355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леанід Левановіч » Палыновы вецер » Текст книги (страница 2)
Палыновы вецер
  • Текст добавлен: 20 апреля 2017, 20:00

Текст книги "Палыновы вецер"


Автор книги: Леанід Левановіч


Жанр:

   

Разное


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 19 страниц)

Бравусаў згадаў, як некалі настаўнік Мамута распавядаў, што да вайны на высокім беразе Бесядзі, дзе ўпадае Канчанскі ручай, мінскія вучоныя праводзілі раскопкі, знайшлі багата каменных прыладаў першабытнага чалавека і даказалі, што людзі жылі тут прыкладна сто тысяч гадоў таму.

А цяпер Чарнобыль сваім смертаносным крылом вымятае ўсіх адсюль. Каго ўжо вымеў, а хто яшчэ ўпіраецца, як ён з Марынаю. Ці той жа Пятрок Мамута, былы дырэктар школы, заўзяты пчаляр, паважаны ў наваколлі чалавек. Бравусаў злавіў  сябе на думцы, што ў іхніх лёсах нешта агульнае: памерлі жонкі, мусілі шукаць іншых. Мамутава Тацяна доўга хварэла на сэрца, а калі пайшла на той свет, у Хатынічы прыкаціла жанчына з Мінска. Здаровая, прыгожая. Аказваецца, пасля вайны Мамута паехаў у сталіцу вучыцца, жыў на кватэры і ўтрэскаўся ў Юзю, дачку гаспадыні. А дачка ўжо была маладою ўдавою-салдаткаю, дзіця мела. І ад Пятра Мамуты нарадзіла сына. Вучобу ён кінуў, вярнуўся да сям’і. Юзя клікала яго ў Мінск, маўляў, уцякай ад Чарнобыля, а ён у адказ: там няма дзе пчол трымаць, не магу іх пакінуць. І тады  Юзя  пакінула сталіцу, прыехала да яго. Вось, якія дзівосы на свеце.

У пуні сцішана замычэла карова. Няўжо яна чуе мяне, падумаў Бравусаў, ціха адчыніў вароты, намацаў у сене каля вугла пляскаты ліхтарык, асвяціў сваё ложа. Потым светануў угору, быццам шукаў кажаноў, якіх чуў ноччу, але ўгары нічога не ўбачыў, лёг, пачуў водар чабору і рамонкаў. А яшчэ падалося яму, што вільготна-халодная падушка пахне Марынінымі валасамі. Ён шчасліва ўсміхнуўся, прашаптаў:

– Дзякуй табе, Божа, калі ты ёсць, за яшчэ адзін пражыты дзянёк. І падары мне заўтра  еткі ж шчаслівы.

Глыбокая цішыня стаяла над Хатынічамі, засыпанымі смертаноснымі радыенуклідамі. Зямля свяцілася імі, акурат мільёнамі светлякоў. Блішчастае зорнае неба паварочвалася, быццам кола на восі, вакол непарушнай Палярнай зоркі.

Вялікая і такая малая планета Зямля імчала ў касмічнай прасторы насустрач новаму дню.


Хроніка БЕЛТА і ТАСС, жнівень 1991 г.

7 жніўня. Касцюковічы Магілёўская вобласць. Жыхары горада вельмі здзівіліся, калі аднойчы раніцай над райвыканкамам заместа чырвона-зялёнага Дзяржаўнага сцяга БССР убачылі бел-чырвона-белы сцяг. “Іншага спосабу прапагандаваць нацыянальнае адраджэнне Беларусі ў мяне проста не было”, – заявіў следчаму жыхар горада Яўген Дрозд.

13 жніўня. Алма-Ата.  Сустрэцца кіраўнікам 15 рэспублік у Алма-Аце без удзелу Цэнтра – такую ідэю выказаў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

20 жніўня. Масква. Газеты надрукавалі Указ віцэ-прэзідэнта СССР Г. І. Янаева: У сувязі з немагчымасцю па стане здароўя выканання Гарбачовым Міхаілам Сяргеевічам сваіх абавязкаў Прэзідэнта СССР на падставе артыкула 127 Канстытуцыі СССР уступіў у выкананне абавязкаў Прэзідэнта СССР з 19 жніўня 1991 года.

21 жніўня. Вашынгтон. Сітуацыя ў Савецкім Саюзе знаходзіцца пад кантролем. Пра гэта, паводле слоў прэзідэнта ЗША Дж. Буша, яму паведаміў у тэлефоннай размове Прэзідэнт СССР М. С. Гарбачоў.

ІІ

Вестка аб стварэнні ў Маскве ГКЧП вельмі ўзрушыла Георгія Акапяна, усхвалявала і абнадзеіла. Можа, скончыцца разгул дэмакратыі, мітынговай балбатні, і раённае начальства, і вышэйшае ўспомніць пра велізарны цэментны завод, які ўжо амаль што збудаваны. Трэба давесці ўсё да ладу, і напрыканцы года завод дасць першы цэмент. І Савецкі Саюз будзе жыць, разважаў Акапян, бо гэтыя людзі вырашылі адпіхнуць Гарбачова ад руля, узяць усю ўладу ў свае рукі і навесці парадак. Але дырэктара завода насцярожыла, што ніхто ў свеце, нават суседнія краіны, не кідаюцца прызнаваць новы дзяржаўны орган. Учора да поўначы ён плаваў па хвалях свайго транзістарнага “Океана”, лавіў забугорныя галасы, і амаль усе замежныя радыёстанцыі бэсцілі “гэкачэпістаў”, якія хочуць павярнуць савецкі карабель “вспять”.

