Текст книги "Палыновы вецер"
Автор книги: Леанід Левановіч
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 19 страниц)
Дзябёлая прадаўчыца, растапырыўшы рукі, стрымлівала прагных пакупнікоў – гэтак страымліваюць, адганяюць гурт авечак, не хапала толькі грозных воклічаў: “Шкыра! Куды лезеце? Пайшлі назад!” Кабета ў сінім фірмовым халаціку запускала ў аддзел па пяць чалавек. Калі адзін пакупнік выходзіў, то зайсці прасіліся двое. Іншы раз кабета праяўляла акт міласэрнасці і прапускала дваіх. “Грыша. Хадзі прымерай,”– клікала сына жанчына ў акулярах. “Грыша коўдру прымервае”, – рагатнуў нехта. Усе вакол засмяяліся. Нарэшце і я з касцюмам нырнуў у кабіну для прымеркі. Цёмна-шэры гэдээраўскі гарнітур сядзеў на мне даволі шчыгульна. Хацеў параіцца з Евай. Каб яна зірнула прыдзірлівым жаночым вокам, але народ нецярпліва падганяў, літаральна дыхаў у патыліцу. Прачытаў яшчэ раз цэтлік, міжвлі падумаў: больш якасныя тавары з ФРГ запаланілі ўсю Нямеччыну, таму гэдээраўскія спіхнулі бедалагам пераможцам. Можна доўга апісваць, як стаяў у чарзе ў касу, з малаткастым і сярпастым пашпартам, каб даказаць, што я не які небудзь навалока ці набрыдзь, а тутэйшы, мінчук. Дабалбаталіся!
А ў Маскве ідзе з'езд народных дэпутатаў. У першы дзень моцна ўрэзала Гарбачову сімпатычная чачэнка Сажы Умалатава: “Вы должны уйти ради мира и спокойствія…” Сур'ёзна сказана! І дэпутаты – 426 прагаласавалі за ўключэнне пытання аб недаверы прэзідэнту, але большасць – 1200 выказалася супраць. Пакуль што Горбі застаўся. Ды ці надоўга?
31 снежня 1990. Панядзелак. Апошні дзень года белага Каня. Цяжкі быў год. Ажыятажны попыт, бясконцыя чэргі, няпэўнасць у заўтрашнім дні, расчараванасць у сацыялізме, у марксізме-ленінізме. Нядаўна нават у Сафіі вырашылі дэманціраваць помнік Леніну, які стаяў на плошчы яго імя. Мусіць, неўзабаве пачнём гэта рабіць і мы.
Што Новы год рыхтуе? Якія сюрпрызы і падарункі? Добрага, відаць, нічога. А вось вайна на Бліжнім Усходзе можа разгарэцца. Саддам Хусейн цвёрда стаіць на сваім: Кувейт не аддамо. Канфілкт вельмі сур’ёзны. Затое астролагі супакойваюць: год Казы – пад знакам жанчыны абяцае быць спакойнейшы, дабрэйшы, здаравейшы. Так хочацца гэтаму верыць!
Прыемная навіна: уступіла ў строй другая лінія Мінскага метро – шэсць станцый. Хоць адна добрая навіна.
І яшчэ штрых. Учора ў гандлёвым цэнтры купіў пляшку каньяку. Ды не абы-якога, называецца “Лучезарный”, кошт 38 рублёў. На этыкетцы – 26 р. Новая цана – камерцыйная. Чаргі не было, скрынак шмат, думаў, пітво будзе стаяць доўга. Дудкі! Сёння не было ўжо ніводнай бутэлькі. А давалі ж па талонах. Значыць, ёсць у людзей талоны і грошай не шкадуюць. Разумеюць: рублі худзеюць з кожным днём”.
Першыя навагодния запісы нічым асаблівым не ўразілі Пятра, гартаў свой кандуіт далей. І вось кінулася ў вочы дата, абведзеная чорным.
17 студзеня. Чацвер, 1991. Вайна пачалася. Сёння ў тры гадзіны па багдадскім часе амерыканцы бамбілі Ірак і Кувейт. Масква развязала ім рукі: не трэ было галасаваць “за” ў Савеце Бяспекі, больш разумна было б устрымацца разам з Кітаем. Прадалі Гарбачоў і Шэварднадзе ўсё. А ў нас жа дагавор з Іракам. Здрадніцкая палітыка. Перадалі па радыё, што рэзідэнцыя Хусейна разбурана ўшчэнт. Турцыя гатова выступіць супраць Ірака. “Бура ў пустыні” – назвалі янкі аперацыю. А ці не пачнецца “бура” ва ўсім свеце?
У 12.30 перадалі нарэшце заяву Гарбачова. Дыктар сказала: “Заявление записано сегодня утром”. Дык чаму ж раней не перадалі? “Горбі” заявіў, што мы зрабілі ўсё “мыслимое и немыслимое, чтобы предотвратить столкновение…” І пайшла музыка. Зноў канцэрты, фестывалі.
19 студзеня. Субота. Вадохрышча. Вялікае свята. Трэцяя куцця, заканчэнне Калядаў. А вайна разгараецца. Па тэлебачанні з Масквы выступаў бразільскі кангрэсмен, заявіў, што пазіцыя СССР у гэтым канфлікце “вызывает сомнения”. Мы ўсё болей страчваем павагу краін і народаў.
А я яшчэ хварэю. Таблеткі ўжо не п’ю, адно чай на зёлках – гарбату. Калі п’еш крамны, то гэта – чай, а калі сам зёлкі сабраў, высушыў, – гарбата, бо давялося пагарбаціцца.
20 ст удзеня. Нядзеля. Перадаліі па радыё а 15-й гадзіне, што Ірак збіў 142 самалёты. Фантастыка! А мо брахня? Учора гаварылі пра 101. Значыць, савецкая тэхніка не падводзіць. Багдад заявіў, што амерыканцы – манюкі, не гавораць праўды. У першы дзень яны крычалі: у Іраку ўсё знішчана—ракеты, самалёты, разбураны палац Хусеейна і сам ён, відаць, забіты. Аказваецц, усё гэта далёка ад праўды.
Ясір Арафат выступіў з пасланнем аб міры. Антываенныя дэмантрацыі ў ЗША, Германіі, Судане, Іярданіі – у падтрымку Хусейна. Няўжо разгарыцца трэцяя сусветная? Ленін меў рацыю: імперыялізм не можа без вайны.
З дапамогай Евы хваробу перамог. Акрыяў целам і духам. Жонцы нават спадабалася, што я хварэю: усе вечары дома, і дні– таксама. Увечары яна рабіла мне масаж і натхняла мяне… на масаж у адказ. Пераканаўся, што найлепшая гімнастыка, самая карысная працэдура – гэта каханне. Пацалункі. Як хораша спіцца пасля любові!
23 студзеня. Серада. Імяніны Рыгора. Народная прыкмета: калі на дрэвах шэрань – год будзе мокры. Пажывём-пабачым.
Учора ў праграме “Время” аб’явілі: з нуля гадзін не прымаюцца 50-рублёвыя і 100-рублёвыя купюры. Яны будуць абменьвацца па месцы работы на працягу трох дзён і не больш, як тысяча рублёў. Можа, і патрэбная такая мера, бо ў некаторых гэтых купюраў цэлыя мяхі. Паводле слоў новага прэм’ера Паўлава каля 7 мільярдаў нашых грошай за мяжою, і, вядома ж, не рублёвымі купюрамі.
Паехалі з Евай у гастраном “Сталічны”, што на плошчы Якуба Коласа і працуе да 23 гадзін. У кожную касу – чарга, шум, гвалт. Людзі хапаюць абы што, каб памяняць паболей буйных купюр. Мы нічога не купілі, вярнуліся дамоў з пустымі рукамі і з тымі самымі купюрамі. Зрэшты, такой бяды – абмяняем на працы. Колькі ў нас тых грошай! Слёзы...
Дэталь. На заправачнай станцыі да поўначы стаялі машыны, чаго зімою не бывае ніколі. Не думаю, што мянялі там буйныя купюры, назапашвалі паліва, бо сёння паедуць хто куды. Хто будзе развозіць грошы па знаёмых у горадзе, хто павязе ў вёску бацькам. А памяняць, аказваецца, можна толькі ў памеры сярэдняй зарплаты, пенсіянерам – 200 рублёў, у бальніцы, у доме адпачынку – 500.
На студыі ў нас усё было прыстойна. Здаў і я сваю тысячу. Толькі адзін супрацоўнік здаў дзве, мусіў пісаць тлцмачэнне. Адкуль іх мае? Не паспеў пакласці на ашчадную кніжку. Дарэчы, у ашчадных касах, на пошце – даўжэзныя чэргі, звіваюцца, бы вужакі.
Сёння абяцалі паказаць на тэлебачанні новыя купюры, але чамусьці не паказалі. У Вярхоўным Савеце міністр фінансаў блытана тлумачыў сітуцыю, заікаўся, называў купюры “асінгацыя”. Некалькі разоў гэтак сказаў, пакуль пачуліся галасы: трэба казаць “асігнацыя”! Вось табе і міністр.Мо расхваляваўся, бедалага.
! 1 сакавіка. Пятніца. Зноў вясна! 1991-я ад нараджэння Хрыста, 74-я кастрычніцкая, 46-я пасля Перамогі, 30-я касмічная. Пятая чарнобыльская. Усе гэтыя вёсны па-свойму адметныя. Апошняя, чарнобыльская – самая балючая і жахлівая, як самая свежая рана…
Новая вясна прыносіць новыя надзеі. Добра, што скончылася вайна ў Пярсідскай затоцы. Хусейна моцна пабілі, але араба-ізраільскі канфлікт не вычарпаны і не вырашаны. У нас пасля рэферэндума, які адбудзецца 17-га сакавіка павысяцца цэны на харчовыя прадукты. Дый на іншыя тавары. Можа, чэргі будуць меншыя?
Мінулыя два гады – мабыць, самыя балбатлівыя ў нашай краіне: усе засядалі, мітынгавалі, крычалі ўдзень. Ноччу глядзелі тэлевізар. А калі працаваць?Яшчэ ж трэба чаргу выстаяць. А чэргі ўсюды:па хлеб, па гарэлку, і каб шмоткі набыць, тксама пастаяць трэба. Як хочацца, каб хутчэй безгалоўе скончылася! Але хутка, відаць, нічога не атрымаецца. Гады тры-чатыры, а мо і болей спатрэбяцца для стабілізацыі”.
Зноў азваўся тэлефон. Пятро адсунуў убок свой “кандуіт”, зняў слухаўку, пачуў голас намесніка Яўгена.
– Ну, дакладваю. Развод адбыўся. Партыі як і не было. Гэтулькі гадоў служылі ёй. Баяліся гневу парторга, райкама, ЦК. Памятаеш, як цябе скубли за Каляды? Ну, за перадачу Брэсцкай студыі даймалі? А цяпер Каляды – дзяржаўнае свята. Каляды ёсць, а партыі няма... Хіба не дзівосы?
– А як сход прайшоў?
– Фактычна сходу не было. Сабраліся некалькі чалавек. Перакінуліся словам. Пазубаскалілі, дый разышліся... Во, пішу самы кароткі пратакол. Проста для сябе. Яго і аддаваць няма каму. Райкамы апячатваюцца. ЦК – таксама. О, мы, славяне, разбураць і руйнаваць вялікія майстры і аматары. А потым на гэтым месцы пачынаем будаваць нанава. Таму і жывём бедна... Што ты зараз робіш? Можа б, піўка глынулі? А то неяк мутарна на душы. Прыязджай на студыю. Тады куды-небудзь зойдзем...
– Я не супраць, але дачка прывязала. Паехала з сяброўкамі ў Батанічны сад. Без ключоў. Прыедзе невядома калі. Можа, і неўзабаве заявіцца. Прыязджай да мяне. Пасядзім, пагамонім. Памянём маналітную і згуртаваную. Хто мог падумаць пра такі фінал? Сапраўды, як тут не выпіць? Чакаю.
– Лады. Праз гадзінку буду. Ты не клапаціся асабліва. Я прыхаплю з сабою пляшку. І каўбасы кавалак. Усё будзе хакей...
Пятро зазірнуў у халадзільнік, вывудзіў адтуль пару агуркоў, памідораў, мелася там і пачатая пляшка гарэлкі.
– Ну што ж, паспрабуем жыць без партыі. Без райкама і ЦК, – сам сабе прамовіў Пятро. – Жыццё не спыняецца. Жылі нашы продкі без камуністычнай ідэалогіі. Пражывём і мы.
V
Дагарала спякотнае лета. Дні рабіліся карацейшыя, сонца хадзіла ўсё ніжэй, быццам траціла сілу, таму і не грэла так моцна, як у Пятроўку. Затое ночы даўжэлі, наліваліся цемраю, якая ўсё гусцела. На парудзелую ўсохлую траву выпадала густая ядраная раса. Пётр Еўдакімавіч Мамута даўно пераканаўся, што ў жніўні самыя густыя росы і самыя яркія зоркі. Праўда, учарашнім вечарам зоркі мігцелі слаба, бо іх зацьміла поўня. Вялізны месяц выкаціўся з-за лесу, як толькі ацяжэлае чырвонае сонца апусцілася за макаўку кашлатай старой сасны ў Бярозавым балоце.
Гэтую сасну Пётр Еўдакімавіч помніць з даваеннага часу, калі маладым хлопцам прыехаў пасля педвучылішча на працу ў Хатынічы. І вось праляцела ўжо больш, як паўсотні гадоў. Тут ён звіў сваё сямейнае гняздо, знайшоў жонку Тацяну, выгадаваў з ёю чацвярых дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Пражыў з Тацянаю сорак сем гадоў. І вось ужо болей года мінула, як няма яе.
Застаўся Мамута ўдаўцом. Адзін у вялікай пустой хаце, адзін на ўсім завулку, што цягнуўся паўз Канчанскі ручай. У вялікай вёсцы Хатынічы засталося з дзесятак упартых бедалагаў, старых, ссівелых, быццам на іхніх скронях выступіла ад працы соль. Мабыць, ёсць у гэтай сівізне і нябачныя радыенукліды. Уцёк мірны атам з Чарнобыля, вырваўся, нібы страшны казачны джын або злачынца, пасаджаны за краты, і смертаносным крылом ахінуў ці не трэцюю частку Беларусі. Нябачны страшны вораг агаліў Хатынічы. Спаленая напалову ў вайну вёска адрадзілася, у апошнія гады нават пачала маладзець: хлопцы пасля арміі заставаліся шафёрамі, механізатарамі, будавалі звонкія пяцісценкі, бо не адпускала ад сябе рака дзяцінства Бесядзь. Рака далёкіх і блізкіх прашчураў.
Настаўнік Мамута касіў бульбоўнік. Некаторыя сцябліны яго ўжо ўчарнелі: прыхапіла фітафтора, затое зялёнымі кучомкамі з серабрыстымі крупінкамі насення высілася лебяда. От жа паскуднае пустазелле, думаў Мамута, двойчы палоў з Юзяю бульбу пасля таго, як абагнаў плугам, і ўсё роўна адскочыла лебяда, там-сям выторкваліся карычневатыя таўкачыкі пырніку, а між барознаў рассцілалася макрыца. Ну, гэтая хоць і цягне сокі зямлі, але і вільгаць трымае. А як любяць макрыцу свінні! Вучоныя людзі пішуць, што яна валодае лекавымі здольнасцямі. Ці не таму вясковае сала гэткае смачнае, не параўнаць з крамны, якое расло на ферме на камбінаваным харчы. Без лебяды і макрыцы.
І хоць раса ўжо выпала густая, каса рэзала слаба, бо затупілася, мянташыць яе даводзілася ўсё часцей. Дый стома ўжо адчувалася, узмакрэла спіна пад палінялай клятчастай кашуляй. Пётр Еўдакімавіч зноў узяўся за мянташку, слухаў, як звон касы залівіста рассыпаўся па бярэзніку, які атуляў Канчанскі ручай. Касіць ён пачаў па абедзе, з паўгадзінкі падрамаў, бо ўставаў рана, і калі днём не прыляжа, то пад вечар ногі зусім адмаўляюцца насіць старэчае цела, а трэба ж яшчэ нешта рабіць: ці дровы сячы, ці касіць. А тут ужо і пчол карміць трэба: заўтра 25 жніўня, самы час пачынаць...
Мамута акінуў паглядам скошаную дзялку – амаль палову ўчастка выкасіў. Заўтра ўранні паклепле касу і даб’е ўвесь бульбоўнік. Раса цяпер трымаецца позна, бо ўранні зямлю ахутвае сівою коўдраю густы туман. Ён ужо наважыўся ісці дамоў, як убачыў Юзю. У жоўтай кофце, чырвонай спадніцы яна ішла з вядром да студні. “Позняя мая кветка, – мільганула думка. – А чаму позняя? – запярэчыў сабе. – Мы пазнаёміліся так даўно. Неўзабаве сорак гадоў нашаму грэшнаму каханню...”
– Пятрок! Можа, хопіць на сёння? Хадзі вячэраць, – гукнула Юзя. – Заўтра будзе дзень. Тады і дакосіш.
– Добра. Іду. Спаласнуся толькі.
Ён павесіў касу пад страхою лазні і патупаў па сцежцы між бярэзніку да ручая. А думкі паляцелі ў мінулае, у далёкі пасляваенны час.
Тады ён, дырэктар пачатковай школы, бацька чацвярых дзяцей, прыехаў на вучобу ў Мінск. О, як не хацела яго адпускаць Тацяна! Але ён шмат разоў ёй казаў: “Трэба скончыць універсітэт. А то прыедзе хлапчук з дыпломам...” Паступіў ва універсітэт, уладкаваўся на кватэру. І нечакана ў яго закахалася дачка гаспадыні, Юзя. Муж ейны загінуў на фронце, засталася Юзя ўдавою з малой дачушкай. Увечары, калі гаспадыні дома не было – яна працавала на швейнай фабрыцы ў другую змену, а Юзя ў першую, – Юзя хуценька ўкладвала малую, заходзіла ў пакойчык кватаранта: “Пеця, што ты ўсё марнееш над кніжкамі? Я сёння палучку атрымала. Купіла віна. Давай павячэраем...” Вячэралі, пілі віно. Кранулі яго Юзіны словы: “Не тое, што нажыцца. Нават наглядзецца на мужа не паспела. Пайшоў на вайну, як Мінск вызвалілі, і не вярнуўся... Загінуў у Нямеччыне”. А праз дзень Юзя казала: “Сёння ў кінатэатры фільм новы паказваюць. Узяла два білеты. Давай сходзім. Не пайду ж я адна гэткаю цемраю”. – “У мяне заўтра семінарскія заняткі. Могуць выклікаць. Буду стаяць, як пень”, – бараніўся Пятро. “Ай, Пеця, дарагі ты мой. Колькі ў цябе яшчэ будзе семінарскіх заняткаў!” І ён ішоў у кіно. А потым была прэм’ера ў Купалаўскім тэатры, у якім ён ніколі не быў раней. А пасля кіно, тэатра Юзя клікала яго ў свой пакой, пяшчотна абдымала. Скончылася тым, што аднойчы яна прызналася: “Пеця, дарагі мой, зацяжарыла я...” А тут прыйшоў ліст ад жонкі: захварэў Юрка, самы малодшы, пяцігадовы сын.
Кінуў Мамута вучобу, Мінск, пяшчотна-ласкавую Юзю і вярнуўся дамоў. Потым вучыўся завочна ў Магілёве. З Юзяй убачыўся, калі ягоны сын, малы Петрык, хадзіў у першы клас. У Мінску Мамута бываў толькі па службовых справах, а такая нагода выпадала рэдка Праўда, калі выйшаў на пенсію, а ў Мінску асела пасля замужжа дачка, пачаў ездзіць часцей . Тацяне.гэта не падабалася. Успыхвалі спрэчкі, з гадамі ў яе псаваўся характар. Пятрок і не ведаў, што некалі ёй трапіла Юзіна пісьмо. Тацяна балюча перажывала мужаву здраду, але выгляду не падавала, а той ліст схавала... Аднаго разу яны пасварыліся з-за нейкай драбязы, Тацяна абазвала яго кабялём і папікнула мінскай “блядзішчай”.
Апошнія гады Тацяну мучыла гіпертанія, усё часцей балела сэрца. І пачала яна хварэць яшчэ да Чарнобыля. А пасля таго, як Хатынічы засыпала радыенуклідамі і вяскоўцам дазволілі адсяляцца – за старыя пабудовы плацілі грошы, першымі пачалі выязджаць сем’і з малымі дзецьмі, а потым, як нітка за іголкай, за імі пацягнуліся і старыя. Думалі, ламалі галовы і Пятро з Тацянай: ехаць ці не ехаць. Дзеці клікалі і ў Мінск, і ў Магілёў. Перасяленне ў Мінск Тацяна адвяргала, бо там жыла Яна. На Магілёў была згодна, але дачка мела невялікую кватэру, дый горад, прапахлы хіміяй, пасля водару прыбяседскага лесу, іхняга бярэзніку, чыстай крынічнай вады нельга было назваць раем.
Старому Мамуту цяжка было кідаць сваю хату, перавозіць на новае месца пчол. Шкада было пакідаць і лазню, якую сам збудаваў, і любімы бярэзнік над ручаём. Ехаць у суседнюю Белую Гару, куды перасялілася большасць хатыньчан і пацягнулі з сабою ўсю радыяцыю, нават хлеўчукі перавезлі, Пятро лічыў непатрэбным. Тацяна таксама не рвалася пакідаць родную вёску, бо менавіта для яе Хатынічы былі радзімай ейных бацькоў і дзядоў. Дый здароўе Тацяны пагаршалася з кожным днём.
Неяк пасля чарговага сардэчнага прыступу Тацяна ціха сказала:
– Ну што, Петрачок мой любы... Чую, нядоўга мне хадзіць па етай зямлі. Аджыла сваё, адкрасавала. Зла на цябе не трымаю. Жылі мы дружна, ладна. Плакала я цішком, як пісьмо етай мінскай Юзі прачытала. А тады, бачу, дзяцей ты любіш, як і раней. І мяне не абіжаеш. Патроху супакоілася... Калі памру, мой табе савет: едзь у Мінск, да яе. Пэўна ж, яна маладзейшая.
Пятрок спрабаваў запярэчыць, але Тацяна не дала яму гаварыць:
– Ты пачакай, дай мне сказаць... Будзеш у Мінску, дык дзецям не давядзецца сюды шастаць у радыяцыю. Яны і так яе наеліся. Штолета да нас прыязджаюць... А пчол, можа, там, пад Мінскам, будзеш трымаць. Пчолы – дзела нажыўное. Абы сам быў, дык і яны будуць.
Тацяна з цяжкасцю варочала языком, задыхалася. Пётр Еўдакімавіч стаў перад ёй на калені, не з адчування сваёй віны, хоць і такое пачуццё было ў глыбіні душы. Ягоная душа была поўная любові, шкадавання і спагады да любімай жонкі, маці ягоных дзяцей.
– Па любові мы з табой сышліся. Дзяцей пагадавалі. Унукаў у нас багата. Я на цябе не крыўдую. І ты мне даруй, што апошнім часам... Ну, зрывалася я іншы раз, псавала табе нервы. Даруй, мой любы. Ты ў мяне быў адзіным мужчынам... – Тацяніны вочы былі поўныя слёз, голас дрыжэў, зрываўся, яна цяжка дыхала. – Дай, можа, валакардзіну...
Пятрок накапаў у шклянку зелля, Тацяна выпіла, сцішылася. Ён абняў яе, асцярожна пацалаваў. З ягоных вачэй пасыпаліся гарачыя слёзы.
А праз колькі дзён Тацяна пайшла з жыцця.
Больш як паўгода ён пражыў адзін. А на прадвесні прыехала Юзя, каб пераканаць яго, што трэба кідаць вёску, уцякаць з чарнобыльскай зоны.
– Пятро, даражэнькі, паедзем. Наш сын мае вялікую, трохпакаёвую кватэру. Дае нам асобны пакой. А як мы прапішамся, табе як чарнобыльцу могуць даць аднапакаёўку. Сын так сказаў. Ён падпалкоўнік ужо. Мо і палкоўнікам скора стане. Будзем жыць прыпяваючы...
Мамута асабліва не пярэчыў, але прыводзіў свае меркаванні:
– Ты ўсё правільна кажаш. Але не гатовы я. Помнік Тацяне трэба паставіць. Угодкі справіць. Пчолы на днях абляталіся. А там куды іх дзенем? Можа, да восені тут пажывём? Пабачыш, як у нас летам. Бульба расце чыстая. Мёд – таксама чысты. Ну, грыбы, ягады нельга… А кіламетраў сем-восем прайсці, дым можна збіраць. Можа, занадта напалохалі радыяцыяй. Вунь у Саковічах трыццаць кюры з гакам. Удвая болей, чым у нас. А й там людзі жывуць. Прыязджаў адзін дзядок мёду купіць. І ведаеш, што ён сказаў? Усе яго аднагодкі, каторыя пераехалі, адсыпаліся. А ён жыве. Урэзаліся словы яго: старое дрэва не перасаджваюць.
Юзя моўчкі слухала, але праз дзень-два зноў пачынала гаворку пра пераезд:
– Паедзем, Пятро. І жонка табе раіла ўцякаць адсюль. Мудрая была жанчына. Ну, чаго ты ўпёрся? Пчол на сынавай дачы паставім. Прышле сын грузавік. Забяром усіх і перавязём.
– Да восені буду тут. А там – пабачым. А ты як хочаш. Чарнобыль – гэта надоўга. Паспеем ад яго ўцячы. Між іншым, Тццяна захварэла да аварыі. Ну, да радыяцыі. А я цяпер добра сябе пачуваю. Я ж яшчэ не зломак? – гарэзліва пазіраў Мамута на Юзю.
– Ды не, мой дарагі. Ты яшчэ мужык – надзіва. Мусіць, пчолкі табе спрыяюць. Сілу даюць, – пяшчотна прыхіналася да яго Юзя, якая была прагная да любові, як і ў тыя пасляваенныя гады, калі пазнаёміліся. – Ты мой самы дарагі і самы салодкі, – шчыра прызнавалася яна. – У мяне былі два законныя мужыкі. З першым пражыла два месяцы. З другім – дваццаць гадоў. Ён разжэня. Першую сям’ю кінуў. Дзве дачкі былі. Спярша мы няблага жылі. А як пачаў выпіваць, то і кончылася наша любоў. А з табою я тут, як у раі. Не бачу я тых радыенуклідаў. Не адчуваю іх. І галава не баліць. І ў роце не сушыць. І спіцца пасля тваіх абдымкаў, як ніколі раней. А яшчэ ведаеш? Ну, маладым здаецца – усё яшчэ наперадзе. Цэлае жыццё. Нацешымся. А цяпер усё іначай успрымаецца. Невядома, што чакае заўтра.
– Цяпер – кожны раз, як апошні раз, – зарагатаў Мамута, абняў, пацалаваў Юзю.
Пасадзілі агарод. Збудаваў Пётр Еўдакімавіч новы парнічок, большы, чым ранейшы: Юзя сказала, што вельмі любіць вырошчваць памідоры. Марына Сахута дала расады. І выраслі памідоры на славу. Радавалася Юзя, нібы дзіця. Усё радзей усчынала яна гутарку пра пераезд. Дужа спадабалася ёй Бесядзь, лес, адно бедавала, што нельга збіраць грыбы і ягады.
Неяк выбраліся яны ў лес. Ішлі паўз Бесядзь, ледзьве не да самых Бялынкавіч: у раёнцы пісалі, што там чыстая зона. Назбіралі па кашы грыбоў: баравікоў, лісічак, маслякоў. Грыбоў нарасло багата, хоць касу закладай, выбіралі толькі самыя маладыя. Калі вярталіся, на Бабінай гары селі адпачыць. Хатынічы адсюль, як на далоні. Яшчэ амаль усе хаты стаялі, толькі новыя пяцісценкі гаспадары забралі, некаторыя прадалі. Затое дрэвы раскашавалі: густыя вербы, высокія купчастыя клёны і ліпы. Пётр Еўдакімавіч апавядаў, якія былі Хатынічы пасля вайны, як будаваліся людзі, выбіраліся з сырых і цёмных зямлянак. Пятро таксама збудаваў новую хату, бо старая, цешчына, ужо ўрастала ў зямлю.
Юзя слухала, пад сонцам разамлела, зняла гумовікі. І Пятро разуўся, зняў кашулю.
– А можа, давай пакупаемся? Хоць Ілля ўжо ў ваду памачыўся. Але ж надвор’е цёплае. Вада чыстая.
– Дык я ж без купальніка, – спахапілася Юзя. – Не думала пра купанне. А тут і мне захацелася...
– Мілачка мая, навошта ж тут купальнік? Мы ж з табой, як Адам і Ева. Вось у іхніх касцюмах і будзем плаваць. Ніхто нас не падгледзіць. Ніхто не перашкодзіць. Хіба толькі сонца, ды буслы. Вунь ходзяць па лузе. Смела распранайся, – Пётр Еўдакімавіч адышоўся да густога бярэзніку, каб Юзя не саромелася.
Між бярэзніку цвіў верас, гулі чмялі, пчолы. У паветры разліваўся п’янкі водар мядовай квецені.
– Хадзі сюды, Юзя! – паклікаў ён. – Тут вельмі добра...
Юзя наблізілася да яго, на хаду расшпільваючы кофту.
– Ох, як верас пахне! Цуд! Глядзі, і пчолкі гудуць. Ці могуць нашы даляцець сюды?
– Могуць. Напрасткі тут якія дзве вярсты. Яны ж нюхам чуюць, што тут меней радыенуклідаў. А я хачу цябе цалаваць...
Яны цалаваліся. Голыя целы адбіваліся ў люстраной гладзі ракі. Вада была ўжо цемнаватая, бо сонца не падымалася гэтак высока, як на пачатку лета. І закаханыя ўжо даўно немаладыя, але ім хацелася жыць і радавацца насуперак усялякаму ліху, а найперш – Чарнобылю. Юзя прывезла з сабою кнігу пра каханне. Мамута недзе чытаў пра “Кама-Сутру”, але ніколі не бачыў. А калі пагартаў, пачытаў, зразумеў, што жыццё пражыў, дзяцей нарабіў, а займацца каханнем не навучыўся. Часам ён думаў, што яны з Тацянаю былі вельмі цнатлівыя. Мала цалавалаіся, любўю займаліся, каб нараджаць дзяцей, а не дзеля асалоды. Для гэтага ў іх не было часу, дый умельства, нават гаварыць пра каханне саромеліся. А з Юзяй усё было інакш.
– А ведаеш прыпеўку? – гарэзліва зірнула на яго Юзя. – Тады слухай:
Міламу надоечы я давала стоячы. Ці ж для дробязі такой на зямлі ляжаць сырой?
– Не згодзен. Каханне – гэта не дробязь
Тым часам Юзя зняла кофту. Здымаць станік не спяшалася. Мамута расшпіліў ззаду гаплічкі, павесіў станік сабе на шыю, усміхнуўся:
– Найлепшае ў свеце ярмо.
Ён пяшчотна пацалваў Юзіны грудзі. Затым апусціўся на калені. Бясшумна ўпала на пясок спадніца. Тады ён пацалваў ніжэй пупка Юзін жывот. Яна таксама апусцілася на калені. на локці.
– Ну што. мая міла я, праверым спосаб нашых продкаў. Не ляжаць жа на зямлі сырой. Лепей чатыры кропкі апоры.
І Ён увайшоў у Яе. І толькі пяшотна-ласкавае сонца бачыла гэта.
Затым яны купаліся. Але нядоўга. бо вада была ўжо халодная, дужа бадзёрая. Юзя адно акунулася і сіганула на бераг. Мамута трохі паплаваў, нават нырнуў разы са два, але неўзабаве выскачыў з вады, ішоў, чуючы мокрымі пяткамі ласкавы пясок. І гэтак яму закарцела легчы на цёплы пясок, як у маленстве, перакаціцца, а потым – усяму ў пяску, нібыта ў шэрай кальчузе, нырнуць у ваду. Але зрабіць так ён не адважыўся: здавалася, што пад кожнай пясчынкай затаіўся нябачны . страшны вораг – радыенуклід-забойца.
“Пракляты Чарнобыль! Адкуль ты зваліўся на нашу галаву?!” – ён ціха вылаяўся і палез на гару, нібыта адразу адчуў цяжар пражытых гадоў.
Потым яны сядзелі каля цяпельца, смажылі сала на лаўцах, елі чырвоныя памідоры, якія вырасціла Юзя ў парніку. Мамута прыхапіў з дому чакушку, і яна была вельмі дарэчы. Выпілі па чарцы.
– За нашу любоў! Хай яна не канчаецца, а мацнее і мацнее... – Юзя пазірала на Мамуту і ў светла-карых, зеленаватых вачах ён угледзеў адданасць і нейкую незвычайную шчырасць.
– Хай будзе так! – пагадзіўся ён.
Па абедзе Юзя разаслала ля вогнішча куртку, лягла на ёй, соладка пацягнулася. З-пад кофты звабліва выторкваліся курганкі ейных грудзей. Мамута не стрымаўся, каб не пацалаваць яе, пальцы самі пачалі расшпільваць гузікі.
– Спакушаеш ты мяне, мілачка. Хоць ты штаны яшчэ раз здымай...
– А што табе цяжка зняць? Ці лянота? Дык я памагу, – рагатала Юзя, потым ціха дадала: – Не трэба. Паберажы сябе. Ведаеш, Петрачок мой любы, мне здаецца... Ну, у мяне такое адчуванне, што я ніколі не была такой шчаслівай, як сёння. Не, па-вашаму: сянні. Сянні я самая шчаслівая бабуся. Закаханая бабуся. Каб ты ведаў, колькі начэй я плакала, калі ты паехаў. Нават не развітаўся. Я разумела. Усё разумела, але ад гэтага было не лягчэй. Хто мог падумаць, што я кіну ўсё і прыеду да цябе! Ды ў Чарнобыльскую зону! А па-мойму, гэта зона любові. І сёння, не – сянні было як ніколі добра. Ой, Пецечка, напаіў ты бабусю. І хочацца гаварыць такое, пра што і казаць сорамна… Будзь такі пяшчотны заўсёды. І прагны, і дужы, і нястомны. Пачакай, я не ўсё сказала. Ніколі не думала, што мы будзем займацца любоўю. Ведала, што ты не маладзён. А цяпер... Не хочацца мне нікуды адсюль ехаць. Тут райская зона. Не радыяцыйная, а зона радасці. А можа, нашае каханне пераможа гэтую чарнобыльскую пошасць? Ты ж казаў, што мёд чысты...
– Так, правяраў. Мёд вельмі добры.
– Грыбы, кажаш, далей таксама чыстыя. Мінчукі ездзяць у грыбы за дзесяткі, а то і сотні вёрст. А мы прайшлі якіх дзесяць. Ні табе гаручае паліць, ні ў электрычцы душыцца. Гэта ж цуд! А гэтая гара... Нашы абдымкі тут і перад смерцю можна ўзгадаць.. І не чатыры кропкі апоры, як ты кажаш. А шэсць. Я ж і цыцкамі ў пясок упіралася . Ой, балбатуха я. Бессаромніца. Напаіў бабусю. От і хочацца гаварыць пра любоў.
– Ой, мілая Юзя, ты ў мяне камень з душы зняла. Бо я часам дакараю сябе, што не паслухаўся цябе. Упёрся, як баран. Прымусіў і цябе жыць тут, у зоне. Адкуль амаль усе паўцякалі.
– Ну, а Бравусавы жывуць. У іх жа хата ў Белай Гары. А яны тут. Ведаеш, пра што я падумала? Неяк ты сам казаў, што добра каня мець. Давай купім. Памятаю, у нейкай дзіцячай кніжцы апісваецца паездка ў грыбы. Паехалі на кані. Дзесьці ў Расіі. Нарэзалі цалюткі воз груздоў. Мяне гэта так уразіла. Здаецца, Тургенеў пісаў. Ён жа любіў апісваць прыроду, паляванне.
– Не, гэта, мабыць, Аксакаў. Ён вельмі цікава апісваў лоўлю рыбы. І пра паездку ў грыбы. А пра каня і я падумаў, збіраючы грыбы. Але цяжка гэта. І работы для каня мала ў нашай гаспадарцы. Лепей Бравусаву буду часцей памагаць. Ну, кабылу ягоную даглядаць. Сена прапаную, каб смялей папрасіць. Ён і так кажа: бярыце, калі трэба. А мы купім казу. Сена ёсць, венікаў навяжам для яе на зіму. Ну што, мая радасць, пакуль каня ў нас няма, пацягнемся дамоў. На сваіх дваіх...
– А я з табой гатова на край свету. І ты – мая радасць. Гавары часцей ласкавыя словы. Жыццё такое кароткае. І гэтулькі бяды на свеце. То Чарнобыль, то ГКЧП, то іншае ліха...
Пасля адпачынку, купання, добрага абеду кашы з грыбамі падаліся лягчэйшымі. Прыйшлі дадому яны даволі хутка. Юзя адразу ўзялася парадкаваць грыбы.
Усё гэта прамільгнула ў галаве Мамуты, пакуль ішоў да ручая, умываўся халоднаю крынічнаю вадою і зноўку, у каторы раз падумаў: вада чыстая, як і раней, ну дзе тут радыяцыя? Ён ужо ступіў на ганак, калі раптам адчыніліся веснічкі і на двор зайшлі Уладзімір Бравусаў і Марына. Абое прынядзеленыя, Бравусаў гладка паголены, у чыстай белай кашулі, Марына ў зялёнай кофце, з-пад якой віднелася белая блузка, у чырвона-жоўтай вясёлай хусцінцы. Бравусаў нёс трохлітровы слоік малака.
– О, якія госці да нас! – з радасцю усклікнуў Мамута. – Паглядзі, Юзя, хто да нас завітаў!
І Мамута, і Юзя шчыра радаваліся гасцям. Жанчыны ўзяліся рыхтаваць стол, мужчыны селі на ганку пагаманіць пра жыццё-быццё. Вядома ж, узгадалі нядаўняе ГКЧП, развал КПСС.
– Раней такое, хвакцічаскі, не магло і прысніцца. Васемнаццаць мільёнаў камуністаў раптам сталі членамі злачыннай арганізацыі. Хіба гэта не здзек з народа? Ну от скажы, Еўдакімавіч, правільна я думаю?
– Так, Усцінавіч, мысліш ты правільна. І я так думаю. Калі вярхушка зарвалася, а дакладней – адарвалася ад партыйных мас, ад народа, дык яны злачынцы. Партыю развалілі, а цяпер усё пасыплецца. Услед за прыбалтамі распаўзуцца па сваіх кватэрах усе.
– Партыя, хвакцічаскі, цэментавала дзяржаву. Ета быў стрыжань усёй палітыкі. А цяперыцька на чым будзе трымацца? На рэлігіі? Дык у нас жа розныя канхвесіі. І кожны моліцца свайму божаньку. Гаўнюкі етыя гэкачэпісты. Нічога не змаглі зрабіць. Толькі нашкодзілі, – з прыкрасцю плюнуў Бравусаў.
Мамута быў згодны з думкамі Бравусава, аднак у яго мелася іншае меркаванне наконт незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі, але ён разумеў, што былы ўчастковы ягоную думку не падтрымае, а спрачацца з госцем зусім не хацелася, тым болей, што іхняя спрэчка нічога не вырашыць у гістарычным плане: будзе тое, што вырашаць у Маскве ці яшчэ далей, – за акіянам.
Вячэралі весела. Тон задавалі жанчыны, асабліва Юзя старалася. Мамута і не ведаў, што ў яе гэтулькі дасціпнасці, гумару. Пад грыбы кульнулі па чарцы, вядома ж, не па адной.
– Трэцяя чарка, хвакцічаскі, за любоў. За вас, даражэнькія жанчыны! Што б мы рабілі без вас? Як ваўкі сядзелі б у хатах. А дзякуючы вам і ў зоне можна жыць. І радавацца. За вас, дарагія!
Бравусаў адным духам асушыў чарку. Юзя неўзаметку падміргнула Пятру: маўляў, за нашу любоў і радасць. Усе дружна закусвалі грыбамі з бульбай.
– Вы слушна кажаце, Усцінавіч. Мне тут лепей, чымся ў сталіцы. Не п’ю ніякіх таблетак. Ні адэльфана, ні анальгіна. Ніякай хіміі, – усхвалявана і шчыра прызналася Юзя.
– Найлепшыя лекі – дзве кроплі вады на сто грамаў гарэлкі, – гучна зарагатаў Бравусаў. – Хвакцічаскі, любую хваробу перамагаюць етыя лекі. А жыць можна і ў Хатынічах. Сваякі клічуць мяне ў Белую Гару. І хата стаіць там. А я не хачу. Там тыя ж самыя нукліды. Затое ж тутацька вольніца! Рабі што хочаш! Зямлі бяры колькі хочаш. Нам з Мацвееўнаю добра тут, – ён абняў за плечы Марыну, а сядзелі яны поплеч на драўлянай лаве. – Юзя, а як ета вас па бацьку? Вылецела з галавы.