Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 19 страниц)
– Завіце проста Юзяй. Ну, калі хочаце, каб самавіта было, то – Юзэфай Іосіфаўнай. Або Язэпаўнай. Гэта больш па-беларуску.
– Дык што, Сталін па-беларуску будзе – Язэп Вісарыёнавіч? – хмыкнуў Бравусаў.
– А чаму? Канешне, так і будзе, – смяялася Юзя. – Вы закусвайце, а то бульба астыне. Грыбы чыстыя. Адкуль мы прынеслі, Пеця?
– З-пад Бялынкавіч.
– Ого, – здзівілася Марына, – так далёка вы хадзілі.
– Лацвей было б на кані. Мы з Пятром Еўдакімавічам, – Юзя падкрэслена назвала гаспадара поўным імем і па бацьку, бо заўважыла, што вяскоўцы называюць свайго былога дырэктара школы менавіта так, – узгадвалі ў лесе... Ну, недзе прачытанае, як у Расіі цалюткі вазок груздоў назбіралі. У грыбы ездзяць там на кані, – Юзя зірнула на Пятра, маўляў, я падвяла гутарку да патрэбнай тэмы, а ты вядзі рэй далей.
– Ну, у грыбы ездзяць рэдка. Можна і пешкі схадзіць. А вось у гаспадарцы конь патрэбны амаль штодня, – пачаў Мамута. – То дроў прывезці, то сена, то бульбу...
– Дык у чым прамблема, Еўдакімавіч? – перапыніў яго Бравусаў. – Я заўсягды кажу: калі трэба, тады і бярыце. Мая кабылка ў вашых руках. Не саромейцеся! Яна часцяком прагульвае. Застойваецца.
– Не, Усцінавіч. Мы так не згодныя. Мы гатовы памагаць. Ну, каб разам даглядаць. Вось мы, як грыбы збіралі, пра гэта і гаварылі. Я вельмі люблю коней, – Юзя расхвалявалася, расшпіліла гузікі кофты, быццам яны сціскалі яе. – Пад Мінскам ёсць школа. На станцыі Ратамка. Там вучаць на конях выступаць... Наш сын, Пётр Пятровіч, цяпер ён ужо камандзір батальёна. Падпалкоўнік. Калі быў школьнікам, ездзіў у Ратамку на заняткі. На спартыўных спаборніцтвах выступаў. Хоча ў Хатынічы да нас прыехаць. Разам са Славікам. Гэта ўнук наш. Мая мара, каб самім купіць каня.
– О, малайчына, Іосіфаўна, ну, ці Язэпаўна. Я сабе думаю іншы раз: калі Мамуты ўцякаць наважацца? Дык я вам жарабятка выгадую! —падхапіўся Бравусаў. – За ета трэба выпіць!
– Валодзя, ты нешта распетушыўся! Хопіць! – таўханула яго пад бок Марына. – Сцямнела ўжо. Пойдзем да хаты.
– Мы не часта бачымся. Дамоў паспеем. Гаспадарка дагледжана. І мы ж не п'ём, а лечамся. Радыяцыю перамагаем, – усміхаўся Бравусаў. – Так што, за дружбу, перахадзяшчую ў любоў, – падняў ён чарку. – І мы пераможам пракляты Чарнобыль!
Далей гутарка круцілася вакол каня: атавы трэба накасіць, аўсу прыкупіць, прывезці дроў. А Юзя падкінула яшчэ, так бы мовіць, бярвенца ў вогнішча бяседы: сказала, што збіраюцца звавесці казу.
– Усцінвіч, у вас у Белай Гары ёсць сваякі. Можа, даведаецеся, ці будзе хто казу прдаваць?
– Разведаю. Абізацельна. Казінае малако дужа карыснае. Як мая матка казала: дужа пальзіцельна.
– Ой, мы рады, што вы сур'ёзна думаеце гаспадарыць,– шчыра ўзрадавала пачутая вестка Марыну,
– Мы ж тут, як альпіністы, звязаныя адным лёсам, – задумліва сказаў Мамута т ўзяўся за бутэльку.
Але Марына рашуча запярэчыла:
– Пётр Еўдакімавіч, хопіць. Ну, колькі можна?
– Мацвееўна, каханенькая-родненькая. Алгаблёвую можна. І пойдзем дахаты,– махнуў рукою. нібы шашкаю, былы ўчастковы.
Быў позні жнівеньскі вечар, калі госці і гаспадары выйшлі з хаты. На небе высыпалі зоры, яркія, мігатлівыя, паветра дыхала расянаю бадзёраю прахалодаю.
– Жанчынкі, настрой такі добры. Душа песні просіць. Хай Божанька, калі ён ёсць, пачуе, што жывуць хатыньчане і радуюцца, – знарок гучна гаварыў Бравусаў. – Ну, пачынайце! Любую, якую ведаеце:
– У суботу Янка ехаў ля ракі,
Пад вярбой Алёна мыла ручнікі,—
пачала Юзя высокім чыстым голасам.
– Пакажы, Алёна, броды земляку….—
дружна падхапіла ўся вясёлая кампанія.
Калі песня скончылася, Бравусаў гучна запляскаў у ладкі:
– Ну, малайчына, Юзя! Хвакцічаскі, арцістка! Як табе ўдалося, Еўдакімавіч, завербаваць у нашу глуш... Ды яшчэ радыяцыйную глуш гэткую галасістую птушку?
– А ты думаў, што я ўжо нічога не варты... – пачаў Мамута, але Юзя яго перапыніла:
– Усцінавіч, сакрэт просты. З мілым рай і ў радыяцыйнай зоне. Давайце яшчэ паспяваем...
– Каля грэблі шумяць вербы,
Што я пасадзіла,
– шырока, распеўна зацягнула Юзя.
Песню падхапіла Марына, падцягнулі і мужчыны. Мамута ніколі не чуў раней, каб Марына спявала, ні разу не бачыў яе ў клубе на танцах. У хаце прыглядаўся неўпрыкмет і з ціхай радасцю адзначыў, што яна памаладзела, расцвіла позняй жаночай прыгажосцю, як бывае расцвіце ў палісадніку вяргіня пасля першых прымаразкаў.
І Юзя змянілася за вясну і лета, пражытыя ў Хатынічах. Ды не, яна не пастарэла, хоць трохі і ўсохла, пастрайнела, бо не было калі сядзець ля тэлевізара, не набівала жывот даволі таннай варанай каўбасой, у якой крухмалу болей, чым мяса. Руху ёй хапала, дый і ў ложку не ленавалася. “Можа, і праўда пажывём яшчэ. Насуперак Чарнобылю”, – мільганула думка ў разгарачанай чаркаю, затуманенай спевамі галаве Мамуты. А яшчэ ён адчуў нязведаную раней прагу жыць. Жыць наперакор усялякаму ліху!
Ад Бесядзі дыхнуў пругкі вільготны вецерр з водарам надрэчнага туману, водарасцяў, мокрых лазовых кустоў.
– А ноч будзе ядраная, – сцепанула плячамі Марына. – Не трэба далей нас праводзіць. Хапае вам за дзень тупаніны. І ў грыбы так далёка хадзілі.
– На будучае лета, хвакцічаскі, паедзем у грыбы на кані. Сядзем, як паны, і пакоцім. Няма чаго ногі біць, – сказаў Бравусаў.
– Ой, доўга чакаць! Я думала яшчэ сёлета з’ездзім. Як ты, Марына? – па-сяброўску абняла Юзя Марыну, нібы хацела сагрэць ёй плечы.
– Я за ета... У апенькі самы раз на калёсах. Мой бацька хадзіў у апенькі не з кашом, а з мехам. Яны не крышацца, не ломяцца. Дык вось бацька нарэжа мех апенек, на плечы і дамоў. Іншых грыбоў не збіраў. Не было калі. Апенькі ж познія, работы мала. Можна і ў грыбы схадзіць.
– Ну што, раз пайшла такая п’янка, – гучна рагатнуў Бравусаў, – значыць, з’ездзім сёлета. Абізацельна. Сянні вы… Хвакцічаскі, ужо далёка зайшлі. Давайце развітвацца. Праўду кажа Марына: вецер ядраны. З паўднёвага усходу. Чарнобыльскі. Палыном пахне.
– Ну, Усцінавіч, дзе вы тут водар палыну пачулі? – здзівілася Юзя. – Вецер як вецер. Вільготны, бо рака побач. Прахалодны, бо восень на парозе. Ну, але хай будзе палыновы... Малайцы, што прыйшлі. Зрабілі нам свята.
– Ета вам вялікі дзякуй. За частаванне, за чаркаванне. І за песні. Хвакцічаскі, даўно я так не спяваў, – шчыра і ўсхвалявана дзякаваў Бравусаў.
– Ну, то яшчэ прыходзьце, – хай яшчэ будзе адно свята, – таксама ўзрадаваны, усцешаны нечаканай сустрэчай, сказаў Мамута.
– Не, цяпер вы да нас. Давайце ў наступную суботу. Ці ў нядзелю. Дагледзеце гаспадарку і прыходзьце, – запрасіла Марына. Убачыла, што расчулены Бравусаў палез абдымацца да Мамуты, не стрывала: – От не люблю, калі мужыкі цалуюцца!
– З жанчынай, хвакцічаскі, цікавей, – Бравусаў тройчы пацалаваў Юзю.
Тады й Марына цмокнула ў шчаку былога настаўніка, а з Юзяй яны шчыра, як даўнія сяброўкі, расцалаваліся.
Мамута і Юзя павярнулі ў свой Канчанскі бок, а Бравусаў з Марынай пасунуліся ў Шамаўскі бок – гэтак раней хатыньчане ўмоўна дзялілі вялікую вёску. Праўда, мяжа гэтага падзелу праходзіла трохі далей, дзе з поля бег нешырокі выган-дарога, а на балота да Бесядзі вёў вузкі правулак, акурат паўз хату Парфіра Драздова, былога харч-агента, Марынінага дзядзькі.
Амаль поўны месяц ужо даволі высока ўзняўся над лесам. Мамуту закарцела правесці Юзю па ўзгор'і – паказаць, як блішчыць Бесядзь у месяцовым ззянні.
– Юзя, даражэнькая, ведаеш, якое ўзнікла жаданне?
– Ведаю. Хочаш пацалавацца. І я– таксама.
– Я хачу цалаваць цябе на ўзгор'і. Каб ты пабачыла, як зіхаціць, пераліваецца Бесядзь пад месяцам. Гэта дзіўная прыгажосць.
– Ну дык пайшлі.
– Але на той сцежцы, пэўна, густая раса. Дый парасла яна быльнягом, няма каму там хадзіць. Будзем мокрыя па вушы. Давай лепей тут пацалуемся
Яны стаялі пасярод бязлюднай вуліцы і цалаваліся. Якмаладажоны.
Мамута зірнуў на месяц, які ўвачавідкі святлеў. Нібыта з яго выпараліся барвовасць і жаўцізна, якія былі знаць, калі ён вісеў над цёмнай зубчастай сцяной леса. Цяпер месяц зіхацеў, пераліваўся сінявата-бледным ззяннем і, быццам магніт, прыцягваў да сябе.
– Вось гляджу на месяц, на зоркі, – парушыў цішыню ночы Мамута.– Якая гэта бездань – неба! І зямля – таксама бездань. І душа чалавечая – хіба не бездань? Колькі ў ёй усяго! І добрага, і благога, і таемнага, і нязведанага…
– Ой, Петрачок ты мой, не забірайся гэтак высака. Ажно ў космас. Лепей думаць пра зямное, – Юзя ўзяла яго пад руку, мацней прыхінулася, быццам баялася, што стары летуценнік узляціць у неба.
Што ж, зямное – дык зямное. Ён ускінуў ёй на плечы крысо пінжака, абняў. Так, абняўшыся, быццам жаніх і нявеста, яны ішлі па бязлюднай, пустыннай вясковай вуліцы.
– А ведаеш, пра што я падумала? – і не чакаючы адказу, Юзя гаварыла далей: – Мы ўжо некалі пра гэта гаманілі. Але ўсё роўна думаецца. Спаленая вёска ў вайну потым адрадзілася. А Чарнобыль, мусіць, яе спапяліў нябачным агнём назаўсёды. А можа, адродзіцца? Такая вакол прыгажосць! Бесядзь, лес, зямля ўрадлівая. Толькі б жыць і жыць…
– Можа, і адродзіцца. Але дужа няскора… Жаль только жить в эту пору прекрасную уж не придется…
– Ну што ты так сумна? – перапыніла Юзя.– Будзем жыць! Нездарма я сюды прыехала. Сталіцу кінула. Гаспадарку завядзем. Свой мядок ёсць. Будзе казінае малачко. Пальзіцельнае. Як Бравуаў кажа. І грыбоў назапасім. І суседзі ёсць. Песні будзем спяваць. На зло Чарнобылю!
– Ты – малайчына, Юзя. Грэх цябе не любіць ,– Мамута пацалаваў яе ў халаднаватую шчаку.
– А я цябе люблю здавён-даўна. І назаўсёды.
Юзя павярнулася, ашчаперыла Мамуту за галаву і ўпілася ў вусны. Нібы рабіла гэта апошні раз.
Серабрыста-белы месяц усё вышэй уздымаўся над Бесяддзю.
Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991 г.
19 верасня, Мінск. Старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі абраны 56-гадовы Станіслаў Шушкевіч. Для перамогі яму спатрэбіліся два дні барацьбы і тры туры галасавання.
20 верасня, Кабул. Лідэры “пешаварскай сямёркі” патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Наджыбулы.
22 верасня, Тбілісі. Тут адбыліся жорсткія сутычкі прыхільнікаў прэзідэнта Гамсахурдзія з сіламі апазіцыі.
24 верасня. Парыж..Газета “Монд” надрукавала інтэрв'ю прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы, у якім ён заявіў: Еўропа падманула мяне – не дала абяцанай дапамогі.
VІ
Па даўняй звычцы штораніцы Георгій Акапян абыходзіў тэрыторыю завода. Ён хацеў на свае вочы пабачыць, што дзе зроблена, каб на планёрцы слухаць тлумачэнні намесніка, галоўнага інжынера, прараба, іхнія апраўданні, а потым паказаць, што ён усё ведае. І вось гэтай хмарнай, золкай раніцай Акапян выцягнуў з ніжняй шуфляды шафы, якая стаяла ў прыёмнай, свае гумовікі і пачаў абувацца. Сакратаркі яшчэ не было, яна так рана не прыходзіла. Усцягнуў боты, невысокія, карычневыя – ён не любіў чорнага колеру, – заправіў у халявы джынсы.
На дварэ тугі вільготны вецер шаргануў у твар, ледзь не сарваў з галавы берэт. Георгій нацягнуў яго ніжэй, зашпіліў на ўсе гузікі куртку. Зірнуў на неба, шукаючы прасвету ў хмарах і раптам стаў як укапаны: на высознай трубе, якая ўзвышалася над цэхам абпальвання клінкеру, трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг. Хто ж яго туды усцягнуў, варухнулася думка, гэта ж смеласць трэба мець. І загадваць не давялося. Дабраліся і да нас бэнээфаўцы. І зняць не маеш права. Днямі чытаў у газеце, што бел-чырвона-белы сцяг ужо залунаў над Магілёўскім гарсаветам.
Георгій Акапян акінуў вокам змрочныя грувасткія карабкі мёртвых цэхаў, у іхніх пустых вокнах не свяцілася ніводнага агеньчыка. І сцяг над мёртвымі пабудовамі быў адзіным, так бы мовіць, светлым аб’ектам. А ўнізе на тэрыторыі завода ўзвышаліся гарбатыя, нібы спіны вялізных, казачных мастадонтаў, гурбы зямлі, гліны, між імі цьмяна паблісквалі лужы. У адну з іх ледзь не ўсунуўся Георгій.
Тым часам развіднела, сям-там чуліся галасы рабочых, сярдзіта гурчалі, быццам незадаволеныя, што іх пабудзілі, маторы машын. Каля бульдозера корпаўся чалавек. Акапян падышоў да яго, павітаўся.
– Хрэновыя справы, Георгій Сяргеевіч. Саляры кот наплакаў... Няма на чым рабіць. І зарплаты няма. Калі будзе? А то хлеба няма за што купіць. Ё-маё, што ета за жысць такая!
– На наступным тыдні будзе зарплата. Учора даў тэлеграму Кебічу. Старшыні Савета Міністраў. Абяцаў...
– Ну, ета яшчэ не хвакт, што грошы будуць. Абяцанка – цацанка... Або яшчэ кажуць: абяцанне рот не раздзярэ. А сянні ўжо трынаццатага верасня. Во, рэзка пахаладала. Бульбу трэба выбіраць, – гундосіў асіплым голасам бульдазерыст, сталага веку мужчына, з сівымі скронямі, з чырвоным абветраным тварам. – Планаваў на выхадныя... Ну, бульбу капаць. А тут перадаюць , што будзе дождж. Можа б, сянні вырвацца, га? Усё адно грошы не плаціце.
– Трэба прыбіраць тэрыторыю. Хутка пуск завода. А бульбу можна выкапаць і праз тыдзень, – важна адказаў Акапян.
– Етая прыборка нідзе не дзенецца. А бульбу можа марозік прыхапіць. Тут вам не Каўказ. У нас халадней.
– А пры чым тут Каўказ? Я нарадзіўся на Беларусі, на Магілёўшчыне. Бацька партызаніў тут. А пасля вайны раён падымаў. Так што няма чаго мне Каўказам тыкаць, – узарваўся Акапян.
– Я не тыкаю. Я сказаў , што ў нас іншае надвор’е. І няма чаго крычаць, – хмурна зірнуў бульдазерыст, сціскаючы бруднай спяцоўкаю вялізны гаечны ключ.
Акапян ведаў бульдазерыста, не раз бачыў яго на падпітку, і жыў ён у суседнім доме.
Новым мікрараёнам, у якім атрымалі кватэры завадчане, былыя вяскоўцы ў сваёй большасці, Акапян мог ганарыцца. Гэта ён выбіваў фонды, матэрыялы, дняваў і начаваў на будоўлі жытла, бо разумеў, што кватэраю можна прывязаць тут маладога, дый сталага спецыяліста. Жылых дамоў набудавалі, а завод стаіць мёртвы, хоць ён ужо тры гады павінен даваць прадукцыю. Спярша пуск сарваў Чарнобыль, а цяпер тармозіць суцэльнае безгалоўе, якое пануе ва ўсёй вялікай савецкай краіне.
Вярнуўся ён у кабінет з дрэнным настроем. Зноў зашчымела сэрца, мусіў узяць таблетку нітрагліцэрыну. Кепска пачынаецца дзень, сумна падумаў ён. У гэты час пранізліва азваўся тэлефон.
– Ну што ты ўсё скардзішся, Георгій Сяргеевіч? – пазнаў ён голас намесніка міністра. – Няўжо ты не разумееш сітуацыю? Ну, няма зараз грошай. Ты думаеш, даў тэлеграму – і ўсё вырашылася? Ні храна... Спіхнулі на мяне. Даручылі перадаць: можаш даваць людзям адпачынак без аплаты. Хай бульбу ўбіраюць. Зіма наперадзе.
– А хто так сказаў? Дык што, завод пускаць не трэба? Ухлопалі мільярды... І кату пад хвост? Хіба гэта дзяржаўны падыход?
– Георгій Сяргеевіч, дарагі мой чалавек, і я, і ўсе ў міністэрстве.. І вышэй нас. Усе гэта ведаюць. А ты мітынгуеш. Не пусцім сёлета, на будучы год здадзім. Давядзем да ладу. Тут усё сыплецца, развальваецца...Карацей, грошай пакуль што няма. Пускай людзей у адпачынкі. І сам з'ездзі куды-небудзь. А то без выхадных шчыруеш там, як чорны вол, – намеснік прыцішыў голас: – А гэта зараз нікому не трэба. Як і твой завод.Міністр у адпачынку. Катануў да Чорнага мора. А ты распінаешся там. Будзь здароў! І не бяры ўсё да галавы. Бог не выдасць – свіння не з'есць. Абдымаю!
Акапян доўга трымаў слухаўку, быццам страціў сілу, не мог працягнуць руку і пакласці трубку на апарат. Значыць, з ягонай грознай тэлеграмы: зрываецца пуск завода, калектыў патрабуе аднавіць фінансаванне – атрымаўся пшык. З вялікага грому малы дождж. Канешне, ён не спадзяваўся, што патэлефануе сам прэм’ер, але ягоны намеснік ці міністр маглі б пацікавіцца, а то і прыехаць, разабрацца на месцы або выклікаць яго, Акапяна, для даклада. Значыць, сапраўды пуск завода нікому не патрэбны.
Ён сядзеў абвялы, як бульбоўнік пасля марозу, яму нічога не хацелася рабіць. Адчуваў, як патыліца ўсё мацней наліваецца цяжарам – значыць, падымаецца ціск. У роце зрабілася суха і горка. Папрасіў сакратарку згатаваць чаю, але нямоцнага. Выпіў таблетку адэльфану, каб трохі збіць ціск.
– Мне трэба абдумаць адну справу. Паўгадзіны ні з кім не злучай. Кажы: на тэрыторыі, – папярэдзіў сакратарку.
А сам лёг на вузкую мулкую канапку, што стаяла паўз сцяну. Пад галаву паклаў куртку, наверх берэт – пачуў ад яго пах адэкалону, накрыўся пінжаком. Заплюшчыў вочы, але ў галаве, нібы на гукавой плёнцы, пракручвалася нядаўняя размова з намеснікам міністра, усплыў чырвоны абветраны твар бульдазерыста, на фоне густых цёмна-шэрых аблокаў трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг. Нехта ж яго усцягнуў… Каму сцяг. А ў мяне з галавы не выходзіць печ размолу клінкера. Дарога для падвозу сыравіны не закончана. Вузкакалейка ад станцыі не даведзена да завода. Засталося якіх паўтараста метраў. Рэек не хапіла. Шпалы ўклалі. Усё падрыхтавалі – рэек не прывезлі. Нуй бардзель! Калі цяпер не зробім, да вясны шпалы расцягнуць. Пачынай усё спачатку. От. безгалоўе! Яны думаюць: сцяг павесілі – і ўсё само сабой зробіца. Але хто даў каманду? Са мной не параіліся. Я ж чужы, небеларус. Нават п'янтос-бульдазерыст уеў: тут вам не Каўказ.
Акапян павярнуўся на другі бок з надзеяй хоць на чвэрць гадзіны задрамаць, адключыць свой “камп’ютэр”. Але рой думак не пакідаў галаву. І раптам так заманулася кінуць-рынуць усё і паехаць у Арменію. Ёсць там далёкія сваякі. Там шануюць сваяцтва, ведаюць свае карані да сёмага калена. Сястра Ніна перапісваецца з цёткаю. І жонка Алена прасіла не раз: “Давай з’ездзім у Арменію”. Ён быў адзін раз у Ерэване і то ў камандзіроўцы. З жонкаю ўсяго адзін раз быў на Чорным моры, у крымскім санаторыі “Беларусь”. І ўчора яна казала: “Калі возьмеш адпачынак?” – “Які адпачынак? Завод пускаць трэба. Тысяча клопатаў...” – “Ты паглядзі на сябе. Адзін нос застаўся. Схуднеў, учарнеў... Пра жонку, пра сям’ю і думаць забыўся. Без грошай сядзім...” А можа, паехаць заўтра ў Мінск? Праведаць дачку, унука. А ў панядзелак у міністэрства. А што там вырашыш? Міністра няма. Да віцэ-прэм’ера не праб’ешся без папярэдняй дамоўленасці. Кебічу не да яго... Узгадаў, што ўчора вадзіцель прасіўся адпусціць яго ў суботу – капаць бульбу. Ні храна не маю: ні сваёй машыны, ні дачы. Аддаў сілы і здароўе заводу, які нікому не патрэбны. І невядома, калі ён пачне працаваць. Навошта цэмент, калі ўсё вакол развальваецца, рушыцца. Цэмент патрэбны, калі кіпіць будоўля.
Думкі зноў павярнуліся да сям’і, жонкі. Учора яна ўпікнула: зіма наперадзе, а бульбы адзін кош. Суседцы прывезлі з калгаса чатыры мяхі. “І нам прывязуць. Не перажывай. Уборка бульбы толькі пачалася”. – “Ага, прывязуць. У цябе толькі завод у галаве. І ўдзень, і ўночы пра яго думаеш...” У апошнім слове адчуў намёк, што даўно не спаў з ёй. Няма жадання, і што яго балюча ўразіла – няма сілы. Во, што значыць працаваць без адпачынку! Ды часцяком без абеду. А ўвечары даводзілася і чарку браць на галодны жывот. Учора ён абняў жонку, пацалаваў, яна прыхінулася да яго... Ён стараўся, як мог, але хапіла сілы толькі на пацалункі. Болей нічога не атрымалася. Упершыню за іхняе сямейнае жыццё выйшла асечка.
Алена замест таго, каб суцешыць, супакоіць яго, заплакала, пачала дакараць, што ён завёў сабе маладую, што круціць з сакратаркай, дамоў прыязджае з пустымі штанамі... Гэтыя словы яго вельмі ўразілі і абразілі. Доўга не мог заснуць. А тут яшчэ заводскія клопаты, размова з намеснікам міністра, бязладдзе вакол. Халадэча і няўтульнасць...
У галаве нібы засела думка-стрэмка: што рабіць? Дзе выйсце? Міжволі згадаў бацькаў аповед: калі яго наважыліся турнуць з партыі, з крэсла першага сакратара райкама, ён з Лабанаўкі, катануў у Маскву да Георгія Малянкова. І той абараніў, дапамог. А куды кінуцца яму, Георгію Акапяну? Ні ў Мінску, і тым больш у Маскве, яго ніхто не чакае. Яшчэ згадалася размова з бацькам пра “чорны след” Малянкова на Беларусі: разгром, які ён учыніў партыйным кадрам у 1937 годзе. Бацька не даслухаў, рашуча замахаў рукамі: “Брахня, сынок! Цяпер панавешалі сабак і на Сталіны, і на яго саратнікаў. Малянкоў прыязджаў тады з Якаўлевым. Дык таго праз год расстралялі. А Малянкоў пайшоў на павышэнне. Вось так, душа любезны. Сталін разбіраўся! Ведаў, хто чаго варты.
АД АЎТАРА. Як і ў ранейшых раманах, дазволю сабе публіцыстычнае адступленне.Каларытная постаць бліжэйшага сталінскага паплечніка Георгія Малянкова мяне ціквіць даўно. Яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў газеты, якімі былі абклеены сцены нашай хаты, часта кідалася ў вочы ягонае прозвішча, мурлаты тмвар на фотаздымках. А потым, калі пасля смерці Сталіна, нашмат скарацілі падаткі – Малянкоў тады быў старшынёй Савета Міністраў СССР, рабіў даклад,– народ усю сваю ўдзячнасць скіраваў на яго. Вось тады мае аднавяскоўцы пачалі куляць за ягонае здароўе поўныя шклянкі, якія ахрысцілі “малянкоўскімі”.
У трагічным 1937 -м загадчык аддзела партыйных органаў ЦК Малянкоў прыязджаў у Мінск разам з Якавам Якаўлевым, які загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі ЦК. Мне давялося чытаць стэнаграму пленума ЦК Кампартыі Беларусі, які адбыўся 29 ліпеня 1937 года. Усіх прамоўцаў госці з Масквы закідвалі пытаннямі, не давалі гаварыць.Вось яскравы прыклад. Выступае старшыня Слуцкага акрвыканкама Жолудаў. Якаўлеў перапыняе яго, называе “польскім шпіёнам” і робіць выснову-прысуд:
“Я думаю, что таким людям нечего делать ни в ЦК Белоруссии, ни в нашей партии.
Предсдатель: Есть такое предложение – предложение тов. Яковлева проголосовать. Кто за то, чтобы предложение т. Яковлева прииять? Прошу проголосовать. Прошу опустить. Кто против? Нет? Ваш партийный билет.
Жолудов. Я не знаю. Я апелирую к пленуму, разберутся, конечно, но я вредитель, так, по-видимому, получается…
Яковлев: Так получилось.
Жолудов: Я вредителем никогда не был. Я вышел из пролетарской семьи, боролся на фронтах. Ну что же…– отдает партийный билет.
З 24 выступоўцаў на пленуме 20 былі расстраляныя, сярод іх тагачасны
Першы скратар ЦК Васіль Шаранговіч, першы беларус на гэтай пасадзе,
Да яго нашымі партыйцамі кіравалі небеларусы. У тым годзе КПБ страціла 40 працэнтаў сваіх членаў. Былі расстраляныя сотні савецкіх, гаспадарчых кіраўнікоў, вайсковых камандзіраў, навукоўцаў і пісьменнікаў.
Здараюцца ў гісторыі дзіўныя, ракавыя супадзенні. Роўна праз год 29 ліпеня 1938-га Якаў Якаўлеў быў расстраляны як вораг народа: “за что боролся, на то и напоролся.” А Малянкоў неўзабаве стаў сакратаром ЦК, у жніўні 43-га ўзначаліў Камітэт пры СНК СССР па аднаўленні разбуранай гаспадаркі ў вызваленых ад фашыстаў раёнах. Праявіў на гэтай пасадзе выдатныя арганізатарскія здольнасці.
Гнеў таварышаў–хаўруснікаў дагнаў Георгія Малянковаў 1961 годзе: за грубыя парушэнні Статута партыі, сацыялістычнай законнасці і антыпартыйную фракцыйную дзейнасць яго выключылі з КПСС. Памёр Малянкоў у 1988–м на восемдзесят сёмым годзе жыцця.. Нездарма кажуць: пакуль тоўсты сохне, дык худы здохне. Дарэчы, доўга жылі і бліжэйшыя паплечнікі Сталіна – Молатаў і Кагановіч. Няўжо не мучылі іх згрызоты сумлення?
Георгій Акапян з цяжкасцю падняўся, прычасаў парадзелыя кучары, у якіх з кожным днём усё большала сівых нітак-валасінак: няўмольны час ткаў сваё павуцінне. Скрушна падумалася: тады быў суровы час, але і зараз не лягчэй. Адно, што не страляюць, не адбіраюць партбілеты. Затое самі партыйцы кладуць іх на стол, самі пускаюць сабе кулю ў лабаціну. Паклікаў сакратарку, спытаўся, хто яму тэлефанаваў.
– Званіў ляснічы Акуліч з Белай Гары. Праз паўгадзіны будзе яшчэ тэлефанаваць.
– Паклічце галоўнага інжынера, намесніка па будаўніцтве...
Закруцілі яго, узялі ў палон звычайныя, будзённыя клопаты і праблемы вялікай будоўлі. На планёрцы Георгій пераказаў размову з намеснікам міністра сваім бліжэйшым памочнікам.
– Вусны дазвол – штука хітрая, – пакруціў носам галоўны інжынер. – А як пуск завода сарвецца, тады спытаюць: чаму народ распусцілі? Хто дазволіў?
– Ну, дык грошай жа не даюць, – парыраваў намеснік па будаўніцтве. – Завод сёлета пусціць не ўдасца. Яшчэ столькі работы! Тым больш там, наверсе, нікому наш завод не патрэбны.
– Карацей, зробім так, – рашуча сказаў Акапян. – Хто не дужа заняты і хоча ўзяць адпачынак, адпускайце. На два тыдні без аплаты. Хай убіраюць бульбу. Рыхтуюцца да зімы.
Адчыніла дзверы сакратарка, сказала, што зноў тэлефануе ляснічы.
– Усе свабодныя! – Акапян зняў трубку.
– Георгій Сяргеевіч, дзень добры! Не прабіцца да вас. Даўно мы не бачыліся. Запрашаю на паляванне. А то качкі скора адляцяць у вырай. За Бялынкавічамі, у чыстай зоне, ёсць возера. Там качак – хмара. Давайце заўтра з раніцы і маханём туды. Ну як?
– І хочацца, і колецца. Спраў розных багата.
– Справам заўсёды канца няма. Паляванне – справа сезонная. Сёння можна – заўтра не. Так што паехалі. Даніла Баханькоў будзе. Вы ж з вадзіцелем?
– Ды не. Адпрасіўся... Бульбу капаць трэба.
– А калі паехаць сёння? На возеры пераначуем. Каля вогнішча. Шандарахнем па антабцы... А заўтра да дзесяці ён будзе дома. Даніла сядзіць без паліва. У мяне толькі матацыкл.
Акапян зразумеў, чаму гэтак угаворвае ляснічы: ім няма на чым ехаць. І ў яго не лішне гаручага, але раптам так заманулася апынуцца ў лесе, весела пагаманіць, кульнуць па “антабцы”.
– Пазвані праз гадзіну. Тады канкрэтна дамовімся, – закончыў ён размову.
Дзень памалу разгараўся. Па абедзе з-за хмараў выбілася зыркае сонца і высвеціла на дрэвах жоўта-чырвонае лісце – яно нагадвала раннюю сівізну ў чупрыне яшчэ маладога, здаровага чалавека. Прырода быццам спахапілася, што надыходзіць час бабінага лета, вымыла ўсё навокал бадзёрым восеньскім дажджом, вецер пазрываў сухое зморшчанае лісце, каб шчодра размаляваць лес у восеньскія фарбы. Паветра пачысцела, зрабілася прасветленым, празрыстым, як вымытае шкло.
Памалу палепшаў і настрой Акапяна. Усе ягоныя думкі былі пра паляванне. Заводскія клопаты адступілі на другі план.
Яны прыехалі на возера, калі сонца яшчэ не схавалася за дрэвы. Дзмітрый Акуліч развёў паляўнічых. Акапяна паставіў на прагалінцы, адкуль быў добры агляд наваколля. Даволі вялікае возера выцягнутай падковай уціснулася між лесу. Мабыць, з вышыні яно нагадвае след велікана, запоўнены вадою, падумаў Акапян, аглядаючы наваколле, нібы ўжо спадзяваўся ўбачыць у вышыні чараду качак.
Метраў за паўсотні ад яго стаяў Даніла Баханькоў. Сам ляснічы разам з вадзіцелем на старой пласкадоцны пашыліся ў чарот, які густа атуляў супрацьлеглы бок возера. Неўзабаве з чароту ўзнялася чародка качак, імкліва закружыла над возерам. Георгій не паспеў падрыхтавацца, як убачыў качак над галавою. Ускінуў стрэльбу, адчуў, што рука дрыжыць ці то ад хвалявання, ці ад бяссоннай ночы, націснуў курок – стрэлу не было, ціскануў другі – грымнуў стрэл наўздагон чарадзе. І ніводная качка не ўпала.
З прыкрасцю і разгубленасцю праводзіў вачамі чараду птушак. Тут жа бабахнуў дуплетам Даніла, дзве качкі шлёпнуліся ў ваду. Таксама дуплетам зняў дзвюх качак ляснічы.
“Шанцуе ж людзям”, – з прыкрасцю сплюнуў Акапян, цішком вылаяўся.
Астатнія качкі нырнулі за макаўкі дрэў. Але адна адбілася, імкліва кружляла над возерам. Георгій таропка заклаў новы набой. Качка набліжалася, ускінуў стрэльбу, мацней прыціснуў прыклад да пляча, адчуў, як тахкае сэрца, злавіў у проразі між ствалоў птушку, узяў трохі вышэй і ціскануў курок. Яму падалося, што стрэлу не пачуў, затое згледзеў, як падстрэленая качка рэзка склала крылы, спікіравала ўніз і шчабоўкнулася ў ваду. Ён прыкмеціў тое месца, куды ўпала птушка. Ляснічы з вадзіцелем спрытна даставалі ўпаляваную дзічыну. Акапян навёў іх на месца, куды ўпаў ягоны трафей.
– Ого, які качар! Прыгажун! – узрадавана крыкнуў ляснічы.
Акапян адразу не зразумеў, што качар – гэта самец-прыгажун. Гэта ён уцяміў, калі ўбачыў зялёна-карычневую птушку, узяў у рукі. Вада сцякла з пер’я, з крылаў, пачуў слабую цеплыню птушынага цела, якое зусім нядаўна было поўнае жыцця, спрыту, першароднай прыгажосці. І вось ягонае жыццё нечакана абарвалася. Цікава, чаго ён застаўся, не паляцеў разам з чарадой? Ці адбіўся з перапуду, ці кінуўся шукаць сваю сяброўку, якую падстрэлілі паляўнічыя? І яго напаткала смерць. Георгію шкада было прыгажуна-качара, і ў той жа час варухнулася ў душы азартная радасць паляўнічага ад удалага, трапнага стрэлу. Калі б не пацэліў, было б сорамна: кампаньёны-хаўруснікі знялі па дзве качкі, а ён ніводнай. А так, ён можа сябе паважаць, бо яшчэ мае цвёрдую руку і зоркае вока.
Не мог ведаць Георгій Акапян, што гэта ягоны апошні трафей і апошняе паляванне.
А ў той вечар яны добра пагаманілі, пасядзелі каля вогнішча, кульнулі не па адной антабцы. Былі вясёлыя анекдоты, жартоўныя паляўнічыя гісторыі, смачная, духмяная шурпа, якую ўмеў гатаваць ляснічы.
Георгій Акапян піў з асцярогаю: памятаў, чым скончылася вячэра месяц таму, жнівеньскім вечарам у доміку над Бесяддзю. Дый прымусу – піць да дна не было, а дырэктар саўгаса Даніла Баханькоў пасля некалькіх “антабак” хмыкнуў: піць, як і красці, трэба асцярожна. Настрой у Акапяна быў выдатны. Прывязе жонцы прыгажуна-качара – хай ведае, што ён яшчэ ўсё можа, сёння ў іх усё атрымаецца, ён будзе абдымаць жонку горача і прагна, як у маладосці, калі будзіў яе разы тры-чатыры за ноч...
Вярнуўся дамоў Акапян пасля поўначы. Алена чакала. Узрадавалася, калі ўбачыла паляўнічы трафей. І сапраўды, яны горача цалаваліся, і ўсё ў іх атрымалася. Шчаслівая Алена ўсміхалася: “Ну во, бачыш, пабыў на прыродзе. Адпачыў. І сіла з'явілася. Бяры адпачынак. Неадкладна...” Акапян не пярэчыў, пра недабудаваны завод не сказаў ні слова, пацалаваў жонку яшчэ раз і неўзабаве заснуў. І спаў моцна, як пшаніцу прадаўшы.
Але пад раніцу хапіў жывот – прачнуўся ад рэзкага болю. Схадзіў у туалет раз, другі, трэці... Патэлефанаваў галоўнаму інжынеру, сказаў, што блага сябе пачувае, ціск падняўся, не прыедзе на работу. “Можа, якія лекі трэба? Можа, доктара прыслаць?” – спагадліва пытаўся калега. “Ды не, дзякуй. Мы тут разбяромся...” Упершыню Акапян не спытаўся, чым будзе займацца галоўны інжынер, не даў “кіраўнічых указанняў” ні яму, ні іншым спецыялістам. Што хочаць, тое хай і робяць. Раз вышэйшаму начальству гэты завод да лямпачкі, дык чаму ён распінаўся без выхадных, без адпачынку?
Спагада, клопат галоўнага інжынера яго па-чалавечы кранулі. А яны ж столькі разоў спрачаліся, ледзьве не браліся загрудкі. Аднойчы галоўны інжынер нават паклаў на стол Акапяну заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Не адзін дзень спатрэбіўся дырэктару завода, каб ягоны паплечнік забраў заяву назад.
Цалюткі дзень пралежаў Акапян у ложку. Пад вечар паднялася тэмпература. Яго калацілі дрыжыкі. Алена не на жарты ўстрывожылася, прыклала губы да лба:
– Ой, ты ж увесь гарыш! Нешта трэба рабіць...
Знайшла таблеткі, ён паслухмяна каўтнуў іх. У яго была поўная абыякавасць да жыцця. Не хацелася думаць пра завод. Уваччу нібы застыў птах, які раптам падціснуў крылы і рынуўся ўніз, – у апошні палёт.