Гэтыя ж радыёстанцыі ахвотна перадавалі заявы Ельцына: трэба ратаваць дэмакратыю, касцьмі ляжам, але дэмакратыю адстаім. Насцярожыла Георгія Акапяна, што тысячы масквічоў выйшлі на абарону Вярхоўнага Савета Расійскай Федэрацыі, дзе атайбаваўся Ельцын.

“Ну чаму не могуць справіцца з гэтым гарлапанам? – дзівіўся Акапян. – У іхніх руках уся сіла. Армія, КДБ, міліцыя. Няўжо не маглі арыштаваць яго?”

Учора Акапян глядзеў прэс-канферэнцыю ГКЧП, уразілі яго дрыжачыя рукі віцэ-прэзідэнта Янаева. Гэткая палахлівасць галоўнага змоўшчыка не спадабалася. А дырэктару завода хацелася, каб “гэкачэпісты” ўзялі ўладу і пачалі наводзіць парадак. Тады б і пастаўкі адусюль ішлі, як і раней, і людзі працавалі б, як і раней. А то ён апошнім часам б’ецца, як рыба аб лёд, а вышэйшым кіраўнікам нібыта ўсё да фені: яны пачалі ўпотайкі займацца камерцыяй, будаваць катэджы – усе рыхтуюцца да рынку. Быццам яму аднаму патрэбны новы цэментны завод, які будзе буйнейшы ў Еўропе – такім яго спраектавалі ленінградскія інжынеры.

Георгій Акапян прыехаў у Лабанаўку гадоў шэсць таму. Можна сказаць: вярнуўся, бо тут у пасляваенны час бегаў у школу, а ягоны бацька Сяргей Хачатуравіч Акапян быў першым сакратаром райкама партыі. Вясёлы, кучаравы, з гарачымі каўказскімі вачыма ён умеў да кожнага падысці, пагаварыць, кожнаму з падначаленых,   наведнікам  казаў “душа любезны”. Гэтыя ягоныя слоўцы ведаў увесь раён. Сын армяніна Хачатура і рускай жанчыны Пелагеі трапіў служыць у Бабруйск, вызваляў заходнюю Беларусь. А як скончыўся гэты паход, вярнуўся ў Бабруйск, прыжаніўся, падвучыўся ў Магілёве на курсах партыйна-савецкага актыву. Пасля вызвалення заходніх раёнаў туды накіравалі шмат вопытных правераных кадраў з усходу рэспублікі, на вакантныя месцы набіралі новых, маладых. Так і трапіў Сяргей Акапян  у крэсла інструктара райкама партыі. Крэсла гэтае было не дужа мяккае, не цёплае і не ўтульнае. Як вавёрка ў коле, гойсаў Акапян па раёне, мабілізуючы партыйцаў, а таксама беспартыйныя масы на ўздым гаспадаркі, на датэрміновае выкананне сталінскіх пяцігодак. На гэтай пасадзе і захапіла яго вайна. Малому Жорыку – маці любіла яго клікаць Юрыкам, – тады споўнілася тры гады. Акапян прымяніў увесь спрыт маладога партыйнага функцыянера, каб разам з сем’ямі іншых начальнікаў адправіць на ўсход і сваю. Але паспелі яны заехаць толькі за Гомель – далей былі немцы. Давялося жонцы з Юрыкам вяртацца да маці, якая жыла ў глухой палескай вёсцы пад Мазыром,  дзе і перачакалі доўгія гады ваеннага ліхалецця. Знайшоў сваю сям’ю Акапян  пасля вызвалення Гомельшчыны.

Сам ён на пачатку вайны абараняў Магілёў, трапіў у акружэнне, удалося ўцячы з лагера, пайшоў у партызаны. Клятнянскія лясы, што на Браншчыне, камандзір партызанскага ўзвода, а затым камісар атрада Сяргей Акапян запамятаў на ўсё жыццё. Напрыканцы сорак чацвёртага ён паявіўся ў Лабанаўцы, дзе па рэкамендацыі абкама пленум абраў яго першым сакратаром райкама. Зноў-такі паспрыялі кадравыя перастаноўкі. Васіля Лугаўцова, мясцовага вопытнага партыйца, таксама партызана, накіравалі на Брэстчыну, другога мясцовага кадра Антона Пракапенку вырашылі пакінуць у крэсле старшыні райвыканкама, а маладога, гарачага каўказца вылучылі ў партыйныя лідэры. У тыя часы большую ўладу  мелі старшыні райвыканкамаў, а партыйныя кіраўнікі былі нібы тыя партызанскія камісары: камандзір атрада вырашаў, як ваяваць, браў усю адказнасць на свае плечы, а камісар адказваў за баявы дух і лінію партыі. Тады пад усімі пастановамі раённай улады спачатку стаяў подпіс старшыні выканкама, а збоку сакратара райкама. Слова першы нават не ўжывалася.

Паступова партыйная бюракратыя ўсё мацней цягнула коўдру на сябе. І спрыяла гэтаму дактрына крамлёўскіх ідэолагаў аб “возрастающей” ролі партыі. Пасля смерці Сталіна партыя забрала ў свае рукі ўсю ўладу, але справы ад гэтага не палепшыліся, камунізм, быццам небакрай, усё аддаляўся, як да яго ні спяшаліся. Але ў пасляваенны час партыйнаму лідэру Сяргею Акапяну ўлады хапала. Першую зіму ён пражыў у Лабанаўцы без сям’і, бо і кватэры людскай не меў. Жонку і малога Юрыка перавёз летам сорак пятага. А ўвосень малы Акапян пайшоў у школу. Настаўнікі дзівіліся, пазіраючы на белагаловага, нібы сланечнік, хлапчука з армянскім прозвішчам. Не ведалі яны, што ў жылах малога цячэ руская кроў бабулі і беларуская ад маці. Затое ад бацькі ён меў цёмна-карыя вочы і армянскае прозвішча.

Жора Акапян вучыўся ў пятым класе, калі ягоны гарачы, няўрымслівы бацька пагарэў на сваёй пасадзе... Праз шмат гадоў, калі сына прызначылі дырэктарам недабудаванага цэментнага завода ў Лабанаўцы, бацька расказаў сыну тую даўнюю гісторыю.

Неяк на чыгуначную станцыю прыбылі трактарныя плугі, якія тады былі вялікім дэфіцытам. Начальнік станцыі чакаў указанняў зверху, каб размеркаваць іх на тры  раёны. Гарачы, неўтаймоўны Акапян чакаць не мог. Зямля прагрэлася, падсохла, самы час араць. Загадаў забраць усе плугі для калгасаў свайго раёна. Так і зрабілі. Ён прыкінуў: пакуль у вобласці будуць чухацца, яны адсеюцца, а пераможцаў не судзяць. Але яму патэлефанаваў сакратар абкама Васіль Лугаўцоў, той самы, што вызваліў крэсла партыйнага лідэра ў Лабанаўцы, загадаў аддаць плугі суседзям, бо ў іх трактары стаяць.

– Васіль Пятровіч, душа любезны, плугі ўсе ў рабоце. Мы ж не для сябе стараемся. План хлебанарыхтовак трэба выконваць?

– І суседнім раёнам план трэба выконваць. А ім няма чым араць. Неадкладна вярніце плугі на станцыю.

– Лёгка сказаць: вярніце. А як іх забраць у трактарыста, які працуе ў полі ў разгар сяўбы.

На другі дзень зноў пазваніў Лугаўцоў, адказ яму быў той самы. Тады праз колькі хвілін патэлефанаваў раз’юшаны першы сакратар, былы партызанскі камбрыг, адмацюкаў Акапяна, і загадаў праз дзень быць на бюро абкама. Зразумеў Акапян, што справы яго кепскія – трапіў, як муха ў павуцінне, і пахне тут не толькі вымовай, якія ўжо меў. Пачаў ліхаманкава шукаць выйсця і зрабіў адчайны ход канём: адбіў тэлеграму ў Маскву. Малянкову: стварылі невыносныя ўмовы для работы, прашу дазволу прыехаць для  даклада. У адказ  прыйшло паведамленне: прыязджайце..

І пакаціў Акапян у Маскву, у ЦК. Георгій Максіміліянавіч Малянкоў  быў тады праваю рукою Сталіна па партрыйных справах.Прыняў ён  Акапяна, выслухаў. Госць прызнаўся, што сочыць за кіпучай дзейнасцю партыйца Малянкова, любіць слухаць і чытаць яго выступленні, што і сын ягоны завецца Георгіем. “Хочаце ў Арменію?” Акапян памуляўся: маці ў яго руская, жонка беларуска, родную мову слаба ведае. Тады яму прапанавалі пасаду сакратара гаркама па ідэалогіі ў горадзе Дэрбент. “Гэта Дагестан. Усё ж бліжэй да радзімы. Варта згаджацца”, – параіў Малянкоў. Адступаць не было куды. Акапян пагадзіўся. “Ну, жадаю поспехаў! – мурлаты Малянкоў шырока ўсміхнуўся, паціснуў госцю руку, паляпаў па плячы. – Сыну, майму цёзку, прывітанне”.

Неўзабаве школьнік Георгій Акапян знаёміўся з новымі сябрамі. Быў ён там белаю варонаю з армянскім прозвішчам. Праўда, вучыіся ў класе некалькі рускамоўных хлапчукоў і дзяўчынак, з імі і пасябраваў Георгій. Але школу ў Дэрбенце скончыць не ўдалося. Гады праз тры бацька ў часе адпачынку завітаў з жонкай у Мінск, сустрэў знаёмых партызанаў, якія мелі высокія пасады, яны перацягнулі яго ў Магілёў. Тут Георгій скончыў школу. Бацька марыў, каб сын стаў інжынерам-будаўніком, бо ў глыбіні душы лічыў партыйную работу балбатнёй, якая выматвае душу і сэрца. Георгій паслухаўся бацькі, паступіў у машынабудаўнічы інстытут. Пасля яго працаваў на цэментным заводзе ў Крычаве, потым у Ваўкавыску на Гродзеншчыне. А потым у міністэрстве вырашылі, што Георгій Акапян – менавіта той чалавек, які завершыць будаўніцтва гіганта ў Лабанаўцы. Вось тады бацька і распавёў сыну пра сваё пасляваеннае жыццё, пра паездку ў Маскву да Малянкова.

– Хацеў бы я, сынок, з’ездзіць у Лабанаўку. Паглядзець, што там робіцца, – цяжка, перарывіста дыхаючы, сказаў бацька.

– Канечне, з’ездзім. Вось агледжуся там. Асвойтаюся. І з’ездзім. Абавязкова.

Бацька, які меў за плячыма восемдзесят з гакам і два інфаркты, задаволена хітаў сівою, некалі смаляна-чорнаю кучараваю галавою.

Георгій Акапян  прыехаў будаваць цэментны завод на пачатку 1985-га. У яго пацямнелай з гадамі чупрыне праблісквалі рэдкія ніткі сівізны, як восеньскія павуцінкі, што сведчаць аб надыходзе бабінага лета. А тут яны казалі пра іншае: надыходзіць ранняя мужчынская восень, бо іхняму гаспадару няма яшчэ і паўсотні. Завод ужо будаваўся больш як пяць гадоў. Вялізныя жалезабетонныя карабкі будучых вытворчых цэхаў уражвалі. Але саміх будаўнікоў гэта не радавала, бо шмат хто з іх не меў жытла. З будаўніцтва кватэр і пачаў сваю дзейнасць Акапян. Разумеў:  прыстойнай кватэраю можна, нібы пернікам, прывабіць сюды маладога таленавітага спецыяліста. Во дзе спатрэбіліся Георгію Акапяну ягоны вопыт, настойлівасць, генетычная ўсходняя мудрасць, змешаная з хітрасцю. Дамы пачалі ўздымацца ўгару, як грыбы пасля дажджу. Неўзабаве зазвінелі песні навасёлаў. І тут выбухнуў Чарнобыль. Праз нейкі час пачалі адсяляць навакольныя вёскі. Спецыялісты з малымі дзецьмі кідалі ўтульныя кватэры, грашавітыя пасады і ўцякалі хто куды. Праўда, мясцовыя сталыя кадры заставаліся.

Марудна, са скрыпам, нібы нямазаныя калёсы па жвіры, рухалася будоўля. І чым бліжэй да фінішу, тым цяжэйшы быў рух. Усё часцей падводзілі  пастаўшчыкі – то расійскія, то ўкраінскія. Акапян слаў тэлеграмы, званіў ва ўсе канцы. У Маскве ад яго адмахваліся, як ад надакучлівага камара, у Мінску слухалі, абяцалі, але слова не трымалі, абяцанні не выконвалі. Часам Георгію Акапяну здавалася, што ніхто з чыноўнікаў нічога не робіць – усе глядзяць па тэлевізары паседжэнні Вярхоўнага Савета СССР. Гэта было штодзённае відовішча, ці як казаў Акапян са злосцю: “Нуй, спектакль! Цырк на дроце”.

Дэпутаты  навыперадкі рваліся да мікрафона, як згаладалы да хлеба, каб засвяціцца, каб іх убачылі, а што яны скажуць, якія законы прапануюць – не так важна. І ўсе нязгодныя – як агонь з вадою,–  крычалі, спрачаліся, гатовыя счапіцца загрудкі. Але былі прамовы, якія Акапян прымаў душою і сэрцам, а бацьку яны  дужа не падабаліся. Неяк выступаў маскоўскі прафесар і заявіў, што народ вышэй за  партыю, канстытуцыя вышэй за партыйны статут. Зала сустрэла гэтыя словы авацыяй. Гатовы быў апладзіраваць і сын былога першага сакратара райкама Георгій Акапян.

Аднойчы ўвечары патэлефанаваў бацька, раззлаваны на дэпутатаў:

– Што яны робяць? Яны разгойдваюць лодку. Разваляць краіну. Усіх патопяць.

– Не перажывай, бацька. Дэпутаты кажуць праўду. Вакол бардзель. Ніхто нічога не робіць. Трэба наводзіць парадак. Іначай – труба!

– Дык жа не з шальмавання камуністаў трэба пачынаць, – задыхаючыся, даводзіў бацька.

– Бацька, партыя ўжо не тая. Адарвалася ад народа. Страціла аўтарытэт і павагу...

– Сынок, і ты мяне топіш. Кідаеш, нібы шчанюка ў ваду...

У трубцы пачуліся  кароткія гудкі: не развітаўшыся, стары Акапян спыніў размову. А ўранні патэлефанавала маці, спалоханая, усхваляваная: “Юрачка, у бацькі інфаркт. “Хуткая” забрала ў бальніцу. Прыедзь...” “У мяне зараз планёрка. Пазваню праз паўгадзіны”.

А планёрка зацягнулася. Акапян  сядзеў, як на гарачым вуголлі, нервы гарэлі, у галаве білася думка: “Як там бацька?” А тут счапіўся ягоны намеснік з галоўным інжынерам, пачалі высвятляць адносіны – хто з іх болей вінаваты ў тым, што зрываецца пуск завода. Акапян сядзеў, чуў, як у самога смыліць сэрца, цісне за грудзінаю. Ледзьве давёў планёрку да канца. Хацеў паўшчуваць намесніка, але часу на гэта не было. Дый  што ўшчуваць, калі ўся краіна засядае, усе вакол крычаць і сварацца, у  чэргах,  на сходах, асабліва дыскутуюць у лазні, бо там усе голыя: не відаць ні пагонаў, ні ардэноў, ні іншых рэгалій.

Акапян імчаў у Магілёў. У дарозе вадзіцель уключыў радыё: у Маскве працягваўся з’езд народных дэпутатаў. Акапян ужо быў задрамаў, бо ноччу спаў кепска, як раптам пачуў выступ вядомага навукоўца, спецыяліста па ахове прыроды: “Партия должна срочно позеленеть…”

– Чулі, Георгій Сяргеевіч? – павярнуўся да яго вадзіцель. – Партыя павінна пазелянець. Ды яшчэ “срочна!”  Каб ты сам ссінеў, як гусіны пуп.

– Ат, дэмагогі! Выключы  гэтую балбатню. Тут не да іх, – Акапян зноў заплюшчыў вочы. Дарога заўсёды супакойвае, як малога люлька.

Бацька знаходзіўся ў рэанімацыі, сына да яго не пусцілі. Чым ён мог памагчы? Супакоіў трохі маці і вярнуўся дамоў.

Справы на заводзе ішлі ўсё горш. Пастаўкі зрываліся, рабочыя стаялі ў чэргах, хапалі соль і цукар. І ўсё мацней смылела сэрца генеральнага дырэктара завода. Ён кусаў сябе за локці ад бяссілля, бездапаможнасці. А калі глядзеў перадачы пра з’езд у Маскве, са злосцю думаў: “Нават у зале не могуць навесці парадак. Што яны могуць у краіне зрабіць? Які парадак? А можа, знарок гэта паказваюць? Каб не толькі  я  так падумаў. Маўляў, во які ў нас бядлам. Хіба можна так жыць далей?”

Галава пухла ад скрушлівых думак, здагадак, меркаванняў. Думкі думкамі, а справу рабіць трэба На пачатку года яму ўдалося прабіцца да старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча. Той уважліва выслухаў. У вялікіх блакітна-шэрых вачах прэм'ера Акапян бачыў разуменне і спагаду, жаданне дапамагчы, падтрымаць дырэктара завода, які вельмі патрэбны краіне.

– Георгій Сяргеевіч, вы правільна ставіце пытанне. Па-дзяржаўнаму. Час не чакае. Але ў нашай вялікай краіне пануе зараз вэрхал. Бязладдзе. Ні расіянаў, ні украінцаў, ні тых жа казахаў, якія падводзяць, падагнаць не магу. Буду прасіць. А што ў нашых руках, гэта мы павінны зрабіць.

Выклікаў свайго намесніка, куратара прамысловасці, потым галіновага міністра.

– Ну вось што, мужыкі, – выслухаўшы ўсіх, важка сказаў прэм'ер. – Цяпер утрох закасвайце рукавы і за работу! Напрыканцы года завод павінен уступіць у строй. Даць прадукцыю.

– А як наконт таго… Ну, каб на траіх…сообразить? – ухмыльнуўся віцэ-прэм'ер.

– Калі справу вырашыце. Гэта ваш асабісты клопат. Але без мяне. Я з радасцю вып'ю шампанскага у дзень пуску завода.

Ад успамінаў адарваў тэлефон. У трубцы пачуўся бадзёры голас маладога партыйнага лідэра раёна Анатоля Раковіча.

– У нас у раёне госць з Магілёва. Шандабыла Мікалай Арцёмавіч. Ён тут па чарнобыльскіх справах. Па зоне шастае. Якія на вечар планы? Ёсць прапанова на Бесядзь адскочыць. Юшку зробім.  Пасядзім, пагамонім. Мікалай Арцёмавіч хоча з табой пабачыцца. Увечары ён збіраецца ад’язджаць.

– Ну, раз начальства хоча, хто ж будзе пярэчыць? Мая справа тэхнічная: выпіць ды закусіць, – хмыкнуў Георгій Акапян. – Што там у Маскве? Якія навіны?

– Ніякіх навін. Ельцын гарлапаніць. Гэкачэпісты сядзяць, як мышы пад венікам. Значыць, будзеш? Там пагамонім. Каля шасці заеду. Ну, пакуль.

Вечар быў цёплы, звонкі, з лёгкім туманком над Бесяддзю. Цішыня панавала навокал, адно патрэсквала сухое голле ў вогнішчы. Над ім дыміўся падвешаны казан. Каля вогнішча завіхаліся тры мужчыны: таўсматы, каржакаваты Даніла Баханькоў, дырэктар мясцовага саўгаса, малады, танклявы ляснічы Дзмітрый Акуліч і вёрткі, сухарлявы, нібы стручок гароху, егер лясніцтва. Ён тут быў у ролі памагатага, так бы мовіць, слуга двух паноў.

Неўзабаве ў цішы пачуўся гул матораў, святло фараў нібы абмацвала ствалы дрэў. Даніла Баханькоў порстка  рвануўся насустрач гасцям. Пачуліся галасы. Да кастра падышлі госці. Першым упэўнена тупаў Анатоль Раковіч, за ім важка, грузна  валюхаўся Мікола Шандабыла, ішоў і азіраўся вакол, бо даўно тут не быў. Даніла і Георгій Акапян замыкалі шэсце.

Мужчыны гучна гаварылі, знаёміліся. Новым быў толькі мясцовы ляснічы Акуліч, якога па вясне прызначылі ў Белую Гару. Гаспадары пастараліся: падстрэлілі дзвюх качак, утушылі іх з бульбаю, налавілі рыбы, згатавалі духмяную юшку. Непадалёк   пад елкамі  прытуліўся невялікі дамок. Тут, далей ад лішняга вока, часцяком адпачывала,  расслаблялася кіраўніцтва раёна.

Мікола Шандабыла адвёў убок Георгія Акапяна.

– Вы ведаеце, што я  прамысловасцю не займаюся. Але ваш куратар і сам старшыня папрасілі пацікавіцца, як у вас ідуць справы. Якія  праблемы?

Георгій коратка патлумачыў, якая сітуацыя на заводзе, пералічыў, якія пастаўкі сарваны ўжо ў гэтым месяцы, дадаў:

– Калі так будзе і далей, то завод сёлета не ўступіць у строй...

Абласны начальнік згодна хітаў галавою, падтакваў:

– Разумею. Усё далажу старшыні... Невядома, чым скончыцца гэтая заварушка ў Маскве..

І ля вогнішча таксама гаварылі пра ГКЧП. Спрачаліся, асабліва гарачыўся малады патыйны лідэр Анатоль Раковіч:

– Гарбачову каленкаю пад зад трэба было даць даўно. Займаецца балбатнёю. Развёў дэрмакратыю. Галоснасці яму, бачыце, мала. Трэба наводзіць парадак, а не  языком мянташыць. Дзе якая заварушка – там надзвычайнае становішча ўводзіць. А то планы не выконваюцца, усё трашчыць па швах. Вунь наш Георгій Сяргеевіч пасівеў дачасна. Бо зрываюцца ўсе пастаўкі. І ні ў кога галава не баліць.

– Чаму ні ў кога? У мяне проста раскалваецца ад клопатаў Хочацца воўкам выць ад бездапаможнасці, – уздыхнуў Акапян.

Размову рашуча перапыніў Даніла Баханькоў:

– Браточкі, юшка стыне. Пайшлі ў нашу хату. Як гаворыцца, чым багаты, тым і рады. Прашу!

У сціплай, непрыкметнай з выгляду хаціне быў масіўны стол з таўшчэзных, бялюткіх бярозавых дошак. На ім звабліва паблісквалі дзве серабрыстагаловыя  бутэлькі шампанскага, да іх, высокіх, ганарыстых, сарамліва хінуліся дзве паўлітэркі гарэлкі.

За сталом, пасля чаркі-другой размова пайшла весялейшая. Нават анекдоты ўспомнілі – гэта акурат як гарнір у застоллі. І першым пачаў Даніла:

– Слухайце народны жарт: Міхась, куды гэта ты сабраўся так позна? Ды з ліхтаром, – пытаецца сусед. – Да нявесты. – Не думаў я, што ты гэткі баязлівец. Я да сваёй нявесты  цёмнай ноччу хадзіў і без ліхтара. – Я так і падумаў, калі ўбачыў тваю жонку…

Усе зарагаталі, але даволі стрымана неяк нерашуча.

– Жарт у працяг тэмы, – выцер сурвэткай вусны Раковіч, перачакаў, пакуль усе сцішыліся: – Звяртраецца мужык у міліцыю: прапала жонка. – Дайце яе пісьмовае апісанне. – З адной умовай: калі яна знойдзецца, вы гэтае апісанне ёй не пакажаце.

На гэты раз  смяяліся дружней і гучней, але раскаванасць і шчырасць яшчэ не завалодалі каманіяй стомленых за працоўны дзень  мужчын, заклапочаных і ўстрывожаных нечаканымі і незразумелымі падзеямі ў сталіцы.

– Сябры, давайце вып’ем за поспех нашай справы! – падняўся Мікола Шандабыла. – Не ведаю, як там што вырашыцца з гэтым ГКЧП. Вважна. каб  у нас быў парадак. А на стале чарка і скварка. Не падайце духам. Усё перамелецца,  ператрэцца і зноў добра будзе. Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і ладу ў вашых сем’ях. За вас, мае дарагія землякі!

Усе дружна выпілі, затым гэтак жа дружна сёрбалі духмяную, трохі прыстылую юшку. Сёй-той смакаваў мяса качкі. Малады ляснічы даводзіў: калі нават і ёсць трохі нуклідаў, то пасля чаркі яны распадаюцца.

– Мікола Арцёмавіч, скажы папраўдзе, як у нас з радыяцыяй? – павярнуўся да госця з вобласці Даніла.

– Хапае праклятых нуклідаў. Але трохі ўзровень знізіўся. Распадаецца, размываецца радыяцыя. І ніхто дакладна не ведае, як прырода будзе з ёю змагацца. Таму што нідзе ў свеце нічога падобнага не было. Гэта за пяць гадоў так змянілася. А што будзе далей? Невядома. Я веру ў сілу прыроды. У яе здольнасць ачышчацца. Усё пералапачваць. Адзін дзед у Саковічах... Вёска адселеная. Там трыццаць два кюры. Ну, дзе болей, а дзе і меней. Там жывуць з дзесятак сем’яў. Дык вось, дзядок і кажа: “Мне восемдзесят два. Нікуды не адсяляўся. А мае аднагодкі, якія пераехалі, усе ўжо адсыпаліся. А я жыву. Хоць бы хны. Самагонку папіваю”.

– Старое дрэва не перасаджваюць, – гучна, аўтарытэтна прамовіў   ляснічы Акуліч.

– Правільна. Людзей адарвалі ад усяго роднага, быццам карані адсеклі, – горача падхапіў Даніла. – Хай сабе і на тэрыторыі раёна перасяленне. Але не там, дзе жыццё пражыта. Дзе ўсё роднае з малых гадоў... З адсяленнем наламалі дроў. Маўчалі, маўчалі, а тады давай крычаць: “Ратуйцеся!” І ўсіх адсяляць. Каго трэба, каго не трэба. І Хатынічы можна было не чапаць.

– Ну, як не чапаць? З малымі дзецьмі трэба адсяляць? Трэба! Раз нельга зямлю выкарыстоўваць, значыць, механізатараў, спецыялістаў – таксама трэба, – не пагадзіўся Анатоль Раковіч. – Пакінуць адных нямоглых пенсіянераў? Хто іх будзе даглядаць? Раз школа зачынена, крама зачынена, клубы, бібліятэкі... Якое жыццё без гэтага? Можа, дзе і пагарачыліся, – апраўдваў лінію партыі першы сакратар.

Яму і ў страшным сне не магло прысніцца, што сядзіць ён у партыйным крэсле апошнія дні.

– Мужыкі, давайце яшчэ па адной антабцы, –  падаў голас малады ляснічы. Ён асвойтаўся паміж начальнікаў, пасмялеў,  дый лічыў сябе адным з гаспадароў: ён і ягоны егер накрылі стол, згатавалі качак, зварылі юшку.

– А што такое антабка? – адважыўся паказаць сваю недасведчанасць абласны госць Шандабыла.

– От вып’ем, тады скажу, – заінтрыгаваў ляснічы. – У наш час не п’ець толькі сава:  удзень не бачыць, а ўначы крама зачынена.

Усе зарагаталі, дружна выпілі, захрумсталі свежымі гуркамі – мясам і рыбаю ўжо здаволіліся. Ляснічы расказаў сучасны жарт. Сабраліся жанчыны на сімпозіум – вырашалі праблему: колькі трэба займацца любоўю?  Англічанка кажа: адзін раз у тыдзень. Немка:  два разы ў тыдзень. Руская : тры  разы   "в неделю". А наша Ганулька. беларусачка: тры разы ў нядзелю – гэта добры. А ў будныя дні колькі? Магутны мужчынскі рогат узляцеў над вогнішчам і пакаціўся над прыціхлай Бесяддзю, рэхам адгукнуўся у прыбярэжным лесе.

– Ну, малайчына, Дзмітрый, – раскаціста смяяўся Шандабыла. – Дык, кажаш, наша Ганулька не падвяла? Моладзь цяпер зубастая. Палец у рот не кладзі. Смелая, раскаваная. Мы былі сарамлівыя.

– Век сэксуальнай рэвалюцыі, Кастрычніцкая скончылася. Навукова-тэхнічная таксама. Сэксуальная толькі пачыеацца,– задаволены вясёлым настроем сябрыны разважаў Раковіч.

– Гэта ў нас. А на захадзе ўжо ідзе даўно,– падаў голас маўклівы Акапян. – А ў СССР сэксу няма. На Каўказе мужчыны таму і жывуць доўга, што п'юць вінаграднае віно. Не лянуюца займаца любоўю. І не толькі ў нядзелю. А і ў будныя дні. Любяць танцаваць. Спяваць.

– Туман ярам, ярам даліною,

За туманам нічога не відна...– зацягнуў моцным густым барытонам ляснічы.

– Толькі відна дуба зелянога...– з імпэтам падхапіў Мікола Шандабыла. Коліші хатыніцкі гарманіст нібы чакаў імгнення, каб усёй душой аддацца спевам.

– Пад тым дубам крыніца стаяла,– дружна зацягнула ўсё застолле.

Спяваў і Георгій Акапян. Менавіта гэтую песню любіла ягоная жонка. А ён свядома, настойліва  развучваў беларускія песні, каб у кампаніі сваіх тутэйшых памагатых, дый  начальнікаў таксама, не выглядаць белаю варонай. Апошнім часам актыўна чытаў беларускамоўную прэсу, прачытаў амаль усяго Караткевіча. Акапян мог свабодна гаварыць па-беларуску, нават больш чыста, бліжэй да літаратурнай мовы, чымся да трасянкі, якою  карысталася амаль уся раённая эліта. І як толькі скончылася песня, ён першы запляскаў у ладкі:

– Ну, малайцы! Я некалі думаў, што хораша спяваюць толькі каўказскія мужчыны. Асабліва грузіны. Іхнія спевы вельмі зладжаныя, галасы гартанныя. Ну, нейки  дзіўны меладызм. Заслухацца! Дык аказваецца, і мы магём!

– Чаму ж не? Магём! Даўно не спяваў з такой радасцю. Гары яно гарам тое ГКЧП! – махнуў рукою Мікола Шандабыла.

“Ліха з ім, з недабудаваным заводам, падумаў Акапян, калі так хораша спяваецца пасля добрай чаркі і смачнай юшкі”.

– Я й не ведаў, што ты етак здорава спяваеш, – Даніла па-сяброўску абняў маладога ляснічага, з якім разам гатавалі юшку.

– Бабуліна школа. О, яна багата беларускіх песень ведае. Ну, і я амаль усе вывучыў, – і як бы ў доказ сваіх слоў, зацягнуў спачатку ціха, нерашуча, быццам узгадваў мелодыю:

Ехалі казакі

Са службы дадому,

Падманулі Галю, павязлі з сабою...

Мікалай Шандабыла ўстрапянуўся, зноў адчайна махнуў рукою, нібы дырыжор, але раптам неяк сцішыўся, заплюшчыў вочы, быццам нешта ўзгадваў з перажытага, падхапіў, але нягучна, задуменна:

– Ой, ты Галя, Галя маладая!

Падманулі Галю, павязлі з сабою...

Сонца схавалася за лесам. Неба на захадзе ўспыхвала дрыготка-ружоваю чырванню. Яна абяцала назаўтра ветраны дзень. Але пакуль што вакол панавала цішыня. І сцішылася прырода не дзеля таго, каб лепей учуць спевы сваіх падвяселеных сыноў. Усё ў прыродзе чакала дажджу, бо з усходу напаўзала вялізная цёмна-шызая хмара. І дождж неўзабаве лінуў, як з вядра, неба акурат прарвала. Вясёлае застолле гэта пачула, калі грымнуў гром.

– На небе сваё ГКЧП. І там грукочуць танкі, – хмыкнуў Даніла.

Гэтыя словы, быццам халодны душ, ацверазілі застолле. Што там робіцца ў Маскве? Чым скончыцца гэтая заваруха? Пра гэта падумаў кожны з іх. І амаль усе яны жадалі перамогі  гэкачэпістам. Адно малады ляснічы думаў іначай: хай пераможа Ельцын, а значыць, верх возьме дэмакратыя. Усе рэспублікі стануць самастойнымі, і Беларусь – таксама. І родная мова стане дзяржаўнай папраўдзе, і родная песня развіне шырока крылы. Вядома, пра свае думкі Дзмітрый Акуліч не сказаў, уголас ён прамовіў:

– Ну што, яшчэ па адной антабцы? – ні то спытаўся, ні то прапанаваў, абвёў вясёлымі вачыма застолле, пачухаў кончык тонкага носа.

– Якія будуць прапановы?

– Дык, слухай, што ўсё-ткі азначае антабка? Урэшце, час ужо і адкрыцца. Мне трэба ехаць, – уздыхнуў Шандабыла.

– Ат, Арцёмавіч, не спяшайся. Да  раніцы яшчэ далёка. Перастане дождж – лепей будзе ехаць. Вадзіцель накормлены, адпачывае, – супакоіў земляка Даніла.

Акапяну было дзіўна, што дырэктар саўгаса называе на “ты” высокага абласнога начальніка, да таго ж старэйшага па гадах. Шандабыла нібы здагадаўся пра Акапянавы  думкі, павярнуўся да яго, сказаў:

– Ну, няхай перашчукне дождж. Мая матка, Хадора, любіла казаць: “Дождж ушчук. А дзіця пачне румзаць, то на яго цыкне: ушчукні!”

– А твой бацька, Арцём Іванавіч, часцяком гаварыў: значыцца, брат, соль табе ў вочы, памяло ў зубы, – рагатнуў Даніла.

– Так, бацька быў гумарыст... Ну, дык што такое антабка? Прызнавайся, Дзмітрый.

– Для мяне чарка – антабка. Лыжка – антабка. Пляшка – таксама. А папраўдзе антабка, – ляснічы зрабіў паўзу, яшчэ болей усіх заінтрыгаваў. – Антабка – гэта металічная дужка, за якую мацуецца рэмень стрэльбы ці аўтамата. Гучыць добра – антабка...

– Ну што ж, тады аглаблёвую антабку, – Мікалай Шандабыла ўзняў чарку, сам  падняўся цяжкавата, мабыць, ягонае чэрава што распірала блакітна-паласатую тэніску, яшчэ пацяжэла. – Дзякую за гасціннасць. Жадаю вам, дарагія землякі... І вам жадаю, Георгій Сяргеевіч, – крутнуў галаву ў бок Акапяна, – здзейсніць свае планы. Насуперак усялякім цяжкасцям і рознаму ліху. А нашаму маладому сябру-ляснічаму жадаю, каб на стале заўсёды быў хлеб, ну і антабка. А зрэдку –  і  юшка. Яшчэ раз шчыра  дзякую.

Затым уся кампанія праводзіла да машыны абласнога начальніка. Мікалай Арцёмавіч быў на добрым падпітку. Раковіч трымаў яго пад руку.  Апошнім сунуўся Акапян. Яго хістала ўбакі, думкі блыталіся ў галаве. “Перабраў я, эх, перабраў”, – мільганула роспачная думка. Ён зачапіўся за нейкі корч і ледзьве не ўпаў. Зноў хістанула ўбок, ён ухапіўся за дрэва, натыкнуўся на кароткі востры сук, які балюча кальнуў у грудзіну. “О, ліха, гэтак і скалечыцца нядоўга... Нуй,  дурань, набраўся, як жаба гразі. Вось табе і антабка”, – дакараў сябе Акапян. Далей ісці не мог, ногі падгіналіся, яму зрабілася млосна, гарачая хваля сціснула горла і раптам яго пачало ванітаваць... І ён страціў прытомнасць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю