355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 10)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 19 страниц)

Юзя пыхкала куралём, падавала калі што трэ было. Яна ўжо зрабілася спрактыкаванай пчаляркай. Не баялася пчол, пасля укусаў цела не апухала, мядок любіла, а галоўнае – моцна пакахала пчаляра.

Апоўдні сонца нават пачало прыграваць, пчолы дружна сыпанулі на аблёт. Мамута слухаў вясёлы звон, і ягонае сэрца спявала: позні аблёт – радасць для пчаляра, бо нараджае надзею на шчаслівую зімоўку.

– Ета здараецца рэдка, каб у лістападзе пчолы выляталі на аблёт. Ачысцяцца, і лягчэй ім будзе зімаваць.

Мамута і Юзя ўжо канчалі сваю справу, калі па завулку пратарахцеў матацыкл і спыніўся ля іхняй хаты. У двары адчайна забрахаў сабака.

– Нехта да нас прыехаў. Пойдзем. Засталося толькі паставіць на лёткі металічныя рашоткі. Каб мышы не ўлезлі. Ета можна зрабіць і заўтра, – Пётр Еўдакімавіч зняў сетку, што захутвала твар, якую надзяваў па звычцы, бо пчолы яго джалілі рэдка.

Мамута прыжмурыў дальназоркія старэчыя вочы і здаля пазнаў свайго любімага вучня: ля коўратаў стаяў Андрэй Сахута.

– Прыехаў мой любімы вучань. Былы сакратар абкама партыі.

– Ого, вялікі начальнік! – здзівілася Юзя.– І без чорнай “Волгі”? Адкуль ён узяўся?

– Пайшлі сустракаць госця. Усё раскажа.

Пётр Еўдакімавіч ужо чуў ад Бравусава, што былы вучань працуе ў лясніцтве. Вельмі здзівіўся, што Сахута кінуў сталіцу, магчыма, гэта ненадоўга, каб перачакаць сучасны раздрай, а там, хто ведае, што будзе заўтра?

Андрэй Сахута ішоў насустрач па разоры, не баючыся нешта патаптаць, бо зямля ляжала голая, адно далей, на краі сядзібы, ярка зелянеў лапік руні. Настаўнік і вучань моцна абняліся. Юзі Сахута пацалаваў руку, кабета ажно расчырванелася, бо хоць і была некалі ў сталіцы, ейныя знаёмцы гэтага не рабілі.

Юзя бачыла Андрэя Сахуту ўпершыню, таму цішком пільна  разглядала яго, быццам ёй конча трэ было запомніць усё надоўга. А яшчэ ёй хацелася ўявіць, як выглядаў гэты партыйны начальнік у сваім, пэўна, шыкоўным кабінеце. Юзя не была членам патыі, але ў прафсаюзных актывістках хадзіла шмат гадоў, таму на адкрытых патыйных сходах прысутнічала, зрэдку й выступала, але жывога сакратара абкама не бачыла ніколі. Аднойчы на справаздачную партыйную канферэнцыю да іх прыязджаў сакратар райкама партыі. Дырэктар фабрыкі вадзіў яго па цэхах. Паказваў, расказваў і згінаўся перпд ім,  нібы пытальнік.

А яшчэ падумала Юзя, што ў сталіцы такога начальніка не бачыла, а ў глухой радыяцыйнай вёсцы сустрэла. Значыць, нешта вельмі перамянілася ў жыцці, калі былы партыйны  дзяяч  ездзіць на матацыкле ў кірзавых ботах. Юзя ўважліва агаледзела адзенне Сахуты: цёмны, далёка не новы плашч, тоўсты шэры світэр пад ім. Ведама, на матацыкле цяпер ехаць – дубарына, на лбе прыкмеціла чырвоны рубец – націснуў шлем. Яна зразумела, што трэба накрываць на стол, бо час ужо абедаць, дый  госць паявіўся. Любімы вучань мужа, сімпатычны чалавек. І начальнік, хай сабе і былы. Для Юзі ляснічы таксама быў начальнікам, вельмі патрэбным чалавекам.

Пакуль мужчыны гаманілі на двары – Сахута не спяшаўся ў хату, Юзя збірала на стол. Былі і грыбы, а вось ці ставіць бульбяны суп з фасоляй, яна не ведала. Вырашыла спытаць, калі мужчыны вып’юць па чарцы. Салёныя гурочкі, грыбы, сала з цыбуляй – хіба гэта кепская закусь?

Гаспадар выставіў ядлаўцоўку. Сахута сказаў, што ён за рулём, піць яму нельга, хіба што для прычэлля. Юзя ўпершыню пачула гэтае слова ў Хатынічах ад старых жанчын.

–   Маё пітво не пахне сівухай. Можна смела выпіць. Дакладней,палячыцца. .У зоне людзі не п’юць, лечацца, – гаспадар наліў чаркі да паловы – Юзі падабалася, што новы муж ніколі не налівае сабе поўную чарку, жартам часам кажа: люблю палову чаркі і палову падушкі, а калі буду куляць па поўнай чарцы, то і палова падушкі, а значыць, і жонка не спатрэбіцца.

Юзі карцела спытацца ў госця пра ягоную жонку.

