іван Сырадоеў і Сямён Чукіла, – угаварылі яго ўзяць усю віну на сябе, маўляў, менавіта твой дуплет зваліў лася. Сырадоеў параніў, а можа, і не трапіў зусім, бо лось бег далей. Сямён не страляў зусім. Хаўруснікі кляліся сплаціць штраф: на трох раскінем гэтыя няпоўныя паўтары тысячы, яны – па пяцьсот, а табе – астатнія чатырыста семдзесят рублёў. Косця слова стрымаў: заявіў на судзе, што ён адзін застрэліў лася, што ўгаварыў Івана Сырадоева і Сямёна Чукілу паехаць на паляванне, што яны – старыя, нямоглыя пенсіянеры. А цяпер яны адмаўляюцца плаціць грошы: маўляў, табе прысудзілі, ты і выкручвайся, карову прадай, гарэлку меней пі... Адным словам, як хочаш і чым хочаш расплачвайся. А менавіта ж Іван Сырадоеў быў закапёршчыкам палявання: хацеў ласяціны да свайго юбілею.
Злосць, бездапаможнасць раз’ядалі Косцева сэрца. Нічога не хацелася рабіць, яшчэ мацней цягнула да гарэлкі – адно пасля чаркі ён засынаў. У сне часта плакаў, трызніў і скрыгатаў зубамі. Потым прачынаўся, соваўся па хаце, як здань. Аксення, жонка, сярдзіта бурчэла: “П’янтос няшчасны, дай хоць хвіліну спакою. Мне ўставаць рана. Каровы ісці даіць. А ты будзеш дрыхнуць”. Косця агрызаўся, ускідваў на плечы замызганую кухвайку, сунуўся на двор курыць. І ўсё думаў, думаў, разматваў клубок свайго нялёгкага і няпростага жыцця.
Бацьку Косця зусім не памятаў. Яму споўнілася два гады з нечым, калі бацька пацалаваў яго, соннага, – цёплы, расслаблены камячок, – праглынуў даўкі камяк, што застраў у горле, назаўсёды развітаўся з дачкою Нінай, ёй ужо было пяць гадкоў, тройчы пацалаваў жонку Просю і разам з немцамі падаўся на захад. Старшы паліцэйскі Сцяпан Варонін не мог чакаць літасці ад савецкай улады, бо аддана служыў фюрэру. Улетку сорак трэцяга партызаны паранілі яго, застрэлілі каня, той грымнуўся на беразе Бесядзі. Варонін кульнуўся з яго, пераплыўшы раку, схаваўся ў кустоўі. Хутка ацямнела, і партызаны не знайшлі яго. Просю з дзецьмі гразіліся паставіць да сценкі і расстраляць. Асабліва лютаваў малады камандзір узвода Валодзька Бравусаў. Старэйшыя партызаны адгаварылі яго, пашкадавалі малых дзяцей.
Пра гэтае здарэнне Косця даведаўся шмат пазней. А вось той дзень, калі да іх завіталі старшыня сельсавета Свідэрскі, участковы Бравусаў і фінагент Сырадоеў, урэзаўся ў памяць на ўсё жыццё.
Маці ўзяла даёнку і пакіравала ў сенцы. Косцік здагадаўся, што яна пайшла даіць карову, і неўзабаве ён будзе піць цёплы і смачны сырадой. Раптам у акне мільганулі цені, на двары пачуліся галасы. Нінка і Косцік кінуліся да акна. Малы пазнаў дзядзьку Рамана Свідэрскага, які жыў недалёка ад іх, заўсёды хадзіў у жоўтым шынялі і чырвоных гумовых ботах. Другі мужчына быў у сіняй прыгожай фуражцы, на ягоных плячах блішчэлі жоўтыя пагоны. Трэці – у цёмна-зялёным шынялі з блішчастымі гузікамі. Мужчыны гучна гаварылі, размахвалі рукамі.
– Бяжым ратаваць мамку!
Нінка ўхапіла малога брата за руку і пацягнула за парог. На двары дзеці абступілі матку з абаіх бакоў. Косцік абхапіў яе за спадніцу, а маці прыхінула яго за плечукі.
– Калі выплаціш грошы на пазыку? Яшчэ раз пытаюся! – крычаў чалавек у жоўтым шынялі.
– Няма цяперыцька грошай. Сотню яек здала. Малака за дзвесце літраў ужо вынесла. Падрасце цялё – здам на мяса.
Пачуўшы пра любімага бычка, якога здадуць на мяса, Косцік захныкаў. Маці ласкава пагладзіла ягоную галаву шурпатаю пяшчотнаю рукою.
– А воўну хто будзе здаваць? – насядаў, бы каршун, начальнік у жоўтым шынялі.
– Авечка здохла яшчэ ўвосень.
– Брэшаш! Авечу ты прырэзала. Аўчыну не здала.
– Няма ў мяне аўчыны. І воўны няма. Не расцець... Толькі ў адным месцы...
– Ах ты, сцерва паліцэйская! – ўзвіўся чалавек у жоўтым шынялі. – Самагонку гоніш. А яшчэ прыбядняешся, кулацкае адроддзе. Пайшлі за мной!
Праз нейкі час Косцік пачуў стрэлы з лазні. Неўзабаве мужчыны пайшлі, а матка плакала ўвесь вечар.
А назаўтра прыйшла цётка Галя, гаварыла пра нейкі акт, участковы павёз яго ў раён. І цётка, і матка плакалі ўдзвюх.
А праз нейкі час, адвячоркам, зноў прыехаў міліцыянер у прыгожай фуражцы. На гэты раз ён не крычаў, пагладзіў Косціка па галаве, даў цукерку яму і Нінцы. Матка яго частавал а, гаварыла з ім ласкава. Косцік нічога не мог зразумець.
Міліцыянер заязджаў да іх усё часцей, Косцік прывык да яго і не баяўся. Ён усё чакаў, калі вернецца бацька. Матка казала яму і Нінцы, што бацьку забілі немцы. І дзе ён пахаваны, яна не ведае. Косцік чуў ад суседзяў, што некаторым паштарка прыносіла “пахаванкі”, а людзі потым вярталіся. Косцік чакаў бацьку. Раз магілка яго невядомая, значыць, жывы.
У школе хлапчукі не хацелі сябраваць з Косцікам, хоць ён стараўся добра вучыцца, нікога не крыўдзіў. Затое яго крыўдзілі часта. Ён тады кідаўся біцца і часта вяртаўся дамоў з разбітым носам. І ў піянеры Косціка не прынялі. У сёмым класе ўсе ўступілі ў камсамол, а Косціка не ўзялі. Ад крыўды хацелася плакаць, даўкі камяк засеў у горле, калі адзін вяртаўся дамоў. Усе засталіся на сход. У левай кішэньцы, каля сэрца, заместа камсамольскага білета Косцік насіў маленькую фотакартку бацькі – у гімнасцёрцы з пагонамі, з густым чубам. І ў Косціка чуб гэткі ж густы, як у бацькі.
Маці расказала, што бацьку захапілі ў палон немцы, марылі голадам, прымушалі ім служыць. Каб не памерці з галадухі, бацька згадзіўся. І не толькі голад прымусіў. Ён не любіў савецкую ўладу, бо яна загубіла ягонага бацьку, Косцікавага дзеда Восіпа. Дзед быў працалюбівы, майстравіты, меў тройку коней, пяць кароў. Яго раскулачылі, выслалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.
Пасля школы Косця Варонін паступіў у вучылішча механізацыі. Там у яго ніхто не пытаўся пра бацьку, яго хвалілі за стараннасць, працавітасць. Вучылішча ён скончыў паспяхова. Вярнуўся дамоў, далі яму старэнькі гусенічны трактар “НАЦІ”. Ён перабраў яго, адрамантаваў, старшыня калгаса Макар Казакевіч вельмі хваліў Косціка.
А ягоныя лепшыя гады жыцця – гэта служба ў арміі. Добра апрануты, заўсёды накормлены. Усё своечасова. Служыў у танкавых войсках. Нампаліт спытаўся аднойчы, чаму ён не ўступаў у камсамол. Косця прыдумаў гісторыю: бацька быў партызанскім сувязным, каб здабываць звесткі, падтрымліваў сувязь з немцамі і паліцаямі. Партызаны з іншага атрада не разабраліся і расстралялі яго як здрадніка. І па вёсках пусцілі такую пагалоску. І Косцю ў камсамол не ўзялі... Ужо дзьмуў іншы вецер, панавала хрушчоўская адліга, яфрэйтара Косцю Вароніна прынялі ў камсамол, прысвоілі званне малодшага сяржанта. На вучэннях Косця лепей за ўсіх адстраляўся, камандзір палка даў яму дзесяць сутак водпуску.
Ніколі не забудзе Косця, як радавалася маці яго прыезду! Такой шчаслівай ён не бачыў яе за ўсё ранейшае жыццё. На танцах у клубе, калі аб’яўлялі “дамскі вальс”, дзяўчаты навыперадкі імчалі, каб запрасіць Косцю на танец. А ён танчыў толькі з Ксеняй. Жанчыны, што сядзелі на лаўках паўз сцены, як галкі, у чорных плюшаўках, любаваліся гэтай парай: абое высокія, зграбныя, светлавокія. Пасля арміі Косця вярнуўся дамоў, зноў сеў на трактар. Неўзабаве згулялі з Ксеняй вяселле. Жылі маладыя добра, калгас дапамог збудаваць звонкую пяцісценку са смаловых бёрнаў прыбяседскага лесу.
Асабліва радавалася Прося. Яна, удава, якую часта абзывалі “паліцэйскай шкурай”, падняла на ногі гэткіх відных, працавітых, паважаных у вёсцы дзяцей. Нінка выйшла замуж за Данілу Баханькова, які цяпер брыгадзірыў у Хатынічах. А яна – лепшая даярка. Нявестку Ксеню Прося палюбіла, як родную дачку, ганарылася, што Ксенін брат, Мікалай Арцёмавіч, галоўны аграном калгаса, вядомы чалавек у раёне. Адно засмучала Просю, што нявестка ніяк не падорыць ёй унука ці ўнучку.
Зачакалася дзяцей і маладая пара. Тое, што жонка не можа зацяжарыць, засмучала і Косцю. Была і яшчэ ў яго адна крыўда, глыбока затоеная ў душы. Да вяселля Ксеня не згаджалася з ім пераспаць: распішамся – тады ўсё будзе. Цяжка было трываць маладому здароваму хлопцу. І любоўю ён займаўся адно ў сне. Ён не ведаў, што гэта нармальная з’ява, якой медыкі далі свой тэрмін – палюцыя.
У ноч пасля вяселля ў іх усё адбылося. І хоць Косця быў хлопец нявопытны, падалося, што ягоная нявеста ўжо “нячэсная”. Тады ён нічога нікому не сказаў, а неяк пасля спрэчкі, калі пражылі ўжо тры гады, упікнуў Ксеню. Тая расплакалася, абазвала яго дурнем, які нічога ў жыцці не разумее Вядома ж, пра абдымкі з Вольчыным Пецькам у капе сена ля Бесядзі яна не прызналася. Мусіць, і Пецька не выдаў іхнюю таямніцу, бо ніхто ў вёсцы не мог сказаць пра Ксеню благога слова. Але Косця меў падазрэнне на Пецьку, бо ведаў, што некалі ён заляцаўся да Ксені. Але зараз у яго свая сям’я, растуць дачка і сын.
Ішлі гады. Дзяцей у Косці і Ксені так і не было. Хадора вадзіла дачку да шаптух, ездзіла Ксеня ў раённую бальніцу, у абласную, піла розныя таблеткі, усялякія зёлкі. Прымусіла праверыцца і Косцю: у яго ўсё было ў парадку. Маўчала звонкая новая хата, не чула яна дзіцячага смеху і плачу.
Як лепшага механізатара старшыня калгаса захацеў прызначыць Косцю брыгадзірам трактарнай брыгады. Але для такой пасады пажадана было мець у кішэні партыйны білет. Іван Сырадоеў, які тады загадваў фермай, напісаў Косцю рэкамендацыю, яшчэ дзве далі інжынер і ветэрынарны ўрач. І Косцю аднагалосна прынялі ў партыю. Пра бацьку ніхто не ўзгадаў, дый даўно тое было...
Цяпер, згадваючы той партыйны сход, Косця ажно калаціўся ад злосці і нянавісці да Сырадоева: камуніст, франтавік, аказаўся гэткай падлюкай... Прыгадаўся ён у форме фінагента. Як прыходзіў да іх, раскрываў скураную сумку, што целяпалася каля боку, і пачынаў: “Ты што сабе думаеш, Прося? Калі будзеш плаціць падаткі?”
А тады, калі прызначылі брыгадзірам, Косця адчуў сябе на кані. Вяскоўцы, старэйшыя за яго мужчыны, і асабліва кабеты, здаля віталіся з ім. Косця заўсёды быў акуратна апрануты, нават камбінезон на ім быў чысцейшы, чым у іншых, нават маладых хлопцаў. Завялася і капейчына ў кішэні. І Ксеня пачала болей зарабляць. Купілі тэлевізар, мэблевы гарнітур, а потым матацыкл з каляскаю. Гэта была даўняя Косцева мара: мець матацыкл– жонку на сядзенне ззаду, сына ці дачку ў каляску і гайда ў лес – у грыб ці ў ягады. І яны ездзілі, але ў калясцы сядзела цешча...
Ксеня даўно марыла прыдбаць шыкоўны дыван і павесіць у спальні на ўсю сцяну, каб і прыгожа было, і спаць цёпла. Дыван купілі, але хата заставалася халоднаю і маўкліваю.
У вёсцы бяздзетная сям’я пачувае сябе вельмі няўтульна, асабліва – жанчына: яна не мае права быць ні кумою, ні павітухаю, ні хроснай маткаю. Розныя шаптухі-знахаркі раілі Аксенні пасадзіць сваімі рукамі ў хаце фікус, насіць на шыі пялёсткі ружы ў маленькім мяшэчку, есці арэхі або слівы спарышы, давялося прасіць цяжарную жанчыну, каб тая цераз плот перадала кавалачак хлеба з рота ў рот... Усё Аксення рабіла, але дзяцей не было. З гадамі Косця ўсё больш пераконваўся, што няма ў іх дзяцей праз жончын грэх, але аднойчы ён пачуў іншае...
Неяк ён набраў у краме поўную сетку – хлеб, селядцы, цукеркі для жонкі, – і паўлітэрку ўзяў. Калі купляў, ля прылаўка тоўпіліся жанчыны, зайздросна пазіралі на яго. Косця выйшаў за дзверы, прыстоіў на ганку і пачуў голас Шкурдзюковай Палажкі:
– Усяго ў іх хапаець. І хлеба, і гарэлкі. А дзяцей Бог не даць. Праклялі людзі Сцяпана, Косцевага бацьку. Таму й род на ім скончыцца.
У Косці аж уваччу пацямнела, хацелася вярнуцца, узяць Палажку за каўнер: “Брэшаш! Бацька мой невінаваты...
Аднойчы пасля жніва Косця атрымаў цэлы жмут грошай. Вырашылі мужчыны замачыць дажынкі, бо працавалі, абліваліся потам па дванаццаць гадзін. Ураджай выдаўся неблагі, то і грошай механізатары зарабілі дабравата. Нуй разгавеліся... Прыйшоў Косця дамоў позна і на добрым падпітку. Аксення ўзялася ўшчуваць. Ён са злосцю выдыхнуў:
– А для каго грошы збіраць? Каму перадам? Дываны купляць, каб моль ела? На той свет нічога не возьмеш. На вечку труны багажніка няма, – ён прываліўся да стала, заікаючыся, цяжкім языком, гундосіў: – Каб жа быў сын ці дачушка... Я ж бы наруках насіў і дзіця, і цябе. Жыў бы, як чалавек. Ета ўсё праз твой грэх. Не дачакалася... Давалка дужа свярбела...
Аксення праз слёзы крыкнула:
– Гэта цябе праклялі за бацьку. Ён страляў і старых, і малых... Вось і праклялі людзі. А ты на мяне плявузгаеш. Нажлукціўся гарэлкі. Набраўся, як жаба гразі.
Косця не стрываў і з кулакамі кінуўся на жонку. Яна баранілася і да крыві паабдзірала яму рукі. Гэта яшчэ болей раззлавала Косцю і ён моцна пабіў Ксеню. Назаўтра ейны твар быў у сіняках.
– Ідзі даіць кароў. Яны, як і я, ні ў чым не вінаватыя, – прастагнала Ксеня.
І Косця, як пабіты сабака, пацягнуўся на ферму... Даяркі, вядома ж, прыкмецілі чырвоныя пісягі на Косцевых руках:
– Што й та за кошка ў цябе такая? Мабыць, сіямская? Кажуць, яна дужа лютая... – з’едліва пасміхаліся жанчыны.
Косця агрызаўся, як зацкаваны воўк. Галава была цяжкая, падрапаныя рукі смылелі, не слухаліся яго. Даіць кароў ён умеў, некалі маці моцна прастудзілася, захварэла на запаленне лёгкіх, адвезлі яе ў бальніцу, то ён з Нінкай гаспадарыў. Тады і карову даіць навучыўся. Здаралася, і Ксені пасабляў на ферме.
На дварэ стаяў верасень, малака рагулі давалі небагата. Даяркі, падаіўшы сваіх кароў, дапамагалі і Косцю. Выйшаў ён з фермы, калі толькі пачало віднець. У роце ўсё перасохла, язык нібы распух. Дамоў ісці не хацелася, і на машынны двор з падрапанымі рукамі, у завэдзганай кухвайцы сорамна паказацца. Ногі самі панеслі яго да Бесядзі. Там ён памыў рукі, спаласнуў твар. Вада была халодная, пахла водарасцямі і... каравяком, бо з фермы, якую “прывязалі” раённыя начальнікі на ўзгор’і, часцяком, калі перапаўняліся адстойнікі, смярдзючая жыжа цякла ў Шамаўскі ручай, а далей у Бесядзь.
Пакрысе віднела, мацнеў вецер. Халодны, вільготны, пругкі, ён працінаў да касцей, бо старая кухвайка грэла слаба. Дый ногі ў гумовіках пачалі мерзнуць. Куды падзецца? Агледзеў каржакаватыя альховыя кусты на беразе ракі, зірнуў на цёмную сцяну лесу. І яго пацягнула туды: там будзе цяплей, зацішней, пакуль дойдзе да Лясковічаў, адчыніцца крама, можна пахмяліцца, душу прывязаць. На работу вырашыў не ісці – сорамна паказацца ў такім выглядзе .
Шырокія падрапаныя Косцевы далоні ўчапіліся за халодны, настылы трос, цяжкі, набрынялы паром неахвотна зрушыўся з месца, памалу пачаў аддаляцца ад берага.
Да лесу дайшоў хутка. Вецер, здаецца, выдзьмуў хмель з галавы, Косця уздыхнуў вальней. Дарогаю трапляліся на вочы баравікі. У кішэні знайшоўся цэлафанавы пакет, сцізорык, і Косця ўзяўся збіраць грыбы. Зразаў самыя маладыя, крамяныя, на тоўсценькіх ножках. І так захапіўся, што забыўся на ўсе свае беды і няшчасці, і цяжкія думкі паступова знікалі з галавы. За ўсё лета ён ні разу не схадзіў у грыбы – не было калі, а тут гэтулькі баравікоў! І самае дзіўнае – іх было шмат паўз дарогі, з абодвух бакоў. Дзятва пайшла ў школу, дарослым не да гэтага, вось і высыпалі грыбы, хоць касою касі.
Пакуль дайшоў да вёскі, назбіраў амаль поўны пакет, схаваў яго пад елачкай, пашыбаваў да крамы. Здаля ўбачыў адчыненыя дзверы, узрадаваўся, аж на душы пасвятлела: зараз “атаварыцца”, возьме пляшку, чаго-небудзь на зуб, уладкуецца ў лесе... Але ні віна, ні гарэлкі ў краме не было – учора ўсё падчысцілі. Згледзеў круглыя флакончыкі трайнога адэкалону, узяў два і пачак пячэння. Знайшоў у лесе свой пакет з грыбамі, тут жа пад елачкай, першы раз у жыцці, каўтнуў з флакона. Тонкі пякучы струменьчык разліваўся ўнутры і быццам спальваў усё на сваім шляху. Пасядзеў троху на пні, але было холадна, і Косця памалу, нага за нагу, пацягнуўся дамоў.
Зноў цяжкія думкі апанавалі яго. І здавалася, што праз усё жыццё не меў ён радасці – адны пакуты, халадэча, галадуха, цяжкая праца без выхадных. Светлы ўспамін застаўся ад службы ў войску і ад першага году сямейнага жыцця. Гэта быў шчаслівы год, сапраўды мядовы, поўны пяшчоты і ласкі. Год канчаўся, прыкметаў цяжарнасці не было, маладыя, іхнія маткі, пачалі трывожыцца. Косцевы падазрэнні, што Ксеня грашыла да яго, мацнелі. Але пачутае ад Палажкі Шкурдзюковай прымусіла думаць і пра людскі праклён. Гэтыя думкі не прыбавілі шчасця ў Косцевым жыцці, наадварот зрабілі яго маўклівым і пахмурным.
...Вецер нарэшце пашкуматаў попельна-шэрыя хмары, выбліснула зыркае восеньскае сонца, але Косцеў настрой не палепшыўся. Хмуры, зацяты, сярдзіты на жонку, на сябе, і нават на ўвесь свет, пераступіў ён парог сваёй хаты.
Аксеня, як і раней, ляжала ў ложку. Павярнулася да сцяны, калі ён увайшоў у хату. Нічога не кажучы, Косця ўзяўся парадкаваць грыбы. Перабраў, абрэзаў карэньчыкі, старанна вымыў, большыя парэзаў драбней. Падпаліў у пліце, парэзаў на дробныя кавалачкі старога сала, ускінуў на патэльню, потым нарэзаў цыбулі. Грыбы тым часам варыліся ў чыгунку. Калі яны пакіпелі, зліў ваду, грыбы высыпаў на патэльню. Яна зашыпела, засквірчэла, уся хата напоўнілася звабліва-смачным водарам. Косця адчуў, што моцна прагаладаўся.
І тут расчыніліся дзверы, уляцела раззлаваная цешча Хадора са слязьмі на вачах. Раскрыла рот, каб абрынуць на зяця-п’янтоса цэлы вадаспад праклёнаў, але ўбачыла яго каля пліты, дзе ён лыжкаю памешваў грыбы, удыхнула казытлівы іхні пах і застыла з адкрытым ротам. Косця разумеў, што абвастраць сітуацыю ніяк нельга, трэба шукаць шлях да міру і згоды. Ён спакойна памешваў грыбы, левую, моцна падрапаную руку, схаваў за спіну. Як можна спакайней ён прамовіў:
– Праходзьце, мама, сядайце. Грыбы сычас будуць гатовыя.
Пачуў, як за шырмаю заварушылася Аксеня. Пачула гэты рух і Хадора, патэпала туды. Неўзабаве з-за шырмы пачулася галашэнне:
– А мая ж ты дачушка! Што ж ён з табою зрабіў?! Трэба ў міліцыю заявіць. Пайду ў кантору, пазваню. Ах, ты паліцэйскі выблядак...
Косця сціснуў зубы, кусаў язык, каб не адмацюкаць цешчу, не ўзяць яе за каўнер і не выкінуць з хаты. Ён моўчкі паставіў грыбы на стол, закапцелы чайнік на пліту і крутнуўся за парог. Куды ісці? Да каго? Да сваіх сябрукоў-сабутыльнікаў, з якімі ўчора піў? З такімі рукамі, падрапанымі да крыві, куды пойдзеш?
Яго пачалі біць дрыжыкі, бо выскачыў нават без шапкі. Намацаў у кішэні кухвайкі круглы флакон, таксама халодны, настылы, дрыжачымі рукамі адкаркаваў, каўтануў пякучай вадкасці, схаваў флакон каля вугла пад дрывамі і пайшоў у хату. У жываце пякло, хацелася нечым заесці.
У хаце было ціха. Жанчыны спакойна, сцішана перамаўляліся. “Значыць, участковага не пабегла клікаць. І не пабяжыць. Сыну-начальніку будзе сорамна. Дый я – не апошні чалавек. Брыгадзір...” Косця сеў за стол і ўзяўся есці грыбы. Высунулася з-за шырмы Хадора.
– Смачныя грыбкі. Паспрабуйце, мама, – нечакана для сябе ціха прамовіў Косця.
І не паверыў сваім вачам: Хадора села за стол, узяла лыжку, падчапіла маленькі баравічок, доўга шамкала бяззубым ротам.
– Ай, праўда, нічога... Можна есці.
– Каб яшчэ сто грамаў – душу прывязаць... Міравую выпіць. Ну, вінаваты я. Сам сябе ненавіджу за ўчарашняе. Але ж за бацьку.... Ці ж я вінаваты, што ён пайшоў у паліцыю? А куды яму было дзецца? На той свет? Дык мы ж Нінкай былі малыя. Ён жа дзеля нас рабіў... Каб пайшоў у партызаны, немцы б з паліцаямі ўкакошылі. Такі вузел тугі жыццё завязала. Куды ні кінь, усюды клін. Я ж бацьку саўсім не помню. Матка казала: пацалаваў мяне соннага...
Косця раптам змоўк, бо адчуў даўкі камяк у горле, з вачэй раптам пасыпаліся буйныя гарачыя слёзы. Заплакала і Хадора. Глухі, здушаны плач пачуўся і з-за шырмы.
– Дачушка, ці ёсць у цябе кропля гарэлкі? А можа, я схаджу двору? Прынясу.
– Ёсць. Сычас.
Аксеня ўскінула на плечы халат, выйшла ў сенцы, вярнулася з паўлітэркай.
Яна сядзелі ўтраіх за сталом, пілі самагонку, закусвалі маладымі баравічкамі. Косця хаваў рукі з чырвонымі пісягамі, Аксеня не падымала галавы, каб не свяціць свежымі барвова-сінімі ліхтарамі. Пасля чаркі Косця пакляўся, што болей і ў рот не возьме. І жонка, і цешча паверылі яму.
І Косця мусіў трымацца. Праз тыдзень яго выклікалі на партбюро і ўляпілі суровую вымову – за прагул, за п’янку. Асабліва распякаў яго старшыня сельсавета Іван Сырадоеў. На тое меліся дзве прычыны: Сырадоеў даваў Косцю рэкамендацыю і таму нёс маральную адказнасць за свайго “хрэсніка”. А па-другое, патэлефанаваў старшыня райвыканкама Мікола Шандабыла: маці Хадора пажалілася на зяця – напіўся, збіў Ксеню, сястру Мікалая. Таму Сырадоеў сурова сказаў Косцю: “Яшчэ раз пакрыўдзіш жонку, упяку ў турму, згніеш там”.
Месяцы тры Косця не піў. А пад Новы год разгавеўся: упаляваў з мужыкамі дзіка і замачылі свежыну. Стрэльбу ён атрымаў у якасці прэміі за сумленную працу. І паляванне Косця ўпадабаў. Дома па гаспадарцы зімою клопату мала, дзеці не плачуць – вольны казак. Двухстволку на плечы і пайшоў. Часцяком прыносіў зайцоў. Ксеня навучылася гатаваць зайчаціну: тушыла яе з бурачкамі, дадавала сала, бо адно заечае мяса даўкае і задужа любовае. Ліцэнзій ніхто з вясковых паляўнічых не купляў.
Цяпер, калі Косця прыходзіў дамоў п’яны, Аксеня маўчала, затое назаўтра ўжо ўядала, як магла. Косця бажыўся-маліўся, што болей не будзе піць, і тыдзень-другі трымаўся, а потым зноў набіраўся, як свіння гразі. Болей за ўсіх угаворваў яго Даніла Баханькоў, старшыня калгаса. А яго ўпрошвала жонка Ніна, яна і Косцю, роднага і адзінага брата, прасіла трымацца. Косця абяцаў, але слова стрымаць не мог. І ўрэшце старшыня мусіў зняць Косцю з брыгадзірства. Даў яму стары, дабіты трактар: не хацеў кіраваць, будзеш рамантаваць. Трактар Косця давёў да ладу, вясною болей за ўсіх узлупіў во– рыв. На жніве болей за ўсіх намалаціў збожжа. але на ранейшую пасаду шлях быў закрыты.
Так і дажыў Косця Варонін да красавіка 1986, калі выбухнуў чарнобыльскі рэактар. Хатынічы не падлягалі абавязковаму адсяленню. Потым пачалі перасяляцца сем’і з малымі дзецьмі, а тады ў суседнюю вёску Белую Гару пацягнуліся спецыялісты, механізатары, даяркі. Перасяліўся і Косця з Аксеняй. І вось ужо прамільгнула пяць вёснаў пасля Чарнобыля. Калі б не гэтае няўдалае паляванне, можна было б трываць і далей, цягнуць жыццёвы воз без асаблівай радасці.
Чым болей Косця думаў, аналізаваў сваё становішча, шукаючы з яго выйсце, тым мацней злаваў на Івана Сырадоева. Так угаворваў перад судом, маўляў, раскінем штраф на трох і выплацім, толькі вазьмі віну на сябе, бо менавіта ад твайго дуплета лось зваліўся. Цяпер Косцю здавалася, што менавіта Іван Сырадоеў, былы фінагент, загадчык фермы, старшыня сельсавета – віноўнік усіх няшчасцяў і бед у ягоным жыцці. Савецкая ўлада раскулачыла Косцевага дзеда Восіпа, праз гэта бацька пайшоў служыць у паліцыю – помсціў саветам. Праз гэта Косця рос сіратою, пакутаваў у маленстве, праз усё жыццё нясе кляймо “паліцэйскага выблядка”.
Крыўда, нянавісць, уласная бездапаможнасць, зацкаванасць штурхалі Косцю Вароніна на помсту. Гэтае жаданне мацнела, прагай помсты налівалася Косцева душа, як гусцее летнім днём цёмная навальнічная хмара.
ХІV
Падзеі ў Белавежскай пушчы ўразілі Андрэя Сахуту сваёй нечаканасцю. А падаліся яны нечаканымі, можа, таму, што апошнім часам радзей чытаў газеты, яшчэ радзей глядзеў тэлевізар. Але цяпер, аналізуючы ўсё, што здарылася, ён пераконваўся: нічога нечаканага не адбылося, усё даўно наспела. Пасля развалу КПСС усе канструкцыі Савецкага Саюза захісталіся, заскрыпелі, як нямазаныя калёсы. Усе рэспублікі аб'явілі аб сваім суверэнітэце, усе зрабіліся самастойнымі. Крэмль страціў уплыў на эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі, як і астатніх саюзных рэспублік. Прыбалты ж раней за ўсіх ляпнулі дзвярыма і памахалі рукою на развітанне. Разбегліся па сваіх кватэрах.
Жнівеньскі путч расчыніў дзверы напята. І як птушкі з клеткі, самастойныя дзяржавы вырваліся на волю, быццам застаялыя, падужэлыя цяляты на вясновае сонейка. На прастору, дзе вольны вецер казытае ноздры,. лашчыць поўсць. Ніхто не ведаў, якое жыццё настане ў асобных кватэрах. На сваім хлебе, са сваімі багамі на покуце. Але ўсе: начальнікі і падначаленыя, гараджане і вяскоўцы, сівыя ветэраны і бязвусыя юнакі спадзяваліся на лепшае жыццё. Тыя, хто рыхтаваў развал Саюза, зрабілі ўсё мачымае і немагчымае, каб жыццё ў СССР стала невыносным, каб развітанне з “непарушным” было без ааблівага шкадвання. Ды цяпер ужо ніхто не пытаўся ў народа, бо ён ужо выказаўся на сакавіцкім рэферэндуме за Саюз. Але вынікі таго ўсенароднага апытання мала цікавілі закапёршчыкаў-разбуральнікаў. Спрадвеку валадары свету паварочвалі і накіроўвалі народ туды. куды ім. валадарам, хацелася. А народ “безмолвствовал”. Так, на думку Сахуты, адбылося і ў снежні 1991 года,
На душы ў яго было трывожна і тужліва: колькі ён будзе тут марнець.сядзець, як воўк у лесе. Без жонкі, удалечыні ад унукаў і дзяцей. У радыяцыйнай зоне, адкуль усе разумныя людзі ўцяклі, а ён прыехаў са сталіцы, з высокай пасады. Ну, калі сталіцу, шыкоўную кватэру ён пакінуў сам, то з пасады яго турнула жыццё. Часам Андрэй разважаў: а каб не здарыўся жнівеньскі пут, ці каб путчысты перамаглі, што было б? Падпісалі б новы саюзны дагавор. Далі болей свабоды і самастойнасці саюзным рэспублікам. І ён, Сахута, сакратар абкама партыі па ідэалогіі, затаўся б на сваім пасту, кіраваў бы і далей, вядома ж, з улікам новых жыццёыых рэалій. Можа, таму і разваліўся Саюз непарушны, што кіраўнікі ягныя, прычым самыя высокія. не ўлічвалі жыццёвых рэалій.
Думкі, думкі... Часу ў Андрэя на роздум хапала. Кароткія восеньскія дні дагаралі, акурат свечкі на ветры. Доўгімі восеньскімі вечарамі ён варочаўся на мулкім ложку, а сон не браў. Праз тонкую перагародку чуў маладое сакавітае пахрапванне суседа Віктара. Калі ўвечары распівалі паўлітэрку, Андрэй засынаў хутчэй , затое рана прачынаўся. І зноў думкі распіралі галаву.
Іншым разам, у добрае надвор’е, ускідваў на плечы стрэльбу і выходзіў з дому яшчэ цёмначы. Крочыў па лясной дарозе да Бесядзі, на ўзлеску паварочваў управа на Бабіну гару і там сустракаў світанак. З высокай гары пазіраў на родную вёску ў цёмных прысадах. Лічыў рэдкія слупкі дыму над хатамі, вочы самі адшуквалі гэткі ж слупок, нібы сцежку ў неба, над іхняй хатаю. Значыць, Марына ўжо не спіць, гатуе сняданак, Бравусаў тупае па двары, даглядае гаспадарку. Зрэшты, не ўсё так блага, не ўсё безнадзейна. Вось Марына хоць на схіле жыцця знайшла сваё шчасце. Дружна, душа ў душу, жывуць настаўнік Мамута і Юзя.
Згадка пра іх грэла Сахуту: Юзя таксама кінула Мінск і прыехала ў зону дзеля свайго кахання. А ён? Наадварот – уцёк ад сям’і. Міжволі ўзгадалася Паліна. Хоць бы паклікалі ў раён на якую-небудзь нараду, ці самому знайсці нагоду для паездкі. Але ў лясгас паказвацца няёмка, падумае дырэктар: не можа Сахута дачакацца павышэння, прывык даваць указанні.
Сахута спусціўся да ракі. Беражніцы замерзлі, па вадзе плыў шарэш – ледзяная каша, рака дымілася параю. На паваротцы, дзе плынь білася ў бераг, падмывала яго, лёду не было, адно прыбівала сюды шарэш. Андрэй разгроб ледзяную кашу, памыўся. Халодная, аж калола ў пальцы, вада была мяккая, пахла водарасцямі, рыбінаю луской і яшчэ нечым таямнічым і з маленства родным.
Настрой трохі палепшаў, на душы пасвятлела, захацелася далей цягнуць жыццёвы воз і спадзявацца на лепшае. Назад ішоў весялей, аглядаўся па баках, свежых пнёў, слядоў браканьерскіх “парубак”, не заўважаў, дый не было каму красці лес на дровы ці будоўлю. Прывезці адсюль дроў, значыць, ператварыць уласную печ у хатні рэактар.
У лесе ўжо зусім развіднела, калі Сахуту дагнаў Косця Варонін, узрадаваўся, саскочыў з веласіпеда.
– Добрай вам раніцы, Андрэй Мацвеевіч! – Косця з насцярогаю працягнуў шырокую халаднаватую далонь, а раптам Сахута не падасць яму, браканьеру, руку. Але той шчыра паціснуў працягнутую далонь – спрацавала звычка камсамольскага і партыйнага функцыянера. – Вы так рана ўжо на пасце? Ці на паляванне хадзілі? Дык жа без трафеяў...
– Якое там паляванне? Захацелася прайсціся. Дзеля ранішняй зарадкі.