Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 17 (всего у книги 19 страниц)
На шашы ўсю ноч гулі машыны. Я ўжо думаў, што Гарбачоў пайшоў ва-банк і аб'явіў надзвычайнае становішча. Але, здаецца, усё без перамен. Ён, Гарбачоў, падпісаў адзін з апошніх указаў – прысвоіў званне народнай артысткі крыклівай эстраднай спявачцы. А днямі сустрэўся з англійскай рок-групай. Цырк на дроце!
Здзівіў учора мой шэф Клімчук. Захлоджу. Сядзіць змрочны, як сыч. Пытаюся, чаму такі? А ён кажа: з жонкай пасварыўся. Купіла галазадую кніжку. Чытае. не адарваць. І ў ложак з кніжкай. Прачытала мне некалькі сцзн. Блядства самае сапраўднае. Сказаў ёй пра гэта. А яна, як псіханула! Ты і твае калегі да гэтага часу пішаце пра сацспаборніцтва. Каму гэта трэба? Таму і ляжаць вашы кнігі. А я кажу: беларуская літаратура была, ёсць і будзе цнатлівай. А яна: твая літатура нагадвае старую дзеву, якую ніхто не захацеў патрахаць! Мяне гэта яшчэ болей раззлавала. Ненавіжу гэтае слова: трахаць. А яно на кожнай старонцы ў гэтых кніжках. І адкуль іх столькі з'явілася?? Толькі галоўліт знік, адразу паток парнухі. Я сказаў, што пра каханне пісалі антычныя аўтары. Вазьмі “Залаты асёл” Апулея. Там столькі эратычных сцэн! А гэта сусветная класіка. Або “Кама-Сутра”.– “А ты чытаў “Каму-сутру?” – “Неяк адзін сябра даў на пару дзён”.– “Цікава было б пазнаёміцца. Во, што трэба выдаваць.” – “Давай заплануем”. – “Не. Пакуль што не пусцяць”.– уздыхнуў шэф.
Увечары я адсунуў убок дурацкі рукапіс і ўзяўся чытаць Мантэня. Перачытваў і дзівіўся. Артыкул называпецца (па-руску) “О стихах Вергилия”, а ў ім усё пра каханне. Не ўтрымаўся – зрабіў пару выпісак: “В чем повинен перед людьми половой акт – столь естественный, столь насущный и столь оправданный, – что все как один не решаются говорить о нем без краски стыда на лице и не позволяют себе затрагивать эту тему в серьезной и благопристойной беседе?” А далей яшчэ мацней: “Всякое побуждение в нашем мире направлено только к спариванию и только в нем находит себе оправдание: этим влечением пронизано решительно всё, это средоточие, вокру которого всё вращается”. Вось так! Брава, Мішэль! Міжволі ўзнікла грэшная думка: Зорнае неба паварочваецца вакол Палярнай зоркі, а на Зямлі, між людзей, усё круціцца вакол мужчынскага дзетароднага члена. Карацей. засеедзеўся позна, Ева клікала ў спальню, не дачакалася. Заснула без любові . А я сябе паўшчуваў: ноччу не чытаннем трэба займацца. Як пісаў расійскі паэт: “ночь дана для любовных утех”. Усё гэта добра, але дзе знайсці для гэтага сілы?
Вось таму і не выспаўся сёння. З кепскім настроем пабег уранні на зарадку. Але свежы снег, лёгкі марозік -3 градусы, сцішаны лес за кальцавою дарогаю ўзрадавалі. Яшчэ раз пераканаўся: хочаш мець радасць ад жцця – не лянуйся. Усё ў тваіх руках. Таму апускаць рукі ніяк нельга!
22 снежня. Нядзеля. Дзень зімовага сонцаварота. І дзянёк выдаўся цудоўны: ціха, сежы мяккі снег. Чыстае неба і зыркае сонца. Уранні збегаў у лес, са смакам зрабіў зарадку. І спаў сёння лепей – Ева памагла заснуць. Меў рацыю філосаф: без жанчын гэтак жа цяжка абыходзіцца, як і жыцт з імі.
У які цікавы, і адначасова – жахлівы час мы жывем! Рухнула вялікая імперыя. Праўда, адзінаццаць незалежных дзяржаў (незалежная дзяржава – нонсенс) падпісалі ў Алма-Аце пагадненне. Мяркую, далучыцца і Грузія. А можа. і прыбалты? Наўрад, яны вырваліся на волю, быццам птушкі з клеткі.
Дык вось. Пачаў з сонцавароту, а зноў пацягнула на палітыку. Цяпер палітыкай наскрозь прасякнута ўсё жыццё. Размовы пра палітыку у чарзе, у трамваі, у лазні, у ложку. У прыродзе сонца павярнула на вясну, а ці да лепшага змены на свеце? Тое, што Белраусь стала суверэннай, незалежнай дзяржавай, гэта здорава. Але ці зможа наш урад, наша зрусіфікаваная эліта зберагчы свабоду і незалежнасць – дарунак Бога і гістарычных абставін?!
Цікавыя падзеі чакаюць нас наперадзе. Хутчэй бы прыехаў Андрэй, карціць даўно абмеркаваць з ім сучаснае становішча і то – “что день грядудущий нам готовит?”
Унук расце. Сёння па абедзе гуляў з ім гадзіны тры. Міжволі думаеш, у якой краіне давядзецца жыць дзецям і ўнукам?
26 снежня. Чацвер. Напрыканцы дня разам з рэдактарам шматтыражкі ўдалосЯ прабіцца да генеральнага дырэктара трактарнага завода. Увайшлі ў прыёмную ўдвух, сакратарка падхапілася: “Хто з вамі?” – пытаецца ў рэдактара. “Гэта журналіст. З генеральным дамоўлена”. – “Я вам тэлефанаваў не раз. Мы даўно знаёмыя”,– я назваў сябе.. Тады яна заўсміхалася, усмешка ў яе штучная, нібы маску нацягнула, але сказала дужа ветліва: “Калі ласка, заходзьце”.
У вялізным, яркаасветленым кабінеце сядзеў смуглявы, малажавы чалавек. Я ведаў, што яму за шэсцьдзесят, але выглядаў ён на сорак пяць. Значыць, увмее жыць і працаваць. Ён хуценька прачытаў ліст, падпісаны Клімчуком, пакруціў у пальцах тоўстую чорную ручку, потым буйным почыркам рашуча накрэмзаў: аформіць мотаблок.
– Няхай ваш дачны ўчастак будзе нашым дадатковым выпрабавальным полем. Раз вы аграном, вам сам Бог вялеў праводзіць доследы.
– Згодзен. Пра вынікі напішу.
– А мы надрукуем у нашай газеце, – павесялеў рэдактар.
– Ідзіце да майго намесніка. Ён скажа, што рабіць далей. Поспехаў! – дырэктар падаў мяккую, дагледжаную далонь.
Рэдактар застаўся вырашаць свае праблемы, а я пакіраваў да намесніка. Лысаваты шчуплы мужчына начапіў на доўгі нос акуляры, разы тры перачытаў рэзалюцыю, буркнуў:
– Ведае генеральны, што мотаблокаў зараз няма. А падпісвае. І што з вамі рабіць? – намеснік зірнуў на мяне з-пад акуляраў.
– Што рабіць? Тое, што раіць генеральны.
– Каб жа ён раіў! Ён жа загадвае, —дробненька хіхікнуў намеснік, паправіў акуляры, падпісаў паперу. – Заўтра аплаціце. Лепей выпішце чэк. Будзе хутчэй, бо ў нас чарга. А затым у аддзел збыту. На пачатку студзеня атрымаеце трохкалавы мінітрактар. Ён хоць малы, але дужы. Дванаццаць конскіх сіл. Цэлы тузін. Статак коней. Лічыце, што вам пашанцавала. Вы заплаціце тры семсот. А пасля Новага года гэтая тэхніка будзе каштаваць разы ў чатыры даражэй.
– Дзякуй вам за падтрымку.
– Дзякуйце генеральнаму. Я выканаў даручэнне.
У думках я дзякаваў свайму шэфу Валодзю Клімчуку і ягонаму сябру-рэдактару, іначай да генеральнага не прабіўся б. Непрыемна гэта ўсё, але што зробіш? Каб мотаблок свабодна стаяў у магазіне, я б нікды не хадзіў, нікога не прасіў. Так яно і будзе. Калі павысяць цану. Бо як бы там ні было, ідзем да рынку.
29 снежня. Нядзеля. Ціхі туманны дзень А для беднага люду спакою няма: чэргі па хлеб, малако, пустыя паліцы крамаў. Цэны кусаюцца даўно. Елка да метра вышынёю – 6 рублёў. Каньяк – 388 рублёў. У Маскве мёд 200 рублёў кілаграм. Затое на пошце ніякай чаргі. Пуста! Адаслаў віншаванні сябру і земляку Данілу Баханькову ў чарнобыльскую зону, павіншваў Даўгалёва, Міколу Шандабылу. З Андрэем будзем разам сустракаць Новы год. Абмяркуем усе падзеі.
Гарбачова скарысталі ды выплюнулі. Саюз развалілі, цяпер скупляюць усё, хапаюць асабліва тыя, хто бліжэй быў да ўлады, да карыта. Што будзе ў Новым годзе? Толькі б абышлося без грамадзянскай вайны! Як у Югаславіі ці ў Грузіі. Астатняе – вытрымаем.
Учора пасля мітрэнгі з мотаблокам заныў мой уласны “матор”, аж клапаны загрукалі. Давялося піць валакардзін. Прыгадаўся той дзень, калі пасадзіў баявы самалёт, спусціўся з трапа і ўпаў. Потым клініка, працэдуры, аналізы. Камісацыя. Адчуванне сваёй непатрэбнасці ды бездапаможнасці. Здрада жонкі, развод. Але ж паслЯ таго пражыў 25 гадоў! Мо яшчэ гэтулькі прашкандыбаю па жыццёввай дарозе. Выснова адна – трэба мацаваць здароўе. Памалу буду пашыраць гаспадарку. Запрагу мотаблок – дванаццаць коней, хай дапамагаюць. Пчол трэба болей. Вакол лес – мядовае дно.
Для мяне мінулы год (ужо мінулы) – Год белай Казы быў насычаны падзеямі. Стаў дзедам, перайшоў на новую работу, якая болей даспадобы, пабудаваў лазню. І яшчэ адна падзея: пазаўчора атрымаў купоны – дзве карткі па 300 рублёў. У капіталістаў на гнілым Захадзе няма куды дзець прадукцыю, а ў нас – галеча. Мафія, спекуляцыя, бязладдзе ды безгалоўе.
О, Белая Каза! Колькі чаго ты нарабіла! Па насычанасці падзеямі гэтаму “казінаму” году, відаць, няма роўных у гсіторыі чалавецтва апошніх дзесяцігоддзяў. Бывай, Каза! Вітаем Год Млапы! Хай будзе яна, Малпа, дабрэйшай!
У Караткевіча ёсць выдатны верш пра новы дзень: “Устану ранкам насустрач сонцу…” Апошняя страфа такая:
У новым дні ўсё прыгожым будзе,
Ён паўстане над новай зямлёй.
Паднімайцеся, добрыя людзі,
Крочыць к сонцу поруч са мной.
Як хочацца, каб у Новым годзе ўсё было прыгожым, каб добрых людзей паболела. Але чуе маё сэрца, стомленае жыццём і сонцам, што будзе бязладдзе, безгалоўе, цэны папруць ўгару. Чэргі яшчэ болей вырастуць. Галеча запануе ў нашым краі. Але, паўтару яшчэ раз, толькі б не было вайны. Астатняе ўсё – перажывем. Пераможам!
Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991 г.
17 снежня. Наваполацк. Віцебская вобласць. Асацыяцыя шматдзетных сем'ў Наваполацка адсвяткавалсваю першую гадавіну. За мінулыя месяцы аргнаізаця вырасла з 13 сем'яў да 160 сем'яў, якія маюць трох і больш дзяцей.
19 снежня. Анкара. Кабінет міністраў Турцыі прыняў рашэнне прызнаць усе рэспублікі былога Савецага Саюза, якія абвяслі сваю незалежнасць.
20 снежня. Вашынгтон. 46-я сесія Генеральнай Асамьлеі ААН без галасавання прыняла рэзалюцыю аб міжнародным супрацоўніцтве ў спрае вывучэння, змякчэння і мінімізацыі вынікаў катастрофы ў Чарнобылі.
30 снежня. Мінск. Лідэры адзінаццаці краін у Доме знешнеэканамічных сувязяў пачалі перамовы аб умацаванні СНД.
ХІХ
Марына Сахута не любіла святочныя дні. Нават у юнацтве рэдка хадзіла на вечарынкі – не было калі: старэйшая ў вялікай сям'і, першая памочніца бацькоў. А потым вайна – таксама было не да скокаў, хавалася ад немцаў, каб не пагналі ў Нямеччыну. Пасля вайны плаціла за бацькоў падаткі, страхоўку, пазыку, набывала малодшым братам падручнікі, штаны, гумовікі на ногі. На святы яна прасіла галоўнага ўрача. каб паставілі дзяжурыць яе: аплата двайная і занятак ёсць, не трэба ламаць галаву, як правесці доўгія святочныя дні.
Затое цяпер ёй так хацелася спяваць песні, скакаць, прымаць гасцей, і яшчэ было даўняе жаданне, яшчэ з самага маленства – хоць раэ наесціся уахвотку марожанага. Неяк яна сказала пра гэта Бравусаву, той здзівіўся6
– Ты што, здзяцінела?
Марына пакрыўдзілася, ледзь не заплакала. Бравусаў датумкаў, што да чаго, прасіў прабачэння:
– Мілая мая, Марынка, не крыўдуй. Хвакцічаскі, ета ўсё правільна. Ты ж ніколі не нацешылася етым марозівам. Адно бачыла, як іншыя ласуюцца. І пра танцы ты неяк прагаварылася.. А я тады – кусь сябе за язык: мы ж з табой, хвакцічаскі, ні разу не скакалі ў клубе. Ну, каб на вечарынцы. І не чуў я раней, каб ты песню якую заспявала.
– Валодзечка, я ж і пець не ўмела. Чула, як матка спявала. Але ейныя песні забыліся. Цяпер вучуся ад радыё. Слухаю і ўслед паўтараю.
Бравусаў зразумеў, чаму некалі на юбілеі Івана Сырадоева яна падбухторвала суседак:
– Жанчынкі, дос вам есць і піць. Давайце якую песню…
– Ну, дык пачынай, – загамнілі кабеты.
Але пачаць Марына не адважылася. Знпйшліся смялейшыя. А яна ахвотна падцягвала. Падпяваў, размахваючы відэльцам, нібы дырыжор, і Бравусаў. Ён любаваўся Марынай і яго душа спявала. А Марына расчырванелася, сінія вочы, бы валошкі ў жыце, свяціліся ад радасці. Як позняя кветка перад маразамі, расцвіла жанчына на схіле гаротнага, самотнага жыцця.
Марына часта спявала пад радыё, а іншы раз на двары мармытала сабе пад нос нейкую песеньку, бывала, што і кружылася пад музыку ў танцы, адна, калі Бравусава не было ў хаце. У яе выспела вялікае жаданне: кожны дзень рабіць святам, радавацца кожнаму імгненню жыцця. У яе было такое адчванне, нібы яна другі раз нарадзілася на свет. Сарамлівасць не дазваляла ёй раскрыцца перад мужам, але ён паступова пачаў разумець сваю другую жонку, і як мог, як умеў спрыяў ейнаму настрою на радасць.
– Хвакцічаскі, Марынка, ета правільна, – паўтараў ён любімае выслоўе: – З радасцю мы перажывем радыяцыю. А калі будзем хныкаць. Ды плакаць. То яна даканае нас.
Бравусаў радаваўся, што яшчэ можа прылашчыць жонку, што з ёй, з Марынай, зведаў нязнаную раней асалоду ад блізкасці з любімай жанчынай. А колькі ў яе было ласкі і пяшчоты! Пасля лазні Марына гатова была цалаваць мужа ўсяго з галавы да ног. І ён толькі на згоне жыцця зведаў, што такое мужчынскі аргазм: раней ён лічыў, што гэтае пачуццё могуць реражываць адно жанчыны, дый то вельмі рэдка.
Уранні, пасля ночы кахання, Марына аж свяцілася ад радасці, пякла дранікі, Бравусаў даставаў пляшку тапалёўкі – дзесьці вычыта, што вельмі карысная настойка гарэлкі на таполевых почках. Выпівала з дзесятак кропель і Марына, а гаспадар куляў поўную чарку, з асалодаю паўтараў словы Якуба Коласа:
– А нашча чарачку кульнуць, усё адно, што ў рай зірнуць…
Марына не пярэчыла, але сама поўнай чаркі не выпівала ніколі, ні ў якім застоллі. Ушчувала і Бравусава, бо той у кампаніі часцяком перабіраў норму.
– Калі будзеш куляць па поўнай чарцы, той жонка табе неўзабаве не спатрэбіцца. Як і палова падушкі. Будзеш спаць адзін. А як палову чаркі кульнеш. дык і на жонку не забудзешся.
Бравусаву жончыны ўшчуванні былі , як мёдам па душы: значыць, яна хоча спаць з ім, дзяліць падушку напал. І ён пачаў стрымліваць сябе ў застоллі, болей налягаў на закусь, чымся на пітво. Жанкі пачалі ставіць яго ў прыклад сваім мужыкам-выпівохам, якія не ведаюць ніякай меры, гатовы заліцца гарэлкаю.
Марына апошнім часам упадабала адзначаць Новы год. Усёй душой ёй хацелася верыць праўдзівасці народнай прыкметы: калі весела сустрэнеш Новы год, дык увесь год будзе вясёлы і шчаслівы. Таму яна рыхтавалася да навагодняга свята з вялікім хваляваннем. У райцэнтры накупляла цацак, рознакаляровых шарыкаў, зайцоў, птушак. Зноў жа адной з прычын гэтага было тое, што ў дзяцінстве пра святочную елку-прыгажуню Марынка Сахута магла толькі марыць. І вось цяпер яе мара збылася. Але пад елку не магла яна класці падарункі для сваіх дзяцей, унукаў, – бо не мела іх. Гэта была яе незагойная рана, якая смылела заўсёды, адно прыціхла ў апошнія гады: радасць кахання прыглушыла застарэлы боль адзіноты.
Моцна ўзрушылі Марыну гібель Сырадоева, самагубства Косці Вароніна, таму гэты Новы год ёй хацелася сустрэць асабліва ўрачыста, каб у наступным годзе нічога падобнага перажыць не давялося. Вядома ж, яна сказала пра сваё жаданне мужу.
– Хвакцічаскі, ета правільна. Новы год варта сустракаць па-людску, весела. Невядома, колькі іх засталося ў нашым чысленніку, – міжволі ўздыхнуў Бравусаў. – Можа, запросім Мамуту з Юзяй? Ці, можа, да сына ў Белую Гару пойдзем. Уранні вернемся. Прагуляемся троху.
– У сына, пэўна, будзе свая кампанія. Маладыя, усе граматныя. Сучасныя. А мы з табой ужо старыя. Можа, я пагавару з Юзяй? Ці мы да іх, ці яны да нас.
– Добра. Запрашай іх. А калі яны захочуць, каб мы прыйшлі, то сходзім. Мы ўсё-ткі маладзейшыя. Кабанчыка заколем. А другога пазней. Праз пару месяцаў. Пеўніка засяку. А то яны б’юцца. Не падзеляць чубатак, – рагатнуў Бравусаў.
Апошнім часам Марына пасябравала з Юзяй і цяпер зразумела, што ў яе няма сябровак. Яны ўсе павыходзілі замуж, параз’ехаліся, разляцеліся па свеце, адзінае ў яе было апірышча – бацькі і браты. Бацькоў ужо няма, брат застаўся адзін, ды і той далёка. Марына неадкладна правяла перамовы. Юзя з радасцю адгукнулася на прапанову – сустрэць Новы год разам, але запрасіла суседзяў да сябе.
Бравусаў, пачуўшы пра гэта, задаволена ўсміхнуўся:
– Ну што?! Хвакцічаскі, усё так, як я і прадбачыў.
– Ты ж у мяне мудры, – ласкава пацалавала Марына мужа, радасная ад прадчування свята.
Пасля візіта Марыны закіпела работа ў доме Мамутаў. Юзя рыхтавалася варыць халоднае, ці, як у Хатынічах казалі, – сцюдзень. Гаспадар вырашыў схадзіць на ферму, купіць там у ларку пляшку гарэлкі, высечы невялікую елачку – лес там чысцейшы ад радыяцыі. Ларок працуе толькі да абеду, таму выбраўся ў дарогу пасля сняданку, засунуў у кішэню зялёную сетку, за пояс маленькую сякерку. Пайсці заманулася паўз Бесядзь, хоць гэты шлях даўжэйшы на добрую вярсту. Калі праз вёску будзе кіламетры са тры да фермы, то паўз ракі – чатыры з гакам.
Выбраў гэты шлях таму, што даўно не меў ладнай праходкі, усё тупаў па двары, па хаце, а хацелася падыхаць свежым марозным паветрам, мабыць, і нукліды ў замерзлай зямлі сядзяць і не рыпаюцца. Дый снегам іх прысыпала. Праўда, снегу вобмаль, затое льга ісці куды заўгодна. Сёння можна, а заўтра ўсхопіцца завея і замяце ўсе дарогі і сцежкі. А сцежак гэтых усё меней вакол вёскі: няма каму хадзіць ды ездзіць.
Гэтая балючая думка нібы апякла Мамуту, калі ішоў міма зачыненай крамы: там не было знаць ніводнага чалавечага следа. Адно збродлівыя сабакі наслядзілі. А яшчэ кальнула думка-згадка, як восенню сорак трэцяга пачаў тут навучальны год – школа стаяла побач з крамай. Працаваў разам з Ганнай Мікітаўнай, сарамлівай дзяўчынай, якая да вайны скончыла дзесяць класаў. Вучылі ў дзве змены, дзеці-пераросткі. У першым класе сядзелі поплеч каму сем гадкоў. А каму дзесяць, а то й болей. І дзятвы ж было поўна! А яшчэ развярэдзіла сэрца думка-стрэмка: пасля вайны напалову спаленыя Хатынічы адрадзіліся, новая школа васьмігодка звінела галасамі. А пасля Чарнобылю, відаць, вёска не ўваскрэсне. Калі і ажыве, то вельмі няскора. Ён, Мамута, не дачакаецца.
Выйшаў на высокі бераг Бесядзі. Краявід з гэтай гары некалі уразіў Мамуту з экрана тэлевізара – у перадачы пра родны кут Аркадзя Куляшова. І рабіў тую перадачу яго вучань Пятро Махавікоў. Настаўнік ужо ведаў, што Пятро перайшоў у выдавецтва на пасаду галоўнага рэдактара. А другі яго вучань Андрэй Сахута няпер галоўны ляснічы лясгаса. Мамута заўсёды радаваўся поспехамі сваіх гадаванцаў. Значыць, недарэмна еў настаўніцкі хлеб. Колькі ягоных вучняў разляцеліся па ўсяму Саюзу.
А цяпер вось і Саюза няма. Настанік-гісторык Мамута лічыў сябе патрыётам Беларусі, але незалежнасць успрыняў як нешта неабавязковае. А чым кепска было ў вялікай дзяржаве? Ну, каб трохі болей свабоды, каб сваё роднае – мова , гісторыя, песні болей шанавалася. Ён быў дзіцем Савецкага Саюза, вучыўся ў савецкай школе, у савецкім інстытуце. Слаўную гісторыю Вялікага Княства Ліоўскага ён пачаў адкрываць толькі зараз з публікацый пра “Пагоню” і бел-чыровна-белы сцяг. І часам яму рабілася сорамна: як слаба, павярхоўна выкладаў ён гісторыю роднай Беларусі . Пра “Пагоню” раней і не гаварыў. Бо ў падручніках пра яе не было ні слова.
Мамута крочыў па ўзгор'і, і тут апрача сабачых, іншых слядоў не было. Дайшоў да кузні, узрадаваўся, нібы Рабінзон: убачыў чалавечыя сляды. Тут недалёка жыў Апанас Шкурдзюк з жонкай Палажкай. Яшчэ адна сям'я ўпартых вяскоўцаў. Апанас трымае каня, мае вялізную чараду гусей, пра нейкія там нукліды і слухаць не хочп. “Раз хверма блізка, дык мы ядзім тое, што і гараджане”. І сапраўды, лагічна. І Палажка не старэе. Увішна тэпае па гаспадарцы. Адно рот зусім бяззубы. Некалі праз яе заварылася каша са Свідэрскім, якая скончылася трагедыяй. Тады, напрадвесні 1953-га старшыні сельсавета Свідэрскаму амаль штодня тэлефанавалі з раёна, падганялі выконваць план збору падаткаў. І вось разам з фінагентам Іванам Сырадоевым, харчовым агентам Парфірам Драздовым завіталі да Шкурдзюкоў. Патрабавалі, каб здаў мяса, сплаціў нядоімку за мінулы год, хацелі забраць парсючка. Палажка кінулася не даваць, паказала старшыні “дулю”. Раз'юшаны Свідэрскі адштурхнуў Палажку, яна выцялася брывом аб калёсы, якія рамантаваў Апанас, рассекла брыво да крыві. Шкурдзюкі падалі ў суд. Начальства, якое падганяла Свідэрскага, не адважылася бараніць свайго вернага служку. Сталіна ўжо не было. Набіраў сілу іншы вецер. Яшчэ да суда Свідэрскага выключылі з партыі, ён перастаў хадзіць на працу ў сельсавет. У яго адабралі наган. Крыўда, роспач, бездапаможнасць выядалі душу. А яшчэ нянавісць аднавяскоўцаў, штодзённыя дакоры жонкі давялі да вар'яцтва – асіраціў шасцёра дзяцей. Круглых сірот узялі ў дзіцячы дом. Гэта ўжо сорак гадоў наўзабве будзе, падумаў Мамута, як ляціць час! А Свідэрскі яшчэ мог бы жыуь, дачакаўся б унукаў, праўнукаў… Мацаваў савецкую ўладу, а яна сканала, пайшла ў нябыт. Выходзіць дарэмна
чалавек вылузваўся са скуры.
Бесядзь тут вільнула далей ад вёскі, нібы хінулася да лесу. Некалі паўз берага была добра ўкатаная дарога: ішлі і ехалі людзі на паром. Даўно няма парому, зарасла й дарога. Густая, як воўна, рудаватая трава, прыцярушаная снегам, бы тырсою-пілавіннем, ляжала роўным дываном. І нідзе ніякіх слядоў.Выбліснула сонца, усё навокал заззяла чысцінёю, а кусты алешніку ля ракі зіхатлівымі срэбранымі іскрынкамі. Мамута залюбаваўся наваколлем. Адагнаў гнятлівыя згадкі пра Свідэрскага, не хацелася думаць і пра нядаўнюю трагедыю Сырадоева і Косці Вароніна. Адагнаў і спрадвечнае балючае пытанне: чаму гэтак шмат на свеце бяды?!
Каля Шамаўскага ручая Мамута трохі прыстоіў. Быццам перадыхнуў, хоць ішоў нетаропка, потым сігануў цераз ручай, які не замерз, не скарыўся марозу – вада капцілася быццам па ледзяным жолабе, – і ўзяў курс на блішчастую ваданапорную вежу. Нізкае сонца зырка асвятляла наваколле. Падалося, што сонца свеціць весялей, бо з кожным днём яно будзе падымацца вышэй і, нібы нованароджанае, усё цяплець і весялець.
Праз гадзіну Пётр Еўдакімавіч Мамута вяртаўся дамоў Ішоў праз вёчску, у адной руцэ нёс невысокую пухнаценькую елачку, у другой – зялёную сетку з пакупкамі, заказанымі Юзяй.
Пасля кароткага сонечнага дня надышоў доўгі Піліпаўскі вечар. Выскачыў марозік, адно на снег прырода паскупілася. Бравусаў, гладка паголены, з моцным водарам любімага “Шыпру”, ішоў пад ручку з Марынаю. Цішыня панавала над вёскай, лёгка парыпваў свежы снег. Уладзімір Усцінавіч быў у добрым гуморы. Радавалася і Марына, што ідзе з мужам у госці да настаўніка, вельмі паважанага і ў Хатынічах, і ва ўсім наваколлі чалавека. Цешыла думка, што, можа, з Юзяй паспяваюць, падцягнуць пасля чаркі і мужчыны.. І будзе на душы весела і ўтульна. Хай слухаюць праклятыя нукліды спевы апошніх жыхароў.
У Мамутавай хаце было цёпла, пахла хвояй, смалой-жывіцай, смажанінай, грыбамі, яшчэ нечым смачным і таемным. Пасля дзесяці гадзін селі за стол. Выпілі па чарцы за год мінулы.
– Каб яе чорт убрыкнуў, гэтую Казу! – бязгучна засмяяўся Бравусаў. – Хвакцічаскі, колькі чаго яна нарабіла!
– Нашы нашчадкі ацэняць, што добра, а што блага, – пачаў гаспадар, але раптам крута павярнуў гаворку ў іншы бок: – Юзя, нешта нашы госці нічога не ядуць. Марына Мацвееўна, пакаштуйце халадцу, – ён падчапіў лыжкаю кавалак парэзанага на кубікі халоднага і паклаў госці на талерку.
– Ой, не клапаціцеся, Еўдакімавіч! Яшчэ да Новага года болей за гадзіну. Паспеем, – адказала Марына, кранутая ўвагай настаўніка. Халадзец ёй спадабаўся, яна пахваліла Юзю.
– Калі вару халоднае, заўсёды перажываю: ці застыне? – пачала ўдзячная Юзя, але Бравусаў зноў бязгучна засмяяўся, перапыніў:
– На дварэ мароз. Дапаможа. Любы халадзец застыне.
Мамута моўчкі слухаў, думаў пра сваё, пра хуткаплыннасць часу, пра тое, колькі яму яшчэ давядзецца сустракаць Новы год. Міжволі ўзгадаў сваю Тацяну. Ён ціха падняўся з чаркай. Застолле адразу супакоілася, заціхла ў чаканні.
– Для таго каб успомніць родных, блізкіх, ёсць іншыя дні. Гэта і Радаўніца, і Дзяды восеньскія, – ён захваляваўся, у горле нібы засеў камяк. – Давайце памянём спачылых. Тых, каго няма сянні з намі. Маю Тацяну, з якой пражылі амаль пяцьдзесят гадоў. Хай ёй будзе пухам зямля...
Падняўся і Бравусаў, услед за ім – Марына і Юзя. Мамута згледзеў, што Юзін твар спахмурнеў, але не ад шкадавання ягонай першай жонкі, хутчэй гэта незадаволенасць: гаспадар зноў намякае, што яны будуюць шчасце на чужым горы. Мамута гэта адчуў і таму сказаў:
– Дарагая Юзя, і ты, Марына, не палічыце гэта за нетактоўнасць. Ці некарэктнасць... Юзі я вельмі ўдзячны. Кінуць сталіцу і перабрацца ў зону, на гэта здольны рэдка хто.
– Чаму? Вунь Марынін брат працуе ў зоне. А ў сталіцы быў вялікім начальнікам. Любоў, дарагі мой Пеця, вырашае ўсе праблемы, – заўсміхалася павесялелая Юзя.
Моўчкі выпілі, у цішыні закусвалі. Мамута разумеў, што сумны настрой не пасуе навагодняй вячэры, таму сам пачаў весяліць гасцей:
– Вось Юзя кажа, што ўсё вырашае любоў, каханне. Адзін выкладчык спытаў у студэнткі: “Як будзе будучы час ад дзеяслова кахаць?” – “Выйду замуж”, – не разгубілася дзяўчына.
Гаспадара ахвотна падтрымаў Бравусаў. Бачыў нядаўна калегу, участковага, той расказаў жарт. Размаўляюць два сябры: “Ты чуў? Ваня ажаніўся з Маняй! – “Няўжо! І як яны жывуць?” – “Выдатна! Як галубкі”. – “Як гэта?” – “А так: то ён праз акно вылятае, то яна...”
Усе зарагаталі, асабліва Юзя. Яна ж і падхапіла эстафету:
– Прыбягае Пятачок да Віні-Пуха: “Вінні, Вінні! Нам прыйшла пасылка з Афрыкі. У ёй дзесяць апельсінаў. Табе сем і мне сем”. – “Як так? Іх жа ўсяго дзесяць!” – здзіўляецца Вінні. – “Мяне гэта не турбуе. Я сваіх сем ужо з’еў”, – дадала праз смех: – Ешце, госцікі. Закусвайце. Усцінавіч, пакаштуйце грыбочкаў. Ездзілі з Пятром ажно пад Бялынкавічы. У чыстую зону.
Бравусаў ахвотна чарпануў лыжкай салёных грыбоў сабе, потым паклаў і Марыне. Але тая не спяшалася есці: разумела, што і ёй трэба нешта расказаць смешнае. Анекдотаў яна не запамінала, раней і слухаць іх не любіла, ды і ў кампаніі бывала рэдка. І ўсё ж адзін жарт прыгадала:
– Пасля вайны я доўга працавала ў бальніцы ў Саковічах. Прыходзіць аднойчы хворы дзядок. Заняў чаргу да рэгістратаркі. Гучна кашляе. Медсястра дала ўсім градуснікі, каб памераць тэмпературу. Выйшла іх забіраць, а дзядка няма. Праз тыдзень прыходзіць, вяртае градуснік: “От жа дзякуй вам! Сам паздаравеў. Жонку вылечыў і суседку”.
Жарт спадабаўся, усе дружна зарагаталі, асабліва Бравусаў, бо нешта смешнае чуў ад Марыны ўпершыню.
Забрынькаў тэлефон. Апарат стаяў недалёка ад гаспадара і той лёгка дацягнуўся да яго. Тэлефанавала дачка з Магілёва, павіншавала з Новым годам, узрадавалася, што ў бацькі госці. А потым пазваніў з Мінска Пётр, сын Юзі і Мамуты, адно прозвішча ў яго айчымава. Ён гаварыў з бацькам, потым з маці. Юзя ўвачавідкі расцвіла, слухаючы сына. Асабліва ёй пазайздросціла Марына: шчаслівая, мае дзяцей ад першага мужа, ёсць агульны сын з Мамутам, хай сабе і пазашлюбны. Ён штолета прыязджае ў Хатынічы, высокі малады падпалкоўнік. Іншыя Мамутавы дзеці пасля смерці Тацяны прыязджаюць радзей.
Стрэлкі гадзінніка няўхільна набліжаліся да дванаццаці. Юзя павялічыла гучнасць тэлевізара. Бравусаў сціснуў за горлечка бутэльку шампанскага, нібы гранату, якую збіраўся шпурнуць у варожы ДЗОТ. Ігрыстага віна купіла Марына месяц таму, ведаючы, што напрыканцы года яго не возьмеш. А якое ж навагодняе свята без шампанскага? Хай сабе жывем у зоне, але хочацца, каб усё было, як у людзей.
Тым часам на экране з'явіўся чалавек з мяккай усмешкай, на роднай мове павіншаваў люд беларускі з Новым годам.
– Нарэшце ў нас кіраўнік, які гаворыць па-чалавечы, – адзначыла Юзя. – Прыемна слухаць.
Затым на экране паявіўся вершнік: імчала старадаўняя “Пагоня”. Над коннікам трапятаўся бел-чырвона-белы сцяг.
– Ну, людцы добрыя, з Новым годам вас! – Мамута тройчы пацалаваў
Юзю, затым Марыну. Гэтак жа тройчы пацалаваўся з Бравусавым.
Шампанскае пенілася ў фужэрах. У залацістым напоі ўспыхвалі дробныя зваблівыя пухіры. Марына піла маленькімі глыткамі, адчуваючы нязведаную раней асалоду. Шампанскае яна ўпадабала, калі пачала жыць з Бравусавым. Раней яно здавалася ёй кіслым і рэзкім, так і карцела сыпануць у фужэр цукру. Сухое яна не любіла і зараз, а вось паўсалодкае падабалася. Менаміта гэткага віна яна і купіла.
Юзя пераключыла тэлевізар на маскоўскую праграму. Там спявала славутая эстрадная дзіва ў мініспаднічцы, але паслухаць яе не ўдалося – зноў азваўся тэлефон. Юзя прыцішыла гук. Марына адразу здагадалася, што тэлефануе з Мінска аднавясковец Пятро Махавікоў, мільганула думка: вось каб Андрэй здагадаўся пазваніць, і яна не паверыла сваім вушам – Пятро тэлефануе ад Сахутаў, яны разам сустракаюць Новы год.
– Мацвееўна, пагаварыце з братам– Мамута перадаў ёй трубку.
“Божа, як у казцы. Толькі падумала, каб пазваніў брат, і маё жаданне збылося”. Яна слухала братава віншаванне і радавалася, што ў яго ўсё добра, а то перажывала апошнім часам: хіба гэта па-людску – Андрэй тут адзін, а жонка ў горадзе адна. Андрэй перадаў усім віншаванні, пажаданне шчасця і моцнага здароўя.
– Вось за ета, хвакцічаскі, можна выпіць Еўдакімавіч, давай мы беленькай. А жанчынкам хай віно. Мы, хвакчіаскі, як у сталіцы жывем. П'ем шампанскае, бачым усё, што ў Мінску і ў Маскве дзеецца. І жонкі нашы побач. І не бярэ нас ні храна радыяцыя.
– Так ужо й не бярэ? – гарэзліва зірнула на госця Юзя, але перахапіла незадаволены пагляд мужа, дадала сур'ёзна: – Давайце вып'ем за ншых мінчукоў. Хай ім добра жывецца насуперак рынку і ўсялякаму безгалоўю. А мы тут будзем жыць і радавацца на зло радыяцыі . Каб яна і праўда не чапала нас.
– Малайчына, Юзя! Але чаму толькі за мінчукоў? А за мугулёўцаў? – падняўся расчырванелы Бравусаў.– За нашых дзяцей, хвакцічаскі, і за ўнукаў, – і асушыў поўную чарку.
Узрадаваны, што яго памятаюць не толькі родныя дзеці, а й былыя вучні, выпіў да дна і Мамута. Адчуў неўзабаве, як зашумела ў скронях кроў, а ўнутры разлілася прыемная цеплыня.
Потым яны спявалі песні, танцавалі, зноў пілі за здароўе і шчасце ў Новым годзе, за любоў насуперак Чарнобылю.
– Вып'ем, каб у нас , пенсіянераў, кожны дзень балела нешта іншае. Тады чалавек, хвакцічаскі, здаровы. А каб саўсім нічога не балела, трэба часцей займацца любоўю, – блазнаваў Бравусаў.
Мамута бачыў, што Юзіны вочы ўсё мацней разгараюцца сінім бляскам. “Нуй што? Хай сабе весяліцца. Колькі таго жыцця?” – суцяшаў ён сябе, спяваў і весяліўся, як і ўсе астатнія.
Прачнуўся Мамута пад раніцу. У хаце было ціха, у акно заглядваў тонкі сярпок ветаха – месяц быў на згоне. У роце смажыла, прыўзняўся, зірнуў на Юзю і… ў яго пахаладзела ўсё ўнутры: па тонкай, амаль дзявочай шыі, круглым твары пазнаў Марыну. Чаму яна з ім? І спакойна спіць, роўна дыхае, як дома, на сваёй падушцы. Чорт ведае, што робіцца! Ён сіліўся ўзгадаць, як распранаўся, клаўся ў ложак і не мог. Успомніў, што цалаваўся, абдымаўся… Дык няўжо гэта ён з Марынай? А Юзя, значыць, спіць з Бравусавым?! Гэта яны ўсё вырабілі…
Марына заварушылася, прахапілася. Рэзка ўзнялася. Прыкрыла далонямі грудзі, потым нахілілася да яго, ціха спытала:
– Як вы чуецеся, Еўдакімавіч?
– Ой, не пытайся. У роце смажыць. Галава, як бязмен.
– Я вады прынясу. Можа, валідолу пад язык? У мяне ёсць.