–    Андрэй Мацвевіч, ці можна ў вас запытацца? А  ваша жонка не баіцца радыяцыі? Ці прыедзе сюды?

–   Ну, яна яшчэ працуе, Два гады да пенсіі. А там  будзе відацьПраўду кажучы, яна была супраць. Каб я сюды ехаў. Я меў магчымасць застацца ў сталіцы. Але пацягнула сюды.

– І я во кінула горад.Перацйягнуў Еўдакімавіч.

Юзя прамовіла гэтыя словы з цеплынёй у голасе,  і Мамута дараваў ёй не зусім тактоўнае пытанне: ці баіцца жонка радыяцыі? Падтэкст быў яўны: я вось не спужалася, прыехала. Супакоіла настаўніка тое, што госць адказаў на нібыта нетактоўнае пытанне спакойна, без аніякай крыўды.

Андрэй зразумеў, што ягоны настаўнік знайшоў на старасці новае каханне. Што жыве ён з Юзяй дружна. Усё ў іх ёсць, што трэба для шчасця. Ён пахваліў агуркі,  грыбы, не адмовіўсяі ад бульбы з фасоляй. Адно папрасіў наліць  паўталеркі, бо сястра таксама пачне частаваць.

– Нічога, Мацвеевіч, кій на кій шкодзіць. Абед на абед – ніколі. – супакоіў госця Мамута.

– О, якая бульба смачная! Такую смакату еў толькі ў дзяцінстве, – расхвальваў Андрэй густы, разварысты суп.– Ужажела бульба ў печы. Смаката!

– Дзякуй. Але вы мяне крыўдзіце. Чаму кажаце – пажалела? Вы ж прасілі палову талеркі, – няўцямна пазірала на госця Юзя.

Мужчыны раптам зарагаталі. Асабліва смяяўся Мамута. Ён быў у добрым гуморы: радаваўся, што ўдалося зрабіць неадкладную справу – уцяпліць на зіму пчол. Радаваўся, што завітаў у госці любімы вучань, які не збаяўся кінуць сталіцу і прыехаў у зону. І што ён, Мамута, зрабіў правільна – нікуды не паехаў з Хатынічаў. Але сказаў ён пра іншае.  сказаў тое. што чакала ад яго жонка.

– Ужалела – ета значыць,  па-нашаму, уварылася. Ці разварылася. Упарылася. Малайчына, Андрэй Мацвеевіч. Не забыў у горадзе наша. Роднае.А то некаторыя з'ездзяць у Магілёў. З'ядуць там пару батонаў. І ўжо ўсё па-рюску.

– Прызнаюся вам, Пётр Еўдакімавіч. Апошнім часам нанава вучыў беларускую мову. Пачалі “Тутэйшыя” гуртавацца ў Мінску. Потым нефармалы розныя. Дыскутаваць з імі можна было толькі па-беларуску.

– Дык цяпер жа і Вярхоўны Савет засядае па-беларуску, – уткнула свае тры грошы Юзя.– Дэпутаты стараюцца адзін перад адным. Навыперадкі. Прыемна слухаць, калі ведае чалавек мову. А некаторыя блытаюць гарох з капустай. Ну, але хай вучацца У большасці ж – маладыя людзі там сядзяць.

– Усё залежыць ад кіраўніцтва. Як гаворыць кіраўнік, так будуць гаварыць і падначаленыя, – разважліва пачаў Мамута.– Я ў школе педсаветы  вёў па-беларуску. Хоць не філолаг, а гісторык. Дык і настааўнікі гаварылі на роднпй мове. Цяпер я радуюся, што мы  ўспомнілі сваё. Роднае. Станем нарэшце нармальнай цывілізаванай краінай. Калі Масква не будзе дужа прыціскаць.

– Цяпер не будзе. Раней партыя дыктавала. Маўляў, рабочая мова партыі – руская. Усе нарады. Партактывы, з'езды – па руску. Для адчэпу дадуць слова пісьменніку ці студэнтцы. І ўсё. І народ адвучылі ад роднай мовы.

Сахуту хацелася расказаць, што ў апошнія гады ён адкрыў для сябе Уладзіміра Караткевіча, а сёлетні беларускі каляндар прымусіў ацаніць па-новаму, не па-шкалярску, геніяльнага Максіма Багдановіча. Але часу бракавала: трэ было ехаць да сястры, і не столькі з ёй рупіла пабачыцца – карцела пагаварыць з Бравусавым, можа, той ведае што пра свата Сырадоева, мо суд ужо адбыўся.

Андрэй шчыра дзякаваў гаспадарам за цеплыню і гасціннасць. А гаспадары дзякавалі яму.

– Ой, дзякуй, Андрэй Мацвеевіч, што зазірнуў да нас. А то я ўжо збіраўся пайсці ў лясніцтва. А як ты ехаў? Цераз Бялынкавічы? – пацікавіўся Мамута.

– Не. Па новым мосце. Цераз Саковічы. Такі велізарны мост збудавалі. А ездзіць няма каму. Зона...

– Вайскоўцы будавалі. Кажуць, еты мост мае стратэгічнае значэнне, – выказаў дасведчанасць Мамута.

Андрэй пачаў развітвацца. Юзя запрашала яшчэ чаго з’есці, выпіць на дарожку.

– Не, усё. Дзякуй вялікі. За рулём нельга.

– Ну, ніхто ў вас руль не адбярэ. Маглі б аглаблёвую чарачку кульнуць, – выказвала сваю гасціннасць Юзя.

Калі выйшлі на вуліцу, Андрэй спытаўся ў Мамуты, ці праедзе паўз агароды, дзе некалі была загуменная дарожка.

– Ёсць дарога. Была саўсім зарасла. Ды Бравусаў пратарыў. На кані ездзіць да мяне. І я калі праеду.

Старэнькі “ИЖ” з люлькаю затарахцеў маторам і павольна пакаціў па пясчанай дарозе. Цяпер па ёй рэдка хто ездзіў. Міжволі прыгадалася вясна 1961-га. Ён, Андрэй Сахута, другі сакратар райкама камсамола, прыехаў у Хатынічы упаўнаважаным на вясеннюю сяўбу. На старым “газоне” каціў па гэтай дарозе разам са старшынёй калгаса Макарам Казакевічам. Узгадалася, як ледзь не забуксаваў у Бярозавым балоце. У той дзень хатыньчане пачалі сеяць авёс. Косцік Варонін на старым гусенічным трактары выехаў у поле. Быў у полі і галоўны аграном калгаса Мікола Шандабыла.

Андрэй здзівіўся, што памятае ўсё да драбніц, нібы тое было зусім нядаўна. Макар Казакевіч стаяў на адной назе, як бусел, побач высіўся раздабрэлы Мікола і малады ўпаўнаважаны Сахута. Па курганістым полі, быццам шэра-блакітны жук, поўз трактар. Калі ён наблізіўся, Казакевіч памахаў трактарысту, каб ён падышоў. Косцік Варонін, сын былога паліцэйскага, не глушачы матора, подбегам прымчаў да іх. Высокі, танклявы, з перапэцканымі далонямі, далажыў, што ўсё ідзе добра. У той год ён збіраўся ісці ў войска.

І вось праляцелі трыццаць гадоў. Лепшы механізатар, а потым брыгадзір Кастусь Варонін стаў п’янтосам і браканьерам, старшыня калгаса Макар Казакевіч пайшоў у лепшы свет, Мікола Шандабыла вырашае чарнобыльскія праблемы ў маштабах вобласці, рыхтуецца да заслужанага адпачынку. А былы сакратар абкама партыі стаў шараговым ляснічым, з персанальнай шыкоўнай “Волгі”, якая вазіла яго па сталічных вуліцах, перасеў на службовы старэнькі матацыкл, на якім калясіць па зоне, глытаючы радыеактыўны пыл.

Ён зноў адчуў гнятлівае рачараванне жыццём. Смяртэльную стому ад халасцяцкага існавання ў халодным, сырым будынку лясніцтва. Чаго ж ён дамогся ў жыцці, пульсавала настойлівая і балючая, быццам стрэмка, думка. А ў тую вясну,  траццаць гадоў таму, было гэтулькі надзей і спадзяванняў! І надзеі . мары збываліся. Андрэй Сахута ўпарта караскаўся ўгору па кар'ернай лесвіцы: сакратар райкама кмсамола, затым першы  сакратар, потым абкам, ЦК камсамола. Хацелі яго ўзяць у Маскву. Але ўзялі першага сакратара ЦК. А Сахуту абралі старшынёй райвыканкама ў Мінску,  потым яго перасадзілі ў крэсла першага сакратара райкама. Сябры спрабавалі перацягнуць у ЦК партыі загадчыкам аддзела, але гэта не ўдалося. Апынуўся Сахута на пасадзе сакратара абкама па ідэалогіі. Ведаў, што з рэзерва на павышэнне яго не выключылі. І вось – падзенне. Але гэты кар'ерны крах не па яго віне. Колькі іх, партыйных кіраўнікоў, яшчэ вышэйшага рангу, апынулася без прпцы! І колькі іх ужо  не вытрывала  жыццёвага націску!  Пайшло на той свет у росквіце сіл.

А ён, Андрэй Сахута, трыццаць гадоў адпрацаваўшы на кіруючых пасадах, пачынае ўзхыходжанне знізу, з глыбінкі. З радыяцыйнай зоны. З таго самага лясніцтва, у якім пачынаў жыцёвую дарогу. Добра, што мае прафесію. Гадаванцам партыйных школ, якія нічагуткі не ўмелі рабіць, апрача, як мянташыць языком  ды праводзіць лінію парты,  давялос куды горш. Жыццё выплюнула іх. Як нейкую непатрэбшчыну ці нейкае замінішча – нібы гіры на нагах. Або чамадан без ручкі. Як і большасць партыйцаў, у тым, што адбылося, Сахута вінаваціў перш-наперш Гарбачова. Але дзе ж былі іншыя? Куды глядзелі? Пра што думалі? Ці зусім развучыліся думаць?

Сахута  ледзь не праскочыў  паваротку на загуменную дарогу, бо яна густа парасла мурагом і была ледзьве прыкметная. Зірнуў у бок Бярозавага балота: хацеў убачыць  старую кашлатую сасну, на якую ўлетку садзілася сонца, – так здавалася Андрэйку ў маленстве.

Старая сасна стаяла, як і раней. Дрэва жыцця не паддавалася ні часу, ні чарнобыльскай  віхуры.

Матацыкл калываўся па няроўнай калдобістай дарожцы, праваруч цямнелі маўклівыя хаты, шарэлі сядзібы, парослыя бур’янам, стаялі голыя крывыя яблыні. І нідзе не было відаць  аніводнай жывой душы. Сахуту зрабілася аж вусцішна, нібы ехаў па мёртвай зямлі. Яшчэ мацней смылела душа, бо гэта была родная зямля, якую палівалі потам яго прашчуры.

Вось і выган, на якім ён, басаногі хлапчук, пасвіў цялят. Нага ў  кірзавым боце быццам сама сабою націснула на тормаз. Андрэй злез з матацыкла, выпрастаўся – апошнім часам балела спіна. Зноў зірнуў на сасну ў Бярозавым балоце – адсюль яна была, як на далоні.

Вочы слізганулі па голым шэрым полі, упёрліся ў цёмныя макаўкі алешын – там была вялікая балоцвіна, якая называлася Кандрашы. Колькі ён пахадзіў туды з бацькам! Напрыканцы лета выбівалі з кустоўя траву для рагулі, а позняй восенню секлі алешнік на дровы. А трохі бліжэй раскінулася меншяе балацявіна– Юрлівец. Некалі там з Васькам і Колем – старэйшымі братамі, смажылі жытнёвыя каласкі – рабілі пражмо. Якія смачныя былі тыя зярняткі недаспелага жыта! А вось тут, метраў за дзвесце да гэтай зарослай дарожкі, пасля вайны збудавалі велізарнае гумно, стаяла еўня, дзе сушылі снапы, грукатала малатарня, меўся тут і конны прывад. Як любілі хлапчукі пасядзець на ягоных бярвенцах-крылах, калі пасвілі ранкам цялят.

Гумно, ток і еўня служылі калгасу гадоў дваццаць, а потым ля Канчанскага ручая збудавалі механізаваны двор, склад, сушыльню – гэтыя пабудовы стаялі і зараз. Але Чарнобыль спыніў іхнюю дзейнасць. Няўжо назаўсёды?

Уразіла, што ад вялізнага гумна, току і еўні не засталося і знаку. Узгадаў Андрэй, як некалі бацька паказваў, дзе стаяў чый хутар пасля Сталыпінскай рэформы. У той дзень яны пасвілі кароў. Андрэй ужо скончыў сем класаў, бацька гутарыў з ім, як з дарослым, болей за яго адукаваным чалавекам. Андрэй слухаў і дзівіўся: ад тых хутароў не засталося нічога – ну, там-сям два-тры вялікія камяні. Зямля забірае ўсё ў сваё нутро, што пакідае пасля сябе чалавек, асабліва, зробленае з дрэва. Забірае і грэшныя парэшткі самога чалавека, калі ён завяршае свой жыццёвы шлях.

Андрэй з сумам і скрухаю пазіраў на маўклівыя пустыя хаты, пахілыя стрэхі хлеўчукоў, нібы развітваўся з імі, бо праміне пяць-дзесяць галоў і яны згніюць, урастуць у зямлю, крапіва і чорны палын будуць раскашаваць на былых котлішчах, дзе некалі бруіла жыццё. Нараджаліся дзеці, гучалі песні, уранні над хатамі быццам стаялі ружаватыя слупкі дыму.

Ён зірнуў на даўно няезджаную дарогу выгана і раптам яго нібы апёк успамін. Яны гулялі паблізу Андрэйкавай хаты: качалі мячык з анучаў. Сачылі, у чыю ямачку ён патрапіць, тады ўсе кідаліся ў розныя бакі, а гаспадар ямкі хапаў мячык і цаляў у таго, хто не паспеў далёка  адбегчыся. І раптам наваколле скалануў выбух. Цікаўныя хлапчукі сыпанулі ў поле, за вёску, бо там грымнуў выбух.А ў полі чуўся плач. Нехта галасіў. Неўзабаве на выгане паказалася падвода За ёю ішлі жанчыны. Ля воза трымаючы лейцы, кульгаў дзядзька Арцём. На калёсах сядзела жанчына і галасіла на ўсю галаву. Андрэйка згледзеў на возе пашкуматаныя транты і чырвоныя квалкі мяса, праз шчыліны між дошак выбіліся  матава-сінія кішкі , зрываліся на зямлю кроплі крыві… Сахута ажно заплюшчыў вочы – гэткі выразны быў успамін.

Але імя і прозвішча таго хлопца-аратага, які падарваўся на міне, узгадаць не мог, хоць і бачыў яго не раз. Цыбатага, вясёлага, у адмысловых лапцях з матацыклетных пакрышак. Услед за ім цягнуліся дзівосныя сляды, быццам з падскокам па вуліцы імчаў матацыкл. Андрэй перавёў пагляд на свайго старога абшарпанага коніка,  на з'езджаныя, лысыя пакрышкі са сцёртымі пратэктарамі. Але ж во, бегае, прыехаў з лясніцтва. Колькі давядзецца калясіць на ім? Няўжо доўга?

Сахута зноў азірнуўся вакол – па-ранейшаму нідзе ні душы. За Юрліўцам, дзе пачынаўся Упярочны роў, цямнеліся даўжэзныя стагі саломы. Значыць, у зоне  адсялення сеюць, збіраюць ураджай, пэўна, гэтыя гектары не ўлічаныя, і мясцовы кіраўнік можа пахваліца ростам ураджайнасці.

Ён зірнуў на гадзіннік, потым на мутна-чырвонае сонца, што нібы надзіманы дзіцячы шарык, вісела над кладзішчам – дзень кароткі,  да сасны ў Бярозавым балоце сонца не дакоціцца. Параўнанне з чырвоным дзіцячым шарыкам узнікла, мабыць,таму, што гэтыя шарыкі–сонцы луналі над Кастрычнікімі дэманстрацыямі, якіх так багата нагледзеўся партыйны ідэолаг Андрэй Сахута. А цяпер ён падумаў: гадзіны дзве  яшчэ будзе светла, завідна даедзе да лясніцтва. І таму ён непаспешліва быццам пераматваў кінаплёнку свайго жыцця…І выплыў з памяці яшчэ адзін дзень – ці не самы першы, які яскрава помніўся з малентсва.

Вясна. Цяплынь. Бацька накідаў віламі на  калёсы гною, паслаў у перадку анучу і пасадзіў яго, Андрэйку. “Трымайся, сынку, вось за еты калок”, – паказаў на драўляны штыр, да якога мацаваліся гнаяўкі. Бацька ішоў побач воза, нешта мурдыкаў пад нос, гнядая кабылка сама ведала дарогу, адмахвалася даўгім хвастом ад першых настырных мух, звыкла цягнула воз. Ехалі яны вось па гэтай дарозе,  перад якою стаяў зараз ляснічы Сахута. І вёз бацька гной вясновым днём сорак трэцяга. У верасні таго года вёску вызваляць ад немцаў, але вораг паспее спаліць яе напалову – толькі хаты Канчанскага боку ацалеюць. Там давядзецца зімаваць насельнікам-пагарэльцам Шамаўкі.  Кацера Сахута  з дзецьмі перабралася да цёткі – у маленькай хаціне тулілася больш дзесяці душ. Потым вернецца з фронту Мацвей  Сахута, збудуе новую хату. Вунь яна стаіць пад высокім шыферным дахам. Некалі маці дакарала бацьку: навошта падняў гэткую высокую страху? Вецер можа сарваць. Бацька адмахваўся, маўляў, болей сена можна ўтаптаць на гарышча, а яшчэ адтуль далёка відаць, ажно бачна саковіцкая царква.

Андрэй міжволі зірнуў туды, за Канчанскі бок – з гарышча  іхняй хаты сапраўды добра былі відны цыбуліны-купалы Саковіцкана храма, але адсюль іх не ўгледзеў.Зноў абвёў вачыма шырокае курганістае маўклівае поле, прыцярушанае нябачнымі радыенуклідамі. Ці адшукаў бы ён зараз той лапік зямлі, куды з бацькам вазіў гной? Мусіць, не.  Тое поле было дадатковае – пры немцах калгаснае поле падзялілі нанава. Былыя калгаснікі шчыравалі на сваіх дзялка.  Узгадаліся словы  Сталыпіна: нельга любіць чужое, як сваё. А бальшавікі, і верны іхні служка Андрэй Сахута, семдзесят гадоў з гакам імкнуліся пераламіць, перамагчы спрадвечны інстынкт чалавека. Ці не ў гэтым адна з прычын  краха сацылізма ў ягонай калысцы? Дзе ён дасягнуў даволі высокага развіця, глыбока ўкараніўся коштам мільённых ахвяраў. Коштам цэлых рэк поту і крыві. А што было б, калі б Сталыпіна не застрэлілі ў Кіеўскім тэатры? Можа б, і Ленін не прыйшоў да ўлады. Не было б Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны. Не было б варажнечы дзвюх сістэм. Можа. і Гітлер не стаў бы фюрэрам. Магчыма,  Кастрычнік паспрыяў зараджэнню фашызма. Значыць. не было б і  вайны з немцамі. Не згарэлі б Хатынічы. І ўсе чатыры  Андрэевы  браты маглі б жыць. Магло б і Чарнобыля не быць, бо ад людзей дасведчаных Андрэй чуў, што рэактар выбухнуў не сам па сабе. Пра гэта пісаў у “Правде” акадэмік Лягасаў – ягоны артыкул ёсць у дасье, якое збірае былы сакратар абкама. І яшчэ падумалася: можа. каб не гарлапан Ельцын, гэкачапісты перамаглі б, у Нова–Агарове заключылі б новую Саюзную дамову. І ён, Сахута, сядзеў бы ў сваім крэсле. Чаму ж усё адбылося менаміта гэтак, як адбылося? Можа. нейкі вышэйшы розум ктруе жыццём на Зямлі? Нездарма людзі вераць у Бога.

Нібы ўкапаны стаяў Андрэй каля выгану, па якім  лётаў басаногім хлпчуком. Цяпер прыглядаўся да ўчарнелай някошанай травы, выпетралага бадылля крываўніку, учэпістых кустоў чорнага палыну..Яму падалолся, што  ніколі раней не дакопваўся так блізка да разгадкі таямніц навейшай гісторыі чалавецтва.У абкамаўскім кабінеце ён шмат чытаў сучасных філосафаў і сацыёлагаў. Некаторых па абавязку службы – каб ведаць, з кім змагацца.  А некаторых і па  сваёй цікаўнасці. Гэта была свайго роду ланцуговая рэакцыя: адна кніга цягнула іншую. Адзін прачытаны аўтар вёў за руку іншага.Здзівіў Аляксандр Зіиноўеў,  колішні дысідэнт. Калі першы сакратар райкама Сахута прачытаў “Зияюшчие высоты”, то вельмі злаваў на аўтара за яго з'едлівасць, назіральнасць. Філосаф-дысідэнт падрываў знутры ідэалагічныя апірышчы сацыялізму, кпіў з жыцця “Заведуюшчего   города Ибанска и его жителей ибанцев”. Можа, як ніхто іншы ён спрыяў краху сацыялтзму. А цяпер, калі ўбачыў, што сацыялістычны Ібанск падае, пачаў яго падпірраць свім плячом, крычаць на ўвесь свет, што сацыялізм не вычарпаў свайго рэсурсу, што  “подлость горбачевской перестройки” у тым, што былыя апалагеты камунізму зрабіліся самымі ярымі яго апанентамі і крытыкамі. Ды яго ўжо ніхто не слухаў. Захад выплюнуў, а Усход не хацеў прымаць. Уважаў за пярэваратня  і веры не даваў.

Сахута адчуў, што памацнеў вецер, прадзімае наскрозь. Дзьмуў вецер з Бабінай гары – значыць, чарнобыльскі, значыць, прынясе холад, можа,  і марозік выскачыць. Ён завёў матацыкл і праз некалькі хвілін быў  каля бацькоўскай хаты. Тармазнуў перад варотамі, згледзеў каля палісадніка веласіпед, падобны на той, на якім прыязджаў у лясніцтва Іван Сырадоеў. На лаўца і звер бяжыць, падумаў Андрэй,  спадзеючыся на сустрэчу з былым фінагентам.

З хаты выйшла Марына, узрадавалася брату, абняла. Была яна ў старой, але не завэдзганай кухвайцы, на галаве шэрая цёплая хустка. Андрэй з радасцю адзначыў, што Марыніны вочы не пазіраюць на свет з ранейшым невыказным сумам старой дзевы,   і  зморшчынкі-лапкі пад вачыма разгладзіліся, – значыць, хоць на схіле жыцця не абмінула старэйшую сястру жаночае шчасце.

– От, добра, што прыехаў. А то я ўсё думаю, як ты там. Адзін, як воўк. Пайшлі ў хату.

За сталом сядзелі ўжо на добрым падпітку Бравусаў і ягоны сват Іван Сырадоеў. Яны таксама выказалі шумную радасць,  убачыўшы Андрэя. Гаспадыня прынесле талерку і чарку, Бравусаў наліў яе да самых беражкоў, як любілі гаварыць у Хатынічах. Андрэй  прыгубіў чарку і адсунуў убок. Усе пачалі ўгаворваць, каб выпіў да дна.

– Не, браткі, дзякуй. Я за рулём. Трэба завідна даехаць.

Даведаўшыся, што ён ехаў праз новы мост у Саковічах, Бравусаў упэўнена зазначыў:

– Ніякіх даішнікаў тут няма. Пост міліцэйскі толькі за Белай Гарой. А ў зоне – гуляй, Вася. Хвакцічаскі, едзь куды хочаш. І гарэлкі пі, колькі ўлезе. Трэба  ж выводзіць шлакі радыеактыўныя... Гарэлка, хвакцічаскі, памагае. Расчапляе етыя праклятыя нукліды. Таму і жывём у зоне. Хвакцічаскі, п’ём, гуляем. І нікуды не ўцякаем.

Андрэю не хацелася слухаць п’яную балбатню, але і спытаць адразу пра тое няўдалае павяванне не выпадала.

Сырадоеў пачаў гаворку сам.

– Уліп я, Мацвеевіч, на старасці гадоў. Уліп  у непрыемную гісторыю. Ды, здаецца, выкруціўся.

Вось што зразумеў Сахута з яго блытанага аповеда.

Лася яны ўпалявалі пад Бялынкавічамі, каля вёскі Белы Камень. Першы стрэліў Сырадоеў, рагач бег далей, хоць і пачаў кульгаць. А потым лупянуў дуплетам Косця Варонін, і вялізны  лось  грымнуўся на зямлю як падкошаны. Прывёз паляўнічых у лес Сямён-крамнік. Апошнім часам ён працуе вартаўніком на канюшні, яму прасцей было ўзяць каня. І Сямён меў стрэльбу-аднастволку, ды не паспеў з яе пальнуць. Яны ўзяліся здымаць скуру з трафея, і тут іх накрыла інспекцыя з міліцыяй. Ратуючы сябе, Косцік Варонін заявіў, што ляснічы Сахута дазволіў ім паляванне. “Вось чаму тэлефанаваў пракурор”, – зразумеў Андрэй.

А потым быў суд. Сырадоеў і Сямён угаварылі Косцю ўзяць віну на сябе, абяцалі дапамагчы сплаціць штраф, кляліся, прасілі, малілі, колькі дзён паілі самагонам, каб Косця выручыў іх, каб не сароміць сябе на старасці, сваіх дзяцей не ганьбіць. Косця заявіў  на судзе, што ён быў ініцыятарам палявання, што сам дуплетам застрэліў лася і ўсю віну бярэ на сябе. Прысуд быў такі: выплаціць тысячу чатырыста семдзесят рублёў штрафу за нанесеную шкоду лясной гаспадарцы. Грошы немалыя, бо зарабляў Косця каля сотні ў месяц. Прыкладна такую ж суму атрымліваў пенсіянер Іван Сырадоеў, яшчэ меншую пенсію меў Сямён. Нездарма кажуць людзі, што лёгка пазычаць грошы: бярэш чужыя і на нейкі час, аддаеш   свае  і  назаўсёды. Лёгка было хаўруснікам-браканьерам абяцаць,  даваць клятвы – абяцанне рот не раздзярэ, а плаціць грошы ўсё роўна, як адрываць ад сэрца.

– Дзе ўзяць етыя грошы, халера іх ведае. Але неяк разбяромся, – закончыў свой аповед былы фінагент.

Андрэй Сахута выведаў усё, што яго цікавіла, і пачаў збірацца ў дарогу. Але Марына і Бравусаў узяліся дружна ўгаворваць, каб застаўся начаваць у іх.

– Ну, хто там цябе чакае? Будзеш сядзець адзін, як сыч. Мы даўно не бачыліся. Хоць пагаворым. Пераначуеш у нас. А  раніцай паедзеш. Заставайся, – упрошвала Марына.

– Хвакцічаскі, Мацвеевіч, сястра твая разважае правільна. Заганяй свайго каня на двор. І яшчэ можам узяць па чарцы.

Расчырванелы Бравусаў абняў за плечы госця, дыхнуў яму ў твар перагарам. Андрэй вызваліўся з абдымкаў, але нярэзка, спакойна, каб не пакрыўдзіць новага сваяка. Марыніны вочы прасілі стрымацца, дараваць зяцю задужа навязлівую дружбу.

– Ну што, вы сабе як хочаце, а я паеду, – Іван Сырадоеў выйшаў з-за стала. – Ніякае ГАІ мяне не затрымае. Лісапета мая хуткасць не перавысіць. Пакуль даеду, дык і ацямнее.

– На дарожку, хвакцічаскі, палагаецца па чарцы. Ну, ета, як яе? Аглаблёвая! – Бравусаў спрытна наліў усім, на гэты раз і Андрэю аж цераз край.

– Ну, ты ўжо не разлівай. Заліў вочы і краёў не бачыш, – упікнула Марына.

– Ат, бывае. Не перажывай. Дзе п’юць, там і льюць. А мы, хвакцічаскі, не п’ём, а лечымся, – ухмыльнуўся Бравусаў.

Андрэй міжволі падумаў: у якім бы застоллі ні быў у зоне, заўсёды нехта прамаўляў гэтае выслоўе, яно лунала тут над кожным  бяседным сталом  і замяняла традыцыйнае: “Ну, будзем здаровы!”

Апошнім часам Андрэй Сахута адчуваў вялікую раздвоенасць у душы, у ім нібы жылі, спрачаліся штодня і бунтавалі два чалавекі. І пачалася гэтая раздвоенасць з ГКЧП: адзін чалавек быў катэгарычна супраць, а другі жадаў “гэкачэпістам” поспеху. Калі Гарошка запрасіў на працу ў сваю фірму, унутраны чалавек угаворваў: ідзі, не ўпірайся, трэба выжыць, лепшай прапановы можа не быць. А другі, той самы, якога ўсе ведалі, які насіў у кішэні партыйны білет, заўпарціўся, закусіў цуглі і не пайшоў.

Падобны ж раздрай у душы перажыў Сахута і перад паездкай на радзіму. Унутраны голас крычаў, маліў: што ты робіш? Усе ўцякаюць ад радыяцыі, кідаюць усё нажытае, а ты лезеш туды, як у пельку, кідаеш жонку, дзяцей. Унутраны голас не даваў спакою ні ўдзень, ні ўночы, супакойваўся, аціхаў, калі гаспадар заліваў яго гарэлкай: лячыўся, як і ўсе ў зоне.

І на гэты раз унутраны голас не змаўчаў: куды ірвешся, куды ляціш назлом галавы? Пабудзь у бацькоўскай хаце, адвядзі душу, пагамані з роднай сястрой, яна ж у цябе засталася адна. І чарку выпі, не выпендрывайся, хоць выспішся, можа, па-людску.

Тры поўныя гранёныя стограмоўкі глуха клацнуліся бакамі. Чацвёртая, налітая напалову, асцярожна дакранулася да кожнай поўнай. Марына, былая медыцынская сястра, кульнула сваю няпоўную чарку першай, быццам пацвярджала мужавы словы: мы не п'ем, а лечамся.

Выпілі і мужчыны: былы фінансавы агент. Былы ўчастковы інспектар. Былы сакратар абкама партыі. Раз'юшаны мірны атам прыраўняў, прычасаў іх пад адну грабёнку, і ўсім рыхтаваў аднолькавую долю – каму раней, каму пазней.

У гэты момант ніхто з іх не думаў пра нейкія  там нябачныя радыенукліды. Маўчаў і унутраны голас Андрэя. Затое сам гаспадар раздвоенай душы і ўнутранага голасу адчуў, як цёплая хваля пакацілася, разлілася па грудзях і адгукнулася хмельнай весялосцю і заспакоенасцю ў галаве. Варухнулася цёплая хваля ўдзячнасці Івану Сырадоеву за бліскучыя канькі-снягуры, якія ён, Андрэйка, мусіў прывязваць да бахілаў, бо сваімі клешнямі канькі маглі ўчэпіста трымацца адно за абцасы і падэшвы чаравікоў. А чаравікоў у малога  Сахуты не было.

Захацелася абняць па-сяброўску зяця Бравусава, які пакінуў сваю хату ў “чыстай “ вёсцы і перабраўся да Марыны. І яна  цяпер расквітнела, як цвіце вяргіня познім бабіным летам. Мільганула ў затуманенай галаве і гадка пра Паліну, яна таксама нагадала яму познюю вяргіню, якая расцвіла насуперак розным жыццёвым націскам і блізкай зіме. Андрэй думаў пра яе і ў душы выспявала надзея на радасць.

А яшчэ падумалася, што ў пасляваенныя гады Бравусаў, Сырадоеў і старшыня сельсавета Свідэрскі ўвасаблялі ў прыбяседскіх вёсках савецкую ўладу. Першым пайшоў з жыцця самы адданы змагар за гэтую ўладу Раман Свідэрскі. У той год, калі памёр Сталін, старшыні Белагорскага сельсавета пагражаў суд за рукапрыкладства і перавышэнне паўнамоцтваў. І ён, былы франтавік-ардэнаносец, бязлітасны вораг самагоншчыкаў, расплюшчаны жыццём  і сваёю уласнай жорсткасцю, нянавісцю вяскоўцаў – засек жонку сякераю, сам павесіўся з надзеяй,  што  савецкая  ўлада не пакіне  шасцёра ягоных дзяцей – круглых сірот.

Тое жахлівае здарэнне, а потым пахаванне ясным красавіцкім днём Свідэрскага і ягонай ахвяры назаўсёды запала ў душу сяміклсніка-выдатніка Андрэйкі Сахуты. Жоўты пясок свежых магілак, жоўтыя твары нябожчыкаў у ласкавым святле вясновага сонца, маўклівыя, змрочныя  мужчыны. Заплаканыя чырвоныя вочы жанок. І вясёлы  птушыны  грай на кладзішчы:  галкі ды гракі будавалі гнёзды. Займаліся любоўю і гарлапанілі на ўсю моц.  Птушкі славілі вясну. Яны славілі жыццё!

Той далёкі дзень прыгадаўся Сахуту і зараз. Але ён адагнаў прэч жахлівы ўспамін. Разам з Бравусавым закацілі матацыкл на двор. Потым яшчэ доўга сядзелі за сталом. Пілі мала, гаманілі пра жыццё-быццё, а найболшь – пра палітыку. Марына ўбачыла, што братавы  вочы ўжо зліпаюцца, ён ледзь стрымлівае пазяханне,  рашуча супыніла свайго гутарлівага мужа:

– Валодзя, дос табе балбатаць. Чалавек з дарогі. Андрэй, ложак падрыхтаваны. Можаш класціся.

– Так. Марынка. Хвакцічаскі, пара ўжо набакавую, – шырока, смачна пазяхнуў Бравусаў.

…У гэты час збіраліся ўкладвацца спаць у адзінай, але не самотнай хаце, якая стаяла ў завулку ля канчанскага ручая. Пётра Мамута быў задаволены, што ўдалося выхапіць у прыроды ціхі пагодлівы дзянёк і ўцяпліць пчол – самая неадкладная і самая далікатная работа: ад яе залежыць зімоўка крылатых сябровак, дзесьці схібіш увосень,  потым ужо нічым не дапаможаш.Таму настрой у пчаляра быў прыўзняты, лагодны. Паспрыяла гэтаму і сустрэча з любімым вучнем. Вяртанне Андрэя Сахуты ў родныя мясціны са сталіцы змушала Пятра Еўдакімавіча весялей глядзець на сваё жыццё ў зоне.

Асабліва ж узрадавала знаёмства са сталічным госцем Юзю. Гэта ж трэба! Высокі партыйны начальнік вярнуўся сюды, у зону, яго прывабіў бацькоўскі кут, а яе, Юзю, паклікала  ў Хатынічы даўняе, тады грэшнае, каханне, а цяпер любоў да законнага мужа. Пётр і Юзя быццам імкнуліся некаму даказаць – а найперш самім сабе, што можна жыць і ў зоне да пятнаццаці кюры. І не існаваць ці выжываць, а жыць паўнакроўна, займацца любоўю, ды так, яе не ўмелі ў маладосці. Бо нічога і нікога не баяліся, прыйшло ўмельмтва і не пакінула моц, не знікла маладое жаданне. Юзя  ў  салодкім  палоне раней невядомага ёй аргазму смела стагнала і крычала на ўсю хату. Ніхто з суседзяў не мог падслухаць, учуць і пазайздросціць іхняму шчасцю. Іхняй радасці ў радыяцыйнай зоне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю